Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Лідская адсеча 1506 г. 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 13-07-2002,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 15.



Воляй лёсу гораду Лідзе было наканавана за свае 678 гадоў існавання адзін раз стаць цэнтрам барацьбы нашай краіны і нашага народу супраць іншаземнага нашэсця. Адзін раз, 495 гадоў назад. Пачынаючы з 1480 года, калі Масква канчат-кова скінула мангольскае ярмо, для Вялікага княства Літоўскага наступілі цяжкія часы. Яно сталася галоўным аб'ектам маскоўскай экспансіі. Гэтая экспансія была бесперапыннай. Яна цягнулася з дня ў дзень, з году ў год, мела розныя формы і розную інтэнсіўнасць, але ніколі не перапынялася.

Калі войскам ці палітыкам Вялікага княства часова ўдавалася прыпыніць наўпроставую агрэсію, маскоўскія дыпламаты нацкоўвалі супраць ВКЛ то татараў, то туркаў, то падбухторвалі да бунту малдаван, то праваслаўных нобіляў ВКЛ, але спакою не было ні хвіліны.

Пасля смерці ў 1492 годзе караля і Вялікага князя Казіміра Ягайлавіча, паводле яго тастаманту каралём Польшчы быў абраны яго старэйшы сын Ян-Аль-брэхт, а Вялікім князем Літоўскім сярэдні сын Аляксандр.

Пачуўшы пра смерць Казіміра маскоўскі князь Іван ІІІ тут жа разарваў мірную дамову з ВКЛ і захапіў пяць гарадоў. Бесперапынны шэраг наездаў і войнаў не спыніў нават шлюб Аляксандра з дачкой Івана ІІІ Аленай. Цесць ваяваў з зяцем яшчэ больш заўзята. Войскі ВКЛ церпяць некалькі сур'ёзных паразаў. У гэтых войнах войскі ВКЛ біліся з маскоўцамі сам на сам. Ніякай дапамогі з боку Польшчы не было. У выніку гэтых войнаў ВКЛ страціла 19 гарадоў.

У 1501 годзе пасля смерці Яна-Альбрэхта Вялікі князь Аляксандр быў абраны яшчэ і каралём Поль-шчы. Ён спадзяваўся скарыстаць для вайны з Масквой польскія войскі, але з гэтага мала што атрымалася. Маскоўцы прадаўжалі націск на ВКЛ.

Нарэшце ў 1503 годзе з Масквой было заключана замірэнне на 6 гадоў. Адной з прычын гэтага замірэння было пагаршэнне здароўя Івана ІІІ, але маскоўскія дыпламаты зрабілі ўсё мажлівае, каб не даць спакою Літве. Пасольствы з багатымі падарун-камі (памінкамі) рушылі ў Крым і неўзабаве Перакопская арда хлынула на Украіну і Беларусь. У 1505 годзе татары дайшлі да Слуцка, Менска і Нава-градка, вывелі, калі верыць гістарычным крыніцам, каля 100 тысяч палонных. У тым жа годзе былі заатакаваны і паўднёва-заходнія землі ВКЛ, якім таксама хапіла бяды.

У 1506 годзе татары Мянглі-Гірэя зноў напалі на ВКЛ, спляжылі землі вакол Слоніма, Ваўкавыска і Ліды. На Лідчыне спалены Беліца, Збляны, Жалудок… Татарскія загоны выходзілі да Вільні. А што ж войскі і шляхта Вялікага княства?

Кожны горад, кожны замак, кожны шляхочы двор біліся з татарамі, але біліся фактычна самастойна, праяўляючы масавы гераізм. Мацнейшыя адбіваліся, слабейшыя станавіліся здабычай татараў. А ліцьвін-скім панам было не да татараў. У княстве трывала нутраная калатнеча. На гэты раз яна была звязана з асобаю Міхайлы Глінскага, таленавітага палітыка, выбітнага палка-водца, але і амбітнага авантурыста, маршалка дворнага. Тром братам Глінскім, іх сваякам і прыхільнікам супрацьстаялі старажытныя ліцьвінскія роды. Гэтае супрацьстаянне выльецца пазней у грамадзянскую вайну. У 1506 годзе да гэтага яшчэ не дайшло, але падзел грамадства быў ужо настолькі глыбокі, што пра нейкія сумесныя дзеянні супроць знешняга ворага амаль што нельга было гаварыць.

У ліпені 1506 г. 20-тысячная Перакопская арда пад даводствам сыноў Мянглі-Гірэя Біці-Гірэя і Бурнаш-Салтана неспадзявана ўварвалася ў межы ВКЛ і стала асноўным табарам пад Клецкам, разаслаўшы загоны па ўсёй Беларусі.

Вялікі князі і кароль Аляксандр у чэрвені 1505 года моцна захварэў. Яму паралізавала левы бок цела. Да лета 1506 года Аляксандру стала так кепска, што яго медык - гнезненскі канонін Мацей з Блоня параіў яму паклапаціцца пра выратаванне душы. 45-гадовы кароль перад тварам смерці прыняў рашэнне склікаць у ліпені 1506 г. сойм і перадаць усе правы на княства і каралеўства малодшаму брату Жыгімонту.

Вестка пра нашэсце татараў застала хворага Вялікага князя і караля ў Вільні. Аляксандр абвясціў паспалітае рушэнне (народнае апалчэнне шляхты). Месцам збору была вызначана Ліда, як галоўны горад усяго нёманскага правабярэжжа. Аднак у Ліду з'ехалася толькі 3 тысячы шляхты, што было вельмі мала для вайны з татарамі. Не было згоды і ў тым, хто ўзначаліць рушэнне. Шляхта патрабавала, каб начале рушэння стаў сам кароль. Зусім хворы Аляксандр у суправаджэнні жонкі Алены Іяанаўны мусіў выехаць у Ліду. З ім прыйшло яшчэ 4 тысячы шляхты і драгунаў, але ўзначальваць войска ён ужо не мог. Ён зусім абяссілеў. 24 ліпеня ў пакоях Лідскага замка кароль Аляксандр спавядаўся, прычасціўся і падпісаў духоўны тастамант, паводле якога пера-даваў уладу Жыгімонту. Тастамант быў падпісаны ў прысутнасці буйнейшых магнатаў ВКЛ і дробнай шляхты. Але падпісанне тастаманта не было апошняй зямной справай Аляксандра. Жорсткая рэчаіснасць так проста не адпускала яго з гэтага свету. Кароль вымушаны быў з апошніх сілаў прымяніць у апошні раз сваю каралеўскую і вялікакняскую волю і аргані-заваць адпор татарам.

Сабраная ў Лідзе шляхта ВКЛ належала да двух варожых груповак: старых ліцьвінскіх нобіляў і прыхільнікаў Глінскіх, якія, таго і глядзі, маглі заміж татараў схапіцца паміж сабою. Таму Аляксандр паставіў на чале рушэння вялікага гетмана і маршалка гаспадарскага, у 1493 г. намесніка лідскага, Станіслава Пятровіча Кішку, а першым намеснікам быў прызначаны маршалак дворны князь Міхайла Глінскі. Такім чынам адзінства войска было дасягнута.

С. П. Кішка тут жа разаслаў раз'езды вылоўлiваць і біць дробныя татарскія загоны з мэтай вызнаць месца знаходжанне татарскага табару. Паводле хронікі Быхаўца "у адной мілі ад Ліды пайшлі на іх, і Божай міласцю пабілі іх (татараў), некалькі жывых злавілі, а іншым голавы адсякалі і ў кайстры (taystry) клалі. Татары ж убачыўшы, што супраціўляцца ім не могуць, пабеглі. Яны ж вязнеў жывых да паноў прывялі, а голавы адсечаныя ў кайстрах прынеслі…".

Блізкасць татараў прымусіла атачэнне Вялікага князя і караля прыняць рашэнне пра вяртанне яго ў сталіцу. Паралізаванага Аляксандра паклалі ў калыску, прывязаную паміж двух коней, і ў супра-ваджэнні Вялікай княгіні Алены Іяанаўны, біскупа Войцах Табара, канцлера Яна Ласкага, намесніка гарадзенскага і ваўкавыскага Яна Заберазінскага і невялікага вайсковага аддзела на досвітку 27 ліпеня выехалі ў Вільню.

У Лідскім замку Аляксандр прабыў 4 ці 5 дзён. За гэты час ён здзейсніў дзве дзяржаўныя справы: падпісаў тастамант і арганізаваў адпор татарам. Далейшыя падзеі разгортваліся ўжо без яго.

За некалькі дзён пасля ад'езду Аляксандра ў Ліду падышло яшчэ тры тысячы шляхты, і ў першых днях жніўня 1506 года войска ВКЛ пад кіраўніцтвам С. Кішкі і М. Глінскага выйшла з Ліды.

Тры дні войска прастаяла пад Наваградкам, рассылаючы аддзелы для вылоўлівання татарскіх загонаў з мэтай дакладнага выведвання месца знаходжання асноўнага татарскага кошу.

Прачуўшы пра рух войска многія татарскія загоны кінулі рабаваць Беларусь і пачалі вяртацца пад Клецк да агульнага табару. Такім чынам 10-тысячнае ліцьвінскае войска 5 жніўня 1506 года выйшла на войска татараў. Паміж імі ляжала рэчка Лань. Улічваючы, што частка татарскіх загонаў была пабіта, а частка не паспела вярнуцца, бо нічога не ведала пра выхад ліцьвінаў, пад Клецкам было не больш 15 тысяч татараў.

Падчас паходу цяжка захварэў 60-гадовы С. Кішка і ён афіцыйна перадаў ўсё камандаванне на войскам ВКЛ маршалку дворнаму князю Міхайлу Глінскаму. Версія пра наўмысную хваробу гетмана падстаў не мае. На гэты момант дзейнічалі ўжо ваенныя законы. Ні адзін шляхціц, ні адзін князь, будзь ты хоць Гедымінавіч, не мог не падпарадкавацца Глінскаму. Лёс кожнага з іх быў у руках новага гетмана. Разам з тым на Глінскага легла і ўся адказнасць за лёс бітвы, лёс войска і лёс краіны. Трэба адзначыць, што вайна з татарамі для Глінскага не была навіной. Яшчэ да паспалітага рушэння Глінскі па ўласнай ініцыятыве, адбіваючы наезд татарскага загону, злавіў і даставіў да Вялікага князя татарына Сахмата, які служыў Аляксандру, а потым перабег да татараў.

Ваяваць з татарамі па-рыцарску, весці супраць 15 тысяч, 10 тысяч шляхты ў лоб Глінскі і не думаў. Рэчка Лань каля Клецка цячэ строга з поўначы на поўдзень, недзе кіламетраў праз 10 забіраючы на ўсход.

Глінскі падышоў да Лані з заходняга боку, з боку Ляхавіч. Татарскі табар стаяў на ўсходнім баку ў міжрэччы Лані і Цэпры, яе левага прытока. Такое размяшчэнне татараў тлумачыцца або нахабствам і ўпэўненасцю ў слабасці ліцьвінаў, або недасвед-чанасцю маладых царэвічаў.

Войскі Глінскага выходзілі да Лані калонай, або, дакладней будзе сказаць, уступам. У той час, калі пярэднія аддзелы, або правы фланг выйшлі да рэчкі, заднія, або левы фланг значна адставалі.

Правае крыло Глінскага сходу ўступіла ў перастрэлку з татарамі. Пад татарскімі стрэламі пачалі наводзіць дзве гаці. Палячы з рушніцаў і мушкетаў драгуны Глінскага адганялі татарскіх лучнікаў ад берага, даючы магчымасць перадавым аддзелам без вялікіх стратаў масціць рэчку.

Правае крыло разгарнулася ў баявы парадак і пачало пераправу. Татары злёгку падаліся назад пад націскам ліцьвінаў і ў выніку з трох бакоў абхапілі іх. Над гэтай часткай войска навісла пагроза поўнага знішчэння. Войска Глінскага не мела вялікай зброй-най перавагі на татарамі. Яно ў большасці сваёй складапася з шляхты, што больш была аратымі, чым ваякамі. Таму толькі мужнасць і адвага давалі магчымасць гэтым 6 - 7 тысячам трымаць усе 15 тысяч татараў.

У гэты час Глінскі прытрымваў лепшыя 3 тысячы і толькі, калі ўбачыў, што ўсе татары завязлі ў сечы, кінуў свае тысячы ў Лань з кіламетр вышэй па цячэнні, дзе быў загадзя разведаны брод, і яны без усякіх гацяў пераправіліся на ўсходні бераг.

Тры тысячы шляхты атакавалі татар у бок, рассеклі на папалам. Адну частку заціснулі паміж сваімі двума флангамі, другую пагналі ў бок Цэпры. Вось тут і вылезла татарам бокам іх самаўпэўненасць. Мноства татараў было патоплена ў Цэпры і пры-бярэжных балотах. Невялікае возера на полі бою было чырвонае ад крыві і дагэтуль называецца Чырвоны Стаў.

Частка татараў вырвалася у бок Капыля. Туды кінула свае аддзелы Настасся Слуцкая, якая ўзна-чальвала абарону Слуцка.

Татараў гналі і білі да Ўкраіны і па Ўкраіне. Было вызвалена 40 тысяч вязняў, узята 30 тысяч коней. Бітва пад Клецкам - адна з найслаўнейшых бітваў войскаў ВКЛ, вяршыня вайсковай славы беларускай шляхты.

Вайсковая аперацыя па перахопу наезнікаў і вызваленні палонных у Вялікім княстве называлася адсечай. Аперацыю 1506 года, якая пачалася з Ліды, мы зусім справядліва можам назваць Лідскай адсечай.



Глінскія і Ліда

Шляхецкі род Глінскіх бярэ сваю назву ад г. Глінска на Смаленшчыне, нададзенага ім Вялікімі князямі Літоўскімі. У цэлым жа, іх радавод вядзецца ад татарына Алексы (Leksy), які прыбыў на службу ў Вялікае княства Літоўскае яшчэ пры вялікім князі Вітаўце (1391-1430). Паступова выдзяліліся дзве галіны роду: у Смаленскай зямлі і ў цэнтры ВКЛ. З цягам часу сувязі паміж галінамі амаль перарваліся. Другое ж з адгалінаванняў хутка параднілася з праваслаўнымі радамі Вялікага Княства: Меляшковічамі, Дрожджамі, Храбтові-чамі і інш. Гэтая частка роду ўсё больш набывала моц і зямельныя валоданні. Пры вялікім князі Аляксандры Казі-міравічы (1492-1506) яна была ў зеніце велічы. Адзін з прадстаўнікоў роду Міхал Львовіч Глінскі па мянушцы Мажны (1470-24.09.1534) фактычна стаў фаварытам (1499-1506) Вялікага князя Аляксандра Казіміравіча. Сучаснік падзей германскі дыпламат Жыгімонт Герберштэйн лічыў, што на той час Глінскія валодалі амаль паловай Вялікага княства Літоўскага, і ніводнае важнае рашэнне вялікі князь не прымаў без парады Міхала Глінскага. Магчыма, што гэтае сцверджанне перабольшанае, але напэўна ў нечым выражае сутнасць справы. М. Глінскі хутчэй за іншых прасоўваўся па службовай лесвіцы. Яшчэ юнаком ён накіраваўся за мяжу, дзе пражыў 12 год, служыў пры двары германскага імператара Максіміліяна, прайшоў усе прыступкі вайсковай службы, вызначыўся ў войску саксонскага курфюрста Альбрэхта пад час вайны ў Фрызіі (Фрызія або Фрысляндыя - цяпер правінцыя ў Нідэрландах), затым вучыўся ў Італіі, дзе прыняў каталіцтва, у Германіі, быў у Іспаніі. На той час гэта быў па-еўрапейску добра адукаваны чалавек. Ён валодаў замежнымі мовамі, быў умелы ў фехтаванні, прыгожых манерах, танцах. У 1497 г. Глінскі удзельнічаў у т. зв. чарнаморскай выправе польскага караля Яна Альбрэхта, брата Вялікага князя Літоўскага Аляксандра, потым вярнуўся ў Германію. У канцы 1498 - пачатку 1499 г.г. пераехаў на сталае месца жыхарства ў ВКЛ. Кар'еру першапачаткова зрабіў з дапамогай брата Івана, які з 1495 г. быў намеснікам ожскім і пераломскім. У 1499 г. Міхал быў ужо маршалкам дворным. Іван Львовіч Глінскі ў 1501 г. стаў маршалкам гаспадарскім, харунжым літоўскім, а ў 1505 г. кіеўскім ваяводам, адначасова ён быў намеснікам бельскім. Трэці з братоў, Васіль "Сляпы" быў з 1500 па 1505 г.г. намеснікам васілішскім і падстолім літоўскім, у 1505 г. стаў старастам і ключнікам берасцейскім. Як бачна, Глінскія займалі высокія пасады ў Вялікім княстве. Мелі яны і вялікія зямельныя валоданні. Дзякуючы вялікакняскім наданням Міхал Глінскі валодаў дварамі ў Троках і Вільні, у Забалоцці ў Васілішскім павеце, а таксама Ласоснай па князі Міхале Цвярскім, Клявецкім дзесяткам у Ваўкавыскім павеце. У той жа час М. Глінскі ўладкаваў свайго стрыечнага брата Андрэя Дрожджу на Лідскае намесніцтва, што, па звестках Хронікі Быхаўца, стала непасрэднай прычынай канфлікту Глінскага з троцкім ваяводам Янам Юр'евічам Заберазінскім, які выступіў у абарону папярэдняга намесніка свайго сваяка Юрыя Ільініча. Канфлікт зацягнуўся, ён суправаджаўся шматлікімі абвінавачваннямі адзін аднаго ў невыкананні дзяржаўных абавязкаў і нават замахамі на жыццё. Аднак пры Вялікім князі Александры ён быў прыглушаны, тым больш, што Глінскі заставаўся фавары-там. Заберазінскі фактычна ўпаў у няміласць пры двары, хоць сваіх пасад спярша не страціў. На яго баку выступілі радныя паны, віленскі біскуп Войцах Табар, ваявода віленскі Мікалай Радзівіл, жамойцкі стараста Станіслаў Яновіч, полацкі ваявода Станіслаў Глябовіч, смаленскі намеснік С. П. Кішка. яны вырашылі не дапусціць Дрожджу на Лідскае намесніцтва. Гэта была сур'ёзная апазіцыя, але Аляксандр сапраўды слухаўся М. Глінскага. У 1505 г. ён выклікаў свавольных паноў на сойм у Бярэсце, каб пакараць. Па намове ж фаварыта Аляксандр Казіміравіч адабраў у Яна Забярэзінскага пасаду троцкага ваяводы, Юрый Ільініч быў кінуты ў астрог, а панам-радзе было загадана "на вочы не трапляць манарху". Відаць не здарма польскі храніст Мацей Стрыкоўскі назваў Міхала Глінскага "злым духам, які ўносіць варожасць паміж шляхтай і вялікім князем". Толькі заступніцтва кароннага гетмана Яна Ласкага, біскупа Яна з Асвенцыму ды палымяная прамова біскупа Яна Табара супраць намовы выратавалі гэтых магнатаў ад пакарання. Аднак Міхал Глінскі захоўваў свае пазіцыі пры двары. Асабліва ўзмацнілася яго становішча пасля славутай перамогі над крымскімі татарамі ў бітве пад Клецкам 5 жніўня 1506 г., у якой ён камандаваў войскамі Вялікага княства Літоўскага. Асабістыя спрэчкі Глінскага - Заберазінскага ўпляліся ва ўнутрыдзяржаўны канфлікт з-за Мельніцкай уніі 1501 г. паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім, па якой літоўская шляхта прымала ўдзел у выбарах польскага караля, а ў выпадку небяспекі для ВКЛ Польшча павінна была даць яму дапамогу. Менавіта прыхільнікі Яна Заберазінскага выступілі супраць уніі, бачачы ў ёй небяспеку уціску незалежнасці Вялікага княства. "Партыя" ж Глінскага выступіла за унію і перадачу трона ў выпадку смерці бяздзетнага Аляксандра яго брату Жыгімонту. Але тым больш дзіўна выглядае тое, што пасля смерці ў 1506 г. Аляксандра Казіміравіча былы вялікакняскі фаварыт трапіў у няміласць да Жыгімонта. Заберазінскі пачаў абвінавачваць яго ў дзяржаўнай здрадзе, а новы манарх не рэагаваў на просьбы Глінскага абараніць яго ад такіх цяжкіх абвінавач-ванняў і разабраць справу ў судзе. Урэшце рэшт гэты вельмі ганарлівы магнат не вытрымаў і сапраўды прапанаваў саюз ворагу-маскоўскаму вялікаму князю Васілю ІІІ (1505-1533). Для апошняга Глінскі быў выгадным саюзнікам у вайне з ВКЛ за памежныя землі. Ён паабяцаў пакінуць яму ўсе землі, цвердзі, якія М. Глінскі захопіць і будзе ўтрымліваць у ВКЛ. У 1507 г. апошні арганізаваў рокаш з мэтай стварэння з часткі зямель ВКЛ т. зв. Вялікага княства Рускага. Рокаш пачаўся з расправы над Я. Заберазінскім каля Горадні. Дзеянні ракашанаў былі скаардэнаваны з наступленнем маскоўскіх войскаў. Але задума не ўдалася: авантура не атрымала падтрымкі ў насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, да таго ж Васіль ІІІ, убачыўшы беспаспяховасць далейшай вайны, адмовіўся ад паслуг Міхала Глінскага. Па ўмовах міру 1508 г. паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай яму з прыхіль-нікамі было дазволена выехаць у апошнюю. Але не задаволіла яго і становішча ў чужой дзяржаве. У хуткім часе Міхал Глінскі быў схоплены і кінуты ў астрог за спробу зноў перайсці на бок Вялікага княства Літоўскага. Хоць перад сваёй смерцю Васіль ІІІ вызваліў яго па просьбе пляменніцы Міхала Алены Глінскай, з якой нядаўна ўзяў шлюб, але хутка князь Міхал зноў трапіў за краты, абвінавачаны ў атручванні Васіля ІІІ. 24 верасня 1534 г. ён памёр.

Валеры Шэйфер, аспірант ГрДзУ ім. Я. Купалы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX