Вярнуцца: Вайсковая гісторыя

Лiдская харугва ў Грунвальдскай бiтве Regiment of Lida district in the Battle of Grunwald 1410


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 18-10-2009,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 11.



15 ліпеня споўнілася 590 гадоў з дня Вялікай бітвы ў Вялікай вайне і з дня Вялікай перамогі саюзных войскаў Вялікага княства Літоўскага і каралеўства Польскага над наймагутнейшым і найагрэсіўнейшым войскам Тэўтонскага ордэну.

Пра гэтую вайну і гэтую бітву напісана вельмі многа. Бібліяграфія сягае на сотні найменняў. Толькі Вітаўт Чаропка прыводзіць у "Беларускім гістарычным часопісе" № 2 за 2000 год 75 найменняў першакрыніц і прац на гэтую тэму. Таму я не збіраюся дапаўняць ці папраўляць вядомых і славутых гісторыкаў, а проста на аснове іхніх працаў паспрабую выдзеліць невялікі фрагмент, які тычыцца ўдзелу Лідскай харугвы ў гэтай бітве.

Перш чым прыступіць да тэмы прывядзём пацверджанне ўдзелу Лідскай харугвы ў гэтай бітве.

1. Ліда ў той час належала Вялікаму князю. Кіраваў горадам стараста, прызначаны Вялікім князем. Харугва, якая фармавалася ў Лідзе ўваходзіла ў разрад надворных і таму ўдзельнічала практычна ўва ўсіх выправах Вялікага князя. Не ўдзельнічаць у вайне 1410 года яна ніякім чынам не магла.

2. Удзел Лідскай харугвы ў Грунвальдскай бітве пацвярджае адна з найстаражытнейшых крыніц: Кроніка Яна Длугаша. Гэты краніст карыстаецца ў палякаў найбольшым даверам, бо яго бацька і два дзядзькі былі ўдзельнікамі Грунвальдскай бітвы.

Ян Длугаш пералічвае наступныя харугвы Вялікага княства: трокская, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая, старадубская. Названы і харугвы некаторых князёў: мсціслаўскага князя Сымона Лінгвена, Юрыя (хутчэй за ўсё Юрыя Заслаўскага, але магчыма што і Юрыя Пінскага "Носа"), Жыгімонта Карыбута, князя Фядушкі (магчыма Фёдар Любартавіч).

Апошняя чамусьці знайходзілася пры асобе Ягайлы.

Аксіёмай стала колькасць гэтых харугваў. З летапісу ў летапіс, з працы ў працу пераходзіць лічба 40. 40 харугваў Вялікага княства, якія ўдзельнічалі ў бітве. Адкуль узялася гэтая лічба. На самай справе харугваў у войску Вялікага княства было значна болей. Але напярэдадні бітвы Вялікі князь Вітаўт разбіў сваё войска на 40 прыблізна роўных па колькасці харугваў, падалучаўшы дробныя харугвы да буйных, або пазводзіўшы дробныя аддзелы ў буйныя. Вітаўт выдаў кожнай харугве штандар (харугву). 30 харугваў мелі выяву Пагоні, а 10 -- выяву калумнаў. І тут я мушу не пагадзіцца з Вітаўтам Чаропкам, што штандары з калумнамі мелі харугвы Трокскай зямлі. На часы Вітаўта ўжо цвёрда склалася геральдычная традыцыя, паводле якой гербам ВКЛ была Пагоня, а родавым знакам (гербам) роду Гедзімінавічаў былі "слупы Гедзміна" альбо "калумны" ("калоны"), ці, як спрабуюць даказаць радыкальныя геральдысты, "трызубец Гедзіміна", які падкрэслівае сувязь дынастыі Гедзімінавічаў з полацкай княскай дынастыяй Рагвалодавічаў.

(56KB) Схема 1. Размяшчэння войскаў перад пачаткам бiтвы. Рэканструкцыя С.Кучынскага. Умоўныя абазначэнні да схемы 1: 1 -- войска ВКЛ; 2 -- палякі; 3 -- крыжакі; 4 -- табар ВКЛ; 5 -- польскі табар; 6 - крыжацкі табар; 7 -- татарскі табар.(36KB)  Схема 2. Войска ВКЛ перад пачаткам бiтвы. Рэканструкцыя паводле С.Кучынскага, К.Тарасава, В.Чаропкi. Умоўныя абазначэнні да схемы 2: Перадавая варта: 1-падольцы; 2-жмудзіны.

Таму хутчэй за ўсё пад "калумнамі" стаялі надворныя харугвы і, такім чынам, зусім верагодна, што і Лідская харугва стаяла пад "калумнамі".

Яшчэ зусім нядаўна практычна ўсе распрацоўкі вайны 1410 года і Грунвальдскай бітвы належалі польскім, літоўскім і рускім гісторыкам, а беларусы былі ні пры чым. Але ў апошнія дзесяцігоддзі з'явілася шмат працаў беларускіх гісторыкаў, якія дазволілі ўраўнаважыць тэндэнцыйнасць замежных гісторыкаў гістарычнай праўдай пра гэтую бітву.

Акрамя харугваў названых Длугашам беларускія гісторыкі даказваюць удзел у бітве слуцкай, магілёўскай, валынскіх (луцкая, уладзімірская, ратненанская), падольскіх, ноўгарад-северскай, вяліканаўгародскай. Іншыя гістарычныя крыніцы пацвярджаюць удзел нясвіжскай, чартарыйскай, кобрынскай, крэўскай, лукомльскай, ашмянскай, ушкольскай, вількамірскай харугваў, а таксама 2100 жмудскіх ваяроў з памежнай аховы, каля 5000 татараў, падзеленых на два загоны. Вільня і Трокі далі па некалькі харугваў. І гэта яшчэ не ўсё. Легенды і паданні падаюць удзел калі не харугваў, то невялікіх аддзелаў, а то і асобных баяроў практычна з усёй Беларусі. Так , у мястэчках Воўпа і Рось Ваўкавыскага раёну з пакалення ў пакаленне перадаюцца легенды пра ўдзел іхніх прашчураў у гэтай бітве.

Паводле Кастуся Тарасава, на золку 15 ліпеня войскі Ягайлы і Вітаўта дзвюма калонамі рушылі да возера Любень. Палякі абышлі возера злева, а ліцьвіны справа. За дарогай, якая злучала вёскі Таненберг і Людвікова, ужо стаялі нямецкія харугвы.

Палякі размясціліся на прагалку паміж Лагдоўскім лесам і лесам Ульноўскім. Войскі Вялікага княства зшыхтаваліся на ўскрайку Ульноўскага лесу, перакрыўшы дарогі з Таненбергу (Стэнбарку) на Ульнова.

Паводле Хронікі Быхаўца ў палякаў найвышэйшым гетманам быў прызначаны Сокал Чэх, а дворным гетманам Спытка Спыткавіч. У Вітаўта старшым гетманам быў Іван Жадзявід, а дворным гетманам Пётр Гаштольд.

Паспрабуем разабрацца з месцам харугваў на полі.

Войскі саюзнікаў шыхтаваліся ў тры гуфы.

Харугвы:

3-смаленская; 4-аршанская; 5-віцебская; 6-ваўкавыская; 7-луцкая; 8-ратненская; 9-наваградская; 10-крамянецкая; 11-нясвіжская; 12-слонімская; 13-пінская; 14-трокская 1-я; 15-віленская 2-я; 16-я віленская 1-я; 17-татары Багардзіна; 18-мсціслаўская; 19-вяліка-наўгародская; 20-полацкая; 21-менская; 22-слуцкая; 23-кіеўская; 24-гарадзенская; 25-малдаўская; 26-берасцейская; 27-трокская 2-я; 28-медніцкая; 29-віленская 3-я; 30-дзве харугвы князя Фядушкі пры Ягайлу; 31-старадубская; 32-ноўгарадсеверская; 33-лідская; 34-ковенская; 35-уладзімірская; 36-чартарыйская; 37-крэўская; 38-вілька-мірская; 39-ашмянская;40-мельнікская; 41-магілёўская; 42-надворная вялікакняская; 43-татары Джэлал-ад-Дзіна; 44-табар ВКЛ; 45-татарскі табар.

Выйшла з лесу і размясцілася ў стык з палякамі левае крыло ліцьвінаў пад началам Сымона Альгердавіча Мсціслаўскага. Ён на гэты час быў баявым князем у Вялікім Ноўгарадзе, таму на яго крыле смаленская, аршанская, віцебская, ваўкавыская, мсціслаўская, вяліканаўгародская, полацкая, менская, старадубская, і ноўгарад-северская харугвы. Акрамя ваўкавысцаў, якія сталі не на сваё месца, а напрасіліся ў першы гуф дзеля помсты за нядаўні напад крыжакоў на Ваўкавыск, выконваецца геаграфічны прынцып. У першы гуф становяцца смаляне, аршанцы, віцьбічы, ваўкавысцы. За імі ў другім гуфе - мсціслаўцы, вяліканаўгародцы, палачане і менчане. У трэцім гуфе -- старадубцы і ноўгарад-северцы. Тут жа недзе павінна быць і лукомльская харугва, але, хутчэй за ўсё, яна -- у складзе віцебскай. Увесь паўночна-ўсходні і ўсходні рэгіён. У шэрагах ваўкавысцаў, хутчэй за ўсё -- ваяры з Росі і з Воўпы. Побач з ваўкавысцамі -- валынцы, узаплеч ім стаяць случакі, з імі, напэўна, і клечакі і капыляне. Гэта ўжо цэнтр, якім кіруе Жыгімонт Кейстутавіч. Ён на чале наваградцаў перакрыў дарогу, за ім -- кіяўляне. Справа ад наваградцаў -- крамянецкая харугва, далей -- нясвіжцы, слонімцы, піняне. У другім гуфе тут -- гарадзенцы, малдаване і берасцейцы (магчыма з кобрынцамі і драгічынцамі).

І правы фланг ліцьвінаў: трокская 1-я, узаплеч -- трокская 2-я, віленская 2-я, віленская - 1-я, узаплеч -- меднінская, віленская 3-я. Справа ад віленцаў -- татары. Камандуе правым флангам Войцах Манівід.

Наперадзе з перадавой вартай з падольцаў і жмудзінаў -- Іван Жадзевід.

І, нарэшце, цікавы для нас трэці гуф. Камандуе гуфам Пётр Гаштольд. Тут, згаданыя ўжо старадубская, ноўгарад-северская харугвы, а побач -- лідская, ковенская, уладзімірская, чартарыйская, крэўская, вількамірская, ашмянская, мельнікская, магілёўская, надворная (вялікакняская).

Дзве харугвы начале з князем Фядушкам знайходзяцца пры Ягайле.

Безумоўна, мы маем прыблізны малюнак, але больш за ўсё нас цікавіць месца лідскай харугвы. Тут мы маем тры яе каардынаты: яна была на фланзе Сымона Альгердавіча, яе не было ні ў першым, ні ў другім гуфе, яна атакавала немцаў разам з харугвамі левага флангу трэцяга гуфу (старадубскай і ноўгарад-северскай). Таму месца лідзян на пачатку бітвы вызначаецца даволі дакладна.

Тут мы абавязаны звярнуць увагу на наступную акалічнасць. На левым фланзе войскаў ВКЛ 13 харугваў займаюць лінію фронту ў два разы меншую, чым 14 харугваў на правым фланзе. Харугвы прыблізна аднолькавыя па колькасці людзей, а значыць шчыльнасць войскаў ВКЛ на левым фланзе была недзе ў два разы большая. Для чаго? Як відочна, Вітаўт і Ягайла чакалі асноўнага выту ў стык сваіх войскаў. Вітаўт адсунуў на сваім левым фланзе трэці гуф далей у тыл, чакаючы, што пад націскам немцаў левы фланг усё-такі адыдзе і немцы апынуцца ахопленымі паўмесяцам.

Крыжакі не перашкаджалі саюзнікам зшыхтавацца да бою. Заняўшы зручныя пазіцыі, падрыхтаваўшы артылерыю, накапаўшы ям-пастак, яны больш за ўсё баяліся, што ліцьвінска-польскае войска не прыме бою.

Крыжацкае войска было зшыхтавана ў два вялікія гуфы пад камандаю вялікага маршалка Фрыдрыха фон Валенрода - левае крыло, Куны фон Ліхтэнштэйна - правае крыло, а таксама рэзерву ў 16 харугваў пад камандай вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена. Разам з тым ніхто ў бітву не рваўся. Крыжакі не хацелі атакаваць, бо тады без справы заставалася артылерыя і без карысці былі пасткі. Палякі стаялі ў чаканні на Ягайлу, якога ці то пакінула рашучасць, ці то хітрасць перамагала здаровы сэнс, але ён усяляк зацягваў пачатак бітвы. Слухаў адну імшу, апяразваў маладых рыцараў рыцарскімі пасамі, слухаў другую імшу, спавядаўся і г.д. Вітаўт не адважваўся адрывацца ад палякаў. Тады крыжакі вырашылі справакаваць саюзнікаў да пачатку бітвы. Вялікі магістр прыслаў двух герольдаў з аголеннымі мячамі, адзін для Вітаўта, другі для Ягайлы - выклік на бітву. Геральды абвесцілі, што калі палякам і ліцьвінам мала месца на полі, то крыжакі гатовы ўступіць такое месца. І сапраўды крыжацкія харугвы па агульнай камандзе развярнуліся і рушылі ў тыл, агаляючы бамбарды і пяхоту каля іх.

Вітаўт не мог упусціць гэты момант. Харугвы пярэдняй варты падольскія і жмудскія пад агульнай камандай Івана Жадзявіда і палова татараў пад камандай хана Багардзіна рушыліся на бамбарды і пяхоту.

Бамбарды паспелі зрабіць два залпы, але ядры прычынілі невялікую шкоду. Больш шкоды было ад ямаў, у адну з якіх упаў і Іван Жадзявід, ды зламаў нагу. Але атака не сарвалася, нягледзячы на густы рой арбалетных стрэлаў лёгкія харугвы ліцвінаў і чэшскіх наёмнікаў на польскім фланзе высеклі ордэнскую пяхоту і абслугу бамбардаў, да таго, пакуль цяжкія рыцарскія харугвы развярнуліся і рушылі на ліцьвінаў і чэхаў. Доўга трываць лёгкія харугвы не маглі і пачалі адступаць. Першы і другі гуфы ВКЛ заспявалі старажытны баявы гімн "Багародзіцу" і рушылі насустрач крыжакам.

(42KB) Схема 3. Выхад старадубскай (31), ноўгарад-северскай (32), лiдскай (33), ковенскай (34) харугваў на напрамак галоўнага выту крыжакоў. Рэканструкцыя паводле С.Кучынскага, К.Тарасава, В.Чаропкi.(35KB) Схема 4. Выхад полацкай (20) i 1-й вiленскай (16) харугваў на напрамак галоўнага выту крыжакоў. Рэканструкцыя паводле С.Кучынскага, К.тарасава, В.Чаропкi.

Некалькі слоў пра гэты гімн. "Багародзіца" - ужо, нават, паводле сваёй назвы праваслаўна-беларускі гімн. На аснове моўнага версіфікацыйнага і змешанага даследвання Я. Бірненмайера, Т. Легр-Сплавінскага, Э. Астроўскай, Я. Варончака прыблізна можна вызначыць тэрмін узнікнення гэтага гімну - палова 14-га стагоддзя, хоць ужытыя ў тэксце архаізмы (дзела, Божыч) выказваюцца за аднясенне гэтага твору да 12-13-га, і, нават, паловы 11-га стагоддзя. "Багародзіца" з'яўляецца арыгінальным творам. Праведзеныя даследванні не змаглі адшукаць літаратурных адпаведнікаў у грэцкай, лацінскай, чэшскай і нямецкайгімнаграфіі. Знойдзеныя падабенствы супадаюць толькі з некаторымі радочкамі гэтага гімну. В.Шчурат (1906) і Крыжаноўскі сцвярджаюць, што "Багародзіца" была каранацыйным гімнам Ягелонскай дынастыі, за падставу для такога сцвярджэння яны бяруць прысутныя там беларусізмы першапачатковых тэкстаў, а таксама што асаблівай папулярнасцю гэты гімн цешыўся ў гады праўлення Ягелонскай дынастыі. Пазней тэкст "Багародзіцы" быў спольшчаны. Навуковец Варончак бачыць у гэтым гімне абраза-графічную выяву Хрыста Усятрымцы разам са сваёй Маці і Іяанам Хрысціцелем.

"Багародзіца" набыла сваю папулярнасць у 14-м стагоддзі, спявалася, як народная песня-гімн, як гімн перад бітвамі. Пасля каранацыі Ягайлы на польскі пасад яна акрамя вайсковага гімну ВКЛ стала яшчэ і вайсковым гімнам Польшчы і, трэба даць веры навукоўцам, каранацыйным гімнам Ягелонаў.

У 1410 годзе польскага варыянту тэксту "Багародзіцы" яшчэ не існавала, таму, нават, палякі спявалі яго па-беларуску, або, што хутчэй, на польска-беларускай "трасянцы". Тут трэба дадаць, што і ўсе каманды ў польскім войску ў той час аддаваліся па-беларуску. Ягайла па іншаму не ўмеў, а меншыя даводцы мусялі іх проста паўтараць.

У Вялікім княстве Літоўскім тэксты "Багародзіцы" змяшчаліся ў многіх рукапісных і друкаваных выданнях: ад Статута Іаана Ласкага (1506) да Volumina lequm (1732). У16-м стагоддзі быў здзейснены пераклад "Багародзіцы" на лацінскую мову. Знойдзена шаснаццаць нотных запісаў "Багародзіцы", якія зроблены ў часы паміж 15-18 стагоддзямі. Найстарэйшы з іх адносіцца да 1407 году.

Глядзi тэкст i ноты "Багародзiцы" у канцы артыкула

Але вернемся на поле бітвы.

Параненага Івана Жадзявіда замяніў дворны гетман (камандзір 3-га гуфу) Пётр Гаштольд, перадаўшы каманду над рэзервай даводцу крэўскай харугвы Яну Гаштольду.

(42KB) Схема 5. Пераломны момант бiтвы на фланзе войска ВКЛ. Выт свежых харугваў. Рэканструкцыя паводле С.Кучынскага, К.Тарасава, В.Чаропкi.(23KB) Схема 6. Акруженне i лiквiдацыя крыжацкiх войскаў на лiцьвiнскiх флангах. Рэканструкцыя паводле С.Кучынскага, К.Тарасава, В.Чаропкi.

Пачалася агульная сеча. Ліцьвінскія харугвы стрымаўшы першы выт крыжакоў уцягнуліся ў бітву. Польскія цяжкія харугвы пры гэтым засталіся на месцы. Падольскія і жмудскія лёгкія харугвы, напалову, а то і больш, выбітыя пачалі выходзіць з бою і перашыхтоўвацца на лініі абозу і трэцяга гуфу.

Чэхі, не атрымаўшы падмогі ад палякаў, таксама выйшлі з бою, што не перашкодзіла польскім гісторыкам абвінаваціць іх ва ўцёках, а польскім ваеначальнікам каштавала вялікіх намаганняў пасля вярнуць іх на поле.

Татары таксама доўга не маглі трымаць лаву крыжакоў у адкрытай сечы і па камандзе Багардзіна павярнулі і рванулі з поля. За імі паімчала і частка жмудзінаў. Следам кінуўся клін крыжакоў. Астатнія кліны фон Валенрода цяснілі ліцьвінскія харугвы Манівіда, Гаштольда і Сымона Альгердавіча.

Асноўны выт Валенрод нанёс не ў стык ліцьвінаў і палякаў, а ў цэнтр войскаў ВКЛ, дзе шчыльнасць харугваў была значна меншая. Гэтым у прыватнасці можна і тлумачыць тое, што левы фланг стаяў цвёрда, а цэнтр, а за ім і правы фланг пачалі адходзіць.

Становішча Сымона Альгердавіча некалькі аблягчалася яшчэ і тым, што бітва паміж палякамі і немцамі ўсё яшчэ не пачыналася, таму ён мусіў трымаць толькі правы край свайго флангу, дзе асноўны выт прыходзіўся на ваўка-выскую і віцебскую харугвы і дзе Менская харугва другога гуфу неўзабаве мусіла ўступіць у бой.

Цэнтру і флангу Манівіда даводзілася значна цяжэй. І калі адборная 1-я віленская харугва білася на роўных, то астатнія пачалі падавацца пад крыжацкім націскам. Ужо ўвесь другі гуф уцягнуўся ў сечу. Ужо 3-я віленская харугва заступіла ў прагал паміж 1-й і 2-й віленскімі харугвамі.

Наспявала пагроза прарыву. Вітаўт дае каманду ўзмацніць фланг Мінівіда і цэнтр. У бітву кідаюцца чатыры харугвы левага флангу 3-га гуфу, менавіта левага, бо пагроза прарыву па фланзе Сымона Альгердавіча была найменшай. У бітву кінуліся старадубская, ноўгарад-северская, лідская і ковенская харугвы. Вёў іх, хутчэй за ўсё, Жыгімонт Карыбут. Разам з ноўга-радсеверцамі маглі быць і бранцы, і чарнігаўцы.

Гэтыя харугвы спынілі крыжакоў, але фон Валенрод таксама кінуў сюды свежыя сілы. Прымаецца рашэнне пра адход на трэцюю лінію. Харугвы павярнулі, але не цалкам. Лепшыя ліцьвінскія рыцары ўсіх харугваў выйшлі ў першыя шэрагі, каб прыкрыць адыход, і ўсе палеглі, у тым ліку і рыцары Лідскай зямлі. Крыжакі кінуліся за адыходзячамі аслабленымі харугвамі. У гэты час яшчэ дзве харугвы: адборная 1-я віленская і свежая полацкая з двух бакоў выцялі на крыжакоў, заступіўшы поле і даўшы магчымасць астатнім адарвацца. Доўга трымаць усё войска Валенрода яны не маглі, але часу для адыходу за ланцуг вазоў для пасечаных харугваў хапіла.

З гэтага моманту мы не маем больш звестак пра лідскую харугву.

Мы не ведаем хто яе вёў, хто ацалеў. Але ўлічваючы, што Ліда была вялікакняскім горадам, і таму харугва павінна была быць добра ўзброенай, то трэба меркаваць, што большасць яе засталася сярод рыцараў, якія не адступілі, прыкрываючы адыход галоўных сілаў.

(27KB) Схема 7. Сiтуацыя на полi бою пасля выту харугваў Вялiкага Магiстра. Рэканструкцыя паводле С.Кучынскага, К.Тарасава, В.Чаропкi.(26KB) Схема 8. Акружэнне i разгром крыжацкiх войскаў. Рэканструкцыя паводле С.Кучынскага, К.Тарасава, В.Чаропкi.

Адступленне ліцьвінаў, якое польскія гісторыкі трактуюць, як уцёкі, дазволіла крыжакам узмацніць націск і на фланг Сымона Альгердавіча. Значна падаліся назад віцебская і меская харугвы. Вяліканаўгародцы заступілі амаль высечаную аршанскую харугву. Паміж імі і смалянамі ўвайшла ў бой мсціслаўская харугва. Замыкаючы дугу падаліся наперад харугвы левага крыла 3-га гуфу. Разам з тым крыжакі прагледзелі гэты момант. Яны святкавалі перамогу. Фон Валенрод своечасова не ўзмацніў націск у разрыў паміж крылом Сымона Альгердавіча і 3-м гуфам, каб зайсці ў тыл палякам. Многія рыцарскія аддзелы кінуліся лавіць жмудзінаў, іншыя атакавалі абоз, які стаў сапраўднай фартэцай, дзе тысячы сялян з цапамі, дзідамі, сякерамі сталі супраць крыжакоў. З тылу сялян ужо падпіралі перашыхтованыя харугвы пярэдніх гуфаў.

Паверыўшы ў разгром ліцьвінаў крыжакі рушылі на палякаў. Згодна з летапісам Вітаўт некалькі разоў сам прылятаў да Ягайлы, просячы ўступіць у бітву, але Ягайла не рушаўся. І толькі, калі пайшлі крыжакі праз шэсць гадзін пасля пачатку бітвы загучала "Багародзіца" на польскім фланзе.

Закіпела сеча на польскім краі поля. Нялёгка давялося і палякам. Моцна пацярпела кракаўская харугва. Узнік пралом паміж смалянамі і палякамі, які пагражаў выхадам крыжакоў у тыл і палякам, і ліцьвінам. На развіццё поспеху ў гэтым месцы і кінуў магістр свае 16 харугваў рэзерву. І ён меў бы поспех, каб з ходу выйшаў у тыл. Але гэтага не ўдалося. У гэты ж пралом Вітаўт кінуў свае перашыхтованыя падольскія харугвы і харугвы князя Фядушкі, выдзеліўшы іх з надворнай харугвы Ягайлы, што дало палякам падставу гаварыць, быццам ў прарыў Вітаўт паслаў надворную харугву Ягайлы. Гэта малаверагодна. Каралеўская харугва слухалася перш за ўсё караля. Іншая справа, калі хтосьці з польскіх ваеначальнікаў кінуў на закрыццё пралому следам за Вітаўтам нейкія польскія харугвы. У крыніцах называюцца надворная і львоўская харугвы. Адназначна, што ў закрыцці пралому і ў далейшым развіцці поспеху на гэтым кірунку значную, калі не вырашальную ролю адыгрывалі войскі ВКЛ. Для паўнаты малюнку трэба адзначыць, што на левым фланзе палякі мелі значную колькасную перавагу над крыжакамі.

На момант, калі 16 рэзервовых харугваў вялікага магістра завязлі ў сечы, не выканаўшы сваёй асноўнай задачы, лёс бітвы быў вызначаны.

(27KB) Схема 9. Захоп крыжацкага табару. Рэканструкцыя паводле С.Кучынскага, К.Тарасава, В.Чаропкi.

Палякі выстаялі. Ліцьвіны перашыхтаваліся. Вітаўт меў да 10 харугваў, якія наогул яшчэ амаль не ўдзельнічалі ў бітве. Татары Багардзіна перашыхтаваліся. Татары Джэлал-ад-Дзіна яшчэ не былі ў баі. Шыхт рыцараў Валенрода быў разламаны. Кіраванне імі парушылася. І ўся гіганцкая дуга пачала зацягвацца ў дзве пятлі вакол рыцараў Валенрода. Іх высеклі ў пень. І ліцьвіны рушыліся на дапамогу палякам, зайходзячы ў тыл крыжакам. Былі зацягнуты яшчэ дзве пятлі. І паводле адных крыніц хан Багардзін, паводле іншых проста драб Юры нанёс смяртэльны выт сякерай вялікаму магістру. Частка крыжакоў вырвалася і паспрабавала наладзіць абарону ў вагенбургу абозу, але і тут ім ратунку не было. Ратунак займелі рыцары Хельмінскай зямлі, па сутнасці -- тыя ж палякі, якія своечасова далі ходу з поля.

У бітве загінула ўся вярхушка ордэну. Сіла ордэну была падарвана. ВКЛ дасягнула мэты вайны. Яшчэ пасля шэрагу бітваў і перамоваў да ВКЛ канчаткова вярнуліся Жмудзь і Судавы. 500 гадоў збройны немец не ступаў на зямлю Беларусі і Летувы. Але ёсць у Грунвальскай перамогі і яшчэ адзін бок. На пагорках Грунвальда назаўжды за-сталася абсалютная большасць старых бе-ларускіх, чарнарускіх і ліцьвінскіх нобіляў. Вотчыны засталіся без гаспадароў, намес-ніцтвы -- без намеснікаў. І пачаўся працэс насаджэння на іх маладой каталіцкай шляхты. Не будзем тут ацэньваць ролю каталі-цызму і каталікоў у гісторыі Беларусі, але менавіта Грунвальдскі меч рассёк будучы беларускі народ на дзве часткі, а колькі бяды мы спазналі з-за гэтага, ведаюць толькі беларусы. На кожным чарговым этапе адраджэння, пачынаючы з Вітаўта (сабор у Канстанцы), мы імкнуліся гэты падзел пера-адолець і кожны раз нашыя суседзі пад выглядам абароны каталіцтва і праваслаўя рабілі ўсё, каб гэты падзел захаваць.

І, як адзін з вынікаў выту грунвальдскага мяча -- нашая Лідчына з каталіцкім і права-слаўным насельніцтвам, лічы, палова-на-палову.

Багародзіца

Мелодыя 13-га стагоддзя.

Сучасная апрацоўка тэксту

Яўгена Бартніцкага

(Санкт-Пецярбург).

Багародзіца,

Дзявіца,

Богам слаўлена Марыя!

У твайго сына,

Гаспадзіна,

Маці велічна, Марыя,

Нам ласкі прасі спаслаць

Кырые Элейсон

Ты дзеля

Хрысціцеля,

Божыча пачуй галасы,

Чалавечы думкі споўнь

І малітву нашу к Табе

А даць рач нам,

Молім Цябе:

Ва ўсім свеце збожны пабыт,

Па жывоце вечны ў раі быт

Кырые Элейсон.

На Беларусі друкуецца ўпершыню.

(49KB) Багародзіца.


Літаратура:

1. Stefan M.Kuczyncki. Bitwa pod Grunwaldem. Wydawnictwo "Slask", Katowice, 1985.

2. Кастусь Тарасаў. Памяць пра легенды. Мінск, "Полымя", 1990.

3. Константин Тарасов. Погоня на Грюнвальд. Москва. Военное издательство, 1986.

4. Станіслаў Суднік. На Грунвальдзкім полі. "Пагоня", 14-20 ліпеня 1995 г.

5. Himn, jaki spiavali nasyja dziady-licviny - "Baharodzica". "Krynica", №5, 1999.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX