Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Ваверка і род Клаўсуцяў на Лідчыне 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 16-02-2022,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Ваверка і род Клаўсуцяў на Лідчыне // Лідскі Летапісец. 2021. № 1(93). С. 18-28.



Гэта частка ў значнай ступені будзе грунтавацца на ўзорнай і надзвычай цікавай працы гісторыка Яна Глінкі пра род Клаўсуцяў [1]. Дзе мог, я дапоўніў гэты артыкул матэрыяламі па тэме, якія знайшоў сам.


Заснавальнік роду Клаўсуцяў жыў у першай палове XIV ст. і нарадзіўся, пэўна каля 1300 г. Хутка тры яго ўнукі, у тым ліку і Галігін, у 1401 г. удзельнічалі ў заключэнні Віленска-Радамскай уніі. Інфармацыі пра заснавальніка гэтага роду няма. Але этымалогія прозвішча, верагодна пакавае, што гэты род паходзіць з-пад Біржан. Вядома, што Аляксандр Бяржанскі-Клаўсуць герба Лебедзь у 1697 г. ад Жмудзі падпісаў элекцыю караля Аўгуста ІІ. Біржаны да 1636 г. былі маёмасцю Шамётаў - адной з галін роду Клаўсуцяў.

Імя Клаўсуць вельмі рэдкае бо, як піша Глінка, у надрукаваных на момант напісання яго артыкула кнігах Метрыкі ВКЛ, гэтае імя сустракаецца толькі адзін раз [2], у канцы першай паловы XV ст., пра наданых сялян «Кловсютю семъица» [3]. Дадам, што ўсе раннія асабістыя імёны прадстаўнікоў роду Клаўсуцяў маюць жмудскае паходжанне.


Верагодна заснаванне населенага пункта Ваверка звязана з наданнем тут зямлі першаму з Клаўсуцяў, але і пасля гэтага род не страціў сувязь са Жмуддзю, адкуль паходзіў. Нашчадкі сыноў Клаўсуця яшчэ два стагоддзі валодалі мясцовасцю Капліца каля Шамятышак на памежжы Жмудзі і Аўкштойты, а таксама Крамяніцай [4] і Струбніцай З фундацыйных дакументаў Ян Глінка склаў радаслоўную роду. [5] на Ваўкавышчыне. Аднак яшчэ і ў другой палове XV ст. сярод усёй маёмасці сям'і Ваверка займала галоўнае месца, пра што кажа пабудова касцёла сумеснымі намаганнямі рода.

Супаставіўшы хаду пакаленняў у сям'і, Ян Глінка прыйшоў да высновы, што, магчыма, менавіта заснавальнік роду Клаўсуць атрымаў мясцовасць вакол Ваверкі, і праз нейкі час у гэтай частцы Лідчыны вырасла вялікая колькасць маёнткаў, якімі потым валодалі яго нашчадкі. Гэтыя маёнткі займалі вялікую частку тэрыторыі Лідчыны - ад Нёмана на поўдні ажно да Эйшышак, Юндзілішак і Надзеі на поўначы [6].

З сыноў Клаўсуця, якіх мы ведаем, старэйшага звалі Табут, гэта бачна з патроніма ягонага сына Рачкі, які вядомы нам паміж 1440 і 1450 гг. як фундатар касцёла ў Ваверцы. Тады ж, у 1440-50 гг. вялікі князь ВКЛ Казімір надаў іншаму сыну Клаўсуця - Ятаўту - зямлю ў Дубіцкай воласці якая мела назву След Табутаў: «Дубичской волости. Ятовту следъ Тябутовъ а два чоловека» [7]. З назвы бачна, што гэты двор першасна быў маёмасцю Табута, ён ляжаў на паўночным захадзе арэала рассялення рода на Лідчыне (Ятаўты, 5,5 км на ўсход ад Радуні). Двор Ятаўты атрымаў назву ад Ятаўта, аднаго з малодшых братоў Табута [8].

Другі сын Клаўсуця насіў імя Галівойн. Яго сын Галігін (ці Голген Галівойнавіч) сярод іншых літоўскіх паноў у 1432 г. пацвердзіў літоўска-крыжацкую дамову. Галівойн ёсць прабацькам-заснавальнікам старэйшай галіны роду, ён меў сыноў Урдыча (Urdycza), Галігіна і Відуміна.

У акце Віленскай уніі 1401 г. бачым, што Галігін (Goligin) з братамі: «Wrdyczh [9] cum fratribus, Golygind, Wyndimyn» [10]. У 1432 і 1433 гг. Галігін фігуруе як «Golgen» ці «Golygin». Апошняя форма імя і ўтварыла сталы патронім яго сыноў - Галігінавічы.

У свой час геральдыст Войцех Каяловіч лічыў, што пры заключэнні уніі ў Гародле, сярод іншых удзельнікаў мы сустракаем і братоў Галігіна і Кормулта, якія з'яўляліся ўнукамі Клаўсуця. Ян Глінка пагаджаўся з гэтым меркаваннем. Ад сына Клаўсуця (бацькі Галігіна і Кормулта) Каяловіч выводзіць род Біржанскіх, а геральдыст Нясецкі ўказвае, што Біржанскія мелі прыдомак Клаўсуць.

Галігін прысутнічае ва ўсіх трох гарадзельскіх дакументах 1413 г.: у акце прыняцця літоўскіх баяраў у супольнасць гярбоў кароннай шляхты, у акце клятвы вернасці і ў акце уніі. У першым дакуменце чытаем: «Labancz alias Skrzynsczy cum Goligunt». Адаптаваў Галігіна ў свой герб адзіны ў Гародле прадстаўнік кароннага роду Лебедзь Дзяржслаў са Скрыньска (Dzierżsław ze Skrzyńska).

Апошні раз у дакументах мы спатыкаем Галігіна 20 студзеня 1433 г., калі разам з іншымі асобамі ён ратыфікаваў Троцкую унію. У Галігіна былі чатыры сыны, якія прысутнічаюць у акце фундацыі ваверскага касцёла: Міхал, Суцька, Дыль ці Алехна (Алекса) і Андрушка [11].

Відуміна, самага малодшага з сыноў Галівойна разам з братамі, Урдычам і Галігінам бачым у 1401 г. падчас падпісання Віленскай уніі. 7 жніўня 1404 г. знаходзім яго ў Коўне сярод дванаццаці шляхціцаў: Мінігайлы, Гаштольда, Манівіда, Осціка і іншых, у прысутнасці якіх Вітаўт выдае крыжакам дакумент датычны Рацяжскага замірэння [12]. 11 чэрвеня 1407 г., 16 лютага 1410 г. і 15 жніўня 1412 г. Відумін выступае як сведка пры наданнях Вітаўта касцёлам. У дакуменце ад 1410 г. прысутнічае віленскі біскуп і пяць свецкіх асоб, якія названы магутнымі, адважнымі, вернымі і ўлюбёнымі рыцарамі. Гэта кажа пра вялікую ступень набліжанасці Відуміна да Вітаўта.

Нашчадкі Відуміна - Відумінавічы - у другой палове XV ст. растварыліся сярод дробнага баярства, бо іх няма сярод фундатараў касцёла ў Ваверцы. Але Відумінавічы яшчэ жылі каля Ваверкі і як вельмі небагатыя ваяры сустракаюцца ў перапісе войска ВКЛ 1567 г. [13]


Галігінавічы

Міхал, старэйшы сын Галігіна, быў адным з самых актыўных людзей свайго часу. У грамадзянскай вайне, якая пачалася ўвесну 1440 г. пасля смерці Жыгімонта Кейстутавіча (брата Вітаўта), ён адным з першых стаў на бок сына Жыгімонта і заняў верхні замак у Троках. Калі ў Літву, як законны нашчадак прыехаў вялікі князь Казімір, Галігінавіч адмовіўся пакінуць замак без загаду свайго патрона. Потым, згодна з крыніцамі, з 1445 па 1448 г. ён быў драгічынскім старастам і атрымаў тут шмат маёмасці. Узамен за самавольна заняты двор Жараслаўка (знаходзіўся пад Гародняй) вялікі князь Казімір надаў Міхалу Галігінавічу маёмасць Новы Двор у Васілішскім павеце.

Міхал Галігінавіч, пэўна, памёр да 1450 г., бо пасля гэтага года яго імя не ўзгадваецца ў дакументах. Міхал Галігінавіч з жонкай Зоф'яй, якая жыла яшчэ ў 1479 г., меў сына Жыгімонта - адзінага нашчадка лініі Галігінавічаў і старэйшыну ўсяго роду. Жыгімонт меў сына Мікалая і дачку Скіндараву (жонку Скіндара). У Метрыцы ВКЛ ёсць дакументы «Справы Скіндаравай пра маёнтак Ольжава».

Як я ўжо пісаў у раздзеле пра Ольжава, з дакументаў вядома, што Мікалай быў сынам Жыгімонта, унукам Міхала Галігінавіча, ён памёр не маючы дзяцей, а яго маёнтак удзедзічыла сястра, якая была замужам за Скіндарам, маці Сымона і Андрэя. Разам з Мікалаем згасла мужчынская галіна Галігінавічаў, і маёмасць перайшла да іншых. Пляменнік Мікалая, Сымон Скіндар, у 1523 г. быў земскім літоўскім харунжым. Яшчэ ў 1567 г. Скіндары валодалі маёмасцю Клаўсуцяў - часткай Ваверкі на Лідчыне і Струбніцай у Ваўкавыскім павеце [14].

У 1520-х гг. падляшскі ваявода, дзяржаўца «Ожъски и Переломски и Радунски» Януш Касцевіч трымаў Ваверку, а «маршалокъ (літоўскі - Л. Л.) наместникъ Жолкдоски» князь Васіль Андрэевіч Палубінскі - частку Дылева і Глыбокае. Абодва яны трымалі гэтую маёмасць для забеспячэння грашовых выплат і, атрымаўшы грошы, павінны былі перадаць маёмасць законным гаспадарам. Касцевіч павінен быў саступіць маёмасць Сымону і Андрэю Скіндарам. Касцевіч меў дачыненне да Ваверкі праз сваю жонку, але не вядома, як яна датычыла да роду Клаўсуцяў. Не зразумела таксама, на чым грунтавалася права князя Палубінскага на атрыманне тысячы коп грошаў з Дылева і Глыбокага [15]. Магчыма, Палубінскі быў зяцем Андрэя Сіруцевіча, які з'яўляўся крэўным Галігінавічаў [16]: « Господаръ его милость пану Янушу казалъ тое именье Ваверъку, подле суда брата его милости, держати до тыхъ часовъ, поки близкии его пенези ему отложатъ. А князю Василью Полубеньскому казалъ его милостъ, держи именья: Дылеву … а Глубокую, въ тисечу копъ грошей, поки тежъ близькие пенези отложатъ, подле запису пана Андрея Сирутевича и его кнегини» [17].


Наступны пасля Міхала сын Галігіна - Суцька - паміж 1440 і 1452 гг. атрымаў зямельнае наданне разам з братам Алехнам: «Судьку да Олехну Кголикгиновичом земля Белякова, кузнецова, аж будетъ пуста, до воли. Панъ Петрашъ, маршалокъ. Кушлейко» [18]. Паміж 1440 і 1449 гг. вялікі князь ВКЛ надаў «Судьку три чоловеки» [19]. Суцька пакінуў трох дачок Зоф'ю, Духну і Феньку. Зоф'я разам з сёстрамі атрымала Новую Ваверку (ці Гарадзішча, зараз - Дылева).


Трэці сын Галігіна Алехна (Алекса) ці Дыль часцей вядомы як Алехна Дыль. У канцы першай паловы XV ст. у Ягелонскім універсітэце вучыліся два ліцвіны. У 1445 г. першага з іх памылкова запісалі як «Аляксей сын Гірмунта з Лідчыны», але насамрэч ён быў сынам Галігіна. Восенню 1447 г. Алехна атрымаў навуковую ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Другі яго калега, які застаўся невядомым, прыехаў з Ваверкі і абодва яны належалі да роду Клаўсуцяў. Бакалаўр Алекса (ці Дыль) у 1447 г. ужо пасяліўся ў Ваверцы. Тое, што Алекса вельмі хутка прайшоў увесь універсітэцкі курс, сведчыць пра яго здольнасці і, галоўнае, пра выдатную хатнюю падрыхтоўку і наяўнасць добрых выкладчыкаў на Лідчыне таго часу [20].

Верагодна, Дыль і яго сваяк з Ваверкі, з'яўляюцца першымі асобамі з універсітэцкай адукацыяй на Лідчыне.

Апрача агульнай з братам Суцькам маёмасці, Алехна Дыль у 1442 г. атрымаў ад вялікага князя ВКЛ Казіміра сялян: «Олехну Кголикгиновичу пять чоловековъ, на имя: Илка, а Ходаня, а Онихимъ, а Иванъ, Ондрей; 4 данъныхъ, а 5 неданъных. Пан Монивид» [21] а ў 1450 г. па-за межамі Лідчыны, каля Гродка (13 км ад Турава) у спадкі ад Рачкі ён атрымаў двор Малешава. 28 ліпеня 1449 г. у Наваградку Алекса разам з братам Андрэем выступае сведкам у прывілеі, які вялікі князь надаў тамтэйшаму касцёлу. ­­

Алехна ў сваёй вёсцы Гарадзішча, пабудаваў касцёл пад вызнаннем св. Тройцы і св.св. Фелікса, Аўкта і Бярнарда. 22 лістапада 1460 г. у Дуброве (каля Жалудка) ён фундаваў касцёлу двор Ольжава з дзевяццю чалавекамі, а таксама збожжавую і гароднінную дзесяціну з двара Гарадзішча. Дакумент падпісаны ў прысутнасці трох ягоных сваякоў: Станіслава, Марціна і Багуміла, віленскага біскупа Мікалая, віленскага каноніка і афіцыяла Мікалая, лідскага пробашча Строгнева, каплана Якуба і біскупскага пісара Яна. Дуброва, куды гаспадар запрасіў гасцей, выступае як яго сядзіба.

Зоф'я, удава Алехны Дыля, 8 красавіка 1478 г. у Новай Ваверцы згодна з воляй яе мужа, дзедзіча маёмасці, падпісала тастамент для касцёла. У гэтым дакуменце касцёлу навечна адпісаны: у Гарадзішчы тры карчмы, дзесяціну збожжа, частку ўраджаю з гароду і частку дамашняй жывёлы, стары стаў з млынам, ралля на 40 бочак збожжа і лугі па абодва бакі става, каля Чашутовіча ралля на 50 бочак і луг на адзін стог сена, пры касцёле ралля на 60 бочак, у Наркішках луг на два стагі, зарэчныя палі ці Седлішча на 15 бочак, у Дзітве дзевяць сялян, у Галігінаўшчыне каля Беліцы аднаго селяніна, у Бабалеўшчыне аднаго рамесніка. Тастамант быў падпісаны ў «белым доме ў Новай Ваверцы» пры сведках: Яне, пробашчы ў Старой Ваверцы, Паўле, пробашчы ў Новай Ваверцы, мясцовых капланах Яне і Мацеі, а таксама пры свецкіх асобах: Пятры (ці Гіндле, Гіндзіле) з Новай Ваверкі, Станіславе з Гейдрайць і Івашку з Эйшышак.


Як бачым у 1460 і 1478 г. тутэйшы касцёл меў добрыя фундушы і трох святароў разам з пробашчам. Новая Ваверка ці Гарадзішча хутка атрымала назву Дылева. Новая назва з'явілася пасля смерці бяздзетных фундатараў, калі ніхто ўжо не быў зацікаўлены ў змене назвы, і таму замацавалася сама па сабе, у памяць пра Алехну, якога па-сямейнаму звалі Дылем. Пасля гэтага з назвы Вялікая (ці Старая) Ваверка знік непатрэбны прыметнік, і яна пачала называцца проста Ваверка [22].

Парафія ў Дылеве існавала яшчэ ў 1537 г., аднак, як і касцёл у Ваверцы, дылеўскі касцёл таксама перайшоў у рукі пратэстантаў. Што не дзіва, бо ў 1589 г. верагодны нашчадак Алехны Дыля - Ян Дыль фігуруе як адзін з кіраўнікоў віленскага евангелічнага збора [23].

У 1648 г., пасля вяртання ў рукі католікаў, тут засталася толькі капліца, якая належала Ваверскай парафіі. У 1871 г. расейскія ўлады зачынілі гэтую капліцу, якая была апошняй памяццю пра бакалаўра Алехну Галігінавіча [24].


Андрэя, самага малодшага сына Галігіна, мы бачым паміж 1440 і 1447 гг. на пасадзе літоўскага дворнага кухмістра. Вялікі князь Казімір надаў: «Ондрэю, кухмистру, пять чоловековъ на рецэ Волжове: Санко, а Кузма, Величко, Микита, Семенъ. Самъ великій князь» [25]. Глінка лічыць, што, магчыма, чалец Паноў-рады ВКЛ у 1440-1455 гг. «Пан Онъдрушко» [26] - гэта таксама Андрэй Галігінавіч.

Вялікі князь ВКЛ Казімір у 1440-1450 гг. надаў яму зямлю: «Онъдрушку Келикиновичу мест[ич]у» [27], а ў палове XV ст.: «Пану Ондрушку Коликиновичу село Морхотъчино» [28] і «Онъдрушку Кгоскгиновичу люди данники въ Остринской волости, на имя Рычане, дани уставъ даютъ меду» [29]. Таксама Ян Глінка лічыць, што менавіта Андрэю Галігінавічу вялікі князь Казімір надаў наступную маёмасць: «Пану Онъдрушку Глубочане, на имя три чоловеки: Скоти а Курни, а Довко» [30] ((паміж 1440 і 1442 гг.), а таксама «Ондрушку дворецъ у Волковыску, а Червичи у Пинску, данники, а 14 чоловековъ у-въ Острыне, у-въ Острове данъники на имя Поздешевичи; даютъ два устава меду» [31], у 1445 г. «Ондрушку у Василишкахъ, у Лядскомъ чоловекъ Онисимецъ Муравчинъ; до воли» [32].

Андрэй памёр у канцы 1449 г. ці на пачатку 1450 г., ён быў бяздзетным, як і яго брат Алехна.

Фундацыя касцёла ў Ваверцы

Гісторыкам вядомы два фундацыйныя дакументы роду Клаўсуцяў, напісаных у Ваверцы. Адзін з іх напісаны ў 1463 г., а другі ў 1479 г. Арыгінал першага згарэў у 1530 г. пры пажары Вільні, дзе ў той час знаходзіўся ваверскі пробашч, але захавалася копія, якую 9 лютага 1535 г. зацвердзіў біскуп Ян, які быў родам з літоўскіх князёў, гэтую копію потым памылкова датавалі 1473 г. замест 1463 г. Памылка была папраўлена пры выданні «Кодэкса дыпламатычнага катэдры і дыяцэзіі віленскай».

З дакумента даведваемся, што дзедзічамі Ваверкі ў той час былі:

- Жыгімонт з сваёй маці (яе імя нечытэльнае), сын памёршага Міхала Галігінавіча;

- Мікалай і Юндзіла Рачкавічы, родныя браты;

- Шамёт Нямойкавіч;

- Даўгірд і Алехна Радзевічы;

- Мікалай і асоба, імя якой нечытэльнае, але мае канцоўку на «us» (з наступнага фундацыйнага дакумента бачна, што гэта Леанард - Леанардус - па-лаціне) і Станіслаў са сваёй маці Тэадорай - усе яны сыны памёршага Буцькі;

- Зоф'я, Духна і Фенка - дочкі памёршага Суцькі.

З тэксту дакумента бачна, што гэтыя асобы фундавалі і пабудавалі ў Вялікай Ваверцы касцёл у гонар св. Тройцы, Нараджэння НМП, св. біскупа Мікалая, св. Кацярыны-дзявіцы і св. Юрыя-пакутніка.

Інфармацыя пра заснаванне касцёла ў 1413 г. узята з падробленага дакумента.

Дзедзічы ўключылі ў лік ахвярадаўцаў асобаў з папярэдняга пакалення свайго роду:

- Міхал, Суцька, Дыль і Андрэй Галігінавічы, родныя браты;

- вышэй упамянуты Жыгімонт з маці;

- памёршы Рачка;

- Юндзіла з памёршым братам Вацлавам, луцкім біскупам і іх маці;

- Нямойка;

- Шамёт, сын Нямойкі;

- Саўбудзька, сын памёршага Ячкі, з маці Анастасіяй;

- памёршы Род;

- браты Даўгірд і Алехна, сыны Рода.

Дакумент дазваляў пробашчу мець вольную карчму каля касцёла. Сведкамі пры прыкладанні пячаткі на дакумент былі: Ян Ласовіч (луцкі біскуп Ян), ваверскі пробашч і вікары касцёла ксёндз Станіслаў, пра якога напісана, што ён з'яўляецца настаўнікам мясцовай школы [33].

Другі фундацыйны дакумент узнаўляў папярэдні і быў выдадзены ў сувязі з асвячэннем (кансекрацыяй) касцёла. Ён быў выдадзены ў Старой Ваверцы 29 траўня 1479 г. і дайшоў да нас у выглядзе копіі. Гэтая копія захавалася ў архіве Тышкевічаў, і зрабіў яе ў 1522 г. Станіслаў Камароўскі, пісар віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. Дакумент 1479 г. паўтарае ўсё тое, што было ўжо ў дакуменце 1463 г., але з яго даведваемся пра нечытэльныя ў папярэднім дакуменце імёны Зоф'і, удавы Міхала Галігінавіча, Леанарда Буцькавіча, а таксама пра прапушчанага пісарам у копіі дакумента 1563 г. Нямойку.

З дакумента бачна, што касцёл быў прысвечаны Усемагутнаму Богу і Святому Духу, а таксама Нараджэнню Дзевы Марыі. Незвычайнае для нас скарачэнне Святой Тройцы да двух складнікаў сталася вынікам няўвагі капіравальніка дакумента. Касцёл у Ваверцы ў 1568 г. быў перароблены ў евангелісцка-рэфарматарскі збор і толькі з 1648 г. зноў стаў касцёлам пад вызнаннем св. Францішка.

Згодна з дакументам, касцёл атрымаў ад Рачкі трох людзей з зямлёй добрай якасці, лесам і лугамі, а таксама з лугам каля двара і дзесяціну з даходаў двара Рачкі ў Ваверцы.

Юндзіла ахвяраваў дзесяціну з двара Пеляса і лугі ў Дзітве, Нямойка даў аднаго чалавека і дзесяціну з Дзітвы (іншыя дакументы пацвярджаюць тое, што Пеляса належала Юндзіле, а Дзітва - Нямойку і ягоным нашчадкам). Саўбудзька з маці Анастасіяй далі аднаго чалавека з зямлёй у Радзішках і луг там жа, а таксама дзесяціну ад двароў Дзітва і Надзея. Даўгірд і Алехна, сыны Рода, ахвяравалі касцёлу дзесяціну ўсяго зерня са сваіх палёў і гародаў і надалі ў валоданне дзесяціну з сваёй вёскі «Thatarymsky», відочна што гэта Татарка ці Татаршчына, вёска, якая знаходзілася недалёка ад Ваверкі [34].

Для будоўлі касцёла быў выдзелены пляц, касцёлу нададзена ралля, лес і лугі, людзі з зямлёй і дзесяціны з двароў: усялякага зерня, збораў з палёў і агародаў, мёду. Толькі ад двароў Ваверка і Ольжава братоў Галігінавічаў у пераліку на грошы касцёл атрымліваў 60 шырокіх грошаў [35]. Браты Галігінавічы ахвяравалі 3 сялян, Жыгімонт з маці - 1, Рачка - 3, Юндзіла з Вацлавам і маці - 3, Нямойка - 1, Саўбудзька - 1, Род - 2, агулам - 14 сялян.

З дакументаў бачна, якімі дварамі валодалі прадстаўнікі роду:

- Дзітва - Юндзіла і Вацлаў Рачкавіч з маці, Нямойка, Саўбудзька Ячкавіч з маці Анастасіяй, Род.

- Надзея - Саўбудзька Ячкавіч з маці Анастасіяй.

- Ольжава - Міхал, Суцька, Дыль і Андрэй Галігінавічы.

- Пеляса - Юндзіла Рачкавіч.

- Ваверка - Міхал, Суцька, Дыль і Андрэй Галігінавічы. А таксама Рачка [36].

З Метрыкі ВКЛ вядома, што бацька братоў Галігінавічаў - Буцька, валодаў часткай Дзітвы і перадаў яе сваім нашчадкам [37].

Рачкавічы - Табутавічы

У акце уніі 1433 г. Рачка Табутавіч прадстаўляў свой род разам з Галігінам. Падчас Гарадзенскай уніі 1434 г. ён зноў выступіў як прадстаўнік роду і меў тытул «дзяржаўцы» (tenutarius), але, якую ён трымаў тэрыторыю, невядома. Да дакумента уніі прыкладзена ягоная пячатка з гербом Лебедзь і тэкстам «S. IACOBI RACZEK».

Яго не трэба блытаць з іншым Рачкам, які таксама ўдзельнічаў у падпісанні Гарадзенскай уніі - Пятром Рачкам Страчэвічам, які таксама прысутнічаў у тагачасных дакументах. Гэты Рачка атрымаў ад вялікага князя эйшышскіх і радунскіх сялян недалёка ад Ваверкі, але ягоны род толькі суседнічаў з родам Клаўсуцяў і потым з'яднаўся з ім праз шлюбы [38]. Гэты Рачка памёр каля 1450 г.


Якуб Рачка Табутавіч валодаў часткай радавых двароў Клаўсуцяў, а менавіта Дзітвой і Ваверкай на Лідчыне, а таксама Крамяніцай і Струбніцай на Ваўкавышчыне. Праз паўстагоддзя пасля яго смерці, тры браты Юндзілавічы праз дакументы даказалі вялікаму князю ВКЛ Аляксандру, што іх дзед Рачка разам са сваёй жонкай дакупіў зямлю да свайго двара Крамяніца, а іх бацька Юндзіла выслужыў «дворец в Слонимском повете на имя Бусяж [39], а ... дворец у Василишском повете на Пелесе. И теж отец ихъ и матка их покупили къ тым дворцомъ въ бояр наших и въ людеи поля, и сеножати, и гаи» [40]. Рачка Табутавіч таксама валодаў маёмасцю каля Гародні і Беластока.

На падставе дакументаў фундацыі ваверскага касцёла Янам Глінкам устаноўлена ступень старшынства Мікалая (Міхны), Юндзілы. Вацлава і Яна, сыноў Якуба Рачкі Табутавіча. Можна лічыць, што чацвёрты па спісе сын Ян быў маладзейшы за Мікалая. Але не вядома, хто з братоў быў старэйшы ў параўнанні з Янам - Юндзіла ці Вацлаў.

Брат Міхны і Юндзілы - Вацлаў, віленскі дэкан, 10 верасня 1459 г. папам Піем ІІ быў высвечаны ў луцкія біскупы. Але біскупам пражыў толькі тры гады. З'яўляецца адным з фундатараў ваверскага касцёла. У 1444 г. нейкі Venceslaus de Wawerka Lithwanus аплаціў вучобу ў Кракаўскім універсітэце і ў 1451 г. атрымаў ступень бакалаўра. Верагодна, гэта і быў будучы луцкі біскуп [41].

Мікалай Рачкавіч, які пісаўся проста як Міхна, каля 1462 г. забіў свайго брата Яна і разам з іншым братам Юндзілай забраў у валоданне яго частку Ваверкі. Тады вялікі князь Казімір адабраў у забойцы маёмасць і перадаў яе Юндзіле [42].

Потым гэтая маёмасць 25 чэрвеня 1503 г. была пацверджана за сынам Юндзілы, Мікалаем Юндзілавічам [43]. Вялікі кавалак гэтага дакумента цытую ў зносцы але жадаю звярнуць увагу на цікавую граматыку аднаго радка: «... покупилъ … въ людей нашихъ, въ бортевъ, на имя въ Ондрея а въ, Челейшы Кійневичовъ а въ Пиля и въ Родя Добейковичовъ а у Станя Куйжы а въ Сака а въ Михна а у Мацъка а у Янъца Петрашевичовъ а въ Шымка Автовтовича а въ Богдана а въ Петька Жостовътовичовъ а у Янеля а въ Микки Станевичовъ а у Янъка Михновичъ а въ Петька Станевича а у Васка и въ его брата въ Янъка Буйковичовъ а въ Носа Можуковича а у Юхна и въ братьи у Михна а у Якуба Пликовичовъ а у Онъдрея Кгестовътовича и въ его зятя у Лаврына а въ Юръкеля Сомиловича…». Як бачым, калі-нікалі пісар замест «въ» піша «у», што можна лічыць адметнай рысай нашай старабеларускай мовы.

25 ліпеня 1495 г., чолом «кухмистръ великое кнегини нашое, тивун коневъскии и дубицкии Миколаи Юнъдиловичъ» папрасіў надаць яму «у Волковыискомъ повете над своимъ прудом пустовщины на имя Нероновское Колышъчина, полеи и сеножатеи». Вялікі князь ВКЛ Аляксандр зацвердзіў Мікалаю Юндзілавічу гэту маёмасць [44]. 7 верасня 1499 г. Мікалаю Юндзілавічу былі зацверджаны купленыя ў Шымкі Янавіча «два чоловеки на имя Дробыша Сидоровича а Илька Мужиловича, а чотыри земли, поле на имя Дылевское, а Побоевское, а Безведное, а Мацковщину, а Будикговщизну и з дубровами, и съ хворосты» [45].

Пры вялікім князе Аляксандру і ў першыя гады княжання Жыгімонта намеснікам Дубіцким і Каняўскім быў кухмістр вялікай княгіні Алены пан Мікалай Юндзілавіч, пасля смерці якога (каля 1516 г.), Дубічы і Канява перайшлі да яго брата Яна Юндзілавіча.

У 1518 г. вялікі князь узяў у Яна Юндзілавіча пазыку ў 600 коп літоўскіх грошаў, а ў забеспячэнне пазыкі здаў яму ў заставу двары Канява і Дубічы [46] - Ян Юндзілавіч трымаў гэтыя двары «в заставе», г. з. карыстаўся з іх не толькі як намеснік, але і атрымліваў велікакняскія прыбыткі ў выглядзе працэнтаў ад 600 коп грошаў, якія ён пазычыў каралю «для великое потребы его и земское». Да 1520 г. вялікі князь дазволіў эйшышскаму дзяржаўцу пану Андрэю Якубавічу Давойнавіча выкупіць у Яна Юндзілавіча Каняву і Дубічы і даў яму гэтыя двары «в держанье до живота» [47]. У 1521 г. вялікі князь дазволіў Яну Юндзілавічу выкупіць двор Ашмяна (Ошмена) і выдаў прывілей на трыманне гэтага двара на працягу 7 гадоў з усімі даходамі [48].


Вяртаемся трошкі назад. У братазабойцы Міхны вялікі князь ВКЛ забраў таксама ў скарб двух сялян і дзве зямельныя маёмасці ў Васілішскім павеце. З-за братазабойства ў дакументах фундацыі ваверскага касцёла Міхна згадваецца разам з дзедзічамі Ваверкі, але яго няма сярод ахвярадаўцаў. А пра забітага Яна больш нічога не ведаем, бо загінуў ён маладым і не пакінуў слядоў свайго існавання.

Міхна, ці Мікалай Рачкавіч, меў сыноў: Мікалая, Станіслава і Яна. Усе трое карысталіся патронімам і авонімам (па імені дзеда): Міхнавіч Рачкавіча, аднак часцей з іх гэта рабіў Мікалай [49]. Трэба заўважыць, што ў старабеларускай мове яшчэ ў XVI ст. авонім меў толькі дапаўняльнае значэнне і форма яго не змянялася нават і ў жаночым родзе. Вось прыклад з запісу ў Метрыцы Літоўскай датаваным 1547 г.: «... боярынъ нашъ Мацей Якубовічъ Кунцовича і яго ж жонка Зофея Миколаевна Бакалоровича». Узгаданая Зоф'я - унучка бакалаўра Мікалая Міхнавіча Рачковіча. Потым гэтыя авонімы сталі пераўтварацца ў прозвішчы.

Мікалай, старэйшы сын Міхны, быў адным з найвыбітнейшых прадстаўніком свайго рода. Ён прысутнічае ў многіх дакументах пад сваім іменем ці назвамі, ўтворанымі ад навуковага тытула, патроніма ці авоніма. Інфармацыя пра Мікалая захавалася ў дакументах Літоўскай метрыкі за 1499-1520 гг.

У самым першым дакуменце ад 4 кастрычніка 1499 г. яго называюць «Миколаи Михновичъ Бакаляр», у гэтым дакуменце вялікі князь Аляксандр зацвердзіў бакалаўру раней адабраную ў яго бацькі маёмасць: «Билъ намъ чоломъ дворанин нашъ Миколаи Михновичъ Бакаляр и поведил перед нами, што ж отец его был в держаньи у Василишскомъ повете людеи на имя Ростя Бяневича а Петра Чижевича а двух земль, Килеиковщины а Микуловское, при отцы нашомъ, короли, его милости. И затым отец нашъ, его милость, тыи люди и земли у отца его отнял. Ино мы ему тыи люди и земли за ся дали з ласки нашее ...» [50].

У другім дакуменце ад 1500 г. ён завецца Міхнавіч Бакалаўр, у 1504 г. Мікалаевіч Рачкавіча, у 1508 г. Міхнавіч Рачкавіча, у 1512 Мікалаевіч Рачкавіча, у дакуменце 1514 г. выступае як Міхнавіч без авоніма, у 1515-1516 і 1517-1520 гг. пераважна як Міхнавіч Рачкавіча ці Міхнавіч без авоніма, у 1519 г. у дакуменце на лаціне Nicolaus Raczkowicz. Потым акадэмічная ступень бакалаўра перамагла, і дзеці Мікалая былі ўжо Бакалаўравічамі, іх сяляне «людзі Бакалаўравы», маёмасць «Бакалараўшчна». Як бачым, старэйшы сын Міхны - Мікалай Бакалаўр яшчэ абыходзіўся без прозвішча.

Невядома, у якой навучальнай ўстанове Мікалай Міхнавіч атрымаў адукацыю, але яго акадэмічны тытул указвае на вучобу менавіта ва ўніверсітэце, пры тым, што ў спісах студэнтаў Кракаўскага ўніверсітэта яго няма. Магчыма, Мікалай Міхнавіч вучыўся ў іншым універсітэце, а можа яго імя сярод кракаўскіх студэнтаў яшчэ не знойдзена.

4 кастрычніка 1499 г. вялікі князь ВКЛ Аляксандр надаў Мікалаю Міхнавічу зямлю і сялян у Васілішскім павеце, недалёка ад Ваверкі. Гэтая зямля і сяляне ў свой час былі адабраныя вялікім князем Казімірам у яго бацькі. 7 чэрвеня 1508 г. Мікалай атрымлівае ў Васілішскім павеце каля Забалаці 20 службаў, канфіскаваных у збеглага ў Маскву князя Глінскага. Трэба заўважыць, што служба як адзінка вымярэння паслуг на карысць дзяржавы з'явілася ў часы Вітаўта. Ад пачатку яна была адпаведнікам адной сямейнай гаспадаркі, але ўжо на пераломе XV і XVI ст. у паняцце «служба» ўваходзіла некалькі гаспадарак.

У 1515 г. «пан Бакалаўр» атрымаў «рог лесу» у Дубіцкай пушчы, прылеглы да ваверскіх уладанняў яго рода, і маёмасць у Ваўкавыскім павеце.

У 1500 г. вялікі князь Аляксандр зацвердзіў Мікалаю Міхнавічу вячыстую ўласнасць на рацэ Распуда (Даспуда) у Гарадзенскім павеце разам з 8 азёрамі, сярод якіх цякла гэтая рака. На гэтым месцы ўзнікла мястэчка Бакаларава (18 км на захад ад Сувалак). Мястэчка стала добра вядома і патрапіла ў шматлікія дакументы і карты свайго часу - карты Стрыбіча (1589 г.), Меркатара (1609 г.), Макоўскага (1613 г.), Рызі Занонні (1772 г.) [51].

Таксама бакалаўр Мікалай Міхнавіч валодаў вёскай Праважа на рацэ Пеляса. З маёмасці Клаўсуця Мікалаю Міхнавічу ад дзеда Рачкі перайшла частка Пелясы [52], іншую частку Пелясы трымаў у 1463 г. Юндзіла Рачкавіч, а пасля яго, у 1567 г. - ягоны ўнук Мікалай Паўлавіч Юндзіл. У 1570 г. «дваранін яго каралеўскай міласці» Мікалай Паўлавіч Юндзіл падзяліў сваю маёмасць паміж сваімі сынамі ад двух шлюбаў: «… варуючи я покой и згоду межы детьми, сынами моими Яномъ, Крыштофомъ а Микалаемъ Юндилами, с першою малжонкою моею, пани Ганною Мицутянкою спложоными, такъ же Абрамомъ, Войтехомъ и Ярошомъ, сынами моими, з другой малжонкою моею, пани Галеною Богушовною Тушевицкого спложоными …» [53]. Сыны ад першага шлюбу атрымалі маёнтак Бусяж у Слонімскім павеце, а сыны ад другой жонкі ўспадкавалі два маёнткі ў Лідскім павеце - Пелясу і Ваверку: «… з мещанами у Великой Ваверце, Студенцахъ домами мешкаючими, з людьми, з бояры и зо всими кгрунты до тыхъ именъ Пелесы и Ваверки належачыми» [54]. З гэтага дакумента даведваемся, што маці першай жонкі Мікалая Юндзіла - Ганны Міцуцянкі, была княжна Марына Жыжэмская [55]. Каментуючы гэтакае драбленне маёмасці Юндзілаў, гісторык Іван Лапа пісаў: «Калі працягнуць гэтыя падзелы яшчэ на адно пакаленне, дык можна ўявіць, на якія невялікія часткі павінны былі распасціся землі Мікалая Юндзіла» [56].

Заўважу, што ў Метрыцы ВКЛ у 1542 г. згадваецца нейкая жонка Яна Юндзіла - Янавая Юндзілавая Малкгарэта, сястра Мікалая Будзілы і маці Марціна Юр'евіча Шамёта [57].


Вяртаемся да Мікалая Бакалаўра. Першы раз мы бачым Мікалая Міхнавіча Рачкавіча з тытулам бакалаўра і годнасцю двараніна вялікага князя Аляксандра ў Вільні 4 кастрычніка 1499 г. 24 лістапада 1504 г. сустракаем яго у ролі каралеўскага сакратара ці пісара літоўскага, а таксама дзяржаўцы (ці старасты) шавельскага. 9 жніўня 1507 г. ён атрымаў каралеўскі прывілей, у якім названы «нашым» пісарам на лаціне і намеснікам шавельскім. Гэта староства адносілася да самых багатых у Літве, і пасля Мікалая дзяржаўцамі яго паслядоўна былі віленскі біскуп Ян (паходзіў з літоўскіх князёў), луцкі біскуп Юры Фальчэўскі і віленскі ваявода і канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл.

У 1514 г. паміж ігуменам Супральскага манастыра і Мікалаем Міхнавічам узнік канфлікт з-за лугоў, якія манастыр купіў, а бакалаўр атрымаў па каралеўскім прывілеі. У выніку манастыр саступіў маёмасць Мікалаю Міхнавічу [58].

У Вільні 15 траўня 1514 г. у маршалкоўскім судзе Мікалай Бакалаўр быў названы «Миколай Михновичъ, маршалок и секретаръ господаря его милости, державца Шовленский» - г. зн. старастам шавельскім, гаспадарскім маршалкам і пісарам літоўскім [59]. Усе тры пасады займаў да смерці, якая, верагодна, напаткала яго пасля 3 лютага 1520 г., бо менавіта тады адбыўся апошні суд, на якім ён фігуруе як дзяржаўны ўрадовец [60]. У апошнія 6 гадоў свайго жыцця Мікалай часта ўдзельнічаў у пасяджэннях маршалкоўскага суда, працай якога кіраваў Ян Мікалаевіч Радзівіл, маршалак ВКЛ (« Ян Микалаевичъ, маршалакъ земски, державца Слонимски...» [61]). Гэта наблізіла яго да ўплывовай у Вялікім Княстве асобы.

Жонка Мікалая Міхнавіча Ганна - дачка князя Багдана Міхайлавіча Свірскага (па мянушцы Тур) і яго жонкі Кацярыны Пятроўны Давойны Крупскай. Ганна з Свірскіх, як пасаг, прынесла Мікалаю маёмасць у Наваградскім і Ваўкавыскім паветах і маёнтак Касцянёва ў Васілішскім павеце, які быў маёмасцю Давойнаў Крупскіх, з якіх яна паходзіла (Давойны валодалі Крупавам каля Ліды) [62]. У 1528 г. пасля смерці мужа, «Пани Бакаляровая» павінна была выставіць 5 коней з маёмасці ў Васілішскім павеце [63] а з усёй сваёй маёмасці - 15 коней. Вядома, што ў той час трэба было выстаўляць аднаго каня з 8 службаў, з чаго бачна, што ўдава мела 120 службаў, зразумела, не лічачы дворных палёў, лясоў, лугоў і рэк, якія займалі значна большую тэрыторыю, чым сялянскія валокі.

Адзіны сын Мікалая Міхнавіча - Мікалай Мікалаевіч Бакаларавіч не пакінуў пра сабе ніякіх звестак, бо, верагодна, памёр маладым.

Сярэдні брат Мікалая Міхнавіча Станіслаў у 1528 г. ставіў у войска чатырох коней.

Малодшы брат Мікалая Міхнавіча Ян Міхнавіч Рачковіча ў 1475-1478 гг. вучыўся на факультэце вольных мастацтваў Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве і атрымаў ступень бакалаўра. Гэта чацвёрты бакалаўр з мала каму вядомай Ваверкі. Але нягледзячы на адукацыю, жыў спакойным жыццём землеўладальніка. З-за спадкаў Ян Міхнавіч вёў судовыя працэсы супраць духавенства ў Бетыголе (Жмудзь) і нават супраць Жмудскай біскупскай курыі. Быў жанаты з Кібартавічоўнай [64].

Не лішнім будзе нагадаць, што вялікі Францішак Скарына "из славного града Полоцька" атрымаў ступень бакалаўра Кракаўскага ўніверсітэта толькі ў 1506 годзе. Пакуль слынны Полацк займеў аднаго бакалаўра, лідская Ваверка мела ўжо чатырох. Розніца ў пастаноўцы адукацыі на захадзе і ўсходзе ВКЛ відавочная. Пры тым першы бакалаўр у Ваверцы з'явіўся ў 1447 годзе, задоўга да нараджэння Скарыны.

Маёмасць Клаўсуцяў на Лідчыне

Вакол Ваверкі да XX ст. існавалі 34 розныя маёнткі, якія раней належалі роду Клаўсуцяў, да іх яшчэ можна дадаць і некалькі населеных пунктаў.

Тэрыторыя, якая ляжала ад Дубровы бакалаўра Алехны Галігінавіча на поўдні, да Новага Двара яго брата Міхала на поўначы, цягнулася 79 км, ад Валейшаў Даўгірда на захадзе да Нецячы Шамёта на ўсходзе - 39 км (каля 2450 км2). У гэтым арэале маёмасці Клаўсуцяў, як выспы, знаходзілася некалькі каралеўскіх і невядомая колькасць баярскіх уладанняў. Пра існаванне апошніх можна даведацца з апісання межаў зямельных надзелаў, ахвяраваных касцёлу ў Ваверцы ў 1463 г. У дакуменце названы 24 homines (кмет, свабодны селянін) і 5 суседзяў-шляхціцаў, з якіх адзін названы dominus (гаспадар), другі - generosus (баярын), астатнія тры - nobili (высакародныя).

У часы Вітаўта на Лідчыне паўсюдна цягнулася пушча, якая была вялікакняскай маёмасцю. Гэтак было да раздачы Вітаўтам зямлі сваім баярам. У часы Вітаўта ў нас яшчэ не было вялікай колькасці сталага насельніцтва, і вялікі князь мог надаваць толькі лясы і рэкі. Таму гэтыя наданні каштавалі не шмат - гаспадар павінен быў карчаваць лес і сяліць сялян. Так праз выкарчоўку і заняцце новых пусташаў ішла каланізацыя Лідчыны.

Паступова на Лідчыне сяліліся сяляне. Кметы павінны былі адрабляць нейкі час на шляхціца ў якасці платы за карыстанне яго зямлёю, але захоўвалі асабістую вольнасць. Не страцілі яе нават у першай XV ст., калі пачалі станавіцца аб'ектамі наданняў вялікім князем прыватным асобам разам з зямлёй. Бенефіцыянты праз такія наданні не набывалі права ўласнасці на людзей, якія фігуравалі ў гэтых дакументах, яны атрымлівалі толькі права на адработку сялянамі за зямлю і з нададзенай маёмасці неслі павіннасці перад дзяржавай.

Але з другой паловы XV ст. намеціліся змены, абумоўленая развіццём сельскагаспадарчай тэхнікі і каланізацыяй. У сувязі з гэтым, пачынаюцца наданні, у якія ўваходзяць людзі разам з іх нерухомасцю, што азначала пазбаўленне іх асабістай свабоды і права ўласнасці.

Да групы ўплывовых баяраў з атачэння Ягайлы і Вітаўта на пераломе XІV і XV стст. належалі нашчадкі Клаўсуця: Урдыч, Галігін, Відумін, а таксама Кормулт. Да канца XV ст. іх праўнукі: Рачкавічы (ці Бакаларавічы), Юндзілы, Шаметы, Даўгірды ўваходзілі у эксклюзіўны шэраг шляхецкіх родаў ВКЛ. Іх яднала радавое гняздо ў Ваверцы, атачонае вялікай колькасцю сваяцкіх маёнткаў, цвёрдая прыхільнасць да сваёй тэрыторыі і ўсведамленне адзінства роду. Тое, што ў 1413 г. у Гародле Галігін, як старэйшына роду, разам з 47 вызначанымі Вітаўтам баярамі, атрымаў герб Лебедзь, для яго роду было другасным, бо на Літве гербы ніколі не мелі такога значэння, як, напрыклад, у Польшчы. Тым не менш гербавая адаптацыя праз Галігіна ўсяго роду (які тады складаўся з 8 родных і стрыечных братоў) азначала, што ўсе Клаўсуці прынялі герб Лебедзь.

Клаўсуці ўзняліся з канца XІV ст., а схіляцца ўніз, пад напорам гаспадарчых зменаў, пашырэння роду і адыходам у мінулае кланавага ўладкавання род пачаў пры канцы XV ст. [65]


Маёмасць рода вакол Ваверкі [66]:

Карта ўладанняў роду Клаўсуцяў у ХІІІ - ХVI стагоддзях.

· Бараноўцы, Дуброва, Доцішкі, маёмасць Ганны Юндзілаўна у 1567 г. [67]: "Хорунжиная бывшвя Ейшишская Ганна Юндиловна з ыменнья своего зъ Дочишокъ 1 конъ" [68].

· Даўгірданцы, Дылева, Дзітва, Дзітва Шамятоўская, маёмасць Нямойкі, сына Кормулта, бацькі Шамета і Рымкі, быў уладальнікам часткі Дзітвы ў 1463 г. [69] Яшчэ на пачатку XVIII ст. Дзітвой Шамятоўскай валодаў Уладзіслаў Шамёт [70].

· Гародна, маёмасць Філіпа Шымкавіча (сына Шымкі Мацкавіча), у 1567 г. валодаў таксама часткай Ваверкі і Забалаці [71]: «Панъ Филипъ Шимковичъ з ыменей своихъ ... з Городное въ повете Лидскомъ, з Заболотья конь один а з Ваверки конь одинъ, тыя дворцы лежатъ въ Лидском повеце...» [72].

· Ятаўты, Юндзілішкі, Калеснікі, маёмасць Яна Мацеевіча Кунцэвіча, 1567 г., сына Зоф'і Бакаларавічоўны [73]: «Панъ Янъ Матъвеевичъ Кунцовича з ыменей своихъ ... съ Колесникъ въ повете Лидскомъ кони 2...» [74].

· Лебяда Вялікая, маёмасць Размуса Даўгірда [75]: «Панъ Размусъ Довгирдъ, судья земли Троцкое, ставил почот з ыменей своих ... зъ Лебеды съ подъ Василишокъ ... ставил конь» [76].

· Міхнаўцы, Мальгі, маёмасць чатырох братоў Галігінавічаў.

· Мантвілішкі, маёмасць Мікалая Юндзіла [77]: «Миколай Юндилъ ... съ Поддивя конь 1» [78]. Магчыма ён у 1542 г. падпісаў дакумент як «врадник королеевое, ее м(и)л(о)сти, ... Миколай Юндило» [79].

· Надзея, Нецяч, маёмасць Шамётаў на пачатку 16 ст.

· Новы Двор (гл. вышэй).

· Ольжава, Малое Ольжава, Вялікае Ольжава (гл. вышэй).

· Пеляса (гл. вышэй).

· Паддуб'е, маёмасць Юрыя Якубавіча і Яна Лаўрынавіча Рымковічаў, унукаў Рымкі Нямойкавіча [80]: «Юрьи Якубовичъ Рымковича зъ села съ Поддубя з дыму конь, рогати. Янъ Лаврыновичъ Рымковичъ зъ села съ Подубя з дыму меринъ, рогати ...» [81].

· Падзітва, маёмасць Ганны Юндзілаўны [82]: «Хорунжиная бывшвя Ейшишская Ганна Юндиловна зъ ыменнья своего з Дочишокъ 1 конь» [83].

· Праважа (гл. вышэй).

· Рачкуны, Радзівонішкі, Дзітва Лышчыкоўская, Дзітва Шамятоўская і Жырмуны, маёмасць Крысціны з Глебавічаў Янавай Камаеўскай [84]: " «Пани Яновая Комаевская, маршалковая господарская, старостиная Ковенская, пани Крыстина Глебовна ставила ку службе земской военной почту з ыменей своих ... зъ Жирмунтъ, з Радзивонишокъ, з Дитвы Лыщиковское а з другой Дзитвы Шеметовское, в повеце Лидском лежачыхъ ...» [85].

· Старадворцы, (Стары двор), маёмасць Ленарта Даўгірда [86]: «Ленартъ Довгирдъ Станиславовичъ з ыменей своих зъ Старого Двора въ Лидскомъ повете ...» [87].

· Татаршчына, Утвяны (каля 14 км ад Васілішак), маёмасць Размуса Даўгірда [88]:

· Ваверка, Валейшы, маёмасць Размуса Даўгірда [89]: «Панъ Размусъ Довгирдъ, судья земли Троцкое, ставил почот з ыменей своих - з Волейшъ и зъ дворца Утвенского въ повеце Лидскомъ ...» [90].

· Ворнішкі (Варняны), Ольжава, Пеляса, Ваверка, маёмасць Настассі Мацеевай Нялюбавай [91]: «Матеевая Нелюбовая Настасья вдова з ыменей своихъ - Олжова, съ Пелесы, з Ворнянъ, з Ваверки конниковъ 6 ...» [92].

· Забалаць, Гародна (гл. вышэй) [93].


Пры канцы, некалькі слоў пра лёс Дзітвы Шамятоўскай. У 1567 г. Крысціна з Глябовічаў Камаеўская, віленская ваявадзянка, вялікімі часткамі распрадала маёнткі Дзітву Шамятоўскую і Струбніцу (на Ваўкавысчыне), якія атрымала «па-кудзелі». Яшчэ ў 1567 г. часткай Ваверкі валодаў Юзаф Марцінавіч Вяжэвіч. Ягоны продак, баярын Вяжа, жыў у сярэдзіне XV ст., меў жонку з роду Клаўсуцяў і быў заснавальнікам радоў Глябовічаў і Вяжэвічаў. Праз яе маёмасць Клаўсуцяў патрапіла да праўнучкі Крысціны з Глябовічаў Камаеўскай [94].



[1] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // Studia Źródłoznawcze.Warszawa, Poznan, 1959. T. IV. S.85-107; T. V. S.35-55.

[2] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. IV. S. 95.

[3] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. С.-Петербург, 1910. Т. 27. С. 76.

[4] Зараз вёска ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці.

[5] Зараз аграгарадок у Мастоўскім раёне.

[6] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. IV. S. 95-96.

[7] РИБ. Т. 27. С. 83.

[8] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // Studia Źródłoznawcze.Warszawa, Poznan, 1959. T. V. S.35.

[9] Гэта імя чытаецца як Urdycz, гэта самы старэйшы сярод братоў, у 1413 г., напэўна, ужо не жыў, бо род прадстаўляў Галігін.

[10] Пераклад з лаціны: «Урдыч і браты Галігін, Відумін».

[11] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. IV. S. 96-98.

[12] Рацяжскі літоўска-польска-крыжацкі трактат. У выніку якога Польшча атрымала права выкупу Добжынскай зямлі а Жамойць адышла крыжакам.

[13] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. IV. S. 105-106.

[14] Там жа. S. 99-101.

[15] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией (далей РИБ). С.-Петербург, 1903. Т. 20. С. 1030-1031.

[16] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. IV. S. 101-102.

[17] РИБ. Т. 20. С. 1046.

[18] РИБ. С.-Петербург, 1910. Т. 27. С. 103.

[19] Там жа. С. 120.

[20] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. IV. S. 101-103.

[21] РИБ. Т. 27. С. 91.

[22] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. IV. S. 104.

[23] АВАК. Вильна, 1893. Т. 20. С. 61.

[24] Kurczewski Jan. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i prace biskupów i duchowieństwa djecezji wileńskiej oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i społecznych. Wilno, 1912. S. 213.

[25] РИБ. Т. 27. С. 91.

[26] Там жа. С. 21.

[27] Там жа. С. 83.

[28] Там жа. С. 81.

[29] Там жа. С. 122.

[30] Там жа. С. 86.

[31] Там жа. С. 81.

[32] Там жа. С. 106.

[33] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. IV. S. 87-88.

[34] Там жа. S. 89-91.

[35] Так званыя «пражскія грошы», якія мелі менавіта назоў «шырокія», Жыгімонт Аўгуст біў шырокія літоўскія грошы ў 1545-1546 гадах, а таксама у 1555-1559 гадах.

[36] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. IV. S. 92-94.

[37] РИБ. Т. 20. С. 459-461. Цытую фрагмент гэтага дакумента:

«1517. 1 апреля. Решение по делу Афры Ленартовой с Марией Миклашевой об имениях Дитве и Хонкове.

… жаловалась нам пани Леонартовая Будковича Афра на невестку свою на паню Миклашевую Будковича на Марушу тым обычаем: которое имение мужъ мой небожчик Леонартъ Дитву дворъ а къ тому дворец Хонъково записалъ мне въ полторасту копахъ грошей монеты великого князьства Литовскаго со всимъ, какъ ся тое именье Дитва въ собе съ тымъ дворцомъ Хонковымъ маетъ, ино тая невестка моя пани Миклашова кривды ми чинитъ: которыи гаи были не деляны межи паны нашими, один - остров за Дитвою против двора пани Миклашовое, а другий - долгий лесъ, подле дороги великое, отъ мыту едучи в Василишокъ, а третий - ляда сосновый гай…

Ино положила передъ нами пани Ленартовая тестамент мужа своего. Въ томъ тестаменте выписуетъ мужъ ее, ижъ записалъ ей на томъ именьи на Дитва на дворци Хонкове полтораста копъ грошей. А потомъ положила передъ нами привилей господаря короля его милости. Господарь его милость выписуетъ въ томъ привилеии: тое имениье дворъ Дитву а дворец Хонково держати въ той суме пенязей въ полторасту копахъ грошей сл всеми пожитки и доходы того именья, как самъ небожчикъ мужъ ее Ленарт держал, и тежъ какъ ся тое именье въ собе маетъ.

И мы, выслухавши тестаменту Ленартова и тежъ привилея господаръского, … мы панюю Ленартовую Афру при томъ именьи зоставили: маетъ она тое именье Дитву и съ тымъ дворцомъ Хонковскимъ въ той суме пенязей … держати, поки на вдовъемъ стольци седитъ: а какъ всхочетъ замужъ пойти, або по животе своемъ кому ближнимъ своимъ всхочетъ записати, маетъ тую суму вышеписаную записати на третей части именей мужа своего, колько будетъ людей всихъ отчизных мужа ее…; а хто всхочетъ (зъ) ближнихъ того имения окупити, тотъ маетъ тыя пенязи вложивши поль(ора)ста копъ грошей, тую третию часть къ своей руце взяти ...».

[38] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 35.

[39] Зараз вёска Бусяж у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці.

[40] Акты, относящиеся к истории Западной России. Москва, 2012. Т. 1(6). С. 169-170.

[41] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 45-51.

[42] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. .. T. V. S. 35-38.

[43] РИБ. Т. 27. С. 855-860. Цытую гэты кавалак метрыкі:

«1503, 25 іюля. Подтвержденіе кухмистру великой княгини, наместнику Коневскому и Дубицкаму, пану Микалаю Юндиловичу на две части отчизного и дедизного имения Ваверки, на построенный его отцом дворецъ на р. Пелесе (на выслуженных им трехъ следахъ у великаго князя Казимира), на купленыя имъ и его отцом земли и сеножати у Василишских бояр и госпадарскихъ людей Дубинскаго, Бортскаго и Волкавыйскаго поветов ...

Бил намъ чолом кухмистръ нашое королевское ее милости, намесникъ Коневскій и Дубицкий, пан Миколай Юнъдиловичъ и поведилъ перед нами, штожъ мелъ делъ и з братьею своею, зъ Яном а съ Павломъ, досталося ему на делу отъ братьи его две части именья Ваверки - одна часть, што отецъ ихъ Юнъдило держалъ, а другая дяд(ь)ка ихъ Яна Рачковича, которую жъ часть отец нашъ, король его милость, взялъ былъ къ своей руце отъ отца ихъ, отъ Юнъдила, о отъ дяд(ь)ка ихъ, отъ Михна, а то его милость учинил для выступу Михнова, ижъ Михна забилъ того Яна, брата своего рожоного; и потомъ отецъ нашъ, кароль его милость, з ласки своее, за ся тую часть выписаную, дяд(ь)ку ихъ Янову, отцу ихъ пану Юндилу далъ со всимъ съ тымъ, как тотъ дяд(ь)ко ихъ Янъ деръжалъ; и тежъ къ тому двору его Ваверъскому досталося ему на деле отъ братьи его купля отца его, поле и зъ дубровою, которое жъ отецъ его купилъ у бояръ Василишскихъ, на имя у Станка Соврымовича а въ Мацка а въ Талка Винъчевичомъ; такежъ поведалъ намъ, штожъ отецъ и панъ Юндило выслужылъ на отцы нашомъ, короли его милости, земли пустоъвскіи у Василишскомъ повете, тры следы, на имя Марътиновъ а другой следъ Лойбеновича а третий Недашевича, и на тыхъ землях отец его и дворец собе збудовал на реце на Пелесе; и къ тому дворъцу Пелескому прикупилъ собе сеножати въ людей нашыхъ Дубинъского повета, въ Супунъцовъ, на имя въ Путяты - на три стоги сена, а Нелепка - на тры стоги, а въ Михно Войштовтовичъ - на тры жъ стоги, а въ Леся - на два стоги, а в ыиныхъ людей нашых Бортьского повета, на имя у Яча, - на десеть стоговъ сена, а у Плика - на пять стогов сена, а въ Пикеля - на три стоги сена; а потомъ онъ самъ, вжо после отца своего, посполу зъ матъкою своею покупилъ сеножатъки и съ кустовьемъ надъ рекою надъ Пелесою, всего того на двадцать и на пять стогов, въ людей нашихъ, въ бортевъ, на имя въ Ондрея а въ, Челейшы Кійневичовъ а въ Пиля и въ Родя Добейковичовъ а у Станя Куйжы а въ Сака а въ Михна а у Мацъка а у Янъца Петрашевичовъ а въ Шымка Автовтовича а въ Богдана а въ Петька Жостовътовичовъ в у Янеля а въ Микки Станевичовъ а у Янъка Михновичъ а въ Петька Станевича а у Васка и въ его брата въ Янъка Буйковичовъ а въ Носа Можуковича а у Юхна и въ братьи у Михна а у Якуба Пликовичовъ а у Онъдрея Кгестовътовича и въ его зятя у Лаврына а въ Юръкеля Сомиловича; тежъ поведилъ перед нами, штожъ перво сего мы дали ему земли пустовъские у Волковыйскомъ повете …».

[44] Акты, относящиеся к истории Западной России. Москва, 2012. Т. 1(6). С. 92.

[45] Там жа. С. 229-230.

[46] Любавский М. К. Литовско-русский сейм. Москва, 1900. С. 214.

[47] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута: Исторические очерки. Москва, 1892. С. 154.

[48] Там жа. С. 97.

[49] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 38-39.

[50] Акты, относящиеся к истории Западной России. Москва, 2012. Т. 1(6). С. 235.

[51] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 39-42.

[52] РИБ. Т. 20. С. 432-434.

[53] АВАК. Т. 22. Вильна, 1895. С. 417-418.

[54] АВАК. Т. 22. С. 417-418.

[55] Там жа.

[56] Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерци Стефана Батория (1569-1586). С.-Петербург, 1901. Т. 1. С. 473.

[57] Lietuvos Metrika. Knyga № 230. 1542. Vilnius, 2001. P. 42-44.

[58] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 43-44.

[59] РИБ. Т. 20. С. 148.

[60] Там жа. С. 1396.

[61] Там жа.

[62] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 44-45.

[63] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. Петроград, 1915. Т. 33. С. 86.

[64] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 45-51.

[65] Там жа. S. 52-55.

[66] Па магчымасці буду прыводзіць кавалкі тэкстаў з «Перапісу войска ВКЛ 1567 г.» надрукаваным у РИБ. Т. 33.

[67] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[68] РИБ. Т. 33. С. 757.

[69] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[70] Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 42.

[71] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[72] РИБ. Т. 33. С. 495.

[73] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[74] РИБ. Т. 33. С. 512.

[75] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[76] РИБ. Т. 33. С. 503.

[77] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[78] РИБ. Т. 33. С. 758.

[79] Lietuvos Metrika. Knyga № 230. 1542. Vilnius, 2001. P. 7.

[80] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[81] РИБ. Т. 33. С. 767.

[82] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[83] РИБ. Т. 33. С. 757.

[84] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[85] РИБ. Т. 33. С. 493.

[86] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[87] РИБ. Т. 33. С. 508-509.

[88] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[89] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[90] РИБ. Т. 33. С. 503.

[91] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[92] РИБ. Т. 33. С. 749-750.

[93] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 52.

[94] Glinka J. Ród Klawsucia w wiekach XIII-XIV. T. V. S. 36-37.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX