Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Паўстанне 1863 г. на Лідчыне 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 15-09-2013,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Паўстанне 1863 года на Лідчыне. Перад паўстаннем // Лідскі Летапісец № 1(61) – 2013. С. 40–58.; Лаўрэш Леанід. Паўстанне 1863 г. на Лідчыне. За нашу і вашу свабоду // Лідскій Летапісец №2(62) – 2013. C. 48–73.



Перад паўстаннем

Пасля паўстання 1830-31 гг.

Перад паўстаннем

Лідчына перад паўстаннем

За нашу і вашу свабоду

Бітва пад Руднікамі

Падзеі у Гродна

Бой паміж маёнткамі Дубічы і Глыбокае

Бітва пад Кавалькамі

Параза пад Дубічамі

Апошнія падзеі паўстання на Лідчыне

Пераслед сям'і Нарбутаў

Заканчэнне паўстання на Лідчыне

Лідскія ксяндзы у паўстанні

Пасля паўстання

Дадаткі

Рапорт начальника Виленского отряда начальнику 2-й гвардейской дивизии со списком соучастников мятежа. 29 апреля 1863 г., № 15.

Спіс маёнткаў, канфіскаваных у Лідскім павеце (1863-1873)

Маёнткі ў Лідскім павеце, якія пасля паўстання 1863 г. былі выкупленыя расійскімі абшарнікамі на падставе інструкцыі ад 23.VII. 1865 г.

Спіс маёнткаў, прымусова прададзеных па ўказу ад 10.12.1865 г.

Спіс маёнткаў, прададзеных ў 1864-1873 гг.


Перад паўстаннем


Пасля паўстання 1830-31 гг.

Пасля паразы паўстання 1830-31 гг., на эміграцыі, пад уплывам руху карбанарыяў, была створана арганізацыя "Помста народа", якая займалася падрыхтоўкай новага паўстання. Для гэтага, на пачатку 1833 г., на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Ўкраіны былі накіраваны эмісары, якія павінны Двор у Шаўрах. былі падрыхтаваць новае ўзброенае выступленне. У адпаведнасці з распрацаваным у эмігранцкіх колах планам у Гарадзенскі і Лідскі паветы быў накіраваны ўраджэнец г. Гародні Марцэлі Шыманскі - актыўны ўдзельнік паўстання 1831 г. Яму ўдалося завязаць кантакты з многімі жыхарамі Лідчыны, прычым звяртае на сабе ўвагу вялікая колькасць каталіцкага святарства, якая была далучана эмісарам да канспіратыўнай дзейнасці. Аднак Шыманскі не паспеў распачаць рэалізацыю распрацаванага ў Парыжы плана. 25 траўня 1833 г. ён быў схоплены ўладамі. На следстве ён выдаў усіх асоб, з якімі сустракаўся на працягу некалькіх месяцаў. У чэрвені 1833 г. былі арыштаваны Ваўжынец і Марыля (з Верашчакаў) Путкамеры з Больценікаў за дапамогу эмісару Шыманскаму. Яны спачатку знаходзіліся пад вартай у Вільні, а са жніўня па лістапад 1833 г. - у Гарадзенскім астрозе. Марылю абвінавачвалі, спасылаючыся на сведчанні Шыманскага, але яна не прызнавала сябе вінаватай. Толькі зімой 1833 г. Путкамеры змаглі вярнуцца у Больценікі [1]. Па гэтай справе некалькі дзесяткаў асоб з Лідчыны былі высланы ў цэнтральныя губерні Расіі ці на Каўказ, у дзейную армію. Гэта быў першы прыклад масавай палітычнай высылкі ў гісторыі Беларусі. Лёс некаторых ссыльных (як напрыклад А. Каролька) падзялілі іх сем'і, якія добраахвотна адправіліся на ўсход разам са сваімі мужамі і бацькамі. Цікава, што каталіцкае святарства атрымала з большага мяккія прысуды і пазбегла высылкі. У асноўным святары пераводзіліся ў кляштары ўсходняй Беларусі. Шыманскі пазбегнуў пакарання, за сваё супрацоўніцтва з уладамі быў перавезены ў Пецярбург, адкуль у канцы 1833 г. высланы ў Парыж у якасці шпега. У Парыжы, ён адразу публічна пакаяўся ва ўсім. Далей яго сляды губляюцца.

У 30-40-я гады ХІХ ст. на Беларусі ў якасці эмісараў дзейнічаў Ш. Канарскі, Рэр і інш. Некаторыя жыхары Лідскага павету былі арыштаваны за кантакты з эмісарам Рэрам. Напрыклад шляхціц Балтазар Калясінскі за кантакты з Рэрам і іншымі эмісарамі, распаўсюджванне нелегальнай літаратуры, а таксама за выказаную згоду прыняць удзел у паўстанні, якое планавалася на 1846 г., быў арыштаваны і аддадзены ў Арэнбургскія лінейныя батальёны.

Некаторыя выхадцы з Лідчыны былі членамі "дэмакратычнага таварыства" Ф. Савіча. Так, пад псеўданімам "Альфонс" у ім значыўся сын праваслаўнага святара Яўстафі Вароніч, які вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі [2].

Увесь час пасля 1831 г. не парывалася сувязь лідскай шляхты з эміграцыяй, напрыклад у 1834 г. лідскі земскі спраўнік даносіў Гарадзенскаму губернатару М. Мураўёву, што абшарнік Станіслаў Лясковіч, які жыве у маёнтку Няцеча Лідскага павету, атрымлівае лісты ад сваяка Ігната Дамейкі (у 1833 г. 2 ці 3 лісты): "Гэты Дамейка набыў вялікі давер у тутэйшых жыхароў, і да яго меркаванняў прыслухоўваюцца" [3]. Перапіску са сваякамі, якія жылі за мяжой ці ў эміграцыі, мелі і іншыя сем'і на Лідчыне, што ўплывала на агульныя настроі шляхты.


Будучая галоўная дзейная асоба паўстання 1863 г. на Лідчыне, Людвік Нарбут нарадзіўся 26 жніўня 1832 г. у бацькоўскім маёнтку Шаўры Лідскага павету, яго бацька - знакаміты гісторык Тодар Нарбут, маці Крысціна Садоўская. Тодар, сын Яўхіма і Ізабелы з Наневічаў, нарадзіўся ў Шаўрах 8 Крысціна з Садоўскіх Нарбут, маці Людвіка. кастрычніка 1784 г. і паходзіў са старажытнага ліцвінскага роду. У той час маёнтак Нарбутаў Шаўры складаўся з ворнага ўчастка і двара, меў 75 прыгонных. Гэты маёнтак перайшоў да Нарбутаў як пасаг Ізабэлы з Наневічаў. Сусветна вядомы гісторык быў яшчэ і руплівым гаспадаром, пад яго кіраваннем маёнтак Шаўры заквітнеў сапраўдным дабрабытам. Тодар меў навуковы падыход да сельскай гаспадаркі і быў у курсе ўсіх сусветных навінак. Мала таго, ён з'яўляўся аўтарам шэрагу артыкулаў, у якіх пісаў пра рацыянальнае вядзенне сельскай гаспадаркі і пра апошнія дасягненні прыродазнаўчых навук.

Маці Людвіка - Крысціна-Кацярына з Садоўскіх, была дачкой шарачковага шляхціца, былога жаўнера Касцюшкі. Першапачаткова ў хаце Нарбута яна працавала як прыслуга, і толькі пасля нараджэння некалькіх дзяцей Тодар узаконіў свае адносіны з ёй. Людзі, якія ведалі Крысціну, пісалі пра яе, як пра добрую, сардэчную і богабаязную жанчыну, якая дала Тодару сямейнае шчасце: "Была маладой, вясёлай, чарнавокай і прыгожай, хоць была малаадукаванай, але прыродны розум і тонкасць душы кампенсавалі гэты недахоп … . Пакуль думы першага гісторыка Літвы былі ў мінулым, яна кіравала хатай і маёнткам" [4].

Запіс пра нараджэнне Людвіка зроблены ў метрычных кнігах парафіяльнага касцёла ў Начы. У паперах Вандаліна Шукевіча [5] захаваўся выпіс з метрычнай кнігі пра нараджэнне і хрышчэнне старэйшага сына: "№ 166. Гасподняга году тысяча восемсот трыццаць другога, месяца верасня, чацвёртага дня, у касцёле рыма-каталіцкім парафіяльным Нацкім ксяндзом Адамам Страповічам, аўгустынам, вікарыем гэтага ж касцёла, хрышчана вадой і Св. алеем немаўля, названае Людвік. Работніцы Крысціны Падэўскай няправага ложа сын - 1832 г., месяца жніўня 26 дня ў двары Шаўры народжаны. Падчас хросту трымалі (хрышчоныя - Л. Л.) Юзаф Сегень і Петранэла Драздоўская, панна". Пасля таго, як Тодар Нарбут ажаніўся з Крысцінай (каля 1840 г.), метрычны запіс перапісалі, а прозвішча маці з Падэўскай змянілі на Садоўскую (сапраўднае дзявочае прозвішча Крысціны застаецца пад пытаннем, бо ў некаторых аўтараў да замуства яна - Падэўская [6]).

Так сама перапісаны былі і метрычныя запісы іншых пазашлюбных дзяцей Нарбутаў: Аляксандры, Францішка і Тадоры. Станіслаў і Амеля нарадзіліся ўжо ў шлюбе.

Першыя шчаслівыя гады дзяцінства Людвік правёў у бацькоўскім маёнтку. Бацька выхоўваў дзяцей ў старашляхецкіх традыцыях, вучыў паважаць звычаі свайго краю, распавядаў дзецям пра гісторыю і герояў старажытнай Літвы. Экспанаты яго шматлікай калекцыі месціліся ў маёнтку і былі Людвік Нарбут. звыклым асяроддзем для малога Людвіка, узбуждаючы дзіцячыя мары і цікаўнасць да гісторыі. Людвік меў чатырох братоў: Аляксандра, Францішка, Баляслава, Станіслава і 3-х сясцёр: Яну, Амелю і Тадору, гэта не лічачы дзяцей памёрлых у дзяцінстве. Ён быў старэйшым сынам і лідэрам для Баляслава, Францішка і Тадоры, гэтыя чацвёра дзяцей падыходзілі адзін аднаму па ўзросту і раслі разам. З 1831 г. у Шаўрах увесь час жыў стары чалавек па прозвішчы Гератоўскі. Хто ён такі і чаму жыў у Шаўрах невядома, але ён вельмі любіў дзяцей і шмат часу праводзіў з імі. Стары ведаў шмат цікавых гісторый, распавядаў пра паўстанне 1831 г., удзельнікам якога быў, дзеці разам з ім гулялі ў вайну, прычым Касцюшкам звычайна быў Людвік, Баляслаў яго ад'ютантам а Тадора - Эміліяй Плятэр, хоць Плятэр і была гераіняй іншай вайны. Аднойчы, калі недалёка ад Шаўроў, праязджаў эскадрон расійскай кавалерыі, дзеці з кустоў пракрычалі патрыятычныя лозунгі і нават пакрыўдзіліся, што кавалерысты нічога не пачулі.

Людвік Нарбут пачаў атрымліваць адукацыю ў Лідскай павятовай вучэльні, а каля 1846 г. паступіў ў віленскую гімназію. Прыязджаць дахаты атрымлівалася толькі па святах ды ўлетку. Падчас вакацый ён вучыў малодшых братоў і сясцёр, пісаў вершы, чытаў кнігі па гісторыі. Маці ўспамінала, як 12-ці гадовы хлопчык гледзячы ў люстэрка, казаў: "Маці, супакой ці зганьбуй, бо дзве будучыні для сабе бачу, будзе з мяне ці вялікі чалавек, ці вялікі злодзей" . Назад на вучобу ў Вільню яго звычайна адвозіла маці, па дарозе спыняліся ў Бутрыманцах, дзе на мясцовых могілках разам адведвалі магілы дзеда і бабулі (недалёка ад капліцы) і хатку, якая стаяла побач з могілкамі, у гэтай хатцы гадавалася Крысціна.

Людвік добра вучыўся, але яго знаходжанне ў гімназіі (1846-1850) супала з рэвалюцыйным уздымам у Еўропе, атрымаўшым назву "Вясны народаў". Водгаласы еўрапейскіх падзей даходзілі да Вільні, у Літву таемна прыязджалі эмісары эміграцыі, распаўсюджвалася забароненая літаратура якую гімназісты чыталі з вялікім уздымам. У 1846 г. віленская турма напоўнілася арыштантамі з так званага "спісу Рэра". Турмаў бракавала і таму нават вокны дамініканскага кляштара былі зафарбаваны белай фарбай, яго на час таксама ператварылі ў турму, каля кляштара стаялі кібіткі жандараў - з усяго краю звозілі арыштантаў. У лютым 1848 г. эмісара Рэра разам з іншымі датычнымі да справы публічна пакаралі палкамі, а пасля, прывязаўшы да воза, правялі па вуліцах Вільні і саслалі на катаргу. Гэта ўсё назіралі і абмяркоўвалі гімназісты.

Падчас вакацый у Шаўрах у 1850 г. уся сям'я заўважыла змену ў паводзінах Людвіка, малады чалавек стаў сур'ёзным, паважным і задуменным.

Падчас вучобы ў апошнім класе гімназіі, пасля дыспутаў з гімназічнымі таварышамі пра справы ў краі, у лістападзе 1851 г. Людвік вырашыў стварыць сярод гімназістаў патрыятычнае таварыства, якое мела за мэту рыхтаваць ўзброенае паўстанне. У снежні, на кватэры Людвіка адбылося першае паседжанне таварыства. З-за ўласнай легкадумнасці чальцы таварыства Гаварчэўскі і Падхарэцкі, распавялі пра сустрэчы інспектару гімназіі, пасля чаго ўначы перад Калядамі паліцыя арыштавала Нарбута. На яго кватэры была знойдзена картка з надпісам "Арол і крыж", гэтыя словы у таварыстве былі паролем. Людвік потым распавядаў, што пасля арышту, ён адразу быў пасаджаны ў цёмную і цесную камеру. Праз некалькі дзён у камеру прыйшоў сам генерал-губернатар Бібікаў [7] і параіў раскаяцца і дапамагаць следству. Тое самае ён казаў і праз некалькі дзён, калі юнага арыштанта прывялі да яго ў кабінет. Бібікаў зноў пераконваў арыштанта, што і так усё вядома, і толькі дзеля формы трэба ўсё распавесці Баляслаў Нарбут. следству і падпісаць пратаколы, ён даваў генеральскае слова, што не кране яго сяброў. Дастаткова доўгі час Нарбут не згаджаўся, але нарэшце сазнаўся ў тым, што гэта ён аўтар надпісу на картцы. Пасля чаго Людвіка перавялі ў сухую і светлую камеру, а ў Пецярбург паслалі падрабязны даклад. Фактычна гульня ў канспірацыю сталася чарговай паспяхова выкрытай "крамолай" [8].

і параіў раскаяцца і дапамагаць следству. Тое самае ён казаў і праз некалькі дзён, калі юнага арыштанта прывялі да яго ў кабінет. Бібікаў зноў пераконваў арыштанта, што і так усё вядома, і толькі дзеля формы трэба ўсё распавесці следству і падпісаць пратаколы, ён даваў генеральскае слова, што не кране яго сяброў. Дастаткова доўгі час Нарбут не згаджаўся, але нарэшце сазнаўся ў тым, што гэта ён аўтар надпісу на картцы. Пасля чаго Людвіка перавялі ў сухую і светлую камеру, а ў Пецярбург паслалі падрабязны даклад. Фактычна гульня ў канспірацыю сталася чарговай паспяхова выкрытай "крамолай".

З надрукаваных архіўных матэрыялаў справы юнага Нарбута можна зразумець, як ішло следства. Справа № 4 ад 1851 г. "Ученика виленской гимназии Людвика Нарбута" пачата 11 студзеня і скончана 19 сакавіка 1851 г. У данясенні генерал-маёру Кучынскаму ад 11 студзеня 1851 г. паведамляюцца агульныя папярэднія вынікі справы пра антыўрадавыя дзеянні Людвіка Нарбута сярод вучняў віленскай гімназіі: пра прызнанне яго саўдзельнікаў Мельхіёра Бакшанскага і Казіміра Нарвойша і пра адмову Нарбута прызнацца нават пасля прызнання яго былых сяброў. На вочнай стаўцы Бакшанскі катэгарычна сцвярджаў, што не браў удзел у злачынных справах Нарбута, на што Нарбут адказаў, што ёсць сведкі, якія могуць пацвердзіць адваротнае, бо Бакшанскі некалькі разоў удзельнічаў у нарадах арганізацыі. Жандар, які склаў дакумент, канстатуе, што ў цэлым сведчанні Бакшанскага і Нарвойша не вымусілі Нарбута да дачы сведчанняў па справе. З рапарта падпалкоўніка корпуса жандараў Данілава да выканаўцы абавязкаў начальніка 4-й акругі корпуса жандараў генерал-маёра Кучынскага ад 12 лютага 1851 г.: "… з 8 снежня бягучага года … вядзецца следства па справе вучня мясцовай губернскай гімназіі Людвіка Нарбута, які абвінавачваецца ў распаўсюдзе сярод сваіх калегаў шкодных пагалосак і змове іх да ўзброенага выступу.

Справа скончана … стала вядома наступнае:

Тадора з Нарбутаў Манчунская (Тося).

Напачатку мінулага снежня вучні Гаварчэўскі і Падхарэцкі данеслі класнаму інспектару, што вышэй названы Нарбут, падчас гутаркі з імі і некаторымі іншымі, пытаўся ў іх, ці любяць яны сваю Айчыну, а пасля пачаў ім распавядаць, што вучні варшаўскай гімназіі рыхтуюцца да паўстання, што ў Лідскім павеце ўся шляхта да яго ўжо гатовая, і той, які не пагодзіцца далучыцца да паўстанцаў, будзе піць горкае піва… . На наступны дзень, для адмысловай гутаркі, Нарбут запрасіў іх да сябе на кватэру. Потым, нагадваючы Гаварчэўскаму пра сваё запрашэнне, даслаў яму картку, у якой прасіў запомніць пароль "Арол і крыж".

... арыштаваны Нарбут (гадоў 19, са шляхты) прызнаўся, што ў канцы мінулага месяца лістапада меў намер стварыць разам са сваімі калегамі патрыятычнае таварыства, якое мела за мэту падняць паўстанне. Гэтая думка з'явілася ў яго падчас спрэчкі з вучнем Нарвойшам на яго кватэры … . Паводле сведчанняў Нарбута, галоўнымі саўдзельнікамі яго злачынных намераў былі: вышэй згаданы Нарвойш і Мельхіёр Бакшанскі, з якіх апошні прапанаваў прыняць для іх таварыства пароль "Арол і крыж" і прапанаваў напісаць статут таварыства. Акрамя таго Нарбут прызнаўся, што пра свой намер ён паведаміў вучню Казлоўскаму, які як бы пагадзіўся ўзяць удзел у гэтай справе і збіраўся ўгаварыць сваіх калегаў Кубліцкага, Прэкера і Тышкевіча, з якімі пачаў перамовы, але не паспеў схіліць іх да ўдзелу ў арганізацыі бо быў арыштаваны … для змовы запрашаў да сябе на кватэру вучняў Пабаеўскага і Пашкевіча … і нарэшце пісаў … картку да Гаварчэўскага, у якой прасіў не забываць пароль "Арол і крыж". Нарбут катэгарычна сцвярджаў, што да моманту яго арышту былі толькі гутаркі і моцныя спрэчкі, але не рабілася аніякіх дзеянняў …, угаворваючы сваіх калегаў ніякіх пагроз не прамаўляў, і адзіным дзеяннем у гэтай справе было прыняцце разам з Бакшанскім паролю "Арол і крыж", яны толькі жадалі даведацца як будзе прыняты такі пароль сярод калегаў. Пра гатоўнасць шляхты Лідскага павету да паўстання Нарбут казаў таму, што падслухаў у месяцы ліпені … у мястэчку Дубічы, на выхадзе з касцёла гутарку землеўладальніка Ваўка з незнаёмым чалавекам, якому Воўк паведаміў, што неабходна было б прыгатаваць спіс, што ён Воўк выставіў бы 2000 шляхты.

Выкліканыя для допыту Казімір Нарвойш і Мельхіёр Бакшанскі прызналі, што Нарбут у канцы мінулага года паведаміў ім пра свае намеры, а яны … не пагадзіліся прыняць у іх удзел, … нічым яму не дапамагалі і самі хацелі данесці пра яго ўладам, што і зрабілі праз сваіх калегаў Гаварчэўскага і Падхарэцкага… . На вочнай стаўцы Нарбут не пярэчыў супраць довадаў Нарвойша і Бакшанскага. (…) Што да землеўладальніка Ваўка, то па распараджэнні … генерал-губернатара ў яго хаце быў праведзены пяратрус, але не знойдзена нічога, што б магло пацвердзіць яго віну. (…)

Прымаючы да ўвагі ўсё вышэйпададзенае, следчая камісія прыйшла да пераканання, што ў дадзенай справе вінаваты вучань Людвік Нарбут … таму … ён за такія ўчынкі падлягае суровай кары … ".


З рапарта … падпалкоўніка Данілава да выканаўцы абавязкаў начальніка корпуса жандараў 4-й акругі … генерал-маёра … Кучынскага, дня 14 сакавіка 1851 г. № 31:

"У якасці дадатку да рапарта ад 12 лютага … № 21 у справе палітычнага зняволенага Людвіка Нарбута, маю гонар дакласці Вашаму Высокаправасхадзіцельству, што падчас знаходжання генерал-ад'ютанта Бібікава 2-га ў Пецярбургу, на … дакладзе Яго Імператарскай Вялікасці, насупраць параграфа … пра справу вучня віленскай гімназіі Людвіка Нарбута … з прапановай вылупцаваць розгамі і аддаць яго на службу шарагоўцам, не пазбаўляючы аднак дваранскага звання, Яго Імператарская вялікасць зрабіў надпіс "згоды". … Нарбут будзе аддадзены на службу ў адзін з палкоў 6 корпуса пяхоты пры ўмове, строгага нагляду за ім … .

Падпісаў пплк. Данілаў" [9].

Экзекуцыя адбылася ў будынку гімназіі, Нарбут атрымаў 25 удараў розгамі. Пасля экзекуцыі яму дазволілі развітацца з бацькамі і назаўтра, 30 сакавіка, да ўзыходу сонца адправілі ў Калугу, да месца службы [10].

Абставіны вайсковай службы Людвіка добра адлюстроўвае паслужны спіс:

"… падпаручнік Людвіг Фёдаравіч Нарбут, паводле фармуляра пра яго службу: … ад нараджэння 29 гадоў, з дваран Віленскай губерні, рыма-каталіцкага веравызнання, кавалер ордэна Св. Ганны IV ступені, узнагароджаны ... медалямі за вайну 1853-56 гг. і медалём Св. Георгія з надпісам "За мужнасць".

На службу паступіў па … распараджэнні за палітычны выступ ... 19 красавіка 1850 г. шарагоўцам …, за заслугі ў баях з туркамі 8.IX. 1855 г. стаў унтар-афіцэрам, за заслугі ў службе 29.IX.1857 г. ва ўзросце 25 гадоў атрымаў першае афіцэрскае званне - прапаршчыка. Пераведзены ў Рэвельскі полк пяхоты 18 красавіка 1859 г., але ў сувязі са звальненнем са службы ў полк не прыбыў.

Браў удзел у дзеяннях супраць непрыяцеля:

У вайне з туркамі ў 1854 г. з 24.VII. па 20.XI. у Александропальскай і Ахалкалакскай кампаніях і за заслугі ў бітве 24.VII. пад Курук-Дарункай праізведзены ў унтар-афіцэры і ўзнагароджаны трыма срэбнымі рублямі, у 1855 г. з 6.V па 3.XII у Александропальскай кампаніі, за штурм 17.XI. Карскіх фартоў узнагароджаны 1 срэбным рублём, з 13.XII.1856 г. па 1.I.1857 г. супраць горцаў на Лезгінскай дэмаркацыйнай лініі, з 1.IV.1857 г. па 1.I.1858 г. і ў 1858 г. з 1.I. па 1.IX. абодва разы на той жа лініі, прычым браў удзел: 27.VIII. - ва ўзяцці штурмам аула Цыбаро, 29. VIII. - у акцыі пры форце Купрыс-Шаво і за высокую мужнасць, выяўленую ў той экспедыцыі ўзнагароджаны ордэнам Св. Ганны 4 ступені з надпісам: "За мужнасць", у тым жа годзе ў складзе войскаў левага крыла каўказкай войска, з 25.X. па 18.XII. бярэ ўдзел у дзеяннях у ваколіцах Уладзікаўказа, Назрані, Несцераўскага паста і ў Чорных гарах Малой Чачні …, прычым: 2.XI пры злучэнні адзелаў пры Акпортаўскім перавале, у справе пры Мутыч-Анкунь каля перавалу Асы, а адтуль … для ўзяцця апошніх непакорных аулаў Малай Чачні, Акінсаў і Мерадзінаў… . 28.XII. пры ўзяцці варожых пазіцый каля аула Агашты, 29 - пры адбіцці нападу непрыяцеля на войскі якія ўдзельнічалі ў работах на дарозе каля аула Агашты, 31 - пры ўзяцці гэтага аула. У 1859 г. у складзе галоўнага аддзела браў удзел у экспедыцыі супраць горцаў: 1.I у наступе … у кірунку аула Агашты, 11.I у бомбардаванні, 14 - ва ўзяцці пазіцый, пабудаваных супраць непрыяцеля каля ракі Баль і ўзяцці аула Тнузень.

Двор у Сербянішках.

Раненняў не мае і ў палоне не быў. Спагнанняў … не меў.

У 1858 г. заслужыў Найвышэйшую Пахвалу за ваенныя дзеянні ў складзе … войскаў лезгінскага аддзела … .

Выхоўваўся ў Віленскай гімназіі, ведае: рэлігію, граматыку, арыфметыку, гісторыю ўсеагульную, геаграфію Расіі і ўсеагульную, мову французскую.

Падчас службы пакаранняў судовых, несудовых не меў і пад следствам не быў.

У 1859 г. найвышэйшым Яго Імператарскай Вялікасці ўказам, выдадзеным 26.VII звольнены са службы, з-за сямейных акалічнасцяў у чыне падпаручніка. … з правам нашэння ваеннага мундзіра, хоць і не выслужыў неабходны для гэтага тэрмін. ….

Генерал-маёр Лідэрс" [11].

Да такога дакумента цяжка яшчэ нешта дадаць, такому паслужному спісу пазайздросціў бы любы афіцэр, але цікава, што ягоная жаўнерская служба пачалася з таго, што камандзіру роты, які абазваў яго "палякам - бунтаром" Нарбут адказаў аплявухай. Ён быў аддадзены пад ваенны суд, але, на шчасце, нейкі з указаў цара Мікалая I забараняў такімі словамі зневажаць салдат, таму Людвік адкараскаўся толькі арыштам і пераводам 05.08. 1854 г. у полк, які адпраўляўся на Каўказскі фронт. Потым, у лістах з Каўказа ён прасіў сястру Тадору прыслаць хаця б засушаную кветку або жытні каласок з родных палёў.

Падчас службы ў войску Нарбут адбыўся як прафесійны вайсковец высокага класу, удзельнічаючы ў супрацьпартызанскіх дзеяннях рускага войска, да тонкасцяў спасціг мастацтва партызанскай вайны. Усё гэта яму хутка спатрэбіцца.

У 1859 г., у чыне падпаручніка Нарбут звальняецца са службы, з-за "хатніх акалічнасцяў" і напачатку красавіка 1860 г. ён ужо ў родных Шаўрах. За час яго адсутнасці ў сядзібе нічога не змянілася. Тая ж шляхочая хата з ганкам на падмурку, тыя ж гаспадарчыя пабудовы, той жа лес навакол. Моцна пастарэў бацька, ён амаль аглух, пастарэла маці, вырасла і стала прыгожай паненкай сястра Тося. Людвік заняўся гаспадарскімі справамі, занава, як сталы чалавек перазнаёміўся з суседзямі, а праз некаторы час на паўгода паехаў у Варшаву і Кракаў.

У самым блізкім суседстве з Шаўрамі знаходзіўся маёнтак Сербянішкі, які належаў маладой удаве Амелі Седлікоўскай (з Кунцэвічаў). Амеля вылучалася сярод жанчын свайго кола добрай адукацыяй. Яшчэ раней яна сябравала з сям'ёй Нарбутаў і часта бывала ў Шаўрах, таму пасля вяртання Людвіка, маладыя людзі хутка зблізіліся і ў 1861 г. пабраліся шлюбам, пасля чаго маладая сям'я пасялілася ў маёнтку Сербянішкі. Іх адзінае дзіця - дачка Марыя - памерла немаўлём.

Гэтыя некалькі гадоў, калі Людвік вёў жыццё жанатага чалавека, займаўся гаспадаркай, чытаў кнігі і газеты, вёў перапіску з сябрамі, паляваў, праляцелі вельмі хутка. Кім бы ён мог стаць, калі б не паўстанне?

Невядома.

Але менавіта ў гэты кароткі перыяд свайго жыцця ён пачаў пісаць вершы і артыкулы для прэсы і, хто ведае, можа быць з часам атрымаў бы вядомасць не меншую, чым яго бацька? Але толькі досвед аднаго занятку гэтага перыяду - палявання - хутка спатрэбіўся баявому афіцэру. Менавіта падчас палявання, Нарбут вывучыў кожную сцежку на Лідчыне і пазнаёміўся з многімі людзьмі.

Мірон-Браніслаў Нарбут у невыдадзенай частцы сваіх мемуарах так апісваў Людвіка: "Бачыў яго, здаецца, у 1860 г. у Лідзе на кантрактах, быў ён невялікага росту, худы, лысаваты бландын, з меланхалічным выразам на твары, прычым адрозніваўся вялікай разважлівасцю, пачцівасцю і павагай да людзей - гэта былі яго галоўныя якасці. Негаманкі, сціплы, гатовы дапамагчы кожнаму, быў ён усімі паважаны гэтак жа, як і яго бацька" . Падчас паўстання, стаў ён "як бы іншым чалавекам, знікла меланхолія, а ўсё яго аблічча выяўляла ... радасць ад таго, што ён дачакаўся горача жаданага часу, пра які марыў раней" [12].

У 1862 г. да яго з Вільні прыехаў брат Баляслаў, каб перадаць адозву варшаўскага Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта. На наступны ж дзень Людвік паехаў у Вільню, сустрэўся з сябрамі рэвалюцыйнага камітэта і выказаў ім сваё жаданне прыняць удзел у будучым выступе, пасля чаго вярнуўся дахаты і пачаў чакаць загаду пра ўзброенае паўстанне [13].

Перад паўстаннем

У 1855 г. памірае цар Мікалай І, Расія атрымлівае ганебную паразу ў Крымскай вайне. Сітуацыя ў якой новы цар Аляксандр II уступаў на пасад у 1855 г., адназначна дыктавала неабходнасць рэформаў і лібералізацыі рэжыму. Улады на той момант не мелі праграмы пераўтварэнняў, але "польскае пытанне" непазбежна адразу апынулася ў цэнтры іх увагі. Расея прайграла Крымскую вайну, але на Парыжскай мірнай канферэнцыі расійскі прадстаўнік граф А.Ф. Арлоў рашуча адмовіўся разглядаць "польскае пытанне" як міжнароднае. Але Крымская вайна скончыла з Венскай сістэмай міжнародных адносін, заснаванай пасля паразы Напалеона на альянсе Раманавых, Габсбургаў і Гогенцолернаў. А імператар французаў Напалеон III дэклараваў сабе як абаронца правоў нацыянальнасцяў.

У студзені 1856 г. памёр найсвятлейшы князь Варшаўскі намеснік Паскевіч І.Ф., які для Царства Польскага сімвалічна быў амаль такой жа фігурай, як цар Мікалай I для ўсёй імперыі. Яго змяніў князь М.Д. Гарчакоў, які добра ставіўся да палякаў, ён імкнулася знайсці агульную мову з мясцовай свецкай і касцельнай арыстакратыяй, прыцягнуць яе да ўдзелу ў кіраванні краем. Напачатку траўня 1856 г. Аляксандр II упершыню пасля ўзыходу на пасад наведаў Варшаву. Гэта было буйной палітычнай падзеяй еўрапейскага маштабу, у Варшаве Аляксандр прыняў спецыяльных прадстаўнікоў вялікіх дзяржаў, якія віталі яго як новага цара. Прысутнічала і еўрапейская радня імператара. Прымаючы эліту Царства Польскага - сенатараў і вышэйшых герархаў каталіцкага касцёла, Аляксандр выступіў на французскай мове і запэўніў аўдыторыю, што прыбыў "забыўшы мінулае, натхнёны найлепшымі намерамі для краю, ... перапоўнены рашучасці працягнуць справу свайго бацькі" . Найболей гучнай фразай царскага выступу, былі двойчы ці нават тройчы вымаўленыя словы перасцярогі: "Pas de reveries" , г.зн. "ніякіх летуценняў" . Тым не менш неўзабаве серыя дзяржаўных мер, асцярожна, але выразна карэктавала былую палітыку Мікалая I.

Традыцыйная для пачатку новага царствавання палітычная амністыя вярнула з высылкі дзекабрыстаў, удзельнікаў украінскага Кірыла-Мефодзіеўскага брацтва, петрашэўцаў, удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг. Было адменена ваеннае становішча ў Царстве Польскім і ў заходніх губернях. У 1858 г. у Віленскай, а ў 1860 г. у Кіеўскай навучальных акругах аднавілася вывучэнне польскай мовы (па выбары саміх навучэнцаў) як адной з замежных. Важныя наступствы меў дазвол у 1857 г. на адкрыццё ў Варшаве Земляробчага таварыства (Towarzystwo Rolnicze) на чале з графам Анджэем Замойскім, плямяннікам А. Чартарыйскага. Яно прыступіла да працы ў студзені 1858 г. і ўжо неўзабаве налічвала каля чатырох тысяч сяброў - дваран-землеўладальнікаў. Таварыства мела аддзяленні прыкладна ў 80 паветах Царства і планавала распаўсюдзіцца на Вільню і Кіеў, але ўлады згоды не гэта далі. Не планавалі ўлады і аднаўленне аўтаноміі Царства ў ранейшым аб'ёме, асабліва з самастойным войскам. У канцы 1850-х і пачатку 1860-х гг. у Расіі складалася сітуацыя, тыповая для перыяду лібералізацыі цвёрдых аўтарытарных рэжымаў: улады не давяралі падданым а грамадства - уладам.

Тым не менш як жэст прыязнасці манарха грамадскасцю было ацэнена прызначэнне ў канцы 1855 г. новага генерал-губернатара Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губерняў. Ім стаў даўні прыбліжаны Аляксандра, адзін з яго ваенных настаўнікаў у маладыя гады, генерал-ад'ютант У.І. Назімаў. Ён ужо меў у нас добрую рэпутацыю: яшчэ ў 1840 г., калі Мікалай І паслаў яго ў Вільню для палітычнага дазнання пра быццам бы выяўленую тагачасным генерал-губернатарам Ф.Я. Мірковічам шырокую змову. Тады Назімаў разабраўшыся на месцы, не даў ходу высунутым абвінавачванням, чым уратаваў шмат чалавечых лёсаў. Назімаў здолеў усталяваць добрыя адносіны да сябе і сваіх блізкіх вайсковых і цывільных супрацоўнікаў з боку мясцовай арыстакратыі. Балі, прыёмы, абеды з удзелам самых бліскучых дам вышэйшага свету (за адной з іх пры Назімаве нават замацавалася свецкая мянушка "krоlowa litewska" - "літоўская каралева" [14]) спачатку стварылі атмасферу даверу і ўмацавалі ў мясцовай шляхце думку пра сябе як пра партнёра расейскай адміністрацыі. Адным з буйных адміністрацыйных поспехаў Назімава стала падахвочванне віленскага, ковенскага і гарадзенскага дваранства да выступу з ініцыятывай адмены прыгоннага права. Аляксандр II улетку 1858 г. здзейсніў паездку па шэрагу губерняў і ў выступах перад прадстаўнікамі дваранства ў Вільні быў падкрэслена ласкавы і міласцівы: "Вы першыя паказалі прыклад, і ўся Імперыя за вамі рушыла ўслед. … . Мне прыемна бачыць сябе, аточаным вамі" [15].

Аднак па іншаму адносіўся Назімаў да простых беларускіх сялян - тых самых, па расейскай міфалогіі, "исконно русских" людзей. У ліпені 1861 г., адраўу пасля адмены прыгоннага права, генерал Назімаў выехаў з Вільні праз Ліду і Слонім ў Брэст-Літоўск і потым на Беласток і Гродна. Ва ўсіх павятовых гарадах і шматлікіх паштовых станцыях паміж гэтымі гарадамі, яго чакалі сабраныя шматлікія навакольныя сяляне на чале з чыноўнікамі, павятовымі прадвадзіцелямі дваранства і вялікая колькасць паліцыі. Усюды генерал звяртаўся да сялян заўжды паўтараючы адны і тыя ж словы. Пасля ветлівага прывітання вышэйшы саноўнік звычайна казаў: «Ці ведаеце вы, што зараз вы вольныя (усё казаў па-руску). Ніхто зараз не мае правы вас караць, улада паноў ужо скончылася. Яны вас ва ўсім прыгняталі. Памятаеце, што яны з вамі рабілі ... эканомы апошні дух з вас выбівалі. Зараз гэтага не будзе: вы вольныя! Я гэта для вас зрабіў. Маліцеся за цара. Толькі падумайце самі, што для вас зроблена ў гэтыя апошнія гады, калі такое было, каб на працягу пяці гадоў не браць рэкрута. Да гэтага як было? О, усё гэта вашы паны (сціскаючы кулакі). Яны вас.. Урад даўно думаў пра вашу волю, але паны… Але зараз іх панаванне скончылася. Ужо ні над чым у іх няма ўлады! Гэта ім непрыемна, вельмі непрыемна… але хопіць ужо гэтага, з імі баста! Яны зараз спяваюць па касцёлах… просяць бога, каб вярнуліся ранейшыя тыранскія часы, каб ізноў маглі прыгнятаць! ...» .

На ўсіх паштовых станцыях ад Воранава да Слоніма царскі саноўнік паўтараў амаль тое ж самае, і толькі адзін раз, як кажуць, атрымаў ад аднаго з абшарнікаў рэзкае папярэджанне. Невядомы абшарнік, пра якога пісалі што ён паважаны чалавек, які мае навуковыя заслугі, быццам бы адсказаў губернатару: «Я не жадаю дыскутаваць з вамі, спадар генерал, ці было ўсе так як вы кажаце. З таго піва, якое вы, спадар генерал, наварыце, мы, Бог дасць, як-небудзь выйдзем. А ці выйдзе Расія цэлай, пра гэта, здаецца, вы не думаеце» . У іншым месцы, селянін з вёскі, якая належала Пілецкаму, сказаў (мова сялян прыводзіцца па-беларуску): «Хоць ты, панначку, і кажаш, што паны нас душылі… але мы памятаем таксама, што былі і бацькамі (дабрадзеямі), што нам дапамагалі» . Генерал чмыхнуў на яго з гневам і абуранасцю: «Дурань» . А пра іншую гутарку сведкі распавядалі наступнае. Генерал: «Ці ведаеце, што вы зараз вольныя, што ніхто не мае правы вас караць?». Селянін: «Якая там воля, б'юць, на паншчыну і гвалты [16] гоняць» . Генерал: « Пэўна не слухаліся, вось і добра, што б'юць (абарочваецца), але біць нельга, я забараніў, я аб усім ведаю» . Селянін: «Ды што з гэтага… у нас яшчэ сяк-так, а вось у Іўе (маёнтак Замойскай) як панаехалі маскалі… канямі тапталі, народ да смерці пазабівалі». Генерал: «Так, так, так было…гэта… я сам загадаў добра біць… гэта па маім загадзе. Але гэта нічога! Вы зараз вольныя… Пайшоў прэч!» . І, гледзячы на селяніна, заўважыў свайму ад'ютанту: «Чуў, як я ім растлумачваў? Вось калі б кожны не шкадаваў працы, а імкнуўся б тлумачыць мужыкам, дык зразумелі б, што такое воля, і быў бы парадак» . А ў Слонімскім павеце генерал асабіста паламаў свой кіў, збіваючы да крыві селяніна, які задаў "не тое" пытанне, і потым прыказаў: «Стараста! Даць яму 50 палак» . Прысуд адразу быў публічна выкананы. Пасля гэтага здарэння селяне, дапамагаючы выцягнуць цяжкую губернатарскую карэту, казалі паміж сабой: «Маскаль заўсёды па-маскоўску: набраўся ад паноў грошаў, так што і карэты не паднімеш, і народ збівае. Учора, пакуль яшчэ не накармілі, не напаілі і не заплацілі, казаў іншае» . На адваротным шляху, бліжэй да Вільні, верагодна зноў на Лідчыне, генерал-губернатар у яшчэ горшым настроі закрычаў на паштовай станцыі ў прысутнасці сабраных сялян: « Пасрэднік! Лупі гэтых разбойнікаў палкамі, колькі ўлезе» [17] . З-за чаго "яго губернатарская вялікасць" так узлавалася, засталося загадкай для прысутных. Такой была "народная воля" у разуменні самага "ліберальнага" царскага чыноўніка.

Лідчына перад паўстаннем

Параза паўстання 1930-31 гг. дэмаралізавала, увяла наш Край у поўную апатыю. Пра агульны маральны стан гараджан Мірон-Браніслаў Нарбут, аўтар найцікавейшых мемуараў, чалавек адукаваны і назіральны, ўмеючы пісаць цікава і з гумарам заўважае: "Пасля падзелу Краю пры панаванні Аляксандра І, на якога ліцвіны ўскладалі вялікія надзеі паляпшэння удучыні Краю, існавалі шумныя казіно і забавы. Пазней з гэтага развілося шулерства, разбэшчанасць і п'янства так, што гэтыя беды панавалі тут болей, чым дзе-нeбудзь у другім месцы" . Мемуарыст маляўніча апісвае "вінярню" яўрэя Азіка. Гэтую ўстанову Нарбут памятаў яшчэ з часоў наведвання ім павятовай шляхецкай вучэльні. Шынок наведвалі прыезджыя ў горад людзі, каб падсілкавацца, а некалькі жыхароў горада праводзілі тут цэлыя дні. Гэтыя "агульнікі" - пастаянныя наведвальнікі, шынкару плацілі стабільную плату "поўную квоту" і "мелі права піць у яго гарэлку без разліку, зразумела, нікога не частуючы. Гаспадар шынка дасканала ведаў ступень жадання і мажлівасці кожнага дарослага жыхара наваколля і таму ніколі не меў страт" . Апісвае Нарбут і адмысловую гульню, якая "праводзілася толькі ў вінярні Азіка". Кола гуляк - "бібулаў" сядала вакол стала, у келіхі налівалася віно, а потым ў поўным маўчанні, з вялікай увагай, пільнаваўся палёт мух: на чый першы келіх сядала муха, той выйграваў і "меў права выпіць віно з усіх налітых келіхаў. Гульня гэтая называлася "мушка". Страціўшых прытомнасць гулякаў, Азік укладаў спаць у асобым "алькове" і потым, калі жонкі прыходзілі шукаць сваіх мужоў, выдаваў ім з алькова іхніх гуляк. Таксама мемуары Нарбута данеслі да нас адмысловы "Гімн перад піццём гарэлкі":

Віват змест над крышталём!
Усе цябе хваляць.
Ты суцяшаеш у смутку.
Ты саграваеш у халадрыгу.
Цябе паны, цябе пані
За пасілак маюць ранні,
Табе цэлае людское племя,
Носам рыючы, б'е ў землю,
О радасць, о вяселле!
Поўнай губой піце смела!

Гэты гімн склаў жыхар горада Маркевіч "чалавек, які меў востры розум і язык" . Ён жа быў і заснавальнікам "Трубна-Бібулярнага" таварыства, для якога напісаў статут, які складаўся з вельмі камічных парадаў для сяброў. Сам Маркевіч быў маршалкам гэтага таварыства. "Аднаго разу, вяртаючыся ад знаёмага ўранку, заехаў да касцёла на рараты (пачатак а 8-й раніцы), і, усеўшыся на лаўку, убачыў увайшоўшага ў касцёл хіcткім крокам мажнога і напалову п'янага мужчыну, які сеў на суседнюю лаўку. Гэта быў граф Плятар, дзедзіч Шайбакполя і знаўца Бахуса". Пасля набажэнства Маркевіч зайшоў да гвардыяна [18] францішканаў на гарэлку і зноў сустрэўся там з графам і з іншымі наведвальнікамі касцёла. Гвардыян пазнаёміў Маркевіча і Плятара. "Маркевіч аддаўшы паклон спытаў Плятара: "Пане граф! Міла мне ў асобе пана пазнаць мужа сапраўднай дасканаласці. Дагэтуль я быў маршалкам Таварыства Трубна-Бібулярнага і ўпіваўся звычайна каля 10-й раніцы, першым за любога іншага сябра; сёння я пераканаўся, што нягодны гэтай пасады і аддаю яе ў больш прыстойныя рукі пана, які ўмее быць п'яным ужо на раратах [19] . Прашу толькі распавесці як можна дайсці да такой дасканаласці?" На што ўзрадаваны Платэр адказаў: "Вельмі проста - наогул ня трэба ніколі цверазець". Потым былі моцныя пацісканні рук, абдымкі і запрашэнні Маркевіча з суседзямі ... дзе Платэр паіў усіх адборным віном тры дні" [20] .


Аднак ужо ў 1846 г., калі Мірон-Браніслаў Нарбут пасяліўся ў Лідзе, "п'янства ўжо амаль не было, але шулерства існавала" . Асабліва сітуацыя памянялася калі бурмістрам горада стаў Ян Андрушкевіч, ці "Иван Степанович Андрушкевич" [21], - "чалавек праўдзівы, энергічны і разважлівы", а пробашчам і дэканам Лідскім у 1846 годзе - кс. Дзіянісій Хлявінскі [22], які служыў на працягу 20 гадоў, ён "сваімі трапнымі прамовамі навучаў паству ў касцёле, значна паўплываў на падвышэнне маральнасці гарадской супольнасці" [23].

Тым не менш, у 1859 г. у суседняй Гарадзенскай губерні, доля даходаў дзяржаўнага бюджэту ад продажу і вытворчасці алкагольных напояў, даходзіла да 55% ад усіх даходаў. У любой іншай краіне гэты паказчык не перавышаў 24 %, Віленская губерня, куды уваходзіў Лідскі павет, мела прыкладна тую ж статыстыку, што і Гарадзенская.

Каталіцкім касцёлам у 1850-х гадах, быў ініцыяваны рух за цвярозасць, які разглядаўся ўладамі як пагроза напаўненню бюджэту і небяспечная "польская" грамадская ініцыятыва. Аднак ураду прыйшлося пайсці на пэўныя захады, каб зменшыць спажыванне алкаголю, у тым ліку даўшы палёгку піваварам, бо да гэтага часу падаткавая палітыка стымулявала перавагу гарэлкі над усімі іншымі алкагольнымі напоямі [24]. На месцах былі створаны "Камітэты для назірання за правільнай продажам алкагольных напояў". У Лідзе такі камітэт пад кіраўніцтвам павятовага маршалка шляхты (прадвадзіцеля дваранства) Рамуальда Казіміравіча Кастравіцкага (кавалер ордэна Св. Уладзіміра 4-й ступені) з'яўляецца ў 1846 г. Акрамя маршалка, камітэт утваралі 3 сябры камітэту і 13 дэпутатаў, папяровымі справамі камітэту займаўся "пісьмавадзіцель" павятовага маршалка шляхты [25]. Сярод "дэпутатаў" камітэта ў 1850 г. з'яўляецца і "Мирон-Бронислав Фридрихович Нарбутт" - чалавек, чые найкаштоўнейшыя мемуары цытуюцца ў гэтым артыкуле. Ён пісаў: "З 1860 года, калі ў цэлым Краі пачаў абуджацца разумовы рух, актыўна клапаціліся пра заснаванне народных школ і лідзяне, а духавенства пашырала таварыства цвярозасці з даволі паспяховым вынікам, так, што побыт лідзян значна палепшыўся, і ў 1862 годзе спаткаць п'янага лідзяніна было ўжо рэдкасцю". Неабходна заўважыць, што ідэя народнай цвярозасці прыйшла ў наш край з Еўропы, і асаблівы ўздым гэтага руху прыйшоўся на 1858-63 гг., г. зн. перад самым паўстаннем: "У Царства Польскае цвярозасць прыйшла ў 1857 г. і адтуль, у канцы 1858 г., распаўсюдзілася ў сумежных губернях: Ковенскай і Гарадзенскай ... . ... у снежні 1858 цвярозасць прыйшла і да нас ... і да 1 сакавіка 1859 г. цвярозасць распаўсюдзілася па паветах: Віленскім, .... збольшага па Ашмянскім і Лідскім" [26]. Да канца 1859 г. 39408 чалавек на Лідчыне публічна, у храмах, прынялі на сябе абавязак ўстрымлівацца ад ужывання алкаголю [27]. Барацьба за волю - справа цвярозых людзей.


Напрыканцы 1850-ых гг. цэнтрам грамадскага жыцця горада становіцца так званая цукерня (кандытарская) Андрушкевіча. З мемуараў Януша Сегеня мы ведаем, што "па правым баку вуліцы Віленскай ... стаіць парафіяльны касцёл, могілкі і фруктовы сад за ім пляцы і дамы п. Андрушкевіча ..." [28]. Такім чынам, цукерня знаходзілася недалёка ад Фарнага касцёла, каля перакрыжавання Віленскай і Каменскай вуліц.

Расейскі афіцэр Любарскі [29], які служыў у Лідзе перад паўстаннем 1863 г. пісаў пра лідскую цукерню: "Па-за сямейнымі дамамі, грамадскае жыццё, па ўсталяваным звычаі ..., канцэнтравалася ў цукерні (кандытарскай), якая служыла прыцягальным цэнтрам для ўсёй Лідскай інтэлігенцыі. Тут можна было не толькі напіцца гарбаты ці кавы, але падсілкавацца гарэлкай з закускамі, а ў суседнім памяшканні, якое злучалася з цукерняй ўнутранымі дзвярыма, адпускаліся "гаспадарчыя абеды". Клуба ў гэтым горадзе не было, але кандытарская цалкам яго замяняла, тым больш, што тут да паслуг гасцей былі два більярды, некалькі шахматных дошак і ў бакавым пакоі нават карты. Аматары чытання знаходзілі тут некалькі польскіх газет і адну французскую; рускай не было ні адной, хоць афіцэры былі пастаяннымі гасцямі кандытарскай. Грамадзяне як халастыя, так і сямейныя, лічылі сваім абавязкам штодня пабываць тут; чыноўнікі забягалі ў гэтае месца, ідучы на службу, каб выпіць гарбаты і прачытаць тэлеграмы, а са службы - перакуліць чарку гарэлкі. Калі трэба было пабачыцца з некім, то ісці на кватэру было не варта; значна прасцей было сустрэць неабходнага чалавека ў кандытарскай, асабліва ў вячэрнія гадзіны. Тут абмяркоўваліся ўсе навіны і адбываліся бясконцыя і гарачыя спрэчкі з нагоды падзей ... у Італіі" [30]. У цукерні мясцовая інтэлігенцыя ў прадчуванні будучага паўстання, шукала паразумення з расейскімі афіцэрамі: "Нашы шчырыя сябры і добразычліўцы спакваля імкнуліся ўносіць ідэі ў розум афіцэраў, прадстаўляючы становішча ў такім выглядзе, што нашы народы - натуральныя браты, але што ўрад над абодвума - нямецкі або, … знаходзіцца пад уплывам немцаў, іх мэта - душыць славян, ... не даваць ім грамадзянскай свабоды і не дапускаць ніякага ў іх разумовага развіцця". Асабліва вылучаўся сярод лідзян адзін з камандзіраў будучага паўстання - Баляслаў Колышка [31]: "Асабліва гарачым прапагандыстам падобных ідэй паміж афіцэрствам выступаў ў цукерні Колышка, той самы, які пасля (у 1863 годзе) камандаваў ... спачатку самастойна, а потым разам з Серакоўскім і разам з ім быў узяты ў палон пасля паразы паўстання. Колышка быў малады чалавек гадоў 25-ці, невялікага росту, мажны, з круглым і румяным тварам. Якая была яго прафесія ў Лідзе, я не цікавіўся; здаецца, ён ... быў сынам забяспечанага памешчыка [32]. Баляслаў Колышка. Гэта быў гарачы ... патрыёт, цытаваў цэлыя маналогі з Міцкевіча ... . Ён увесь час даставаў аднекуль памфлеты Герцана і даваў іх афіцэрам, захоплена адклікаўся пра нібыта незвычайна светлыя і здаровыя меркаванні рэвалюцыйных лісткоў адносна палітычнай будучыні Расіі і Польшчы ... і ўвесь час паўтараў: "Прашу вас, спадары, не змешваць палітычных паняццяў. Рускі народ гэта адно, а рускі ўрад - другое. Гэты апошні - наш агульны непрымірымы вораг. Абавязак кожнага патрыёта сваёй краіны змагацца з ім аслабляць яго, каб зрынуць тыранію, інакш Расія ніколі не вызваліцца ад унутраных кайданоў рабства. І ў гэтых адносінах рускія могуць смела разлічваць на нашу братэрскую і энергічную дапамогу" [33].

Іншы расейскі афіцэр, Мяжэцкі [34], які разам са сваім Нараўскім пяхотным палком у 1861 г. быў пераведзены на Лідчыну, таксама пісаў пра цукерню: "Афіцэрства наша жыло замкнёна, у сваёй палкавой сям'і і з абшарнікамі не збліжалася. Афіцэры ж ... з ліцвінаў і палякаў, якіх было даволі шмат у палку, вядома, знаёміліся з гэтымі землеўладальнікамі... . Таму і нам ... здаралася сустракацца з імі часам у нашых таварышаў, а часцей у адзіным у Лідзе тракціры, ці як тутэйшыя называлі гэтую ўстанову - "цукерні" ... шляхціца пана Андрушкевіча, куды паны заходзілі са сваімі знаёмымі афіцэрамі. Пры гэтых сустрэчах абшарнікі спачатку бывалі стрыманыя ..., але калі віно развязвала языкі, пачыналіся гарачыя запэўніванні ў неабходнасці збліжэння двух ... народаў [35].


Да сярэдзіны 1850-х гг. у расійскім грамадстве склалася адпаведнае ўяўленне пра заходнія губерні і Царства Польскае як пра старажытную частку Расіі. Таму расейскі афіцэр І.В. Любарскі, які праз два дзесяцігоддзі пасля забароны уніі трапіў у наш Край, з роспаччу заўважаў: "З падручніка геаграфіі засталося ў мяне такое ўражанне, што нашы заходнія губерні да самай мяжы царства Польскага - суцэльна рускія… … Меў жа я вялікае расчараванне …, калі ў 1860 г. апынуўся ў Паўночна-Заходнім краі … Насельніцтва - і праваслаўнае, і каталіцкае - размаўляе беларускім прыслоўем рускай мовы, але навучаецца польскай грамаце, і ўсякі мужык, як толькі высунуўся з сялянскага становішча, наровіць размаўляць па-польску і апранае канфедэратку… . Паўсюль багата ўпрыгожаныя велічнай архітэктуры касцёлы, і рэдка-рэдка трапляліся драўляныя, трухлявыя цэрквы з падпоркамі і латамі, падобныя больш на адрыны, чым на храмы пануючай рэлігіі" [36]. Пра царкву ў Лідзе: "Праваслаўная царква ў Лідзе была ў несамавітай, драўлянай, бедна абстаўленай хаце з нізкай столлю. У царкве адначасова магло маліцца не болей за 50 багамольцаў, таму салдаты прыходзілі ў храм Божы па чарзе камандамі. Служыў святар без дыякана, а спявалі на клірасе салдаты, як ім Бог "положил на душу". … . Адсутнасць панікадзіла ў храме, бляшаныя пагнутыя падсвечнікі, чорныя абразы на сцяне, падраныя рызы на святары - усё гэта так не падобна было на звыклыя ўражанні праваслаўнага чалавека, і мімаволі глыбокая нуда ахоплівала душу" [37].

Ён жа запісаў найцікавейшую размову з тутэйшым праваслаўным святаром вёскі Дакудава: "Праваслаўнае духавенства знаходзілася ў поўным загоне, яно было прыніжанае сваёю беднатой … Знаёмячыся з мясцовымі святарамі і імкнучыся ўразумець сабе ўмовы іх побыту, я заўважаў агульную ім усім характэрную рысу нейкай вінаватасці ў тым, што яны існуюць у "чужым краі". […] Трапляліся паміж святарамі і такія …, якія проста дзівілі сваім цынічным стаўленнем да царквы і рэлігіі. Гэта былі дажываўшыя свой век апошнія магікане уніі 1839 г. … Яны ўплывалі вельмі разбэшчана на сваю паству, прыводзячы яе паступова да поўнай рэлігійнай абыякавасці. З адным такім тыповым уніятам … пад святарскай маскай я выпадкова сустрэўся ў Лідскім павеце Віленскай губерні. Спатрэбілася мне з'ездзіць у роту нашага палка, нядаўна размешчаную ў вялікай праваслаўнай вёсцы Дакудава з прыходскай царквой. Ротны камандзір і абодва субалтэрны [38] ў гэтай роце былі палякі [39].

- Поп тутэйшай парафіі [40] (так у тэксце, святар размаўляе пераважна па-беларуску - Л.Л. ), - адрэкамендаваўся ён … падаючы мне руку. Гэта быў сухі маленькі чалавек, рухавы і гаманкі, які захаваў нейкую дзіцячую наіўнасць, не гледзячы на свой стары век …, рускай мовы не ведаў. За тое, што я не мог размаўляць з гэтым дзіўным святаром на яго мове, ён адразу, без цырымоніі, абразіў мяне "завзентым маскалём".

Вось, пане, абрэвізуйце яго роту памацней, - сказаў святар, паказваючы на капітана, - ды прайміце яго добра за тое, што напужаў мяне, калі прыйшоў сюды з ротай. Уявіце, у нас па вёсцы пайшла чутка, што ідзе ў Дакудава з ротай архіправаслаўны камандзір. Прыпляліся сюды яны як раз пры канцы тыдня. Я на другі дзень, досвіткам, давай званіць спачатку ў адзін звон, потым ва ўсе, думаю сабе: "Каб не прынесла яго нялёгкая ў такую рань", - а сам сяджу ў алтары ды выглядваю, таму што боязна было. А калі б прыйшоў, я пачаў бы казаць: "Госпадзі памілуй". Мінула гэтак з палову гадзіны, нікога з маскалёў няма. Ну, значыць, спіць пудзіла, задраўшы ногі, і стараннасці маёй не чуе, замкнуў я царкву і пайшоў каву піць. А потым дазнаўся, што ён такі ж "д'ябел" як і я.

- Чаго ж Вы, ойча, так баяліся?

- Як чаго? А калі б ён і на самай справе аказаўся б "бла-го-на-ме-рен-ный", ды паслаў куды патрэбна цыдулку, што дакудаўскі поп імшу не спраўляе, то ізноў прыйшлося бы ў манастыр ісці на пакуту.

- Дык чаму ж Вы не служыце? - спытаў я, вельмі здзіўлены.

- Вельмі проста, пане каханы, па-вашаму не ўмею, а па-нашаму нельга. Вось пахрысціць, павянчаць, пахаваць - гэта я з поўным задавальненнем, інакш папу з дочкамі не было б чаго есці. І ў нядзелю царква мая заўсёды адчыненая, прыйдуць, памоляцца, паспяваюць нашы хлопцы, і даволі з іх. Ды Вы не думайце, зрэшты, што я такі ўжо адшчапенец, у царскі дзень рэдка калі набажэнства не "адкатаю". Вось толькі з кадзілам не магу зладзіць. Сапраўдны поп спрытна так "фуркае" ім наперад і назад, а ў мяне не выходзіць.

- Я дзіўлюся, што Вам цяжка служыць па-праваслаўнаму, - заўважыў я. Наколькі мне вядома, па ўмовах Берасцейскай царкоўнай дамовы, … ўся абраднасць павінна быць тая ж, што і ў праваслаўных.

- Калі гэта было! - запярэчыў ён. У той час, калі я стаў уніяцкім святаром, у нас … былі арганы, ружанцы, гадзінкі, "здровась Марыя", "анёл Панскі", званочкі … А зараз што: "Госпадзі, памілуй, ды падай, Госпадзі". Адзін раз, усё ж, паплаціўся я за сваё няўменне. Прыязджае неяк праваслаўны біскуп такі важны, увесь у чорным, на галаве каўпак з шлейфам. Адслужы, кажа, а я пагляджу. Я ні жывы, ні мёртвы, пачаў плесці абедню і ўсё пазіраю на страшнага аргуса. Ён як быццам бы і нічога, прымасціўся ў кутку алтара, ды ўсё паклоны робіць. Мая старанная праца, можа і сышла бы, калі б не гэтая фатальная экценія. Тут ужо я зусім заблытаўся і пачаў мармытаць імёны, якія толькі прыйшлі ў галаву. Па заканчэнні ўсяго біскуп праняў мяне да дзясятага поту і, падзякаваўшы, з'ехаў, а потым піша: дакудаўскі "ксёндз ніцма не розуме", паслаць яго ў навуку на два месяцы ў кляштар. А якая мне навука? Адлежаўся я тамака, … а потым такім жа … прыйшоў у Дакудава, якім і быў.

- Чаму бы Вам, "баценька", не павучыцца служыць, як належыць, - параіў я, - гэта зусім не цяжкая справа. Глядзіце ў трэбнік, і ўсё выйдзе добра.

- Позна мне вучыцца, ды і няма сэнсу. Бо палякі выхваляюцца, што адваююць сабе ўсю Літву. Тады мы ўжо не ў унію, а прама ў каталіцтва пойдзем …" [41].


Але вернемся да гарадскіх спраў. Мяжэцкі данёс да нас лідскую прымаўку тых часоў: "Не пабачыўшы Ліду, не пазнаеш бяду" [42]. Ён так апісваў горад на пачатку 1861 г.: "Гэта невялікі ліцвінскі горад, населены пераважна яўрэямі і размешчаны ў невясёлай мясцовасці; у ім быў адзін ... касцёл і праваслаўная царква, змешчаная ў нізенькім, драўляным, несамавітага выгляду дамку. У горадзе не знайшлося нават хоць колькі-небудзь зручнай кватэры для сямейства палкавога камандзіра, таму ён быў прымушаны пасяліцца ў абшарніцкай сядзібе, вёрстаў за дзесяць ад горада". Гэта не дзіўна, бо горад быў перапоўнены расейскім войскам, аднак яшчэ было спакойна, і камандзір палка адчуваў сябе ў небяспецы, жывучы за горадам, "яшчэ не раздаваліся знакамітыя патрыятычныя гімны "Boze, coz Polska" і "Z dymem pozarow", пакуль усё абмяжоўвалася ўзмоцненымі раз'ездамі і з'ездамі адзін у аднаго абшарнікаў і з'яўленнем іх, хоць і рэдка, у нацыянальным гарнітуры - канфедэратцы і чамарцы" [43].

19 лютага 1861 г., быў апублікаваны маніфест цара пра адмену прыгону і палажэнне, якое апісвала, якім чынам зямля будзе перадавацца ў карыстанне сялянам. Механізм перадачы зямлі праз выкуп выклікаў незадавальненне сялян, што прывяло да выбуху сялянскага пратэсту ўвесну - улетку 1861 г. Вось менавіта з мэтай задушэння сялянскіх хваляванняў у нашым павеце і быў перакінуты Нараўскі пяхотны полк дзе служыў Мяжэцкі, ён пісаў: "Прайшло толькі некалькі месяцаў з дня маніфеста пра вызваленне сялян, і ў абшарнікаў пачаліся з імі непаразуменні, якія ўвесь час патрабавалі ўмяшання вайсковай сілы, ... гэта і было прычынай паспешнага выкліку нашага палка з Курляндыі ў Літву. Падчас знаходжання ў Лідскім павеце полк, як кажуць, быў у разгоне: роты, па адной ці па дзве, знаходзіліся амаль у бесперапынным перасоўванні, робячы пераходы з аднаго паселішча ў другое для ўціхамірвання ... сялянскіх бунтаў, уціхамірванні гэтыя суправаджаліся, як звычайна, розгамі" [44]. Да восені 1861 г. вайсковыя падраздзяленні, ужываючы масавыя пакаранні розгамі задушылі выбух сялянскага пратэсту, "гадавое знаходжанне палка ў Лідзе і павеце нічым асаблівым не адзначылася, і ўвесну 1862 г. мы з задавальненнем рассталіся з гэтай глухменню, асабліва таму, што змянялі яе на Вільню, куды полк атрымаў прызначэнне" [45]. Карнікі былі патрэбны ў Вільні, тут станавілася ўсё "гарачэй".


Цяжка было расейскаму патрыёту у той час у нашых краях: "Рускія людзі ў цывільнай адміністрацыі краю сустракаліся вельмі рэдка, большай часткай толькі ў губернскіх гарадах, у павятовых рускі чалавек уяўляў сабой выключную з'яву. Прытым тутэйшы рускі службовы люд быў зусім адмысловага гатунку. Карэнных выхадцаў з Расіі заносіла сюды якая-небудзь выпадковасць, у бальшыні ж рускія службоўцы былі рускімі толькі па сваёй афіцыйнай прыналежнасці да праваслаўнай рэлігіі, але нарадзіліся ў краі ад змешаных шлюбаў і першыя ўражанні дзяцінства ўспрынялі ад маці ... . Такія назіранні я вынес з вельмі многіх гарадоў Паўночна-Заходняга Краю, куды мяне кідаў лёс. Усяго даўжэй мне прыйшлося пражыць з батальёнам нашага палка ў горадзе Лідзе Віленскай губерні. Тут у цывільнай адміністрацыі, пачынаючы з гараднічага, усе былі тутэйшыя. Праўда, знайшоўся адзіны рускі, наглядчык павятовай вучэльні, званы па польскай тэрміналогіі "панам прэфектам", ды і той быў горкі п'яніца [46]. Гэта быў карэнны русак, але ў маральных адносінах зусім безасабовы. Відаць, яго схавалі ў гэтую глухмень за п'янства. Да сваёй вучэльні ён амаль не меў дачынення, і ... настаўнікі выкладалі так, як хацелі, без усякага кантролю; балазе ў той час яшчэ не была ўсталявана, як зараз, сістэматычная рэвізія выкладання з боку акруговых начальнікаў. У "присутственных" месцах паперы пісаліся па-руску з перакручанай граматыкай, але ў паветры канцылярый не насілася ніводнага рускага слова. У нашым палку з 60 афіцэраў роўна палову складалі палякі, другая палова была рускімі, літоўскімі татарамі і немцамі. Польская гаворка да такой ступені ўкаранілася ў афіцэрскім ужытку, што нават калі выпадкова сыходзіліся два-тры рускія афіцэры, то па засвоенай звычцы гаварылі паміж сабой па-польску. Афіцэры-палякі, ... з юнкераў, да таго дрэнна валодалі рускай гаворкай, што ў зваротах сваіх да ніжніх чыноў неміласэрна ламалі мову. Памятаю, як адзін субалтэрн, выходзячы са звязам на палкавое вучэнне, сустрэўся са знаёмым і, спыніўшыся, загаварыў з ім, а салдатам загадаў: "Ідзі, ідзі, другі ўзвод, я це даганю", - выйшла ні па-руску, ні па-польску" [47].

Як ужо згадвалася вышэй, у той жа час, мясцовая інтэлігенцыя шукала паразумення з расейскімі афіцэрамі: "У той час польскія абшарнікі і службоўцы не толькі не чужыліся рускіх людзей, але імкнуліся зблізіцца з імі і ўсталяваць добрыя адносіны; таму запрашалі рускіх у свае сямействы і аказвалі ім самую вялікую ўвагу. Я, напрыклад, зусім яшчэ юны і халасты чалавек, быў проста збянтэжаны тым, што да мяне першым прыехаў з візітам прадвадзіцель дваранства [48] (маршалак) - асоба, якая карысталася вялікай вагой у мясцовым грамадстве. Сталася так, што для збліжэння з афіцэрамі польскае дваранства падрыхтоўвала раскошны баль, і з гэтай мэтай заводзіліся знаёмствы нават з тымі з вайскоўцаў, хто па недахопе сродкаў трымаўся ўбаку ад павятовага грамадства" [49]. На дваранскі баль былі запрошаны ўсе афіцэры, нават так званыя "бурбоны" (з ніжніх чыноў мужыцкага звання), якіх тады яшчэ было не мала ў палках, хоць гэтыя кавалеры зусім не вызначаліся ведамі свецкіх далікатнасцяў" . Любарскі не быў на лідскім баляванні, але з захапленнем яго апісвае: "Баль выйшаў на славу, грацыёзныя шляхцянкі ўвесь час выбіралі для мазуркі вайскоўцаў, аддаючы ім відавочную перавагу перад цывільнымі кавалерамі, а за агульнай вячэрай з морам шампанскага, ласкавыя гаспадары раз-пораз выгуквалі тэндэнцыйныя тосты "за братэрства, едносць, вспульную працу, на ніве славянскага прагрэсу, за шляхетных рускіх афіцэраў і да т.п.", прычым з чоканнямі і абдымкамі. ... у той час ніхто з нас яшчэ не здагадваўся пра палітычныя задумы нашых мілых субутэльнікаў, мы прымалі ўсе гэтыя ласкі ... як праявы вытанчанай ... адукаванасці, і прыемна бавілі свой час. Асабліва спадабалася вайсковай моладзі чароўнае стаўленне да яе прыгожых паненак, і хоць сур'ёзнае заляцанне некаторых зухаў з матрыманіяльнымі мэтамі за багатымі нявестамі атрымала фіяска ..., тым не менш, афіцэрства плыло ў задавальненні безуважлівага жыцця і было ў захапленні ад непараўнальнага ... грамадства" " [50]. У адказ расейцы далі свой баль: "Са свайго боку, у якасці рэваншу, афіцэры адказалі, "затейливым" пікніком, на які з'ехаліся абшарніцкія сямействы ледзь не з усяго павету. У маляўнічым лесе недалёка ад горада была ўладкавана платформа пад падстрэшкам для танцаў і расстаўлены намёты для буфетаў і прыбіральняў. Дастаўлены вялікі транспарт ласункаў, закусак і вінаў, гульбішча асвятлялася рознакаляровымі ліхтарамі, штохвілінна ўзляталі ракеты, трашчалі і іскрыліся феерверкі, палкавая музыка агалошвала паветра на вялікую прастору. .... пад канец балю, ... разгарачаныя танцамі і багатым узліваннем абшарнікі, службоўцы і афіцэры навідавоку ва ўсіх бесперашкодна чокаліся куфлямі, абдымаліся і цалаваліся, выкрыкваючы звычайнае пры гэтым kochajmy sie (будзем любіць адзін аднаго) і кляліся ўзаемна ў вечным і нязменным сяброўстве, не гледзячы ні на якія акалічнасці, ні на якія выпадковасці" [51] . . Аднак, знайсці паразуменне з расейскімі афіцэрамі не ўдалося, калі прыйшоў час паўстання, на бок паўстанцаў перайшлі ў асноўным афіцэры - ураджэнцы нашага краю. Аднак большасць з іх, не давяраючы ім, урад загадзя перавёў "у войскі, размешчаныя ў сярэдзіне імперыі" [52].

У 1861-1862 гадах на тэрыторыях ранейшай Рэчы Паспалітай узмацніліся патрабаванні аграрных рэформаў, дэмакратызацыі і незалежнасці. Радыкальныя дэмакратычныя і патрыятычныя групоўкі (так званыя "чырвоныя") выступалі за адкрытую ўзброеную барацьбу і рыхтавалі паўстанне. Узброенаму паўстанню 1863-1864 гадоў папярэднічаў даволі доўгі падрыхтоўчы перыяд. Пачатак падрыхтоўкі да паўстання прымяркоўваюць звычайна да 1859 году, калі вайна Францыі з Аўстрыяй быццам бы падала надзею, што пасля Італіі Напалеон III захоча вызваліць і Польшчу. Аднак агульны ўздым пачаўся яшчэ да 1857 году, пасля стварэння Земляробчага таварыства, якое ўзначаліў граф Анджэй Замойскі і пасля вяртання з Сібіры ссыльных па амністыі і па заканчэнні 25-гадовых тэрмінаў высылкі пасля паўстання 1830-31 гг. У марах пра волю, мясцовыя інтэлігенцыя спадзявалася абаперціся на новага французскага імператара Напалеона ІІІ, які абвясціў прынцып аб'яднання народнасцяў і напружана сачыла за кожным крокам Гарыбальдзі, які ў той час аб'ядноўваў Італію, вызваляючы яе ад улады дробных валадароў.

Любарскі ў сваіх мемуарах, не абходзіць бокам ролю касцёла пры падрыхтоўцы паўстання, ён піша пра наяўнасць у горадзе трох касцёлаў: "У Лідзе, якая налічвала ў той час дзве з невялікім тысячы жыхароў, былі тры велічэзныя мураваныя касцёлы выдатнай архітэктуры, якія высока і ганарліва ўздымалі да неба свае прыгожыя шпіцы. Адзін з іх стаяў пусты, за непатрэбнасцю, бо вернікаў на ўсе касцёлы бракавала" [53]. Пустымі стаялі два з трох касцёлаў: кляштар піяраў - пасля пажару 1842 г. і кармеліцкі кляштар, зачынены яшчэ пасля паўстання 1831 г. і перададзены спачатку ўніятам, а пасля ліквідацыі уніі, стаўшы праваслаўным. Аўтар расказвае, як аднойчы, у нядзелю ён зайшоў у Фарны касцёл і замест напалову пустога храма "тут прысутнічаў літаральна ўвесь горад, нібы на адпуст (храмавае свята). Не могучы растлумачыць сабе гэтую з'яву, я адчуваў, што бесперапынна прыбываюць усё новыя і новыя багамольцы і ўтвараюць суцэльную масу, якая ціснула з усіх бакоў. Тым не менш, я цярпліва пераносіў ціск і задуху, сочачы з цікаўнасцю за ходам імшы, каб параўнаць яе з праваслаўнай" . Каталіцкая служба скончылася, але людзі не разыходзіліся, і вось "на высокай кафедры на бакавой сцяне з'явіўся невядомы прапаведнік у сутане капуцына і адразу прыкаваў да сябе агульную ўвагу. Капуцынскага кляштара ні ў горадзе, ні ў суседстве не было; такім чынам, новы твар з'явіўся здалёку. Гэта быў чалавек гадоў пад трыццаць, з паголенай па-манаску галавой, высокі і сухарлявы, апрануты ў тоўстае цёмна-шэрае сукно і падперазаны вяроўкай; на левым запясці - буйныя пацеркі, у выглядзе ланцуга, з вялікім крыжам. Даўгаваты твар, рэзкая зморшчына паміж бровамі, нос гарбінкай, тонкія стуленыя вусны і глыбокія, іскрыстыя вочы, абведзеныя сіняватымі кругамі, - усе гэтыя рысы выяўлялі ў капуцыне розум, энергію, рашучасць. Ён схіліўся над кафедрай як бы ў нямой малітве, потым выпрастаўся на ўвесь рост, абвёў фасфарычным поглядам прысутных, падняў уверх правую руку і загаварыў. Гаворка яго, спачатку ціхая і спакойная, паступовае прымала гарачае адценне, часам прыпадабнялася бурнай хвалі і кідала на слухачоў грамы заклікаў". Ксёндз прамаўляў пра Радзіму і да такой ступені меў магнетычны уплыў на людзей, што "натоўп, здавалася, гатовы быў рынуцца туды, куды ён пакажа. Дастаткова сказаць, што я, старонні і выпадковы слухач, мімаволі адчуваў нервовую дрыготку ва ўсім целе, а з масы слухачоў няспынна вырываліся гучныя ўздыхі, і сотні кулакоў шчыра стукалі ў замілаваныя грудзі. Сцісла гэтае палітычнае казанне можна прыблізна фармуляваць так: "Бог пасылае выпрабаванні нават сваім абраным народам. Мы, ... заўсёды вызнавалі праўдзівую каталіцкую веру, ... - тую веру, па-за якой няма выратавання чалавечым душам, і тым не менш Богу заўгодна было выпрабаваць свой ўпадабаны люд, дазволіць каб яго заняволіла варварская і ерэтычная ўлада, якая адняла грамадзянскія правы і свабоду сумлення, усё, што складае самы дарагі і святы здабытак чалавека на зямлі. Мы бясконца доўга і цярпліва пераносілі свае пакуты, і Выратавальнік свету зараз пераканаўся ў непахіснай пэўнасці свайго народа Яго святым запаветам. Слухайце ... ! Імем Усемагутнага Бога ўзвяшчаю вам, ... што надышоў канец нашым катаванням. Набліжаецца хвіліна, калі Бог разаб'е вашы кайданы і даруе нам згубленае зямное шчасце. Збавіцель ідзе да нас, і блажэнны той муж, якога ён сустрэне падрыхтаваным. Будзьце ж гатовыя прынесці ўсякія ахвяры на алтар Айчыны; ахвяруйце ўсім, хто чым валодае, нясіце давераным людзям грошы, рэчы, увесь здабытак, а калі прыйдзе час - жыццё. У імя святога нашага касцёла і дарагой Айчыны бацькі павінны на час адмовіцца ад сваіх сямействаў, мужы ад жонак, мацярэй і дзяцей, нявесты ад жаніхоў, падначаленыя ад свайго начальства і дружна выступіць на справу вызвалення Бацькаўшчыны .... Але гора таму, хто па абыякавасці ці ад страху застанецца ўбаку ад усеагульнага руху. На іх абрынецца з неба гром і ўразіць на смерць без пакаяння, зніч ператворыць у попел усю іх маёмасць, а на тым свеце чакае здраднікаў вечная пякельная пакута. Маліцеся, ды хай Ісус Хрыстос і Маці Божая асвятляюць сэрцы вашыя і накіроўваюць вас на богадагодныя вычыны… На калені!". Афіцэр піша, што ўвесь касцёл, уключна з гараднічым [54] і ўсімі павятовымі ўладамі ўкленчыў, не сталі на калені "толькі я і адзін з паліцэйскіх, які стаяў наперадзе мяне. Капуцын бліснуў вачамі і ўладна прагаварыў: "Я бачу, што тут, у гэтым святым храме, прысутнічаюць іншаверцы; але ўсё роўна, замаўляю і іх злучыцца ў агульнай малітве, інакш яны адразу панясуць кару Божую". Становішча выйшла крытычнае. .... паліцыянт пачаў уладкоўвацца на калені, ... , а я, скарыстаўшыся гэтай паўзай, прасунуўся за шырокую калону, каля якой стаяў. Ксёндз супакоіўся і зноў працягваў сваю блюзнерскую і абуральную прамову, пратрымаўшы на каленях пакорлівую паству з чвэрць гадзіны" . Пры канцы, капуцын выйшаў з алтара "з выразам смутку і стомы на твары і, сціпла патупіўшы вочы, пачаў прабірацца праз натоўп з велізарным падносам на руках. Яго суправаджаў павятовы суддзя [55] суддзя з запасным падносам, апушчаным уніз. З усіх бакоў працягнуліся рукі, і ахвяраванні багатым дажджом пасыпаліся на паднос прапаведніка: медзякі, срэбра, асігнацыі, нават вельмі буйныя, кашалькі і партманетка з усім змесцівам, бранзалеты, завушніцы, гадзіннікі, адразу ўтварылі такую кучу, што класці больш не было куды. Напоўнены паднос змяняўся запасным з рук суддзі, які адносіў усё сабранае ў алтар і зноў спяшаўся да капуцына з пустым падносам" [56]. Тут Любарскі, пэўна, каб не ўдзельнічаць у зборы грошай, уцёк з касцёла, таму не пачуў як першы раз ў горадзе там заспявалі новыя песні, "быццам бы рэлігійныя, але па сутнасці рэвалюцыйнага зместу" . Капуцын больш не з'яўляўся ў Лідзе. Але гэта быў "адзін з самых фанатычных эмісараў польскага "жонду". Ён бесперашкодна пераязджаў з горада ў горад, з мястэчка ў мястэчка, усюды прамаўляў свае казанні і збіраў багатыя ахвяраванні. Калі ж успыхнула паўстанне, дык гэта ... (ён) апынуўся ў аддзеле Лелявеля [57] , натхняў паўстанцаў з крыжам у руках і, нарэшце, у адной сутычцы быў забіты" [58]. Вядома, што ў атрадзе Лелявеля шараговым байцом ваяваў ксёндз Бжоска, верагодна менавіта ён і выступаў у Лідзе і ўсхваляваў насельніцтва горада. Бжоска вучыўся ў Янашскай семінарыі (былой Люблінскай губерні), у 1857 г. яго высвяцілі ў ксяндзы і прызначалі вікарыем у Саколку, потым у Луцк (былой Сядлецкай губерні). У 1862 г. ён сышоў да паўстанцаў, увесь час выступаў перад насельніцтвам. У 1863 г. быў у аддзеле Левандоўскага, а потым у Лелявеля, пасля разгрому аддзела Лелявеля сам узначаліў аддзел паўстанцаў. Арыштаваны толькі 17 красавіка 1865 г. і 11 траўня пакараны смерцю ў Саколцы [59].


Пасля расстрэлу ў 1861 г. дэманстрацый у Варшаве, асабліва пасля красавіцкага расстрэлу, вулічныя дэманстрацыі змяніліся зборамі ў касцёлах, дзе спяваліся патрыятычныя гімны і адзначаліся памятныя даты з гісторыі Рэчы Паспалітай. "Маральная рэвалюцыя" набывала форму кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання і ставіла ў тупік прадстаўнікоў імперскай адміністрацыі, якія ніколі не сутыкаліся з такімі формамі палітычнага жыцця. Жанчыны ў памяць аб красавіцкіх ахвярах нязменна насілі жалобную вопратку. Тыя, хто не насіў жалобы, падвяргаліся на вуліцах маральнаму ціску.

У Лідзе, як і паўсюдна, пад уплывам варшаўскіх расстрэлаў мужчыны апранулі канфедэраткі і чорныя чамаркі, а жанчыны жалобу. Гімн "Boze, coz Polska" быў перакладзены на беларускую, літоўскаю, яўрэйскую і ўкраінскую мовы і стаў вельмі папулярным [60]. "Улетку 1861 года ўсякія забавы, як грамадскія, так і ў прыватных хатах, раптам спыніліся. Нават замоўкла музыка на фартэпіяна, граліся адны толькі навучальныя гамы. Усе дамы апрануліся ў глыбокую жалобу, дэспатычны ўплыў якой адбіваўся і на нешматлікіх рускіх прадстаўніцах чароўнага полу, жонках афіцэраў, бо паказвацца ў каляровых гарнітурах, пры агульным панаванні чорных, значыла прыцягваць да сябе ўвагу. ... пайшлі глухія размовы пра зневажанне хрысціянскіх святынь рускімі ..." [61]. У Лідскім Фарным касцёле замест устаноўленай малітвы за царскі дом, усе станавіліся на калені і пелі патрыятычны гімн "Boze, coz Polska", што пачынаўся словамі: "Божа, Ты гэтулькі стагоддзяў атачаў нас арэолам магутнасці і славы, вярні нам Айчыну і волю". Гэта песня - малітва за аднаўленне незалежнай дзяржавы, была нагэтулькі папулярнай, што спявалася на вуліцах пры кожнай касцельнай працэсіі, якія асабліва часта здзяйснялася ў той час; мала таго, матыў яе можна было чуць з расчыненых вокнаў кожнай хаты, дзе было фартэпіяна: "... збяруцца пані на прэферанс, засядуць за зялёны стол і, перакідаючыся картамі, ... напяваюць заклік да Бога за Бацькаўшчыну" . У Лепельскім павеце паліцыя адшукала друкаванае выданне на беларускай мове "Песні пабожныя". Сярод песень - гімн паўстання "Божа, што ж Польшча...". Беларускі варыянт аднак істотна розніцца ад арыгінальнага, і яго даволі ўмоўна можна назваць перакладам.

Божэ, Ты Польшчы праз доўгія векі
Даваў чэсьць, хвалу, сьцярог ад няволі,
Не паскупіу Ты айцоускай апекі,
Сіліў пацеху в нешчасьлівой долі.

Перэд аутары малітву прыносім!
Вольносьць, Айчызну вараці нам, просім!

Ты пажалеушы яе у злой прыгодзе
Нераз пабіці врага давау сілу,
Серод нешчасьця у правюнэм родзе
Дадау больш хвалы, хоць пашла у магілу.

Перэд аутары...

Божэ, ты сілу цароу розгузданых
Роуно былінку зломіш в сваём судзе
Сатрыж у порах тыраноу паганых
Дай нам пацеху што Польшча жыць будзе.

Перэд аутары...

Вярні ей сьветносьць як дауней была,
Дай уражай на родненькой межы
Каб у пакоі шчасьліва зажыла
Благаславі ты в дзеле маладзежы

Перэд аутары...

Ты Бялыніцка Найчыстша Дзева,
Сьвятая Маці сіроцкаго роду,
Літвы і Русі можна Каралева,
Упрасі Сына, каб дау нам Свабоду.

Перэд аутары...

У Журавічах, Барунах маскалі
Цябе з намі у казёншчыну скулі;
Спрау каб од сызмы ты і мы адсталі,
Зрабі каб з Польшчай Унію вярнулі.

Перэд аутары ...


Не меней папулярная была і іншая песня, якая пачынаецца словамі: "З дымам пажараў…" [62].

З ДЫМАМ ПАЖАРАЎ

Музыка Юзафа Нікаровіча
Словы Карнеля Уейскага

З дымам пажараў, з кроўю ран братніх
Мы табе, Пане, б'ём наш паклон,
Скаргаю страшнай, енкам астатнім
Ад нашых модлаў сыходзіць стогн.
Мы ўжо без скаргі не знаем спеву,
З церну вянок уразаецца ў скронь,
Вечна як помнік Твайго, Пан, гневу
Цягнем к Табе мы просьбы далонь.

Колькі разоў Ты нас не адсцёбваў,
Мы, не адмыўшыя свежых ран,
Зноўку гукаем: "А Ён жа добры,
Бо Ён наш Бацька, бо Ён наш Пан".
І зноў да паўстання нас вера будзіць,
Каб Тваёй воляй нас вораг змог
І смеху кінуў камень на грудзі:
"А дзе ж той Бацька, а дзе ж той Бог?"

Гляньма ж у неба, ці там з зеніту
Сто сонц не ўпадзе на злыдняў знак,
Ціха і ціха сярод блакіту
Як колісь грае свабодны птах.
І мы ў сумнення злой паняверцы,
Перш, чым нам веру Ты вернеш зноў,
Блюзнім губамі, хоць плача сэрца:
"Суд чынь па справах, а не са слоў".

О, Пане, Пане! З прадоння шатаў
Жудасці весткі прынёс нам час:
Сын забіў бацьку, брат забіў брата,
Каінаў мноства ёсць паміж нас.
Толькі ж, о, Пане, віна не іхня,
Хоць нашу прышласць цягнуць заплеч,
Іншыя д'яблы таму прычынай,
Вытні далонню, не рушай меч.

Глянь, мы ў няшчасці заўжды адзіны,
На Тваё лона, да тваіх зор,
Модлы плывуць, як клін жураўліны,
Да родных гнёздаў, сваіх азёр.
Крый жа нас моцны, магутны Пане,
Дай дачакацца Тваіх нам ласк,
Кветка пакуты вянком хай стане,
Хай нас нябесны асветліць бляск.

Мы з арханёлам тваім на чэле
Пойдзем усе на смяртэльны бой
І на шайтана дрыгуткім целе
Мы ўздымем сцяг пераможны свой.
Змучаным браццям адчынім сэрцы,
Віны іх змые вольнасці дождж,
Вось тады ўчуе подлы блюзнерца
Водпаведзь нашу: "Бог быў і ёсць".
(Пераклад Станіслава Судніка.)


Нават калі паліцыя пачала забараняць вакальныя маніфестацыі, натоўп не слухаўся і яшчэ гучней пеў "блюзнерскі гімн", так што яго чуваць было крокаў за сто ад касцёла праз расчыненыя дзверы і вокны. Тады паліцыя для ачысткі сумлення перапісвала тых, хто найбольш выдзяляўся ў спеве, але пакуль нікога не каралі, "вынікам было хіба тое, што кіраўнічая асоба давала сяброўскую параду свайму падначаленаму паўплываць на жонку ці дачку, каб яны паводзілі сябе асцярожней" [63].

Мемуарыст цікава расказвае пра настрой гараджан перад паўстаннем. Паступова рэвалюцыйнае ўзбуджэнне ў горадзе ўзрастала: "Па меры таго, як яно больш і больш набірала моц, рускае значэнне ў краі паступова змяншалася. Выходзіла так, як быццам бы гаспадарамі становішча былі яны, а часовымі гасцямі, прышэльцамі ці, мабыць нават паразітамі на чужым целе з'яўляліся мы". Гледзячы на заваяваўшую волю Італію, чакаючы падтрымкі Францыі, ужо амаль што ўсе верылі ў хуткае незалежнае існаванне. Любарскі, у гэты час вайсковы палкавы лекар і добры хірург, даслоўна запісаў сваю размову з лідскім прадвадзіцелем дваранства Буткевічам (сябе Любарскі тут называе ў трэцяй асобе "доктарам"):

"- Скажыце, каханы кансільяжу (ласкавы доктар), спадзяюся, Вы застанецеся ў нас, калі Літва адыдзе ад Расіі?

- Як гэта адыдзе ад Расіі? - спытаў збянтэжаны доктар, - я штосьці не ясна сабе ўяўляю.

- Вельмі проста; адлучыліся ж ад Аўстрыі Ламбардыя і Венецыя і ўвайшлі ў склад Італьянскай дзяржавы. Чаму ж мы не можам утварыць незалежнай дзяржавы ў межах сваёй народнасці? Зараз да таго ідзе ўся еўрапейская палітыка.

- Але Расія - не Аўстрыя, - заўважыў доктар, зачэплены за жывое, - і паменшыць яе будзе пацяжэй, чым рознамасную імперыю Габсбургаў?

- Вядома, - спахапіўся маршалак, - я і кажу гэта. Але могуць быць розныя палітычныя кампрамісы для аб'яднання народнасцяў. Відаць, час такі надышоў. Ды не пра гэта ўласна гаворка. Я толькі хацеў сказаць, што Вы, ласкавы доктар, карыстаецеся такім заслужаным даверам у нашым грамадстве, што пажадана, каб Вы засталіся ў нас, якія б ні адбыліся палітычныя змены.

- Вельмі удзячны за ўвагу, але, прызнаюся, я б не застаўся.

- Чаму ж? - здзівіўся суразмоўца, - для адукаванага чалавека жыць у краіне з ліберальнымі ўстановамі, якой будзе наша незалежная дзяржава, і працаваць у культурным грамадстве павінна быць прывабна.

- Ды па-просту хоць бы таму, што я, як праваслаўны, быў бы не зусім свой паміж вамі, і польскай мовы добра не ведаю, а быць абмежаваным у выказванні сваіх думак непрыемна.

- Э, глупства; варта Вам ажаніцца з кімсьці з нашых прыгажунь, і адрозненне ў веравызнанні згладзіцца, а мовай Вы авалодаеце. Я ведаў афіцэра, які прыбыў у Вільню з глыбіні Расіі і не разумеў аніводнага слова, а праз некалькі гадоў пісаў у альбомы такія выдатныя вершы, што, права, пад імі самімі Вікенці Поль падпісаўся б [64].

Прадвадзіцель дваранства (маршалак шляхты) Буткевіч не будзе ўдзельнічаць у паўстанні. У гісторыі горада ён застанецца як чалавек, які ў 1878 г. прапанаваў генерал-губернатару разабраць наш замак Гедзіміна на будаўнічыя матэрыялы ...

Аднак былі і песімісты якія, як паказала практыка, як мінімум рэальна ставіліся да вайсковага аспекту паўстання. Любарскі прыводзіць размову са сваім знаёмым, якога ён называе "капітан З-скі", дарэчы не гледзячы на некаторыя недакладнасці (напрыклад; "капітан" замест "падпалкоўнік"), гэты самы "капітан З-скі" мог быць Юзафам Залескім, дзедам будучага міністра абароны БНР Кіпрыяна Кандратовіча: "За некалькі вёрстаў ад горада жыў у сваёй сядзібе адстаўны капітан З-скі, ён быў тутэйшым, я аказаў яму некаторыя паслугі і праз гэта зблізіўся з ім. Падчас службы ў адной з унутраных губерняў ён ажаніўся па каханні з рускай дзяўчынай, а па выхадзе ў адстаўку засеў гаспадарыць у маленькім сваім фальварку. Ён не перашкаджаў жонцы выхоўваць дзяцей у духу праваслаўнай веры, у палітыку не ўмешваўся і таму не меў сяброў сярод сваіх "родакаў"". Капітан расказаў, што яго як прафесійнага вайскоўца, інсургенты спрабавалі залучыць у вайсковую арганізацыю: "Прыязджае раз у фальварак невядомы маладзён і, заяўляе, што мае да мяне важную справу ... ён развёў такую матэрыю, што пад стаць хоць бы самому Пальмерстону [65] . Паўстанне, маўляў, зусім падрыхтавана, ва ўсіх ... землях па Днепр, і поспех яго забяспечаны. Сабрана 100 мільёнаў злотых, чаго на першы раз больш, чым досыць, затым будуць захоплены велізарныя сумы ў розных казначэйствах; зброя ўвесь час падвозіцца з-за мяжы, і ўжо ўтвораны вялікія і надзейныя склады. Ва ўсё Расіі таксама чакаецца ўзброенае паўстанне, якое развяжа рукі ... . Рэвалюцыйная сетка там, як і ў нас, ... арганізавана надзейнымі людзьмі і распасціраецца нават за Волгу. Ва ўсіх нашых ваяводствах адразу стане пад стрэльбу 100 тысяч адборнай моладзі, і акрамя таго ў межы царства Польскага ўварвуцца два вялікія польскія войскі - адно з Галіцыі генерала Лангевіча, другое з Познані з фельдмаршалам Мераслаўскім; чакаецца і Гарыбальдзі з атрадам італьянцаў. А як толькі мы падымем зброю, Напалеон (Напалеон III - Л.Л. ) адразу абвесціць вайну Расіі; гэта гэтак жа дакладна, як Бог на небе. Англія ўжо рыхтуе свой флот і адцягне да прыморскіх гарадоў масу рускіх войскаў. Вось нашы шанцы, - выклікнуў маладзён ... - і толькі ў адным мы маем праблему - знайсці неабходную колькасць дасведчаных у ваеннай справе камандзіраў. Таму "жонд нарадовы" камандзіраваў мяне заявіць Вам, што, мае да Вашых ваенных талентаў і Вашага патрыятызму асаблівы давер і рыхтуе Вам намінацыю у палкоўнікі [66] і даручае камандаваць палком Віленскага ваяводства, пра што, калі надыдзе час, будзе адмысловае распараджэнне. Прызнаюся, - сказаў капітан, - я зусім разгубіўся ад гэтай нечаканасці, але сказаў эмісару "жонду" напрасткі, што такія фантазіі, якія я цяпер выслухаў, выбачальныя ў маладой і гарачай галаве, але ў адносінах да людзей, дасведчаных у ваеннай справе, якія глядзяць цвяроза на рэчы, проста недарэчныя. У рэчаіснасці, ... Вы можаце набраць невялікія партыі людзей, хоць рашучых, але зусім недасведчаных, з якіх большасць нават страляць не ўмее. А ці ведаеце Вы, што значыць бязладны натоўп супраць арганізаванага войска? Я, як вайсковец, ведаю гэта, і таму менавіта мне і сумленне, і патрыятызм не дазваляюць весці сваіх братоў на дакладную смерць" [67]. Калі пачалося паўстанне, капітан З-скі з'ехаў з сямействам да родных жонкі ў Цвярскую губерню.


Пасля падзей у Варшаве бурліла сталіца краю Вільня. Яшчэ раней, чым у Варшаве, у жніўні 1861 г. генерал - губернатар Назімаў увёў ваеннае становішча ў Вільні і шэрагу іншых гарадоў і паветаў краю, аднак праз год ваеннае становішча было знятае, тым не менш "раман" Назімава з мясцовай шляхтай рэзка абарваўся. Ужо ўвесну 1861 г. віленскі павятовы прадвадзіцель дваранства граф І. Тышкевіч, які арганізаваў некалькі маніфестацый, быў неадкладна зняты з пасады па ініцыятыве генерал-губернатара, арыштавалі і саслалі 8 студэнтаў [68].

Першая маніфестацыя ў Вільні адбылася 20 траўня 1861 г. [69], пасля яе пратэстны рух пракаціўся па ўсёй гістарычнай Літве: арганізоўваліся паніхіды па загінуўшых у Варшаве, хросныя хады, адзін з якіх у Коўні прайшоў па мосце праз Нёман і сімвалізаваў унію Літвы і Польшчы. 12 жніўня 1861 г. у Вільні пасля службы ў касцёле і спеваў гімнаў, каля 5000 чалавек: шляхты, гараджан і сялян прайшлі па горадзе ў знак "сардэчнага збліжэння", вось яе гэту маніфестацыю апісвае адзін з карнікаў: "Пачаліся спевы рэвалюцыйных гімнаў у касцёлах каля Вострай Брамы ... і іншыя палітычныя дэманстрацыі .... Так ... была працэсія з харугвамі, сцягамі, гербамі Літвы і Польшчы, працэсія са спевам гімна "Boze, coz Polska" у суправаджэнні масы народу рушыла на сустрэчу працэсіі, якая па чутках, павінна была ісці ... ад Коўні ў Вільню. Па распараджэнні начальства, войскі - пяхота і казакі - загарадзілі ... дарогу з горада ... дэманстранты, маючы наперадзе фанатычных паненак, імкнуліся прарвацца скрозь шэрагі войскаў. ... паненкі дзейнічалі парасонікамі, ... казакі прыняліся за бізуны, і натоўп рассеяўся" [70]. Але 18 жніўня, падчас мірнай маніфестацыі 6 000 чалавек на Пагулянцы рускае войска, па камандзе Назімава ўжыло зброю, загінула 11 чалавек.

У 1862 г. вайсковую частку, дзе служыў мемуарыст Любарскі, цераз Гародню, перакінулі ў Берасце, а адтуль у Польшчу - паўстанне пачыналася. Па дарозе з Ліды на Гародні "наш батальён выпадкова набыў фурманку са зброяй для паўстанцаў. У адным мястэчку, дзе мы спыніліся на начлег, батальённаму камандзіру, зразумела, адвялі самую лепшую кватэру ў заезджым двары. Там пад падстрэшкам ужо стаяла фура з нейкай паклажай, пакрытаю рагожамі і шчыльна ўвязанаю вяроўкамі. Увечар дзяншчык, не заўважаючы каля фуры гаспадара, запусціў туды руку, верагодна, мяркуючы чым небудзь пажывіцца, і раптам намацаў стрэльбу. Зразумеўшы, у чым справа, дзяншчык даклаў пра сваю знаходку маёру. Пачалі шукаць уладальніка фуры, але ён знік. Яўрэй, гаспадар заезнага двара, на допыце паказаў, што перад нашым прыходам да яго пакарміць коней заехаў невядомы спадар у шэрым сукмане і высокіх ботах. Распрогшы коней, ён увайшоў у залу і запатрабаваў сабе яечню, а тут з'явіліся "панове" з войскам. Ён, гаспадар, замітусіўся і не заўважыў, калі і куды дзяваўся ягоны госць. У возе было больш за 200 стрэльбаў, некалькі дзясяткаў шабель, багнетаў, шашак і пісталетаў рознага калібру. Далі ведаць мясцовай паліцыі, але пан у сукмане так і не быў знойдзены. Было жаданне перадаць знаходку бургамістру мястэчка, але потым агульнай радай разважылі, што такім шляхам зброя зноў патрапіць да будучых паўстанцаў, і вырашылі ўзяць фуру з коньмі з сабой, для прад'яўлення начальству вышэй" [71]. Як бачым, Лідскі паўстанцкі камітэт таксама рыхтаваўся да справы.

Закончу цытаванне цікавых, але блытаных і вельмі "па-імперску" ангажаваных мемуараў ваеннага лекара І.В. Любарскага двума эпізодамі аднадзённага побыту яго батальёна ў Гародні, з апісанымі ніжэй адносінамі да сабе расейскія афіцэры пачалі сутыкацца ў той час паўсюдна. "У Гародні ... наша афіцэрства валам паваліла ў адну немудрагелістую карчму - хто паабедаць, хто пагуляць у більярд, а хто проста папацягацца за дачкой карчмаркі, прыгожай паненкай, якая стаяла за прылаўкам, распараджалася гарэлкай і закускамі і перадавала замовы гасцеў прыслузе. Афіцэрства рассыпалася на польскай мове ў ласках, на якія какетлівая дзяўчына адказвала направа і налева з павабнай добразычлівасцю. Адзін толькі бязвусы прапаршчык, нядаўна выпушчаны з корпуса, не мог прымаць удзелу ў вясёлых гутарках, таму што зусім не ведаў па-польску. Ён сціпла падышоў да паненкі і сказаў, каб яму падалі абед, але тая не адказала яму звычайным: "У тэн момант, пане". Прачакаўшы беспаспяхова з паўгадзіны, офіцэрык ізноў падыходзіць да панны з гэтай жа замовай, але яна застаецца нямая і не рухаецца з месца. Здзіўлены маўчаннем, прапаршчык спытаў: ці яна не разумее рускай мовы? На гэта паненка з пагардай працадзіла: "Я гэтай сабачай мовы не жадаю разумець". "Як вы смееце абражаць мяне, - зычна ўскрыкнуў малады афіцэр, стукнуўшы кулаком па прылаўку, наліваючыся крывёй, - Ды я вас так абражу, што ўсё жыццё памятаць будзеце". Паненка пабляднела і павалілася на крэсла ў істэрычных рыданнях. Але прапаршчык не сцішаўся і гучна заявіў, што ідзе да губернатара асабіста прынесці скаргу. ... Сцэна выйшла ... цяжкая, асабліва, калі бледную, як смерць, паненку выносілі ў поўнай непрытомнасці. Нарэшце ў справу ўмяшаліся афіцэры і з вялікай цяжкасцю ўгаварылі таварыша пакінуць без наступстваў "дурную выхадку", за якую ... жанчына магла б адчувальна паплаціцца". А вось другі гарадзенскі інцындэнт з афіцэрам у той жа дзень : "Праз грамадскі сад, ён убачыў ідучых супраць яго трох цывільных маладзёнаў, якія спляліся рукамі і занялі ўсю шырыню алеі. Наблізіўшыся да афіцэра, усе ў адзін голас крыкнулі: "Прэч з нашай зямлі". Апынуўшыся тварам да твару з нахабнікамі, афіцэр пасля хвіліннай нерашучасці сышоў у бок ..., як растлумачыў ён, каб не ўздымаць скандалу, а можа быць, і таму, што сам быў тутэйшы і не хацеў падвяргаць непрыемнасці сваіх ...". Падобныя сцэны ў гэты час апісваюцца ў мемуарах рускіх афіцэраў па ўсім краі [72].


На працягу 1862 г., прастора непасрэднага кантролю ўлады ў Царстве Польскім няўхільна сціскалася, і да сярэдзіны года яно ўжо не кіравалася з адзінага цэнтра расейскай уладай. Да лета 1862 г. быў утвораны падпольны Нацыянальны цэнтральны камітэт, які ў верасні абвясціў сябе сапраўдным польскім урадам. Яму падпарадкоўвалася разгалінаваная арганізацыя ў колькасці прыкладна 20 тысяч чалавек, меўся ўласны адміністрацыйны апарат і падатковая служба [73]. Павялічвалася напружанне і на тэрыторыі былога ВКЛ. Падрыхтоўку паўстання ўзначаліў створаны ў Вільні Літоўскі правінцыйны камітэт. У склад камітэта ўваходзілі капітан генеральнага штаба Людвік Звяждоўскі (1829-1864, псеўданім - Тапор), чыгуначны службовец Францішак Далеўскі (1825-25.04.1904 г., нарадзіўся ў фальварку Руднікі Лідскага павету), інжынер Уладзіслаў Малахоўскі (1827-1900, псеўданім Леан Варнэрке), студэнт матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта Эдмунд Вярыга (1840?-1902), доктар і мастак Баляслаў Длускі (1826-1905, псеўданім Ябланоўскі) і Кастусь Каліноўскі.

Расейскі гісторык XIX ст. Бранцаў П.Д. пісаў пра Каліноўскага: "... малады чалавек, 26 гадоў ад роду, сярэдняга росту, дужага целаскладу, меў стромкі, высокі лоб, чысты твар і выразныя вочы; насіў кароткія русыя валасы, зачэсаныя назад. Каліноўскі меў вялікі розум і незвычайную сілу волі і характару. Гэта адзіны чалавек з усёй карпарацыі Літоўскага жонду, які быў бескарысліва адданы сваёй справе. Чалавека гэтага нельга было ні спалохаць, ні збіць з толку. Каліноўскі прама ішоў да сваёй мэты, не здрадзіў і не зганьбіў сябе ... баязлівасцю да самай смерці" [74].

31 ліпеня 1862 г., як і ў мінулым годзе, па ўсім краі прайшло святкаванне ўгодкаў Люблінскай уніі. У Вільні, каля Вострай Брамы, "сабралася шмат людзей рознага звання", сярод іх многія мужчына былі апранутыя ў нацыянальныя строі а жанчыны "ў белых сукенках, канфедэратках ці капялюшыках, упрыгожаных жывымі кветкамі і стужкамі ..." . Пасля малітвы частка людзей разышлася па хатах, а частка выправілася да Зялёнага моста, аднак паліцыя ім гэта не дазволіла. У той жа дзень у Лідзе "на звычайнай літургіі, сабралася ... багамольцаў больш, чым звыкла, прычым дамы былі апранутыя ў каляровыя сукенкі" [75].

10 жніўня 1862 г. віленская паліцыя затрымала адстаўнога службоўца Фелікса Колышку (брата Баляслава Колышкі), з дакладу сакрэтнага аддзелу: "Адстаўны калежскі рэгістратар Фелікс Колышка, у адметным гарнітуры, а менавіта: у чамарцы шэрага сукна, падперазаны шырокім лакавым рамянём з белай металічнай бляхай, на якой намаляваны Арол і Пагоня ... у ботах з доўгімі лакавымі халявамі. Пры ператрусе ў Колышкі знойдзены ... заклік да жыхароў Вільні". Знойдзеная папера заклікала да супольнай малітвы за душы чарговых загінулых маніфестантаў. З справы вынікае, што Колышка паходзіў з лідскай шляхты, скончыў 5 класаў Віленскай гімназіі, потым служыў у войску, звольнены з войска па асабістым рапарце, пры звальненні атрымаў чын калежскага рэгістратара і першапачаткова прыехаў да сваёй маці ў Ліду, а потым пераехаў у Вільню. Лідскі гараднічы сведчыў, што падчас жыхарства ў Лідзе паводзіў сябе добра, але падчас дэманстрацый у Лідзе разам з іншымі спяваў "абуральныя гімны" і насіў недазволеныя строі [76].


Для нас, беларусаў, вельмі цікавыя культурніцкія акалічнасці тых падзеяў. Менавіта зацікаўленасць да нашай мовы перад паўстаннем з боку мясцовай інтэлігенцыі, прымусіла Назімава напісаць прапанову, якая абмяркоўвалася ў верасні 1862 г. у Радзе міністраў. У сваёй запісцы ён прапанаваў выдаць маніфест, які б дазволіў кожнай народнасці даць "сродкі вольна і бесперашкодна развівацца ва ўласцівых ёй формах, характары і межах" , атрымліваць адукацыю на сваёй мове ў мясцовасцях, дзе яна складае большасць насельніцтва. Назімаў спасылаўся на добры прыклад "аўстрыйскай Галіцыі", дзе праводзілася палітыка падтрымкі этнічнай самабытнасць галіцыйскіх русінаў - групы, што займала адну з нізавых пазіцый ў сацыяльнай герархіі Аўстра - Венгерскай імперыі. Такая палітыка праводзілася Габсбургамі ў піку тамтэйшаму польскаму дваранству (яна ўключалася ў сабе і падтрымку духоўнай апоры заходніх украінцаў - уніяцкай царквы, якая, як мы памятаем, у нас была гвалтам ліквідавана яшчэ ў 1839 г.). Кіруючыся гэтай схемай, віленская адміністрацыя зрабіла крок да прызнання этнічнасці летувісаў, кампактная маса якіх засяляла Ковенскую губерню. Апякун Віленскай навучальнай акругі ў верасні 1861 г. прапанаваў дапусціць у пачатковых школах "навучанне жмудскай грамаце" і пашырыць выданне малітоўнікаў, календароў і іншых кніг для "народнага" чытання на "жмудскай мове" (гэта мова да таго часу ўжо была прызнана ў якасці мовы пропаведзяў у касцёле і пры навучанні Закону Божаму). Ці не першым сярод імперскіх адміністратараў Назімаў, хай і асцярожна, падняў пытанне і пра моўную самабытнасць беларусаў, якія афіцыйна лічыліся "рускімі". Назімаў дапускаў беларускасць як прамежкавую прыступку на шляху да выпрацоўкі рускай нацыянальнай самасвядомасці. Яшчэ ў 1859 г. вышэйшае цэнзурнае начальства забараніла друкаванне кнігаў на "беларускім прыслоўі" "польскімі літарамі", улада баялася польскай асіміляцыі беларускага насельніцтва. А ў 1862 г., у сувязі з абмеркаваннем праблемы польскага панавання ў каталіцкім касцёле, віленская адміністрацыя прапанавала перавесці асноўныя малітвы і кароткі катэхізіс на "беларускае прыслоўе". Па яе меркаванні, гэта павінна было прыпыніць пагрозу паланізацыі насельніцтва, якое руская адміністрацыя больш-менш устойліва называла "беларусы". Увесну 1863 г. па ініцыятыве апекуна Віленскай навучальнай акругі былі выдадзены "Аповяды на беларускім прыслоўі" - кніжка кароткіх павучанняў, закліканых даказаць, што беларусы - не палякі, а рускія. Гэта быў адзіны досвед праўрадавай прапаганды на нашай мове. Таксама пад эгідай Назімава была зроблена спроба заснаваць часопіс для народа на "мясцовым русінскім" прыслоўі (г.зн. на беларускай мове) [77].


У студзені 1863 г. у Царстве Польскім, з нападаў паўстанцаў на кватэры рускіх войскаў у ноч з 10 на 11 студзеня (з 22 на 23 н. ст), пачалося масавае і зацятае паўстанне. Да вясны "мяцеж", як называлася паўстанне ўрадам, распаўсюдзіўся на Літву, заходнія і цэнтральныя мясцовасці Беларусі і нават Правабярэжнай Украіны. Часовы нацыянальны ўрад (Rzаd Narodowy) абвясціў волю і роўнасць усіх грамадзян адноўленай дзяржавы, незалежна ад веравызнання і паходжання, а сялянам абяцаў права на зямлю, якую яны апрацоўваюць з неадкладнай адменай усіх павіннасцяў перад панамі. У асобных закліках да русінаў (г.зн. насельніцтва Беларусі і Ўкраіны) ішла гаворка пра поўнае вызваленне і надзяленне зямлёй, а да яўрэяў - пра братэрскую любоў. Такім чынам, была зроблена спроба да згуртавання шырокага фронту сіл. Нягледзячы на недахоп узбраення і недастатковы досвед ваеннай арганізацыі ў баявых дзеяннях нацыянальны ўрад, не выходзячы з падполля, здолеў узяць пад свой кантроль вялікую частку тэрыторыі, кантраляваць выкананне сваіх распараджэнняў, мець вялікую сетку надзейных агентаў у паштовым ведамстве і на чыгунках. Намеснік Царства Польскага, вялікі князь Канстанцін казаў: "Законны ўрад існуе толькі там, дзе ёсць войска. Дзе няма, там поўная самаўпраўнасць рэвалюцыі... Цэнтральны камітэт усюды і нідзе". Паўстанне прыняло аблічча партызанскай вайны, баявой адзінкай выступаў невялікі аддзел (у тэрміналогіі рускага ўраду, "шайка" ці "хеўра"), пераслед і знішчэнне якога ў лясістых і багністых мясцовасцях былі вельмі цяжкай задачай [78].


Імператар Аляксандр II у Пецярбургу асабіста паведаміў гвардыі пра пачатак паўстання. Вось як успамінаў пра гэта афіцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў (гэты полк і Воранаў асабіста потым удзельнічалі у падаўленні паўстання на Лідчыне):

"Чуткі пра хваляванні ў Польшчы, якія распаўсюдзіліся напачатку 1863 г., пацвердзіліся пасля 11-го студзеня, ... Весткі пра тое, што здарылася ў Польшчы былі перададзены ў Пецярбургу афіцэрам гвардыі асабіста Яго Імператарскай Вялікасцю, пасля таго, як яны атачылі Манарха ў Міхайлаўскім манежу, па заканчэнні разводу л.-гв. Ізмайлаўскага палка.

"Шматлікім з Вас, спадарства - пачаў ... Імператар, верагодна невядомы апошнія здарэнні ў Царстве Польскім. Я жадаю каб вы даведаліся пра іх ад Мяне Самога.

Пасля таго як быў добра праведзены рэкруцкі набор ... у Варшаве з 6-га сталі з'яўляцца мяцежныя хеўры на абодвух берагах Віслы, для рассейвання якіх былі неадкладна пасланы атрады. Нарэшце з 10-га па 11-га , па ўсім царстве, за выключэннем Варшавы, былі зроблены раптоўныя напады на войскі нашыя, якія стаяць па кватэрах .... Аднак і пасля гэтых новых зладзействаў, Я не жадаю абвінаваціць у тым увесь народ Польскі, ва ўсіх гэтых сумных падзеях Я бачу працу рэвалюцыйнай партыі, якая імкнецца паўсюдна да руйнавання законнага парадку. ... Я перакананы, што зараз больш, чым калі бы та, кожны з вас, адчуваючы і разумеючы ўсю святасць прысягі, выканае свой абавязак, як гонар нашага сцяга таго патрабуе. ... " [79].


За нашу і вашу свабоду

Лідскі павет быў гатовы да паўстання, яго рыхтаваў Павятовы рэвалюцыйны камітэт у складзе:

- Канстанцін Геншаль з Волдацішак - старшыня камітэту, так званы "цывільны начальнік";

- Вітольд Гажыч з Сегенеўшчыны - прадстаўнік Цэнтральнага Камітэту ў Варшаве, з траўня павятовы камісар;

- Тамаш Шукевіч (павятовы суддзя) - павятовы камісар;

- Ксаверы Аляксандровіч з Нявішы;

- Кароль Тышкевіч з Жырмунаў;

- Адольф Краінскі з Палашак;

- Эдвард Бердаўскі з Няпрахі;

- Юзаф Сумарок з Вярсокі;

- Уладзімір Паплаўскі з Ваўчынак;

- Эдвард Лазоўскі з Гірак;

- Стэфан Вільбік з Ліпкунцаў;

- Ансельм Патрыкоўскі з Ліды.

Усю перапіску і допісы Павятовага камітэта захоўваў войт Тарноўскай воласці Севярын Якубоўскі . Лідскі камітэт непасрэдна падпарадкоўваўся Віленскаму рэвалюцыйнаму камітэту, які ўзначальваў Мікалай Гедройць (ваявода), а пасля яго арышту - Францішак Канаплянскі. Віленскі ваявода падпарадкоўваўся Рэвалюцыйнаму камітэту Літвы і яго старшыні - Зыгмунту Даленгу-Серакоўскаму [80].

Канстанцін Геншаль , сын Людвіка і Стэфаніі з Пуцілоўскіх, пасля заканчэння курса гімназіі ў Вільні вывучаў спачатку медыцыну, а потым матэматыку ў Пецярбуржскім універсітэце. Ва ўзросце трохі болей за 20 гадоў стаў старшынём Павятовага паўстанцкага камітэту. Пасля паразы аддзела паўстанцаў Нарбута перабраўся спачатку ў Вільню, а потым эміграваў у Парыж, дзе скончыў адукацыю і атрымаў дыплом доктара медыцыны. У 1870 г. браў удзел у французска-прускай вайне. На Лідчыну, у Волдацішкі, у 1920-х гадах вярнуліся яго сыны.

Гажыч Вітольд , сын Ежы, маршалка Берасцейскага павету і Канстанцыі з Якубоўскіх, вучыўся ў Пецярбурзе, а пасля паўстання - у парыжскай Сарбоне. У 24 гады стаў Павятовым камісарам на Лідчыне. Быў арыштаваны і сасланы ўглыб Расіі, дзе і памёр ад тыфу.


Лідскі камітэт вербаваў прыхільнікаў, збіраў грошы, зброю, адзенне, правіянт і іншае, неабходнае для вядзення баявых дзеянняў. Камітэт Канстанцін Геншаль. працаваў вельмі энергічна, і была сабраная дастатковая колькасць грошай, але ўзнікалі праблемы з закупам узбраення і рыштунку, і тым не менш зброя таемна паступала з Прусіі.

Напачатку лютага 1863 г. практычна ва ўсіх парафіях ксяндзы з амбонаў урачыста прачыталі маніфест Нацыянальнага Камітэту пра паўстанне, у цэлым, маніфест быў прыняты з запалам.

Леан Краінскі.

Мірон Браніслаў Нарбут у нявыдадзенай частцы сваіх мемуараў пісаў: "У Забалацкім касцёле ксёндзпробашч Зарэцкі пасля патрыятычнага казання прачытаў вернікам маніфест. Пасля гэтага зазванілі касцельныя званы і народ заспяваў "Цябе, Божа, хвалім". Мне распавядалі, што на наступны дзень на пляцы перад касцёлам сабралася больш за 300 сялян, якія там чакалі тры дні, каб атрымаць зброю, якой аднак не было". Нарэшце, некалькі дзясяткаў чалавек самастойна рушылі ў бок Марцінканцаў і 16 лютага пад Нашкунцамі напалі на варту партыі рэкрутаў, якіх сілком адпраўлялі ўглыб Расіі. Канвой быў раззброены, а рэкруты адпушчаны па хатах. Пра вызваленне рэкрутаў дакладваў старшыня Эйшышскага рэкруцкага ўчастка Лідскаму земскаму спраўніку [81].

Для пакарання з Вільні быў высланы моцны атрад. Назімаў загадаў начальніку Віленскай жандарскай каманды штабс-капітану Сямёнаву: "З-за ўзніклых беспарадкаў у некаторых мясцовасцях Лідскага павету, прадпісваю ... неадкладна адправіцца, з нададзенай у Ваша распараджэнне ваеннай камандай, па чыгунцы да Алькенік, адкуль, праз Калеснікі і Салтанішкі ў вёску Забалаць і мястэчка Васілішкі, маеце арыштаваць там плябанаў Забалацкага і Васілішскага касцёлаў і даставіць іх у Вільню роўна як абшарнікаў Гедрайця, які пражывае ў Казіміраўцы, Шалевіча - у Сабакінцах, іншага Шалевіча - у Хадзілонях і Жураўскага - у Вензаўшчыне, эканома з маёнтка Гедройця - Шчуку, і пражываючага ў яго шынкара Міхала Балевіча, і маляра Фрыдрыха ... зрабіць у іх самы строгі ператрус, а гэтак жа зняць сведчанні з яўрэяў-сталяроў, якія знаходзяцца ў маёнтку Казіміраўка, ім вядомы падрабязнасці пра начальнікаў хеўры зламыснікаў, пра месца іх збору ... . Маеце дзейнічаць па акалічнасцях, затрымоўваючы ўсіх узброеных і падазроных асобаў ..." [82]. Штабс-капітан Сямёнаў 21 лютага арыштаваў Казіміра Гедройця з Казіміраўкі, Герарда Жураўскага з Вензаўшчыны, Цыпрыяна Шалевіча з Сабакінцаў, эканома маёнтка Казіміраўка Стэфана Шчуку і Фрэдэрыка Петарсона з Хадзілоняў. Ксяндзоў з Забалаці і Васілішак а таксама Юзафа Шалевіча і шынкара Міхала Балевіча не арыштавалі, бо яны загадзя схаваліся.

Віленская следчая камісія не змагла даказаць віну арыштаваных, а паколькі Мураўёў-вешальнік яшчэ не змяніў губернатара Назімава, усе былі адпушчаны пад строгі нагляд паліцыі.

Падобным жа чынам сітуацыя развівалася і ў Новым Двары: для арышту "падбухторшчыкаў" сюды быў высланы камандзір 42 данскога казачага палка падпалкоўнік Епіфанаў. 17 лютага ён арыштаваў ксяндза-пробашча Райцэвіча , ксяндза-вікарыя Каржанеўскага , капітана рэзерву рускага войска Уладзіслава Ваяводскага , жыхароў Дубічан Стэфана і Канстанціна Янкоўскіх, Эдвард Бердаўскага, Францішка Бжазінскага з сынамі Эдвардам і Зыгмунтам , Валентыя Мікульскага з сынам Баляславам , Яна Жавеўскага з Глыбокага, селяніна Аляксандр Арцюшкевіча і каваля Іосіфа Максімовіча , усіх "за ўдзел у бунце". У выніку ваенны суд прысудзіў ксяндза Каржанеўскага і Стэфана Янкоўскага да смяротнага пакарання (прысуд быў заменены на 12 гадоў катаргі), капітана Ваяводскага на 6 месяцаў арышту ў цвердзі Дынабург, Яна Жавеўскага да прымусовай службы на 3 гады ў войску, астатніх, за адсутнасцю доказаў, адпусцілі пад паліцэйскі нагляд [83].

У сваю чаргу, інфармацыйны бюлетэнь паўстанцаў № 4 ад 6.03.1863 г. інфармаваў пра падзеі на Лідчыне: "У Лідскім павеце ў некалькіх каталіцкіх і ўсходняга абраду парафіях быў зачытаны маніфест і дэкрэты Цэнтральнага Камітэта і Часавага Нацыянальнага ўраду. У выніку чаго, сяляне самі сабраліся ў лесе каля Забалаці, пачалі самастойна ўзбройвацца і чакаць указанняў. Пасля трох дзён … 11 лютага, … высунуліся да Марцінканцаў, дзе 16 лютага адбілі рэкрутаў, якіх везлі па чыгунцы з Канграсоўкі [84] . Далейшы лёс рэкрутаў пакуль не вядомы. Потым 12, 13, 14 і аж да 24 лютага прайшлі арышты мясцовых жыхароў … . Арышты рабіліся ўзброенымі казакамі, якія пры гэтым рабавалі вёскі і двары. Агіднасці салдатаў дайшлі да найвышэйшай кропкі. Да 40 арыштаваных адвезена ў Віленскую цытадэль" [85].

Пра гэтыя падзеі на Лідчыне генерал-губернатар Назімаў пісаў біскупу Красінскаму, забараняючы ксяндзам зачытваць маніфесты рэвалюцыйнага камітэту: "Дайшлі да мяне звесткі, што ў Лідскім павеце, у мястэчку Васілішкі і ў вёсцы Забалаці, а таксама ў іншых касцёлах гэтай жа мясцовасці, тамтэйшыя пробашчы і ... рыма-каталіцкае духавенства ... публічна зачытвае сялянам абуральны маніфест, у якім рэвалюцыйны камітэт аддае ў іх поўную ўласнасць зямлю, якой яны карыстаюцца, і вызваляе сялян ад выканання рэкруцкай і іншых дзяржаўных павіннасцяў.

У выніку гэтага, была адпраўленая ваенная каманда для спынення зламысных дзеянняў, я лічу абавязкам звярнуцца ... аказаць архіпастырскае Ваша садзеянне да ўстрымання духавенства ... ад дзеянняў нязгодных з пакліканнем духоўнага сану, для ахілення тым самым духавенства ад хуткай адказнасці за беспарадкі, якія ўзніклі ў выніку іх супрацьзаконных учынкаў" [86].


На Лідчыне стала неспакойна Мікалай Гедройць, Тамаш Шукевіч, Францішак Канаплянскі, Ксёндз Ежы Гатоўт. "з'явіліся групы мяцежнікаў" і 21 лютага генерал-губернатар загадаў губернскаму паштмайстру адпраўляць пошту праз Менскі і Лідскі гасцінцы толькі раз на тыдзень пад аховай моцнага канвою [87]. 22 лютага лідскі земскі спраўнік данёс Назімаву пра з'яўленне каля Начы "хеўры ўзброеных мяцежнікаў" , невядома "адкуль яны прыбылі і куды ідуць ..., аднак носяцца чуткі, быццам бы накіроўваюцца ў вялікія лясы, прылеглыя да Троцкага павету" , спраўнік паскардзіўся што падначаленыя яму тутэйшы прыстаў 5-га стану маўчыць і не робіць аніякіх захадаў супраць паўстанцаў [88]. 6 сакавіка, губернскі сакратар, прыстаў 5-га стану Сухоцкі [89] быў звольнены за спагаду да мяцяжу, загадана правесці расследаванне і перадаць яго справу ў ваенны суд [90].


Людвік Нарбут бываў на канспіратыўных сходах у Лідзе [91], весткі пра маніфестацыі ў Варшаве і Вільні ён пракаментаваў коратка: "Дарэмна траціцца запал". Мірон Браніслаў Нарбут, Станіслаў Ёдка, Юзаф Шалевіч, Аляксандр Звяровіч. Баявы афіцэр чакаў. І вось пры канцы 1862 года брат Баляслаў прывёз яму ў Сербянішкі адозву Цэнтральнага Нацыянальнага камітэту ў Варшаве з заклікам да паўстання. Прачытаўшы адозву, Людвік зняў са сцяны шаблю і пацалаваў. Хутка пасля гэтага ён паехаў у Вільню, дзе сустрэўся з сябрамі Рэвалюцыйнага камітэту Літвы, які рыхтаваў паўстанне ў Беларусі. Камітэт шукаў афіцэраў з досведам і таму не захацеў адразу раскрываць Нарбута, яго баявы досвед яшчэ спатрэбіцца. Людвік вярнуўся дамоў і пачаў чакаць загад ды патаемна рыхтаваць і арганізоўваць людзей, праводзіць вучэнні пад выглядам паляванняў. 13 лютага 1863 г. да яго прыбыў ганец Віленскага камітэта з загадамі, адным з загадаў Людвік прызначаўся вайсковым начальнікам Лідскага павету. Атрымаў ён і загад пра пачатак паўстання. На кароткай сямейнай радзе бацька, стары Тодар Нарбут, сказаў, што "належыць даць сваіх дзяцей на алтар Айчыне, бо яна ў іх мае патрэбу" .

Нядоўга доўжылася падрыхтоўка да ад'езду, ўсё ўжо было гатова. Перад ад'ездам сабралася ўся вялікая сям'я Нарбутаў. Людвік быў апрануты ў старую камізэльку, падбітую аўчынай, і ўзброены рэвальверам, на баку вісела старая каўказскае шабля. Сястра Тадора ўручыла яму харугву, вышытую ўласнымі рукамі, а ён перадаў ёй маніфест Камітэту для ксендза з Начы, каб заўтра прачытаць вернікам. Людвік захоўваў поўны спакой і пасля дабраславення бацькамі і развітання з маладой жонкай і сваякамі, у суправаджэнні брата Баляслава і шасці блізкіх паплечнікаў - сяброў маладосці і сялян роднага маёнтка з'ехаў з хаты. Праз некалькі кіламетраў ад хаты, у Салапацінскім лесе, каля Эйшышскага гасцінца аддзел спыніўся, тут было месца збору паўстанцаў.

Назаўтра, 14 лютага, сястра Тадора прыехала да Нацкага пробашча ксендза Гатоўта і перадала яму маніфест. Гатоўт у той жа дзень зачытаў маніфест паўстанцаў, а потым нейкую афіцыйную паперу, падпісаную губернатарам Назімавым. Гэта яго і ўратавала, бо ўся парафія потым пад прысягай пацвердзіла, што ён чытаў нейкі ўказ генерал-губернатара і больш нічога [92].


У першы лагер нарбутаўцаў, заложаны за тры вярсты ад Начы, у ноч з 13 на 14 лютага з групай у сем чалавек прыйшоў Леан Краінскі з Грышанішак. Усе разам перайшлі ва ўрочышча Сабалюнцы, хутка сюды ксёндз-вікары Эйшышскага касцёла Стэфан Юзаф Гарбачэўскі прывёў з сабой 17 сялян, і такім чынам аддзел вырас да 32 ваяроў [93]. Да канца лютага аддзел павялічыўся да 70 чалавек, і ў Сабалюнцах ксёндз Гарбачэўскі прывёў ваяроў да прысягі. Палова аддзела складалася з дробнай шляхты Лідскага і Ашмянскага паветаў, другой паловай былі школьная моладзь, адстаўныя вайскоўцы і сяляне.

Сяляне забяспечвалі аддзел харчаваннем і паведамлялі пра перасоўванні рускіх войскаў. За дапамогу Нарбуту, пасля паразы паўстання было пакарана ўсё насельніцтва чатырох вёсак: Паддуб'е, Кракшлі, Зубрава і Лініца - знішчаны ўсе пабудовы гэтых вёсак, а сем'і сасланыя ў Сібір [94].

Галоўным зброяй аддзела былі паляўнічыя стрэльбы, шмат хто быў узброены толькі косамі. Лепшага ўзбраення таго часу - штуцараў і карабінаў з наразной руляй было не шмат, у асноўным гэтую палепшаную зброю закуплялі за мяжой ці здабывалі ў баі. Галоўны склад зброі аддзел меў у Як'янцах (каля Шаўроў) у лесніка Юзафа Банюшкі , былі склады ў Казіміра Гедройця ў маёнтку Казіміраўка і ў Альфонса Шэлкінга з Забалаці.

Аднастайнага абмундзіравання не было. Большасць амуніцыі ішла ад Віленскага камітэту праз доктара Тэраевіча з Салтанішак, пастаўкамі займалася і сястра Людвіка Тадора Манчунская (у расейскіх дакументах - Манджунская). Яна разам са сваёй сяброўкай Антанінай Табенскай тры разы ездзіла ў Вільню да агента Камітэта Вярблеўскага . У яго яна брала порах і свінец, а потым цэлымі вазамі прывозіла ў аддзел. Адзін раз Тадора прывезла нават дзве гарматы. Гэтыя дзве мужныя жанчыны залучылі ў аддзел двух расійскіх афіцэраў - падпаручнікаў Мікалаі і Клімантовіча , праз іх прыйшлі да Нарбута і некалькі літоўскіх патрыётаў ( Скірмунт і інш.). Рэгулярна прадукты падвозіў стары селянін з Шаўроў - Мацей Някратовіч . За ўсе пастаўкі ад сялян Нарбут плаціў гатоўкай [95].

Любыя выпадкі недысцыплінаванасці, дэзерцірства і непаслушэнства з самага пачатку камандзір сурова караў. Паказальным стаў выпадак з дэзерцірам шляхціцам Рылам з фальварка Рубікі (з-пад Тарнова). Ён далучыўся да аддзела напачатку паўстання і служыў пры камандзіры як выведнік. Разам з селянінам па прозвішчы Ікасала яны прыйшлі да пробашча Дубіцкага касцёла Калікста Ставіцкага , і перадалі яму, нібы просьбу Нарбута, аддаць камандзіру гадзіннік, бо свой ён нібыта страціў. Калі ксёндз адмовіўся аддаць гадзіннік, дэзерціры адвялі яго ў пушчу і прывязалі да дрэва, а самі вярнуліся ў плябанію і абрабавалі яе. Якраз у момант рабавання яны былі арыштаваны ваярамі аддзела. Пасля кароткага ваенна-палявога суда рабаўнікоў высеклі розгамі і пакаралі: яны сабе самі выкапалі магілу і былі жыўцом закапаныя дагары нагамі.

Малады паўстанец Навіцкі (20 гадоў) заснуў на пасту, і суд прысудзіў яго да расстрэлу. Толькі заступніцтва ксяндза-капелана Гарбачэўскага выратавала жыццё маладому ваяру, але назаўтра, пад час бітвы пад Руднікамі, Навіцкі гераічна загінуў. Нарбут даводзіў мясцовым жыхарам, што злачынцаў і рабаўнікоў трэба затрымоўваць і перадаваць паўстанцам, а калі паўстанцаў побач няма, дык перадаваць іх нават камандзірам частак рускага войска для пакарання.

Людвік Нарбут не шкадаваў і сябе. Па усёй Літве людзі пераказвалі наступную гісторыю: "Паўстанцы даведаліся, што адзін са зборшчыкаў грошай - здраднік, які ў чаканні, што да яго па грошы прыедзе сам камандзір, схаваў у сябе 40 казакаў. Ведаючы гэта, паўстанцы атачылі двор здрадніка, і толькі пасля гэтага камандзір разам са сваім ад'ютантам Краінскім прыехаў да яго. Гаспадар радасна сустрэў Нарбута з ад'ютантам і правёў яго ў хату, дзе паўстанцы былі схоплены казакамі. Афіцэр казакаў, дэманструючы сваю павагу да палоннага Нарбута, прапанаваў яму, як баявому афіцэру, застрэліцца, і таму пакінуў палоннага аднаго ў пакоі з рэвальверам. Нарбут зачыніў дзверы і … стрэліў у акно. У двор з усіх бакоў уварваліся паўстанцы і хутка раззброілі казакаў. Тады прыйшоў час Нарбуту выявіць шляхетнасць. Ён адпусціў ўсіх і нават аддаў казакам здрадніка, якога яны самі правучылі бізунамі" [96].


З-за таго, што большасць байцоў не мела баявой вывучкі, аддзел стаў лагерам у Нацкай пушчы (ва ўрочышчы Сеніца), паміж Дубічамі і Грыбашамі, і Нарбут пачаў навучаць сваіх ваяроў вайсковай справе.

Падчас знаходжання ў Дубіцкім лагеры Нарбут зрабіў са свайго аддзела баявую адзінку: прызначыў афіцэраў і ўнтар-афіцэраў, даў людзям першасную баявую падрыхтоўку.

Прыкладная структура аддзела:

Пяхота:

2-3 звязы стральцоў. Не больш за 250 чалавек;

3-4 звязы касінераў;

1 звяз карабінераў.

Кавалерыя:

1-2 звязы. Каля 30 шабель.

Тыл, штаб і г.д.:

20 чалавек.

Усяго: Каля 300 чалавек.

Штаб складаўся з:

- ад'ютанта камандзіра, які быў адначасова начальнікам штаба - Леана Краінскага [97] з Грышанішак;

- другога а'ютанта, Баляслава Нарбута, роднага брата Людвіка;

- інтэнданта, так званага ваеннага камісара - Ансельм Патрыкоўскі з Ліды;

- капелана аддзела, ксендза Стэфана Юзафа Гарбачэўскага ;

- лекара аддзела - доктар Аляксандр Бразоўскі з Гурнофеля;

- майстра па зброі аддзела - невядомага паўстанца.

Камандзірамі звязаў былі Баляслаў Францкевіч , Аляксандр Скавінскі , Уладзіслаў Пілецкі, Уладзіслаў Навіцкі, Пётр Янкоўскі, Уладзіслаў Мікалаі і інш. Наогул афіцэрскі корпус у асноўным складаўся з былых афіцэраў рускага войска, але быў і эмігрант, выпускнік школы падхарунжых у Кунеа - Бразоўскі . Непасрэдна падчас баявых дзеянняў, за заслугі, афіцэрамі сталі Міхал Андрыёлі, Баляслаў Нарбут, Уладзіслаў Пілецк і.

Касінеры, узброеныя косамі, паходзілі ў асноўным з сялян. Каса выстаўленая паралельна тронку, была звыклай сялянскай халоднай зброяй, пры рукапашнай сутычцы, касой рабіліся страшэнныя раны. Падчас бою мастацтва камандзіра складалася ў тым, каб не падставіць касінераў пад агонь агнястрэльнай зброі і ўвесці іх у бой толькі для рукапашнай сутычкі. Па-за боем, касінеры неслі вартавую і выведвальную службу, прычым часта іх выкарыстоўвалі парамі са стральцамі: адзін касінер і адзін стралец.

Стральцы аддзела паходзілі з шляхты і леснікоў. Зброя - паляўнічыя стрэльбы, на якія мацавалі самаробныя багнеты для рукапашнага бою.

Карабінеры - адборная пяхота паўстанцаў, большасць карабінераў раней служыла ў войску. Узброены былі ненаразнымі карабінамі і наразнымі штуцарамі, зброя для іх адмыслова закуплялася або здабывалася ў баі. З-за малой колькасці ўзбраення карабінераў было не шмат.

Кавалерыя - галоўным чынам шляхта на ўласным кані, з уласным рыштункам і зброяй. Узброены кавалерысты паўстанцаў былі па-рознаму, галоўным чынам - паляўнічыя стрэльбы, рэвальверы або старыя пісталеты, шаблі.

Ваяры абозу, тылу, дапаможны аддзел пры неабходнасці ваявалі, як звычайная пяхота.

Пра паўстанцаў напісаў сябар Народнага ўраду Гілер : "… ад станка, ад плуга, са школы, з бацькоўскай хаты … кожны з іх ведаў, што калі яго зловяць маскалі, то ён будзе павешаны або высланы ў Сібір. І ледзь апынуўшыся ў лесе, быў змушаны неадкладна ваяваць, не валодаючы зброяй і не ведаючы тактыкі бою" [98].


У 1863 г расійскае войска на нашай тэрыторыі складалася з дывізіі лейб-гвардыі генерала Быстрома, якая прыбыла з Пецярбурга ў Вільню і з 1-га карпуса пяхоты генерала Лабанцава, які складаўся з трох дывізій пяхоты, дывізіі кавалерыі, карпусной артылерыі і некалькіх палкоў казакаў. Корпус размяшчаўся па ўсім краі, ад Лібавы да Менска і Смаленска. Агульная колькасць расійскага войска ў гістарычнай Літве была каля 60 000 чалавек, гэтыя войскі былі добра ўзброеныя, абучаныя і мелі рэальны баявы досвед.

У сувязі з выбухам паўстання ў Царстве Польскім, генерал-губернатар Назімаў 10 лютага ўвёў ваеннае становішча. Даведаўшыся пра "хеўру" Нарбута, генерал-губернатар Назімаў яшчэ 18 лютага выслаў аддзел штабс-капітана Струкава ў складзе роты пяхоты і паўэскадрона ўланаў "для ачышчэння Лідскага павету ад бунтароў". Але Струкаў не знайшоў паўстанцаў. Тады быў высланы лятучы атрад палкоўніка Вімберга ў складзе роты пяхоты і 30 казакаў.


У канцы лютага, ад паселішча да паселішча, начуючы ў шляхоцкіх фальварках, аддзел Нарбута пайшоў у Рудніцкую пушчу, натуральны стан якой рабіў з яе прыродную цвердзь. Недалёка ад Начы за інфармаванне расійскіх ўладаў, паўстанцамі быў павешаны нацкі тысячнік Антоні Казёл [99]. У 1933 г. у Кавальках быў запісаны аповяд селяніна гэтай вёскі Францішка Сянкевіча (84 гады). Ён распавёў, што тысячнік Казёл пісьмова паведамляў уладам пра аддзел Нарбута. Калі пра гэта стала вядома, Нарбут дараваў яму жыццё, прыняў ад яго прысягу і далучыў да аддзела. Пад час знаходжання аддзела ў Салтанішках Казёл быў у пікеце. Калі па дарозе праходзіў жабрак, ён перадаў праз яго цыдулку расійскім уладам з інфармацыяй пра месцазнаходжанне аддзела. Жабрака затрымаў на дарозе іншы паўстанец і знайшоў цыдулку. За здраду Казёл быў павешаны каля населенага пункта Высокае [100]. З рапарта начальніка штаба 2-й гвардзейскай пяхотнай дывізіі ад 2 (15) сакавіка 1863 г.: "Хеўра гэтая, ідучы з вёскі ў вёску, начуючы ў абшарніцкіх фальварках і шляхецкіх ваколіцах, аб'яўляла сялянам розныя пракламацыі рэвалюцыйнай партыі і вербавала саўдзельнікаў..." [101]. А вось як апісваў перасоўванне аддзела Нарбута адзін з ягоных інсургентаў: "Наперадзе аддзела, хутка рухаліся два маладыя байцы. Карабіны іх гатовыя да бою, канфедэраткі схаваны, яны ўважліва аглядаюць мясцовасць. За імі на адлегласці 300-400 крокаў ідзе авангард аддзела, за авангардам - асноўныя сілы. … паўстанцы па рознаму апрануты, што надае аддзелу дзіўны выгляд, вось шляхціц у сіняй вопратцы з накінутым на плечы лісіным футрам, у яго дарагая паляўнічая стрэльба, новы рэвальвер і прадзедаўская шабля на баку. Побач з ім селянін. На ім доўгая, да калень белая камілька, падпяразаная чорным поясам, блакітная канфедэратка, абабітая чорным футрам, праз плячо на шпагаце замест паса старая крамнёвая стрэльба … і побач з імі маленькі, худы яўрэй..." [102].

Бітва пад Руднікамі

У першых днях сакавіка недалёка ад Веранова, быў арганізаваны напад на пошту, якая рухалася з Вільні ў Ліду, аднак напад быў няўдалы.

9 сакавіка ў вёсцы Вясенчы расійскія атрады Струкава і Вімберга злучыліся.

Стэфан Юзаф Гарбачэўскі.

Цэлы дзень 8-га сакавіка, паўстанцы адпачывалі. Досвіткам 9 сакавіка, пасля звыклага ранішняга набажэнства якое правёў ксёндз Гарбачэўскі, аддзел выступіў у паход і праз дзве гадзіны выйшаў да Віленскага гасцінца. Тут, зусім блізка ад Вільні, было вырашана зрабіць засаду, і такім чынам паведаміць пра сябе насельніцтву і ўладам. Нарбут выслаў звяз карабінераў Скавінскага для дэманстрацыі ў кірунку Руднікаў, каб падняць перапалох і прымусіць сцягнуць туды рускія войскі. Мястэчка Руднікі знаходзіцца на рацэ Мерачанка, недалёка ад Рудніцкай пушчы, на берагах ракі ў той час ляжалі ствалы дрэў, прызначаныя для сплаву. Нарбут паставіў два звязы стральцоў у засаду на лясной высечцы сярод складзеных ствалоў дрэў, а касінераў пакінуў у лесе, як меркавалася, у тыле будучага баявога парадку маскалёў. Рускі атрад рушыў на Нарбута дзвюмя калонамі. Першая калона - войскі штабс-капітана Струкава, рухалася праз Папішкі, Калітанцы, Руднікі на Гудэлі. Другая калона пад камандаваннем палкоўніка Вімберга, спрабавала перакрыць шляхі адыходу на поўнач і акружыць паўстанцаў. У Рудніках Вімберг зрабіў свайму Пётр Янкоўскі. атраду адпачынак, і толькі каля 18-00 ізноў рушыў у бок лесу, дзе казакі раптам наткнуліся на звяз Скавінскага. Адстрэльваючыся, карабінеры пачалі адыходзіць да паляны дзе ў засадзе знаходзіліся галоўныя сілы. Калі казакі наблізіліся, Нарбут закамандаваў: "Агонь". Казакі пачалі адыходзіць, а маладыя байцы, натхнёныя гэтым кінуліся іх пераследаваць. Тым часам з другога боку, ад Лідскага гасцінца з'явілася калона Струкава і пачала перакрываць аддзелу адход да лесу. Таму Нарбут адвёў свой аддзел да лесу, падчас гэтага адступлення пад ім быў забіты конь. Пачаўся новы бой, перастрэлка перайшла ў рукапашную сутычку. І, калі паўстанцы пачалі адыходзіць, у левы фланг рускіх, з крыкамі: "Езус! Марыя! Юзаф!" - ударыў аддзел касінераў. Бой разгарэўся з новай сілай. У выніку, рускія войскі адышлі да Руднікаў. Паўстанцы страцілі 4 чалавекі забітымі, і пасля іх пахавання з набажэнствам кс. Гарбачэўскага аддзел Нарбута адышоў углыб Рудніцкай пушчы. У гэтым баі інсургенты захапілі некалькі штуцараў [103].

Па інфармацыі "Віленскага весніка" № 24 ад 07(21). 03.1863, са спасылкай на "Рускага інваліда" № 44 страты рускіх войскаў склалі: 3 салдаты лейб-гвардзейскага Маскоўскага палка і 1 казак, былі ўзяты трафеі: 3 фузіі і 3 касы [104].

Начальнік штаба 2-й гвардзейскай пяхотнай дывізіі ў рапарце ад 2 (15) сакавіка 1863 г. пра гэты бой дакладаў: "У нас паранены, падчас перастрэлкі і ... пры наступленні на лес, чатыры чалавекі: трое радавых л.-гв. Маскоўскага палка і адзін казак. З іх адзін радавы ..., атрымаўшы рану ў жывот, памёр на наступны дзень, іншыя ... лечацца. У мяцежнікаў забіта чатыры чалавекі, лік параненых не вядомы... . На наступны дзень у лесе і каля вёскі захоплена ... 10 чалавек. Па сведчаннях захопленых ..., мяцежнікі падчас сутычкі мелі каля 80 чалавек" [105].

На наступны дзень Вімберг шукаў паўстанцаў па ўсёй пушчы, але знайсці не змог, былі ўзяты ў палон байцы, якія ішлі на выведку ў бок Вільні. А Нарбут у гэты ж дзень напаў на роту лейб-гвардыі на дарозе да Нацкай пушчы, у сутычцы некалькі гвардзейцаў было забіта, паўстанцы захапілі некалькі штуцараў і хутка адступілі. Менавіта пасля гэтых баёў на вуліцах Вільні з'явіліся атрады рускіх войскаў з гарматамі. У горадзе хадзілі радасныя чуткі пра тое, што Нарбут разбіў маскалёў, у касцёлах спявалі "Te Deum" [106].

З Вільні пачалі пасылаць роту за ротай для падмацавання войскаў на поўначы Лідчыны. На дапамогу Вімбергу з Вільні на вазах прывезлі роту пяхоты лейб-гвардыі, а па чыгунцы ў Алькенікі прыбыла рота Фінляндскага палка пяхоты.

Вімберг са сваімі войскамі вярнуўся ў Вільню, шукаць аддзел Нарбута, замест яго з Вільні прыбыў палкоўнік Епіфанаў з ротай пяхоты Паўлаўскага гвардзейскага палка і казакамі. Паўстанцы, не ўступаючы ў бой, адступілі ў Дубіцкую пушчу, і рускія войскі не змаглі іх знайсці. У "Віленскім весніку" № 30 ад 7(21).03.1863 г. была абвешчана інфармацыя наступнага зместу: "Камандзір 42 данскога палка палкоўнік Епіфанаў, высланы знішчыць рэшткі банды Нарбута, разбітай палкоўнікам Вімбергам пад Рудняй, прайшоў на працягу 10-ці дзён у розных кірунках вялікую частку Лідскага і Троцкага паветаў, але нідзе не знайшоў паўстанцаў. Як вынікае з гэтай інфармацыі, банда Нарбута канчаткова рассыпалася, а ён сам і кс. Гарбачэўскі збеглі ў Царства Польскае".

Тым часам інсургенты даведаліся, што партыя рэкрутаў павінна прайсці праз Шчучын на Гародню і пакінулі Дубіцкі лагер, каб стаць у засаду каля Берштаў. Аднак інфармацыя пра рэкрутаў была памылковай, таму аддзел спыніўся ў новым лагеры ў раёне Зубрава - Дубічаны, тут камандзір ізноў заняўся баявой падрыхтоўкай.

Падзеі у Гродна

Увечар 14 сакавіка начальнік чыгуначнай станцыі Гародні, капітан рэзерву расійскага войска Лявон Кульчыцкі , разам з некалькімі дзясяткамі добраахвотнікаў захапіў гатовы да ад'езду цягнік, каб даехаць да Парэчча і злучыцца з аддзелам Нарбута. У Парэччы іх ужо чакаў Баляслаў Нарбут. "Віленскі Веснік" № 25, 09(22). 03.1863: L'illustration. v.41 1863-№1053. "У суботу … у 10 гадзін вечара, начальнік станцыі чыгункі ў Гародні Кульчыцкі, сабраўшы зламысную банду, спрабаваў выклікаць беспарадкі на станцыі і з'ехаць з горада на прыгатаваным цягніку …. Аднак размешчаная на станцыі рота не дапусціла гэтага. Начальнік станцыі і 8 чалавек здолелі з'ехаць на лакаматыве. Кульчыцкі і яго таварышы, не даехаўшы да станцыі Парэчча, кінулі лакаматыў на дарозе і сышлі ў лес. Машыніст і качагар не пагадзіліся іх везці і ўцяклі".

З рапарта флігель-ад'ютанта палкоўніка графа Бобрынскага да камандуючага войскамі бачна, што 15 сакавіка, каля 10 гадзін вечара патруль, пасланы з Гарадзенскай станцыі чыгункі ў кірунку маста цераз Нёман, паведаміў што каля дзяжурнага лакаматыва знаходзяцца невядомыя людзі. Незвычайнае ў начны час перасоўванне людзей і паравоза зацікавілі камандзіра роты, і ён, пакінуўшы варту каля тэлеграфа, са сваімі салдатамі рушыў да паравоза. Салдаты былі сустрэты стрэламі інсургентаў (каля 100 чалавек). Машыніст паравоза Вінтар і качагар адчапілі паравоз ад прыгатаваных для ад'езду вагонаў, таму, калі Кульчыцкі сам пусціў паравоз, дык з'ехалі толькі з 8 паўстанцаў, якія былі на паравозе. Астатнія былі акружаныя расійскімі войскамі, два чалавекі ўзяты у палон, астатнія схаваліся ў горадзе, расейцы "захапілі 16 ружжаў, косы, шаблі, 1 пуд 30 фунтаў пораху" . Потым у горадзе былі арыштаваны яшчэ 46 інсургентаў [107].


Аналагічны выпадак адбыўся і з выправай віленскай моладзі: 21 сакавіка 60 паўстанцаў былі атакаваны атрадам (рота пяхоты і сотня казакаў) палкоўніка Алхазава каля вёскі Міцкіщкі Троцкага павету. У выніку няроўнага бою 17 паўстанцаў было забіта, частка трапіла ў палон, і толькі меншая частка, на чале з мастаком Міхалам Эльвірам Андрыёлі, здолела вырвацца і дайсці да Нарбута [108].

Пра сустрэчу з паўстанцамі Андрыёлі пазней распавёў у лісце да Уладзіслава Міцкевічу, сыну знакамітага паэта: " Сярод бору бліснуў ствол стрэльбы, а пасля мы ўбачылі пешы пікет. Мы яшчэ не дайшлі да яго, як з глыбіні лесу пачуліся воклічы і праз хвіліну адтуль вывалілася купка ўзброенай моладзі. Разнастайнасць адзення, чырвоны колер, старыя світкі, упрыгожаная срэбрам і золатам зброя, дзёрзкія загарэлыя асобы і гучная весялосць так ўразіла нас, што ад гэтага жывапіснага відовішча мы доўга не маглі апамятацца" . Лагер знаходзіўся на востраве сярод балот Нацкам пушчы. Прыбыўшых па грэблі правялі ў лагер дзе іх з'яўленне выклікала агульнае ажыўленне. У невысокім чалавеку ў шэрай вопратцы і белай канфедэратке на галаве, з шабляй на баку Андрыёлі пазнаў "некалі майго калегу, а цяпер правадыра Нарбута. Ведаў яго маладым хлопцам, а тут пабачыў пасталелыя, дарослым чалавекам ... . Людзі , адарваныя ад знешняга свету, убачыўшы каго-небудзь, хто адтуль прыбыў, з цікавасцю ловяць навіны. Чалавек, які быў табе абыякавы, цяпер робіцца дарагім. Міжволі марыш аб спакойных часах, а тут вакол лес і царскія салдаты, і ты не ўпэўнены ў тым, ці не будзе раніцай на гэтым месцы ляжаць твой труп. Агонь, які падтрымліваецца вялікімі калодамі, весела трашчыць і гуляе з ветрам. Варушацца галіны дрэў над нашымі галовамі. Пад магутнымі стваламі хаваюцца дзеці Літвы. Дзівяцца навакольныя дрэвы, бо тут гучна і весела, а з іх верхавін бачныя маскоўскія штыкі, што неўзабаве будуць пратыкаць грудзі адважнай моладзі. Пытанні і адказы сыплюцца як шалёныя.

Пад шатамі высокіх дрэў ляжаць у беспарадку дываны і скураныя падушкі, сакваяжы, зброя, карты, паперы, алей і гарэлка. Месца начальніка выслана лепш. Ён сам, прыжмурыўшы вочы, сядзіць, абапіраючыся на пень, і прыслухоўваецца да размоў. З іншага боку вогнішча разліваецца чай, і дзяжурны афіцэр з абозным разносяць яго і частуюць сяброў. Так моцна, жыва, шырока - упершыню за многія гады, гучна і свабодна вымаўляем мы: Свабода, Літва, Братэрства. Усё вельмі радуюцца, не відаць сумных асобаў" .

Узбуджаныя паўстанцы не жадалі спаць. Андрыёлі на гармоніку зайграў нешта вясёлае, ногі пусціліся ў скокі. Нарбут дазволіў танцаваць: "Ну , хлопцы, хоць да раніцы, бітвы раніцай не будзе" . І Андрыёлі граў, пакуль не стаміліся рукі. Толькі пасля гэтага паўстанцы ляглі спаць [109].


У палове сакавіка Нарбут выслаў частку свайго аддзела ў раён Забалаць - Нача - Волдацішкі для папаўнення добраахвотнікамі. Тут, па загадзе камандзіра, за здраду, быў павешаны пісар з Забалаці. 21 сакавіка ў Сурконтах да аддзела далучылася 10 сялян, а Нявера з Пелясы прывёў 11 дабраахвотнікаў у Волдацішкі, у маёнтак Геншаля . Стэфан Вільбік [110] як вандроўны музыка, са скрыпкай у руках, абышоў увесь раён Нача - Эйшышкі - Радунь, усюды вербаваў ваяроў і накіроўваў іх у аддзел да Нарбута. Пра з'яўленне інсургентаў 27(14) сакавіка ў Вільню паведаміў і Лідскі ваенны начальнік: "Па атрыманых мною звестках, у ... павеце, у Радунскім прыходзе, які мяжуе з лясамі Гарадзенскага павету, блукаюць групы мяцежнікаў ... . ... у ваколіцу Сурконты ... мяцежнікі ў значнай калькасці, узброеныя пісталетамі і дубальтоўкамі, прыйшлі ў суботу 9 сакавіка каля поўдня ... звялі 10 чалавек, праходзілі таксама праз Пелясу Барцянскую за 3 вярсты ад Сурконтаў, дзе былы дзясятнік Нявера ... угаварыў к мяцяжу 10 чалавек казённых сялян, абяцаў прывесці іх у вёску Волдацішкі абшарніка Геншаля, дзе мяцежнікі збіраліся начаваць, (але) быў прагнаны абшарнікам Геншалем.

... гонар маю дадаць, што для пераследу ... фармаванай ... абшарнікам Нарбутам і ксендзам Гарбачэўскім мяцежнай хеўры, якая павялічылася на даволі значную колькасць людзей, я свае часткі камандзіраваць не рашаюся, бо ... неабходна мець варту ў астрозе, у казначэйстве, пры парахавым склепе і ў іншых месцах - для гэта неабходны дзве роты, а калі адкамандзіраваць адну роту, дык астатняе войска ... будзе слабой абаронай горада, немагчыма будзе мець начныя патрулі, ... і таму для пераследу мяцежнікаў я маю гонар прасіць распараджэння Вашага Высакаправасхадзіцельства.

За ваеннага начальніка - маёр /подпіс/"


Рэзалюцыя Генерал-Губернатара на рапарце:

"Адначасова паслаць з Вільні і Гародні два атрады, у кожным па адной роце пяхоты і па 50 казакаў. Даручыць камандаванне падпалкоўніку Епіфанаву..." [111].

З дакладу бачна добрая праца паўстанцаў па дэзінфармацыі супраціўніка, Геншаль якраз і быў "цывільным начальнікам Лідскага павету".

Бой паміж маёнткамі Дубічы і Глыбокае

Вось як апісваў выправу з Вільні на Лідчыну афіцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў: "Збор рот у экспедыцыю не абцяжарыў адпраўлення, таму што быў самым кароткім; людзі не бралі з сабой ранцаў, a замест іх мяшкі з сухарамі, хлебам і самымі неабходнымі рэчамі, на арцельныя вазы паклалі катлы, крупы і розныя запасы. Афіцэры таксама не дазвалялі сабе запасацца нічым лішнім: лямец з скураной падушкай, лішняя пара ботаў ... былі іх адзіным камфортам. Праз тры гадзіны, атрад выступіў з казармаў, a ў 7 гадзін ужо ехаў па чыгунцы. Перад адпраўкай цягніка, капітан Цімафееў распарадзіўся спыняць цягнік па яго камандзе, a на лакаматыў загадаў паставіць 5 выдатных стралкоў з зараджанымі стрэльбамі" [112].

Нарбут не планаваў новых сутыкненняў, бо думаў, што на Вялікдзень (у 1863 г. 12 красавіка каталіцкі і 31 сакавіка стст. праваслаўны), улады не будуць пачынаць баявых дзеянняў. 7 красавіка атрад паўстанцаў знаходзіўся ў маёнтку Рачкоўшчына, адтуль пайшоў да Шчучына, дзе нейкі час стаяў лагерам, а далей праз Новы Двор перайшоў да Глыбокага, побач з Гарадзенскай пушчай.

Ужо 10 красавіка капітан Цімафееў на чале дзвюх рот Паўлаўскага лейб-гвардзейскага палка і паўсотні казакоў выйшаў з Ліды да Берштаў для пошуку Нарбута, 13 красавіка з той жа мэтай з Гародні высунуўся палкоўнік Вернер на чале трох рот Калужскага палка пяхоты, эскадрона Курляндскага палка ўланаў і сотні казакаў. Нарбут дазнаўшыся пра гэтыя перасоўванні расійскіх войскаў разбурыў мост на рацэ Котры каля Берштаў і праз Пілоўню (Пілоўня - засценак на рацэ Нявіша, 10 км ад Новага Двара) накіраваўся да лагера ў Гарадзенскай пушчы.

Капітан Цімафееў 11 красавіка прыбыў у Бершты, тут рускімі войскамі быў павешаны солтыс і пісарчук. Дапытваючы сялян, Цімафееў даведаўся, куды пайшоў Нарбут [113]: ".... неўзабаве была атрымана інфармацыя, што каля вёскі Бершты мяцежнікі разабралі мост на рацэ Котра. Даведаўшыся пра гэта, начальнік атрада загадаў ротам паскорыць крок і разабраць хлеб на рукі з пакінутых фурманак, на падводы пасадзіць людзей з шанцавымі прыладамі для папраўкі моста, сам жа з 35 казакамі накіраваўся рыссю ў Бершты. ... мост ... аказаўся разбураны; палі моста засталіся ў цэласці, бэлькі былі надсечаны, a насціл скінуты і знесены плынню". Казакі перайшлі раку бродам, а салдаты па бэльках моста, і рускі атрад фарсіраваным маршам пайшоў на Пілоўню. "З роспытаў сялян ... нічога нельга было дамагчыся; ад іх увесь час мы атрымлівалі аднастайны адказ: "Далі Буг, ніцма не ведаю". Аднак казакі даведаліся, што ў фальварку Глыбокае Нарбут з ксендзам Гарбачэўскім, прыводзілі да прысягі навербаваных сялян, акрамя таго даведаліся, што хеўра рушыла лясамі ў в. Дубічы" . Ідучы следам, Цімафееў дагнаў аддзел Нарбута і пачаў пошукі інсургентаў: спачатку войскі агледзелі паўночную частку лесу, якая знаходзілася паміж Дубічамі і Глыбокім і не сустрэлі ў гэтай частцы лесу нікога, але салдаты дайшлі да фальварка Дубічы абшарніка Янкоўскага, "пры аглядзе якога знойдзена ў свіранах велічэзная колькасць харчоў для разгавення, бо гэта было напярэдадні Вялікадня. Яўрэі шапталі, што гэта прыгатавана для мяцежнікаў. Мітусня, якая зрабілася ў фальварку пры з'яўленні войскаў, прымушала міма-волі меркаваць, што паўстанцы толькі што яго пакінулі" . Далей "капітан Цімафееў рашыўся агледзець паўднёвую частку лесу ў ... баявым парадку. Толькі наш ланцуг пачаў падыходзіць да ўзлеску, як быў сустрэты залпам; падпусціўшы нас на 30 крокаў, мяцежнікі далі яшчэ залп, які перайшоў у беглы агонь. Мяцежнікі стралялі, прыкрываючыся засекамі, складзенымі з напалову надсечаных дрэў. Яны так майстэрскі карысталіся гэтым, што іх практычна не было бачна, і нашым салдатам, даводзілася страляць на дымок" . Пачаўся няроўны бой, аддзел паўстанцаў меў не больш за 150 чалавек супраць 500 салдат, прычым занятая пазіцыя ўсё ж не была зручнай для абароны. Пасля перастрэлкі паўстанцы хутка адступілі ў глыб лесу. "Пераслед ... быў спынены з-за густога лесу, з прычыны цемры і моцнай стомы людзей. У нас былі забіты: радавы Панькоў і Мацвееў: paнены ўнтар-афіцэры: Любімаў, Ліцвінаў і радавыя Малацілаў і Залыгін" [114]. Рускі атрад, які стаміўся ад 50-ці кіламятровага маршу і бою, заначаваў у суседнім Новым Двары.

Сам Людвік Нарбут так апісаў гэты бой у рапарце да Нацыянальнага Ўраду:

"Рапарт ваеннага начальніка Лідскага павету ад 16.IV.

Выконваючы марш з маім аддзелам у паўднёвай частцы Лідскага павету, быў атакаваны маскалямі ў лесе Даўніна, паміж маёнткамі Глыбокае і Дубічы. 10 красавіка стаў на пазіцыю і паслаў кавалерыйскую частку да Берштаў знішчыць мост на рацэ Котра, каб перапыніць камунікацыю ад чыгуначнай станцыі Парэчча, пра што маскалям адразу стала вядома. Раніцай 11 красавіка з'явіўся вораг у колькасці 5 рот пяхоты і казацкай сотні.

Высланая выведка паведаміла пра набліжэнне рускіх войскаў. Хоць мясцовасць мне не спрыяла, і я не меў дакладнай інфармацыі пра сілу ворага, вырашыў прыняць бой. Бог дабраславіў нашу зброю. Вораг, маючы больш жывой сілы, лепшую зброю, пачаў націскаць. Я, зразумеўшы, што магу быць акружаны, загадаў адыходзіць, адыход быў праведзены вельмі ўдала, бо прыйшлося адыходзіць на вачах у ворага на працягу 6 вёрст адкрытым полем. Страцілі ў баі 1 забітага і 5 параненых, вораг страціў 15 забітых і 13 параненых, паміж імі паранены адзін ад'ютант і палкоўнік.

Ваенны начальнік Лідскага павету Нарбут" [115].

Пасля гэтага бою Лідскі ваенны начальнік палкоўнік Амсараў так апісаў тактыку паўстанцаў: "Хеўра гэтая добра арганізавана і ўзброена, падчас дзеянняў яны высылаюць ланцугі і з дасканаласцю карыстаюцца мясцовасцю, нават уладкоўваюць засекі для ўласнай абароны. Не маючы абозу, лёгка апранутыя, знаёмыя з мясцовасцю, яны займаюць у лесе цяжка даступныя пазіцыі. Пры набліжэнні войскаў, хоць не і выяўляюць вялікага супраціву, але сустракаючы войскі яны ... хутка адыходзяць у гушчар і зноў займаюць іншую пазіцыю, пры гэтым ... нашы войскі, не маючы магчымасці нагнаць іх у густым лесе, могуць несці безкарысныя страты...". Амсараў прапанаваў пазбавіць паўстанцаў магчымасці пераходзіць з аднаго лесу ў другі і для гэтага накіроўваць супраць іх адначасова некалькі атрадаў урадавых войскаў [116].

На наступны дзень рускія войскі займаліся эвакуацыяй параненых у шпіталі Вільні і пахаваннем забітых. Забітыя былі пахаваны з вялікай пашанай у трунах абабітых атласам. Таксама назаўтра, пасля бою, салдаты абшукалі маёнтак Глыбокае Валенты Мікуліцкага , пры гэтым яны разрабавалі яго гаспадарку на 13000 зл. Быў арыштаваны Стэфан Янкоўскі з Дубічаў: "... раніцай казакі атрада ўбачылі каляску, з якой пры іх набліжэнні выйшаў спадар і распарадзіўся, каб каляска працягвала ехаць далей. Сам жа ён пайшоў насустрач казакам і прасіў іх накіравацца ў блізкі лес, дзе ён, як быццам, толькі што бачыў, як некалькі чалавек адлучыліся ад хеўры мяцежнікаў. Казакі не паддаліся на зман і, не давяраючы словам спадара, затрымалі яго, а потым дагналі каляску ў якой знайшлі больш за пуд пораху і зброю" [117]. Мікуліцкага і Янкоўскага аддалі пад суд і саслалі ў Сібір.

Нарбут выкарыстоўваў наступны пасля бою дзень для адыходу: у Якубавічах паўстанцы раскідалі за сабой мост і далей праз Зубрава і Ганелькі атрад адышоў да Нацкай пушчы, да свайго старога лагера паміж Дубічамі і Грыбашамі, на так званай "гары Сеніца". Паводле неапублікаваных запісак Вандаліна Шукевіча, менавіта тады насельніцтва вёскі Зубрава дапамагло Нарбуту арганізаваць удалую засаду, за што вёску спалілі, а жыхароў выслалі ў Сібір.

Генерал-губернатар Назімаў у першы дзень Вялікадня заявіў, што ўсё скончана - на Літве адноўлены парадак, бо застаўся толькі адзін Нарбут [118].

Бітва пад Кавалькамі

Кавалькі - вёска над ракой Нача.

Адразу пасля Вялікадня рускія зноў выступілі на пошукі Нарбута наступнымі сіламі:

1. Капітан Цімафееў ішоў з Новага Двара на Сабакінцы на чале дзвюх рот Паўлаўскага палка пяхоты і звяза 42-га казачага палка, разам 550 чалавек.

2. Палкоўнік Вернер загадзя выступіў з Гародні на Новы Двор на чале трох рот Калужскага палка пяхоты, эскадрона Курляндскага палка ўланаў, звяза казакоў, разам 850 чалавек.

3. Палкоўнік Алхазаў, чарговы ваенны начальнік Лідскага павету сабраў у Лідзе атрад з роты Фінляндскага палка пяхоты і эскадрона казакаў лейб-гвардыі, разам каля 300 чалавек і рыхтаваўся выступіць з імі на Дубічы для сумесных дзеянняў з атрадам Цімафеева.

4. З поўначы, з боку адзінай у той час у нашых краях чыгункі, з Алькенік выйшаў лятучы атрад капітана Кавера ў складзе роты Неўскага палка пяхоты, паўэскадрона Курляндскага палка ўланаў і паўзвяза казакаў, разам 300 чалавек. Ён павінен быў не дазволіць Нарбуту адступіць з Рудніцкай пушчы на поўнач [119].


Палкоўнік Вернер праз Новы Двор прыбыў у Бершты і тут даведаўся, што паўстанцы стаяць лагерам каля вёскі Шумы. Далей, 17 красавіка ён праз Зубрава рушыў дзвюмя калонамі, а менавіта: 1 калона - дзве роты пяхоты - рушыла праз вёску Мастэйкі і чыгуначную станцыю Марцінканцы, 2 калона - уся астатняя частка атрада - праз вёску Даржэлі да чыгуначнай станцыі Марцінканцы. Злучыўшыся, далей атрад пайшоў да вёскі Шумы.

Пяхота Алхазава 18 красавіка ўвайшла ў Дубічы, а яго кавалерыя ў Начу і Салтанішкі. У гэты ж дзень пяхота Вернера заняла Рудню, а кавалерыя - Грыбашы. У 19-00 адбылося сутыкненне расейскага патруля з выведкай паўстанцаў каля вёскі Дручміны. З раніцы 20 красавіка, расейцы апытвалі мясцовае насельніцтва, каб даведацца дзе знаходзяцца галоўныя сілы інсургентаў, але "ні пагрозы, ні пераконванне на іх не падзейнічалі" [120]. У гэты момант Нарбут меў у аддзеле ад 200 да 300 ваяроў. Зразумеўшы, што бою не пазбегнуць, ён адышоў у яшчэ больш лясістую і багністую частку пушчы - да вёскі Кавалькі. Гэта месца не было ідэальным для бою, бо з тылу ішлі велізарныя балоты, а на правым фланзе было возера Думбля, і адпаведна, не было манеўру для адступлення. Тут паўстанцы размясціліся ў гатоўнасці да бою: тры звязы стральцоў размясціліся паўколам, камандзір з карабінерамі размясціўся пасярэдзіне, а касінеры занялі пазіцыю ззаду ўсіх. У такім стане аддзел правёў ноч з 18 на 19 красавіка, байцы спалі са зброяй, гатовыя ў любы момант да бою. Раніцай на выведку з патрулём быў высланы Пілецкі.

Вернер, разумеючы, што мясцовае насельніцтва сочыць за ім, пакінуўшы толькі некалькі казакоў для падтрымання гарэння вогнішчаў на стаянцы, увечар рушыў у бок Начы. З Начы 20 красавіка ён адправіў кавалерыю праз Салтанішкі на Дубічы з мэтай абыйсці пазіцыі Нарбута і не даць яму магчымасць адступіць, а сам з пяхотай пайшоў на вёску Буды. У Будах былі выяўлены сляды аддзела паўстанцаў, якія вялі да балота каля возера Думбля. Схоплены ляснік з вёскі Буды па прозвішчы Мядзведскі не вытрымаў катавання і пагадзіўся правесці войскі да лагера Нарбута.

У 15-30 Вернер выслаў пяхотны звяз да вёскі Паддуб'е і роту да вёскі Кавалькі. Селянін Мацкевіч распавёў рускаму афіцэру пра тое, што яго сусед, ляснік Барталамей Кандрат з Паддуб'я, дапамагае Нарбуту як выведнік і кур'ер. Ляснік быў арыштаваны, а вёска Паддуб'е разрабаваная. Далей войскі рушылі да Кавалек, дзе і былі абстраляныя патрулём Пілецкага. Руская рота тры разы хадзіла ў штыкавы бой, але была тры разы адбіта. Даведаўшыся пра гэта, Вернер адправіў да Кавалек падпалкоўніка Манцейфеля з ротай пяхоты на дапамогу, па дарозе падпалкоўнік павінен быў аб'яднацца з кавалерыяй. Сам Вернер з іншай пяхотнай ротай рушыў на гук стрэлаў і праз два кіламетры патрапіў пад абстрэл паўстанцаў. Скаардынаваўшы свае дзеянні, войскі пачалі наступаць па ўсёй лініі абароны Нарбута. Але наступаць у такой у багністай мясцовасці было складана, салдаты правальваліся ў багну, і паўстанцы стрымлівалі націск. Да канца бою з боку Дубічаў падышоў атрад падпалкоўніка Манцейфеля і таксама адразу ўступіў у бой.

Пад націскаў усіх сіл непрыяцеля паўстанцы пачалі адыходзіць, выкарыстоўваючы пры гэтым сваю перавагу ў веданні мясцовасці. Адарваўшыся ад войскаў у Дубіцкай пушчы, Нарбут падзяліў аддзел на часткі і, паведаміўшы кожнаму камандзіру пра месца збору ў Гарадзенскай пушчы, загадаў адыходзіць паасобна. З-за наступіўшай цемры і стомленасці, царскія войскі не змаглі пераследаваць інсургентаў па багністай мясцовасці і таму заначавалі ў Дубічах. "За выключэннем некалькіх стрэльбаў і кінутых катлоў на вазах, іншых трафеяў не было", - пісалася ў афіцыйным паведамленні. Паўстанцы страцілі 7 чалавек забітымі і 5 параненымі [121].

А вось як бой пад Кавалькамі апісаў яго удзельнік Міхал Эльвіра Андрыёлі: "Акружаныя і заціснутыя маскалямі, якія мелі за справу гонару разбіццё аднаго аддзелу, што меў славу на Літве, цэлую ноч адступалі без дарог, змучаныя, галодныя, замёрзлыя. Ксёндз Гарбачэўскі, Краінскі, Нарбут і праваднік са свечкаю ў руках шукаюць дарогі па пушчы. Мы парамі, хістаючыся ад стомы і сплючы на маршы, чапляючыся за калоды і вываратні, сунемся следам за агеньчыкам. Бываюць хвіліны, што нашы праваднікі губляюцца ў вялізарнай пушчы, кажуць аддзелам спыніцца, а самі разыходзяцца шукаць слядоў дарогі: тады адны стоячы, другія прысеўшы, іншыя абапёршыся зноў засынаюць чуткім сном. Зноў каманда: "Руш" - і цягнецца сонная, змучаная дружына.

Пад раніцу, пераканаўшыся, што кружым вакол, кідаем асцярожнасць і галодныя спыняемся недалёка ад хаты лесніка ва ўрочышчы Лакштунцы. Пра выбар пазіцыі няма гаворкі. Бо мы думаем, што маскалі, збітыя нашым начным бадзяннем, пакінуць нас у спакоі. Затрымаліся ў сярэдзіне вялізнага лесу, маючы за сабой балота, а перад вачамі невялікую прасеку, цераз якую вілася сцежка да лесніка. Сонца пачынае прыпякаць, пад адзінаццаць раніцы становіцца горача. Кожны размясціўся, як мог, захоўваючы, аднак, баявую лінію, павернутую фронтам да прасекі. Адны спяць, другія ядуць, іншыя выграваюцца на сонцы, некаторыя чытаюць кніжкі альбо лісты.

Каля другой пазіцыі ад паўдня зменены пікеты, цішыня ў лагеры нечуваная, чуцён піск мух і камароў. Нарбут на хвіліну адышоў за зараснік, звыклая пільнасць на гэты раз аслабла, цяпло і стома апанавалі ўсімі.

Раптам стрэл здалёку, а за ім два іншыя: "За зброю, за зброю!". Нарбут ужо паміж намі. Забурліла, як у катле, падхопліваюцца задрамаўшыя... пытанні, неспакой, замяшанне. Толькі начальнік спакойны, гаворыць пасунуцца наперад на 300 крокаў і заняць баявую лінію па трое ўздоўж краю лесу і прасекі.

Пераканаліся тады, што можа халодная адвага аднаго чалавека. Усе, хвіліну назад трывожныя, неспакойныя, гатовыя ўцякаць, зараз прытомныя, зручна пазаймалі прызначанае сабе месца. Касінеры з афіцэрам у баявой калоне залеглі праз 200 крокаў за стралкамі. Тыя ж, хаваючыся за пнямі і ў кустах, галавой наперад з руляй перад сабой і пальцам на спуску, чакалі каманды да стральбы, а здалёку ўжо гралі маскоўскія трубы баявы сігнал: "Рассыпались молодцы! За камни, за кусты, по два в ряд!" Знаёмы той сігнал дагэтуль гучыць у вушах. У лесе, дзе кожны куст, кожнае дрэва хавае засаду, дзе ніколі нельга палічыць непрыяцеля, дзе кожнаму здаецца, што толькі ён і некалькі бліжэйшых яшчэ бароняцца, а рэшта ўжо ўцякла, дзе рэха сто разоў паўтарае стрэлы і рык маскалёў, а небяспека, здаецца, атачае з усіх бакоў - вайсковая труба робіць немалое ўражанне. "Пане Пілецкі, - гукае Нарбут, - вазьмі 10 чалавек і руш на рэкагнасцыроўку, - а праз хвіліну: - Калі ласка, не рызыкуй". Пілецкі, былы студэнт Пецярбуржскага ўніверсітэта, смелы, талковы, разважлівы, а прытым ветлівы і далікатны хлопец, быў улюбёнцам усяго аддзела. Яму то Нарбут давяраў найрызыкоўнейшыя справы, пэўны ў тым, што той з іх смела і разважліва выйдзе.

Пасля адходу Пілецкага наступіла ціша, якой нават маскоўская труба не прарывала. Толькі сэрцы біліся хутчэй. Нарбут перабягае ўздоўж усёй лініі з шашкай у адной і шапкай у другой руцэ, спыняецца, слухае і зноў выглядае, ці ўсе на месцы.

Страшную цішу неспадзявана разрываюць гукі некалькіх стрэлаў, загралі трубы і даляцела: "Ура-Ура", якое лес падхапіў і на тысячу таноў паўтарыў. Зашамацелі кусты, і з стрэльбамі, якія яшчэ дыміліся, выскачылі нашы рэкагнасцыроўшыкі. Твары белыя, дыханне прыспешанае: "Пане начальнік! Ідуць шасцёркамі, лінія вялізарная, займаюць крылы!" - Добра! На месца! Ціха... ніякіх галасоў! Хто крыкне - расстраляю! Страляць прыцэльна! Чакаць, пакуль не загадаю! Каб мне ніхто не піскнуў! А ад стрэлаў маскоўскіх здавалася, што ломіць лес, кулі капаюць зямлю. Ужо сям-там чуваць: "Езус, Марыя! Правядзіце мяне на воз!" Але загадана не страляць. І кожны сэрцам, што гучна б'ецца, з стрэльбай наперад чакае, пакуль яму пакажацца маскаль.

Гулка грыміць лес. Стрэлы і крыкі ў 100 раз гусцейшыя і бліжэйшыя, ломяцца галіны, чуваць рух цяжкай масы. Праз хвіліну ўбачым маскоўцаў, а перад намі прасека, ціхая аблітая сонцам.

Замігалі шэрыя шынялі, бліснула зброя і белыя акруглыя аблочкі на фоне лесу. Маскалі займаюць супрацьлеглы край прасекі. Хаваюцца за дрэвы, але наперад, нягледзячы на загады афіцэраў, не рухаюцца. Відаць, іх непакоіць ціш з нашага боку. Нарэшце з трэскам і стрэламі рухаюцца шасцёркамі. Была то хвіліна збавення, сэрцы біліся гвалтоўна, яшчэ 40 крокаў і вытнуць у штыкі, але раздаўся знаёмы нам моцны голас: "Агонь, хлопцы, усёй лініяй!" І ад канца да канца праляцеў выбух больш сотні стрэлаў, а потым ціша і дым.

Не граюць трубы, маўчыць "Ура!".

- Добра, добра, спраўна, набіць зброю, востра, хлопцы! - гукае расчырванелы Нарбут, абабягаючы ўсю лінію.

Зноўку граюць трубы, і чуваць маскоўская каманда, зноўку грымяць стрэлы і: "Ура, вперёд, ребята!". Ломяцца кусты. Прымушаныя, гнаныя сілай паслушэнства, кідаюцца маскалі галавою ўніз з штыкамі наперад. Ужо, ужо сядзяць нам на карку. Яшчэ хвіліна - і ўсе кінемся наўцёкі. Але на выгук: "Агонь, прыцэльна!" запаляюцца 150 стрэльбаў на нашай лініі. Воблака дыму закрывае ўсё, уціхае трэск, чуваць толькі енкі параненых і канаючых з абодвух бакоў.

Але не доўга трывае цішыня, падходзіць падмога. Зноў заенчыў лес, стрэлы, крыкі, паніка... Даём агню некалькі разоў, яшчэ трымаемся. Раптам пабегла левае крыло, зламанае націскам маскалёў, стараемся ўтрымацца, але ўжо позна. Кідаемся направа, за малое балотца, дзе ўсё Уладзіслаў Навіцкі. фармуецца вакол начальніка. ...Агонь аддаляецца, чуваць толькі адзіночныя стрэлы, галасы ціхнуць, лес замаўкае, ціша, але як яна адрозніваецца ад ранейшай. Бітва скончылася. Пунцовае сонца села за лесам. Здалёк даходзіць да нас глухі шум размоў, водгалас трубы і ад часу да часу далёкі стрэл. Ноч..." [122].

Карбоўскі дае інфармацыю пра гібель у гэтай бітве 7 інсургентаў, у тым ліку крэўнага Людвіка Нарбута - Войцаха Нарбута , былога капітана расійскай арміі і Ўладзіслава Навіцкага , жыхара Міхайлаўкі [123]. Палкоўнік Вернер у рапарце пры гэту сутычку піша пра удзел у ёй уз'яднаных сіл двух аддзелаў - Нарбута і Навіцкага, прычым называе Навіцкага камандзірам над уз'яднанымі сіламі і дакладвае пра яго гібель і гэтай бітве [124]. Навіцкі і яго аддзел - да гэтага часу загадка ў справе гісторыі паўстання на Лідчыне. Пра гэты аддзел няма ніякай інфармацыі ад абодвух бакоў тых падзей, пры тым, што аддзел Навіцкага ўдзельнічаў у вялікай сутычцы з царскімі войскамі на полі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы: тут паўстанцы панеслі вялікія страты і адступілі праз балоты ў бок Нёмана.

20 красавіка аддзелы Алхазава і Цімафеева, якія таксама дзейнічалі супраць Нарбута, злучыліся, і, даведаўшыся пра бітву пад Кавалькамі, рушылі на Рудню і Шумы, каб не даць паўстанцам адысці да Гарадзенскай пушчы. Каля Каняваў былі выяўлены сляды адной з груп аддзела Нарбута (камандзір - Чудоўскі ), войскі ішлі за гэтай групай да вёскі Станюнцы. Тут 21 красавіка паўстанцы былі атакаваны, забіты 12 інсургентаў, астатнія рассыпаліся на дробныя групкі, у палон патрапілі Канапацкі (хутка памёр ад ран), Франскевіч і Цымерман (вучань Віленскай гімназіі).

23 красавіка Вернер прайшоў участак ад Рудні да Марцінканцаў, але паўстанцаў не знайшоў. Нарбут з малым аддзелам прабіраўся лясамі да Гарадзенскай пушчы, і ваяры ўсімі магчымымі спосабамі хавалі свае сляды. У пушчы, недалёка ад Зубрава, група Нарбута каля тыдня адпачывала.

Пасля бітвы пад Кавалькамі імя Нарбута праславілася на ўсю Літву: з годнасцю вытрымаў ён сутыкненне са значана пераўзыходзячым яго па колькасці праціўнікам. Нацыянальным Урадам Нарбуту было прысвоена званне палкоўніка, у дэкрэце аб прысваенні звання было напісана: "Маючы на ўвазе відавочныя заслугі перад справай незалежнасці … ваеннага начальніка Лідскага павету афіцэра Людвіка Нарбута … намінаваць палкоўнікам паўстанцкага войска … з прымацаваннем да сіл Віленскага ваяводства" [125].

Расейскі афіцэр пісаў "Але Нарбут не быў яшчэ забіты і, дзякуючы энергіі гэтага чалавека, ужо пад 20-е красавіка (на пачатку траўня па новым стылі - Л.Л. ), ён з'явіўся на чале адборнай і выдатна ўзброенай хеўры" [126].

Параза пад Дубічамі

Пошукамі Нарбута акрамя сталага лідскага гарнізона займалася значная частка дывізіі лейб-гвардыі генерала Вельямінава (Паўлаўскі полк пяхоты, эскадрон Курляндскага палка ўланаў, эскадрон драгун лейб-гвардыі, сотня казакаў, дзве батарэі палявой артылерыі (8 гармат), палова L'illustration. v.41 1863-1059. батарэі лёгкай коннай артылерыі (дзве гарматы), у цэлым каля 3000 чалавек. 1 траўня войскі маршам ішлі ад Эйшышак на Дубічы. Спыніўшыся каля леснічоўкі недалёка ад Дубічаў, вайскоўцы дапыталі лесніка Адама Карповіча - сталага сувязнога Нарбута. Яго доўга збівалі, адначасова абяцаючы добрую ўзнагароду, і прымусілі паказаць месца стаянкі інсургентаў у раёне Станюнцаў. Пасля начлегу ў Дубічах войскі па гасцінцы праз Начу дэманстратыўна рушылі на поўнач, тым часам меншая частка, пад камандай капітана Цімафеева (тры стралковыя роты, звяз казакаў 42 данскога палка - каля 700 чалавек), засталіся каля Дубічаў у засадзе.

1 траўня Людвік напісаў апошні ліст да жонкі:

"Мая Найдаражэйшая.

Дзякуй табе стокротна за тое, што памятаеш пра мяне, ліст, напісаны тваёй каханай ручкай, праз Тосю дайшоў да мяне і напоўніў вялікай радасцю маё зпрагнёнае сэрца весцю пра Маю Найдаражэйшую котачку. Ужо пачаў сумнявацца, ці кахаеш мяне, але сёння Тося ўпэўніла мяне, што памятаеш пра мяне і кахаеш яшчэ больш, чым раней. Гэта для мяне вялікае шчасце, і гэта дае моцы і далей несці пакуты за край і за цябе, мой анёл. Бясконца рады, што тваё здароўе, мой малыш, палепшылася, я таксама на сваё не магу наракаць. ... Цалую і абнімаю цябе, маю Наймілейшую і Найдаражэйшую, мільён разоў. Думаю пра цябе і ў думках размаўляю з табой. Бог ласкавы, Матка яго Святая, што бароніць Нашу Літву, можа дазволіць нам дачакацца той шчаслівай хвіліны, калі мы зноў сустрэнемся і будзем кахаць адзін аднаго і дзякаваць Найвышэйшага тварцу за дабрыню яго да нас. Сумна мне, што мушу скончыць свой ліст, бо і хвіліна ў мяне на ўліку. У цябе ўкаханы, заўжды моцна і шчыра, прывязаны да сваёй Дарагой.

Людвік".


Развітваючыся з сястрой Тосяй, Людвік сказаў ёй: "… вяртайся той жа дарогай. Мы пяройдзем бліжэй да Дубічаў, там нам прывязуць хлеб. Потым, можа, пойдзем пад Гародню. З-пад Дубічаў будзе мала што чуваць пра нас, перадай вось гэтыя кветкі бацьку і жонцы". Людвік правёў сястру да краю лесу і развітаўся, потым сеў пад дрэва і нейкі час сядзеў задуменны і сумны… .

2 траўня Нарбут, пакінуўшы падпаленыя вогнішчы, сышоў са стаянкі каля Станюнцаў. Аддзел пераправіўся цераз Котру і перамясціўся на 10 кіламетраў на поўдзень. На поўдзень ад возера Пеляса, паміж Дубічамі і Раманавым аддзел спыніўся. Тут уначы з 2-га на 3-га траўня Нарбут атрымаў важныя загады ад Нацыянальнага Ўраду, у тым ліку маніфест Ураду Літвы ад 30 сакавіка, які заклікаў народы Літвы і Беларусі да паўстання 3 траўня. Атрымаў палкоўнік і наступны дакумент: "Нацыянальны Ўрад намінуе грамадзяніна Людвіка Нарбута вярхоўным камандуючым узброеных сіл Вялікага Княства Літоўскага ўсюды, дзе такія будуць з ім у кантакце ...".

Адзін з біёграфаў Нарбута пісаў, што з самага моманту атрымання загаду Нацыянальнага Ўраду пра ўсеагульнае паўстанне Людвік страціў свой звычайны спакой і запаў у нейкую цяжкую задуменнасць, якая ўжо не адпускала яго да апошняй бітвы. Нешта яго гняло і адбірала жыццёвую энергію. Можна выказаць здагадку, што палкоўнік разумеў, што ўсеагульнага народнага паўстання не будзе, што і на гэты раз агульная справа будзе прайграная. Што ж, яму заставалася толькі да канца выканаць свой абавязак. Пэўна ён ужо прадчуваў сваю хуткую смерць, нездарма, атрымаўшы ад сястры Тосі новую чамарку, сказаў, што знасіць яе ён ужо не паспее.

Тым не менш у той дзень Нарбут разаслаў загады да зноў арганізаваных груп паўстанцаў пад Лідай, Трокамі (камандзір - Віславух), Ашмянамі (камандзір - Парадоўскі), Наваградкам, Слонімам і г.д. Аддзелам была пастаўлена задача рухацца да Дубічаў, далей палкоўнік планаваў сустрэцца з царскімі войскамі каля балот Котры і Пелясы і даць там рашучы бой.

Становішча паўстанцаў у непраходнай Дубіцкай пушчы было амаль што ідэальным, пачуваючы сябе ў бяспецы, аддзел займаўся баявой падрыхтоўкай, а дубіцкі пробашч і мясцовая шляхта пераконвалі Цімафеева, што чутныя часам стрэлы - гэта стрэлы паляўнічых-старавераў.

Адам Карповіч ад сялян дазнаўся, што аддзел Нарбута знаходзіцца ў Дубіцкай пушчы каля возера Пеляса і данёс уладам. Цімафееў таемна вярнуўся з Забалаці, раніцай 4 траўня войскі адпачылі ў Дубічах і досвіткам увайшлі ў пушчу. З дапамогай падкупленых сялян Адама Карповіча і Антона Талікоўскага (ці Талочкі), былі знойдзены сляды інсургентаў [127]. На раніцы аддзел Цімафеева праходзіў праз мястэчка Забалаць, дзе "абывацелі ... глядзелі на нас звярамі, ад іх, зразумела, звестак пра хеўру мы не атрымалі. Толькі роты сталі выходзіць з паселішча, як прыскакаў казачы раз'езд, ... які перадаў, што Нарбут хаваецца недалёка Дубічаў каля возера Пеляса; пасля гэтай весткі аддзел хутка накіраваўся да возера Пеляса, куды хутка прыбыў і размясціўся ў Дубічах, якія аддзяляліся ад лясоў ракой Котрай" . Для пошуку паўстанцаў, быў пасланы на другі бераг выведнік. Вярнуўшыся, ён расказаў, што за ракой ёсць пікет паўстанцаў. Выведніку з мясцовых не асабліва давяралі, і таму штабс-капітан Рэнвальд, камандзір 1-й стралковай роты, вызваўся праверыць гэтае данясенне. Пераапрануты паляўнічым, ён ўзяў з сабой стрэльбу і сабаку і, сеўшы ў човен, загадаў двум веслярам, таксама ўзброеным стрэльбамі, плыць уніз па рацэ. Пад'ехаўшы да таго месца, дзе першы выведнік бачыў пікет, афіцэр выйшаў з лодкі і пачаў аглядаць процілеглы бераг, быццам бы адшукваючы дзічыну, і неўзабаве ўбачыў пікет інсургентаў. Складзеныя ў сошкі стрэльбы з развешанай на іх бялізнай даказвалі, што паўстанцы не чакалі з'яўлення выведніка. Аднак вартавы заўважыў Рэнвальда і прыцэліўся ў яго, тады афіцэр хутка знік з берага, дабег да чоўна і паплыў да сваіх [128].

Нарбуту паведамілі пра з'яўленне нейкіх падарожнікаў са стрэльбамі, ён нават агледзеў іх у бінокль. "Паляўнічыя, нічога больш, ідуць на качкі", - сказаў камандзір і пайшоў у іншую частку лесу [129].

4 траўня, каля 17-00 рускія войскі рушылі да лагера паўстанцаў, вёў іх Адам Карповіч, чалавек які дасканала ведаў мясцовасць. Пераправіўшыся цераз Котру па кладках і на лодках, яны пачалі акружаць лагер Нарбута. Першымі ішлі салдаты, апранутыя ў сялянскую вопратку, у балоцістай мясцовасці ім часам даводзілася ісці па пояс у вадзе.

Нарбут якраз у гэты час каля пікету з некалькімі інсургентамі чакаў транспарт з хлебам. Паўстанцы заўважылі "сялян", якія ішлі ў іх бок, Андрыёлі сказаў камандзіру, што за шмат тых сялян ідзе, і нейкія яны дзіўныя. Нарбут агледзеў ідучых у бінокль і ўбачыў што вядзе "сялян" Адам Карповіч, свой для паўстанцаў чалавек. Тым не менш, палкоўнік загадаў байцам пікета падрыхтавацца да бою. Калі "сяляне" падышлі бліжэй, Карповіч, літаральна паўтараючы словы Юды паказаў камандзіра, сказаўшы: "Вось гэта Нарбут". Салдаты выхапілі зброю і з крыкамі "Ура!" кінуліся наперад. Камандзір амаль адразу быў паранены ў нагу, але кіраваў боем: ён загадаў адыходзіць назад і ўлева. Пасля рукапашнай сутычкі інсургенты вырваліся да дубіцкіх балот. Тым часам другая рота ўрадавых войскаў выцягнулася ланцугом правей ад першага, атакуючага атрада і не дала паўстанцам магчымасці адыходзіць убок [130]. Удзельнік бою з расійскага боку, падпаручнік Воранаў пісаў пра гэта: "Жадаючы прыціснуць хеўру да возера і вынішчыць яе, начальнік атрада загадаў камандзіру 2-й роты штабс-капітану Лорыс-Мелікаву высунуцца направа і ахапіць іх левы фланг. … мяцежнікі пачалі адыходзіць. На адкрытых месцах, іх ланцуг і рэзервы адыходзілі надзвычай павольна, каля кустоў, усе яны рассыпаліся і адкрывалі ўзмоцнены агонь ...". Штабс-капітан Рэнвальд, жадаючы паказаць, як трэба страляць, узяў вінтоўку ў параненага салдата, і прыцэліўся ў ляжачага за купінай паўстанца, які пасля стрэлу застаўся ў ранейшай позе. Рэнвальд думаў, што прамахнуўся, стрэліў другі раз - і тое самае, калі ж ён з ланцугом салдатаў кінуўся наперад, то ўбачыў, што ў інсургента ў галаве дзве кулі [131].

Па словах Цімафеева, паўстанцы змагаліся так ўпарта і па-майстэрску, што ён здзівіўся. "Нарбут распараджаўся малайцом: загадаў адыходзіць перакатамі, г зн. у дзве лініі: адна залягала ззаду, другая, адстрэльваючыся, перабягала за першую, пасля чаго другая лінія пачынала стральбу, і гэтак далей. Але паўстанцы былі дрэнна ўзброены, большай часткай паляўнічымі стрэльбамі, таму вельмі баяліся нашых стралковых рот, якія былі названыя імі "чорныя паясы". Рускія штуцары рабілі поўнае спусташэнне ..." [132]. Калі ж паўстанцы пабеглі, Нарбут скамандаваў: "Спакайней! З годнасцю панове, непрыяцель нас бачыць!". Вакол палкоўніка сабралася групка самых верных байцоў. Яны адыходзілі, падтрымліваючы камандзіра і адстрэльваючыся. На гэтую групку быў накіраваны агонь большай часткі салдатаў. Амаль што ўсе, хто быў разам з Нарбутам, былі забіты. Апошнімі да палкоўніка падбеглі Уладзіслаў Клімантовіч і Севярын Якубоўскі , яны і пачулі яго апошнія словы: "Dulce est pro patria mori" ("Салодка памерці за Радзіму") [133]. Пра тое ж самае Воранаў: "... яны не гублялі бадзёрасці пакуль Нарбут, іх начальнік, быў з імі. Калі куля трапіла яму ў лапатку, ён яшчэ ішоў, прычым яго падтрымлівалі прыхільнікі. Гэта прыцягнула да яго стрэлы нашага ланцуга, і ён, прабіты чатырма кулямі, упаў мёртвы. Калі Нарбут зваліўся, то пяць чалавек моладзі з яго хеўры кінуліся ратаваць яго цела, але зраненыя ў сутычцы яны патрапілі ў палон. Са смерцю Нарбута бурылася надзея не толькі людзей, якія складалі банду, але ўва ўсіх мяцежнікаў Літвы. Пераслед мяцежнікаў працягваўся да самай поўначы і скончыўся недалёка ад вёскі Дварчаны" [134].

Капітан Цімафееў дакладаў свайму камандзіру дывізіі: "Восем разоў з крыкам "Ура!" атрад пад моцным агнём аднаўляў наступ і ... пераследаваў мяцежнікаў па куп'істым, вышэй калена балоце, якое пазарастала высокай і густой лазою, і наогул па мясцовасці да крайнасці цяжкай. Пераслед працягваўся да наступлення цемры … атрад нейкі час блукаў у балотах … і нарэшце пад 3 гадзіны ночы сабраўся на начлег у м. Дубічы.

Нарбут забіты, і хеўра знішчана, у ліку 61 забітых і ўзятых у балотах і лясах, акрамя Нарбута выяўлены: яго памочнік Леў Краінскі, Ігнат Тарашкевіч, Франц Бразоўскі, Станіслаў Ян Ёдка, Сцяпан Губарэвіч і інш. Параненымі ўзяты: Пётр Янкоўскі, лекар Цыпрыян Пясецкі, Андрэй Навагудскі ( Навагондскі , гімназіст з Вільні) , Фелікс Войша і інш., акрамя таго ўзята 6 палонных, з якіх адзін, 14-ці гадовы хлопчык Іосіф Жалягоўскі … . Захоплены без зброі ў в. Салтанішкі Жукоўскі прызнаўся, што ён таксама быў у хеўры" [135].

На месца бітвы, каб аказаць дапамогу параненым, прыехалі жанчыны з закрытымі густымі вэлюмамі тварамі. "Паміж імі былі дзве сястры Нарбута; малодшая ўбачыўшы цела брата заплакала, але старэйшая прысароміла яе за гэта (памылка, гэта была сястра Нарбута з сяброўкай, гл. ніжэй - Л.Л. ). Абедзве яны прасілі выдаць забітага ..." . Пры Нарбуце знойдзена сцяг, які меў выгляд харугвы, шмат розных папер, асабісты дзённік, а таксама каса аддзела і малітоўнік. Сярод папер была знойдзена і цыдулка наступнага зместу: "Камандзір. З Вільні паслалі з паўлаўцамі капітана Цімафеева. Беражыся! Яму загадана дастаць цябе жывога ці мёртвага" . Салдаты ўшчувалі палонных - мемуарыст апісвае такія сцэнкі: "Чаго вы бунтуецеся, што вам трэба, грошы ў вас ёсць, фальваркі ёсць - глядзі якое ў цябе пуза, пан. Відаць ужо ты з тлушчу ў "сургенты" пайшоў", салдат паказвае на палоннага 14-ці гадовага хлопчыка Жалягоўскага: "Ну, глядзіце браткі, які ж ён ваяр, ён зусім хлопчык". "Доўгі і хударлявы паўстанец з энергічным тварам злосна пазірае на нашага ўгаворшчыка, які, убачыўшы яго погляд, сказаў: "Ох, ты, пан, пан, што ты на мяне так злосна глядзіш, вось сам ты якую кашу заварыў, a што выйграў? Цябе ж павесяць". Палонныя інсургенты былі прыведзены на станцыю Марцінканцы, і адпраўленыя ў Вільню [136].

На наступны дзень на поле бітвы целы забітых інсургентаў [137] сабралі сяляне і перавезлі пад касцёл у Дубічы. Потым Цімафееў расказваў, што Нарбут быў сціпла апрануты, у "чамарцы шарачковай", без усякіх адрозненняў, абуты ў доўгія боты, твар меў прыгожы, з высокім чалом і правільнымі рысамі, а на твары застыла задуменная ўсмешка [138].

Знаёмая сям'і Нарбутаў - Антаніна Табенская, папрасіла дазвол на пахаванне паўстанцаў у Дубічах. Генерал-губернатара Назімаў даў дазвол тэлеграмай, дазволіў ён і правесці набажэнства. Сястра Нарбута Тадора, разам з Антанінай Табенскай, доктарам Тэраевічам з Салтанішак і мясцовым пробашчам кс. Ставіцкім, заняліся арганізацыяй пахаванняў. Весткі хутка разышліся па ўсяму павету, і таму ў дзень пахавання, 6 траўня, у Дубічы з'ехалася каля 300 чалавек. Нефарбаваныя труны ў касцёле былі ўсталяваны пірамідай: 6 трун на нізе, зверху на іх яшчэ 4 труны, вышэй - 2 і на самым версе труна з целам Людвіка Нарбута. Пасля службы ў касцёле ўсе труны былі пастаўлены ў рад у адной магіле і пахаваны. Усю велізарную магілу людзі засыпалі кветкамі. Аднак ледзь скончылася пахаванне, як у Дубічы увайшоў казачы атрад атамана Уласава, які меў заданне не дапусціць вялікі сход людзей, а калі людзі сабраліся - разагнаць іх. Але казакі спазніліся і толькі зраўнавалі уровень з зямлёй магільны ўзгорак [139].

Мірон-Браніслаў Нарбут так апісаў пахаванне: "У 1863 годзе, калi пачалося народнае паўстанне, лiдскi аддзел пад кіраўніцтвам Людвiка Нарбута часта быў у Дубiцкіх лясах, i ў гэтых лясах ... адбылася бітва з расейцам на чале з Цiмафеевым, у ходзе якой цэлая партыя паўстанцаў здолела перайсці ў іншае месца, але яе кіраўнік з трынаццаццю ваярамi з блізшага атачэння лiдскай шляхты паляглі. Маскоўскія салдаты абадралі трупы на полі бітвы i да Дубiч прывезлі iх голыя целы. Тагачасны генерал-губернатар вiленскi Назімаў дазволіў ушанаваць памерлых пахаваннем у касцёле. Была сабрана патрэбная вопратка i зроблены труны. Целы гэтыя ляжалі тры днi ў касцельным бабiнцы. Рыцарскi катафалк з дванаццацi простых трун паставiлi ў касцёле, а слёзы люду вiленскага i грамадства, енкі мацярок, сясцёр i сірот палеглых, былі найвыразнейшай мовай на iх пахаванні. Усе прысутныя мелi за гонар несцi гэтыя дарагія труны да месца iх вечнага спачывання, i ўложаныя яны ўсе былi ў адной агульный магіле пры касцёле, а людзi ўпрыгожылі гэтае месца найпрыгажэйшым помнiкам, бо курган быў насыпаны ўласнымi рукамі з роднай зямлі. Магіла абаронцаў Волі была страшнай для ворагаў: людзі збiралiся ля магілы i чыталі малітвы. Рускія зняслі касцёл i, не баючыся святакрадства, раскiдалi курган, зруйнаваўшы яго з зямлёй. Аднак не згінула праз гэта памяць пра верных сыноў Краю, захоўваецца яна ў сэрцах усiх справядлівых i годных лiцвiнаў ..." [140].


Нарбут меў гэткую папулярнасць, што доўга па Лідчыне хадзілі чуткі пра тое, што насамрэч ён не забіты, і дзесьці яго ўжо бачылі, і хутка ён вернецца з новым аддзелам.

Праз 70 гадоў магіла паўстанцаў выдзялялася толькі адным каменем з надпісам "Лявон Краінскі, 1863", які ўсталявала сям'я аднаго з 13 пахаваных тут паўстанцаў. У 1933 годзе, па ініцыятыве жаўнераў і афіцэраў 76 Лідскага палка пяхоты ў Дубічах паставілі помнік памяці Людвіка Нарбута і палеглых паўстанцаў. Сродкі на яго пабудову былі сабраны спецыяльным Камітэтам Лідчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Сміглы. Праект помніка выканаў Фердынанд Рушчыц.

* * *

Па прыбыцці ў Вільню, атрад Цімафеева быў сустрэты генерал-губернатарам, Назімавым, начальнікам дывізіі генерал-ад'ютантам Быстромам і камандзірам палка Світы Яго Вялікасці генерал-маёрам Вельямінавым з аркестрам і ў прысутнасці велічэзнага натоўпу жыхароў горада, якія, дазнаўшыся пра смерць знакамітага Нарбута, былі ахоплены жахам. Губернатар расцалаваў начальніка атрада, падзякаваў афіцэрам і салдатам за паход і хвацкія справы. Потым было адслужаны набажэнства. Хутка начальнік атрада капітан Цімафееў атрымаў чын палкоўніка і быў адпраўлены з данясеннем пра сваю перамогу ў Пецярбург. "Тут ён меў шчасце прадставіцца Яго Імператарскай Вялікасці, пры чым Гасудар Імператар сказаў: "Дзякую за хвацкую справу, і прызначаю цябе флігель-ад'ютантам. Уладзімір будзе другою ўзнагародаю за другую справу". Потым Яго Імператарская Вялікасць падаў палкоўніку Цімафееву руку і сказаў: "Яшчэ раз дзякую". Неўзабаве пасля гэтага палкоўнік Цімафееў прысутнічаў на прыёме імператарам генерала-ад-інфантэрыі Мураўёва, прызначанага губернатарам у Літву. Цар, прадставіўшы Цімафеева Мураўёву, сказаў: "Вось чалавек, які будзе табе карысны".

Шмат афіцэраў і шарагоўцаў атрада было ўзнагароджана, за бой паміж маёнткамі Дубічы і Глыбокім:

Штабс-капітанам Рэнвальду і Лорыс-Мелікаву - Св. Ганны 3-й ст. з мячамі і бантам.

Св. Ганны 4-й ст. з надпісам: "За адвагу" - паручнікам: Шталю, Зубараву, падпаручнікам: фон Эндэну, Леўману і Арбузаву 2-му.

Георгіеўскія крыжы 4-й ступені: фельдфебелю Яфрэмаву, унтар-афіцэрам: Фірсаву, Любімаву, Ліцвінаву і шарагоўцам: Малацілаву і Бушмялёву.

За бой пад Дубічамі:

Штабс-капітанам Рэнвальду і Лорыс-Мелікаву - Св. Уладзіміра 4-й ст. з мячамі і бантам.

Св. Ганны 3-й ст. з мячамі і бантам: паручнікам Шталю, Зубараву, Леўману, Шэрнвалю і падпаручніку фон Эндэну.

Георгіеўскія крыжы 4-й ст.: фельдфебелю Каравіну, унтар-афіцэрам: Верашчагіну, Фёдараву, Лабачову і шарагоўцам - Пятрову, Міронаву, Серыкаву, Недаступу, Канстанцінаву, Палатаву, Жукаву і Бандарчуку [141].

Вось так высока ацэньваўся факт разбіцця "нейкай хеўры" на Лідчыне.

Апошнія падзеі паўстання на Лідчыне

Ваяры адной часткі аддзела Нарбута схаваліся ў лесе і праз некаторы час далучыліся да іншых аддзелаў інсургентаў. Другую частку аддзела брат Людвіка - Баляслаў Нарбуту сабраў у Гарадзенскай пушчы. Але ён не меў ваеннага досведу і не мог замяніць старэйшага брата. 12 траўня рускія войскі пад камандаваннем ваеннага начальніка Лідскага павету палкоўніка Алхазава знайшлі атрад пад Ганэлькамі (над ракой Котрай) і зноў разбілі паўстанцаў. Толькі нямногія байцы змаглі пазней далучыцца да аддзела Астрогі-Парадоўскага. Сам Баляслаў Нарбут быў арыштаваны каля Друскенікаў і адвезены для ваеннага суда ў Гародню.

Археолаг Вандалін Шукевіч запісаў у сваім дзённіку цікавы выпадак вясны 1863 г. у Лідзе. На падставе загадаў Нарбута, выдадзеных на стаянцы ў лесе пад Дубічамі, Лідскі рэвалюцыйны камітэт арганізаваў новую партыю паўстанцаў пад камандаваннем Станіслава Калясінскага і вахмістра Каэтана Дарашкевіча . Збор аддзела быў прызначаны на 27 красавіка ў лесе каля Крупава, куды агенты Камітэту Тамаш Шукевіч і Стэфан Вільбік загадзя даставілі зброю і харчаванне, а ў Гудэлях падрыхтавалі лодкі для пераправы на другі бераг Дзітвы. У землеўладальніка Зяновіча ў вёсцы Аўсядава сабраліся кіраўнікі зноў арганізаванай партыі інсургентаў. Тут здраднік Ігнат Каліноўскі напалохаў людзей аповядамі пра тое, што з Ліды сюды ўжо выйшлі казакі з салдатамі, і таму паўстанцы хутка разышліся па хатах. Дарма Нарбут чакаў гэтай партыі паўстанцаў у Дубіцкім лесе. Не абышлося і без элементарнага казнакрадства: швагер Ігната Каліноўскага - Баляслаў Шукевіч, родны брат Тамаша Шукевіча, сябра Лідскага камітэту, завалодаў мандатам скарбніка Камітэта, які належаў Ансэльму Патрыкоўскаму, і прысвоіў сабе 30 000 рублёў - грошы перададзеныя з Вільні і складкі, сабраныя ў Лідзе. За ўчынак Баляслава, да адказнасці быў прыцягнуты яго брат Тамаш Шукевіч. Завочным прысудам Нацыянальны Ўрад прысудзіў іх абодвух да смерці. Прысуд не быў выкананы, але Тамаш Шукевіч быў высланы ў Сібір уладамі.

1 чэрвеня па прысудзе Нацыянальнага Ўраду ў вёсцы Мантаты быў павешаны Адам Карповіч. Потым былі запісаны апошнія словы Карповіча, і мы ведаем на якой мове паўстанцы размаўлялі паміж сабой. Калі інсургенты шукалі вяроўку, каб павесіць здрадніка, ён сказаў ім літаральна наступнае: "Паны, нашто шукаеце вяроўку, я маю дзяжку, тай павесьце" , у тэксце кнігі за гэтымі словамі, запісанымі лацінкай, ідзе польскі пераклад. Здраднік вісеў два тыдні перад хатай Баневіча ў Мантатах, пакуль яго не знялі рускія салдаты [142].

Пераслед сям'і Нарбутаў

Пасля паразы пад Дубічамі рэпрэсіям падверглася сям'я Людвіка Нарбута.

Бацька, вялікі гісторык Літвы Тодар Нарбут, у гэты час жыў у Вільні, у жонкі сына Людвіка і быў настолькі слабы, што нават не ўставаў з ложка. Браты Францішак і Баляслаў ваявалі ў шэрагах паўстанцаў. У Шаўрах тым часам жылі маці Крысціна, дачка Тадора Манчунская і малодшы брат Станіслаў [143].

З акту справы Віленскай следчай камісіі № 148 пра знаходжанне зброі ў маёнтку Нарбута ў Шаўрах:

Стараста вёскі Шаўры Георгі Чаркоўскі паведаміў, што фурман Нарбутаў - Томаш Радзюк ведае, дзе закапана зброя. Радзюка прымусілі прызнацца, і ён паказаў месца ў вазоўні, адкуль была выкапана 18 бутэлек пораху і каля 20 фунтаў волава. Потым ён паказаў іншае месца за 7 вёрст ад двара, каля леснічоўкі Клеменса Банюшкі, дзе былі выкапаны 2 гарматы, загорнутыя ў рагожу, і бочка пораху вагой каля 3 пудоў. У наступных прызнаннях Тамаш Радзюк паведаміў, што гэта зброя была прывезена спадарынямі Манчунскай і Табенскай з Вільні, з хаты Верблеўскага. Яны таксама залучылі ў партыю 2 расійскіх афіцэраў і прывезлі іх з Вільні ў Шаўры.

Радзюк прызнаўся, што Ізабела Альшэўская, стрыечная сястра Людвіка Нарбута, разам з Радзюком ездзіла да суседзяў і заклікала іх далучацца да паўстання. Таксама збірала правіянт і адзежу для партыі і Антаніна Табенская, якая працавала настаўніцай у Сярбянішках, дзе жыла жонка Людвіка Нарбута, якая сябравала з Манчунскай, яна залучыла ў партыю Скірмунта.

Віленская следчая камісія пасля заканчэння следства пастанавіла:

1) Удава Тадора Манчунская з дома Нарбутаў вінаватая у тым, што прымала чынны ўдзел у фармаванні партыі яе брата Людвіка Нарбута, даставіла ў Шаўры 2 гарматы, порах і волава і намовіла 2 афіцэраў да ўступлення ў партыю паўстанцаў: падпаручніка Нкалаі [144] і другога, прозвішча якога невядома. Аднак, Манчунская ўцякла невядома куды, таму … аддаць яе пад суд завочна … .

2) Антаніна Табенская ўжо асуджана ваенна-палявым судом за дастаўку распараджэнняў рэвалюцыйнага камітэта, гэта яна учыніла пад уплывам кахання ды аднаго з паўстанцаў, … вінаватая ў тым, што падтрымлівала кантакт з Манчунскай, прывозіла ў Шаўры гарматы і порах і вербавала ў партыю невядомага пакуль па прозвішчы расійскага афіцэра. Пакаранне, раней накладзенае ваенна-палявым судом, падлягае ўзмацненню ў жорсткасці.

3) Удава Ізабела, дачка Адольфа, Альшэўская з дома Нарбутаў, гадоў 50, вінаватая ў закліках да ўдзелу ў паўстанні і павінна быць аддадзена пад ваенна-палявы суд.

4) Крысціна Нарбут, гадоў 60. Як бачна са справы не магла быць не датычнай да паўстання: двое яе сыноў сфармавалі атрад, адзін быў начальнікам, другі - у ім афіцэрам, дачка Манчунская і пляменніца Альшэўская дапамагалі фармаваць партыю, Манчунская дастаўляла зброю і амуніцыю, у цэлым маёнтак Нарбутаў у Шаўрах служыў складам для паўстанцаў.

Усё гэта не магло не быць вядома і Тодару Нарбуту, які хоць і ў пажылым узросце, але не мог не бачыць, што робіцца ў яго ў хаце, і відавочна адмыслова выехаў з Шаўроў у Вільню … . У сувязі з вышэй апісанымі справамі сям'і, ён вінаваты ў тым, што як гісторык Літвы, даў сям'і такі шкодны кірунак выхавання.

Камісія пастанавіла аддаць пад ваенна-палявы суд: Крысціну Нарбут і яе мужа Тодара Нарбута паводле II катэгорыі …, для таго, каб іх маёнтак перадаць ва ўласнасць ураду, а хату, для прыкладу і застрашвання іншых знішчыць, месца, дзе яна стаяла заараць плугам [145].

Хутка прыступілі да выканання гэтага прысуду. Аднак Тодар Нарбут ужо не ўставаў з ложка, і яго, каб везці ў ссылку "патрэбна было б толькі разам з ложкам уладкаваць у кібітцы" . Мураўёў-вешальнік вырашыў сам убачыць Тодара. Сведкам гутаркі вялікага гісторыка і ката быў князь Шырынскі-Шахматаў. Па яго словах, калі прынеслі старца, Мураўёў вітаў яго бруднымі абразамі, але гісторык быў глухі і не дачуў генерала, як потым стала вядома, ён зразумеў толькі асноўныя моманты гутаркі. "А ведаеш, падлец, твой сын забіты!" - сказаў Мураўёў у канцы. "Маю яшчэ некалькі сыноў і ўсіх іх выхоўваў любіць Радзіму", - адказаў гісторык. "Прэч," - закрычаў Мураўёў і аддаў каманду вынесці Нарбута.

Вялікі гісторык Літвы памёр 26.11.1863 г. і быў пахаваны каля свайго парафіяльнага касцёла ў Начы.

Маці Людвіка, Крысціна, афіцыйна абвінавачаная ў "няправільным выхаванні" сваіх дзяцей, за гэта была арыштаваная палкоўнікам Алхазавым, які кіраваў пяратрусам маёнтка і "хворая, выдраная з ложка без неабходнай адзежы", яна была вывезена на суд у Вільню, адразу пасля суда трапіла ў турэмную лякарню, а пасля яе адпраўлена па этапе ў Сібір. Пяць гадоў знаходзілася ў Пензенскай губерні, потым ёй было дазволена вярнуцца ў родны край, дзе яна і памерла 16 ліпеня 1899 г.

Брат Людвіка - Баляслаў пайшоў у паўстанне адразу пасля гімназіі. Перад самай бітвай пад Дубічамі ён быў пасланы па дапамогу да Віславуха , і, верагодна, таму выжыў. Арыштаваны ў Друскеніках, ваенны суд у Гародні прысудзіў яго да смерці, аднак з-за непаўналецця (яму было 17 гадоў), прысуд змянілі на высылку ў Краснаярскую губерню. Пасля амністыі вярнуўся ў родны край з падарваным здароўем і памёр у 1889 г.

Другі брат Людвіка - Францішак, пасля заканчэння шляхочага інстытута ў Вільні вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбуржскага ўніверсітэта. За ўдзел у падпольнай арганізацыі ў 1861 г. быў арыштаваны і быў змушаны хавацца за мяжой. Пасля вучобы ў ваеннай школе для паўстанцаў, арганізаванай эмігрантамі ў італьянскім горадзе Гунэа, вярнуўся дахаты і ваяваў у аддзеле Лангевіча, дзе атрымаў званне капітана. Пасля паразы паўстання эміграваў у Аўстрыю. Памёр у Венгрыі ў 1892 г.

Сястра Тадора, удава службоўца Манчунскага, як адзначалася вышэй, брала чынны удзел у паўстанні. "Людвік Нарбут дасылаў да сястры розныя даручэнні і заяўкі для аддзела, якія яна заўсёды хутка і дакладна выконвала, не гледзячы на небяспеку. Праз яе ішла да інсургентаў розная інфармацыя, харчаванне, зброя і амуніцыя. Мела ва ўсіх ваколіцах адданых сабе людзей, мела сваіх інфарматараў і даверных асоб, паслугамі якіх карысталася там, куды не магла патрапіць сама. З адвагай, якой маглі б пазайздросціць мужчыны, ішла яна на самыя небяспечныя аперацыі" - пісаў сучаснік. Была аддадзена пад ваенны суд, але здолела ўцячы, спачатку хавалася ў Гародні, потым жыла ў Парыжы. Пражыла вялікае жыццё, напачатку 1920-х гадоў польскі ўрад ёй, як удзельніцы паўстання, даў пенсію і ўзнагародзіў ордэнам "Адраджэння Польшчы". Памерла ў 1925 г. у Кракаве і там жа пахавана [146].

Заканчэнне паўстання на Лідчыне

Пасля паразы пад Дубічамі паўстанне на Лідчыне згасала. Напачатку чэрвеня новы ваенны кіраўнік Лідскага павету Астрога-Парадоўскі прыбыў са сваім аддзелам з Ашмянскага павету ў Доцішкі, да яго далучыліся паўстанцы аддзела Нарбута. Аднак узброены супраціў згасаў, не змог узняць людзей і новы энергічны цывільны начальнік павету Вітольд Гажыч .

6-я рота лейб-гвардыі Паўлаўскага палка, пад начальствам капітана Ўладзімірава, 2 чэрвеня зноў выступіла з Вільні на пошукі паўстанцаў на поўначы Лідскага павету. 15-га чэрвеня гэты атрад у Рудніцкім лесе каля ракі Вясенча спаліў тры лагеры, а каля засценка Пакернаў, 17-га чэрвеня, рота нагнала і знішчыла невялікую групу паўстанцаў. Лік забітых інсургентаў невядомы, бо безупынны бой адбываўся ў такіх балотах, у якіх некаторыя салдаты правальваліся з галавой. Пасля гэтай справы рота вярнулася ў Вільню.

15-га чэрвеня ў Алькенікі прыехаў палкоўнік Уласаў з загадам ад Мураўёва "узяць ... 2 роты з 35 казакамі і ачысціць мясцовасць у наваколлях Эйшышак, Дубічаў, Забалаці і Радуні ад мяцежнікаў" . У склад гэтага атрада ўвайшлі 4-я і 2-я стралковая рота лейб-гвардыі Паўлаўскага палка і 25 казакаў. 16-га чэрвеня атрад выступіў з Алькенікаў і да 21чэрвеня шукаў інсургентаў, спачатку па памежных частках Гарадзенскай губерні, потым у лесе Гарадзенскай пушчы каля рэчкі Котры, але нікога не знайшоў.

16 чэрвеня расейцы атрымалі інфармацыю пра месцазнаходжанне аддзела Віславуха. Паўлаўцы разам з атрадам палкоўніка Алхазава 18 чэрвеня каля Пашышак нагналі аддзел Віславуха і "прымусілі да ўцёкаў" [147]. У палон трапілі 6 паўстанцаў, з іх адзін цяжка паранены 15-цігадовы хлопчык. Яго пакінулі ў мясцовых людзей, бо ён не меў шанцаў выжыць. Сярод палонных - начальнік штаба аддзела Віславуха Задора (Ваньковіч) і фуражыр Палівода (Пяроўскі) [148].

20 ліпеня 2-я стралковая рота паўлаўцаў была адпраўленая ў Алькенікі для канваявання палонных, a палкоўнік Уласаў з 4-й ротай лейб-гвардыі Паўлаўскага палка і ротай Інгерманландскага палка пайшоў у Эйшышкі, куды на раніцы 21 ліпеня прыбыла 2-я стралковая рота. Тут Уласаў атрымаў звесткі, што на поўначы Гарадзенскай пушчы з'явіўся аддзел Астрогі-Парадоўскага. Расейцы, пасля поўдня 21 чэрвеня, выступілі па знаёмай дарозе да Начы, потым, 23 чэрвеня праз Дубічы яны прыйшлі да Шумы, "тут, пасля грунтоўнага распытвання, атраду было паказана месца, дзе знаходзілася хеўра. Па прыбыцці туды войскаў, вогнішчы яшчэ гарэлі, і шматлікія кінутыя гаспадарчыя прылады паказвалі, што хеўра нечакана і хутка пакінула лагер" . Расейцы амаль што без перапынку пайшлі па следу паўстанцаў, спыняючыся толькі, каб зварыць абед ці адпачыць некалькі гадзін. Афіцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў пісаў: "За суткі атрад рабіў значна больш за 50 вёрст, не маючы ніводнага адстаўшага... . Калі 25-га ў 11 гадзін атрад прыбыў у Парадунь, тут след хеўры згубіўся. Казакі паехалі адшукваць сляды, a атрад пачаў рыхтаваць абед. Толькі селі абедаць, як прыскакаў казак з весткай, што ў фальварку Доцішкі зноў бачныя сляды. Катлы вывернулі, і роты пайшлі фарсіраваным маршам. Прыбыўшы ў фальварак, пачалі рабіць ператрус. Спачатку гаспадар незвычайна ласкава сустрэў атрад, папярэджваючы ўсе жаданні і патрэбы салдатаў і афіцэраў. Салдаты яго звалі "повстанчик". ... у адной з адрын знайшлі воз з харчаваннем для інсургентаў, акрамя таго казакі данеслі, што за садам, на плаціне, відаць незвычайна шмат слядоў, туды і рушыў атрад. У лесе за плацінай, палкоўнік Уласаў загадаў рассыпацца 2-й стралковай роце, a астатнім ісці ў рэзерве. Раптам пасярэдзіне ланцуга раздаўся залп, атрад увесь рынуўся на стрэлы, пачалася перастрэлка. Мяцежнікі пачалі адыходзіць. Вялікая колькасць пакінутых імі запасаў, сведчыла, што хеўра моцна стомлена. Атрад пераследаваў яе безупынна да ночы, прычым яны страцілі ўвесь абоз, шмат забітымі і параненымі. Узятыя ў палон паказалі, што хеўрай камандаваў Астрога.

У другой палове чэрвеня роты варочаліся ў Вільню.

Узнагароды за справу былі наступныя:

Палкоўніку Ўласаву - Св. Уладзіміра 4-й ст. з мячамі і бантам. Св. Ганны 3-й ст. з мячамі і бантам - капітанам Юр'еву, Македонцаву і падпаручніку Леўману" [149].

Паўстанне сціхала, але камандзіры расейскіх атрадаў чамусьці лічылі, што галоўныя бітвы яшчэ наперадзе і чакалі з'яўлення вялікіх паўстанцкіх аддзелаў. Захаваўся цікавы загад Мураўёва-Вешальніка ад 21 (7) чэрвеня 1863 г., у якім ён звяртае ўвагу на "частыя рапарты начальнікаў войскаў, якія ў сваіх данясеннях часам паказваюць быццам бы мяцежнікі з'яўляюцца ... велізарнымі хеўрамі ў некалькі тысяч. Гэта зусім неверагодна ... таму я прапаную ... паведамляць весткі пра колькасць хеўраў з большай дакладнасцю" [150]. Але гледзячы па колькасным складзе войскаў, якія суправаджалі перавозкі, страх не праходзіў. Так, напрыклад, "22 чэрвеня ў 2 гадзіны раніцы выступіў з Вільні атрад з 2 рот Кастрамскога палка пры 9 казаках, пад камандаваннем маёра Вількена, для канваявання палітычнага злачынца і транспарта ў Ліду" [151].

Пасля некалькіх няўдалых сутыкненняў у чэрвені (Рудня, Шумы), Астрога-Парадоўскі адышоў пад Шчучын і ў Дэмбраўскім лесе злучыўся з аддзелам Аляксандра Лянкевіча , злучаны атрад пайшоў у Гарадзенскую пушчу, потым пад напорам царскіх войскаў 9 жніўня перайшоў Нёман і аказаўся ў Аўгустоўскай губерні. Гэта быў апошні акт трагедыі паўстання, бо ў чэрвені паўстанне на Лідчыне скончылася. Але рэпрэсіі новага губернатара Мураўёва-Вешальніка супраць непакорнага краю толькі пачыналіся [152]. Мірон-Браніслаў Нарбут пісаў: "У ... паўстанні 1863 г. засцянковая шляхта пастаўляла найвялікшы кантынгент моладзі ў шэрагі народныя, несла апошні грош на ахвяру дзеля Краю, таму засцянковая шляхта цярпела найбольшы пераслед з боку ўраду. Спальваліся дамовыя пабудовы, забіраліся маёнткі, і цэлыя сем'і шляхецкія высылаліся этапам у Сібір альбо ў глыб Расеі, нават без a ніякай прычыны, дастаткова было даносу першага жандара альбо паліцыянта, што захоўваецца зброя, альбо што калісьці ў засценку хавалі паўстанца. Так у Лідскім павеце ў Дэмбраўскай парафіі вынішчана цэлая ваколіца Шчукі і некалькі іншых" [153].


У чэрвені ў Вільні на Лукішках быў павешаны лідзянін Баляслаў Колышка , пра дзеянні якога ў Лідзе перад паўстаннем пісалася раней. Чыноўнік адміністрацыі Мураўёва Масолаў пісаў пра яго: "... малады чалавек 22 гадоў дваранін Лідскага павету ... вызначаўся сваімі здольнасцямі, характару быў адважнага, з цвёрдай воляй, як кажуць - сарві-галава. Ён стаяў на чале адной з трох галоўных хеўраў на Жмудзі..." [154] . А відавочца пакарання, рускі афіцэр, князь Імерацінскі занатаваў: "... трымаў сябе ... з годнасцю і памёр без страху, без маладушных ваганняў: ён сам выштурхнуў лаўку з-пад сваіх ног" [155].

11 студзеня 1864 года ў Вільні на Лукішскім пляцы быў расстраляны Цітус Далеўскі , які нарадзіўся 13 траўня 1840 года ў фальварку Кункулка Лідскага павету. Цітус Далеўскі - удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Маскве і Пецярбурзе, дзе вучыўся ва ўніверсітэтах. З лета 1863 года быў найбліжэйшым памочнікам Кастуся Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем.

Яшчэ адзін удзельнік паўстання Кастусь Кашыц (Kaszyc, 1828-1881 гг.), сын Юзафа Кашыца, маршалка Наваградскага. Кастусь Кашыц - выпускнік Дэрпцкага ўніверсітэта, беларускі пісьменнік, уладальнік Тарнова, Белагруды, Малога Ольжава. За ўдзел у паўстанні быў сасланы і да 1866 года быў у высылцы. Яго маёнтак Тарнова быў прададзены расейцу, графу Маўрасу.

У раёне Аўгустоўскага канала ў шэрагах паўстанцаў ваяваў Валеры Тукала з Ольжаўскіх Тукалаў. У яго быў канфіскаваны маёнтак Рачкоўшчына.

Найбольш таленавітым ваеначальнікам паўстання быў Валеры Ўрублеўскі . Валеры Антоні Ўрублеўскі (15 снежня 1836 - 5 жніўня 1908) - дзеяч польскага, беларускага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок Лідскага павету (цяпер гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Беларусі) у сям'і безмаянтковага шляхціца Антона Ўрублеўскага і Разаліі з роду Юраўскіх. Бацька яго працаваў лесніком, потым скарбнікам у графа Тызенгаўза.

Скончыўшы ў 1853 годзе Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбурскі лясны інстытут. У час вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў членам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі польскія рэвалюцыянэры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. У 1861 годзе Ўрублеўскі накіраваны інспектарам лясной школы ў вёску Саколка Гарадзенскай губерні (цяпер Польшча). У 1861-1862 гадах ён актыўна ўдзельнічаў у стварэнні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне, вёў прапаганду сярод навучэнцаў школы. Разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную газету "Мужыцкая праўда".

У час паўстання 1863-1864 гадоў Урублеўскі кіраваў паўстанцкімі аддзеламі. Ён быў прыхільнікам левага крыла "чырвоных" - найбольш актыўных барацьбітоў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў, - апоры на сялянскія масы, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, роўных правоў усіх народаў краю.

В. Урублеўскі вёў актыўную партызанскую барацьбу на Гарадзеншчыне, у Белавежскай пушчы, на Любліншчыне ажно да 19 студзеня 1864 года, калі ў баі каля в. Руды Карыбутаўскія ў Люблінскім ваяводстве быў пасечаны шаблямі і прызнаны забітым, Па ім былі надрукаваны некралогі ў прэсе, але Валеры выжыў, стаў генералам Парыжскай камуны і першым марксістам Беларусі.

Лідскія ксяндзы у паўстанні

Большасць рыма-каталіцкіх святароў падтрымала паўстанне.

Ксёндз-вікары Эйшышскага касцёла Стэфан Юзаф Гарбачэўскі (1837-1895) стаў капеланам у аддзеле Нарбута. Прысутнасць святара ў аддзеле падымала дух змагароў, давала ўпэўненасць у недарэмнасць высілкаў i axвяраў. Згодна з паказаннямі палонных інсургентаў ксёндз Гарбачэўскі быў забіты ў баі [156]. Але паўстанцы (можа адмыслова) і карнікі памыліліся, паранены ксёндз Гарбачэўскі выжыў, сяляне ўратавалі ягонае жыццё, і яму ўдалося эміграваць у Францыю. Гарбачэўскі працягваў пастырскае служэнне ў Парыжы, дзе нават меў дазвол ад біскупа адпускаць самыя цяжкія грахі ад яго імя [157], у 1880 г. пераехаў у амерыканскі горад Мілуокі, адтуль перабраўся ў Вільню штата Мінесота, а потым вярнуўся ў Мілуокі і працаваў выкладчыкам у школе.

У ліку першых пакаранне смерцю атрымаў ксёндз Станіслаў Ішора , вікары з парафіі ў Жалудку. Ксёндз прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест і сам здаўся ўладам. Ён быў асуджаны ў Вільні на 5 гадоў катаргі, нягледзячы на амністыю, тых, хто сам здасца ўладам. Генерал-губернатар Назімаў змякчыў пакаранне да 5 гадоў высылкі. На няшчасце, 26 траўня ў Вільню прыбыў новы генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў-Вешальнік i замяніў прыгавор карай смерці. 3 чэрвеня (22.05) 1863 года ксёндз Ішора быў расстраляны на Лукішках і стаўся першай ахвярай Мураўёва ў Вільні [158]. Інспектар віленскай гімназіі Кулін В. П. успамінаў: "22 траўня ... Ускалыхнулася ўся Вільня. З раніцы на вуліцах, кірмашах і пляцах б'е барабан: аб'яўляе пра смяротнае пакаранне ... . На вуліцах незвычайны рух - усе імкнуцца ... на Лукішкі .... З натоўпам народу бягу туды ж і я. Вось і пляц з фатальным слупам, уся плошча заліта народам, на атачаючых яе вышынях віднеюцца шматлікія групы жанчын у жалобе. Пачуліся крыкі: "Вядуць, вядуць". Наступілі страшныя хвіліны. Сэрца б'ецца пачашчана, цяжка дыхаецца. Чытаюць прысуд, шматтысячны натоўп здранцвеў. Раздаўся залп, за ім стогны жанчын" [159]. А вось як апісаў пакаранне ксяндза Ішоры чыноўнік Мураўёва Масолаў: "... па вузкай Дамініканскай ... вялі на пакаранне смерцю ксендза Ішору. Наперадзе ехалі жандары і казакі, далей, акружаны салдатамі, бадзёра ішоў высокі, малады ксёндз прыемнага выгляду, ражкі маркотна дудзелі, побач з асуджаным ішоў духоўнік, а за працэсіяй і вакол яе, кіпеў неаглядны натоўп народу. Жанчыны былі ў чорным і гучна рыдалі. ... казалі, што да 20 тыс. народу сабралася на вялікае поле Лукішкі .... У гэты дзень у горадзе было змрочна .... Віна пакаранага была ў чытанні абуральнага маніфесту народу ў касцёле. Падобнае чытанне ... адбывалася амаль паўсюдна... . Ішора быў затрыманы адным з першых, і таму на яго ўпаў лёсік. Праз два дні былі расстраляны стары ксёндз Зямацкі і малады шляхціч Ляскоўскі. Я бачыў як яны ішлі на пакаранне смерцю ..." [160].

4 чэрвеня 1933 г. у касцёле св. Якуба ў Вільні была пасвенчана мемарыяльная дошка памяці ксяндза з такім надпісам: "S. p. ks. Stanislaw Iszora, urodzony w Wilnie 12 kw. 1838 r., wikarjusz w Zoludku, kaplan bohater za sprawe Kosciola i Narodu, stracony w Wilnie na Lukiszkach 3 czrw. 1863 r. Czesc jego pamieci." ("С . п . кс. Станіслаў Ішора, народжаны ў Вільні 12 крас. 1838 г., вікары ў Жалудку, каплан-герой за справу касцёла і народу, страчаны ў Вільні на Лукішках 3 чэрв. 1863 г. Слава яго памяці") [161].

Mypaўёу замяніў пробашчу парафіі Ваверка ксяндзу Раймунду Зямацкаму прыгавор, які асуджаў яго на цяжкія працы, смяротнай карай праз расстрэл. Гэты святар таксама прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест, быў арыштаваны 4 сакавіка (19 лютага) 1863 г., лідскім вайсковым начальнікам падпалкоўнікам Пініцкім і пад канвоем адпраўлены ў Вільню, дзе i быў расстраляны 5 чэрвеня [162]. Відавочца успамінаў: "... Зямацкі - высокі, прыгожы ксёндз з блакітнымі вачыма, у якіх блішчала натхненне... ... памёр мужна, ён увесь час ішоў цвёрдым крокам, не глядзеў ні на кога, толькі на неба, і да апошняй хвіліны то ціха, то гучна маліўся" [163].

23 ліпеня 1933 г. на касцёле св. Рафала ў Вільні адкрыта памятная дошка памяці ксендза: "S. P. Ks. Rajmund Ziemacki, ur. w Losku 19 wrzesnia 1810 r. Uczestnik powstania 1831 r. Wikarjusz parafji sw. Rafala w Wilnie, nastepnie proboszcz w Wawiorce, powiatu Lidzkiego, Kaplan-Bohater, zginal smiercia meczeсska, rozstrzelany na placu Lukiskim w Wilnie 5 czerwca 1863 r." ("С. п. кс. Раймунд Зямацкагі, нар. у Лоску 19 верасня 1810 г. Удзельнік паўстання 1831 г. Вікары парафіі св. Рафала ў Вільні, пазней пробашч у Ваверцы Лідскага павету, каплан-герой, загінуў смерцю пакутніка, расстраляны на пляцы Лукішкі ў Вільні 5 чэрвеня 1863 г.") [164].

Адам Фалькоўскі , пробашч Ішчалны, прачытаў паўстанчы маніфест i заклікаў сялян да паўстання. Арыштаваны 2 сакавіка 1863 г. i высланы з Ліды ў Вільню. Ён быў расстраляны ў Лідзе 24 (13) чэрвеня. Так пра гэтую падзею піша ксёндз-дэкан Гіпаліт Баярунец: "... каля 6 гадзін раніцы с.п. ксёндз Адам Фалькоўскі ішоў на месца страты засяроджаны і чытаў малітвы з кантычкі. Яго прывялі з Лідскай вязніцы да месца, дзе была выкапана яма і падрыхтавана свежая вапна ў вялікай бочцы. Яму зачыталі смяротны прыгавор, пасля чаго яго прывязалі да слупа і завязалі вочы. Грымнуў залп з казацкіх карабінаў. Ксёндз абвіс, як ужо мёртвы, потым яго адвязалі, укінулі цела без труны ў яму і залілі вапнай. Магілу закапалі, эскадрон казакаў на конях зацёр усялякі след магілы. Наш люд ціха назіраў і, стоячы ў розных пунктах, перасячэннем ліній акрэсліў месца магілы, а пасля адходу катаў аблажыў магілу камянямі. Паліцыя шматкратна раскідвала каменне, але наш добры народ заўсёды пазначаў тое месца чатырохвугольнікам з камянёў. ... . У 1919 годзе лідскія чыгуначнікі пры ўдзеле лідскіх абывацеляў задумалі ўшанаваць магілу ксендза і паставіць помнік. Чыгуначнік Стэфан Лоўкіс узяў тую справу блізка да сэрца, зрабіў крыж з жалезных труб і падрыхтаваў цэмент для пастаноўкі помніка. Тады наступіла хвіліна, калі трэба было адшукаць магілу. Тыя людзі - жывыя ў 1919 годзе сведкі падзеі, паслухаўшы мае парады, сталі на тыя самыя месцы, як у 1863 годзе і на скрыжаванні ліній знайшлі магілу. Пры капанні ямы пад фундамент помніка натрапілі на камяні, а глыбей на вапну. Мейсца гэтае - бясспрэчна магіла страчанага ксяндза".

У міжваенныя гады імя Фалькоўскага насіла адна з цэнтральных вуліц горада. У 1940 годзе савецкія ўлады знеслі крыж і зруйнавалі магілу ксендза Адама Фалькоўскага [165]. З 1996 г. грамадскасць горада вяла барацьбу за існаванне помніка на магіле Фалькоўскага, і ў выніку ў 2010 г. помнік на магіле ксендза быў адноўлены.

Да смерці прыгаварылі таксама ксендза Яна Кажанёўскага , вікарыя з Новага Двара. Ён таксама прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест. Генерал-губернатар Назімаў выступіў, аднак, да цара з просьбай аб замене пакарання смерцю i атрымаў дазвол на кару 12 гадоў катаргі ў шахтах i пазбаўленне духоўнай годнасці. Ксендзу пашчасціла, што яго выслалі з Вільні ў Табольскую губерню перад прыездам Мураўёва.

Апрача ўпамянутага ўжо ксендза Кажанёўскага яго сусед, пробашч з парафіі Васілішкі ксёндз Сырвід Ануфры , быў пакараны за прачытанне маніфесту 12 гадамі катаргі ў шахтах Тамбоўскай губерні (Антоні Гжымала-Пшыбытка ў "Ziemi Lidzkiej" № 1 за 1937 г. сцвярджае, што гэта менавіта ксёндз Сырвід быў памілаваны па просьбе жонкі губернатара Патапава, у дзявоцтве княжны Абаленскай).

Ксендза Рамуальда Скібінскага , пробашча парафіі Дэмбрава, пакаралі васьмігадовай катаргай у сібірскіх фабрыках, асуджаных на смерць ці на катаргу пазбаўлялі святарскай годнасці [166].


Адразу пасля страты 3 чэрвеня (22.05) 1863 года ксендза Ішоры, паўстанцы страцілі некалькі праваслаўных святароў, дапамагаўшых царскаму ўраду. Ужо 4 чэрвеня (23.05) за дапамагу ўраду быў забіты праваслаўны святар г. Суража Беластоцкага павету Гарадзенскай губерні Канстанцін Пракаповіч, 14 чэрвеня 1863 г. быў павешаны паўстанцамі псаломшчык Фёдар Юзяфовіч, які служыў у в. Святая Воля Пінскага павету, ён уваходзіў у так званы "атрад самаабароны" і для інсургентаў лічыўся жаўнерам варожага боку. Здаецца, да страты кс. Ішоры, паўстанцы не забівалі праўрадавых праваслаўных святароў: ім галілі борады, падвяргалі маральнай абструкцыі і г.д. [167]

Улады, і ў першую чаргу вышэйшае праваслаўнае духавенства, вельмі пільна сачылі за падпарадкаванымі ім святарамі, не дапускаючы ніякіх ваганняў. Калі два маладыя праваслаўныя святары з Гарадзенскай губерні за непісьменных сялян падпісалі прысягу Нацыянальнаму Ўраду, яны адразу ж былі пазбаўлены сану. Вядомы таксама выпадак святара Скабалановіча. Яго і дзвюх яго дачок (хрышчаных і выгадаваных ў каталіцтве) западозрылі ў сувязях з паўстанцамі, і ў выніку святар адразу быў сасланы ў Гарадзенскі манастыр.

Пра нейкія ўчынкі праваслаўнага святарства супраць інсургентаў і, адпаведна, рэпрэсіі з боку паўстанцаў на Лідчыне, інфармацыі няма, да шчасця паўстанне тут не набыло элементаў грамадзянскай вайны.

Пасля паўстання

Мураўёв М.М. 7 чэрвеня 1864 г. забараніў насіць жалобную вопратку і розныя "рэвалюцыйныя знакі", вянгеркі, канфедэраткі і доўгія боты пад пагрозай значных штрафаў: на першы раз - 25 руб., у другі раз - 50 руб., а на трэці раз - арышт. Калі заплаціць не было магчымасці, прадавалася маёмасць. Нават жалобу па родных дазвалялася насіць толькі пры наяўнасці адпаведнага дазволу ад паліцыі. Каб пазбегнуць штрафаў, жанчыны, выходзячы на вуліцу, падгортвалі жалобныя спадніцы каля поясу і на вачах паліцыі былі ў каляровых, а, заходзячы да сваіх аднадумцаў, апускалі схаваныя спадніцы і зноў былі ў жалобе. Заканчэнне паўстання не адмяняла загадаў наконт жалобнага адзення, гэта была своеасаблівая помста з боку ўладаў і надзейная крыніца хабару для мясцовых чыноўнікаў [168].

Усе міравыя пасярэднікі ў паветах з тутэйшых адмовіліся ад сваіх пасад, і на іх месца панаехалі чыноўнікі-абрусіцелі. Вось як адзін з іх, Палявы М., апісвае перасячэнне ўсходняй этнічнай мяжы Беларусі ў 1864 г. і свой праезд да Вільні: "Адразу за Смаленскам, як толькі я заехаў у Магілёўскую губерню, я трапіў у новы свет. З'явіліся палякі, беларусы, габрэі з іх чужымі для мяне мовай, звычаямі і варожым да ўсяго рускага настроем. Я, рускі гвардзейскі афіцэр, сваёй формай выяўляў сваю нацыянальнасць і адразу адчуў злосны настрой, варожасць ўсіх гэтых людзей. Яны наўмысна гаварылі са мной па-польску, хоць усе выдатна размаўлялі і разумелі рускую мову. Яны абцяжарвалі мяне ва ўсім: у куплі хлеба, абаранкаў, у падліку грошай, лічачы на злотыя, а часта і зусім адмаўлялі ва ўсім, кажучы: "Не разумеем!". ... Ужо з самай мяжы Смаленскай губерні, было прыкметна ваеннае становішча ў краі. У мястэчках бачныя былі войскі, на паштовай дарозе стаялі месцамі заставы і ваенная варта пры іх. На станцыях правяралася мая падарожная. Але калі я заехаў у Менскую губерню, ваеннае становішча убачылася ва ўсёй сваёй сіле і строгасці ..." [169].

Яскрава адлюстроўвае рэжым, усталяваны на Лідчыне, прашэнне адстаўнога расейскага падпаручніка Міхаіла Васільевіча Страескі на імя Мураўёва ад 29 лістапада 1863 г., якое збераглося ў паперах былога набліжанага да Мураўёва ў Вільні афіцэра Чарэвіна [170]. Страескі, ехаў з Бесарабіі ў Пецярбург праз Беларусь і зазнаў шмат грубасцяў і здзекаў - спачатку ў Пінску, а пасля ў Лідзе - ад вайсковых начальнікаў Ліды і Пінска і п'яных расейскіх жаўнераў. Адстаўны падпаручнік спачатку быў упэўнены, што рэжым, які ён бачыў на сваёй дарозе, усталяваны без ведама гене-рал-губернатара і парушае законы, таму, як чалавек чэсны і які жадае дабра Расеі, ён напісаў рапарт да генерал-губернатара. Пра тое, што бачыў на Лідчыне, Страеска пісаў: "Калі сп. Алхазаў (лідскі ваенны начальнік - Л.Л. ) абыходзіўся са мною так, ... не-палякам, маючы перад вачыма 5-6 дакументаў - сведчанняў пра маю асобу, то чаго пасля гэтага можна чакаць ад яго няшчаснаму паляку? Панове Алхазавы [...] прымусяць іх кінуць усё і шукаць выратавання "do lasu". ... Паверце, Ваша Высокаправасхадзіцельства, - піша далей Страескі, - што ў войсках губерняў нельга ўгледзець прастадушнага, заўжды рахманага расейскага салдата; грубасцю і жорсткасцю яны пераўзышлі там, мабыць, дзікія татарскія орды, што лютавалі некалі на Св. Русі. Калі б да Вас маглі даходзіць стогны і скаргі прыгнечаных варварствам нашага хрысталюбнага воінства, Вы, напэўна, з жахам адмовіліся б ад такіх паплечнікаў" [171]. Вераемна хутка адстаўны падпаручнік усвядоміў, што ўсе робіцца з дазволу Мураўёва-Вешальніка і з'яўляецца часткай ягонага плана пацыфікацыі краю.

Вось што казаў Мураўёў камандзіру аднаго з карных атрадаў князю Імерацінскаму: "Не верце ні чаму, што Вам будуць казаць пра ласку, гуманнасць, недаказанасці віны ... няпраўда, усе яны вінаватыя больш ці менш, і самае малое пакаранне - калі хто пасядзіць у каменным мяшку! ... Нам трэба вырваць ім зубы да вясны, а то прыйдзецца пачынаць зноў! Я даў ваенным начальнікам самыя шырокія паўнамоцтвы, распараджэнняў сваіх не змяняю, наадварот пацвярджаю і заўсёды падтрымліваю. Таму не бойцеся адказнасці, не саромейцеся і не глядзіце на тое, што скажа следчая камісія.... Яшчэ раз кажу: калі хто з гэтых ... выглядае невінаватым, малая справа! ... Няхай пасядзіць, падумае, гэта самае меншае з таго, што ўсе яны заслугоўваюць! Калі ўбачыце … дапамогу або хоць найменшую патуранне гэтым мярзотнікам, загадваю вам усё спаліць, зраўняць з зямлёю - была б гэта вёска, сядзіба, што б ні было! Асабліва строга прыглядайце зa панамі і ксяндзамі, за гэтымі шляхецкімі ваколіцамі, не варта цырымоніцца з-за іх шматлюдства: напішыце мне, і я іх выселю ўсіх да аднаго! Ну-с, я рады, што магу вам даць выпадак паслужыць у такі час Гасудару і рускай справе!" [172].

Як бачым, задоўга да бальшавікоў і фашыстаў, Мураўёў дэ-факта ўвеў прынцып калектыўнай адказнасці.

Нездарма ўжо сучаснік Мураўёва, выбітны рускі бібліёграф Мяжоў В. І. у сваёй "Рускай бібліяграфіі" пасля смерці генерала адзначыў: "У грамадстве і гісторыі ён (М.М. Мураўёў) застаўся пад імем Мураўёва-Вешальніка і наогул вядомы быў сваёю крыважэрнасцю" [173].

***

Знакаміты польскі палітык Раман Дмоўскі (1864-1939), пісаў пра фатальную ролю "польскага пытання" для гісторыі Расійскай Імперыі: далучэнне земляў Рэчы Паспалітай да Імперыі зрабіла немагчымым нармальнае палітычнае развіццё гэтай краіны: "Колькі разоў, Расія ўступала на шлях разумных памяркоўных рэформаў і ў часы Аляксандра I, і ў часы Аляксандра II, альбо ў перыяд станаўлення Думы, і кожны раз сыходзіла з гэтага шляху. Галоўнай прычынай было "польскае пытанне", а дакладней небяспека, што палякі выкарыстаюць палітычныя правы дзеля ўмацавання ўласных пазіцый і падрыву расійскай дзяржаўнасці. ... Трэба было выбіраць паміж эвалюцыйным і рэвалюцыйным шляхамі развіцця. У выніку таго, што "польскае пытанне" фактычна заблакавала першы з іх, Расія была прыгавораная да рэвалюцыі. Магчыма, апошнія падзеі у Расіі (маецца на увазе рэвалюцыя 1917 г. - Л.Л. ) з 'яўляюцца расплатай за панаванне над Польшчай" [174].


Разгром паўстання абярнуўся ўзмацненнем русіфікацыі. 10 снежня 1865 г. быў прыняты закон, які забараняў "асобам польскага паходжання" набываць зямлю. Забаранялася распаўсюджванне польскіх выданняў. Часовыя правілы для народных школ краю стваралі выключна вялікарускую сістэму адукацыі. Шэраг загадаў гарантаваў масавы прыток чынавенства з этнічна расійскіх губерняў. Нельга было размаўляць па-польску ў публічных месцах: у нашых гарадах можна была пабачыць аб'явы накшталт: "Говорить по-польски запрещено" . Пасля паўстання адбылася хуткая пераарыентацыя палітычна і культурна актыўных людзей, прыхільнікаў ліцвінскай традыцыі: замест працы на патрэбы свайго краю, яны ў значанай ступені пачалі арыентавацца на Польшчу і яе культурныя патрэбы.

У 1863 г. этнограф Павел Баброўскі прапанаваў галоўным крытэрыем вызначэння этнасу лічыць мову. Тады ж, пры падтрымцы уладаў пачалося хуткае развіццё так званага заходнерусізму (яго сэнс - Беларусь этнічная, культурная і дзяржаўная частка Расіі "сапсаваная" палякамі). У той жа час расійскія ўлады дазволілі друкаваць на беларускай мове этнаграфічныя даследаванні, якія павінны былі спрыяць ўмацаванню плыні менавіта заходнерусізму. Былі праведзены шматлікія навуковыя даследаванні народнай культуры. Але этнаграфія, як і любая аб'ектыўная навука, у перспектыве, толькі пацвердзіла існаванне асобнага беларускага этнасу. Другая палова XIX ст. стала для Еўропы часам нацыянальнага абуджэння, усе нашы суседзі прачыналіся ад сну і стваралі нацыі ў сучасным разуменні гэтага слова. Таму, канешне, агульны культурны кантэкст указваў кірункі для далейшага развіцця і нам, беларусам

Развіццё беларускай культуры ішло ў межах ліцвінскай і заходнерускай культурных традыцый, і беларускасць шмат у чым з'явілася іх сплавам. Ужо ў 1870-80-х гадах беларускія народнікі выступілі з абгрунтаваннем тэзы пра беларусаў як асобны народ. Сімвалічна, што на канчатковае афармленне беларускай культурнай традыцыі сваёй творчасцю моцна паўплываў паўстанец 1863 г. Францішак Багушэвіч [175]. Пасля яго станаўленню беларускай нацыі ўжо не было альтэрнатывы, гэтае станаўленне можна было замарудзіць, але ўжо было немагчыма адмяніць.

Дадаткі

Рапорт начальника Виленского отряда начальнику 2-й гвардейской дивизии со списком соучастников мятежа. 29 апреля 1863 г., № 15. [176]

Рапарт
начальніка Віленскага атрада начальніку 2-й гвардзейскай дывізіі са спісам саўдзельнікаў мецяжу.

29 красавіка 1863 г., № 15.

У выкананне прадпісання вашага правасхадзіцельства маю гонар прадставіць спіс асобаў, якія наклікалі на сябе падазрэнне ў саўдзеле ў мецяжы.

1) Сястра Нарбута, с-ня Манджунская спрыяла набору паўстанцаў, сама бывала даволі часта ў хеўры і рабіла часам з ёю пераходы, дастаўляла мяцежнікам харчы. Усё гэта па сведчанні, паўстанца, які знаходзіцца ў генерал-маёра Шамшава.

2) Вільбік , шляхціц, жыве ў Ліпкунцах, галоўны вярбоўнік.

У гэтай вёсцы ёсць адзін паранены паўстанец.

3) Абшарнік Янкоўскі жыве на фальварку Дубічы каля Новага Двара. Дакладна вядома, што на яго мызе было прыгатавана шмат харчоў для разгавення мяцежнікаў.

4) Абшарнік Мікульскі - мыза Глямбок, прымаў і частаваў мяцежнікаў, на яго мызе Нарбут і Гарбачэўскі прыводзілі зноў набраных паўстанцаў да прысягі.


Разам з тым лічу абавязкам далажыць і пра асобаў, якія спрыялі адшукванню мяцежнікаў і сваёй стараннасцю, звярнулі на сябе асаблівую ўвагу, a менавіта:

Станавы прыстаў 5 стану Ільін.

Соцкі мястэчка Нача шмат спрыяў да выведвання пра месцы збору мяцежнікаў.

Стараста і соцкі вёскі Салтанішкі забіралі палонных і параненых пасля справы 22 красавіка і прыводзілі іх да мяне.

Іосіф Жэгздрын, селянін вёскі Смільчыны, Васілішскага стану. Быў не толькі пры маім атрадзе, але і пры раней пасыланых ад Паўлаўскага палка, у гэты час вярнуўся з атрадам у Вільню з асцярогі быць павешаным мяцежнікамі. Шмат спрыяў пры выведванні і вышуках, захапіў і прывёў вярбоўніка Няверу і параненага Іосіфа Рачука ў справе 30 сакавіка.

Антон Талыкоўскі, Каняўскай грамады, дзяржаўны селянін, быў сілком узяты ў паўстанцы, уцёк ад іх і далучыўся да майго атрада. Дастаўляў звесткі, ездзіў па вёсках выведваць і ў дзень справы 22 красавіка з другім мужыком накіраваўся выглядваць след хеўры, след прагледжаны потым штабс-капітанам Рэнвальдтам, па якім атрад і напаў на Нарбута.

Адам Базылевіч, дзяржаўны селянін мястэчка Дубічы. Пры руху маім 21 красавіка на Забалаць прыведзены быў казацкім вахмайстрам Кузняцовым, як паказаўшы, што хеўра Нарбута знаходзіцца за возерам Пеляса. З прычыны гэтага апавяшчэння і быў зроблены мною зваротны рух на Дубічы.

Не магу прайсці маўчаннем міма стараннасці жыхароў-габрэяў мястэчка Эйшышкі. У дзень нараджэння Гасудара Імператара 17 красавіка ўсё мястэчка было ілюмінавана, у школах пры поўным асвятленні былі спяваныя гімны ў гонар Яго Вялікасці і Гсударыні Імператрыцы, таксама павінен згадаць пра сына Віленскага святара Багдана Брэна, які выказаў жаданне паступіць у вайсковую службу, і ўзятага мною для перакладаў з польскай мовы. Падчас абедзвюх спраў і пры пераследзе знаходзіўся ўвесь час пры ротах і часам нават у ланцугу пад агнём мяцежнікаў.


Начальнік Віленскаго атрада лейб-гвардыі Паўлаўскага палка палкоўнік Цімафееў.


Спіс маёнткаў, канфіскаваных у Лідскім павеце (1863-1873) [177]

Назва маёнтка

Былы уладар

Дзесяцін

Вільбікі

Вільбік Стэфан

23

Ачкевічы

Гжымайла Фелікс

33

Пакулішкі

Эйсмант Леанард

76

Мажэйкаўшчына (дзялка)

Тубілевіч Мацей

1

Жылічы

Рудзіцкі

46

Казіміраўка

Рудзіцкі

84

Нявіша

Александровіч Ксаверы

468

Сасноўшчына

Бердаўскі Адольф

145

Аленшчына

Дабраўлянскі

205

Дылева (дзялка)

Цыдзік Міхал

12

Ліпкунцы

Трушунскі Юзаф

4

Рытаневічы (дзялка)

Кміта Антоні

4

Кіюнцы

Ёч Багуслаў

90

Грышанішкі (дзялка)

Краінскі Леон

97

Грышанішкі (дзялка)

Трушчынскі

52

Кракшлі (дзялка)

Бадер Ян

68

Кракшлі (дзялка)

Бадер Юзаф

68

Кракшлі (дзялка)

Сярэйчык Ваўжынец

½

Галадоўка

Ёч Эдмунд

29

Члоўшчына

Пулоўскі Напалеон

41

Разама

21 маёнтак

Маёнткі ў Лідскім павеце, якія пасля паўстання 1863 г. былі выкупленыя расійскімі абшарнікамі на падставе інструкцыі ад 23.VII. 1865 г. [178]

Прозвішча

пакупніка

Назва маёнтка

Дзесяцін

Кошт, руб.

Дата акта куплі

Заўвагі

Плаксенка Мікалай

Ачковічы

33

522

1868

Трапіцын Міхаіл

Пакулішкі

76

806

1868

Расільян Леў

Ражанка

505

10 173

1869

Трубецкі, князь

Радзевічы

320

5 412

1869

Навагродскі Федар

Багушевшчына

87

1 107

1869

Грыгор'еў Маісей

Даўклеўшчына

288

2 730

1870

Шпэер Апаланінары

Калеснікі

288

2 637

1870

Нікіцін Аляксандр

Тракелі

3 169

25 805

1870

Лівэн Вільгельм, барон

Дворышча

3 088

33 856

1870

Гічэла Міхаіл

Паплавы

113

1 603

1870

Маўрас Дзмітры

Ерамеевічы

191

1 182

1870

Піксанава Надзея

Гілвінішкі

106

2 471

1870

Кісела-Загоранскі Караль

Памедзь

315

2 371

1870

Гера Леапольд

Смілгіні

361

1 069

1870

Асаўкейка Разалія

Паўлока

264

1 206

1870

Пенкіна Алена

Забалаць

308

2 277

1871

Цыпін Мітрафан

Дварчаны

77

607

1871

Ушакоў Пётр

Сакоўшчына

141

1 656

1871

Анісімаў Аркадзь

Клунцы

90

682

1871

Чэкалкін Сцяпан

Дубінцы

199

846

1872

Лідскае гарадское таварыства

Ліда

110

5 606

1873

Крылоў

Жылічы

130

1 650

1873

Агулам

22 маёнтка

10 199

106 274

-

Кошт дзесяціны 6 руб.

Спіс маёнткаў, прымусова прададзеных па ўказу ад 10.12.1865 г. [179]

Новы уладар

Былы уладар

Назва маёнтка

Дзесяцін

Кошт, руб.

Дата куплі

Маўрас Дзмітры

Кашыц Канстанты

Тарноўшчына

2 500

56 300

1866

Шванебах Фёдар

Тышкевіч Караль і Алівія

Жырмуны

4 000

41 000

1867

Маўрас Дзмітры

Табенскі Яраслаў

Малкоўцы

22

300

1867

Стаховіч Пётр

Пілецкі Юзаф

Лаўчылавічы

200

6 000

1867

Васюхноў Іван

Ласковіч Юльян

Малыя Стокі (Чаплеўшчына)

68

2 600

1867

Львова Тацяна

Грабоўскі Вільгельм

Семякоўшчына

880

-

1870

Львова Тацяна

Грабоўскі Вільгельм

Рогачоўшчына

115

40 000

1870

Станскі Сцяпан

Геншаль Людвік

Волдацішкі

438

10 601

1868

Джанееў Мікалай

Сямашка Ян

Гернікі

320

4 800

1868

Шпэер Апалінары

Аранскі Антоні

Лаўсюны

11

90

1868

Дэмбавецкі Ал.

Захватовіч Вінцэнт

Бердаўка

1 576

17 501

1868

Маўрас Дзмітры

Табенскі Яраслаў

Зенавічы

487

9 055

1868

Шпэер Апалінары

Звяровіч Аляксандр

Доцішкі

451

11 100

1868

Элсен Юліян

Ржансніцкі Эрнест

Здановічы

488

8 000

1868

фон Фейліцар Мік.

Нарбут Баляслаў

Нікадземава

191

3 000

1868

Кукаранаў Мікалай

Табенскі Яраслаў

Утольнікі

330

6 220

1868

Кукаранаў Мікалай

Дроблячэвіч Ал. Ролукрад Юзаф

Больсі

9

76

1868

Міхайлаў Іван

Вайсят Антоні

Цецянцы

66

317

1868

Ушакоў Пётр

Вільканец Тодор

Псярцы

122

1 271

1870

Агулам

19 маёнткаў

12 274

218 231

Кошт дзесяціны 18 руб.

Спіс маёнткаў, прададзеных ў 1864-1873 гг. [180]

Від продажу, назва маёнтка

Дзесяцін

Назва маёнтка

Дата куплі

Заўвагі

Вольны продаж

Ельня

34

1 900

1 868


Вялікая Лебяда

3 0552




Малое Ольжава

714

37 000

1870


Парачкоўшчына

182

4 400

1870


Балкуны

320

6 300

1870


Вярцянёўка

183

4 100

1872


Ельня

85

900

1872


Буячкі

1 060

7 000

1873


З аукцыёна

Папішчы

40

1 474

1866


Міканцы

46

795

1867


Жыжня

46

795

1867


Андрушкі

221

3 150

1867


Нецяч

1 858

11 910

1868


Балічы

199

4 578

1869


Мелегава, альбо Ельня

868

7 444

1870


Лычкава

760

18 010

1872


Вавёрка

357

13 185

1873


Дубічы

838

22 332

1873


Баранаўцы

350

5 506

1873


Агулам 21 маёнтак

11 213

150 779


Кошт дзесяціны 13 руб.



[1] Gulczyński E. Sprawa Marcelego Szymańskiego emisariusza wyprawy Zaliwskiego. Wilno, 1933. S. 328.

[2] Радзюк А. Р. Лідчына ў нацыянальна-вызваленчым руху першай паловы ХІХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук. практ. канф. Ліда, 2008. С. 115-116.

[3] Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска - палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772-1863 гг.). Гродна, 2001. С. 186.

[4] Karbowski W. Ludwik Narbutt. Życiorys wodza w powstaniu styczniowem na Litwie. 1935. S. 31-34.

[5] Там жа. S. 182.

[6] Гл. напрыклад: Komorowski Paweł, Kołyszko Aleksander. Ludwik Narbutt. Warszawa-Lida, 1999. S. 9.

[7] Дарэчы, сам былы "дзекабрыст" памілаваны Мікалаем I.

[8] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 35-41.

[9] Там жа. S. 192-195.

[10] Komorowski Paweł, Kołyszko Aleksander. Ludwik Narbutt. Warszawa-Lida, 1999. S. 9.

[11] Там жа. S. 196-198.

[12] Там жа. S. 206.

[13] Там жа. S. 44-47.

[14] Шляхцянка Вількамірскага павета Ковенскай губерні Пац-Памарнацкая.

[15] Западные окраины Российской империи. Сборник. Научные редакторы: М. Долбилов, А. Миллер. М., 2006. С. 126-135.

[16] Гвалты (згоны) - прыцягненне абшарнікам усяго працаздольнага насельніцтва маёнтка для выканання тэрміновых панскіх прац, звычайна пад час уборкі ураджая.

[17] Письмо неизвестного корреспондента в «Отель Лямбер» с информацией о поездке В.И.Назимова по Виленской и Гродненской губерниям для проверки результатов проведения крестьянской реформы // Революционный подъем 1861-1862 гг. в Литве и Белоруссии. (Восстание 1863 года: Материалы и документы). Москва, 1964. С. 37-41.

[18] Гвардыян - у дадзеным выпадку эканом.

[19] Пачатак а 8-і раніцы

[20] Narbutt M. Lida i Lidziane // Ziemia Lidzka. 1997. № 26-27.

[21] Памятная книжка Виленской губернии на 1850 г. Вильно, 1850. С. 82.

[22] Лаўрэш Л. Ксёндз Дзіянісій Хлявінскі, Філамат // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы). 2010. С. 172-175.

[23] Narbutt M. Lida i Lidziane // Ziemia Lidzka. 1997. № 26-27.

[24] http://be.wikipedia.org/wiki/Харчаванне_беларусаў_у_Расійскай_імперыі

[25] Памятная книжка Виленской губернии на 1846 г. Вильно, 1846. С. 103-105.

[26] Памятная книжка Виленской губернии на 1860 г. Вильно, 1860. С. 157-158.

[27] Там жа. S. 166.

[28] Сегень Януш. Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя // Лідскі летапісец" №20. С. 26.

[29] Любарскі Іван Васільевіч (1832-1901), закончыў медыцынскі факультэт Харкаўскага універсітэта, ваенны лекар, гісторык, журналіст, у Лідзе служыў палкавым лекарам.

[30] Любарский И.В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. 1895. Т. 59, № 3. С. 819-820.

[31] Баляслаў Вікенцевіч Колышка (7.VIII.1837-9.VI.1863) нарадзіўся ў фальварку Карманішкі (паводле Чэслава Малеўскага - у ваколіцы Гуды) Лідскага павету. З 1860 вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага студэнцтва, прапагандаваў ідэі рэвалюцыйнага саюзу народаў у барацьбе з самадзяржаўем, у 1861 вёў агітацыю ў Лідзе, потым удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях студэнтаў з паліцыяй. Ратуючыся ад пакарання, выехаў за мяжу, наведваў ваенную школу эмігрантаў у Італіі. У сакавіку 1863 г. сфармаваў паўстанцкі аддзел у Ковенскім павеце, меў некалькі паспяховых сутычак з царскімі войскамі. Пасля разгрому паўстанцаў узяты ў палон і павешаны ў Вільні на плошчы Лукішкі.

[32] Паходзіў з небагатай шляхты.

[33] Любарский И.В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. Март, 1895. С. 820-821, 822.

[34] Межэцкі Мітрафан Парфіравіч, афіцэр, потым судовы следчы.

[35] Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве 1861-1863 годах // Исторический вестник. 1898, Т. 73, № 9, с. 826.

[36] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. Март, 1895. С. 813.

[37] Там жа. S. 824.

[38] Субалтэрн - малодшы афіцэр у роце.

[39] Для Любарскага, аўтара гэтых мемуараў усе выхадцы з Беларусі, не гледзячы нават на іх веравызнанне - палякі.

[40] Верагодна гэта былы уніяцкі святар Ян Сцяпура. У 1835 г. дакудаўскія вернікі разам са святаром Язафатам Александровічам "аказалі супраціў зменам у інтэр'еры свайго храма" . Пасля адмовы прыняць маскоўскі служэбнік Александровіча замянілі Янам Сцяпурам, жонка якога з чатырма дочкамі нарабіла клопату мясцовым уладам тым, што да ліквідацыі ўніі паспела перайсці у рыма-каталіцтва і не хацела "вярнуцца" ў праваслаўе - веру, у якой заканадаўствам імперыі прадпісвалася быць спаведнікам знішчанай уніі. Ян Сцяпура лічыўся недабранадзейным, у 1839 г. яго дзеля пакарання выклікалі ў Жыровічы.

[41] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. Март, 1895. С. 813-816.

[42] Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве 1861-1863 годах // Исторический вестник. 1898, Т. 73, № 9, с. 826.

[43] Там жа.

[44] Там жа.

[45] Там жа.

[46] Наглядчыкам 3-х класнай павятовай дваранскай вучэльні ў Лідзе ў 1860 г. быў надворны дарадца Аляксандр Аляксеевіч Шахаў (гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1860 г. Вильно, 1860. С. 39.), з 1861 г. пасаду заняў калежскі асэсар Людвіг Людвігавіч Ігнатовіч. (гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. ч. 1. С. 59.).

[47] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. Март, 1895. С. 818.

[48] Прадвадзіцель дваранства ў Лідзе 1861 г., калежскі асэсар Сцяпан Дзяменцьевіч Буткевіч. (Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. ч. 1. С. 110.). Буткевіч С.Д. (1815 г.н.) выконваў абавязкі прадвадзіцеля з 12 кастрычніка 1855 г., адукацыю атрымаў у Шчучынскай павятовай вучэльні, быў узнагароджаны ордэнам Св. Станіслава 3 ст., медалём у памяць вайны 1853-56 гг. і знакам за 15 год службы (Гл.: Адрес-календарь Виленского генерал-губернаторства на 1868 год. С.-Петербург, 1868. С. 90.).

[49] Там жа.

[50] Там жа. S. 819.

[51] Там жа.

[52] Там жа. S. 822.

[53] Там жа. S. 823.

[54] Гараднічы ў Лідзе 1861 г., падпалкоўнік Балонін. Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. ч. 1. С. 110.

[55] Павятовы суддзя ў Лідзе 1861 г., калежскі асэсар Фама Іванавіч Шукевіч. (Гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. ч. 1. С. 111.), Тамаш Шукевіч - адзін з кіраўнікоў паўстання на Лідчыне, павятовы камісар.

[56] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. Март, 1895. С. 824-826.

[57] Марцін Мацей Баралоўскі (1829-1863), палітычны і ваенны дзеяч, палкоўнік у паўстанні 1863 г. (мянушка - Лелявель).

[58] Параўнай, у той жа час у Бярэсці: "Напачатку 1862 г. я быў дома. Першае што я тут пачуў, гэта казанні нейкага капуцына, які сваёй патрыятычнай і займальнай гаворкай збіраў народ у касцёл з розных паветаў. Гэты капуцын малады, высокі, прыгожага выгляду, пасля, знаходзячыся ў хеўры Лелявеля, быў забіты ў адной з сутычак. На наступны ж дзень я пайшоў паслухаць гэтага прапаведніка, хоць і не думаў, што ўражанне будзе вялікім, асабліва пасля таго, што я чуў раней. Народу было шмат. Не толькі касцёл, але і каля касцёла ўсе было перапоўнена. Ксёндз-капуцын, увайшоўшы на амбон, пачаў сваё казанне. Народ то валіўся, заломваючы рукі, на калені, то зноў уставаў рыдаючы. Сапраўды, прамова яго, дыхаўшая нянавісцю да ўраду, малявала становішча ... такімі змрочнымі фарбамі, малявала такія пакуты Айчыны, што, здаецца, калі б ён сказаў: "Бярыце нажы і прыступайце да справы", я першы пайшоў бы за ім. Калі служба скончылася, і капуцын выходзіў з касцёла, дык жанчыны і мужчыны кідаліся цалаваць яго руку, а некаторыя абрывалі яго верхнюю сутану, так што павінны былі сшыць яму новую. І тут таксама, як і ў Варшаве, абшарнікі, мяшчане і ў рэдкіх выпадках сяляне спявалі гімны і насілі жалобу" . - Воспоминания польского повстанца 1863 года // Исторический вестник, 1892, Т. 49, № 9, С. 583-584.

[59] Брянцев П. Д. Польский мятеж 1863. Вильна, 1891. С.79.

[60] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 7.

[61] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний). // Исторический вестник. Март, 1895. С. 830.

[62] Chorał (Хорал)

Muzyka Józefa Nikorowicza
Słowa Kornela Ujejskiego

Z dymem pożarów, z kurzem krwi bratnej,
Do Ciebie, Panie, bije ten głos,
Skarga to straszna, jęk to ostatni,
Od takich modłów bieleje włos.
My już bez skargi nie znamy śpiewu,
Wieniec cierniowy wrósł w naszą skroń,
Wiecznie, jak pomnik Twojego gniewu,
Sterczy ku Tobie błagalna dłoń.

Ileż to razy Tyś nas nie smagał!
А my nie zmyci ze świeżych ran,
Znowu wołamy: "On się przebłagał,
Во On nasz Ojciec, bo On nasz Pan!"
I znów powstajem w ufności szczersi,
А za Twą wolą zgniata nas wróg,
I śmiech nam rzuca jak głaz na piersi:
"А gdzież ten Ojciec, а gdzież ten Bóg?"

I patrzym w niebo, czy z jego szczytu
Sto słońc nie spadnie wrogom na znak...
Cicho i cicho - pośród błękitu
Jak dawniej buja swobodny ptak.
Owóż w zwątpienia strasznej rozterce,
Nim naszą wiarą ocucim znów,
Bluźnią Ci usta, choć płacze serce:
Sądź nas ро sercu, nie według słów!

О Panie, Panie! ze zgrozą świata
Okropne dzieje przyniósł nam czas:
Syn zabił ojca, brat zabił brata,
Mnóstwo Kainów jest pośród nas.
Ależ, о Panie! oni nie winni,
Choć naszą przyszłość cofnęli wstecz,
Inni szatani byli tam czynni,
О, rękę karaj, nie ślepy miecz!

Patrz! Му w nieszczęściu zawsze jednacy,
Na Twoje łono, do Twoich gwiazd.
Modlitwą płyniem jak senni ptacy,
Со lесą spocząć wśród własnych gniazd.
Osłoń nas, osłoń ojcowską dłonią,
Daj nam widzenie przyszłych Twych łask,
Niech kwiat męczeński uśpi nas wonią,
Niech nas niebiański otoczy blask.

I z archaniołem Twoim na czele
Pójdziemy wszyscy na straszny bój,
I na drgającym szatana ciele
Zatkniemy sztandar zwycięski Twój!
Zbłąkanym braciom otworzym serca,
Winę ich zmyje wolności chrzest,
Wtenczas usłyszy podły bluźnierca
Odpowiedź naszą: "Bóg był i jest".

[63] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний). // Исторический вестник. Март, 1895. С. 833.

[64] Там жа. S. 827-828.

[65] Пальмерстон Генры Джон Тэмпл - прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1855-65 гг.

[66] Палкоўнікам потым стаў Людвіг Нарбут.

[67] Любарский И. В. В мятежном крае. (Из воспоминаний) // Исторический вестник. Март, 1895. С. 829.

[68] Западные окраины Российской империи. Сборник. Научные редакторы: М. Долбилов, А. Миллер. М., 2006. С. 148, 162.

[69] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 9.

[70] Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве 1861-1863 годах // Исторический вестник. 1898, Т. 73, № 9, с. 827.

[71] Там жа. S. 830-831.

[72] Параўнай, у той жа час Вільні: "У сафійскім палку адной з намі 1-й дывізіі быў пераведзены з Каўказа паручнік Вернер, родам прусак ... аднойчы даволі позна ўвечар ... ён прыйшоў да мяне..., галава яго была павязана акрываўленай белай хусткай.

- Я ўвечар шпацыраваў па садзе..., маладыя людзі ... , праходзячы міма мяне ... адпускалі у мой бок абразлівыя насмешкі. ... Пры браме мяне ўжо чакаў натоўп ... пачуліся абразы ..., ... у мяне кінулі камень ... Тады я выхапіў шаблю ... камусьці з бліжэй стаячых шабля патрапіла па галаве, ён упаў, натоўп расступіўся...". (Гл.: Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве 1861-1863 годах // Исторический вестник. 1898, Т. 73, № 9, с. 830.).

[73] Западные окраины Российской империи. Сборник. Научные редакторы: М. Долбилов, А. Миллер. М., 2006. С. 154.

[74] Брянцев П.Д. Польский мятеж 1863 г. Вильна, 1891. С. 157.

[75] Архивные материалы Муравьёвского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края. Составил Миловидов А.И. Вильно, 1913. Книга 4, часть 1. С. 122.

[76] Там жа. S. 141-144.

[77] Западные окраины Российской империи. Сборник. Научные редакторы: М. Долбилов, А. Миллер. М., 2006. С. 168-170.

[78] Там жа. S. 179-180.

[79] История Лейб-гвардии Павловского полка, составлена подпоручиком Вороновым. С. 406-407.

[80] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 55.

[81] Архивные материалы Муравьёвского музея ... . Вильно, 1913. Книга 4, часть 1.С. 252.

[82] Там жа. S. 244-245.

[83] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 53-54.

[84] Царства Польскага.

[85] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 199.

[86] Архивные материалы Муравьёвского музея ... . Вильно, 1913. Книга 4, часть 1. С. 246.

[87] Там жа. S. 253.

[88] Там жа. S. 259-260.

[89] "Пристав 5-го стана, провинциальный секретарь Райнольд Флориан Фаддеев Сухоцкий, становая квартира в м. Эйшишках, в 36 верстах от г. Лиды" Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1862 год. Вильно, 1862. Ч. 1. С. 120.

[90] Там жа. S. 293-294.

[91] Швед В.В. Вайсковы начальнік Лідскага павета грамадзянін Нарбут // Наш радавод. Кн. 6. Ліда, 1994. С. 84.

[92] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 63-65.

[93] Швед В.В. Вайсковы начальнік Лідскага павета ... С. 85.

[94] З успамінаў Мірона-Браніслава Нарбута: "Вясковае насельніцтва Лідскага павета мае глыбокую веру ў Бога і працавітасць ... У часы апошняга паўстання 1863 года не толькі сімпатызавалі народнай справе, але нават сяляне скарбовыя ў многіх мясцовасцях станавіліся ў шэрагі, і многія з іх загінулі на полі славы ці былі высланы на пасяленне ў Сібір. Я сам у Арэнбургу сустрэў дастаткова вялікую партыю сялян з парафій Эйшышскай, Нацкай і Радунскай, якіх гналі на пасяленне ў Башкірыю за ўдзел у паўстанні".

[95] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 67-68.

[96] Там жа. S. 69-72.

[97] "Леон Антонович Краинский" Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1862 год. Вильно, 1862. ч. 1. С. 119.

[98] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 73-77.

[99] Там жа. S. 83-86.

[100] Там жа. S. 204.

[101] Архивные материалы Муравьёвского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края. Составил Миловидов А.И. Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 78.

[102] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 207.

[103] Там жа. S. 87-91.

[104] Там жа. S. 208.

[105] Архивные материалы Муравьёвского музея ... , Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 78.

[106] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 92.

[107] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 80-81.

[108] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 94.

[109] Тарас Анатоль. Восстание 1863-64 гг. на беларуских землях. К 150-летию восстания // Деды № 11-2012. C. 71.

[110] Пра Сэфана Віліьбіка пісаў Мірон-Браніслаў Нарбут: "У вязні ў Вільні ў кляштары св. Пятра бачыў шляхціца засцянковага з-пад Ліды Стэфана Вільбіка. Ён набіраў добраахотнікаў у аддзeлы Людвіка Hарбута ў Лідскім павеце і дастаўляў жывёлу. Арыштаваны расейцамі з мандатам Ураду Народнага, пасаджаны быў у вязню і адданы пад ваенны суд. Захоўваў поўны спакой і моцную волю і нікога не скампраментаваў. У калегі па вязніцы, каторы яго мне прадставіў, Вільбік пытаўся: "Скажы, Пан, як і можа мне быць дэкрэт?". "Могуць павесіць" - той адказаў. Задумаўся трошкі Вільбік, але праз хвіліну спытаў: "А ці я буду ў гісторыі ? - Абавязкова - гісторыя пераказвае нашчадкам імёны ўсіх, хто заслужыў у Айчыны - адказаў той. На што Вільбік з усей энергіяй выказаў: "Хвала Богу - няхай вешаюць!". Потым яго выслалі на цяжкія работы ў Сібір" - гл. Miron-Bronisław Narbutt. Szlachta okoliczna // Ziemia Lidzka. 1997, nr 6(28).

[111] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 89-90.

[112] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 412.

[113] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 96.

[114] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 413-415.

[115] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 97.

[116] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 104.

[117] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 416.

[118] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 98.

[119] Там жа. S. 99.

[120] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 117-118.

[121] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 99-102.

[122] Суднік Станіслаў. Людвік Нарбут // Наша Слова № 37 (1084) 12 верасня 2012 г.

[123] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 102.

[124] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 119.

[125] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 103-105.

[126] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 417.

[127] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 111-119.

[128] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 418.

[129] Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве // Исторический вестник, 1892. Т. 50. № 12. С. 613.

[130] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 120.

[131] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 419.

[132] Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве ... С. 614.

[133] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 121-123.

[134] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 419-420.

[135] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 128-129.

[136] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 420-421.

[137] Паўстанцы, загінуўшыя пад Дубічамі:

  1. Нарбут Людвіг, 32 года
  2. Бразоўскі Аляксандр, 32 года, лекар з Гурнофеля.
  3. Бразоўскі Францішак, 35 гадоў, жыхар Гурнофеля.
  4. Грэмза Казімір, 25 гадоў, селянін з Ліпкунцаў.
  5. Губарэвіч Стэфан, 35 гадоў, жыхар Галавічполя
  6. Едка Станіслаў Ян, 22 года, жыхар Петрашунцаў.
  7. Краінскі Леон, 35 гадоў, жыхар Грышанішак,
  8. Пакемпіновіч Юзаф, 22 года, студэнт Кракаўскага універсітэта.
  9. Паплаўскі Уладзімер, 28 гадоў, жыхар Капцюха
  10. Скірмунт Томаш, 30 гадоў, з Піншчыны.
  11. Тарашкевіч Ігнат, 38 лет, фельчар з Ліды.
  12. Жукоўскі Уладыслаў Вандалін, 27 лет, жыхар Лацка.
  13. Адам, прозвішча невядома, сябар Нарбута.

[138] Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве ... С. 614.

[139] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 123-124.

[140] Miron Bronisław Narbutt. Dubicze // Zіemіa Lіdzka" №30-31. 1998.

[141] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 422-423.

[142] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 128-130.

[143] Там жа. S. 131-133.

[144] Нікалаі Уладзіслаў, падпаручнік Нарвскага палка, шляхціц віленскай губерні, паранены у бітве пад Дубічамі, трапіў у палон, 13 верасня 1863 г. расстраляны ў Вільні на Лукішскім пляцы.

[145] Там жа. С. 219-220.

[146] Там жа. С. 134-137.

[147] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 436-4379.

[148] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 223.

[149] История Лейб-гвардии Павловского полка .... С. 438-439.

[150] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 224.

[151] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 227.

[152] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 128-130.

[153] Miron-Bronisław Narbutt. Szlachta okoliczna // Ziemia Lidzka. 1997, nr 6(28).

[154] Мосолов А.Н. Виленские очерки 1863-1865 гг. С. Петербург, 1898. С. 30-31.

[155] Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве // Исторический вестник, 1892. Т. 50. № 12. С. 612.

[156] Архивные материалы Муравьёвского музея … Вильно, 1913. Книга 6, часть 2. С. 404.

[157] Быў так званым "penitencjarzem"

[158] Колышка Аляксандр. Лідскія ксяндзы ў студзеньскім паўстанні 1863 // Лiдзкi Летапiсец № 22. С. 6-7.

[159] Кулин В. П. Из записок виленского старожила. // PC, 1893, т. 79, № 7, С. 79.

[160] Мосолов А.Н. Виленские очерки 1863-1865 гг. С. Петербург, 1898. С. 28-29.

[161] Колышка Аляксандр. Лідскія ксяндзы ў студзеньскім паўстанні 1863 // Лiдзкi Летапiсец № 22. С. 6-7.

[162] Архивные материалы Муравьёвского музея .... Вильно, 1913. Книга 4, часть 1. С. 285.

[163] Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве ... С. 619.

[164] Колышка Аляксандр. Лідскія ксяндзы ў студзеньскім паўстанні 1863 // Лiдзкi Летапiсец № 22. С. 6-7.

[165] Суднік Станіслаў. Адам Фалькоўскі // Лiдзкi Летапiсец № 6. С. 8-10.

[166] Колышка Аляксандр. Лідскія ксяндзы ў студзеньскім паўстанні 1863 // Лiдзкi Летапiсец № 22. С. 6-7.

[167] Страдания Православного духовенства Литовской епархии от польских мятежников // Литовские Епархиальные Ведомости. - 1863. - №13. - С. 459-460; №14. - С. 512-513.

[168] Лісейчыкава Наталя. Штодзённае жыццё жыхара Гродна ў 1860-я гг. // Веснік ГрДзУ" №4, 2006 - harodnia.com/a260.php

[169] Полевой Н. Два года, - 1864 и 1865, из истории крестьянского дела в Минской губ. // Русская старина, 1910. Т. 141. № 1. С. 48-49.

[170] У час падаўлення паўстання 1863 г. Пётр Чарэвін палкоўнік, потым генерал-лейтэнант, таварыш міністра ўнутраных спраў і шэфа жандараў, набліжаны імператара Аляксандра ІІІ.

[171] Чарэвін Пётр. Паўночна-Заходні край (Успаміны) // Спадчына № 3-1998. С. 31-64.

[172] Имеретинский Н.К. Воспоминания о графе М.Н. Муравьеве ... С. 628-629.
З-за важкасці гэтага тэкста даю яшчэ раз словы Мураўёва без пераклада:
"Не верьте ничему, что вам будут говорить о снисхождении, гуманности, недоказанности вины... неправда! Все они виноваты более или менее, и самое малое наказание - если кто посидит в каменном мешке!... Нам надобно вырвать им зубы до весны, a иначе опять придется начинать сызнова! Я дал военным начальникам самые широкие полномочия, распоряжений своих не изменяю, a напротив подтверждаю и всегда поддерживаю. Поэтому не бойтесь ответственности, не стесняйтесь тем, что скажет следственная комиссия...
Выговорив последние слова, он энергично прихлопнул рукою кипу следственных дел, перед ним лежавших, и продолжал:
- Все это для вас не обязательно, и соображаться с тем, что могут или могли бы сказать, вам не следует. Еще раз говорю: если кто из этих... по виду покажется невиновным, нужды нет!... Пускай посидит, одумается, это, самое меньшее из того, что все они заслуживают! A если увидите пристанодержательство, пособничество или хоть малейшую поблажку этим мерзавцам, приказываю вам все сжечь, сравнять с землею - будто деревня, усадьба, что бы ни было! Особенно строго присматривайте зa панами и ксендзами, a с этими шляхетскими околицами не следует церемониться по их многолюдству: напишите мне, и я их выселю всех до единого! Ну-с, я рад, что могу вам дать случай послужить в такое время государю и русскому делу!"

[173] Русская историческая библиография за 1865-1876 гг. Сост. В. И. Межов. Т. II. Спб. 1882. С. 292.

[174] Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864-1917 г. Гродна, 2001. С. 50.

[175] Там жа. С. 43-46.

[176] Архивные материалы Муравьёвского музея ... . Вильно, 1913. Книга 4, часть 1. С. 422-423.

[177] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 178.

[178] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 175.

[179] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 176.

[180] Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 177.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX