Вярнуцца: Вайсковая гісторыя

Першая Сусветная і Ліда


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 23-06-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Першая Сусветная і Ліда // Маладосць №7-2014. С. 92-98.

Спампаваць




(вельмі скарочана, але інфармацыйна;
лаканічна, але досыць яскрава)

Перад Першай сусветная вайной у Лідзе жыло 16 000 чалавек. Горад меў два бровары - Папірмайстра і Пупко, спіртзавод Стругача, тартак Палячака, ліцейны завод братоў Шапіраў, тытунёвую фабрыку Віленчыка, фабрыку па вырабе мыла Ківеловіча, фабрыку разліву манапольнага алкаголю, шмат крам і аптовых складаў. З фінансавых устаноў у горадзе меліся: Таварыства ўзаемнага крэдыту, Яўрэйскі супольны банк, Банкаўская кантора Янушкевіча ...

Войскі

Асабісты склад 172-га пяхотнага Лідскага палка часткова кватараваў у прыватных наёмных дамах, часткова размяшчаўся ў маёнтку Несікаўшчына пад Лідай, у мястэчку Беліца і нават у Алькеніках. Кожны год 28 мая полк выязджаў у летні лагер пад Араны, адкуль вяртаўся звычайна 28 верасня.

У 1908-1912 гадах на землях, падораных горадам, ваенная будаўнічая камісія на чале з генерал-маёрам Каннабіхам пабудавала для лідскага палка прасторныя і на той час добра абсталяваныя казармы. На будаўніцтве выкарыстоўвалі цэглу з закрытага царскімі ўладамі шматпакутнага кляштара кармелітаў, разбураны будынак якога знаходзіўся насупраць Фарнага касцёла. У 1912 годзе полк перасяліўся ў новыя казармы [1].

Цікава, што ў 1915 годзе менавіта ў 172-м палку шарагоўцам пачынаў службу будучы сталінскі кат Мікалай Яжоў [2].

Паходная палкавая царква Святой Тройцы заснавана ў 1892 годзе. Пасля пераходу палка з прыватных наёмных казармаў у новыя казармы за горадам, палкавая царква ўладкоўвалася ў сталовай батальёна. Па штаце пры царкве быў адзін святар.

У 1906 годзе з Далёкага Усходу ў Ліду была пераведзена 9-я паветраплавальная рота, якая першапачаткова дыслацыравалася ў прыватных хатах па вуліцы Віленскай, каля праваслаўных могілак. У Лідзе размяшчаліся 2 аэрастаты, 2 газгольдары, лябёдка і 3 павозкі з прыстасаваннем для пад'ёму. У 1910 годзе вайсковая будаўнічая камісія на выкупленых скарбам у Яна і Міхаіла Садоўскіх у маёнтку Перапечыца землях пад кіраўніцтвам генерал-маёра Каннабіха пабудавала казармы і іншыя пабудовы, у тым ліку вялізны элінг для дырыжабляў - драўляны на металічным каркасе [3].

Пасля пабудовы аэрадрома, тут размясцілася 3-я Паветраплавальная рота, на ўзбраенні якой стаялі 4 дырыжаблі мяккага тыпу: «Альбатрос», «Астра», «Голуб» і «Грыф».

У красавіку 1911 года каталіцкая газета «Беларус» паведаміла пра падзеі на лідскай авіябазе: «Ліда. Па прыгавору Віленскага Ваеннага Суду - у Лідзе расстралялі салдата Формана затое, што ён забіў афіцэра Пахойкіна, каторы адмовіў просьбе салдата пайсці ў горад»[4]. Другая беларуская газета «Наша Ніва» трошкі падрабязней расказала пра гэта экстраардынарнае здарэнне: «Віленскі ваенны суд разглядзеў пры зачыненых дзвярах справу салдата лятучага атраду ў Лідзе, Формана, абвінавачанага ў тым, што ён забіў афіцэра Похойкіна. Прычынай забойства было тое, што Пахойкін не дазволіў Форману пайсці на шпацыр у горад. Ваенны суд прысудзіў Формана на кару смерці. Камандуючы віленскай ваеннай акругай зацвердзіў пастанаўленне суда і Формана перавёзшы ў Ліду - перад усім гарнізонам расстралялі»[5].

У 1912 годзе пачалося і ў асноўным было скончана будаўніцтва ваеннага аэрадрома, складоў авіяцыйнай маёмасці, казармаў. У тым жа годзе Генеральны штаб Расіі складае меркаванні аб усталяванні авіяцыйных цэнтраў у акругах. Адзін з такіх для Віленскай акругі плануецца ўсталяваць у Лідзе на будаваным аэрадроме. І ў Лідзе з'яўляюцца баявыя самалёты [6].

27 жніўня 1913 года віленская газета «Вячэрні веснік» пісала: «Адносна прыбыўшага ўчора ў Вільню ваеннага дырыжабля высвятляецца, што ён прыляцеў з Ліды з мэтай зрабіць выпрабаванні, ці можна з вышыні 900-1000 метраў праводзіць тапаграфічныя здымкі. Задача гэтая была ўскладзена на штабс-капітана Шапілёва, які пераканаўся, што з прымяненнем адпаведных інструментаў здымкі цалкам магчымыя. Пералёт з Ліды ў Вільню быў здзейснены на працягу трох гадзін з хуткасцю 40 вёрст у гадзіну. Дырыжабль змагаўся ў хуткасці з пасажырскім цягніком, які ішоў ў Вільню. Апошні быў пераможаны».

У красавіку 1914-га над Лідай адбылася авіяцыйная катастрофа: «Ліда. 16-га красавіка над Лідай лёталі тры аэрапланы. На адным з іх загарэўся бензін, аэраплан упаў і загінулі афіцэр і жаўнер» [7]. Газета пісала пра падпаручніка Ветчынкіна Я. П. і механіка Кавальчука, якія загінулі ў Лідзе пры палёце на самалёце «Ньюпар». Пры планіраванні з вышыні 200-300 метраў самалёт «Ньюпар-IV» раптоўна пайшоў уніз, Кавальчук выпаў з самалёта, схапіўся за верхні трос і, правісеўшы ў такім жахлівым стане 2-3 секунды, зваліўся на зямлю і разбіўся на смерць. Самалёт з пілотам урэзаўся ў дом і загарэўся.

Самалёт разбіўся з-за недахопаў яго канструкцыі. «Ньюпар» быў пабудаваны па французскай ліцэнзіі на заводзе Шчацініна ў Расіі. Якасць яго вытворчасці была вельмі нізкай [8]. Аднак гэта не спыніла палёты. Вось што распавядала аб адным з палётаў газета «Віленскі веснік» ад 18 красавіка 1914-га: «Трэцяга дня каля 8 гадзін вечара ў раён размяшчэння 169 пяхотнага Нова-Траецкага палка апусціўся, прыляцеўшы з Ліды, аэраплан з ваенным лётчыкам паручнікам Альбрэхтам і механікам унтэр-афіцэрам Белагубенка. У прызначаны час прыбыў камандзір яго авіяцыйнай роты ў Лідзе капітан Рэшчыкаў. Паручнік Альбрэхт быў сустрэты камандзірам 169 пяхотнага Нова-Траецкага палка палкоўнікам Якімоўскім на чале афіцэраў палка, якія запрасілі афіцэраў паветраплавальнікаў у афіцэрскі сход падзяліць хлеб-соль ... Пачынаючы з наступнага дня, у Вільні з Ліды будуць лётаць аэрапланы, здзяйсняючы практычныя палёты».

Перад пачаткам вайны павятовым вайсковым начальнікам, адказным за рэзервістаў і адначасова камендантам горада Ліда, быў падпалкоўнік Кароўнікаў [9].

Усе Лідскія вайсковыя часткі ўваходзілі ў акругу, штаб якой знаходзіўся ў Вільні. З 20 студзеня 1913-га па 19 ліпеня 1914-га Віленскай вайсковай акругай камандаваў генерал ад кавалерыі Павел Карлавіч фон Рэненкампф.

Вайна

Сведка падзей і слынны лідскі краязнавец Міхал Шымялевіч пісаў, што лета 1914-га выдалася на рэдкасць гарачым і сухім. Тэмпература паветра ў чэрвені і ліпені дасягала 40 градусаў у цені, а на працягу некалькіх тыдняў не выпала ні кроплі дажджу. Вада ў рэках, азёрах і ставах спала. На Нёмане ад Морына да Орлі не маглі прайсці платы і сплаў дрэва спыніўся. Паветра напоўнілася дымам: гарэлі тарфянікі. На поўдні, каля Нёмана, удзень уздымаліся аблокі дыму, а ўначы было бачна зарыва пажараў - гарэў лес. Звычайна цяжкапраходныя Дакудаўскія і Дзітвянскія балоты высахлі і па іх ездзілі, як па полі. Каб пайшоў дождж, у вясковых цэрквах і касцёлах служыліся набажэнствы, палі абыходзілі працэсіі з харугвамі і пабожнымі спевамі.

Аднак ураджай сена і канюшыны ў тым годзе быў добры. Таксама быў добры ўраджай жыта і яравых, добра ўрадзіла бульба. Грыбоў і ягад у лясах не было. Садавіна не ўрадзіла, але было шмат мёду. Калі пачалася ўборка ўраджаю - не хапала рук, бо мужчыны былі мабілізаваны на вайну. Таму наёмным працаўнікам плацілі ўдвая - 1 рубель за дзень працы касцам, 60 капеек жнеям.

Ліда як заўжды ўлетку вылюднела: інтэлігенцыя выехала на лецішчы ці нават у Друскенікі на сонца і воды, школьная моладзь раз'ехалася па вёсках - да бацькоў ці сяброў. Вучні, чорныя як індзейцы, сядзелі ў цені дрэў з вудамі каля вады [10].

Летам 1914 года атрымалася так, што галоўная асоба павета - маршалак шляхты граф Людвік Грабоўскі (прамы нашчадак апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага ад марганатычнага шлюбу з Эльжбетай Грабоўскай), які павінен быў узначаліць мабілізацыю ў павеце, ад вясны лячыўся ў Пецярбурзе - ён меў камяні ў жоўцевым пухіры і ў нырках. Яго абавязкі выконваў земскі начальнік 1-га ўчастка Міхаіл Трафімаў. Павятовы спраўнік фон Гротэ дэ Буко яшчэ да пачатку вайны падаў у адстаўку па ўзросце, чакаў загад аб выхадзе на пенсію і таму знаходзіўся ў адпачынку. У сувязі з набліжэннем вайны віленскі губернатар Вяроўкін перапыніў яго адпачынак і загадаў выконваць свае абавязкі. Асноўны цяжар арганізацыі мабілізацыі на Лідчыне лёг на спраўніка Гротэ дэ Буко і Міхаіла Трафімава.

25 ліпеня на лідскай чыгуначнай станцыі была вывешана аб'ява пра тое, што дарога здымае з сябе ўсялякую адказнасць за тэрміны перавозу грузаў. Гэта быў першы знак будучай вайны.

У той жа дзень на палігоне пад Аранамі, калі артылерыя лідскага палка рыхтавалася да вучэбных стрэльбаў, раптам была прынята тэлеграма з загадам спыніць вучэнні і выступіць да месца пастаяннай дыслакацыі - у Ліду. Адначасова юнкерам Віленскай вайсковай вучэльні, якія знаходзіліся ў тым жа лагеры пад Аранамі, начальнік вучылішча генерал-маёр Адамовіч зачытаў загад аб прысваенні вайсковых званняў 170 юнкерам выпускнога курса. Такія імпрэзы, як правіла, праводзіліся ў дзень Праабражэння Гасподняга, 19 жніўня. Маладым афіцэрам уручылі толькі афіцэрскія шаблі, бо абмундзіраванне яшчэ не было гатова.

Праз некалькі гадзін лагер ліквідавалі, лідскі полк пачаў грузіцца ў вагоны. Сярод афіцэрскіх жонак пачаўся перапалох, кінуўшы ўсё, яны з лецішчаў накіраваліся ў Ліду і таму ў нядзелю, 26 ліпеня, калі па жалезнай дарозе з Аран пачалі прыбываць аддзелы палка, у горадзе ўжо ведалі - пачынаецца вайна. Першыя прыбыўшыя аддзелы Лідскага палка ўзялі пад ахову ўсе чыгуначныя аб'екты: масты, водаправоды і іншыя тэхнічныя сродкі абслугоўвання, а таксама сувязь. Усюды стаялі ўзброеныя салдаты, забараняўся нават выхад на перон вакзала.

Тым не менш у касцёлах і цэрквах, як і заўжды, браліся шлюбы, людзі з музыкай і танцамі святкавалі вяселлі і хрэсьбіны [11].

Вось як апісвае адзін з апошніх мірных дзён, 30 ліпеня 1914 года, Міхал Шымялевіч: «На вуліцы Віленскай (цяпер Савецкая. - Л. Л.) горада сабраліся групкамі гараджане, яны чыталі толькі што атрыманыя з цягніка газеты, і кожны на свой капыл каментавалі бягучаю сітуацыю ў свеце. Мабілізацыя яшчэ не пачалася, і агульным перакананнем было тое, што Расія толькі робіць дэманстрацыю сваёй магутнасці, а насамрэч вайны не будзе, бо ніхто яе не хоча. … Над Лідай, выконваючы вучэбны палёт, нізка кружыў аэраплан "Фарман". Ён зрабіў круг над рынкам (сучасная плошча Леніна. - Л. Л.) і паляцеў на ўсход. Раптам аэраплан пачаў хутка зніжацца і падаць. Натоўп зявак думаючы, што аэраплан упадзе каля рэчкі Лідзейкі, кінуўся ў бліжэйшыя завулкі - Шкляны, Камерцыйны, Паліцэйскі (яны вялі ў бок рэчкі. - Л. Л.). Але пілот выраўняў машыну, і яна зноў узвілася пад аблокі. Зявакі пачалі вяртацца да цэнтру, і як раз у гэты час па Віленскай вуліцы на дрожках да паліцэйскай управы імчаўся, трымаючы ў руцэ дэпешу, павятовы паліцэйскі спраўнік Гротэ дэ Буко. Адразу ўсе зразумелі: мабілізацыя! У імгненне вока вуліца апусцела. Да позняй ночы горад не спаў. Кожны зразумеў, што вайна непазбежная, і нікога яна не абміне»[12].

З 31 ліпеня былі адменены ўсе пасажырскія цягнікі, і чыгунка пачала ліхаманкава перавозіць адмабілізаваныя войскі. З іншых чыгунак у Ліду былі перагнаны дадатковыя лакаматывы, прыбылі новыя лакаматыўныя брыгады і іншыя спецыялісты-чыгуначнікі.

31 ліпеня ў павеце пачалася мабілізацыя. У горадзе вісеў вялікі плакат з тэкстам за подпісам Рэненкампфа аб супольнай адказнасці жыхароў горада і вёсак за пашкоджанне чыгуначных шляхоў, тэлеграфа, іншых сродкаў сувязі і камунікацыі. У кавярні Маліноўскага афіцэры лідскага гарнізона пілі каву і вялі размову на тэму, што «Германцаў трэба пабіць!». Як і належыць, гараджане кінуліся да акенцаў ашчадных кас, у банкі і банкаўскія канторы, каб забраць свае ўклады. У Лідзе каля Скарбовай касы пры казначэйстве стаяла чарга даўжынёй у паўкіламетра, якая некалькі разоў абвівала касу. Каб вярнуць свае грошы, у чарзе стаяла каля паўтары тысячы чалавек. У Вільні з вуснаў у вусны перадаваліся весткі пра тое, што запасы золата з Віленскіх банкаў ужо вывезены ў Ніжні Ноўгарад і таму ў Віленскім Дзяржаўным Банку быў такі вялікі натоўп адборнай публікі, што шыкоўна прыбраныя пані парвалі свае багатыя строі, страцілі брыльянты і капелюшы, падрапалі твары і пашкодзілі рукі і ногі. Але банкаўскія чыноўнікі ў Лідзе і Вільні спраўна выдалі людзям іх грошы.

1 жнiўня ў 17.00 Германія абвясціла вайну Расіі. Гэта была субота. Зрання з самых дальніх кутоў Лідскага павета ўсімі дарогамі, на вазах і пешшу, у горад збіраліся ваеннаабавязаныя мужчыны, зганялі мабілзаваных коней. Не абышлося без эксцэсаў: натоўп мабілізаваных мужчын, якія ішлі ў Ліду па Гродзенскім тракце, атакавалі гарэлачную краму ў Арлянцы (каля ракі Дзітва), разграбілі і спалілі яе. Разам з манаполькай згарэла вялікая старажытная карчма, якая стала на другім баку тракту, насупраць гарэлачнай крамы. Карчма ў Арлянцы, згодна з «Вопісам парафій Лідскага дэканату 1784 г.», пры канцы XVIII стагоддзя ўжо існавала тут, а ў 1914 годзе належала ўладальніку Тарнова, графу Маўрасу. Праз некалькі дзён газеты надрукавалі загад генерала Рэненкампфа, згодна з якім былі павешаны чатыры чалавекі, вінаватыя ў пагроме гэтай манаполькі. Загад быў надрукаваны як улётка і развешаны па горадзе і вёсках.

На гарадскі магістрат лёг абавязак размяшчаць войскі і мабілізаваных. Бургамістр Ліды Вісмант праводзіў свой адпачынак на Чорным моры і таму быў вызваны адтуль тэлеграмай. Нават маючы дазвол для праезду, ён моцна спазніўся на працу. Пакуль не было бургамістра, яго абавязкі выконваў намеснік Гейштафт, а размяшчаў мабілізаваных пашпартыст Іосіф Якубоўскі. Без адпачынку лётаў ён па горадзе, вызначаў жытло, арганізоўваў кухні, месцы для мабілізаваных коней, знаходзіў харчы і фураж. Для жаўнераў былі рэквізаваны будынкі мужчынскай гімназіі па вуліцы Камерцыйнай, жаночай гімназіі Навіцкіх па вуліцы Каменскай, пачатковая школа каля замка, абедзве парафіяльныя школы, іешыва, клуб таварыства дабрачыннай пажарнай аховы, піўныя і іншыя будынкі. У горадзе сабралася каля 5 000 мабілізаваных людзей і 2 000 коней. Рэгістрацыя і агледзіны мабілізаваных жаўнераў адбывалася ў гарадскім парку па вуліцы Каменскай (прыкладна тут цяпер стаіць кінатэатр «Юбілейны»), дзе раслі стагадовыя вольхі. Тут, у парку, быў летні тэатр - зробленая з дошак пабудова з лаўкамі без даху. Менавіта тут размясцілася вайсковая камісія. У летнім тэатры лекары аглядалі мабілізаваных, пісары вялі рэгістрацыю. А з парку даносіліся енкі жанчын і дзіцячы плач - сем'і развітваліся са сваімі «кармільцамі». Людзі памяталі, што ад прызыву ў войска на Руска-японскую вайну ў 1904 годзе вызваляліся тыя, хто меў чацвёра і больш малых дзяцей, таму некаторыя на вазах везлі з сабой усю сям'ю.

Пасля рэгістрацыі мабілізаваных мужчын пераводзілі ў замак, дзе іх прымалі ўнтэр-афіцэры, адтуль адных адпраўлялі ў казармы лідскага палка, а другіх вялі на чыгунку і размяшчалі па вагонах для перавозкі ў іншыя палкі.

Афіцэры запасу самі прыходзілі да павятовага вайсковага начальніка.

Адначасна на гарадскім выгане па вуліцы Віленскай каля праваслаўных могілак ішоў адбор коней. Большасць людзей спакойна прадавала сваіх коней, бо кошты дзяржаўнага закупу былі добрыя. Аднак былі і тыя, хто, прадаючы, плакалі па сваіх конях.

З раніцы 6 жніўня, у чацвер, на пляцы каля казармаў пашыхтаваўся 172-і лідскі полк з поўным паходным рыштункам. Палкавы святар адслужыў малебен, а камандзір палка Раманаў вітаў асабісты склад, пажадаў хуткай перамогі і вяртання з фронту да родных агменяў. На цырымоніі граў палкавы аркестр, прысутнічалі тысячы гараджан: дзеці, жонкі, сваякі і знаёмыя тых, хто ішоў на вайну. Пры развітанні былі чутны крыкі і плач. Полк з музыкай і сцягамі пайшоў на станцыю для пагрузкі [13].

7 жніўня англа-французскія і нямецкія войскі сутыкнуліся - на заходнім фронце пачалася Пагранічная бітва. Пасля кровапралітных баёў 16 жніўня пала бельгійская крэпасць Льеж. На Усходнім фронце вайна пачалася з Усходне-Прускай аперацыі - 17 жніўня руская армія перайшла мяжу, пачаўшы наступ на Усходнюю Прусію.

Горад

Адметнай з'явай той вайны быў «сухі закон». У 1914 годзе, да пачатку Першай сусветнай, быў выдадзены царскі ўказ аб забароне вытворчасці і продажу ўсіх відаў алкагольнай прадукцыі на ўсёй тэрыторыі Расіі. Гандаль алкагольнымі вырабамі быў спынены 1 жніўня (19 ліпеня па старым стылі) - на час мабілізацыі, а ў канцы жніўня - на ўвесь час вайны. Моцныя алкагольныя напоі прадавалі толькі ў рэстаранах. У адказ на гэты ўказ з'явіліся шматлікія спробы абыходу, але сярэдняе спажыванне алкаголю на чалавека знізілася больш чым у дзесяць разоў і, дарэчы, толькі ў 1960-х гадах спажыванне алкаголю на чалавека дасягнула ўзроўню 1913 года.

У нашым рэгіёне камандуючы 1-й арміяй генерал Рэненкампф «ад 1 жніўня забараніў ва ўсёй Віленскай губерні тайны і яўны продаж гарэлкі, віна, піва і др. ...хто парушыць, той, акрамя штрафу да 3 000 рублёў або адсідкі у турме ці крэпасці на тры месяцы, будзе выселены з Віленскай губерні, а шынкі, каторыя парушілі ...будуць закрывацца»[14].

Разам са станоўчымі вынікамі сухога закона, адразу з'явіліся і адмоўныя: таемнае самагонаварэнне, спажыванне сурагатаў і атручванне імі, парушэнне закона і тайны продаж алкаголю. 10 верасня газета «Беларус» паведаміла: «Ліда. Камандуючы арміяй аштрафаваў на 1 000 рублёў тутэйшага жыдка Нохіма Левінзона за продаж алкагольных напояў салдатам» [15]. Праз тыдзень затрымалі яшчэ аднаго гандляра моцнымі напоямі: «У Лідзе губернатар аштрафаваў гаспадара піўной П. Дварэцкага на 1 000 руб., або 3 месяцы арышту, а піўную закрыў»[16].

У канцы лістапада прэса паведаміла пра забарону «продажу піва да канца вайны ў губернях дзе аб'яўлена ваеннае становішча. Уладары піўных падаюць прашэнні адчыніцьчайныя або сталовыя»[17].

10 і 13 верасня нямецкі дырыжабль Z-12 скінуў на чыгуначныя станцыі Ліда і суседнюю Вілейку 4 000 кг бомбаў.

Першы пажар ваеннага часу ў горадзе адбыўся ў кастрычніку : «Ліда. Тут нядаўна быў пажар, у якім згарэлі два дамы Тубелевіча і адзін Г. Брэма, шкода на 20 000 рублёў»[18]. А на пачатку красавіка 1915 года газета «Беларус» паведаміла, што «апошнімі днямі з невядомай прычына зрабіўся пажар, які цалкам знішчыў драўляны дом Захара Пупко»[19].

Нягледзячы на вайну, жыццё працягвалася. Увосень 1914 года «пры тутэйшай гімназіі для хлопцаў з дазволу міністэрства асветы адкрыты падрыхтоўчы клас. За навуку ў гэтым класе трэба плаціць 50 р. Прымаюцца хлопцы ад 8-мі да 10-ці гадоў» [20]. А ўвесну 1915-га Лідская «мясцовая ўправа ўстанавіла 4 стыпендыі для бедных вучняў родам з Ліды без розніцы веры»[21].

Падчас вайны заўжды ўзрастае злачыннасць. У снежні 1914 года «абакралі ... краму купца Кагана, з якой выцягнулі розных мануфактурных тавараў (бархаты, паркалі і інш.) на тысячы рублёў. Злодзеяў не злавілі»[22]. А на пачатку 1915 года газеты паведамілі: «Ліда. Адсюль уцёк банкір Янушкевіч, зрабіўшы на мільён рублёў даўгі. Пра гэта піша «Утро Россіі» [23]. Праз месяц арыштавалі начальніка лідскай турмы: «Ліда. Начальнік лідскай турмы С. Пяткевіч абвінавачаны за прысваенне сабе 824 рублёў 96 капеек, з якіх частка прадназначана была на прыбаўку жалавання надзірацелям, частка належала арыштантам, а частка з прададзенай мукі, якая павінна была ісці арыштантам. Справу будзе разбіраць віленская судовая палата, а тым часам начальніка турмы пасадзілі ў турму»[24].

Увесну 1915 года газеты паведамляюць пра захворванне плямістым тыфам: «Як паведамляе "Віленскі веснік", ...у лідскім павеце пачаў шырыцца плямісты тыф, каторы хоць і не мае эпідэмічнага характару, але усё ж такі лічба захварэўшых на тыф ... ад 30 да 50 душ»[25]. Для барацьбы з тыфам, на дапамогу лідскім лекарам «з Вільні ... накіравана два ўрача з ліку сувальскіх на змаганне з хваробай»[26].

Улетку 1915 года Ліда стала прыфрантавым горадам.



[1] Szymielewicz Michał. Lida w latach wielkiej wojny. // Ziemia Lidzka. 1999. № 37. s. 7-12.

[2] forum.vgd.ru/174/39428/

[3] Савук Антось. Лідскі вайсковы аэрадром (1907-1915) //Лідскі Летапісец № 16.

[4] Biełarus № 13, 11 красавіка 1913.

[5] «Наша Ніва» № 14, 5 красавіка 1913.

[6] Савук Антось. Лідскі вайсковы аэрадром (1907-1915) //Лідскі Летапісец № 16.

[7] Biełarus № 16, 17 красавіка 1914.

[8] Савук Антось. Лідскі вайсковы аэрадром (1907-1915) // Лідскі Летапісец № 16.

[9] Szymielewicz Michał. Lida w latach wielkiej wojny. // Ziemia Lidzka. 1999. № 37. s. 7-12.

[10] Там жа.

[11] Там жа.

[12] Там жа.

[13] Там жа.

[14] «Наша Ніва» № 29, 25 ліпеня 1914.

[15] Biełarus № 35, 28 жніўня 1914.

[16] «Наша Ніва» № 35, 4 верасня 1914.

[17] Biełarus № 46, 13 лістапада 1914.

[18] Biełarus № 39, 24 верасня 1914.

[19] Biełarus № 11-12, 19 сакавіка 1915.

[20] Biełarus № 44-45, 30 кастрычніка 1914.

[21] Biełarus № 13, 2 красавіка 1915.

[22] Biełarus № 50, 11 снежня 1914.

[23] Biełarus № 3, 21 студзеня 1915.

[24] Biełarus № 7, 19 лютага 1915.

[25] «Наша Ніва» № 10, 14 сакавіка 1915.

[26] Biełarus № 11-12, 19 сакавіка 1915.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX