Вярнуцца: Вайсковая гісторыя

76-ты Лідскі полк пяхоты імя Людвіка Нарбута


Аўтар: Рунец Яўген,
Дадана: 01-07-2015,
Крыніца: Рунец Яўген. 76-ты Лідскі полк пяхоты імя Людвіка Нарбута // Лідскі Летапісец № 1(69) – 2015. С. 68 - 79.



1 верасня 2014 года ўся сусветная цывілізацыя адзначала журботную дату: пачатак 2-й Сусветнай вайны, самай жудаснай вайны за час існавання чалавецтва, якая забрала мільёны жыццяў людзей. Першай краінай, якая стала на шляху гітлераўскай агрэсіі, аказалася Польшча. У польскае войска быў прызваны і мой бацька - Рунец Казімір, які нарадзіўся ў 1909 годзе ў сялянскай сям'і ў Заходняй Беларусі. Стаў кулямётчыкам 81-га пяхотнага Гарадзенскага палка - гэта па дадзеных дакументаў, але больш верагодна - 76-га Лідскага палка імя Людвіка Нарбута. Камандаваў 76-м палком падпалкоўнік Станіслаў Сянкевіч, які да рэвалюцыі служыў у царскім войску. Ваявалі ў складзе 29 пяхотнай дывізіі. Камандзір палка па афіцыйных звестках загінуў 6 верасня, а па ўспамінах бацькі сабраў пазасталых байцоў, загадаў, каб выходзілі з акружэння, а ён немцам у палон не здасца, і застрэліўся перад шыхтам. Бацька выходзіў у адзіночку, зайшоў на хутар папрасіць паесці. Пакуль гаспадар карміў, сына паслаў у вёску па немцаў. Вось так бацька апынуўся ў палоне - у лагеры (Stalag IA - горад Stablack). Гэта тэрыторыя былой Усходняй Прусіі. У наш час на мяжы Калінінградскай вобласці і Польшчы. З гэтага лагера ў 1939-1940 гадах бацька рабіў тры ўцёкі. У ліпені 1940 года як непапраўнага, схільнага да ўцёкаў пераводзяць у Stalag 8A-Gаrlitz, а затым - у Stalag 8B Lamsdorf, цяпер Ламбіновіцы (Lambinowice) Апольскага ваяводства. У Ламбіновіцах знаходзіцца польскі музей ваеннапалонных. У гэтым былым лагеры для ваеннапалонных немцы ўтрымоўвалі французскіх салдат вайны 1870 года, рускіх, румынскіх і сербскіх салдат 1-й Сусветныя вайны, польскіх 1939 года, салдат саюзніцкіх войскаў, савецкіх ваеннапа-лонных і паўсталых варшавякаў 1944 года, у тым ліку і 600 дзяцей, удзельнікаў Варшаўскага паўстання. Летась я адмыслова наведаў гэты музей.

У часы СССР тыя людзі, якія ваявалі супраць немцаў не ў Савецкай Арміі, не лічыліся ветэранамі вайны, ім не выказвалі ўшанаванняў, не ўзнагароджвалі, іх не ўспаміналі ў дні святаў.

Нажаль, мы вельмі мала ведаем пра ўдзел грамадзян нашай краіны ў польска - нямецкай вайне 1939 года.

У гэтай вайне брала ўдзел ад 70 да 100 тысяч чалавек родам з Беларусі, з якіх многія тысячы загінулі, патрапілі ў нямецкі палон, памерлі ў лагерах ад холаду і голаду. Вераснёвая вайна 1939 года, не гледзячы на яе хуткаплыннасць, была жорсткай, польскія салдаты ваявалі адчайна з пераўзыходнымі сіламі германскіх войскаў.

У Польшчы не забыты, тыя салдаты, якія загінулі ў гэтай вайне. Могілкі, дзе пахаваны загінулыя ваяры Войска Польскага, знаходзяцца ў добрым стане, магілы даглядаюць, памінаюць загінулых, у чым я сам пераканаўся, бываючы ў Польшчы. Адна са школ г. Аўгустова носіць імя 76-га Лідскага пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута. Вось пра гэта пойдзе наш аповед. Ён складзены галоўным чынам са звестак, запазычаных у інтэрнэце на рускіх, беларускіх і галоўным чынам на польскіх сайтах.

НА МЕСЦЫ ПАСТАЯННАЙ ДЫСЛАКАЦЫІ

У 1920 г. польскі гарнізон г. Гародні складаўся з вартавога батальёна, батальёна добраахвотнікаў, запаснога палка, частак 2-й Беларуска-Літоўскай дывізіі і кавалерыйскіх частак, колькасцю да 3,2 тысяч штыкоў і 1250 шабель. У іх мелася некалькі танкаў FT - 17 (па розных дадзеных ад 4 да 9), 8 лёгкіх і 2 цяжкія гарматы, 67 кулямётаў (па данясенні ў штаб Заходняга фронту - 150), магчыма, 2 бронецягнікі. Камандаваў гарнізонам генерал Адам Макрэцкі, родам з Дзітрыкаў Лідскага раёна. Частка войскаў размяшчалася ў Вяцкіх казармах. Аднак горад быў хутка ўзяты надышоўшым 3-м конным корпусам Гая, 19 ліпеня 1920 г. войскі гарнізона адышлі на тэрыторыю Польшчы. У данясенні пра заняцце горада паведамлялася пра захоп часткамі Чырвонай Арміі 3 спраўных танкаў, 6 лёгкіх і 2 цяжкіх гармат, 150 кулямётаў. Былі ўзяты ў палон да 1 тысячы легіянераў і вызвалены 500 чырвонаармейцаў. Пасля ў выніку няўдалых бітваў пад Варшавай і бітвы на Нёмане Чырвоная Армія зноў здала горад палякам. З афіцыйным уваходам у 1921 годзе горада Гародні ў склад Польскай рэспублікі Вяцкія казармы захавалі сваё прызначэнне. Яны сталі называцца Легіянерскімі казармамі (koszary Legionowe). Вайсковы гарадок быў пашыраны, пры гэтым знеслі частку струхлелых складскіх і гаспадарчых будынкаў і пабудавалі новыя, у тым ліку яшчэ адну двухпавярховую казарму. Легіянерскія казармы складаліся з 21 цаглянага будынка, больш паловы з якіх было збудавана да рэвалюцыі, астатнія - дабудаваны ў міжваенны час.

Тут размяшчаўся 76-ты пяхотны Лідскі імя Людвіка Нарбута полк, які ўваходзіў у склад 29-й дывізіі пяхоты, што належыала да акругі III корпуса польскага войска. 76-ты полк быў утвораны ў Вільні 5 студзеня 1919 г. як Лідскі полк стральцоў, прыняў удзел у Савецка - польскай вайне 1920 г. Пасля яму было прысвоена імя Людвіка Нарбута [1]. У 20-я і 30-я гг. аж да пачатку Другой сусветнай вайны, полк дыслакаваўся ў Гарадзенскім гарнізоне.

У 1922 г. Ваенным міністэрствам (Міністэрствам Спраў Вайсковых) Рэчы Паспалітай быў зацверджаны памятны знак 76-га Лідскага палка пяхоты. Знак быў выкананы ў форме крыжа з падоўжанай асновай, да якога мацаваўся арол - знак польскай дзяржавы. На палях крыжа размяшчаўся надпіс "Вільня" і "5 студз. 1919", якая гаварыла пра месца і дату заснавання палка.

Вайсковы гарадок у той час меў тэрыторыю, абмежаваную вуліцамі Касцюшкі (так яна завецца і цяпер), вул. Бема (цяпер - вул. Шчорса), вул. Сабескага (цяпер - вул. генерала Захарава), вул. Людвіка Нарбута (цяпер - вул. Чырвонаармейская), г.зн. трохі больш, чым цяпер. Сёння ў паказаную тэрыторыю ўкліньваюцца астраўкі жылога сектара, крамы і розныя арганізацыі. Што цікава, назва вуліцы Бема (польскага генерала) перагуквалася з прозвішчам палкоўніка Міхаіла Антонавіча Бема, які камандаваў у 1908 - 1911 гг. 102-м Вяцкім палком. На Гарадзенскіх праваслаўных могілках па вуліцы Антонава (тады - Іерусалімскай) захавалася магіла яго сына - сувораўскага кадэта Колі Бема, які памёр у юным узросце.

Легіянерскія казармы ўяўлялі сабою адносна самастойны свет у сярэдзіне вялікага горада, з асобнай уладай, старанна ахоўванай тэрыторыяй, унутраным гандлем, са сваімі грашыма, забаўляльнымі, адукацыйнымі і рэлігійнымі ўстановамі, і нават месцам зняволення - карцарам. Апроч 76-га пяхотнага палка і яго штаба ў гарадку размяшчаўся таксама штаб 81-га палка пяхоты 29-й дывізіі. Сам жа 81-шы полк размяшчаўся ў казармах па вуліцы Маставой. У гарадку меліся палкавая школа, салдацкая крама, і, відавочна, афіцэрскае казіно. Былі выпушчаны нават адмысловыя аллюмініевыя боны для разлікаў у палкавых установах у сярэдзіне гарадка. У многіх гарадскіх мерапрыемствах браў удзел бліскучы вайсковы аркестр 76-га палка. На тэрыторыі Легіянерскіх казармаў знаходзіліся кватэры афіцэраў гэтага палка і іншых вайсковых частак гарнізона. Напрыклад, там пражываў паручнік Шары (Szary), афіцэр сувязі 29-га палка палявой артылерыі. У той жа час камандзір 76-га палка палкоўнік Азевіч (1932 г.) пражываў у афіцэрскіх асабняках на Баніфратарскай вуліцы.

Маюцца звесткі, што ў гады Першай сусветнай вайны падчас нямецкай акупацыі Гародні дамовая царква, якая мясцілася раней у казармах вайсковага гарадка, была прыстасавана пад патрэбы лютаран, а ў 1920-х гадах там размясцілася малітоўнае памяшканне для католікаў. Праваслаўным жа пад царкву было выдзелена іншае памяшканне. Непадалёк, на тэрыторыі казармаў Бема, блізка ад тарца левай двухпавярховай казармы з боку цяперашняга праспекта Касманаўтаў, у сярэдзіне 1930-х гг. была збудавана невялікая салдацкая мячэць. Яна мела памер прыкладна 10 на 5 м., тоўстыя цагляныя сцены з контрфосамі па баках, высокая, да 4 метраў столь з невялікімі вокнамі пад дахам. Яе наведвалі вайскоўцы мусульманскага веравызнання з ліку беларускіх татараў, якія ў той час, як, зрэшты, і цяпер, кампактна пражывалі на тэрыторыі Гарадзеншчыны. Мячэць захоўвалася, праўда, з перабудаваным дахам, як дапаможнае памяшканне, аж да 2008 г., калі была разабрана ў сувязі са зносам будынкаў былога 9-га вайсковага гарадка. Пры разборцы была выяўлена цэгла вытворчасці завода ў Станіславава (Гародня) з датоўкай - сярэдзіна 30-х гг.

Як вядома, у міжваенны час досыць вялікая ўвага надавалася спорту і агульнафізічнай падрыхтоўцы вайскоўцаў. На тэрыторыі Легіянерскіх казармаў меўся гімнастычны гарадок, валейбольная пляцоўка і іншыя спартовыя збудаванні. Акрамя таго, у непасрэднай блізкасці ад гарадка знаходзіўся найбуйнейшы па тых часах гарадскі стадыён Акруговага таварыства фізічнага выхавання па вуліцы Сабескага (ця пер - Захарава), 3. Зараз гэта - стадыён факультэта фізічнай культуры Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У тыя гады гэты аб'ект актыўна выкарыстоўваўся вайскоўцамі 76-га палка пяхоты - завадатарамі спартовага жыцця не толькі ў гарнізоне, але і ва ўсім горадзе. Пра гэта красамоўна сведчыць той факт, што ўсе асноўныя сілы даваеннага гарадзенскага футболу былі сабраны ў армейскай камандзе "WKS Grodno" (у сучасным прывычным перакладзе - СКА - Спартовы клуб арміі), якая першынствавала ў чэмпіянатах Беластоцкага ваяводства 1931 - 1934 і 1936 - 1939 гадоў. Спачатку яна прадстаўляла менавіта 76-ты полк пяхоты, а пазней - увесь Гарадзенскі гарнізон. Кіраўніком секцыі і вялікім прыхільнікам футбольнага клуба быў паручнік Кароль Даўгяла. У сезоне 1938/39 гадоў гарадзенскія армейцы ва ўсіх матчах страцілі толькі ачко! Гэта, магчыма, была наймацнейшая каманда даваеннай Гародні. У яе аснове гулялі: Зянько-Бубновіч, Юргілевіч, Лупачык, Стампінскі, Мельнікаў, Тадэвуш, Уладзіслаў і Яўген Адамчыкі, Іжынскі, Пабурэнны, Іоб.

Усе футбольныя матчы праходзілі на стадыёне побач з карадком 76-га палка, вайскоўцы якога былі актыўнымі заўзятарамі. Гэта было сапраўднае гарадское свята. Напярэдадні газеты не скупіліся на анонсы хуткай гульні. У дзень матчу на стадыёне часта выступаў вайсковы аркестр 76-га палка, а перад галоўнай гульнёй дня "для разагравання публікі" праводзіліся матчы юніёраў. Квіткі па тых часах каштавалі нятанна - да 1 злотага, але гэта не адпужвала сапраўдных прыхільнікаў спорту, народу збіралася вельмі шмат. Фанаты бурна рэагавалі на ход гульні, а ўлады акругі рашуча змагаліся за дысцыпліну на футбольным полі і вакол яго.

Вайскоўцы 76-га палка ў складзе Спартовага клуба арміі вызначаліся не толькі ў футболе. Яны былі сярод арганізатараў Польскай федэрацыі хакею на траве ў 1926 г.

Побач з гарадком (на поўдзень, паміж вуліцамі Бема (Шчорса) і Скідальскай (праспект Касманаўтаў)) у 1920-я гады размяшчаўся пляц (тэрыторыя) польскай ваенізаванай арганізацыі WF i PW (аналаг цяперашняй ДАСААФ). Да сярэдзіны 1930-х гг. там меліся цір, 2 двухпавярховыя казармы (захаваліся), сталовая, штаб і спартзала (таксама захаваліся), розныя склады, сховішчы і да т.п. У той час усе гэтыя паказаныя казармы зваліся казармамі Бема (koszary Bema). Польскія вайскоўцы 76-га пяхотнага палка прымалі актыўны ўдзел у правядзенні заняткаў па вайсковай падрыхтоўцы з гарадзенскай моладдзю. У савецкі час згаданую тэрыторыю займаў 9-ты вайсковы гарадок.

На падставе загаду Галоўнага штаба Войска Польскага пра ўнясенне арганізацыі на падставе дырэктывы PS 10-50 з 1930-х гадоў, 76 полк быў прылічаны да катэгорыі II палкоў пяхоты (так званы ўзмоцнены). На час вайны ўваходзіў у 1 чаргу мабілізацыі. Яго штат быў большы за штат "звычайнага" палка (тып I) і складаў ад 400 да 700 салдат.

У лютым 1939 г. польскае камандаванне прыступіла да распрацоўкі плану вайны з Нямеччынай, які атрымаў кодавую назву "Захад". Па гэтым плане прадугледжвалася разгарнуць 39 пяхотных дывізій, 3 горнапяхотныя, 11 кавалерыйскіх, 10 памежных і 2 бронематарызаваныя брыгады.

Усе польскія войскі былі аб'яднаны ў сем армій і чатыры асобныя аператыўныя групы. На межах Усходняй Прусіі - на межах рэк Бабёр, Нараў і Вісла - была разгорнутая група "Нараў" (камандуючы генерал Ч. Млот-Фіялкоўскі) у складзе дзвюх пяхотных дывізій, Сувалкаўскай і Падлескай кавалерыйскіх брыгад. У раёне Млавы - армія "Модлін" (камандуючы генерал Э. Пшэдзімірскі-Круковіч) у складзе чатырох пяхотных дывізій, Наваградскай і Мазавецкай кавалерыйскіх брыгад і двух бронецягнікоў - № 15 "Віхраслуп" і № 13 "Генерал Сасноўскі". Кожны бронецягнік меў у сваім складзе па дзве бронедрызіны "Татра". У іх у тыле размяшчалася аператыўная група "Вышкаў" у складзе трох пяхотных дывізій. Гэтыя групоўкі павінны былі не дапусціць уварвання нямецкіх войскаў, якія наступалі з Усходняй Прусіі.

У "Польскім калідоры" разгортвалася армія "Памор'е" (камандуючы генерал В. Бартноўскі) у складзе пяці пяхотных дывізій, Паморскай кавалерыйскай брыгады і бронецягніка № 14 "Падзярэўскі" з задачай утрымліваць Гданьск (Данцыг) і не дапусціць прарыву войскаў праціўніка на злучэнне з групоўкай ва Ўсходняй Прусіі.

На мяжы з Нямеччынай разгортваліся (з поўначы на поўдзень): армія "Познань" (камандуючы генерал Т. Кутшэба) у складзе чатырох пяхотных дывізій, Вялікапольскай і Падольскай кавалерыйскіх брыгад, двух бронецягнікоў - № 11 "Данута" і № 12 "Познанскі"; армія "Лодзь" (камандуючы генерал Ю. Румель) у складзе чатырох пяхотных дывізій, Валынскай і Красовай кавалерыйскіх брыгад, бронецягнікоў - № 52 "Пілсудскі" і № 53 "Адважны", і самая магутная армія "Кракаў" (камандуючы генерал А. Шылінг) у складзе шасці пяхотных дывізій, Кракаўскай кавалерыйскай брыгады, 10-й кавалерыйскай бронебрыгады і двух бронецягнікоў - № 51 "Маршалак" і № 54 "Грозны".

У другім эшалоне, у раёне Тамашоў-Любельскі - Кельцэ, разгортвалася армія "Прусы" (камандуючы генерал С. Дэмб-Бярнацкі) у складзе шасці пяхотных дывізій, у тым ліку і 29-й пяхотнай дывізіі, Віленскай кавалерыйскай брыгады і бронецягніка "Барташ Главацкі".

Паўднёвую мяжу Польшчы ахоўвала армія "Карпаты" ў складзе трох рэзервовых пяхотных дывізій і фармаванай бронебрыгады. У рэзерве галоўнага камандавання ў раёне Модлін - Варшава - Люблін знаходзілася армія "Люблін" (камандуючы генерал Піскар) у складзе трох пяхотных дывізій і Варшаўскай матарызаванай брыгады. У некаторых крыніцах яна завецца групай генерала Піскара.

На ўсходзе была арганізавана аператыўная група "Палессе" (камандуючы брыгадны генерал Ф. Клееберг), якая павінна была прыкрыць Польшчу з боку мяжы з СССР. Унутры армій утвараліся свае аператыўныя групы, звычайна ў складзе дзвюх пяхотных дывізій і адной кавалерыйскай брыгады.

Пік напружанасці ў польска-нямецкіх адносінах прыйшоўся на 1939 год. Ніхто ў Польшчы ўжо не сумняваўся, што вайны не пазбегнуць. У сакавіку гэтага года ў краіне пачаліся ўтоеныя мабілізацыйныя мерапрыемствы, у выніку якіх у польскае войска была прызвана значная колькасць заходніх беларусаў. Пасля ўсеагульнай мабілізацыі, якая была праведзена ў канцы жніўня 1939-га, у шэрагі Войска Польскага было залічана каля 70 тыс. салдат Заходняй Беларусі. Мабілізацыйныя цэнтры на тэрыторыі Заходняй Беларусі знаходзіліся ў Гародні (штаб карпусной акругі, DOK III) і Берасці над Бугам (штаб акругі, DOK IX).

У перыяд II РП штаб 29 дп і яе падраздзяленні знаходзіліся ў Гародні і Сувалках:

- 41-шы Сувальскі пяхотны полк імя Маршала Юзафа Пілсудскага;

- 76-ты Лідскі пяхотны полк імя Людвіка Нарбута;

- 81-шы полк гарадзенскіх стральцоў імя караля Стэфана Баторыя;

- 29-ты полк лёгкай артылерыі ў Гародні;

- дывізіён 29-га палка лёгкай артылерыі.


Камандзіры дывізіі:

- брыгадны генерал Мікалай Асікоўскі (Osi-kowski, 1921-1923);

- палкоўнік пяхоты Кароль Шамёт (Szemiot, 1923-1924);

- брыгадны генерал Аляксандр (Залескі) (Zaleski, 1924-1927);

- брыгадны генерал. Францыск Клеберг (Kleeberg, 1927-1936);

- палкоўнік дыпламаваны Вацлаў Пекар (перыяд 1936-1938);

- палкоўнік пяхоты Ігнат Азевіч (Oziewicz, 25.X.1938 - верасень 1939).

У ВЕРАСНЁВАЙ КАМПАНІІ 1939 г.

Дывізія пад камандаваннем палкоўніка. Ігнацыя Азевіча (Oziewicza), была прызначана для паўночнай групоўкі войскаў "Прусы", ген. Стэфана Дэмба-Бярнацкага.

Пасля адмабілізавання 1 верасня дывізія чыгуначным транспартам прыбыла ў прызначаны раён у наваколлях Скярновіц (Skierniewic). Затым была накіравана ў раён Равы Мазавецкай. 2 верасня ў поўным складзе, знаходзячыся ў сяле Любохня (Lubochnia) атрымала загад да гатоўнасці здзейсніць марш на раку Піліцу (Pilicu) пад Суляёвам (Sulejowem) і дыслакавацца ў лесе лясніцтва Лучна (Leczno). Дывізія, падзеленая на дзве калоны, пайшла па маршрутах: Тамашоў Маз. - Смардзевіцы - Блогі (Tomaszоw Maz.- Smardzewice - Blogie) праз Спала - Цяпловіцы - Букавец - Малыя Конскія (Spala - Cieplowice - Bukowiec - Male Konskie).

У бітве пад Пётрыкавым (Piotrkowem) прынялі ўдзел галоўным чынам падраздзяленні паўночнай групоўкі арміі "Прусы". Падраздзяленні многіх з іх ад 1 верасня знаходзіліся яшчэ ў стадыі адмабілізавання ці стадыі перамяшчэння. Польскае камандаванне разлічвала на затрымку часу ў памежных бітвах. 4 верасня працягваліся прыбыццё і заняцце пазіцыі на абарону польскіх частак. 4 верасня ў гэтым раёне апынуліся 29 пяхотная дывізія і Віленская брыгада кавалерыі. 19 пяхотная дывізія была засяроджана ў лясным комплексе на паўночны ўсход ад Пётрыкава (Piotrkowa). У Пётрыкаве (Piotrkowе) мабілізаваны 146 пп 44 пяхотнай дывізіі. Гэтая дывізія пасля завяршэння адмабілізавання павінна была прыбыць у раён Длутаў (Dlutow). А канцэнтрацыя 13-й пяхотнай дывізіі працягвалася аж да 6 верасня. 1 батальён лёгкіх танкаў (7 тр) у адпаведнасці з загадам знаходзіўся ў тыле арміі паміж Апочнем (Opocznem) і Конскімі (Konskimi).

3 верасня 29-я стралковая дывізія заняла адведзеныя пазіцыі. Была выслана група сапёраў, якія адправіліся на поўдзень для знішчэння ўсіх мастоў на рацэ Піліцы. Для абароны пераправы ў Прадборы (Przedborzu) выдзелілі 5 роту 76 пяхотнага палка, якая прыбыла на месца да світання 4 верасня, займаючы пазіцыі ў абароне.

У складзе дывізіі адсутнічалі:

- II і III батальёны 41-га пяхотнага палка, дывізіён 29-га палка лёгкай артылерыі.


У баях пад Пётрыкавым (Piotrkowem) гэтак жа прынялі ўдзел падраздзяленні Лодзкай арміі. Гэта былі:

- падраздзяленні Валынскай кавалерыйскай брыгады, якія пасля баёў 1-2 верасня з 4 танкавай дывізіяй немцаў знаходзіліся ў рэзерве арміі.

- група палкоўніка Чыжэўскага - групоўка, створаная галоўным чынам з філіялаў 2 пяхотнага палка Легіёнаў 2 пяхотнай дывізіі Легіёнаў.


4 верасня каля поўдня польскія часткі знаходзіліся на зададзеных пазіцыях. Група, якая складалася з батальёнаў II і III 86-га пяхотнага палка 19 пд заняла пазіцыі на непасрэдным краі поля Пётрыкава (Piotrkowa) на ўчастку Каргал - Лес - Лангіноўка (Kargal - Las - Longinоwka). Гэта была адкрытая мясцовасць, вельмі цяжкая для арганізацыі абароны, асабліва супраць наступлення танкаў. У сувязі з гэтым камандзір дывізіі ген. Квацішэўскі (Kwaciszewski) двойчы прапанаваў ген. Дэмб - Бярнацкаму, стварыць лінію абароны бліжэй да Пётрыкава (Piotrkowе) ці прасунуць яе на Прудку (Prudkе). Аднак ён не даў згоды. У канчатковым рахунку, генерал Квацішэўскі (Kwaciszewski) у ноч на 4 верасня, на свой страх утрымліваў лінію абароны бліжэй да горада і разгарнуў свае войскі ў раёне Вітаў (Witоw). На правым фланзе апынуўся III батальён 86 пп, II - на левым. Гэтыя сілы мусілі быць падтрыманы батарэяй супрацьтанкавага дывізіёна і II дывізіёнам 19 артпалка (100 мм гаўбіц).

85 пп пад камандаваннем п-ка Яна Крук-Сміглі (Kruk-Smigli), як другі эшалон 19 пд заняў абарончую пазіцыю ў лесе на паўночны захад ад Пётрыкава (Piotrkowa). II батальён заняў абарону на паўднёвым краі лесу. Генерал Дэмб-Бярнацкі вырашыў часткова перабудаваць сістэму кіравання арміяй. Таму ўначы 3-4 верасня стварыў новую аператыўную групу ў складзе 19 пд і Віленскай кб. Камандзірам прызначыў генерала Дрэшара (Dreszera). 4 верасня 77 пп і батальён 86 пп і IV дывізіён 19 артпалка атрымалі загад пераходу на паўднёва-ўсходні бераг ракі Луцёнжы (Luciazy) і засяродзіцца ў лесе на вышыні мясцовасці Міляёвец (Milejowiec). Групоўка гэтая прыбыла ў прызначаны раён раніцай 5 верасня. Тым самым сілы 19 пд непасрэдна каля Пётрыкава (Piotrkowa) былі моцна аслаблены.

Ад гэтых падраздзяленняў, больш на поўдзень, у лесе Любень знаходзілася таксама Віленская кб, якая па планах генерала Дэмб - Бярнацкага разам з 77 пп і батальёнам 86 пп і IV дывізіёнам 19 ап павінна была ўвайсці ў склад групы, палкоўніка Навасельскага (Nowosielskiego). Гэтая групоўка павінна была здзейсніць напад на нямецкія танкавыя злучэнні, падыходзіўшыя пад Пётрыкаў (Piotrkоw). Акцыя мусіла быць праведзеная ў ноч 5-6 верасня.

29 пд заняла абарончую пазіцыю на левым фланзе арміі, уздоўж ракі Піліцы і Чорнай на адрэзку Сулеяў - Домбрава - Яксонак (Jaksonek). Для поўнага складу бракавала 2-га і 3-га батальёнаў 41 пп, а таксама батарэі 29 ап. Падраздзяленні 13 пд у першыя дні верасня былі яшчэ на падыходзе да прызначанага раёна. Аднак перад світаннем 6 верасня ім удалося прыбыць на прызначаныя пазіцыі ў абароне. II батальён 43 пп, як самастойная частка апынуўся на пазіцыях у лесе на поўдзень ад горада Альшова (Olszowa). III батальён 43 пп заняў пазіцыі вакол горада Уезд (Ujazd). Батальён 43 пп заняў пазіцыі ў лесе на захад ад вёскі Сангродзь (Sangrоdz). Батальёны II і III 45 палка згрупаваліся для абароны ў лесе на паўднёвы захад ад Тамашова Мазавецкага. Батальён 45-га палка заняў пазіцыі на ўскрайку лесу на поўнач ад Тамашова, блакуючы шлях Томашоў - Любохня (Lubochnia). Батальёны 44 пп утварылі агнявыя пазіцыі на краі лесу ў наваколлях Браніславава (Bronislawowa). Астатнія сілы 44 пп склалі рэзерв дывізіі і сканцэнтраваны ў глыбіні лесу на ўсход ад дарогі Тамашоў - Любохня (Lubochnia).

Задачай 13 пд была абарона правага крыла арміі з поўначы, а таксама гатоўнасць да падтрымкі дзеянняў 29 пд, Віленскай кб і часткі сіл 19 пд.

Таму рэзерв арміі ў выпадку няўдачы павінен быў закрыць шлях немцам на Варшаву.

Днём 5 верасня, 1 танкавая дывізія немцаў, змяла абарону падраздзяленняў 19 стралковай дывізій, якія абараняюлі Пётрыкаў (Piotrkow), захапіла горад, і пайшла далей па дарозе на Вальбор - Тамашоў (Wolbоrz - Tomaszеw). Аддзелы Лодзкай арміі, таксама знаходзіліся ў абароне. Тым часам камандуючы арміі "Прусы" не маючы дакладных дадзеных пра размяшчэнне нямецкіх войскаў і сітуацыю ў наваколлях Пётрыкава (Piotrkowa), вырашыў правесці контратаку на правае крыло 1-й танкавай дывізіі. Яна мусіла быць праведзена ў ноч з 5 на 6 верасня, і прывесці да аднаўлення страчаных пазіцый на лініі Яжоў - Разпор (Jezow - Rozpor). Першапачатковы план прадугледжваў выкарыстанне для гэтай мэты групы палкоўніка Навасельскага (Nowosielskiego), г.зн.: 77 пяхотнага палка, батальёна 86 пяхотнага палка, IV батарэі 19-га палка лёгкай артылерыі - 19 пяхотнай дывізіі і Віленскай брыгады кавалерыі.

Віленская брыгада кавалерыі знаходзілася ў лесе Любень, а астатнія падраздзяленні далей на поўнач, у самым цэнтры горада Міляёвец (Milejowiec). Аддзяляла іх ад пазіцыі немцаў рака Луцёнжа (Luciaza).

У 17.00 камандуючы арміі змяніў рашэнне на наступленне. Па новым плане начныя напады павінны былі выканаць 76 і 81 палкі 29 пяхотнай дывізій пры падтрымцы групы палкоўніка Навасельскага (Nowosielskiego), а Віленская брыгада кавалерыі павінна была адысці на ўсходні бераг Піліцы і злучыцца каля Прадбора (Przedborza), дзе ўжо ваявала 5 рота 76 пяхотнага палка. Для абароны пераправы ў Суляёве (Sulejowie) застаўся батальён 41-га пяхотнага палка 29 пяхотнай дывізіі.

Каля 20.00 гадзін 76-ты пяхотны полк выйшаў да наваколляў Суляёва па дарозе на Пётрыкаў (Piotrkоw) і пасля пераправы Луцёнжы (Luciazy) ў наваколлі Прыглава (Przyglowa), полк падзяліўся на дзве групы.

2-гі батальён рушыў праз Клудзіцы (Kludzice) і Міляёвец (Milejowiec), а астатнія падраздзяленні маршавай калонай - на Залесіцу (Zalesice). 1-шы батальён 81-га пяхотнага палка рушыў у бок Прыглава (Przyglowa), 2-гі і 3-ці - да Суляёва. Тым часам у 21.00 у штаб камандуючага арміяй "Прусы" прыйшло паведамленне ад Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у якім інфармавалася пра становішча спраў на фронце і паступіў загад пра вывад падраздзяленняў арміі "Прусы" на поўнач ад Пётрыкава (Piotrkowa). З прычыны гэтага генерал Дэмб - Бярнацкі ізноў змяніў загад і ў адпаведнасці з ім 81-шы пяхотны полк павінен быў перабазавацца ў лясы ў наваколлях Кола. 76-ты пяхотны полк меў у адпаведнасці з загадам выканаць напад на (Пётрыкаў) Piotrkоw, а затым адступіць на поўнач. Аднак загады не дайшлі да батальёнаў 76 пяхотнага палка. Так, у адпаведнасці з папярэдняй камандай, прайшоўшы прызначаным маршрутам, 2-гі батальён пад камандай маёра Юстыняка (Justyniaka) пайшоў у атаку, узяўшы Міляёвец (Milejowiec). Не губляючы тэмпу атакі, батальён выцяў затым на Міляёў (Milejоw), дзе наткнуўся на штаб 1-й танкавай дывізіі і яго роту аховы. Немцы давалі рашучы адпор, але ўрэшце палякі ў штыкавой атацы і ў рукапашным баі вызвалілі вёску. Затым батальён рушыў на захад, дзе, аднак, сутыкнуўся з моцным арганізаваным супрацівам, і наступленне захлынулася. Паколькі маёр Юстыняк (Justyniak) з прычыны цяжкага ранення ў галаву памёр, камандаванне ўзяў на сябе капітан Мысліўскі (Mysliwski). Ён загадаў батальёну адступіць за Піліцу (Pilicе). Неўзабаве і ён быў цяжка паранены, і камандаванне ўзяў на сябе паручнік Гняўкоўскі (Gniewkowski), які вывеў ужо толькі рэшткі батальёна. У баі загінула каля 12 афіцэраў і 218 шарагоўцаў II батальёна.

На дарозе паміж Суляёвам (Sulejowem) і Прыгловам (Przyglowem) камандзіру II дывізіёна 29 ап і 29 артполка цяжкай артылерыі прыйшоў загад на адступленне, які яны выканалі. 1-шы батальён пад камандаваннем падпалкоўніка Сянкевіча (камандзіра палка) ідучы ў першым эшалоне, пры падтрымцы III батарэі 29 ап, атакаваў праз Прыглоў - Калонію Вітаў - Залесіцу (Przyglow - Kolonie Witоw - Zalesice). Былі цяжкасці з перамяшчэннем артылерыі, таму што масты былі разбураны ў выніку папярэдніх баёў, якія праводзіліся на гэтай тэрыторыі часткамі 19 пд. Праз пашкоджаны мост у Калоніі Вітаў (Koloniе Witоw) удалося пераправіцца толькі 7 батарэі, у той час як астатнія дывізіёны чакалі, пакуль сапёры навядуць мост.

1-шы батальён 76 пп уваходзячы ў Залесіцу (Zalesicе) быў абстраляны кулямётным агнём. У гэтай сітуацыі, маёр Касінскі (Kosinski) на чале двух звязаў 2-й роты абышоў засеўшых у хаце немцаў і выцяў з тылу. У выніку гэтага нападу нямецкія падраздзелы былі разбітыя. Былі ўзяты 3 танкі, усюдыход і 4 матацыклы. У палон узяты 2 афіцэры і 18 салдат. Уласныя страты склалі 3 параненыя. Прыкладна ў 2.00 гадзіны 6 верасня калона 1-га батальёна дайшла да шашы Пётрыкаў - Разпор (Piotrkоw - Rozpor) і завярнула на поўдзень. Тут, у вёсцы Морыца (Moryca) салдаты завязалі яшчэ адзін бой. Узялі там 4 танкі і 6 аўтамабіляў павышанай праходнасці. Падраздзяленні нямецкага войска адступілі ў бок Лангінаўкі (Longinоwki), дзе немцы арганізавалі абарону і абстралялі падыходзіўшыя польскія падраздзяленні. У гэтай сітуацыі, маёр Касінскі (Kosinski) пры падтрымцы III батарэі 29 ап развярнуў батальён у атаку. Агонь польскай артылерыі зрабіў значныя страты сярод нямецкіх частак, размешчаных на поўдзень ад Лангінаўкі (Longinоwki). Гарэла шмат цыстэрнаў і аўтамабіляў. Немцы, сіламі двух падраздзяленняў, падтрымоўваныя танкамі і агнём артылерыі пайшлі ў контратаку, 1-шы батальён здолеў адбіць гэты напад і нанёс праціўніку вялікія страты.

Падчас гэтага бою немцы захапілі сцяг палка, размешчаны на машыне. Група салдатаў 1-га батальёна ўступіла з немцамі ў апантаны бой. Разгарэлася бітва, якая доўжыўся некалькі мінут, падчас, якой сцяг пераходзіў некалькі разоў з рук у рукі. У канчатковым рахунку сцяг адбілі. У гэтай барацьбе загінулі 8 польскіх вайскоўцаў, а 16 атрымалі раненні. Ад'ютант палка капітан Маліноўскі быў двойчы паранены. Група немцаў, якая захапіла сцяг, была цалкам знішчана.

Каля 4.00 пачалося нямецкае наступленне з боку Пётрыкава (Piotrkowa), якое было адбіта сіламі 3-й роты. Адначасова працягваліся напады польскіх падраздзяленняў на Лангіноўку (Longinоwkе). Камандаванне батальёна, якое па-ранейшаму чакала падыходу і дапамогі 81 пп, не ведала пра ўнясенне змен у загад. Каля 6.00 немцы пачалі наступленне ў кірунку Пётрыкава (Piotrkowa) і Лангінаўкі (Longinоwki). Гэтыя атакі праводзіліся вялікай колькасцю падраздзяленняў пяхоты пры падтрымцы танкаў.

Першапачаткова палякі адбівалі напады, аднак, калі ў атаку рушылі танкі, а ў батальёне не засталося ніводнай сурацьтанкавай гарматы, абаронцы змушаны былі саступіць. На працягу дзвюх гадзін батальён практычна ўвесь загінуў. Камандзір 76 пп падпалкоўнік Сянкевіч двойчы цяжка паранены быў раздушаны тракамі танкаў? Загінуў таксама камандзір 1-га батальёна маёр Касінскі (Kosinski, аўтар палкавога гімна нарбутаўцаў, і прыкладна 22 афіцэры і 426 салдат.

Увогуле, у начных баях з 5 на 6 верасня загінулі 32 афіцэры і 652 салдаты з 76 пп. Большасць параненых афіцэраў і шарагоўцаў не загінулі непасрэдна ў баі. Многіх параненых раздушылі танкі, ці іх дабіла нямецкая пяхота пасля бою.

Нямецкія страты ў гэтай бітве склалі 200 забітых і 40 спаленых аўтамабіляў і танкаў.

6 верасня на полі зблізку вёскі Морыца (Moryca) немцы расстралялі 19 узятых у палон афіцэраў 76 пп, а шарагоўцаў палка разам з групай мясцовых жыхароў спалілі жыўцом у хаце чыгуначніка ў Морыцы (Morycе) і ў адным з дамоў у Лангвіноўцы (Longinоwce). Злачынствы здзейснілі салдаты нямецкай 1 тд у адплату за вялікія страты, якія панеслі ў баі. На каталіцкіх могілках у Міляёве (Milejowie) знаходзяцца магілы і помнік 631 польскаму салдату, загінуўшаму ў вераснёвай кампаніі ў бітве пад Пётрыкавым (Piotrkowem).

Пасля таго, як полк быў разбіты пад Суляёвам (Sulejowem), сцяг палка дастаўлена 12 верасня лейтэнантам Батко (Batko) у запасны цэнтр 76 пп у Гародню. 14 верасня сцяг перапраўлены ў Вільню. Тут ён патрапіў у сям'ю капітана Ляснеўскага (Lesniewskiego), якая закапала сцяг у зямлю. У 1940 г. сцяг адкапалі і адправілі праз дыпламатычнае прадстаўніцтва Вялікабрытаніі ў Коўне ў пасольства РП у Ватыкане. У жніўні 1944 сцяг быў дастаўлены ў Вялікабрытанію і перададзены ў музей. Сцяг знаходзіцца ў калекцыі музея імя генерала Сікорскага ў Лондане. У зборы музея Войска Польскага ў Варшаве захоўваецца першы сцяг 76 пп, які быў уручаны палку ў 1919 годзе.

У ноч з 5 на 6 верасня, астатнія падраздзяленні 29 дывізіі адышлі ў адпаведнасці з загадам у лясы ваколіцы Кола (Kolo). Гэта былі:

- 81-шы пяхотны полк;

- II дывізіён 29-га палка лёгкай артылерыі;

- 29 дывізіён цяжкай артылерыі;

- 29 сапёрны батальён;

- штаб 29 пяхотнай дывізіі.

У наступныя дні дывізія працягвала адыходзіць у кірунку пераправы цераз Віслу. Пад вечар 7 верасня, яе падраздзяленні, таксама 13 і 19 пяхотных дывізій знаходзіліся на пераправе. Пад Добрай Воляй (Dobrа Wolа) на рацэ Дравічка (Drzewiczkа) часткі нямецкай 13 матарызаванай дывізіі разбілі штаб дывізіі, якая да гэтага часу перастала быць арганізаванай ваеннай часткай. Праз раку ў раёне Дэмбліна (Dеblina) пераправіліся ў перыяд з 11 па 13 верасня толькі нешматлікія атрады, без цяжкага ўзбраення - першым чынам 76 пяхотнага палка.

Рэшткі 76 палка, адыходзячы далі яшчэ апошні бой фашыстам 12 верасня ў наваколлях вёскі Аўгустова гміна Грабаў над Піліцай Казянецкага павета Мазавецкага ваяводства. У гэтым баі знішчылі 6 фашысцкіх танкаў, загінулі 64 ваяры 76 палка.

Так гераічна скончылася гісторыя 76 Лідскага палка

Дывізія была рэарганізавана ў раёне Раёўца (Rejowca) пад камандаваннем палкоўніка Яна Братры (Bratry), начальніка службы дывізіённай пяхоты. Паводле загаду генерала Дэмб-Бярнацкага дывізія стала брыгадай. 17 верасня 29 брыгада мела 7 батальёнаў, артылерыйскую батарэю і сапёрную роту. Яна ўвайшла ў склад дывізіі генерала Ваўкавіцкага (Wolkowickiego). 29 брыгада прыняла ўдзел у бітве пад Тамашовам (Tomaszowem) Люблінскім і капітулявала 27 верасня.

Два батальёны 41-га пяхотнага палка ваявалі ў Варшаве да яе капітуляцыі. Да іх далучыўся таксама III батальён 81-га пяхотнага палка.

Пакінуты ў запасным раёне ў Гародні батальён капітана Пятра Карзона (Korzona) ў перыяд 12-17 верасня ўдзельнічаў у сутычках з нямецкімі патрулямі ў лясах у раёне Беластока, Соколкі і Гародні.

ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ ГЕРОЯМ


Міляёў (Milejow), Лодзкае ваяводства, Пётрыкаўскі павет, гміна Розпра

Вайсковыя могілкі

Размешчаны каля парафіяльных могілак, збоку ад галоўнай уваходнай брамы. Абгароджны слупкамі са штучнага каменю, злучанымі кутым ланцугом. Ад боку пад'езду помнік з металічным надпісам, металічным крыжам і памятнай табліцай. За ім чатыры рады магіл, агароджаных кустарнікам. На кожнай бетонны крыж з інфармацыях пра палеглых.

Надпіс на помніку:

"MIEJSCE WIECZNEGO SPOCZYNKU 631 ZOLNIERZY POLSKICH

76 LIDZKIEGO PULKU PIECHOTY

IM. L. NARBUTTA

29 GRODZIENSKIEJ DYWIZJI PIECHOTY

86 MALODECZNIANSKIEGO PULKU PIECHOTY

19 WILENSKIEJ DYWIZJI PIECHOTY

ARMII "PRUSY"

11 BAONU STRZELCOW

WOLYNSKIEJ BRYGADY KAWALERII

ARMII "LODZ"

POLEGLYCH W WALCE

Z HITLEROWSKIM NAJEZDZCA

WE WRZESNIU 1939 R".


"Месца вечнага спачынку 631

польскіх жаўнераў

76 Лідскага палка пяхоты імя Л. Нарбута

29 Гарадзенскай дывізіі пяхоты

86 Маладзечанскага палка пяхоты

19 Віленскай дывізіі пяхоты

арміі "Прусы"

11 батальёна стральцоў

Валынскай брыгады кавалерыі

арміі "Лодзь"

палеглых у бітве

з гітлераўскімі агрэсарамі

ў верасні 1939 г."

Эпітафія каля першай брацкай магілы за помнікам:

"TU SPOCZYWA 40-tu POLSKICH

ZOLNIERZY, POLEGLYCH

SMIERCIA BOHATEROW,

dnia 6 IX 1939 r.

W OBRONIE OJCZYZNY

PRZED NAWALA NIEMIECKA

MIEDZY KTOREMI BRACIA

p.pr.rez. ROZNOWSKI KAZIMIERZ lat 26

p.pr.rez. BUJNICKI STANISLAW lat 28

URODZENI w WILNIE

CZESC POLEGLYM BOHATEROM".


"Спачываюць тут 40 польскіх

жаўнераў, палеглых

смерцю герояў

6.ІХ.1939 г.

пры абароне Айчыны

ад нямецкай навалы,

між каторымі браты

падпаручнік рэзерву Ражноўскі Казімір, 26 гадоў,

падпаручнік рэзерву Буйніцкі Станіслаў, 28 гадоў,

народжаныя ў Вільні.

Слава палеглым героям."

Спачываюць тут жаўнеры 76 Лідскага палка пяхоты імя Людвіка Нарбута 29 Гарадзенскай дывізіі пяхоты, 86 Маладзечанскага палка пяхоты 19 Віленскай дывізіі пяхоты арміі "Прусы"; 11 батальёна стральцоў Валынскай брыгады кавалерыі арміі "Лодзь", а таксама іншых частак, палеглыя ў вераснёвай кампаніі пры абароне Пётрыкава Трыбунальскага. 173 апазнаных пахаваны пад прозвішчамі, у тым ліку афіцэры 76 пп: маёр Яўген Юстыняк - камандзір 2 батальёна і дыпламаваны падпалкоўнік Станіслаў Сянкевіч - камандзір палка:

STRZ. KAWIAZO WIKTOR

STRZ. SZCZESNY STEFAN

STRZ. ZAJKOWSKI JAN

STRZ. ZAWADZKI RAFAL, * 1911

STRZ. LUKASIK JAN, * 1914

STRZ. ROZNOWSKI KAZIMIERZ

STRZ. LASZKO JOZEF

STRZ. MISIUN WIKTOR

STRZ. SZESTOWICKI PIOTR, * 1907

STRZ. STAWECKI PIOTR, * 10.1918

STRZ. DZIEMDZIUK JOZEF, * 10.02.1916

ST. STRZ. WYCZANSKI WLADYSLAW, * 1.1.1920

STRZ. MONCZAK KAZIMIERZ

STRZ. ZOLNIEROWICZ PIOTR, * 13.7.1913

STRZ. KOLPAK P.

KPR. LYSZKIEWICZ JOZEF, * 1919

STRZ. KSIAZEK STEFAN

STRZ. ZURAWSKI STANISLAW, * 22.4.1916

STRZ. KOLOMECKI ANTONI

STRZ. GASPEROWICZ JAN

STRZ. KOLOSZ EMILIAN, * 14.9.1916

STRZ. LAWINKOWICZ JOZEF

KPR. GRABOWSKI

BIL JAN

STRZ. JUNCEWICZ KONSTANTY

STRZ. GAWOR MICHAL, * 1916

STRZ. KUPLINSKI ANTONI

STRZ. MYSZKO BAZYLI

PLUT. UTKO MICHAL, * 12.10.1916

STRZ. JANOSZKIEWICZ ANTONI

SWIRSKI KAZIMIERZ

SZYLKO ALFONS

STRZ. SAMAL ELIASZ, * 1912

STRZ. SWINDLER MICHEL, * 1915

STRZ. JANUSZKIEWICZ JOZEF

STRZ. WARGAN ANTONI

STRZ. CHOCIANOWICZ JULIAN, * 1910

PION. WORYTKO FRANCISZEK

STRZ. MARKIEWICZ ALEKSY

STRZ. MANDRYK TROFIN

STRZ. CIERECH KAZIMIERZ, * 9.4.1909

STRZ. SZKIET FIEDOSI

STRZ. BERNATOWICZ MICHAL, * 1904

STRZ. JANKOWSKI BRONISLAW

SZER. KOLODZIEJSKI EUGENIUSZ

KPR. SLIWINSKI AUGUSTYN

STRZ. BIELURKI LUCJAN, * 1911

STRZ. ZURLICKI MARIAN

KPR. KLUK WINCENTY

ST. STRZ. TALUC MICHAL

STRZ. GLOWACZ JAN, * 1915

STRZ. LINKOWSKI JOZEF, * 1917

STRZ. SZENDO JULIAN, * 1916

KPR. BOSSOWSKI

PPOR. REZ. PIASECKI STANISLAW, * 14.9.1916

PPLK SIENKIEWICZ STANISLAW, D-CA 76 PP, * 25.8.1895

STRZ. POLMAN ANDRZEJ

SZER. JANKOWICZ

STRZ. MALINOWSKI ALEKSANDER

STRZ. KRAWCZYK MICHAL

MJR JUSTYNIAK EUGENIUSZ, 77 PP, Ur. 11.VII.1897, Polegl 5.IX.1939 r.

KPR. SAWICKI FRANCISZEK

SZER. KLOSEK JOZEF

STRZ. BAK TADEUSZ, * 10.2.1915

STRZ. SZUSZKIEWICZ IGNACY

STRZ. PLUTA FRANCISZEK, * 1915

ST. STRZ. PIOTRKOWSKI MATEUSZ

STRZ. MAKOWSKI STEFAN

STRZ. ZWIEREWICZ KAZIMIERZ

STRZ. GUSLICKI MARIAN

STRZ. SIKORA SZCZEPAN

STRZ. LUNCEWICZ KONSTANTY

STRZ. GOLISZEK PIOTR

STRZ. WALISZEK PIOTR

STRZ. WDOWIAK, * 1915

STRZ. BAIR MARIAN

STRZ. PASZKOWICZ JAN

KPR. PCHOR. MIODUSZEWSKI ROMUALD-KONSTANTY, 86 PP, * 19.2.1915

STRZ. PAWLOWSKI STANISLAW, * 6.9.1913

LEWICKI

ST. STRZ. OWCZAREK STANISLAW

STRZ. MADZIALKO ALBIN, * 1914

STRZ. FURMAN FELIKS

STRZ. HOMOLKO JAN

STRZ. WIELICZKO JAN

STRZ. WINIECKI ROMAN, * 1915

SZER. GRZESZOWSKI STANISLAW, * 1908

ST. STRZ. BIZA JAN

STRZ. JUSZKIEWICZ J?ZEF, * 1911

ST. STRZ. KOSAKOWSKI WAC?AW, * 1912

STRZ. BORYSEWICZ, * 1911

STRZ. DZIEDZIEJKO JOZEF

PLUT. PCHHOR. WICHER FRANCISZEK, 301 BAON PANC., * 3.11.1912

KPR. PCHOR. LAZAKIEWICZ, 76 PP

STRZ. PIASTA WACLAW

KPR. SOBOLEWSKI M.

CIESIELSKI KAZIMIERZ

SZER. KARWAT STANISLAW

STRZ. RATUSZNIK

KPR. DZIENKIELEWICZ, * 1914

STRZ. NOWACKI JAN

STRZ. RADZISZEWSKI

STRZ. RUCZ JAN

STRZ. GLEBOWSKI

KPR. PIWO

KPR. EGGERT

STRZ. LOPATKO WITOLD, * 1919

STRZ. KONCZAK KAZIMIERZ

STRZ. KREC JAN, * 17.12.1914

STRZ. KSIAZEK FRANCISZEK

STRZ. JARMULINSKI MARIAN

STRZ. LESIECKI STANISLAW

STRZ. TESLA ANTONI

STRZ. PADERMAN ANDRZEJ, * 1919

POR. SZULC WITOLD, 2 PP

KOR. PCHOR. SPALEK, 301 BAON PANC.

POR. MICKIEWICZ MIKOLAJ, 76 PP

PLUT. PCHOR. OGRODZKI JERZY, 11 BAON STRZ.

STRZ. GIERECH KAZIMIERZ, * 9.4.1909

KPR. KIELBOWICZ BRONISLAW

KPR. MAZUR WLADYSLAW

STRZ. OLEJNIK WACLAW

STRZ. MROZIK WILHELM

POR. REZ. KORCZYNSKI-SAS KAZIMIERZ, 43 PP, * 19.4.1919

ZOLNIERZ AK PIETRZYK ZYGMUNT, † 1944

STRZ. MOZDRZEN JOZEF, * 1917

STRZ. MADAJ STANISLAW

ST. STRZ. KORDACZEK MARCIN

ST. STRZ. GORZEDOWSKI MARIAN

ST. STRZ. LASIAK ANTONI

SZER. STRYGA JOZEF

ST. STRZ. ZAWADZKI CZESLAW

STRZ. PLUTA JOZEF

KPR. KONSTANTY JOZEF

KPR. ANDRUSZKIEWICZ WACLAW

STRZ. KUNICZ TEOFIL

SZER. STANEK STEFAN, * 1915

STRZ. MARCHLEWICZ JAN

STRZ. ADAMSKI STANISLAW

STRZ. OGRODNIK MIECZYSLAW, * 1916

STRZ. BIALORUCKI ALEKSANDER

STRZ. ULANOWSKI GRZEGORZ, * 1908

KPR. PCHOR. SKOTNICKI WLADYSLAW, 11 BAON STRZ.

STRZ. OLSZANSKI MIKOLAJ

STRZ. TOMASZEWSKI STANISLAW, * 1917

2 ZOLNIERZY N.N. Z ZALOGI CZOLGU NR. 5273

KPR. GINDZIELEWICZ ANDRZEJ, * 1914

ST. STRZ. MAJEWSKI FELIKS, * 1916

KPR. PCHOR. MEDRKIEWICZ ADAM, 11 BAON STRZ., * 1920

ST. STRZ. PALIWODA JOZEF EMIL

KPT. KCYCHA STANISLAW, 31 PP

KPT. EKIERT MARIAN JOZEF, 76 PP, * 22.1.1907

KPT. MALINOWSKI MIECZYSLAW, 11 BAON STRZ., * 19.6.1906

POR. REZ. BULKOWSKI BRONISLAW, 76 PP, * 1912

KPT. GRUSZECKI JAN STANISLAW, 76 PP, * 19.5.1900

POR. OLECHOWICZ JANUSZ, 76 PP

PPOR. REZ. NIESCIUSZKO BUJNICKI STANISLAW, 86 PP, * 14.2.1911

MJR KOSINSKI KORNELIUSZ, 76 PP, * 15.8.1896

POR. WOLODZKO ROMUALD, 86 PP, * 28.9.1906

PPOR. REZ. TRUSZYNSKI MARCIN EUSTACHY, 76 PP, * 20.9.1907

Камандзір 76 палка падпалкоўнік Станіслаў Сянкевіч нарадзіўся 26 жніўня 1895 года ў Камянцы (больш верагодна - Каменка) былога Баранавіцкага павета. Пасля заканчэння пачатковай школы ў Баранавічах, пераехаў да сваякоў у Варшаву, каб працягваць навучанне ў сярэдняй школе, якую скончыў у 1913 годзе. У 1914 годзе быў прызваны ў рускае войска. Скончыў афіцэрскую школу ў Петраградзе і ў чыне паручніка залічаны ў грэнадзёрскі пяхотны полк, у складзе якога ваяваў на тэрыторыі Польшчы з аўстрыйскімі войскамі ў 1 сусветнай вайне. Падчас баёў малады афіцэр Сянкевіч вызначаўся мужнасцю і адвагай, за што быў узнагароджаны Крыжом V класа святога Георгія. У гэтых баях быў некалькі разоў паранены, пераведзены ў 1-шы Ўсходні корпус Войска Польскага пад камандаваннем генерала Доўбар - Мусніцкага. Пасля польска - савецкай вайны ў 1924 годзе скончыў ваенную акадэмію і служыў на розных пасадах, у тым ліку і начальнікам штаба 30 пяхотнай дывізіі ў Кобрыне. Увесну 1939 года быў адкамандзіраваны ў 29 пяхотную дывізію ў Гародню, дзе ў ліпені прыняў камандаванне 76 пяхотным палком, з якім 1 верасня 1939 г. адправіўся на Заходні фронт у складзе войскаў арміі "Прусы". Пасля вайны яму было пасмяротна прысвоена вайсковае званне палкоўніка. Станіслаў Сянкевіч узнагароджаны ордэнамі Krzyz Srebrny Orderu Wojskowego Virtuti Militari, Krzyz Niepodleglosci, Krzyz Walecznych, Zloty Krzyz Zaslugi.


У Міляёўцы і Лангіноўцы стаяць сціплыя помнікі мясцовым жыхарам, расстраляным і спаленым фашыстамі 6 верасня ў адплату за вялікія страты, панесеныя ў баях з 76 Лідскім палком.


Суляёў (Sulejow)

Лодзкае ваяводства, Пётрыкаўскі павет, гміна Суляёў

Вайсковы квартал

Знайходзіцца на рымска-каталіцкіх могілках, якія размешчаны па вуліцы Могілкавай (Cmentarnej), з левага боку ад галоўнай алеі. Пахаваныя тут жаўнеры Войска Польскага з 76 палка пяхоты 29 дывізіі пяхоты, палеглыя 6 верасня 1939 года ў супрацьстаянні пад Пётрыкавым Трыбунальскім, а таксама жаўнеры з 33 роты сувязі.

"NIEZNANYM

OBRONCOM

I BOHATEROM

OJCZYZNY

CZESC".


"Невядомым

абаронцам

і героям Айчыны

слава"

У квартале пахаваны таксама жаўнеры савецкай арміі, палеглыя ў студзені 1945 года, а таксама жыхары Суляёва - цывільныя ахвяры гітлераўскага пераследу.


Нехціцы (Niechcice)

Лодзкае ваяводства, Пётрыкаўскі павет, гміна Розпра

Брацкая магіла

"BRATNIA MOGILA

ZOLNIERZY WOJSKA POLSKIEGO

POLEGLYCH W OBRONIE OJCZYZNY

PRZED NAJEZDZCA NIEMIECKIM

WE WRZESNIU 1939 ROKU".


"Брацкая магіла

жаўнераў Войска Польскага,

палеглых пры абароне Айчыны

ад нямецкага агрэсара

ў верасні 1939 года"


Пётрыкаў Трыбунальскі (Piotrkоw Trybunalski)

Помнік

Помнік абаронцам Пётрыкава Трыбунальскага ў абарончай вайне 1939 года. Размешчаны пры выездзе з Пётрыкава ў кірунку Чанстахова (старая траса).


Аўгустоў (Augustow)

Магіла

Аўгустоў, а дакладней лес за Будамі Аўгустоўскімі гміны Грабаў. Магіла палеглых жаўнераў 76 пп 29 пд у сутычцы 12 верасня 1939 г.


Пачатковая школа вёскі Аўгустова носіць імя 76 Лідскага пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута.

З 1991 года школа ў Міляёве носіць імя Станіслава Сянкевіча.


Марш-гімн 76-га Лідскага пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута з Гародні

Словы і мелодыя маёра Карнелія Касінскага


Як з Вільні вывеў нас з баямі

Правадыра самога кліч,

І мы жалезнымі шыхтамі

На бой за родны край пайшлі.

Хоць легла шмат нас у змаганні,

Ды быў ад нашай працы толк.

Нам Людвік Нарбут даў празванне,

Бо мы - надзейны Лідскі полк.

Спазналі нашых вытаў сілу

Натоўпы бальшавіцкіх орд.

І правадыр быў з намі мілы,

І вёў наш полк да перамог.

Хоць сцерлі боты мы да звання,

І хоць дзіравы наш убор,

Нясём мы Нарбута празванне,

Бо мы - надзейны Лідскі полк.

Вольны пераклад Станіслава Судніка.



[1] Людвік Нарбут - кіраўнік студзеньскага паўстання 1863 года на маёй малой радзіме - Лідчыне. Недалёка ад Ліды, у вёсцы Дубічы ён і загінуў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX