Вярнуцца: Гісторыя Лідскага вайсковыга аэрадрома

Лідскаму аэрадрому-100 гадоў


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 18-04-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 3(59).



Дату заснавання Лідскасга аэрадрома ніхто дакладна не ўстанаўліваў, ды яе і няма. За гэтую дату бярэцца дата зацверджання імператарам Мікалаем ІІ штату першага авіяцыйнага атрада ў Лідзе 27 чэрвеня (7 ліпеня) 1912 г. пры 9-й паветраплавальнай роце.

(42KB) Лідскаму аэрадрому-100 гадоў.

У красавіку 1912 года ў Віленскую вайсковую акругу быў камандзіраваны вайсковы інжынер штабс-капітан Барэйка для выбару месца пад аэрадром у Лідзе, які пра вынікі паездкі склаў справаздачу ад 2 траўня 1912 г. 3 траўня пляцоўкі праверыла камісія Віленскай акругі, і 5 траўня ў Галоўную інжынерную ўправу быў накіраваны акт з вызначэннем канчатковага месца пад аэрадром. У адказ 29 траўня 1912 г. начальніку інжынераў Віленскай акругі была даслана тэлеграма Галоўнай інжынернай управы: "Галоўная інжынерная ўправа не бачыць перашкод для ўсталявання аэрадрома ў Лідзе".

27 чэрвеня 2012 года зацверджаны "Штат авіяцыйнага атрада Паветраплавальнай роты".

19 кастрычніка 1912 года начальнік Генеральнага штаба Я.Г. Жылінскі пасылае справаздачу вайсковаму міністру В.А. Сухамлінаву аб плане развіцця паветраплавання і авіяцыі ў Расіі. У Лідзе спланавана стварэнне ўжо авіяцыйнага цэнтра ў складзе ажно 2, 3, 4 і 20 карпусных авіяцыйных атрадаў, двух армейскіх авіяцыйных атрадаў і аднаго авіяцыйнага атрада асобнага прызначэння.

У 1913 годзе ідуць інтэнсіўныя палёты.

Да 100-годдзя Лідскага аэрадрома па прапанове ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" УП "Белпошта" выпусціла мастацкую паштоўку, наклад 3000 асобнікаў. Мастак А. Мядзведзь.

У "Лідскім летапісцы", пачынаючы з № 4 (16) за 2001 год друкавалася вялікая даследчая праца Антося Савука па гісторыі Лідскага аэрадрома ад размяшчэння ў Лідзе паветраплавальнай роты ў 1907 годзе да 1927 года.

Па гісторыі Лідскага аэрадрома і частак, якія тут размяшчаліся ў часы Другой Рэчы Паспалітай ёсць або пішуцца працы польскіх даследчыкаў.

Вялікі артыкул пра лёс у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны 11-й змешанай авіяцыйнай дывізіі, якая дыслакавалася ў Лідзе размясціла ў "Лідскім летапісцы" Анастасія Каладзяжная.

Кніжкі пра лёс палкоў гэтай дывізіі выдаў магістр гістарычных навук, аспірант гісторыі Зміцер Кіенка. Гэта "Крилья над Лидой, боевые действия 122 истребительного полка 22-23 июня 1941 г." (2009 г.) і "Крилья над Гродно. Боевые действия 127 истребительного полка" (2009 г.).

Існуе шэраг успамінаў былых лётчыкаў 11-й ЗАД, размешчаных у розных крыніцах.


З 1991 года Лідскі аэрадром - у складзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Пасля шматлікіх арганізацый і рэарганізацый на аэрадроме Ліда 206-я штурмавая авіяцыйная база рэарганізавана ў 116-ю гвардзейскую Радамскую Чырванасцяжную штурмавую авіяцыйную базу (ШАБ) і сфармаваны 206-ы цэнтр падрыхтоўкі лётнага складу. Ён прызначаны для падвышэння якасці падрыхтоўкі лётнага складу авіяцыі Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, курсантаў-лётчыкаў Вайсковай акадэміі. На ўзбраенні цэнтра знаходзяцца навучальна-баявыя самалёты Л-39.

У склад 116-й гвардзейскай ШАБ увайшлі асабовы склад, узбраенне і ваенная тэхніка 116-й гвардзейскай бамбавальна-выведвальнай авіяцыйнай базы і 206-й штурмавой авіяцыйнай базы. На ўзбраенні базы стаяць самалёты Су-24 і Су-25.

У 2012 годзе ў сувязі са 100-годдзем Лідскага аэрадрома ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" звярнулася ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з прапановай стварыць на базе Лідскага аэрадрома Музей авіяцыі Рэспублікі Беларусь і атрымала наступны адказ:

Старшыні

Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"'

А.А.Трусаву

Аб стварэнні музея авіяцыі

Паважаны Алег Анатольевіч!

Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь разгледзеў Ваш зварот, які быў накіраваны Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У.У. Макею, аб стварэнні музея авіяцыі ў г. Ліда. Па дадзенаму пытанню паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з падпунктам 3.1 артыкула 10 Закона Рзспублікі Беларусь "Аб музеях і музейным фондзе Рэспублікі Беларусь" абавязковай умовай стварэння музея з'яўляецца наяўнасць культурных каштоўнасцей (музейных прадметаў, раскрываючых пэўную тэму).

Па інфармацыі Лідскага гісторыка-мастацкага музея ў яго фондах захоўваецца толькі 14 прадметаў, якія маюць дачыненне да гісторыі авіяцыі. Сярод іх: 12 дакументаў, звязаных з Малахавым М.М., Героем Савецкага Саюза, які некаторы час жыў у г. Ліда і там пахаваны; ліст Ю.А. Гагарына школьнікам в. Сялец Лідскага раёна; сувенірны гадзіннік, падараваны на юбілей горада ў 1980 годзе.

У сучасны момант у 206 цэнтры падрыхтоўкі лётнага састава ў г. Ліда аформлены пакой баявой славы, у якім на аснове тэкставай інфармацыі расказваецца аб гісторыі авіяцыі, Лідскага аэрадрома, гісторыі штурмавой авіяцыйнай базы. Прадметаў, якія раскрываюць тэму развіцця авіяцыі і Лідскага аэрадрома ў экспазіцыі няма.

У планах работы Лідскага гісторыка-мастацкага музея арганізаваць у 2014 годзе выстаўку, прысвечаную гісторыі Лідскага аэрадрома. Для збору прадметаў па гэтай тэме супрацоўнікамі будзе праводзіцца планамерная работа. Пры ўмове, што будзе сабрана неабходная для адкрыцця музея колькасць прадметаў, будзе разгледжана пытанне аб стварэнні музея побач з 116 Гвардзейскай Радамскай Чырвонасцяжнай штурмавой авіяцыйнай базай, тэрыторыя якой, з улікам яе прызначэння, не можа быць выкарыстана для стварэння музея.

З павагай, Намеснік старшыні І.Г. Жук.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX