Вярнуцца: Населеныя пункты

Засценак Станкевічы


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 03-01-2017,
Крыніца: Суднік Станіслаў. Засценак Станкевічы // Лідскі Летапісец 3(75)-2016. С. 41-42.



На могілках колішняга засценка Станкевічы, недалёка ад Голдава Лідскага раёна, стаіць крыж, на якім выразаны словы падзякі Богу за тое, што засценак паспяхова перажыў Першую Сусветную вайну 1914-1920 гадоў. Тады Станкевічы налічвалі звыш 30 дамоў, і жыхары лічыліся багатымі і спраўнымі гаспадарамі.

(111KB) Падзячны крыж Богу ад жыхароў Станкевічаў за тое, што абярог засценак у Першую Сусветную вайну 1914 - 1920 гадоў.

А вось з Другой Сусветнай Станкевічы не выйшлі, хаця і "першыя саветы" прайшлі, і немец, і фронт прайшоў, і вайна ва ўсім свеце скончылася. А на Беларусі вайна працягвалася.

Савецкая ўлада не мела вока на Станкевічы. У час вайны тут часта бывалі партызаны аддзела АК Чэслава Заянчкоўскага "Рагнера". У 1949 годзе Станкевічы адмовіліся ўтвараць на сваіх землях калгас, а ўжо 24 красавіка савецкія агенты данеслі, што ў засценак завітаў апошні камендант польскага падполля на Гарадзеншчыне падпаручнік Анатоль Радзівонік "Олех". Бываў ён тут часта. Засценак, як мог, падтрымліваў партызанаў.

(88KB) Капліца са сцягам паўстання, 2016 г.

Станкевічы былі акружаныя аддзеламі савецкага МУС. Пасля цяжкага бою "Олех" і яго людзі вырваліся з катла. Савецкая ўлада ўсклала тады адказнасць за няўдачу на жыхароў Станкевічаў і вырашыла ўзорна іх пакараць. Арыштаваны былі ўсе пагалоўна. Дарослыя трапілі ў лагеры, дзеці - у дзіцячыя дамы.

Калі ў Гародні МУС праводзіла следства супраць жыхароў Станкевічаў, іх маёмасць раскрадалі савецкія актывісты і добрыя навакольныя людзі. Зямлю "ворагаў народа" забралі ў калгас, а засценак выкраслілі з рэестру. Станкевічы памерлі.

Да спісу вёсак і маёнткаў, знесеных з твару Лідскага павета за паўстанне 1863 года:

- вёска Зубрава, за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір.

- вёска Кракшлі, за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір.

- вёска Лініца, за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір.

- вёска Паддуб'е, за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір.

- засценак Шчукі, за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір.

- фальварак Шаўры бацькі паўстанцаў Тодара Нарбута спалены, месца, дзе ён стаяў, заарана плугам - дадаліся Станкевічы, знесеныя той жа расейска-чужынскай уладай.

Адным з дадатковых грахоў Станкевічаў перад саветамі была яшчэ і капліца, якая стаяла на іхніх могілках недалёка ад падзячнага крыжа. Гэтую капліцу паводле легенды за адну ноч збудавалі паўстанцы 1863 года, магчыма тыя самыя, якія біліся з расейцамі пад Мохавічамі і Малым Ольжавам, бо ў той час ад Ольжава (нават ад Мінойтаў) і да тых самых Голдава і Станкевічаў распрасціралася адна вялізная Ольжаўская пушча. У гэтай капліцы маліліся і жаўнеры "Рагнера" ды "Олеха".

У 1955 годзе да здзіўлення навакольных калгаснікаў у Станкевічы вярнулася адна сям'я - Мацяевічаў. Станіслаў і Марыя Мацяевічы атрымалі па 15 гадоў лагераў, але пасля смеці Сталіна іх прыгаворы былі скасаваныя. Лёс распарадзіўся так, што іхні дом, хоць дашчэнту спюндраваны, не быў разабраны на дровы. Ён стаіць і да гэтага часу, захоўваючы ўсе рысы шляхецкага засцянковага дома.

Мацяевічы вярнуліся толькі адны. Астатнія жыхары, хто выжыў, пасля адсідкі выракаў або выехалі ў Польшчу, або аселі ў іншых месцах. Мясцовыя ўлады, як маглі, ускладнялі жыццё "польскім панам", як называлі Мацяевічаў. Электрычнасць ім правялі толькі ў 1997 годзе.

У 1960 годзе нарадзіўся Стэфан Мацяевіч, які пасля смерці ў 1997 годзе яго маці застаўся апошнім і адзіным жыхаром былых Станкевічаў.

У 2014 годзе Саюз палякаў на Беларусі вырашыў вярнуць да жыцця капліцу паўстанцаў 1863 года ў Станкевічах. 13 верасня на могілках сабралася каля 30 сяброў СПБ з аддзелаў у Гародні, Лідзе, Шчучыне і Васілішках. Дэсант арганізаваў старшыня саюза Мечыслаў Яськевіч, які ўклаў немалыя ўласныя сродкі ў замену страхі і падлогі ў капліцы.

Пасля заканчэння асноўных работ па навядзенні парадку ўнутры капліцы і вакол сябры лідскага аддзела паабяцалі, што правядуць рэстаўрацыйныя работы ўнутры, а Мечыслаў Яськевіч у сваю чаргу паабяцаў, што неўзабаве над капліцай будзе пастаўлены крыж і павешаны звон.

У ходзе святкавання 152-х угодкаў паўстання 1863 года, у суботу 24 студзеня 2015 года ў капліцы пасля многіх дзесяцігоддзяў забыцця адбылася першая святая імша. Імшу цэлебраваў пробашч парафіі Найсвяцейшай Марыі Панны Чанстахоўскай, ксёндз Рышард Уманьскі з Чанстахова. Каплан прасіў аб асабліва гарачай малітве за душы палеглых у паўстанні 1863 года і іншых войнах і канфліктах.

У набажэнстве бралі ўдзел генеральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч, супрацоўнікі консульства, дэлегацыя з Чанстахова, дэлегацыя таварыства "Одра-Нёман" на чале з старшынёй Ілонай Гасеўскай і сакратаром Яўгенам Гасеўскім.

Эстафету ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 года ў Станкевічах падхапілі беларускія арганізацыі. 27 ліпеня 2016 года да капліцы паўстанцаў у Станкевічах быў дастаўлены сцяг паўстання.

Паводле:

1. Andrzej Poczobut. Smierc i zmartwychwstanie Stankiewicz.

2. Znadniemna.pl.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX