Вярнуцца: Вайсковая гісторыя

Шматвектарная партызанская вайна ў заходніх абласцях Беларусі ў 1941-1944 гг.


Аўтар: Кулеш Анатоль,
Дадана: 30-08-2013,
Крыніца: Лідскій Летапісец №2(62)-2013.



Няўмольна бяжыць час. Ужо мінула амаль тры чвэрці стагоддзя як скончылася вайна. Даўно развеяўся у паветры пах дыму і крыві. Не лунаюць па начах заравы пажараў. Выраслі новыя пакаленні людзей. Шмат чаго сцерлася з памяці. Ды толькі не ўсё і не ўва усіх. Той, хто перажыў жахі тых часоў, не забудзе ніколі. Іншы раз нейкая нават самая малазначная рысачка з той мінуўшчыны выклікае ўспаміны і малюе карціны, быццам усё было толькі ўчора.

Вось на гэты раз, праз дзесяцігоддзі, трапіла мне ў рукі кніга польскага аўтара Каспера Слядзіньскага "Ціхацёмныя", у якой ён распавядае аб падзеях мінулай вайны. Шмат месца прысвячае падполлю і дзеянням партызан супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. У тым ліку значную частку з апавядання прысвячае падзеям на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі і ў прыватнасці на Лідчыне. Мне давялося быць сведкам многіх падзей, пра якія ўзгадвае аўтар, а ў некаторых нават ледзь не прыйшлося самому ўдзельнічаць. І выклікалі яны, гэтыя ўспаміны, далёка не самы лепшы настрой.

Успомніўся верасень 1939 года. З ранку 1 верасня зазванілі царкоўныя званы. Мнагалюднымі ручайкамі паплылі туды зблянцы і жыхары навакольных вёсак. У гэты дзень яны адпраўлялі сваіх блізкіх: бацькоў, братоў, мужоў, сыноў на фронт. На золку таго дня нямецка-фашысцкая Германія напала на Польшчу, пад уладай якой мы ў той час жылі. Ранішнюю цішыню раптам напоўнілі плач дзяцей, галашэнне жанчын, патаемна выціралі скупую слязу мужчыны - не на гулянку выпраўлялі, а, магчыма, на смерць. На шчасце тая вайна забрала толькі два жыцці аднавяскоўцаў - Майсевіча Аляксандра і Шафарэвіча Рыгора.

Ніхто з нас у той час і ведаць не ведаў, і думаць не думаў, што пачынаецца адна з самых трагічных старонак у нашай гісторыі - Другая Сусветная вайна, якая знясе з сабою вынікі векавой працы людзей і нават мільёны іх жыццяў.

Аднак, калі ў другой палове верасня завітала да нас Чырвоная Армія, мы палічылі, што прыйшло для нас збавенне. Ды памыліліся. Усё толькі-толькі пачыналася.

З чаго пачалося або пра першы этап Другой Сусветнай вайны 1939-1945 гг.

Восень 1918 года. 11 лістапада адбылося падпісанне Камп'енскага перамір'я, абвясціўшага канец Першай Сусветнай вайны, а 29 чэрвеня 1919 года - Версальскага мірнага дагавора паміж дзяржавамі Антанты і Германіяй. Нягледзячы на тое, што даваенная Расія з'яўлялася членам гэтага саюза, на працэдуру падпісання Дагавора яна не была запрошана. Нарэшце ў Еўропе запанаваў мір. Аднак не ўсім дзяржавам, удзельнікам вайны прыйшліся да густу ўмовы падпісання. Больш за ўсіх незадаволенымі, пакрыўджанымі палічылі сябе Германія і Савецкая Расія. Германія - таму што была абмежавана ва ўтрыманні ўзброенных сілаў, што не дазваляла здзейсніць у будучыні рэванш за паражэнне ў вайне. Акрамя таго Германія пазбавілася заморскіх уладанняў у Афрыцы. Савецкая Расія - за тое, што ў выніку Першай Сусветнай вайны зніклі з палітычнай карты Еўропы чатыры наймагутнейшыя імперыі - Германская, Аўстра-Венгерская, Асманская і Расійская, а на іх месцы адрадзіліся былыя і паўсталі новыя дзяржавы. Партыйнае кіраўніцтва краіны палічыла, што ўзнікненне новых дзяржаў - істотная перашкода ў распаўсюджанні сацыялістычнай рэвалюцыі ў Заходнюю Еўропу. Адрадзілася ў тым ліку і Рэч Паспалітая Польшча.

З гэтай нагоды Сталін нават надрукаваў 11 лістапада 1918 года артыкул, назваўшы яго "Перашкода". У ім аўтар пісаў: "... паміж рэвалюцыйнай Захадам і сацыялістычнай Расіяй узнікла перашкода", у якой захоўваюць сваё жабрацкае існаванне за кошт міласціны дажываючых свой век імперыялістаў Захаду буржуазна-нацыяналістычныя ўрады. Няма ніякіх падстаў не верыць, што контррэвалюцыйная перашкода паміж рэвалюцыйным Захадам і сацыялістычнай Расіяй будзе зруйнавана.

Аўтара "Перашкоды", мабыць, напалохала тое, што нацыянальна-вызвольны рух пачаў набіраць моц і ў былой Расійскай Імперыі. Набылі незалежнасць краіны Прыбалтыкі: Літва, Латвія, Эстонія. Стала незалежнай Фінляндыя. Паспрабавалі вызваліцца ад расійскага панавання Беларусь і Ўкраіна, але безпаспяхова.

Адроджаная Польшча стала непераадольным мурам паміж Расіяй і Заходняй Еўропай. Сілу і моц яе незалежнасці спазнала Савецкая Расія ў час "паходу на Віслу" Тухачэўскага. Але ні Савецка-Польская вайна 1919-1921 гг., ні 1939 год не развязалі канфліктныя пытанні паміж Расіяй і Польшчай, яны засталіся на гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1944 гг.

Самая кароткая ў гісторыі ноч 22 чэрвеня 1941 г.

Здзейсніўшы змову з фашысцкай Германіяй, падпісаўшы 23 жніўня 1939 г. Пакт Молатава-Рыбентропа аб сферах уплыву ў Еўропе і падзеле Польшчы, партыйна-ўрадавае кіраўніцтва СССР, мабыць, палічыла сваю задачу-мінімум, адтэрміноўку пачатку вайны, выкананай і ўпала ў стан добрага настрою. З улацівым генетычна-славянскім даверам яно пачало добрасумленна і бездакорна выконваць свае дагаворныя абавязкі, не падазраючы, што другі бок, фашысцкая Германія, выношвае зусім іншыя планы.

І праз 669 дзён з дня падпісання яны былі абвешчаны на ўвесь свет громам выбухаў бомбаў, разрывамі снарадаў, строкатам кулямётаў ды аўтаматаў. Запылалі полымем родныя гарады і вёскі, пачалі рушыцца масты, разбурацца прадпрыемствы і дарогі. Струменямі палілася людская кроў. Германія нечакана напала на Савецкі Саюз - пачалася Вялікая Айчыннай вайна, якая на самай справе стала працягам Другой Сусветнай. На гэты раз з учарашнім "сябрам, аднадумцам і паплечнікам у міжнародных справах", якая ўвайшла ў гісторыю ўсіх народаў свету, як самая крывавая і бязлітасная ў памяці чалавецтва. Яна адабрала жыццё кожнага трэцяга нашага суайчынніка. У Беларусі што дзве хвіліны гінуў адзін чалавек.

Цудоўная пагодлівая раніца 22 чэрвеня 1944 года ўвайшла ў гісторыю савецкіх людзей пад незвычайнай назвай: "ПАЧАТАК ВАЙНЫ!"

Роўна ў 4.30 у небе над галовамі сонных людзей загулі маторы, паляцелі гітлераўскія крылатыя ястрабы з чорнымі крыжамі на фюзеляжах і крылах. Над нашым горадам нямецкія самалёты з'явіліся ўжо праз паўгадзіны пасля таго, як гітлераўскі вермахт перайшоў дзяржаўную мяжу цераз Буг і рушыў на ўсход. Запалалі заводы і фабрыкі, гарэлі жылыя дамы і дзяржаўныя ўстановы, школы і бальніцы. Адна з бомбаў трапіла ў будынак яўрэйскай бальніцы па сённяшняй вуліцы Савецкай у раёне Лідсельмаша.

Краіна аказалася ў полымі пажараў. Без таго кароткая летняя ноч спыніла свой бег.

Аўтару гэтых радкоў давялося сустрэць вайну 14-гадовым падлеткам, ловячы рыбу на Нёмане. Над гэтым месцам, проста над нашымі галовамі ў вышыні, амаль кожную раніцу мы з захапленнем назіралі, як савецкія лётчыкі - знішчальнікі адточваюць сваё лётнае майстэрства, выконваючы фігуры вышэйшага пілатажу. У гэты дзень мы іх не ўбачылі.

Затое ўбачылі іншае. Ніжэй па цячэнні ракі ляцеў вялізны, падобны да транспартнага, самалёт. Следам за ім імчаўся маленькі аднакрылы знішчальнік. Дагнуўшы, пакуляўся-пакуляўся над ім, пастракатаў з кулямёта. А калі той агрызнуўся кулямётнай чаргой, быццам пастукаўшы кулаком у сцяну, развярнуўся і так жа хутка паімчаўся на базу. І мы зразумелі - ВАЙНА! Пра яе ў вёсцы пагаворвалі ўжо даўно. На гэтую тэму і песні спявалі: "Дан приказ ему на запад...", "Кацюшу", "Если завтра война", "Три танкиста" і ім падобныя.

А ў вёсцы. Хто паспеў управіцца на падворку, тады ў нас яшчэ была прыватная гаспадарка, пешшу, хто трушком, а хто і галопам накіраваліся у хату-чытальню, якая знаходзілася ў пачатку вёскі. Калісьці яна належала Лаўруку. Так яе і зараз звалі. Ды толькі сына ягонага Антона Яновіча савецкія ўлады вывезлі ў Казахстан, а ў пустой хаце зрабілі бібліятэку і месца адпачынку для вяскоўцаў. Ішлі слухаць апошнія навіны па радыё. Прыйшоўшы, уладкаваліся, усталявалася надзвычайная цішыня. Адкрыўшы рот, утаропіліся позіркам у чорную талерку, што вісела на сцяне - радыё.

У 12 гадзін пачуўся шум і трэск, а затым і голас. Са зваротам да народа звяртаўся Старшыня СНК СССР В.М. Молатаў. Ён на ўсю краіну абвясціў аб пачатку ваеннай агрэсіі гітлераўскай Германіі супраць Савецкага Саюза. Між іншым Вячаслаў Молатаў сказаў: "... Сегодня, в 4 часа утра, без пред'явления каких-либо претензий к Советскому Союзу, без об'явления войны, германские войска напали на нашу страну...".

Вядома, што Молатаў меў дэфект мовы - калі хваляваўся, ён пачынаў заікацца. На гэты раз такое было вельмі прыкметна.

У словах Вячаслава Міхайлавіча "без об'ъявления войны" ёсць інфармацыя для роздуму. Гэта мая асабістая думка. Прапаную зрабіць выснову самім чытачам.

У 3 гадзіны ночы 22 чэрвеня пасол СССР Дзеканозаў (Дзеканашвілі) быў запрошаны ў Міністэрства замежных спраў Германіі, і там яму Міністр замежных спраў Рэйха Рыбентроп уручыў ноту нямецкага ўраду аб разрыве дыпламатычных зносін і аб абвяшчэнні Савецкаму Саюзу вайны. Вайна пачалася праз гадзіну пасля ўручэння ноты. Рыбентроп уручаў яе за сталом, за якім некалі сядзеў Бісмарк. Што гэта магло значыць, невядома. Але ў дыпламатыі кожная дробяць можа мець якое-небудзь сімвалічнае значэнне ці сэнс. Само сабою разумеецца, што зроблена ўсё было фармальна. За тэрмін у адну гадзіну зрабіць што-небудзь немагчыма. Але на момант выступлення па радыё В.М. Молатаў, як Наркам замежных спраў і старшыня СНК СССР, не мог не ведаць, што вайна была абвешчана.

Да таго ж пытанне: хто ў каго вучыўся такой практыцы?

Такім жа чынам паступіў Савецкі Саюз у адносінах з Рэччу Паспалітай у верасні 1939 года. Тады, у 2 гадзіны 15 хвілін ночы 17 верасня польскі пасол у СССР В. Гржыбоўскі быў запрошаны у НКЗС СССР і яму была прапанавана нота аб разрыве паміж дзяржавамі дыпламатычных зносін і пераходзе Чырвонай Арміяй а 4 гадзіны раніцы мяжы з Польшчай. Пасол ноту не прыняў і ў 3 гадзіны раніцы пакінуў кабінет намесніка Наркама замежных спраў СССР Уладзіміра Пацёмкіна. А калі нота ўсё ж такі была дастаўлена ў Пасольства, яе вярнулі назад звычайным пісьмом. Пасол паведаміў аб змесце ноты свайму ўраду па радыё адкрытым тэкстам.

Дык можа былы "рытуал", якім карыстаўся некалі Святаслаў - "Хачу ісці на вы!" - згубіў свой сэнс у ХХ стагоддзі?

3 ліпеня 1941 года са зваротам да народа па радыё выступіў І.В. Сталін. Сказаныя ім у канцы выступлення словы: "Вечная слава героям, павшим в боях за свабоду и независимость нашей Родины! Смерть немецким окупантам!" - сталі заклікам на ўсю вайну. Імі заканчваліся ўсе загады Галоўнакамандуючага.

Захопнікі і іх хаўруснікі

22 чэрвеня 1941 года ЦК ВКП(Б) і СНК СССР разаслалі ў абкамы прыгранічнай зоны Дырэктыву №1, у якой прадпісваўся план усім партыйным і савецкім органам улады на месцы іх дзеяння ў ваенных умовах, рабіўся заклік да ўсяго савецкага народа самааддана весці непрымірымую барацьбу з захопнікамі. Галоўны акцэнт ставіўся на стварэнні падпольнага і партызанскага руху на захопленай ворагам тэрыторыі. На жаль, амаль палова Беларусі ўжо аказалася захопленай. Нямецкае войска таптала ўжо вуліцы нашай сталіцы - Мінска. Фронт няўмольна набліжаўся да Дняпра.

У такіх умовах толькі адно патрабаванне Дырэктывы мела сэнс і пачало бездакорна выконвацца, у якім гаварылася: "В занятых врагом районах создавать партизанские отряды и диверсионные группы для борьбы с частями вражескай армии, для расжигания партизанскай войны всюду и везде, для взрыва, мостов, дорог, порчи телефонной и телеграфнай связи, поджига складов и т.д. В захваченных районах создавать невыносимые условия для врага и его пособников, преследовать и уничтожать их на каждом шагу. Срывать все их меропрыятия..."

І заклік гэты быў пачуты.

Спашлюся на жывыя мясцовыя факты. Ужо ў жніўні 1941 года група Пятра Кузьміча Макарава разбіла і спаліла паліцэйскі пастарунак у Беліцы. Памятаю тую летнюю ноч. Праз нейкі час пасля таго, як мы пачулі стрэлы ды выбухі гранат, у акно нашай хаты нехта пастукаў. Ды ніхто ў хаце не адклікнуўся. Усе баяліся - вайна! Пастукалі яшчэ раз. І зноў маўчанне. За акном нехта загаварыў і пайшоў. Раніцай даведаліся, што гэта былі чужыя, збілі замок, што замыкаў паром і накіраваліся за Нёман.

Вясной 1942 года група Глухарава спаліла мост цераз Дзітву на шашы Ліда-Слонім, знішчыла некалькі кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязі паміж Лідай-Бярозаўкай-Наваградкам. Трапіўшыя ў акружэнне чырвонаармейцы пад камандаваннем Матросава каля Баравіцкіх могілак на шашы Ліда-Слонім абстралялі і падбілі некалькі легкавых машын з немцамі з Беліцкага гарнізона. Іх іржавыя шкілеты яшчэ доўга валяліся на абочыне дарогі пасля вайны. Захопнікам-акупантам станавілася цесна на нашай зямлі.

У кароткі час у Прынёманні ўзнікаюць шматлікія ўзброеныя партызанскія групы, якія з часам пачалі разрастацца і аб'ядноўвацца ў партызанскія атрады.

Першым з іх: атрад "Кастрычніцкі" пад камандаваннем старшага лейтэнанта Чырвонай Арміі Віталія Ільіча Панчанкава. За ім на базе груп А.І. Феакцістава, А. Ярмолава і В.А. Дзямідава - "Іскра" на чале са старшым лейтэнантам Аляксандрам Андрэевічам Коннавым. На пачатку яны дзейнічалі разрозненна, што зніжала эфектыўнасць іх аперацый.

"Малая вайна", якую вялі партызаны і падпольшчыкі з захопнікамі па-за лініяй фронту, была не толькі "каляровай", але мела і адпаведныя адценні. На акупаванай ворагам тэрыторыі супрацьстаялі адзін другому цэлыя ўзброенныя злучэнні: савецкія партызаны або "чырвоныя" і "белыя" або АК; нямецкія акупанты са сваімі хаўруснікамі. Да пэўнага часу супраць акупантаў выступалі і акаўцы. Усё змянілася напрыканцы 1943 года. Савецкім партызанам пасля гэтага прыйшлося змагацца на два франты - і з акупантамі, і з акаўцамі.

На баку фашыстаў былі значныя сілы, якія складаліся з частак вермахту, беларускіх калабарацыяністаў і паліцыянтаў (каля 50 тыс.), прыбалтыйскіх - літоўскіх, латышскіх, эстонскіх - прафашысцкіх фармаванняў, расейскіх казакаў (9 тыс.), украінскіх нацыялістычных фармаванняў. Некаторыя з іх мелі сучаснае цяжкае ўзбраенне. Казакі або Руская Вызвольная Народная Армія (РОНА) мелі на ўзбраенні танкавы батальён і артылерыю. Дыслакаваліся часткі РОНА вакол Наваградка і Слоніма, а таксама каля Ліды. Адзін з такіх гарнізонаў у пачатку 1944 года замацаваўся быў у вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна. У дзень Вялікадня партызаны паспрабавалі выбіць іх з вёскі. Але зрабіць ім гэта не ўдалося. Увесь вечар грымелі гарматы, стракаталі кулямёты і аўтаматы, узрываліся гранаты і міны. Над вёскаю палала зарава пажараў. Панёсшы значныя страты, партызаны адступілі. Пэўна, больш верных хаўруснікаў у немцаў, чым ронаўцы ды ўкраінскія дабраахвотнікі не было.

Дарэчы, адным з актыўных арганізатараў казацкага войска - РОНА - быў былы царскі генерал Пётр Мікалаевіч Красноў. Улетку 1943 года, у час інспекцыі сваіх войск у Беларусі ён наведаў Ліду.

Нягледзячы на значную перавагу ў сілах, нямецкія акупанты і іх хаўруснікі і дзень, і ноч адчувалі жывёльны страх. Свае гарнізоны ў невялікіх паселішчах яны ператваралі ў цвердзі, празваныя ў народзе "бункерамі". Умацаванні гэтыя будаваліся з бярвенняў, паміж якімі засыпалася зямля. Вароты зачыняліся на ўсе засаўкі, і толькі ў сценах былі зроблены адтуліны-амбразуры, каля якіх устанаўліваліся кулямёты, і было можна страляць з іншай зброі. Навокал звонку іншы раз умацаванне абносілася агароджай з калючага дроту. Але і гэтыя збудаванні не заўсёды забяспечвалі ім жаданую бяспеку.

"Чырвоныя" і "Белыя" - неўтаймаваны збройны канфлікт

"Чырвоныя"

У траўні 1942 года пры стаўцы Галоўнакамандуючага ставараецца ЦШПР - Цэнтральны штаб партызанскага руху. Ягоным начальнікам прызначаецца сакратар ЦК КП(б)Б Панцелеймон Кандрацьевіч Панамарэнка.

Партызанская барацьба набірае большую арганізаванасць і эфектыўнасць падрыўных дзеянняў. 9 верасня 1942 года ствараецца Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР), які ўзначаліў Пётр Захаравіч Калінін. У партызанскіх атрадах умацоўваецца ваенная дысцыпліна. Зніжаецца колькасць выпадкаў самасуду, самаўпраўства, марадзёрства і іншых негатыўных з'яў. Адным словам, надышоў канец "партызанскай вольніцы".

З вясны 1943 года пачынаецца рэарганізацыя партызанскага руху ў тыле ворага. Акупаваная тэрыторыя падзяляецца на зоны партызанскіх злучэнняў, і адбываецца аб'яднанне атрадаў у партызанскія брыгады, палкі. У нас, у Прынёманні, у гэты час былі створаны партызанскія злучэнні Лідскай і Шчучынскай зон. Лідскую зону ўзначаліў Упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і БШПР, член Баранавіцкага абкаму КП(б)Б Е.Д. Гапееў, Шчучынскую - С.П. Шупеня, сакратар Шчучынскага РК КП(б)Б. Агульная колькасць асабовага складу злучэнняў дасягала 7400 байцоў.

За мужнасць і адвагу, умелае камандаванне партызанскімі брыгадамі і кіраўніцтва партызанскім рухам у Прынёманні два камандзіры брыгад былі адзначаны высокай урадавай узнагародай: ім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза: Барысу Адамавічу Булату - камандзіру партызанскай брыгады "Уперад" і Фёдару Міхайлавічу Сінічкіну - камандзіру (да 1943 г.) партызанскай брыгады імя Кірава.

Толькі партызаны Лідскай зоны спусцілі пад адхон 210 ваенных цягнікоў, 191 паравоз, 1103 вагоны. Узарвалі 105 мастоў, разбілі 128 гарнізонаў і паліцэйскіх пастарункаў, разбурылі і знішчылі дзесяткі кіламетраў чыгуначнай каляі.

І пры гэтым, на вялікі жаль, знаходзяцца яшчэ ў Расіі палітыкі (дэпутат Расейскай Дзяржаўнай Думы Жырыноўскі У.В. і інш.), у якіх паварочваецца язык абвінаваціць жыхароў заходніх абласцей Беларусі ў здрадзе. І не чутна ніводнага слова ўдзячнасці нашаму селяніну, які выратаваў не адну сотню, а то і тысячу чырвонаармейцаў і камандзіраў Чырвонай Арміі ад канцэнтрацыйных лагераў ды галоднай смерці.

У заходніх абласцях у ой час існавала прыватная сельская гаспадарка. Мо менавіта гэта і ёсць іх галоўнае злачынства? Але ж гаспадары хутароў і прытулілі трапіўшых у акружэнне савецкіх салдат. Адны з іх працавалі за хлеб-соль, іншыя пачуваліся куды лепш. Некаторыя паспелі нават ажаніцца з нашымі дзяўчатамі. Як бы там ні было, але гэта ўсё ж такі не лагер дзе-небудь у фатэрляндзе.

Дзесьці з восені 1942 года сюды пачалі засылаць з Вялікай зямлі гупы дыверсантаў паветранным шляхам. Іх задачай быў вышук і паўторная мабілізацыя ўсіх акружэнцаў у партызанскія атрады. Ад прысягі іх ніхто не вызваляў. Таму колькасны склад партызан на нашай зямлі значна павялічыўся.

Досыць стракаты сацыяльны і нацыянальны, а таксама партыйны склад партызан. У іх шэрагах змагаліся акружэнцы-вайскоўцы з розных куткоў Савецкага Саюза, мясцовыя сяляне і рабочыя, былыя савецкія і партыйныя работнікі, службоўцы. У нацыянальным складзе пераважалі беларусы, рускія і ўкраінцы. Партызанская вайна у Беларусі насіла ўсенародны характар у глабальным разуменні гэтага слова.

У лясах Ліпічанскай пушчы дзейнічала цэлая група нямецкіх антыфашыстаў пад назвай "Група - 117". У яе склад уваходзілі Гуга Барс, Карл Рынагель, Фелікс Шэфлер, Герберт Гейнчке. На рахунку групы шмат смелых, а іншы раз вельмі рызыкоўных, аперацый. У савецкія часы пра пераход гэтай гупы на бок партызан быў пастаўлены нават даволі драматычнага зместу мастацкі фільм. На жаль, не памятаю ні назвы ні яго стваральнікаў.

Побач з беларусімі партызанамі ў атрадзе імя Будзённага Шчучынскай зоны змагаўся з акупантамі малады французскі шахцёр з Эльзаса Леан Эйер. За мужнасць і адвагу ён быў адзначан высокай урадавай узнагародай - ордэнам Чырвонага Сцяга. Пасля вайны Леан не раз наведваў сваіх баявых сяброў і мясціны, дзе правёў з імі грозныя годы вайны.

Апроч галоўных партызанскіх сіл, былі яшчэ атрады, якія мясцовыя жыхары ахрысцілі "Абы выжыць". Іх складалі пераважна яўрэі, якім пашчасціла ўцячы з гета, або схавацца яшчэ да прыходу немцаў. Колькасць іх была даволі значная. Аднак удзел у баявых дзеяннях быў абмежаваны. Выключэнне складалі атрады Туўі Бельскага - 1200 і Пымана Зорына - 700 чалавек.

Па меры набліжэння фронту партызаны ўзмацнілі свае ўдары па гарнізонах, паліцэйскіх пастарунках, асабліва па чыгунцы. Паўсюдна былі праведзены дзве адчувальныя для ворага аперацыі: "Рэйкавая вайна" і "Канцэрт", у выніку якіх быў значна паралізаваны рух на чыгунцы. Толькі ў злучэнні Лідскай партызанскай зоны партызаны спусцілі пад адхон 210 ваенных эшалонаў, 191 паравоз, 1103 вагоны. Узарвана 105 мастоў, разбіта 128 гарнізонаў, паліцэйскіх пастарункаў, знішчана дзесяткі кіламетраў чыгуначнай каляі.

"Белыя"

Побач з савецкімі партызанамі, якія панавалі тут ад пачатку вайны да другой паловы 1942 года, дзейнічалі злучэнні польскай Арміі Краёвай. Пра дзейнасць гэтай ваенна-палітычнай групоўкі на нашых абшарах шмат хто яшчэ добра памятае, а іншыя не забудуцца, колькі жыць будуць. Некаторыя чулі расповяды сучаснікаў аб яе "ваяўнічай" дзейнасці або чыталі ў кнігах ды перыядычным друку пасляваенных гадоў. Асабліва ў 90-я гады мінулага стагоддзя. У апошні час з'явіліся нават асобныя тэлеперадачы, прысвечаныя гэтай даволі далікатнай у палітычным сэнсе тэме. Стаўленне да АК сярод беларускага насельніцтва далёка не адназначнае. Хутчэй палярнае. І не без падставы.

Дык што ж гэта за "Армія"? Наўрад ці хто сёння задаваў сабе гэтае рытарычнае пытанне.

Армія Краёва як узброенная ваенна-палітычная структура ўзнікла адразу ж пасля паражэння Рэчы Паспалітай у вераснёўскай ваеннай кампаніі з фашысцкай Германіяй, якую зараз у Польшчы называюць "Абарончай вайной 1939 года", існавала з кастрычніка 1939 па студзень 1945 года і пакінула пасля сябе ў Заходніх абласцях Беларусі даволі значны след. На жаль, адмоўны. Выказваю такую ацэнку, як жывы сведка яе дзейнасці на тэрыторыі сённяшняга Лідскага і былога Жалудоцкага раёнаў.

Як вядома, пераможаная Польшча акт капітуляцыі з немцамі не падпісала. Таму дзейная армія Войска Польскага не была распушчана, а перайшла са стану адкрытай барацьбы з ворагам, які акупаваў краіну, у стан падпольны.

Ваеннае камандаванне краіны выдала загад, у якім гаварылася, што ўрад Рэчы Паспалітай не капітуляваў. Таму ваенны стан захоўваецца, і кожны, хто пакіне армейскія шэрагі, будзе лічыцца дызерцірам і будзе пакараны паводле законаў ваеннага часу.

7 верасня 1939 года, калі вораг наблізіўся да сцен Варшавы, урад Рэчы Паспалітай пакінуў сталіцу, пераехаў у гарады Кут і Каламыя каля польска румынскай мяжы і тут працягваў сваю (даволі абмежаваную) працу. Толькі ў ноч з 17 на 18 верасня, калі перайшла польска-савецкую мяжу Чырвоная Армія, роўна у 24 гадзіны сярэднееўрапейскага часу па мосце цераз раку Чарамош польскі ўрад перайшоў у Румынію. Разам з прэзідэнтам Ігнацыем Масціцкім перайшлі граніцу міністр замежных спраў Ю. Бэк і галоўнаканандуючы Э. Рыдз-Сміглы. Акрамя ўраду перайшлі мяжу 23 тысячы польскіх грамадзян, якія не пажадалі застацца пад фашысцкай акупацыяй. Быў перапраўлены золата-валютны рэзерв Нацыянальнага банка РП.

Паводле Гаагскай канвенцыі 1907 года аб ваюючых і нейтральных дзяржавах румынскі ўрад павінен быў дазволіць кіраўніку Польшчы І. Масціцкаму разам з суправаджаючымі яго асобамі перасячы тэрыторыю Румыніі ў трэцюю краіну. Кіраўніцтва РП накіроўвалася ў Францыю.

Аднак усе кіраўнікі Польскай дзяржавы, якія перайшлі румынска-польскую мяжу, румынскімі ўладамі былі затрыманы і інтэрнаваны. Міністр замежных спраў так і загінуў у румынскай турме. Лёс астатніх быў розны. Масціцкі, да прыкладу, пераехаў у Швейцарыю, балазе захаваў за сабой з даваенных часоў двайное грамадзянства. Памёр у Лондане.

Дзень нараджэння Аміі Краёвай

Па даручэнні Галоўнакамандуючага маршала Польшчы Э. Рыдз-Сміглага стварэнне ўзброеннага падпольнага супраціўлення акупантам было даручана генералу Міхалу Карашэвіч-Такаржэўскаму. З кастрычніка 1939 года ў сутарэнні ашчаднай касы па вуліцы Свентакрыжскай (Святога Крыжа) ў Варшаве сабраліся: М. Карашэвіч-Такаржэўскі, палкоўнік С. Равэцкі, дэпутат Сейма РП М. Недзялкоўскі, прафесар Р. Рыбарскі і прэзідэнт Варшавы С. Стажынскі. На сходзе абмяркоўвалася адно пытанне: арганізацыя ўзброенай падпольнай барацьбы па ўсёй акупаванай тэрыторыі Польшчы - на Захадзе з немцамі, на Усходзе - з Савецкім Саюзам.

Была створана падпольная арганізацыя пад назвай "Служба звыценьству Польскі" ("Дапамога перамозе Польшчы". Камандуючым арганізацыяй пры эміграцыйным урадзе быў прызначаны генерал Казімір Саснкоўскі.

Тым часам у кіраўніцтве Рэчы Паспалітай адбыліся істотныя змены. Былы прэзідэнт дзяржавы І. Масціцкі 30 верасня 1939 года адрокся ад пасады кіраўніка дзяржавы (за два тыдні да выхаду на пенсію) і прапанаваў на сваё месца генерала Б. Вянява-Длугашэўскага. Аднак з гэтай кандыдатурай не пагадзілася кіраўніцтва Францыі. Прэзідэнтам РП стаў Уладзіслаў Рачкевіч. Ужо ў дзень свайго прызначэння ён на пасаду прэм'ера прызначыў генерала Ул. Сікорскага.

Гэтыя перамены рэхам адгукнуліся на кіраўніцтве падпольнай арганізацыяй "Служба перамозе Польшчы". 13 лістапада "СПП" Сікорскі сваім загадам ліквідаваў і перайменаваў у "Зьвёнзэк валкі збройнай") "Саюз узброеннай барацьбы"), а пасля, з 14 лютага 1942 года - у Армію Краёву, ужываючы часова назву "Польскі зьвёнзэк повстаньчы" - "Польскі саюз паўстанцаў".

Сваім намеснікам Галоўнакамандуючы Сікорскі прызначыў генерала К. Саснкоўскага, вызваліўшы яго ад камандавання ўзброенным падполлем у краіне. Ягонае месца заняў палкоўнік С. Равэцкі, павышаны ў званні да генерала.

Узброеннае падполле было вельмі шырокім, актыўным і рознародным. Паводле некаторых польскіх крыніцаў, хоць усе групы і атрады і былі аб'яднаны пад адной назвай Армія Краёва, нават у канцы вайны, акрамя пракамуністычнага зместу, 360 адрозніваліся сваімі палітычнымі і ідэалагічнымі поглядамі ад АК.

Ужо ў першыя дні нямецкія акупанты зразумелі, што ступілі яны на вельмі гарачую землю. Чаго не скажаш пра зону, занятую Чырвонай Арміяй. І нічога дзіўнага ў гэтым няма. Да пачатку 1940 года на занятай Савецкім Саюзам тэрыторыі знаходзілася стацыянарна 745 тысяч войск Чырвонай Арміі і НКУС. Гэта значыць, 75 чалавек на 100 квадратных кіламетраў тэрыторыі або 17 чалавек з ружжом на 100 жыхароў. А калі дадаць яшчэ добра ўзброеную і арганізаваную Рабоча-сялянскую міліцыю з былых падпольшчыкаў ды прыхільнікаў Савецкай улады і шырока разгорнутую агентурную сетку інфарматараў, то стане ясна, што польскаму падполлю разгуляцца тут не было дзе. А калі і здараліся нейкія дыверсіі, то былі яны часцей выпадковымі і малазначнымі. Ніякага ўплыву на грамадства зрабіць не маглі. Па-іншаму ўсё пайшло з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў.

Акрамя Арміі Краёвай на працягу значнага часу незалежна ад яе дзейнічала яшчэ адна даволі буйная колькасна вайсковая групоўка - Канфедэрацыя народаў, стаўшая падмуркам стварэння яшчэ аднаго ўзброенага падпольнага злучэння - "Ударных кадравых батальёнаў", адным з батальёнаў камандаваў Баляслаў Пясецкі - псеўданім "Саблеўскі". Летам 1943 года гэты батальён дзейнічаў на тэрыторыі Лідскага і былога Жалудоцкага раёнаў.

Падрыхтоўку кадраў - арганізатараў, кіраунікоў і камандзіраў падпольнай барацьбы польскія патрыёты вялі не толькі на акупаванай фашыстамі тэрыторыі свайго краю.

Ужо у лістападзе 1939 года на поўначы Вялікабрытаніі, у Шатландыі, былі створаны дзве базы падрыхтоўкі адмыслова абучаных выканаўцаў дыверсій супраць ворага. Большая колькасць з іх пасля заканчэння навучання была перакінута паветраннм шляхам у Польшчу і некаторая частка - на тэрыторыю Заходніх абласцей Беларусі. З-за спосабу перапраўкі іх на месцы дзеяння пачалі называць "ціхацёмнымі".

Ад 15 лютага 1941 да 26 снежня 1944 года былі здзейснены 82 высадкі. Скінуты 343 парашутысты або "ціхацёмныя". У тым ліку будучы камандуючы Прынёманскім злучэннем АК "Котвіч" - маёр Мацей Калянкевіч, "Пануры" - Ян Піўнік, згаданы ўжо "Саблеўскі" - Баляслаў Пясецкі і шэраг іншых.

Пасля таго, як СССР ануляваў умовы Пакта Молатава-Рыбентропа і іншыя дамоўленнасці, якія раней падпісаў з фашысцкай Германіяй і аднавіў дыплама-тычныя адносіны з эміграцыйным урадам Рэчы Паспалітай у Лондане, польскі бок палічыў, што тым самым Савецкі Саюз прызнаў і даваенныя межы паміж СССР і Польшчай. Гэта павінна было азначаць, што Заходнія вобласці - Берасцейшчына і Гарадзеншчына, Віленскі край і Заходняя тэрыторыя Ўкраіны зноў будуць ПОЛЬСКІМІ.

Наступіў доўгачаканы час ажыццяўлення плана стварэння асобнага партызанскага злучэння для барацьбы з акупантамі на гэтых тэрыторыях.

8 ліпеня 1942 года камандуючы "Саюза ўзброенай барацьбы" генерал Стэфан Равэцкі запрасіў да сябе палкоўніка Т. Пэлчыньскага, а таксама адстаўных маёраў Р. Грахольскага і Я. Уладаркевіча. Паміж імі адбылася сакрэтная нарада, у выніку якой было прынята рашэнне аб стварэнні асобнай узброенай ваенна-палітычнай арганізацыі для барацьбы з акупантамі на тэрыторыі Заходніх абласцей Беларусі і Украіны, якія да 1939 года належалі Польшчы. Удзельнікі доўга абмяркоўвалі пытанне аб назве. Разглядаліся два варыянты - "Ослона" ("Заслона") і "Вахляж" ("Веер") - жаночы аксесуар, якім жанчыны, махаючы, асвяжалі твар, каб не пацеў.

Спыніліся на другім - "Вееры". Назва адпавядала форме тэрыторыі, на якой меркавалася весці барацьбу - у выгляде трохкутніка, адзін з вуглоў якога датыкаўся да пункта месцазнаходжання камандаваня - Варшавы. Камандуючым "Вахляжа" спачатку быў прызначаны маёр Ян Уладаркевіч, а пасля трагічнай яго смерці, камандаванне ўзначаліу маёр Р. Грахольскі.

Уся тэрыторыя была падзелена на 5 сектараў. Наша Прынёманне ўваходзіла ў склад ІV сектара, якім камандаваў маёр Тадэвуш Сакалоускі ("Троп", "ціха-цёмны").

Кожны з сектараў дзяліуся на ваенны ўзор на акругі і злучэнні. У Прынёманні, г.зн. і на Лідчыне з Шчучынскай зонай, была створана Наваградская акруга, камандуючым якой быў прызначаны палкоўнік Януш Праўдзіц-Шлянскі "Барсук", і Прынёманскае злучэнне з камандзірам ротмістрам Юзафам Свідам ("Лех").

У стварэнні "Вахляжа" немалую ролю сыгралі заходнія саюзнікі Польшчы. I ў першую чаргу ЗША і Велікабрытанія. Дзеянне "Вахляжа" яны разглядалі як замену "другога фронту", які на той час адкрыць не маглі. Аднак, як аказалася, ускладзеныя на яго спадзяванні "Вахляж" не апраўдаў.

Заходнія дзяржавы абяцалі пакрыць дзве траціны выдаткаў, звязаных з баявымі дзеяннямі гэтага нованароджанага злучэння. На самай справе да канца вайны і існавання "Вахляжа" было атрымана крыху болей, як 300 тысяч долараў ЗША. Між тым на ўтрыманне ўсёй АК мелася выдаткаваць 4 млн. долараў Злучаных Штатаў Амерыкі.

Ужо вясной 1942 года пад націскам саюзнікаў "Вахляж" пачаў сваю актыўную дзейнасць. Прадугледжвалася, што дыверсійныя яго дзеянні будуць засяроджаны галоўным чынам на транспартных камунікацыях, сродках сувязі і іншых аб'ектах у гэтай галіне.

"Вахляж" у Прынёманні. Святло і цені

Усё, аб чым будзе ісці гаворка - вынік вывучэння аўтарам шматлікіх савецкіх і польскіх дакументаў, прысвечаных Другой Сусветнай вайне, а галоўнае - асабістыя назіранні, звязаныя з дзейнасцю Арміі Краёвай у нашым Прынёманскім краі. Вельмі не хацелася б засяроджваць увагу чытача на тым, хто, каго, дзе і колькі забіў. Наурад ці ў склаўшайся сёння зусім новай сітуацыі варта толькі на такіх бясспрэчных фактах расстаўляць акцэнты. Нічога новага гэта не прынясе, а толькі яшчэ больш растрывожыць балячкі, якія яшчэ не ўва ўсіх загаіліся. Куды больш важна сёння адказаць на пытанне: чаму такое магло здарыцца паміж блізкімі паміж сабой славянскімі народамі - беларусамі і палякамі. Менавіта такую задачу я бачу перад сённяшнімі гісторыкамі. Прычым, зрабіць глыбокае гістарычна-дакументальнае даследванне і такую ж аб'ектыўную выснову.

Хаця абысціся без спасылкі на мінулае наўрад ці ўдасца. Зашмат было розных да таго суб'ектыўных і аб'ектыўных прычын. "Вайна без мёртвых не бывае", - гаворыць народная мудрасць. Паспрабую спыніцца на тым, што паслужыла прычынай такой варожасці ў стасунках паміж здавалася б дзвюмя ваенна-палітычнымі групоукамі, аб'яднанымі адной мэтай - весці барацьбу з акупантамі і як мага хутчэй вызваліць свае краіны ад чужаземцаў.

Амаль да лета 1943 года ў нашай мясцовасці ўздоўж Нёмна ад Дакудава да Орлі панавалі савецкія партызаны або "чырвоныя".

Першыя звесткі аб сваім існаванні на Лідчыне АК або "белыя" падалі ўлетку 1942 года, калі ноччу на хутары Баяры Смалоцкія нечакана напалі на групу падгуляўшых савецкіх партызан і ўсіх перабілі. Выратаваўся, схаваўшыся ў бульбяніку, толькі адзін - Рыжкоў Іван Гаўрылавіч. У той час польскія партызаны АК, якая толькі пачала актыўна дзейнічаць тут, часцяком нападалі на "чырвоных" з мэтай завалодаць зброяй. I гэта ім часта ўдавалася. Пра такую іх дзейнасць мы толькі чулі, але бачыць нікога з іх не бачылі да лета 1943 года.

Мая першая сустрэча з "белымі" партызанамі АК здарылася нечакана на берагах Нёмана. Неяк я паехаў за Нёман. Чаек у той час на рацэ не было - акупанты забаранілі жыхарам вёскі карыстацца ўласнымі. Калі трэба было перабрацца на другі бераг, пераязджалі на пароме. I той пераганялі пры дапамозе доўгага шаста, бо ліна была знята. Так што не кожнаму такая пераправа была пад сілу. Справа ў тым, што ў Занёманскіх лясах знаходзіліся базы "чырвоных" партызан. Яны там паспелі атабарыцца ўжо ў пачатку вайны.

Калі я вяртаўся дадому, убачыў, што ў маім кірунку да парома з-за парослых ядлоўцам і іншымі хмызнякамі пясчаных узгоркау ля хлявоў ідуць узброеныя людзі ў вопратцы колерам падобнай да колеру вайсковай формы нямецкіх салдат. Сказаць, што я спалохаўся, значыць нічога не сказаць: мы добра ведалі, чым магла абярнуцца такая прагулка ў партызанскай зоне. Добра, калі б толькі адлупцавалі. Але калі незнаёмцы наблізіліся, і я пачуў іх мову, на душы крыху стала лягчэй. Гутарылі яны на польскай мове, якую я ведаў досыць добра.

Усе, не пытаючыся дазволу, узышлі на паром, селі на памост парома, зняўшы абутак, апусцілі ногі ў халодную рачную ваду. Мне ж трэба было іх перавезці на правы бераг Нёмана, у вёску. Чаго мне гэта каштавала, не цяжка зразумець - меў я ў той час усяго 16 гадоў! А перагнаць трэба было заладаваную да краёў грамадзіну. Памагчы мне нікому з "пасажыраў", мабыць, і ў галаву не магло прыйсці. I перагнаць паром да другога берага мне ўдалося... Нездарма кажуць; у страху вочы вялікія, і сілы ўзрастаюць у шматкроць. Ды і кемлівасцю прырода не пакрыўдзіла. Затое дадому ішоў хістаючыся.

А калі прыйшоў дахаты, не ўбачыў там ні маці, ні бацькі, ні братоў. Усіх іх выселілі ў гумно. У хаце пасяліўся камандзір прыйшоўшага польскага партызанскага батальёна УКБ - "Узброены кадравы батальён" - "Саблеўскі" (Баляслаў Пясецкі). Як пазней я даведаўся, гэта былі польскія партызаны аперацыі "Веер", якія прыйшлі да нас з-пад Варшавы.

За час іх знаходжання ў вёсцы я паспеў пасябраваць з аднымз з акаўцаў, такім жа падлеткам, як і сам. Ён не меў зброі, насіў толькі вайсковую форму, і багнет матляўся каля пояса збоку. Псеўданім яго быу "Орлік" - "Арляня". Ні імя, ні прозвішча не ведаю. Жыў ён у нашай хаце разам з камандзірам.

Мы цэлымі днямі чысцілі яму ад іржы кавалерыйскія шпоры на боты. Мала што ўдалося зрабіць, Надта ж былі ўжо іржавыя. Мо праз тыдзень ці два яны пакінулі нашу вёску, рушылі ўніз уздоўж Нёмана і раскватараваліся на зіму ў вёсках Пескаўцы, Моцевічы, Чахаўшчына і іншых. Аб іх знаходжанні там досыць падрабязна і змястоўна распавядае ў сваіх успамінах медыцынская сястра батальёна Зоф'я Кабылянская. Пазнаёміцца з гэтай кніжкай нашым краязнаўцам, мяркую, варта.

З таго часу на тэрыторыі Прынёмання пачалі дзейнічаць адкрыта дзве групоўкі АК: адна - "Ударныя кадравыя батальёны" з "Вахляжа", другая - мясцовыя атрады.

У складзе першай былі маладыя хлопцы, якія паходзілі з Варшавы і іншых мясцін Цэнтральнай Польшчы. У складзе другой пад камандаванне "Рагнера" і "Крысі" былі пераважна мясцовыя жыхары. Таму і стаўленне да мясцовых жыхароў у іх было рознае.

Першыя да прыходу да нас ні з кім не сустракаліся і не мелі ніякіх кантактаў. Таму нічым негатыўным у адносінах з мясцовымі сялянамі не былі абцяжараны і адносіліся досыць лаяльна.

"Рагнераўцы", наадварот, былі жорсткімі, бязлітаснымі. У кожным беларусе, асабліва праваслаўным, бачылі "бальшавіка". Мо хто-небудзь у часы савецкай улады кагосьці з іх пакрыудзіў, і той палічыў, што прыйшоу час паквітацца. Рознае было.

Жаўнеры "Саблеўскага", хоць і стараліся быць больш памяркоўнымі, анёламі не былі. Яны таксама ў адной з аперацый супраць "чырвоных" партызан 30 лістапада 1943 года спалілі ўшчэнт вёсачку Старое Грабава на ўзбярэжжы Старога Нёмана паміж вёскамі Збляны і Панямонцы. Толькі на левым беразе.

Круты паварот у адносінах паміж Арміяй Краёвай і фармаваннямі савецкіх партызан адбыўся напачатку 1943 года. У красавіку гэтага года былі выяўлены пахаванні, расстраляных энкэвэдэшнікамі палонных польскіх афіцэраў у Катыні пад Смаленскам. Напружанне паміж савецкім і польскім эміграцыйным урадам дасягнула эпагея. Сталін, мабыць, палічыў, што вострай патрэбы ў саюзе з Польшчай ужо няма, пайшоў на разрыў дыпламатычных зносін. 25 красавіка 1943 года, у 0 гадзін 15 хвілін, у Куйбышаве (сёння - Самара, заўв. аўт.) Наркамат замежных спраў уручыў паслу польскага эміграцыйнага ўраду ў Лондане ноту аб разрыве дыпламатычных зносін паміж дзяржавамі. З гэтага часу адносіны паміж СССР і Рэччу Паспалітай Польшчай пачалі толькі пагаршацца. Гэта не магло не адбіцца на адносінах паміж злучэннямі савецкіх і польскіх партызан, а таксама на адносінах акаўцаў да мясцовага беларускага насельніцтва.

Акрамя таго Цэнтральны штаб партызанскага руху даслаў у партызанскія злучэнні "чырвоных" у Беларусі Дырэктыву, паводле якой усе польскія партызанскія атрады АК павінны быць далучаны да злучэнняў савецкіх партызан ці раззброены. А ў надзвычайных выпадках, нават, знішчаны. Адну такую аперацыю камандаванню савецкіх партызан удалося здзейсніць - былі раззброены партызаны АК Стаўпецкага злучэння. На тым раззбраенне і скончылася. Затое пачаліся крывавыя разрахункі паміж "чырвонымі" ды "белымі", ад чаго больш за ўсё даставалася мірным жыхарам, асабліва безабаронным сялянам.

На гэтай глебе ўзніклі непрадказальныя наступствы, якія прынеслі незлічоныя ахвяры з абодвух бакоў. З вясны 1943 года да лета 1944 толькі ў нашай Наваградскай акрузе ў барацьбе паміж "чырвонымі" і "белымі" загінула прынамсі 400 савецкіх і 300 польскіх партызан. А хто палічыў, колькі загінула мірных, ні ў чым не вінаватых жыхароў?

Іншы раз даходзіла да дзікунства як з аднаго, так і з другога бакоў. Вось што піша ў сваіх успамінах начальнік штаба савецкага партызанскага атрада "За Савецкую Беларусь" С. Нягрэй: "Малиновского, и его жену, и Боровского расстреляли (путём холодного оружия?!) приблизительно в феврале-марте 1944 года за связь с АК". Цытата даслоўная. Хто мне скажа, што гэта за "холодное оружие", якім можна расстраляць?

Змова з акупантамі

Дайшло да таго, што асобныя камандзіры партызанскіх злучэнняў АК пайшлі на прамы зговар з нямецка-фашысцкімі акупантамі. З патурання камандуючага Наваградскай партызанскай акругай АК палкоўніка Януша Праудзіц-Шлянскага на такі крок рашыліся сам камандзір Прынёманскага злучэння ротмістр "Лех" - Юзаф Свіда і камандзіры батальёнаў "Рагнер" - Чэслаў Заянчкоўскі і "Бартэк Грубы" - Войтак Стыпула. 30 снежня 1943 года яны правялі першую сустрэчу. У перамовах прымалі удзел з нямецкага боку гебітска-місар Ханвенг і іншыя прадстаўнікі вермахту, СС, гестапа і іншыя. Польскі бок - "Лех" і "Бартэк Грубы". У выніку перамоў паміж бакамі была дасягнута дамоўленасць аб сумеснай барацьбе Прынёманскага злучэння АК і ўзброенных сіл акупантаў супраць савецкіх партызан. 4 студзеня 1944 года адбылася паўторная сустрэча, на якой зговар быў канчакова замацаваны.

Ініцыятыва ў гэтай здрадніцкай справе зыходзіла ад немцаў. Сваю прапанову яны, як піша аўтар "Ціхацёмных", перадалі камандзіру Прынёманскага злучэння ротмістру "Леху" - Юзафу Свіду цераз селяніна жыхара вёскі Няцеча зараз Беліцкага сельскага савета. Прапанова была зроблена, мабыць, праз камандаванне Беліцкага гарнізона акупантаў.

"Лех" паведаміў аб гэтым камандуючаму Наваградскай акругі АК палкоўніку Янушу Праўдзіц-Шлянскаму. Той, падумаўшы крыху, сказаў у адказ: "Рабі".

Нягледзечы на свой вусны дазвол, Праудзіц-Шлянскі далажыў аб здзейсненым начальніку штаба акругі АК генералу Палчынскаму. Па распараджэнні апошняга ротмістр Юзаф Свіда -"Лех", паручнік Чэслаў Заянчкоўскі - "Рагнер" і Войцах Стыпула - "Бартэк Грубы" былі аддадзены пад ваенна-палявы суд, які адбыўся 12 сакавіка 1944 года ці то ў Голдаве, ці то дзесьці на хутары каля Голдава. Старшынём суда быў камандзір III батальёна паручнік Ян Піўнік - "Пануры" ("ціхацёмны"). Канваіравалі арыштаваных на суд жаўнеры Саблеўскага. "Лех" узяў усю віну на сябе і быў прыгавораны да расстрэлу, "Рагнер" і "Бартэк Грубы" былі апраўданы. Ротмістр "Лех" быў вызвалены ад камандавання Прынёманскім злучэннем АК. Яго месца заняў "ціхацёмны" Калянкевіч Мацей - "Котвіч". Новы камандуючы адтэрмінаваў выкананне прысуду да канца вайны. Для такога ўчынку ў Калянкевіча былі два повады. Па-першае, як чалавек ваенны, ён прапанаваў і вырашэнне пытання ў духу ваеннага часу; дазволіць змыць кроўю свой грэх на полі бітвы. Па-другое, Юзаф Свіда быў ягоным стрыечным братам па цётцы. Што ў гэтым выпадку вырашыла лёс "Леха", засталося вядома толькі "Котвічу".

У жніўні 1944 года ў баі з савецкімі салдатамі каля вёскі Сурконты Воранаўскага раёна "Котвіч" загінуў. Са смерцю яго памерла і справа "Леха". У апошні час ён жыў непадалёку ад Вашынгтона ў ЗША. У сваіх успамінах "Лех" узгадвае: "...На працягу студзеня, лютага і сакавіка 1944 года злучэнне атрымала ад немцаў 5 транспартаў са зброяй і амуніцыяй." (Зэшыты гістoрычнэ. №116, стар.75-79. Парыж. 1985).

Мясцовае насельніцтва

Усіх іх: і "чырвоных", і "белых", і з атрадаў "Абы выжыць" трэба было карміць, апранаць, абуваць, забяспечваць іншымі прадметамі ўжытку. Усё гэта клалася цяжкім гнётам на плечы мясцовага насельніцтва, галоўным чынам на сялян. Колькасць людзей у лясах была немалая: толькі "чырвоных" і "белых" у прынёманскіх злучэннях налічвалася больш за 12 тысяч чалавек.

Акрамя партызан трэба ж было разлічвацца і з акупантамі, у якіх апетыты таксама былі немалыя. Нормы паставак былі рабаўнічымі: 200 рублёў (у даваенных цэнах) ад кожнага працаздольнага ў сям'і, 30 яек у месяц ад кожнай курыцы-нясушкі, 400-500 літраў малака ад кожнай каровы, масла, мяса - колькасць, на жаль, не памятаю. Трэба было здаць адпаведную колькасць тытуню ад кожнага каліва, воўны ад кожнай авечкі і шмат чаго іншага. Лягчэй былой б сказаць.чаго не трэба было даваць. Вёска на вачах бяднела. Калі б вайна працягнулася б яшчэ год - другі, нямінуча пачаўся б голад. Пазбегнуць яго было б немагчыма або вельмі-вельмі цяжка. Гэта прызнавалі і самі ўдзельнікі партызанскага руху, з кім давялося весці шчырую прыватную гутарку.

Абвастрэнне супрацьстаяння

Чым хутчэй набліжаўся фронт, тым гарачэй станавілася ўзброеннае супрацьстаянне паміж "чырвонымі" ды "белымі" партызанамі. Тым больш было ахвяр сярод мірнага насельніцтва. "Белыя", як і немцы, выкарыстоўвалі так званы "метад калектыўнай адказнасці" - за правіннасць аднаго забівалі ўсю сям'ю і нават палілі цэлыя вёскі.

У вёсцы Збляны 15 студзеня 1944 года ў адзін толькі вечар, за тое, што два дваццацігадовыя хлопцы Саша Місюкевіч і Ваня Майсевіч пайшлі ў "чырвоныя" партызаны, забілі іх сем'і - адразу 7 чалавек, у тым ліку адну маладую цяжарную жанчыну і двух хлопчыкаў па 10-12 гадкоў. Аднаго з іх глуханямога. Дарэчы, гэты выпадак мне іншы раз да сёння сніцца. Хоць я і не бачыў трагедыю вачыма ды чуў вушамі: адбывалася гэта ўсяго праз сцяну хаты на адлегласці мо 10-15 метраў. У апошні раз чуў як плакалі мае дваюрадныя браты, прасіла літасці за іх мая цётка Алеся. Нарэшце, чуў стрэлы, якія аглушылі мяне да непрытомнасці.

На Вялікдзень таго ж года былі арыштаваны многія жыхары вёсак Сялец, Ганцавічы і іншых у тым кутку. I толькі ў адным Сяльцы забілі 13 чалавек.

13 чалавек. А колькі лягло іх у магілу ні за што - ні пра што ў прынёманскіх вёсках за ўсю вайну!

Хоць і абяцаў не ўспамінаць пра ахвяры: хто, каго, колькі і за што забіў - бяззбройных і невінаватых людзей, ды абысціся без гэтага, мабыць, нельга.

Ужо ў другой палове 1943 года чырвоныя партызаны бывалі рэдкімі гасцямі на правым беразе Нёмана, а ў 1944 годзе мы іх і ўвогуле не бачылі. Амаль ва ўсіх вёсках стаялі стацыянарна акаўцы. Яны цалкам авалодалі ўсёй тэрыторыяй уздоўж ракі ад Налібоцкай да Ліпічанскай пушчаў.

Напрыклад, напрадвесні 1944 года атрад савецкіх партызан з Ліпічанскай пушчы вяртаўся з аперацыі. Партызаны меркавалі пераправіцца цераз Нёман у раёне вёсак Моцевічы-Орля. А там ужо з восені мінулага года панавалі белыя ці акаўцы. У навакольных вёсках расквартараваўся Ударны кадравы батальён "Саблеўскага". Разгарэўся гарачы бой, які працягваўся амаль цэлы дзень. У гэтым баі загінуу адзін з былых маіх школьных сяброў Саша Тупік з вёскі Пескаўцы, з якім у 1939 годзе некаторы час давялося вучыцца ў школе. Усё ж такі партызаны прарваліся на левы бераг і пайшлі на сваю базу ў Ліпічанскай пушчы.

Партызаны АК выношвалі планы апанаваць і левы бераг Нёмана. I здзейснілі спробу пераправіцца цераз раку і "наведаць" вёску Альхоўка. Пра гэтую вылазку ўзгадвае і аўтар "Ціхацёмных" у сваёй кнізе.

18 траўня 1944 года яны пераправіліся цераз раку і ўвайшлі ў вёску. Ды разведка чырвоных спрацавала выдатна і папярэдзіла камандаванне прысутных тут атрадаў. Апошнія падрыхтавалі няпрошаным гасцям прыём па ўсіх правілах ваеннага этыкету. За гэтую "экскурсію" акаўцы заплацілі высокую цану - 20-цю жыццямі сваіх жаўнераў. А колькі было паранена?

У разгроме прышэльцаў прымалі ўдзел партызаны двух атрадаў - "Іскра", камандзір старшы лейтэнант Коннаў А. і "Балтыец" - камандзір Пралыгін.

Пра бой над Нёманам давялося чытаць ва ўспамінах медсястры батальёна "Саблеўскага" Зосі Кабылянскай, а пра разгром акаўцаў у Альхоўцы чуць ад свайго аднакашніка па педвучылішчы, былога партызана атрада "Іскра", які удзельнічаў непасрэдна ў гэтым баі - Івана Радзюкевіча.

I такіх прыкладаў было не адзін і не два.

Быў выпадак, калі і савецкія партызаны здзейснілі вылазку на правы бераг Нёмана. Было гэта глыбокай восенню 1943 года. Група ў складзе 12-14 байцоў пераправілася ў вёсцы Збляны на пароме і ноччу накіравалася на хутары суседняй вёскі - Мастаўляны. Там назапасіўшыся правіянтам, на падводах вярталіся назад. I не ведалі, што ў тую ж ноч у вёску завіталі акаўцы і падрыхтавалі ім засаду. Калі "абоз" пад'ехаў да парома, па ім разануу кулямётны агонь. Партызаны разбегліся, хто куды. Балазе, не было ахвяр. Усе паспелі ўздоуж берага ўцячы з зоны абстрэлу. Быў паранены толькі іх камандзір. І, на шчасце, не вельмі цяжка. Куля трапіла ў кулямётны дыск і рыкашэтам закранула каля бядра нагу. Назаўтра яго знайшлі вясковыя рыбакі, браты Аляксей і Іван Шафарэвічы - па-вясковаму - Алёша і Ванчык Іванушкавы. Яго схавалі. А калі рана загаілася, пераправілі на другі бок Нёмана ў зону дзеяння савецкіх партызан.

Былі і яшчэ дзве ахвяры ў гэтым здарэнні. Загінуў жыхар вёскі Збляны Васіль Тупік, які меўся перавезці партызан з іх з "абозам" на другі бераг Нёмана. I жанчына з вёскі Мастаўляны, што везла на сваёй падводзе партызанскія ладункі. Шалёная куля трапіла ў яе, седзеўшую на возе. Конь, спалохаўшыся, павярнуў назад і як мага панёсся дадому. Так і прывёз сваю гаспадыню ў родную хату нежывой.

Я асабіста не магу ўспомніць выпадак, дзе б партызаны АК правялі ў нашых мясцінах якую-небудзь баявую аперацыю супраць нямецкіх акупантаў. Затое кожная сустрэча з савецкімі партызанамі абарочвалася крывавай бойняй. У сваёй кнізе "Наваградчына ў барацьбе. 1941-1945 гг." камандуючы Наваградскай акругай Арміі Краёвай Ян Праудзіц-Шлянскі піша: "За увесь перыяд, а гэта з другой паловы 1943 па ліпень 1944 года, АК правяла 156 баёу, з іх 83 з савецкімі партызанамі". У прыведзеных ім дадзеных ёсць перабольшванне, і гэта мне дасканальна вядома. Але выказванне досыць красамоўнае.

"Вайна без мёртвых не бывае", - такая трактоўка гэтай незвычайнай грамадскай з'явы выказана ў Іпацьеўскім летапісе. Горш іншае. На вайне людзі забіваюць адзін аднаго, загадзя ведаючы - ні ён, ні ягоны праціўнік нічога дрэннага адзін другому не зрабілі. Таму і ахвяры ў ёй бываюць розныя: адны варты такога лёсу, іншыя ні ў чым не вінаватыя - дзеці, жанчыны, старыя, нямоглыя. Але ж гінуць больш, як заўжды, лепшыя з лепшых, жыцце- і працаздольныя, цвет нацыі. Не стала выключэннем і апошняя Другая Сусветная вайна. Шмат людзей гінула не толькі на франтах, але і ў тыле - у падполлі, у партызанскіх атрадах і ўвогуле без усякіх на тое прычын. Немалую ролю ў гэтым сыграла непаўторная стракатасць палітычных поглядаў і мэтаў удзельнікаў вайны.

Ёсць у вайны, як ні дзіўна, і станоўчы бок.

Вайна здольная вучыць людзей, хто выжыў у ёй, і ўвогуле жывых. Гэтую здольнасць можна выказаць так: жывыя закрываюць вочы мёртвым, мёртвыя сваімі магіламі адкрываюць іх жывым. Што бясспрэчна. Такая тут філасофія.

Без абеліскаў і эпітафій

Калі прайсціся па могілках прынёманскіх вёсак і хутароў, знойдзецца там шмат магілаў са сціплымі невялічкімі помнікамі, са збуцвелымі драўлянымі крыжамі, а то і зусім зарослыя хмызнякамі і нават увогуле зруйнаваныя часам. I вось што здзіўляе. Надпісы на помніках і крыжах, што яшчэ захаваліся, "неакрэслена асабістага зместу". Накшталт: "Погибли от рук немецко-фашистских пособников" ды "от рук националистов" і г.д. Па іх нельга даведацца, чыіх рук гэтыя ахвяры, і хто злачынцы? Хто яны, гэтыя "пособники" ды "националисты?" Нікому не вядома. Чаму?

Тым часам, чым можна растлумачыць такую непрымірымую варожасць паміж двума народамі-суседзямі? Беларусамі і палякамі? Што так глыбока адбілася на адносінах паміж польскімі і беларускімі партызанамі? Мэта ж у іх адна - вызваліць сваю зямлю ад няпрошанага прышэльца - нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вядомы польскі гісторык Цазары Хлябоўскі так тлумачыць прычыну. Ён піша: "...таму што і адны, і другія лічылі сябе законнымі гаспадарамі. Расіяне - таму, што верылі ў прававую аснову рашэнняў, прынятых іх уладай пасля 17 верасня 1939 года. Палякі - таму, што памяталі шматвяковую гісторыю гэтых зямель. Апошнія не ведалі аб тым, што лёс "Крэсаў Усходніх" вырашаны без іх у далёкім Тэгеране".

Гатовы пагадзіцца з панам Хлябоўскім, але толькі часткова. Бо калі заглянуць глыбей у мінуўшчыну, то можна заўважыць, што землі гэтыя ніколі не былі ўласнасцю ні тых, ні другіх. Яны спрадвеку былі беларускімі.

Адносіны паміж беларусамі і палякамі на працягу многіх вякоў залежалі ад таго, як яны складаліся паміж Масквой і Варшавай. Каб пераканацца ў гэтым дастаткова пазнаёміцца з гісторыяй адносін паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй хаця б пачынаючы з ХVІІІ стагоддзя і да першай паловы XX стагоддзя. Гэта і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй, і паход Тухачэўскага да Віслы, і ўмовы падпісання Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе. І падзеі восені 1939 года з трагедыяй у Катыні 1939-41 гг., і рэпрэсіі польскага насельніцтва ў заходніх абласцях Беларусі, і шмат чаго іншага. З друтога боку, такі стан рэчаў у пэўным сэнсе - адпаведная рэакцыя беларусаў на адносіны даваенных польскіх уладаў да беларусаў у часы панавання 2-й Рэчы Паспалітай на працягу 1921-1939 гадоў. Мы, беларусы, паводле меркавання тадышных польскіх уладаў, увогуле не існавалі. Былі мы "тутэйшымі" або "кацапамі". Ішла татальная паланізацыя краю. У гэтай нябачнай барацьбе за "Крэсы Ўсходнія" галоўную ролю выконвалі касцёл і асадніцтва. Апошніх было нямала. Толькі ў Лідскім павеце было паселена 304 сям'і. Адносіны да беларусаў з боку ўлады іншы раз выглядалі як каланіяльныя. I гэтае маё выказванне ўзята не з нечага расповяду, а перажыта асабіста самім. Хаця, калі паглядзець з этнічнага пункту гледжання, то паміж нашымі народамі вялікай розніцы няма. Нават мовы зусім блізкія, не то што гісторыя і культуры. Было і застаецца шмат змешаных сем'яў - беларуска-польскіх і польска-беларускіх. На вайне супраць нямецкага агрэсара ў верасні 1939 года побач з палякамі ваявалі беларусы. Шмат хто з беларусаў падзяліў лёс з палякамі на Монтэ Касіна. Не адзін з іх стаў ахвярай Катыні. Многія атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды РП за ўдзел у вераснёўскай кампаніі.

Адным словам, гэта наша агульная трагедыя - і беларусаў і палякаў, водгук рэха гістарычнай мінуўшчыны.

Што тычыцца Расіі, то ўпершыню нашы землі назваў Руссю маскоўскі князь Васіль III. А расійскі цар Аляксей Міхайлавіч Цішайшы, бацька Пятра І, уключыў нас сімвалам у выглядзе трэцяй кароны ў расійскі дзяржаўны герб, назваўшы Белай Руссю. Тэрыторыя сённяшняй Беларусі, як усіх зямель Літвы ды іншых тэрыторый былога ВКЛ, была далучана да Расіі імператарскім указам Кацярыны Другой пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 25 снежня І795 года і знаходзілася ў яе складзе да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

Польшча авалодала нашай тэрыторыяй у выніку падпісання Люблінскай уніі 1 ліпеня 1569 года. Амаль 10 гадоў супраціўляліся магнаты ВКЛ заключэнню уніі. Аднак польскі кароль Жыгімонт II Аўгуст гвалтам прымусіў іх здацца. Пасля гэтага ВКЛ знікла з палітычнай карты Еуропы - узнікла Рэч Паспалітая (па-лацінску - Рэспубліка. - Заўв. аўт.). Так што, землямі сённяшняй Беларусі валодалі па чарзе то адны,то другія. Гору браў мацнейшы. Так што выказванні пана Хлябоўскага не зусім адпавядаюць сапраўднасці. Нашу землю кроілі, перакройвалі, дзялілі паміж сабой і палякі, і рускія. I кожны лічыў сябе гаспадаром. Кожны пакінуў свой адпаведны след у гісторыі, культуры, мове і, нават, у ладзе жыцця. Мо таму мы і сёння такія талерантныя, не можам сказаць у абарону сябе цвёрдага слова.

Такі лёс салдата

З першых старонак і праз усю кнігу аўтар "Ціхацёмных" малюе вобраз аднаго з "ціхацёмных" маёра Мацея Калянкевіча - "Котвіча" як салдата-рыцара, інтэлігентнага, высокаадукаванага, шчырага патрыёта сваёй Радзімы. З ягоным слоўным партрэтам, не бачыўшы ніколі Калянкевіча, нельга не пагадзіцца. Смуткуе з выпадку ягонай гібелі. Адчуваецца нават нейкае глыбокае абурэнне тымі, хто яго забіў. Што ж, яго можна зразумець.

Сапраўды, Калянкевіч загінуў у баі з савецкімі салдатамі-франтавікамі ў жніўні 1944 года пад Сурконтамі Воранаўскага раёна разам са сваімі падкаманднымі па зброі. Там яны ўсе і пахаваны. Лідзян там - восем: Жураўскі Генрык, Сперскі, Жук, Гейштоўт, Шаптуноўскі Мечыслаў, Грышэль, Клядынст, Смілгін Уладзіслаў ("Сумін"). (Дарэчы, у кнізе "Ціхацёмныя" месцам гібелі "Котвіча" памылкова падаюцца Сукурчы).

А што таму папярэднічала, пан Слядзінскі не вымавіў ні слова. А адбылося вось што. 23 жніуня 1944 года група акаўцаў пад камандаваннем Калянкевіча сустрэла ваенную савецкую машыну каля вёскі Барташуны Воранаўскага раёна

Абстралялі з кулямётаў і аўтаматаў, закідалі гранатамі. У выніку гэтай атакі сярод савецкіх салдат было нямала забітых і параненых. Сярод забітых аказаўся маёр сапёрных войск Канарчык Аляксандр Іванавіч, Герой Савецкага Саюза.

Не адну сотню, а мо і тысячы франтавых дарог прайшоу афіцэр, каб быць забітым з-за вугла, знянацку. Фарсіраваў Днепр. За захоп і ўтрыманне плацдарма на правым беразе ракі, за праяўленную пры гэтым мужнасць і адвагу ён быў адзначаны высокай урадавай узнагародай - Залатой Зоркай Героя Савецкага Саюза. Хто фарсіраваў Днепр, той ведае кошт Дняпроўскага плацдарма.

Праз доўгі час маёр Канарчык А.І. быў пахаваны ў цэнтры гарадскога пасёлка Воранава побач з пахаваннем іншых ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Зараз мясцовыя ўлады раёна вырашылі, што гэта не яго месца, і перапахавалі парэшткі героя на школьным пляцы адзінай у пасёлку школы.

Такая ўжо фабула вайны: "Вайна без мёртвых не бывае". Ды страты і ахвяры бываюць вельмі розныя.

Калі глядзець толькі адзін гэты ваенны эпізод з пункту гледжання чалавечай маралі, шкада і аднаго, і другога. Калі ж з пункту гледжання вайны - такі лёс салдата, а калі разглядаць як носьбітаў палітыкі і ідэалогіі - зусім іншая справа.

Чым скончылася крывавае супрацьстаянне "белых" і "чырвоных"

Фінал і наступствы барацьбы паміх савецкімі і польскімі партызанамі ўсім добра вядомыя. Іх можна было нават прадказаць у канцы 1941 года пасля разгрому нямецкай арміі пад Масквой і асабліва пасля гістарычнай перамогі Чырвонай Арміі пад Сталінградам. Іншага і чакаць наўрад ці можна было.

Калі Чырвоная Армія была каля сцен Варшавы, а эміграцыйны ўрад перастаў дзейнічаць, камандуючы Арміяй Краёвай генерал Леапольд Акуліцкі выдаў загад аб самароспуску Арміі Краёвай. Аднак у загадзе існавала асаблівая рэкамендацыя: захаваць існаваўшыя раней структуры падполля, падтрымліваць сувязь з былым камандаваннем, захоўваць зброю. Усім, хто "нашкодзіў", прапаноўваў пакінуць мясціны сваёй "дзейнасці".

На нашай тэрыторыі засталіся невялікія групы, якія не падпарадкаваліся загаду Акуліцкага і працягвалі сваю, на гэты раз тэрарыстычную, дзейнасць. Цяжка падлічыць сёння іхнія ахвяры з ліку партыйных, савецкіх, вайсковых і іншых работнікаў. Для вынішчэння тэрарыстычных банд савецкай уладай былі створаны адмысловыя атрады знішчальнікаў. I яны сваю справу выканалі, хоць адзінкавыя выпадкі тэрарызму здараліся да 1953 года. Апошнія ахвяры іх былі капітан КДБ Андрэй Стралкоускі і два салдаты палка НКУС. Адзін салдат быў паранены і застаўся інвалідам на ўсё жыццё.

Помста ў час вайны таксама была надзвычайнай. Напрадвесні 1945 года байцы знішчальнага атрада злавілі аднаго з былых камандзіраў ІV батальёна АК пад камандаваннем "Рагнера" - Ежага Баклажаца - "Пазуркевіча"". Судом ён быў прыгавораны да пакарання смерцю цераз павешанне.

Выкананне прыгавору адбылося ў базарны дзень у раёне сённяшняга кінатэатра "Юбілейны". Рынак тады знаходзіўся на вуглу скрыжавання сённяшніх вуліцы Ленінскай і праспекта Перамогі. Насупраць быў будынак Лідскага райвыканкаму. Зараз яго няма.

Аўтару гэтых радкоў давялося прысутнічаць тут у час выканання прысуду. Не буду апісваць акт пакарання. Адзначу толькі, што да слупа шыбеніцы была прымацавана шыльда з надпісам на рускай мове: "Пазуркевич" ... собственноручно убил 100 человек..."

У той жа дзень такое ж пакаранне было выканана адносна мясцовала жыхара вёскі Беліца - "Тыгрыса". Прозвішча забыўся, хоць самаго акаўца добра памятаю.

Шматлікія акаўцы шарагоўцы і афіцэры былі асуджаны на розныя тэрміны адбываць пакаранне ў канцлагерах ГУЛАГ-у. Нямала іх не было прыцягнута да адказнасці. Адслужылі ў войску, былі нават узнагароджаны ўрадавымі ордэнамі і медалямі. А, калі быў абвешчаны дазвол на выезд у Польшчу, большасць пакінула Беларусь. Адны засталіся у Народнай Польшчы, іншыя раз'ехаліся па краінах Еўропы і канты-нентах Новага Свету - ЗША, Канада, Аргентына, Бразілія і іншыя.

Такім змрочным аказаўся фінал для тых, хто хацеў адрадзіць даваенную Рэч Паспалітую Польшчу.

Без права выжыць

Нягледзячы на некаторыя негатыўныя з'явы ў дзейнасці савецкіх партызан іх уклад у паскарэнне вызвалення сваёй краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бясспрэчны. Чаго не магу сказаць пра такі ж удзел польскай Арміі Краёвай, а таксама іншых групаў супраціўлення. У іх былі свае мэты, свае планы. Нават зусім палярныя.

Цяжкасці "чырвоных" узнікалі як з-за суб'ектыўных, так і аб'ектыўных прычын. Суб'ектыўнымі прычынамі было, на мой погляд, тое, што ім прыходзілася весці барацьбу на два франты - супраць нямецкіх акупантаў і польскіх партызан Арміі Краёвай. Аб'ектыўна да 1943 года яны не мелі дастатковай падтрымкі з "Вялікай зямлі". I нават пасля пачалі забяспечвацца толькі сродкамі ўзбраення - вінтоўкі, карабіны, кулямёты, аўтаматы, выбуховыя рэчывы, розныя міны ды сродкамі радыёсувязі, амуніцыяй. Усё перапраўлялася паветраным шляхам.

Затое не было прыслана ніводнага кілаграма харчавання, ніводнай пары абмундзіравання, абутку ды іншых патрэбных бытавых рэчаў. Усё трэба было шукаць і здабываць самім. I шукалі, чым вельмі дакучалі мясцовым жыхарам, выклікаючы ў апошніх незадаваленне і нават варожасць. Сяляне пачалі хаваць прадукты харчавання, дамашніх жывёл - свіней, авечак; вопратку, абутак. Бо даволі часта наведванне партызан у вёску ці на хутар пераходзіла ў звычайнае рабаўніцтва.

Селянін ведаў, за імі прыдуць яшчэ тыя з атрадаў "Абы выжыць", і ім трэба будзе нешта аддаць. Днём прыедуць нямецкія акупанты - паспрабуй ім не даць. I куды падзецца мужыку? Як пракарміць сваю сям'ю?

Адным словам незадаволеннасць сялян нарастала. Гэта па-першае.

А па-другое, была іншая, больш істотная бяда-прычына. Усе партызаны павінны былі насіць вайсковую форму сваёй арміі - у дадзеным выпадку форму Чырвонай Арміі. Так дзейнічала Армія Краёва, жаўнеры яе насілі форму даваеннай арміі Рэчы Паспалітай: абмундзіраванне, знакі адрознення і абавязкова белы арол на рагатыўках - "мацяюўках".

Савецкія партызаны насілі цывільную форму. Рэдка ў каго на шапцы была чырвоная чырвонаармейская зорачка або чырвоная палоска стужкі наўскасяк. I нічога больш. Сам у гэтым перакананы.

А гэта ўжо сваеасаблівы прысуд для іх. Паводле Жанеўскай Канвенцыі партызанам лічыўся толькі той, хто трапляў у палон і быў захоплены, са зброяй і ў вайсковай форме. Толькі ў такім выпадку яго прыраўноўвалі да вайскоца. Інакш лічылі за звычайнага бандыта. Таму і расстрэльвалі ці вешалі на месцы.

I не было ім ніякага паратунку. Ніхто не мог за іх заступіцца. Нават Міжнародны Чырвоны Крыж. Такая ж доля была і ў чырвонаармейцаў да другой паловы 1942 года.

А прычына была ў тым, што Савецкі Ўрад гэтую Канвенцыю не падпісаў і не рэтыфікаваў. У даваенным Статуце Чырвонай Арміі пісалася, што савецкіх палонных не можа быць таму, што іх быць не можа - апошняя куля твая.

Не лепш сустрэлі іх на Радзіме. Пасля вайны дамоў вярнулася 1836 тыс. былых ваеннапалонных, і каля 80% з іх папоўнілі канцлагеры ГУЛАГ-у. А вось што паведамляла беларускае тэлебачанне 29 траўня 1994 года. Усяго ў гады Вялікай Айчыннай вайны трапіла ў палон 5000059 чалавек. Вярнулася на Радзіму 1000836. З іх 334 тыс. было накіравана без перасядкі ў канцлагеры ГУЛАГ-у НКУС. Таму кожнага, хто ішоў у партызаны, смела можна вобразна назваць беларускімі-"камікадзэ". Ведаў: траплю ў палон - смерць.

Не такімі абсталяванымі былі іх лясныя паселішчы, як нам паказваюць у кіно ды па тэлебачанні. Пасля вайны давялося пабываць на месцах былых партызанскіх лагераў, нават наведаць зямлянкі Героя Савецкага Саюза Пятра Міронавіча Машэрава і Героя Сацыялістычнай Працы Міхаіла Васільевіча Зімяніна, будучых сакратароў ЦК КПБ. Умовы побыту ў гэтых зямлянках мала назваць спартанскімі. Іх маглі вытрымаць толькі фізічна здаровыя, моцныя і маральна ўстойлівыя людзі. Толькі дзякуючы такім кіраўнікам партызанскага руху, нямецка-фашысцкім захопнікам цесна было на нашай зямлі.

Без права на ўдзячнасць

А мо падумаць і знайсці які небудзь спосаб адзначыць і мужны ўчынак нашых сялян, якія сваёй працай, сваім салёным потам, а то і крывёю ратавалі і выратавалі сотні акружэнцаў, партызан ад немінучай пагібелі. І не павінна тут быць розніцы - калгаснік гэта быў ці аднаасобнік. На маю думку, аднаасобнік больш, чым іншыя зрабіў карыснага ў гэтай справе.

Зараз адбудоўваецца нейкая "Лінія Сталіна", пра якую за 20 дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Панамарэнка пісаў Сталіну: "Ніякай лінііі няма, ёсць асобныя абарончыя збудаванні".

А мы туды сыплем мільярды. Ці не лепш аддаць доўг звычайнаму, сціпламу селяніну за яго сапраўды гераічны ўчынак.

Выкарыстаныя крыніцы:

1. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941- июль 1944). Институт истории при ЦК КПБ - филиал института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. Стр. 52-66. "Беларусь". Мн. 1983.

2. М. Бартушка. Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941-1944 гг. Вільня. Інстытут беларусістыкі. Беласток. Беларускае гістарычнае таварыства. 2011.

3. Гістарычная энцыклапедыя Беларусі. т. 1. Выд. "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі. Мн. 1993.

4. Архіўныя дакументы Лідскага гісторыка-масстацкага музея. Справаздача ўпаўнаважанага Лідскай партызанскай зоны Я.Д. Гапеева.

5. C. Chlebowski. Pozdrowcie Gory Swietokrzyskie. Epoka. Warszawa, 1988.

6. J. Kirchmajer. Warszawskie powstanie, ss. 12-14. Warszawa, 1959.

7. Z. Kobylanska. Ze wspomnien sanitariuszki Uderzeniowych Batalionow Kadrowych. Instytut Wydawniczy PAX. Warszawa, 1988.

8. Zeszyty historyczne, № 164. Instytut literacki. Paryz, 2008.

9. Zeszyty historyczne, № 116. Instytut literacki. Paryz, 1985.

10. Kacper Sledzinski. Cichociemni. Elita polskiej dywersii. Wydawnictwo Znak. Krakow, 2012.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX