Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Жалудок - ад уладання вялікага князя да Чацвярцінскіх 


Аўтар: Вашкевіч Андрэй,
Дадана: 15-05-2022,
Крыніца: З кнігі 'Жалудок. Гісторыя нашага краю'. Гродна: ЮрСаПрынт, 2020.



Жалудок - адзін з самых старых населеных пунктаў Гродзеншчыны [1] . Крыніца, дзе ўтрымліваецца першая згадка пра яго, - даволі незвычайная. Крыжакі, якія бесперапынна ваявалі з Вялікім Княствам Літоўскім, пасылалі ў Прынямонне сваіх шпіёнаў, якія пад выглядам купцоў разведвалі дарогі да вялікіх гарадоў княства - Гродна, Вільні, Навагрудка, Коўна. Вярнуўшыся ў ордэн, шпіёны спісвалі маршруты, згадваючы ўсе меншыя населеныя пункты, праз якія трэба было ісці да вялікіх гарадоў. І вось тады, у канцы XIV ст., у адным з маршрутаў крыжацкі шпіён па дарозе да Ваўкавыска згадвае "Стегевілендорф Салудка" - у перакладзе на сучасную беларускую мову вёску Сцегевілы Жалудок. Сцегевіла быў нейкім літоўскім баярынам, і ў пазнейшыя гады ў ваколіцах Жалудка жыло адразу некалькі дзясяткаў баяр, абавязкам якіх была ахова вялікакняскага замка ў Троках [2].

Да другой паловы XV ст. Жалудок становіцца настолькі важным адміністрацыйным цэнтрам, што пераўтвараецца ў цэнтр павета. Уладу ў павеце ў 1480-90-х гг. ажыццяўляў княжацкі баярын Юрый (Ушка) Сцірнель - мяркуючы па прозвішчы, баярын меў балцкае паходжанне і быў католікам. Ужо тады Жалудок і ваколіцы былі дастаткова шчыльна заселены, паколькі з'яўляліся пастаяннай крыніцай даходаў для скарбу вялікага князя. Напрыклад, даходы ад жалудоцкіх корчмаў вялікі князь прызначаў таму самаму Сцернелю (20 коп грошаў), Алехну Малышкавічу (8 коп), татарыну Юхну Асанчуковічу (7 коп грошаў)… З іншых жалудоцкіх валоданняў вялікі князь прызначаў грашовыя і натуральныя выплаты для сваіх падданых: віленскаму мешчаніну Мацею (10 бочак пшаніцы, 2 бочкі гароху, пазней яму ж была прызначана "сцірта жыта"), конюху Ваську (15 бочак жыта), Крыўцу (палціна грошаў), Канюшку Сычу, Літвінцу і іншым.

Недзе ў самым пачатку XVI стагоддзя Жалудок дастаецца князям Палубенскім. Палубенскія (Палубінскія) былі княжацкім родам з Вялікага Княства Літоўскага. Гэтае прозвішча паходзіць або ад мясцовасці Лубны ва Украіне або ад вёсак Палубнікі (пад Лідай) ці Палубічы (каля Брэста). Даследчыкі выводзяць Палубенскіх ад Андрэя Альгердавіча з дынастыі Гедымінавічаў. Першым прадстаўніком рода Палубенскіх, які згадваецца ў дакументах, быў Андрэй Фёдаравіч Палубенскі. Яго сыны Васіль і Іван акурат і валодалі Жалудком як мінімум у 1512-1522 гг. Васіль Палубенскі быў маршалкам Вялікага Княства Літоўскага і мсціслаўскім старастам, а Іван - маршалкам гаспадарскім. У дакументах браты згадваюцца як жалудоцкія "намеснікі" або "дзяржаўцы". Гэта значыць, што яны не валодалі Жалудком на правах спадчыны, а атрымалі яго ад вялікага князя на пэўны час.

Жалудок неаднаразова трапляў на старонкі старадаўняй "крымінальнай хронікі". Прывядзем некалькі прыкладаў. Недзе ў 1514 г. навядомыя захапілі і разрабавалі жалудоцкую "спіжу" (так раней называлі харчовы склад, дзе раней захоўваліся разнастайныя прадукты: каўбасы, яйкі, сушоныя ягады і грыбы, гародніна і іншае). На пошук рабаўнікоў быў адпраўлены баярын Юшка Веневіч, які прыехаў у Эйшышкі (цяперашні літоўскі Эйшышкес) і там ад баярына Стоціка даведаўся, што спіжа была разрабавана мясцовымі баярамі Тацькам і Мацеем. Следчы загадаў гэтых баяр схапіць, звязаць і дапытаць. У працэсе "допыту" абодва памерлі. Тады за княжацкай справядлівасцю ўжо звярнуліся сваякі загінуўшых, просячы пакараць Юшку за смерць прадстаўнікоў прывілеяванага саслоўя. Быў пакліканы Стоцік, які на судзе засведчыў, што ніколі не гаварыў нічога супраць забітых, а ў момант візіту Юшкі Веневіча ў Эйшышкі яго наогул не было дома. Больш за тое - ён прысягнуў у судзе, што менавіта так і было. Паколькі прысяга сведкі была ў тыя часы жалезным аргументам, то суд прыгаварыў самога Юшку Веневіча пакараць смерцю публічна (выдаць на ратушу), яго ж жонцы і дзецям пакінуць ягоны маёнтак. Мы не ведаем, ці сапраўды вынікам сярэднявечных разборак стала яшчэ і смерць следчага, але факт, што вялікакняжацкія запасы сельскагаспадарчай прадукцыі ў Жалудку былі настолькі багатыя, што прыцягвалі ўвагу злодзеяў і рабаўнікоў.

У 1530-х гг. вялікі князь Жыгімонт Стары ленным правам перадаў Жалудок Івану Васільевічу Лядскаму - маскоўскаму баярыну, які ўцёк у Вялікае Княства ад гневу сваіх уладароў. Да ўцёкаў у Беларусь Лядскія былі блізкімі сваякамі баяр Захар'іных і Раманавых, з якіх выводзіліся будучыя расійскія імператары і якія належалі да першага эшалону маскоўскага прывілеяванага саслоўя. Цікава, што па расказах Івана Васільевіча Лядскага ў сярэдзіне XVI ст. была надрукавана першая карта Масковіі, якую больш за сто гадоў перадрукоўвалі шматлікія еўрапейскія выдаўцы.

Свае вайсковыя таленты Лядскія прымянялі супраць многіх ворагаў Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку і маскавітаў. Сын Івана Васільевіча Іван Іванавіч Лядскі, у адрозненне ад большасці шляхты Вялікага Княства, дысцыплінавана выстаўляў ваяроў на попісы войска [3]. У 1567 г. ад сваіх уладанняў замест 40 коннікаў ён выставіў аж 61 добра ўзброенага вершніка і 30 пешых драбаў з ручніцамі. Сам Іван Лядскі вызначыўся падчас Лівонскай вайны, а вось яго сын Тэадор назаўсёды ўвайшоў у летапіс вайсковай славы Рэчы Паспалітай. Сфарміраваная ім рота з двухсот крылатых гусараў, сярод якіх былі і шляхцічы з ваколіц Жалудка, паставіла рашучую кропку ў бітве са шведамі пад Кірхгольмам. У XVII ст. Лядскія страцілі Жалудок, аднак памяць пра іх засталася на Шчучыншчыне ў выглядзе вёсак Лядск і Высокі Лядск.

Калі і якім чынам Жалудок выйшаў з-пад улады Ляцкіх і чыёй уласнасцю быў аж да канца ХVII ст., ніякіх звестак няма. Міхал Балінскі коратка адзначыў: «Жалудок, некалі дзедзічнае мястэчка Сапегаў», - а старая энцыклапедыя Оргельбранта, а за ёй «Геаграфічны слоўнік» згадку Балінскага пацвердзілі, паведамляючы, што Сапегі атрымалі Жалудок ад Рэчы Паспалітай за заслугі і што Ганна Сапяжанка прынесла яго ў дом Францкевічаў-Радзімінскіх з пасагам.

Род Францкевічаў-Радзімінскіх, які асеў на Лідчыне ў ХVІІ ст., займаў тут разлеглыя зямельныя добры, карыстаўся асаблівай павагай сярод тутэйшага жыхарства, і прадстаўнікі яго займалі найвышэйшыя павятовыя пасады.

Суддзя Казімір Францкевіч-Радзімінскі меў адзіную дачку панну Аляксандру і выдаў яе замуж за Міхала Тызенгаўза, будучага пісара вялікага літоўскага. З гэтага часу Жалудком валодала аж шэсць пакаленняў Тызенгаўзаў. Пасля Казіміра Францкевіча-Радзімінскага, суддзі земскага, валодалі Жалудком дачка і зяць суддзі Аляксандра і Міхал Тызенгаўзы, пасля якіх Жалудок перайшоў у валоданне Бенедыкта Тызенгаўза, старасты шмелтынскага. Бенедыкт Тызенгаўз, жанаты з Ганнай Бяганскай, пакінуў пасля сябе трох сыноў і аж сем дачок. Гэтыя тры браты - Міхал, Антоні і Казімір Тызенгаўзы - 25 студзеня 1755 г. падпісалі акт падзелу паміж сабой дзедзічных добраў, і ў сілу таго падзелу Жалудок перайшоў у валоданне Міхала Тызенгаўза, старасты пасольскага.

Самым вядомым уласнікам Жалудка сярод прадстаўнікоў гэтага курляндскага роду быў Антоній Тызенгаўз - адміністратар, рэфарматар і палітык. Антоній Тызенгаўз кіраваў вялізарнымі абшарамі вялікакняжацкіх эканомій, але не забываўся і пра свае прыватныя валоданні. Менавіта ён надаў Жалудку ўнікальную для Беларусі радыяльную планіроўку - ад круглай плошчы ў цэнтры мястэчка ў розныя бакі, як промні ад сонейка, разбягаліся вуліцы, адна з якіх заканчвалася брамай гаспадарскага маёнтка. Калі Тызенгаўз страціў ласку караля і быў зняты з усіх пасад, то менавіта ў Жалудок ён перавёз большую частку сваёй маёмасці, якая пасля яго смерці была апісана за даўгі.

У Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве захоўваецца інвентар маёнтка Жалудок [4] . Складзены ён быў 30 лістапада 1796 г. і мае назву "Inwentarze dworu Żołudzkiego w zabudowaniu pałacowym, meblow w pokojach, trunkow w sklepie, kredensu, kaftejerni y kuchni oraz w skarbcu murowany, w magazynie obok skarbcu towarow róźnych sukiennych, bławatnych, norymberszczyzny, garderoby panskiey y różnych sprzętow tudzież ogrodu Żołudzkiego y stayni z wozownią. R(ok)u 1796. Xbra 30 dnia przez szczeguł sporządzone". Гэта вопіс рэчаў, якія знаходзіліся ў палацы, стайневым флігелі, скрабе, склепе, стайні і вазоўні, а таксама апісанне агароду.

У палацы пералічваліся наступныя пакоі: адпачывальня (сцены абабіты кардоннымі шпалерамі), сярэдні пакой (сцены абабіты папяровымі шпалерамі), блакітны пакой (сцены абабіты папяровымі шпалерамі), жоўты (сцены абабіты папяровымі шпалерамі), сені, зала, гасціныя пакоі (ружовы, папялісты, жоўты), панскі пакой, канцавы пакой, малая зала над ганкам, гардэроб, склад палацёра.

У асноўным у пакоях знаходзіліся крэслы, столікі, бюро, канапы, люстэркі, ліхтары, жалезныя ложкі, а каля комінаў - жалезныя козлы для дроў і рыдлёўкі. У якасці дэкору былі гіпсавыя ці алебастравыя фігуркі, гадзіннікі на камінах ці насценныя, а ў сярэднім пакоі - барометр, у жоўтым пакоі, гасціных пакоях, зале і малой зале над ганкам - карціны. Більярдны стол згадваецца толькі ў адпачывальні. На вокнах віселі фіранкі. Для пажарнай бяспекі ў сенях трымалі 4 помпы і 6 скураных вёдзер. У памяшканні палацёра трымалі рэчы для ўборкі.

У стайневым флігелі апісана ўнутранае ўбранне ў пакоях Дыбоўскага, маршалка, падкаморыя, будаўнічага, а таксама малой залы над ганкам. Крыніца не згадвае прозвішчы маршалка, падкаморыя і будаўнічага, таму ідэнтыфікаваць іх не падаецца магчымым. Але інтэр'ер тут быў больш сціплы ў параўнанні з палацам: дубовыя і сасновыя сталы, драўляныя ложкі, абабітыя тканінай крэслы, канапы, люстэркі.

Асобна быў складзены інвентар алкагольных напояў, якія знаходзіліся ў піўніцах пад палацам. У ім згадваліся розныя віны, англійскае піва, лікёры, гарэлка, сіропы, канфіцюры, аліўкі, праванскія алівы, мёд і іншае.

Наступны вопіс прысвечаны рэчам, якія захоўваліся ў буфеце, гэта значыць мелі дачыненне да сталовай. У ім пералічваўся посуд, які быў зроблены са срэбра (лыжкі, нажы, відэльцы), волава (талеркі, лыжкі, паўміскі і інш.), фаянсу (вазы, паўміскі, талеркі), шкла (флягі, бутэлькі, шклянкі, кілішкі і інш.), "кампазіцыя" (ліхтары для стала і канфорка на спірце для награвання страў), прылады з бляхі (паднос і накрыўкі для паўмісак) і жалеза (шчыпцы і трынога для катла), сталовая бялізна (абрус і сурвэткі) і мэбля (сталы і шафа).

Асобна было дадзена апісанне рэчаў у "кавярні", якія былі прызначаны для піцця і прыгатавання кавы. У вопісе згадваліся вырабы з фарфору (кубачкі са сподкамі і кубачкі без сподкаў), срэбра (малая лыжачка), каменю (імбрыкі для кавы), медзі (кацялок для гарбаты), бляхі (імбрыкі, шакаладніца, цукерніца, паднос, бляшанка для гарбаты), фаянсу (імбрыкі для кавы і гарбаты), жалеза (печка для смажання кавы, млын, каб малоць каву). Акрамя таго, у "кавярні" былі шафа, сталы, крэсла. У кухні знаходзіліся прылады з медзі (саган, рондалі, бляха і інш.), жалеза (патэльня, пожаг, козлы, вялікая лыжка, сякера і інш.) і дрэва (шафы, сталы, тапчаны, дзежкі, вёдры і інш.).

Вельмі шмат розных рэчаў захоўвалася ў скарбе. У рэестры пералічваліся ў асноўным розныя тканіны (шоўк, атлас, аксаміт, бавоўна, камлот і інш.), большасць была замежнага паходжання. Згадваліся "польская паясы". Іх было восем, рознага колеру: адзін быў з золатам, а 6 - са срэбрам. Асобна былі апісаны тавары, зробленыя ў Норымбергу (norymberszczyzna). Гэты былі рэчы рознага прызначэння: гузікі, тасьма, іголкі, падносы, мармуровыя таблічкі, замкі, гадзіннік, машынка для помпы, карціны на паперы, фігуркі, нажы, імбрыкі і інш.

Цікавасць уяўляе пералік музычных інструментаў. У ім былі пазначаны квінтаёла без струн, арфа без струн, кантрабас без струн, дзве скрыпкі са струнамі, два старых фагота, труба (пуза), чатыры каленцы ад валторны, ноты. Найбольш верагодна, што гэтыя інструменты засталіся пасля музычнай капэлы, якая была на Гарадніцы.

У частцы "бакалея" згадваліся наступныя прадукты харчавання: рыс, міндаль, перац, разынкі, кава, цукар, імбір, цынамон. Акрамя таго, яшчэ захоўваліся фарбы, срэбра (келіх, салатніцы, паўміскі і інш.), фарфор (сподак, філіжанкі, імбрык для гарбаты, збаны да кавы, цукерніца, талерка і інш.), тагачаснае шкло (кілішкі, чаркі для вады, шклянкі і інш.), старасвецкае шкло (вялікія і сярэднія келіхі, кілішкі, лямпы, чаркі, фляжкі і інш.), фаянс (карзінкі, талеркі, паўміскі, салатніцы і інш.), варшаўскі фаянс (ваза, паўміскі, талеркі), сталовая бялізна (абрусы, сурветкі). Вялікі спіс складалі рэчы, якія адносіліся да гардэробу. Тут пералічвалася мэбля, тканіны, зброя, вопратка. З апошняй згадваліся панчохі, мундзіры (чырвоны навагарадскі з зоркай арла, чырвоны гарадзенскі з зоркай арла, чырвоны гарадзенскі без зоркі, сіні берасцейскі без зоркі, гранатавы віленскі і інш.), фракі, сукня, венгерка, нагавіцы, камізэлькі, дэлія, рукавічкі, гузікі, восем ордэнаў Св. Станіслава і інш.

Недалёка ад скарбу знаходзіўся склад. У ім таксама былі апісаны рэчы. У асноўным яны былі гаспадарчага прызначэння - з жалеза, волава, бляхі, латуні: вілы, ключы, каромыслы, ліхтары, нажы, долата, малаткі і інш. Там жа захоўваліся дакументы. Архіў складаўся з 11 куфраў, скрынкі, шкатулкі і 3 пакункаў. Напрыканцы адзначалася, што з гардэроба, буфета, кухні і кавярні былі ўзяты рэчы для патрэбы пана ў Вільню і пані - у Варшаву, але яны не былі ўнесены ў дадзены рэестр.

Варта ўвагі апісанне сада. У ім знаходзілася дзве аранжарэі. У вялікай аранжарэі раслі фігі, персікі, абрыкосы, вішня, ружы, суніцы, белы вінаград, у малой - апельсіны, размарын, вітэкс святы ці прутняк звычайны [5] , вязель валенсійскі [6] , алоэ, лаўровыя дрэвы, каралавае дрэва [7] , кіпарысавыя дрэвы, фіялкі, ляўконіі, герані, дуброўнік, пасіфлора, прымула, ружы, гваздзікі, лаванда, гіяцынты, цюльпаны, капеечнік [8] , ірысы, суніцы. Каля цяпліц былі пасеяны ў грунт пралескі, беладонна, меліса.

У старым садзе былі старыя дрэвы: яблыні, грушы, вішня, абрыкосы, арэхі. У 1796 г. у пітомніку былі прышчэплены новыя грушы, яблыні і слівы. У новым агародзе пералічваліся наступныя дрэвы: яблыні, грушы, звычайныя слівы і венгерка, вішні, чарэшня, тутавыя дрэвы, чырвоны вінаград, а таксама рознага колеру ружы ў аранжарэі. Для працы ў садзе выкарыстоўваліся інструменты: вілы, рыдлёўкі, нажы, пілы і інш. Асобна была нататка аб маладых дрэвах, якія прышчапілі ў 1796 г. Яны не былі зінвентарызаваны цалкам перад надыходзячай зімой. Планавалася гэта зрабіць летам.

Заканчваўся інвентар апісаннем стайні і вазоўні. З яго вынікае, што ў гаспадарцы было 60 коней, 15 экіпажаў (карэты, брычкі, дрожкі, вазы і інш.), а таксама захоўваліся рэчы для верхавой язды, для карэт і інш.

Такім чынам, дадзеная крыніца з'яўляецца вельмі важнай па гісторыі маёнтка Жалудок. Яна паказвае, як ён выглядаў у канцы XVIII ст. У ёй добра прадстаўлена інфармацыя пра штодзённае жыццё шляхты. З яе можна даведацца пра посуд, ежу, мэблю, вопратку і іншыя рэчы. Уражвае апісанне сада. Вырошчваліся не толькі звычайныя для нашага клімату расліны і дрэвы, але і экзатычныя. Варта адзначыць, што гэта было ўласціва тагачаснай модзе. Падобныя апісанні садоў згадваюцца ў маёнтках Дзярэчын, Беласток і інш.

Тызенгаўз не меў дзяцей, і Жалудок перайшоў да яго пляменнікаў, сыноў Міхала Тызенгаўза. Яны і іх нашчадкі па мужчынскай, а пасля па жаночай лініі валодалі Жалудком аж да 1939 г.

З двух сыноў Міхала Тызенгаўза Жалудок пасля смерці бацькі ўспадкаваў Ігнацы. Граф Ігнацы Тызенгаўз быў панам у поўным значэнні гэтага слова. Воласці свае, якія займалі дзясяткі тысяч гектараў і мелі тысячы мужыцкіх душ, меў у шматлікіх паветах: Шавельскім, Вількамірскім, Віленскім, Дзісненскім, Вілейскім, Ашмянскім, Лідскім, Гарадзенскім, Слонімскім, Наваградскім і Пінскім. І граф па чарзе пераязджаў з адной воласці ў другую, распараджаючыся і кантралюючы сваіх адміністратараў. Пад старасць частку добраў тых ён выдзеліў дарослым ужо сынам: графу Рудольфу - Жалудок, Савоўшчыну, Лесішча, Спушу, Дзембраў, Бычкоўшчыну, графства Каменку, Буцень, Злотаў, Дзяткавічы і Дражна, графу Канстанціну - графства Паставы з фальваркамі: Гуртаў, Саўчын, Кураполь, Зосін, Гальбей, Антонаў, Полаў, Белая, Варапаеў, Далуга, Дзяткаў і Давідаўка. Граф Ігнацы Тызенгаўз памёр у Вільні пад канец 1822 г.

Граф Рудольф Тызенгаўз стала жыў у Жалудку, аддаючыся грамадскай і гаспадарчай працы. Ажаніўшыся з Генавэфай Пуслоўскай, дачкой маршалка слонімскага, меў з ёй тры дачкі: Германцію, Юзэфу і Эльфрыду. Памёр граф Рудольф Тызенгаўз 17 сакавіка 1830 г. Велізарныя добры графа Ігнацыя Тызенгаўза, апроч выдзеленых у 1815 г. для сыноў, заставаліся ў супольным валоданні графа Канстанціна і дачок графа Рудольфа, аж пакуль усе тры не выйшлі замуж. 6 ліпеня 1843 г. у Вільні быў падпісаны акт падзелу тых добраў, у сілу якога граф Канстанцін Тызенгаўз у папаўненне сваёй спадчыны - графства Пастаўскага - атрымаў Рокішскае графства з мястэчкам Рокішкі. Астатнія добры падзялілі паміж сабой на тры часткі дочкі графа Рудольфа, прычым на частку графіні Германціі Урускай былі выдзелены: 1) добры Жалудок з мястэчкам і фальваркам Жалудок, а таксама з вёскамі: Фарны Канец, Забалоцце, Багданаўцы, Кукіны, Вялікая Вёска, Скірсі, Баяры і засценак Ваўчкі ў Лідскім павеце, туды ж вёска Даброўка ў Слонімскім павеце; 2) добры Ліпічно з фальваркамі Хацяёўшчына і Генавэфін, мястэчкам Арлова і вёскамі з правага боку Нёмана; 3) Каменкаўскае графства ў паветах Гарадзенскім і Лідскім.

Кіраўніцтва ўправай шматлікіх валасцей графіні Германціі Урускай узяў у свае рукі яе муж, малады, здольны і энергічны граф Севярын Урускі (нар. 1817 г.), уладальнік добраў ва Усходняй Малапольшчы і на Любліншчыне, у пазнейшы час чалец галіцыйскіх штатаў і варшаўскі губернскі маршалак шляхты, таемны дарадца, гофмайстар царскага двара, аўтар-эканаміст, дзеяч эпохі адмены прыгону. Граф Севярын Урускі памёр у Пізе ў 1890 г., а графіня Германція - у Парыжы ў 1891 г.

У Жалудку ў 1786 г. нарадзіўся ўнучаты пляменнік Антонія Тызенгаўза Канстанцін - адзін з першых прафесійных даследчыкаў птушак на нашых землях і досыць таленавіты мастак. Большая частка жыцця Канстанціна Тызенгаўза звязана з Рокішкамі ў Літве, аднак у Жалудку прайшлі яго маладыя гады. Паміж беларускім Жалудком і літоўскімі Рокішкамі (цяпер Рокішкіс) вельмі шмат агульнага, як ва ўладкаванні мястэчка, так і ў знешнім выглядзе некаторых пабудоваў гаспадарскага двара. Менавіта ў двары Жалудок у снежні 1836 г. у сям'і ўпраўляючага гаспадаркай Тызенгаўзаў Антона Урублеўскага нарадзіўся адзін з правадыроў паўстання 1863 г. Валерый Урублеўскі.

Пасля смерці Германціі Тызенгаўз (па мужу Урускай) Жалудок перайшоў да яе дачкі Марыі, якая была замужам за Уладзімірам Чацвярцінскім. Святаполк-Чацвярцінскія належалі да старажытнага княжацкага роду і вялі сваё паходжанне ад турава-пінскай галіны Рурыкавічаў. Сыны Уладзіміра і Марыі Севярын і Людвік (апошняму застаўся Жалудок) прымалі актыўны ўдзел у палітычным жыцці Расіі, цікавіліся тэхнічнымі навінкамі, а пасля часоў міжваеннай Польшчы нават бралі ўдзел у стварэнні трамвайнай сеткі ў Варшаве.

Асноўным жылым будынкам на тэрыторыі панскага давара ў Жалудку быў змураваны ў неагатычным стылі яшчэ ў пачатку ХІХ ст. з цэглы і бутавага каменю аднапавярховы палацык з вежай, якая завяршалася металічным флюгерам у выглядзе сцяга з гербам Тызенгаўзаў. Людвік Чацвярцінскі ў пачатку ХХ ст. вырашыў узвесці ў парку шыкоўны двухпавярховы палац, які зрабіў бы гонар не толькі беларускай правінцыі, але і Варшаве з Кракавам. Па адных звестках, аўтарам праекта палаца стаў знакаміты варшаўскі архітэктар Уладзіслаў Марконі, аўтар праекта вядомага гатэля "Брыстоль" на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве. Па другіх звестках, Марконі толькі дапрацаваў праект іншага, не менш знакамітага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага, аўтара некалькіх вялікіх будынкаў у Вільні, напрыклад, галоўнага офіса Палескай чыгункі на Пагулянцы.

Не паспелі Чацвярцінскія скончыць свой палац, як пачалася Першая сусветная вайна. Нямецкія тылавікі, якія любілі фатаграфаваць хаты бедных беларускіх сялян, былі моцна здзіўлены шыкоўным палацам Чацвярцінскіх і таксама фатаграфаваліся на яго фоне дзясяткі разоў.

Пасля вайны Чацвярцінскія ў палацы больш так і не пасяліліся. Князь Людвік і яго жонка Разалія (Ружа) жылі ў афіцыне на тэрыторыі парка. Тут былі сабраны старая мэбля і нешматлікія творы мастацтва. Палац толькі зрэдку прыстасоўвалі пад гасціныя пакоі для моладзі, якая летам з'язджалася ў Жалудок. Затое Чацвярцінскі засяродзіўся на развіцці гаспадаркі ў сваіх валоданнях, якія па памерах значна пераўзыходзілі некаторыя еўрапейскія міні-дзяржавы.

Праз пушчу былі пакладзены некалькі дзясяткаў кіламетраў бітай дарогі. Усе фальваркі Чацвярцінскіх былі злучаны тэлефоннай сувязю і працавалі па адным гаспадарчым плане, за рэалізацыю якога адказвалі ўпаўнаважаны князя Юзаф Славінскі і галоўны ляснічы Францішак Пясецкі. У Орлі, Зачэпічах, Багданаўцы і самім Жалудку функцыянавалі лесапілкі, спіртзаводы, фермы, рыбныя і паляўнічыя гаспадаркі. Забяспечваючы недалёкі Мастоўскі фанерны завод дрэвам, Чацвярцінскі хутка зрабіў свае валоданні аднымі з самых прыбытковых у Заходняй Беларусі. У Лідзе на вул. Сувалкаўскай, 40 функцыянаваў гандлёвы дом Людвіка Чацвярцінскага. Тут прадавалі будаўнічыя матэрыялы, а таксама разнастайную сельскагаспадарчую прадукцыю. Аптовыя гандляры збожжам маглі скарыстацца складамі Чацвярцінскага ў Лідзе па вул. Вакзальнай. Вялізная гаспадарка Чацвярцінскіх размяшчался на васямнаццаці тысячах гектараў наднёманскіх пушчаў, палёў і рыбных тоняў. Некалькі тартакоў (лесапілак), гарэльні, фермы па гадоўлі галандскіх кароў, конезаводы… Уласнікі не проста эксплуатавалі прыродныя багацці сваіх валоданняў, але намагаліся інвеставаць у новыя прыбытковыя галіны гаспадаркі, даючы пры гэтым добра зарабіць мясцовым сялянам і местачкоўцам.

Не забываўся князь і пра сваіх падуладных. Для работнікаў была наладжана медыцынская служба, функцыянавалі некалькі школак і нават дзіцячы садок, а памочніка лесніка Петрука, які захварэў, нават аднойчы коштам князя паслалі на лячэнне ў Закапанэ. Усяго князь выплачваў сваім работнікам, сярод якіх было шмат мясцовых сялян-падпрацоўшчыкаў, больш за 700 тысяч злотых у год. Гэта істотна падтрымлівала сялян, у наваколлі Жалудка рэдка з'яўляліся дзяржаўныя секвестатары, якія канфіскоўвалі ў людзей маёмасць за нявыплату падаткаў.

Сам Людвік Чацвярцінскі, як і належала "крэсоваму зубру", вельмі любіў коней і паляванні. Асабіста застрэліў больш за сотню ваўкоў. Рабіў захады, каб у наднёманскія лясы вярнуліся вынішчаныя ласі і мядзведзі.

У верасні 1939 г. уся маёмасць Чацвярцінскіх была нацыяналізавана. Людвіка і яго жонку арыштавалі, яны на сем месяцаў трапілі ў савецкую турму. Былыя ўладальнікі Жалудка былі вызвалены дзякуючы заступніцтву італьянскага караля Віторыё Эмануіла. Яны выехалі з СССР на тэрыторыю, акупіраваную немцамі, і жылі ў роднага брата Людвіка Севярына Чацвярцінскага. Вясной 1941 г. Людвіка Чацвярцінскага арыштавалі ўжо немцы, і праз некалькі месяцаў ён загінуў у Аўшвіцы.

Прадстаўнікі рода Чацвярцінскіх памятаюць пра Жалудок, наведваюць яго, неаднаразова аказвалі дапамогу мясцовым установам аховы здароўя. Жыццё працягваецца, і мы спадзяемся, што былы палац Чацвярцінскіх калі-небудзь будзе адроджаны.

Жыхары Жалудка да гэтай пары з асаблівай цеплынёй узгадваюць цудоўную пані Ізабэлу, якая дапамагала вяртаць здароўе і ратаваць жыцці сваіх землякоў. Менавіта таму было прынята рашэнне у адкрыць у Жалудоцкай гарпасялковай бальніцы памятную табліцу як адзнаку ўдзячнасці для спадарыні Ізабэлы Дзюбуа Дэш за яе гуманізм і дабрачыннасць.

У 2019 годзе цэлая дэлегацыя прадстаўнікоў рода князей Святаполк-Чацвярцінскіх прыбыла на малую радзіму сваіх продкаў. Пераадолеўшы вялікую адлегласць (жывуць яны ў розных краінах - Польшчы, Бельгіі, Канадзе), ніхто не пашкадаваў, што прыехаў ў гасцінную Беларусь. Для гасцей была зроблена аглядная экскурсія па багатаму гісторыяй Жалудку, наведалі палац, з'ездзілі ў Ліпічна, дзе быў маёнтак князя Станіслава (яго дачка Дарота Чацвярцінская таксама прыехала ў Жалудок з Канады), наведалі касцёл, бальніцу. З вялікім задавальненнем наведалі Фестываль кветак, дзе былі ганаровымі гасцямі і зрабілі для жалудоцкіх дзетак сюрпрыз, падарылі дзіцячую пляцоўку.

Андрэй Вашкевіч

З кнігі "Жалудок. Гісторыя нашага краю". Гродна: ЮрСаПрынт, 2020.



[1] Шаблюк В. Жалудок // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мінск, 1996. С. 363.

[2] Баяры, якія ходзяць "на старожу" ў Троцкі замак: Бенька Рамашковіч, Балтрамей Рамашковіч, Грыгор Рамашковіч, Стас Моцевіч, Петка Даўтаровіч, Мацей Юрэвіч, Хршчон Даўтаровіч, Юхна Сцевідовіч, Петрашка Монкавіч, Бернарт Вайташэвіч, Сцецка Бернатовіч, Хршчон Сцецкаў брат, Янка Матыясавіч, Моцка Бівойнавіч, Петка Бівойнавіч, Мацей Дмішэвіч, Бітык Бейценевіч, Якуб Мацковіч, Ян Бабковіч, Мацей Маіхновіч, Пецька Бабковіч.

[3] У попісах войска Вялікага Княства Літоўскага паведамляецца, што "пан Іван Іванавіч Ляцкі, ляснічы Падляскі, з маёнткаў сваіх - з Жалудка ў павеце Лідскім, і з Высокага Двара ў павеце Троцкім, і з Чэмераў і з Носава ў павеце Берасцейскім, і з сёл на Русі - Балоча і Ожыча, з прыселкамі і з прыкупленіны Міцькаўшчыны, Стамброўшчыны, з таго ўсяго з павіннасці ставіў коней сорак, а цяпер дадаў для ласкі гаспадарскай, паставіў усіх коней шэсьцьдзясят адзін збройна ў панцырах, прылбіцах, сагайдаках з саблямі і рагацінамі. Ён жа ставіў драбаў усіх трыццаць з ручніцамі і сякерамі".

[4] AGAD, Archiwum Tyzenhauza, sygn. D-5, s. 185-208v. Дакумент адкрыты і прадастаўлены для выкарыстання кандыдатам гістарычных навук Наталляй Сліж.

[5] Вітэкс святы ці прутняк звычайны (vitex agnus-castus) - лекавая расліна, якая распаўсюджана ў Паўночнай Афрыцы, Паўднёвай Еўропе і Азіі. Выкарыстоўваецца ў якасці прыпраў, для лячэння жаночых захворванняў, хранічных захворванняў печані і інш., а дрэва - для пляцення мэблі.

[6] Вязель валенсійскі (coronilla valentina ці glaunca coronilla) - дэкаратыўная расліна, якая распаўсюджана ў Партугаліі, Іспаніі і Харватыі.

[7] Каралавае дрэва (erythrina caffra) паходзіць з Паўднёвай Афрыкі.

[8] Капеечнік (hedysarum) расце ў Алжыры, Марока, Тунісе, Іспаніі, Балеарскіх астравах, Гібралтары.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX