Вярнуцца: Населеныя пункты

Вашкевічы (спроба гістарычнай рэканструкцыі)


Аўтар: Дычок Сяргей,
Дадана: 08-11-2016,
Крыніца: Дычок Сяргей. Спроба гістарычнай рэканструкцыі // Лідскі летапісец №1(73)-2016. C. 32-40.



Сёння паселішча з такою назваю ў межах Лідскага раёна не існуе. Нават не ўсе жыхары суседняй вёскі Агароднікі, што каля Нёмана на трасе Р11 з Ліды ў Наваградак, чулі такую назву. Ад зніклых Вашкевічаў (Васькавічаў у іншым, спрошчаным гутарковым вымаўленні) на сёньня засталіся толькі цвінтар пры рэстаўраваным напрыканцы мінулага тысячагоддзя філіяльным касцёле св. Яўхіма ды Ганны, а таксама легенды пра апошняга ўладальніка маёнтка графа Ледухоўскага, пра нібыта спалены ім (ці пры ім?) старадаўні палац, пра скарбы і падземныя хады…

Не маючы доступу да першакрыніц (прынамсі, такога доступу, які дазволіў бы раскрыць усе таямніцы і адказаць на ўсе пытанні) і прафесійнага досведу гісторыка, я мушу карыстацца напрацоўкамі іншых, больш дасведчаных і абазнаных папярэднікаў. Найперш маю на ўвазе інтэрнэт-артыкул навуковага супрацоўніка Лідскага музея В.В. Сліўкіна (lida.info/imeniya-lidskogo-uezda-imenie-vashkevichi-vaskevichi/), а таксама артыкул "Філіяльны касцёл святых Яўхіма і Ганны ў Вашкевічах" Конрада Пызеля (Konrad Pyzel. Kosciol filialny p.w. SS. Joachima i Anny w Waszkiewiczach // Koscioly i klasztory rzymskoka-tolickie dawnego wojewodztwa wilenskiego. T.2. S. 192-195.)/

Але адразу пазначу, што пры ўсёй павазе да іх прафесіяналізму і працы пакідаю за сабою права сумнявацца і нават абвяргаць нейкія высновы.

Першае ўпамінанне Вашкевічаў абодва аўтары адносяць да 1560 года. Князь Андрэй Вішнявецкі купляе землі ў белагрудскага клана Завішаў (Кезгайлаў-Завішаў, па Пызелю, які лічыць, што праз дваццаць гадоў Вішнявецкі прадае маёнтак нейкаму Ярашу Ваўчку). В.В. Сліўкін тут значна больш падрабязны: "Спадчыннікі суддзі земскага драгічынскага Юрыя Янавіча Завішы (каля 1480 - да 1528) прадалі Вашкевічы князю Андрэю Іванавічу Вішнявецкаму. Чатыры сыны Юрыя Завішы: Мікалай, Ян, Альбрэхт і Крыштаф памерлі да гэтага часу, не пакінуўшы прамых нашчадкаў".

А.І. Вішнявецкі (каля 1528-1584), князь з 1555 г., меў вялікія зямельныя ўладанні на Валыні. Выстаўляў у 1567 г. са сваіх маёнткаў 71 вершніка. У 1568 г. прызначаны луцкім кашталянам. Удзельнічаў у падпісанні Люблінскай уніі (1569). Ваявода брацлаўскі (1571-76), валынскі з 1576 г., стараста лоеўскі, луцкі і любецкі з 1580 г. Быў жанаты з Яўфіміяй дачкой Юрыя Вяржбіцкага (1539-1589), мелі чатырох дачок.

Зазірнуўшы ў Вікіпедыю, можна многа знайсці пра знакаміты род князёў Вішнявецкіх (Карыбут-Вішнявецкіх). Легендарны родапачынальнік - Карыбут, сын Вялікага князя Альгерда, але не ўсе гісторыкі з гэтым згодныя, і больш упэўнена можна казаць пра Міхала Васільевіча, першага князя Вішнявецкага (1474?-1517?), ваяводу брацлаўскага (1507г.), які даводзіцца дзедам "нашаму" Вішнявецкаму.

Род знакаміты і ўплывовы, прадстаўнікі займалі значныя пасады ў ВКЛ, пералік усіх - непасільная задача. Адзначу толькі, што бацька Андрэя Іванавіча Вішнявецкага, дзяржаўца Эйшышак, Прапойска, Чаркаска (памёр каля 1542 г.), быў жанаты двойчы і меў не меней шасці дзяцей, сярод якіх дочкі Кацярына - жонка вялікага гетмана літоўскага Рыгора Хадкевіча, і Аляксандра - жонка Івана Шымковіча. Але найбольш адзначыўся ў гісторыі сын Дзмітры, гетман запарожскіх казакаў, што пад імем Байды, наводзячы жах на крымчакоў і турак, увайшоў у эпас Украіны. Яркае жыццё Дзмітра абарвалася пасля яго абрання гаспадаром Валахіі, палону і страты ў Канстанцінопалі ў 1563-м. Бяздзетны, ён пакінуў тытул і землі брату Андрэю.

Аднак і наш Андрэй Іванавіч пакінуў значны след на старонках летапісаў. Люблінская унія, удзел у дэлегацыі, якая запрашала на трон Генрыха Валуа, паход на Пскоў пад сцягам караля Стэфана Баторыя, судовыя зямельныя спрэчкі з Андрэем Курбскім, абарона паўднёвых межаў Рэчы Паспалітай ад татарвы (не заўсёды пераможная - у 1577-м тыя захапілі і спалілі радавое гняздо, Вішнявец). З усяго гэтага я раблю адну выснову - Андрэю Іванавічу Вішнявецкаму было зусім не да Вашкевічаў над Нёманам. І таму зусім не дзіва, што Вашкевічы сталі пасагам адной з чатырох дачок Андрэя Вішнявецкага і Яўфіміі з Вяржбіцкіх (1539-1589), а менавіта Ганны (1569-1595).

Старэйшая дачка Віснявецкіх Ганна (каля 1560-1595) у 1581 г. выйшла замуж за менскага ваяводу Мікалая Паўлавіча Сапегу (1529-1599). Жаніх быў аднаго ўзросту з бацькам маладой, але меў выдатную адукацыю: вучыўся у Ляйпцыгскім і Крулявецкім універсітэтах. Удзельнік Лівонскай вайны. Ды і пасады меў значныя: маршалак гаспадарскі (1566-76), ваявода менскі (1576-88), берасцейскі (1588), віцебскі ( 1588), стараста рэчыцкі (1570-73) і аршанскі(1588), дзяржаўца суражскі і веліжскі. Ганна Вішнявецкая была ў яго другой жонкаю, пражылі яны разам 14 гадоў. Двор Вашкевічы быў пасагам Ганны Вішнявецкай, таму пасля яе смерці адышоў мужу і заставаўся маёмасцю Сапегаў на працягу ўсяго сямнаццатага стагоддзя.

Што праўда, Вікіпедыя называе мужам Ганны Мікалая Сапегу (1545-1599), ваяводу віцебскага. Зняць сумненні маглі б толькі аўтэнтычныя дакументы тых часоў…

Цэлае стагоддзе знаходжання Вашкевічаў у руках клану Сапегаў - суцэльная невядомасць і чакае свайго даследчыка. Напрыканцы веку клан Сапегаў абняў многія вышэйшыя пасады ў ВКЛ, злоўжываў службовым становішчам, з-за чаго супраць іх узнялася ліцвінская шляхта. Сапегі былі разбітыя ў бітве пад Алькенікамі (1700). Да таго ж падчас Паўночнай вайны Сапегі былі на баку шведаў і караля Станіслава Ляшчынскага, таму з перамогаю Аўгуста Моцнага страцілі пасады і маёнткі, многія ўцяклі за мяжу. Вашкевічы адыйшлі Пацеям.

В.В. Сліўкін, спасылаючыся на Конрада Пызеля, а той - на Polski Slownik Biograficzny (т. 40. с. 309-314), называе гаспадаром Вашкевічаў Антонія Пацея герба Вага (каля 1690-1749).

Антоні - сын віцебскага ваяводы Казіміра-Аляксандра Пацея, абозны вялікі (з 1715), стражнік ВКЛ (1729-48), стараста ваўкавыскі, суражскі, радамышскі і жыжмарскі. На элекцыйным сойме 1733 г. галасаваў за Станіслава Ляшчынскага, ваяваў супраць рускіх у 1734-ым. З 1735-га за мяжой, праз год вярнуўся, прызнаў каралём сына Аўгуста Моцнага - Аўгуста Прыгожага з саксонскай дынастыі. Але пакуль Пацей вымушана быў за мяжою, маёнтак Вашкевічы 26 студзеня 1736 года ўзяў у заклад, а 22 кастрычніка 1745 года выкупіў падскарбі літоўскі Ян Міхал Салагуб герба "Праўдзіц" сын Іераніма Салагуба, чашніка ковенскага і Кацярыны Гротус. Чашнік жмудскі (1713 г.), падкаморы гастынскі (1722 г.), лоўчы ВКЛ (1724-1731), падскарбі ВКЛ (1731-1746), ваявода берасцейскі (1746-1748), маршалак Трыбуналу (1730 і 1747), брыгадзір войска літоўскага. Кавалер ордэна Белага Арла (1732 г.). Уладальнік Чарэі, Турава, Івянца, Горак.

Ізноў-такі, заглянем у інтэрнэт. Ян Міхал Салагуб - асоба каларытная, вельмі характэрная для таго часу, вартая асобнага авантурна-прыгодніцкага рамана пяра Дзюма, Вальтара Скота ці Уладзіміра Караткевіча. Зрэшты, як выяўляецца, ён і ўвайшоў ужо ў сучасную беларускую мастацкую літаратуру ў рамане Людмілы Рублеўскай "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега." Што праўда, толькі эпізодам і безназоўна, аднак гэтую гісторыю Л. Рублеўская ў іншай публікацыі раскрыла больш поўна.

Шляхціц Марцін Матушэвіч у модным па тым часе жанры мемуару запісаў, як яго прыяцель Ян Салагуб ажаніўся з Шамоўскай. Падчас гасцявання ў Шамоўскіх - па ўсіх традыцыях таго "сармацкага часу" - пачостка была "з прымусам", ганьба гаспадару, калі госць паедзе цвярозы, а на стале застанецца недапітае. Цэлая традыцыя развітальных чарак: "аглаблёвая", "страмянная", "на ход каню", ды і ці мала яшчэ на што - на гэта досціпу хапала…

Ян Салагуб, ужо седзячы ў сядле, паставіў умову - вып'е "страмянную", калі якая з дачок гаспадара "прап'е чарку", то бок прыгубіць на знак павагі і сімпатыі. Пагадзілася дачка гаспадара Алена.

Існаваў і другі шляхецкі звычай - разбіць посуд, з якога выпіў асабліва паважаны госць альбо чароўная паненка. Відаць, каб ніхто болей не дакрануўся вуснамі да адметнай чары. Вось і Салагуб разбіў чару, прычым адмыслова, з сармацкім барочным зухвальствам - паставіў на галаву свайго каня і выстраліў з пісталета. Конь меў добрыя нервы, а Ян Міхал пасля стрэлу адразу спешыўся, упаў на калені перад чароў най паненкаю і ейнымі бацькам і папрасіў яе рукі. Магчыма, гаспадар таксама не вельмі цвёрда трымаўся на нагах, магчыма, Алёне спадабаўся ўчынак Салагуба… Сведка Матушэвіч пісаў, што Шамоўскі даў згоду жартам, думаючы, што і госць, прачнуўшыся наступнага дня, не ўспомніць пра сваю прапанову.

Але ў Яна Салагуба выявіўся зусім не п'яны розум і цвярозы разлік. Алена Шамоўская яму падабалася, яе пасаг - таксама, і ён не адступіўся. Шамоўскі, клянучы свой язык і зяця, мусіў стрымаць слова - шляхецкі гонар…

Пражылі разам Ян Міхал і Алена каля 20 гадоў, яна памерла ў 1727, мелі чатырох дзяцей, пра кожнага можна асобны аповед весці. Але нас цікавіць старэйшы сын, Юзаф Антоні (26.07.1709- 04.05.1781), да якога перайшоў двор Вашкевічы пасля смерці бацькі.

Юзаф Антоні ў 1750-ым прыкупіў суседні двор Мінойты.

Пра новага гаспадара Вашкевіч вядома наступнае - вучыўся за мяжой, абіраўся паслом Сойму ад Жамойціі ў 1736, 1738, 1740 гадах, у 1737-ым - дэпутат Трыбуналу ВКЛ. У 1742-ім стаў жмудскім кашталянам, потым (1748-1751) - кашталянам віцебскім. Кавалер ордэна Белага Арла (1750), маршалак Трыбуналу ВКЛ. Ад кастрычніка 1751-га да 1781-га - ваявода віцебскі. У 1764-ым падтрымаў Станіслава Панятоўскага на элекцыі, канфедэрат радамскі з 1767 г., дарадца Пастаяннай Рады з 1776 г. Жыццё Ю.А. Салагуба было бурным, бясконцыя шляхецкія соймы і соймікі, канфедэрацыі і закалоты, то саюзы палітычныя, то звада з Радзівіламі, Чартарыйскімі, Браніцкімі. Па маладосці ў 1734 г. разам з Ляшчынскім адбіваўся ад рускіх у Гданьску. У 1758-ым насуперак Чартарыйскім галасаваў за абранне Карла Саксонца, сына Аўгуста Прыгожага герцагам Курляндскім. Адмовіўся прысягнуць Кацярыне Другой са сваіх віцебскіх уладанняў пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Але напрыканцы жыцця стаміўся, адыйшоў ад палітыкі. Жонка - Антаніна Тарэса з Агінскіх (1714-1773), дачка Караля Агінскага (1690-1716) і Элеаноры Войны. Дзяцей не мелі, пахаваныя ў Варшаве, у родавай усыпальніцы ў касцёле Св. Крыжа. Свае радавыя землі ў Польшчы (Апораўскі ключ) Юзаф Антоні граф Салагуб пакінуў у спадчыну пляменніку Яну Міхалу Салагубу.

Буйны магнат, які праводзіў жыццё ў сталіцах, Юзаф Антоні Салагуб спрычыніўся аднак і да жыцця маленькіх Вашкевічаў. Менавіта на яго просьбу біскуп віленскі Зянкевіч зацвердзіў 23.10.1755 г. фундацыю дваровай драўлянай капліцы пры будаваным палацы. Будоўля, як лічыцца, адбылася ў прамежку 1763-1769 гадоў. Уніяцкая царква 1774-га года ў недалёкіх Ганчарах - таксама фундацыя Салагуба, існуе і дзейнічае па сёння (як праваслаўная).

У 1783-м маёнтак перайшоў ва ўладанне старасты дзевянішскага князя Пузыні герба Брама. Якім шляхам - пакуль невядома, ёсць згадка, што адзін з Салагубаў, войскі ўпіцкі, быў жанаты з Пузыняй.

У 1784 г. Пузыням належаць: у парафіі Беліцкай двор Вашкевічы з філіяльным драўляным касцёлам і карчмою, вёска Ганчары з карчмою і драўлянаю ўніяцкаю царквою, фальварак і вёска Ганцавічы, вёскі Дроздава, Масявічы, Агароднікі (1) і вёска Мінойты ў парафіі Лідскай (2) Дарэчы, гэта абвяргае версію К. Пызеля, што Ленскі купіў Вашкевічы ў 1777 годзе.

У 1789 г. (па версіі В.В. Сліўкіна) двор Вашкевічы купляе стараста любоніцкі Павел Ленскі, кавалер ордэна Белага Арла, ордэна Святога Станіслава. Рэвізію 1795-га года падпісаў ён (3), а ў дакументах 1811 года "по смерти его" (4) маёмасць засталася ўдаве, другой (?) жонцы Петранэлі, дачцэ Франца Бучынскага.

У 1804 (па іншых звестках - у 1807) замест драўлянай капліцы Салагубаў фундацыяй Петранэлі Ленскай будуюць мураваны філіяльны касцёл ад прыходскага касцёла дамініканаў у Ельні. Прыёр ельнінскі Ян Стырпейка высвяціў касцёл у гонар Святой Ганны. Праект касцёла прыпісваюць камусьці з вучняў віленскага архітэктара В. Гуцэвіча. Рызыкну выказаць версію, што пабудова мураванага касцёла магла стаць помнікам ад Петранэлі Ленскай памерламу мужу.

У 1819-ым годзе на Петранэлю Ленскую накладвалася нейкае спагнанне расейскімі ўладамі, а ў 1825-ым яна прайграла трохгадовую судовую цяжбу з селянінам Янам Дычкам, які паскардзіўся гарадзенскаму губернатару (спачатку Андрайковічу, потым Бабяцінскаму), а потым віленскаму генерал-губернатару Назімаву на неправавыя дзеянні Ленскай і яе эканома Навіцкага (5). Лідскі павятовы суд падтрымаў Ленскую, але ўмяшанне Вільні прывяло да рашэння 2-га Дэпартамента Гарадзенскага суда ад 20 чэрвеня 1825-га года на карысць Яна Дычкі, прызнанага вольным. Загадкаю застаецца тое, што ў рэвізскіх дакументах 1834-га года (віленскі гістарычны архіў, фонд 515, вопіс 15, вёска Супраўшчына маёнтка Вашкевічы) рашэннем таго ж суда за гэтаю датаю выпісаны ў вольныя селянін Іван Цімафеев Падроба з вёскі Супраўшчына, 1782-га года нараджэння з жонкаю Ганнаю і дочкамі Антанінаю ды Кацярынаю, хаця ў ранейшых рэвізіях ён запісаны як Іван Матэвушаў (1816 г.). Іван, брат Матэвуша, сын Сямёна, (1811 г.). Ясь, сын Сямёна (1795 г.). А ўсе Дычкі ў Супраўшчыне (тры гаспадаркі) засталіся па-ранейшаму прыгоннымі.

У 1830-ым Ленская прадае Мінойты, здаецца, Буткевічам.

У 1840-ым Вашкевічы наведаў мастак Вікенці Дмахоўскі (1807-1862), удзельнік паўстання 1830-1831 года, які вярнуўся на Радзіму пасля 7-гадовай эміграцыі. Яму прыпісваюць аўтарства карціны з выявай вашкевіцкага сядзібнага дома (палаца Салагубаў). Копія захоўвалася ў сям'і А.С. Лысёнка. Палац у паўтара паверхі з двухпавярховым высунутым наперад цэнтральным памяшканнем, ламанаю лініяй страхі мансарды, высокімі вокнамі і пяццю дымавымі комінамі печаў. Усходняя - правая - прыбудова большая і высунута наперад, што надае асіметрычнасць. Дрэвы падрэзаныя на ўзор французскага парку. На пярэднім плане садоўнік з двума сабакамі, пасярэдзіне ў групе вылучаецца мажная жанчына, магчыма, гэта гаспадыня, Петранэля Ленская, у дзвярах палаца яшчэ некалькі постацяў (сям'я ?). На цэнтральным будынку ўверсе, вельмі падобна, шчыт з гербам.

Згодна інвентара 1848-га года (6) Петранэлі Ленскай належала сялянскіх "душ" 524 мужчыны і 516 жанчын, што складалі 148 цяглых і 2 агародніцкія гаспадаркі ў васьмі вёсках: Агароднікі (56 мужчын,70 жанчын), Ганцавічы (64/50), Супраўшчына (38/47), Навасады (25/28), Масявічы (69/71), Дроздава (86/72), Ганчары (84/74), Бенявічы (78/76) і трох засценках - Старамлыніца (2/3), Буячкі (19/23), Астроўна (3/5). Напісанне назваў паселішчаў у інвентары не супадае з сучасным - там яно гучыць "Ганцевиче, Супровщизна, Мосевиче, Старомлынище, Мосиовшчизна", асобныя паселішчы сёння адсутнічаюць і з цяжкасцю лакалізуюцца. Напрыклад засценак Старамлынішча, што разам з Ганчарамі і Дроздавам складаў фальварак "Заіончице", знаходзіўся прыблізна на тэрыторыі сёняшніх дач "Дзітва" на аднайменнай рэчцы. Засценкі Астроўна, Буячкі былі на левым беразе Нёмана. Фальварак Масёўшчына - дзесьці між вёсак Супраўшчына і Жучкі. Агульная плошча маёнтка складала каля сямі з паловаю тысяч дзесяцін зямлі, у тым ліку каля 3100 - ворнай зямлі, каля 850 - сенакосу і каля 3000 - лесу. За выключэннем рэк і азёраў (Нёман, Дзітва, Ізва, Лідзейка, Рымніцкае, Крамяны, Ксяндзовае, Густое, Лычова), што займалі разам 168, 38 дзесяцін маёнтка, і лясоў, якія належалі толькі Ленскай, землі маёнтка размяркоўваліся наступным чынам. Сяляне мелі: зямлі прысядзібнай - 100,04 дзесяціны, ворнай - 2191,20 дзесяціны, сенакосу - 515,42 дзесяціны, пашы - 200 дзесяцін, коней - 94, валоў - 306, кароў - 376, козаў, авечак - 776, і 106 калодаў пчол. Сярэдні сялянскі надзел складаў каля 19 дзесяцін зямлі. Пяць фальваркаў эканоміі мелі зямлі прысядзібнай 13,28 дзесяціны, ворнай - 836,12 дзесяціны, сенакосу -291,15 дзесяціны, пашы - 63,23 дзесяціны. Паколькі адведзенай пашы відавочна не хапала, дазвалялася пасвіць жывёлу на траціне палёў, што ляжалі пералогам кожны год, і па сенакосах пасля касьбы. Каля 190 дзесяцін ворнай зямлі па стану на 1848 г. былі "пустошчызнай" (трэба разумець, сялянскія сем'і, якія іх абраблялі раней, вымерлі) і здаваліся ў арэнду староннім (вольным?) асобам за чынш.

У маёнтку былі вадзяны млын, 2 бровары, што выраблялі да 3000 вёдзер "віна", якое рэалізоўвалася ў тым ліку і праз" 8 карчомак і дамоў піцейных" (па Ленскай, усе сядзельцы ў корчмах - хрысціяне, у што цяжка верыцца…). Корчмы належалі маёнтку і знаходзіліся пры дарогах: паштовай з Ліды на Наваградак і "камерцыйнай" з Ліды да мястэчка Беліца, а таксама пры прасёлках. Гэта прыносіла да 1000 рублёў даходу Ленскай. Для параўнання: гадавы даход ад млына складаў 200 рублёў, чынш з сялян і вольных 366 рублёў, даход ад продажу зерня, бульбы і г.д. - 1540 рублёў. Дзень вольнай працы ў маёнтку прыносіў селяніну 7,5 капейкі срэбрам аднаму, з упражкаю валоў - 15 капеек, чвэрць бульбы каштавала 50 кап., аўсу - 1 рубель, ячменю - 2 рублі, жыта - 2 рублі, 25 капеек.

Петранэля Ленская памерла ў 1857 годзе, мяркуецца, да 1864-га года маёнтак перайшоў яе дачцэ Вераніцы Аборскай. Заўважу аднак, што ў архіўных матэрыялах Вільні (7) давялося сустрэць запіс аб тым, што рэвізскую сказку 1850-га года за сваю састарэлую маці па яе даверанасці падаваў Аляксандр Паўлавіч Ленскі, "Виленский уездный предводитель дворянства".

У 1860-ым у Вашкевічы пераведзена паштовая станцыя з Лупеніц.

Пасля смерці Веранікі Аборскай з Ленскіх у гісторыі Вашкевіч цмяны правал. Як лічыць В.В. Сліўкін, маёнтак перайшоў сыну Паўла Ленскага ад першага шлюбу, Антону Ленскаму (1797-1873), а потым частка - яго сыну Зянону (1864-1927), якога ён лічыць заснавальнікам першага ў Лідскім павеце шклянога завода. Працытую частку артыкула:

"Зенон Антонович Ленский (1864-1927) - легендарный для Лидского уезда помещик. По его инициативе и на его средства был построен первый в Лидском уезде стекольный завод, ставший со временем крупнейшим в Виленской губернии.

Закончил Виленскую гимназию и Горный институт в Санкт-Петербурге. Будучи еще студентом, 19 сентября 1883 г. Зенон Ленский обратился в Лидское уездное полицейское управление с письмом: "Проситель желает устроить в лесной даче имения моего Заенчицы стеклянный завод или "Гуту" для выделки стекла и стеклянных посуд, для чего желаю получить разрешение надлежащей власти. А потому имея в виду, что законных препятствий к устройству того стеклянного завода или фабрики встретится не может, осмеливаюсь покорно просить Лидское уездное полицейское управление разрешить мне устройство и открытие стеклянной фабрики или "Гуту" в лесной даче имения моего Заенчицы, в чем и выдать мне надлежащее удостоверение".

9 октября 1883 года пристав первого стана Лидского уезда после обследования предполагаемого места строительства стеклозавода отписал, "что к открытию в означенном лесном урочище стекляного завода … никаких препятствий не имеется". Виленское губернское правление разрешило постройку"стеклянного завода". В 1885 г. на заводе Зенона Антоновича Ленского работали 28 человек: 16 мужчин, 6 женщин и 6 подростков. Было произведено 200 ящиков оконного стекла и 50000 пивных бутылок на сумму в 2000 руб.

В 1891 г. З.А. Ленский сдал стеклозавод в аренду инженеру Дядьковского стеклозавода Вильгельму Краевскому и руководителю художественной мастерской завода Юлиусу Августиновичу Столле, восемь лет спустя продал завод арендаторам. Он определился, что для него важнее, стекольное производство или живопись. Стекольный завод мешал заниматься живописью, поэтому так легко он от него избавился. Некоторое время учился в Академии Художеств, закончил Петербургскую школу Юзефа Брандта и художественную школу в Мюнхене. В начале ХХ века выставлял свои живописные работы в Петербурге, Кракове, Варшаве, Минске. Усадебный дом родителей в Суле украсил фресками. В Национальном художественном музее Беларуси хранится одна его работа - портрет младшей сестры Эльжбеты ( Василевской, 1903 г.) "

Аднак пагадзіцца з версіяй паважанага Валерыя Васільевіча катэгарычна не магу. З дапамогаю Інтэрнэту, які ўсё ведае, даволі лёгка пераканацца, што Зянон Ленскі - мастак ніякага дачынення не меў да Вашкевічаў, Заёнчыцаў, Устроні і будучага шклозавода "Нёман". Нарадзіўся ён у вялікай сям'і (шэсць сыноў і дачка Эльжбета) Аляксандра і Сабіны Ленскіх у маёнтку Сула Менскай губерні, і Антону Паўлавічу Ленскаму даводзіўся ўнукам. Сапраўды вучыўся ў Віленскай гімназіі і Горным інстытуце С. Пецярбурга. Але не давучыўся, перайшоў у Акадэмію мастацтваў (Асабістая справа Зянона Аляксандравіча Ленскага, за 1885 год, № 92 у вопісе 11, фонд 789, Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбургу). Сапраўды, выбітны мастак-партрэтыст, шмат вучыўся і працаваў за мяжою, прысылаў дадому, у Сулу мастацкія каштоўнасці, уласнаручныя партрэты. Распісваў будынкі ў Суле фрэскамі. Выдатны аповед пра мастака Зянона Ленскага, жыццё і творчасць надрукаваны ў часопісе "Наша вера" № 3 за 1999 год аўтарства Надзеі Усавай з Нацыянальнага Мастацкага музея ў Менску. Нямала на гэтую тэму пісала і карэспандэнт "СБ" Людміла Сяліцкая ў 2003-2013 гг. У "павуціне" Сеціва ёсць таксама караценькая звестка, што на выставе мясцовай старасветчыны, арганізаванай Іванам Луцкевічам з дапамогаю нямецкіх гісторыкаў у Менску ў 1918-ым годзе, сярод пяці літых слуцкіх паясоў быў адзін, прысланы з Варшавы мастаком Зянонам Аляксандравічам Ленскім. Памёр З.А. Ленскі ў 1927 г. у Варшаве, але пахаваны быў, верагодна, усё ж у радавой усыпальні Ленскіх у Суле. На жаль, пахавальны храм-ратонда разрабаваны сучаснымі вандаламі, параскіданыя парэшткі гаспадароў маёнтка мясцовыя жыхары перазахавалі пазней на мясцовых могілках.

Ну а што ж Зянон Антонавіч Ленскі? Ёсць упамінанне Зянона і Канстанціна Ленскіх на сайце rosgenea.ru - "дворянин Минского уезда Минской губернии, участник польского восстания 1863 г., в 1864-ом как политический преступник по суду лишён прав состояния, имущество конфисковано, на поселение в менее отдалённые места Сибири"), аднолькавыя запісы пра абодвух. Заўважым, што сваіх сыноў, народжаных у 60-ых гадах 19-га стагоддзя, Аляксандр Антонавіч Ленскі (1836 г. нар.), адзін з буйнейшых землеўладальнікаў Менскай губерні, назваў таксама Зянонам і Канстанцінам. Вядомы партрэт Канстанціна Ленскага(1841 г. нар), дзядзькі мастака, работы Людаміра Яноўскага (1888 г., Менскі Нацыянальны мастацкі музей). Магчыма таксама, што на адным з партрэтаў работы самога З.А. Ленскага 1897 г. выяўлены другі яго родны дзядзька-паўстанец, З.А. Ленскі. Пакуль не падцверджана дакументальна, але больш чым верагодна, што Зянон Антонавіч Ленскі, гаспадар фальварка Заёнчыцы, які падае прашэнне 19-га верасня 1883-га года пра заснаванне гуты, і ёсць паўстанец 1863 г. Зянон Ленскі, малодшы брат Аляксандра, амніставаны ў 70-ыя гады. У такім разе ў 1899 г., калі ён прадае гуту Краеўскаму і Столе, яму каля 60 гадоў - сілы пасля ссылкі (а магчыма, і раненняў?) ужо не тыя. Канешне, у гэтай версіі застаюцца многія пытанні. Напрыклад, чаму амніставаны паўстанец вярнуўся не на Меншчыну, дзе яго бацьку Антону Ленскаму належалі вялікія зямельныя ўладанні і дзе жыве вялікая (і багатая) радня. Якім чынам яму мог перайсці кавалак маёнтка Вашкевічы - адзін з пяці фальваркаў, калі ён толькі ўнук Паўла Ленскага, але не Петранэлі Ленскай? Дарэчы, у прашэнні 1883-га года на заснаванне гуты пазначана, што маёнтак Вашкевічы належыць Ледухоўскаму. Калі, якім чынам, пры якіх абставінах перайшоў - пакуль невядома…

У 1904 годзе ў маёнтку Вашкевічы пражывала 36 жыхароў (16 мужчын, 20 жанчын), маёнтку належала 800 дзесяцін, тут жа быў фальварак Вашкевічы - 10 жыхароў, (6/4), 347 дзесяцін і вартоўня Вашкевічы. Усё гэта належыць графу Ігнацыю, сыну Іосіфа, Ледухоўскаму.

Яму ж належала Альхоўка, 14 жыхароў (6/8), 90 дзесяцін. 13.10.1907 г. "Виленские губернские ведомости", № 81- Ігнацы Ледухоўскі выстаўляе маёнтак Вашкевічы, 995 дзесяцін, на продаж, цалкам ці па частках. Але поруч з Вашкевічамі ў той жа час выстаўляецца на продаж маёнтак Масявічы - Буячкі Лідскага павета памерам 957 дзесяцін, уладальнік - Анж'ян Якаў Андрэевіч. (Таксама ў спісе - княгіня Трубяцкая, маёнтак Беліца, 10500 дзесяцін; Шукевіч Ганна, маёнтак Нача, 407 дзесяцін і яшчэ з дзесятак землеўладальнікаў Лідскага павета, але гэта тэма асобнага даследвання, значна шырэйшага за гісторыю маёнтка Вашкевічы.) Хто такі Якаў Анж'ян, як да яго трапіў фальварак Масявічы, які відавочна з'яўляецца часткаю былых Вашкевічаў часоў Ленскіх і Салагубаў?

1 снежня 1931 г. спадчыннікі графа Ледухоўскага прадалі маёнтак на аўкцыёне праз Віленскі банк па частках. Каля 100 га выкупіў Адольф Чылек.

Касцёл пры сядзібе ў Вашкевічах доўгі час быў філіяй дамініканскага касцёла ў Ельні, пасля 1924 г. стаў бярозаўскай капліцаю. Пры касцёле паступова сфармаваліся могілкі. Па логіцы, першым тут павінен быў легчы Павел Ленскі, але яго магіла невядомая. Затое магіла Петранэлі Ленскай і яе дачкі Веранікі Аборскай, якія памерлі паўстагоддзем пазней, апісаныя ў літаратуры. Потым да іх далучаліся мясцовыя жыхары каталіцкага веравызнання з бліжэйшых вёсак (Буякі, Германовічы, Забелы, Чылекі, Міцюкевічы). Вылучаецца на могілках чорнага мармуру помнік на агульнай магіле Краеўскіх: у 1905 г. патануў у Нёмане Вільгельм Краеўскі (09.04.1860), суўладальнік шклозавода "Нёман", за ім адышла яго жонка Казіміра з амакоўскіх (03.1864-1.11.1921), потым - іх сын Уладзімір (18.11.1888 - 24.10.1931).

Палац Салагубаў сёння не існуе, знішчаны пажарам. Калі і пры якіх абставінах - дакладна невядома. Асноўная версія - ад выпадковай цыгарэты аднаго з Ледухоўскіх, які вызначаўся разгульным норавам: карты, даўгі, папойкі… Другая версія - падпал мясцовымі жыхарамі ў верасні 1939 г.

Капліца ў пасляваенны савецкі час была ператворана ў магазін і нешта каля 1974-га ці 1975 года моцна пацярпела ад пажару. Рэшткі будынка паступова прыходзілі ў заняпад, і сталі аб'ектам цікаўнасці мясцовых вісусаў піянерскага ўзросту, які натхнёна капаліся на тэрыторыі, шукаючы скарбы.

Koнрад Пызель піша, што касцёл быў рэстаўраваны намаганнямі бярозаўскага ксендза Андрэя Стапыры.

Але, не адмаўляючы чынны ўдзел кс. А. Стапыры, трэба сказаць пра Андрэя Сямёнавіча Лысёнка, які выконваючы запавет сваёй маці, у дзявоцтве - Чылек, фінансава падтрымаў праект рэстаўрацыі.

Касцёл сёння дзейнічае як філіял бярозаўскага. Прыкасцельныя могілкі выцягнуліся на поўнач, у бок былога палаца, ад якога засталіся асобныя валуны ды яшчэ легенды пра падземныя хады, схаваныя скарбы, дзівацтвы і непахвальнае жыццё апошняга яго гаспадара графа Ледухоўскага.


Спіс выкарыстаных крыніц:

1. "Лідскі летапісец", № 2 (58), 2012 г, стар. 26.

2. "Лідскі летапісец", № 1(61), 2013 г, стар.30.

3. Літоўскі Дзяржаўны гістарычны архіў у Вільні (ЛДГА), ф. 515, воп.15, спр.155.

4. ЛДГА, ф. 515, воп. 15, спр. 239, стар. 306.

5. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Гародня, ф. 1, воп. 2, спр. 473.

6. ЛДГА, ф. 394, воп. 4, спр. 319.

7. ЛДГА, ф, 515, воп. 15, спр. 960.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX