Вярнуцца: Вайсковая гісторыя

Экскурс у гісторыю беларускага бежанства Першай сусветнай вайны


Аўтар: Кудла Віктар,
Дадана: 22-10-2017,
Крыніца: Кудла Віктар. Экскурс у гісторыю беларускага бежанства Першай сусветнай вайны // Лідскі Летапісец. 2015. №2(70). С. 17-26.; 2015. №3(71). C. 25-44.



У 2014 годзе споўнілася 100 гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны, якая занялася далёка ад Беларусі, але стала паваротным момантам у яе гісторыі. Уцягнутая ў вайну як частка Расійскай імперыі, Беларусь спаўна сербанула горыч разбурэнняў, а насельніцтва - голаду, рэквізіцый, прымусовых работ ваеннага часу, а значная колькасць - бежанства.

Актуальнасць тэмы вызначаецца тым, што гісторыя бежанства на беларускіх землях даследавана недастаткова. У савецкі час гуманітарная праблема бежанцаў той пары не афішавалася з нагоды нявыгаднасці параўнання многіх варункаў дапамогі бежанцам у царскай Расіі, з масавымі рэпрэсіямі ў часы калектывізацыі, раскулачваннем і гвалтоўнай высылкай у Казахстанскія стэпы

Яшчэ больш "белых плям" у вывучэнні становішча асобных рэгіёнаў, у прыватнасці Лідскага павета.

Адной з найважнейшых крыніц па праблеме бежанства ў Першую сусветную вайну з'яўляюцца ў першую чаргу: успаміны саміх бежанцаў, запісаныя як па гарачых слядах ад толькі што перажытых падзей, так і мемуары, пакладзеныя на паперу праз шмат гадоў, але ў асноўным - архіўныя матэрыялы, а таксама эмігранцкія даследаванні.

На жаль, дабіцца ў архіўныя крыніцы нашых беларускіх архіваў мне не ўдалося. Найбольш змог адшукаць апублікаваныя працы па бежанстве ў бібліатэках і ў Інтэрнэце.

Цэлае стагоддзе нас раздзяляе ад падзеі, якая разбурыла імперыі, перакроіла межы краін, паламала лёсы цэлых народаў, болем адклікаецца і сёння ў сэрцах многіх людзей, нашчадкаў тых высяленцаў.

Так здарылася, што мае родныя былі сведкамі той далёкай вайны. На іх долю выпаў цяжкі лёс бежанцаў. Майму бацьку Кудлу Івану Іванавічу на той час было 6 гадоў, а цётцы Вользе - 8 , але іх дзіцячыя ўражанні вельмі моцна ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыццё. У свой час былі зроблены відэазапісы бацькі ўжо ў сталым узросце, занатаваны ўспаміны цёткі Вольгі. Захаваліся і зберагліся сямейныя дакументы той мінуўшчыны і рэрытэтныя экспанаты.

Дзядоў і бацькоў ужо няма, а пытанняў да іх з цягам часу ўзнікае ўсё болей і болей. Шкада… Светлая памяць аб іх натхніла мяне напісаць пра падзеі стогадовай даўніны і такім чынам выканаць свой сыноўскі абавязак.

Радаводныя ніткі

Мае продкі па бацькоўскай лініі жылі ў вёсцы Дроздава, што за 20 кіламетраў ад Ліды, з даўніх часоў. Ёсць дакладнае падцверджанне гэтаму ў архіўных крыніцах. У перапісе за 1795 год па вёсцы Дроздава запісаны Станіслаў Кудла - меў 35 год, гэта значыць 1760 года нараджэння. Тут жа запісаны сыны: Васіль- 8 гадоў, Антон - 6 гадоў, а праз 10 год у 1805 годзе нарадзіўся Дамінік. У 1812 годзе ў Васіля (меў 25 год) нарадзіўся Андрэй, які ў 30-ці гадовым узросце ажаніўся з Кларай з Агародкікаў.

Больш падрабязныя звесткі пра насельніцтва вёскі Дроздава мы маем у перапісе 1848 года. Тады ў вёсцы Дроздава былі 24 гаспадаркі. А пад нумарам 16 ў разрадзе гаспадароў цяголь альбо пашанныя маецца запіс: Васіль Станіслававіч Кудла - 80 год, сын Андрэй - 36 год, яго жонка Клара - 36 год і іх тры дачкі: Кацярына - 6 год, Мар'яна - 4 гады, Ганна - 2 гады, а таксама значыцца парабак Ян Кучынскі - 15 год. А ўжо праз два гады нарадзіўся нашчадак роду - Ісідар.

Як і ўсе сяляне навакольных вёсак, нашы родзічы былі прыгоннымі памешчыцы Петранэлы Францаўны Ленскай з маёнтка Вашкевічы. У той час ім было выдзелена 19 десяцін зямлі, з іх 14 - ворнай.

Тут жа ў перапісе занатавана колькасць абавязковых натуральных павіннасцяў на гаспадарку: прыгону за тыдзень з падводаю - 3, пешым - 2, згону ў год з працоўнай душы - 8 з падводай. Апроч гэтага ў абавязак уваходзіла: узараць і забаранаваць панскай зямлі, выраб палатна з панскага матэрыялу, вывазка дроў для фальварка. А вось колькасць натуральных павіннасцяў\дзякла\ крыху здзіўляе: за год належала даніны: 1 курыца, 10 яек, 1 капа грыбоў, 3 гарнцы ягадаў. І звыш натуральных: чыншу - 2 рублі серабром.

Заўвага: у пасляваенны час, у 1945-50 гады з сялян-аднаасобнікаў "дралі" значна больш… Падаткі, нядоімкі, апісанне. Са страхам сустракалі фінагента, упаўнаважанага. Мала што заставалася з харчоў у хаце… Галадалі…

Далей наш род прадоўжыў Іван Ісідаравіч.

Даведка

№ 6382 Літоўскай Духоўнай Кансісторыі аб тым, што ў сялян вёскі Дроздава Лідскага павета Ісідара Андрэевіча Кудлы і Аляксандры Андрэеўны (ў дзявоцтве - Міцюкевіч) нарадзіўся 23 студзеня 1875 года сын і хрышчаны - Іаанам у Ганчарскай Свята Пакроўскай царкве. А ў 1892 годзе нарадзілася Соф'я.

Маючы пад 30 год (і на далей гэта стала сямейнай традыцыяй) Іван ажаніўся з Аляксандрай Лукашэвіч 1882 г.н. з вёскі Дзітрыкі. У іх нарадзіліся: у1906 годзе Вольга, а ў 1908 Ваня - мой бацька.

Якраз ім выпала гаротная доля бежанства і ваеннага ліхалецця…

У другой палове 19 стагоддзя ў аграрнай палітыцы Расійскай імперыі прайшлі карэнныя змены. У1861 годзе было адменена прыгоннае права, што прывяло да значнай сацыяльна-эканамічнай трасфармацыі беларускай вёскі. Сяляне атрымалі больш-менш свабоду, уласнасць на зямлю, а Сталыпінская аграрная рэформа садзейнічала ўздыму сельскай гаспадаркі. Аб зменах у дабрабыце сялян можна меркаваць па перапісе ў 1915 годзе гаспадарчай маёмасці майго дзеда Івана Ісідаравіча, пра што будзе ніжэй.

Пачатак вайны

Расійская імперыя ўступіла ў Першую Сусветную вайну дрэнна падрыхтаванай і паступова страчвала сваю ваенную магутнасць. Нямецкая армія наступала на Ўсходнім фронце. Пад пагрозай захопу апынуліся заходнія губерні.

Ужо з першых дзён вайны людзі ўцякалі ад вайны, пакідалі свае гаспадаркі, першапачаткова рассяляліся ў прыфрантавой мясцовасці, разлічваючы ў хуткім часе вярнуцца назад.

Адным з разбуральных і непапраўных наступстваў І-й Сусветнай вайны для Расійскай імперыі з'яўляецца бежанства, якое дасягнула нябачаных раней памераў. Сёння мы маем дадзеныя пра мільёны загінуўшых, параненых у тую Вялікую вайну, пра мільёны палонных, але мала ведаем пра маштаб народнай трагедыі, звязанай з гвалтоўным перасяленнем у глыб краіны велізарных мас цывільнага насельніцтва заходніх губерняў Расійскай імперыі, якія апынуліся ў зоне ваенных дзеянняў.

Даведка.У 1914 - 1915 гадах каля 5 млн. чалавек, з 23 млн. пражываўшых на тэрыторыі, захопленай праціўнікам, вымушаны былі пакінуць свае родныя мясціны і перасяліцца на ўсход - у губерні Цэнтральнай Расіі, Паволжа, Сібіры, Прымор'я і Сярэдняй Азіі.

Першым заканадаўчым актам аб арганізацыі бежанскай справы быў створаны 14 верасня 1914 года Камітэт Вялікай Княжны Таццяны Мікалаеўны. Фактычна з першага дня камітэтам кіраваў член Дзяржаўнага Савета, дзейны стацкі дарадца А.Б. Нейдгард (царская дачка Таццяна займала пасаду ганаровай старшыні). Камітэт з'яўляўся цэнтральным органам па абароне бежанцаў, карыстаўся ўрадавай падтрымкай і дзяржаўнымі субсідыямі.

Ужо восенню 1914-га года на дарогах Гарадзенскай губерні, якія вядуць на ўсход, з'яўляюцца першыя грамадзяне Царства Польскага. З-за няўдач расійскага войска неабходнасць эвакуацыі становіцца відавочнай, і ўлады на ўсіх узроўнях пачынаюць рыхтаваць да яе мясцовае насельніцтва, якое, на думку дзяржаўнага кіраўніцтва, не павінна было заставацца на захопленай ворагам тэрыторыі. Фармальна эвакуацыя з'яўлялася справай добраахвотнай, але за яе актыўна агітавалі праваслаўныя святары, а таксама чуткі пра зверствы немцаў. Фронт набліжаўся, рускія адступалі. Людзі не ведалі, што рабіць: ці ўцякаць у Расію, ці хавацца ў лясах і балотах, пакуль фронт не пройдзе. Ксяндзы сказалі сваім вернікам, што палякам няма чаго баяцца немцаў, бо яны ваююць з рускімі, а не з палякамі, і раілі не пакідаць сваіх дамоў і радзімы. Праваслаўныя святары раілі ўсім праваслаўным уцякаць у глыб Расіі, бо рускім, як яны казалі, пагражаюць зверствы з боку немцаў і нават смерць. І праваслаўныя беларусы пачалі выязджаць, а католікі засталіся на месцы.

Але ў цэлым колькасць бежанцаў да лета 1915 г. была нязначнай, і размяшчаліся яны ў большасці сваёй у прыфрантавых абласцях.

Грос Тамара (З успамінаў яе маці Вольгі Кудлы): "Калі пачалася вайна, маёй маці было 8 гадоў, яна ўжо хадзіла ў царкоўна-прыходскую школу ў Дроздаве. Там працавала настаўніцай яе цёця Соф'я Ісідараўна - ёй было 22 гады. Аб пагрозах, што набліжаюцца на нашу мясцовасць расказаў родны брат бабулі - Іван Аляксандравіч Мулінскі, які быў прызваны ў царскае войска, і, вяртаючыся з фронту, заехаў у Дроздава. Ён быў камандзіраваны на курсы кавалерыстаў дзесьці пад Маскву.

Яшчэ зімой не стала матчынага дзядулі Івана Ісідаравіча Кудлы - у лютую сцюжу прастыў, хварэў і памёр 4 студзеня 1914 года (так выбіта на помніку на Ганчарскіх могілках, В.К.).

Бацькі вырашылі адправіць і маму са старэйшымі: бабуляй Аляксандрай і цёцяй Соней. Разам рушыў у дарогу і Мулінскі. З сабою бацькі напакавалі ў валіску (дарэчы яна захавалася як рэліквія той пары, В.К.) тое-сёе з яды і вопраткі. Развіталіся … Бацька канём адвёз да цягніка. Вагоны перапоўнены, праз некалькі сутак даехалі да Серпухава. Дзядзя Мулінскі дапамог уладкавацца… . Як бежанцаў нас накіравалі ў сяло Навінкі, што за кіламетраў дзесяць ад горада. Кватаравалі ў Жукавых… Цёцю Соню прызначылі настаўніцай, а бабуля працавала кухаркай у ўладальніка сітцанабіўной фабрыкі Коншына. Рэшткі яды ад стала прыносіла дахаты, наварыць супу і яшчэ чагосьці - так і карміла ўсю сям'ю.

Маці пайшла ў школу. Дзяцей было многа. Вучылася з задавальненнем, добра і многа чытала і палюбіла на ўсё жыццё кніжкі … Помню вершык: "Тятя, тятя, нашы сети притащили мертвеца".

Няўдалы для расійскай арміі ход вайны вясною 1915 года, імклівасць змены стратэгічнай абстаноўкі ў ходзе адступлення рускіх войскаў, суправаджаліся раптоўнасцю высялення жыхароў прыфрантавых паселішчаў.

Для таго, каб не даць немцам мясцовыя стратэгічныя рэсурсы, расейскія ўлады прынялі рашэнне эвакуяваць вайсковыя і прамысловыя прадпрыемствы. Пры адступленні рускае камандаванне імкнулася прымяніць практыку 1812 года - "выпаленай зямлі". Войскам быў аддадзены загад не толькі разбураць шляхі зносін, але і спальваць гарады і вёскі.

Па ўсёй лініі фронту пачалося прымусовае высяленне сялянства, у першую чаргу мужчын прызыўнога ўзросту "ад 17 да 45 гадоў", каб захаваць кадры для папаўнення арміі і пазбавіць ворага працоўных рэсурсаў. Адначасова ў сельскага насельніцтва, рэквізавалі запасы харчавання, акрамя месячнай нормы. Калі лішкі прадуктаў "не могуць быць вывезены", іх трэба было "знішчыць". Акрамя таго, ваеннае камандаванне аддало распараджэнне рэквізаваць і "адпраўляць у тыл ўсё быдла", "знішчыць пасевы касьбой" і г.д.

У адносінах да ўпартых, акрамя растлумачальнай працы ўжываўся прымус, часам з выкарыстаннем не толькі паліцыі, але і "конных частак арміі". Мноства бежанцаў хавалася ў лясах, "адтуль іх выганяла паліцэйская ўлада і прытым з такой стараннасцю і энергіяй, што нават спальвала іх буданы, вынікам чаго бывалі няшчасныя выпадкі з чалавечымі ахвярамі".

А вось як грунтоўна з болем і занепакоеннасцю за слёс бежанцаў-беларусаў напісаў у газеце "Наша Ніва" № 29 ад 31ліпеня 1915 года Якуб Колас:

"Найвялікшая ахвяра.

Поруч с тым, як немецкіе арміі пасоўваюцца глыбей у межы Расейскай дзержавы, як яны захопліваюць такзваные "акраіны" яе адну за аднэй, - аграмадные абшары зямлі пусьцеюць, багатые, густа пакрытые вёскамі і гарадамі краі зменяюцца ў пустыню. Быў выданы прыказ: каб народ адыходзіў з забраных зямель разам з расейскім войскам - і вось цэлые племёны губляюць грунт пад нагамі, пакідаюць свой край і выселяюцца у чужые староны- між чужых людзей. Дзеецца нешта дзіўнае, нешта да веры не падобнае: ў вадзін момэнт народ, што меў сваю старонку, што быў сам у сябе панам, разам бытцым таець, разсеіваецца, як туман, каб адгэтуль вясьці ўжо вечна жыцьцё жыда-вандроўніка...

Сперша людзям трудна нават зразумець, якой ахвяры ад іх вымагаюць. Хто меў свой дом, у таго й думка ў галаве ня дзержыцца, што адгэтуль ён будзе ўжо не гаспадаром у сябе, а кутнікам! - А тым часам акопы рэжуць яго палеткі, бомбы капаюць аграмадные ямы, выварачываючы наверх нетру Зямліцы-Маткі, агонь нішчыць да званьня вёскі і гарады, - і толькі памяць аб пакінутай Бацькоўшчыне будзе жыць у народзі, пакуль самае імя яго ня счэзьне...

Пакінуць родны Край - гэта і ёсьць найвялікшая ахвяра, якую бярэ вайна: на пустое мейсцо хлыне хваля чужых людзей, - і займуць яны адвечные сялібы народу, асудзіўшы яго на век жыць бяздольным!

Чым можна замяніць чалавеку родны край? На гэта ёсьць адзін атказ - роднаго краю нельга нічым замяніць. Народ і яго старонка звязаны неразрыўна між сабой. Праз вякі - сталецьця рос тутака народ -і душа яго, думкі яго, песьні і казкі-легенды, усё яго творчэство адбівало ў сабе акружаючую яго прыроду. Перэсадзіце гэты народ на другі грунт, перэсяліце жыхара цёплаго поўдня на халодную поўноч,- і ён будзе гібець, ажно пакуль зусім не загіне, ня зменіцца так, што яго не пазнаеш...

Вось у чым страшэнства ахвяры населеньня "акраін"- у районе вайны. У каго згарэла хата, той можэ адбудаваць яе; каму забралі ўсё меньне - той працай сваей можэ ізноў прыдбаць яго. Але народ, каторы адарвалі ад роднай глебы і разсеялі па чужых землях, такі народ ніколі ня верне сабе даўнейшаго жыцьця, а будзе мыкацца між чужымі, як выкляты Богам за нейкі цяжкі грэх, -а-н-а

Божэ мой! калі паўстане

Ў сьвеці згода тая?

Лад ці скора к людзям гляне,

Змоўкне бура злая?

Загарэўся, задыміўся

Сьвет вайной, і далей

Дым пажараў пакаціўся

Агнявістай хвалей.

Гінуць людзі, памарнелі

Скарбы іх і сёлы,

Ад крыві пачырванелі

I горы, і долы...

Божэ мой! калі уціхне

Гэта трасяніна?

Блескам сонца калі ўспыхне

Згоднасьці часіна?

Якуб Колас.

Рабаўніцтва і гвалт, якія чыніліся арміяй, сталі звычайнай з'явай пры высяленні грамадзян. Пры нежаданні насельніцтва сыходзіць са сваіх месцаў, іх вёскі і мястэчкі проста спальваліся. Незлічоныя натоўпы галодных, абадраных людзей, рухаліся на ўсход. Ішлі ўласным ходам, ехалі на падводах, наперадзе войскаў, часта змешваючыся з вайскоўцамі. Гінулі ад голаду і эпідэмій, стральбы артылерыі і авіяцыі. Ішлі суцэльнай сцяной, пляжылі пасевы збожавых, бульбы, псавалі сенажаці і лугі.

Л. Н. Войталоўскі ў сваёй кнізе так апісваў гэтыя падзеі: "Навстречу колонне, точно охваченные лихорадочной дрожью, мелькают спугнутые деревни, смятые тяжкими ударами войны. Десятки и сотни мужиков, коров, лошадей; бабы с распущенными волосами, как будто растрепанными ураганом; матери, прижимающие к груди спеленутых младенцев; бездомные собаки; интеллигенты без шапок; евреи в измятых разорванных кафтанах; сидящие на узлах старухи… . Все это бежит перед нами жалкой вереницей оторопелых, покорных,беспомощных и враждебно-суровых лиц с выражением ужаса,унижения и дикой усталости в глазах. Никто не знает, куда и от чего бегут эти толпы несчастных, но почему-то все охвачены странным и мстительным озлоблением к бегущим".

У чэрвені-ліпені 1915 года рух бежанцаў па Беларусі быў вельмі неарганізаваным. Мясцовая адміністрацыя клапацілася аб эвакуацыі толькі ўстаноў і службоўцаў, пакідаючы на волю лёсу насельніцтва губерняў. У дзеяннях мясцовых чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў эвакуацыі насельніцтва, панавала блытаніна, адсутнічала ўзгодненасць. Цывільныя ўлады не толькі не аказвалі істотнай дапамогі высяленцам, але часам наносілі ім шкоду, загадваючы бессістэмна перасоўвацца то назад, то наперад. Многія ўцекачы тыднямі блукалі на прасторы некалькіх дзесяткаў кіламетраў, што, да прыкладу, назіралася ў раёне Ліда - Наваградак.

Трэба адзначыць, што 20 чэрвеня 1915 года Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Імператару Мікалаю ІІ далажылі аб "маркоце, узлаванасці і смуце" сярод насельніцтва, з нагоды "бессістэмна эвакуацыйных распараджэнняў", "знішчэннем цэлых паселішчаў". Вярхоўны адразу ж па прамым провадзе "тэрмінова, сакрэтна" аддаў распараджэнне генералу Аляксееву: "Загадайце ўсё гэта неадкладна ліквідаваць", гэта значыць спыніць гвалтоўную эвакуацыю.

Пасля гэтага Савет міністраў прыпыніў гвалтоўнае перасяленне жыхароў прыфрантавых тэрыторый, але дзейнічаў зусім дрэнна.

14 ліпеня 1915 года сваёй пастановай быў уведзены інстытут Галоўупанаважаных на франтах, была створана ўрадавая арганізацыя дапамогі бежанцам "Северопомощь" якія вызначалі парадак высялення з тэрыторыі франтоў, кірункі руху і спосабы транспарціроўкі бежанцаў на новыя месцы жыхарства. У іх абавязкі ўваходзіла таксама забеспячэнне бежанцаў у дарозе харчаваннем, медыцынскай і ветэрынарнай дапамогай, адзеннем. Грошы на гэтыя мэты атрымлівалі з казны. На пасаду Галоўупанаважаннага па Паўночна - Заходнім фронце быў прызначаны І. Зубчанінаў.

Вось як адрэагавала газета "Наша Ніва" ад 27 ліпеня 1915 года:

"Дарэмная трывога.

Вялікая трывога ўзнялася па нашых вёсках і мястэчках, калі па валасьцёх, што бліжэй да вайны, разаслалі прыказ народу выбірацца і паліць дабро і хаты, а збожэ скашываць, як будуць набліжацца немцы. Трывога і за сябе, і за сваю будучыну: што рабіць у чужой старане, як жыць?- I плач і лямэнт быў атказам на гэты прыказ, а іншые слабые сэрцэм гаспадары, не чакаючы немца, без ніякаго загаду самі пачалі глуміць сваё дабро і ўцякаць з родных вёсак.

Трывога ўзнялася ня толькі між селянамі: занепакоіліся і ўсе тые грамадзкіе працаўнікі і таварыствы, што даюць падмогу і апеку высяленцом і другім ахвярам вайны. Занепакоіліся яны, бо на тое, каб карміць тые дзесяткі і сотні тысяч хлебаробоў, каторых маніліся адарваць ад ральлі, патрэбны нялічэные грошы. Дый мала пракарміць іх: трэба ім вярнуць страты за знішчэнае меньне, трэба даць спосаб да жыцьця пасьля вайны.

Гэтымі днямі сэнатар Нэйдгарт, маючы ўсё гэта на ўвазі, звярнуўся да Вярхоўнаго Глаўнакамандуючаго, Вялікаго Князя Мікалая Мікалаевіча, і зрабіў акуратны даклад аб справі высяленьня народу і зніштажэньня пасевоў і хат. Дзякуй Богу, сэн. Нэйдгарту удалося дайсьці свайго: Вялікі Князь загадаў прыказ той, што гэтак усіх устрывожыў, адмяніць.

У газэтах апублікована гэткая заява сэнатара Нэйдгарта:

"Я лічыў за сваю сьвятую павіннасьць акуратне растлумачыць тую справу Вярхоўнаму Глаўнакамандуючаму, і пасьля гэтаго ў тэй жэ дзень Яго Імператарскае Высочэство быў ласкаў даць, апіраючыся на мой рапорт, падпісаны Яго рукою тэлеграфны прыказ арміі. Істота гэтаго прыказу - гэта загад, каб меньне жыхароў, вёскі, сялібы і пасевы зніштажаліся на гэткіх асновах: ,

1. Нішчыць толькі тады, калі гэта канечне патрэбна дзеля ваенных мэт, і тое, што засланяе абстрэл. Нішчучы, запісываць пратаколы, каб населеньне магло атрымаць належную заплату.

2. Гэткіе самые пратаколы павінны быць напісавы, калі нішчыцца збожжэ на полі.

3. Нельга адрываць агулам усіх жыхароў ад іх сяліб, і толькі мужчын ад 18 да 45 гадоў, калі яны падпадаюць пад ваенную павіннасьць, можна клікаць на работы, даючы ім патрэбные харчы.

4. Усе, хто астаўся на мейсцы, павінны быць забеспечэны харчамі.

5. Усе ўласьці, нікога не выключаючы, павінны спаўняць гэты прыказ.

6. Гражданскіе ўласьці павінны не аткладаючы супакоіць населеньне абвесткамі. Тые-ж уласьці павінны зрабіць усё, што можна, і працаваць, не пакладаючы рук, каб завясьці лад у падарожы населеньня, каторае сваей ахвотай пакідае свае сялібы, і каб высяленцоў акуратна кіраваць у назначэные для іх акругі, не загаражываючы тылу арміі.

7. Ураз жэ самымі суровымі і цьвёрдымі спосабамі задзержаць самавольнае зніштажэньне войскам меньня народнаго. Калі ваенные начальнікі ня будуць лічыць гэта сваей сьвятой павіннасьцю, дык нельга будзе забеспечыцца ад упадку ладу ў арміі".

Прачытаўшы гэты прыказ, населеньне бліжэйшых да вайны мейсц можэ ўздыхнуць свабадней. Трывога аказалася дарэмнай: прынукай выселяць народу ня будуць; ня будуць нішчыць іх меньня, хат і пасевоў без апошняй патрэбы; тым хто захочэ астацца ў роднай вёсцы, не баючыся ваенных нягод, павінны пакідаць патрэбные да жыцьця харчы.

Пакуль з'явяцца ўсюды па вёсках офіціальные абвесткі аб гэтым, мы дзелімся з нашымі чытачамі гэтай весткай, каб развеяць усе страхі і спыніць нарэканьня і сьлёзы.

Вёскі Лідчыны поўнілася чуткамі аб прыбліжэнні фронту, аб гвалтоўным высяленні. Асабліва баяліся казакоў, якія праславіліся безчалавечай жорсткасцю. Пачаліся ваенныя рэквізіцыі. У сялян забіралі коней з вазамі на ваеннныя патрэбы.

Захаваўся дакумент № 2430 ад 3 жніўня 1915 года падпісаны валасным старшынём Гросам аб тым, што ў селяніна в. Дроздава Івана Ісідаравіча Кудлы, па распараджэнні вайсковага начальства ўзята кабыла з фурманкай. Згодна з гэтым пасведчаннем, ён меў магчымасць вярнуць сваю маёмасць у фальварку Белазерышкі каля Вільні ў Вікенція Ігнацьева … . Але праз хуткі час пачалося наступленне германцаў на фронце, і дзеду Івану, вядома, было не да кабылы. Трэба было ратаваць сваю сям'ю.

Якраз усё ў значнай меры і відазмянілася адразу ж пасля раптоўнага прарыву праціўнікам фронту. І тады 4 жніўня 1915 г . адбылося рашэнне цэнтральных уладаў аб масавым перамяшчэнні бежанцаў ва "ўнутраныя губерні" Імперыі, каб разгрузіць прыфрантавую мясцовасць ад залішняга насельніцтва. Але рух бежанцаў быў дрэнна арганізаваны. Імклівасць змены стратэгічнай абстаноўкі ў ходзе адступлення рускай арміі суправаджалася раптоўнасцю высялення жыхароў.

У газеце "Наша Ніва" № 31 ад 7 жніўня.1915 года Міхалка Скарэўскі распавядае пра людскія жальбы, ад пагрозы вайны: што рабіць, куды падацца, як жыць далей?

"Нашы жальбы.

Далёка адбіваюцца адгалоскі вайны па нашых вёсках. Людзі зьбіраюцца прысьвяткамі ў грамадкі, гукаюць пра вайну і выказываюць адзін аднаму свае жальбы. Тут і стары дзед, і сівенькая бабуля, і гаспадары нашы вясковые-астаўшыеся "салдаткі", маладзіцы ды, выправіўшые сыноў сваіх, матулі сіратлівые. Ці мала тут пра што гаворуць, і кожнаму ахвота пачуць навіну.

Тут і лісты чытаюць з вайны, і газэткай цікавюцца. Жалюцца на сваё нялёгкая жыцьцё... У каго жонка пры сьмерці, а доктара німа скуль і за што паклікаць; у каго дзеці зрабіліся калекамі, валяючыся з лавак, калі ў гарачы дзень аставаліся без догляду дома; у каго апошні конік паў, а купіць німа за што, дастаць недзе, а час гарачы.

Вось і думай, браце! Пакруці галоўкай тут у нашым горы, ды хоць плазмам расцягніся, хоць галасі, хоць біся, нічога не парадзіш... А тут гэта вайна...

Ой ты, жальба, як даўно пануіш над нашай зямлёй Беларускай! З даўных вякоў спавіла старонку у свае сьлязлівые пялёнкі, атуліла народ наш доляй нялёгкай. А ці мала адбывалася войнау чужых у нас? Ад удзельных князёў беларускіх ліеца кроў па нашай зямлі. Біліся Маскоуцы са Швэдамі - курганы-помнікі тых бояк асталіся да нашых дзён. Сто год таму прайшлі па ўсёй нашай зямлі, уперад і ўзад, полчышча францускіе, аставаліся руіны, ды сьцежкі усьцілаліся трупамі.

Цяпер ізноў над нашай краінай падняты нагострэны меч, зазьвінелі шаблі, раздаецца страшны гарматны гул... земля дрыжыць, ліецца кроў, сьмерць косіць свае ахвяры. Хто бліжэй к гэтаму вогнішчу с сялян, кідаіць свой скарб і з душой уцекаіць, куды вочы глядзяць. Іх цэлые тысячы, абдзёртых, галодных -ні ў чым непавінных... Ім трэба помач.

З гэтымі пакутнікамі, мы павінны раздзяліць апошні кусок нашаго чорнаго хлеба, гэта нашы браты і Бог, і мус кажыць памагчы ім чым можна. Пасылайце помач у "Беларускі камітэт па аказаньню помачы пацярпеўшым ад вайны" і ў яго аддзелы, а дзе такіх німа, старайцеся аткрыць іх. Памагаючы адзін аднаму, перанясём і на гэты раз ліха. Загараюцца новые аганькі ў грамадзян Беларусі, якіе асьвецюць вольны шлях да лепшаго жыцьця нашай старонкі; гора і жальбы адлятуць ад нас, і ўперадзі аткрыецца сьветлы прастор.

Міхалка Скарэўскі."

Вось адно з такіх прызнанняў, зробленае сялянкай з вёскі Залукі, што на Беласточчыне, М. Лісоўскай 1901 г. нараджэння: "З Залук у бежанства падаліся ўсе. Толькі што заехалі мы да Гарадку, а вёска наша ўжо гарэла. Далей мы паехалі ў Менск. Там прадалі каня з фурманкай, селі на цягнік і паехалі ў невядомы свет. Наша сям'я абрала Самарскую губерню. Разам з намі паехала яшчэ пяць сем'яў. "(Запіс беластоцкай журналісткі газеты "Ніва" Г. Кандрацюк, 1994.)

Са жніўня 1915 г. на ўсход рушылі ўладкаваныя абозы на чале з "праваднікамі" з ліку мясцовага духавенства, сельскай адміністрацыі, якія мелі "брашуры з указаннем мясцовасці, куды належыць эвакуявацца, і з апісаннем усяго шляху руху, аж да канчатковага пункта". Большасць бежанцаў рухалася на ўласных падводах, звычайна крытых брызентам і гружаных найбольш каштоўнай маёмасцю. "Дзеці і старыя ехалі на фуры, а астатнія члены сям'і большую частку шляху ішлі пешшу побач, гонячы быдла або проста шкадуючы коней, якія ледзве цягнулі перагружаны воз".

Людзей, "цалкам абяздоленых" вайной, вывозілі на "абывацельскіх" падводах, якія па нарадах мясцовых уладаў падавалі жыхары прыдарожных паселішчаў. На галоўных дарогах "былі ўладкованыя для бежанцаў пажыўныя пункты, на якіх яны атрымлівалі гарачую ежу", "дзецям яшчэ малако і белы хлеб", запас прадуктаў "сухім пайком" для харчавання ў дарозе і фураж для жывёлы. Там жа тым, хто захварэў, аказвалі медыцынскую дапамогу; сем'ям з маленькімі дзецьмі і старым давалі начлег прама на пункце або ў суседніх хатах сялян. Гл., напрыклад: Беженство 1915 года. С. 121.

Адзначым, што 20 жніўня 1915 г. у Вярхоўнае галоўнакамандаванне ўступіў Імператар Мікалай II. Начальнікам штаба стаў генерал М.В. Аляксееў.

У мэтах упарадкавання бежанскай справы 30 жніўня 1915 г. быў выдадзены закон "Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў". Закон вызначыў статус бежанца і яго правы. Па гэтым законе бежанцы - "гэта асобы, якія пакінулі мясцовасці, загрожаныя непрыяцелем або ім ужо ўзятыя, альбо асобы, выселеныя распараджэннем ваенных ці грамадзянскіх уладаў з раёна ваенных дзеянняў, а таксама выхадцы з варожых Расіі дзяржаў".

У адпаведнасці з законам кіраўніцтва па справах бежанцаў даручалася Міністэрству ўнутраных спраў і створанай пры ім Адмысловай нарадзе па ўладкаванні бежанцаў. У Адмысловую нараду ўваходзіла сем чалавек, абраных ад Дзяржаўнага Савета, сем чалавек ад Дзяржаўнай Думы, па аднаму прадстаўніку ад міністэрстваў, галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў, па прадстаўніку ад Усерасійскага Земскага і Гарадскога саюзаў, нацыянальных і іншых арганізацый, якія абслугоўваюць бежанцаў. Такім чынам, у Нарадзе ўдзельнічалі прадстаўнікі ўлады і грамадства.

Магчымая эвакуацыя, з папярэднім вопісам страчванай сялянамі нерухомай маёмасці, кошт якой на аднаго гаспадара дасягаў да дзесяці і больш тысяч рублёў, адразу ж ператварылася ў самае сапраўднае бежанства, да якога заходнебеларускіх сялян змушалі і адыходзячыя рускія войскі, якія ўжывалі да таго ж тактыку выпаленай зямлі: прадугледжвалася знішчэнне ўсялякай маёмасці, у тым ліку і сельскіх жылых дамоў, на пакіданай тэрыторыі.

Сяляне - відавочцы ўспаміналі: "Усе людзі ... выязджалі фурамі, жывога духу ў вёсцы не засталося. Як толькі людзі выехалі, салдаты падпалілі вёску ... ". "А калёсы былі на жалезных колах. На іх пачалі ставіць такія будкі і падрыхтаваліся да выезду, так як казалі, што немец вельмі лютуе. На такіх павозках з будкамі ўсім мястэчкам выязджалі ... Ні адна душа не засталася ... Наша сяло гарыць. Падпалілі рускія салдаты, каб немцам нічога не дасталося.". "Зрабілі мы такую будку з палатна на возе. Узялі поўны куфар. Частку гусей прадалі, а астатніх пагналі. Дзе спынімся, там зарэжам гусака ... Дарогамі і войска ехала і ўцекачы. Я з сястрой ... часцей ішлі за возам. Часам ноччу едзем, а спаць хочацца; з калоны ж нельга выехаць. Мы часам ужо не маглі і клаліся каля шашы, каб паспаць. Бацька з братам ... азірнуцца, што нас няма, і брат давай нас шукаць ".

"Казакі ездзілі па вёсках і палохалі людзей, што немцы гвалцяць жанчын без усялякага разбору, грудзі абсякаюць ім шаблямі, а мужчын так усіх вешаюць і страляюць ... А тут цэлая паніка пайшла па вёсках". "Памятаю, як па вёсцы ездзілі казакі на конях і крычалі:" Ідзіце ўсе, інакш вас германцы заб'юць "."

"У нас хата была добрая, вялікая, новую падлогу ў ёй заслалі. І ўсякія надворныя пабудовы былі - усё казакі спалілі. Свінні засталіся, а кароў гналі з сабою і пасля каля Менска рускія салдаты купілі іх у нас на мяса. Везлі з сабой вопратку і ежу на фурманцы прычыненай палатном. Начавалі на фурманках і елі тое, што забралі з хаты. Збіралі галлё, раскладвалі агонь і варылі ..... Заехалі мы ў Рагачоў і там перагрузілі на цягнік, а коней і вазы прадалі ... ". "Бацька жывёлу і хату для войска здаў, на што далі яму даведку (прыехаўшы ў Расію ён атрымаў у губерні грашовую кампенсацыю) ... На дарозе ... было шмат ваенных і цывільных. Ішлі пешшу... Паветра насычанае смуродам конскага поту, змешана з выкіднымі газамі аўтамабіляў. Затыкаюць нос і горла. Людзі хварэлі, і смерць збірала ўраджай. Трупы валяліся побач з дарогай ... ". Як пазней адзначаў адзін з мясцовых святароў у царкоўным летапісе, тады "бежанцы ўвесь свой шлях пакрылі безымяннымі магіламі ..., паміралі старыя і маладыя ... ". Колькасць загінулых ад хвароб і цяжкасцяў шматдзённага шляху ішла на дзясяткі тысячаў.

"Люди, прошедшие несколько войн и участвовавшие во многих кровавых сражениях, говорили мне, что никакие кошмары поля боя невозможно сравнить с ужасающей картиной бесконечного исхода мирного населения..." Так генерал ад кавалерыі У.І. Гурко - даў апісанне ўсёй трагедыі бежанцаў, якія рухаліся на ўсход разам з адступаючай рускай арміяй.

Нагружаныя хатнім скарбам павозкі, на якіх было ўладкована нешта накшталт будана, дзе нярэдка змяшчалася шматлікая сям'я і тут жа куры і качкі, побач з вазамі каровы - усё гэта цягнулася на ўсход, пакідаючы то тут, то там, уздоўж дорогі невялікія ўзгорачкі з крыжамі, дзе хавалі якога-небудзь малютку, не вытрымаўшага гэтага доўгага шляху ў рознае надвор'е. Тут жа валяліся трупы коней і кароў, якія загінулі ад стомы і знясілення.

Па патрабаванні ваенных уладаў Усерасійскі саюз гарадоў і земстваў разгарнуў на шляхах руху бежанцаў сетку пунктаў па аказанні харчовай і медыцынскай дапамогі.

Не гледзячы на арганізаваную дапамогу, абсталяванне пунктаў кіпячэння вады і харчавання, санітарнае абслугоўванне бежанцаў было недастатковым, а ў некаторых месцах распаўсюджваліся рознага роду эпідэміі. Ваенны лекар успамінаў: "Вошы даўно паядаюць бежанцаў. Сілком прыкаваныя да войска, уцекачы не парацца, не мыюцца, не купаюцца. Усе спяць покатам, не распранаючыся. Многія табары зрабіліся рассаднікам вашывай заразы .... Без веры ў будучыню, з пакорлівым адчаем плятуцца бабы і мужыкі, плятуцца худыя коні. На доўгіх вяроўках слабымі дзіцячымі ручкамі шасцігадовыя дзеткі цягнуць ўпіраючыхся кароў ... Сярод бежанцаў лютуе дзіцячая халера".

Але многія ўцекачы, "будучы ў злосці за неабходнасць высялення і акрамя таго знаходзячыся ў паніцы з нагоды адступлення, усё на шляху разбівалі і руйнавалі і гэтым нанеслі страты мясцоваму насельніцтву". Яны рабавалі жыллё, здзяйснялі масавыя патравы, самавольную "высечку дрэў для вогнішчаў, капанне бульбы і да т.п." Таму мясцовыя жыхары пачалі праяўляць да іх "нярэдка варожае стаўленне, прычым справа даходзіла да забойстваў".

Рапарт Слуцкага павятовага спраўніка Савіча аб разрабаванні маёнтка Мохарты.

"Прыстаў 13-га ўчастка Варшаўскай паліцыі гэтага дня данёс мне, што 14 гэтага верасня ў 11 гадзін раніцы ў маёнт. Мохарты Слуцкай вол., які належыць двараніну Ждановічу, праходзіўшымі бежанцамі, каля 500 чал. мужчын і жанчын Слонімскага п. Гарадзенскай губ., было ўчынена з разбурэннем драўлянай адрыны рабаванне сена ў колькасці каля 2000 пуд. і нямолатага аўсў і жыта каля 1000 пуд. Усё абрабаванае вывезена бежанцамі. На месцы было 6 чал. гарадавых Варшаўскай паліцыі, якім, не гледзячы на іх загады і ўгаворванні не чапаць сена і аўсу да прыезду абшарніка, не ўдалося спыніць бязладзіцы. Бежанцы ў самой грубай форме адмовіліся выканаць патрабаванні гарадавых і, калі апошнія спрабавалі заступіць уцекачам доступ да адрыны, то яны, маючы ў руках сякеры і калы, атачылі гарадавых і пагражалі іх збіць, калі будуць перашкаджаць браць сена і авёс, але паколькі гарадавыя не саступалі дзёрзкім патрабаванням і пагрозам бежанцаў і адстойвалі інтарэсы абшарніка, то ўзлаваныя бежанцы накінуліся на гарадавога Дворака і, атачыўшы яго шчыльным колам, пагражалі яму забойствам і зрабілі пры гэтым удар кулаком у грудзі. Пасля гэтага Дворак выняў з похваў шашку і пачаў ёю адмахвацца ад нападнікаў, але гэта мера не ўздзейнічала і бежанцы шчыльней здушвалі яго колам. Тады апошні, бачачы немінучую небяспеку быць збітым ці забітым, выняў для самаабароны рэвальвер і зрабіў паслядоўна тры стрэлы над галовамі нападнікаў, не з мэтай у іх страляць, а толькі гэтай крайняй мерай спыніць бежанцаў ад рабавання, прычым адным са стрэлаў неспадзявана параніў уцекача па прозвішчы Кандрацій Мяцечка ў плячо, якому фельчарам з каманды гарадавых была тут жа на месцы зроблена перавязка, і ім жа паранены быў адвезены ў слуцкую земскую лякарню. Па заключэнні земскага лекара гэтай лякарні, рану можна аднесці да разраду лёгкіх. Пра выкладзенае даношу в. п.

Слуцкі павятовы спраўнік Савіч.

З сапраўдным дакладна: за кіраўніка канцылярыі менскага губернатара(подпіс).

ЦДГА. ф. ДП. IV д-ва, 1915 г.. спр. 40. ч. 3, л. 38."

Авось дваранін маёнтка Хмельнікі В.К. Станкевіч даваедзены да адчаю, як да апошняй інстанцыі звяртаецца да старшыні Ўраду:

В. В., прабачце вялікадушна за маю адвагу пісаць ліст да вас. Я лічу, што гэта апошняя інстанцыя.

Справа ў наступным [1]:

Высяленцы прычынілі мне ўжо да 200000 [руб.] страт. Ад самага пачатку перасялення народаў я звяртаўся да ўсіх улад, просячы даць мне ахову, а галоўнае, перавесці пажыўны пункт на іншае месца да ракі, дзе б людзі мелі ваду. На жаль, наступіў холад. Высяленцы разарылі мне цалкам увесь маёнтак, забралі ўсё, разабралі ўсе велічэзныя пабудовы на дровы, а зараз сякуць сад у 3500 дрэваў. Паліцыя не з'яўляецца. Я жаліўся тройчы пану менскаму губернатару, двойчы маліў пана міністра ўнутраных спраў, але выніку ніякага не атрымаў. У маім двары і садах змяшчаецца 20-40 тыс. няшчаснага народу, халоднага і галоднага; халера забірае штодня масу ахвяр, ляжыць падла, якую ніхто не прыбірае, у флігелі туляцца дзясяткі халерных хворых, санітарнай дапамогі ніякай, паветра жудасны, народ з'яжджае, а новапрыбылыя займаюць іх месцы ў суцэльным брудзе і тут жа паміраюць. Нябожчыкаў закопваюць тут жа на 1/2 арш[ына] глыбіні на двары маім, за 3 саж. ад ганка дома жылога. А між тым можна было б і цяпер усё ўхіліць спакойна, бо народ страціў ужо ўсю сваю энергію. Лясоў казённых каля Бабруйска 400 000 дзес. Можна прыбывалых накіраваць цяпер каля стн. Бабруйск поруч лесу, і ўсё было б ціха і спакойна.

Маёнтак мой размешчаны ў межах гор. Бабруйска і быў адным з самых культурных у тутэйшым краі.

Я малю в. п.. як бога, на вас спадзяюся, вы ўся мая надзея, дзеля Хрыста, загадайце даць мне ахову, каб хоць рэшткі саду не пасеклі. Я жабрак. Загадайце ўцекачам адпусціць дровы, і ўсё супакоіцца.

Яшчэ раз прашу пакорліва прабачыць мяне.

Глыбокааданы дваранін Вітольд Казіміравіч Станкевіч, жых(ар) г[ор]. Бабруйска, 1-й часткі, маёнт. Хмельнікі.

Дакладна: памочнік справавода (подпіс).

ЦГИА. ф. ДП, IV д-ва. 1815 г.. д. 40. ч. 3. лл 46-47.

Але мала верагодна што ў тым безнадзейным становішчы гэта можна было прыпыніць.

Тое самае адбывалася і на Лідчыне.

Падпаленыя і разбураныя дамы, рэквізіцыі харчавання і згон жывёлы для ваюючых армій, пастой войскаў і падводная павіннасць, чуткі аб жорсткасці немцаў - усё гэта наганяла страх, паніку на людзей, якія апынуліся ў зоне вайны.

Вёска поўнілася чуткамі аб прыбліжэнні фронту, аб гвалтоўным высяленні, і асабліва баяліся казакоў, якія праславіліся безчалавечнай жорсткасцю. Пасля доўгіх ваганняў вырашылі збірацца ў дарогу.

Наколькі адказна дзяржава спрабавала падыходзіць да эвакуацыі сваіх грамадзян з зоны ваенных дзеянняў у глыб Расіі, можна мяркаваць па вопісу рухомай і нерухомай маёмасці.

Пры аналізе гістарычнага дакумента "Вопіс маёмасці" можна заўважыць: на якім высокім узроўні дзейнічала дзяржава ў цяжкія гадзіны вайны. Усё было ў рамках заканадаўства і строга прапісана, каму што рабіць.

Селянін в. Дроздава Кудла Іван Ісідаравіч звярнуўся ў паліцэйскі ўчастак Лідскага павета з заявай аб тым, што ён з сям'ёй вырашыў выехаць у Расію ў якасці бежанца. Згодна з цыркулярам Віленскага губернатара ад 17 ліпеня 1915 г. № 23963 паліцэйскі ўраднік Іваноў (ініцыялаў няма) 20-га ўчастка 5-га стану Лідскага павета прыбыў на сядзібу прасіцеля разам з сельскім старастам Ганчарскай грамады Восіпам Дычком.

Сумесна з запрошанымі сумленнымі ацэншчыкамі Васілём Кудлам, Восіпам Шутам і сведкамі Мікалаем Кудлам і Юрыем (прозвішча неразборчыва) правялі вопіс усёй рухомай і нерухомай маёмасці і пасеваў селяніна в. Дроздава Івана Ісідаравіча Кудлы.

Усе дадзеныя вопісу аб колькасці і кошту ў рублях былі занатаваны на друкарскім бланку, падпісаны ўсімі ўдзельнікамі і выданы на рукі гаспадару.

Дзякуючы таму, што гэты стогадовай даўнасці дакумент збераглі, мы маем магчымасць меркаваць як жылі, што мелі ў той час сяляне - сераднякі заходне-беларускай вёскі.

Кожны, хто цікавіцца, мае магчымасць зрабіць свае асабістыя высновы. (Копія дакумента ў дадатку.)

А зараз мы паспрабуем зрабіць аналіз аб узроўні дабрабыту майго дзеда Івана Ісідаравіча (Табліца 1).

Гледзячы на вопіс нерухомай маёмасці, можна сказаць, што матэрыяльная база селяніна была на той час нядрэннай.

Табліца 1

Назва пабудоў

Колькасць

Кошт у руб.

1

Дом жылы новы

1 (адзін)

1000

2

Дом жылы стары

1 (адзін)

500

3

Гумно

1 (адно)

700

4

Свіраны

2 (два)

600

5

Хлявоў

2 (два)

300

6

Хлявоў для жывёлы

2 (два)

300

7

Канюшня

1 (адна)

150

8

Прыбудова да дома

1 (адна)

100

9

Склад для дроў

1 (адзін)

20

Усяго нярухомай маёмасці

3670

Прааналізуем вытворчую базу селяніна.

Асноўнай цяглавай сілай у апрацоўцы глебы і транспартным сродкам былі 2 кабылы і конь па ацэнцы - 500 рублёў. ( Заўвага - у1848 годзе ў гаспадарцы была пара валоў.) Да іх ішоў цэлы шэраг прымітыўных на той час сельскагаспадарчых прылад працы і механізмаў: саха, бораны - жалезная і драўляная, малатарня, сячкарні - конная і ручная. Для перавозкі грузаў меліся вазы і сані. А ў святочныя дні селянін запрагаў лепшага каня ў брычку, а зімою ў вазок і ўсёй сям'ёй рушыў на кірмаш, рынак ці ў царкву.

Аб дабрабыце селяніна сведчыць наяўнасць жывёлы - 8 галоў: тры каровы, дзве цялушкі, двое цялят і бык - усяго на 480 рублёў. Можна меркаваць, што малочных прадуктаў хапала і для сям'і, і на продаж. Апроч гэтага было чацвёра свіней па 40 рублёў, 22 курыцы - па 1 рублі, 20 авечак па 9 рублёў, што забяспечвала сям'ю мясам, яйкамі і воўнай, з якой выраблялі доўгімі зімовымі вечарамі сукно, а потым шылі адзенне.

Дзед быў нядрэнным пчаляром: у яго на пасецы было больш за 20 вуллёў. На прысядзібным участку рос садок, толькі не зразумела, чаму толькі адна яблыня (кошт - 25 руб.), а 24 слівы і вішні (коштам па 5 руб.) і 27 груш (коштам па 17 руб. 59 кап.). Верагодней за ўсё, яблыкі доўга не захоўваліся, а сушаныя грушы ўжываліся ўсю зіму. Пазней, у марозную зіму 1940 г. усе грушы вымерзлі, і памятаю, яшчэ доўга на гумнішчы тырчалі іх пні.

Па ўспамінах майго бацькі ў гаспадарцы было дзесяць дзесянцін ворнай зямлі, сенажаць, выган і невялікі лясок - дзве дзесянціны. На той момант у жніўні 1915 года бульба заставалася ў полі і па ацэнцы, ўраджай мог быць 700 пудоў, гэта значыць 11,2 тоны па 2 кап/кг. на 245 рублёў.

У засеках свірана заставалася 680 пудоў, у пераліку больш за десяць тон збажыны. З гэтай колькасці было: жыта - 5600 кг па 10 кап., аўсу - 3520 кг па 12,5 кап., ячменю - 800 кг па 12,5 кап., грэчкі - 480 кг па 14,6 кап., лубіну - 160 кг па 15,6 кап., гароху - 320 кг па 12,5 кап. - усяго на 1250 руб.

Без увагі ацэншчыкаў не засталася нават салома жытняя, аўсяная, ячменная коштам па 2 кап/кг і сена - па 6,3 кап/кг агульным коштам 768 руб., раўназначна кошту гумна ці ўсёй жыўнасці … Апроч гэтага было нарыхтавана прамой саломы (кулі) для ўладкавання саламянай страхі - 200 пудоў, г.зн. 3200 кг па 3 кап/кг на 100 рублёў.

А цяпер глянем, што заставалася з хатняй маёмасці: хатні посуд - на 170 руб., сталы, лавы, куфры, кублы - 41 руб. Вопратка - на 470 руб., палатно вясковае - 1000 аршынаў на 200 руб., кросны - 40 руб., жорны - 10 руб. Ацэншчыкі ўзялі на ўлік нават плот каля садка і падворка - 60 сажняў на 180 руб., дошак на 120 руб, нарыхтоўкі з дубу для вазоў - 1,5 аршына - 30 рублёў.

Згодна з вопісам уся маёмасць Івана Ісідаравіча Кудлы была ацэнена ў 10 491 рубель, на той час даволі вялікія грошы.

Паводле запісу на грашовых купюрах, - дзяржаўны банк гарантаваў абмен папяровых грошай на залатую манету ў суадносінах: 1 рубель - 1/15 імперыяла ўтрымлівае 17,424 долей чыстага золата.

А колькі золата можна было атрымаць за 10 з паловай тысяч рублёў? Цяжкая задачка...

Але што сталася з гэтым багаццем, распавяду: памятаю, у дзяцінстве мы з імі забаўляліся, гулялі ў "прадаўцоў і пакупнікоў", многа знішчылі, але пару соцень засталося.

Нелірычнае адступленне: адчуйце розніцу!

У пяцідзесятых гадах, маю старэнькую бабулю Еўку Белавус - маёй мамы маці, якая выгадавала трох сыноў і чатырох дачок, мела добрую гаспадарку і валодала дваццацю дзесянцінамі зямлі - "раскулачылі" і вывезлі ў Казахстанскую пустыню. Забіралі ноччу пад руляй вінтоўкі... З сабою ўхапіла невялікі клунак вопраткі і торбу ежы… Везлі ў "цялятніках"… Выкінулі ў стэпе - ні кала ні двара. Самі зляпілі мазанку з гліны і саломы - так жылі і працавалі на зборы бавоўны.

А на пакінутай гаспадарцы ўсю маёмасць (пералік быў бы значна большым, чым у 15 годзе) забралі, расцягалі, знішчылі… І ніякіх вопісаў, ні паперак… Сумна і трагічна!!!

А цяпер вернемся ў 1915 год.

З успамінаў Кудлы Івана Іванавіча:

"Мы ўжо ведалі, што нашыя бабуля, цёця і сястра апынуліся і ўладкаваліся пад Серпухавым. Як не хацелася, але абставіны прымусілі рушыць у дарогу - немец ужо захапіў Вільню.

Тата Іван Ісідаравіч, мама Аляксандра Вікенцьеўна і я - шасцігадовы хлопчык - выехалі дзесьці пад канец жніўня 1915 г. Памятаю, як збіраліся ў дарогу: грунтоўна рыхтавалі фурманку, узялі запасное кола, змазвалі буксы… На воз упакавалі яду: сала, здор, крупы з грэчкі і ячменю, муку і гарох. Вопратку і палатно склалі ў куфар, а посуд у сундук.

Зарэзалі барана, закалолі свінчо, пасалілі і склалі ўсё ў драўляныя бочкі.

Запраглі лепшага каня, другога побач на змену… З абразом Мікалая Цудатворца (дарэчы гэты абраз аберагаў нашу сям'ю ўсе гады бежанства, ваеннага ліхалецця, атэістычнага дурману - і цяпер у пачэсным кутку як дарагая рэліквія. В.К. )абнеслі фурманку, развіталіся з роднымі мясцінамі і рушылі ў невядомасць…

З нашай вёскі выехала напэўна больш паловы жыхароў: сем'і Шутоў браты Аляксандр,Сямён, Ануфрык, Зянон, Любы Кудлы, Максімовічаў…

Кароў гналі пры возе. Мама даіла. Малака хапала, лішак давалі іншым.

Першы прыпынак ля Наваградка. Там быў катлапункт. Давалі "шчы лянівыя", але ў нас хапала свайго. Тут жа кармілі і коней. Надвор'е было спякотнае - усім хацелася піць. У вясковых студнях ваду вычэрпвалі да дна.

Пазней бежанцы пачалі перамяшчацца адмысловымі бежанскімі абозамі. Гэта калона фурманак, крытых брызентам і гружаных найбольш каштоўнай маёмасцю. На фурманках ехалі дзеці і старыя, дарослыя члены сям'і шлі пехатою, побач гналі жывёлу.

Распавядае Ражнова (Каханоўская) Ядвіга Міхайлаўна:

"Добра памятаю аповед маёй маці Соф'і пра выселкі ў Расею:

У дзеда Іосіфа Шута былі чатыры сыны, і ўсе мелі асобныя гаспадаркі ў Дроздаве, працавалі, жылі няблага. Калі заварушыліся аднавяскоўцы і пасля доўгіх ваганняў усё ж такі рашылі ўцякаць ад "немчуры". І не думалі, што далёка і на доўга. У палукошкі ўпакавалі самае неабходнае. Выязджалі на падводах адным абозам з дроздаўцамі: бацька Аляксандр, маці Ганна, сястра Марыя і я - Соня, мела 8 гадоў. Бацькавы браты: Ануфрык, Сямён, Зянон - усе з сем'ямі, трымаліся разам…

Германовіч Вольга Кандрацеўна і Германовіч Аляксандра Кандрацеўна (З успамінаў свайго бацькі Кандрата Кандратавіча з в. Ганчары Лідскага павета):

"Калі пачалася вайна бацьку Кандрата і яго брата Аляксандра прызвалі ў царскае войска. Частка першапачаткова дыслакавалася ў Астраўцы, удзельнічалі ў абароне Смаргоні, затым ваявалі з германцамі дзесьці ў Эстоніі. Бацька многа расказваў пра населеныя пункты, пра баі. Знаў з сотню слоў па-эстонску. Але мы гэта запамятавалі… Набліжаўся фронт, па дарозе суцэльнай плынню цягнуліся конныя абозы з бежанцамі. Трывога ахапіла ганчароўскіх сялян, і многія (Міцюкевічы, Гукі, Данэйкі і іншыя) рушылі ў дарогу.

Наша сям'я: дзед Кандрат, бабка Ганна, дзеці - Надзя і Зося - таксама вырашылі падацца ў бежанцы. (На гэты час старэйшая - Вольга выйшла замуж за цёзку па прозвішчы - Германовіча з Нававасадаў і выехала ў Літву. Там ён з братам выкупіў маёнтак Шантупа каля Гедройцаў. І не прызнаваліся, што яны беларусы, а літоўцы - Германавічусы…)

Што маглі грузілі на калёсы: і яду, і адзенне, штосьці з жыўнасці. У дарозе нацярпеліся гора… Былі размяркавальныя пункты…

З успамінаў Кудлы Івана Іванавіча:

"Далей рушылі ў бок Дняпра. Вазы з бежанцамі ехалі ў 4-6 радоў. Гналі жывёлу, шмат гублялася… Людзі ішлі пехатой: шум, крык, лаянка.

Разам ехалі Гросы з Істакоў. Нікадзіму быў год, захварэў тыфам, дык хацелі скінуць… Было многа з Ганчароў: Германовіч Кандрат з сям'ёй. Трымаліся знаёмых, але ў гэтым вэрхале пагубіліся…

Насустрач ішло многа вайсковай тэхнікі, вазоў, салдат, конных казакоў.

Спадзяваліся затрымацца на Дняпры: абяцалі ж пераможную вайну!

Вось там вялікае зборышча народу - цэлы вэрхал: жывёла, вазы, хворыя, трупы людзей … Пахаладала - хадзілі ў лес па дровы, палілі вогнішчы, грэліся…"

Уздоўж галоўных дарог, якіх прытрымліваліся бежанскія абозы, былі ўладкаваныя харчовыя пункты, на якіх можна было атрымаць гарачую ежу, запас прадуктаў "сухім пайком", фураж для жывёлы. Хворыя маглі атрымаць тут медыцынскую дапамогу.

Адной з важнейшых артэрый бежанства па ўспамінах Ф. Кудрынскага стаў невялікі павятовы горад Магілёўскай губерні Рагачоў:

"Цераз гэты горад у 1915 годзе прайшло толькі зарэгістраваных каля 700 тысяч чалавек [10, с. 82] (больш паловы ад усіх беларускіх уцекачоў).

ДАКЛАД

Акал. Наглядчыка

3 участка

ВАРШАЎСКАЙ

ПАЛІЦЫІ

РУТКОЎСКАГА

Жніўня 18 дня 1916 г.

Ст. Такарня

Бабруйскага павета.

На станцыі Такарня я знаходжуся на службе з 9 гэтага Жніўня па назіранні за бежанцамі, якія праязджаюць з Прывіслінскага краю і ахове маёмасці мясцовых жыхароў. Увесь гэты час як я, так і змешчаныя тут жа Акалотачныя наглядчыкі Ога і Прапенка і гарадавыя Шчапацкі,Траяноўскі, Кісель, Мухін, Мурза і Ўнук ужылі ўсе свае сілы для перашкоджанню раскрадання бежанцамі хлебных раслін і сена мясцовых жыхароў, але дасягалі мэты толькі пры руху ўцекачоў адзіночных і малымі партыямі, сілай адбіраючы ў іх нарабаванае імі сена і снапы аўсу; пры руху ж уцекачоў па 500-700 чалавек мы аказаліся не ў сіле абараніць названыя прадметы ад бежанцаў, якія не гледзячы на нашы ўгаворванні і пагрозы, што будзем страляць, натоўпам накідваліся на бульбу, сена, авёс і да т.п., якія трапляліся па дарозе, пхаючы нас і ду шачы сваёй масай і такім чынам разабралі ў абшарніка Прушаноўскага некалькі сцірт сена і канюшыны. Пра што гонар маю дакласці Вашаму Высакароддзю на распараджэнне. Акалотачны Наглядчык Руткоўскі.

Гэты даклад для далучэння да дазнання па справе заявы Штабс-Капітана Прушаноўскага адпраўляю Г. Прыставу I стану Бабруйскага павета. Ч. в. с. Прыстаў 3 уч. гор. Варшавы 18 Жніўня 1915 года.

Правільна: Павятовы спраўнік ...

З-за адсутнасці пэўных планаў эвакуацыі рух уцекачоў быў хаатычным. Па гасцінцах, што ішлі на ўсход, цягнуліся бясконцыя плыні вымушаных вандроўнікаў, сярод якіх пераважна былі дзеці, жанчыны і старыя. Толькі ўздоўж дарогі Берасце - Масква паміж Кобрынам і Баранавічамі ў ліпені 1915 года лік бежанцаў дасягнуў 400 тысяч чалавек. Многія з іх, знемагаючы ад спякоты, смагі і голаду гінулі па дарозе [1, с. 147]. Часта іх ніхто не хаваў, таму, як успаміналі пасля тыя, каму ўдалося перажыць жахі бежанства, панурая карціна бясконцай плыні суправаджалася адпаведнымі пахамі целаў, якія гнілі на ўзбочыне [10, с. 93]. "Людзі хварэлі, а смерць збірала свой ураджай. Трупы валяліся каля дарогі. Ніхто не прыбіраў, не звяртаў на мёртвых ніякай увагі" [2, с. 32]. Абозы бежанцаў (пад Лідай, Кобрынам, Пінскам, Пружанамі, Слонімам) патрапілі пад нямецкія авіяабстрэлы [7, с. 796; 16, с. 24]. Па тых жа ўспамінах бежанцаў многія са шчасліўчыкаў, якім усё ж знайшлося месца ў перапоўненых прамысловым абсталяваннем чыгуначных вагонах, знаходзілі сваю смерць прама ў іх. Толькі на станцыі Менск і толькі за некалькі дзён было пахавана 1516 чалавек. Гінулі, як правіла, ад голаду і эпідэмій (сярод бежанцаў афіцыйна зарэгістравана 9 тысяч выпадкаў захворвання халерай) [10, с. 99, 132-133, 143, 151-152; 12, с. 60]. Практычна ў кожным з цягнікоў з бежанцамі знаходзілася па некалькі дзясяткаў трупаў, якія падарожнічалі ў вагонах па некалькі дзён.

Ф. Кудрынскі з болем успамінаў: "Смерць перастала быць страшнай. Пачуццё гаротнасці пры страце блізкіх моцна падтупілася. Спыненне жыцця глыбокіх старых стрымана вітаецца бежанцамі, як збавенне ад лішняга рота і як палягчэнне далейшага вандравання. Тое ж часам і ў адносінах да малагадовых дзяцей" [10, с. 97].

Але іншую карціну больш рэальную, малюе ў сваіх лістах сведка таго, што адбывалася рускі пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі:

"Хвалююць бежанцы, у большасці ўзлаваная, касцяная, небывала дзікая маса. З-за хлеба б'юцца да крыві адзін з адным. Калі не хопіць ежы ці паўстане якое-небудзь непаразуменне, могуць забіць. Усюды рабаванні, падпалы. Калі тысячы бежанцаў змешваюцца з адступаўшым войскам, падчас пераходу па да рогах, загачаным на дзясяткі вёрст, калі кожны імкнецца ўратаваць сваё жыццё, адзіная абарона для кожнага - рэвальвер і бізун. І іх пускаюць у ход занадта часта. Штораніцы мы знаходзім каля сваёй хаты кінутыя трупы халерных. Халера расце. Няма ніводнай бежанскай фурманкі не заражанай. Усе дарогі - могілкі. Трупы злёгку толькі присыпаюць пяском. Смурод нясцерпны." (З ліста ад 29 жніўня 1915 г., вёс. Гінцэвічы Менскай губ., каля Баранавічаў.)

Большасць людзей не мела аніякага ўяўлення пра тое, куды ў канчатковым выніку яны патрапяць, дзе будуць жыць. Усе ведалі цвёрда адно - яны ехалі ў Расію, якая павінна ім даць прытулак, а некаторыя нават спадзяваліся яшчэ лепш наладзіць там сваё жыццё. І хоць апошніх было няшмат, але яны сапраўды мелі для падобных надзей усе падставы, бо некаторыя іх аднавяскоўцы і сваякі, выехаўшы ў другой палове XIX - пачатку ХХ стст. у рускія горады ці перасяліўшыся на сібірскія і іншыя землі, нядрэнна там ўладкаваліся.

Справа ў тым, што ў канцы XIX ст. царскія ўлады агітавалі нашых сялян перасяляцца ў глыб Расіі. Гарантавалі ім бясплатны праезд і свабоду выбару месца пасялення. Гэтай магчымасцю ў асноўным карысталіся цэлыя сем'і, а часам у адзіночку выязджалі маладыя людзі. Некаторыя з такіх перасяленцаў даволі хутка разбагацелі і нават станавіліся заможнымі землеўладальнікамі, а хтосьці нават абжыўся ўласнымі прадпрыемствамі, уключаючы невялікія заводы і фабрыкі.

Наплыў бежанцаў прыняў такі масавы характар, што стаў пагражаць дзейнасці тылу арміі, узнікла небяспека эпідэміі халеры ў войсках, бежанцы станавіліся прычынай сацыяльнай напружанасці ў месцах руху і прыпынкаў

Першапачаткова высяленцы накіроўваліся за лінію Дняпра, аднак набліжэнне фронту прывяло да наступнай іх адпраўкі ў глыб Расіі. Такая складаная сітуацыя запатрабавала ад С.І. Зубчанінава складання такога плану эвакуацыі, па якім людзі з кожнай эвакуяванай мясцовасці накіроўваліся б па бліжэйшай гужавой або чыгуначнай дарозе ў адну ці дзве пэўныя губерні. Першы мільён бежанцаў Паўночна-Заходняга фронту быў размеркаваны па 15 губернях Расіі - ад 30 да 100 тыс. чалавек.

Увосень 1915 г. з надыходам халадоў становішча бежанцаў у Беларусі наблізілася да крытычнага. Стала відавочным, што без арганізацыі чыгуначных перавозак бежанцаў гэтую праблему не вырашыць.

У той час гужавым шляхам рухалася 450-500 тыс. чалавек. Асабліва шмат бежанцаў знаходзілася паміж Менскам і Смаленскам, Гомелем і Бранскам. Было прынята рашэнне арганізаваць з 5 па 15 кастрычніка вываз эвакуяваных у глыб Расіі і выдзяляць для гэтай мэты штосутачна 1200 вагонаў.

Пры пасадцы ў цягнік дазвалялі браць "не больш за два пуды багажу на аднаго чалавека", але фактычна грузілі ўсё хатняе начынне, прычым відавочца пісаў, што "большасць бежанцаў едзе са значным запасам пшаніцы, мукі і інш. прадуктаў". Каля станцый заходніх губерняў спынялі транзітныя абозы; у бежанцаў скуплялі коней з вазамі і іншую жывёлу, каб паскорыць вываз насельніцтва цягнікамі.

Коней і жывёлу здавалі арміі пад квітанцыі, разлік па якіх атрымлівалі пазней, ужо ў месцах часовага пражывання. Часам грошы выдавалі адразу, як, напрыклад, сям'і Ціхана Трахімюка, якая здала вайскоўцам трох дойных кароў, двух цялят, 12 авечак і некалькі свіней.

Кожны цягнік меў свайго суправаджальніка, які павінен быў клапаціцца пра эвакуяваных ад моманту пасадкі да рассялення ў месцах прыбыцця. На пажыўных пунктах транзітных станцый людзей кармілі "гарачай ежай", у тым ліку "выдавалі дзецям яйкі, малако і белы хлеб". Адначасова медыкі аказвалі дапамогу хворым, эпідэмічных хворых выдалялі з цягнікоў для стацыянарнага лячэння. Такі быў усталяваны парадак, але ў жыцці назіралася іншае: цягнікі бежанцаў рухаюцца надзвычай павольна, з кароткімі прыпынкамі на час кармлення кранаюцца без папярэджання, таму "адны паспяваюць атрымаць ежу, а іншыя - не, прычым, многія бежанцы адстаюць ад цягніка". Вагоны "бітком набітыя", уперамешку са здаровымі "ляжаць у трызненні тыфозныя і курчацца ў курчах халерныя хворыя", якія "часта хаваюцца, каб не трапляцца на вочы медыцынскаму персаналу падчас абыходаў".

Але апынуцца ў вагонах, хоць бы і такіх, марылі ўсе бежанцы. На станцыях пасадкі былі шматтысячныя чэргі. Напрыклад, бежанец з Гарадзенскай губерні Ян Зінюк успамінаў, што ў Слоніме яго сям'я і аднавяскоўцы не змаглі сесці ў цягнік з-за вялікага наплыву людзей, якія чакалі ўжо 2 тыдні сваёй чаргі ў жніўні 1915. Праехаўшы на конях далей, да станцыі Баранавічы, яны назіралі тую ж карціну: "Людзей столькі, што пальца не ўваткнуць", у Бабруйску было тое ж, толькі ў Раслаўлі Смаленскай губерні ўдалося сесці ў вагон.

На станцыях пасадкі бежанцам давалася права выбару месцаў часовага пражывання. Напрыклад, бежанка Марыя Лісоўская з Гарадзенскай губерні адзначала, што жыхары яе вёскі, даехалі да Менска на падводах і, перасеўшы ў вагоны, выбралі месцамі пражывання Самарскую і Смаленскую губерні, а хтосьці - Украіну і Сібір.

У вагонах размяшчалі па 6 бежанскіх сем'яў, было цесна, але цёпла. Па сведчанні бежанцаў, у дарозе да месца прызначэння іх аглядалі медыцынскія работнікі, выяўляючы і шпіталізучы хворых, на чыгуначных станцыях працавалі і пажыўныя пункты. Напрыклад, Юзаф Навіцкі з Гарадзенскай губерні ўспамінаў, што па дарозе ў Омск пра іх клапаціліся: выдавалі прадукты і грошы, па прыбыцці ў Омск бежанцаў да вясны размясцілі ў бараках перасяленчага пункта. Там былі кухня і лазня, людзей кармілі і выдавалі грашовую дапамогу, а таксама цёплую вопратку тым, хто яе не меў.

Больш верагодна што чыгуначны транспарт не спраўляўся з нагрузкай. Цягнікі з бежанцамі стаялі ў корках, збіваліся з раскладу, нечакана змянялі кірунак руху, не кажучы пра тое, што яны перашкаджалі іншым чыгуначным сродках, якія абслугоўвалі фронт.

У хвіліны кароткіх прыпынкаў на час кармлення на пунктах сілкавання, размешчаных падчас на значнай адлегласці ад станцый, цягнікі краналіся без папярэджання, так што не ўсе паспявалі атрымаць ежу, але нават не гэта было галоўнай праблемай. Самае страшнае, што многія, асабліва дзеці, адставалі ад цягнікоў. Так, у дакументах Таццянінскага Камітэта гаворыцца, што толькі ў адзін дзень "19 верасня 1915 г. у Маскву прывезена 300 дзяцей, якія страцілі ў дарозе бацькоў, а 20-га такіх жа ўжо было 500".

Сведкам апісванай трагедыі мільёнаў нашых людзей быў ваенны карэспандэнт, пісьменнік Міхаіл Прышвін. У сваіх дзённіках ён пакінуў жудаснае, па сутнасці, апісанне таго, што адбываецца ў цягніку з бежанцамі: "Бежанцы. - Трэці дзень не еў! Не хлусяць - для хлусні таксама патрэбен вольны час. Ірве ў акно. Ва ўрыльніку вараць бульбу. Тут вараць, а там гадзяць. Прычына страт родных: пайшлі па дровы, а цягнік пайшоў. Не будзь свайго, дык усе б мёртвымі прыехалі. Тут жа ў цягніку паміраюць і кожны дзень нараджаюцца... Уся маса не ведае, куды, навошта, што?"

Не ўсім бежанцам ўдалося даехаць да месцаў пасялення без страт. У дарозе паміралі ў асноўным старыя і малыя дзеці. Так, 11 бежанскіх сялянскіх сем'яў (з Беластоцкага і Бельскага паветаў Гарадзенскай губерні) з 100 страцілі ад аднаго да трох чалавек, усяго 20, у асноўным ад халеры за перыяд свайго руху ад пасадкі ў вагоны да месцаў часовага размяшчэння.

Масавае прыбыццё бежанцаў суправаджалася з'яўленнем чутак пра пагрозу небяспекі з боку непрыяцеля і маючую адбыцца эвакуацыю. Насельніцтва выяўляла неспакой і патрабавала ў банках свае ўклады. Просты люд любіў паглядзець на бежанцаў, якія пасяліліся па суседству, уступіць з імі ў размову. Абывацелі тоўпіліся каля дамоў, разглядалі гуляўшых там дзяцей бежанцаў, прыносілі прадукты ці вопратку. Прэса пісала, што ўцекачы хутка асвойваліся ў горадзе, ста навіліся "ледзь не пераважным элементам у кінематографе і тэатры" і ўсюды адчувалі сябе нязмушана. Пры гэтым бежанцы не пераставалі здзіўляцца брудным дварам і "леташняму" снегу на вуліцах, ствараць нязручнасці для насельніцтва, звалкамі бруду нават каля помнікаў даўніны. Маладыя дзяўчаты-бежанкі асуджаліся абывацелямі за любоўныя сувязі з ваенна-палоннымі, як і пэўная частка жаночай паловы карэннага насельніцтва.

З успамінаў бацькі, Кудлы Івана:

"Праз некаторы час далі каманду грузіцца ў выгоны: былі крытыя і адкрытыя. Коней забралі вайскоўцы, кароў адпусцілі на волю.

Колькі дзён ехалі па чыгунцы - не памятаю. Мне было цікава назіраць за мясцовасцю: мільгалі вёскі, цэрквы, палоскі пасеваў, масты, рэчкі…

На прыпынках спяшаліся ў кусты, потым па ваду. Дзесьці кармілі.

З вагонаў выносілі памерлых. Лямантавалі. Хтосьці адставаў ад цягніка…

Высадка ў Ніжнім Ноўгарадзе. Натоўп людзей ў бараку. Цесна. Кармілі. Сваю яду частку зрасходавалі, а многа і сапсавалася. Тут упершыню спазнаў голад."

А цяпер звернемся да архіўных матэрялаў, што ўдалося знайсці ў Інтэрнэце і ў бібліятэцы:

"У кастрычніку 1915 г. быў зацверджаны праект аб прызначэнні Галоўнаўпаўнаважаных па ўладкаванні бежанцаў у глыбіні імперыі, якія павінны былі кіраваць ў рамках вызначаных ім раёнаў транспарціроўкай і ўладкаваннем бежанцаў. Мэтай іх працы было аб'яднанне намаганняў мясцовых уладаў, урадавых і няўрадавых арганізацый у справе аказання дапамогі бежанцам.

Да сярэдзіны верасня ў розных губернях знаходзілася каля 750 тыс. бежанцаў, уключаючы ўсіх, хто прыбыў у тыл з пачатку вайны. У наступныя 3,5 месяцы толькі маршрутнымі цягнікамі вывезлі на ўсход звыш 2 млн. чалавек".

Асноўная маса бежанцаў з Беларусі асела ў цэнтральных губернях Расіі, у Паволжы. Трэба адзначыць, што да восені 1915 сістэматычная рэгістрацыя бежанцаў фактычна не праводзілася, хоць аддзяленні Усерасійскага саюза гарадоў і земстваў часткова вялі ўлік людзей - пры пасадцы іх на чыгуначных станцыях. Згодна з іх звесткамі, на 1 чэрвеня 1916 колькасць бежанцаў налічвала 2.757.735 чалавек. З іх 38% складалі выхадцы з Гарадзенскай губерні, 8,6% - з Віленскай, 3,7% - з Менскай, 3,7% - з Віцебскай губерні. Каля 47,1% ад агульнай колькасці бежанцаў складалі жыхары Беларусі.

Рэальная сітуацыя летам 1915 года і першыя дзеянні ніжагародскіх уладаў

З канца лета бежанцаў пачалі перавозіць па чыгунках адмысловымі маршрутнымі цягнікамі да вызначанага пункта прызначэння. Шлях гэты займаў, як правіла, не меней месяца, а то - і два.

Гл. картку рэгістрацыі бежанцаў: тут час выхаду з месца (вёска Валотына Гарадзенскага павета Гарадзенскай губерні) 15 жніўня 1915 года, а час прыбыцця ў дадзены пункт (сяло Чорнае Балахнінскага павета, Ніжагародскай губерні) - 21 кастрычніка 1915 года. Як рухаліся: спачатку на падводзе да Оршы, адтуль па чыгунцы праз Смаленск і Маскву да станцыі Расцяпіна Ніжагародскай губерні.

Тады, у жніўні 1915 года ніжагародскія ўлады не былі гатовыя да прыёму велізарнай колькасці новых людзей. Не было інфармацыі нават аб прыкладным ліку чаканых бежанцаў; не існавалі арганізацыйныя структуры, якія кіравалі справай прыёму, размяшчэння бежанцаў, у паветы не былі адпушчаны спецыяльныя грашовыя сродкі для прыёму і ўтрымання бежанцаў, закону аб бежанцах не існавала, таму не быў вызначаны памер бежанскага пайка, не было ўказанняў аб умовах размяшчэння бежанцаў на прыватных кватэрах (закон будзе прыняты толькі 30 жніўня 1915 г.) у паветах не было дастатковай колькасці хлеба (у Ніжагародскай губерні, размешчанай у Нечарназем'і, свайго хлеба не даставала нават у даваенныя гады, а падчас вайны з-за недахопу транспарту падвоз хлеба скараціўся).

Калі губернатар В.М. Барзенка атрымаў інфармацыю аб маючым адбыцца прыбыцці 100 тыс. бежанцаў, ён звярнуўся ва ўсе павятовыя земствы з прапановай арганізаваць Павятовыя камітэты па прыёме бежанцаў, сабраць звесткі аб памяшканнях, якія падыходзілі для раскватаравання бежанцаў - высветліць іх ёмістасць і ўмовы, на якіх яны могуць быць прадастаўлены.

Тады ж 7 жніўня 1915 губернатар звярнуўся тэлеграмай ва ўрад з просьбай выдзеліць грошы на ўтрыманне бежанцаў, зыходзячы з разліку: харчовы паёк - 4 руб. на дарослага, 2 руб. на дзіця, кватэрны паёк - 2 руб. на дарослага, 1 руб. на дзіця. Упэўненасці, што ў хуткім часе дзяржава пералічыць грошы, не было. Выхад меліся шукаць на месцах: у Арзамасе прынялі рашэнне выкарыстаць мясцовыя земскія сродкі. Ніжагародскі павет звярнуўся ў Таццянінскі Камітэт з просьбай выдзеліць грошы з крэдыту на ваенныя патрэбы. Разлічвалі на грамадства, спрабуючы праз утвораныя камітэты "паўплываць на лепшыя якасці чалавека", г.зн. разлічвалі на дапамогу сялян, мяркуючы, што па крайняй меры на першым часе, сяляне могуць даць бежанцам жыллё і накарміць іх.

У лісце Міністэрства ўнутраных спраў ад 2 жніўня 1915 года да ніжагародскага губернатара змяшчаецца такая рэкамендацыя: "Службовым асобам па сялянскіх справах належыць карыстацца ўсімі выпадкамі сумоўя з сялянамі, каб выклікаць у іх, спагадлівае і спачувальнае стаўленне да долі людзей, якія страцілі свае здабыткі, якія страцілі звычайны заробак і якія пакінулі на волю лёсу свае наседжаныя месцы, з'яўляецца адначасова і выкананнем найважнейшага запавету, дадзенага людзям Хрыстом, і службай Радзіме, якая патрабуе ад сваіх грамадзян напружання ўсіх сіл для пераможнага выхаду з пасланых часова цяжкіх выпрабаванняў".

Ужо 8 жнівень 1915 года адбылося першае паседжанне Арзамаскага павятовага камітэта па догляду бежанцаў. Цікавыя вытрымкі з выступаў павятовага маршалка дваранства Г.С. Панюціна, якія сведчаць аб яго высокіх маральных якасцях, аб ўменні браць на сябе адказнасць:

"...Як Вы бачыце, тэлеграма п. Губернатара напісана ў катэгарычным тоне (у Арзамаскім павеце падлягае размясціць 15 000 бежанцаў), ніякіх іншых указанняў тэлеграма не ўтрымоўвае, закона пра бежанцаў не існуе. Весці перапіску пра тое, як рабіць і што рабіць, гэта значыць губляць час, тады як кожную хвіліну мы можам чакаць невядомы лік бежанцаў, а таму мы павінны быць гатовыя да ўсяго і справіцца з гэтай справай сваім розумам і саматугам. Пытанне пра бежанцаў у наш час гэта пытанне першачарговай дзяржаўнай важнасці".

...Адмысловых сродкаў на ўтрыманне бежанцаў няма ніякіх. Пра нормы не ведае, відаць і п. Губернатар, інакш ён бы апавясціў. Але няма ніякага сумневу, што сродкі будуць адпушчаны, і ўсе выдаткі пакрыты. Пакуль жа не асігнуюць грошай, я буду расходаваць з усіх наяўных у маім распараджэнні сум, бо я не маю маральнага права пакінуць паміраць з голаду тысячы ні ў чым не вінаватых жанчын і дзяцей, даручаных так ці інакш маёй апецы".

Бежанцы дастаўляліся выключна цягнікамі па чыгунцы. Гэта былі цягнікі, з прамой дастаўкай людзей да пункта прызначэння, якія змяшчалі да 1500 чалавек з рэчамі, але часам прыбывалі ў прыстасаваных вагонах, прычэпленых да пасажырскіх цягнікоў.

Першыя цягнікі з бежанцамі прыбывалі на адзіны размеркавальны пункт губерні - станцыю Ніжні Ноўгарад. Тут жа ажыццяўлялася рэгістрацыя, вырабляліся бежанскія білеты. Рэгістрацыя не ішла гладка - нярэдкія сітуацыі, калі дзесяткі, а то і сотні бежанцаў павета жылі, не маючы рэгістрацыйных білетаў, якія давалі права атрымання дапамог са сродкаў земскіх арганізацый. На ўсіх чыгуначных станцыях былі абсталяваны прыёмныя пункты для бежанцаў. У горадзе Арзамасе прыёмны пункт быў размешчаны ў бараках для багамольцаў каля станцыі Арзамас. Тут праводзіліся рэгістрацыя і медыцынскі агляд. Затым усе ішлі на зборны пункт вайсковага начальніка для прыёму ежы. Абед не быў шчодрым, паколькі харчовае забеспячэнне кожнага бежанца на прыёмных і пажыўных пунктах было каля 20 капеек. Напрыклад, пажыўны пункт пры станцыі Мухталова ў дзень мог накарміць да 500 чалавек толькі гарбатай з цукрам і цёплым хлебам. Часам на прыёмным пункце даводзілася праводзіць да 2 сутак. Затым на абывацельскіх падводах бежанцаў развозілі па сёлах і вёсках павета. Большасць бежанцаў не мела цёплага адзення і абутку.

Варта адзначыць выпадкі бескарыслівай дапамогі бежанцам. Так, сяляне Ардатаўскага павета бясплатна падалі падводы для эвакуацыі бежанцаў ўглыб павета, у выніку чаго былі сэканомлены 2500 руб., якія потым патрацілі на набыццё ім цёплага адзення.

Ужо праз 3-4 дні ў мэтах выканання прадпісанняў губернатара паліцэйскія прыставы і ўчастковыя земскія начальнікі прадставілі спісы свабодных памяшканняў. Гэта былі хаты сялян, мяшчан, гасціныя рады, дамы таварыстваў, земскія школы і будынкі іншых навучальных устаноў, любыя пустыя памяшканні. Дапамогу прапаноўвалі людзі багатыя і людзі бедныя. У горадзе Ніжнім Ноўгарадзе больш за 6000 чалавек былі размешчаны на тэрыторыі Ніжагародскага кірмаша. Некаторыя жыхары губерні прапанавалі памяшкання бесплатна. Але ў асноўным, памяшканні прапаноўвалі за плату. У паветах па цане 0,5 - 1,5 руб. у месяц на чалавека, у залежнасці ад наяўнасці ацяплення і асвятлення. У Ніжнім Ноўгарадзе кут у падвале каля дзвярэй каштаваў 5 руб. у месяц на чалавека, а кошт кватэры даходзіў да 15 рублёў. Прычым, знайсці кватэру ў Ніжнім было амаль немагчыма. Насельніцтва Ніжняга Ноўгарада тады складала прыкладна 112 тыс. чалавек, а бежанцаў у горадзе апы нулася каля 30 тыс. Ды яшчэ эвакуяваныя прадпрыемствы і шпіталь. Ніжагародскім аддзяленнем Епархіяльнага камітэта былі прадастаўлены памяшканні для бежанцаў у Ніжагародскім Пячорскім манастыры на 90 чалавек, Дабравешчанскім - на 30 чалавек, у Архірэйскім доме - на 16 чалавек, у доме духоўнага ведамства на Ціханаўскай вуліцы - на 60 чалавек, у Гарадзецкім Феадораўскім падворку - на 20, пры Ніжагародскім Маскоўскім вакзале - на 15 чалавек, у царкоўна-прыходскай школе вёскі Гардзееўка - на 5 чалавек і ў Арзамаска - Аляксееўскім манастыры маглі размясціць да 30 чалавек. Усе гэтыя памяшканні былі здадзены бясплатна.

Епіскапу Ніжагародскаму

Высокаправялебнейшаму епіскапу Макарыю

Павятовага настаўніка спадчыннага

грамадзяніна Уханскага вучылішча

Холмскай губерні, Грубяшэўскага павета,

бежанца Мікалая Васільевіча Якаўлева.

Прашэнне.

Мяне змясцілі на двары (пад голым небам) у нумарах Кісельнікава, дзе валяюся я цэлы тыдзень, а спаў у сырым падвале, дзе захварэла мая дачка 8,5 гадоў, вучаніца Траякураўскай гімназіі, ветранай воспай і кашляе, ды і я таксама захварэў і праца мая (займаюся музыкай і літаратурай - пішу паэму "Холмшчына" і цяпер кампазірую) стаіць два тыдні. Я ж без месца. Тым часам наглядчык нумароў Кісельнікава над бежанцамі (ён сябе назваў: немец-курляндчык- Эгель) займае дзве пасады: наглядчык тут і ў горадзе (быццам бы на "Пячэрцы", дзе зараз жыве яго жонка і духгадовае дзіця). Таму ён карыстаецца дзвюмя казённымі кватэрамі, ды двума жалаваннямі - ці нельга ўсепакорнейша прашу, папрасіць Вашую Высокаправялебнасць папрасіць пра надаванне мне пасады наглядчыка тут у нумарах Кісельнікава, а ён Эгель хай застаецца на ранейшым месцы, бо ён не ў патрэбе ні ў горадзе, ні ў выхаванні сваіх дзяцей у сярэдняй навучальнай установе.

Я, сам - трэці, г.зн. я, сын і дачка і трое на вайне, і ўжо 8,5 месяцаў я пра іх нічога не чую. Ды я і сам быў на вайне, дзе 10 -18 жніўня 1914 г.пад горадам З...? кантужаны 10 пудовай непрыяцельскай шрапнэллю, што лопнула нада мной, забіўшы траіх, чацвярых каля мяне, і я ад гэтага аглушаны і па цяперашні час чую ў вушах страшны шум і звон.

Ваша Высокаправялебнасць не адмоўце мне ў наданні прошанай тут пасады наглядчыка ў нумарах Кісельнікава, што гэтым мяне пазбавіць (хоць бы) ад непрыемнасці і гаркаты, якую я цяпер трываю.

А ў мяне на вайне знікла маёмасці да 3000 руб + яравыя і азімыя.

Усепакорнейша прашу Вашую Высокаправялебнасць не адмовіць мне ў прошанай пасадзе наглядчыка нумароў Кісельнікава, чакаю міласцівую рэзалюцыю.

Ваша Высокаправялебнасць - не адмоўце!!! 28.03.1916.

Канавіна, нумары Кісельнікава.

Адначасова ў паветах быў пачаты збор інфармацыі аб свабодных працоўных месцах. Але іх было няшмат. Некаторым прыватным асобам патрабаваліся рабочыя: сталяры, цесляры, мельнікі, садоўнікі, кухаркі, чорнарабочыя. Цікавыя заявы прыватных асоб аб найманні бежанцаў на працы ў свае гаспадаркі. Вось вакансіі ў г. Арзамасе: пекар - 14 чалавек, цясляр - 14 чалавек, цырульнік - 1 чалавек, бондар - 2 чалавекі, прыслуга - 4 чалавекі, чорнарабочыя (землякопы) - 521 чалавек. Таксама не было пастаяннай працы ў сельскай мясцовасці, але яна магла адкрыцца як часовая пры малацьбе хлеба, выкопванні бульбы, ачыстцы цыбулі. На чыгуначнай станцыі можна было займацца пагрузкай на мясцовых складах. Такім чынам, відаць, што патрабаваліся, як правіла, чорнарабочыя, ды і то для часовых работ.

Толькі 29-га жніўня 1915 г. на нарадзе быў усталяваны, а затым прыняты губернскім земскім камітэтам харчовы месячны паёк па 5 руб. на дарослага і па 2 руб. 50 кап. на дзяцей да 5 гадоў. На кватэрнае забеспячэнне з ацяпленнем было вызначана па 2 руб. на дарослага і па 1 руб. на дзіця да 5 гадоў. Тым перасяленцам, якім кватэры даваліся павятовым камітэтам, кватэрны паёк не выдаваўся. Аднак устаноўленыя грашовыя пайкі бежанцы пачалі атрымліваць толькі ў сярэдзіне кастрычніка 1915 г.

Не менш значнай праблемай, чым забеспячэнне бежанцаў харчаваннем і дахам, была праблема забеспячэння іх цёплай вопраткай і абуткам, бо большасць бежанцаў прыбывала, не маючы нават зменнай бялізны.

У лістападзе 1915 г. Выканаўчая Камісія заявіла, што прыступіла да нарыхтоўвання камплектаў цёплага адзення: кажушкоў, шапак, валёнак, пальчатак. Аднак лік адпушчаных камплектаў цёплых рэчаў не можа перавышаць 25% у адносінах да агульнай колькасці бежанцаў. "Асігнаванні на кожнага бежанца, які жыве ў нястачы, г.зн. які не можа асабіста набыць вопратку і абутак на свае сродкі, не павінна перавышаць на кожнага 20 рублёў у год". Камусьці ўдавалася атрымаць валёнкі, боты, паўкажушкі, сукенкі, але ўсё ж такі гэтая патрэба высяленцаў задавальнялася толькі ў нязначнай ступені.

Вось прыклад вырашэння праблемы абутку пасяджэннем Выканаўчай Камісіі: " МУС прапанавала ў мэтах эканоміі скуры, якая патрэбна для войска, забяспечыць бежанцаў абуткам палегчанага тыпу - анучамі і лапцямі" ды набыць 2000 пар бракаванага абутку.

Праблему забеспячэння бежанцаў мінімальна неабходным адзеннем вырашыць так і не ўдалося. Так, прадстаўнік Таццянінскага камітэта ў 1916 г. заявіў, што камітэт абмяжоўваецца выдачай абутку і адзення толькі гарадскім бежанцам, а распаўсюджваць сваю дзейнасць на паветы не мае магчымасці ў сілу абме жаванасці сродкаў (Ф.1743, воп.1936, спр. 5, 1916).

З успамінаў бацькі:

"З Ніжняга Ноўгарада цягніком нас перавезлі ў Лукаянава.

Даведка. На пачатак 1916 года ў Лукаянаўскім павеце прынялі: мужчын - 1661, жанчын - 2220, дзяцей - 1917, усяго - 5798 бежанцаў, у тым ліку 878 яўрэяў.

Выдалі білет бежанца і нейкія грошы…

Даведка. Згодна з запісам у "Білеце бежанца" № 3515 ад 30 лістапада 1915 года сям'я ў складзе: Кудлы Івана Ісідаравіча - 44 год, Аляксандры - 32 гады, чорнарабочых і Івана - 7 год прыбыла на месца 21 кастрычніка 1915 года ў сяло Стара - Раждзественна.

Дарэчы папярэджанне:"Білет бежанца відам на жыхарства служыць не можа."

Тут жа адзнакі аб выдадзеных дапамогах, завераныя пячаткай: па снежань - 27 руб. 96 кап., а за снежань, студзень і люты па 21 рублю.

У паветах на Земствы ўскладаліся работы па:

- прыёме і рэгістрацыі бежанцаў;

- эвакуацыі іх у вёскі;

- уладкаванні пажыўных пунктаў на месцы прыёму;

- задавальненні бежанцаў харчовым і кватэрным забеспячэннем, медыцынскай дапамогай;

- пошуку па магчымасці заробку;

- задавальненні культурна-бытавых і рэлігійных патрэбаў;

- стварэнні дзіцячых прытулкаў, ясляў;

- забеспячэнні адзеннем, абуткам і г.д.

З успамінаў бацькі:

"Падводамі нас перавезлі ў сяло Стара-Раждзественна.

Мясцовае насельніцтва прыняло добразычліва. Земства выдала дом, нейкія прыбудовы. Далі каня, карову, курэй. Бацьку ўладкавалі на службу лесніком. Першыя месяцы выдавалі дапамогу, але потым, калі бацька пачаў зарабляць, нам адмянілі. Зажылі добра. Недалёка рака, лес. Бацьку спадабалася праца лесніком і надта добрая, урадлівая зямля і сенажаці. З вясковымі былі ў добрых зносінах. Наведвалі царкву, матуля мела добры голас, спявала ў царкоўным хоры, а так працавала на гаспадарцы. Яды хапала сабе і прадавалі малако, масла, сыры, яйкі.

Здзіўляла многае: як апраналіся мясцовыя сяляне: кашуля на-выпуск, падпярэзана аборкаю. Ваду насілі з рэчкі па два вядры з каромыслам цераз плечы.

Па завядзёнцы ў тым сяле ў кожнай хаце быў самавар, для нас гэта была навіна: чаёўнічалі ўсёй сям'ёй. І калі хтосьці заходзіў, адразу запрашалі за стол, падавалі і булкі. У хуткім часе і бацька купіў на кірмашы бліскучы самавар. І мы таксама прызвычаіліся ганяць чаі. Мой абавязак быў распаліць: браў трэскі, шышкі, гарачыя вуглі з печы і, насадзіўшы халяву бота на камінок, раздзьмуваў самавар".

(Памятаю, яшчэ у пасляваенны час па святах у гэтым самавары варылі чай. Патым усё часцей на стале была самагонка, і самавар закінулі… Цяпер крыху аддраіўшы збольшага прачытаў надпісы: "Самоварная фабрика А.В.С……а переемника фирмы Павла Ивановича БАТАШЕВА в Туле, 1-ый сорт".

На знешнім баку выбіты 10 медалёў: штосьці ўдалося прачытаць: "1807 Император Николай… Самодержец Всея России. Золотая 1909. Серебр.-1907. В верном труде и един. сила. 1908 - общество сельск. хоз-ва… Приз на чел... императорское …Доно Кубанское-Терское О.С.Х. Бруссель 4 солон …".

Вось якая рэліквія ў сямейным музеі!)

Сур'ёзныя цяжкасці ўзнікалі і ў справе забеспячэння бежанцаў пайком. У дакладзе Выканаўчай камісіі ад 8 снежня 1915 года было заяўлена, што "прадуктовы паёк змяншаецца ў сваім памеры ці выдача его спыняецца зусім у тым выпадку, калі бежанец атрымоўвае заробак, які забяспечвае яго з сям'ёй".

Праз два месяцы, 8 лютага 1916 г. на нарадзе Выканаўчай камісіі былі ўстаноўлены адзіныя правілы, абавязковыя для ўсіх земскіх і гарадскіх устаноў, якiя займаюцца справай дапамогі бежанцам. Дапушчалася скарачэнне і поўнае спыненне дапамогі ў выпадках, калі:

- працаздольны бежанец адмаўляецца без паважных прычын ад працы;

- пры заробку сям'і не менш за 20 руб. у месяц - сям'я пазбаўлялася аднаго пайка, пры заробку не менш за 30 руб. у месяц - двух пайкоў і пры заробку сям'і не менш за 50 руб. у месяц уся сям'я здымалася з пайка.

Памер дзяржаўнай дапамогі ставіў перасяленцаў ва ўмовы, пры якіх праца для іх была матэрыяльна цікавай.

Рэальнае жыццё (Прашэнні)

Копіі архіўных дакументаў - прашэнні і скаргі бежанцаў, якія адлюстроўваюць іх праўдзівае становішча:

"Марыя Станіславаўна Дэгрыс,

якая пражывае ў Н. Ноўгарадзе,

па вул. Узвіжанскай, д. 9, кв. 21

Прашэнне

Маю гонар давесці да ведама Вашай Правялебнасці пра мой бядотны стан. Я ёсць уцякачка з г. Коўні, да вайны муж мой значыўся бухгалтарам і атрымліваў жалаванне 80 руб. у месяц, але з першай мабілізацыяй быў узяты на вайну і ў наш час знаходзіцца ў палоне. Мяне тут заспела вялікае няшчасце, двое дзяцей маіх: хлопчык 4-х гадоў і дзяўчынка 6-ці гадоў, памерлі адначасова. Адзіная мая дачка знаходзіцца ў наш час у лякарні, і я сама хворая і абцяжарана сямействам: пры мне знаходзіцца маці 60 гадоў і сястра мая з маленькім грудным дзіцем, якой муж знаходзіцца на вайне, так што зарабляць з нас ніхто не можа, а павінны жыць. З пайка салдацкага я атрымліваю 7 рублёў і бежанскага 21 рубель. Пры гэтым я павінна дасылаць мужу штомесяц. У цяперашні час апошнія капейкі патраціла на хваробы і пахаванні дзяцей. Прашу Вашай Правялебнасці не адмовіць у маім няшчасці і патрэбе.

Марыя Дэгрыс,

15 сакавіка 1916 года."

Як толькі бежанскае насельніцтва больш ці менш асела ў пэўных раёнах, чарговай задачай стала іх працаўладкаванне. У мэтах забеспячэння бежанцаў працай былі створаны Бюро працы, якія граюць ролю пасярэднікаў у справе попыту і прапановы на працу бежанцаў.

А што ж сабою ўяўлялі працоўныя рэсурсы?

Звесткі аб размеркаванні бежанцаў па роду заняткаў, сабраныя да красавіка 1916 года, кажуць, што сярод пераселенага насельніцтва толькі трэцяя частка з'яўлялася працаздольнай, паколькі сярод яго было шмат жанчын з дзецьмі і старых. Ад усіх працаздольных: 57% - сельскагаспадарчыя і чорнарабочыя, 23% - рамеснікі, 20% мелі рознага роду заняткі.

Жыхары г. Смаргонь Віленскай губерні, а гэта прыкладна 1200 чалавек, якія працавалі на радзіме ў арбарнай справе ці сумежнай ёй - краўцы, шаўцы - былі паселены ў сяло Багародскае Гарбатоўскага павета, якое з'яўлялася тады цэнтрам гарбарнай прамысловасці. Практычна не сустракаюцца бежанцы, якія валодаюць вытворчай прафесіяй, дзе мяркуецца наяўнасць адмысловых навыкаў, адукацыі. Такія, відаць, аказаліся эвакуяаванымі разам са сваімі прадпрыемствамі.

Такім чынам, калі пад крытэрыем разумнасці рассялення бежанцаў па губерні мець на ўвазе ўлік іх прафесійнай прыналежнасці, то можна сказаць, што Ніжагародскія ўлады размеркавалі прыбыўшых досыць разумна.

Сельскагаспадарчыя работы

Вясной 1916 года ўлады пачынаюць актыўна заклікаць перасяленцаў да ўдзелу ў сельскагаспадарчых работах, асабліва тых, хто па месцы свайго ранейшага жыхарства займаўся менавіта сельскагаспадарчай працай. Уладу падтрымалі ў гэтым і нацыянальныя арганізацыі. Перасяленцам прапаноўвалася наймацца як у прыватнаўласніцкія гаспадаркі, так і ў сялянскія, паколькі яшчэ ў 1915 годзе 81% усіх губерняў па Расіі заявілі пра недахоп працоўных рук у вёсцы ў сувязі з ўсеагульнай мабілізацыяй мужчынкага насельніцтва.

У адпаведнасці з уведзенымі правіламі, бежанцы, якія атрымлівалі заробак на сельгасработах, у незалежнасці ад памеру яго, захоўвалі права на харчовы паёк. Зняцце з пайка за адмову ад гэтага віду працы магло тычыцца толькі працаздольнага бежанца, які адмовіўся ад працы, а не яго сям'і. Дастатковай падставай для адмовы магло служыць: нязвычкі да сельскагаспадарчых работ, хвароба, веданне іншых спецыяльнасцяў, ненармальна нізкая цана, прапанаваная за працу і г. д.

Пры гэтым сельскагаспадарчымі рабочымі лічыліся бежанцы, занятыя па апрацоўцы глебы, уборцы траў і збажыны, па доглядзе за быдлам. Занятыя ж на розных прадпрыемствах па апрацоўцы сельгаспрадукцыі такімі не лічыліся.

Аднак недахоп рабочых рук на вёсцы не быў такім вострым, паколькі ў царскай Расіі было вялікае аграрнае перанасяленне, а працэнт узятых у войска працаздольных мужчын складаў толькі 11,2% да ўсяго насельніцтва краіны.

У Ніжагародскай губерні да канца красавіка 1916 г. у вёсцы попыт на работнікаў-бежанцаў быў нязначны. Мясцовыя сяляне аддавалі перавагу мала аплачванай жаночай працы.

Вось характэрнае паведамленне аднаго валаснога праўлення ад 28 красавіка 1916 г.: "Насельніцтва да пачатку палявых работ і перад пачаткам шырока азнаёмлена пра магчымасць прапанаваць бежанцам паступіць на сельскагаспадарчыя работы, і са свайго боку бежанцы заўсёды выказваюць поўную сваю згоду на работы, але ў наш час не прыкметна вялікага попыту на іх паслугі з прычыны таго, што шырока ўжываецца жаночая праца - ёсць шмат гаспадарак, дзе работы выконваюцца выключна жанчынамі, такім чынам, у гэтыя гаспадаркі патрэбныя будуць працоўныя хіба на сенажаць і жніво".

Яго Правялебнасці Правялебнаму Макарыю

Епіскапу Балахнінскаму.

Бежанкі з Рыгі, мяшчанкі г. Рыгі

Аляксандры Іванаўны Швякінай,

якая жыве ў наш час:

с. Бор Сямёнаўскага павета,

дом В. Вікулава.

Прашэнне.

Я, просьбітка Аляксандра Швякіна, бежанка з Рыгі ўвесь час пражывала з іншымі бежанцамі ў Ніжагародскім кірмашы ў нумарах Кондраццева. З наступленнем разліву вады, мяне з іншымі бежанкамі перавялі на жыхарства ў с. Бор, іншых жа пакінулі тут, гэта значыць у межах Ніжняга Ноўгарада.

Маючы на руках чацвярых малагадовых дзяцей, з якіх старэйшаму - 13 гадоў, а малодшаму - 5 гадоў, і старую маці 76 гадоў, я ў наш час маю на жыхарстве ў сяле Бор вострую патрэбу (муж мой на вайне), бо дапамогу толькі пачалі выдаваць мне ў палавінным памеры і то, толькі пад умовай, каб я ішла на сельскія работы, а калі не пайду, то тады пазбаўляюся і палавіннай дапамогі.

Быўшы мяшчанкай і не маючы паняцця пра сялянскія работы, я ў наш час знаходжуся ў самым крытычным становішчы, бо акрамя таго, што не магу рабіць сялянскую работу, я нават не магу яе выконваць і таму, што ад малагадовых дзяцей і хворай старой маці пайсці куды-небудзь не магчыма.

На падставе выкладзенага, я звяртаюся да Вашай Правялебнасці, пакорна прашу Вас, не адмовіць мне ў Вашым распараджэнні пра перавод мяне на жыхарства ў межы Ніжняга Ноўгарада, гэта значыць у Ніжні ці Канавіна.

Адважваюся спадзявацца, што Вы Ваша Правялебнасць, маёй просьбы не пакінеце без задавальнення.

1916 года, красавіка 14 дня.

Але 6 траўня 1916 г. у павятовыя земскія ўправы паступіў цыркуляр ад Ніжагародскага губернатара, які загадвае прыняць больш рашучыя меры да прымусу працаздольных бежанцаў да сельскагаспадарчых работ і да высяленьня з гарадоў у сельскія мясцовасці ўсіх здольных да сельскагаспадарчай працы бежанцаў Пры гэтым звярталася ўвага на недапушчальнасць штучнага заніжэння заработнай платы бежанцаў супраць існых мясцовых цэн (такія выпадкі ў губерні назіраліся).

Для саміх жа бежанцаў сельскагаспадарчая праца была не выгадная, бо аплачвалася яна параўнальна нізка. Так, напрыклад, "пілаваць дровы каштуе ад 3-5 руб. у дзень, а на сельскагаспадарчых работах больш за 1 рубель з гаспадарскімі харчамі зарабіць цяжка". У некаторых воласцях сельскагаспадарчая праца аплачвалася ў два разы ніжэй, чым праца цесляра, столяра, каваля. Адной з прычын непрадукцыйнасці перасяленцаў з'яўлялася адсутнасць у гаспадарках коней. Дакументы сведчаць, што ў паветах, дзе існавала нармальная аплата працы бежанцаў, адмоваў іх ад працы амаль не назіралася.

Праца перасяленцаў была, як правіла, падзённа-часавая - большасць выконвала чарнавую працу ў якасці наймітаў у сялян. Не дзіўна, што тыя, хто знаходзіў больш аплачваную працу, аддавалі перавагу ёй, не гледзячы на пазбаўленне пайка, таму што сям'я працягвала яго атрымліваць.

Улада нярэдка злоўжывала магчымасцю пазбаўлення пайка перасяленцаў за адмову ад сельгасработ, не маючы на тое належных падстаў, пра што сведчаць скаргі і просьбы бежанцаў.

Да 1 чэрвеня 1916 года агульная колькасць бежанцаў, якія сталі на работы па паветах (г.зн. без г. Ніжняга Ноўгарада) - 3312 чалавек, гэта 30% ад працаздольных, у тым ліку і на сельскагаспадарчыя - 613 мужчын, 215 жанчын, 205 падлеткаў.

У дакументах адзначаецца, што да канца 1916 года палова бежанцаў так і не змагла ўладкавацца на працу. Эфектыўная сістэма працаўладкавання іх так і не была створана аж да рээвакуацыі.

У Рускую арганізацыю

пра апеку рускіх бежанцаў.

Бежанца, адстаўнога пенсіянера

Аляксея Іванавіча Міхайлоўскага

Прашэнне.

Дзякуючы клопатам і апецы чальца Арганізацыі айца Пятра, па хадайніцтве, я атрымліваю ў таварыстве Імператарскага палявання пасаду ўрадніка, мне неабходна абмундзіраванне, але сродкаў станоўча няма. Атрымліваю пенсію 22 руб. 86 кап. у месяц і на такі аклад пры такой дарагоўлі харчуецца пяць душ сям'і.

Апякун першага Апякунства п. Іваноў выдае казённыя пайкі толькі бежанцам-жыдам, як пагалоўным і адкрытым ворагам Святой Русі, і ў наш час -таемным ворагам - палякам, а рускіх бежанцаў, калі хто зойдзе прасіць, то Іваноў загадвае гарадавому гнаць прэч.

22 снежня я зайшоў і прасіў дзеля Хрыста дапамагчы мне колькі-небудзь падтрымаць малагадовую сям'ю да свят, але п. Іваноў закрычаў: "Без сумлення і сораму", на гарадавога: "Гані яго адгэтуль". Гарадавы, бачачы такую несправядлівасць, не выканаў нахабны загад, нават не крануўся і з месца. І пры тым я ўбачыў - сядзіць за сталом жыдоўка і выдае жыдам казённыя пайкі, тады я зразумеў, што трэба адгэтуль рускаму ўцякаць. І ўспомніў тое, што я меў адзінага сына Ўладзіміра, які служыў на пошце службоўцам, падтрымліваў маю малагадовую сям'ю, паступіў у дзейснае войска і ўжо паклаў жывот свой на полі, і таксама і я нясу ад жыдоўскай, польскай і крыважэрнай рукі кайзера за Веру, Цара і Айчыну раны, якія яшчэ маюць патрэбу ў лячэнні, і зразумеў, што згаданы Іваноў на справе - тыя ж самыя галёшы, што і здраднікі Святой Русі і Праваслаўнай Царквы Хрыстовай Мясаедаў і Грыгор'еў, калі ён сыноў Расіі гоніць, а ворагаў з вялікімі ласкамі задавальняе.

Пра вышэйпададзенае адважваюся ўсепакорна прасіць паноўчальцоў і Святых бацькоў Арганізацыі пра дапамогу рускім бежанцам не адмовіць у выдачы мне пазыкападобна на абмундзіраванне 60 руб. А такую суму прашу растэрмінаваць для ўнясення на 3 месяцы, бо я атрымліваю пенсію ў 3 месяца 68 руб. 58 кап., то такая сума будзе выплачана мною з пенсіі. Пенсійную кніжку я давяраю на Арганізацыю.

Просьбіт: адстаўны фельдфебель А. Міхайлоўскі.

23 студзеня 1916 года.

Г. Ніжні Ноўгарад, вул. Пахваліхінская, дом Шышова.

А. Міхайлоўскі звяртаецца ў Ніжагародскае аддзяленне Усерасійскага таварыства папячэння пра бежанцаў рускай нацыянальнасці. Яго антысеміцкія настроі абумоўлены паразай рускага войска на франтах, якую Стаўка тлумачыла падрыўной дзейнасцю габрэяў. Вядома, што атысеміцкія настроі распаўсюджваліся першым чынам у войску, а А. Міхайлоўскі - фельдфебель рускага войска.

З другога боку, вядома, што ў многіх арганізацыях, якія абслугоўвалі бежанцаў, працавала шмат габрэяў. Менавіта габрэйскія дабрачынныя арганізацыі атрымлівалі значныя сродкі з казны.

Першым часам людзі і не збіраліся грунтоўна наладжваць побыт на чужой ім тэрыторыі, яны спадзяваліся ў хуткім часе вярнуцца дадому - бо, як заўсёды, вайна была абяцана кароткай і пераможнай...

Перасяленцам было цяжка акрыяць ад перажытага гора: спусташэння, цяжкай дарогі, у якой многія страцілі блізкіх. Патрабавалася нямала часу, каб прывыкнуць да новых умоваў.

У 1916 г. пачалося згортвання палітыкі дзяржаўнай падтрымкі пераселенага насельніцтва. З восені гэтага года каштарысныя адлічэнні былі разлічаны толькі на 50% агульнай колькасці бежанцаў. Памер харчовага пайка ў залежнасці ад мясцовых умоў і цэн ўсталёўваўся ў межах ад 15 да 20 кап. у дзень на чалавека. Харчовую і кватэрную дапамогу мелі права атрымліваць толькі дзеці да 14 гадоў уключна, непрацаздольныя і працаздольны член сям'і, калі ён па ўмовах дадзенай сям'і вымушаны застацца для нагляду за дзецьмі і непрацаздольнымі.

Сельскагаспадарчых рабочых з 1 кастрычніка 1916 г. з пайка таксама знялі.Улады цудоўна разумелі, што выжыць на бежанскі паёк нельга, але фінансавыя сродкі паглынала вайна і разруха: "Не падлягае ніякаму сумненню, што пры існых у наш час высокіх цэнах на ўсе прадукты першай неабходнасці, устаноўлены Кіраўнічымі Палажэннямі прадуктовы паёк уяўляецца цалкам недастатковым для той часткі бежанскага элемента, якая па складзе сваіх сямей ці па іншых умовах пазбаўлена магчымасці здабываць сродкі да існавання".

Хочаш выжыць - працуй!

Яго Правялебнасці

Найправялебнейшаму

Уладыку Макарыю

Старшыні

Ніжагародскага аддзялення

Ўсерасійскага Таварыства

апекі пра бежанцаў.

Настаўніка-бежанца, які пражывае

пры Пячэрскім манастыры,

Лаўрэнція Новіка

Прашэнне.

У верасні месяцы гэтага 1916 года мяне з маёй сям'ёй у ліку пяці чалавек пазбавілі бежанскага пайка. Працаздольных у маёй сям'і, акрамя мяне, не маецца: бо маці мая мае 63 гады, сын 11 гадоў вучыцца ў Ніжагародскай духоўнай вучэльні на свае сродкі, дачка 7 гадоў таксама ходзіць у школу, а жонка з-за хваравітага стану зарабляць не можа. Жалаванне ж я атрымліваю ўсяго 65 руб. у месяц. Утрымоўваць сям'ю на атрымоўваныя мною сродкі пры сучаснай дарагоўлі і навучаць сына ў духоўнай вучэльні няма магчымасці і становішча маё вельмі цяжкае. З улікам выкладзенага і паводле наступнага цыркуляра МУС пра новы парадак выдачы пайкоў бежанцам і пастановы Камітэта пра бежанцаў, пакорна прашу Вашу Правялебнасць, ці не знойдзеце магчымым па Вашым найміласцевым меркаванні забяспечыць маё цяжкае становішча - непрацаздольных чальцоў маёй сям'і залічыць на бежанскі паёк.

Пры гэтым прыкладаецца пасведчанне пра хваробу маёй жонкі і пасведчанне Даглядчыка Ніжагародскай Духоўнай Вучэльні.

Пакорна прашу не пакінуць маёй просьбы без увагі.

Просьбіт Лаўрэнці Новік.

23 лістапада 1916 года.

P.S. Мелі права пазбавіць пайка ўсю сям'ю, бо заробак галавы сям'і большы за 50 рублёў.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Адмысловая нарада, якая існавала ўжо пры Часовым урадзе, пастановай ад 6 траўня 1917 г. зрабіла спробу чуць-чуць змякчыць цяжкае становішча пераселеных людзей: харчовы паёк павялічваўся да 7,5 руб., кватэрны да 3 рублёў.

Але, магчыма, самай галоўнай праблемай была страта сацыяльнага статусу. Бо да высялення большасць сялян і рамеснікаў была ўласнікамі. У Заходніх губернях сяляне мелі зямлю ў асабістай уласнасці, яны былі вальней за рускіх сялян. Выправаджаныя са сваёй тэрыторыі, аказаўшыся без зямлі, сваёй гаспадаркі, яны сталі нізкааплатнымі наёмнымі работнікамі, апынуліся на сацыяльным дне.

Авось якое становішча бежанцаў у Томскай губерні.

Ужо ў верасні 1915 г. там налічвалася 4936 бежанцаў з Гарадзенскай губерні, і толькі 316 - з Віцебскай, 291 - з Менскай, 2 - з Магілёўскай. У буйных паселішчах Томскай губерні арганізоўваліся мясцовыя камітэты па прыёме бежанцаў і пункты іх рэгістрацыі. Перад камітэтамі хутка ўстала праблема раўнамернага размеркавання бежанцаў па тэрыторыі губерні, паколькі іх абсалютная большасць "захрасае" ў Томску і Новамікалаеўску (Навасібірску, рэд.), дзе далёка не ўсе мелі магчымасць атрымаць неабходную дапамогу. Наогул жа, да канца верасня 1915 года праз Новамікалаеўскі рэгістрацыйны пункт праехала больш за сорак тысяч бежанцаў, а да канца кастрычніка гэты лік узрос да шасцідзесяці дзвюх тысяч. Праз Новамікалаеўск бежанцаў перапраўлялі далей ва Усходнюю Сібір, на Далёкі Усход і ў Сярэднюю Азію.

Дадатковай складанасцю ў размеркаванні гэтага кантынгенту па розных населеных пунктах было патрабаванне адпраўляць сялян у вёскі, гараджан - у гарады, каб забяспечыць новапрыбыўшых людзей працай, якая была ім ужо добра знаёмая.

Сур'ёзнай праблемай для Новамікалаеўскага камітэта стала аказанне перасяленцам медыцынскай дапамогі. У горадзе і да вайны не хапала ні месцаў у шпіталях, ні лекараў. У выніку камітэт быў вымушаны размяшчаць цяжка хворых людзей на прыватных кватэрах без медыцынскага нагляду. Сітуацыя пагражала эпідэміяй. Яшчэ адной сур'ёзнай праблемай стаў недахоп паліва для баракаў і прыватных кватэр, дзе жылі бежанцы.

У лютым 1916 года ў Новамікалаеўску адкрылася пякарня, дзе пяклі хлеб для бясплатных раздач перасяленцам. Аднак усе гэтыя меры не былі дастатковымі для вырашэння праблем бежанцаў, якія масава галадалі, хварэлі і гінулі перш за ўсё дзеці, што было звязана з эпідэміяй тыфу і халеры, і гэта выклікала страх заражэння мясцовага насельніцтва.

Калі пачалася Грамадзянская вайна, плыні бежанцаў ўзраслі, цяпер сюды сцякаліся праціўнікі бальшавікоў з губерняў, якія знаходзіліся пад іх кантролем.

У верасні 1918 года, выдадзеная ў горадзе антыбальшавіцкая газета "Народная Сібір", акцэнтуючы ўвагу на праблеме бежанцаў, апублікавала душашчыпальны верш пра маленькую дзяўчынку, якую пада-бралі на вуліцы:

Красные, голые ручки от холода,

Ноженьки в рваных больших башмаках,

Личико бледно, худое от голода,

Слезы на глазках и кукла в руках.

Греет едва ли ребенка владелица

Детских наследий и куклы, и слез

Рубище ветхое, скрывшее тельце,

Как только Бог от могилы унес…

Дадзены вобраз, несумненна, напісаны з натуры. Але ў ідэалагічных адносінахгэты верш, як і іншыя публікацыі газеты, служылі дыскрэдытацыяй бальшавікоў, якія ўскосна абвінавачваліся ў сацыяльных наступствах вайны.

Ужо ў верасні 1915 г. метрычныя кнігі цэркваў пачалі фіксаваць шматлікія выпадкі смерцяў бежанцаў, большасць з якіх былі выхадцамі з Гарадзенскай губерні. Толькі ў парафіі Васкрасенскай царквы ў перыяд з пачатку верасня да канца снежня 1915 года былі адпетымі больш за трыццаць бежанцаў, якія памерлі ад інфекцыйных захворванняў. Сітуацыя заставалася цяжкай і ў наступным 1916 годзе. Найбольш уразлівымі сярод бежанцаў былі дзеці, якія часцей за ўсё гінулі ад адзёру і шкарлятыны. Так сям'я Кажалаў з Гарадзенскай губерні страціла за месяц адразу дваіх малагадовых сыноў, якія памерлі ад адзёру. Гісторыя гэтай сям'і бежанцаў асабліва драматычная, бо раней памёр і яе галава - Сямён Рыгоравіч Кажала. Асабліва цяжка даводзілася цяжарным жанчынам і пажылым людзям. З метрычных крыніц вядома пра смерць у Новамікалаеўску пры родах бежанкі Праскоўі Максімаўны Свісток.

Існавалі таксама складанасці ў арганізацыі пахавання бежанцаў. Паказальна тое, што далёка не заўсёды метрычныя кнігі фіксуюць даты смерці бежанцаў. Відавочна і тое, што многіх хавалі не на трэці дзень пасля скону, як гэта прынята па праваслаўнай традыцыі, а спехам, на наступны дзень, а, мажліва, праз тыдзень і больш. У метрычнай кнізе 1916 г., складзенай святарамі Данілаўскай царквы, якая знаходзілася побач з вакзалам, маецца больш за шэсцьдзесят запісаў пра смерць бежанцаў. Гэтыя людзі загінулі пераважна ў кастрычніку-лістападзе 1915 г., а запісы адносяцца да студзеня-лютага 1916 года. Магчыма, іх пахавалі ў брацкіх магілах, а адпелі завочна толькі праз два-тры месяцы. Верагодны і іншы варыянт: трупы людзей, якіх не мелі магчымасці пахаваць сваякі, маглі ўсю зіму праляжаць у ледніках. Па ўсёй бачнасці, пахаванне арганізавала служба санітарнага нагляду. Ёсць звесткі што памерлымі бежанцамі з Гарадзенскай губерні былі: Сцяпан Іванавіч Казячы шасцідзесяці гадоў, Іосіф Ігнатавіч Лукашэвіч трыццаці чатырох гадоў, Варвара Іванаўна Васкойчава 47 год і многія, многія іншыя...

Успенскія (Новыя) гарадскія могілкі, дзе былі пахаваныя парэшткі перасяленцаў, знішчылі яшчэ ў савецкі час, таму дакладнае месца пахаванняў гарадзенскіх бежанцаў ўстанавіць немагчыма.

Сёння нельга дакладна падлічыць, колькі бежанцаў з Беларусі загінулі ў глыбіні Сібіры, і памяць пра іх практычна сцерлася.

З іншага боку, для многіх бежанцаў з Беларусі Сібір стала другой Радзімай.

"Гэтыя плыні паступова набіралі сілу і садзейнічалі з'яўленню ў розных аддаленых месцах Расіі цэлых беларускіх сялянскіх паселішчаў - сёлаў, вёсак, хутароў, часта названых па мясцовасці, адкуль прыбылі пасяленцы. Усе яны захоўвалі цесную сувязь з радзімай і, што цікава для нас, вельмі доўгі час з'яўляліся для сваих землякоў у Беларусі інфарматарамі пра жыццё ў Расіі і пра рускіх."

Пісьмовыя крыніцы дазваляюць прасачыць на працягу некалькіх наступных гадоў лёс сем'яў некаторых беларускіх бежанцаў, якія аселі ў Томскай губерні. Да прыкладу, у самай блізкай да горада вёсцы Усць-Іня абаснаваліся гарадзенскія сем'і Мазуркевіч, Кулак і іншыя, якія займаліся аж да далучэння вёскі да горада ў 1928 г. земляробствам.

Гэта іфармацыя для тых, хто зацікавіцца і паспрабуе знайсці ў архівах звесткі пра сваіх родзічаў. Тут можна знайсці копіі архіўных дакументаў - прашэнні і скаргі бежанцаў, якія адлюстроўваюць іхняе сапраўднае становішча.

Распавядае Ражнова (Каханоўская) Ядвіга Міхайлаўна:

"Добра памятаю аповед маёй маці Соф"і пра выселкі ў Расею.

Потым пагрузіліся ў вагоны, цесната, брудната, мерзлі… Ехалі доўга і цяжка. На прыпынках выносілі маму на свежае паветра, шукалі ваду… Спачатку затрымаліся ў Самары, потым перавезлі ва Узбекістан, а адтуль - у Омскую губерню. Жылі ў некага, бацькі працавалі, насельніцтва адносілася добра са спачуваннем… За сялом - тайга: там многа грыбоў, ягад, нават чаромуха салодкая, якую дабаўлялі ў пірагі. Яда ў мясцовых у асноўным мучная, хлеб пяклі амаль кожны дзень, бульба на стале была рэдка. Здзіўляла: бульбу садзілі дзесьці далёка на выкарчоўках. Пасадзяць - і ніякага догляду. Восенню, калі накапаюць 2-3 мяхі, дык вялікая радасць.

Капусту на зіму квасілі ў бочках, разрэзаўшы на 4-ы часткі. Калі ж мы крышылі дробна па-беларуску, мясцовыя кабеты прыходзілі, дзівіліся, пераймалі…

…Цыбулі яны саджалі многа. Пер'е яшчэ зялёным зразалі, секлі, салілі ў кубельцах. Зімой елі з хлебам і запівалі чаем.

Жывёлу выганялі на пашу са званочкамі на шыі, без пастухоў. Вечарам сама прыходзіла на падворак. Хлявоў, як у нас, не было - нейкія паднавесы. Я добра і спрытна рабіла пруткамі для сваіх і сяму-таму вясковым за невялікія грошы. Мяне так і звалі "Соня-кружаўніца". Мясцовыя жылі заможна, мы таксамамелі ўсялякай яды ўдастатак. Бацькі разважалі і думалі застацца на абжытым месцы, але я (Соня) нагнула вяртацца дахаты…"

А вось успаміны сялянкі з вёскі Залукі, што на Беласточчыне, М. Лісоўскай 1901 нараджэння:

"З Залук у бежанцтва падаліся ўсе. Наша сям'я абрала Самарскую губерню. Разам з намі паехала яшчэ пяць сем'яў. На месца дабраліся аж на Пакровы. Высадзілі нас за Волгай, у сяле Кінель-Чаркасы. Па нас прыехалі сяляне на падводах. Адразу ж мы атрымалі жыллё. Жылі мы ў асобнай хаце, бо ў гаспадара, што нас прыняў, былі аж дзве хаты. Знайшлася і праца. Хто хацеў, ішоў працаваць у гаспадара.

Ах, якія там людзі былі добрыя! Такіх людзей, як рускія, дык і ўспамінаць прыемна. Як жа яны нас шкадавалі, як перажывалі з-за нашага гора: "А пакутны вы народ, а бежанцы вы няшчасныя!" паўтаралі яны ўвесь час. Ведаеце, як толькі мы ўвайшлі ў сяло, да нас падбеглі жанчыны з плачам. Адна маладзіца зняла з сябе дарагую хустку і накінула мне на плечы. Людзі пананосілі нам усяго, што толькі трэба для жыцця.

Багата там людзі жылі. Гаспадаркі яны мелі добрыя, зямля сама, без угнаенняў, радзіла. Там нават не жыта сеялі, а пшаніцу. Тры разы ў тыдзень пяклі пшанічныя булкі. Варылі ўвесь час рускі чай у самавары і пілі яго "ў прыкуску" - цукар асобна ў рот адкусвалі, гарбаткай горкай запівалі. Хто б у хату не ўвайшоў, таго заўсёды запрашалі: "Садзіцеся да нас гарбаткі папіць". Гарэлкі яны не пілі. Нідзе так не было, як зараз стала. Тады п'яных ніхто не бачыў. Тамтэйшыя людзі мелі багатыя гаспадаркі, а курэй і не злічыць. У кожнага гаспадара было збожжа ў запасе. Захоўвалі яго ў высокіх свіранах, бо зімою снег засыпаў усе платы і нізкія будынкі... У сяле былі 3 царквы, кірмаш, пажарнае дэпо, школа. Два мае браты хадзілі ў школу. Да старэйшага рускія прыходзілі па дапамогу ў навучанні. Кірмаш у нашым сяле быў вядомы на ўсю акругу. Купцы да нас прыязджалі аж за сорак кіламетраў. А ў нас было за што купіць, бо гаспадар за працу плаціў, а ежу даваў дарма. У сяле людзі паважалі рэлігію, народ быў вельмі набожны, царкоўны. Там, як ішлі да споведзі, то рыхтавацца трэба было пачынаць з серады. У пятніцу спавядаліся, у суботу прычасце. У нядзелю так-сама трэба было быць у царкве...

Па-руску гаварыць мы не ўмелі. У нас у Залуках перад бежанцтвам вітаючыся казалі: "Нех бэндзе пахвалёны", а там у кожны час інакш віталіся. Але руская мова - не нямецкая, хутка мы ёй навучыліся. Нават, калі прыехалі на радзіму, то цяжка было прывыкаць да польскай мовы. Паміж сабой мы гаварылі па-нашаму".

Запіс беластоцкай журналісткі газеты "Ніва" Г. Кандрацюк, 1994 г.

Праўда, так было не з усімі ... Як пісаў у сваёй рукапіснай аўтабіяграфіі Ціхан Трахімюк, які нарадзіўся ў вёсцы Клейнікі Гарадзенскай губерні ў 1899 г., яго, выпускніка мясцовага двухкласнага вучылішча, пасля пачатку вайны лёс закінуў разам з бацькамі ў стэпавае Заволжжа:

"Працаваў я ў гаспадара два гады. Улетку на полі, а ўзімку ў стайні, не было ў мяне і аднаго вольнага дня. У святы моладзь выходзіла на вуліцу, грае гармонік, спяваюць вясёлыя песні, а мне з узыходам сонца выводзіць на рэчку коней, і я іх там пасу цэлы дзень. Узімку збіраюцца ў хатах і таксама гуляюць, танчаць, а я працую ў стайні. Моладзь там вельмівясёлая. Яны і мяне запрашаюць, і мне хочацца пагуляць з імі, мне ўжо 18 гадоў. Гаспадар мой быў гадоў пад пяцьдзесят, здаровы, але быў суровы і нервовы. Часта прыходзіў узімку ў стайню і чапляўся да мяне: "Не бачу парадку, коні дрэнна вычышчаны". Два разы пабіў мяне нагайкай...".

Запіс А. Вярбіцкага, 2000 г.

Зрэшты, такія выпадкі былі хутчэй рэдкім выключэннем.

Лютаўская рэвалюцыя істотна змяніла сітуацыю ў бежанскай справе: з аднаго боку, была паступова ліквідавана старая сістэма апекі аб бежанцах, з другога боку, бежанцы рабілі спробы самаарганізацыі па-за афіцыйных структур, пачалася іх актыўная "саветызацыя". Былі праведзены бежанскія з'езды нацыянальных групаў і агульнарасійскія з'езды.

А ўжо з вясны 1917 г. пачаліся працяглыя затрымкі высылкі сродкаў на выдачу пайкоў у паветах. Вось прыклад хадайніцтва ніжагародскаму губернскаму камісару ад 24 снежня 1917 года: "Паўлаўскі ўчастковы Камітэт па ўладкаванні бежанцаў мае гонар пакорна прасіць Вас зрабіць неадкладнае распараджэнне аб высылцы грошай бежанцам за тры месяцы - кастрычнік, лістапад, снежань у колькасці 14000 руб.Бежанцы знаходзяцца ў гаротным становішчы".

Але і ў пачатку студзеня 1918 года крэдыт так і не быў адпушчаны! Такім чынам, можна сказаць, што на працягу 1915 - 1917 гг. памер дзяржаўнай дапамогі амаль не змяніўся, не гледзячы на імклівы рост цэнаў. З ліпеня 1914 г. па студзень 1917 цэны на асноўныя тавары падняліся ў 4 - 5 разоў, але ўжо ў другой палове 1917 па адносінах да пачатку 1914 індэкс таварных цэн вырас у 11,7 раза.

Пасля Другога Усерасійскага з'езду бежанцаў 19-27 лістапада 1917 г. пачалі выбірацца гарадскія і павятовыя бежанскія саветы, якія павінны былі займацца ўсімі мясцовымі справамі бежанцаў.

З успамінаў бацькі, Кудлы Івана:

"Бацькі абмяркоўвалі магчымасць тут прыжыцца і застацца надалей.

У Расіі грукнула Лютаўская рэвалюцыя. Адносіны да перасяленцаў пагоршыліся і ад новай ўлады, і ад мясцовых: увялі падаткі, забіралі ўсё - і жыўнасць, і збожжа. Былі выпадкі нападу, разбою. Прыйшлося ўцякаць…

Бацькі з сумам пакідалі ўжо абжытае седлішча. Падаліся ў Серпухаў. Там былі мая бабуля Аляксандра Андрэеўна, цёця Соф'я Ісідараўна і сястра Вольга. Бабуля была пры хаце, рыхтавала яду, падрабляла прыбіральшчыцай у канторы, хварэла, а ў 1918 годзе памерла, і там каля Серпухава дзесці пакоіцца яе прах. Цёця Соня працавала настаўніцай. Сястра Вольга навучалася ў Навінкаўскай царкоўна-прыходскай школе і ў чэрвені 1917 закончыла яе, аб чым маецца пасведчанне аб заканчэнні школы".

Вясковыя жыхары пакінулі нямала ўспамінаў пра вучобу ў народных школах. Вось як апісвае такія школы ў сваіх нататках Нестар Пярэві (1887-1971), адзін з дзеячаў Беларускай народнай грамады ў Маскве, куды ён трапіў як бежанец: "Вучыліся па чарзе ў хатах, дзе былі вучань або вучаніца. Не было тады ніякага прымусу да вучобы. Вучыліся пераважна хлопчыкі, а гэта таму, што лепш было ў арміі тым салдатам, якія хоць трохі былі пісьменныя ... Кніжкі былі толькі рускія. Буквары, азбукі, часам які-небудзь задачнік ... На сцяне развешаныя карты свету і асобная вялікая карта Расеі ".

А вось як сялянскі пісьменнік-бежанец М. Красоўскі, па мянушцы Дзядзька Квас (1904-1985), даволі падрабязна апавядае аб школе:

"На ўроку я даведаўся, што Гарадзенская губерня ..., дзе знаходзіцца наша вёска, заселеная, акрамя літоўцаў і габрэяў, беларусамі - рускім племем, мова якога адрозніваецца ад чыста рускай прымешкай польскіх слоў. Беларусамі яны называюцца таму, што маюць у большасці белрусыя валасы і ўсе носяць белае адзенне, пачынаючы ад кашулі і канчаючы світкай.

Тады і ў нашай акрузе адзенне ва ўсіх сялян было белае. І тут мяне ахінула здагадка: а мы простыя людзі ці не з'яўляемся гэтымі самымі беларусамі? Хто ж растлумачыць мне гэта?

І я вырашыў звярнуцца да свайго бацькі. Мой бацька, маючы зусім мала зямлі і вялікую сям'ю, увесь час круціўся на заробках. Бывала, што і па некалькі тыдняў не начаваў дома. А як прыходзіў дадому, то спяшаўся як мага хутчэй зрабіць запушчаную працу па гаспадарцы. Ніколі не меў часу заняцца дзецьмі, усё ўрыўкамі абменьваўся з намі парамі слоў. Я, тым не менш, падпільнаваў яго ў свабодны момант:

- Тату, а мы, людзі простыя, не з'яўляемся часам беларусамі?

- Ясна - беларусамі, - кажа бацька. - І наша мова, яе завуць простай, і ёсць беларуская. Вось я служыў у салдатах аж у Магілёўскай губерні, то і там усе кажуць на гэтай жа простай мове, як і мы.

- А чаму нас, беларусаў, вучаць на рускай, а не на сваёй роднай мове?

- А гэта таму, што рускі цар-гасудар валодае намі.

- А ў беларусаў быў калі-небудзь свой цар беларускі, з беларусаў - беларус?

- Вось гэтага, сынок, я нідзе ні ад кога не чуў, каб цар быў беларускі ў беларусаў. Мне думаецца, што ў беларусаў не можа быць цара, бо наш беларускі народ ўвесь сялянскі. Бедны ён і цёмны, і невучоны... Цары ж і каралі заўсёды адбываюцца з багацеяў. Натурай наш брат-беларус не падыходзіць для гэтай вакансіі. Празмерна ён справядлівы, мяккасардэчны. А цар - тым ён і цар, што сэрца ў яго цвёрдае, як камень. Натура ў яго жорсткая, не спагадная на боль і слёзы людскія ...".

А вось і паэтычнае настаўленне аднаго з беларускіх народных настаўнікаў таго часу Канстанціна Міцкевіча, будучага літаратурнага класіка Якуба Коласа, адрасаванае ім сялянскім дзецям. Ён улажыў яго ў вусны аднаго з бацькоў такіх дзяцей:

Ну, Ігнат, глядзі, брат,

Не дурэй, вучыся!

Годзі жыць бяз дзела -

За буквар вазьміся.

Будзь старанным, сынку,

Станеш чалавекам,

Будзеш ты чытаць нам -

Цёмным няумекам.

Што там ў кнігах пішуць,

Што мы ў свеце значым,

Бо мы самі цёмны,

Света мы не ўбачым.

Гаварыць там будзе

Пра навуку, кнігі

І аб цёмным людзе.

А старанным будзеш,

Да навукі здатны,

Я прадам кароўку

І кажух астатні:

- Далей йдзі ў навуку,

Толькі, брат, вучыся.

... Дык глядзі, сыночак,

Шчыранька вазьміся!

На гульню пустую

Плюнь, махні рукою,

Каб і я, і маці

Цешылісь табою."

З успамінаў бацькі, Кудлы Івана:

"Жылі мы на ўскраіне Серпухава. Займалі палову дома. Помню яры, кусты, рэчку, дзе праводзілі вольны час… Я хадзіў у школу, пасябраваў з суседскімі хлопцамі па прозвішчы Жукавы. Тата ўладкаваўся працаць на сітца-набіўную фабрыку, былое таварыства Н.Н. Коншына, мама - у нейкага начальніка прыслугай. Заробкі былі малыя, у горадзе - мітынгі, беспрацоўе, усе часцей даходзілі чуткі пра Беларусь. Там усталявалася Народная Рэспубліка. Заканчвалася вайна. Бацька сустракаўся з такімі ж бежанцамі з Беларусі. Шмат гутарылі, шмат сеймікаваліся (раіліся, аўт. В.К.) - трэба вяртацца на радзіму…

З фабрыкі тата звольніўся 7 лютага 1919 года, адпрацаваўшы бесперапынна 2 гады з 21 красавіка 1917 г. Грошай на разлік не хапала: частку далі грашыма, часту сваёй прадукцыяй (палатном). Прышоў бацька і кажа: "Ну вось і усё - збірайце манаткі і шыбуем да хаткі".



[1] У тэксце "ў тым".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX