Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Лідчына ў паўстанні 1794 года 


Аўтар: Сліўкін В.,
Дадана: 15-05-2008,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 25-26.



"Паўстанне 1794 г. з аб'яўленнем вайны Расіі і Прусіі і з дыктатурай Касцюшкі было перадсмяротнай сутаргай Польшчы."
В. Ключэўскі.

24 сакавіка 1794 года ў Кракаве Тадэвуш Касцюшка абвясціў Акт Паўстання. 16 красавіка да паўстання далучылася 19 афіцэраў літоўскай кавалерыі, размешчанай у Шаўлях (суч. Шаўляй). У ноч на 23 красавіка паўстанцы задушылі супраціў расейскай залогі ў Вільні.

Створаная паўстанцамі Найвышэйшая Літоўская Рада 24 красавіка выдала Маніфест (Універсал) аб далучэнні да паўстання ў Польшчы і заклікала зброяй здабываць свабоду і грамадзянскую роўнасць. У той жа дзень на гарадскім рынку ў Вільні "літоўскі Арыстыд" Юры (Ежы) Белапятровіч (лідскі стражнік у 1764 г., лоўчы ў 1771 г.) зачытаў акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. (6. С. 345). Мэта паўстання: Рэч Паспалітая ў межах 1772 года з канстытуцыяй 1791 года. Лозунгі паўстання: свабода, цэльнасць, незалежнасць. Літоўская Найвышэйшая Рада ўключала 29 пастаянных сяброў, у тым ліку лідскага войскага Дамініка Нарбута і лідскага лоўчага Юрыя Белапятровіча. 25 красавіка Крымінальны Суд, які ўзначальваў Д. Нарбут, адправіў на шыбеніцу вялікага гетмана Шымона Касакоўскага (4. S. 13).

3 траўня Найвышэйшая Літоўская Рада прызначыла палкоўніка корпуса інжынераў Якуба Ясінскага начальнікам Узброеных сілаў ВКЛ. 7 траўня пад Палянамі за 7 км ад Ашмян адбылася шасцігадзінная жорсткая бітва паўстанцаў з рускай часткай палкоўніка Дзеева.

11 траўня Я. Ясінскаму прысвоена званне генерал-паручніка.


Прысягі жыхароў Лідскага павету

29 красавіка ў Сукурчах таемна сабралася некалькі лідскіх шляхціцаў, у тым ліку лідскі земскі суддзя Аўгустын Шэмет і таемна падпісалі Акт паўстання. Яны выбралі дэлегатам у Раду ад Лідскага павету Ігната Кастравіцкага.

Эйшышскія шляхціцы: пісар Кароль Буржынскі, Ян Запаснік і яшчэ 20 чалавек прынеслі прысягу 1 траўня: "Мы, ніжэйпадпісаўшыяся шляхта і абывацелі Лідскага павету, рухомыя ахвотай і добрай воляй, Універсал Найвышэйшай рады ВКЛ аб акце паўстання народа Рэчы Паспалітай, створаны і абвешчаны 24 красавіка ў горадзе Вільні, у якасці здзейсненага акта іх міласцяў ураднікаў, шляхты і абывацелеў Лідскага павету пад прысягай запісваем у акты земскія Лідскага павету і ў канцы подпісамі завяраем, што аддамо маёмасць і сваё жыццё дзеля перамогі вялікага паўстання Рэчы Паспалітай" (3. № 47).

У гэты ж дзень па прыватнай ініцыятыве лідскага старасты Язэпа дэль Кампа Сцыпіёна ў яго двары таемна сабраліся некаторыя шляхціцы і запісаліся ў Акт без прынясення прысягі. Пазней лідскі падстолі Ян Альшэўскі і інш. адракліся ад гэтага Акта і далучыліся да публічнага саюзу.

2 траўня ў Лідзе на Рынкавай плошчы - "на месцы звычайных абрадаў" - былі зачытаны Акты паўстання сялянам і мяшчанам, што сабраліся на кірмаш. "Усе слухалі іх з вялікай цікавасцю, прысягнулі і радасным крыкам паказалі праўдзівы намер забіваць і знішчаць непрыяцеля." (2. № 25).

Дэлегатам у Раду быў абвешчаны Ігнат Кастравіцкі, які не прысутнічаў на сходзе. Шляхціцы Міхал і Юры Тукалы, а таксама Адам Коркуць заявілі пратэст супраць абрання Ігната Кастравіцкага дэлегатам, паколькі ён быў абраны "раней з'яўлення гэтага Універсала ў актах з-за спазнення абывацеляў павету, якія думаюць патрыятычна." (3. № 46).

3 траўня абывацелі Слонімскага і Лідскага паветаў слонімскі земскі суддзя Ігнат Шукевіч, слонімскі мечнік Антон Шукевіч і яшчэ 13 чалавек "... бачачы ў Акце паўстання самую шчырасць на выратаванне нашай Айчыны ўсімі спосабамі..." падпісалі Акт сваімі рукамі з прысягай "... несучы ў ахвяру на служэнне народу жыццё, маёмасць і найвярнейшае паслушэнства загадам Найвышэйшай рады, усім дэпутацыям і магістратурам, якія тым Актам устаноўлены і заснованы быць могуць" ( 3. № 48).

16 траўня прысягу ад імя свайго хворага брата Ігната Свідэрскага, гродскага рэгента Лідскага павету прынёс красамоўны рэгент Парадкавай камісіі Лідскага павету Адам Свідэрскі: "... здзяйсняю сведчанне майго брата разам з прысягай у Акты шчаслівага паўстання польскага народу, ... шчырых абывацеляў, якіх вядзе памкненне на ўтрыманне бацькоўскіх свабодаў, цэласці межаў, усеагульнага шчасця і пазбаўлення імені паляка ад ускладзенага ярма няволі, панавання дэспатызму, створанага двума замежнымі дварамі, маскоўскім і прускім. Калі пасля нанясення столькіх ужо паразаў і ганьбаў, тыя ж двары вялікую ад вякоў прэрагаціву паляка, вольнасць і незалежнасць, якія імя паляка прывыкла з самага пачатку яго існавання бесперапынна шанаваць за ўсеагульны дар і ахвотна карыстацца, а ўсяго больш само існаванне паляка знішчаць і частку братоў бязлітасна прыгнятаць цераз падзел краю і навяртаць да няволі пад панаваннем свайго дэспатызму цераз прымусовы з Масквой акт Таргавіцкай канфедэрацыі, згаданы акт паўстання кракаўскага і віленскага народу сваёй сутнасцю вяртае Айчыну да сваёй зыходнай святасці і тым самым заахвочваючы нас усяцэла дасягнуць шчасця, паўстаць з пылу і залячыць рубцы Айчыны, прыбліжае жаданую пару, калі толькі гэтую мужнасць захоча і здалее ўважыць". ( 3. № 59).

19 траўня прысягнулі для запісу ў земскія пратаколы Лідскага павету перад суддзём павету М. Мурачэўскім жыхары Ражанскай парафіі Людвік Макрыцкі, Гіпаліт Жаба, Ануфры Шымкоўскі і інш.: "Калі актам свайго паўстання... літоўскі народ з ярма няволі, краю прорвы, пашчы людаедаў выбраўся і выжыў, калі тым днём, здабытая продкамі ад прыгнёту ворагаў, ад помсты здраднікаў, адрадзілася вольнасць паляка, калі народ па большай частцы цешыўся ў трыумфах, у радасцях і захапленнях, тады мы і ўся ражанская парафія, не ведаючы пра паўстанне літоўскага народу, не маючы ніякіх дасланых універсалаў, ні войска, ні збройнага люду, абліваліся крывавымі слязьмі...

Пасля адходу непрыяцеля (расейскага корпуса Цыцыянава), вярнуўшыся з лясоў, балот і пушчаў у свае ўжо разбураныя дамы, раніцай 17 траўня мы даведаліся пра паўстанне літоўскага народа і ... загадзе ... абывацелям з'явіцца для ўзнаўлення прысягі і для абрання генерал-маёраў і павятовых ротмістраў.

Пагэтаму мы з найвялікшай ахвотаю ступаючы на падтрымку Айчыны і акта паўстання літоўскага народу, далучаемся да таго акту, яму ... прысягаем і абавязуемся як мага дакладней выконваць розныя даручэнні, прадпісаныя Найвышэйшай Віленскай Радай." (3. № 63).

Прысягалі лідскія шляхціцы да 6 чэрвеня, падпісалася 597 чалавек. Для тых, хто сумняваўся ці быў нязгодны, на Рыначнай плошчы была пастаўлена шыбеніца.


Лідская парадкавая камісія

5 траўня на падставе "Універсала да ваяводстваў і паветаў правінцыі Вялікага Княства Літоўскага і гарадоў вольных" Найвышэйшай Рады ВКЛ у Лідзе была створана Парадкавая камісія Лідскага павету. У яе склад увайшлі лідскі стараста Язэп Сцыпіён, гарадскі суддзя, камісар вайскова-цывільны Міхал Тукала, пісар земскі, харунжы, камісар грамадзянскіх войскаў Францішак Александровіч, камісар грамадзянскіх войскаў павету Адам Коркуць, мечнік, камісар грамадзянскіх войскаў Адам Гарваскі, камісар, дэлегат Ліды Казімір Маскевіч. (2. № 25). Пасля 30 траўня парадкавая камісія была расшырана да 21 сябра, складалася яна з 7 аддзелаў (скарбу, парадку, бяспекі, справядлівасці, харчавання, вайсковых патрэб і інструкцый), у кожным аддзеле было па тры камісары.

Аддзел маёмасці: Язэп Радзівонаўскі, Язэп Александровіч, Тадэвуш Паўлоўскі (Паўлікоўскі).

Аддзел парадку: Тадэвуш Фуярскі, Матэвуш Глушынскі, ксёндз Фларыян Крушэўскі.

Аддзел бяспекі: Міхал Тукала, Ігнат Кастравіцкі (генерал ВКЛ у 1792 г.), ксёндз Францішак Машэўскі.

Аддзел справядлівасці: Антон Александровіч, Язэп Александровіч, Адам Свідэрскі.

Аддзел харчавання: Аляксандр Шумкоўскі, ксёндз Ян Даўкша, Казімір Маскалевіч, Юры Дашкевіч.

Аддзел вайсковых патрэбнасцяў: Мартын Умастоўскі, Язэп Дамінік Шалевіч, Ручынскі, (Рачуцкі, да 30 жніўня), ксёндз Себасцян Дубоўскі, ксёндз Самуэль Кунцэвіч (з 30 жніўня).

Аддзел інструкцый: ксёндз Язэп Рыхліцкі (Рыхлоцкі), Тамаш Францішак Вільканц, Ян Габіхт.

Сакратаром Парадкавай камісіі быў Эдвард Захваловіч.

Эpйшышскія абывацелі генерал-маёрам Эйшышскага павету абралі Язэпа Сядліцкага. Лідскія абывацелі свой выбар спачатку спынілі на падкаморыі Яўхіме Нарбуце, але паколькі ён разам з братам шамбелянам Казімірам садзейнічаў таргавічанам, то 20 чэрвеня яго замянілі на брата лідскага старасты Караля Сцыпіёна. У кастрычніку Караля Сцыпіёна змяніў Язэп Сядлікоўскі. (1. С. 346). У Лідскім павеце не было рэгулярнага войска. Парадкавая камісія настойліва прасіла Раду прыслаць войскі для абароны ад небяспекі. "Нават малалікае рэгулярнае войска ажывіць дух абывацеляў, заахвоціць смялей злучацца, можа хутчэй абудзіць дагэтуль пахаваную адвагу, прыспешыць ваколіцы, вёскі і двары сабрацца на абарону... з чаго атрымаецца... больш бяспекі для касы ад паступлення падаткаў і збору рэкрутаў". (2. № 25).


Паход корпуса П. Д. Цыцыянава з Гародні ў Мір цераз Лідскі павет

Атрымаўшы звесткі пра паразу Віленскай залогі, расейскі генерал-маёр князь П. Д. Цыцыянаў садраў з Гародні 100 тыс. рублёў кантрыбуцыі і павёў свой корпус (7715 штыхоў) цераз Шчучын, Беліцу на Мір-Нясвіж, на злучэнне з корпусам генерала Т. Туталміна. Да яго далучылася 1715 салдат віленскай залогі. Па дарозе салдаты разрабавалі Ражанкаўскую парафію, прылеглыя да тракту двары і фальваркі."... жорсткія казакі і разбэшчаныя салдаты, уварваўшыся 7 траўня ў ражанскую парафію, адных з нас мучылі і палілі, білі і насмерць забівалі, нашыя грошы, срэбра і золата, каштоўнасці, сукно, шаблі, стрэльбы, пісталеты, дзядамі і прадзедамі пакінутыя і сваёй працай сабраныя, таму што дзікі казак і азвярэлы салдат зверскімі і ганебнейшымі мукамі забіраў збожжа рознага гатунку і ўраджаю, таксама сена сваім рабаўнічай нешкадобай вораг сажраў і растаптаў, нямала прысвоіў сялянскай і фальваркавай жывёлы, падданых і дваровую чэлядзь, слуг і эканомаў біў, забіваў, мучыў і катаваў, словам, адных з нас да труны давёў, а нас, жывых, да апошняй патрэбы, жабрацтва і плачэўнага стану распушчанае казацтва давяло. Мы ж, спытаўшы пабоі і мукі, са страху пакідаўшы свае дамы, схаваліся ў лясах, стэпах і топкіх балотах, дзе, ратуючы сваё жыццё ў адной толькі кашулі і лахманах, спазналі вялікі голад. Словам, усе тыя дні, якія мы правялі з 7 да 16 траўня па лясах і балотах, падаліся нам канцом свету і жыцця, цэлым землятрусам". ( 3. № 63).

Паведамляючы пра адход свайго корпуса, П. Д. Цыцыянаў дакладваў: "Войска расейскае ў Беліцы не знайшло нічога польскага, акрамя яўрэяў, якія падтрымлівалі таемную карэспандэнцыю з паручнікам Корсакам, што стаіць лагерам пад Лідай".

12 траўня польская кавалерыя пад камандаваннем Самуеля Корсака атакавала часткі расейскага корпуса пад Беліцай, але поспеху не мела. За дзесяць гадзін 13 траўня пад кіраўніцтвам капітана артылерыі Аляксандра Барысавіча Фока цераз Нёман быў пабудаваны мост даўжынёй у 38 сажаняў (80 м), па якім расейскі корпус перайшоў на левы бераг.

15 траўня корпус П. Д. Цыцыянава прыбыў у Мір, страціўшы пры будаўніцтве пераправы і ў дробных сутычках 2 чалавекі забітых і 5 параненых. (1. С. 344).

У той жа дзень Т. Касцюшка раздзяліў літоўскае войска на тры корпусы з трыма камандуючымі: Я. Ясінскім, А. Хлявінскім і Ф. Сапегам. 21 траўня ў Жырмунах Ясінскі атрымаў паведамленне ад Касцюшкі аб прысваенні яму годнасці Вярхоўнага галоўнакамандуючага паўстанцкіх сілаў ВКЛ. З 18 па 26 траўня Ясінскі стварыў склады паўстанцкай арміі ў Веранове, Лідзе і Гаўі, пасля чаго вырашыў ісці цераз Іўе на Валожын і высунуўся з Ліды пад Ліпнішкі. Расейскі корпус Бенігсена, перайшоўшы Нёман хуткім маршам рушыў насустрач корпусу Ясінскага.


Бой пад Ліпнішкамі

27 траўня пад Ліпнішкамі на беразе Гаўі адбыўся бой паміж корпусам Ясінскага і рускім корпусам Лявона Бенігсена. Паводле Л. Бенігсена корпус "хуткімі крокамі спусціўся да пераправы, шчасліва перайшоў лес па лагчынах і зшыхтаваў свае сілы ў дзве калоны. Супраціўнік сустрэў кананадай і то спыняўся, то падаваўся назад. Я, звярнуўшы ўвагу на адступленне іх конніцы.., выцяў на іх левае крыло, якое пры малым супраціве павалена са стратаю на месцы каля 200 чалавек... Потым кінулася ўся збродня на ўцёкі..., чэрнь схавалася ў лес, а войскі адступаючы, запаліўшы мост, рассыпаліся таксама па лясах". Ясінскі адышоў у Дворышча, склад з Гаўя быў эвакуяваны, мост цераз Жыжму спалены. А. Хлявінскі са сваім корпусам прастаяў гэты дзень пад Мыто, чакаючы падходу Ф. Сапегі.


Чэрвенскія падзеі

Ліда стала вярбовачным пунктам, сюды збіраліся ва ўзброенае апалчэнне рэкруты з усяго павету, ствараліся конныя аддзелы і аддзелы касінераў, мабілізаваны былі таксама лідскія мяшчане.

1 чэрвеня Я. Ясінскі выдаў "Універсал" для павятовых генерал маёраў аб тэрміновай арганізацыі спецыяльных дыверсійных 300-асабовых конных аддзелаў для арганізацыі партызанскага руху ў тыле расейскага войска.

6 чэрвеня паўтысячны аддзел М. К. Агінскага выйшаў з Вільні ў Менскае ваяводства.

У гэты ж дзень шляхціц Мартын Тызенгаўз заявіў пра сваю няздольнасць своечасова паставіць рэкрутаў ва ўзброенае апалчэнне: "Я, ніжэйпадпісаны, сведчу перад актамі земства Лідскага павету, што з-за шматтыднёвага прахода цераз ельненскую парафію непрыяцельскага войска, што пагражала майму маёнтку, ... я ... падобна эмігранту ратаваў сваё жыццё... Зараз жа, прыбыўшы ў вольнае месца Ліду, я, як згодны з думамі народу патрыёт, ... пацікавіўся пра якія небудзь універсалы і з прыватнага рэха даведаўся, што па генеральнаму ўніверсалу 6-га дня гэтага месяца без папярэдняга ўрадавага раскладу належыць даставіць рэкрута з 5 дымоў.

Нягледзячы на сваю ахвоту заўсёды старанна клапаціцца аб лёсе Айчыны, я не магу даць указаных рэкрутаў ў такі кароткі час з-за бунту сялян у маім застаўным фальварку Косцішчах, а тым больш не здольны з-за гэтага памясціць у належнае месца лінейнага рэкрута.

Па гэтых прычынах, каб не патрапіць пад суд публічнай крытыкі, а тым больш якога-небудзь абывацеля, я падаю гэтае сведчанне для запісу ў пратакол." ( 3. № 74).

10 чэрвеня ў Лідзе сабраліся крымінальныя суддзі Лідскага павету: Антон Александровіч (прэзідэнт), Аўгуст Шэмет, Міхал Зянковіч, Пётр Губарэвіч, Ян Макрэцкі, Матэвуш Глушынскі, Тадэвуш Паўлікоўскі ды Язэп Раеўскі і прынялі прысягу ў адпаведнасці з ардынацыяй Часовай Рады літоўскага народа ад 24 траўня і ў той жа дзень пачалі суды, а для вядзення сентэнцыяруша (хронікі) аднагалосна выбралі суддзём Матэвуша Глушынскага, судовым пісарам Ігната Яча, адвакатам - Мацея Шалевіча і прынялі ад іх прысягу. (2. № 28).

13 чэрвеня лідскія суддзі на дзесяць дзён адлажылі судовыя паседжанні і дэлегавалі пісара Ігната Яча ў Найвышэйшую Літоўскую Раду для атрымання рэквізітаў, пячаткі і рэзалюцый па ўзніклых пытаннях. Аднак у гэты час Найвышэйшая Рада была распушчана Т. Касцюшкам, а заміж яе ў Гародні быў створаны выканаўчы орган паўстання ў ВКЛ - Цэнтральная Дэпутацыя.

14 чэрвеня Т. Касцюшка адхіліў Я. Ясінскага ад кіраўніцтва паўстаннем у ВКЛ, абвініўшы яго ў сепаратызме, і прызначыў камандуючым разважлівага, але бесталаннага генералпа-ручніка Міхала Вельягорскага.

15 чэрвеня дыверсійны аддзел М. К. Агінскага ўвайшоў у пусты Івянец, цераз тры дні пад Вішневам яго нагналі і разбілі расейскія войскі пад камандаваннем М. Зубава.

15 чэрвеня (4 па ст. ст.) камандзір расейскай дывізіі генерал маёр Б. Ф. Кнорынг паведаміў з Іўя князю М. В. Рапніну, што "мае намер ісці на Дзевянішкі, каб не дапусціць злучэння Ясінскага з Хлявінскім, які знайходзіўся паміж Лідай і Мыто, тым самым загарадзіць дарогу на Вільню", а пасля ажыццяўлення гэтага манеўру паверне да Ліды, "каб у гэтым горадзе адалець узбунтаваўшаеся войска".

19 чэрвеня за Нёманам два дзесяткі казакаў захапілі ў палон двух яўрэяў з Беліцы. Адзін з яўрэяў сумеў уцячы дадому. Камендант Бяляк быццам бы адправіў у выведку 11 вершнікаў. Аднак, гэтыя вершнікі казакаў не толькі не распужалі, але і ў палон трапілі. (2. № 27).

21 (10 па ст. ст.) чэрвеня П. Д. Цыцыянаў далажыў генерал-паручніку Т. І. Туталміну, што ў Лідзе паводле атрыманых ім звестак "да 2000 польскага войска". У той жа дзень Б. Ф. Кнорынг выступіў у Дзевянішкі "для разбіцця корпуса польскіх ракашан, які быў пад кіраўніцтвам Хлявінскага і знайходзіўся ў Лідзе і Мыто... Але, калі я прыйшоў на другі дзень ў мястэчка Дзевянішкі, даведаўся..., што Хлявінскі, будучы адкліканым Касцюшкам, здаў сваю каманду палкоўніку Мейену, пры якім знайходзіўся сам кіраўнік усіх узброеных сілаў, якія дзейнічаюць супроць нас, які даведаўшыся, што я на шляху ўжо да Ашмянаў, выступіў і ў той дзень, у які я прыйшоў у Ашмяны, меў начлег у Веранове, кіруючыся да Вільні, пакідаючы пасля сябе толькі генерал-маёра Лідскага павету Цыпіёна (Сцыпіёна) для набору з тамашняга павету рэкрутаў і збору шляхецтва, як і ўзбраення іх". ( 3. № 95).

Б. Ф. Кнорынг выслаў з Дзевянішак на Ліду "для рассеяння натоўпу генерал-маёра Цыпіёна" (Сцыпіёна) аддзел пад камандаваннем падпалкоўніка І. М. Эсена, а менавіта, 120 егераў, эскадрон драгун, адну пушку і некалькі казакаў; для паскарэння маршу егеры былі пасаджаны на коней. Недалёка ад Ліды І. М. Эсен атрымаў вестку, што сабранае ў Лідзе апалчэнне, даведаўшыся пра яго набліжэнне, адступіла ў бок Жалудка. "Але паблізу Ліды вышэйапісаны падпалкоўнік, як пасля даносіў мне, атрымаў вестку, што ўся гэтая шайка, атрымаўшы вестку аб яго прыбыцці, разбеглася, і схопленыя сяляне вернуты ў іхнія жытлы. Паспела адыйсці з названым генерал-маёрам Цыпіёнам (Сцыпіён) толькі шляхецтва і некаторая колькасць мужыкоў, якія паспешна рушылі да мястэчка Жалудок, і перахапіць гэтых апошніх было ніяк немагчыма, таму што яны былі на конях". (3. № 95)

23 чэрвеня генерал-маёр Лідскага павету Кароль Сцыпіён і Парадкавая камісія звярнулася ў ЦД з просьбай выдзеліць якую-небудзь частку лінейнага войска для дапамогі павятовым узброеным сілам і вярнуць 6 пушак, забраных у Сцыпіёнаў у Шчучыне і адпраўленых у Гародню. (№ 26.)

25 чэрвеня Кароль Сцыпіён паслаў у выведку некалькі дзесяткаў ахвотнікаў, якія дабраліся да Геранён, убачыўшы казакаў, павярнулі назад. Пасля вяртання ахвотнікаў Сцыпіён з пікінерамі і ахвотнікамі пакінуў Ліду і пайшоў на Гарадзенскі тракт да Мыто. За ім рушыла Парадкавая камісія, а за ёй абывацелі.

У Лідзе застаўся бурмістр Язэп Раеўскі з гараджанамі. Ён загадаў выставіць ахову на вуглах вуліц, нікога не ўпускаць у горад, і выслаў двух конных мяшчан, аднаго пад Тракелі, другога пад Ліпнішкі, ад якіх неўзабаве даведаўся, што невялікі маскоўскі абоз ужо ў Дзевянішках, і што казакі з карабінерамі лікам у некалькі соцень ужо разрабавалі Геранёны, Тракелі і Дворышча. У тую ж ноч стала вядома, што мноства казакаў хаваецца па лясах поблізу Беліцы. (2. № 27).

26 чэрвеня паўстанцкае войска ў складзе трох карпусоў пад камандаваннем Я. Ясінскага, Ф. Сапегі і А. Хлявінскага, палкоў начале з Я. Беляком, Кіркорам, Бараноўскім, Ахматовічам пацярпелі паразу пад Соламі. Страціўшы тысячу жаўнераў Я. Ясінскі здаў камандаванне Міхалу Вельягорскаму і выехаў у Варшаву, Хлявінскі рушыў пад Слонім, а генерал Бяляк з конніцай пад Беліцу.

Генерал Вельягорскі з 7-тысячным войскам размясціўся ў Веранове пры галоўным лагеры. "У Веранове было залішне весела: у кватэры галоўнакамандуючага афіцэры штабу балявалі за багатым сталом і гулялі па-буйному ў карты, а жаўнеры жорстка галадалі, коні не мелі корму". (4. S.13).

Другі лагер па дарозе на Слонім залажыў генерал Хлявінскі ў Ражанцы, там таксама было прыемна: "З'язджалася мноства афіцэрак у раскошных карэтах, а афіцэрам патрабавалася шмат часу, каб дасканала апрануцца."(4. S.13).

Паводле ацэнак расейскіх генералаў на пачатак ліпеня войска ВКЛ "шматлікімі сутычкамі разбіта і рассеена, а з таго трэба заключыць, што іх сілы змяншаюцца і далейшых прадпрыемстваў яны вытрымаць не ў стане. Таксама вярхоўны начальнік узброенага народа Касцюшка ўжо шмат страціў сілы, і ўсе пабочныя спосабы яго засталіся перапынены. А з таго несумненна выйдзе, што ён зусім упадзе і знішчыцца, пасля чаго адзін народ бедны застаўшыся ў малой частцы панясе цяжкасць зброі."

1 ліпеня (19 чэрвеня ст. ст.) Б. Ф. Кнорынг даносіў князю М. В. Рапніну: "У выніку павароту майго на Ліду атрымаў я праз некалькі дзён весткі, што ракашане пад кіраўніцтвам Вельягорскага... акапаліся шанцамі пад мястэчкам Яцунем за рэчкаю Мераччу... паколькі яны хутчэй і спрытней ад зямлі атрымоўваюць весткі пра нашыя перамяшчэнні, чым мы, таму што мы можам не інакш, як пры дапамозе моцных аддзелаў, а не праз жыхароў, якія пад такой ходзяць небяспекай, што як толькі жыд ці пасялянін без білета кіраўнікоў тых месцаў, адкуль яны ёсць, пакажацца, у той жа час па адным падазрэнні, што ад нас пасланы, павесяць, хоць бы ён па сваіх справах ішоў." (3. № 95).


Узяцце Ліды

5 ліпеня Лідская парадкавая камісія на вячэрняй пленарнай сесіі атрымала паведамленне аб набліжэнні непрыяцеля. "У той момант амаль усе камісары выскачылі, а сакратар абывацель Захваловіч, забраўшы акты той камісіі, з універсаламі з'ехаў".

6 ліпеня p "300 расійскай кавалерыі разам з казакамі і 2 гарматамі польнымі прымаршыравалі ад Дворышча пад Ліду і, убачыўшы спераду месца Ліды каля 100 коней шыкоўнай кавалерыі пад камандай абывацеляў Александровіча і Дамініка Шалевіча, некалькі разоў грымнулі з гармат. Тым часам казацтва счапілася з ротмістрамі Вілбекам і Сцыпіёнам. Ледзь толькі яны рэціраваліся па мосце пры піярскім млыне, як тут абывацель Шалевіч зблізіўся з маскалямі і загадаў (прымусіў, рэд.) вярнуцца, што вельмі выратавала ад няшчасця, бо маскалі падаліся налева і, рассыпаўшыся перад месцам, выпусцілі 12 гранат. Хаця тыя падалі ў месце, але ўсё ж такі нікому не шкодзілі, толькі месца запалілі, а тым часам павятовая кавалерыя адступіла да Мыта". (2. № 29).

Вось як гэтая падзея выкладзена ў рапарце генерала Б. Кнорынга М. Рапніну ад 7 ліпеня (26 чэрвеня ст. ст.): "Учора прыбыў я ў Дворышча, дзе маю цяпер мой лагер. ... Высланы быў пікет па лідскай дарозе, якім быў сустрэты моцны пост ракашан, што сабраліся ў Лідзе пад камандаю генерала Цыцыянава (Сцыпіёна дэль Кампа, рэд.), але быў разбіты. А ўслед яму быў пасланы аддзел з драгун, казакаў і егераў у Ліду, у тую ж хвіліну пад начальствам пана палкоўніка Чэсменскага, дзе тыя ракашане і быўшыя там канфедэраты ім разбіты, прагнаныя і рассеяныя, якіх, як пасля абвясцілі палонныя, да дзвюх тысяч пяцьсот чалавек, у тым ліку да трохсот чалавек конніцы, і Ліда ачышчана з забітымі на месцы з іх трохсот дваццаці пяці, ды і ў палон схоплена сто сем, а іншыя разбегліся. Разбіццё іх тым яшчэ больш важнае, што яны набраныя былі і навучаны да стральбы на падмацаванне іншых сілаў, што ўзброіліся супраць нас, і гэтыя набраныя былі часткова з сапраўдных салдатаў, часткова з рэкрутаў і татараў, а большай часткай з навакольнага шляхецтва, сабранага па паспалітым рушэнні, якія былі супраць волі іх з вёсак вырваны страхам, які наводзяць на іх, пагражаючы шыбеніцамі ... можна данесці вашаму сіяцельству, што і дзесятая частка іх не ўцякла з названым вышэй генералам Цыцыянавым (Сцыпіёнам дэль Кампа), які нарэшце кінуўся на ўцёкі і быў пераследаваны за мястэчка Мыто". ( 3. № 98).

Як заўсёды, пераможцы прыўвялічылі перамогу, пераможаныя прыхавалі страты. У метрычных актах Лідскага касцёла за 1794 г. быў запіс пра тое, што "ўсе забітыя падчас аблогі Ліды пахаваныя каля касцельнай агароджы". (5. С. 51).

А сёмай гадзіне расейскія кавалерысты ўварваліся ў горад і запатрабавалі кантрыбуцыю. Манахі-кармеліты павінны былі выплаціць 100 зл., яўрэі 200 зл. Прыёр кармеліцкага клештара адмовіўся плаціць кантрыбуцыю, яго ўзялі пад варту, а кляштар аддалі пад рабунак. Манахі-кармеліты страцілі ўсе прыпасы, рухомасць і грошы.

Расейская залога прастаяла ў Лідзе 5 дзён, штодзённа выязджаючы на рабункі. Больш за іншых пацярпелі войскі Дамінік Нарбут, шляхціцы Тукала і Жаба, а войт Маскалевіч і бурмістр пазбаўлены ўсёй маёмасці. Жонка Маскалевіча, якая ўцякала з дзіцем, страціла руку, якую адбіў драгун. Ксёндз Навіцкі, лідскі камендант, з-за ўцёкаў страціў у фальварку абору з рухомасцю.

11 ліпеня расейцы пакінулі горад. Назаўтра рэктар піярскага калегіюма Фларыян Крушэўскі з абозам выехаў у Ліпнішкі і Суботнікі, дзе быў дапытаны генералам Б. Ф. Кнорынгам. (2. № 29).

19 ліпеня расейцы спрабавалі ўзяць Вільню.

У пачатку жніўня ў Беліцы стаяў корпус В.А. Зубава.


Лідская парадкавая камісія ў Новым Двары

Парадкавая камісія Лідскага павету перанесла сваю дзейнасць у Новы Двор.

2 жніўня ў Новым Двары павінна было адбыцца паседжанне, але многія камісары не прыехалі. Было атрымана паведамленне, што расейскія войскі за тры мілі ад Шчучына і Васілішак.

4 жніўня ў Новы Двор прыбылі камісары Тамаш Вільканц, Язэп Рыхліцкі, Міхал Тукала, Антон Александровіч, Аляксандр Шумкоўскі, Тадэвуш Паўлоўскі, Язэп Радзівонаўскі, Тадэвуш Фуярскі і Ігнат Кастравіці. Камісія прызнала, што не ў стане выконваць свае абавязкі з-за блізкасці расейскага войска і прасіла кіраўніцтва паўстання абараніць павет: "... даносім аб такой пагрозе для таго, каб не быць асуджанымі і завочна абжалаванымі зласліўцами камісіі, як гэта даводзілася зведаць. Калі камісія для істотнай кансістэнцыі і аховы сваіх чыннасцяў не можа знайсці бяспечнага месца, калі тая камісія, зноў-такі, з-за разарвання шляхоў зносін не можа абвяшчаць універсалаў, выбіраць падаткі, прымаць рэкрутаў у паразуменні са сваім упаўнаважаным, гэтак жа ад масквы ўнікаючым, з самога пачатку камісіі не прадстаўляючым ні інфармацыі, ні выкананых указаў з-за той жа небяспекі, да той пары, пакуль павет не будзе абаронены ад маскоўскага войска, а таму, прадстаўляючы рапарт аб прычынах вышэйзгаданай сваёй бяздзейнасці, даём выпіску з просьбай аб абароне нашага Лідскага павету, як для выбару рэкрутаў, так і для належных чыннасцяў камісіі". (2. № 30).

Па просьбе генерал-маёра узброеных сілаў Лідскага павету Караля Сцыпіёна камісія дазволіла ў незанятых непрыяцельскім войскам парафіях сабраць з дыму па 3 фунты сухароў або па 6 фунтаў хлеба. (№ 36.)

У аўторак 12 жніўня прыбылі камісары Язэп Александровіч, Язэп Радзівонаўскі, Тадэвуш Фуярскі, Матэвуш Глушынскі, Ян Габіхт і ротмістр, упаўнаважаны Найвышэйшай Літоўскай Рады Дамінік Нарбут. Сябры камісіі раздзялілі павет на дазоры, склалі расклад дастаўкі абывацелямі параконных брычак з коньмі ад 200 дымоў, склалі каштарыс на каня і заняліся паборавым тарыфам. Выказалі занепакоенасць, што "паставіць брычкі ў камісію ў тэрмін немагчыма, бо непрыяцельскае войска спадзяецца хутчэй да яе дабрацца". (2. № 32).

У гэты ж дзень капітулявала Вільня. Дывізіі ВКЛ адступілі пад Гародню, сюды ж перабралася Цэнтральная Дэпутацыя ВКЛ.

15 жніўня паўстанцы аддзела Стэфана Грабоўскага мелі ўдачную сутычку з аддзелам маёра Дэметра пад Іўем. Яны спалілі масты, наведзеныя расейцамі цераз Нёман.

18 жніўня Парадкавая камісія выдала распараджэнне тром абывацелям даставіць 3 вазы сена для узброеных сілаў, што стаялі ў Васілішках.

19 жніўня прыбыў з люстрацыі касцельнага срэбра камісар Мартын Умастоўскі.

20 жніўня камісія адмовіла генерал-маёру Лідскага павету Каралю Сцыпіёну прадставіць аднаго коннага рэкрута з 5 мяшчанскіх дымоў.

21 жніўня з Гародні атрыманы ліст ад 10 жніўня аб 50-дымавых рэкрутах. Загадана жалудокскаму дазорнаму Ёдку прыбыць 26 жніўня ў камісію для атрымання інструкцый.

22 жніўня камісія вырашала пытанні аб фуражы для ўзброеных сілаў павету, аб 50-дымавом рэкруце і брычках для войска, прыняла рашэнне, " што ў вёсках дымы земляробаў, фальваркавыя і сельскія, акрамя халупнікаў і агароднікаў, а ў месцах усё агулам трэба лічыць у раскладзе 50-дымавога рэкрута".

23 жніўня камісія на патрабаванне генерал-маёра Сцыпіёна аб фуражы і правіянце для ўзброеных сілаў Лідскага павету загадала даставіць у прапорцыі і абавязкова адрапартаваць у ЦД.

24 жніўня камісія атрымала ад ЦД распараджэнне абазначыць асобаў для збору касцельнага срэбра і ў гэтым выпадку загадала завяршыць гэтую справу лідскаму старасту Сцыпіёну і камісару Мартыну Умастоўскаму. Генерал-маёру павету Сцыпіёну было выдадзена па яго жаданні пасведчанне аб тым, каб 50-дымавы рэкрут быў дастаўлены ў Вільню з 100 зл. пры кожным. На яго паўторнае паведамленне аб гаротным становішчы народнага апалчэння камісія выдала ўніверсал аб пастаўцы з кожнага дыму па 2 фунты сухароў, па паўкварты крупаў, па 15 фунтаў сена і па гарнцу аўсу. Разасланы выклікі камісарам, у тым ліку і ў Ліду, на адкрыццё сесіі 26 жніўня.

Аддзел харчавання парадкавай камісіі Лідскага павету рапартаваў у ЦД ВКЛ:

"24 жніўня. На рэквізіцыю генерал-маёра Лідскага павету з дакладам,

- што збройная сіла паспалітага рушэння з-за недахопаў і ўбоства не здольная пракарміцца сваім коштам, пасля высвятлення патрэбы і з агульнай згоды выдала ў 2 парафіі ўніверсал аб забеспячэнні яе з кожнага дыму па 2 фунт. сухароў, па паўкварты круп, па 15 фун. сена і па гарнцу аўса. Што рабіць, калі той правіянт і фураж абывацелі затрымаюць з моцы ўніверсала НР ад 12 жніўня толькі ўчора, або 25-га, атрыманага ?

- дзе абывацелям належыць размяшчаць і якой вартай забяспечыць цэласць загаданага ўніверсалам ад 6 чэрвеня фуражу - з дыму па 24 фунт. сух., па 8 гарнцаў аўса, па 24 фунт. сена.

- як адбіраць фураж, разабраны канцылярыстамі таргавіцкай канфедэрацыі і часткова раздадзены абывацелям?" (2. № 36)

25 жніўня лідскія камісары акрамя Дамініка Шалевіча і Казіміра Маскалевіча, якія адмовіліся прыехаць, а таксама і засведчыць неяўку, сабраліся на сесію. Камісары адзначылі, што Парадкавая камісія Лідскага павету "з-за небяспекі існуе ў шчуплым месцы і не мае зручнасці перадрукоўваць універсалы, прысланыя толькі па адной штуцы, і не мае фундушу на перапіс дакументаў, якіх вельмі патрэбна для публікацыі і абвяшчэння па парафіях абывацелям, то гэта без тыражавання ў адпаведнасці з колькасцю парафій не спадручна з погляду на адсутнасць друкарні". І прасілі "як хутчэй прыслаць да наступнага тыдня аб намечаных экзекуцыях, менавіта - кажухоў, ботаў, кашуль, сярмяг, а таксама фуражу, з паведамленнем 12-ці асобнікаў на кожную". Камісары таксама прасілі прызначыць у камісію на месца ксендза Ручынскага і па яго рэкамендацыі ксендза- евангеліста Самуеля Кунцэвіча, беліцкага кожнадзея. (2. № 33.)

На сесіі 26 жніўня Парадкавая камісія разгледзела камплект распараджэнняў Цэнтральнай Дэпутацыі аб тэрміновай пастаўцы кажухоў, ботаў, кашуляў. Адзначыла адсутнасць інструкцый і тэксту прысягі для дазорцаў аддзелаў і яшчэ раз прасіла прыслаць тэксты ўказаў у 12 асобніках, паколькі "публікацыю іх па парафіях немагчыма выканаць без перапісу гэткай колькасці (усіх парафій 11-ць), на што камісія не мае ні фундушу, ні часу, ні моладзі". (2. № 35).

27 жніўня раніцай у Новы Двор з Ліды на сесію прыбыў камісар аддзела вайсковых патрэбнасцяў Язэп Шалевіч, слабы здароўем "дашчэнту абрабаваны Масквой, аднак, паставіўшы агульнае дабро вышэй асабістага, заняўся сваімі чыннасцямі "(2. № 37).

Былы пісар даходаў павету Маскалевіч запрошаны прыбыць 31 жніўня ў Новы Двор для разліку і калькуляцыі рэестраў выбранага фуражу з Лідскага павету, а таксама з квітамі, на фураж, узяты нарадавым войскам.

Камісія зрабіла расклад узаемадапамогі і на будучыню прадпісала парадак пераемнасці. Земскія акты перададзеныя актаваму пісару Нарбуту, а дэкрэтавыя акты - Язэпу Александровічу. На месца Тамаша Градзіцкага, які адмовіўся ад абавязкаў дазорнага 7-га Астрынскага цыркуля, прызначаны Язэп Пірускі. Камісія "ухваліла падрыхтаваны канцылярыяй расклад дазораў... Прыняла складзеную для гарадзенскіх дазорцаў інструкцыю з умовай дапаўнення пры патрэбных абставінах. Засведчыла сапраўднасць скаргі ксяндза Эйсманта, які адмовіўся ад месца новадворскага плябана з-за слабасці здароўя, і дазволіла звярнуцца ў святлейшую ЦД ВКЛ. На споведзь абывацелькі Агаты Вільбікавай заключыла, што не можа зволіць ад здачы заступцы, фуражу і іншых цяжараў, але дазволіла адаслаць мемарыял у Дэпутацыю, які пасылае па атрыманне рэзалюцыі і ўрадавай думкі. Атрымала экспедыцыю святлейшай ЦД, якая патрабуе даставіць наяўныя грошы. Таксама і другую экспедыцыю Найвышэйшай рады з патрабаваннем пастаўкі правіянту і вопіс харчу на месцах і вёсках".(2. № 40).

28 жніўня на пададзеную сялянамі вёскі Біскупцы скаргу аб уціску дзяржаўцам Тупальскім Лідская парадкавая камісія запатрабавала, каб "той не рабіў незалежнага ўціску" і з'явіўся ў камісію 30 жніўня. На скаргу кагалу Васілішак Камісія дала рэзалюцыю, каб генерал-маёр Сцыпіён утрымваў узброеныя сілы ад нанясення крыўдаў яўрэям.

29 жніўня камісія выбрала Юрыя (Ежы) Дашкевіча генеральным пісарам па зборы фуражу і правіянту з Лідскага і Эйшышскага паветаў і абавязала яго прадставіць калькуляцыі і даставіць фураж і правіянт у Астрыно да 8 верасня. (2. № 40.) Завершаны збор 50-дымавых рэкрутаў. (2. № 39.)

На падставе ўніверсала ЦД ВКЛ прызначылі 8 верасня днём дастаўкі абывацелямі правіянту і фуражу ў Ятры. Даручылі генеральнаму пісару фуражу і правіянту Юрыю Дашкевічу прыём фуражу і правіянту ад абывацеляў Лідскага і Эйшышскага паветаў.

Паводле патрабавання ЦД ВКЛ ад 29 жніўня складзены лісты таргавіцкіх канцылярыстаў, якія разабралі правіянт і фураж і раздалі абывацелям:

- з Дворышча абывацель Шукевіч - аўсу бочак 15, сена 10 вазоў;

- з Перапечыц аб. Язэп Нарбут - аўсу 14 бочак;

- з Кандрацішак аб. Язэп Вілбек - аўсу 7 бочак і 6 асьмін;

- аб. Адам Нарбут, пісар - 5 бочак аўсу;

- Абрамовіч, канцылярыст - аўсу 4 бочкі і 6 асьмін;

- Кароль Альшэўскі - аўсу 2 бочкі;

- Клеманс Пратасевіч, канцылярыст - аўсу 12 бочак;

- аб. Ян Глушынскі, таргавіцкі пісар - аўсу 11 бочак, 50 камянёў;

- аб. Ян Лазоўскі - аўсу 2 осьміны, 8 вазоў сена;

- аб. Яўхім Глушынскі - 6 вазоў сена;

- аб. Міхал Альшэўскі - 8 вазоў сена.

Некаторыя обывацелі не паказалі квітанцый на пазычаны і аддадзены імі фураж, што няхай застанецца на іх сумленні. Пры тым далучаецца перасцярога, што пасланыя лісты яшчэ не пэўныя, бо камісары таргавіцкай канфедэрацыі дагэтуль не далі класіфікацыі фуражу і правіянту і асоб, якім пазычылі, не паказалі." ( 2. № 38).

30 жніўня камісія атрымала дазвол Найвышэйшай Рады і ЦД на прызначэнне камісарам ксендза Самуеля Кунцэвіча і запрасіла яго прыбыць 8 верасня для прысягі.


Вераснёўскія падзеі

1 верасня некалькі казакаў напалі на ваколіцу Няцечы і абрабавалі Калясніцкага і Вілямовіча, а потым Касоўшчыну Мігдала. Гэтыя фальваркі размешчаны не далей мілі ад Ліды ў бок Ліпнішак. За 2 мілі ад Ліды, у Дакудаве "збожжа малоцяць і далейшых месцах таго боку каля Нёмана вынішчаюць палеткі". Няма рэгулярнай сувязі з абывацелямі Беліцы.

У гэты дзень, 1 верасня, Парадкавая камісія адправіла ў Лідскі магістрат указанне, каб вагі і меры для атрымання фуражу былі дастаўлены ў Астрыно. На пасланне Язэпа Нарбута, палкоўніка міліцыі, які нагадаў пра 50-дымавых кантаністаў, камісія адказала, што выпусціць універсал аб абмундзіраванні і яго дастаўцы на працягу 15 дзён. Кошт абмундзіравання 50-дымавога жаўнера камісія ацаніла ў 500 зл. і абазначыла плаціць па 10 зл. на дым. Скарга сялян в. Біскупцы супраць трымальніка Тупальскага адпраўлена на разгляд і развязванне дазорцу Лідскага цыркуля Базылю Гімбуту. Ксяндзам загадана даставіць касцельнае срэбра люстратарам старасту Язэпу Сцыпіёну і камісару Мартыну Умастоўскаму. (2. № 40.)

У той жа дзень камісар аддзелу вайсковых патрэбнасцяў Язэп Дамінік Шалевіч паведаміў у ЦД пра тое, што ў ваколіцах Лідскага павету няма рамесных цэхмайстроў, таму нельга заключыць кантракты на выраб ботаў. У некаторых мястэчках па аднаму-два рамесніку, астатнія па вёсках, аднак агульная іх колькасць невядомая. На складах аддзелу вайсковых патрэбнасцяў не маецца амуніцыі, зброі, пораху, шабляў, волава. Абывацелі маюць цяжкасці з-за немагчымасці знайсці шаблі і пісталеты для ўзбраення рэкрутаў.

Вайсковы аддзел камісіі паведаміў у ЦД, што абывацелі Лідскага павету даставілі 50-дымавых рэкрутаў у каманду генерал-маёра Сцыпіёна разам з належнай для іх платай, але 6 ліпеня пасля рэцірады з Ліды рэкруты былі распушчаны па дамах. Тарыф аб 60-дымавых рэкрутах зроблены, на Лідскі павет выпадае 175 чалавек (10500 дымоў у павеце - гэта каля 80 тысяч насельніцтва). Указам Т. Касцюшкі ад 27 жніўня яны аддадзены пад камандаванне палкоўніка міліцыі Лідскага павету Язэпа Нарбута, які ўласным загадам арганізаваў іх абмундзіраванне. Прапісаны і разасланы для публікацыі сярод абывацеляў 2 універсалы, адзін аб кажухах, pдругі аб ботах, кашулях і світках. (2. № 39.)

2 верасня камісія перабралася ў Васілішкі.

На сесіі 4 верасня камісія прасіла прызначыць заміж ксендза Кунцэвіча, які выехаў па прадпісанні ЦД на люстрацыю касцельнага срэбра, іншага абывацеля. (2. № 41.)


Наезд маёра

11 і 12 верасня каля 60 конных карабінераў-маскалёў былі ў Лідзе. Уехалі ў Ліду ў поўдзень 11 верасня з боку Дубровы (Дуброўні). Першымі заляцелі 12 пінскіх казакаў. Іх забралі ў казацтва нядаўна. Яны абыходзіліся з людзьмі спакойна. Цераз некалькі хвілін у Ліду прыбыў маёр (або ротмістр) на чале некалькіх дзесяткаў конных карабінераў. Яны спыталі кагальнага яўрэя, дзе камісія і суддзі? Той адказаў - у Васілішках ці Астрыно... У той жа дзень маёр паслаў 6 казакаў у Мыто і адтуль яны прывезлі каля 9 вазоў з сухарамі, кажухамі і ботамі. У той жа дзень маёр загадаў схапіць войта Маскалевіча, бурмістра Раеўскага і лоўчыца, паслаў затрыманых да каменданта Іўя і загадаў размясціць салдатаў тут у Лідзе. Усю ноч ён правёў з яўрэямі і некаторых паслаў у Васілішкі і Астрыно.

12-га рана, з узыходам сонца маёр з 10 казакамі памчаўся ў маёнтак Курасоўшчына, каб арыштаваць Тукалу, суддзю і парадкавага камісара аддзела бяспекі. Не знайшоўшы яго там, схапіў жонку Тукалы і загадаў адвезці яе ў Ліду пад аховай казакаў на простай фурманцы і на адным кулі саломы. Па дарозе ў Ліду маёр прыхапіў у лазоўскай карчме хворую пані Нарбут, а затым з двума казакамі павярнуў да дома лідскага харунжага Язэпа Нарбута, дзе прабавіўшы цэлы дзень з дваровай прыслугай, вярнуўся ў Ліду. Следам за ім прывезлі літоўскую харунжыну пані Нарбут, якая прасіла адпусціць жонку Тукалы. Маёр ... даў Тукалісе сваю каляску з 3 коньмі, фурманам і чалавекам для суправаджэння. Разам з ёй паехаў лідскі віца-пробашч ксёндз Навіцкі, а харунжына вярнулася дадому.

У той жа дзень быў арыштаваны лідскі эканом Макоўскі, які служыў у камісара Коркуця... Яго звязанага адправілі пяшком пры конях. На лідскім двары забралі ўсю жыўнасць, забаранілі малаціць збожжа. Той жа раніцай маскоўскі маёр забраў знойдзеныя ў бурмістра і пробашча паперы, пратаколы, рэестры, універсалы і т. д. Маёр забараніў абывацелям даваць у краёвае войска неабходныя і прадпісаныя фураж і розныя рэквізіты ды запатрабаваў паведаміць, калі раптам прыдуць польскія жаўнеры. Потым запрасіў іх у Іўе на пагулянку. Забраўшы ўсе 10 параконных фурманак, акрамя тых, што ўжо фураж павезлі, папярэдзіўшы, што хутка зноў вернецца ў Ліду, папрасіўшы прабачэння, калі каму і ў чым зрабіў прыкрасці, ён шчырым і лагодным тонам з усімі развітаўся і з усім сваім конным корпусам а 12-й гадзіне 12-га верасня выехаў назад у Іўе цераз Дуброву (Дуброўню).

Вярнуўшыся адтуль вечарам без коней людзі паведамілі, што ўся армія да 4000 пяхоты і кавалерыі пад камандай Цыцыянава стаіць у Іўі і далей, пікеты не далей Ліпнішак, а сам корпус у Іўі.

Яшчэ загадалі аддаць той фураж, які ўніверсалы Рады загадвалі сабраць з абывацеляў. Яго, як належную сабе спадчыну, пад суровай карай і спагнаннем загадалі везці ў Іўе. Ратаваць абывацелей спрабавалі Маскалевіч і бурмістр Раеўскі. 13-га яны вярнуліся.

"Сядзім па хатах змярцвелыя ад страху, што наша войска пакінула Лідскі павет і ад нясцерпнага рэха, якое разносіць, што маскалі тут зазімуюць. О, божа, адвярні тое жудаснае рэха ад вольнага і вернага сваёй Айчыне паляка, а мы не здрадніцкі, а сумленна будзем дабраслаўляць чыны нашых каманд і абаронцаў." (2. № 44).


Парадкавая камісія ў Астрыне

11 верасня камісар Ян Габіхт з Васілішак паведаміў, што прыехаў да яго добра знаёмы з дзяцінства прастарэлы жыхар Ліды Язэп Кучынскі родам з Васілішак і расказаў, што ўчора пасля паўдня прышло ў Ліду некалькі дзесяткаў казакаў і карабінераў, арыштавалі Маскевіча і Пілецкага і адаслалі да князя, а яго Кучынскага пад пагрозай канфіскацыі маёмасці лідскіх радцаў загадалі паехаць у Васілішкі і Астрыно ды даведацца колькі паўстанцкага войска ў тым баку знаходзіцца. Габіхт адправіў Кучынскага ў Парадкавую камісію і выказаў пажаданне, каб частка узброеных сілаў заняла перавозы і масты на Дзітве і Лебядзе, што не дазволіць непрыяцелю прасунуцца ўглыб. "Іначай мы ўсе ў бядзе будзем". Ён таксама інфармаваў, што атрымаў ліст ад Клімантовіча, камісара добраў Тышкевіча. Той прасіў, каб камісія не прымала 50-дымовых рэкрутаў і брычак з маёнткаў, што належаць да Эйшышскага павету, "бо з надзеі на гатоўнасць непрыяцель дабярэцца да Гарадніцы і, баронь Бог, прыйдзе і тое забярэ". Паведаміў таксама пра дараванне эйшышскіх камісараў і крымінальных суддзяў. Генерал расейскі Кнорынг "усё запісанае з актаў павыдзіраў і папаліў, а саміх тых, аблаяўшы, выпусціў на волю, і на тым усё завяршылася" (2. № 42).

12 верасня парадкавая камісія паведаміла ў ЦД, што непрыяцель увайшоў у Лідскі павет і прасоўваецца ў бок Астрына, абывацелям забаронена выконваць розныя падрыхтоўкі па загадах Рады і Дэпутацыі. Камісія прасіла прыслаць вайсковую каманду для аховы абывацеляў і стварэння якой-небудзь заслоны ад непрыяцеля, "тым больш, што абывацелі не падрыхтавалі, нават, вайсковых рэквізітаў і не адважваюцца пастаўляць правіянт з фуражом з-за пастаяннай пагрозы разрабавання складоў". (2. № 43).

17 верасня адбылася самая буйная бітва 1794 г. пад Крупчыцамі, з абодвух бакоў удзельнічала да 20 тысяч чалавек.

30 верасня на адзін дзень Касцюшка прыязджаў у Гародню, куды перабралася з Вільні ЦД.

1 кастрычніка паўстанцы пакінулі Гародню і пачалі адступаць на Варшаву.

3 кастрычніка Дэрфельдан узяў Гародню.

10 кастрычніка (29 верасня ст. ст.) адбылася бітва пад Мацыевічамі - пераломная ў паўстанні. Калоне, якую Касцюшка вёў на Варшаву, перакрыў дарогу расейскі корпус генерал-лейтэнанта І. Ферзена. Бой працягваўся ўвесь дзень. Паўстанцы пацярпелі паразу, Т. Касцюшка трапіў у палон.

У той жа дзень лідскі жыхар, яўрэй Юдка папярэдзіў бурмістра Язэпа Раеўскага, што лідскія войт і бурмістр па паведамленні з Іўя будуць арыштаваныя маскалямі.

" Так і атрымалася... па палудні прыбылі 15 казакоў і 15 карабінераў з камендантам іх, ротмістрам. Ледзь толькі прыбылі, так адразу распарадзіліся даць з месца 3 вазы сена і 5 коп аўсу. Потым той камендант выклікаў кагальнага на сваю кватэру і паслаў па войта і бурмістра, каб даведацца, дзе нашыя суддзі. А калі яму адказалі, што іх няма, то ён гэтаму не паверыў, бо яго запэўнівалі, што тут непадалёку фальварак аднаго суддзі. Мы адказалі, што паблізу няма ніводнага. Зноў спытаў - ці даўно тут у вас быў ротмістр Вілбек? Мы адказалі, што тыдні з два назад. Ці браў ён у вас які правіянт? У нас не браў правіянту, хіба толькі недзе. А калі кватараваў з салдатамі, то колькі іх было? Магчыма да 50 коней, акрамя стральцоў. Ці ўзяў ён у жыдоў 1000 злотых? Адказалі, што жыды асобна далі 800 зл., потьм па абвестцы іншых конных салдат аддалі 200 зл, а знову 800 зл. было выбрана з хрысціянаў. Ці аддавалі па загаду начальства па 24 фунты сена, 24 фунты сухароў і па 8 гарцаў аўса? Мы адказалі, што не аддавалі. А па якой прычыне? Па той, што паўторным указам загадалі ўстрымацца разам з мясцовым бурмістрам. А дзе той універсал? Мы адказалі, што ў парафіі, а там разасланы па плебаніях. А больш няма тых універсалаў? Адказалі, што не.

Тады ён паслаў па ксяндза апытаць яго, а калі больш нічога не змог дабіцца, то загадаў адразу мець у гатоўнасці 12 коней. Мы стараліся, а тут над'ехаў рэвізор з крыўдай на тое, што ўжо мае фураж, нагатаваны ў адпаведнасці з універсалам ЦД ВКЛ. Ён загадаў таму разам з 6 казакамі ўзяць і прывезці той фураж, а нам, войту з бурмістрам загадаў зноў стаць перад ротмістрам. I так увесь вечар пытаўся ў ксяндза Навіцкага - дзе мясцовыя тарыфы? Яму адказвалі, што там дзе і каманды. Ён жа настаяў прысягнуць у тым, што не маем, А каб дабавіць крэдыту гэтай аказіі, загадаў войту і бурмістру ехаць у Іўе за сведчаннем брыгадзіра Ланскога і разам з намі адвесці арыштанта з адным пры ім лістом. У адшуканага тлумача цікавіўся - што гэта за лісты?

Перацярпеўшы так усю ноч, прыехалі ў Іўе да кватэры таго брыгадзіра, але мусілі чакаць з 2-х гадзін ночы аж да 8-й раніцы. Тады ён дапусціў да сябе і найперш пацікавіўся аб універсалах - дзе, якія і ў каго? Мы адказалі, што не ведаем больш ніякіх, як толькі аб адным, які патрабуе фураж. Дзе той фураж? Адказалі, што не рыхтавалі і не маем. А другі раз не рыхтавалі, бо не мелі з чаго, і што паўторна нам паведамілі, што быццам 6ы не трэба, а таму не адсылалі і не рыхтавалі яго. Не жадаючы больш мець з намі дыскусію, ён загадаў узяць пад варту, але потым, праз гадзіну, выклікаў зноў і паўторна дапытваўся - дзе тыя ўніверсалы? Мы адказвалі, што ведаем той, які ўжо прадстаўлены. А чаму аказваецца, акрамя атрыманага, два ўніверсалы пра кашулі і сярмягі? Тады мы прызналіся, што сярмяг і кашуль не давалі, не маем і не рыхтавалі.

Потым спытаў у бурмістра - ты дом трымаеш?, а калі той адказаў што так, то дадаў - мушу паглядзець у цябе газеты і розныя лісты. Аднаму афіцэру з салдатам ён тут жа даручыў ехаць з намі ў Ліду, каб забраць усе паперы ў бургамістра. Калі пад'ехалі ўжо пад Жыжму, то спаткалі вяртаючага ротмістра з яго камандай, які спытаў нас, адкуль мы едзем з афіцэрам. А калі той адказаў, што едзем забраць паперы, то пачулі - калі па паперы, то яны ўжо ўсе забраныя, дзе толькі ў яго хаце маглі знайсці. I так назад нас павярнуў. Мы мусілі начаваць у Ліпнішках, а паперы прывезлі ягомосць пан з судзінай Тукалавай трактам на Гаўе ў Іўе.

На заўтрашні дзень загадаў нам вярнуцца ў Ліду і той фураж, які быў загаданы, устрымацца адсылаць да Астрына, пад суровай экзекуцыяй загадаў яго прывезці з месца ў Іўе, а калі не будзе ў прызначаны дзень, тады абяцаў прыслаць 20 казакоў. Адсюль просім аддзел бяспекі святлейшай камісіі якую-небудзь ахову для абароны ад непрыяцельскіх на нас напасцяў.

У той жа дзень, адразу за вывазам нас, войта і бурмістра, у Іўе, паслаў той жа маскоўскі ротмістр па свайму інстынкту (як кажуць жыды) тутэйшага мешчаніна ў Астрыну даведацца аб нашым войску, і дзе яно абарачаецца, а недачакаўшы звароту, паехаў сам з Ліды ў 5 апоўдня. Мы вярнуліся з Іўя ў суботу а гадзіне папалудні гэтага дня і паслалі радцу, мешчаніна Гуйновіча з двума кагальнымі вызваліць месца ад таго фуражу. Не ведаем толькі адказу. У той жа час івейскі кагал прыслаў ліст з загадам аб правіянце пад суровай экзекуцыяй (пастаўкі якога яшчэ няма з Ліды) і быццам бы маскоўскім брыгадзірам у чвэрці ночы загадана кагальнаму і мешчаніну стаць заўтра ў Іўе. Тое чытаў кагальны жыд Берка." (Юзаф Раеўскі, бурмістр месца Ліды.) (2. № 46).

17 кастрычніка сябры Лідскай парадкавай камісіі далажылі, што абывацелі закончылі пастаўкі згодна з універсалам ад 6 чэрвеня і пачалі дастаўляць 50-дымовых кантаністаў, кажухі, сярмягі і кашулі для войска. (2. № 47).

23 кастрычніка Лідская міліцыя пераехала з Астрына ў Скідзель. Парадкавая камісія перавезла ў Скідзель правіянт з фуражом і загадала перавезці сабраныя вайсковыя рэквізіты, але не змагла знайсці падводаў, і як толькі войскі адышлі, а непрыяцель прыблізіўся, перабралася на заходні бок р. Котры ў Гарадзенскі павет, спынілася пры абозе ў Скідзелі.

26 кастрычніка расейскія войскі цалкам захапілі Лідскі павет. У Астрыне засталіся кінутымі правіянт і фураж. Раней сабраныя вазы стаялі ў Скідзелі распакованымі. Парадкавая камісія з-за адсутнасці камплекту і выцяснення за межы павету страціла сваю легітымнасць. Ноччу тым не менш яна атрымала з аддзела маёмасці ЦД экспедыцыю з наказам тэрміновага ўнясення падаткаў. Сябры камісіі, якія заставаліся ў Скідзелі: ксяндзы Ян Даўкша, Себасцян Дамбоўскі, а таксама Язэп Радзівонаўскі і сакратар Эдвард Захваловіч прызналі, што "Камісія, выціснутая з павету, не можа прыдумаць сродкаў, якімі магла б іх (падаткі) выканаць". (2. № 48).

4 лістапада пры абароне Варшавы загінуў Якуб Ясінскі, войскі пад камандаваннем Суворава ўзялі прадмесце Варшавы - Прагу.

6 лістапада 1794 г. Варшава склала зброю.

Праз год 24 кастрычніка (13 ст. ст.) 1795 г. была падпісана Пецярбургская канвенцыя Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Завяршыўся Трэці падзел Рэчы Паспалітай. Уся тэрыторыя ВКЛ, у тым ліку Лідчына, была ўключана ў склад Расейскай імперыі.

12 лістапада князь Рапнін М. В. быў прызначаны Эстляндскім і Літоўскім генерал-губернатарам.

25 лістапада кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў Гарадзенскім новым замку падпісаў адрачэнне ад пасаду на карысць Кацярыны ІІ.

3 снежня жыхары ВКЛ прынеслі прысягу на вернападданства Кацярыне ІІ.

У 1795 годзе Лідскім паветам кіраваў "секунд-маёр расейскіх войскаў Карл Мейр (Меір), начальнік Лідскага павету". Канвенцыя трох дзяржаў, у кастрычніку 1795 г. падзяліўшых паміж сабою рэшту Рэчы Паспалітай, замацавала міжнародным актам ліквідацыю польскай дзяржавы. 20 снежня ст. ст. 1795 г. князь Мікалай Рапнін выдаў у Гародні ад імя Кацярыны ІІ універсал, у якім апавясціў, што Княства Літоўскае дзеліцца на тры часткі, у якіх галоўнымі гарадамі будуць Вільня, Гародня і Коўня. Віленскі, Завілейскі, Ашмянскі, Браслаўскі, Лідскі і Троцкі паветы будуць складаць Віленскую губерню. У паветах дазволена пакінуць земскую і гарадскую юрысдыкцыю, у гарадах - ратушы і магістраты, у якіх загадана чыніць суд і расправу "імем і ўладай Яе Імператарскай Міласці".

8 жніўня 1796 года Ліда прызначана павятовым горадам Слонімскай губерні.


Імянны паказальнік

Абывацелі Лідскага павету:

Абрамовіч - канцылярыст таргавіцкі;

Александровіч Антон - прэзідэнт крымінальнага суда Лідскага павету, камісар аддзелу справядлівасці Лідскай парадкавай камісіі;

Александровіч Францішак - пісар земскі, харунжы, камісар грамадзянскіх войскаў;

Александровіч Язэп - камісар аддзелу справядлівасці Лідскай парадкавай камісіі;

Александровіч Язэп - камісар аддзелу маёмасці Лідскай парадкавай камісіі;

Альшэўскі Кароль - лідскі шляхціц;

Альшэўскі Міхал - лідскі шляхціц;

Альшэўскі Ян - лідскі падстолі, стражнік;

Бачкоўскі Тамаш -лідскі шляхціц;

Буржынскі Кароль - пісар, лідскі шляхціц з Эйшышак ;

Берка - лідскі кагальны яўрэй (старшыня лідскай яўрэйскай грамады - кагалу);

Бянкевіч Мацвей -таварыш 3 палка;

Вачкоўскі Ігнат - дазорны Лідскага цыркуля;

Вілбек Агата - лідская абывацелька;

Вілбек Язэп з Кандрацішак - ротмістр;

Вільканц Тамаш Францішак - камісар аддзелу інструкцый Лідскай парадкавай камісіі;

Вілямовіч - лідскі шляхціц з Няцечы;

Віслоцкі - ксёндз;

Габіхт Ян - камісар аддзела інструкцый Лідскай парадкавай камісіі, поручнік, родам з Васілішак;

Гарваскі Адам - мечнік, камісар грама-дзянскіх войскаў;

Гаўсман - дакудаўскі радца добраў ксяндза Любецкага;

Гімбут Базыль - дазорны Лідскага цыркуля, змяніў Вачкоўскага;

Глушынскі Матэвуш - крымінальны суддзя Лідскага павету, вялікі сентыяруш,камісар аддзелу парадку Лідскай парадкавай камісіі;

Глушынскі Ян - лідскі земскі рэгент, таргавіцкі пісар;

Глушынскі Яўхім - канцылярыст таргавіцкі;

Градніцкі Тамаш - дазорны Астрынскага цыркуля, адмовіўся ад сваёй пасады;

Губарэвіч Пётр - крымінальны суддзя Лідскага павету;

Гуйновіч - лідскі мешчанін;

Дамейка Ігнат - рэгент асэсарскага суда, сакратар І. Храбтовіча;

Даўкша Ян - ксёндз, камісар аддзелу харчавання Лідскай парадкавай камісіі;

Дашкевіч Юры (Ежы) - камісар аддзелу харчавання Лідскай парадкавай камісіі, генеральны пісар па зборы фуражу і харчавання з Лідскага павету;

Дубоўскі Себасцян - ксёндз, камісар аддзелу вайсковых патрэбнасцяў Лідскай парадкавай камісіі;

Ёдка - дазорны Жалудокскага цыркуля;

Жаба Гіпаліт - лідскі шляхціц Ражанскай парафіі;

Ждановіч - лідскі абывацель;

Запаснік Ян - лідскі шляхціц з Эйшышак;

Захваловіч Эдвард - камісар (рэгент), сакратар Лідскай парадкавай камісіі;

Зяньковіч Міхал - крымінальны суддзя Лідскага павету;

Казлоўскі - лідскі шляхціц;

Калясніцкі - лідскі шляхціц з Няцечы;

Кастравіцкі Ігнат - лідскі дэлегат у Літоўскай Найвышэйшай Радзе, камісар аддзелу бяспекі Лідскай парадкавай камісіі;

Клімантовіч - камісар добраў Тышкевіча;

Коркуць Адам - камісар грамадзянскіх войскаў павету, мечнік і войт месца Ліды;

Круповіч Франц - арандатар у Бянкевіча Мацвея;

Крушэўскі Фларыян - ксёндз, рэктар піярскага калегіюму (1793-95) камісар аддзелу парадку Лідскай парадкавай камісіі;

Кунцэвіч Самуель - ксёндз евангеліст, беліцкі кожнадзей, камісар аддзелу вайсковых патрэбнасцяў Лідскай парадкавай камісіі;

Кучынскі Язэп - лідскі абывацель;

Лазоўскі Ян - канцылярыст таргавіцкі;

Макоўскі - эканом камісара Коркуця;

Макрыцкі Людвік - лідскі шляхціц з Ражанскай парафіі;

Макрэцкі Ян - крымінальны суддзя Лідскага павету;

Маскалевіч Казімір - камісар аддзелу харчавання Лідскай парадкавай камісіі, лідскі войт;

Маскевіч Казімір p- камісар Лідскай парадкавай камісіі, дэлегат Ліды;

Машэўскі Францішак - ксёндз, камісар аддзелу бяспекі Лідскай парадкавай камісіі;

Мігдал - лідскі шляхціц, уладальнік Касоўшчыны;

Мурачэўскі Мяцеч - лідскі межавы суддзя;

Навіцкі - ксёндз, экзактар, лідскі віца-пробашч, сябар Лідскай парадкавай камісіі, родам з-пад Васілішак;

Нарбут Адам - лідскі земскі пісар;

Нарбут Дамінік - лідскі войскі, пасол на 4-гадовы сойм ад Лідскага павету, таемны кур'ер Станіслава Солтана, ротмістр, упаўнаважаны, быў крымінальным суддзём і адправіў на шыбеніцу гетмана Касакоўскага;

Нарбут Казімір - шамбелян, лідскі шляхціц, таргавічанін;

Нарбут Язэп - лідскі харунжы, сакратар Віленскай Рады паўстання, палкоўнік міліцыі генерал-ад'ютант ВКЛ;

Нарбут Язэп з Перапечыцы;

Нарбут Яўхім - генерал-маёр Лідскага павету з 13 траўня, падкаморы, брат Казіміра;

Паплаўскі - лідскі дэлегат у Радзе паўстання;

Паўлікоўскі (Паўлоўскі) Тадэвуш - крымінальны суддзя Лідскага павету, камісар аддзелу маёмасці Лідскай парадкавай камісіі;

Пілецкі - лідскі мешчанін;

Пірускі Язэп- дазорны Астрынскага цыркуля;

Пратасевіч Клеманс - канцылярыст таргавіцкі;

Радзівонаўскі Язэп - камісар аддзелу маёмасці Лідскай парадкавай камісіі;

Раеўскі Язэп - бурмістр Ліды, крымінальны суддзя Лідскага павету;

Ручынскі (Рачуцкі), - ксёндз-евангеліст, камісар Лідскай парадкавай камісіі, плябан у Сейнах;

Рыбіцкі Язэп - ксёндз, камісар Лідскай парадкавай камісіі;

Рыхлоцкі (Рыхліцкі) Язэп - ксёндз, камісар аддзелу інструкцый Лідскай парадкавай камісіі;

Сарока Казімір - лідскі ротмістр;

Свідэрскі Адам - камісар аддзелу справядлівасці Лідскай парадкавай камісіі;

Свідэрскі Ігнат - лідскі шляхціц, рэгент Лідскай канфедэрацыі 1993 г., камісар Лідскай парадкавай камісіі;

Сцыпіён дэль Кампа Язэп -лідскі стараста;

Сцыпіён дэль Кампа Кароль - генерал-маёр Лідскага павету;

Сядлікоўскі Мікалай - эйшышскі камісар;

Сядлікоўскі Язэп - генерал-маёр Лідскага павету з кастрычніка 1794 г.;

Сядліцкі Язэп - генерал маёр Эйшышскага павету;

Тукала Міхал - лідскі шляхціц з Курасоўшчыны, гарадскі суддзя, камісар вайскова-цывільны, камісар аддзелу бяспекі Лідскай парадкавай камісіі;

Тукала Юры (Ежы) -лідскі шляхціц;

Тупальскі - трымальнік Біскупцаў;

Тызенгаўз Мартын - лідскі шляхціц з Ельненскай парафіі;

Умастоўскі Мартын - камісар аддзелу вайсковых патрэбнасцяў Лідскай парадкавай камісіі;

Фуярскі Тадэвуш - камісар аддзелу параду Лідскай парадкавай камісіі;

Хмялеўскі Адам - лідскі шляхціц;

Шалевіч Язэп Дамінік - камісар аддзелу вайсковых патрэбнасцяў Лідскай парадкавай камісіі;

Шалкевіч Мацей - адвакат;

Шпакоўскі Ануфры - лідскі шляхціц;

Шукевіч Антон - лідскі шляхціц, слонімскі мечнік;

Шукевіч Ігнат - лідскі шляхціц, слонімскі земскі суддзя;

Шукевіч з Дворышча - канцылярыст таргавіцкі;

Шумкоўскі Аляксандр - камісар аддзелу харчавання Лідскай парадкавай камісіі;

Шымкоўскі Ануфры - лідскі шляхціц з Ражанкаўскай парафіі;

Шымкоўскі Міхал - лідскі шляхціц;

Шэмет Аўгуст (Аўгустын) - лідскі чашнік і земскі суддзя, крымінальны суддзя Лідскага павету;

Эйсмант - ксёндз;

Юдка - яўрэй, лідскі абывацель;

Яч Ігнат - судовы пісар, сакратар суда.


Правадыры паўстання:

Агінскі М. К.- камандзір аддзела стральцоў -дабраахвотнікаў, кампазітар;

Ахматовіч - татарын, камандзір палка войска ВКЛ;

Бараноўскі - камандзір палка войска ВКЛ;

Белапятровіч Юры (Ежы)p (1740-16.03.1812) - лідскі стражнік у 1764 г. удзельнічаў у абранні караля Рэчы Паспалітай Станіслава-Аўгуста Панятоўскага, у 1771 г. лідскі лоўчы, сакратар малой пячаткі ВКЛ да 1784 г. У 1780-84 гг. сябар Пастаяннай Рады, удзельнічаў у працы дэпартамента справядлівасці. У 1783-87 гг. пісар войскі літоўскі. Удзельнік паўстання 1794 г. 24 красавіка 1794 г. на гарадскім рынку ў Вільні зачытаў акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Найвышэйшай Літоўскай Рады, літоўскі крымінальны суддзя. Кіраўнік аддзелу вайсковых патрэбнасцяў у Цэнтральнай дэпутацыі ВКЛ. У 1808 г. сябар судовай камісіі па пытаннях фінансавання адукацыі. З сакавіка1810 г. заснавальнік і старшыня Таварыства дабрачыннасці ў Наваградку. Яго называлі "літоўскім Арыстыдам". (ЭГБ т. 1 с. 345)

Бяляк Я. - генерал-маёр ВКЛ, камандзір кавалерыйскага палка;

Вельягорскі Міхал - галоўнакомандуючы ўзброенымі сіламі паўстання ў ВКЛ пасля 14 чэрвеня, генерал-паручнік;

Грабоўскі Стэфан - камандзір корпуса войскаў ВКЛ;

Касцюшка Андрэй Тадэвуш - генерал-паручнік, правадыр паўстання;

Кіркор - камандзір палка войска ВКЛ;

Корсак Самуель - паручнік, маёр, палкоўнік, камандзір кавалерыстаў, удзельнік рэйду Агінскага ў Менскую губерню;

Сапега Францішак - князь, генерал-паручнік, камандуючы аднаго з трох карпусоў войска ВКЛ;

Хлявінскі Антон - генерал-маёр, шэф 3 палка кавалерыйскай брыгады;

Ясінскі Якуб - палкоўнік інжынерных войскаў ВКЛ, генерал-паручнік з 11 траўня, галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі ВКЛ да 14 чэрвеня 1794 г.;

Расейцы:

Бенігсен (Левін Аўгуст Тэафіл)Лявонці Лявонцевіч (10.11.1745 - 2.05.1826) у 28 гадоў перайшоў на расейкую службу. Сувораў надаў яму чын генерал-маёра. Вызначыўся ў польскай кампаніі 1794 г. 15 верасня ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 3 ступені, 24 верасня - залатой, упрыгожанай брыльянтамі шпагай з надпісам: "За храбрасць", 2 кастрычніка - ордэнам Святога Ўладзіміра 2 ступені вялікага крыжа. Атрымаў 1080 душ у Менскай губерні.

Дзееў - палкоўнік;

Дэметр - маёр;

Дэрфельдэн - расейскі ваеначальнік;

Зубаў Валерыян Александравіч (1771-1804) - граф, генерал-маёр;

Ігельстром Осіп Андрэевіч - барон, галоўнакамандуючы расейскімі войскамі ў Рэчы Паспалітай:.

Кнорынг Багдан Фёдаравіч - расейскі генерал-маёр;

Ланскі - брыгадзір;

Няплюеў - менскі губернатар;

Рапнін Мікалай Васільевіч - князь, генерал;

Туталмін Цімафей Іванавіч - генерал-аншэф, сенатар, менскі, ізяслаўскі і брацлаўскі генерал-губернатар, генерал - губернатар нанава здабытых абласцей;

Фок Аляксандр - артылерыйскі капітан;

Ферзен І. - генерал-лейтэнант;

Цыцыянаў Павел Дзмітрыевіч - князь, генерал-маёр;

Чэсменскі Аляксандр Аляксеевіч - палкоўнік Санкт-Пецярбургскага драгунскага палка;

Эсен Іван Мікалаевіч - палкоўнік Пскоўскага драгунскага палка;


Літаратура:

1. Анішчанка Я. Інкарпарацыя. Мінск. 2004.

2. Анішчанка Я. Камісары Касцюшкі. Том 1. Дакументы паўстання 1794 г. у Літоўскай правінцыі. Мінск. 2004.

3. Восстание и война 1794 года в литовской провинции. Минск. 2001.

4. Kuwalek R. Powstanie 1794 r. w powiece lidzkim. // Ziemia lidzka. № 15. 1994. S. 12-14.

5. Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок. // Виленский календарь. Вильно. 1906, С. 51.

6. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1, с.



АПОШНІ ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Гістарычная рэканструкцыя Станіслава Судніка

Ад таго моманту, калі 24 красавіка 1794 года ў Вільні на Рынкавым пляцы Лідскі лоўчы Юры Белапятровіч на гонар і славу лідзян усіх пакаленняў, былых і новых, абвясціў пачатак паўстання ў Вялікім Княстве Літоўскім супраць маскоўскай агрэсіі, за свабоду і непадзельнасць Бацькаўшчыны, прайшло два з паловай месяцы. Паўстанне цярпела паразу. Маскоўскія войскі закончылі акупацыю Ашмянскага павету. Наперадзе быў яшчэ адзін павет Вялікага Княства - Лідскі.

Генерал Б. Ф. Кнорынг выступіў з Іўя ў бок Дворышча. 5 ліпеня гэта стала вядома ў Лідзе. Паведамленне прыйшло вечарам падчас плянарнага паседжання. Лідскай парадкавай камісіі (павятовага органа кіравання паўстаннем начале з лідскім старастам Язэпам Сцыпіёнам дэль Кампа). Бараніць Ліду не было каму. Паўстанцкі ўрад не адказаў на просьбу лідзян вярнуць ім шэсць гармат, забраных у Сцыпіёнаў і адвезеных у Гародню. Не выпадала чакаць дапамогі і ад рэгулярнага войска ВКЛ, якое стаяла лагерам пад мястэчкам Яцунем за ракой Мераччу пакінуўшы колькі дзён таму Веранова, і якое, нягледзячы на колькасць у 7 тысяч чалавек, пасля адстаўкі з паста галоўнакамандуючага войскаў ВКЛ Якуба Ясінскага не ўяўляла больш значнай небяспекі для маскоўцаў. Яно яшчэ магло баляваць, але не ваяваць. Таму Парадкавая камісія тэрмінова пакінула Ліду і выехала ў бок Мыто, каб потым аднавіць працу ў Новым двары.

У горадзе засталіся войскі павету: дзве сотні павятовай кавалерыі пад камандаваннем генерал-маёра Караля Сцыпіёна дэль Кампа, брата лідскага старасты і ротмістра Язэпа Вілбека з Кандрацішак, а таксама сотня апалчэнцаў з прыгараднай шляхты і татараў пад камандай лідскіх абывацеляў Язэпа Дамініка Шалевіча, камісара аддзелу вайсковых патрэбнасцяў Лідскай парадкавай камісіі і Францішка Александровіча, пісара земскага, харунжага, камісара грамадсзянскіх войскаў Лідскай парадкавай камісіі.

У Лідзе было яшчэ каля тысячы рэкрутаў набраных Парадкавай камісіяй паводле ўніверсалаў ураду. Але ўсе яны былі без зброі і неабучаныя. Пазней усё гэтае лідскія ваенізаваныя фармаванні ў рапартах расейскіх генералаў ператворыцца ў 2,5 тысячы добра ўзброенага войска.

Дыспазіцыя абароны Ліды будавалася наступным чынам. Сотні Караля Сцыпіёна і Язэпа Вілбека атакуюць непрыяцеля ў зручным месцы пры выхадзе з Дворышча, а ў выніку няўдачы адходзяць у Ліду. Тут жа, перад мостам пры піярскім млыне трымае абарону сотня Шалевіча і Александровіча.

Можна было, канешне, ваяваць па іншаму, можна было кінуць рэкрутаў на земляныя работы, капаць шанцы. Можна было адбівацца ад маскалёў з акопаў. Але супраць гэтага былі наступныя абставіны. Абцягнуць шанцамі ўсю Ліду не было часу. Тыя тры сотні, узброеныя акрамя неадменных шабляў кавалерыйскімі карабінамі і пісталетамі, маглі трымаць абарону толькі на невялікім участку, ды і то эфектыўнасць той абароны была б не надта высокай. Адзінай перавагай абаронцаў Ліды была іх высокая манёўранасць, паколькі ўсе тры сотні былі на конях. І паколькі кавалерыйскія сотні не надта прыдатныя для баёў у шанцах, то і было вырашана весці абарону Ліды кароткімі атакамі на подступах да горада.

Генерал Кнорынг, прыбыўшы ў Дворышча пад раніцу 6 ліпеня, разбіў тут свой лагер і выслаў дазор па лідскай дарозе. Гэты дазор неўзабаве наткнуўся на сотні Сцыпіёна і Вілбека. Сотні выцялі ў шаблі. Маскалі, не прыняўшы бою, кінуліся наўцёк, далажыўшы Кнорынгу пра моцны пост ракашан на лідскай дарозе. Кнорынг загадаў палкоўніку Чэсменскаму з трымя сотнямі кавалерыі (драгуны і егеры, пасаджаныя на коней), дзвюмя сотнямі казакаў і дзвюмя гарматамі атакаваць пост ракашан, разбіць яго і ісці на Ліду.

Сцыпіён і Вілбек, ацаніўшы сітуацыю і перавагу непрыяцеля ў колькасці і ўзбраенні, вырашалі другі бой пад Дворышчам не даваць, а адысці пад Ліду на злучэнне з трэцяй сотняй. Лідзяне лёгка адарваліся ад абцяжаранага гарматамі аддзелу Чэсменскага і з'явіліся перад Лідай. Стратаў пад Дворышчам яны не панеслі, і маральны дух шляхты быў высокі.

Сцыпіён загадаў Шалевічу і Александровічу заняць абарону за мостам, а сотні яго і Вілбека схаваліся за пералескам.

Неўзабаве паказаўся непрыяцель. Убачыўшы сотню Шалевіча і Александровіча маскалі пачалі разгортвацца ў баявы шыхт. У гэты час і выцялі Сцыпіён і Вілбек. Аднак маскалёў, ветэранаў турэцкіх войнаў, сувораўскіх "цуда-асілкаў" не проста было застаць знянацку. Ад калоны аддзяліліся казакі і кінуліся напярэймы ліцьвінам. Пачалася сеча. У гэты час драгуны і егеры спешыліся і зшыхтаваліся ў карэ.

Шляхта адвяла душу. Несучы сур'ёзныя страты, яна змяла казакоў. Тыя кінуліся наўцёк, выводзячы ліцьвінаў на маскоўскі шыхт. Грымнулі гарматы. Выцяў першы залп, другі, трэці.

Шляхта пасылалася з коней.

Сотні адкаціліся, гатовыя паўтарыць атаку, але Сцыпіён заўважыў, што казакі перашыхтаваўшыся выходзяць з-за карэ і спрабуюць перакрыць дарогу да моста. Сотні, дакладней, ужо паўсотні паімчалі да моста. Ізноў схапіліся з казакамі, ізноў лідская шляхта ўспомніла славу дзядоў, змяла казакаў і прарвалася да моста. Маскалі, казакі і драгуны, што паспелі сесці на коней, кінуліся следам, пачалі пераходзіць мост. У гэты час выцяла сотня Шалевіча і Александровіча Маскалі на мосце былі добрымі мішэнямі і адзін за адным пачалі куляцца ў Лідзейку.

Атака была адбітая, але ў лідзян засталося не болей 200 баяздольных ваяроў.

Маскалі пачалі разгортвацца ў лінію для новай атакі ўжо цераз рэчку ніжэй ад млына. Загрымелі гарматы. Гранаты пачалі рвацца ў горадзе. Жыхары налічылі 12 выбухаў. Хоць шкоды тыя гранаты прынеслі не шмат, але страху на абывацеляў нагналі вялікага.

Сцыпіён бачыў, што горад не ўтрымаць. Нават, калі ўдасца адбіць яшчэ адну атаку, з Дворышча падыдзе падмога. Ён загадаў рэкрутам тэрмінова разыходзіцца па дамах і чакаць новай каманды на збор. А сам з рэштаю павятовай кавалерыі і часткай апалчэнцаў, якія вырашылі не складваць зброі, пакінуў Ліду, скіраваўшыся ў бок Мыто.

Маскалі паўторна атакавалі горад, але супраціву больш не было і ў 7 гадзін вечара маскоўскія аддзелы ўвайшлі ў Ліду. Ад гэтага моманту Ліда назаўсёды перастала быць горадам Вялікага Княства Літоўскага і, як беспрытульная кабета, пачала бадзяцца па імперыях, рэйхах, рэспубліках, пакуль праз 200 гадоў не стала горадам зноў незалежнай краіны, хоць не Вялікага Княства Літоўскага, а Рэспублікі Беларусь, аднак сваёй краіны. Але гэта потым, а пакуль што трэба было хаваць забітых.

Генерал Б. Ф. Кнорынг у рапарце ў Пецярбург напіша, што забітых ракашан было 325 і ў палон схоплена 107. Пры гэтым пра свае страты не напіша нічога.

У традыцыі ўсіх вайскоўцаў - свае поспехі прыўвялічыць, а страты прыхаваць. Таму не дзіўна, што ў рапарце можа быць 325 забітых з 300, якія ўдзельнічалі ў баях, а рэшта ж яшчэ паводле таго ж рапарта ўцякла ў Мыто. У традыцыі маскоўскага войска было таксама ніколі не лічыць стратаў сярод казакаў, а страты ў рэгулярных частках не паказваць да часу, замяшчаючы іх навабранцамі з палонных.

Рэальна Сцыпіён і Вілбек страцілі каля сотні чалавек забітымі. У палон маскалі награблі рэкрутаў, якія не паспелі ўцячы з горада, або схавацца.

Сваіх забітых маскалі на вазах вывезлі ў Дворышча. Забітых ліцьвінаў дазволілі хаваць у Лідзе на парафіяльных могілках каля агароджы Фарнага касцёла.

З цывільнай мясцовай улады ў горадзе заставаліся бурмістр Язэп Раеўскі, войт Казімір Маскалевіч і камендант горада віца-пробашч Фарнага касцёла ксёндз Навіцкі. На іх і легла адказнасць за пахаванне паўстанцаў.

Яшчэ 6-га вечарам людзі з падводамі выехалі за Лідзейку і пачалі збіраць забітых. Прывезеных заносілі ў Фарны касцёл і складвалі радамі ўздоўж сцен. Многіх пазнавалі, стараліся наказаць у бліжэйшы фальваркі і засценкі бацькам, жонкам, сваякам забітых шляхціцаў.

Маскалі ў пахаванне не ўмешваліся. Трэба згадаць, што гэта былі яшчэ тыя часы, калі афіцэры ўсіх войскаў Еўропы размаўлялі на адной мове - французскай. Гэта яшчэ былі часы больш-менш цывілізаванай вайны, пры ўмове што паняцці "вайна" і "цывілізацыя" наогул сумяшчальныя. Акрамя таго ў іх быў іншы больш важны клопат. Ім трэба было садраць кантры-буцыю з манахаў і з яўрэяў ды парабаваць бліжнія фальваркі. Прыёр кармеліцкага клештара плаціць адмовіўся, тады яго ўзялі пад варту, а кляштар аддалі пад разрабаванне. Манахі - кармеліты страцілі ўсе прыпасы, рухомасць і грошы. Яўрэі заплацілі.

За ноч частку забітых разабралі сваякі, каб пахаваць на сваіх парафіяльных могілках. Назаўтра каля касцёла выкапалі вялікую яму. Паводле тутэйшай пахавальнай традыцыі яма не можа капацца загадзя, не можа начаваць, таму яму капаюць толькі ў дзень пахавання..

Пахавальную імшу адслужыў ксёндз Навіцкі. Народу на імшы было мала. Баяліся.

Хавалі без трунаў. Дно ямы заслалі саломай. Спачатку клалі адзін каля аднаго, потым у другі рад. Прынеслі сувой палатка і закрылі твары палатном. Засыпалі.

Засыпалі тых хто аддаў сваё жыццё за незалежнасць сваёй краіны. Засыпалі саму гэтую незалежнасць.

Пройдуць стагоддзі, і да грузу зямлі, якая прыціснула палеглых змагароў, дадасца груз бяспамяцтва. Будуць знесены парафіяльныя могілкі. На іх месцы пастануць забудовы, Пазносяць тыя забудовы, пабудуюць новыя. Цягнучы траншэі камунікацый павыкопваюць шмат касцей, магчыма і касцей паўстанцаў.

Але якія "траншэі" трэба прарэзаць у нашай засмечанай свядомасці, каб дакапацца да разумення таго, што згаданае паўстанне ў Лідзе не скончана і не будзе скончана, пакуль на месцы пахавання паўстанцаў не будзе пастаўлены годны іхняму вычыну помнік.

Тады мы, нарэшце, зможам цвёрда сказаць, што Ліда зноў стала горадам сапраўднай незалежнай краіны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX