Вярнуцца: Гісторыя Лідскага вайсковыга аэрадрома

Лідскі вайсковы аэрадром (1919 - 1939) Military air base in Lida city (1919 - 1939)


Аўтар: Савук Антось,
Дадана: 19-10-2003,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 21, 22.



Савецка-польская вайна

У часы вайны Польшчы з Савецкай Расіяй (1919 - 1920 гг.) у Ліде чатыры разы мянялася ўлада.

3 студзеня 1919 года Ліду пакінулі немцы. 6 студзеня года прыйшлі ў наш край "чырвоныя". Першая ўлада Савецкай Расіі праіснавала нядоўга. Ужо 17 красавіка 1919 года ў Лідзе польская ўлада. Праз год і тры месяцы 17 ліпеня 1920 года прыходзяць войскі Тухачэўскага, якія развіваючы наступ ў імклівым парыве даходзяць аж да Варшавы. Войскам Пілсудскага ўдаецца адкінуць "чырвоных". І 30 верасня 1920 года ў Лідзе зноў польскія парадкі. На гэты раз да 17 верасня 1939 года.

Ва умовах савецка-польскай вайны Лідскі вайсковы аэрадром выконваў ролю звычайнага прыфрантавога, аператыўнага аэрадрома. Вайсковыя адзінкі, якія на ім базаваліся, дыслакаваліся непрацяглы час. Рух фронту на ўсход ці на захад вымушаў эскадрыллі пералятаць з аднаго лётнішча на другое. Пры гэтым звычайна нешта ў спешцы кідалася, у пералётах бывала ламаліся і траціліся самалёты, гінулі лётчыкі.

Першыя самалёты, якія належалі Войску Польскаму, з'явіліся на Лідскім аэрадроме 24-га траўня 1919 года. Менавіта ў гэты дзень камандаванне І-й авіяцыйнай групы (I Grupa Lotnicza) Войска Польскага разам з 4-ай выведнай эскадрылляй (4 Еskadra Wywiadowcza) было перанесена з аэрадрома Парубанак (ля Вільні) у Ліду. Эскадрылля налічвала тады 4 самалёты: 2 "Aльбатрос C-3" і 2 "Раланд CL-2". Яе камандзірам быў ротмістр Аляксандр Серадніцкі (Serednicki). Пасля перадыслакацыі працягвалася паспяховая баявая работа эскадрыллі з Лідскага аэрадрома.

"12 чэрвеня 1919 г. у час старту ў баявы палёт адбылася катастрофа самалёта, у якой загінула залога ў складзе паручніка Р. Вярміньскага (Wermiński) і падпаручніка - В. Рыцэ (Rice). Ужо пасля старту самалёт Roland CL-2 на вышыні 50 метраў сарваўся ў штопар і ўрэзаўся ў зямлю. Пілот загінуў імгненна, а назіральнік памёр назаўтра ў шпіталі.Акрамя гэтага выпадку эскадрылля ў наступным здзяйсняла палёты на бамбаванне супраціўніка ў Маладзечне і Вілейцы, а 21 чэрвеня дзве залогі эскадрыллі прыцэльна бамбавалі чыгуначную станцыю Менск. Гэты палёт здзейснілі залогі: паручнік Вілман (Willman), падпаручнік Кучыньскі (Kuczyński) і сяржант Цагасек (Cagasek), падпаручнік Крыньскі (Kryński), якія прыцэльна скінулі каля 150 кг бомбаў."<>

У вясеннелетні перыяд 1919 г. 4-ай эскадрыллі даводзілася выконваць вылеты на баявыя заданні разам з залогамі з 8-ай і 11-ай эскадрылляў.

У палове чэрвеня ў 4-ай выведнай эскадрыллі налічвалася 3 самалёты: адзін "Н'юпар", адзін "Альбатрос C-10", і адзін "Раланд CL-2" у рамонце.

2-га і 3-га ліпеня 1919 года 4-я эскадрылля выканала з Лідскага аэрадрома пяць баявых вылетаў. Сяржант Хаіньскі (Choinski, быў прыкамандзіраваны з 1-й эскадрыллі) вылятаў на выкананне баявога задання тры разы. У час аднаго з іх яму ўдалося прыпыніць савецкую бранявую дрызіну. Паручнік Біскупскі (Biskupski) ў гэтыя дні выканаў два палёты. Эскадрыллі давялося выконваць таксама выведныя палёты для штаба генерала Шаптыцкага (Szeptyckiego). Іх здзейснілі пілоты: паручнік Юркевіч (Jurkiewicz), сяржант Камянкоўскі (Kamionkowski), сяржант Цагасек, а таксама назіральнікі: паручнік Крыньскі, паручнік Менчак (Menczak) і падпаручнік Кучыньскі.

У канцы жніўня 1919 года 4-я выведная эскадрылля разам з камандаваннем І-й авіяцыйнай групы перабазавалася бліжэй да фронту, пад Менск, на аэрадром Сляпянка. У эскадрыллі налічвалася 4 самалёты, у тым ліку машына камандзіра групы. Свае баявыя дзеянні з новага аэрадрома яна выконвала на карысць 2-ой дывізіі польскіх легіянераў (2 DPLeg.).

Але 4-я эскадрылля, як вынікае, Лідскі аэрадром пакінула не назаўсёды. Ужо вясной 1920 года ў часы адступлення Войска Польскага пад націскам Чырвонай Арміі эскадрылля непрацяглы час базавалася спачатку на аэрадроме ў Захацці а затым на Лідскім лётнішчы. Праўда гэта была ўжо крышку іншая эскадрылля. Яна папоўнілася залогамі і самалётамі 11-ай выведнай эскадрыллі (11 Eskadry Wywiadowczej) і "...увайшла пад камандаваннем паручніка-пілота Баляслава Нарковіча (Narkowicza) ў склад IV авіяцыйнага дывізіёна..."<> У выніку шматлікіх вылетаў у перыяд інтэнсіўных баявых дзеянняў у складаных умовах надвор'я вясной 1920 года быў зношаны самалётны парк часткі так, што ў ліпені эскадрылля мела толькі адзін спраўны самалёт і фактычна перастала існаваць, перадаўшы яго назад у 11-ую выведную эскадрыллю. На рахунку 4-ай эскадрыллі 95 баявых вылетаў за 217 палётных гадзін.

Трэба адзначыць, што па штатах таго часу польская эскадрылля, як самая дробная баявыя адзінка, складалася з 10 самалётаў. На практыцы колькасць баявых машын рэдка перавышала 6 - 7 аэрапланаў. Ад 2 да 5 эскадрылляў ўваходзілі ў склад дывізіёна.

Арганізацыйнай адзінкай авіяцыі Саветаў лічыўся аддзел. Па штату ён складаўся з 6 самалётаў. Часовае аб'яднанне ад 2 да 4 аддзелаў называлася дывізіёнам. Ад 2 да 10 аддзелаў уваходзілі ў склад эскадрыллі.

У часы адступлення Войска Польскага пад націскам "чырвоных" летам і ў наступленні палякаў на войскі Тухачэўскага восенню 1920 года на Лідскім аэрадроме непрацяглы час базаваліся рэшткі польскіх 1-ай, 8-ай, 12-ай, 16-ай, 18-ай выведных эскадрылляў і 13-й эскадрыллі знішчальнікаў.

Наступ Чырвонай Арміі распачаўся 7-га ліпеня 1920 года. Адступленне палякаў пад моцнымі ўдарамі "чырвоных" хутка ператварылася ў панічны ўцёк. "Рэшткі разгромленых дывізій разам з уцекачамі нестрыманым валам пакаціліся на захад. Ужо 11 ліпеня "чырвоныя" ўзялі Менск, 14-га - Вільню.

У час гэтага зыходу многія польскія авіячасці былі практычна знішчаны. ...Самалёты ламалі, палілі, кідалі на аэрадромах і чыгуначных платформах пры адных толькі чутках аб набліжэнні "чырвонай чумы". Дастаткова сказаць, што ў чатырох эскадрыллях (1-й, 8-й, 11-й і 18-й) у канцы ліпеня застаўся толькі адзін аэраплан! Тое, што яшчэ можна было ўратаваць, тэрмінова адцягвалася да Варшавы."

1-ая выведная эскадрылля, адступаючы памяняла аж сем аэрадромаў: Захацце, Докшыцы, Маладзечна, Дунілавічы, Вільня, Ліда, Парафіянава, трацячы ў баявых вылетах свае самалёты. Да Варшавы яна дабралася ўжо без самалётаў. Камандзірам эскадрыллі ў гэты час быў паручнік-пілот Аўгуст Домес (Domes). "У час вайны 1919 - 1920 гг. залогі выканалі 203 баявыя вылеты, знаходзячыся ў паветры 474 гадзіны над тэрыторыяй, занятай супраціўнікам."

Замірэнне паміж Польшчай і Расіяй эскадрылля сустрэла на аэрадроме ў Лідзе, адкуль позняй восенню яна была перакінута на аэрадром Парубанак ля Вільні. У студзені 1921 года 1-я эскадрылля была папоўнена персаналам і самалётамі 2-й выведнай эскадрыллі і ўвайшла ў склад 3-га авіяцыйнага палка (3 Pułku Lotniczego) з дыслакацыяй ў Познані.

8-ая выведная эскадрылля перадыслакавалася з Парубанка ў Ліду з канчаткова зношаным паркам самалётаў. Камандзірам яе быў паручнік-пілот Аўгуст Менчак. Была далучана да 11-ай выведнай эскадрыллі, але захавала старую назву - 8-ая выведная эскадрылля. Усяго выканала 171 баявы вылет за 401 гадзіну палётнага часу. Пасля вайны ўвайшла ў склад 3-га авіяцыйнага палка.

У верасні 1920 года зноўку створаная ў Таруні 11-ая выведная эскадрылля прыбыла на аэрадром у Ліду. Часткай камандаваў паручнік-пілот Антоні Сяліцкі (Sielicki). У Лідзе асабовы склад падраздзялення і сустрэў вестку пра падпісанне пагаднення аб міры паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Усяго за час вайны эскадрылля выканала 16 баявых вылетаў за 41 гадзіну лётнага часу.

12-ая выведная эскадрылля дзейнічала на карысць штаба 2-ой Арміі па чарзе з аэрадромаў Маркаўшчына (ля Беластока), Горадня. На Лідскае лётнішча перадыслакавалася 2 кастрычніка 1920 г. Пасля заканчэння баявых дзеянняў была перакінута на аэрадром Вілануў ля Варшавы і ўвайшла ў склад 1-га авіяцыйнага палка (1 Pułku Lotniczego). Камандзірам эскадрыллі быў паручнік-пілот Уладзіслаў Храмец (Chramiec). За час баявых дзеянняў пілоты падраздзялення выканалі 515 баявых вылетаў, прабыўшы ў паветры 756 гадзін.

13-я эскадрылля знішчальнікаў вясной-летам 1920 г. таксама дзейнічала на карысць штаба 2-ой арміі. Памяняла пры гэтым тры аэрадромы: Плоцк, Беласток і Горадня. На аэрадром Ліда пераляцела разам з 12-ай эскадрылляй 2 кастрычніка 1920 г, дзе і сустрэла замірэнне. У гэты час яе камандзірам быў паручнік-пілот Эрвід Норвід-Кудла (Norwid-Kudło). Пілоты эскадрыллі выканалі 574 баявыя вылеты за 793 гадзіны лёту, знішчыўшы 2 самалёты ворага.

16-я выведная эскадрылля ў жніўні 1920 года атрымала на ўзбраенне самалёты "Брэге". Прымаючы ўдзел у наступленні польскіх сіл, дзейнічала з аэрадромаў Беласток і Горадня. "У кастрычніку залогі 16-ай эскадрыллі здзейснілі пасадку ў Лідзе, куды затым прыбала застаўшаяся частка персаналу. Тут эскадрылля была прыдадзена войскам генерала Люцыяна Жалігоўскага (Żeligowskiego). Заняўшы Вільню, ён стварыў на некаторы час ,,Wojsko Litwy Środkowej", якому належалала 16-я эскадрылля, дыслакуючыся ў той час на аэрадроме Парубанак каля Вільні. Залогі з Парубанка выканалі некалькі выведных і бамбардзіровачных палётаў..."<> Усяго ў час ваенных дзеянняў пілоты эскадрыллі выканалі 117 баявых вылетаў на працягу 375 гадзін.

18-ая эскадрылля знішчальнікаў(выведная) (18 Eskadra Myśliwska (Wywiadowcza)) уваходзіла ў склад 4-га авіяцыйнага дывізіёна. У выніку баявых дзеянняў вясной і летам 1920 г. была змушана памяняць 5 аэрадромаў (Маладзечна, Дунілавічы, Круляўшчызна, Парафіянава і Докшыцы) і страціла шмат адзінак тэхнікі. На аэрадром Ліда прыбыла толькі адным самалётам і толькі з вялікім нацягам магла лічыцца эскадрылляй. Была знята з фронту і адпраўлена спачатку ў Быдгашч, а затым у Торунь з мэтай папаўнення. За час савецка-польскай вайны ў эскадрыллі было выканана 38 баявых вылетаў за 86 палётных гадзін.

Ці былі на Лідскім аэрадроме ў часы савецка-польскай вайны самалёты "чырвоных"?

Адназначна на (32KB) Лідскі вайсковы аэрадром у 1920 г., Бачна лётнае поле, стаянка самалётаў, ангары, дыспетчарская, чыгунка, казармы.гэта пытанне адказаць немагчыма, бо наўпроставых звестак аб дыслакацыі ў Лідзе савецкіх авіяцыйных падраздзяленняў пакуль не знойдзена. Але ёсць дадзеныя аб дыслакацыі ў Горадні ў ліпені 1920 года 20-га выведнага авіяцыйнага аддзела. З 28 ліпеня 4-ы дывізіён знішчальнікаў, які раней уваходзіў у склад эскадрыллі Шырынкіна, дыслакаваўся непрацяглы час у Баранавічах. Магчыма адзін з гэтых аддзелаў і здзейсніў пасадку на аэрадроме ў Лідзе, перасоўваючыся за фронтам. Іншыя аддзелы "чырвоных" з-за ваеннай блытаніны і нездавальняльнай працы чыгункі засталіся ў глыбокім тыле, не паспяваючы за фронтам, што імкліва рухаўся. У жніўні савецкія часткі падчас наступу засталіся без падтрымкі авіяцыі. Не праводзіліся над пярэднім краем супраціўніка нават выведныя палёты. Усё гэта самым дрэнным чынам адбілася на стане спраў "чырвоных". 16 жніўня нечакана распачаўся наступ арміі Пілсудскага. У жніўні-верасні 1920 года вайсковая авіяцыя краіны атрымала ад саюзнікаў 105 новых самалётаў. Польскі контрвыт падтрымалі самалёты 12 новых эскадрылляў.

Ужо ў мірны час у траўні 1921 года ў Варшаве быў створаны 1-ы авіяцыйны полк. "У склад палка ўвайшлі тры дывізіёны па дзве эскадрыллі: І-ы дывізіён выведны, ІІІ-ы дывізіён знішчальніцкі і ІІ-і дывізіён выведны, што складаўся з 3-яй эскадрыллі, якая стаяла ў Вільні і 8-ай - у Лідзе." Эскадрылляй камандаваў капітан-пілот Артур Скакоўскі (Skokowski). Такое размяшчэнне падраздзяленняў было выклікана недахопам месца на Макатоўскім лётнішчы ў Варшаве. Але як паказаў час, раскіданымі часткамі было дрэнна кіраваць, што не лепшым чынам адбілася на вывучцы і кансалідацыі лётнага складу палка. Таму ў траўні 1922 года 8-я эскадрылля была перададзена 2-му авіяцыйнаму палку з дыслакацыяй у Кракаве.

Біяграфічныя звесткі: Домес (Domes) Ламберт Аўгустын (? - ?). Падчас 1-й сусветнай вайны кіраваў навучальна-знішчальнай ротай Flik 43 J, якая была ўзброена самалётамі "Поніхс D.I" і "Альбатрос D.III". Пасля вайны камандаваў 1-й выведнай эскадрылляй. Затым быў намеснікам камандзіра 2-а авіяцыйнага палка (2 Pulk Lotniczy), пасля камандаваў 6-ым авіяцыйным палком (6 Pulk Lotniczy).


11-ты полк знішчальнікаў

Загадам Генеральнага штабу Войска Польскага ад 28 лютага 1925 г. быў створаны 11-ы полк знішчальнікаў. Камандзірам яго быў прызначаны знакаміты і вельмі дасведчаны пілот-знішчальнік палкоўнік Ежы Касоўскі (Kossowski). Фармаванне палка праходзіла на Макатоўскім лётнішчы ў Варшаве, хоць па плану яго дыслакацыяй быў першапачаткова прадугледжаны аэрадром у Лідзе.


Па задумцы новы полк быў трохдывізіённым. Дывізіёны павінны былі складацца з 2-х эскадрылляў. Кожная эскадрылля ў сваім складзе павінна была налічваць 10 асноўных і 3 запасныя самалёты.


На практыцы, давялося адступіць ад намечанага. Не хапала дасведчаных пілотаў. Давялося ў першую чаргу сфармаваць у палку адзін дывізіён і вучэбную эскадрыллю разам з неабходнымі тэхнічна-гаспадарчымі службамі. Агульная колькасць баявых самалётаў у палку склала 41 адзінку.


Першыя чатыры пілоты 11-га палка на самалётах Спад-61 (Spad-61) здейснілі пасадку на аэрадроме ў Лідзе ў кастрычніку 1925 года. За іх штурваламі былі: маёр Вітольд Прасіньскі (Prosinski) - камандзір дывізіёна, капітаны Тадэвуш Пятровіч (Piotrowicz), Ігнацы Праўдзіц-Сянкоўскі (Prawdzic-Sekowski) і паручнік Балеслаў Арліньскі (Orlinski).


У студзені наступнага года ў Ліду прыбыла вялікая група персаналу (у асноўным тэхнічнага) і партыя авіяцыйнага абсталявання. У гэтым жа месяцы асабовы склад палка папоўніўся 120 афіцэрамі і жаўнерамі 4-ай авіяцыйнай роты, якая належала 41-му пяхотнаму палку ў Сувалках.


У той час аэрадром уяўляў сабой жудасны малюнак. Прыбыўшых вельмі ўразіў стан казармаў і іншых аэрадромных пабудоў. Усе яны доўгі час не эксплуатаваліся і знаходзіліся ў незакансерваваным стане. Памяшканні ангараў і рамонтных майстэрняў былі разрабаваныя і стаялі без вокнаў і дзвярэй з дзіравым дахам. Давялося тэрмінова рамантаваць жыллё, каб у ім можна было жыць. Вельмі ўскладніла сітуацыю ранняя суровая зіма і недахоп паліва. Лідскія ўмовы службы і побыту вельмі адрозніваліся ад варшаўскіх. Некаторыя вайскоўцы ўспрымалі перавод у Ліду, як пакаранне.

(17KB) Вайскоўцы 11 палка.


Калі прыйшла вясна, тэрмінова пачалі займацца рамонтам казармаў, ангараў, клуба і іншых пабудоў. Прыводзілі да належнага стану лётнае поле: вычышчалі яго ад кустоў, вынішчалі пустазелле, засыпалі ямы, трамбавалі зямлю, сеялі траву.


Паступова пачалі паляпшацца ўмовы службы і жыцця персаналу 11-га палка знішчальнікаў, штат якога хутка папоўніўся. Камандаванне аэрадрома ў мэтах далейшага пашырэння палка 12 траўня 1926 года арганізавала курсы падрыхтоўкі пілотаў для афіцэраў іншых радоў войскаў. Інструктарамі былі прызначаны найбольш дасведчаныя, адданыя сваёй справе пілоты, паручнікі: Казімір Кузян (Kuzian), Б. Арліньскі, Леапольд Памула (Pamula), Станіслаў Шчакоўскі-Вільк (Szczekowski-Wilk, кіраўнік курсаў), Эдвард Вянцкоўскі (Wieckowski) і харунжы-пілот Баляслаў Шурлей (Szurlej). На падрыхтоўчыя курсы з энтузіязмам ішлі вайскоўцы. І гэта не гледзячы на тое, што ў 20-я - 30-я гады была вельмі высокай аварыйнасць самалётаў. З-за недахопу памяшканняў, курсанты жылі па 6-7 чалавек у адным пакоі. Падрыхтоўчая праграма прадугледжвала тэарэтычныя і практычныя заняткі. Практычныя заняткі, акрамя самастойных палётаў курсантаў (спачатку з інструктарам), прадугледжвалі між іншым адзіночны і групавы пілатаж. Свой перавод у 11-ы полк так апісвае пілот-знішчальнік у будучым пісьменнік Януш Майснер (Meissner): "Размеркаванне ў 11-ы авіяцыйны полк з аднаго боку было шанцаваннем, бо палкоўнік Касоўскі сам выбіраў сабе пілотаў, а з другога боку - высылка, бо трэба было пакінуць Варшаву для такой "дзюры", як Ліда...".


У палку ўдасканаленне практычных і тэарэтычных ведаў, як асноўнай часткі персаналу, так і падрыхтоўка новых пілотаў, вяліся на высокім узроўні. Усё часцей і часцей яго выхаванцы прымалі ўдзел у шматлікіх конкурсах, пералётах і парадах. Пра іх часта пісала тагачасная прэса. Вялікімі былі заслугі злучэння ў справе прапаганды і папулярызацыі авіяцыі ў грамадстве. Пры ўдзеле 11-га палка была арганізавана "авіяцыйная нядзеля": адбываліся агітацыйныя пералёты, у час якіх праходзілі паказальныя выступы пілотаў. У выніку ў авіяцыю прыйшло шмат добраахвотнікаў. Эскадрыллі палка былі цалкам укамплектаваныя, згодна з штатным раскладам.
14 ліпеня 1928 года, пасля прыняцця іншай канцэпцыі пабудовы лётных палкоў (па прынцыпах мяшанасці), 11-ты полк знішчальнікаў быў расфармаваны.

Камандзірамі палка ў розны час былі:
палкоўнік-пілот Е. Касоўскі (травень 1925 - верасень 1927);
падпалкоўнік-пілот П. Абакановіч (Abakano-wicz) (верасень 1927 - ліпень 1928).
Вось прозвішчы некаторых службоўцаў 11-га палка: капітаны Б. Арліньскі, Л., паручнікі Л. Кжэміньскі, А. Ціхоцкі, С. Гжыбоўскі, Э. Вянцкоўскі і харунжы Б. Шурлей.
Свята палка (Дзень палка) - 31 траўня.


113-я эскадрылля знішчальнікаў

Эмблема эскадрыллі: акрыленая страла, якую выконвалі ў розным колеры, у залежнасці ад жадання пілота. Эмблему створыў паручнік-пілот К. Кузян

Эскадрылля пачала стварацца вясной 1925 года на Макатоўскім аэрадроме ў Варшаве. Яе арганізатарам і камандзірам быў капітан-пілот І. Праўдзіц-Сянкоўскі.

Першапачаткова 113-я эскадрылля знішчальнікаў была ўзброена самалётамі "Баліла", затым пераўзброілася французскімі самалётамі Спад-61 С1. У эскадрыллі было 10 баявых і 3 запасных самалётаў.

У канцы 1925 года эскадрылля перабазавалася ў Ліду. З надыходам вясны, пасля таго, як было падрыхтавана і падсохла поле, распачаліся вучэбныя і практычныя палёты. Адначасова з лётчыкамі праводзіліся тэарэтычныя заняткі. Хутка штат эскадрыллі быў укамплектаваны канчаткова. Маладыя пілоты пад наглядам інструктараў, старэйшых і дасведчаных лётчыкаў з энтузіязмам удасканальвалі свае тэарэтычныя і практычныя веды. 12 жніўня 1926 года ў час выканання трэніровачнага палёту на самалёце Спад загінуў камандзір эскадрыллі капітан І. Праўдзіц-Сянкоўскі. Выконваючы на малой вышыні пераварот, машына дакранулася канцом крыла зямлі.
Месца камандзіра эскадрыллі часова заняў паручнік-пілот К. Кузян.


У ліпені 1926 года 113 эскадрылля стала дейснай баявой адзінкай.
У жніўні - верасні 1926 года выхаванцы 113 эскадрыллі знішчальнікаў паручнік-пілот Б. Арліньскі і сяржант-механік Леанард Кубяка (Kubiaka) былі ўдзельнікамі грандыёзнага пералёту па маршруце Варшава - Токіё - Варшава. Пералёт працягласцю 22 600 км быў выкананы з 27 жніўня па 25 верасня (з палётным часам у 121 гадзіну) на серыйным самалёце Брэге 19 В2 (Breguet XIX B2). У тыя дні ўся Польшча ўважліва сачыла за звесткамі з пералёту.
Вельмі цёплай была сустрэча лётчыкаў у Токіё, шчырай - у Варшаве і сардэчной - у Лідзе. З кветкамі і авацыямі яго сустракалі на лётным полі аэрадрома ў Лідзе. На сустрэчу з героямі пералёту прыйшлі прадстаўнікі ўлады горада, камандаванне часткі і шматлікія жыхары.


3 1-га кастрычніка 1926 года капітан-пілот Б. Арліньскі стаў камандзірам 113 эскадрыллі знішчальнікаў.
Восень і зіму 1926 года пілоты 113 эскадрыллі правялі ў тэарэтычных занятках. Калі дазваляла надвор'е, адбываліся адзінкавыя і калектыўныя палёты ў раёне аэрадрома. Вясной і летам 1927 года асабовы склад эскадрыллі працягваў вучобу, выканаў праграмы ўдасканалення баявой падрыхтоўкі, удзельнічаў у манёўрах войск акругі ў складзе трэцяга корпуса. 10 чэрвеня 1927 года ў вучэбным палёце на самалёце "Баліла" загінуў сяржант рэзервы пілот Ч. Чарнецкі. Пахаваны на Лідскіх парафіяльных могілках.
Адначасова ў гэты перыяд разам з прадстаўнікамі 112 эскадрыллі пілоты выконвалі паказальныя палёты, дэманстрацыі авіяцыйнай тэхнікі з мэтай прапаганды лётнай справы. У мясцовага насельніцтва гэтыя мерапрыемствы выклікалі падвышаную цікавасць.


Вясной 1928 года пасля прасыхання лётнага поля аэрадрома зноў распачалася інтэнсіўныя вучэбныя палёты. 1 траўня 1928 года на самалёце Спад 61 загінуў вядомы лётчык паручнік-пілот Аляксандр Ціхоцкі (Cichocki), які прынёс шмат славы польскай авіяцыі, падчас сваіх шматлікіх выступленняў на міжнародных спаборніцтвах і выставах.


У канцы жніўня 1928 года, калі ўжо выйшаў загад аб расфармаванні 11-га палка, капітан Б. Арліньскі перадаў камандаванне эскадрыллі паручніку-пілоту Яну Беламу (Bialemu). Эскадрыллі яшчэ ў складзе 11-га палка давялося прымаць удзел у манеўрах на тэрыторыі паўночназаходняй часткі Польшчы. У службовым палёце 20 верасня 1928 года на самалёце Спад61 загінуў плютано-выпілот Аляксандр Уміньскі (Uminski).
Пасля заканчэння вучэнняў 113 эскадрылля знішчальнікаў была перададзена ў 2-гі авіяцыйны полк з дыслакацыяй у Кракаве, атрымаўшы новую назву: 121 эскадрылля знішчальнікаў.


114 эскадрылля знішчальнікаў

Эмблема эскадрыллі: белы "папяровы конік"

Эскадрылля пачала стварацца летам 1925 года на Макатоўскім аэрадроме ў Варшаве на тэрыторыі 1-га авіяцыйнага палка. Яе арганізатарам і нязменным камандзірам на працягу ўсяго існавання эскадрыллі быў капітан-пілот Т. Пятровіч. Падраздзяленне было перамешчана на аэрадром у Ліду ў студзені 1926 года.


Лётны склад 14-ай эскадрыллі знішчальнікаў першапачаткова складаўся з пілотаў добраахвотнікаў 1-га палка. Затым папаўняўся дабраахвотнікамі з іншых палкоў і выхаванцамі эскадрыллі. Падраздзяленне спачатку было ўзброена самалётамі Фокер Д-VII, а затым пераўзброена на Спад 61 Cl, якія былі дастаўлены на аэрадром у Ліду па частках. Тэхнічны і наземны персанал складаўся з спецыялістаў 1-га авіяцыйнага палка.


Першы год знаходжання ў Лідзе для эскадрыллі склаўся ўдала. Асабовы склад займаўся вучобай, удасканаленнем тэарэтычных і практычных ведаў. Тое, што шматлікія пілоты эскадрыллі прыйшлі з 1-га палка, наклала на падраздзяленне свой адбітак. У 114 эскадрыллі знішчальнікаў панавала кракаўская школа пілатажу.
У 1927 годзе некаторым пілотам падраздзялення давялося прымаць удзел у дэманстрацыях авіяцыйнай тэхнікі на тэрыторыі Віленшчыны і Палесся. У гэтым жа годзе эскадрылля прымала ўдзел у летніх манеўрах паветраных войск, у ходзе якіх пілоты выконвалі вучэбныя стрэльбы на палігоне Пагулянка.


12 лістапада 1927 года ў трэніровачным палёце на самалёце Спад 61 загінуў паручнік-пілот эскадрыллі Мечыслаў Герман (Herman). З 18 лістапада 1927 года па 15 студзеня 1928 года часова выконваў абавязкі камандзіра эскадрыллі паручнік-пілот Генрык Віршыла (Wirszyllo).


Зімой 1928 года, як толькі дазваляла надвор'е, пілоты эскадрыллі працягвалі выконваць вучэбныя палёты. 21 студзеня ў час выканання пілатажу на самалёце Спад 61 загінуў дасведчаныпілот, улюбёнец эскадрыллі старэйшы сяржант Павел Стэнцал (Stencel). Катастрофа адбылася з-за таго, што адваліліся крылы самалёта.
Пасля атрымання загаду аб рэарганізацыі, 114 эскадрылля разам з 113-ай у верасні 1928 года адляцелі на Ракаўскі аэрадром каля Кракава, увайшоўшы пад назвай 122 эскадрыллі ў склад 2-га авіяцыйнага палка.


Біяграфічныя звесткі лётчыкаў 11-га палка:

Залескі (Zaleski) Адам (2.08.1886 - 12.07.1926)
Нарадзіўся ў Варшаве. Закончыў Маскоўскі кадэцкі корпус (1904), Канстанцінаўскую школу артылерыі ў Пецярбургу, тэарэтычныя авіяцыйныя курсы пры Пецярбурскім палітэхнічным інстытуце(1913). Школу пілатажу прайшоў у Севастопалі. У годы І-й Сусветнай вайны камандаваў расійскай авіяцыйнай эскадрылляй, а затым дывізіёнам.
15 жніўня 1919 г. у званні палкоўніка ўступіў у польскія Вайскова-паветраныя сілы. Атрымаў пасаду камандуючага палявой авіяцыі. У ліпені 1920 г. камандуючы авіяцыяй абароны Варшавы. Пасля вайны каменданта Макатоўскага аэрапорта, з сакавіка 1922 г. намеснік камандзіра 2-га авіяцыйнага палка ў Кракаве.
26 лістапада 1925 г. пераведзены на такую ж пасаду ў 11-ы полк знішчальнікаў у Ліду.
Загінуў смерццю пілота 12 ліпеня 1926 г. Пахаваны на парафіяльных могілках у Лідзе.

Касоўскі Ежы (12.08.1892 - 6.08.1939).
Нарадзіўся ў Горадні. Скончыў Маскоўскі кадэцкі корпус, Міхайлаўскую школу артылерыі ў Пецярбургу (1913). Служыў у 5-ай артылерыйскай брыгадзе Сібірскіх стралкоў (1913 - 16), затым 17 КАА у якасці паветранага назіральніка (02 - 12.1916). Прайшоў курс у Школе пілатажу ў Севастопалі (12.1916 - 05.1917), дзе атрымаў дыплом пілота.
Вайсковы лётчык 13-га расійскага авіяцыйнага аддзела знішчальнікаў (05 - 11.1917). Не прыняў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праз Сібір, Манчжурыю, Японію, ЗША у траўні 1918 г. дабраўся да Францыі. Удасканальваў лётнае майстэрства ў французскіх авіяшколах і лётных частках (07.1918 - 04.1919).
У канцы красавіка 1919 г. прыбыў у Варшаву. З траўня 1919 па лістапад 1920 г. ваяваў у складзе арміі генерала Галера, камандзір 5-ай авіяцыйнай групы, 5-га дывізіёну, камандуючы авіяцыі 3-й і 4-й армій Шлёнскага фронту.
У пасляваенны час - камандзір знішчальнага авіядывізіёна (1921 - 25).
З 10 красавіка 1925 па верасень 1927 г. камандзір 11-га палка знішчальнікаў у Лідзе. Інспектар знішчальнай авіяцыі ў Дэпартаменце авіяцыі пры Міністэрстве вайсковых спраў (1927 - 29). З 1929 г. - у адстаўцы. Пазней лётчык-выпрабавальнік. Быў вядомым пілотам вышэйшага пілатажу. Неаднаразова прымаў удзел у міжнародных спаборніцтвах.
У пачатку жніўня 1939 г. у прадчуванні блізкай вайны звярнуўся з просьбай аб мабілізацыі. Атрымаўшы адмову, пайшоў на самазабойства. Памёр Касоўскі ў шпіталі 6 жніўня 1939 г. Два дні пазней быў пахаваны на Ракоўскіх могілках у Кракаве. Кавалер ордэна "Віртуці мілітэры".

Майснер Януш (27.01.1901 - 28.02.1978)
Нарадзіўся ў Варшаве. Закончыў гімназію (1915) г. Вучыўся ў Варшаўскай школе будовы машын і электратэхнікі. З лістапада 1918 г. у Войску Польскім - авіямеханік у Любліне, затым тэхнічны падафіцэр у Львове. Закончыў Кракаўскую школу пілотаў у канцы 1919 г., Вышэйшую школу пілотаў у Познані ў сакавіку 1920 г. Удзельнічаў у савецка- польскай вайне (07 - 10.1920). Камандзір дыверсійнай групы ў 3-м Шлёнскім паўстанні (1921). Падпаручнік 1-а авіяцыйнага палка ў Варшаве. Вясной 1924 г. скончыў трохмесячныя афіцэрскія курсы.
З восені 1925 г. працягваў службу ў 11-ым палку знішчальнікаў у Лідзе, а з вясны 1926 г. - у Школе пілотаў у Быдгашчы. У верасні гэтага года прымаў удзел у 1-м паморскім кругавым палёце. З лістапада 1928 г. у Дэпартаменце Аэранаўтыкі пры Міністэрстве вайсковых спраў, інструктар-пілот, камандзір эскадрыллі Цэнтра падрыхтоўкі афіцэраў авіяцыі ў Дэмбліне (1930 - 32). Ад'ютант палка, тактычны афіцэр, камандзір трэніровачнай эскадрыллі, намеснік камандзіра палкавой школы пілотаў у 2-м авіяпалку (1932 - 39).

У час Алімпіяды 1936 г. прымаў удзел у міжнародным злёце ў Берліне, заняў 5-е месца. З 31 ліпеня 1939 г.у званні капітана выйшаў у адстаўку. У верасні мабілізаваны, удзельнічаў у адным баявым вылеце. 19 верасня перайшоў польска-румынскую мяжу.

З 1930 г. займаўся літаратурнай дзейнасцю, у 1938 - 39 гг. супрацоўнічаў з рэдакцыяй часопіса "Млоды Заводовец". Вайсковы авіяцыйны карэспандэнт (1941 - 1945), начальнік аддзела прапаганды, прэсы і інфармацыі Польскіх паветраных сілаў (1945 - 46). У 1946 годзе вярнуўся ў Польшчу. Сябар Саюза польскіх літаратараў (1946). Выдаў 48 кніг, тры тамы ўспамінаў, 6 кінасцэнараў, збор выбраных твораў. Стаў класікам літаратуры пра авіяцыю. Памёр 28 лютага 1978 года ў Кракаве. Узнагароджаны "Крыжам валечных" (1920), ордэнам "Віртуці мілітэры" (1921), а таксама "Крыжам незалежнасці з мячамі".

Стэнцал (Stencel) Павел Генрык (16.10.1899 - 21.01.1928)
Нарадзіўся ў Юзэфаве.У 1917 г. быў мабілізаваны ў нямецкае войска. У 1918 г. трапіў у французкі палон. У лютым 1919 г. уступіў у армію генерала Галера. Закончыў школу падафіцэраў. Вярнуўшыся на радзіму служыў у 8-ай пяхотнай дывізіі (1919-20), пасля чаго ў парку ўзбраення 3-й арміі. Да чэрвеня 1922 г. у шэрагах войск Сярэдняй Літвы. Вучыўся ў лётных школах у Быдгашчы і Грудзёнску (1922 - 23). Пасля атрымання дыплома пілота ў верасні 1923 г. накіраваны ў 3-ці авіяцыйны полк.
Служыў у званні старшага сяржанта-пілота ў 11 палку знішчальнікаў у Лідзе.
Загінуў смерцю пілота 21 студзеня 1928 г. Пахаваны на парафіяльных могілках у Лідзе.


Ціхоцкі (Cichocki) Аляксандр (27.01.1900 - 1.05.1928).
Нарадзіўся ў Цеханаве ў сям'і Яна і Зоф'і з Сяцінскіх. Скончыў Кадэцкі корпус (1917). Не прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Уступіў у белую армію генерала Карнілава, затым Урангеля. Служыць у званні падкапітана. У баях з бальшавікамі быў тры разы паранены. Вяртаецца ў Польшчу, у 1921 г. у званні шарагоўца ўступае ў Войска Польскае. Законыў Вялікапольскую школу падхарунжых пяхоты Служыў у 86-ым палку пяхоты ў званні падпаручніка і паручніка. Закончыў школу пілотаў у Быдгашчы (1924).
У званні паручніка накіраваны ў 11-ты полк знішчальнікаў у Лідзе. Лічыўся адным з лепшых вайсковых лётчыкаў. У 1926 г. разам з палкоўнікам Райскім прымаў удзел у пералёце па балтыйскіх дзяржавах. У 1927 г., прымаў удзел у міжнародных спаборніцтвах ў Цурыху, разам з палкоўнікам Касоўскім і капітанам Арліньскім, заняў ІІ-е месца.
Загінуў 1 траўня 1928 г. у вучэбным палёце. Пахаваны на парафіяльных могілках у Лідзе.
Служыў у Грудзёнскай школе пілотаў (1921 - 23), у 2-м авіяцыйным палку ў Кракаве (1923 - 25), у 11-ым палку знішчальнікаў у Лідзе (1925 - 28) і 112-ай эскадрыллі знішчальнікаў у Варшаве (01.1928 - 32). Быў прызнаным пілотам вышэйшага пілатажу. Фігуры вышэйшага пілатажу ў яго выкананні лічыліся ўзорам дасканаласці. Ён мог выконваць іх на вышіні ўсяго некалькіх метраў.
Загінуў 16 сакавіка 1932 г. у службовым палёце з-за адмовы рухавіка.


Вайсковы квартал на каталіцкіх могілках у Лідзе

У 20-х гадах 20-га стагоддзя на частцы каталіцкіх могілак у Лідзе па вул. Гражыны (зараз Энгельса) быў выдзелены асобны квартал, на якім былі перазахованы парэшткі польскіх жаўнераў і дабраахвотнікаў, што загінулі ў баях з бальшавікамі і ляжалі па большасці ў безымянных магілах.
Ад 1926 года там пачалі з'яўляцца магілы лётчыкаў 11-га знішчальнага і 5-га лётнага палкоў, і квартал пачаў ператварацца ў лётны.
Быў узнесены 8-мятровы помнік, пастаўлены металічны плоцік.
Пасля 2-й Сусветнай вайны могілкі былі закрытыя, а спецыяльна прывезеная група камсамольцаў з Наваградка знішчыла ўсе крыжы, зруйнавала магілы.
З сярэдзіны дзевяностых гадоў розныя польскія арганізацыі з Польшчы і Беларусі ўзялі пад апеку могілкі і, адпаведна, вайсковы квартал.
Былі адрэстаўраваныя крыжы, у тым ліку і помнікі лётчыкаў у межах кварталу. З іншых магілаў знойдзена толькі адна - М. Алендра (5 полк).
Восенню 2001 года адноўлены абеліск, які завершаны прыгожай скульптурай, дакладнай копіяй перадваеннай.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX