Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Сяклюцкія і маёнтак Стрэліца на Лідчыне 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 19-09-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Сяклюцкія і маёнтак Стрэліца на Лідчыне // Наша Слова. № 36 (1551), 9 верасня 2021.; № 37 (1552), 16 верасня 2021.



У дакументах аб зацвярджэнні шляхецтва Віленскай гярольдыі ад 1820 г. запісана сямейная легенда аб тым, што продкі Сяклюцкіх герба Кушаба прыбылі з Чэхіі каля 1228 г., гэты род «з многімі знанымі радамі параднёны і ўшанаваны высокімі пасадамі, пра што пісалі ... хранікёры. За заслугі сям'я была адорана зямлёй і ўзяла прозвішча ад назвы маёнтка Сяклюкі ў Драгічынскай зямлі. Пасля бітвы з туркамі пад Хацінам 11 лістапада 1673 г. адзін з прадстаўнікоў роду Сяклюцкіх пераехаў у Літву. Аляксандр Сяклюцкі служыў у войску пад камандаваннем гетмана Паца, Андрэй быў доктарам багаслоўя, а Войцех ў 1591 годзе - Драгічынскім падкаморыем. Родапачынальнікам роду, паводле Нясецкіх (т. IV, с. 78), з'яўляецца Леанард Сяклюцкі».

Нам вядомы наступныя ранейшыя Сяклюцкія:

- Тамаш Юрый Сяклюцкі, лідскі падчашы, у Лідскім павеце валодаў маёнткамі Красулі і Бярозавец (3 км ад былога маёнтка Стрэліца), які ў тастаманце ад 10 студзеня 1672 г. запісаў яго сваім пецярым сынам. Магчыма, ён і быў першым з Сяклюцкіх, якія перасяліліся на Лідчыну.

- У Жалудоцкай парафіі драгічынскі падстолі Уладзіслаў Сяклюцкі, у 1690 г. ён меў 26 дымоў у Бурчавічах.

- Рафал Сяклюцкі, лідскі мечнік, а потым, згодна з прывілеем Аўгуста III ад 23 жніўня 1746 г. « падстолі. У 1728 г. валодаў Бярозаўцам (11 дымоў) і Красулямі (3 дымы).

- Антон і Міхал Сяклюцкія з Углаўцаў (11 дымоў).

- Станіслаў Сяклюцкі арандаваў у Дэражнай 5 дымоў.

У Падымным рэестры Лідскага павета ад 1775 г. нейкі Сяклюцкі валодае маёнткам Стрэліца, мае 25 дымоў у Голдаве і 4 дымы ў Лебедзянцы.

Вядомы віленскі генеолаг Часлаў Малеўскі ў свой час пісаў пра:

- Барбару Кастравіцкую з Сяклюцкіх - жонку гродскага пісара і лоўчага Лідскага павета, фундатарку касцёла св. Духа ў Вільні, у 1786 г. яна была пахавана ў лёхах гэтага касцёла;

- Люцыяна Сяклюцкага, маёра ў 1874 г.;

- вайскоўца Уладзіслава Сяклюцкага;

- чыноўніка Канстанціна Сяклюцкага;

- Васілішскага пробашча ў першай палове XIX ст. Ісідора Сяклюцкага.

З канца XVIII ст. па 1939 г. Сяклюцкія валодалі маёнткамі Гарнастаішкі каля Эйшышак (у 1863 г. - 800 дзесяцін) і Стрэліцай. За падтрымку паўстання 1863 г. Вінцэнтам Сяклюцкім (1793-1864) на маёнтак Гарнастаішкі быў накладзены секвестр. Але даказаць віну Вінцэнта Сяклюцкага ўлады не змаглі, і таму яго сын Уладзіслаў вярнуў маёмасць праз суд.

Апошнім уладальнікам Гарнастаішак быў афіцэр рэзерву Юзаф Сяклюцкі - удзельнік Першай сусветнай вайны і афіцэр 1-га Польскага корпуса генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Суседзі памяталі яго як вялікага гурмана які надта любіў пад'есці. Таму мясцовыя сяляне пасля сытнай ежы часта казалі адзін аднаму: «Пад'еў, як пан Сяклюцкі». У 1939 г. ён быў арыштаваны і вывезены з глыб СССР, а яго двор стаў сядзібай калгаса «Запаветы Леніна».


Сын апошняга ўладальніка маёнтка Ішчална ў 1920-30-х гг. Караль Лясковіч падае цікавую інфармацыю пра род Сяклюцкіх у XIX і XX стст.

Вінцэнт Сяклюцкі, які ўжо ўзгадваўся вышэй, цешыўся павагай усяго павета з-за годнага сэрца і лагоднага характару, ён быў апошнім лідскім падкаморым. Меў 3 сыны і 3 дачкі. Старэйшы сын ажаніўся з Ганнай Ясінскай і асеў у Кракаве. Другі сын Люцыян узяў у жонкі Стравінскую і пасля смерці бацькі пераняў маёнтак Гарнастаішкі. Трэці сын, Канстанцін, быў жанаты з Ганнай Юндзіл з Сеняжыц, ён атрымаў ад бацькі маёнтак Стрэліцу разам з трыма фальваркамі. З трох дачок, старэйшая Юзэфа выйшла замуж за Люцыяна Кастравіцкага, уладальніка Касцянёва. Другая, Ганна, памерла паненкай, а Гелена выйшла замуж за павятовага лекара Альшанскага які працаваў у Жалудку ў князёў Чацвярцінскіх.

Канстанцін меў 2 сыноў: Станіслава і Вінцэнта. Яны абодва закончылі кадэцкі корпус у Полацку. Пасля чаго старэйшы сын Станіслаў вывучыўся на інжынера-будаўніка чыгункі і мастоў, а Вінцэнт пасля смерці бацькі асеў у Стрэліцы і ажаніўся з Фяліцыяй з Навакоўскіх, у іх нарадзіліся 4 дачкі: Ванда Сялужынская, Ядвіга Здановіч, Яніна Куркоўская і Марыя Батко.

Маёнтак Стрэліца і яго суседзі на мапе сярэдзіны XIX ст.

Сваячка гаспадара маёнтка, Ганна Вольф з Сяклюцкіх (дачка Вінцэнта, пасля бацькі яна ўспадкавала Гарнастаішкі), жонка знанага выдаўца і гандляра кнігамі, знаўцы літаратуры, доктара Юзафа Вольфа, правяла сваё жыццё ў Варшаве. У сваіх мемуарах яна пакінула цікавыя ўспаміны пра Стрэліцу. Таксама цікавыя ўспаміны пра маёнтак Стрэліцу ў 1894 г. пакінуў стрыечны ўнук Канстанціна Сяклюцкага (сын яго сястры Юзэфы) Ян Люцыян Кастравіцкі, яшчэ хлопцам ён жыў тут у свайго стрыечнага дзеда. Яго ўспаміны польскі даследчык Анатоль Стэрн надрукаваў у сваёй кнізе «Дом Апалінарыя». Грунтуючыся на гэтых тэкстах, я раскажу пра Стрэліцу ў другой палове XIX ст.

Згодна з інфармацыяй «Геаграфічнага слоўніка» ў 1870-х гг., у маёнтку Стрэліца меўся жылы дом, і жылі 33 чалавекі. Вядома, што Стрэліца ляжала за 45 вёрст ад павятовага горада Ліды і за 20 вёрст ад мястэчка Жалудок і маёнтка Чацвярцінскіх у гэтым мястэчку (цікава, што, па цверджанні Яна Кастравіцкага, мястэчка Жалудок, пераважна, было пабудавана на зямлі, якая належала маёнтку і карыстальнікі гэтай зямлі плацілі чынш у касу маёнтка).

Дарога з Жалудка да Ліды была звычайнай, толькі трошкі шырэйшай, грунтовай дарогай з грэблямі, насыпанымі ў нізкіх і вільготных адцінках і паглыбленнямі на пагорках. У вёсцы Мыто дарога далучалася да шырокага гасцінца, які быў абсаджаны падвойнымі радамі старых бяроз. Гэты гасцінец бег з Гародні праз Шчучын да Ліды, а адтуль - у Вільню.

На дваццатай вярсце ад Жалудка ад гэтай дарогі адыходзіла грэбля, насыпаная на мокрым лузе. Па ўсёй даўжыні грэбля была абкапана равамі і абсаджана старымі вербамі. Грэбля даходзіла да нязначнага ўзвышша і тут пераходзіла ў алею, абсаджаную старымі разлогімі асінамі. На краі ўзвышша стаялі жылыя будынкі работнікаў маёнтка. Праз адну вярсту алея раптоўна ўпіралася ў драўляную, але моцную браму, якая заўсёды была замкнута на ланцуг. Ключ знаходзіўся ў жылым доме, які стаяў за брамай. Улева і ўправа ад брамы адыходзіў высокі плот-частакол з моцнага бярвення, плот меў навес, які звісаў унутр агароджы.

Магілы Сяклюцкіх на могілках Эйшышак, здымак аўтара 2012 г.

Ад брамы да дома вяла шырокая, высыпаная жвірам дарога, якая па крузе агінала вялікі траўнік, аточаны старымі каштанамі. Пры дарозе, насупраць брамы месціўся драўляны, прысадзісты жылы дом. Уваходам у дом служыў досыць вялікі, зашклёны рознакаляровым шклом ганак, у якім у кадушках раслі алеандры і кактусы. Пад столлю віселі мяшкі з высушанымі лекарскімі зёлкамі, а ў скрынках каля вокнаў, нават зімой, квітнелі пеларгоніі.

За ганкам меліся вялікія, змрочныя сені, вокны якіх выходзілі ў ганак. Столь у сенях, як і ва ўсім доме, трымалася на бэльках, на якіх ляжалі дошкі столі. Столь і сцены ў сенях былі пабелены вапнай а падлога складалася з пафарбаваных у арэхавы колер сасновых дошак. У сенях стаялі сасновыя лавы і вешалкі для вопраткі. З сяней у суседнія пакоі вялі трое дзвярэй. Над сярэднімі дзвярыма, насупраць увахода, вісела вялікая гравюра з выявай каня англійскай пароды, які ў свой час здабыў шмат узнагарод і быў продкам усіх добрых коней Стрэліцы. А на адваротным баку выявы каня заўсёды быў прымацаваны партрэт дзейснага рускага цара. Звычайна цар глядзеў у сцяну, але калі ў замкнутую браму грукаўся хто-небудзь з прадстаўнікоў улады, напрыклад паліцэйскі спраўнік з Ліды ці прыстаў з Жалудка, служка, які павінен быў адчыніць браму, меў абавязкам перавярнуць выяву так, каб чыноўніка, які ўвайшоў у хату, вітаў рускі цар. Пасля партрэта цара чыноўніка сытна кармілі і паілі, можа, таму справы маёнтка заўсёды вырашаліся для гаспадароў станоўча. А пасля ад'езду госця, выяву зноў пераварочвалі канём вонкі, і цар чакаў візіту каго-небудзь са сваіх чыноўнікаў.

Гэта было адной з прычын, чаму ўязную браму заўсёды трымалі зачыненай. Другой прычынай была наяўнасць у двары дрэсіраванага і ўжо досыць старога мядзведзя, які быў навучаны штодзень насіць дровы з адрыны на кухню і ў жылы дом. Таму сцежкі ад адрыны да дома і кухні мелі адмысловую агароджу. Гэты мядзведзь меў добры нораў і дазваляў нават бавіцца з сабой дзецям, пры гэты заўсёды нешта бурчаў, таму сяляне казалі, што мядзведзь увесь час чытае пацеры. Звер прызвычаіўся, што пасля таго, як ён ўсюды, куды патрэбна, наносіць дроў, старая кухарка Франуся яго добра пачастуе. Таму кухня з'яўлялася апошняй кропкай яго маршруту. Жыў ён у адмысловым логаве, якое было прыбудавана да сцяны кухні. Неяк дзяўчына, толькі што ўзятая з вёскі працаваць на кухню і таму не ведаўшая пра мядзведзя, убачыла, як звер прынёс на кухню вязанку дроў. Ад страху яна пляснула на яго вядро вады. Гэта вывела мядзведзя з раўнавагі - ён раскідаў дровы і павыбіваў вокны. Толькі старая Франуся змагла мятлой загнаць раззлаванага звера ў яго логава, але і там ён бушаваў яшчэ цэлы дзень. Назаўтра мядзведзь перастаў насіць дровы і пачаў кідацца на людзей. Тады некалькі мужчын з паходнямі загналі яго у логава і зачынілі ў ім. З кожным днём мядзведзь станавіўся ўсё больш агрэсіўным, і праз некалькі тыдняў гаспадар маёнтка Канстанцін Сяклюцкі загадаў лесніку застрэліць звера. Шкура мядзведзя потым ляжала ў сенях на падлозе.

Таксама ў сенях, акрамя вышэйапісанай двухбаковай выявы, на сценах віселі чучалы ваўкоў з ашчэранымі зубамі, а на падлозе ляжалі ваўчыныя скуры. Адны з дзвярэй у сенях вялі праз маленькі пакоік у спальню гувернанткі, панны Цацыліі Хаберман і стрыечнага ўнука гаспадара Яна Кастравіцкага. Другія дзверы, праз буфетны пакой вялі ў сталовую. А праз дзверы пад двухбаковай выявай, можна было прайсці ў більярдны пакой, вокны якога выходзілі ў сад. У гэтым пакоі мелася роўная столь, прыгожыя сцены і паркет на падлозе. З більярднага пакою, управа, былі дзверы ў салон, які злучаўся са сталовай, а дзверы па левай сцяне вялі ў кабінет Канстанціна Сяклюцкага. З кабінета можна было прайсці ў спальню Канстанціна, а потым у спальню яго сястры.

У більярдным пакоі акрамя більярда мелася яшчэ фартэпіяна і зашклёныя шафы з біялагічнымі і мінералагічнымі зборамі. У першай шафе стаялі слоікі з рознымі земнаводнымі ў спірце, вялікія зборы матылёў і іншае. У другой шафе ў адмысловых тэчках месціліся вялікія калекцыі мінералаў. З іншай мэблі ў гэтым пакоі былі вялікія, мяккія канапы і фатэлі, на сценах пакоя віселі карціны вядомых майстроў, сярод іх - карціны мастака віленскай школы Вінцэнта Сляндзінскага. Яну Кастравіцкаму запомнілася яго карціна, дзе была намаляваная бабуля, якая зацягвае нітку ў іголку. Цікава, што гэтая карціна зараз знаходзіцца ў Літоўскім мастацкім музеі (The Lithuanian National Museum of Art), але, магчыма, што яна мела некалькі копій.

Вінцэнт Сляндзінскі. Бабуля зацягвае нітку, 1860.

У суседнім салоне віселі партрэты Сяклюцкіх: жанчын у карункавых строях і мужчын у кунтушах. Меўся тут і партрэт Рафала Сяклюцкага, пра якога я пісаў вышэй.

З більярднага пакою можна было выйсці на веранду, а з яе - далей на жвіраваную дарожку, якая вяла праз сад да сажалкі. За сажалкай быў зроблены насып, на якім стаяла брама ў кітайскім стылі. У самы доўгі летні дзень з веранды можна было назіраць, як сонца садзіцца менавіта ў гэтай браме.

Вада з сажалкі праз канал выцякала ў іншую сажалку, якая была выкапана сярод гародаў маёнтка. З гэтай другой сажалкі вада праз роў сцякала ў рэчку Лебяда. Над гэтай, другой сажалкай, з зямлі выбранай пры яе капанні, быў насыпаны курган, на якім стаяў драўляны крыж. Каля крыжа, на адмыслова зробленым алтарыку, адбываліся травеньскія набажэнствы. Пра гэты крыж, пастаўлены на месцы пахавання паўстанцаў 1863 г., я напішу трошкі ніжэй, а зараз заўважым, што крыж стаяў ужо ў 1894 г.

Вядома, што будынкі маёнтка Стрэліца разам з жылым домам неаднаразова гарэлі, звычайна пажары пачыналіся з кухні, якая месцілася ў жылым доме. Таму пасля апошняга пажару, кухню вынеслі дастаткова далёка ад жылога дома, да таго ж яна была адгароджана ад дома дрэвамі і кустамі. Гэта рашэнне аказалася вельмі практычным, і дом больш не гарэў, але калі ў халады ў дом везлі ежу, яна астывала і таму яе трэба было падаграваць у буфетным пакоі. У гэтым жа пакоі гатавалі смачныя дэсерты і сочывы і таму тут усё ж мелася невялікая кухонная печ за якой, каб заўсёды быць недалёка ад гаспадароў, начаваў нехта са служкаў.

За садам, гародам, гаспадарчымі будынкамі, домам арандатара фальварка і жылымі дамамі рабочых маёнтка, знаходзілася невялікае ворнае поле памерам каля 10 дзесяцін. Аднак галоўная ралля маёнтка ляжала за дарогай на Жалудок, за гэтай раллёй раслі лясы Стрэліцы, за лясамі стаяў фальварак Вольгаўцы які межаваў з іншым маёнткам Хацяновічы, якім ужо валодалі Шалевічы.


Найцікавейшай гістарычнай постаццю Стрэліцы быў Канстанцін Сяклюцкі, чалавек, які нарадзіўся ў 1-й палове XIX ст. і жыў у другой палове гэтага стагоддзя. Ён рана аўдавеў - жонка Ганна памерала ад тыфу. У маёнтку адукацыяй дзяцей займалася немка, гувернантка Цацылія Хаберман, якая пражыла ў Стрэліцы да канца сваіх дзён і лічылася членам сям'і.

Пахаваўшы жонку і забяспечыўшы будучыню сваіх дзяцей, Канстанцін Сяклюцкі даручыў кіраванне маёнткам эканому, а сам заняўся самаадукацыяй. Меў шмат сяброў, цікавае асяроддзе, досціп, жывы характар, шляхетную душу, выбітны інтэлект і замілаванне да падарожжаў і прыгод. Наведаў многія краіны Еўропы, ведаў шмат моў, у Парыжы сябраваў з Гамбетам [1] і лятаў з ім на паветраным шары падчас асады горада немцамі. Закончыў у Парыжы матэматычны факультэт Сарбоны, а потым ў Пецярбургу музычную кансерваторыю, заснаваную ў 1862 г. славутым піяністам Антонам Рубінштэйнам, які быў яго прафесарам фартэпіяна. Пасля Пецярбурга зноў жыў у Парыжы, дзе ў другога вядомага кампазітара Пабла Сарасаце ўдасканальваў сваю ігру на скрыпцы і віяланчэлі. Належаў да тыпу людзей, якія маючы матэрыяльныя сродкі, выкарыстоўваюць іх, каб паглыбляць свае веды ва ўсё новых сферах дзейнасці замест манатоннай працы на гаспадарцы.

Каля 1895 г. Канстанцін Сяклюцкі нарэшце вярнуўся ў Стрэліцу. Маёнтак, які доўгі час жыў без гаспадара, знаходзіўся ў заняпадзе. Але гэта не надта хвалявала Сяклюцкага. Ён перарабіў вялікі більярдны зал сядзібнага дома ў музычны пакой. У гэтым пакоі знаходзіліся шафы з нотамі, два фартэпіяна, тры віяланчэлі і скрыпка высокай якасці, зробленая самім майстрам Антоніем Страдывары з Крэмоны. Менавіта тут ён праводзіў канцэрты з вельмі шырокім рэпертуарам. Сам Канстанцін граў на скрыпцы ці віяланчэлі, а дзве спадарыні: яго сястра Альшанская і маці стрыечнай сястры спня Вольф - на фартэпіяна. Улетку гэтыя канцэрты праходзілі сярод прыгожай прыроды стрэліцкага двара - пахлі кветкі, стракаталі конікі, чуліся салаўіныя трэлі - усё гэта стварала адчуванне неверагоднай гармоніі.

Постаці Канстанціна Сяклюцкага прысвяціў фрагмент сваіх успамінаў яго стрыечны ўнук Ян Люцыян Кастравіцкі: «Па адукацыі мой дзед быў матэматыкам - закончыў Сарбону. Як гэта бывае сярод матэматыкаў, ён быў вельмі музыкальным чалавекам і пасля Сарбоны закончыў кансерваторыю ў Пецярбурзе, вучыўся ў прафесара Рубніштэйна па класе віяланчэлі ... Потым асеў у Стрэліцы, ажаніўся з Юндзілоўнай з Сеняжыц, што на Наваградчыне і працягваў займацца матэматыкай, падтрымліваючы сталыя кантакты з еўрапейскім навуковым светам - у першую чаргу з французскімі матэматыкамі. Заняткі матэматыкі давялі яго да таго, што ён зрабіўся маньякам - калі стала зразумела, што вынікі даследаванняў, якімі ён займаўся шмат гадоў, былі памылковымі, учыніў самазабойства.

Цалкам не публічна быў пахаваны ў Жалудку ў сямейным склепе - толькі ксёндз акрапіў труну святой вадой перад тым як яе апусцілі ў магілу. Ён жадаў каб яго так пахавалі і менавіта такі план свайго пахавання пакінуў у перадсмяротным лісце.»

Але суседзі лічылі, што самазабойства адбылося з-за вялікай запазычанасці і дрэннага фінансавага стану маёнтка.

Замілаванне Канстанціна да музыкі, хоць і ў меншай ступені, але працягвалася ў яго сынах і ўнуках.

Атрымаўшы паведамленне пра самазабойства свайго бацькі Канстанціна Сяклюцкага, Вінцэнт, які рыхтаваўся да ваеннай кар'еры, неадкладна вярнуўся ў Стрэліцу і пераняў маёмасць. Яго брат Станіслаў ужо працаваў інжынерам-пуцейцам на будаўніцтве Транссібірскай чыгункі, праз нейкі час ён ажаніўся з расіянкай, і кантакты сям'і з ім спыніліся.

Каля 1900 г. Вінцэнт Сяклюцкі жэніцца з Феліцыяй з Навакоўскіх, дачкой заможных землеўладальнікаў з-пад Любліна. Пасаг Феліцыі дапамог істотна паменшыць даўгі Стрэліцы. Да пачатку Другой сусветнай вайны Стрэліца мела 1000 га, гаспадарка спецыялізавалася на малочных прадуктах, мясе, рыбе, гародніне, садавіне, а таксама прадавала будаўнічы лес і дровы. На ферме маёнтка працавала 10 пастаянных рабочых, якія жылі тут з сем'ямі, атрымліваючы пансіён і прытулак. Падчас жніва наймалі дадатковых работнікаў з суседніх вёсак.

Да выбуху Першай сусветнай вайны сям'я жыла ў сваім маёнтку а пасля пачатку вайны, у Гатчыне пад Санкт-Пецярбургам разам з мужам і бацькам Вінцэнтам Сяклюцкім, мабілізаваным у царскую армію. Толькі ўлетку 1915 г. Феліцыя вярнулася ў Стрэліцу.

Апісаны мною вышэй сядзібны дом у Стрэліцы быў спалены казакамі пры адступленні рускіх войскаў ў канцы жніўня 1915 г. і ніколі больш не адбудоўваўся. Як успамінала дачка Вінцэнта Ванда, «... на двор заехала казачая сотня. Яны адразу ж пачалі капаць траншэі па ўсёй даўжыні гаспадарчага двара і канфіскавалі ўсю жывёлу. 300-гадовая сядзіба з лістоўніцы была спалена ...». Ад маёнтка засталіся руіны. Былі страчаны велізарныя каштоўнасці: сямейныя партрэты, старыя дакументы і бібліятэка. Акрамя сядзібы, таксама было знішчана каля дзесятка гаспадарчых будынкаў. Нягледзячы на пажар, не згарэлі «чваракі» (дом на чатыры сям'і) дзе жылі рабочыя. Потым жыхары чваракаў прымуць у сябе сваіх былых гаспадароў.

Агледзеўшы спаленую маёмасць, Феліцыя з чатырма дочкамі і настаўніцай паннай Ядвігай Шалевіч (пазней Славінскай), з'ехала са Стрэліцы. Яна знайшла сабе дах над галавой у маёнтку Семяжыцы каля Наваградка, які належаў сваякам Юндзілам. Потым, сям'я Сяклюцкіх жыла ў маёнтку Ратошын які таксама належаў сваякам Сяклюцкіх. Каля 1923 г. Вінцэнт Сяклюцкі паставіў новы драўляны дом (па іншай інфармацыі перабудаваў у жылы дом мураваную стайню), і ўся сям'я вярнулася ў Стрэліцу. У 1929 г. Стрэліца мела толькі 400 га зямлі.

У 1933 г., ва ўзросце 63 гады, гуляючы са сваёй жонкай у карты, памёр ад кровазліцця ў мозг гаспадар маёнтка Вінцэнт Сяклюцкі. Ён быў пахаваны на невялікіх могілках у Беразаўцы. Яго жонка Фяліцыя на той момант мела 51 год.

Унук Вінцэнта Сяклюцкага Міраслаў Здановіч, які першыя 14 гадоў свайго жыцця правёў у Стрэліцы, успамінаў:

«Мне было 8 гадоў, калі Вінцэнт памёр. Такім чынам, мае ўспаміны - гэта ўспаміны малога дзіцяці. Вось некалькі малюнкаў з маёй памяці:

Мне 5 гадоў - Вінцэнт, трымаючы мяне за руку, вядзе вакол сталовай. Пахне тытунём, і я баюся.

Мне 7 ці 8 гадоў - Вінцэнт вядзе мяне ў стайню, каб паказаць, як сесці на каня. Ён выдатны вершнік, я захапляюся ім.

Ён грае на віяланчэлі цудоўную музыку, і я слухаю яго.

Вінцэнт быў як найменш, сярэдняга росту. Ён трымаў сябе надзвычай прама і хадзіў як атлет. Вочы меў цёмна-сінія, валасы светла-шэрыя, лоб высокі і аголены.

Ён быў задаволены сваім лёсам, любіў дзяцей, часта расказваў нам гісторыі і казкі.

Я думаю, у яго былі нейкія асаблівыя планы наконт мяне. Магчыма, яму здавалася, што так ці інакш я атрымаю ў спадчыну Стрэліцу. Можа быць, гэта толькі маё ўяўленне, але хто ведае?»

Пасля смерці мужа Фяліцыя Сяклюцкая падзяліла маёмасць паміж дочкамі: Ванда атрымала фальварак Прудзішча, Ядвіга - Польнае, Яніна - Багатэлі, малодшая з сясцёр - незамужняя Марыя засталася з маці ў Стрэліцы. Восенню 1939 г. Фяліцыя з унукамі і дочкамі Марыяй і Ядвігай уцякла ў цэнтральную Польшчу. Памерла ў 1960 г.


А зараз яшчэ раз пра крыж на месцы пахавання паўстанцаў 1863 г.

Сусед Сяклюцкіх Караль Лясковіч пісаў: «На адлегласці 1,5 км ад Стрэліцы, у паўднёва-заходнім накірунку знаходзілася адзіная ў гэтай мясцовасці шляхецкая ваколіца Станкевічы. Паміж дваром і ваколіцай меўся высокі курган з крыжам на вяршыні - помнік 1863 г. Тут была агульная магіла паўстанцаў, палеглых у сутычцы з казакамі».

Пасля знаходкі гэтай інфармацыі, на месца пахавання была зладжана экспедыцыя, і быў знойдзены той самы курган, дзе пахавалі паўстанцаў. 14 красавіка 2019 г. гарадзенскія, лідскія і бярозаўскія актывісты ўсталявалі крыж паўстанцам Кастуся Каліноўскага на кургане ў былым фальварку Стрэліца на Лідчыне. Пра гэтыя падзеі напісана ў газеце «Наша слова» № 49 (1408), 5 снежня 2018.



[1] Леон Мішель Гамбета (1838-1882) - французскі палітык, прэм'ер-міністр і міністр замежных спраў Францыі ў 1881 - 1882 гг.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX