Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Ліда 1920 


Аўтар: Адзямкоўскі Януш,
Дадана: 02-07-2011,
Крыніца: Ліда-Варшава, 1920.

Спампаваць




Бібліятэка "Ziemi Lidzkiej" № 3

Польскія бітвы

Януш Адзямкоўскі
Ліда 1920

Ліда - Варшава
2010

© "Ziemia Lidzka"
© Януш Адзямкоўскі

Пераклад на беларускую мову: Кацярына Канчэўская

Выданне здзейснена пры дапамозе Сената Рэспублікі Польша і Фонда дапамогі палякам на Ўсходзе


Змест

Прадмова

Да новай бітвы

Марш ударнай групы

Рашэнне Галоўнага Камандуючага

Пад Радунню і над Лебядой

Бітва за Ліду

Крэсовы горад

Рашэнні непрыяцеля

Палякі ў Лідзе

Штурм 5 стралковай дывізіі

На ўсход ад Ліды

Спозненыя дзеянні 56 стралковай дывізіі

Начны бой

Вынікі бітвы

Літаратура


Прадмова

Польска-савецкая вайна 1920 года і спыненне распаўсюджвання камуністычнай чумы на захад Еўропы лічацца адной з самых важных падзей ХХ стагоддзя. Бітва на Нёмане разглядаецца гісторыкамі як манеўр, які пасля Цуду на Вісле давёў да канца справу разгрому бальшавікоў у 1920 годзе. Бітва доўжылася з 20 па 26 верасня. Нягледзячы на аператыўную і стратэгічную важнасць, неманская бітва ўсё яшчэ знаходзіцца ў цяні Цуду на Вісле.

Мае сваю долю ў гэтай перамозе і Ліда. Бой за Ліду быў ключавой часткай аперацыі Войска Польскага на Нёмане. Генерал Кутшэба піша напярэдадні акцыі на Ліду - "Усе ваганні спыняюцца, ёсць толькі адзін шлях да перамогі: марш на Ліду". Галоўнакамандуючы Юзэф Пілсудскі лічыў, што захоп Ліды адрэжа бальшавікам дарогу адступлення на ўсход. Аднак, маючы значны колькасны перавес часці 3-й бальшавіцкай арміі, за кошт значных страт, адкрылі сабе ў выніку бітвы на рацэ Лебяда дарогу адыходу на Ліду. 27-29 верасня палякі вялі зацятыя баі за горад, які неаднаразова пераходзіў з рук у рукі. У рэшце рэшт, 1 пяхотная дывізія легіёнаў затрымала, прычыняючы значныя страты (у тым ліку каля 10 тысяч палонных), амаль усе адступаючыя на ўсход праз Ліду войскі 3-й арміі і прымусіла іх змяніць кірунак адыходу на паўднёвы ўсход. Поспех быў дасягнуты дзякуючы мужнасці і гераічнасці салдат гэтай элітнай часткі.

Перамога палякаў паказана на мемарыяльных дошках каля Магілы Невядомага салдата ў Варшаве. Сёння кожны наведвальнік можа лёгка знайсці надпісы: Ліда 1920, Паперня 1920.

Вырашальнае сутыкненне польска-савецкай вайны адбылося на тэрыторыі ад Брэста на Бугу на поўдні да сейненскай зямлі на поўначы. Яно скончылася польскім трыумфам і перамогай у вайне, якія прывялі да падпісання мірнага дагавору ў Рызе.

У цяперашні час беларускія гісторыкі адназначна негатыўна ацэньваюць Рыжскі дагавор 1921 года. Аднак, калі прыняць пад увагу наступствы савецкай прысутнасці на ўсходзе Беларусі - страта нацыянальнай адметнасці беларусаў, вынішчэне датла нацыянальнай інтэлігенцыі, разбурэнне гістарычных помнікаў, атэізацыя, - гэтая выснова не выглядзіць ужо такой пэўнай. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што само існаванне Савецкай Беларусі з'яўляецца следствам прысутнасці шматлікай беларускай меншасці ў Другой Рэчы Паспалітай. Я не магу выключыць, што пройдзе нейкі час і ўдзячныя беларусы паставяць помнік творцы Адроджанай Польскай Дзяржавы - Юзэфу Пілсудскаму.

Аддаючы ў вашыя рукі, дарагія чытачы, з нагоды 90-годдзя пераможнай вайны, публікацыю пра бітву пад Лідай, мы спадзяемся, што гэта дапаможа аматарам гісторыі бліжэй пазнаёміцца з дзеямі нашага горада, а таксама будзе стымулам для маладых даследчыкаў па-іншаму зірнуць на Другую Рэч Паспалітую.

Аўтар, Януш Адзямкоўскі, з'яўляецца прафесарам кафедры ваеннай гісторыі факультэту гісторыі і грамадскіх навук ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага, таксама супрацоўнічае з Нацыянальнай акадэміяй абароны, дзе ўтварыў кафедру еўрапейскіх даследаванняў. Вывучае агульную і польскую гісторыю дзевятнаццатага і дваццатага стагоддзяў, палітычную гісторыю, польскае грамадства дзевятнаццатага стагоддзя, а таксама ваенную гісторыю і гісторыю ўзброеных канфліктаў, з'яўляецца аўтарам "Лексікона польска-савецкай вайны 1920 года".

Галоўны рэдактар Аляксандр Колышка


Да новай бітвы

Пералом жніўня і верасня 1920 г. прынёс часовае паслабленне дзеянняў на польска-расійскім фронце. Пасля напружанных жнівеньскіх дзён, калі над Варшавай і над цэнтральнай Віслай вырашаўся лёс незалежнай Польскай Рэспублікі, праціўнікі, якія былі змучаны, збіралі сілы для правядзення чарговых наступальных аперыцый.

Вялікая бітва над Віслай скончылася паразай войск Расійскага Заходняга фронту Міхаіла Тухачэўскага. На працягу дванаццаці дзён загінула або атрымала цяжкія раны больш за 25000 чырвонаармейцаў, 45000 жаўнераў былі змушаны да пераходу мяжы Усходняй Прусіі. Палякі ўзялі каля 70000 палонных, здабылі 231 гарматаў, 1023 куляметы і вялікую колькасьць ваеннага рыштуку.

Цуд над Віслай затрымаў наступ Чырвонай Арміі на сталіцу Польшчы і вырваў з рук расійскага кіраўніцтва стратэгічную ініцыятыву. 26 жніўня 1920 г. рэшткі войск Заходняга Фронту занялі пазіцыі на лініі, якая была на ўсход ад Нёмана і Шчары праз Гродна, Кузніцу, Свіслач, Белую Вежу. Палякі, якія для арганізацыі контрнаступлення з-над Вепшы ўжылі усіх наяўныя сілы, стомленыя інтэнсіўнай пагоняй і пазбаўленыя забеспячэння, часова не былі ў стане працягваць наступлення.

mapa 1.

Тухачэўскі прыступіў да паспешнай рэарганізацыі і папаўнення сваіх войск. З дваццаці дзвюх дывізій Чырвонай Арміі, якія ў палове жніўня ўдарылі на Варшаву і цэнтральную Віслу, толькі чатыры захавалі баявую здольнасць. Сцягваліся новыя падраздзяленні з глыбіні Расіі, была аб'яўлена мабілізацыя ў Чырвоную Армію на тылавых абшарах Заходняга Фронту. З Усходняй Прусіі прыбылі праз Літву, пасля сімвалічнага інтэрніравання, каля 30000 жаўнераў. Пераадольваючы вялікія арганізацыйныя і матэрыяльныя цяжкасці, расійскае кіраўніцтва здолела на працягу трох тыдняў аднавіць большасць разбітых над Віслай падраздзяленняў.

Напярэдадні бітвы над Нёманам войскі Тухачэўскага налічвалі ў баявым становішчы самае меншае 73000 жаўнераў і 220 гармат. Цэнтральныя палітычныя і вайсковыя ўлады Савецкай Расіі выказвалі меркаванне, што менавіта тут, на Заходнім Фронце, павінны прайсці аперацыі, якія дазволяць Чырвонай Арміі вярнуць ініцыятыву і вырашаць паразу "белай Польшчы".

Прыняцце такога рашэння вымушала сітуацыя Паўднёва-Заходняга Фронту, якая пагоршылася пасля прайгранай бітвы 1 Коннай Арміі Сямёна Будзёнага пад Камаровам і няўдалых спробаў захопу Львова. Больш за тое, у палове верасня палякі пачалі наступленне ва Усходняй Малапольшчы і на Валыні, дасягаючы значных терытарыяльных поспехаў.

Тухачэўскі, маючы сур'ёзныя сілы і падтрымку галоўнакамандуючага Сяргея Каменева, які большасць папаўнення скіраваў на Заходні Фронт, рыхтаваўся да чарговага наступлення. Тым разам ён планаваў правесці сканцэнтраванае наступленне на Беласток і Брэст над Бугам, разбіць згрупаваныя тут польскія часткі і рушыць у напрамку Любліна. Шансы на поспех Тухачэўскі ацэньваў аптымістычна. Глыбока перакананы ў стомленасці польскіх войскаў, ён не верыў, што палякі могуць арганізаваць абарону, здольную затрымаць націск сямнаццаці дывізій Чырвонай Арміі, якія былі сканцэнтраваны ў чатырох аперацыйных групах (3 армія - шэсць дывізій, 15 армія - чатыры дывізіі, 4 армія - чатыры дывізіі). Праз некалькі гадоў пасля вайны Тухачэўскі пісаў: "Прайграная аперацыя абуджала жаданне новага наступлення. У нас былі ўсе шанцы на тое, каб зноў перахіліць вагі шчасця на наш бок".

Расійская разведка інфармавала аб адсутнасці падрыхтоўкі да наступальных дзеянняў з польскага боку, што здавалася падцвярджала меркаванне Каменева і Тухачэўскага аб абмежаваных наступальных магчымасцях праціўніка і абяцала добры зыход планавай аперацыі.

На самой справе Галоўная Стаўка Галоўнакамандуючага Польскага Войска ўжо 27 жніўня, непасрэдна пасля заканчэння бітвы над Віслай, выдала загад перагрупавання частак 2 і 4 армій для далейшых дзеянняў. Пачалося ўладкаванне тылоў, арганізоўвалася забеспячэнне. Юзэф Пілсудскі справядліва ацэньваў, што непрыяцель рыхтуе чарговы наступ і толькі яшчэ адзін разгром войскаў Заходняга Фронту вырашыць вынік вайны на карысць Польшчы. 10 верасня на нарадзе камандуючых 2 і 4 армій Галоўнакамандуючы прадставіў асновы наступальнай аперацыі над Нёманам і Шчарай. Асноўнай ідэяй плана Пілсудскага было звязванне галоўных сіл праціўніка энергічным наступленнем на Гродна і Ваўкавыск. Адначасова ударная група, сканцэнтраваная на левым, паўночным, крыле 2 арміі, павінна была хуткім маршам прайсці праз частку літоўскай тэрыторыі і выйсці ў глыбокія тылы частак Чырвонай Арміі, якія абаранялі Гродна, Ваўкавыск і лінію Нёмана.

19 верасня Галоўная стаўка выдала загад, які ўдакладняў задачу арміі, аперацыйных груп і асобных тактычных аб'яднанняў у надыходзячай бітве. Для аперацыі былі вызначаны сілы 2 арміі генерала Эдварда Сміглы-Рыдза (1 і 3 пяхотная дывізія легіёнаў, 21 горная дывізія, 22 добраахвотніцкая дывізія, 1 літоўска-беларуская дывізія, 17 пяхотная дывізія, 2 і 4 брыгада конніцы, група цяжкай артылерыі генерала Ігнація Ледухоўскага) і 4 армія генерала Леанарда Скерскага (14, 15, 16, 11 пяхотныя дывізіі). Абедзве польскія арміі налічвалі каля 154000 жаўнераў - але толькі 67000 у баявым становішчы - і мелі 432 гарматы. На Гродна наступаў цэнтр 2 арміі: 21 і 22 пяхотныя дывізіі, падтрыманая групай цяжкай артылерыі. 3 пяхотная дывізія легіёнаў, якая ўтварыла правае крыло 2 арміі, атрымала загад заняць пераправы на Нёмане ў мясцовасці Масты і ўтрымліваць сувязь з арміяй генерала Скерскага. 17 пяхотная дывізія была накіравана на абарону Сувальшчыны перад магчымай атакай літоўцаў. Паўночная ударная група ў складзе 1 пяхотнай дывізіі легіёнаў, 1 літоўска-беларускай дывізіі і 2 і 4 брыгад конніцы (каля 15500 чалавек, 90 гармат), павінна была правесці атаку ўздоўж восі Сейны-Друскенікі, ліквідуючы літоўскія часткі, якія перагароджвалі шлях, а далей, калі аперацыі цэнтра і правага крыла 2 арміі будуць працякаць паспяхова, наступаць на Ліду.

Галоўная задача 4 арміі была ў тым, каб заняць на працягу двух дзён Ваўкавыск, важны чыгуначны вузел на лініі Беласток-Ліда і Беласток-Баранавічы, і забяспечыць пераправы, занятыя 3 пяхотнай дывізіяй легіёнаў. Акцэнціравалася хуткасць дзеянняў і ініцыятыва камандуючых. Для таго, каб павялічыць манеўранасць войска, абозы былі абмежаваны да мінімума - датычылася гэта ў першую чаргу ўдарнай групы. Уся падрыхтоўка адбывалася ў сціслай таямніцы. Перагрупоўкі войск праводзіліся выключна ноччу, часткі размяшчаліся ў вялікіх лясных масівах. Салдаты ударнай групы, якая была сканцэнтравана ў лясах на поўдзень ад Сейнаў, былі перакананы, што прымуць удзел у акцыі адабрання паўночнай Сувальшчыны з рук літоўцаў. Штабы частак групы былі праінфармаваныя аб сапраўдным напрамку дзеянняў толькі 17 верасня.

Польскія войскі, якія ішлі ў наступленне на армію Тухачэўскага без ударнай групы, бо тая не магла прымаць удзелу ў першай фазе бітвы, і 17 дывізіі пяхоты на Сувальшчыне, налічвалі ў баявым становішчы каля 48000 салдат з 316 гарматамі. Праціўнік перавышаў іх колькасцю, але саступаў у артылерыі і аўтаматычнай зброі. Рэзервы Галоўнакамандуючага (чатыры дывізіі пяхоты і брыгада конніцы - разам каля 30000 чалавек і 112 гармат), акрамя 2 дывізіі пяхоты легіёнаў, знаходзіліся ў глыбіні краю і маглі ўступіць у бой самае ранняе праз некалькі дзён.

Дзякуючы добрай працы разведкі, польскае камандванне мела агульнае ўяўленне аб складзе і дыслакацыі войск Заходняга Фронту. 20 верасня 3 армія Лазарэвіча мела на лініі фронту 6, 56 і 5 стралковыя дывізіі, у рэзерве 2 і 21 стралковыя дывізіі і 33 кубанскую дывізію (спешаная кавалерыя), 15 армія Аўгуста Корка - на фронце 11 і 16 стралковыя дывізіі, у рэзерве 27 стралковую дывізію і атрад "Вохра", якая была раўнацэнна стралковай дывізіі, 16 армія - на фронце 48 і 17 стралковыя дывізіі, у рэзерве 8 і 10 стралковыя дывізіі. На паўднёвым крыле Заходняга Фронту стаяла 4 армія, сфарміраваная з рэштак Мозырскай групы, узмоцненая новымі часткамі. У яе склад уваходзілі: 55, 19, 57 стралковыя дывізіі, 17 дывізія кавалерыі. Сігналізаванае польскай разведкай пра падцягванне рэзервных частак да першай лініі і з'яўленне на фронце вялікай колькасці штабоў сведчыла аб падрыхтоўцы непрыяцеля да наступальнай акцыі. Але меркавалася, што дывізіі Чырвонай Арміі не скончылі яшчэ рэарганізацыі, маюць адносна нізкія колькасныя магчымасці, а пасля нядаўняй паразы над Віслай саступаюць "духам барацьбы" польскім дывізіям. Панавала перакананне, што Польскае Войска, дзякуючы высокай маралі і лепшаму тэхнічнаму абствляванню, здолее адкінуць за Нёман галоўныя сілы Заходняга Фронту і дасць магчымасць ударнай групе нанесці рашаючы ўдар.

На супрацьлеглым баку фронту Тухачэўскі, цалкам пазбаўлены інфармацыі аб магчымым наступленні палякаў, рыхтаваўся да разгрому "беластоцка-бельскай групы". Такім чынам абодва бакі, упэўненыя ў сваёй перавазе над праціўнікам, рыхтаваліся да наступлення.

Марш ударнай групы

20 верасня 1920 г. гром гармат абвясціў пачатак бітвы над Нёманам, апошняй вялікай бітвы польска-расійскай вайны. 21 горная дывізія і 22 добраахвотніцкая дывізія, апераджаючы дзеянні непрыяцеля, ударылі на пазіцыі 5 і 6 стралковай дывізіі, каб заняваць лепшыя зыходныя пазіцыі для атакі ў рамках агульнага наступлення, якога чакалі кожную хвіліну. Рускія, зусім збянтэжаныя польскай атакай, адступалі да фартоў Гродна. На правым крыле 2 арміі 3 дывізія Польскіх легіёнаў апракінула перадавыя атрады 11 і 16 стралковых дывізій, здабыла непашкоджаныя масты ў Дублянах і пераправілася праз Свіслач.

Тухачэўскі палічыў дзеянні праціўніка за пачатак агульнага наступлення на Гродна. Падрыхтаваны да наступальнай аперацыі, ён загадаў неадкладна затрымаць палякаў і сцягнуць на фронт рэзервы. Контратакі, якія былі праведзены 21 верасня 5 і 6 стралковымі дывізіямі, скончыліся, аднак, няўдачамі. 16 стралковая дывізія панесла адчувальную паразу ў бітве з 3 дывізіяй польскіх легіёнаў, трацячы больш за 1000 чалавек і 8 гармат. Яе камандуючы быў паранены і ледзь выратаваўся ад польскай пагоні.

22 верасня ў бітву пачалі ўступаць рэзервы 3 і 15 арміі. Супраць 3 польскім дывізіям (19000 салдат, 124 гарматы) непрыяцель сканцэнтраваў часткі шасці дывізій (больш за 20000 салдат, 100 гармат). На ўсім фронце 2 арміі разгарэўся цяжкі бой. Добраахвотніцкая дывізія адбіла некалькі атак на Новы Двор і Рагачоў. Горная дывізія ваявала пад Кузніцай і Даўгасельцамі. Асабліва крывавыя баі вяла 3 дывізія польскіх легіёнаў за Вялікую і Малую Бераставіцу. Польскі салдат адбіў тут са штыком у руках чатырнаццаць атак частак 11, 16, і 5 стралковых дывізій. Для баёў, якія адбываліся 22 верасня, былі характэрны ўпартасць і бязлітаснасць абодвух бакоў.

Нягледзячы на велізарныя намаганні, чырвонаармейцы нідзе не змаглі парушыць польскіх пазіцый. Аднак наступленне цэнтра і правага крыла 2 арміі генерала Сміглы-Рыдза было затрымана. Менавіта тады, ў час цяжкіх баёў, камандванні дывізій 2 арміі атрымалі тэлеграму, якая сцвярджала, што 22 верасня з'яўляецца пачаткам агульнага наступлення. На жаль, становішча на фронце рабіла немагчымым выкананне наступальных аперацый. Спачатку трэба было адбіць контратакі праціўніка. Сітуацыя, якая склалася, мела той добры бок, што на бітве з трыма польскімі дывізіямі сканцэнтравалася ўся ўвага камандвання Заходняга Фронту, якое не ведала, што на левым крыле 2 арміі стаіць гатовая да дзеянняў моцная ўдарная група.

Канцэнтрацыя ўдарнай групы ў раёне Аўгустова была закончана 19 верасня. У наступныя два дні папоўніліся запасы правіянту і амуніцыі. Забеспячэнне давозілася аўтатранспартам з Граева. Камандванне і інтэнданцтва мела ў той час 331 машыну. Палкі ўзялі правіянт на 6 дзён. Салдатам была выдадзена амуніцыя: 150 патронаў для вінтовак, 3000 патронаў для кулямётаў. З мэтай паскарэння маршу было вырашана, што група пачне акцыю без сваіх цяжкіх абозаў. Пасля здабыцця Гродна яны павінны былі накіравацца праз гэты горад да будучых раёнаў пастою войск. Увечары 21 верасня генерал Сміглы-Рыдз паінфармаваў камандванне частак, што агульнае наступленне пачнецца на наступны дзень. Згодна аперацыйнага плану, ударная група пачынала дзеянні ў поўдзень першага дня наступлення (дзень Х). 4 конная брыгада падпалкоўніка Адама Ненеўскага (3, 7, 16, 211 палкі ўланаў, камбінаваны конны полк) атрымала загад здабыць да поўдня другога дня аперацыі (дзень Х+1) мост у Друскеніках, а потым рушыць рэйдам праз Марцінканцы на Бастуны. 2 конная брыгада палкоўніка Стэфана Стшэменьскага (4, 10 полк уланаў, 11 полк конных стральцоў), ідучы ўслед за 4 брыгадай, павінна была забяспечыць мост у Друскеніках да часу прыбыцця ўласнай пяхоты, а потым выканаць рэйд на станцыю Парэчча, чыгуначны вузел на лініі Гродна-Вільна. Задача 1 дывізіі польскіх легіёнаў палкоўніка Стэфана Дэмба-Бернацкага (1, 5, 6 палкі пяхоты легіёнаў, 41 полк пяхоты) у дзень Х была ў тым, каб заняваць Сейны, адкінуць літоўцаў на поўнач і пракласці сабе шлях на Друскенікі. На досвітку дня Х+1 дывізія павінна была рушыць уздоўж восі Бернікі-Капцёва-Віканосы-Друскенікі-Ратніца-Марцінканцы-Радунь да раёну Жырмуны. Аднак прадугледжвалася, што напрамак маршруту пасля Марцінканцаў будзе залежаць ад становішча на фронце 2 і 4 арміі, а таксама ад паводзін расійскіх воіск, якія згрупаваны каля Ліды. Згодна данясенняў польскай разведкі, у гэтым горадзе размяшчаўся штаб Лазарэвіча, тылавыя часткі і 33 кубанская дывізія. 1 дывізія польскіх легіёнаў павінна была чакаць у раёне Марцінканцаў на атрыманне стасоўнага загаду праз радыё або паветраным шляхам. 1 літоўска-беларуская дывізія генерала Яна Жандкоўскага (віленскі, мінскі, гродзенскі, навагрудскі палкі стральцоў) ішла следам за 1 дывізіяй польскіх легіёнаў, каб у дзень Х+1 пайсці праз Друскенікі-Парэчча-Васілішкі да раёну Скрыбаўцы. Галоўная задача дывізіі была ў тым, каб авалодаць на пяты дзень аперацыі раёнам Скрыбаўцы-Паперня. Пасля Парэчча далейшы напрамак маршу дывізіі залежаў ад тых самых прычын, ад якіх залежаў напрамак маршу першай дывізіі польскіх легіёнаў з Марцінканцаў. У выпадку наступлення частак пяхоты на Ліду 4 конная брыгада павінна была абысці горад з усходу, каб прыкрыць 1 дывізію польскіх легіёнаў з віленскага напрамку.

Тайныя інструкцыі, перададзеныя камандуючаму 2 арміі Галоўнакамандуючым, падкрэслівалі неабходнасць як мага хутчэйшага маршу праз частку літоўскай тэрыторыі прапаноўвалі так праводзіць аперацыі, каб у сутычках з літоўцамі абмежаваць страты да мінімума. Саладатам рэкамендавалася ставіцца да літоўцаў не як да ворагаў, а як да заблудных братоў.

Войскі ўдарнай групы рушылі згодна плану 22 верасня пунктуальна а 12.00 гадзіне. Брыгада падпалкоўніка Ненеўскага ўжо а 13.00 гадзіне дайшла перадавым аддзелам да ракі Марыхы пад мясцовасцю Кодзе. Энергічным наступленнем двух спешаных эскадронаў 7 уланскі полк заняў Кодзе і непарушаны мост праз раку, якога браніла рота 8 палку літоўскай пяхоты. Увечары 7 і 16 уланскія палкі ўдарылі на Копцева, якое абаранялі сілы ІІІ батальёна 8 палка літоўскай пяхоты з артылерыйскай батарэяй. Акцыя, якая праводзілася пад прыкрыццём цемры, скончылася абсалютным поспехам. Літоўскі батальён быў разбіты поўнасцю. Узята больш за трыста палонных, у тым ліку камандуючы палком, здабыта 4 гарматы, абозы і тэхніка. Пераможцы вельмі добра дамаўляліся з пераможанымі на польскай мове.

Пасля апанавання Капцёва падпалкоўнік Ненеўскі накіраваў на Друскенікі недалучаны яшчэ да бітвы 211 уланскі полк з заданнем здабыць мост праз Нёман. На жаль, полк (складзены ў большай частцы з недасведчаных дабравольцаў) зблытаў уначы дарогу і дайшоў да Друскенік толькі на наступны дзень у поўдзень, амаль адначасова з галоўнай калонай 4 коннай брыгады. Убачыўшы перад сабой неразпазнаную групу кавалерыі, эскадроны 211 уланскага палка з запалам рушылі ў атаку. Пасля сцвярджэння памылкі частка палка спешылася і далучылася да двух эскадронаў 3 уланскага палка, якія якраз наступалі на мост у Друскеніках, які смела абараняў ІІІ батальён 2 палка літоўскай пяхоты. Літоўцы прабавалі падпаліць пралёты маста, але былі адкінуты агнём шасці польскіх кулямётаў. Пасля некалькіх залпаў узводу коннай артылерыі літоўскі адпор пачаў слабець. Гэта выкарыстоўваюць найбліжэйшыя ўзводы 3 уланскага палка, кідаюцца на штурм, вядучы за сабою іншыя эскадроны. Уланы дабягаюць да загараджэнняў на мосце, хутка іх адкідваюць, бягуць на іншы бок і дасягаюць літоўскіх акопаў, здабываючы два кулямёты. Каля 15.30 мост быў здабыты. Тут жа па ім прайшоў галопам эскадрон 211 уланскага палка і атакаваў адступаючага праціўніка, праганяючы яго за Друскенікі. Восемдзесят палонных і тры здабытыя станкавыя кулямёты змылі з палка "ганьбу" няўданай атакі на ўласную кавалерыю.

Задачу аховы маста пераняла 2 кавалерыйская брыгада, якая да гэтай пары не мела кантакту з праціўнікам, а брыгада падпалкоўніка Ненеўскага яшчэ ў той самы дзень рушыла ў напрамку Марцінканец.

Захоп перапраў праз Нёман у Друскеніках згодна плану, 23 верасня, забяспечыў галоўным сілам ударнай групы дарогу маршу на тылы 3 і 15 армій. 1 дывізія польскіх легіёнаў выступіла дзвума калонамі на Сейны ў поўдзень 22 верасня. Палякі нанеслі ўдар на горад з паўднёвага ўсходу і паўночнага захаду, манеўр гэты быў нечаканасцю для 2 літоўскай пяхотнай дывізіі, якая чакала атакі з заходняга напрамку. Літоўцы зацята змагаліся, але не мелі шансаў у бітве з вопытнымі, загартаванымі ў баях легіённымі атрадамі.

Праз шэсць гадзін апор літоўцаў скончыўся. У руках пераможцаў былі 1700 палонных і 12 гармат. 23 верасня дывізія палкоўніка Дэмба-Бернацкага правяла яшчэ адзін кароткі бой з літоўцамі і ў вечары была ў Друскеніках, а па поўдні 24 верасня - у раёне Марцінканец, які павінна была заняць толькі ў чацвёрты дзень аперацыі.

Трохдзённы фарсіраваны марш пяшчанымі дарогамі па ўзгорыстай мясцовасці вычарпаў людзей. Пяхота з поўнай экіпіроўкай штодзённа праходзіла больш за сорак кіламетраў. Па дарозе яны шматразова павінны былі дапамагаць артылерыстам выцягваць гарматы, якія вязлі ў балоце, і пхаць каляскі з кулямётамі, каб дапамагчы коням, якія стамляліся, бо харчаваліся толькі травой. Многа салдат падала ў час маршу і засыпала непасрэдна на дарозе. Непрытомных ад знясілення людзей клалі на вазы. Праз гадзіну ці дзве салдаты вярталіся ў строй. Даваў аб сабе знаць недахоп хлеба, бо давоз з адлеглых франтавых пекарань не функцыяніраваў, а ў час маршу не было ўмоў для яго выпякання. Камандуючы першага палка пяхоты легіёнаў, аднага з найбольш загартаваных у Польскім войску, рапартаваў ноччу з 24 на 25 верасня, што "хутчэй за ўсё фарсіраваныя маршы ў такіх цяжкіх умовах могуць катастрафічна паўплываць на атрады". На шчасце, згодна папярэдніх рашэнняў дывізія павінна была чакаць пад Марцінканцамі на загад, які б акрэсліваў далейшы напрамак маршу. А таму салдаты маглі разлічваць на вельмі патрэбны адпачынак.

З-за хуткага тэмпу марша пяхоты 1 дывізія польскіх легіёнаў дагнала 4 кавалерыйскую брыгаду. Палкоўнік Домб-Бернацкі запрапанаваў палкоўніку Ненеўскаму, каб па прычыне меркавай атакі на Ліду кавалерыя прасунулася далей у напрамку гэтага горада. Падпалкоўнік Ненеўскі згадзіўся з прапановай вышэйшага па званню калегі і яшчэ 24 верасня брыгада захапіла раён Друцьміны-Паддубы-Дубічы.

1 літоўска-беларуская дывізія маршыравала без кантакту з непрыяцелем. 24 верасня яна пакінула Друскенікі і (пакінуўшы батальён гродзенскага стралковага палка для аховы маста) згодна планам выступіла следам за 2 кавалерыйскай брыгадай на Парэчча. У гэты час апераджаючая яе кавалерыя была затрымана атрадамі 2 і 7 палкоў літоўскай пяхоты ў лясах каля вёскі Чарнуха-Запужэ і, нягледзячы на шматгадзінныя баі, не дала рады прасунуцца ўперад. Толькі надыход 1 літоўска- беларускай дывізіі зрабіў магчымым пералом абароны. Гонячы разбітага праціўніка, палякі засталі на станцыі Парэчча 7 полк літоўскай пяхоты, які якраз выгружаўся з цягніка. Было ўзята больш за трыста палонных і дзесяць кулямётаў. Рэшткі літоўцаў хутка адступілі не супраціўляючыся.

Гэтым ударная група выканала сваё заданне, бо перайшла Нёман у трэці дзень аперацыі і сканцэнтравала атрады ў раёне Парэчча і Марцінканец. Напрамак далейшых дзеянняў залежаў зараз ад развіцця сітуацыі на фронце 2 і 4 арміі.

Рашэнне Галоўнага Камандуючага

Калі ўдарная група з поспехам выконвала сваё заданне, сітуацыя ў цэнтры і на правым крыле 2 арміі і далей была няяснай. 23 верасня дывізіі генерала Сміглы-Рыдза павінны былі пераправіцца праз Нёман і заняць Гродна. Ніводная з дывізій не дасягнула вызначанай мэты. Дабравольніцкая дывізія ў цяжкіх баях толькі ўвечары дайшла сваім левым крылом да берага Нёмана на поўнач ад Гродна. Група маёра Бернарда Монда (205 пяхотны полк, дзве крэсовыя стралковыя дывізіі, рота сапёраў), якая тут дзейнічала, уначы з 23 па 24 верасня захапіла напалову знішчаны мост пад Гожай, які баранілі літоўцы і разпачала яго адбудову, адначасова перапраўляючы частку атрадаў на ўсходні бераг Нёмана зробленымі на скорую руку плытамі. У выніку дрэнна працуючай сувязі вестка аб поспеху маёра Монда дайшла да штаба 22 дывізіі толькі ўвечары 24 верасня. 21 горная дывізія 23 верасня ваявала пад Індурай і Адэльскам з часткамі 5 і 56 стралковых дывізій. Непрыяцель зламаў паўночнае крыло дывізіі і выйшаў у тылы войск, якія былі каля Кузніцы. Небяспечнае становішча палепшыў 2 тылавы полк падхалянскіх стралкоў, які ранкам 24 верасня прымусіў рускіх адысці. Індура чатыры разы пераходзіла з рук у рукі, перш чым яе канчаткова занялі палякі.

Зацяты бой вяла 3 дывізія Польскіх Легіёнаў, атакаваная на ўсім фронце часткамі 4, 16, і 19 стралковых дывізій. У аперацыйным дзённіку дывізіі запісана: "23 верасня 1920 г. непрыяцель узнавіў атакі, асабліва на паўночны адрэзак дывізіі. (...) Заўважана ўзмацненне непрыяцельскай артылерыі, агонь якой даходзіў да значнага напружання. Амерыканскі і францускі афіцэры, якія пры гэтым прысутнічалі, адзначылі, што напружанне агня даходзіла да сілы, якая нагадвала вялікую вайну на заходнім фронце. Атакі адбіваліся пераважна ў баях з халоднай зброяй. Аднак нашы часткі не задавальняліся адбіццём атак, пераходзілі ў контратак, у выніку якіх на працягу дня захапілі 180 палонных з вінтоўкамі і чатыры кулямёты.

Яшчэ раз уначы з 23 на 24 верасня рускія паспрабавалі зламіць фронт дывізіі, але былі адкінуты і панеслі вялікія страты.

Ранкам 23 верасня да атаку на Ваўкавыск выступіла група генерала Уладыслава Юнга (15 дывізія пяхоты, чацвёртая брыгада пяхоты Легіёну з тылавай 2 дывізіі пяхоты Легіёну, 18 полк уланаў), якая ўтварыла паўночнае крыло 4 арміі. Генерал Юнг вёў каля 9000 салдат з 52 гарматамі. Яго праціўнік, 48 старлковая дывізія і 56 самастойная стралковая брыгада, меў каля 7500 чалавек і 16 гармат. Атака групы была вялікай нечаканасцю для камандуючага 15 расійскай арміі. На працягу некалькіх гадзін польскія часткі, вельмі добра падтрыманыя артылерыяй, прарвалі фронт непрыяцеля, узялі амаль 1000 палонных і да вечара, пры невялікіх уласных стратах, занялі Ваўкавыск. Але на досвітку 24 верасня Корк увёў у бітву 27 тылавую стралковую дывізію (6735 чалавек, 31 гармата). Яе галоўныя сілы ўдарылі на Ваўкавыск, які абараняла 30 пяхотная брыгада, і пасля бітвы, якая цягнулася ўвесь дзень, прымусілі палякаў адысці. Абодва бакі панеслі вялікія страты: 372 чалавекі, рускія каля 700.

Суцяшальныя рапарты прыйшлі ў той дзень з фронту 2 арміі. Пасля пераможнага начнога бою 3 дывізія пяхоты Легіёнаў перайшла ў наступленне, адкідваючы непрыяцеля на ўсход. Перадавыя часткі горнай і легіёнскай дывізій рапартавалі аб тым, што яны заўважылі прыкметы, якія сведчаць, што рускія пачалі рыхтавацца да адыходу. Пасля абеду да штаба 2 арміі авіяцыйным шляхам дайшла інфармацыя аб фарсіраванні Нёмана групай маёра Монда. Да 18.00 уся група перайшла на ўсходні бераг ракі і, не дачакаўшыся надыходу іншых частак 22 дывізіі, выступіла дзвюма калонамі на поўдзень. Перад поўначчу маёр Монд наблізіўся да фартоў Гродна.

Генерал Сміглы-Рыдз у той жа час падхапіў магчымы шанец захопу горада і вырашыў узмацніць наступленне маёра Монда дзеяннем 2 кавалерыйскай брыгады. Ужо ў 16.30 камандуючы 2 арміі выдаў аперацыйны загад № 58, які наказваў ударнай групе застацца ў раёнах, прадугледжаных для яе на трэці дзень аперацыі, да часу надыходу чарговага загаду ранкам 25 верасня. Група павінна была заставацца ў гатоўнасці да марша на Ліду альбо на Масты. Такі ж самы загад накіраваў 2 кавалерскую брыгаду на Гродна і наказваў ёй аб'яднацца з групай маёра Монда. Генерал Жандкоўскі атрымаў даручэнне выслаць раз'езд з кулямётамі да Азёр, а камандуючы 4 кавалерыйскай брыгады - прарваць моцным дазорам лінію чыгункі Ліда- Вільна. Паведамленне загаду часткам ударнай групы было пэўным клопатам. Сувязь пры дапамозе аўтамашын да хвіліны здабыцця Гродна была немагчымай, бо гэта патрабавала абавязковага праезду праз тэрыторыю Літвы. Радыёстанцыі, якія працавалі пераважна на здабытым абсталяванні, якое часта псавалася, не заўсёды маглі наладзіць сувязь. Горш за ўсё было тое, што па недагляду не былі вызначаны пастаянныя гадзіны сувязі. Урэшце ў штаб 1 літоўска-беларускай дывізіі загад даставіў пілот сувязнога самалёту падпаручнік Рашкоўскі. Пасля розных ускладненняў загад атрымалі, хаця са спазненнем, і іншыя часткі ўдарнай групы.

Пілсудскі, ацэньваючы вечарам 24 верасня становішча, асаблівую ўвагу надаваў захопу Гродна; ад гэтага, на яго думку, залежаў працяг абходнага манеўра на Ліду. Аперацыйны загад № 64 Галоўнага штаба Галоўнага камандуючага, які быў выдадзены перад абедам 25 верасня, забараняў ударнай групе пераходзіць чыгуначную лінію Гродна-Араны да часу вырашэння бітвы за Гродна. Генерал Тадэвуш Кутшэба ў працы "Бітва над Нёманам" так ахарактарызаваў прадумовы рашэння Пілсудскага: "У сувязі з тым, што баі над Нёманам не далі яшчэ канцавога выніку і шалі тактычнай перамогі вагаюцца, рана яшчэ пускаць у марш гэтую групу частак, якая мае вырашаць памеры паразы праціўніка. Да пагоні нельга яшчэ прыступаць, бо бой яшчэ не скончаны, а ўвесці флангавую групу ў бой над Нёманам шкада, бо нават калі б арміі, што атакуюць франтальна, не мелі сіл да прасоўвання наперад, то час зробіць сваё, атакі вычарпнуць праціўніка, і толькі ў стадыі гэтага вычарпання ўпадзе на іх удар флангавай групы. Таму яна павінна яшчэ пачакаць."

План вычарпання войск Тухачэўскага няспынным напорам на ўсім фронце меў шанец поспеху. Часткі 2 арміі, праўда, панеслі значныя страты і былі стомлены чатырохдзённымі баямі, але памяць нядаўняй перамогі над Віслай, павольнае адкідванне рускіх на ўсход і пераможнае адбіццё іх атак давалі пачуццё перавагі над ворагам і ўпэўненасць у абавязковай перамозе, хоць і прыйшлося б яе выкупіць крывёю. Становішча частак 3 арміі было значна горшым, яе супраціўляльнасць слабела з кожным днём.

Расійскія гісторыкі так ацэньвалі маральнае становішча арміі Лазарэвіча пасля першых дзён бітвы над Нёманам: "Папярэднія няўдачы забралі веру ў перамогу над праціўнікам. Папаўненне, уключанае ў рады арміі ў раёне г. Дамброва і Гродна, складалася з дэзерціраў- украінцаў, а таксама з мясцовых жыхароў гродзенскай губерніі, якія зусім не былі тактычна і палітычна падрыхтаваны. Трэба было іх добра вышкаліць, каб зрабіць з іх такіх служакоў, якіх мы мелі пад фартамі Мадліна. Уключанае папаўненне з петраградскіх мабілізаваных камуністаў не выканала сваёй працы над палітычнай свядомасцю, бо не было часу. Няўдалыя баі за пашырэнне гродзенскага плацдарма падцвердзілі нягоднасць гэтага папаўнення. Разам біліся добра, энтузіязм камандуючых-камуністаў і лепшых салдат-ветэранаў рабіў сваё. Але дастаткова было, каб часткі згубілі паміж сабой зрокавую сувязь і пачалі адчуваць сваю бездапаможнасць і мелі панічны настрой, пры першых жа выстралах гублялі панаванне над сабой, а адыход адбываўся неарганізавана. Былі выпадкі масавай здачы ў палон, асабліва ў частках, укамплетаваных жыхарамі гродзенскай губерніі".

Познім вечарам 23 верасня камандванне 3 арміі атрымала няяснае паведамленне аб фарсіраванні Нёмана палякамі. Спачатку яму не паверылі. Ранкам наступнага дня прыйшла кароткая інфармацыя, якая шакіравала штаб Лазарэвіча: "Польскія войскі, разбіўшы літоўскія часткі, занялі горад Друскенікі, яны займаюць тэрыторыю Гожы і наступаюць на Гродна ў напрамку станцыі Друскенікі-Старая Руда". Паведамленне было не зусім дакладнае і не адлюстроўвала ўсёй пагрозы становішча. Рускія не ведалі, што Нёман фарсіравалі два польскія злучэнні, якія дзейнічуюць незалежна: група маёра Монда і ўдарная група. Няправільна былі вызначаны намеры ўдарнай групы, бо іх абмежавалі да акружэння Гродна. Невядомы быў і склад групы. Пасля пэўных ваганняў і кансультацыі з камандуючым Заходняга Фронту Лазарэвіч сцвердзіў, што палякі толькі прарвалі фронт і не імкнуцца да акружэння расійскіх войск.

Тухачэўскі, які зусім не арыентаваўся ў становішчы, загадам, выданым 24 верасня ў 13.00, даў распараджэнне 3 арміі, каб яна "разбіла праціўніка ў раёне Друскенікі-Марцінканце". Праз тры гадзіны Лазарэвіч накіраваў для контратакі на Друскенікі 2 і 21 стралковыя дывізіі. Акцыя, прадугледжаная на 25 верасня была вельмі запозненай, бо палякі, за выключэннем батальёна 1 літоўска-беларускай дывізіі, які ахоўваў мост, пакінулі горад ранкам папярэдняга дня. Да часу ліквідацыі "брэшы" пад Друскенікамі рэшта сіл 3 арміі павінна была ўстрымаць польскае наступленне на Гродна і Нёман: 6 і 56 стралковыя дывізіі былі прызначаны для абароны фартоў Гродна, 5 стралковая дывізія - да абароны лініі Нёмана.

Рашэнні Тухачэўскага і Лазарэвіча, якія не ліквідавалі пагрозы, утворанай ударнай групай, аблягчылі задачу 21 горнай дывізіі і 22 дабравольніцкай дывізіі. 5 стралковая дывізія, якую моцна прыціскалі падгаляне, ужо ранкам 25 верасня пачала адыходзіць з пазіцый на ўсходнім беразе Нёмана. Пяхота дабравольніцкай дывізіі, якую падтрымлівала агнём артылерыя генерала Ледухоўскага, пачала бой за заходнія фарты Гродна.

На досвітку 1 полк падхалянскіх стралкоў смелым наступленнем захапіў узмацненні паміж фартамі № 5 і 6. А 7 гадзіне здаўся форт № 4, а крыху пазней фарты № 1 і 2 былі пакінуты рускімі без боя. Пасля абеду 101 полк пяхоты ўварваўся ў прыгарад Гродна. Група маёра Монда наступала на фарты, якія былі размешчаны на ўсходнім беразе Нёмана; іх абаранялі дзве брыгады 56 стралковай дывізіі.

Ранкам 25 верасня Лазарэвіч атрымаў першыя інфармацыі аб рэальных сілах і задачах польскай ударнай групы. Пад іх уплывам камандуючы 3 арміі пастанавіў накіраваць у Друскенікі дадаткова две брыгады 56 стралковай дывізіі. Аднак планаваны расійскім камандваннем удар на Друскенікі ніколі не ажыццявіўся. 56 стралковая дывізія, энергічна атакаваная групай маёра Монда, не магла перагрупаваць часткі. 21 стралковая дывізія пасля цяжкага марша толькі познім вечарам 25 верасня дайшла да зыходняга пункту наступлення. З такім жа вялікім спазненнем выконвала заданне 2 стралковая дывізія, якая была пад пагрозай у сувязі са з'яўленнем на сваім крыле польскай 2 кавалерыйскай брыгады і дазораў генерала Жандкоўскага.

Абедзве дывізіі праз увесь дзень чулі гром артылерыі з боку Гродна, які ўсё мацнеў і сведчыў аб поспехах польскага наступлення. Свядомасць надыходу пераможнага праціўніка з захаду і адначасова з'яўленне моцных польскіх частак на поўначы і ўсходзе не ўплывала карысна на моцна ўжо пахіснутае маральнае становішча войска. У атмасферы няпэўнасці, пагрозы, якая нарастала, пасярод загадаў, якія змяніліся, 2, 21 і 56 стралковыя дывізіі не распачалі дзеянняў і сталі пасіўнымі сведкамі падзей на фронце, якія набіралі ўсё хутчэйшы тэмп.

Пасля абеду гэтага дня Пілсудскі, які пільна газіраў за развіццём сітуацыі, вырашыў, што крызіс бітвы мінуў, і загадаў ударнай групе выступіць на Ліду. Значэнне гэтага рашэння Галоўнага Камандуючага генерал Кутшэба праз некалькі год акрэсліў так: "Усе ваганні скончыліся, ёсць толькі адна дарога да перамогі: марш на Ліду. Гэта значнае рашэнне: накіроўвае яно флангавую групу ў зусім няпэўную сітуацыю, загадвае адмовіцца ад тактычнага ўплыву на характар яе баёў на некалькі дзён. Усё зараз залежыць ад таго, як войскі гэтай групы дадуць рады самастойна выконваць без ускоснага кантролю такія цяжкія баявыя задачы, як змаганне супраць перавагі ў некалькі разоў"

Рашэнне Пілсудскага было перададзена у 17.00 пілотам сувязнога самалёта ў штаб 1 літоўска-беларускай дывізіі. У след за ёю генерал Сміглы-Рыдз выдаў аперацыйны загад № 60, які ў ІІІ пункце вызначаў дзеянне канкрэтных тактычных злучэнняў ударнай групы: "(...) Жандкоўскі дасягне 25 верасня адной брыгадай Азёр, другой брыгадай - Берштаў, 26 верасня - раёна Астрыно-Бакшты, 27 верасня раёна Паперня-Скрыбаўцы. Бернацкі і Ненеўскі пойдуць лініяй маршу, вызначанай аперацыйным загадам № 55, і будуць рэгуляваць марш так, каб 27 верасня атакаваць Ліду, 2 кавалерыйская брыгада пасля выканання задання пад Гродна будзе накіравана на ранейшую лінію марша".

Амаль дакладна ў той самы час у расійскіх штабах было прынята рашэнне аб пачатку адступлення войск Заходняга Фронту. Пасля кансультацыі з Тухачэўскім камандуючы 3 арміі загадаў на працягу 26 верасня вывесці 6 і 56 стралковыя дывізіі з артылерыяй і абозам арміі да раёну Шчучын-Дзембрава. З поўначы абарону супраць польскай ударнай групы забяспечылі 2 і 21 стралковыя дывізіі, а 33 кубанская дывізія - супраць кавалерыі, якая была заўважана каля Жырмун; з боку Гродна - 5 стралковая дывізія. 27 верасня пры нязменным заданні 2, 21, 33, 56 стралковых дывізій рэшта арміі адыходзіла да раёну на паўднёвы захад ад Ліды.

Рашэнні былі прыняты. Іх выкананне залежала ад паставы салдат і энергіі камандзіраў.

Пад Радунню і над Лебядой

Галоўны камандуючы меў усе падставы верыць, што накіраваныя на ўдар па Лідзе часткі дадуць рады нават у вельмі цяжкай сітуацыі. Яны лічыліся найлепшымі ў Польскім Войску. 1 дывізія пяхоты Легіёнаў, якая працягвала баявыя традыцыі Легіёнаў, праславілася на шматлікіх палях бітваў Беларусі і Украіны. Подчас драматычнага адыходу з-пад Кіева дывізія разарвала кальцо расійскага акружэння ў крывавай бітве пад Барадзянкай, зрабіўшы магчымым для арміі марш на захад; шматразова вяла пераможныя баі з кавалерыяй Будзёнага. У днях польскага контрнаступлення з-за Вепша 1 полк пяхоты Легіёнаў нанёс пад Беластокам паразу 16 расійскай арміі. Загартаваны салдат мог вытрымліваць фарсіраваныя маршы з поўнай выкладкай і спаць толькі 3-4 гадзіны ў суткі. Маральны стан войска быў вельмі добры; усюды чакалі новай вялікай перамогі польскай зброі. Камандуючы дывізіі, палкоўнік Домб-Бернацкі, належаў да ліку найбольш здольных "легіённых" камандуючых. Перад 1914 г. ён быў членам Стралковых Дружын, прайшоў у Легіёнах і 1 дывізіі пяхоты легіёнаў ўсе ступені камандвання.

Падобныя прыкметы былі характэрны і для 4 кавалерыйскай брыгады. Яе аснову складалі 3 і 7 уланскія палкі, якія належалі да найстарэйшых частак адроджанага Польскага Войска. Большую частку кадраў 7 уланскага палка ўтварылі салдаты 1 уланскага палка Польскіх Легіёнаў ( Беліняцы (ад фаміліі Беліна)). Полк меў за сабой доўгі баявы шлях. Ваяваў на Беларусі (між іншым пад Лідай), на Валыні, супраць 1 конскай арміі Будзёнага. Падчас жнівеньскага контрнаступлення разам з 3 уланскім палком, званым "Дзецьмі Варшавы", заваяваў на палях Цыцава знакамітую перамогу над так званай "Групай Датоля". Цудоўнымі баявымі традыцыямі ганарыўся таксама 3 уланскі полк, кадры якога галоўным чынам утварылі салдаты І корпуса генерала Юзефа Даўбора-Мусніцкага. 16 полк велькапольскіх уланаў, які рэпрэзентаваў "паважнасць ( саліднасць)", характэрную для частак, утвораных на тэрыторыі былога прускага падзелу, ваяваў ужо на Украіне і Валыні. У жніўні 1920 г. ён праславіўся пад Мелейчыцамі, бо ўзяў у палон цэлую ўдарную групу артылерыі. 211 уланскі полк, складзены з дабравольцаў, характарызавала бравура і жаданне быць роўным з дасведчанымі франтавымі палкамі. Камбінаваны кавалерыйскі полк, які быў сфармаваны напрыканцы жніўня з маршавых эскадронаў 5, 2, 8, 9 уланскіх палкоў, выкарыстоўвалі для другасных заданняў. Не хапала яму адзінства эскадронаў агульнай баявой традыцыі.

1 літоўска-беларуская дывізія была ўтворана ў пачатку 1919 г. з дабравольніцкіх фармацый польскай самааховы Віленшчыны, навагрудзкай, мінскай, гродзенскай зямель. Асабліва самааддана ваявала яна падчас адступлення ўлетку 1920 г. Вызначылася ў ліпені пад Нёманам, дзе да канца трымала абарону, а пасля штыком пракладвала сабе шлях адступлення ў наднёманскіх лясах. У жніўні абараняла Варшаву; яе палкі два дні змагаліся за Радзымін і склалі багатую даніну крыві ў брам сталіцы Польшчы. Камандуючы дывізіі, генерал Жандкоўскі, былы палкоўнік пяхоты царскай арміі, характарызаваўся як чалавек з дужай энергіяй і вялікай псыхічнай супраціўляльнасцю. Пераважная большасць салдат дывізіі была родам з тэрыторый, на якія ўвайшла зараз іх частка. Свядомасць, што будучая бітва з'яўляецаа адначасова барацьбой за вяртанне да родных хат, нараджала рашучасць і гатоўнасць да самаахвяраванняў.

Згодна становішча на 15 верасня 1920 г. войскі ўдарнай групы налічвалі:

img/2.jpg

У днях марша на Ліду баявы стан быў крыху меншы і праўдападобна быў крыху большы за 13000 чалавек.

Гэтыя сілы павінны былі затрымаць 3 расійскую армію. Войскі Лазарэвіча панеслі ў папярэдніх баях цяжкія страты. Каб укамплетаваць баявыя станы, камандванне Заходняга Фронта загадала распусціць гаспадарчыя часткі і часткі забеспячэння, а людзей накіраваць на лінію фронта. Такім чынам кожная дывізія атрымала каля 600 штыкоў. Да франтавых частак былі таксама далучаны нешматлікія часткі рэзерва. Таму, нягледзячы на страты, баявы стан арміі мог дасягаць 20000 чалавек з амаль сотняй гармат. Горшы за матэрыяльныя страты быў упадак духу. Адступленне падарвала давер да ўласнага камандвання. Былі адзначаны выпадкі адмаўлення выканання загаду, свядомага адыходу ад боя. Камандзіры нізкіх рангаў на саму вестку аб з'яўленні палякаў маглі змяніць вызначаны напрамак марша, чым выклікалі балаган і цяжкасці ў арганізацыі сувязі.

Сярод частак ударнай групы раней за ўсіх аперацыйны загад № 60 камандуючага 2 арміі атрымала 1 літоўска-беларуская дывізія. Але яна не магла ў тую ж хвіліну прыступіць да яго выканання. Яе ІІ брыгада, ідучы на Азёры, спаткала над Новай Рудай 63 брыгаду з 21 стралковай дывізіі. Вельмі добра кіраваная падпалкоўнікам Рыбіцкім, брыгада ў начным баі разбіла праціўніка, які страціў больш за 500 чалавек. Чырвонаармейцы, кідаючы абозы, праз пушчу і балоты прабіліся да Астрына, а потым змаглі далучыцца да калоны 2 стралковай дывізіі. Брыгада падпалкоўніка Рыбіцкага 26 верасня заняла Азёры, правяла кароткі бой з тылавай аховай 21 стралковай дывізіі і, каб навярстаць спазненне, у якім не была павінная, без адпачынку павярнула на Шкленск. Марш адбываўся ў незвычайна цяжкіх умовах.

"Ад хвіліны вырушэння з Запружжа каля 15.00 папярэдняга дня брыгада прайшла маршам каля 45 кіламетраў, амаль увесь час у кантакце з непрыяцелем, і ўсю ноч білася пад Новай Рудай. На дарозе брыгада мела папсаваныя непрыяцелем усе масты і іншыя пашкоджанні дарог. Мясцовасць вельмі цяжкая, узгорыстая, глыбокі пясок. Вялікая колькасць людзей у выніку недахопу абутку мела пакалечаныя ногі і многія заставаліся ў тыле. Горшым было становішча коней - артылерыя ўскладняла марш пяхоты. Рвалася збруя, некалькі артылерыйскіх коней пала. Ад Шкленска толькі адна батарэя магла ўдзельнічаць у маршы".

Да Шкленска брыгада дайшла 27 верасня ў 1.00, зусім змучаная. Салдаты 1 літоўска-беларускай брыгады прайшлі за гэты час 44 км у пагоні за дзвюма застаўшыміся брыгадамі 21 стралковай дывізіі і ўвечары занялі Бакшты.

Радыёстанцыі1 дывізіі пяхоты Легіёнаў і 4 кавалерыйскай брыгады не прынялі аперацыйнага загаду № 60, яго змест доўга не быў вядомы камандуючым абедзвюх груп, што стварала рэальную пагрозу для поспеху аперацыі. Віна ў гэтым выпадку ляжала на Сміглым-Рыдзе. Ён не вызначыў агульнага камандуючага для ўсёй групы і не паклапаціўся праверыць, ці ўсе баявыя адзінкі атрымалі загад. Ранкам 26 верасня на занятай кавалерыяй тэрыторыі прымусова прызямліўся самалёт з Галоўнага Штаба Галоўнага Камандуючага. Пілот не вёз загадаў, але паінфармаваў камандуючага брыгады аб захопе Гродна. Падпалкоўнік Ненеўскі адразу перадаў вестку ў штаб 1 дывізіі пяхоты Легіёнаў разам з прапановай сумеснага марша на Ліду. Аднак палкоўнік Домб-Бернацкі згодна дамовы вырашыў чакаць загаду камандуючага 2 арміі. Гэты дзень быў прысвечаны адпачынку і ўпарадкаванню пасля вычарпальных маршаў пяхоты.

Перад вечарам дазор фуражыраў, які збіраў сена для кавалерыйскіх коней, узяў у палон начальніка сувязі 21 стралковай дывізіі. Палонны падцвердзіў інфармацыю аб адступленні Чырвонай Арміі з-пад Гродна і, больш за тое, назваў трасу пахода сваёй дывізіі да перапраў на багністай рэчцы Праважа пад мясцовасцямі Пеляса і Праважа. Пасля захопу перапраў дывізія мела намер ісці дзвюма калонамі праз Каргоўды і Віганцы на Радунь. Падпалкоўнік Ненеўскі вырашыў адрэзаць непрыяцелю дарогу адступлення на пераправы і звярнуўся да камандуючага 1 дывізіі пяхоты Легіёнаў з просьбай аб узаемадзеянні двух палкоў пяхоты ў меркаваным наступленні. Пакуль прыйшло рашэнне палкоўніка Дэмба-Бернацкага, камандзір І брыгады пяхоты Легіёнаў, палкоўнік Эдмунд Кнолль-Каўнацкі, з уласнай ініцыятывы накіраваў на дапамогу кавалерыі абодва свае палкі: 1 і 5 палкі пяхоты Легіёнаў.

Баі пад Радунню пачала акцыя 16 уланскага палка, які перад поўначчу захапіў двума эскадронамі Пелясу. Аднак ён не змог устрымаць удару 186 стралковага палка, які ішоў наперадзе адной з калон 21 дывізіі. Чырвонаармейцы прайшлі мост праз Праважу і выбілі ўланаў з вёскі. Няўдачу кампенсаваў 4 эскадрон палка. Прасоўваючыся ў цемры ночы, ён напаткаў калону пяхоты і разагнаў яе атакай; было ўзята 130 палонных і здабыта 4 кулямёты. Поспех не змяніў аднак таго факту, што пераправа была ў руках рускіх. Гэта мела далейшыя наступствы. Калі на світанні 27 верасня 16 ўланскі полк прыпыніўся пад вёскай Дубінцы, яго заатакавала калона 21 дывізіі, якая выйшла з захопленай Пелясы. Полк адкінуў перадавыя часткі непрыяцеля, пасля чаго сам перайшоў у контратаку і распачаў цяжкі агнявы бой з пяхотай. На дапамогу прыйшлі эскадроны 7 уланскага палка, размешчаныя ў блізкіх Віганцах. 1 і 4 эскадроны ўзмацнілі стралковы ланцуг Велькаполян. 3 эскадрон, якім кіраваў ротмістр Станіслаў Кляпача, пайшоў у атаку на пяхоту на поўдні ад Пелясы. Калі чырвонаармейцы ўбачылі атакуючых уланаў, яны пачалі масова кідаць зброю і падносіць рукі ўгору. Хуткасць акцыі і багністая мясцовасць зрабілі для палякаў немагчымым захоп палонных. Правае крыло эскадрона было моцна абстрэлена абаронцамі перадмаставога ўмацавання, таму наступленне працягвалася ў гэтым напрамку. Атрад, які ахоўваў мост, псіхічна не вытрымаў бравурнай атакі. Калі ўланы пад'ехалі на малую адлегласць, пехацінцы склалі зброю. Было ўзята ў палон 130 чырвонаармейцаў, у тым ліку начальнік штаба 21 дывізіі, здабыта 3 кулямёты. У той жа час пяхота, якую пакінулі на багністым лузе, апамяталася, паднесла кінутыя вінтоўкі і пачала агонь. Бой разгарэўся з новай сілай. У рэшце 21 стралковая дывізія адмовілася ад пераправы пад Пелясой і распачала адступленне ў паўднёвым напрамку.

1 полк пяхоты Легіёнаў, які ішоў на дапамогу кавалерыі, у поўнач рушыў на Каргоўды з заданнем захопу гэтай мясцовасці і закрыцця дарогі Васілішкі- Радунь. Полк ў апошнюю хвіліну апярэдзіў расійскую калону, якая ўжо падыходзіла да Каргоўд, і ссунуў яе ў раён вёскі Палашкі. У гісторыі 1 палка пяхоты Легіёнаў занатавана: "У час бою, які завязаўся пад Палашкамі, 1 рота падпаручніка Бельскага абышла вёску з паўднёвага боку і незаўважанай прайшла ў тылы праціўніка, які быў заняты наступленнем 9 і 10 роты. Калі камандзір 1 роты ўпэўніўся, што ў вёсцы абараняюцца рускія, ён хутка прыняў рашэнне і, карыстаючыся цемрай, падцягнуў бліжэй сваю роту, пасля чаго з усёй сілай пайшоў у штыкавую атаку. У нейкі момант узводы роты апынуліся пасярод будынкаў, дзе пачалася цяжкая бітва. У кароткім, але гарачым баі батальён 185 савецкага стралковага палка, які занімаў вёску, быў цалкам знішчаны і нават не мог супраціўляцца. Рота ўзяла 140 палонных і кулямёт, на плошчы засталіся 15 забітых і каля 30 параненых непрыяцеляў. Рэшта расійскага палка збегла ў паніцы. Агульная здабыча была наступнай: 230 палонных, 1 кулямёт, 3 коні. У баі былі паранены 1 унтэр-афіцэр і 1 легіяніст".

5 полк пяхоты Легіёнаў у выніку вельмі познага пачатку дзеянняў не паспеў абысці 62 стралковую брыгаду, толькі спаліў мост пад вёскай Праважа.

У выніку праведзеных баёў пад Радунню 21 стралковая дывізія панесла цяжкія страты, была адкінута за рэчку Праважу і вымушана змяніць напрамак адступлення. 4 кавалерыйская брыгада якраз збіралася распачаць пагоню, калі штаб І пяхотнай брыгады Легіёнаў перадаў вестку аб надыходзе на світанні 27 верасня доўгачаканага загаду наступлення на Ліду. Было прадпісана тэрмінова скончыць акцыю супраць разбітай 21 дывізіі, і польскія часткі пачалі рыхтавацца да адыходу. Пасля абеду палкоўнік Домб-Бернацкі зпадкаўся з падпалкоўнікам Ненеўскім. Абодва камандуючыя ўзгаднілі план наступлення на Ліду. У сувязі з тым, што па прычыне спазнення загаду акцыя затрымлівалася на цэлыя суткі, згублены час трэба было кампенсаваць хуткасцю дзеянняў. Вырашана, што 1 пяхотная дывізія Легіёнаў ударыць з раёну Жырмунаў 1 брыгадай на горад з усходу, праз Сарокі - Абманічы - Гутна - Зарэчча, а ІІІ брыгадай з поўначы праз Вялікае Сяло. 4 кавалерыйская брыгада павінна была абысці Ліду з усходу і пад прыкрыццём дывізіёна 7 уланскага палка і камбініраваным кавалерыйскім палкам з боку Вільна наступаць праз Дуброўню на Навапрудцы. Палкоўнік Домб-Бернацкі ў загадзе, выданым яшчэ ў 7.00, прадпісваў разпачаць атаку на Ліду паміж 22.00 і 24.00, але высветлілася, што нават загартаваная легіённая пяхота пасля бесперапынных пераходаў і баёў не можа адразу прыступіць да чарговай акцыі. Урэшце камандванне дывізіі арганізавала кароткі адпачынак, адкладваючы пачатак дзеянняў для І брыгады на 4.00, адля ІІІ брыгады на 6.00 28 верасня.

Познім вечарам 27 верасня палкі І брыгады атрымалі ад палкоўніка Кнолля-Каўнацкага падрабязны загад наступлення на Ліду. У сувязі са спадзяванымі вулічнымі баямі пяхоту на першай лініі павінны былі ўзмацніць палявыя гарматы (пад камандваннем дасведчаных афіцэраў) для знішчэння кулямётных гнёздаў. Афіцэрам быў нагаданы ўрывак ранішняга загаду палкоўніка Демба-Бернацкага, у якім камандуючы дывізіі інфармаваў, што "... усе шкоды, нанесеныя цывільнаму насельніцтву, будуць пакрыты адпаведнымі палкамі, нават калі гэта будуць вялікія сумы".

Загад палкоўніка Кнолля-Каўнацкага не прадугледжваў уваходу у горад усёй І пяхотнай брыгады Легіёнаў у першай фазе аперацыі. Быў выкарыстаны вопыт, здабыты падчас нядаўніх баёў за Беласток. Пасля вайны палкоўнік Кнолль-Каўнацкі так тлумачыў матывы свайго рашэння: "Пэўная асцярожнасць, якая прасочваецца ў аператыўным загадзе І брыгады Легіёнаў ад 27 верасня, тлумачыцца маім вопытам нядаўняга бою за Беласток, у якім я зразумеў, як небяспечна ўваходзіць у вялікі горад, не маючы ўпэўненасці выхаду ў другі яго канец на хоць нейкую магчымую пазіцыю. Ужо з карты было бачна, што на колькі лёгкай будзе для ўтрымання пазіцыя на ўсход ад Ліды, настолькі цяжкай будзе пазіцыя заходняя. Таму я не хацеў усёй брыгадай уваходзіць у горад да таго часу, пакуль не будуць надзейна абстаўлены яго заходнія ўскраіны. Менавіта так, наколькі памятую, я растлумачыў гэтую справу камандуючаму 1 пяхотнага палка Легіёнаў і ставіўся да 5 пяхотнага палка Легіёнаў часткова як да палка рэзерва брыгады".

1 пяхотны полк Легіёнаў падпалкоўніка Яна Крушэўскага, якому камандуючы брыгады прызначыў галоўную ролю ў захопе Ліды і абстаўленні яго заходніх ускраін, у 1.30 стаў пад Жырмунамі, маючы "у нагах" 52 км марша. І батальён 6 пяхотнага палка Легіёнаў і 211 уланскі полк, якія акружылі вёску, якраз адбівалі атаку частак 33 кубанскай дывізіі. Падпалкоўнік Крушэўскі падтрымаў абаронцаў 10 і 12 ротамі. Пасля паўгадзіннай страляніны рускія саступілі, і полк увайшоў у Жырмуны. Салдаты маглі сабе дазволіць кароткі адпачынак. У 5.00 полк як перадавы дазор І брыгады рушыў на Ліду, яго папераджаў конны разведачны эскадрон і дзве роты з узводам артылерыі. Стомленыя, але поўныя "наступальнага духу" салдаты ішлі хутка, з вельмі добрым настроем, кіруючыся да зыходных пазіцый для наступлення. Многа чалавек з параненымі нагамі (адчуваўся недахоп абутку) засталося ў тыле, аднак упарта ішлі малымі групкамі, каб не згубіць кантакту са сваім палком.

ІІІ пяхотная брыгада Легіёнаў ішла шашой Вільна - Ліда. 4 кавалерыйская брыгада пасля заканчэння канцынтрацыі сваіх палкоў пакінула раён Жырмун у 8.00.

Сутачнае спазненне ў наступленні на Ліду магло зрабіць немагчымым закрыццё дарогі адступлення праз гэты горад дывізіям 3 арміі Лазарэвіча. Вялікія намаганні легіённых палкоў і 4 кавалерыйскай брыгады маглі стацца дарэмнымі, каб не ахвярная барацьба 1 літоўска-беларускай дывізіі. Пасля начлегу пад Бакштамі І брыгада дывізіі вырушыла 27 верасня ў 5.00 на Кронькі. Мінскі стралковы полк, губляючы некалькі дзесяткаў забітых і параненых, выкінуў з гэтай мясцовасці вялікі расійскі атрад і, гонячы яго, уварваўся ў блізкія Васілішкі. Тут ён спаткаў галоўныя сілы 5 брыгады 2 стралковай дывізіі. Сярод збудаванняў вёскі разгарэўся кароткі ўпарты бой. Разгублены непрыяцель не вытрымаў неспадзяванага наступлення мінскіх стральцоў і кінуўся наўцёкі. У хатах польскія салдаты знайшлі недаедзеныя стравы, асабістыя рэчы камісараў і карты, якія неадкладна былі перададзены ў штаб дывізіі.

Большасць 5 брыгады, кінуўшы абоз, пайшла на поўдзень, рэшта салдат збегла на ўсход у напрамку Паперні. Якраз за імі вырушыў мінскі полк, які імкнуўся захапіць пераправы на рацэ Лебядзе. З тылу ішоў віленскі полк, артылерыя, абозы і служба дывізіі генерала Жандкоўскага. Гэтая калона была неаднаразова абстрэлена рускімі. З назіральнага пункта простым вокам былі відаць большыя і меншыя атрады непрыяцеля, якія ішлі паралельна напрамку марша 1 літоўска-беларускай дывізіі. Гэта 2 і 4 брыгады 2 стралковай дывізіі, якіх паведамілі аб захопе палякамі Васілішак, павярнулі з дарогі і накіраваліся да перапраў на Лебядзе.

Там і тут рускія спрабавалі наступаць. Калі іх адкідвалі агнём - затрымоўваліся, акапваліся, пасля чаго ізноў ішлі ўперад. У нейкую хвіліну ад дужай калоны, заўважанай у паўднёвым баку, аддзяліўся моцны атрад, які атакаваў абозы і артылерыю дывізіі. Генерал Жандкоўскі даў загад выпрагчы гарматы цяжкага дывізіёну і паставіць іх уздоўж дарогі. З гэтай пазіцыі артылерысты пачалі абстрэл калоны і атраду, які наступаў. З назіральнага пункту на верхалінах дрэў было відаць возы, якія перагортваліся выбухамі цяжкіх снарадаў, збрую, коннікаў і вялікую колькасць пяхоты, якая ўцякала ўрассыпную да лясоў на поўдні. У рукі польскіх салдат трапіў характэрны загад камандуючага адной з расійскіх брыгад, які пераканаўча сведчыў аб метадах стаўлення да палонных у Чырвонай Арміі, ад 27 верасня (1.40): "Зборны дывізіён таварыша Бачкоўскага прыступіць да выканання задання пунктуальна а 6.00. Пры дапамозе мясцовых праваднікоў дайсці лясамі да вёскі Лябёдка Паўночная і заатакаваць штаб ІІ польскай брыгады, а пасля выканання гэтага задання выкарыстаць перамогу і бравурнай атакай увайсці ў Васілішкі. Там пастарацца ўзяць у палон штаб дывізіі, які згодна з сакрэтнай інфармацыі павінен на досвітку прыйсці ў Васілішкі. У выпадку, калі б перавод штабу непрыяцеля ў штаб брыгады быў бы немагчымым, трэба забраць важныя дакументы, а камандванне непрыяцеля пасля допыту расстраляць".

Таварыш Бачкоўскі не мог выканаць ганаровага задання, бо сітуацыя пагаршалася з кожнай гадзінай, і ён павінен быў пільнаваць, каб самому не трапіць у рукі палякаў. Праз дваццаць год яго намеснікі, якія служылі той самай ідэі, беспрынцыпова забілі не камандванне адной дывізіі, а шмат тысяч польскіх афіцэраў.

А 13.00 гадзіне фронт мінскага палка заняў Паперню. ІІ батальён не чакаючы на надыход рэшты палка, вырушыў хуткім маршам да перапраў на Лебядзе. Ад захаду да Лебяды падыходзілі галоўныя сілы 3 арміі, якія ішлі на Ліду: 5, 56 і 2 стралковыя дывізіі. Частка 2 дывізіі (разбітая пад Васілішкамі 5 брыгада) і 6 стралковая дывізія паспелі ўжо перайсці рэчку і адпачывалі ў лясах на ўсход ад Лебяды. Калі салдаты ІІ батальёна выйшлі з лясной дарогі на адкрытую мясцовасць, яны ўбачылі на палях пры шашы пад Феліксавым непрыяцельскую пяхоту, артылерыю, абозы. Адсутнасць забеспячэння з расійскага боку дазволіла польскім пехацінцам падысці да непрыяцельскіх калон на адлегласць 200-300 крокаў. Адсюль быў адкрыты агонь з усёй зброі, якая мелася. Зусім разгублены праціўнік страціў галаву, разбягаючыся ва ўсіх напрамках. Пагром давяршыла штыкавая атака. Батальён узяў 200 палонных з 2 стралковай дывізіі, гарматы, якія не паспелі зрабіць ніводнага выстралу, шмат вазоў з абсталяваннем і харчаваннем. На дарозе былі пакінуты дзесяткі параненых і забітых чырвонаармейцаў. Палякі занялі вёску Феліксава і прымусілі адступіць палявы штаб 3 арміі, які размяшчаўся ў вёсцы Лебяда. Начальнік штабу Лазарэвіча так запомніў пачатак бітвы над Лебядой: "Каля палудня да Лебяды пачалі прыбываць на нараду камандзіры адступаючых з Гродна дывізій. Дывізіі ішлі да перапраў на рацэ Лебядзе. Да чатырнаццатай гадзіны панаваў абсалютны спакой, былі выдадзены распараджэнні, пасля чаго палявы штаб арміі павінен быў адправіцца ў Мыто. А чатырнаццатай гадзіне на шашы ў Ліду, у раёне Лебяды, раптоўна распачалася страляніна. Мяркуючы, што страляюць у самалёт, спачатку ніхто не звярнуў на гэта ўвагі, але калі страляніна сталася больш мацнейшай, я выйшаў даведацца, што робіцца. Я ўбачыў наступны малюнак: палякі ў густых стралковых ланцугах наступаюць на вёску Феліксава (паўкіламетра да двара Лебяда). Нейкі апошні атрад 6 дывізіі, які ішоў трактам, страляючы, разбяжаўся ва ўсе бакі. Паасобныя людзі, відочна з абозу, бягуць без зброі да Лебяды.

Я паінфармаваў камандуючага арміі: той загадаў камандуючаму 5 дывізіі, які знаходзіўся ў Лебядзе, разгарнуцца і наступіць з захаду, а камандуючаму 6 дывізіі загадаў адразу ж трапіць да сваёй дывізіі (яна перайшла ўжо праз Лебяду) і наступаць з усходу, каб дапамагчы ў пераправе пятай. Падчас тэлефоннай размовы раптам уключыўся ў лінію штаб брыгады 2 дывізіі, які быў перад гэтым у Васілішках, а зараз вярнуўся ўжо ў Мыто; з гэтай размовы камандуючы арміі даведаўся, што 2 дывізія пакінула раён Васілішак, і што дарога на поўдзень для палякаў адкрыта".

Пасля выдання загадаў штаб 3 арміі адступіў машынамі пад польскім агнём і акружной дарогай увечары дабраўся да Ліды. У выніку гэтага Лазарэвіч згубіў кантакт з галоўнымі сіламі сваёй арміі, а таксама ўплыў на ход бітвы над Лебядой.

Пакуль падышла рэшта сіл мінскага палка, да бою, згодна загаду Лазарэвіча, прыступіла 6 стралковая дывізія. Яе 18 брыгада ўдарыла на ІІ батальўн з напрамку, з якога палякі менш за ўсё чакалі атакі - з усходняга. Водгалас бітвы падняў таксама нядаўна разбітую ля Лебяды частку 2 дывізіі. Самотны польскі батальён, які налічваў каля 400 чалавек, не мог даць адпор такім моцным сілам. Мінскія стралкі з боем адышлі на поўнач ад Феліксава, да невялікага лесу, які меў назву "Крывавы бор". Тут, нягледзячы на вялікія страты, батальён вытрываў у абароне да надыходу палка. Тады палякі перайшлі ў контратаку. Разгарэўся бой за Феліксава і Лебяду, які даўжыўся некалькі гадзін. Урэшце, ужо на змярканні, расійская пяхота ізноў пасунула палякаў да Крывога Бору. Шашой на Ліду рушылі калоны 3 арміі. Але каля 19 гадзіны надышоў урэшце віленскі полк, які прынёс перахоплены дывізіённай радыёстанцыяй загад 2 арміі з інфармацыяй аб тым, што польскія войскі ўварваліся ў Гродна. З узнятым духам часткі І літоўска-беларускай брыгады распачалі чарговае наступленне. Яшчэ раз былі захоплены пераправы на Лебядзе. Віленскія стралкі занялі пазіцыі над ракой, а скрываўлены мінскі полк стаў у тыле з ІІІ батальёнам, які займаў усходнёю ўскраіну Крывавага Бору.

Паля аналізу рапартаў генерал Жандкоўскі зрабіў памылковы вывад, што ў бліжыйшы час не трэба чакаць над Лебядой галоўных сіл 3 арміі, бо тыя былі звязаны баямі за Гродна. У сувязі з тым, што паводле перахопленага загаду палякі якраз увайшлі ў Гродна, то нават калі б рускія адразу разпачалі генеральнае адступленне, усё роўна ядро войск Лазарэвіча павінна было знаходзіцца ў значнай адлегласці ад перапраў у Лебядзе. Адсутнасць сталай сувязі са штабам 2 арміі паўплывала на тое, што камандуючы 1 літоўска-беларускай дывізіі ўсё яшчэ не быў паінфармаваны аб тым, што непрыяцель пачаў адступленне ўжо 26 верасня. Логіка казала генералу Жандкоўскаму лічыць, што гэтай ноччу яго чакае бой толькі з часткамі скрываўленых ужо 2 і 21 стралковых дывізій. Таму ён, згодна загада Смігла-Рыдза, вырашыў адрэзаць рускім дарогу маршу на Ліду. Пазіцыі над Лебядой былі вельмі прыдатныя для выканання гэтага задання. У 2.30 генерал Жандкоўскі загадаў І брыгадзе згрупавацца ў раёне Роўбы-Феліксава-Лебяда. У тыле павінна была знаходзіцца сканцэнтраваная над Лебядой ІІ брыгада. На жаль, пакуль яна паспела прыбыць да Шкленска, бітва ўжо скончылася.

Пасля новага захопу перапраў на ўсёй тэрыторыі, якую займала І літоўска-беларуская брыгада, ні на хвіліну не змоўкла страляніна. У цемры раз-пораз даходзіла да сутычак дазораў. Зарослая лесам і кустамі мясцовасць патрабавала ад польскіх салдат сталай пільнаці, а чырвонаармейцам аблягчала скрыты падыход да пазіцый праціўніка. Віленскі полк яшчэ не скончыў падрыхтоўкі абаронных пазіцый на ўсходнім беразе Лебяды, калі недзе а 21 гадзіне рускія, пакінуўшы артылерыю і абозы на шашы, ударылі злучанымі калонамі на адрэзку 2-3 км. Нечаканы агонь не мог устрымаць непрыяцеля, які вырваўся на польскія пазіцыі і перайшоў у рукапашны бой. Віленскі полк (каля 1200 чалавек) быў прыціснуты колькаснай перавагай рускіх. З дапамогай прыйшоў адразу ж мінскі полк (каля 1000 чалавек), але і ён знік у масе атакуючай пяхоты. Адначасова з усходу ўдарылі палкі 2 і 6 стралковых дывізій. Пачаўся зацяты бой. Польскія часткі, атакаваныя з усіх бакоў, змагаліся рашуча. Громкае рускае "Ура!" раз-пораз перапляталася з вокрыкамі "Ура!" мінскіх і віленскіх стралкоў, якія ішлі ў контратаку. Чырвонаармейцы, нягледзячы на страты, упарта імкнуліся прабіць дарогу на Ліду. Няроўны бой, які працягваўся 4 гадзіны, быў так апісаны ў аперацыйным дзённіку 1 літоўска-беларускай дывізіі:

"Каля 10000 бальшавіцкіх штыкоў на абшары двух кіламетраў адной злучанай хваляй кінуліся на колькасна меншыя ў некалькі разоў нашы часткі (віленскі і мінскі полк пяхоты). Распачаўся бой, які цягнуўся чатыры гадзіны. Бальшавіцкія калоны амаль без стрэлаў, не звяртаючы ўвагі на град куль, усёй масай кінуліся на нашы кулямёты, акружаючы нешматлікія нашы часткі з усіх бакоў. Распачаўся бой выключна на штыках і кулаках. Пачалося вялікае замяшанне, якое ўзмацнілі цемра і лес; усе былі акружаны і ўсе акружалі. Калі віленскі і мінскі пяхотныя палкі, увабраныя бальшавіцкай масай, саступілі з шашы, пачалі праязджаць бальшавіцкія абозы і артылерыя. Да 4 гадзіны бальшавіцкая хваля праплывала праз кальцо, якое яе акружала, пакідаючы безліч трупаў, каля 1000 палонных, 12 гармат, 15 кулямётаў і іншае ваеннае абсталяванне".

І літоўска-беларуская брыгада панесла адчувальныя страты: 130 забітых, 230 параненых, 410 прапаўшых. Большасць прапаўшых складалі салдаты, рассеяныя па лясах; яны на наступны дзень вярнуліся да сваіх палкоў. Аднак у некаторых ротах страты складалі 45-50 % баявога стану. Некалькі дзесяткаў палонных, захопленых над Лебядой, было расстраляна чырвонаармейцамі ў лясах пад Лідай; іх масавае пахаванне было знойдзена некалькі дзён пазней.

Дзякуючы вялікай колькаснай перавазе чатыры дывізіі арміі Лазарэвіча (5, 6, 56 і 2 стралковыя дывізіі) прарвалі перашкоду, пастаўленую на іх дарозе двума польскімі палкамі. Аднак яны панеслі значныя страты, былі фізічна і псіхічна вычарпаныя. Нягледзячы на намаганні камандуючых, якія поспех ля Лебяды спрабавалі падаць як вялікую перамогу над дзвюма польскімі дывізіямі, маральнае становішча расійскіх войск выразна пагоршылася. Салдат быў усё больш прыгнечаны, губіў веру ў магчымасць вырвацца з акружэння. Але перад усім было згублена некалькі каштоўных гадзін, якія паўплывалі на ход бітвы за Ліду і лёс усёй 3 арміі.


Бітва за Ліду

Крэсовы горад

У 1920 годзе Ліда была тыповым крэсавым горадам сярэдняй велічыні, які налічваў каля 13000 жыхароў. Прыгарады былі забудаваны выключна драўлянымі будынкамі, аднапавярховымі і двухпавярховымі, многія з іх былі акружаны садамі. Цэнтр утваралі мураваныя будынкі, якія спрыялі правядзенню вулічных баёў. Горад, размешчаны на ўсходнім беразе рэчкі Лідзеі, быў цяжкім для абароны з заходняга боку. На захад ад паўночнай ускраіны Ліды знаходзіўся вялікі комплекс казарм былой царскай арміі, які, працягваючыся амаль да чыгункі, даходзіў заходнім краем да лесу. Пад аслонай дрэў непрыяцель мог скрыта падысці да будынкаў. Іх захоп аблягчаў падыход да самога горада. Лес пакрываў таксама лінію ўзгоркаў, якія ляжалі 2 км на захад ад Ліды. Гэта давала магчымасць праціўніку, які надыходзіў з захаду, заняцця зручных назіральных пунктаў, з якіх прагледжвалася б пазіцыя абароны, а таксама скрытай перагрупоўкі частак для наступлення ў выбраным напрамку. Рэчка Лідзея, што пераплывала заходняй ускраінай Ліды, не з'яўлялася, нягледзячы на багністыя берагі, значнай перашкодай для пехацінцаў. Лепшыя ўмовы для абароны давала рэчка Дзітва, што аплывала Ліду з заходу ў адлегласці 10-12 км, якую пяхота магла свабодна пераходзіць толькі ў месцах нешматлікіх перапраў. На ўсходнім беразе рэчкі рос лес, які цягнуўся да ўзгоркаў пад горадам. Аднак абарона лініі Дзітвы патрабавала канцэнтрацыі ў раёне Ліды 2-3 дывізій.

Насельніцтва горада складалася амаль выключна з палякаў і яўрэяў. Яўрэі адносна абодвух змагаючыхся бакоў займалі пазіцыю чакання. Усе палякі з вялікім спадзяваннем чакалі ўваходу польскіх войск. Два месяцы савецкай улады занатаваліся ў іх памяці рэпрэсіямі, арыштамі і канфіскацыямі, якія далёка перакрочвалі нават тое, што было перажыта ў нямецкую акупацыю падчас "вялікай вайны".

Ліда была галоўным камунікацыйным вузлом у акружаным падмоклымі абшарамі "калідоры" паміж Нёманам на поўдні і яго ўсходнім прытокам, ракой Марачанкай, на поўначы. У 1920 г. збягаліся тут чыгуначныя лініі Вільна - Баранавічы і Масты - Маладзечна. Да Ліды ішла таксама адзіная існуючая ў той час на гэтай тэрыторыі шаша Гродна - Ліда. Камунікацыйную сетку дапаўнялі тракты Вільна - Ліда - Навагрудак, Гродна - Ліда і Ліда - Ваўкавыск.

3 армія Лазарэвіча, незалежна ад таго, ці збіралася яна ісці далей у напрамку Вільна, ці на Маладзечна, павінна была прайсці праз раён Ліды.

Рашэнні непрыяцеля

Лазарэвіч, які разам са сваім штабам пасля цяжкіх баёў на Лебядзе прыбыў у Ліду ўвечары 27 верасня, бачыў ва ўтрыманні гэтага горада шанец затармазіць наступленне 2 польскай арміі. Згодна яго канцэпцыі, войскі 3 арміі павінны былі, пасля захопу камунікацыйнага вузла ў Лідзе, заняць абаронныя пазіцыі каля багністай Дзітвы і ўтрымоўваць тут лінію фронта на працягу некалькі дзён, даючы камандванню час на вылучэнне тылоў, упарадкаванне здэзарганізаваных адступленнем частак і падрыхтоўку контратакі. Загад, падрыхтаваны на падставе дырэктыў Лазарэвіча, акрэсліваў для стралковых дывізій наступныя заданні на 28 верасня:

"Вораг атакаваў Жырмуны і захапіў іх. Загадваю:

- 33 кубанскай дывізіі вярнуць страчаныя пазіцыі ў раёне Жырмун.

- Камандуючаму 21 дывізіі заняць і моцна ўтрымліваць лінію ракі Дзітвы да вёскі Навасёлкі ўключна. - Камандуючаму 56 дывізіі заняць і моцна ўтрымліваць лінію ракі Дзітвы ад вёскі Навасёлкі да пункта 62,0/133/ на заходнім поўдні ад м. Мохавічы. - 6 дывізіі ад меткі 62,0 далей на Парачаны-Бабры. - 5 дывізіі адысці ў рэзерв арміі у раён: Саванічы (Абманічы) - Маленкаўшчызна (Малейкаўшчызна) - Зарэчча - Эскоўцы (Яськоўцы). - 2 дывізіі адысці ў рэзерв арміі ў раён Верх-Ліда - Палевічы (Белевічы) - фальварак Васін (Зосін), усталёўваючы сувязь з камандуючымі 33 і 21 дывізій".

Ноч з 27 на 28 верасня прайшла ў штабе 3 арміі вельмі неспакойна. З фронта прыходзілі паведамленні аб цяжкім баі 33 кубанскай дывізіі пад Жырмунамі, а пасля пра іх адступленне. Жыхары Ліды занялі адносна рускіх яўна варожую пазіцыю. Разыходзіліся пагалоскі аб надыходзе польскіх частак. Пагрозу сітуацыі павялічваў той факт, што пасля адыходу кубанскай дывізіі на Жырмуны штаб арміі не меў ніводнай часткі, якая магла б абараняць ад палякаў; у горадзе заставаліся толькі службы і маса абозаў з марнай аховай, якія хутка кідаліся ў паніку. Калі ранкам, на ўсялякі выпадак, пачаліся рабіцца падрыхтоўка для эвакуацыі штаба, высветлілася, што невядомыя спраўцы разбілі на пуцях стрэлку. Рамонт заняў некалькі гадзін.

Пасля 9.30, калі ўсё было ўжо падрыхтавана да ад'езду, на станцыю пачалі падаць артылерыйскія снарады. Прыйшлі таксама паведамленні, што на ўсход ад горада была заўважана польская кавалерыя. Неадкладна прывялі ў рух цягнік, які ўцёк "перад самым носам непрыяцеля". Адначасова пуцём на Баранавічы ад'ехаў браніраваны цягнік. У паніцы на платформы не былі пагружаны аўтамашыны начальніка штаба і ваеннай рэвалюцыйнай рады. Невялікая матарызаваная калона, якая гарачкава шукала дарогі для ўцёкаў, ў апошні момонт праехала перад фронтам польскіх войск, якія падыходзілі да Ліды ад усходу.

У процілеглым напрамку, на захад, уцякаў конна, у акружэнні сваіх штабістаў камандуючы 56 стралковай дывізіі, заспеты ў Лідзе польскай атакай. У двух кіламетрах на паўднёвы захад ад горада ён сустрэў перадавыя часткі 3 арміі і быў даведзены да штабу 5 стралковай дывізіі ў вёсцы Навінка. Гэтая дывізія, прызначаная для рэзерву арміі, якраз збіралася ісці на Ліду і пасля пераходу Лідзеі заняць 13 і 14 брыгадамі ўсходнюю ўскраіну горада, а 15 брыгадай - раён Зарэчча - Навапрудцы. Пад уражаннем інфармацыі аб уцёках штаба Лазарэвіча, польскай пяхоце ў Лідзе і кавалерыі, якая займае дарогі на ўсход і паўднёвы ўсход ад горада, марш адмянілі.

У Навінкі прыехалі камандуючыя іншых дывізій. Падчас кароткай нарады было вырашана, што 5 і 56 стралковыя дывізіі ўдараць на Ліду, вызваляць захопленыя непрыяцелем абозы арміі і адкінуць палякаў на паўночны ўсход. Пасля гэтага 5 дывізія рушыць на Жырмуны, захопіць гэтую мясцовасць і наладзіць сувязь з 21 дывізіяй, якая забяспечвала наступленне на Ліду з поўначы. 6 дывізія павінна была ісці на паўднёвы ўсход, адкідваючы спатыканыя часткі польскай кавалерыі. Услед за 6 дывізіяй ішла 2 дывізія.

Чарвонаармейцы, стомленыя маршам, нядаўна скончаным боем каля Лебяды, з рэшткамі амуніцыі ў патранташах, апынуліся перад новым кальцом польскіх войск. Усе разумелі, што калі 3 армія павінна быць выратавана, Ліду трэба безумоўна здабыць. Таму кіраваныя энергічнымі камандуючымі часткі хутка атрэсліся ад стомленасці і прынялі баявы парадак.

Палякі ў Лідзе

Ранкам 28 верасня хутка маршыруючыя брыгады 1 пяхотнай дывізіі Легіёнаў знаходзіліся паблізу Ліды. Ад поўначы да горада падыходзіла ІІІ пяхотная брыгада Легіёнаў палкоўніка Баляслава Паповіча (6 пяхотны полк Легіёнаў і 41 пяхотны полк). 6 пяхотны полк Легіёнаў маёра Станіслава Казіцкага з ІІІ дывізіёнам 1 палка палявой артылерыі Легіёнаў, якія ішлі ўперадзе, рухаліся ўздоўж усходняга ўскрайка лесу, што цягнуўся паралельна тракту Жырмуны-Ліда. У сувязі з тым, што яго ІІІ батальён быў затрыманы ў рэзерве брыгады, палкоўнік Паповіч выслаў ІІ батальён 41 пяхотнага палка з заданнем аслоны флангаў 6 палка пяхоты Легіёнай з захаду і ўзаемадзеяння з легіяністамі ў наступленні на Ліду.

У 9.30 фронт палка дайшоў да скрыжавання чыгуначнага пуці з трактам на Жырмуны і ўзгорка 174, які ўзвышаўся над горадам. Тут затрымаліся і чакалі на далучэнне частак, якія расцягнуліся ў доўгай калоне. З паўднёвага схілу ўзгорка афіцэры разглядалі Ліду ў біноклі. Дзень быў сонечны, бачнасць - добрая. Камандуючы артылерыйскім дывізіёнам маёр Аляксандр Хэртель заўважыў на станцыі транспарт, які ўсё прынялі за браніраваны цягнік. Неадкладна была падцягнута гармата 9 батарэі, якая адкрыла агонь. Пасля некалькіх стрэлаў цягнік ад'ехаў на поўдзень, у бок Баранавіч. Амаль адначасова маёр Хэртель заўважыў расійскі абоз, які адыходзіў з Ліды на ўсход. Калона вазоў была абстрэляна ротай 9 батарэі. Ужо трэці снарад трапіў у цэль. Вазы павярнулі ў бязладзі да горада, дзе хутка трапілі ў рукі палякаў. У сувязі з тым, што ўзгорак забяспечваў зручнае назіранне, маёр Хэртель даў заданне 8 батарэі заняць пазіцыі на яго схіле і застацца там да таго часу, пакуль пяхота захопіць паўднёва-заходнюю ўскраіну Ліды.

6 пяхотны полк Легіёнаў вырушыў на Ліду дзвюма калонамі. І батальён ішоў трактам з заданнем ачысціць горад ад частак непрыяцеля, а потым сканцэнтравацца на рынку як рэзерв палка. ІІ батальён павінен быў дайсці да гродзенскай шашы і заняць адрэзак ад шашы да казармаў, фронтам на захад. Нечакана першым дайшоў да горада эскадрон 1 коннага стралковага палка (дывізіённая кавалерыя), які рухаўся за 6 пяхотным палком Легіёнаў, але ў час прывалу пры 174-м узгорку абышоў пяхоту. Галоўная паходная застава конных стралкоў была абстрэлена рускімі.

Калі камандуючы эскадрона, ротмістр Гжыбоўскі, убачыў, што непрыяцель адыходзіць з Ліды ў замяшанні, ён павёў сваіх салдат у атаку. Чырвонаармейцы разбегліся, кідаючы зброю. Конныя стралкі ўзялі каля 20 палонных, здабылі 30 абозных вазоў і легкавую аўтамашыну. Затрыманы на чыгуначным пераездзе агнём двух станкавых кулямётаў, эскадрон затрымаўся і пасля таго, як выслаў дазоры, чакаў на надыход пяхоты.

Праз некалькі хвілін пасля 10-й гадзіны надышоў ІІ батальён і, прасоўваючыся ўздоўж путей, пачаў без бою займаць вызначаныя пазіцыі. Рота конных разведчыкаў, якая была неадкладна выслана на разведку ў напрамку Гродна, была моцна абстрэлена і паінфармавала аб тым, што на захад ад горада былі заўважаны значныя сілы непрыяцеля. І батальён дайшоў да рынку, нідзе не сустракаючы рускіх. Роты сабраліся на могілках каля касцёла і выслалі дазоры для падтрымкі парадку на вуліцах. Услед за галоўнымі сіламі 6 пяхотнага палка Легіёнаў у Ліду ў 11.00 гадзін увайшоў штаб 1 пяхотнай дывізіі Легіёнаў. Прыбылі таксама дзве батарэі ІІІ дывізіёну. Маёр Хэртель накіраваў 7 батарэю капітана Людвіка Кіока на паўднёва-заходнія выхады з горада з заданнем закрыць гродзенскую шашу.

9 батарэю капітан Эдмунд Зіммер затрымаў на віленскім тракце, адкуль яна трымала пад дуламі гармат чыгуначныя пуці і падыходы да Ліды з паўночнага захаду. 8 батарэя капітана Капецкага павінна была пасля таго, як пакіне 174-ты ўзгорак, стаць на рынку і чакаць далейшых загадаў. Маёр Хэртель пасля таго, як выдаў загады, конна паехаў на першыя лініі, каб зарыентавацца на мясцовасці.

З усходу надыходзілі ўжо роты ІІ батальёна 1 пяхотнага палка Легіёнаў. Гэты полк, з ІІ дывізіёнам 1 палка палявой артылерыі Легіёнаў, у 7.00 гадзін перайшоў чыгуначную лінію Ліда-Вільна, знішчыў каляю і тэлеграфічную сувязь. На працягу наступных трох гадзін пехацінцы прайшлі 11 км і дайшлі да пуці Ліда-Маладзечна. Пуць быў узарваны, ахова захапіла ў блізкіх Абманічах двух чырвонаармейцаў. Палонныя далі паказанні, што ў вёсцы Дуброва (Дуброўня), 3 км за пуцямі, стаіць абоз адной з дывізій 3 арміі, які ахоўвае адведзены з фронту разбіты полк. Рота конных разведчыкаў, якая была выслана ў напрамку вёскі, на самой справе заўважыла каля Дубровы (Дуброўні) калону вазоў. Пасля кароткага абмену стрэламі атака, якая неадкладна была праведзена сіламі конных разведчыкаў і 10 роты, скончылася здабыццём некалькіх дзесяткаў вазоў, такой жа колькасці палонных і двух кулямётаў. Гэта была першая здабыча палка ў гэты багаты на падзеі дзень.

Праціўнік неадкладна адрэагаваў і выслаў з лесу, што ляжаў на паўднёвым захадзе ад Дубровы (Дуброўні), 2-3 кавалерыйскія эскадроны. Лавіна коннікаў рушыла праз поле на рассыпаную пад вёскай 10 роту. Вопытныя пехацінцы спраўна занялі пазіцыі. З дапамогай паспяшалася 11 рота. Калі кавалерыя наблізілася на адлегласць 500 метраў, кулямёты абедзвюх рот адкрылі агонь. Коннікі ў бязладзі павярнулі, пакінуўшы на прадполлі параненых і забітых. Пад прыкрыццём атакі дробныя атрады пяхоты спрабавалі прайсці на ўсход; частку іх павылоўлівалі. На дарозе легіяністы знайшлі пяць пакінутых гармат з зараднымі скрынкамі. З дакументаў, якія былі знойдзены ў здабытым абозе і з паказанняў палонных вынікала, што бой быў праведзены з часткай 168 стралковай брыгады, якая пад Лебядой адарвалася ад 56 дывізіі і ішла на ўсход самастойна.

Пасля таго, як бой быў скончаны і часткі ўпарадкаваны, падпалкоўнік Крушэўскі вырашыў накіраваць трактам на Ліду ІІ батальён, а сам з І і ІІІ батальёнамі пайшоў праз Шайбакі на паўднёвы ўсход ад горада з мэтай адрэзаць праціўніку дарогу адступлення ў гэтым напрамку. ІІ батальён капітана Вэнды з 6 батарэяй капітана Зыгмунда Фішара дайшоў да Ліды, не атакаваны непрыяцелем; толькі батарэя па дарозе некалькімі стрэламі разагнала атрад расійскай кавалерыі. Часткі прайшлі вуліцамі, па якіх кружылі ўжо дазоры 6 пяхотнага палка Легіёнаў, і каля 12-й гадзіны дайшлі да паўднёва-заходняй ускраіны горада.

У той самы час на поўнач ад Ліды, да ўсходняга берага Лідзеі, падыходзілі батальёны 5 пяхотнага палка Легіёнаў, якіх падтрымлівала батарэя І дывізіёну. ІІІ батальён палка з 2 батарэяй быў заатакаваны каля вёскі Абманічы сапёрным батальёнам Чырвонай Арміі, які адыходзіў з Ліды ўздоўж пуці на Маладзечна. У небяспецы апынуліся збітыя на вузкай дарозе абозы і артылерыя, на якія ўпаў з блізкага лесу ўдар непрыяцеля. Узвод 11 роты, які ахоўваў тылы калоны, разам са службай абозу пайшоў у штыкавую контратаку і пасля цяжкага бою прымусіў рускіх адступіць.

Пакуль надышла дапамога з боку батальёна, было ўзята 120 палонных і забрана шэсць вазоў з сапёрскім матэрыялам. Пасля гэтай сутычкі ІІІ батальён ужо без перашкод дайшоў да ўскрайку лесу каля берага Лідзеі. На яго левым крыле, бліжэй горада, з'явіліся роты ІІ батальёна. І батальён, які быў у рэзерве брыгады, дасягнуў раёну Дубровы (Дуброўні), до якой даходзіла ад паўночнага ўсходу калона 4 кавалерыйскай брыгады, якая спазнялася.

Заняцце Ліды практычна без бою было вялікай нечаканасцю для польскага камандвання, таму што з боку рускіх чакалі зацятага адпору. Спачатку палкоўнік Домб-Бернацкі меркаваў, што дзеянні былі спозненымі, а галоўныя сілы 3 арміі ўжо адышлі на ўсход. Таму ён пастанавіў пасля надыходу ўсёй І пяхотнай брыгады Легіёнаў ударыць двума палкамі на захад і заняць пераправы пад вёскай Мыто. Але пакуль закончылі займаць заходнюю ўскраіну горада, сітуацыя абсалютна змянілася. Наступленне на Ліду пачала 5 стралковая дывізія.

Штурм 5 стралковай дывізіі

Часткі 5 дывізіі, выкарыстоўваючы покрывы лесу, у хуткім тэмпе скончылі падрыхтоўку для наступлення. Артылерыя спраўна заняла пазіціі, былі арганізаваны назіральныя пункты. Каля палудня, не чакаючы на надыход 56 дывізіі, тры брыгады 5 дывізіі пачалі перапынены марш у напрамку Ліды. Артылерыйскія назіральнікі заўважылі батальёны 5 пяхотнага палка Легіёнаў, якія выходзілі на ўсходні бераг Лідзеі на поўнач ад горада, і накіравалі там агонь гармат.

Атака пачалася ў вельмі неспрыяльны для польскага боку момант. На заходняй ўскраіне Ліды знаходзіліся толькі два батальёны, і ніводзін з іх не паспеў яшчэ падрыхтаваць абароны. У ІІ батальёне 6 палка пяхоты Легіёнаў капітана Францішка Сэнкары была разгорнута толькі 8 рота. 5 рота знаходзілася ў ходзе займання пазіцый ужо па-за лініяй рускага наступлення. ІІ батальён 1 пяхотнага палка Легіёнаў сваёй 6 ротай якраз займаў прыгарад Слабодку. Іншыя роты батальёна ішлі на вызначаныя пазіцыі. З артылерыі да неадкладнай падтрымкі пяхоты гатовы былі толькі 7 батарэя і ўзвод 6 батарэі. На два непадрыхтаваных да абароны польскіх батальёны (каля 800 чалавек, 6 гармат, 32 станкавых кулямётаў) ударылі брыгады 56 дывізіі, якія пасля панесеных страт налічвалі у баявым стане каля 3500 чалавек, 16 гармат, 40 станкавых кулямётаў.

Бой ад пачатку набыў незвычайна зацяты характар. 5 рота 1 пяхотнага палка Легіёнаў падпаручніка Эдварда Акульскага пад знянацкім расійскім ударам падчас марша адышла, аднак хутка апанавала замяшанне і з адлегласці 300 крокаў густым агнём засыпала стралковыя ланцугі непрыяцеля. Контратака абедзвюх узводаў адкінула рускіх у напрамку леса. 6 рота 1 пяхотнага палка Легіёнаў, якой камандваў падпаручнік Францішак Саболта, адкрыла агонь з двух станкавых кулямётаў па стралковым ланцугам, якія прасоўваліся ўздоўж пуці і акружалі яе з поўдня. Непрыяцель пачаў прабівацца ў неабараняемую брэш паміж гродзенскай шашой і ўскраінай Слабодкі. Капітан Вэнда накіраваў на дапамогу 8 роту падпаручніка Уладзіслава Орліка-Бранеўскага. Салдаты хутка дабеглі да прыгарадных будынкаў. Тут яны спаткалі групу чырвонаармейцаў, якіх адкінулі штыкамі. Аднак непрыяцель, дзякуючы лічэбнай перавазе, прасочыўся на крылы 6 і 8 рот. Урэшце абедзве роты, якія панеслі дужыя страты, былі вымушаны пакінуць Слабодку і адышлі ў напрамку чыгуначнага вакзала. Адступленне спрабаваў затрымаць ад'ютант ІІ батальёна падпаручнік Багдан Шарскі. Ён падбег да групы адступаючых салдат і павёў іх за сабой у штыкавую контратаку. У зацятым баі афіцэр загінуў, некалькі легіяністаў былі паранены. Іншыя былі вымушаны шукаць ратунку ва ўцёках.

Трэснула таксама абарона 6 пяхотнага палка Легіёнаў у прыгарадзе Пяскі. Калі 8 рота ўбачыла перад сабой некалькі стралковых ліній, яна разгубілася і пачала адступаць. З дапамогай прыйшла 6 рота, якая павяла за сабой у контрнаступленне частку 8 роты. Але пасля паўгадзіннага бою рускія падцягнулі новыя сілы і прымусілі палякаў адступіць. Ад'ютант 6 пяхотнага палка Легіёнаў капітан Чэслаў Парчыньскі, які прыбыў на першую лінію для зарыентавання ў сітуацыі, апісаў свае ўражанні такімі словамі:

"Хутка пасля захопу горада і выхаду ІІ батальёна 6 пяхотнага палка Легіёнаў па-за Ліды на тракт - вакзал - ажно за казармы - былі чутны на адрэзку гэтага батальёна стрэлы, якія паступова мацнелі. Я, як ад'ютант палка, на атрымоўваючы з ІІ батальёна 6 пяхотнага палка Легіёнаў ніякіх паведамленняў, выслаў аднаго коннага ганца да камандуючага батальёна. Калі ганец не вярнуўся, я вырушыў сам - а згодай палка - да батальёна, які змагаўся; прабіўся праз вуліцу, якая пераразае пуць, сярод даволі-такі моцнага агню непрыяцельскай пяхоты да камандуючага батальёна капітана Сэнкары ў момант моцнага наступлення непрыяцеля і ўжо відочнага, хаця яшчэ спакойнага, адступлення ўласнай лініі. Пасля ацэнкі сітуацыя, якая на самой справе была цяжкая (левае крыло батальёна было адкрыта), і паведамленні капітана Сэнкары, што яму аднаму цяжка будзе ўтрымацца супраць шматразовай перавагі непрыяцеля, я адразу вярнуўся да камандуючага палка і адрапартаваў яму аб становішчы ІІ батальёна".

Наступленне рускіх даходзіла ўжо да станцыі, на якой сабраліся 6 і 8 роты 1 пяхотнага палка Легіёнаў. Чыгуначныя пуці занялі роты ІІ батальёна 6 пяхотнага палка Легіёнаў. Капітан Сэнкара накіраваў сюды таксама рэзервную 4 роту, якую прыслаў маёр Казіцкі. Разгарэўся зацяты бой за вакзал. Легіяністаў падтрымала 7 батарэя капітана Людвіка Кіока. Якраз перад боем на пазіцыі батарэі прыскакаў маёр Хэртель і загадаў абараняць пазіцыі да канца, без думкі аб адступленні. Аб драматычных хвілінах камандуючы батарэі дакладваў так:

"Жадаючы падтрымаць абарону станцыі, я вырашыў адзін узвод пад камандваннем паручніка Зялінскага паслаць з заданнем абараніць частку перадполля на поўнач ад станцыі, а сам з другім узводам вырушыў галопам і заняў пазіцыю на ўсход ад станцыі. Становішча было крытычным, бо рота ўжо перайшла на ўсходні бок чыгуначнага пуці, а бальшавікі занялі станцыю. Сувязі паміж ротамі не было, назіральныя пункты былі каля гармат, бо адлегласць да наступаючых была не большай за 200 метраў. Праз нейкі час у перапынках агня уласнага ўзвода я чуў агонь узвода паручніка Зялінскага. Каля майго ўзвода стаў нейкі афіцэр з кулямётам, і бальшавікі спынілі лабавую атаку. Пераходзячы вялікімі групамі праз пуць, яны пачалі абыходзіць наша левае крыло (...)".

Моцны польскі агонь выклікаў хвіліну вагання ў рускіх радах. Гэта выкарыстаў капітан Сэнкара, які кінуў у атаку ўпарадкаваную 6 роту, 4 роту і частку 7 роты. Контрудар падтрымаў капітан Вэнда з 7 і часткай 5 роты 1 пяхотнага палка Легіёнаў. Разгублены непрыяцель не вытрымаў бравурнага наступлення і пачаў наступаць. Роты атрымалі некалькі соцен метраў тэрыторыі. Аднак гэта быў часовы поспех. У бой увайшлі рэзервы 5 дывізіі, якія ізноў адкінулі палякаў за чыгуначны пуць і занялі казармы. Палкоўнік Домб-Бернацкі асабіста накіраваў на дапамогу абаронцам вакзала 12 роту 5 пяхотнага палка Легіёнаў падпаручніка Юзэфа Дротлева, якая якраз прыбыла ў горад. Гэтая рота, якая была атакаваная ў ходзе марша на першую лінію з боку Слабодкі, паспешна адступіла ажно да мастка на багне, пакладзенага паміж мураванымі дамамі цэнтра і драўляным прыгарадам.

У той самы час польскія часткі, якія змагаліся за вакзал, пачалі адступаць. У небяспечным становішчы апынулася 7 батарэя, якой пачало не хапаць снарадаў. Капітан Кіок занатаваў:

"Тым часам я выслаў паручніка Мантля з загадам ва ўзвод паручніка Зялінскага, каб адна гармата з амуніцыяй усяго ўзвода засталася, а каб другую гармату і зарадныя скрынкі ён адвёў у раён бівака. У мяне засталося сем снарадаў - я вырашыў адступіць, тым больш, што ніякія ўласныя падмацаванні не надыходзілі, а ўзвод Зялінскага змоўк. Разам з зараднымі скрынкамі я вырушыў рыссю той самай дарогай і, не даехаўшы да завароту, убачыў паручніка Мантля, які махаў шапкай і нешта крычаў. Праз хвіліну паручнік Мантель знік, паскакаўшы галопам у бок горада, а ў тым месцы я ўбачыў бальшавіцкую пяхоту, якая ўстанаўлівала кулямёт. Выратаванне залежала ад таго, хто хутчэй: ці я паспею прамільгнуць, ці яны першыя адкрыюць агонь. Мы пайшлі галопам, і першая гармата і зарадная скрынка натрапілі на бальшавікоў і праехалі, я ехаў злева ад калоны. Другая гармата на вострым завароце перагарнулася і закрыла дарогу зараднай скрынцы. Аб адступленні не было мовы, бо правы бок дарогі быў загароджаны вельмі высокім плотам, а вуліца была вузкай. Бальшавіцкі кулямёт пачаў ужо граць, коней пазабівалі, рэшта службы і верхавых уцякла праз плот. Я вярнуўся і праз могілкі нагнаў першую гармату, якая шчасліва выратавалася. Як высветлілася, калі я быў на пазіцыі, бальшавікі занялі станцыю, Мантэль да ўзводу Зялінскага не мог ужо даехаць, бо яго ўзялі бальшавікі. Я застаўся з адной гарматай, але без ніводнай весткі аб сітуацыі, і сямю снарадамі".

Артылерысты занялі пазіцыю на падворку бліжыйшай хаты. Адсюль сямікратна быў дадзены агонь па надыходзячых рускіх. Потым абслуга схавала гармату ў гумне. Замок дасталі і кінулі ў студню. Капітан Кіок з сямю салдатамі адышоў на галоўную вуліцу горада. Узброеныя карабінамі артылерысты занялі аднапавярховы домік і рыхтаваліся да абароны.

На чыгуначным пераездзе ўзвод паручніка Зялінскага страляў да апошняй хвіліны. Калі рускія ўварваліся на яго пазіцыі, артылерысты абаранялі гарматы ў рукапашным баі. Два салдаты загінулі, паручнік Зялінскі атрымаў цяжкую рану. Адну гармату з зараднай скрынкай удалося адвесці. Яна далучылася да роты падпаручніка Дротлева. Гармата, якая была ўсталявана пасярэдзіне дарогі, абстраляла карцеччу калону чырвонаармейцаў, якая выходзіла з-за завароту. Гармаце дапамагалі восем станкавых кулямётаў. Вуліцу заслалі целы забітых і параненых рускіх. На гэтым адрэзку непрыяцель быў часова затрыманы.

Набліжаўся крызіс бітвы. Пасля апанавання станцыі і казармаў густыя стралковыя ланцугі з громкімі вокрыкамі "За вольнасць!", "За чырвоную армію!" уварваліся ў цэнтр горада. На перакрыжаванні галоўных вуліц палкоўнік Домб-Бернацкі, палкоўнік Паповіч і маёр Казіцкі спрабавалі затрымаць адступаючае ў паніцы войска. Лопнулі арганізацыйныя спалучэнні. Перамешаныя ўзводы і роты амаль перасталі існаваць як кампактныя падраздзяленні. Утвараліся групы самых смелых салдат, якія, заняўшы дамы, пераходы, заломы вуліц, давалі непрыяцелю зацяты адпор. Стралялі з вокан, рабілі засады ў завулках, змагаліся штыком і прыкладам. Палякі раз-пораз пераходзілі ў лакальныя контратакі, затрымоўваючы рух калон 5 дывізіі. 7 рота 1 пяхотнага палка Легіёнаў страціла ўсіх афіцэраў; камандванне ёй пераняў сяржант Пётр Наварыта. З вінтоўкай у руках загінуў ад'ютант ІІ батальёна 1 пяхотнага палка Легіёнаў падпаручнік Богдан Шарскі. Рускія, не звяртаючы ўвагі на агонь абароны і вялізарныя страты, упарта ішлі ўперад.

Моцная стральба і адыходзячыя ў тыл групкі пехацінцаў усхвалявалі 8 батарэю, якая ад 11-ай гадзіны чакала загадаў на лідзкім рынку. Капітан Капецкі казаў вывесці гарматы на галоўную вуліцу. Тут сустрэлі маёра Хэртля, які вяртаўся з захопленай непрыяцелем станцыі. Па загаду камандуючага дывізіёна батарэя галопам заняла адкрытую пазіцыю на гандлёвай плошчы. Гарматная абслуга заўважылі на адлегласці ў некалькі соцен метраў самкнутыя стралковыя ланцугі рускіх. Безадкладна адкрылі хуткі агонь. Пасля кожнага залпа было відаць прарэхі, якія ўтвараліся ў масе нападаючых. На поўнач ад 8 батарэі стала 6 батарэя капітана Фішара, якая біла залпамі праз багна ў чырвонаармейцаў, якіх было відаць на ўскрайку забудоў прыгарада. 9 батарэя абараняла абозы. Непрыяцель не вытрымаў агня артылерыі і пяхоты і пасля некалькіх хвілін пачаў адыходзіць на поўдзень. Групкі польскіх салдат без загаду пайшлі ў контратаку.

У 12.55, у момант найбольшага напружання бітвы, пачалася контратака І і ІІІ батальёнаў 6 пяхотнага палка Легіёнаў. І батальён маёра Браніслава Рачыньскага атрымаў загад ударыць на станцыю. Яшчэ перад тым, як дайшлі на поле бою, фронт батальёна быў абстрэлены з паўднёвага ўсходу. Гэта рускія часткі, што ўцяклі з Ліды, калі ўбачылі наступленне 5 дывізіі, паспрабавалі яе падтрымаць. Прыкрыўшыся адной ротай, батальён дайшоў спачатку да ваколіц могілак, якія абараняў узвод 6 роты 1 пяхотнага палка Легіёнаў. 3 рота кулямётным агнём разагнала непрыяцеля, які рыхтаваўся да штурму. Чырвонаармейцы, якія ўцяклі на заходні бераг Лідзеі, загразлі ў багне і панеслі дужыя страты.

Маёр Рачыньскі разам са абслугай двух сапсаваных кулямётаў вяртаўся да рэзервовай 1 роты, калі на вуліцы з боку станцыі нечакана з'явілася самкнутая калона пяхоты. Камандуючы батальёнам наказаў салдатам паставіць непрыдатныя кулямёты на дарозе дуламі ў бок непрыяцеля і паклікаў на дапамогу 1 роту. Калі праціўнік убачыў, што ставяць кулямёты, то ён замест таго, каб энергічна наступаць, не вытрымаў псіхічна і пачаў уцякаць. Маёр Рачыньскі накіраваў у пагоню 1 роту з загадам выкарыстаць паніку сярод чырвонаармейцаў і заняць станцыю. Рота без перашкод дайшла да станцыі, якая была ўжо захоплена пасля двухразовага наступлення 6 роты 1 пяхотнага палка Легіёнаў, якую падтрымлівала агнём 9 батарэя. Потым, разам з узводамі 6 і 8 роты, прыступілі да атакі на прыгарад Слабодка. Чырвонаармейцы, якія не спадзяваліся атакі, абараняліся слаба, лёгка паддаваліся паніцы.

Амаль адначасова з наступленнем І батальёна на паўночным крыле заатакаваў ІІІ батальён. Без цяжкасцей выкінулі слабы расійскі атрад з казармаў, пасля чаго дзве роты батальёна ўдарылі на адкрытае крыло праціўніка. З боку цэнтра горада пайшлі ў атаку з уласнай ініцыятывы перамешаныя ўзводы 5 і 7 роты 1 пяхотнага палка Легіёнаў, 12 роты 5 пяхотнага палка Легіёнаў і 4, 5, 8 роты 6 пяхотнага палка Легіёнаў. І тут заспетыя знянацку часткі 5 дывізіі, стомленыя і скрываўленыя папярэднім боем, не вытрымалі польскага ўдару і пачалі адступленне. У хуткім часе, нягледзячы на намаганні камісараў і камандуючых, якія прабавалі апанаваць сітуацыю, хваля адступлення захапіла за сабой усіх тых, хто змагаўся. Непрыяцель адыходзіў па ўсёй лініі. Польская контратака, якая праводзілася сіламі аднаго батальёна на кожным крыле і некалькімі ротамі ў цэнтры, мела абсалютны поспех. Да 13.30 быў адваёваны ўвесь страчаны абшар. Былі адбіты здабытыя гарматы і кулямёты, узята больш за 200 палонных. Акрамя таго, непрыяцель панёс вялікія страты забітымі і параненымі.

Каля 14-й гадзіны на поўдзень ад Ліды да ўсходняга берага Лідзеі дайшлі галоўныя сілы 1 пяхотнага палка Легіёнаў.

На ўсход ад Ліды

Крах наступлення на Ліду, якое праводзілася з вялікім размахам і зацятасцю, выклікаў прыгнечанасць у штабах частак 3 арміі. Была склікана чарговая нарада камандуючых дывізій. Тым разам не было аднадумнасці. Большасць прапаноўвала праекты, якія імкнуліся да ўхілення з-пад удараў палякаў праз абыход горада ад поўдня. Пасля доўгай дыскусіі было вырашана ўсёй сілай ударыць на Ліду, але не хапіла рашучасці, неабходнай для рэалізацыі гэтага плана. Цэнтральнае камандванне практычна перастала існаваць. Кожная частка прабавала самастойна прайсці на ўсход. 5 дывізія, якая панесла вялікія страты, не чакала дапамогі надыходзячай 56 дывізіі, згубіўшы веру ў магчымасць захопу Ліды. Яе часткі пад аслонай тылавой аховы пачалі абыходзшць Ліду ад поўдня. З частак 56 дывізіі першай падышла да горада 168 брыгада, якая была аслаблена адарваннем каля Лебяды аднаго палка, які ранкам быў разбіты ў Дуброве (Дуброўні) 1 пяхотным палком Легіёнаў. Пасля таго, як упэўніліся, што 5 дывізія адышла, брыгада накіравалася ўслед за ёй. Рускія часткі перашлі Лідзею на поўдзень ад Ліды і спяшаліся на ўсход, упэўненыя ў сваім выратаванні, калі сустрэлі галоўныя сілы 1 пяхотнага палка Легіёнаў і 4 коннай брыгады.

Пасля заканчэння сутычкі пад Дубровай (Дуброўняй) калона першага пяхотнага палка Легіёнаў пачала марш палявой дарогай на Мелькі. У галаве ішоў ІІІ батальён маёра Міхаіла Пакошы з 5 батарэяй 1 палка супрацьпаветранай артылерыі Легіёнаў. За ім прасоўваўся 1 батальён паручніка Станіслава Гохфельда. Каля палудня, перад цагельняй Мелькі, ахова заўважыла доўгую змяю пяхоты і расійскіх абозаў, якія адступалі з Ліды пад аслонай лясоў. Рускія якраз выйшлі з-за дрэваў на вялізную раўніну. 9 рота ў цішыні разгарнулася па абодвух баках дарогі. Злева ад яе занялі пазіцыі 10 і 12 роты, справа - 3 рота. Пачакалі, пакуль калона праціўніка, якая ішла без аховы, падыдзе на 100 крокаў да польскіх пазіцый. Калі быў дадзены знак, пачалі страляць усе кулямёты, а пяхота адкрыла хуткі агонь з вінтовак. Вынікі абстрэлу, які вёўся з такой малой адлегласці, былі жудаснымі. У адну хвіліну дзесяткі цел услалі зямлю. Чырвонаармейцы кінуліся ўцякаць ва ўсе бакі, нягледзячы на спробу камісараў апанаваць паніку. Праз гром стрэлаў было чуваць роспачныя крыкі людзей і іржанне параненых коней. Толькі канец калон, якога не дасягнулі кулямётныя стрэлы, спрабаваў пачаць бой. Але калі пасля некалькіх хвілін абмена агнём польскія роты пабеглі ў атаку, непрыяцель пахіснуўся і кінуў зброю яшчэ да таго, як пачалася штыкавая сутычка. Было ўзята каля тысячы палонных, здабыта 4 гарматы, 13 кулямётаў, вялікі абоз, які налічваў каля 2000 вазоў, загружаных вайсковым абсталяваннем, і палявы шпіталь 3 арміі. Легіянеры вызвалілі некалькі дзесяткаў польскіх палонных - салдат 4 палка падгалянскіх стралкоў - узятых у палон каля Нёмана. Каля абоза быў разбіты штаб 56 стралковай дывізіі. Большая частка штабістаў загінула альбо трапіла ў палон. Начальнік штаба, калі ўбачыў паразу, скончыў жыццё самагубствам.

Пасля бітвы, каля 14-тай гадзіны, батальёны 1 пяхотнага палка Легіёнаў увайшлі на ўзгоркі каля берага Лідзеі. Адсюль убачылі калону пяхоты і кавалерыі, якая адыходзіла на поўдзень, на Навагрудак. Агонь пяхоты і 5 батарэі выклікаў паніку. Шмат чырвонаармейцаў патанула ў багнах Лідзеі, рэшта ўцякла, кідаючы абсталяванне і абозныя вазы. Палякі перайшлі на заходні бераг ракі, занялі Шайбакі і Навапрудцы і ўсталавалі сувязь з вайскамі, якія абаранялі Ліду. І батальён з падпалкоўнікам Крушэўскім пайшоў у горад. ІІІ батальён застаўся ў Шайбаках да 17.00, калі быў зменены кавалерыяй падпалкоўніка Ненеўскага.

Спазніўшаяся 4 кавалерыйская брыгада абыходзіла Ліду шырокай дугой ад усходу. У 13.00 дазор брыгады прайшоў Дуброву (Дуброўню), якая была занята ротай 5 пяхотнага палка Легіёнаў, і прасоўваўся далей, у напрамку аэрадрома, які знаходзіўся за лесам каля фальварка Перапечыцы. Галоўныя сілы, наперадзе якіх быў 7 уланскі полк, сталі перад пуцём Ліда - Маладзечна. Праз кароткі час прыскакаў галопам ганец з інфармацыяй, што ў лесе адпачывае вялікая калона пяхоты. Чырвонаармейцы ляжаць з рукзакамі пад галаваой, а за імі, ужо за лесам, стаяць напагатове тры сотні казакаў з аголенымі шаблямі. Падпалкоўнік Ненеўскі, які на падставе рапартаў слушна адгадаў, што паціўнік затрыманы дзеяннямі 1 пяхотнай дывізіі Легіёнаў, абыходзіць Ліду ад поўдня, вырашыў разбіць расійскі атрад ударам 7 і 16 уланскіх палкоў. Але перш чым прыступілі да выканання загадаў, непрыяцель перапыніў адпачынак і накіраваўся якраз на 7 уланскі полк. Расійская калона выйшла з лесу на адлегласці 300 крокаў ад эскадронаў палка, якія стаялі побач у калонах па шэсць чалавек. Пяхота пачала спешна разгортвацца да бітвы, адкрываючы адначасова хаатычны агонь. Камандуючыя эскадронаў далі каманду "Агалі зброю!" і лінія кавалерыі, выраўнаваная, як на вучэннях, рынула ў атаку. Камандуючы палка маёр Зыгмунт Пясецкі так запомніў яе ход:

"Я вырушыў разам з эскадронамі. Бачыў, як ротмістр Ракоўскі, схілены, з галавой на конскай шыі, ішоў перад эскадронам, як і ротмістр Гачыньскі. Непрыяцель перапыніў агонь на адлегласці нейкіх 100 метраў і як выйшаў з лесу, так і адступіў у яго, уцякаючы перад наступаючымі ўланамі, але недалёка, толькі да той часткі лесу, якая ўтварала нешта накшталт паўвострава, які высоўваўся на поўнач. 3 эскадрон, які атакаваў на левым, усходнім баку дарогі, адразу іх акружыў, выехаўшы на лясную паляну. Крыкі, стрэлы, тупат коней, брэх станкавых кулямётаў, што стаялі каля лесу, утварылі такое замяшанне, што каманд не было чуваць і немагчыма было выдаваць загады. За атакуючымі эскадронамі 7 уланскага палка ішлі ў пешым страі два эскадроны 16 уланскага палка, і гэта яны заняліся выбіраннем - як рыбы з падхватніка - палонных з лесу. Праз хвіліну ўсё ўжо скончылася".

Здабыча была багатай: 500 палонных з 6 стралковай дывізіі, 3 станкавыя кулямёты. Адбілі 150 польскіх палонных, салдат 4 палка падгалянскіх стралкоў. На полі бітвы засталося каля 100 забітых і параненых чырвонаармейцаў. За перамогу было заплачана стратай 2 забітых і 6 параненых уланаў, а таксама некалькіх забітых і параненых коней. Бакавая ахова калоны прабавала прабіцца трактам на ўсход, але была разбіта атакай 16 уланскага палка. Было ўзята чарговых 100 палонных. Здабычу павялічылі тры кінутыя на дарозе гарматы 6 дывізіі і два палкавыя сцягі, знойдзеныя ў захопленым абозе. Ганебна паводзілі сябе казакі; замест таго, каб прыйсці з дапамогай пяхоце, сотні галопам адышлі за аэрадром. Маёр Пясецкі кінуўся за імі ў пагоню на перадзе двух эскадронаў 7 уланскага палка. Аднак адлегласць была надта вялікая. Па загаду падпалкоўніка Ненеўскага 7 і 16 уланскія палкі занялі дарогі на адрэзку Навапрудцы - Шайбакі. Поспехі занатаваў таксама 3 уланскі полк, які разагнаў малыя атрады пяхоты і ўзяў 100 палонных і абоз. Галоўныя сілы 1 пяхотнага палка Легіёнаў і 4 кавалерыйскай брыгады, якія вялі баі на ўсходзе і паўднёвым усходзе ад Ліды, нанеслі вялікія страты расійскім часткам, якія абыходзілі горад з поўдня, і часткова іх разагналі.

Спозненыя дзеянні 56 стралковай дывізіі

Пасля адпору атакі 5 стралковай дывізіі палкоўнік Домб-Бернацкі вярнуўся да пачатковага плана захопу перапраў на Дзітве каля вёскі Мыто. Ён спадзяваўся, што з захаду да Мыто падыходзяць ужо часткі 1 літоўска-беларускай дывізіі. Перад 15.00 камандуючы 1 пяхотнай дывізіяй Легіёнаў загадаў змяніць 6-ты пяхотны полк Легіёнаў каля гродзенскай шашы 1-ым пяхотным палком Легіёнаў, які павінен быў менавіта адсюль пачаць атаку дзвюма калонамі на Мыто. Батальёны 6 пяхотнага палка канцэнтраваліся з гэтай жа мэтай у раёне казармаў. Рэзервы дывізіі павінны былі ўтвараць ІІ і ІІІ батальёны 5 пяхотнага палка Легіёнаў, якія толькі што прыбылі ў горад, і 41 пяхотны полк, прыбыцця якога чакалі з мінуты на мінуту.

Камандуючыя частак прыступілі да іх упарадкавання і заняцця вызначаных пазіцый. Салдаты мелі трохі часу, каб адпачыць, пад'есці кансерваў і сухароў, якія былі здабыты ў захопленых абозах. Некаторыя батальёны нават паспелі выдаць гарачую ежу з палявых кухань. Дасведчаныя унтэр-афіцэры без загаду пачалі выпяканне хлеба. Вярталася шмат салдат, якія адсталі ў час бітвы, і іх лічылі загінуўшымі. Параненых адсылалі на перавязачныя пункты. З дапамогай прыйшло мясцовае насельніцтва, якое прыносіла ўрачам перавязачныя матэрыялы, пасцель, чыстую бялізну і акружала параненых салдат сардэчным клопатам, які павышаў баявы дух і дапамагаў трываць боль.

Урэшце каля 16-тай гадзіны правае крыло абароны, ад казармаў да гродзенскай шашы, заняў 6 пяхотны полк Легіёнаў з І батальёнам, сканцэнтраваным на могілках пры касцёле як рэзерв палка. Адрэзак ад шашы да чыгуначных пуцей трымала 6 рота 1 пяхотнага палка Легіёнаў, якая мела за сабой 2 роту 6 пяхотнага палка Легіёнаў на станцыі. На поўдзень ад пуці да Шайбакоў, дзе знаходзіўся ІІІ батальён 1 пяхотнага палка Легіёнаў, знаходзіліся пазіцыі 1 і 2 роты гэтага палка.

У такім становішчы ў 16.30 пачалося чарговае наступленне непрыяцеля на Ліду. 166 і 167 брыгады 56 стралковай дывізіі пад аслонай лесу наблізіліся да горада. Яны ўпэўніліся, што 5 стралковая дывізія адышла, больш за тое - ішла за ёй таксама 168 брыгада. Чырвонаармейцы мелі рэшткі амуніцыі, у батарэях засталося па некалькі снарадаў на гармату. Але нягледзячы на такія цяжкія ўмовы і горыч, якую выклікаў факт рэціроўкі 5 дывізіі, абедзве брыгады паспрабавалі выканаць загад прабіцца праз Ліду. У першым памкненні стралковыя ланцугі дайшлі на адлегласць 400 крокаў ад польскіх пазіцый. Наступленне, не падтрыманае ні артылерыяй, ні кулямётамі, было затрымана агнём добра акапанай, упэўненай у сабе польскай пяхоты. Чырвонаармейцы акапаліся на дасягнутай лініі і праз нейкі час вялі безнадзейны агнявы бой, абстрэльваючы палякаў з вінтовак. Перад змрокам яны спрабавалі яшчэ раз падняцца ў атаку, але адразу былі затрыманы. У такім становішчы каля 18.00 абедзве брыгады распачалі адступленне. Цемра, якая ўжо наступала, зрабіла для іх больш лёгкім адрыў ад палякаў. Пасля начнога маршу, губляючы па дарозе два батальёны, якія часткова разбегліся, часткова склалі зброю, брыгады, якія панеслі вялікія страты, пайшлі на паўднёвы ўсход.

Начны бой

Пасля пачатку другога расійскага наступлення палкоўнік Домб-Бернацкі зрабіў вывад, што на захадзе ад Ліды павінны яшчэ знаходзіцца значныя сілы 3 арміі, і дывізію чакае бой з непрыяцелем "на змор" да часу надыходу войск генерала Жандкоўскага. У гэтым палкоўніка Домба-Бернацкага ўпэўнілі трывожныя весткі аб з'яўленні ў горадзе разбітага ІІ батальёна 41 пяхотнага палка маёра Юшчацкага. Батальён падчас маршу ў вёску Крупа (на поўнач ад Ліды), дзе была загадана канцэнтрацыя 41 палка, спаткаў у лесе расійскую калону, якая абыходзіла Ліду з поўначы. Для абодвух бакоў гэта было нечаканасцю. Першымі апамятаваліся палякі. Рашучай атакай яны выкінулі праціўніка з леса і прымусілі яго ўцякаць. Бой ужо заканчваўся, калі крыло і тылы батальёна былі атакаваны адной з брыгад 21 стралковай дывізіі. Быў дадзены загад адступаць у Ліду.

Адступленне адбывалася пад моцным націскам непрыяцеля. Частка салдат з апошняга папаўнення ў паніцы ўцякла ў горад, разпаўсюджваючы чуткі аб паразе батальёна. У выніку гэтага на паўночную ўскраіну Ліды была накіравана 5 батарэя. У цемры абстралялі яе невялікія атрады непрыяцеля, якія ў пагоні за разбітым батальёнам спрабавалі трапіць у Ліду. Артылерысты адкрылі агонь, накіроўваючы яго на водбліскі стрэлаў вінтовак. Пасля некалькіх хвілін непрыяцель быў вымушаны ўцячы. Праз нейкі час абарону ўзмацнілі две роты 1 пяхотнага палка Легіёнаў, які надаслаў палкоўнік Крушэўскі.

mapa 2.

У гэты час батальён маёра Юшчацкага пасля страты 12 забітых і 32 параненых здолеў заняць пазіцыю за пуцём Ліда-Вільна. Пры дапамозе 12 роты 6 пяхотнага палка Легіёнаў, якая прыбегла на водгукі страляніны, была праведзена контратака, якая адкінула рускіх углыб леса. Палякі ўзялі 175 палонных.

Галоўныя сілы 41 пяхотнага палка занялі Крупу ў 19.00 і разаслалі дазоры для ўсталявання сувязі з камандваннем ІІІ брыгады пяхоты Легіёнаў.

Увечары адбылася новая перагрупоўка частак, якія абаранялі Ліду. ІІІ батальён 6 пяхотнага палка Легіёнаў заняў казармы, два іншых батальёна палка сталі ў рэзерве: І батальён на могілках, ІІ батальён каля перакрыжавання гродзенскай шашы з пуцямі. Пазіцыі каля шашы і на поўнач ад яе занялі роты 1 пяхотнага палка Легіёнаў. З поўдня і паўднёвага захаду горад ахоўваў 5 пяхотны полк Легіёнаў, а з поўначы - 3 і 4 роты 1 пяхотнага палка Легіёнаў. Палонных і здабычу сабралі ў цэнтры, апеку над імі даручылі 9 роце 1 пяхотнага палка Легіёнаў. Было скончана ўпарадкванне артылерыі. 1 і 2 батарэі падтрымлівалі 5 пяхотны полк Легіёнаў, 3 і 5 абаранялі паўночныя ўскраіны горада. Каля казармаў занялі пазіцыі 9 і 8 батарэі, чые гарматы адбіла ў контратацы пяхота. 2, 6 і 7 батарэі падтрымлівалі 1 пяхотны полк Легіёнаў. Магчымасці дзеяння артылерыі абмяжоўвала вельмі цёмная ноч, адсутнасць карт і дрэнна працуючая сувязь. У сувязі з гэтымі ўмовамі на першай лініі гарматы ўжываліся для непасрэднай падтрымкі пяхоты.

mapa 3.

У 20.10 салдаты ІІІ батальёна маёра Світальскага, якія абаранялі казармы, заўважылі стралковы ланцуг, які выходзіў з бліжэйшага леса. Да ўдару на Ліду прыступала чарговая частка 3 арміі - 21 стралковая дывізія. Першае наступленне батальён адбіў без цяжкасцей. Рускія падцягнулі большыя сілы, ізноў заатакавалі і яшчэ раз былі вымушаны адступіць пад агнём салдат маёра Світальскага. Непрыяцель адышоў на лінію былых нямецкіх акопаў і пачаў агнявы бой. Адклікнулася артылерыя 21 дывізіі. Ёй адказалі польскія батарэі. У 22.00 рускія перайшлі ў вырашальнае наступленне. Часткі 21 дывізіі заатакавалі казармы і пачалі абыходзіць Ліду з поўначы. На ўсёй лініі разгарэўся бой.

Руская артылерыя адкрыла моцны агонь па заўважаных пазіцыях польскіх батарэй і кулямётных гнёздах. Гранаты дасягнулі 8 батарэі капітана Капецкага. Адна зарадная скрынка была разбіта, але, на шчасце, выбуху амуніцыі не было. Дакладныя расійскія залпы зрабілі спусташэнне сярод запрэжак, бо паранілі і забілі шмат коней. Былі паранены некалькі кананёраў. З захаду і поўначы даходзілі ўсё больш громкія воклічы атакуючых чырвонаармейцаў. Нягледзячы на тое, што сітуацыя лічылася вельмі цяжкай, і ў кожную хвіліну чакалася з'яўленне перад батарэяй стралковых ланцугоў непрыяцеля, ніхто з параненых салдат не жадаў пайсці на перавязачны пункт, усе прасілі афіцэраў пакінуць іх на перадках батарэі. Польскія войскі ў Лідзе ажыўляў той дух бою, які прымусіў былога царскага афіцэра, якога ўзяў у палон 16 уланскі полк падчас пагоні за рэшткамі 3 арміі, праз два дні сказаць словы: "Вы павінны перамагчы, калі маеце такіх салдат".

Аднак пакуль сітуацыя была цяжкая. Батальён маёра Світальскага і две роты 1 пяхотнага палка Легіёнаў цягнулі ўвесь цяжар наступлення 21 дывізіі. Палкоўнік Домб-Бернацкі вырашыў зрабіць контратаку сіламі І і ІІ батальёна 6 пяхотнага палка Легіёнаў. Ад'ютант палка капітан Парчыньскі зноў накіраваўся на першую лінію, вязучы маёру Світальскаму загад утрымання любой цаной казармаў і інфармацыю аб планаваным супрацьнаступленні. Ён якраз прыбыў у батальён, калі хутка пасля 23.00 рускія з вокрыкамі "За свабоду!" уварваліся на тэрыторыю казармаў і адкінулі 9 роту, якая абаранялі іх паўночна-заходнюю ўскраіну. Прасоўваючыся далей, непрыяцель трапіў на два ўзводы 10 роты.

Польскія салдаты прывіталі чырвонаармейцаў агнём і, выкарыстоўваючы выкліканае гэтым замяшанне, кінуліся ў штыкавую атаку. У цемры праціўнік не заўважыў, што мае справу са жменькай абаронцаў, і пасля кароткага рукапашнага бою павярнуў для ўцёкаў. Пасля звароту пазіцый капітан Парчыньскі знайшоў маёра Світальскага. Абодва афіцэры ў акопе абмяркоўвалі план дзеяння. Праз некалькі хвілін на правым крыле батальёна пачалася моцная страляніна і было чуваць громкае польскае "Хура!" Гэта з паўночнай ускраіны Ліды пайшлі у контратаку І батальён 6 пяхотнага палка Легіёнаў і две роты 1 палка пехоты Легіёнаў. Наступленне паскорыў палкоўнік Домб-Бернацкі, які пасля выдання загадаў накіраваўся на пазіцыі І батальёна, каб асабіста сачыць за разгортваннем сітуацыі.

Маёр Світальскі падняў свой батальён. Без цяжкасцей былі адкінуты з-пад казармаў дэзарыентаваныя і дэмаралізаваныя няўдачамі рускія часткі, лінія былых акопаў была захоплена. У рукі палякаў трапіла 93 палонных. Абсамотнага поспеху дасягнуў таксама І батальён. Быў ачышчаны ад рускіх заходні бераг Лідзеі на поўнач ад Ліды; былі ўзяты палонныя і 8 кулямётаў. Вялікі атрад 21 стралковай дывізіі паспеў у апошнюю хвіліну ўцячы праз чыгуначны мост на пуці да Вільна, аднак ён натрапіў на роту 5 пяхотнага палка Легіёнаў і пасля кароткага бою капітуляваў. Іншыя групы непрыяцеля, якія шукалі дарогі адступлення на поўнач ад Ліды, разагнала аховы абозаў 1 пяхотнай дывізіі Легіёнаў, якая якраз набліжалася да горада з боку Жырмун. Такім чынам наступленне 21 стралковай дывізіі было адбіта на ўсім фронце.

У тую ноч баі вяла таксама 4 кавалерыйская брыгада. 2 эскадрон 16 уланскага палка, які налічваў каля 40 чалавек, быў заатакаваны ў вёсцы Богдзі галоўным палком 167 брыгады 56 стралковай дывізіі, якая адступала з-пад Ліды. Уланы адкінулі непрыяцеля і ўзялі некалькі палонных. Камандуючы эскадрона, паручнік Касерскі, заўважыўшы, што праціўнік наступае мякка, нерашуча і відавочна толькі шукае дарогі выхаду з пасткі, вырашыў гэта выкарыстаць.

Да чырвонаармейцаў выслалі палоннага з інфармацыяй, што ўсе шляхі да адступлення закрыты брыгадай кавалерыі, Ліду ўтрымоўвае польская пяхота, і ў гэтай сітуацыі далейшая барацьба не мае сэнсу. Частка палка паслухала закліку. Малы эскадрон узяў 276 палонных.

Неўзабаве надышла рэшта 167 брыгады і затрымалася ў бліжэйшым лесе. Уланы чулі надыходзячыя са змроку галасы камісараў і камандуючых, якія пераконвалі сваіх падначаленых у неабходнасці пачаць бой. Паручнік Касерскі накіраваў у 4 кавалерыйскую брыгаду ганца з просьбай аб дапамозе. Падпалкоўнік Ненеўскі не згадзіўся на выкарыстанне рэзерву, бо, напэўна, лічыў, што рускія часткі трапяць на 3 і 21 палкі каля Пескаў. Калі 2 эскадрон адступіў пад аслонай агня, 167 брыгада ўзнавіла перапынены марш і наткнулася на 4 эскадрон 7 уланскага палка, які займаў тракт на Навагрудак і чыгуначны пуць. Нягледзячы на дыспрапорцыю сіл, якая ўражвала, эскадрон пачаў бой.

Рускія стралковыя ланцугі з вокрыкамі "Ура!" і пастаўленымі штыкамі рушылі на польскія пазіцыі. Камандзір эскадрона, паручнік Станіслаў Гансоўскі, рапартаваў пасля акцыі, што баяўся, "(...) што бальшавіцкія хвалі, якія ішлі з вокрыкам "Урра-а-а!" на нашы пазіцыі, забяруць у яго і панясуць з сабой увесь эскадрон. Дула карабінаў і станкавых кулямётаў так награваліся, што трэба было чакаць, пакуль яны астынуць". З дапамогай над'ехаў 3 эскадрон 7 уланскага палка. Аднак гэта былі надта малыя сілы, каб затрымаць марш 56 стралковай дывізіі.

Рускія занялі тракт на Пескі, дзе, на жаль, не было спазніўшыхся 3 і 211 уланскага палка. Усю ноч гэтай дарогай адступалі часткі 56 і 6 стралковых дывізій. Нягледзячы на вялікую стомленасць, уланы ўтрымліся пры чыгуначным пуці. Адсюль да світання яны абстрэльвалі калоны, якія праходзілі. Ранкам надышлі 7 і 16 уланскія палкі. Пачалі лавіць малыя групы чырвонаармейцаў, марадзёраў, якія цягнуліся за галоўнай калонай, збіралі раскіданыя па ўсёй дарозе вазы, зброю, салдацкую амуніцыю - відочныя прыкметы паразы 3 арміі.

Страляніна не сціхала на ўсім фронце абароны Ліды ўсю ноч з 28 на 29 верасня. Абмен агнём і невялікія сутычкі цягнуліся амаль да ранка. Слабыя часткі непрыяцеля, шукаючы дарогі адступлення, набліжаліся да польскіх пазіцый, а сустрэтыя стрэламі - адыходзілі, каб спрабаваць шчасця на іншым адрэзку.

Разбітая 21 стралковая дывізія сабралася ў лясах на захад ад Ліды. Не хапала амуніцыі, харчавання, а перш за ўсё - жадання ваяваць. Брыгады панеслі вялікія страты, людзі былі змучаны пераходам і бітвай. Пасля апошняй няўдачы былі згублены рэшткі веры ў шанец выйсця з польскага акружэння. Шмат салдат ноччу, на невядомай тэрыторыі, згубіла свае часткі; штаты частак упалі да 50-60 штыкоў. Штаб дывізіі практычна не працаваў, ніхто не даваў загадаў.

Дазор 6 пяхотнага палка Легіёнаў, які на досвітку быў высланы на перадполле, трапіў у лесе на групы чырвонаармейцаў, якія апатычна чакалі свайго лёсу. Узвод 5 роты 6 пяхотнага палка Легіёнаў узяў 102 палонных, 7 гармат, 15 вазоў. Пасля вяртання узводу, ў лес увайшла ўся рота. Непрыяцель здаваўся масава. Рота сабрала 1800 палонных і 10 гармат. Здабычай узвода 9 роты былі 789 палонных. У некаторых частках чырвонаармейцы самі "арыштавалі" камісараў, якія заахвочвалі да бою, каб выдаць іх у польскія рукі. На працягу 3 гадзін уся 21 дывізія склала зброю.

У 8.00 дазоры 1 пяхотнага палка Легіёнаў сустрэлі перадавую ахову 2 кавалерыйскай брыгады, якая надыходзіла з боку перапраў на Дзітве. Услед за кавалерыяй набліжалася 1 літоўска-беларуская дывізія. Каля палудня ў Ліду прыбылі аўтамашынай маршал Пілсудскі і генерал Сміглы-Рыдз. Галоўны Камандуючы наведаў салдат, якія адпачывалі на кватэрах. Дзякаваў за перамогу і наказаў пагоню "да ўпаду" за разбітым непрыяцелем. Войска адказала маршалу песняй "My pierwsza brygada" ("Мы, першая брыгада..."). Бітва за Ліду была скончана. Палкі пачалі рыхтавацца да новых заданняў.

Вынікі бітвы

У ходзе бітваў, якія вяліся пад Лідай 28 верасня і ноччу з 28 на 29 верасня, у палон трапіла больш за 10000 чырвонаармейцаў. Вялікая колькасць рускіх загінула альбо была паранена. Шмат людзей знайшлі смерць у падманлівых багнах Лідзеі. Палякі здабылі каля 40 гармат, 67 кулямётаў, 2350 абозных вазоў з рыштункам і запасамі, аўтамашыну, два матацыклы, 255 коней. Перамога была аплачана стратай каля 70 забітых, 300 параненых і прапаўшых.

Бітва за Ліду не скончылася знішчэннем 3 арміі Лазарэвіча. Палякі не выкарысталі цалкам шанца, які стварыў пераход у тылы непрыяцеля моцнай ударнай групы. Замест таго, каб паставіць адзін моцны заслон на дарозе адступлення праціўніка, двухразова, каля Лебяды і пад Лідай, было спрабавана затрымаць марш 3 арміі надта малымі сіламі. З польскага боку падвяла сувязь, а адсутнасць камандавання ўдарнай групы зрабіла цяжкай каардынацыю дзеянняў частак, якія яе ўтваралі.

Аднак пад Лідай польскія войскі, змагаючыся на нязручных пазіцыях, змаглі прымусіць непрыяцеля, які ў тры разы перавышаў іх па колькасці, да змены напрамку адступлення і нанеслі яму вялікія страты. Поспех зрабілі магчымым памылкі, якія былі здзейснены расійскім камандваннем у час баёў за Ліду. Пасля ўцёкаў Лазарэвіча не было падпарадкавання аднаму камандзіру, які б пакіраваў дзеяннямі ў крытычны для арміі дзень 28 верасня. Гэтага не маглі змяніць ні нарады камандзіраў, ні роспачная энергія камандзіраў больш нізкіх рангаў. У выніку 3 армія не зрабіла канцэнтрацыі сваіх частак, якія пры агульнай дзейнасці мелі вялікія шансы, каб адкінуць палякаў і адкрыць сабе дарогу адступлення на Маладзечна. Ліду атакавалі асобныя дывізіі, якія, скрываўленыя (истёкшие кровью), саступалі месцы наступным.

Паражэнне пад Лідай паглыбліла расчараванне салдат 3 арміі, вычарпаных адступленнем, прыгнечаных сталымі няўдачамі. Гублялася вера ва ўменні уласных камандзіраў і сэнс барацьбы. Гэтыя факты мелі значны ўплыў на ход далейшых дзеянняў. Ужо 29 верасня 2 кавалерыйская брыгада ў пагоні за непрыяцелем амаль без супраціўлення ўзяла 500 палонных, здабыла 9 гармат, 36 кулямётаў.

Дывізіі, якія адступалі з-пад Ліды, знаходзіліся ў стане прагрэсіруючай дэмаралізацыі, якая рабіла немагчымым стаўленне паважнага адпору палякам. У бязладным адступленні да канца расслабіліся арганізацыйныя спалучэнні, армія страціла злучнасць. Цэлае паўночнае крыло Заходняга Фронту практычна перастала існаваць, адкрываючы перад палякамі шанец выхаду ў тылы 15 і 16 арміі. Гэтая сітуацыя прымусіла Тухачэўскага выдаць сваім вайскам загад паспешнага адыходу на ўсход. Ужо да канца вайны камандванню Чырвонай Арміі не ўдалося стабілізаваць фронт на поўначы. Дзеянні перайшлі ў фазу напружанай пагоні польскіх войск.

Перамогу над Лідай у большай ступені вырашылі рысы польскага салдата: халодная кроў, упартасць, упэўненасць у сабе, вера ў перамогу, пачуццё перавагі над праціўнікам. Камандзіры ніжэйшых рангаў выявілі шмат ініцыятывы і самастойнасці ў цяжкіх сітуацыях. Войска ўпэўнена ўзвышалася над праціўнікам свядомасцю мэты бітвы і ў крытычным становішчы было здатна змагацца з найвышэйшым самаахвяраваннем.

У сувязі з праяўленай пад Лідай мужнасцю салдата, памерамі перамогі і яе важнымі вынікамі бой за Ліду ўвекавечаны на адной з пліт Магілы Невядомага Салдата.


Літаратура

Баркевіч Адам Гісторыя 1-га палка легіёнаў Варшава 1927.

Казіцкі Станіслаў Бой за Ліду Варшава 1932.

Кутшэба Тадевуш Бітва на Немане, верасень, кастрычнік 1920 Варшава 1926.

Кутшэба Тадевуш Баі за Гродна і Ліду «Беллона» 1920, сш. 11.

Лисовский Николай Отход 3 армии от Варшавы «Война и революция» 1925

Даследаванні па тактыцы з гісторыі польскіх воен 1918-1921, т. 10, Бой пад Лідай Варшава 1930

Смаленскі Юзэф, Жаброўскі Мар'ян Кніга гісторыі 7 палка люблінскіх уланаў імя генерала Казіміра Саснкоўскага Лондан 1969.

Широкий Е.А., Смирнов И.Д., Кимундрис Е. Отход 3 армии от Гродна «Сборник трудов ВНО» 1922, № 2.

Успаміны у Цэнтральным ваенным архіве: маёр Цыпрыян Быстрам, генерал Стэфан Домб-Бернацкі, маёр Станіслаў Энгель, маёр Станіслаў Гэртэль, маёр Людвік Кіок, палкоўнік Эдмунд Кноль-Каўнацкі, паручык Станіслаў Мантэль, капітан Часлаў Парчынскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX