Вярнуцца: Вайсковая гісторыя

Немцы ў Лідзе. 1941-1944


Аўтар: Сліўкін Валеры,
Дадана: 11-06-2011,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 51.



У ліпені 1941 г. у адпаведнасці з указам Гітлера ад 17 ліпеня “ Аб кіраванні ў ізноў занятых усходніх абласцях” быў утвораны рэйхскамісарыят “Остлянд”. Сталіцай “Остлянда” немцы прызначылі Коўню (ліпень-жнівень 1941), затым перавялі сталіцу ў Рыгу. У склад рэйхскамісарыята ўвайшлі 4 генеральныя акругі (гэнэральбэцырк) Weissruthenien, Латвія, Літва і Эстонія. У генеральную акругу “Вайсрутеніэн” былі ўключаныя перадваенная Баранавіцкая вобласць, у тым ліку Лідчына, частка Вілейскай і Менскай абласцей, паўночныя раёны Берасцейскай, Пінскай і Палескай абласцей - прыблізна адна траціна перадваеннай тэрыторыі БССР з насельніцтвам каля 3 млн. чалавек.

1 верасня 1941 г. камандуючы тыламі групы войскаў “Цэнтр” Макс фон Шэнкэндорф перадаў уладу ў Генеральнай акрузе Вайсрутэніэн пад начала цывільнай адміністрацыі на чале з генеральным камісарам гаўляйтэрам Вільгельмам Кубэ. Тэрыторыя генеральнай акругі была падзеленая на 11 акруг (гэбітаў): Баранавіцкі, Барысаўскі, Вілейскі, Ганцавіцкі, Глыбоцкі, Лідскі, Менскі, Наваградскі, Слонімскі, Слуцкі і г. Менск. У акругі прызначаныя гэбітскамісары, у гарады - штадтскамісары, у раёны (паветы) - ортскамісары. Былі створаныя гарадскія, раённыя і валасныя ўправы, у вёсках прызначаныя старасты (солтысы або войты), арганізаваная густая сетка вайсковых і паліцэйскіх залогаў.

Лідская акруга (гэбітскамісарыят) уключала сем раёнаў: Васілішскі, Жалудоцкі, Іўеўскі, Лідскі, Радунскі, Шчучынскі і Юрацішскі. Былі арганізаваныя цывільная адміністрацыя - акруговая, гарадская, раённыя і валасныя ўправы, гарадская паліцыя ў Лідзе, парадкавая паліцыя, пастарункі паліцыі (шутцпаліцай) у раёнах. У кожным раёне нахадзіўся зондэрфюрэр, які займаўся гаспадарчымі справамі, жандармерыя, ортскамендатура (вайсковыя справы) і арбайтсамт (ведамства працы). Гэбітскамісарыят складаўся з 6 аддзелаў: адміністратыўнага, палітычнага, эканамічнага, працоўнага, ляснога і сельскагаспадарчага.


Казка.

“Захапiушы Лiду i Лiдскi раён, яны стварылi тут моцны апорны вузел, насычаны жывой сiлай i тэхнiкай. У горадзе знаходзiлася да 5 тысяч гiтлераўцаў, 140 палiцэйскiх, 108 жандараў, 120 эсэсаўцаў» (Памяць. Лiда. Лiдскi раён. Мінск. 2004. С. 192).


Рэчаіснасць.

З дакладу фон Ганвега на нарадзе ў Менску 8 красавіка 1943 г.: “На тэрыторыi акругi Лiда насельнiцтва складаецца з 76 немцаў, 66657 беларусаў, 192474 палякаў, 2963 лiтоўцаў, 225 украiнцаў, 531 татарына, 4419 яўрэяў, 268 чалавек розных нацыянальнасцяу. Усяго 270570”. (Лiдскi летапiсец. № 3(15) 2001. С. 15).


Такім чынам, у Лідскай акрузе стала пражывалі ўсяго толькі 76 немцаў. Палова з іх вядомая па прозвішчах.


Герман фон Ганвег (Hanweg) (25.08.1907 - 1944?).

Лідскай акругай кіраваў 35 - гадовы гэбітскамісар (акруговы камісар) маёр Герман фон Ганвег, буйны прускі абшарнік. Аднойчы мне паказалі фатаграфію ваенных часоў, на якой былі зафіксаваныя старасты лідскіх вёсак. Сярод старастаў узвышаўся рослы халёны нямецкі афіцэр, гэта і быў фон Ганвег. Жыў ён разам з сям’ёй і сабакам у доме Вітажэнца на вул. Сувальскай (цяпер Савецкая, 32). Быў ён чальцом НСДАП з 1928 г., выконваў указанні вышэй пастаўленага кіраўніцтва, падпісваў растрэльныя загады. Па загадзе фон Ганвега ўзімку 1941-42 гг. у лютыя маразы праз забалочаную пойму Каменкі лідскія габрэі адсыпалі дарогу ад вул. Савецкай да вул. Ламаносава (адрэзак вуліцы Міцкевіча). У студзені фон Ганвег выдаў распараджэнне, паводле якога мясцовае насельніцтва пры сустрэчы з абмундзіраваным немцам павінна было здымаць з галавы шапкі ў знак падзякі за вызваленне краю ад бальшавізму. Увесну 1942 г., калі каля гарнізоннага шпіталя быў смяротна паранены салдат вермахта, фон Ганвег абвясціў гараджанам, што калі забойца н е будзе злоўлены, будуць расстраляныя 10 закладнікаў.

Калі стала зразумела, што бліцкрыг не ўдаўся, пачаў мякчэць. Улетку 1942 г. адмяніў распараджэнне аб шапках. У ліпені 1942 г. замяніў польскага бурмістра Баярчыка на беларускага Язэпа Пінкевіча. Былі заменены некаторыя польскія кіраўнікі раёнаў. Увосень 1942 г. у Шчучыне была адкрытая настаўніцкая семінарыя - адзіная сярэдняя школа ў акрузе. Гарадскія, раённыя і валасныя ўправы пачалі пераходзіць на беларускую мову.

Хоць і быў тыповым прадстаўніком нацысцкага сярэдняга звяна, але ў меру - “прынцыпова мяккі чалавек” . Аднаго з яўэяў па прозвішчы Камёнскі “дасталі з магілы, ён вазіў мяса для сабакі Ганвега”(14). Падчас масавага растрэлу 8 траўня 1942 г. за спробы адвесці смерць ад як мага большай колькасці яўрэяў атрымаў “строгую вымову за невыкананне ўказаў СС і СД і быў фармальна адхілены ад сартавання, яму загадалі не замінаць правядзенню “акцыі” (Ньюхаус Ирен. Город Лида, его гражданская администрация и другие ведомства. ).

У некаторых гараджан склалася перакананне, што Ганвег быў мяккім, добрым чалавекам, свае прафесійныя абавязкі выконваў без празмернасцяў і зневажанняў, спрыяў габрэям. Меў чалавечыя слабасці: цікавіўся маладзенькімі дзяўчатамі, і здраджваў сваёй жонцы з сакратаркай-немкай Лізелот Мэйер. Калі жонка аб гэтым дазналася - сабралася і з’ехала з дзецьмі ў Нямеччыну. Увесну 1944 года быў адхілены ад пасады гэбітс-камісара і прызваны ў Вермахт. Знік у жніўні 1944 г.


Жонка фон Ганвега.

У Германа Ганвега была жонка і дзве дзяўчынкі, адну з іх звалі Адэлаіда. Жонка ездзіла конна на кані на шпацыры. Часам заязджала ў яўрэйскае гета. Аднойчы конь зваліўся, яна дастала пісталет, прыстрэліла каня і аддала яго яўрэям. “Мы мелі мяса” (14). Свой шлюб з Германам Ганвегам па прычыне пралюбадзейства мужа скасавала ўлетку 1944 г. Пасля вайны сустрэла на вуліцы эсэсаўца Віндзіша, які камандаваў акцыяй па расстрэле габрэяў у Лідзе. “Яна распытала, дзе ён жыве. А хто яшчэ? Ах, Вэрнэр, а ён дзе жыве ? Пасля гэтага пайшла ў паліцыю і распавяла” (14). Дзякуючы ёй Віндзіш і Вэрнэр, два эсэсаўцы, якія кіравалі масавымі расстрэламі ў Лідзе, Іўі, Воранаве і Васілішках апынуліся ў турме.


Дрэкслер (Дрэксель, Дрэсель).

Намеснік гэбітскамісара. Адукаванасцю не вызначаўся, быў нашмат зласлівейшы за фон Ганвега. Насіў карычневую форму без знакаў адрознення і павязку са свастыкай. 9 сакавіка 1944 г. па загадзе камандавання партызанскай брыгады імя Кірава на Дрэкслера быў здзейснены замах. Раман Астрэйка рана раніцай падклаў міну пад яго крэсла. Увайшоўшы ў кабінет, Дрэкслер кінуў шынель на крэсла, крэсла здрыганулася, міна выпала і пакацілася. Прыбіральніца Марыя Сарокіна ўспомніла, што раніцай з будынка выходзіў пабочны. Праз некалькі дзён яна ўбачыла гэтага чалавека ў горадзе і “здала” яго. Гаварылі, што атрымала вялікую суму грошай і з’ехала ў Нямеччыну. Рамана Астрэйку павесілі на Рынкавым пляцы перад поштай.

21 сакавіка каля 24 гадзін партызаны - былыя работнікі аддзела прапаганды гэбітскамісарыяту Аляксандр Пінчук і Мікалай Мельнікаў кінулі дзве гранаты ў пакой, дзе праходзіла застолле з удзелам Дрэкслера. Занавескі затрымалі гранаты. Дрэкслер быў паранены.


Леапольд (Ханс) Віндзіш (Windisch) (-1985).

Памочнік гэбітскамісара, начальнік палітычнага аддзела, эсэсавец, штабляйтар з верасня 1941 да вясны 1943 г. Поскудзь у чыстым выглядзе. Фанатычны фашыст, агрэсіўны, пыхлівы, жорсткі, дыстанцаваўся ад іншых работнікаў гэбітскамісарыяту. Скардзіўся гаўляйтару Кубэ на фон Ганвега і імкнуўся заняць яго месца. Ажыццяўляў падрыхтоўку і рэалізацыю масавых растрэлаў габрэяў у Лідзе 8 траўня, у Васілішках 10 траўня, у Іўі -12 траўня, у Воранаве 14 траўня 1942 г. На ім кроў некалькіх тысяч габрэяў. “Я была сведкай, я бачыла сваімі вачамі Віндзіша, як ён зверстваваў. У гета ў хату, дзе мы жылі, пасялілі двух маладых габрэяў, якія неўзабаве ўцяклі ў лес. Віндзіш спытаў у маёй мамы: “Дзе яны?” Мама адказала, што не ведае. Тады ён выцяў маму бізуном па галаве. Праз некаторы час у мамы забалела галава. Прыйшоў лекар і сказаў - тыфус. Я адна сядзела з мамай. Потым прыйшоў іншы доктар і сказаў, што гэта не тыф, а запаленне мазгоў. Неўзабаве яна памерла. Ён яе забіў”. (14). У судовых паседжаннях не раскайваўся, да канца заставаўся сапраўдным фашыстам. У 1967 г. прысуджаны да пажыццёвага зняволення.


Рудольф Вэрнэр (-1971).

Старшы адміністрацыйны сакратар Лідскага гэбітскамісарыяту, начальнік аддзела эканомікі і прамысловасці з верасня 1941 да канца 1942 г. Любіў добра паесці. Яго сакратаром была Каця (Кэці) Хэрбст . Памочнік Віндзіша па частцы растрэлаў. Грубы, дзікі чалавек, адрозніваўся асобай жорсткасцю. Збіваў габрэяў, якія працавалі на вуліцы. Меў сабаку, якога нацкоўваў на людзей. “Вэрнэр і фон Ганвег стаялі на балконе хаты з сабакам. Габрэі ішлі калонай з працы. Вэрнэр сказаў сабаку: “Аплаці ім працу”. Сабака з балкона скокнуў ў натоўп і пачаў драць людзей” (14). “Вэрнэра перавялі ў Менск. Калі яго арыштавалі ў Нямеччыне, ён быў у такім стане, што нічога не разумеў” (14). У 1967 г. Вэрнэр быў прызнаны псіхічна непрыдатным для аддання пад суд.


Ганс Кардэс (Cordes).

Начальнік аддзела працы гэбітскамісарыяту з 1 сакавіка па 31 ліпеня 1942 г. Яго змяніў Вітынг.


Кахлер.

Начальнік ляснога аддзела, старшы ляснічы. “Маленькі, таўставаты, румяны, ганарлівы, заўзяты гітлеравец у зялёным багата ўпрыгожаным срэбрам мундзіры нямецкай лясной службы. Свае фізічныя недахопы папаўняў няўрымслівасцю і рухамі вымуштраванага салдата. Гаварыў хутка з дыялектам “платдойч” кароткімі гарлавымі воклічамі. Выцягнутай рукой і воклічам “Хайль Гітлер” вітаў усіх сустрэчных у калідоры гэбітскамісарыяту нямецкіх афіцэраў …і толькі афіцэраў”. (Dramowicz W. Wspomnienia. // Ziemia Lidzka. № 36 s. 11-15).


Вольф.

Ляснічы. У Ліду прыбыў у студзені 1942 года. “Белы і худы, рабіў уражанне ачуняўца, якога раней часу выпусцілі са шпіталя.” (Dramowicz W. Wspomnienia. // Ziemia Lidzka. № 36 s. 11-15). Ён павінен быў у Лідскай акрузе сфармаваць лясную ахову (Форшутц-каманда).


Эдгар Гэрмэр.

Аграном, начальнік сельскагаспадарчага аддзела. Загінуў падчас вайны.


Ранэ (Поль) Дзіц (Дош).

Начальнік падаткавага пададдзела. Паранены 21 кавіка 1944 г. адной з гранат кінутых А. Пінчуком і А. Мельнікавым.


Ляўдэн.

Ортскамендант, гаўптман. Ад’ютантам у яго быў Віленбэрг. Персанал камендатуры складаўся з 4 жандараў, скарбніка і 20-25 салдат.


Вальтар Гамбург (- 4.05.1956, Гісэн).

Начальнік жандармерыі. Начальнік акруговай паліцыі да канца красавіка 1942 г.


Георг Вільгельм Гойзар (Heuser, Хэртал)

Старшы дарадца крымінальнай паліцыі. Начальнік нямецкай паліцыі.


Альберт Вэстар (Wester).

Начальнік акруговай жандармерыі з кастрычніка 1941 па сакавік 1942 года


Герман Юк (Ueck).

Обер - лейтэнант. Начальнік акруговай жандармерыі ў 1942-43 гг. За нейкую правіннасць быў паніжаны па пасадзе да памочніка начальніка акруговай паліцыі. “Быў нейкі нямецкі жандар, які пакахаў прыгажуню габрэйку Люду Карчмар (Карчмер), і калі яе адправілі ў Майданак, ён нейкім чынам здолеў яе выратаваць. Пасля вайны Люда прыязджала ў Ліду.” (18).


Брут.

Начальнік гарадской паліцыі, старшыня Саюза беларускай моладзі. Немец па нацыянальнасці, асаднік, каталік, у ліпені 1941 г. пайшоў да фашыстаў на службу. Здаў звыш трыццаці камуністаў, камсамольцаў і грамадскіх работнікаў раёна. Прымаў удзел у забойствах мясцовых жыхароў. (Ампилов В…С.47, 63-66.)

Быў забіты ў 1943 г. Існуюць тры версіі: а) забілі яго на вул. Лётнай Міхаіл Віннічак і “Жорка”; б) забіў Роберт Сасноўскі пры выхадзе з касцёла; в) забіў нехта з польскіх падпольшчыкаў.


Гільдэнбрандт (? - 4.04.1944, Ліда).

Камендант лідскай паліцыі, унтэрафіцэр. Прыгажун, заваёўнік жаночых сэрцаў. Забіты 4 красавіка ў 18 гадзін на вуглу вуліц Перамогі (Беларускай) і Гагарына (Маладварцовай) чалавекам у кажуху.


Ежы Рыпер (6.08.1924, Ліда -).

Камендант белай паліцыі, затым шэф агентуры СД. Бацька - аўстрыец, служыў у легіёнах Пілсудскага, у лётным палку ў Лідзе, на пенсію пайшоў у званні маёра, некаторы час працаваў настаўнікам, стварыў бюро па напісанні прашэнняў (заяў), прыняў удзел у вераснёвай кампаніі, у 1940 г. вывезены ў Сібір. Маці - немка або руская.

Скончыў Лідскую дзяржаўную гімназію, быў харцэрам. У 1942 г. уступіў у белую паліцыю, якая была створаная для аховы гэбітскамісарыята і яго працаўнікоў. Камендантам белай паліцыі ў 1942 г. быў Кіслы, у 1943 г., калі яго ліквідавалі, камендантам стаў Рыпер. Прымаў удзел у растрэле габрэяў 8 траўня 1942 г, збіваў арыштаваных партызан, на вуліцы касцетам біў мінакоў, застрэліў чалавека на вуліцы. Арыштаваў палову штаба АК, застрэліў у камеры сувязнога АК Мар’яна Енчака і двух зняволеных - палякаў; мяркуюць, што ён знішчыў кашталяна Лідскай Акругі АК інжынера Варакомскага. Разграміў партызанскую базу АК у Бянькевічах, 60 чалавек былі арыштаваныя. Пасля забойства Гільдэнбрандта расстраляў некалькіх зняволеных. Затэрарызаваў горад і наваколлі. Польскае падполле наладзіла на яго паляванне, пры замаху быў забіты канфідэнт Мазь, Рыпер быў паранены ў шчаку і грудзі. Абодва ліквідатары загінулі. Пасля вайны ў кастрычніку 1945 г. яго пазналі ў Ольштынскім ваяводстве. Перабраўся ў Нямеччыну, працаваў у Боне ў брытанскай амбасадзе. (Kupisz W. Bialogwardzista. // Ziemia Lidzka. № 23-24. S. 25; ліст Рышарда Казубоўскага . //Ziemia Lidzka. № 25. S. 15.)


Курт Бютнар (Buettner).

Начальнік турмы . 25 снежня 1942 г . адпусціў адслужыць ранішнюю службу першага дня Каляд арыштаваных ксяндзоў Бароўскага, Лобана і Мрачкоў-скага. Браў хабары, стала карыстаўся паслугамі маладых жанчын.


Вальтар.

Дыспетчар чыгуначнага вузла. Збіваў кіем з жалезным стрыжнем ваеннапалонных і працоўных, збіў Андрэя Багмута, душыў Жаданаву. Захапляўся дрэсіроўкай сабак. Зацкаваў сабакамі трох ваеннапалонных. Удзельнічаў у расстрэле цыганоў. Быў забіты: а) партызанскай куляй на месцы выбуху цягніка, куды ён прыехаў для агляду; б) ваеннапалоннымі працаўнікамі дэпо Чарнаскутавым і Саўчанкам. Па Вальтара прыбыў адмысловы жалобны вагон з Нямеччыны. (Ампилов В…С.34,48,50-51.)


Квательбаўм.

Працаваў на чыгуначным вузле. Тоненькі, хліпкі, усе пальцы ў пярсцёнках, сынок уплывовага таткі, разгульваў па платформе ў белых пальчатках. (Ампилов В…С. 17,34.)


Герберт Фааль.

Начальнік вугальнага склада. Немалады з вялікімі рагавымі акулярамі, хваравіты. Аматар музыкі. Да вайны граў на скрыпцы ў аркестры чыгуначнікаў. Ненавідзеў вайну, Гітлера і спагадаў мясцовым жыхарам. Падкормліваў ваеннапалонных і дазваляў ім адлучвацца ў горад. (Ампилов В…С. 34-35.)


Пэтар.

Салдат баншуца. Ахоўнік, антыфашыст. Дэзертыраваў у лес, да партызанаў, пасля вайны некаторы час працаваў шафёрам у райаддзеле міліцыі, вярнуўся ў Нямеччыну. (Ампилов…С.34.)


Зонс.

Начальнік электрастанцыі інжынер. “Кульгавы немец са знешнасцю аскета,… твар хударлявы і мёртвы, як маска”. Загінуў пры выбуху электрастанцыі 14 сакавіка 1943 г. (Ампилов …С. 78.)

Іяахім Лёхбілер (Lochbiller).

Блокфюрар Лёхбілер прадстаўляў нямецкую адміністрацыю на піўным заводзе, меў інжынерную адукацыю. Быў “прыстойным чалавекам далёкім ад атрутнай нацысцкай ідэалогіі. Тэрыторыя завода аказалася для нас аазісам. Тут мы жылі і працавалі нармалёва….8 траўня, калі ў гета праводзілася крывавая “акцыя”, Іяахім не пусціў на завод эсэсаўцаў, якія хацелі нас забраць. У далейшым яго адправілі на фронт. У 1943 г. на завод прыехаў Іяахім атрымліваць піва для сваёй вайсковай часткі. Ён папярэдзіў нас, што пагражае смерць і трэба ўцякаць у лес…” .

“Па прыбыцці ў Нямеччыну ў Бад Райнгоф мы дазналіся, што тут жыве сям’я інжынера Іяахіма, былога “блокфюрара” піваварнага завода. Аказалася, што ён сядзіць у амерыканскай турме, як ваенны злачынец. Мы параіліся з габрэйскімі арганізацыямі і пасля гэтага далі сведкавыя паказанні амерыканскім вайсковым уладам аб яго паводзінах падчас акупацыі ў нас у Лідзе. Неўзабаве пасля гэтага Іяахіма вызвалілі”. (Sepher Lida.Tel-Aviv.1970. Р. 311-312.)


Ханэбэрг.

На месца Лёхбілера прыслалі Ханэбэрга (Ганэнбэрга). Ханэбэрг быў горшым за Лёхбілера. Буйны, высокі, здаровы мужчына, які прайшоў рускі фронт, “інвалідам быў, правай рукой не пісаў. Ханэбэрг і яго ад’ютант Мэркаль на завод прыходзілі ў 7 гадзін раніцы. Бралі коней, надзявалі сёдлы і каталіся па Расляках” (4). Калі ў верасні 1943 г. апошніх лідскіх габрэяў адпраўлялі ў Майданак Ханэбэрг кляўся: “Клянуся Богам і фюрэрам, што вас перавозяць для працы ў іншым месцы.” (18.)


Мэркаль.

Ад’ютант і перакладніца ў Ханэбэрга. “Яна ў піўной справе цяміла” (4). Ёй было гадоў 20. Ханэбэрг трымаў яе як палюбоўніцу. Былы рабочы піўзавода Вансевіч назваў яе садысткай па натуры. Сталавіцкая Бэла Львоўна адзывалася пра яе станоўча: “Я сябравала з Мэркаль, я ёй сяброўкай была. Мэркаль перажыла вайну. Пасля вайны выйшла замуж за майстра піўзавода ў Нямеччыне.” (17).


Рапальер.

Прадпрымальнік. Высокі, грузны, з адвіслымі шчокамі сівы немец у веку 60-65 гадоў. Хадзіў у доўгім да самых пят шынялі, на нагах - жоўтыя крагі. Арганізаваў у Лідзе шавецкую, кушнерную і гадзіннікавую майстэрні, швейны і лакафарбавы цэхі, дзе працавалі габрэі з гета. Нядрэнны чалавек. Не крычаў, не збіваў, заплюшчваў вочы на дробныя парушэнні. За яго дабрыню габрэі яму прыносілі падарункі. Да яго прыязджала жонка. Забрала два чамаданы габрэйскага дабра і ўкаціла. Забіты ў Лідзе 8 ліпеня 1944 г. (Мазо Е. А на том берегу… (река жизни). Мінеаполіс. 2003.)


Франц Манэ.

Камендант шпіталя, доктар, маёр. У пачатку 1944 г. зрабіў аперацыю параненаму пад Філонаўцамі Віктару Дашкевічу “Забаве”. Куля спынілася каля аорты і блакавала рухі галавы. Польскія хірургі адмовіліся праводзіць аперацыю. Па просьбе маці Межвы Франц Манэ зрабіў аперацыю і выратаваў Дашкевіча.


Матэвус Іосіф Лекнэры (Лехнар).

Обер-лейтэнант, інжынер на аэрадроме. “Выходзіў у Ёдкі да жыхароў і добра з імі абыходзіўся. Вёў гешэфт, мяняў цыгарэты на прадукты. Ён будаваў аэрадромы па ўсёй Еўропе. Яго падсачылі Кісялеўскі з хлопцамі, застукалі, узялі, ён не супрацівіўся. Узялі яго ў нейкай хаце, ён пажылы, з сабакам. Абняў сабаку і гаворыць: “Калі мяне хочацце расстраляць, то першым расстраляйце сабаку. Ён пойдзе і прывядзе людзей”. Добра гаварыў па-французску, па-італьянску. Вучыўся ў Парыжы, канчаў Сарбону. Лекар зубны, дантыст. Яго разам з сабакам павезлі ў пушчу, і адправілі ў Маскву на самалёце” (16).


Дус.

Обер- лейтэнант камандзір Першай рускай усходняй эскадрыллі.


Вэлькар Бранц (Фрыц)

Яфрэйтар, перакладнік на аэрадроме.


Тыдо (Радо).

Дырэктар Лідсельмаша. “Хадзіў у вайсковай форме, насіў падвойныя акуляры і палку ад памідораў, біў гэтай палкай, аднойчы і мне дасталася.” (11)


Рыбзадан.

Кіраўнік Лідскай ячэйкі нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыі Нямеччыны, меў штаб, дзе працавалі 3-4 чалавекі.


Альфрэд Фрыес “Бэз”

Оберфельдфебель. Немец 1920 г.н. Бацька яго - кайзераўскі салдат - застаўся ў 1919 г. у Лідзе, ажаніўся на польцы, валодаў электрастанцыяй, калі электрастанцыю нацыяналізавалі, з’ехаў і павёз сына ў Нямеччыну.

Альфрэд скончыў нямецкую школу малодшага афіцэрскага складу. Увосень 1943 г. прыехаў у Ліду да маці на пабыўку з Усходняга фронту і пайшоў у партызаны АК разам з сябрам - радавітым немцам. У складзе 2 батальёна АК удзельнічаў у нападзе на ортска-мендатуру ў Стальмахах; у вызваленні 69 зняволеных з Лідскай турмы. Увесну 1944 г. узнагароджаны Крыжам “Валечным”. (Chlebowski C. Reportaz z tamtych dni. 1986.)


У аповядах і пісьмовых матэрыялах згадваюцца таксама гэбітскамісар Лідскай акругі ў 1944 г. Артур Гэнінг (Хэнінг) , начальнік чыгуначнага вузла Кукелка , ортскамендант гаўптман Ляўдэн , гаўптманы Майер і Гун , обер-лейтэнант Рыхтар , афіцэр паліцыі Фрыдрых Ленгэн , лейтэнант жандармерыі фон Гайдэ (Хайдэ) , сакратар гэбітскамісарыяту Адлер , кіроўца аўтамабіля гэбітскамісарыяту Адольф Кнірш (Knirsch), Кляйнганс, фон Гагэмайстар, Воньяр, Вільгельм Хоман, Віктар Ягэр (Jaeger) , начальнік СД Хоэн , начальнік СС Эрляйгэн , заг. агульнага аддзела гэбітскамісарыяту Буш , штурмфюрар Койцан , перакладнік Ньюман , Бэкар, Сэльзэнар, Фрохвайн, Зашак (Saschek), Байэрман (Beiermann ), начальнік лагера ваеннапалонных будаўнікоў Вільд , яго намеснік Бараньяк , следчы Абвергрупы-307 Шуба , перакладнік Мюлер , сакратарка Віндзіша Дэльман (Dellmann) , кіраўнікі Лідсельмаша Рудольф Дубіс, Гротэ.


Маленькія аповяды пра невядомых немцаў


Выпадак 1.

“Аднойчы на млын з часткі, якая размяшчалася ў Паўднёвым гарадку, зайшоў п’яны нямецкі афіцэр. Запатрабаваў, каб яму тэрмінова выдалі “маладога партызана”, які па яго разуменні тут жыў. Немец, размахваючы пісталетам, настойліва патрабаваў, каб “партызан” з’явіўся перад яго вачамі, а маці Яніны з бабуляй пераконвалі яго ў тым, што партызана тут няма, падліваючы ў шклянку самагонку. Афіцэр, як след напіўшыся, вырашыў пайсці. Не змог пераадолець плот, лёг і заснуў. Малання баялася, што гэта можа скончыцца кепска, і пабегла на цагельню ў Шайбакі, каб салдаты аховы забралі п’янага афіцэра. Ахова на заводзе складалася з бельгійцаў. Яны спачатку адмаўляліся дапамагчы, спасылаючыся на тое, што яны з немцамі не кантактуюць. Але ўсё-такі пайшлі ў двор, дзе ляжаў п’яны афіцэр. Калі бельгійцы ляснулі засаўкай вінтоўкі, немец прачнуўся. Яму здалося, што з’явіліся партызаны. І ён па балоце пабег у бок Шайбакоў, страляючы з свайго пісталета ўверх. Раніцай на млын ізноў прыйшоў той афіцэр з просьбай дапамагчы яму знайсці пісталет, які ён згубіў учора. За страту зброі яму пагражала адпраўка на Ўсходні фронт. Пісталет не знайшлі.” (Тамашка Яніна Вільгельмаўна.)


Выпадак 2.

“Немцы з бункераў каля чыгуначнага маста цераз Нёман падтрымлівалі чалавечыя адносіны з жыхарамі в. Сялец. Гэта былі ў асноўным франтавікі, якіх адпраўлялі на ахову з мэтай акрыяння. Многіх з іх сілком забралі ў войска, і яны распавядалі аб сваіх сем’ях, паказвалі фота дзяцей, і, калі давяралі, гаварылі “Гітлер капут”. У сакавіку 1944 г. партызан Іван Дубовік забіў немца Паўла, які хадзіў па суседніх вёсках, здабываў яйкі, алей, сыр і краў курэй. Гаспадыні білі яго венікамі за тое, што лазіў па куратніках. І вось гэтага курашчупа Дубовік забіў. Немцы арыштавалі некалькі чалавек у закладнікі. Сялецкія жанчыны сабралі падарункі, аднеслі кменданту бункера, закладнікаў адпусцілі, і ніхто не пацярпеў.” (Дзікевіч Мікалай Мікалаевіч.)


Выпадак 3.

“Гестапавец сядзеў на крэсле, паклаўшы рукі на стол - спаў. Я выскачыў у акно, маці падала мне пінжак, затым брата. Калі стала брата падымаць - ён запіщаў, яму было 5 гадоў. Яна яму заціснула рот. Я цягнуся яго забраць, а яна руку трымае. Ён ізноў запіщаў. Я яго метраў на 20 адцягнуў. У мяне такое ўражанне, што гестапавец мяне адпусціў.” (Ігнатаў Мікалай Міхайлавіч.)

Выпадак 4.

“На вул. Перамогі аднойчы мяне сустрэў немец, які нарыхтоўваў прадукцыю: “Ком, кіндар” - памыла, шкарпэткі пацыравала. Даў біклажку і талончык, у сталовай мне налілі поўную біклажку супу. Пачала хадзіць прыбіраць. Выпадкова зламала кветачку. Ён збіў мяне нагамі і зламаў тры рабрыны. Яго забілі - пахаваны на польскіх могілках.” (Кудаш Яўгенія Баляславаўна.)


Выпадак 5.

“Немцы забралі маці. Прывялі да начальніка гестапа, ён гаварыў па-руску. Яна сказала, што не ведае, дзе муж. Начальнік гестапа даў мацеры дзве булкі хлеба і адпусціў. Выйшла на вуліцу і стала рагатаць з дзвюмя булкамі хлеба. Не ўсе немцы былі подлымі. Простыя салдаты добра ставіліся да мясцовых.” (Пятрова Лідзія.)


Выпадак 6.

“Мы хадзілі ў лагер, які быў паміж Маладварцовай і Ленінскай. Немцы кожную суботу прыязджалі ў лагер - давалі лагерным дзецям цукеркі. Ідуць немцы, забяжым наперад - прывітаемся, лезе ў кішэнь, шамаціць, цукерак дасць.

Закалолі вяпрука - немцы дазналіся. Прыходзілі ў дзень па 10 раз. Прыйдуць - сядуць - сядзяць. Трэба частаваць. Які там вяпрук быў.” (Мірановіч Ірына Вікенцьеўна.)


Выпадак 7.

“Аднойчы да Ляшко бандыты лезлі рабаваць, аднаго з іх ён забіў сякерай. Патэлефанавалі немцам, прыехалі немцы ў скуры, у пальчатках. Распыталі, падыходзяць да гаспадара: “Гут, пан, можаш закопваць.” (Лазоўскі Мікалай Фёдаравіч.)


Выпадак 8.

“Падчас вайны ў Ліду прыязджаў спецыяліст з Нямеччыны, каб разабраць і вывезці арган з Лідскага касцёла. Мая мама заплаціла яму золатам, грошы былі сабраныя сярод надзейных лідскіх людзей. Спецыяліст напісаў дакумент і сам запэўніў у камісарыяце, што арган з-за старасці разабраць немагчыма і ніякай каштоўнасці ён не ўяўляе.” (Малашкевіч Крыштаф Марцінавіч.)


Выпадак 9.

“Муж - выпівоха, калі моцна напіваўся - біў мяне. У 1942 г. у нашу хату пасялілі немца, які валодаў польскай. Аднойчы ён убачыў у мяне сіняк пад вокам, распытаў, чаму. Я прызналася, муж добры, але калі напіваецца - б’е. Загадаў: “Прынясі 3 літры шнапсу і баханку хлеба”. Увечар пасадзіў мужа насупраць сябе, дастаў пісталет, наліў у тазік самагонкі і накрышыў туды баханку хлеба. Прымусіў гэтую мяшанку есці, мужа рвала, ён прымушаў яго ізноў і ізноў, пакуль той не з’еў усё. Пасля гэтага муж не піў ніколі. Калі чуў пах самагонкі - выскокваў на вуліцу.” (Яніна Ўладзіславаўна.)


Выпадак 10.

“Нейкі немец зайшоў у хлеў, які днём быў звычайна адчынены і выйшаў адтуль з нашым дамскім роварам. Мама пачала прасіць немца па-нямецку, каб той не забіраў ровар, бо ён належыць яе дачцы. На здзіўленне, умяшанне мамы скончылася паспяхова, і ровар яшчэ доўгія гады заставаўся ў нашай сям’і.” (Ярмонт Евгения. В тени замка Гедимина. Ліда. 1995. С. 120.)


Выпадак 11.

“Па дарозе мы нечакана сустрэлі эсэсаўца і страшна спалохаліся. На наша вялікае здзіўленне ён нас не затрымаў. Супакоіў, сказаўшы: “Гэта робяць іншыя”. Папярэдзіў, што надыходзяць цяжкія часы, распавёў пра транспарты з габрэямі, якія ідуць на захад. Параіў уцякаць. Даў нам тры баханкі хлеба і адпусціў. Праз некаторы час пасля гэтай сустрэчы мы дабраліся да лагера камандзіра Бельскага.” (Sepher Lida.Tel-Aviv.1970. Р. 312.)


Выказванні:

“Немцы нас не чапал i. Мы хадзiлi ў Лiду, масла, мёд вазiлі на продаж. Маркамі плацiлi. Быў нямецкi пашпарт, каб я была старэйшай - забралi б у Германiю.” (Новік Феліцыя Бенедыктаўна.)


“Немцы ў нашай вёсцы Бенявічы нічога дрэннага не зрабілі. Сяляне ездзілі ў Ліду, здавалі збожжа, бульбачку. Ва ўзнагароду за здадзенае давалі рондалі, чаравікі на драўляным хаду з добрай скурай. Мода такая была.” (Абазоўская Валянціна Ўладзіміраўна.)


“Немцы не абкладалi нiякiмi падаткамі. Давалi збожжа i насенне. За немцамi не пацярпелi.” ( Стралюк Мікалай Мікалаевіч. )


Палонныя немцы 1944-45 гг.


“У ліпені 1944 пайшлі немцы з акружэння пад Менскам. Проста перад дзвярамі зямлянкі з’явіўся нямецкі афіцэр. У нас быў старшына з вінтоўкай, а ў вінтоўцы адзін патрон. Немец яму здаўся. Налавілі чалавек 800-900. Мы насілі ім яду ў зямлянку. Сілаў не было весці гэтых палонных, падарвалі зямлянку. Было гэта ў Пушчы ля р. Бярозы. Там самалёт мог садзіцца. Так, некалькі сотняў чалавек. Падарвалі зямлянку з палоннымі. Прыехалі тры маладыя дзяцюкі і гэты старшына чацвёрты.” (Анацка Марыя Іосіфаўна).


Пасля вайны ў Лідзе быў нямецкі лагер, там дзе чыгуначнае дэпо. Я аператыўна абслугоўваў гэты лагер. Яны чысценькія, 2 разы ў месяц у лазні мыліся. Каменданта лагера аднойчы пакаралі, не ўгледзеў - зварылі няякасную рыбу. Я прывёў у міліцыю двух немцаў - печы палілі, пілавалі дровы ў гараддзеле. Прыехаў начальнік кіравання: “Ну, хлопцы, вы паступілі гуманна, але нельга іх тут трымаць”. (Дзямідаў Валянцін Аляксеевіч.)

Перад сельгасбазай перад вул. Маркса была крамачка з блокаў. Там жылі палонныя немцы пасля вайны. Побач стаяў трухлявы драўляны будынак - казарма. Іх кожны дзень ганялі на рампу разгружаць вагоны. Яны для дзяцей рабілі цацкі, зайчыкаў, выразалі матылькоў. Фарбавалі і нам прадавалі за баханку хлеба. Было іх пад 100 чалавек. Яны галадалі. Казарма была метраў 50 даўжынёй. Іх ахоўвалі 4 або 5 салдат.

Пад канец вайны туды прыгналі палонных італьянцаў. Ачапілі калючым дротам. “Сакрамента”. Жанчыны супы ў рондалях насілі. Лагер быў з сабакамі, вышкай. У вялікдзень іх пусцілі на вуліцу. (Бельскі Мікалай Уладзіміравіч.)


Першакрыніцы :

Успаміны, запісаныя ў 1994 - 2009 гг.:

1. Абазоўская Валянціна Ўладзіміраўна, 1918 г.н.

2. Анацка Марыя Іосіфаўна.

3. Бельскі Мікалай Уладзіміравіч, 1931 г.н.

4. Вансевіч Тадэвуш-Казімір Казіміравіч, 1929 г.н.

5. Дзямідаў Валянцін Аляксеевіч, 1917 г.н.

6. Дзікевіч Мікалай Мікалаевіч, 1924 г.н.

7. Ігнатаў Мікалай Міхайлавіч, 1935 г.н.

8. Кудаш Яўгенія Баляславаўна, 1929 г.н

9. Лазоўскі Мікалай Фёдаравіч, (1926-2009).

10. Малашкевіч Крыштаф Марцінавіч.

11. Мікалайчык Фелікс Уладзіслававіч, (1928-2002).

12. Мірановіч Ірына Вікенцьеўна, 1936 г.н.

13. Новік Феліцыя Бенедыктаўна, 1925 г.н.

14. Навапрудская -Лапідус Рут, 1925 г.н.

15. Пятрова Лідзія.

16. Сасноўскі Роберт Юр’евіч, 1916 г.н.

17. Сталавіцкая Бэла Львоўна.

18. Сталавіцкі Міхаіл Львовіч.

19. Стралюк Мікалай Мікалаевіч, 1913 г.н.

20. Тамашка Яніна Вільгельмаўна, 1936 г.н.

21. Яніна Ўладзіславаўна, 1916 г.н.


Апублікаваныя крыніцы :

Ампилов В., Смирнов В. В маленьком городе Лиде…Москва, 1962.

Demesek E. The german occupation. // Sepher Lida.Tel-Aviv.1970.

Dramowicz W. Wspomnienia. // Ziemia Lidzka. № 36 s. 11-15

Kupisz W. Bialogwardzista. // Ziemia Lidzka. № 23-24. S. 25;

Мазо Е. А на том берегу… (река жизни). Миннеаполис. 2003

Памяць. Лiда. Лiдскi раён. Мінск. 2004. С.192

Ліст Рышарда Казубоўскага. //Ziemia Lidzka. № 25. S. 15.

Chlebowski C. Reportaz z tamtych dni. 1986.

Ньюхаус Ирен. Город Лида, его гражданская администрация и другие ведомства.

Ярмонт Евгения. В тени замка Гедимина. Лида. 1995. с.120.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX