Папярэдняя старонка: Населеныя пункты

Калона арханёла Рафаіла ў Жырмунах 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-06-2017,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Калона арханёла Рафаіла ў Жырмунах // Лідскі летапісец 2017. № 1(77). C. 38.



У XVIII ст. маёнтак Жырмуны Завішаў перайшоў да Радзівілаў у якасці пасагу Барбары Завішы-Кезгайлы (1690-1762 гг.), якая ў 1710 г. выйшла замуж за князя Мікалая Фаўстына Радзівіла (1688-1746 гг.). Потым маёнтак дастаўся іхняму сыну Станіславу Радзівілу (1722-1787 гг.), краўчаму, падкамораму Вялікага Княства Літоўскага, генерал-лейтэнанту. Ён быў жанаты з Каралінай Пацей (1732-1776 гг.) і меў з ёй пяцёра дзяцей.

Калона Св. Рафаіла ў двары Жырмуны Лідскага р-на, здымак А. Колышка, пачатак 2000-х гг.

У другой палове XVIII ст. Станіслаў Радзівіл вырашыў пабудаваць у фальварку Жырмункi, які знаходзіўся недалёка ад маёнтка, палацава-паркавы комплекс (зараз былы фальварак Жырмункi - вёска Жырмуны Лідскага раёна, каля Вялікага Сяла). Ім былі пабудаваны прыгожая ўязная брама, два бакавыя двухпавярховыя афіцыны ў стылі класіцызму, прычым паўднёва-ўсходнюю афіцыну з багатым афармленнем унутраных інтэр'ераў, займалі самі Радзівілы; у паўночна-заходняй афіцыне жыла прыслуга. Былі пабудаваны таксама гаспадарчыя пабудовы, пасаджаны вялікі і прыгожы парк. Будаўніцтва самога палаца з-за смерці князя ў 1787 г. не было распачата. У 1915 і 1939 гг. сядзіба была разрабавана [1].

Да нашага часу захавалася ўязная брама, руіны афіцынаў і калона, якую ў народзе завуць калонай Святога Яна Хрысціцеля.

Некалькі гадоў таму я перакладаў вопісы Лідскага дэканата 1784 г. З той працы запомнілася дэталёвае апісанне Жырмунскага двара Радзівілаў, у якім згадваецца "статуя лідскага Рафала на мураваным слупе". З-за каштоўнасці тэксту, прывожу яго цалкам

"Жырмунка (Zyrmunki), фальварак тых жа яснавяльможных ягамосцяў князёў Радзівілаў, на захад чвэрць лёгкай мілі (ад парафільнага касцёла - Л. Л.).

Два двары: адзін мураваны палац, каля гэтага палаца мураваная афіцына, дзве іншыя драўляныя афіцыны атынкаваныя. Другі двор эканомскі, гаспадарскі з гумнамі, лядоўнямі, вазоўнямі, пад імі мураваныя склепы. Абора драўляная. Стайня фабрычная пры гумне, трошкі ў поле - ветраны млын, які не меле. Ідучы ад эканомскага двара, па правай руцэ статуя лідскага Рафала на мураваным слупе, па левай руцэ драўляныя кашары з мураванымі слупамі пастаўленыя для прыслугі і розных рамеснікаў. Тут жа пры кашарах знаходзіцца вялікая аўстэрыя з рознымі выгодамі, насупраць яе знаходзіцца драўлянае з мураванымі слупамі збожжасховішча, пад ім мураваныя склепы і лядоўня.

Мураваны двор з аднаго боку акапаны ровам стаіць над ставам. На гэтым ставе мураваны двухпавярховы млын, вакол млына дрэвы.

Мураваны бровар з усімі выгодамі, за ім будынак з усімі выгодамі для пратачак. Ідучы да бровара, каля двара альховы гай, які мае назву Мамоўшчына, тут у прыгожым месцы, у перспектыве бачны мураваны агароджаны палац, у якім розныя выгоды: кухня, студня і г.д., у гэтым жа гайку чатыры драўляныя замкі: адзін для княжат, другі для князя-палкоўніка, трэці для яснавяльможнага пана шамбеляна Шышкі, чацвёрты для бургграфа. Павярнуўшыся ад двара, па правай руцэ бачны ... мураваны з усімі выгодамі. ... за ім сені, на гары будка, па левым баку бачна другая перспектыва: альтанка на два паверхі фарбаваная зялёнай фарбай, далей рэчка, адкуль вада з крыніц паступае да студні пад кухняй" [2].

Дадам, што ў Беларусі маецца яшчэ адна калона арханёла Рафаіла каля вёскі Скокі (зараз прыгарад Берасця), калона пастаўленая ў маёнтку, дзе ў 1758 г. нарадзіўся паэт і пісьменнік, ад'ютант Т. Касцюшкі Юльян Нямцэвіч [3].

Польскія гісторыкі лічаць, што падобныя калоны ставіліся пры канцы XVIII ст. ў гонар Канстытуцыі 3 Траўня, зараз ў Беларусі вядома 15 такіх калон. Але як бачым, калона з статуяй "лідскага" Арханёла Рафаіла ў Жырмунах існавала ўжо ў 1784 г.

Загадкай з'яўляецца, чаму статуя звалася "лідскай" - можа аўтар яе жыў Лідзе? Але для гэтага майстар павінен быў быць знакамітым мастаком, памяць пра якога захавалася б да нашага часу.

Другім, больш рэальным тлумачэннем, можа быць такое: да 1784 г. калона з Арханёлам Рафаілам з нейкай нагоды атрымала значную вядомасць на Віленшчыне і стала звацца "лідскай", каб адрозніць ад іншых.

Праз нейкі час калону маглі пачаць атаясамліваць і з ушанаваннем Канстытуцыі 3 Траўня.

Вядома, што яшчэ доўга пасля 1945 г. на калоне стаяла драўляная скульптура чалавека са скрыпкай, якога лічылі Святым Янам. Людзі да нашага часу называюць поле каля калоны "полем пад Св. Янам". Выбітны лідскі краязнавец і інжынер-будаўнік Станіслаў Ушакевіч дасканала вывучаў калону. Ён пісаў, што калона сур'ёзна рамантавалася, пра гэта сведчыць тое, што ў стары мур калоны ўмуравана шмат адносна новай цэглы меншага памеру (12x25 см). Магчыма рамонт адбыўся пасля 1897 г., пасля адмены царскага ўказу, які забараняў будаваць і рамантаваць каталіцкія святыні [4]. Верагодна, тады ж на калону была таксама пастаўлена і фігура Св. Яна.

Вось покуль і ўсё, што можна расказаць пра гэты цікавы помнік гісторыі і архітэктуры на Лідчыне.



[1] Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 4., 1993. S. 474-475.

[2] Rybak Andrzej. Dekanat lidzki w 1784 roku w swietle opisow parafii. Bialystok, 2004. S. 117.

[3] Скрабатун Уладзімір. Па ўсёй Беларусі стаяць загадкавыя калоны // Вольнае Глыбокае № 48 (869), 1 снежня 2016.

[4] Uszakiewicz Stanislaw. Mytlanski gosciniec i dworska droga // Ziemia Lidzka №2(45), kwiecien, 2001.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX