Вярнуцца: Вайсковая гісторыя

Адзін млын на вайне


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 02.02.2008,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 29-30.



У вайны шмат твараў. Адзін з іх твар мельніка на акупаванай тэрыторыі. Што дзень і што ноч мельнік чуў адно кароткае слова: "Дай". Днём немцы правозілі малоць збожжа, ноччу партызаны забіралі муку. І тыя, і тыя маглі застрэліць мельніка. І, здаралася, стралялі "за супрацоўніцтва". Каб неяк ацалець і апраўдацца, мельнікі мусілі весці "бухгалтэрыю".

У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі захоўваецца падшыўка распісак і цыдулак савецкіх партызан, якія бралі муку, крупы і інш. у Кучынскага Мікалая Аляксандравіча, мельніка млына на хутары Лупеніца Лідскага раёна, а таксама ў гаспадара гэтага млына Роўбы Антона Ігнатавіча.

Трэба меркаваць, што ў мельніка ці гаспадара былі яшчэ і распіскі польскіх партызан, але яны па вядомых прычанах ў музей не трапілі, бо савецкія ўлады "супрацоўніцтва" не даравалі б.

У падшыўцы захоўваюцца дакументы з 30.09.42 г. па 9.09.43 г. Мы прыводзім іх, наколькі гэта магчыма, паслядоўна, бо менавіта так яны ствараюць цэльную карціну.

1. "Распіска.

Дазена гэта распіска загадчыку млына Лупепіца ў тым, што ў яго забрана нямецкага збожжа партызанскім аддзелам № 85670 у колькасці 40 пудоў.

30/ІХ-42 г.

Камандзір пар. аддз. (подпіс)".

2. " Распіска.

Дадзена Роўбе ў тым, што ўзята дваццаць пудоў (20 п.) мукі.

12/Х-42. Кам. ад. (подпіс, пячатка)".

3. " Падрыхтаваць 20 пудоў мукі і крупаў гаварыў мельніку Гурбаносу. Крупы ён падрыхтуе.

18/ХІ-42 г. Камандзір (подпіс, пячатка)".

На адваротным баку:

"Дзесяць пудоў ячменю на крупы атрымана.

20/ХІ - 1942 года (подпіс)".

4. "Распіска.

Мною, камандзірам партызанскага аддзела Міронавым Дзмітрыем Васілевічам атрымана з млына мукі ржаной 185 кгр. (сто восемдзесят пяць кгр.) і крупаў ячменных 35 кгр. (трыццаць пяць кгр). Мука атрымана ад загадчыка млына Лупеніца тав. Кучынскага Мікалая Аляксандравіча.

Муку атрымаў кам. аддзела (подпіс) Міронаў. 7/І-43 года".

5. "Распіска.

Партызанскім аддз. узята 3.ІІ.1943 г. кг 320 ржаной мукі і 80 кг ячменю ад млына Лупеніцы. Аддз. № 2371 (подпіс)".

6. "Даведка.

Дадзена гэтая даведка заг млына хут. Лупеніца т. Мікалаю Кучынскаму ў тым, што ўзята для партызанскага аддзела "Іскра" 130 кг. (сто трыдцаць) аржаной мукі".

Кам. аддз."Іскра" капіт. (подпіс, пячатка(Пячатка з пяціканцовай зоркай і сярпом з молатам у цэнтры ды надпісам "Комитет об'единения парт. отр." па акружнасці была выразана партызанам аддзелу "Іскра" Слядковым Пятром Якаўлевічам з падэшвы ў лютым 1943 года. Былі і іншыя пячаткі. ))

12.02.43".

7. "Распіска.

Дадзена гэтая распіска мельніку млына Лупеніцы т. Кучынскаму Мікалаю А. у тым што ўзята хлеба 200 кіль (дзвесці кілаграмаў) аддзелам "Іскра".

16/ІІ-43.

Член партызан (подпіс, пячатка)".

8. "Пасведчанне.

Паважаны мельнік Роўба прашу выдаць дадзенаму грамадзяніну для патрэб партызанскага аддзелу 25 (дваццаць пяць) пудоў мукі... Выкананне загаду праверу сам.

Нач. штабу парт. аддз. "Іскра" (подпіс. пячатка)".

На зваротным баку:

23.02.43. Выдадзена 15 пудоў.

27.02.43. Выдадзена 10 пудоў.

9. "Пасведчанне.

Паважаны мельнік млына Лупеніца. Прашу за 7 дзён падрыхтаваць 100 пудоў мукі з нямецкага кантынгенту для патрэб партызанскага аддзелу. 3 мяшкі пытляванай мукі, астатнюю простага памолу.

Выкананне гэтага загаду праверу сам.

Нач. штабу (подпіс*, пячатка)".

На зваротным баку пазначана:

"Атрымана 13.ІІІ.43 сто семдзесят пяць (175) кг.

Выдадзена 14.ІІІ.43 васемнаццаць пудоў.

Выдадзена 20.ІІІ. адзінаццаць пудоў

Выдадзена 22.ІІІ. пятнаццаць пудоў

Атрымана 30.ІІІ. сорок тры і Ѕ пудоў (695 кг.)".

10. Распіска.

Дадзена мельніку Лупеніцы ў тым, што для патрэбаў партызанскага аддзелу імя Варашылава ўзята ржаной мукі вагой у сто кілаграмаў.

19.3. 1943 год.

Кам. звязу мал. л-т. (подпіс)".

11. "Паважаны мельнік Лупеніцы!

Нашы таварышы нядаўна замаўлялі 100 пудоў мукі. Вы далі тры мяшкі. Прашу неадкладна даць дваццаць пудоў жытняй мукі і пераслаць з грамадзянамі, якія перададуць гэтую запіску".

На зваротным баку напісана:

"Выдадзена 200 пудоў 20/ІІІ. 43"

12. "Распіска.

Узята ад млына Лупеніца партызанамі з аддзелу "Іскра" партызанамі К.Ш.М. грошай у суме 1000 (тысячу) рублёў.

Нам. кам. звяз. (подпіс).

10/ІV-41 г (так напісана. Трэба разумець 43 г.)".

13. "З млына "Лупеніца" ўзята мною мукі нытляванай 50 кг, хлебнай 85 кг. для аддзелу.

Пам. нач. штабу (подпіс) 14/ІV-43 г."

14. "Распіска.

Дадзена гэтым заг. млына ў тым, каб было заплачана тав. Ашмяну ў колькасці 10 пудоў збожжа за час з 16/ІV-43 па 30/ІV-43. Да гэтага (подпіс, пячатка)".

15. "Пасведчанне.

Прашу млын Лупеніцы выдаць 8 пудоў ржаной мукі і 2 пуды пшанічнай, разам дзесяць. Муку выдаць гэтым людзям, якія прадставілі наша пасведчанне.

Нам камандзіра (пячатка) 19-ІV-1943 г".

16. "Тав. бацька!

Абавязкова выдаць 15 пудоў аржаной мукі і 20 пудоў пытляванай, прытым 5 пудоў ячменных крупаў тав. Максімовічу, выдаць як можна хутчэй.

(пячатка)

Кам. аддз. Матрос**.

4/V-43".

17. "Даведка.

Таварыш Роўба прашу вас выдаць партызанскаму аддзелу "Іскра" Ленінскай брыгады 100 кг мукі ржаной неадкладна.

Дня 18/V-1943 г. (подпіс).

Пячаткі няма, прашу даць на рукі.

Падарожную назад"

На адваротным баку пазначана:

"Падарожная на 3-х чалавек аддзелу "Іскра".

5.V.43. Подпіс Н. А. Коннаў.

Выдадзена гр. Говару К. ... 80 кг."

18. "11/V-43. Тав...

прашу даць...

1 цэнтнер мукі і 6 пудоў з-за таго што ён пацярпеў ад немцаў .... . Узята ў яго ... нават і карову, няма чаго есці дзецям..."

19. "Прашу не адмовіць у маёй просьбе і выручыць чалавека ад галоднай смерці, за што і для вас будзе больш фіктыўнасці надзеі (подпіс) Марозаў М.І. 11/V-43 г.".

20. "12/V. Узята больш 50 кг пытл. мукі".

21. "Мельніку ў Лупеніцу.

Прашу змалоць жыта 6 мяшкоў, ячменю 2 мяшкі без чаргі і бясплатна.

16/V-43 года.

Кам. аддз. (подпіс. пячатка)".

22. " Млын Лупеніца.

Дадатковая запіска.

Замоўленая мука Вам і здадзеныя мяшкі на муку без падацеля запіскі Вам нікому не выдаваць.

Нам. кам. аддзелу (подпіс).

17/V-43. (пячатка)".

23. "Даведка.

Дадзена тав. Патапаву атрымаць з млына Лупеніцы 200 кг мукі.

Прашу выдаць 200 кг мукі, выканаць загад.

Кам. аддзелу (подпіс, пячатка).

18 траўня, 43 год".

24. "Распіска.

Атрымана з млына Лупеніца сто дваццаць пяць (125) кілаграмаў аржаной мукі: 24/V-43.

Аддзел ім. "В".

25. "Распіска.

Дадзена тав. Кучынскаму Мікалаю Аляксандравічу заг. млына Лупеніца ў тым, што ад яго ўзята 250 кг. (дзвесці пяцьдзесят) кілаграмаў мукі для патрэбаў н-ка партызанскага аддзела імя Варашылава.

Нам. н-ка (подпіс)".

26. "Прашу выдаць мукі жытняй 20 пуд. (дваццаць пуд.) для патрэбаў партызанскага аддзелу.

Старшына аддзелу Галаўчук (пячатка)".

27. "Пан Мельнік млына Лупеніцы! Выдаць 80 (восемдзесят) пудоў мукі за кошт нямецкага кантынгенту. У выпадку невыканання вышэй указанага загаду караецеся па закону ваеннага часу.

Камісар "Іскры" (подпіс*, пячатка)".

28. "Распіска.

Прашу выдаць з млына Лупеніцы 10 пудоў (дзесяць п.) мукі жытняй. Выдаць таму гр-ну, які прад'явіць гэтую распіску.

Кам. звязу (подпіс, пячатка)".

29. "Прашу выдаць 5 пудоў мукі (пяць пудоў) для партызанскага аддзелу "Іскра".

Нам. камісара (подпіс**, пячатка)".

30. "Даведка.

На млын Лупеніцы. Таварыш Мельнік, прашу змалоць партызанам жыта 1 мяш, пшаніцы 1 мяш., пытляванай мукі 2 мяшкі зрабіць на крупы.

Да гэтага(пячатка, подпіс)".

31. "Мельнік Лупеніцы!

Змалоць для патрэбаў партызанскага аддзелу 8 мяшкоў жыта. Выкананне загаду будзе праверана.

Нач штабу аддзелу (подпіс, пячатка)".

32. "Тав. мельнік і эканом!!!

Прашу перадаць муку ў колькасці 30-ці пудоў падацелю гэтай запіскі. Паквітаванне я перашлю ці сам прывязу некалькі пазней. Уладальнік гэтай запіскі абавязаны так, як і Вы, даставіць мне муку не пазней, як у суботу. Пасля ўсяго гэтага я буду мець з Вамі буйную размову. Ясна?!

3/VІ-43 г.

Камандзір аддзелу "Балтыец" Матрос".

33. "Квіт № 304/6.

Выдадзена кіраўніку Лупеніцкага млына ў тым, што мною камандзірам аддзелу ўзята для патрэбаў аддзелу з млына трыццаць (30) пудоў мукі простага памолу, дзесяць пудоў (10) мукі з-пад вальца і дзесяць (10) пудоў ячменных крупаў 12/VІ-43.

Кам аддз (подпіс) /Матрос/

(пячатка)".

34. "Kwi t № 78

Млын Лупеніца. Дастаўленыя на ваш млын пшаніцы 2 мяшкі (два), жыта 4 мяшкі (чатыры) спытляваць і перадаць для патрэб партызан без усякай чаргі.

Камандзір аддз. лейтэнант (пячатка).

25/VІ-43.

Podpis Koннаў"

На зваротным баку пазначана:

"Зроблена 24/VІ-43 г.".

35. "Тав. Мельніку мл. Лупеніца.

Прашу вас уручыцелю гэтай запіскі выдаць збожжа ці мукі 10 пудоў (дзесяць).

За нач. штабу "Іскра" (подпіс)".

36. "Распіска.

Прашу млын Лупеніца даць не менш 2 літраў гарэлкі цераз гэтую дзяўчыну, якую мы высылаем. Дня 31. 1943 года (подпіс, пячатка)".

37. "Дадзена гаспадару млына Роўба Антону Ігнат. у тым, што ў яго ўзята партызанамі 200 кг. жыта, 45 кг. мукі, 15 кг. сала, 16 кг. гароху, 1 пара савецкіх ботаў, 2 булкі хлеба, 500 руб. грошай (пяцьсот рублёў), 1 кола.

Кам. аддзелу л-т (подпіс) 18/VІІ"

38. Пасведчанне.

Паважаны мельнік млына Лупеніцы! Прашу Вас змалоць для патрэбаў партызанскага аддзелу 400 (чатырыста) кілаграмаў жыта. Ашатраваць і змалоць 70 (семдзесят) кілаграмаў пшаніцы.

Выкананне гэтага загаду праверу сам.

За работу не браць.

Нач. штабу аддзелу (подпіс*, пячатка)".

39. "Паважаны мельнік Лупеніцы!.

Падрыхтуйце нам 100 пудоў мукі. Тэрмін 10 сутак.

Усю муку пераправіце ў Дакудава з цывільнымі людзьмі, якія будуць мець ад мяне пасведчанне.

Калі сумееце прышліце некалькі пудоў белай мукі для хворых.

Прашу Вас найхутчэй даставіць нам муку.

Нашыя адносіны да гэтага часу былі самыя найлепшыя. Думаю, Вашая ўвага да нас будзе такой жа.

Асноўнае не скупіцеся. Калі вы патрыёт сваёй дзяржавы, то і самі павінны разумець.

З прывітаннем да Вас нач. штабу (подпіс**)".

40. "Паважаны мельнік.

Як Вам вядома, Вы павінны нам дапамагаць чым можаце, і таму прашу ў Вас наступнае. З-за таго, што ў нас свае справы, і не заўсёды нашы таварышы могуць самі пад'ехаць да Вас, па-гэтаму прашу Вас тых людзей, якіх мы пасылаем малоць да Вас, мяліце не спрачаючыся, і прозвішчаў не пытайцеся, яны Вам не патрэбныя.

Акрамя таго хадайнічайце перад нямецкімі ўладамі пра тое, каб больш 10% за памол з грамадзян не браць.

Тое, што мы прысылаем малоць ці рабіць крупы для нас, за работу не браць ні кілаграма.

Яшчэ прашу Вас, ці можаце вы на сваім млыне зрабіць крупы з аўсу.

Прашу напішыце некалькі слоў і прышліце з гэтым грамадзянінам. Калі Вас хто крыўдзіць, таксама напішыце

Нач. штабу аддзелу (подпіс***)".

41. "Паважаны мельнік Луненіцы. Прашу Вас ашатраваць, змалоць і зрабіць крупы для партызанскага аддзелу 750 (семсот пяцьдзесят) кілаграмаў.

Акрамя таго прашу прыслаць з гэтымі грамадзянамі пшанічнай мукі для хворых некалькі пудоў.

Выкананне гэтага загаду праверу сам.

Нач. штабу партызанскага аддзелу (подпіс****, пячатка)".

42. "Даведка.

Дадзена кіраўніку і мельніку Лупеніцкага млына ад аддзелу "Балтыец",

Забараняю выдаваць муку і крупы партызанам, якія не маюць фармальнага дакумента ад камандавання аддзелаў, які павінен быць з трыма подпісамі: камандзіра, камісара і нач. штабу, каб пазбегнуць разбазарвання не па прызначэнні

Кам. аддзелу л-т (подпіс*****).

Камісар аддзелу ст. п-к (подпіс******).

Нач. штабу л-т (подпіс*******, пячатка)".

43. "Дзядзя Коля!

Прашу адпусціць, колькі можна, мукі пытляванай і ячменных крупаў. Акрамя гэтага, прапускайце збожжа пад памол.

Ваш (подпіс).

4/ІХ - 43 г.".

44. "Падарожная.

Дадзена гэта групе партызанаў п/а "Іскра", якія накіроўваюцца на баявое заданне на чыгунку "Ліда - Баранавічы", у раён Ліды.

Старшы групы кам. аддзял. Кублоў Д. з 4-мя партызанамі. Тэрмін вяртання ім да 31/VІІІ.43.

Палітрук, кам. роты

23/VІІІ-43 г. (пячатка) л-т (пячатка)".

На зваротным баку:

"Тав. загадчык млына Лупеніцы.

Просім выдаць 5 пудоў жытняй мукі, і 8 кг. пшанічнай, і 5 літраў самагонкі на 3 гадзіны дня па Маскве групе партызан.

(подпіс********) 9/ІХ-43 года".

* Броварны.

** Броварны.

*** Броварны.

**** Броварны.

***** Пралыгін.

****** Пянькоўскі.

******* Броварны.

******** Сцепаненка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX