Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 06-07-2012,
Крыніца: НАША СЛОВА № 24 (1071) 13 чэрвеня 2012 г., № 25 (1072) 20 чэрвеня 2012 г., № 26 (1073) 27 чэрвеня 2012 г,. № 27 (1074) 4 ліпеня 2012 г.

Спампаваць




"О год, празваны ў нас і надзвычайным,
І векапомным годам ураджайным!"
А Міцкевіч (пер. Я. Семяжона)

Падрыхтоўка Напалеона да вайны была канчаткова завершана ў верасні 1811 г. Вайну адтэрміноўвала толькі надыходзячая зіма. Флігель-ад'ютант, палкоўнік Чарнышоў дакладваў у гэты час Аляксандру І: "Вайна вырашана ў галаве Напалеона, ён зараз лічыць яе неабходнай для ... уладання Еўропай".

Пачынаючы з 1811 г. у Расіі спешна будавалі на заходняй мяжы дзве новых цвердзі: Бабруйск і Дынабург; узмацнялі ўжо наяўныя ўмацаванні Рыгі і Кіева, і паміж Дзвіной і Дняпром выбіралі месцы для будучых умацаваных пазіцый. Пяць дывізій з малдаўскага войска, якія ваявалі з Турцыяй, атрымалі загад спешна вярнуцца назад да ракі Днястра, а адна дывізія з Фінляндыі перакідалася ў Літву. Гэты адыход пяці дывізій з Дуная і шостай з Фінляндыі вельмі не спадабаўся Напалеону і ён не прамінуў зрабіць аб гэтым належнае пасланне ў Пецярбург. Цар зараз жа адказаў, што верне дывізіі ў Валахію, калі, у сваю чаргу, Напалеон паменшыць залогу Гданьска напалову. Напалеон на гэта не мог пагадзіцца і адказваў, што ён узмацняе свае войскі ў паўночнай Германіі "не дзеля пагрозы Расіі або з палітычнымі мэтамі, але адзіна ў намеры забяспечыць паўночныя берагі Германіі ад нападу ангельцаў, узмацніць мытную варту, захаваць грамадскі спакой у гэтым нованабытым краі і, нарэшце, таней трымаць войскі, чым у Францыі".

На беразе Нёмана 13 (25) чэрвеня 1812 года. Мастак Х.В. Фабер дзю Фор, 1830-я гг.

Літоўская шляхта з нецярпеннем сачыла за дзеяннямі Напалеона. Шляхта перадавала адзін аднаму чуткі пра французскага імператара, бюлетэні "Вялікага войска" пераходзілі з рук у рукі; аднадумцы Напалеона вялі агітацыю на карысць яго. Расейскі імператар Аляксандр І выдатна ведаў пра трывожныя настроі ў Літве. Губернатары даносілі, што з прыходам Напалеона ўсе павернуцца супраць Расіі, і ім загадвалі асабліва ўважліва сачыць за настроямі насельніцтва. Але знешне ўсё было спакойна.

У канцы красавіка 1812 г. імператар Аляксандр І аб'язджаў войскі ўздоўж заходняй мяжы і наведаў Вільню. Ён быў сустрэты натоўпамі насельніцтва: нават самыя вялікія скептыкі паддаліся на гэты раз надзеям на рэформы і незалежнасць у межах Расеі - тую маласць, пра якую ўсе марылі, але расейскія імператар маўчаў і абмяжоўваўся толькі міласцямі да прадстаўнікоу шляхты і незвычайнай ветлівасцю з арыстакратыяй.

У Лідзе ён зрабіў агляд 6-га корпуса генерала ад інфантэрыі Дохтурова. У Лідскім павеце ў раёне Эйшышак кватаравала руская армія ў 60 000 чалавек, карпуснымі камандзірамі ў ёй былі генералы Бахмецьевы 1-шы і 2-гі. На пачатку траўня імператар Аляксандр I, аглядаючы карпусы, суткі прабыў у Эйшышках. Потым імператар наведаў маёнтак Веренова, які належаў 70-гадовай Клары Аляксандровіч. Гаспадыня, па няведанні, прыняла імператара за расійскага паручніка. Непазнаны Аляксандр піў з ёй гарбату, і пані пажалілася яму на тое, што ў яе сілай забралі 6 коней для будучага праезду імператара. Аляксандр, не адкрыўшы сябе гаспадыні, загадаў вярнуць коней. У Лідскім павеце, імператар пешшу наведаў Ішчалну - маёнтак Карла Лясковіча, піў з Лясковічам гакрбату, слухаў ігру дачкі гаспадара Ішчалны на арфе. Каля Ішчалны расейскі імператар інспектаваў 4-ы корпус генерал-ад'ютанта Шувалава (штаб у Васілішках) які складаўся з 11 і 23 пяхотных дывізій, аднаго гусарскага палка з 2-й кавалерыйскай дывізіі і двух артылерыйскіх брыгад. 6-ты корпус Дохтурава меў 20,5 тысяч чалавек і уключаў у свой лік яшчэ і 3-ці кавалерыйскі корпус. Авангард 6-га корпуса (генерал-маёра графа Палена 1-га) складаўся з двух егерскіх і двух гусарскіх палкоў з ротай коннай артылерыі і месціўся каля мястэчка Лебяда.


29 траўня Напалеон прыбыў у Кёнігсберг для арганізацыі забеспячэння войска харчаваннем, а адтуль праз Велаў і Інстэрбург прыехаў у Гумбіен. Тут ён атрымаў вестку ад свайго амбасадара ў Расіі Лорыстона аб адмове Аляксандра I правесці перамовы ў Вільні і палічыў гэта найлепшай нагодай для неадкладнага пачатку вайны з Расіяй. "Справа вырашана! - кажа ён. - Рускія, якіх мы заўсёды перамагалі, прымаюць на сябе выгляд пераможцаў. Яны выклікаюць нас, але, вядома, пасля прыйдзецца нам аддзячыць ім за такую дзёрзкасць. Спыніцца ў дарозе - значыць не скарыстаць спрыяльнага выпадку. Палічым за міласць, што нас прымушаюць да вайны, пяройдзем Нёман".

Загадаўшы карпусам як мага хутчэй паспяшаць да Нёмана, Напалеон выдаў войску свой знакаміты загад: "Салдаты! Другая польская вайна пачалася. Першая скончылася пад Фрыдландам і Тыльзітам. У Тыльзіце Расія паклялася быць у вечным міры з Францыяй і ваяваць з Англіяй. Цяпер яна парушае свае клятвы і не жадае даць ніякага тлумачэння аб сваіх дзіўных паводзінах ... Расію вядзе рок! Лёс яе павінен вырашыцца. Ці не лічыць яна, што мы змяніліся? Хіба мы ўжо не ваяры Аўстэрліца? Расія ставіць нас паміж ганьбай і вайной. Выбар не сумнеўны. Пойдзем жа наперад! Пяройдзем Нёман, прынясём вайну ў рускія межы. Другая польская вайна, як і першая, уславіць французскую зброю і мір, які мы здабудзем, будзе трывалы і пакладзе канец пяцідзесяцігадоваму пыхліваму ўплыву Расіі на справы Еўропы".

Яшчэ да пераходу Нёмана Напалеон у гутарцы з Каленкурам сказаў, што хоча закончыць кампанію за 2 месяцы.


Трэба хоць пункцірам асвятліць жыццё нашых продкаў перад той страшэннай вайной. Вялізарнае расейскае войска на гістарычнай Літве ў значнай ступені ўтрымлівалася за кошт мясцовага насельніцтва. На гэты конт "Курьер Віленскі" пісаў: "Шляхта Віленскай губерні атрымала імператарскую ўдзячнасць за згоду забяспечваць размешчанае ў Віленскай губерні войска харчаваннем на працягу ўсяго года на вельмі зручных для казны ўмовах".

Паводле ўспамінаў капітана І.Т. Радажыцкага, ў сакавіку 1812 г. пад час маршу 2-й артылерыйскай брыгады праз Пружаны - Слонім - Ваўкавыск - Масты - Ліду - Вільню правіянт здабывалі пагрозамі і сілай. Капітану запомніўся нейкі стары пан харунжы ў Беняконях Лідскага павету, які ніяк не жадаў забяспечваць расіян фуражом.

У траўні 1812 да "вышэйшага начальства дайшла інфармацыя, што ў месцах размяшчэння 4 корпуса (Васілішкі, Ішчална), жыхары маюць самую крайнюю патрэбу ў хлебе, і некаторыя ўжо ядуць траву".

Знясільвалі край і рэкруцкія наборы ў расійскае войска. Вялікія рэкруцкія наборы пачаліся ў Гарадзенскай губерні з 1802 г. У 1802-1806 г. у расійскую армію было ўзята 7742 рэкруты, у 1808 г. з - 2589 рэкрутаў (з Лідскага павету - 280), у 1809 г. - 2 190 рэкрутаў (з Лідскага - 255), у 1810 г. - 1418 рэкрутаў (з Лідскага - 162), у сакавіку 1812 г. Аляксандр I загадаў правесці дадатковы набор, але дакладных звестак аб ім няма. Увогуле ў 1802 - 1811 гг. рэкрутчына каштавала Літоўска-Гарадзенскай губерні больш за 16 тысяч чалавек, што нават перавышала натуральны прырост насельніцтва. У гэтыя гады рэзка паменшылася саслоўе беларускіх "месцічаў" - колькасць гараджан-хрысціян скарацілася больш чым напалову, у той час як сялянскае насельніцтва павялічылася. У чатыры разы паменшылася колькасць гараджан-хрысціян у Берасцейскім і Лідскім паветах, у два з паловай разы ў Ваўкавыскім і Слонімскім паветах. Куды "разбеглася" беларускае мяшчанства, пакуль застаецца таямніцай для гісторыкаў.

А край усё напаўняўся расейскімі войскамі. Ігнацы Яцкоўскі ў кнізе "Аповесць з майго часу" піша: "Ужо з сярэдзіны зімы, гэта значыць, з пачатку 1812 года пачаліся перамяшчэнні расійскіх войскаў у розных кірунках. Але такое відовішча не было новым для Літвы. Выклікаюць яны нейкі страх і абмяжоўваюць свабоду, але з тае прычыны, што рухаліся яны ўсе на Захад, той, хто прыглядаўся да гэтага, міжвольна думаў пра Цюрых, Аўстэрліц і Ену, куды гэтаксама прыгожа і гэтаю самаю дарогаю ішлі войскі, але ніколі не вярталіся ...", і калі нейкі малады афіцэр спытаў "бабулю, якая, абапіраючыся на кіёк, прыглядалася да палка, што праходзіў міма: "А што, маці, ці была б ты рада, калі б мы пабілі французаў? О, дай Божа, - пакорна адказала старая, - каб вы іх пабілі, а каб вас пярун пабіў!".

Пачатак вайны

Месца вышэй ад Коўні, там, дзе ў Нёман упадае маленькая рэчка Еся, імператар Францыі абраў для пераходу Ежы Косак. Пераход Напалеона са штабам цераз Вілію 24 чэрвеня 1812 года. цераз Нёман для галоўнай часткі свайго войска. Напярэдадні, 23 чэрвеня, ён дбайна агледзеў берагі ракі ў наваколлях Коўні, але лепшага месца знайсці не змог. Пад вечар корпус Даву, які першым павінен перайсці мяжу, падышоў да ракі і заціх сярод узгоркаў і лясоў. Агнёў не разводзілі, і нішто не паказвала на тое, што праз некалькі гадзін дзесяткі тысяч людзей будуць на другім беразе ракі. У гэтую пару цямнее позна, і таму толькі з прыходам ночы падрыхтоўка пераправы пачалася. У цемры рота сапёраў пераправілася на правы бераг, знайшоўшы маленькую вёсачку, французы ўмацаваліся ў ёй. Калі адзін з казачых раз'ездаў спакойна наблізіўся да іх, рускі афіцэр спытаў, хто яны такія?. "Французы" , быў адказ. "Чаго вы жадаеце і навошта вы ў Расіі?" працягваў пытаць афіцэр. "Ваяваць з вамі, узяць Вільню, вызваліць Польшчу!" . Афіцэр не пытаў далей, павярнуў каня, і патруль хутка схаваўся ў лесе. Сапёры паслалі яму наўздагон некалькі куль. Гэта былі першыя стрэлы той вайны …

У 11 гадзін вечара 24 чэрвеня тры масты цераз Нёман былі гатовыя, і ледзь пачаў святлець усход, вялікае войска пацягнулася жывой бясконцай стужкай. Напалеон пераправіўся адным з першых. Ступіўшы на непрыяцельскі бераг, ён доўга стаяў каля мастоў, падбадзёрваючы салдат і слухаючы крыкі "Vive l'Empereur!". Потым, прышпорыў каня, ва ўвесь апор паскакаў у лес, доўга імчаўся наперад цалкам адзін ... Нарэшце апамятаўся, павольна вярнуўся да мастоў, і, далучыўшыся да аднаго з гвардзейскіх атрадаў, накіраваўся ў Коўню.


24 чэрвеня у Вільні быў дадзены раскошны баль, на якім Аляксандр І атрымаў весткі пра пераправу Напалеона цераз Нёман. Прабыўшы яшчэ трохі, ён з'ехаў з балю а праз два дні рускі імператар выехаў з Вільні.

Такім чынам Напалеон з войскам перайшоў Нёман каля Коўні 24 чэрвеня, а 28-29 чэрвеня Вестфальскі кароль Жаром заняў Гародню.

Французскае "Вялікае войска" хутка рухалася наперад, і рускія не маглі затрымаць яго наступленне. Ужо 28-га авангард Мюрата начаваў у Рыконтах, за 20 вёрст ад Вільні. На наступны дзень, 29-га, адбыліся тры невялікіх сутычкі, якія завяршылі Нёман-Віленскую аперацыю, у ноч з 27 на 28 чэрвеня апошнія атрады рускага войска выйшлі з горада, а на наступны дзень Вільня была ўжо ў руках Напалеона.

Вось як апісвае ўваход французаў у Вільню відавочца гэтай падзеі гісторык М. Балінскі: "У гэтую ноч амаль ніхто з жыхароў горада не заплюшчыў вочы. Праўда, на вуліцы не было ніякага шуму, але менавіта начны сумны звон зброі, конскі тупат і глухі стук цяжкіх гармат па бруку, часам прыглушаныя галасы камандзіраў напаўнялі жахам мірных жыхароў, якія, загасіўшы святло і зачыніўшы вокны, прыслухваліся да ўсяго, што адбываецца, сочачы за рухамі войска пры бляску зорак і месяца. Да світанку гэты рух некалькі паменшыўся, а пасля сямі гадзін раніцы наступіла нават хвіліна поўнай цішыні. Наперадзе пешыя жаўнеры ішлі або, дакладней, беглі рыссю, каб не быць заспетымі ворагам у гэтых цесных вуліцах. Потым рухалася конная артылерыя ... лёгкіх гармат, шэсце замыкала кавалерыя, гусары і чырвоныя гвардзейскія казакі, з якіх кожны трымаў у руцэ пісталет з узведзеным курком ці аголеную шаблю. Менавіта гэты атрад быў першым, які сустрэўся з французамі на дарозе паміж Рыконтамі і Вільняй. Увесь гэты адыход працягваўся з паўгадзіны, а потым на вуліцах зрабілася цалкам глуха і пуста. Нідзе не было відаць ні душы, усе адчувалі, што ў такую рашучую хвіліну было бы небяспечна быць сярод тых, хто кожную хвіліну мог уступіць у бой. Частка насельніцтва не адважвалася высунуцца з хаты, а больш адважныя і маладыя былі ўжо на Пагулянцы, каб убачыць Напалеона, а каля яго - сваіх землякоў. Але неўзабаве за горадам, каля 9 гадзін раніцы, было жахлівае гледзішча для жыхароў Сніпішак: казакі запалілі вялізныя хлебныя склады, прыгатаваныя для рускага войска, і Зялёны мост, які яшчэ за дзень да таго быў абвязаны саломай і абліты смалой. У 12 гадзін дня Напалеон уступіў у Вільню, сустрэты велічэзным натоўпам, які вітаў яго, як свайго вызваліцеля ... Першым палком вялікага войска, якія ўступіў у сталіцу Літвы, быў восьмы полк польскай кавалерыі Дамініка Радзівіла. Гэта была адна з урачыстых хвілін у жыцці Вільні і разам з тым гэта быў тонкі тактычны прыём з боку Напалеона, які не рабіў ніякіх абяцанак у дачыненні Літвы, але як бы справай сведчыў аб будучыні, пасылаючы вызваляць горад ад рускага валадарства нашчадка літоўскіх князёў. У Панарах Напалеона сустрэла дэпутацыя мясцовых грамадзян з ключамі ад горада".

Весткі аб наступе французаў выклікалі сумятню сярод рускага насельніцтва заходніх губерняў. Жыхары паспешліва збіраліся і ўкладваліся, ратуючы сем'і і маёмасць; не маючы належных распараджэнняў, службоўцы не ведалі, што рабіць з казённай маёмасцю. "Адправіў з Гародні гарнізонны батальён, усіх земскіх службоўцаў і казённую маёмасць з вялікай цяжкасцю, - даносіць атаман Платаў Баграціёну, - таму што нічога не было тут прыгатавана, а некаторыя нават не мелі і загадаў аб адступленні адсюль ... я загадаў ім рухацца на Шчучын, Беліцу, Наваградак і далей да Менска".

28 чэрвеня 1812 г. у Лідзе камандзір IV расійскага корпуса Дохтураў атрымаў загад рухацца на Вільню. Аднак хутка даведаўшыся, што Напалеон заняў сталіцу Літвы, ён узяў кірунак на паўночны-ўсход: Гальшаны - Смаргонь - Данюшава, дзе апынуўся ўжо 30 чэрвеня. За Дохтуравым з-над ракі Лябеды адыходзіў III расійскі кавалерыйскі корпус графа П.П. Палена 2-га, які каля Ашмянаў сустрэўся ў імклівым баі з французскай кавалерыйскай брыгадай К. Пажоля. Раніцай 30 чэрвеня кавалерыя Пажоля, якая ішла з боку Вільні, атакавала пад Ашмянамі атрад прыкрыцця корпуса Дохтурава. 30 чэрвеня ды 1 ліпеня французскія генералы паведамілі Напалеону, што на Лідскай і Ашмянскай дарогах бачны значныя сілы рускіх з усіх трох радоў войскаў: пяхоты, кавалерыі, артылерыі. Гэта былі адступаючыя з-пад Ліды VI пяхотны і III кавалерыйскі корпусы 1-й расійскай арміі. У Гальшанах з'явіўся невялікі атрад расійскага генерала Дорахава (каля 4 тыс. чалавек), гэта быў авангард IV корпуса, які вайна застала каля Аран у Літве. Па нядбайнасці расійскага камандавання Дорахаву "забыліся" паведаміць аб пачатку вайны, і ён сам пачаў як мага хутчэй прабірацца на ўсход, атрад адступаў у такім тэмпе, што ў егераў замест поту выступала кроў. Пад час гэтага маршу Дорахаў страціў ад стомы 60 чалавек. Частку адстаўшых расійскіх егераў злавілі тутэйшыя сяляне і адвялі ў Вільню.

2 ліпеня Вестфальскi кароль Жаром заняў Гародню. Вестфальскі кірасір Рункель адзначаў у лісце да родных, што ўся Гародня выйшла сустракаць караля Жэрома з падзякамі і ўшанаваннямі Напалеона. Дэпутаты ад Гародні паднеслі Жэрому ключы ад горада.

На кірунку Гародня - Ліда Жарому Банапарту супрацьстаялі расейскія карпусы Шувалава ў Алькеніках і Дохтурава ў Лідзе. Аднак расейскія войскі пачалі хутка адступаць і толькі пад Ліпнішкамі адбыўся ар'егардны бой паміж французскімі драгунамі і часткамі корпусам Дохтурава. Напрасткi дарога з Гародні да Наваградка iшла праз Шчучын, Жалудок i Белiцу. Дарогу трымалі казакi генерала Платава, якія яшчэ 29 чэрвеня спалілі харчовыя магазіны (склады) ў Лідзе. Па гэтай дарозе наступалi войскi караля Жарома ў склад якiх уваходзiў i 5 польскi корпус князя Юзафа Панятоўскага разам з 8-м корпусам вестфальскага генерала Вандама.


3 ліпеня асноўныя сілы 2-й рускай арміі Баграціёна адыходзячы, прайшлі Наваградак. У горадзе застаўся афіцэр, які павінен быў падпаліць вайсковы і харчовы склады. Гэта магло выклікаць вялікі пажар, і таму жыхары адкупіліся ад рускага афіцэра вялікай сумай грошай, а для бачнасці пажару падпалілі на гарадской ускраіне некалькі стагоў сена. Праз тры дні ў Наваградак увайшла французская лёгкая кавалерыя з 4-га карпусы генерала Лятур-Мобура.

"Кур'ер Літоўскі" пісаў "Адступаючы, непрыяцель нясе жорсткія страты. Усюды, дзе ён ужо прайшоў, жыхары паўстаюць і наводзяць парадак. Толькі быў ачышчаны Ваўкавыск, там згуртаваўся ўвесь павет і далучыўся да Генеральнай Канфедэрацыі. У Янаве гараджане перавязалі ўсіх рускіх вартавых, якія ахоўвалі склады ... і ў цэласці перадалі французскім войскам. Тое самае спрабавалі зрабіць і жыхары Пінска, але сілы непрыяцеля былі занадта вялікія, таму атрымалася вывезці частку харчоў, усё што засталося, было захавана і перададзена генералу Фрэліху ... войскам князя Шварцэнберга".

8 ліпеня ў Менск уступіў авангард французскага корпуса Л. Даву, які пасля прывітання мясцовай шляхты, сказаў, што войскі Напалеона прыйшлі не прыгнятаць а вярнуць былую Радзіму.


Войскi генерала Вандама пакiнулi аб сабе дрэнныя ўспамiны ў Лiдскiм павеце праз рабункi. 26 ліпеня Лідскі падпрэфект жаліўся на генерала Вандама, які пасылаў салдат рабаваць жыхароў. 28 ліпеня атрад вестфальцаў з 500 чалавек, пад камандаваннем Жулье, спыніўся ў Шчучыне, і хоць салдатам было дадзена ўсё што яны патрабавалі: сена, ялавічына, хлеб, гарэлка, піва - аднак яны з 11 гадзін вечара да раніцы, са згоды сваіх афіцэраў, па-варварску пачалі рабаваць хаты. Пры гэтым былі 3 чалавекі забітыя, 2 параненыя, мноства збіта.

Вестфальскі генерал Вандам (Дамінік Жазэф Рэне Вандам (фр. Dominique-Joseph Renе Vandamme, 1770-1830) быў жорсткім салдатам які праславіўся рабаваннямі і непадпарадкаваннем. Напалеон аднойчы сказаў пра яго: "Калі б я страціў Вандама, дык не ведаў, што б я аддаў, каб зноў яго атрымаць, але калі б меў дваіх, я быў бы змушаны загадаць аднаго расстраляць". Напачатку паходу ў Расію ў 1812 г. Вандам быў прызначаны намеснікам камандзіра 8-го вестфальскага корпуса Жарома Банапарта. Але паколькі неспрактыкаваны Жаром Банапарт камандаваў групай карпусоў, якія дзейнічалі супраць Баграціёна, Вандам фактычна аказаўся камандзірам корпуса. Аднак у самым пачатку кампаніі, ў Гародні, Вандам быў адхілены Жаромам Банапартам ад камандавання корпусам з-за рознагалоссяў: жаўнеры яго корпуса былі пазбаўлены рэгулярнага харчавання і не маглі самі здабываць прадукты. Ён меў неасцярожнасць 3 ліпеня напісаць Жарому даволі рэзкі ліст. "Сір, - пісаў генерал, - беды 8-га карпуса дасягнулі сваёй мяжы, і, калі Ваша Вялікасць не зменіць сумную сітуацыю, у якой знаходзяцца ўсе карпусы, я буду змушаны прасіць дазволіць даць мне іншае камандаванне .... . Немагчыма больш выносіць тое, што дзеецца вакол мяне. Парадак знік, паўсюль пануе гвалт" . Адпраўляючы гэты ліст, Вандам не ўлічыў, што вестфальскі кароль ужо неаднаразова жаліўся імператару на яго цяжкі характар. Раздражнёны гэтым Напалеон у адзін з момантаў благога настрою дазволіў свайму брату адхіліць камандзіра вестфальцаў.

Жаром Банапарт зняў генерала Вандама з пасады. Генерал прайшоў за войскам да Беліцы, паколькі ён яшчэ спадзяваўся, што яго адновяць на пасадзе. Аднак Напалеон не змяніў выраку, і потым шмат гадоў мясцовыя жыхары памяталі, што Вандам правёў цэлае лета за 30 вёрст ад горада Ліды, ў маёнтку Лебяда ў абшарніка Горскага. Распавядалі, што Вандам, маючы пры сабе некалькі ад'ютантаў і паўтара дзесяткі салдат, займаўся сельскай гаспадаркай і вырашаў сялянскія справы, як самы клапатлівы гаспадар. Напалеон загадаў яму вяртацца дахаты за тое, што ён не перашкодзіў адыходу войска Баграціёна.

Толькі ў сакавіку 1813 г. Напалеон зноў прызначыў Вандама камандзірам 32-й вайсковай акругі, а 1 ліпеня ён быў прызначаны камандзірам 1-га армейскага корпуса. Вандам зацята ваяваў і патрапіў у палон у бітве пры Кульме 30 жніўня 1813 г.

24 жніўня ў Гродню паступіла скарга ад пана В. Санкоўскага з Навадворскай парафіі Лідскага павету. Аўтар даводзіў, што ў парафіі затрымалася некалькі дзесяткаў французскіх конных егераў з 1-га корпуса Даву. Гэта былі параненыя салдаты альбо тыя, у каго скалечыліся коні. Салдат пакінулі пад час пераследу Баграціёна ды і забыліся. А французы нікуды не спяшаліся. Штодзень дванаццаць конных егераў з'ядалі ў пана Санкоўскага 24 пінты збожжа, выпівалі 1,5 гарнцы гарэлкі і абавязкова патрабавалі мяса. Уладальнік маёнтка, які ўжо пацярпеў ад вестфальцаў Вандама, цікавіўся, калі яго пазбавяць гэтага клопату.

26 верасня лідскі падпрэфект данёс у Адміністрацыйную камісію, што атрад французаў з 70 чалавек, праходзячы па шляху ў Гародню праз мястэчка Каменка, размясціўся там на два дні і на працягу гэтага часу рабаваў мястэчка: паўсюдна былі выламаны замкі, у насельніцтва забраны рэчы і харчовыя прыпасы: малако, сыр, масла, сена, авёс у снапах і да т.п. Французы білі сялян шаблямі, паранілі 20 чалавек. Гарадзенскі губернатар Леброн абяцаў падпрэфекту ўсё нарабаванае вярнуць. Для спынення рабункаў, было забаронена без дазволу паліцыі, скупляць у вайскоўцаў рэчы. Урад меў у галоўных гарадах сваіх давераных асобаў. Разрабаваным жыхарам прызначалася дапамога, а 12 снежня было загадана частку выкрадзенай маёмасці залічыць як падатак.

Для мясцовага насельніцтва сітуацыю ўскладнялі дэзертыры рускага войска, якіх было вельмі шмат, і якія таксама рабавалі мясцовае насельніцтва. "Кур'ер Літоўскі" пісаў: "Усюды сустракаюцца ў вялікай колькасці рускія дэзертыры, асабліва ў тых мясцовасцях, дзе праходзіў Баграціён. Усе дарогі каля Мастоў, Ружан, Салечнікаў поўныя імі" .

Цікавая гісторыя здарылася з распарадчыкам маёнтка Віктарышкі, які знаходзіцца на дарозе з Вільні на Ашмяну, Пятром Былінскім. У час, калі ён пачуў што французы ўжо ў Вільні, маёнтак рабавалі 63 рускія жаўнеры. Былінскі сказаў ім, што французы побач, і ... параіў рускім ратавацца ў кірунку Табарыйскай плаціны. Калі жаўнеры туды рушылі, ён з сялянамі з Віктарышак заняў дарогу і ... прымусіў рускіх здацца. 55 з іх здалося, а 8 уцякло. Усіх палонных ён адправіў у Вільню і здаў ваенным уладам.

Адраджэнне ВКЛ

1 лiпеня 1812 г. Напалеон падпiсвае дэкрэт пра ўтварэнне дзяржавы - Вялiкага Княства Лiтоўскага i фармуе Граф Станіслаў Солтан. часовы ўрад - Камiсiю Часовага Ураду ВКЛ (Komisja Rzadu Tymczasowego Wielkiego Ksiestwa Litewskiego). Яна стваралася з 7 камiтэтаў на чале кожнага з iх стаяў адзiн з сяброў Камiсii: Харчавання i складоў (магазiнаў) - Станiслаў Солтан, палiцыi - Юзаф Серакоўскi, вайсковы - Аляксандр Сапега, судовы - Франц Ельскi, унутраных Францішак Ельскi. спраў - Аляксандр Патоцкi, асветы i рэлiгiі - Ян Снядецкi. Камiсiя Часовага Урада з'яўлялася вышейшай уладай княства, якое складалася з 4 дэпартаментаў утвораных на месцы былых Вiленскай, Гарадзенскай, Менскай губерняў i Беластоцкай акругі. Лiдскi павет уваходзiў у склад Гарадзенскага дэпартаменту.

Адначасова Напалеон прызначае і вайсковага генерал - губернатара Літвы, графа Гогендорпа (Hogendorp), як сказана ў дэкрэце, для таго, каб рашэнні ўраду мелі больш моцы бо за імі стаіць камісар Імператара.

Адразу паўсталi два галоўных кiрункi дзейнасцi: усталяванне законнага грамадзянскага ладу i стварэнне войска.

Сяляне, якія чакалі ад французаў волі, пачыналі бунтаваць і адмаўляцца выходзіць працаваць на пана. Хваляванні даходзілі да палення двароў і рабункаў. Рапарт Віленскага падпрэфекта да Часовай камісіі ад 6 ліпеня: "Сяляне хаваюцца па лесе, ... пачынаюць рабаваць, іншыя адмаўляюцца працаваць. Гэта прыводзіць да таго, што войска не атрымлівае неабходнай дапамогі якая яму неабходна, … гіне ўраджай… што можа прывесці да голаду". Расейская армія адступаючы вывозіла з сабой харчовыя магазіны ці нішчыла іх, пры тым, што харчавання было не шмат, бо 1811 г. быў неўрадлівы.

Часовы камітэт прымаў меры, каб спыніць марадзёрства жаўнераў і сялянскія хваляванні. 3 лiпеня ва ўсiх дэпартаментах былі створаныя адмысловыя камісіі з аднаго старшыні i 4 сяброў, мэтай якiх было падтрымлiваць грамадзянскi спакой. Рабаўнікоў i марадзёраў пачалі расстрэльваць на працягу 24 гадзiн. Былi утвораны "рухомыя калоны" (colonnes mobiles) па 10 чалавек кожная, пераважна з гвардзейцаў генерала Красiнскага цi з жандараў, якiя шукалі рабаўнiкоў i марадзёраў. Аднак меркаванне, што "ўжо праз 2 месяцы ў краі ўсталяваўся спакойны грамадскi лад", верагодна, не мае рацыі, акрамя жаўнераў дзвюх армій, свой уклад у хвалю гвалтаў унеслі і мясцовыя жыхары. Асабліва небяспечнымі былі Гарадзенскі і Лідскі паветы, дзе пасля праходу арміі Жэрома Банапарта амаль не засталося войска. Вайсковец з Вестфаліі Рункель паведамляе, што ад Гародні летам 1812 г. аддаляцца было небяспечна: "Вакол горада бадзяюцца масы бандытаў" . Разбой квітнеў ўздоўж дарогі Вільня - Ліда, у навакольных лясах з'явіліся банды па 4 - 20 чалавек. Яны нападалі не толькі на падарожнікаў, але і на асобныя двары, рабавалі, забівалі і калечылі людзей. Некаторыя з іх былі схоплены і пакараны ўладамі, напрыклад за ўзброеныя рабункі шляхціц Скіндар з трыма сынамі і нехта Карэва. Сіл 14-га польскага пяхотнага палка Эўзебія Семяноўскага, вылучанага са складу 17-й (польскай) пяхотнай дывізіі Дамброўскага і размеркаванага для падтрымання парадку залогамі ў Ваўкавыску, Лідзе, Наваградку, не хапала.

2 ліпеня, Жэром Банапарт прызначыў губернатарам генерала Ражнецкага, які сабраў шляхту і стварыў Канфедэрацыю. Рада Канфедэрацыі павінна была кіраваць губерняй. Аднак днём раней сам Напалеон ў Вільні аднавіў Вялікае Княства Літоўскае і заснаваў вышэйшую уладу Княства - Камiсiю Часовага ўраду, а па губернях - Адміністрацыйныя камісіі. Таму князь Антоні Гейдрайць, упаўнаважаны Часовым урадам, прыбыў у Гародню 17 ліпеня і выказаўшы павагу да ўдзельнікаў закрыў Раду Канфедэрацыі. Ён стварыў Адміністрацыйную камісію падпарадкаваную Вільні, першае пасяджэнне якой адбылося 26 ліпеня.

Самастойна паўсталі і павятовыя рады Канфедэрацыі. У Лідскім павеце пад кіраўніцтвам маршалка Ігнацыя Скіндара рада была ўтворана 7 ліпеня. Паўстала на Лідчыне і другая рада сканфедэраванай шляхты - у Жалудку пад кіраўніцтвам графа Рудольфа Тызенгаўза. Сябрамі рады у Жалудку былі: Караль Лясковіч, Францішак Райскі, Ян Лясковіч, Ян Расудоўскі, Сымпліцыян Паплаўскі, Казімір Кастравіцкі, Адольф Шукевіч, Антоні Скіндар, Антон Крыдаль (былы харунжы Літоўскіх войскаў і былы дэпутат Літоўскага трыбуналу), Казімір Камінскі, Юзаф Сангайла, Вінцэнт Сякліцкі (стражнік Мсціслаўскага ваяводства). Сакратарамі канфедэрацыі былі выбраныя Ігнацы Чачот і Аляксандр Крыдаль (сын Антона Крыдаля). Такім чынам у адным павеце былі створаны дзве Рады. Можна меркаваць што Рудольф Тызенгаўз - чалавек французскай арыентацыі хацеў супрацьпаставіць сваю канфедэрацыю канфедэрацыі ў Лідзе, якая была па яго меркаванні прарасійскай.

Граф Дзірк-ван-Гогендорп, вайскоўвы генерал - губернатар Літвы.

Павятовыя рады Канфедэрацыі былі таксама распушчаны, кіраўніцтва паветамі перайшло да падпрэфектаў. Звычайна падпрэфектам станавіўся маршалак павету, а калі ён быў не здатны да гэтага, дык падкаморы ці харунжы павету. Падпрэфектам Лідскага павету стаў Ігнацы Скіндар. Абавязкі падпрэфекта практычна нічым не адрозніваліся ад абавязкаў маршалка. Для дапамогі ў справах падпрэфект меў 2-х павятовых радцаў, ён жа кіраваў павятовай паліцыяй. Павятовая паліцыя складалася з інспектараў і іх памочнікаў - сотнікаў і дзесятнікаў. Ян Канопка (1775-1814). Паліцыя павінна была падтрымліваць грамадскі спакой і права ўласнасці. У гарадах былі арганізаваны муніцыпальныя рады на чале з мэрам. У галоўных гарадах дэпартаментаў мэры падпарадкоўваліся адміністрацыйным камісіям, а ў паветах - падпрэфектам. Муніцыпальныя рады кіравалі гарадской маёмасцю, паліцыяй, расквартараваннем войска, "богадагоднымі справамі". Адным з сяброў Лідскай муніцыпальнай рады стаў Аляксандр Крыдаль - уладальнік маёнтка Мелужын.

29 ліпеня Камісія Часовага ўраду выдала адозву аб выбарах паслоў на сойм канфедэрацыі у Варшаве. Выбары павінны былі адбыцца 15 жніўня, у дзень імянін Напалеона. У Лідскім павеце адначасова адбыліся 2 соймікі: першы ў Лідзе пад кіраўніцтвам падпрэфекта Скіндара, другі ў Жалудку пад кіраўніцтвам Рудольфа Тызенгаўза. Але паслы ад абодвух соймікаў у Варшаву так і не паехалі.

Да 1812 г. дзякуючы асабістым просьбам сенатара Агінскага і дэлегатаў Віленскай і Гарадзенскай губерняў Сулістроўскага і князя Ксавера Любецкага (са Шчучына), цар Аляксандр І дазволіў плаціць падаткі не срабрам а асігнацыямі, якія мелі значна ніжэйшы курс. З прыходам французаў падаткі зноў пачалі збіраць срабрам, што азначала іх значнае павелічэнне. Падаткі збіраліся з вялікай цяжкасцю, аднак у Гарадзенскім дэпартаменце гэтая справа ішла лепей чым у суседзяў.


Французскі імператар, указам ад 5 ліпеня загадаў стварыць войска ВКЛ, ён меў вялікую надзею на гэтае войска.

Старшыня Вайсковага камітэта Камiсiі Часовага ўраду Аляксандр Сапега запэўніў імператара, што адноўленае Вялікае Княства можа выставіць да 100 000 жаўнераў. Аднак гэта было вельмі цяжка, бо край быў знясілены рэкруцкімі наборамі расейцаў і заняпадам гаспадаркі.

Узорам для арганізацыі i ўзбраення палкоў бралася польскае войска Варшаўскага Княства. Былi ўтвораны 18, 19, 20, 21, 22 пяхотныя i 17, 18, 19, 20 кавалерыйскія палкi. У кожным пяхотным палку па штату павiнна было быць 2005 афiцэраў i жаўнераў, у кавалерыйскім (уланскiм) 940. Усяго - 14 000 чалавек. Акрамя таго, па ўказу Напалеона падпiсаным у Смаленску ад 24 жнiўня, па 500 лiтоўскiх рэкрутаў папоўнiлi 129-ы лiнейны i 2-i iлiрыйскi палкi.

5 лiпеня 1812 г. Напалеон падпісаў загад аб сфармаванні 3-га гвардзейскага лёгкаконнага палка (5 эскадронаў па 2 роты, паспелi сфармаваць 4 эскадроны), якi камплектаваўся з добраахвотнiкаў - шляхты. У гэты полк запісаліся студэнты Вiленскага ўнiверсітэта. Штатны расклад палка - 1280 чалавек. У гэты полк залічваліся мужчыны ад 18 да 40 гадоў добрага росту, добраахвотнік павінен быў сам купiць сабе амунiцыю. 3-цi гвардзейскі лёгкаконны полк атрымлiваў той жа заробак што i ўсе гвардзейскія палкі французскага войска. Абмундзіраванне было аналагічным 1-му гвардзейскаму палку польскiх уланаў, аднак прыборны метал формы ўстанаўліваўся не белага а жоўтага колеру. Загадам ад 5 чэрвеня на пасаду камандзiра 3-га гвардзейскага лёгкаконнага палка быў прызначаны генерал брыгады Канопка. 4 жнiўня Вайсковая камiсiя Часовага ўраду прыняла пастанову аб наборы 1000 добраахвотнiкаў - шляхты для гэтага палка.

"Кур'ер Літоўскі" ад 24 ліпеня 1812 г. пісаў: "Больш за 300 выдатных юнакоў з'явілася ў Гародню, дзе генерал Канопка, адзін з герояў Альпухары, ужо амаль што сфармаваў полк Літоўскай гвардыі" .

Літоўскае войска. Злева направа - уланы 19-га (Наваградак) і 17-га (Купішкі) палкоў уланаў 1812 г. Аўтар Саманта Глінская.

За фарманне астатнiх палкоў Вялікага Княства Лiтоўскага адказваў Вайсковы камiтэт Аляксандра Сапегi (потым камітэт узначаліў Стэфан Грабоўскi). Напрыканцы жніўня Напалеон прызначыў камандаванне войска ВКЛ: генерал дывізіі князь Рамуальд Гейдройц стаў генералам - інспектарам, генералы брыгады граф Ксаверы Несялоўскi - iнспектарам пяхоты, Юзаф Ваўжэцкi iнспектарам кавалерыi. Яны склалi штаб войска. Лiтоўскiя палкi не ўваходзiлi у склад польскага войска а падпарадкоўваліся свайму кіраўніцтву, якое ў сваю чаргу падпарадкоўвалася ў вайсковым плане Галоўнаму штабу Вялiкай армii. Па адміністрацыйнай частцы, войска кіравалася Вайсковым камiтэтам, за выключэннем гвардзейскага палка Канопкi, якi быў часткай Iмператарскай гвардыі і насiў французкую трохкаляровую кукарду з белым рыцырскiм мальтыйскiм крыжам.

25 чэрвеня 1812 г. Вайсковая камiсiя Часовага ўраду прыняла пастанову аб наборы рэкрутаў у пяхоту. Неабходна было сабраць у Вiленскiм дэпартаменце - 3000 рэкрутаў, у Беластоцкiм - 1500, у Гарадзенскiм - 2500 чалавек, у Менскiм - 3000 чалавек, усяго 10000 чалавек. Узрост - 17-34 гады, рост не менш за 2 локці i 12 вяршкоў (140 см), тэрмiн прызыву - з 5 па 30 жнiўня. 1 жнiўня была прынята пастанова, якая рэгулявала набор кавалерыстаў: кожны дэпартамент выстаўляў неабходную колькасць уланаў, забяспечваў iх коньмі ва ўзросце ад 5 да 8 гадоў, замест каня можна было заплацiць 500 злотых. Дэпартаменты былi павiнны прызваць: Вiленскi - 1327 чалавек, Гарадзенскi - 966 чалавек, Менскi - 1307 чалавек, Беластоцкi - 370 чалавек. Усяго - 4000 кавалерыстаў, узросту 18-36 гадоў, рост не меней за 2 локці і 12 вяршкоў (140 см) , тэрмiн набору - з 11 жнiўня па 25 верасня. Адзін цалкам укамплектаваны кавалерыст выстаўляўся з 75-ці дамоў уладальнікаў усіх саслоўяў. Сярод патрабаванняў да рэкрутаў было і патрабаванне каб яны былі мясцовымі, выпрабаванымі людзьмі.

Тэрмiн службы ва ўсiх вiдах узброенных сiлаў - 6 гадоў. Вялiкая ўвага звярталася на добрыя адносiны да жаўнераў з боку афiцэраў. Абшарнiкi, адпускаючы рэкрутаў на службу, абяцалi, што калi жаўнеры будуць добра служыць, даць ім па вяртанні дахаты, зямельны надзел у маёмасць. Кожнаму жаўнеру выдаваўся паёк: 1,5 фунта хлеба, 0,5 фунта мяса, крупы, 0,1 фунта солi, 0,5 кварты гарэлкi (600 г.), на кожнага каня 2 гарнцы аўсу (10 кг.), 10 фунтаў саломы i сена (4 кг.) Збор рэкрутаў праводзiўся хутка i ужо пад канец лiпеня, меней чым праз тыдзень пасля ўказу пра набор, войска налічвала 24000 чалавек. Да сярэдзiны верасня палкi былi амаль што цалкам укамлектаваны.

Літоўскае войска. Злева направа - пехацінец 19 палка пяхоты ў кажуху (Расіены), падафіцэр 20-га палка пяхоты (Слонім), нацыянальны гвардзеец з Вільні ў 1812 г. Аўтар Кшыштаф Каманецкі.

Палкі фармавалiся ў наступных пунктах: 18-ы полк пяхоты - Вiльня, 19-ы полк пяхоты - Расіены, 20-ы полк пяхоты - Слонiм, 21-ы полк пяхоты - Беласток, 22-ы полк пяхоты - Менск, 17-ы полк уланаў - Купiшкi, 18-ы полк уланаў - Нясвiж, 19-ы полк уланаў - Наваградак, 20-ы полк уланаў - Пiнск.

13 чэрвеня былі прызначаны палкоўнiкі: 18-ы пяхотны полк узначаліў Аляксандр Хадкевiч, 19-ы пяхотны полк - Канстанцін Тызенгаўз, 20-ы пяхотны полк - Адам Бiшпiнг, 21-ы пяхотны полк - Кароль Пшаздэцкi, 22-ы пяхотны полк - Станiслаў Чапскi, 17-ы полк уланаў - Мiхал Тышкевiч, 18-ы ўланскі полк - Юзаф Ваўжэцкi, 19-ы ўланскі полк Канстанцін Раецкi, 20-ы ўланскі полк - Ксаверы Абуховiч. У канцы жнiўня Юзаф Ваўжэцкi быў прызначаны iнспектарам кавалерыi і атрымаў чын генерала брыгады, таму камандзірам 18-га ўланскага палка стаў Кароль Пшаздэцкi. А 21-шы пяхотны палк узначаліў палкоўнiк Антонi Гелгуд.

Палкоўнiкi павінны былі быць з багатых радоў і мець традыцыйна добры ўплыў на жыццё краю, што дадавала веры жаўнерам і палягчала мабiлiзацыю, таксама яны часткова бралі на сябе і фiнансаванне сваіх палкоў. Для шыхтавання рэкрутаў i агульнага ваеннага кiраўнiцтва ў кожным палку быў прызначаны маёр, які меў баявы досвед.

Паводле пасляваенных падлiкаў расейскага гарадзенскага губернатара, з губернi у войска пайшло каля 6400 чалавек, з iх па пастановах аб мабiлiзацыi - 2495 чалавек у пяхоту i 1103 у кавалерыю, астатнiя былі дабраахвотнiкамі.

Граф Міхал Тышкевіч, камандзір 17-га палка Літоўскай кавалерыі.

Фармаванне войска ішло не толькi з хрысцiянскага насельнiцтва. У № 60 "Лiтоўскага курьера" была надрукавана адозва Вайсковага камiтэта ад 2 жнiўня "Да лiтоўскiх татар", дзе яны заклiкалiся фармаваць нацыянальныя аддзелы дзеля абароны супольнай Бацькаўшчыны. Амаль што за асабiсты кошт пачаў фармаваць татарскiя адзелы, падпалкоўнiк Мустафа Мурза Ахматовiч, якi 23 кастрычнiка ў № 86 "Лiтоўскага курьера" надрукаваў адозву да адзiнаверцаў. Ахматовiчу дапамагалi капiтаны Мурза Карыцкi i Самуэль Улан. Сваiх афiцэраў Ахматовiч разаслаў да татараў Лiдскага, Ашмянскага, Наваградскага, Менскага, Ковенскага паветаў для набору жаўнераў. Але Ахматовiч паспеў сфармаваць толькi адзiн эскадрон, якi ў якасці вышуковага ўлiўся ў склад гвардзейскага палка Канопкi.

Загадам ад 1 чэрвеня Напалеон распарадзіўся стварыць народную гвардыю ў Вiльнi i зацвердзіў яе штат: штаб - 22 чалавекі (6 афiцэраў, 2 унтар-афiцэры, 3 рабочыя, 2 медыкі, 9 музыкантаў), 2 батальёны (1450 чалавек) па 6 рот (у кожнай - 3 афiцэры, 14 унтар-афiцэраў, 2 барабаншчыкі, 100 шарагоўцаў, усяго - 119 чалавек). У гарадах якія раней мелі Магдэбургскае права таксама стваралася Нацыянальная гвардыя з уладальнікаў маёмасці - купцоў, рамеснікаў і г.д. У Гародні нацыянальную гвардыю ў складзе 2 рот (290 чалавек) узначаліў Шастакоўскі. У Лідзе, як і ў большасці іншых гарадоў, стварыць гвардыю не паспелі, аднак камендантам лідскай нацыянальнай гвардыі быў прызначаны гараджанін Матусевіч (адступiў разам з французамi, i на пачатку 1813 г., як службовая асоба атрымаў з iмператарскай касы 300 злотых).

Служба ў нацыянальнай гвардыi была абавязковая для ўсiх гараджан мужчынскага полу якія мелі маёмасць: уладальнiкі дамоў i iншай нерухомасцi, купцы i рамеснiкі узростам з 18 да 50 гадоў, якiя не пайшлі на службу ў Лiтоўскае войска. Трэцяя частка гвардзейцаў атрымлiвала вайсковае абмундзіраванне за кошт горада, астатнiя куплялі за асабiсты кошт. Зброя была часткова французкая, часткова - трафейная, расейская. Раз на тыдзень афiцэры павінны былі праводзiць абучэнне сваiх гвардзейцаў.

Нацыянальная гвардыя ВКЛ прызначалася для забеспячэння парадку ў гарадах і аховы важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў, ўдзел ў баявых дзеяннях яна амаль што не прымала, за выключэннем віленскай, якая бараніла ў снежні 1812 гады свой горад ад рускага войска.

Нацыянальная гвардыя ВКЛ прызначалася для забеспячэння парадку ў гарадах і аховы важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў, удзелу ў баявых дзеяннях яна амаль што не прымала, за выключэннем віленскай, якая бараніла ў снежні 1812 года свой горад ад рускага войска.

Пагоня на ківеры палкоўніка графа Міхала Тышкевіча, камандзіра 17-га палка літоўскіх уланаў.

23 ліпеня Камісія Часовага ўраду Вялікага Княства Літоўскага прыняла распараджэнне пра сфармаванне корпуса жандараў. У кожным дэпартаменце прызначаўся начальнiк жандармерыі ў чыне палкоўнiка, пры палкоўніку былі старшыя афiцэры ў чыне эскадронных шэфаў - па два у Вiленскім i Менскiм, па аднаму у Гарадзенскiм i Беластоцкiм дэпартаментах. У кожным дэпартаменце фармавалася адна рота жандараў. Роты камплектавалiся з шляхты, афiцэры прызначалiся Камiсiей Часовага ўраду. Афiцэрам грошы не плаціліся, а шарагоўцы мелі заробак у 1 злот, абмундзіраванне куплялася за свае грошы. Жандары насілі сінія мундзір і райтузы, памяранцавы шалік аксельбанты, чорны ківер з латуневай бляхай на якой напісана "жандар", скураныя партупея і ладунка на якой змешчаны герб "Пагоня". Хутчэй працэс фармавання жандарскіх рот ішоў у заходніх частках княства. Так, па паваенным данясенні рускага грамадзянскага губернатара Гародні штаты жандарскіх рот у Гарадзенскім дэпартаменце былі ўкамплектаваны з разліку па 107 чалавек у роце, а ўсяго - 856 чалавек. Менская жандармерыя ж налічвала ўсяго 71 чалавек і 19 коней, г.зн. 6,6% ад штатнага складу. Усяго колькасць копуса жандараў складала 1800 - 1900 чалавек замест меркаваных 3541 (10 старэйшых афіцэраў і 33 роты па 107 чалавек). Палкоўнікамі былі прызначаны: у Віленскі дэпартамент Антоні Храпавіцкі, у Гарадзенскі дэпартамент князь Міхал Радзівіл, у Менскі дэпартамент Леў Оштрап, у Беластоцкі дэпартамент Франц Арсеці.

12 жнiўня было вырашага сфармаваць 6 егерскіх (стралецкіх) батальёнаў па 6 рот, у кожнай роце па 9 афiцэраў i унтар-афiцэраў i 130 шарагоўцаў. Для фармавання гэтых батальёнаў Вайсковая камiсiя вырашыла мабiлiзаваць 2/3 усiх ляснiчых Княства, якія не праходзiлi дадатковага шыхтавання, бо па сутнасцi гэта была iрэгулярная пяхота. Егерам выдавалася зялёнае абмундзіраванне. Зброя - ружжо i сякера. Акрамя харчавання кожнаму жаўнеру плацілі 10 грошаў. Абмундзіраваны яны былі ў зялёную сярмягу з зялёным каўняром і адваротамі, суконныя порткі, скураныя боты і шапку. У вераснi было вырашана ўлiць гэтыя батальёны ў склад рэгулярнага войска, у лістападзе з iх пачалi фармаваць два егерскiя палкі па тры батальёны, аднак паспелi сфармаваць толькi адзiн полк з 1-га i 2-га батальёнаў пад камандаваннем Касакоўскага. 3-цi батальён Плятэра так i не быў уведзены ў склад егерскага палка i да снежня працягваў фармаванне ў Вiленскiм дэпартаменце. У Гарадзенскім дэпартаменце фармаваўся 4-ты батальён на чале з маёрам Курчэўскім, але да снежня 1812 г. завяршыць яго арганізацыю не паспелі, 5-ы i 6-ы засталiся толькi на паперы. У Гарадзенскім дэпартаменце налічвалася 108 стралкоў, у Лідскім - 84, у Берасцейскім - 20, а ўсяго разам - 212 чалавек.

Iгнат Манюшка атрымаў дазвол сфармаваць за свой кошт кавалерыйскi полк i 22 верасня ў "Лiтоўскiм кур'еры" была надрукавана ягоная адозва, полк атрымаў назву 21-га коннага-егерскага. Камандзiрам палка стаў сам Манюшка, якi атрымаў чын падпалкоўнiка. Рудольф Тызенгаўз пры дапамозе капітана Кастравіцкага за свой кошт сфармаваў у Вiльні батарэю коннай артылерыі. Яна налічвала 124 чалавекі і 131 каня і павінна была атрымаць на сваё ўзбраенне 12 гармат, потым гэтая батарэя была ў складзе войск Княства Варшаўскага.

Асабiста для Iмператара пад кiраўнiцтвам князя Агiнскага была сфармавана Ганаровая гвардыя з 20 маладых шляхціцаў самых вядомых родаў Лiтвы, гэтая варта суправаджала Напалеона ў Маскву.

Для забеспячэння харчаваннем, былі створаны вялікія склады ў Лідзе і Наваградку. 8 жніўня Часовы ўрад загадаў стварыць харчовыя склады ў Скідалі, Шчучыне, Беліцы і Турцы, кожны на 10000 порцый. 13 жніўня гэтае распараджэнне было зменена, вырашана павялічыць запасы ў Гародні, Лідзе, Наваградку, а ў іншых складах мець сена, салому, гарэлку і жывую жывёлу.

Ліда і Лідзяне

Не гледзячы на цяжкасці, насельніцтва радавалася.

Геніяльны паэт Адам Міцкевіч, успамінаючы ў сваім "Пане Тадэвушу" 1812 год, пісаў:

Хапае моладзь зброю - стрэльбы і ягдташы,

А маткі паўтараюць чутае з амбона:

"З Напалеонам Бог, і нам - з Напалеонам!"

Ва ўспамінах самога Міцкевіча, яго сяброў і аднагодкаў захаваліся надзвычай яркія карціны настрояў і чаканняў, звязаных з Напалеонам. Напалеона ў нас чакалі, можа быць яшчэ больш горача, чым у свой час у Варшаве.

Паўстанец 1863 г. М. Нарбут у сваiх мемуарах "Лiда i Лiдзяне" пiсаў: "Пад час уваходу ў 1812 годзе ў Лiтву французаў, амаль уся тагачасная маладая шляхта Лiдчыны аб'ядналася пад айчыннымi харугвамi. Некаторыя вярнулiся пакрытыя ранамi, іншыя палеглi ў бiтвах, а былi i такiя, як Каспер Длускi, якiя падалiся потым у Амерыку i там бiлiся за свабоду. Длускi, вярнуўшыся з Амерыкi паранены, стаў ксяндзом. Быў пробашчам у Наваградку, а ў 1831 годзе пакiнуў месца пробашча i, як каплан мясцовага аддзелу паўстанцаў пад кiраўнiцтвам Кашыца, сеў на каня. Потым эмiграваў з польскiм войскам у Францыю. У 1855 годзе пасля амністыi вярнуўся дадому, i тут, у Наваградскiм павеце, у свайго ваеннага сябра Уладзіслава Брахоцкага - маршалка Наваградскага ...., скончыў свой слынны жыццёвы шлях".

Ладунка афіцэра 19-га палка літоўскіх уланаў.

Дзеля найхутчэйшага стварэння войска Часовы ўрад ВКЛ накiраваў у паветы дэлегатаў "агульна вядомых сваёй верай i патрыятызмам" . У паветы: Лiдскi, Ваўкавыскi, Наваградскi, Слонiмскi быў накiраваны Сегень. У вынiку падпрэфект Лiдскага павету Скiндар быў адстаўлены, а на ягонае месца прызначаны Райскi. З тэрыторыі Лідскага павету рэкруты ў асноўным ішлі ў два палкі - 20 полк пяхоты Адама Бішпінга з Бляха на ківер афіцэра літоўскіх уланаў. штабам у Слоніме і ў 19 полк уланаў Канстанціна Раецкага са штабам у Наваградку. Стварэнне гэтых палкоў ішло дастаткова хутка. 20-ты полк пяхоты потым меў найвялікшую колькасць жаўнераў з усіх літоўскіх палкоў, а полк Раецкага быў гатовы ваяваць ужо ў кастрычніку. Адным з галоўных арганізатараў палка ўланаў быў стары воін, капітан Ксавэры Рымша. Для абмундзіравання палкоў па ўсяму краю вышуквалася сукно, скура і г.д. Таксама лідзяне паступалі на службу ў кавалерыйскі гвардзейскі полк генерала Яна Канопкі, у егерскі батальён, створаны з былых ляснічых, у батарэю коннай артылерыі Рудольфа Тызенгаўза і ў жандармерыю якую ў Гарадзенскім дэпартаменце ўзначальваў Міхал Радзівіл.

Ігнацы Яцкоўскі ў сваёй кнізе "Аповесць з майго часу", якая доўгі час лічылася мемуарнай, апісаў некалькі эпізодаў с жыцця 19 уланскага палка ў Наваградку якім кіраваў палкоўнік Канстанцін Раецкі: "....ніхто больш удала за Раецкага не мог быць прызначаным на палкоўніка, бо фізічна ён адпавядаў усім патрабаванням, неабходным для рыцара: фігура стройная і здароўе жалезнае. З маральнага пункту гледжання - гэта быў персаніфікаваны розум, які не ведаў аніякае слабасці, аніякага хвалявання; гонару быў незвычайнага, але без абразы для іншых, бо ні з кім не быў запанібрата і ніколі не выказваў свайго меркавання, хоць такое меў, што даказваў не словамі, а справаю. Замкнуты ва ўласнай шкарлупіне, не меў ані зацятых непрыяцеляў, ані шчырых сяброў...".

Пра памочніка Раецкага капітана Рымшу: "Рымша гэткі ж самы ганарысты, толькі ад прыроды кплівы, ці неасцярожны, як жыхар павету ведаў Раецкага з дзяцінства; давёўшы сваю мужнасць і цвярозасць розуму ў папярэдніх кампаніях, думаў, што возьме верх над сваім новым палкоўнікам, і сам ... будзе камандзірам палка, пакідаючы тытул Раецкаму. Але апошні адразу разгадаў намеры і на першай нарадзе паказаў столькі ведання палкавое гаспадаркі, што Рымша ў той жа момант зразумеў, што мусіць быць падначаленым".

Раецкі набіраў афіцэраў і ад'ютантаў не раячыся з Рымшам. Было шмат ахвочых уступіць у полк і нават маладыя сяляне ахвотна станавіліся ў шэрагі. Яцкоўскі апісвае навучанне шыхту якое праводзіў капітан Рымша перад першым аглядам свайго палка палкоўнікам:

"Рымша на досвітку сабраў на пляцы сваіх добраахвотнікаў у старасвецкіх кабатах, капотах і сярмягах; а ва ўсім невялікім мястэчку (Навагрудку - Л.Л.) адразу стала вядома, што будзе вайсковы парад... Рымша, расставіўшы сваю каманду ў дзве шарэнгі і скамандаваўшы: "Направа!", "Налева!", "Крок наперад!", "Крок назад!" - што не лёгка было выканаць згодна, стаў пасярэдзіне і закрычаў:

- Увага, полк! Як прыйдзе камандзір .... і запытаецца: "Як маецеся, дзеці?", адказвайце: "Здароў'я жадаем камандзіру!" Потым - апусціць рукі малым пальцам да бёдраў (па-польску)! А тым часам у шарэнгах адзін другога штурхалі локцямі і пыталіся: "А што гэта ён кажа?"

Зразумеў Рымша, што слова "бядро" незразумелае для большасці ліцвінаў. Дык сам становіцца перад фронтам, энергічна апускае рукі і крычыць:

- Вось так! Малыя пальцы да клубоў! Не кланяцца нікому, стоячы ў шарэнзе! Не здымаць шапак! Разумееце цяпер?

А тут, як наперакор, прынамсі, чацвёртая частка навічкоў, мяркуючы, што інструкцыя скончаная, змяніла паставу і, хапаючыся за шапкі ды нізка кланяючыся, адказала:

- Разумеем, дабрадзею!

- Стаяць! Стаяць! - крычыць камендант. - А што ж я вам сказаў?

- А пан сказаў "не надзімаць" шапак, - адазваліся тыя, каго ён лаяў.

- Ціха! Зважай! Аніякіх у шэрагу размоваў! Няхай у вас пярун лясне, калі не разумееце па-польску! Стаяць проста, вось так!

І зноў выпрастаўся:

- Не кланяцца і не знімаць шапкі! Рукі прыціснуць да клубоў!

Але не было ўжо часу праверыць яшчэ раз гэтыя каманды, бо з Базыльянскае вуліцы ішоў палкоўнік.... Палкоўнік, выступіўшы наперад, выгукнуў, як прадказваў Рымша: "Як маецеся, дзеці?" Але няшмат хто памятаў інструкцыю і адказаў: "Жадаем здароў'я камандзіру!" Большасць, схапіўшыся за шапкі, закрычала: "Няхай будзе пахвалёны Хрыстус!" альбо "На векі вякоў. Аман"....

Палкоўнік, нібыта не зважаючы на неналежныя паводзіны, якія ў хуткім часе выправяцца, і не камандуючы: "Крок наперад!", "Крок назад!" - пачаў іх аглядаць з фронту. А заўважаючы людзей са сваіх вёсак, якія стаялі ў адной або другой шарэнзе, пытаўся: "А ты, Юрка, што тут робіш? І ты, Яська, тут? А ці не пойдзеце дадому сваю раллю араць? Гляньце, і яны сабраліся на вайну! Ідзіце мне зараз жа дадому!" І больш за дзесятак падобным чынам настрашаных, названых па імёнах са смуткам пакінулі шарэнгі. Закончыўшы на гэтай селекцыі ўвесь свой агляд, ... дадаў, каб выказаць сваю павагу: Дзякую пану, пан капітан, усё ў парадку, няхай жа іх пан муштруе".

Яцкоўскі апісвае жарт, які ўчынілі аднапалчане над сваім баявым таварышам, лідскім шляхціцам: "У двары Гнаінскіх, які знаходзіўся насупраць францішканскага кляштару, ... месцілася каля трох дзесяткаў маладых людзей, сярод якіх быў ... Багушэвіч, юнак з шляхетнае сям'і з Лідскага павету, флегматычнага тэмпераменту, таўсматы; ён вельмі любіў навуку. Анішто пустое яго не цікавіла, і калі іншыя вечарам бавіліся картамі альбо шклянкаю, ён распранаўся, клаўся ў свой ложак ды браў у рукі кніжку, досыць значную колькасць якіх меў з сабою, і чытаў, пакуль не засынаў. ...

Меў ён слугу, які чысціў яму адзенне і складваў у парадку, а прачытаныя кніжкі забіраў у клункі.

Пэўнага ранку прыходзіць аднаму з калегаў - Міхалу Корбуту - ідэя пажартаваць з Багушэвіча. Дык паклікаўшы шарагоўца Янкоўскага, які быў па прафесіі краўцом ..., шапнуў яму, каб завузіў Багушэвічу штаны і мундзір, хутка сфастрыгаваўшы швы па баках. ... Калі гэта зрабілі, дык пра ідэю адразу расказалі іншым калегам, каб пераконваць Багушэвіча, што ён апух... . І дамовіўшыся, у адпаведнасці з гэтым планам, самі ўдаваць сонных, штурханулі Багушэвіча, каб ён прачнуўся.

Багушэвіч, першы раз у сваім жыцці прачнуўшыся, як яму здавалася, вельмі рана, помсцячы за даўнейшыя жарты і турботы, пачаў будзіць іншых, каб уставалі, і кожны абуджаны, нібы спрасонку, праклінаў Багушэвіча, што іх непакоіць, але адзін за другім, як бы нехаця падняўшы на яго вочы, крычалі:

- Што з табою, Богуш? - Бо гэтак яго коратка называлі. - Як ты апух!

І зноў клаліся спаць.

Багушэвіч, якога ўжо столькі разоў раней падманвалі, лічыў гэта за жарт і не верыў гэтаму, бо адчуваў сябе як найлепей (і) ... праз нейкую хвіліну гукнуў лёкая, каб даваў яму апранацца.

Той, не ведаючы нічога пра змову, у прастаце душы, падстаўляе яму, як гэта называлася ў той час, панталоны, але нага толькі да паловы ўлазіць, а далей не ідзе.

- Што гэта такое, Янку, - закрычаў спалоханы Багушэвіч. - Ці я не апух? ...

- Пакажы мне, ці гэта не чужыя?

А пабачыўшы на падкладцы ўласнаю рукою напісанае сваё імя і прозвішча, упаў на ложак і абліўся потам. Лёкай, які быў моцна прывязаны да свайго пана, трымаючы ў руках тыя няшчасныя порткі, не спускаў з яго вачэй. Урэшце ўстрывожаны пан жаласна закрычаў:

- Янку, я захварэў, кінь тое, што трымаеш у руках, і бяжы па доктара.

Што ён не трацячы часу і выканаў.

Усю тую размову чулі, нібыта сонныя, маладыя свавольнікі і толькі тады адзін за другім, нібы абуджаючыся, пытаюцца:

- Што з табою, Богуш?

Але Багушэвіч ні слова не адказваў ім на гэта, толькі цяжка ўздыхаў. ...

- Ці ж вы не бачыце, што я захварэў?

- Які ты там хворы! - кажуць іншыя. - Аб'еўся ўчора, а сёння на муштру ісці не хочаш!

На гэты закід Богуш не адказаў.

А тут і доктара прывёў запыханы лёкай. Той, наблізіўшыся да пацыента, пытаецца ў яго паважна:

- Што з панам такое?

Багушэвіч адказвае:

- Я сам не ведаю, але мне здаецца, што гэта вадзянка.

- Хто гэта пану сказаў? - пытаецца доктар.

А ён яму на гэта:

- Навошта пытацца пра тое, што відаць.

Доктар пытаецца, ці баліць яму што. Маркотны Багушэвіч адказвае, што нічога.

Доктар лічыць яму пульс, пульс - добры. Дык пытаецца яго зноў:

- Што ж дало повад думаць, што гэта вадзянка? Ці не саснілася яму гэта?

- Дзе там саснілася! - адказвае Богуш. - Дык жа ногі так апухлі, што не лезуць у штаны.

- Пакажы ж мне, пан, свае ногі.

Богуш, асцярожна адхіліўшы коўдру, выстаўляе сваю мясістую лытку. А тут ужо ўсе калегі абступілі ложак пацыента і пераконваюць, што Богуш прыкідваецца. Доктар паціскаў пальцам у нагу і кажа, што цела здаровае, а Богуш сцвярджае іншае.

Тым часам Янкоўскі, уціснуўшыся паміж гледачамі, выцягнуў нітку з аднае і другое калашыны і паклаў порткі на ранейшае месца. Доктар, раззлаваны ... кажа:

- Хто пана ўпаўнаважыў тэрмінова падымаць мяне і весці сюды, калі не было прычыны?

Багушэвіч тлумачыць, што ён апух і што ягоныя ногі не лезуць у штаны.

Доктар заяўляе, што хацеў бы гэта пабачыць, а пацыент стаіць на сваім, што і спрабаваць няма чаго, бо ён упэўнены ў сваёй апухласці. Нарэшце, каб пераканаць доктара ў факце, кліча Янку:

- Падай порткі!

Янка зноў іх падставіў яму, але - О! дзіва! - улезлі ў іх ногі без аніякае цяжкасці. Богуш крычыць:

- Янку, што гэта такое?

Янка адказвае:

- Я не ведаю, пане.

- Аднак жа ногі раней не лезлі?

- Не лезлі, пане.

Доктар, страціўшы цярпенне кажа:

- Пане, пан з мяне пажартаваў, а я ў пана не заслужыў на гэта. Дык заяўляю пану, што буду скардзіцца на яго палкоўніку.

Калегі бяруць на сябе ролю пасярэднікаў і націскаюць на Багушэвіча, каб заплаціў доктару і захаваў сакрэт. Богуш, які не мог зразумець, што з ім сталася, дастаў дукат, упіхнуў доктару ў руку і, калі той адыходзіў, самым пераканаўчым чынам яго запэўніў, што гадзіну таму насамрэч быў апухлы.

Пасля таго, як доктар выйшаў, - калегі ў смех і сцвярджаюць, што Богушу апрыкла ўжо вайсковая служба і ён хоча вызваліцца ад яе, выдумаўшы сабе хваробу. Але той, засмучаны, не адказвае, спяшаецца з туалетам, каб як хутчэй пазбыцца калегаў. Моўчкі памыўшыся і выцершыся, ён напаўголаса кліча Янку, каб падаваў яму мундзір. Янак падае мундзір, але, уздзеўшы, той не хоча зашпіляцца ні якім спосабам. Дык Богуш крычыць:

- Янку! Што тут за халера? ...

Але цяпер ужо, узяўшыся той мундзір уважліва разглядаць, абодва разам выкрылі нітку-фастрыгоўку, што звужала шво на плячах. Толькі цяпер раз'ясніўся твар Богуша, пачаў ён смяяцца разам з іншымі, бо не быў запальчывы, і кіраваўся больш непакоем пра ўласнае здароў'е, каб мог служыць Айчыне, чым якою помстаю

... праз два гады шмат хто з тае самае моладзі, ужо ў чыне афіцэраў, пасля завяршэння вайны, вярнуўся дадому аздоблены крыжамі. Між імі быў і Багушэвіч, бо даказаў пры нагодзе, што мог быць мужны, і яго любілі ўсе калегі".


15 жніўня ва ўсіх беларускіх гарадах былі зладжаны ўрачыстасці з нагоды дня нараджэння Напалеона. Пра святкаванні у Лідзе пісаў "Kurier Litewski" № 68, 1812: "15 жніўня дзень нараджэння і тэзаімянінства Яго Імператарскай Вялікасці, Найусеміласцівага Імператара і Караля Вялікага Напалеона, быў адсвяткаваны ў нас у Лідзе з пышнасцю, прыстойнай нашага вялікага збавіцеля. Словы, вымаўленыя гэтым Манархам, што ён уступае ў зямлю Ягелонаў, каб вызваліць яе ад ярма рабства, абудзілі ў жыхарах Літвы самыя шчырыя пачуцці адданасці, падзякі, павагі, пакланення і здзіўлення. Пачаўся і скончыўся гэты знамянальны дзень наступным чынам: У 10 гадзін раніцы, падпрэфект Лідскага павету, Ігнацы Скіндар, акружаны абывацелямі і мясцовымі службоўцамі розных ведамстваў, адправіўся з прэфектуры ў Фарны касцёл для прынясення самых гарачых малітваў Каралю Каралёў за цуд, створаны Яго творчай правіцай для нашай Радзімы.

Шматлікія дамы занялі ў касцеле пярэднія месцы, а натоўп простага народу напоўніў бакавыя прыдзелы. Па знаку, дадзенаму гарматным стрэлам, у Касцёл увайшоў атрад размешчанага ў горадзе 14 палка фузілераў і пашыхтаваўся пасярэдзіне касцёла ў два шэрагі. Прыгожы выгляд жаўнераў і іх пакорлівыя паводзіны перад алтаром Усявышняга расчулілі ўсіх прысутных, якія ўжо больш за дваццаць гадоў не бачылі свайго войска.

Пасярэдзіне храма быў усталяваны транспарант з вензелем Найусеміласцівага Імператара і Караля з надпісам пад вензелем: "Magne Cesar! Vive diu felix locuplexque omnium prosperitatum".

Пасля другога гарматнага стрэлу пачалася абедня, якую служыў, са шматлікім клірам, Станіслаў Нарбут, канонік Смаленскі і ён жа пробашч Косаўскі. Падчас набажэнства патрыятычную і адпаведную акалічнасцям прамову сказаў ксёндз Гаўлоўскі, прафесар мясцовай вучэльні піяраў.

Пасля блаславення Св. Дароў, пасля трэцяга гарматнага стрэлу, атрад войска выйшаў з касцёла і пашыхтаваўся на могілках, дзе Вікенці Нарбут, канонік Інфлянтскі, пробашч і дэкан Лідскі, са шматлікім клірам праспявалі "Te Deum", пад бесперапынны салют з гармат і ручной агнястрэльнай зброі. Пасля Набажэнства ўсе прысутныя былі запрошаныя на абед да падпрэфекта.

Увечар, на шырокай Віленскай вуліцы была бачна трохкантовая піраміда, упрыгожаная шматлікімі агнямі.

На пярэднім боку яе гарэў транспарант з вялікім вензелем Імператара і Караля, унізе быў надпіс: "Найяснейшаму, Магутнейшаму, Непераможнаму Герою, Імператару і Каралю, Вялікаму Напалеону, свайму Збавіцелю, зямля магутных некалі Ягелонаў, вызваленая яго магутнай правіцай, жніўня 15 дня 1812 г.".

На паўночным баку піраміды, на транспаранце, было чатырохрадкоўе наступнага зместу:

"За нашу Айчыну

велікадушны мсцівец,

Ганарлівай Поўначы

магутны пераможца,

Хай польскі Арол

і Літвы Пагоня

Служаць тваім

намерам, Напалеон!"


На трэцім баку піраміды, звернутай да сцен старажытнага замка, якіх не маглі разбурыць амаль пяць стагоддзяў, быў вершаваны надпіс:

"У нашых мурах

племя Ягелонаў

У пятнаццатым стагоддзі

атрымлівала перамогі.

Калі зараз татары

ўварваліся ў Радзіму,

Імя ліцвінаў

астрашыла ворагаў.


Цяпер прыйшоў герой Сусвету

Вызваліць вас, мужы,

ад кайданаў,

Спяшаецеся ж на поле славы,

Вярніце сабе зямлю,

права і зброю.


Тады рака Лідзея

цякла крывёй чужакоў.

Цяпер з ёю змешваюцца

Нёман, Днепр і Дзвіна.

Спраўджваюцца надзеі

Пагоні,

Мінуў час нашага цярпення."

Пасля новага гарматнага стрэлу, шматлікія дамы і гараджане, быўшыя на абедзе ў падпрэфекта, адправіліся да піраміды, каб каля яе ўшанаваць таго, каму яна была прысвечана. Падчас агляду раздаваліся воклічы: "Жыве, на многія гады, Імператар і Кароль, Наш Збавіцель" і грукатаў салют з гармат і стрэльбаў. Пасля агляду піраміды і надпісаў, падпрэфект, разам з усімі гасцямі, вярнуўся дахаты, дзе адкрыў баль паланезам.

Вясёлыя танцы працягваліся да вячэры, на якой падпрэфект (пад бесперапынны салют з гармат і стрэльбаў) абвясціў тост за здароўе Найусеміласцівага Імператара і Караля. Усе прысутныя па чарзе паўтарылі гэты тост.

Асвятленне і ілюмінацыя вуліц ператварала ноч у светлы дзень. Вароты Фарнага касцёла былі хораша ўпрыгожаны зелянінай і агнямі.

Пасля вячэры баль у падпрэфекта працягваўся да світанку, а крыкі народа: "Жыве Імператар і Кароль, Вялікі Герай, Наш Збавіцель!" спыніліся толькі з узыходам сонца." .


У лістападзе падпрэфектам лідскага павету быў прызначаны Раецкі.


Дадам яшчэ некалькі ваенных біяграфій лідзян:

Граф Ваўжынец Путкамер (1794-1850), будучы уладальнік маёнтка Больценікі, муж Марылі Верашчакі, маршалак шляхты Лідскага павету ў 1847-49 гг., як раз паспеў у 1812 г. закончыць філасофска - матэматычны факультэт славутага Віленскага ўніверсітэта. Як большасць ягоных сяброў, Ваўжынец запісаўся ў зноў створанае войска Вялікага Княства, у гвардзейскі кавалерыйскі полк генерала Канопкі, а потым у полк лёгкай кавалерыі імператарскай гвардыі Вінцэнта Красінскага. Васямнаццацігадовы юнак быў з войскам Напалеона ў Маскве, выжыў у катастрофе на Бярэзіне. Адступаючы з войскам каля Вільні, заехаў дахаты і тут захварэў тыфам. А калі вылечыўся, вайна ўжо ішла далёка на захад ад дому. Гонар жаўнера і вера ў зорку Напалеона не дазволілі яму адседзецца ў хаце, праз тылы расейскіх войскаў, абмінуўшы казацкія патрулі, ён прабраўся ў Мерач на Нёмане і ў люты мароз перайшоў Нёман, па спустошанаму вайной краю Путкамер ішоў да сваіх. Час ад часу злазіў з каня і, каб сагрэцца, бег побач. Сілы ўжо пакідалі юнака, калі ён сустрэў інспектара дывізіі кавалерыі, які ехаў у Варшаву ў полк Красінскага. Афіцэр падабраў задубелага маладзёна і давёз яго ў полк.

Малады вайсковец ваяваў усю кампанію 1813 г., трапіў у прускі палон і пасля амністыі, у 1814 г. вярнуўся дахаты ў чыне паручніка. Напалеон застаўся кумірам Ваўжынца Путкамера да канца жыцця, потым ён часта расказваў: "Вы маладыя, не разумееце, што з намі адбывалася… у нас ускіпела кроў, і мы былі здольныя на усё, калі вялікі чалавек ... у шэрым сурдуце галапіраваў перад фронтам нашага палка і паказваючы на непрыяцеля казаў: "Mes braves et fideles Polonais en avant!".

Параза пад Ватэрлоа прывяла Путкамера да гарачкі, а калі ён пачуў пра вяртанне імператара, так званыя "сто дзён Напалеона", дык ужо прыгатаваў свой уланскі мундзір гатовы быў ехаць ваяваць. Нават будучы ў сталым веку ніколі не мог спакойна расказваць пра тыя часы і пра Напалеона.

Граф Ігнацы Тызенгаўз (1750-1822), палкоўнік і шэф літоўскай гвардыі, за службу Вялікаму Княству Літоўскаму быў узнагароджаны ордэнамі Белага Арла і Св. Станіслава. Пад час Напалеонаўскай кампаніі атрымаў Залаты Крыж Ганаровага Легіёна. Ва ўладанні графа Ігнацыя, апроч Жалудка і Паставаў з навакольнымі вёскамі і фальваркамі, былі дзесяткі тысяч гектараў зямлі і населеныя пункты з тысячамі сялян у розных паветах. Быў жанаты на Марыянне Марыі Пшаздзецкай, меў трох дачок: Юзэфу, Эльфрыду і Эмеранцыю, і двух сыноў - Рудольфа (1783-1830) і Канстанціна.

Граф Канстанцін Тызенгаўз нарадзіўся 3 чэрвеня 1786 г. у родавым маёнтку ў мястэчку Жалудок. Верагодна ў 1804 г. паступіў у Віленскі універсітэт. Любімым выкладчыкам у маладога Тызенгаўза быў знакаміты батанік Станіслаў Баніфацы Юндзілл. Другім вядомым настаўнікам Канстанціна быў выдатны мастак Ян Рустэм, які ў гэты час працаваў ад'юнктам на кафедры малярства.

У 1812 г. 19-ты пяхотны полк, які фармаваўся ў Расіёнах, узначаліў 26-ці гадовы палкоўнік граф Канстанцін Тызенгаўз. Яго брат граф Рудольф Тызенгаўз , на свае грошы, сфармаваў конна-артылерыйскую роту. Канстанцін Тызенгаўз разам са сваім палком мужна змагаўся пад Вільняй, Кёнігсбергам, прымаў удзел у знакамітай абароне цвердзі Модлін, а потым і ў бітвах у Германіі. У 1813 г. ён быў узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. Вайна для яго скончылася вясною 1814 г. Канстанцін Тызенгаўз спачатку застаўся ў гарадку Клермон, а пасля ўказу аб амністыі Аляксандра І ад 30 жнiўня 1814 г., вярнуўся ў Паставы.

У гэтым 1815 г. Ігнацы Тызенгаўз падзяліў большую частку сваіх уладанняў паміж сынамі. Старэйшы Рудольф атрымаў Жалудок і бліжэйшыя да яго землі, а Канстанцін - графства Паставы з навакольнымі фальваркамі. Менавіта пры Канстанціне быў дабудаваны Пастаўскі палац Тызенгаўзаў. Паўстанцам 1831 г. дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі і супрацоўнічаў з Дзісенскім Урадавым камітэтам.

Асноўным заняткам Канстанціна Тызенгаўза сталася заалогія, найперш - арніталогія. Ён з'яўляецца бацькам беларускай арніталогіі.

Месцам пахавання К. Тызенгаўза па адной версіі лічыцца родавы склеп у парафіяльным Жалудоцкім касцёле, па другой - крыпта касцёла св. Мацвея ў літоўскім горадзе Рокішкіс.

Ваенныя дзеянні

Тым часам з усходу пачалі прыходзіць весткі з Вялікай Арміі пра ўзяцце Масквы і пажары, потым аб надыходзе з поўдня рускай Дунайскай армiі Чычагава, пагрозе Менску і камунікацыям. З паловы лістапада звесткі перасталі Апалчэнцы (кантаністы) ВКЛ. 1812 г.  Аўтар Кшыштаф Каманецкі. прыходзіць, а 28 лістапада як гром з яснага неба ўсіх ускалыхнуў слых пра адступленне Вялікай Арміі ад Масквы. Пануючым стаў прыгнечаны настрой і страта веры ў перамогу. Па загаду Часовага ўраду на месцах пачалі рыхтаваць фураж і харчаванне для войска, якое, як планавалася, павінна было зімаваць у Літве. Хочучы зрабіць усё, каб неяк змяніць сітуацыю, Часовы урад выдаў ухвалу аб "паспалітым рушэнні", але часу ўжо не заставалася.

Калi з поўдня пачала набліжацца армія Чычагава, галоўныя сілы літоўскага войска: 18-ы, 19-ы, 20-ы, 21-ы пя-хотныя, 17-ы, 19-ы, 20-ы ўланскія палкі, 21-ы конна - егерскі полк, 3-ы егерскі батальён i конна - артылерыйская рота, сканцэнтраваліся ў Вiльнi. Гвардзейскі кавалерыйскі полк Канопкi і татарскі эскадрон дафармаваліся ў Варшаве. 1-ы егерскi i 22-i пяхотны полк, а таксама частка 23-га пяхотнага i 18-га ўланскага палка, пад камандаваннем генерала Касецкага месціліся ў Менску. Усяго, да сярэдзіны лістапада, не ўлічваючы гвардзейскіх аддзелаў (уланаў Канопкi i татар Ахматовiча), лiтоўскiя войскi налiчвалi 18 батальёнаў, 15 эскадронаў, 1 артылерыйскую роту - агульным лікам, разам з жандарамі, 19 000 чалавек - за вельмі малы тэрмін было створана войска, якое па колькасці было роўным войскам іншых саюзных дзяржаваў.


Атрад генерала Касецкага (5 батальёнаў, 4 эскадроны - каля 3500 чалавек) дзеля прыкрыцця, быў накіраваны Менскім губернатарам Бранiкоўскiм да Новага Сверженя. Тут атрад быў атакаваны войскамі генерала Ламберта, якія колькасна значна пераўзыходзілі атрад Касецкага: раніцай, 13 лістапада, расейскія егеры выбілі Касецкага з занятых пазіцый, на наступны дзень пасля яшчэ адной сутычкі, войскi ВКЛ зноў адышлі (тут 18-ы ўланскі полк супрацьстаяў Жытомiрскiм драгунам). На працягу 48 гадзін атрад Касецкага быў амаль цалкам знішчаны, рэшта адышла да Менска. Вораг быў значна мацнейшы якасна і колькасна, маладыя, хутка сфармаваныя палкi ВКЛ пакуль што не маглі супрацьстаяць кадраваму войску. Тое ж бачым i ў справе каля Барысава 18 лістапада: палкоўнік Лафiт у сваім рапарце дакладаў аб 2 лiтоўскiх батальёнах з нізкай дысцыплінай і нізкай баявой загартаванасцю пад час бою.

Гвардзейскі полк генерала Канопкі быў далучаны да 7-га армейскага корпуса Рэнье. Гэты корпус спачатку дзейнічаў на Валыні, а потым адступіў на Беларусь У Слоніме ў 5.00 гадзін раніцы 20 кастрычніка, гвардзейскі полк Канопкі быў нечакана атакаваны расейскімі войскамі і разбіты расейскім атрадам генерала Чапліца (28-мы і 30-ты егерскія, Паўлаградскі гусарскі, данскі казачы Дзячкіна палкі, тры эскадроны Цвярскога драгунскага палка і 13-я конна-артылерыйская рота), які нечакана напаў на Слонім. Гвардзейцы не здолелі ўратавацца і былі разбіты ўшчэнт. Сам Канопка быў паранены дзідаю казачым палкоўнікам Дзячкіным і ўзяты ў палон, у палон таксама трапілі 13 афiцэраў i 253 жаўнеры. Рэшткі гвардзейцаў адступілі, перайшлі па масту цераз Нёман і спалілі мост. Канопка абвінаваціў у сваім паражэнні мясцовую адміністрацыю і жыхароў, якія не папярэдзілі яго аб надыходзе непрыяцеля. На гэта Чапліц - паляк на расійскай службе - рэзка адказаў, што Канопка сам "змарнаваў полк і згубіў людзей". Пасля перамогі Чапліц адпачываў у Слоніме ў доме Пуслоўскага. Ён жадаў развіць свой поспех і прарвацца праз Беліцу да Ліды, каб "паспець розныя палкі, якія тут фармуюцца ў розных месцах, знішчыць, таксама і магазіны іх забраць на сваю карысць". Аднак Чычагаў загадаў Чапліцу вярнуцца да Ружанаў.

Загадам ад 22 сакавiка 1813 г. гвардзейскі полк Канопкі быў расфармаваны як самастойная частка, а ў ліпені таго ж года, як 7-ы эскадрон быў далучаны да 1-га гвардзейскага польскага палка. Пасля адрачэння Напалеона, 1-шы гвардзейскі полк вярнуўся на дахаты і ўвайшоў у склад войска Царства Польскага як 4-ты ўланскi.

Татарскі эскадрон Ахматовiча таксама панёс вялікія страты пад Cлонiмам, але потым, у снежнi 1812 г., бараніў Вiльню. Ад эскадрона засталася адна рота, якая ў 1813 г. у колькасці 3 афіцэраў і 15 жаўнераў была далучана да палка польскiх уланаў Красiнскага як 15-я рота, потым, 9 снежня 1813 г. нашы татары былі далучаны да 3-га палка гвардзейскіх разведчыкаў і ў ягоным складзе прымалі ўдзел у апошняй бліскучай кампаніі Напалеона 1814 г.

18-ы i 19-ы ўланскія палкі ахоўвалі пераправу цераз Бярэзіну.

Агульную карціну фармавання палкоў пяхоты войска ВКЛ на канец лістапада дае рапарт падпісаны старшынём ваеннай камісіі генералам Стэфанам Грабоўскім:

Палкі пяхоты

Места фармавання

Стан палка

Колькасць адсутных ад штата

афіцэры

Падафіцэры і жаўнеры

разам

афіцэры

Падафіцэры і жаўнеры

разам

18 полк

Вільня

64

1854

1918

2

156

158

19 полк

Расіены

51

1694

1745

15

316

331

20 полк

Слонім

59

2009

2068

7

1

8

21 полк

Беласток

43

1844

1887

23

166

189

22 полк

Мінск

30

53

83

36

1957

1993

Агулам

247

7454

7701

83

2596

2679

З табліцы бачна, што да поўнага штату пяхоты (10 380) чалавек не хапала 2697 жаўнераў. Трэба аднак улічваць, што 22 полк да часу складання табліцы быў ужо разбіты і налічваў толькі 83 чалавекі. Рапарт Грабоўскага мае некалькі рэдакцый, трошкі пазнейшая версія рапарта, паказала змены ў дыслакацыі палкоў пяхоты: 18 полк - Салечнікі і ваколіцы, 19 полк - Свенцяны і ваколіцы, 20 полк - Ліда і ваколіцы, 21 полк - Кодзень і ваколіцы, 22 полк у дарозе да Вільні.

Напрыканцы лістапада 1812 г. для забеспячэння камунікацый з войскамі Рэнье і Шварцэнберга з Вільні на поўнач былі пасланы тры пяхотныя палкі. 20-ы пяхотны полк заняў Ліду, 21-ы пяхотны полк - Воранава а трэці полк размясціўся ў Рудзішках. Забеспячэнне гэтых салдат было настолькі дрэннае, што расіяне ў снежні 1812 г. знайшлі ў Лідзе 350 хворых салдат 20-га палка ВКЛ. З іх 272 чалавекі паправілася, 60 памерла, а 8 былі яшчэ хворыя нават ў лютым 1813 г. Іх лячылі доктар Янкоўскі і яго вучань Мараўскі.

З 5 на 6 снежня Напалеон перадаў камандаванне войскам аднаму са сваіх лепшых маршалаў Мюрату i ад'ехаў у Францыю ствараць новае войска. 10 снежня ў абароне Вiльнi разам з французскімі войскамі, прымала ўдзел жандармерыя, і нацыянальная гвардыя палкоўніка Казельскага i егеры. Мюрат пакінуў Вiльню і пачаў адход на Коўню. Разам з ім сталіцу пакінуў і Часовы Ўрад з архівамі.

Прэфект Лiдскага павету адступаў разам з часткамі аўстрыйскага войска генерала Мура. Войскі Мура налічвалі 3 батальёна пяхоты пры 7 гарматах і 8 эскадронаў гусараў Хесен-Хомбурскiх. Некалькі дзён аўстрыйцы стаялі для адпачынку ў Беліцы. За войскамі Мура ішлі расейскія войскі ў складзе 4-га корпуса кавалерыі генерал-ад'ютанта Васiльчыкава і казацкія палкі генерал-ад'ютанта графа Ажароўскага.


Ажароўскi 3 снежня ў Лiдзе напісаў рапарт генерал - ад'ютанту Васiльчыкаву: "Я з атрадам якім непасрэдна камандую, знаходжуся ў горадзе Ліда, маючы два данскія палкі ў мястэчку Беліца, а адзін у Ішчалне. Аўстрыйскі генерал Мур пакінуў Беліцу трэцяга дня і пайшоў па гасцінцы да Гародні, а прыбылы сюды са Слоніма габрэй данёс мне, што там яшчэ знаходзіцца князь Шварцэнберг, але ўсе абозы і лазарэты ён накіроўвае ў Беласток.

Я ўчора атрымаў загад спыніцца ў Беліцы. Спадар генерал - лейтэнант Канаўніцын піша, што генерал Тармасаў рухаецца з атрадам генерал - маёра Тучкова ад Менска да Новасвержаня, а Ваша Правасхадзіцельства будзеце з лятучым атрадам знаходзіцца направа ад мяне, у Мастах" .

У палове снежня Ажароўскi арганiзаваў паштовую сувязь памiж мястэчкам Каменка i Вiльняй, праз Шчучын, Iшчалну, Радзiвонiшкi, Лiду, Жырмуны, Воранава.

Усiм войскам не хапала харчавання, захаваўся рапарт палкоўніка расійскіх драгунаў Дзiмiтрыя Юзяфовiча ад 1 снежня да генерал - ад'ютанта Васiльчыкава: "Розныя часткі войскаў пачынаюць ужо паміж сабой сутыкацца... . Сёння ў Табарышках размяшчаецца пяхота 6-га карпуса, у дзвюх вёрстах ад мяне прыбыў атрад Юркоўскага, мноства каманд фуражыраў арміі Чычагава, усе наязджаюць адны на другіх ... такія тры каманды сустрэліся мне на дарозе ... не мелі яны пісьмовага дазволу, і я іх запасы адабраў для нашых войскаў. ... заўважыць трэба, што ад Нарвялішак да Вільні наогул ідуць дробныя вёсачкі ... ужо пройдзеныя ... злачыннымі натоўпамі казачых марадзёраў ... . Тым часам вельмі багатая крыніца знаходзіцца ... у абшарніка Умястоўскага, які мае двор у Жэмаслаўлі, валодае ён 10 багатымі фальваркамі" .

Маршалкам Лідскага павету зноў стаў Аляксандр Нарбут, які 26 снежня 1812 г. у Лідзе атрымаў спецыяльны ліст ад камандзіра II кавалерыйскага корпуса генерал-лейтэнанта Панчулідзева, у якім падкрэслівалася, што А. Нарбут "у дні смутнага часу паехаў у свае вёскі, не займаўся ніякімі справамі, зараз жа аказвае войску разнастайныя дапамогі".

У межах Гарадзенскай губерні пасля вайны 1812 г. знаходзілася каля 2 900 ваеннапалонных напалеонаўскай арміі. Палонныя дзяліліся на дзве катэгорыі: улічаныя вайсковымі і цывільнымі ўладамі і тых, хто адстаў пры адступленні "Вялікай арміі" і шукаў выратавання ад голаду і холаду ў мясцовага насельніцтва. Жыхары адносіліся да "французаў" лаяльна. Напрыклад, Лідскі земскі суд 23.11.1813 г. даносіў Літоўскаму генерал-губернатару Рымскаму-Корсакаву, што пры пошуку ваеннапалонных у Лідскім павеце ў маёнтку Крупа (зараз вёска Крупава) памешчыка Казіміра Шукевіча быў знойдзены прускі ўраджэнец Віктар Склароўскі.


Антонi Грымайла - Прыбытка ў артыкуле "Год 1812 у павеце Лiдскiм" напiсаў: "Край адданы на ласку ворага аплакваў свае мары і надзеі і чакаў страшнай помсты за свае дзеяння. Волатаўскі сон скончыўся". Нягледзячы на амністыю, якую цар Аляксандр I выдаў 24 снежня, i ў якой ён вызначыў тэрмін вяртання тых, хто ваяваў на баку Францыі ў 2 месяцы (потым гэты тэрмін быў падоўжаны), улады накладалі секвестры i канфіскоўвалі маёнткі. Асабліва вылучыліся гэтым вiленскiя генерал-палiцмайстар Эртэль і губернатар Лапiцкi. Эртэль Ф. падчас вайны праявіў сябе няздольным генералам, аднак пасля вайны ён пачаў слаць даносы ў Пецярбург і пачаў рэпрэсіі супраць мясцовай шляхты. Князь Чартарыйскi так характарызаваў гэтага чалавека: "Чалавек бяздушны, без пачуцця справядлівасці, але ад яго залежала жыццё жыхароў Лiтвы. Меў правы пакараць i выслаць кожнага, хто яму быў не да спадобы, людзi гiнулi не могучы нават даць аб сабе весткі родным".

Разрабаваны i вынішчаны край утрымліваў вялізарныя войскі Расеі. Рэпрэсіі расейскай адміністрацыі адштурхнулі насельніцтва ад супрацоўніцтва, і ў 1813 г. нават пайшлі размовы аб новым паўстанні. Але гады зацягвалі раны, жыццё ўваходзіла ў сталае рэчышча.

***

А армія ВКЛ працягвала ваяваць. На пачатку 1813 г. дыслакацыя літоўскіх войскаў была наступная:

- Каля Варшавы - 18-ы пяхотны полк Хадкевiча, 20-ы Бiшпiнга, 21-ы Гелгуда, рэшта 22-га палка Чапскага;

- Накіроўваліся да Варшавы - 18-ы полк уланаў Пшаздзецкага, 20-ы полк уланаў Абуховiча, рота коннай артылерыі Тызенгаўза, конна - егерскi эскадрон Манюшкi, 4-ы егерскi батальён Курчэўскага, аддзелы конных жандараў i нацыянальнай гвардыі;

- Да Кёнігсберга адступалі 17-ы i 19-ы палкі ўланаў, 19-ы пяхотны полк Тызенгаўза, рэшта егерскага палка Касакоўскага i батальён егераў Плятара, ад Кёнігсберга войскі пайшлі да Варшавы.

Уся гэтая армія налічвала каля 6000 чалавек пры 2000 коней. У сярэдзіне студзеня 1813 г. Напалеон узяў літоўскія палкі на сваё ўтрыманне: Часовы Урад паведаміў, што літоўскія палкі захоўваюць сваю нумарацыю, але пераходзяць на французскае фінансаванне. Усім чыноўнікам службоўцам адміністрацыі i жыхарам, вымушаным адступіць разам са сваімі войскамі, было прызначана грашовае ўтрыманне ажно да вяртання дахаты.

20-ы полк уланаў быў накіраваны ў Гданьск і злучаны з 9-м польскім палком уланаў. Эскадрон Манюшкi стаў часткай 5-га польскага конна-егерскага палка, артылерыйская рота Тызенгаўза ўвайшла ў склад польскай артылерыі, 17-ы i 19-ы палкі прымалі ўдзел у ваеннай кампаніі 1813-14 г. у Германіі. У ноч з 11 на 12 лютага 1813 г. 17-ы полк уланаў быў атакаваны ў мястэчку Цырк на рацэ Варце i страціў шмат жаўнераў. У палон патрапіў сам князь Рамуальд Гейдройц, генерал-інспектар літоўскага войска. Полк біўся мужна, бо расейцы нават завысілі ўзровень баявой адзінкі, назваўшы ў "Журнале баявых дзеянняў" полк "двухтысячнай дывізіяй".

Літоўскія пяхотныя аддзелы, у тым ліку i 20-ы полк Бiшпiнга ў якім было шмат лідзян, увайшлі ў 5-ці тысячную залогу цвердзі Модлiн. Цвердзь была адбудавана ў 1811-12 гг. i мела вялікае стратэгічнае значэнне. 6 кастрычніка 1810 г. у запісцы "Аб цвердзях княства Варшаўскага" Напалеон пісаў: "Гэта будзе галоўная цвердзь княства. У ёй можна будзе захоўваць арсенал, артылерыйскія магазіны, правіянт, фураж, і ўсе запасы так, што калі б і Варшава была бы страчана, то гэтая цвердзь засталася б і панавала бы над абодвума берагамі Вiслы i Нарава". Расейскае войска ў 50 000 жаўнераў блакавала Модлін, але цвердзь здалася толькі 25 снежня 1813 г., калі войска антынапалеонаўскай кааліцыі было ўжо на берагах Рэйна і рыхтавалася да ўступлення на тэрыторыю Францыі.

17-ы i 19-ы палкі ўланаў прымалі ўдзел у славутай абароне Гамбурга, дзе непераможаныя войскі здалі горад толькі пасля адрачэння імператар Напалеона i асабістага загаду новага караля Францыі Людовіка XVIII.

Пасля вайны літоўскія войскі ўліліся ў склад арміі Царства Польскага.

***

Вайна 1812 г. была адной з найбольш хуткіх і разбуральных у гісторыі Беларусі. Яна доўжылася поўгода, але панесеныя страты аднаўляліся амаль чвэрць стагоддзя. Агульныя страты насельніцтва Гарадзенскай губерні ацэньваюцца гісторыкамі ў 8,6%, прычым мужчынская палова насельніцтва страціла 17,7% сваёй колькасці. У 1802 г. шляхта Лідскага павету налічвала 9809 чалавек, Гарадзенскага 6384. У 1816 г. засталося ў Лідскім павеце 5523, у Гарадзенскім 4357 шляхціцаў. Тут сказаліся ваенныя страты, эміграцыя, і ад'езд вялікай колькасці шляхты ў Варшаўскае княства. Сярод мужчынскага насельніцтва губерні па саслоўных групах страты падзяліліся наступным чынам: шляхта страціла - 43,7% сваёй колькасці, мяшчане хрысціяне - 26,67%, яўрэі - 17,64%, сяляне - 14,04%. Агульныя страты мужчынскіх рэвізскіх душ у Лідскім павеце склалі 21,4%., гэта найбольшыя страты ў губерні (другое месца па агульных стратах мужчынскіх рэвізскіх душ займаў Наваградскі павет - 14,3%.). З гарадоў найбольш пацярпелі Кобрын, Ваўкавыск і Ашмяны, якія апынуліся ў эпіцэнтры баёў. У Кобрыне з 1187 дамоў было спалена 927. У Ваўкавыску не засталося ніводнай прыстойнай пабудовы, і павятовыя ўлады вымушаны былі пераехаць у Ізабелін. Цяжка давяося Бярэсцю, Пружанам, Слоніму, дзе затрымліваліся значныя сілы. Амаль не пацярпелі Гародня і Ліда. У Гародні, як цэнтры дэпартамента падтрымліваўся адпаведны парадак, а Ліду вялікія войскі абмінулі. У Літоўска-Гарадзенскай губерні па ўказу ад 5.10.1809 г. былі канфіскаваны маёнткі 50 абшарнікаў (у Гарадзенскім, Ваўкавыскім, Наваградскім паветах - у 7 абшарнікаў, Лідскім - 19 абшарнікаў, Слонімскім - 9 абшарнікаў, Кобрынскім - 1 абшарніка). Сярод падпаўшых пад канфіскацыю на Лідчыне былі браты Іван і Ануфры Шукевічы, Леанард і Фелікс Лясковічы, Ваўжынец Путкамер. 12 (24) снежня 1812 г. Аляксандр I выдаў маніфест, у якім дараваў ліцвінам удзел у вайне на баку французаў, але папярэджваў тых, хто не вернецца на працягу двух месяцаў дадому і застанецца на службе у "нашых непрыяцеляў" пра канфіскацыю маёнткаў. 24 кастрычніка (5 лістапада) 1813 г. быў прыняты царскі ўказ пра такую канфіскацыю. У 189 уладальнікаў было канфіскавана 234 маёнткі з агульнай колькасцю сялян 42527 рэвізскіх душ мужчынскага полу. Па паветах размеркаванне склалася такім чынам: Лідскі - 101 маёнтак з колькасцю 14 287 душ; Навагрудскі - 70 маёнткаў, 15 999 душ; Ваўкавыскі - 22 маёнткі, 2 850 душ; Слонімскі - 15 маёнткаў, 3 682 душы; Гарадзенскі - 12 маёнткаў, 546 душ; Берасцейскі павет - 7 3926 душы; Кобрынскі - 5 1133 душы; Пружанскі - 2 104 душы. У Лідскім павеце найбольш пацярпеў князь Дамінік Радзівіл - 18 маёнткаў з 5975 душамі. У Лідскім павеце землі канфіскавалі ў графіні Ганны Патоцкай (17 маёнткаў, 2075 душ), графаў Людвіка Паца (6 маёнткаў 1147 душ), Рудольфа Тызенгаўза (7 маёнткаў 1001 душа), Аляксандра Хадкевіча (1 маёнткаў 684 душы), князя Міхала Радзівіла (8 маёнткаў 1200 душ).


Лепшыя сыны Вялікага Княства Літоўскага дзеля адраджэння Бацькаўшчыны сталі пад сцягі кааліцыі дзяржаў, якой кіраваў Напалеон. Але ў 1812 г. зорка Напалеона ужо схілялася. Паразай скончылася другая, пасля паўстання 1794 г., спроба адрадзіць дзяржаўнасць, наперадзе былі паўстанні 1831 i 1863 гг.



Песня ўланаў Тышкевіча, 1812 г.
17 полк Літоўскай кавалерыі

(Са збораў Івана Луцкевіча)

Што там за жаўнеры, ці ж гэта не ўланы?

Гожыя ўсе хлопцы, пышна паўбіраны.


Уланы, уланы, сівых коней многа,

Я да вас прыстану, як дасце такога.


Ты зважай, васпане, што там за пастава,

Ну а што за мужнасць, ну а што за слава.


Стануць на пастоі, ці там на кватэры,

Тышкевіча ўлана любяць тут без меры.


Крыўды ён не ўчыніць і не зробіць шкоды,

Я да іх прыстану і пайду ў паходы.


Як зсядаюць з коней, звякаюць астрогі,

А дзяўчаты гуртам следам ва ўсе ногі.


Памірала дзеўка, аб адным пытала,

А ці б на тым свеце ўлана не спаткала.


Дзеўчына-дзяўчына, вось душа адлеце,

Што ўжо з тых уланаў ды на там-тым свеце?


- І на там-тым свеце, вам хачу сказаці,

Тышкевіча ўланаў буду я кахаці.

Пераклад Судніка С.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX