Папярэдняя старонка: Мастацтва

Лабачэўская Вольга. Беларуская этнаграфічная калекцыя з Вільні 


Аўтар: Лабачэўская Вольга,
Дадана: 12-09-2015,
Крыніца: Лабачэўская Вольга. Беларуская этнаграфічная калекцыя з Вільні // Спадчына №1-1996. С. 151-161.



У 1977 г. у Музей старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі, дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі i фальклору Вольгі Церашчатавай i Алы Лявонавай, былі перададзеныя з Гісторыка-этнаграфічнага музея Літоўскай ССР экспанаты. Усяго 891 прадмет - прылады працы i побыту беларусаў, адзенне, галаўныя ўборы, ручнікі, паясы, посцілкі, івянецкая, поразаўская, ракаўская, гараднянская, сіняўская кераміка, гліняныя цацкі канца XIX - пачатку XX ст. I на сёння гэтыя экспанаты найбольш раннія паводле свайго паходжання ў беларускіх музейных зборах народнага мастацтва. Лепшыя ўзоры гэткай калекцыі змешчаныя ў манаграфічных i энцыклапедычных выданнях i ўспрымаюцца як класіка народнага мастацтва Беларусі.

Аднак папярэдняя гісторыя гэтых каштоўных экспанатаў высветлена неканчаткова. Хто i калі ix збіраў? У энцыклапедыі "Этнаграфія Беларусі" занатавана, што калекцыя паходзіць з Беларускага музея ў Вільні. Аднак самыя рэчы i дакументацыя, з якой яны трапілі ў Мінск, маюць старыя інвентарныя нумары з манаграмай «ЕМ».

Гісторыка-этнаграфічны музей у Вільні быў створаны ў 1919 г. у выніку рэарганізацыі Музея старажытнасцяў. Ягоная дзейнасць у хуткім часе была прыпыненая, i на той час нельга было сабраць больш-менш значную беларускую калекцыю. Музей быў адноўлены толькі ў 1940 i ягоныя экспазіцыі склалі зборы некалькіх зачыненых на той час у Вільні музеяў.

Таму лічыцца, што перададзеныя з Вільні экспанаты паходзяць з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, дзейнасць якога была спыненая ў 1945 г., а фонды часткова трапілі ў Гісторыка-этнаграфічны музей.

З апісанняў Беларускага музея, зробленых яго захавальнікам Антонам Луцкевічам у 1933 г. i надрукаваных у гадавіку Беларускага навуковага таварыства, а таксама ў зборніку навуковых працаў Інстытута даследаванняў Усходняй Еўропы ў Вільні, вядома, што этнаграфічны збор музея на той час не быў вялікі. У 1918 г. калекцыя народнага адзення i тканін музея ў большасці была згубленая пры яе вяртанні ў Вільню з выставы ў Мінску. Архіўныя звесткі сведчаць, што па стану на 1 студзеня 1937 г. у Беларускім музеі ўсяго налічвалася 4228 экспанатаў, з ix: прадметаў этнаграфіі - 86, мастацкіх промыслаў - 154.

Слушным будзе меркаванне, што беларускія экспанаты, перададзеныя ў Музей старажытнабеларускай культу­ры з Вільні, паходзяць з нейкіх іншых збораў. Калі манаграму «ЕМ» на старых інвентарных нумарах расшыфроўваць, абапіраючыся на польскую мову, атрымаецца «этнаграфічны музей».

I сапраўды, Этнаграфічны музей у Вільні існаваў. Ен быў створаны ў сакавіку 1925 г. пры Віленскім універсітэце. У 1939 г. Этнаграфічны музей быў зачынены ра­зам з самым універсітэтам, а ягоныя экспанаты перада­дзеныя ў Гісторыка-этнаграфічны музей. На 1 студзеня 1937 г. у музеі было 3822 экспанаты - пераважна этнаграфічныя зборы i прадметы народнага мастацтва, у сваёй большасці яны былі з Заходняй Беларусі, што ўваходзіла ў той час у склад II Рэчы Паспалітай. У савецкі час польскамоўная дакументацыя ўніверсітэцкага музея, відаць, была перапісаная. З Гісторыка-этнаграфічнага му­зея экспанаты былога Этнаграфічнага музея перадаваліся на Беларусь адпаведна месцам ix паходжання, што знаходзіліся ў межах сучаснай тэрыторыі краіны. З боку Літоўскай ССР на той час гэты акт быў актам сяброўства i добрасуседства з Беларуссю.

Пра Этнаграфічны музей Віленскага універсітэта i ягоную дзейнасць у 1925-1939 гг. не знойдзем нават упамінку ў ніводным беларускім энцыклапедычным даведніку, у тым ліку i ў «Этнаграфіі Беларуеі». Таму звесткі пра яго трэба пакласці на белую пляму ў гістарыяграфіі, этналогіі i музеялогіі Беларусі.

* * *

Стварэнне Этнаграфічнага музея стала працягам арганізацыі пры Віленскім універсітэце аддзялення этналогіі, якое распачало сваю дзейнасць у 1924 г. Заснавальніцай музея была выдатны этнолаг Цэзарыя Бадуэн дэ Куртэнэ Эрэнкройц, прафесар i кіраўнік катэдры этнаграфіі i этналогіі Віленскага ўніверсітэта. Ейныя погляды на развіццё культуры, выкладзеныя на пачатку нашага стагоддзя, не страцілі сваёй арыгінальнасці і актуальнасці i сёння.

Ц. Эрэнкройц добра ўсведамляла, што новая эпоха парушае традыцыйны лад жыцця вёскі, нівелюе культурнае аблічча грамадства: «Гінуць традыцыйныя абрады, вясковыя, дворскія, местачковыя i цэхавыя звычаі, гінуць характарыстычныя вырабы нашых дзядоў, страчваецца адметны, своеасаблівы характар вёскі, двара, мястэчка. Вялікі горад i мода прыносяць у жыццё вёскі свае суровыя i нівелюючыя элементы». Першыя экспанаты для будучага музея яна прывезла з навуковых выпраў у 1924 г.

Музей ствараўся як лабараторыя, на матэрыялах якой студэнты маглі б вывучаць «марфалогію твораў i з'яў культуры». Ен задумваўся як рэгіянальны i павінен быў знаёміць з культурай народаў, што жылі на тэрыторыях былога Вялікага Княства Літоўскага (на той час паўночна-ўсходніх земляў, далучаньіх да ІІ Рэчы Паспалітай, што ахоплівалі Віленскае, Наваградскае, Беластоцкае i Палескае ваяводствы). Пры гэтым музей не браў пад асаблівую ўвагу толькі якую-небудзь адну этнічную ці грамадскую групу шматнацыянальнага краю, а імкнуўся стварыць цэласнае ўяўленне пра ягоную культуру.

Нягледзячы на недахоп субсідыяў на набыццё экспанатаў, якія выдаткоўваў Віленскі ўніверсітэт, а ў 1926 г. i Фонд нацыянальнай культуры Польшчы, калекцыі Этнаграфічнага музея хутка павялічваліся, пашыраліся i мэты. Амаль ад пачатку сваёй дзейнасці, дзякуючы шырокаму разумению культурнай місіі Музея яго стваральнікамі, ён становіцца цэнтрам, які аб'ядноўваў розныя арганізацыі, прыватных асобаў, студэнцкую i школьную моладзь - усіх, хто імкнуўся да вывучэння i захавання багатых традыцыяў нąpoднaй культуры.

Дзейнасць музея пачалася з мерапрыемства, наладжанага ў сакавіку 1925 г. у памяшканні катэдры этналогіі. «Выстаўка тканін i іншых вясковых вырабаў» бы­ла арганізаваная сумесна з Віленскім таварыствам падтрымкі народных промыслаў. На ёй дэманстраваліся калекцыі Таварыства, сабраныя ягонымі інструктарамі, зборы Этнаграфічнага музея, аддзела мастацтва ваяводскай управы, а таксама прыватных асобаў. Пасля закрыцця выстаўкі, што прадавала некалькі дзён, амаль усе гэтыя калекцыі былі пакладзеныя на дэпазіт Этнаграфічнага музея.

Пачынаючы з першай выстаўкі, у музея склаліся трывалыя сувязі i з Віленскім таварыствам падтрымкі народ­ных промыслаў, з гэткімі ж арганізацыямі ў Наваградку i Берасці, якія ў тыя гады распачалі вельмі актыўную працу па развіцці народных промыслаў. Супрацоўнікі аддзялення этналогіі ўніверсітэта i музея бралі непасрэдны ўдзел у распрацоўцы ідэалогіі гэтай дзейнасці, выпрацоўвалі навуковыя метады практычнай работы.

Наваградскае таварыства падтрымкі народных промыслаў таксама перадало на захаванне ў музей уласную калекцыю твораў народнага мастацтва. Трапіў у музей i вельмі каштоўны збор Палескага таварыства, які збіраўся i апрацоўваўся пры ўдзеле ягонага старшыні Я. Крагельскай.

Уласныя калекцыі папаўняліся падчас навуковых экспедыцый, разам з пашырэннем этнаграфічных даследаванняў, што праводзіла кафэдра. Навуковыя падыходы да камплектавання Этнаграфічнага музея i метадычныя парады па збору экспанатаў былі выкладзеныя Ц. Эрэнкройц у брашуры «Парады для збіраючьіх прадметы ў этнаграфічны музей», выдадзенай у 1926 г.

У пошуку экспанатаў для музея была задзейнічаная школьная i студэнцкая моладзь. Для ix у 1932 г. захавальніца музея М. Знамяроўская-Пруфер распрацавала «Ма­лы этнаграфічны апытальнік», які меў яшчэ дадатковую назву «Што можам прывезці з вакацыяў i святаў?»

Сярод іншага апытальнік звяртаў увагу на народнае мастацтва. Прапанавалася збіраць узоры малявання на сценах, ваконніцах, куфрах, шафах i разьбы на праніках, рублях, прасніцах, лясках, гаспадарчым начынні, шукаць усялякія аздобленыя прадметы i прылады для нанясення ўзораў: штампікі з косці, розныя формы на друкаванне ўзораў на палатне i інш. Да прадметаў народнага мас­тацтва залічаліся тканіны набіваныя i вышываныя, выцінанкі i наляпянкі, ручнікі, кераміка, павукі з. саломы i інш.

У другім сваім артыкуле "Ахова народнай культуры" М. Знамяроўская-Пруфер звярталася да настаўнікаў i да тых, хто ўвогуле сваёй працай i жыццём быў звязаны з вёскай ці сядзібай: «Дапамажыце ў ратаванні помнікаў народнай культуры! Дапамажыце ў разумным, мэтавым збіранні. i ахове твораў вясковага народу! Няхай не загінуць на паверхні нашага краю старажытныя каплічкі, хаты, сядзібы, свірны з ix нутраным абсталяваннем, а таксама іншыя творы народнай культуры. Няхай сённяшняе пакаленне яе ўшануе, захавае i ў цэласці перадасць будучым пакаленням».

Стваральнікі музея былі людзьмі апантанымі, захопленымі сваёй працай, адданымі ёй. Аднак сілы былі невялікія. Этнаграфічны музей меў усяго дзве штатныя адзінкі - захавальніка i дырэктара. Жадаючы ад шчырага сэрца стварыць сапраўдны музей, яны абапіраліся перш-наперш на шырокія колы грамадства. «Для стварэння музея, які б паказваў цэласць народнай культуры, патрэбна дапамога мноства людзей... Калі знойдзецца хоць малая жменька людзей, якія захочуць нам дапамагчы... з'явяцца яны таксама стваральнікамі будучага Этнаграфічнага музея паўночна-ўсходняй Польшчы, які можа стаць гордасцю нашага краю. Развіццё гэтага музея залежыць ад карпатлівай працы i ахвярнасці людзей з уся краю», - зноў чытаем палымяныя заклікі Знамяроўскай-Пруфер.

Сапраўды, музей меў шматлікіх прыхільнікаў. Свае зборы народнага мастацтва ахвяравалі Ашмянекае i Свянцянскае староствы, настаўніцкія курсы 1930 г., што праходзілі ў Вільні, школа ў Навасёлках, прыватныя асобы. У 1932 г. колькасць ахвярадаўцаў налічвала 101 асобу. Музей меў спецыяльны рэестр, куды ўносіў іхныя імёны. На дэпазітах музея ў той час захоўваліся фонды 9 роз­ных інстытуцый. Самы вялікі дэпазіт мела Віленскае таварыства падтрымкі народных промыслаў, што запачаткавала музей, - 1005 прадметаў, сярод якіх - тканіны, адзенне, цацкі, кераміка i іншыя вырабы. Усяго ў музеі на той час было 2106 экспанатаў, з ix уласных - 1115, а ў 1933 г. іхная колькасць павялічылася да 1442 адзінак.

Пры музеі меўся архіў. У ім захоўваліся рукапісныя звесткі пра гісторыю стварэння, спосабы выкарыстання экспанатаў, тэрміналогія, звесткі пра этнічную прыналежнасць уладальнікаў, мову, якой яны карысталіся ў штодзённым ужытку i г. д. Архіўныя запісы мелі тую ж самую нумарацыю, што i экспанаты. У архіў перадаваліся вынікі навуковай працы выкладчыкаў катэдры этналогіі i студэнтаў універсітэта. У асноўным гэта былі апытальнікі па спосабах апрацоўкі розных матэрыялаў, па промыслах i рамёствах, а таксама адказы на ix. У зборы звестак паводле распрацаваных апытальнікаў, акрамя студэнтаў універсітэта, бралі ўдзел школьнікі, аб'яднаныя ў краязнаўчыя гурткі, настаўнікі. Меліся апытальнікі па народным мастацтве i промыслах Ц. Эрэнкройц, народных паясах i вырабах з косці М. Знамяроўскай-Пруфер, па кераміцы i ткацтве Л. Туркоўскага, па скры­нях, куфрах i паліхромных прадметах хатняга ўжытку В. Дуноўскага.

У архіве захоўваліся фотаздымкі (у 1932 г. ix было 600 адзінак i 300 клішэ), рэестры інфарматараў i ахвяра: даўцаў, спісы прадметаў, што трэба было набыць для музея ці апякаць на месцы.

Музей меў уласныя фатаграфічныя апараты, фанограф, а таксама, як пазначана ў пераліку ягонай маёмасці, «тры кажухі i боты вайсковыя для зімовых экспедыцый». Гэта сведчыць пра тое, што збіральніцкая дзейнасць у музея не прыпынялася круглы год.

Музей размяшчаўся ў памяшканні катэдры этналогіі ўніверсітэта. Ен займаў 3 залы i некалькі маленькіх пакояў для фондасховішчаў. З-за недахопу выставачнай плошчы экспанаты былі размешчаныя нават на сценах двух калідораў i сходаў, тут віселі тканіны i фотаздымкі.

Найбольш прадстаўніча была паказана ткацтва: ад варштатаў i розных ткацкіх прыладаў да вялікай калекцыі тканін i паясоў з Віленскага, Наваградскага i Палескага ваяводстваў. У раздзеле апрацоўкі гліны дэманстраваліся калекцыі вырабаў з ганчарных цэ'нтраў Віленшчыны, Наваградчыны, Палесся. Народнае адзенне ж было прадстаўлена ўсяго некалькімі строямі.

У асобны раздзел было выдзелена народнае мастацтва: драўляныя скульптуры Хрыста i святых з крыжоў i прыдарожных каплічак, розныя прасніцы, паліхромныя дугі, тканіны, паясы, ручнікі, у тым ліку вельмі адметныя стараверскія з буйным каляровым арнаментам, вышыўкі на палескіх кашулях, маляваныя куфры, павукі з саломы, пісанкі, скрыначкі з кары, цацкі з дрэва, гліны, цукру, малюнкі i карціны вяскоўцаў.

У раздзеле абрадаў дэманстраваліся велікодныя паль­мы, пісанкі, дажыначныя вянкі, воты з воску, народныя карнавальныя маскі, адзенне калядоўшчыкаў i іншае.

Усе экспанаты музея падзяляліся на тры асноўныя групы: культура тэхнічная (апрацоўка рознай сыравіны, промыслы i рамёствы, сельская гаспадарка), культура грамадская (прадметы, звязаныя з абрадамі, вясковымі, маламестачковымі звычаямі, некаторымі гарадскімі традыцыямі), культура духоўная (рэлігія, магія, народнае мастацтва).

Матэрыялы музея выкарыстоўваліся для навуковай працы выкладчыкаў i студэнтаў універсітэта. Удзельнікі . этналагічнага семінара, які працаваў пры катэдры, апрацоўвалі .экспанаты музея i ca сваіх навуковых выпраў прывозілі новыя.

Вартая ўвагі i тэматыка навуковых даследаванняў, што праводзіліся ў 1924-1933 гг. на катэдры этналогіі i этнаграфіі Віленскага ўніверсітэта, матэрыялы якіх папаўнялі Этнаграфічны музей. У значнай ступені яны за­крапалі беларускі этнас i праводзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Кіраўнік катэдры прафесар Цэзарыя Эрэнкройц праводзіла даследаванні па тэхнічнай i абрадавай культуры, народным этыкеце, кульце св. Яна ў Віленскім, Наваградскім i Беластоцкім ваяводствах, на паўднёва-ўсходнім Палессі i на памежжы з Падляшшам.

Марыя Знамяроўская-Пруфер - старэйшая асістэнтка катэдры i захавальнік Этнаграфічнага музея - даследавала пчалярства, рыбалоўства ў Віленскім, Наваградскім ваяводствах, у тым ліку на азёрах Нарач i Свіцязь, рацэ Буг, вывучала народный паясы i тэхніку ix пляцення, кручэння i ткання, прылады з косці, апісала велікодныя звычаі.

Вітольд Дуноўскі, асістэнт этналагічнага семінара, праводзіў даследаванні разьбы i народнага роспісу, мэблярства, прадметаў хатняга ўжытку.

Алімпія Сваневіч вывучала народную магію, чараўніцтвы, задушкавыя звычаі, культ памерлых, помнікі на могілках у Віленскім, Наваградскім, Беластоцкім ваявод­ствах i на Палессі.

Дыпломнік Люцыян Туркоўскі абследаваў ганчарныя цэнтры, а таксама апісаў вясковае ганчарства, народнае ткацтва, бандарства i інш.

Навуковай працай i зборам экспанатаў для музея зай­маліся i старэйшыя студэнты - слухачы этналагічнага семінара, сярод якіх былі i беларусы па паходжанні: Казіміра Даманеўская вывучала народнае мастацтва, гульні i забавы; Зыгмунт Карыбуцяк - праўныя звычаі, жывёлагадоўлю, пастухоўства; Ірма Кухарская - народную медыцыну i гігіену, выхаванне дзіцяці; Марыя Лукасевіч - цяслярства i бандарства, маскі абрадавыя i іншыя сродкі абрадавай экспрэсіі; Мар'ян Пецюкевіч - старавераў як этнічную групу ў Браслаўскім павеце; Яўгенія Сянкевіч - калыскі, штодзённыя i абрадавыя стравы, а таксама ix прыгатаванне.

Матэрыялы гэтых даследаванняў часткова былі выдадзеныя ў Вільні. Напрыклад, значны артыкул па этнаграфіі Віленшчыны Ц. Эрэнкройц змешчаны ў манаграфічным зборніку «Вільня i зямля Віленская», выдадзеным у 1930 г. Яна пісала пра гэты вельмі цікавы для этно­графа край: «На нашых вачах сціраюцца i ўзаемапранікаюць тут традыцыі польскія, літоўскія i беларускія, сціраюцца i ўзаемапранікаюць тут спрадвеку, каб у выніку вызначыць этнічнае аблічча нашага краю, як i ўвогуле воблік усёй Літвы Міцкевіча». Артыкул праілюстраваны фотаздымкамі і малюнкамі экспанатаў з Этнаграфічнага музея. На ілюстрацыях - 4-нітовыя тканіны, саламяныя вырабы i павукі, тканыя з саломы маты, гліняныя цацкі i інш., якія ў асноўным паходзяць з беларускай тэрыторыі. Некаторыя рэчы з тых, пра якія ідзе размова ў артыкуле, цяпер захоўваюцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры. Напрыклад, стараверскія ручнікі з Браслаўскага i Дзісенскага паветаў з буйным своеасаблівым арнаментам, што ў іншых месцах, як пісала аўтар, не сустракаюцца.

На матэрыялах навуковых даследаванняў катэдры этналогіі Віленскага ўніверсітэта i зборах Этнаграфічнага музея ў 30-я гг. былі выдадзеныя ў Вільні манаграфіі В. Дуноўскага «Распісныя сялянскія куфры з ваколіц Віленшчыны i Палесся» (1935), «Народнае мастацтва Віленшчыны i Навагрудчыны» (1935), З. Карыбуцяка «Народнае кавальства ў Віленскім ваяводстве» (1936), Л. Туркоўскага «Народная рамесніцкая вытворчасць у Віленскім i Навагрудскім ваяводстве» (1935). Праца «Крыніцы ўплыву на народнае ткацтва ў Віленскім i Навагрудскім ваяводстве» Л. Туркоўскага, матэрыялы для якой збіраліся ў 30-я гг., была выдадзеная толькі ў 1977 г. у Лондане.

Дзейнасць Этнаграфічнага музея, дзякуючы грунтоўнай навуковай падставе, на якой яна ажыццяўлялася, а таксама апантанасці яго стваральнікаў, хутка перарасла свае першапачатныя задачы быць лабараторыяй для студэнтаў-этнолагаў універсітэта. Музей меў рэпутацыю сапраўднага цэнтра, які прыцягваў да сябе тых, хто цікавіўся народнай культурай, мастацтвам, імкнуўся працаваць на карысць развіцця мастацкіх промыслаў. На той час таварыствы падтрымкі народных промыслаў, што дзейнічалі ў Вільні, Наваградку, Берасці, у выніку непаразуменняў пытанні формаў i метадаў працы ў галіне развіцця народных мастацкіх промыслаў з Варшаўскім таварыствам ды, імкнучыся да самастойнасці ў сваёй дзейнасці, стварылі супольную Раду.

Пад уплывам этнографаў універсітэта, Этнаграфічнага музея дзеячы гэтых таварыстваў добра разумелі своеасаблівасць народнай мастацкай культуры свайго краю. Іхная праца па развіцці народных промыслаў - ткацтва, вышыўкі, керамікі у асноўным была скіравайая на захаванне i прапаганду гэтых каштоўнасцяў у асяроддзі гарадскога насельніцтва, інтэлігенцыі, науключэнне традыйных сялянскіх рэчаў у гарадскі інтэр'ер.

У 1932 г. на паседжанні Рады чатырох таварыстваў была падтрыманая прапанова М. Знамяроўскай-Пруфер аб стварэнні Цэнтральнага этнаграфічнага музея для Наваградскага, Віленскага, Бедастоцкага i Палескага ваяводстваў. Гэтая ідэя была таксама падтрыманая дырэктарам Горадзенскага музея Ю. Ядкоўскім, які ўсведамляў, што вырашыць такую вялікую задачу можа толькі ўніверсітэцкая Вільня.

Вось якім бачыла будучы музей Ц. Эрэнкройц: "Музей павінен дэманстраваць «тутэйшую» культуру земляў даўняй Літвы, структуры ўзораў гэтай культуры, ix суадносіны паміж сабой i паміж культурамі бліжніх i больш адлеглых земляў. Гэты музей, які будзе знаёміць са стылямі формаў, у якіх адлюстроўваецца радзіма Міцкевіча, Музей сінтэзу яе этнічнай традыцыі павінен быць даступным самай шырокай грамадскасці".

Сваё бачанне перспектываў музея М. Знамяроўская-Пруфер выклала ў брашуры «Этнаграфічны музей Універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні i яго будучыня». Яна пісала, што музей ахоплівае тэрыторыю, вельмі багатую на помнікі народнай культуры, што тут даволі лёгка набываць прадметы для музея, бо сяляне пераважна недастаткова ацэньваюць уласныя вырабы i з ахвотай ад ix пазбаўляюцца, ахвяруюць імі, абменьваюць ці прадаюць па нізкіх цэнах. На яё думку, Центральны этнаграфічны музей павінен мець скансен - экспазіцыю народнага дойлідства на вольным паветры. З мэтай ажыццяўлення гэтай ідэі М. Знамяроўская-Пруфер вывучала вопыт арганізацыі i дзейнасць музеяў-скансенаў у скандынаўскіх краінах.

У 1935 г. кіраўніцтва катэдрай i Этнаграфічным музеем перайшло да Казімёра Машынскага - выдатнага польскага этнографа, які пераехаў у Вільню з Кракава. «Гады працы з прафесарам Машынскім, слуханнё ягоных цудоўных выкладаў, удзел у семінарах i агульных выправах былі для нас, віленскіх вучняў, асабліва каштоўныя. Побач з найбольшай колькасцю палякаў былі сярод нас ліцвіны, беларусы, расіяне, жыды i караімы... Як заахвочвала да працы радасць прафесара, калі набывалі i прывозілі ў музей каштоўныя помнікі, калі ўдавалася знайсці нейкі элемент культуры, што высвятляў шляхі яе развіцця»,- так пісала пра чатыры гады сумеснай працы з Машынскім М. Знамяроўская-Пруфер.

Аднак часу на рэалізацыю задумаў па пашырэнні Этнаграфічнага музея да сапраўднага рэгіянальнага музея не хапіла. Выбух Другой сусветнай вайны ў 1939 г., змены ў Вільні польскіх уладаў на савецкія, а ў хуткім часе i на літоускія прывялі да новай палітычнай, сацыяльна-грамадскай i культурнай сітуацыі. У 1939 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, а разам з ім i Этнаграфічны музей. Кола навукоўцаў i студэнтаў, што былі аб'яднаныя катэдрай этналогіі i этнаграфіі i музеем, распалася, па-рознаму склаўся ix жыццёвы лёс падчас вайны i пасля яе.

Нястомная захавальніца Этнаграфічнага музея М. Знамяроўская-Пруфер з Вільні выехала ў Торунь. Яна не здрадзіла свайму прызначэнню этнографа-музейщчыка - заснавала Этнаграфічны музей у Торуні, адзін з найбольш значных у Польшчы, была яго дырэктарам да канца свайго жыцця. Тут яна рэалізавала i сваю віленскую мару - стварыла музей-скансен. Па яе запрашэнні i з яе дапамогай у Торунь пераехаў на сталае месца жыхарства пасля пакут сталінскіх лагераў беларус Мар'ян Пецюкевіч, які нарадзіўся ў вёсцы Цяцёркі на Браслаўшчыне,- этно­граф, выпускнік Віленскага ўніверсітэта. Праца гэтых людзей пасля вайны ў этнаграфіі i ў музейнай справе стала працягам тых ідэй, што былі выпрацаваныя ў навуковым асяроддзі катэдры этналогіі i этнаграфіі ўнівэрсытэта i Этнаграфічнага музея ў Вільні ў міжваенны перыяд.

Пачатак Другой сусветнай вайны перашкодзіў таксама здзяйсненню адной ідэі, што звязала паміж сабой Этнаграфічны музей у Вільні i Палескі музей у Пінску. Звесткі пра гэта захоўваюцца сёння ў архіве Музея Беларускага Палесся ў Пінску. Згодна перапісцы 1937- 1938 гг. паміж галоўным захавальнікам Палескага музея Д. Геаргіеўскім i М. Знамяроўскай-Пруфер, Этнаграфічны музей у Вільні павінен быў перадаць у Пінск палескую калекцыю, сабраную ў пачатку 20-х гг. Калекцыя была ўласнасцю Палескага таварыства дапамогі народным про­мыслам у Берасці, якое ахвяравала яе музею ў Пінску. Верагодна, такое рашэнне Палескага таварыства было выклікана тым, што музей у Пінску ў тыя гады стаў сапраўдным рэгіянальным музеем на Палессі, праводзіў вельмі значную збіральніцкую, культурна-асветніцкую i выдавецкую дзейнасць. У перапісцы паміж захавальнікамі абодвух музеяў вырашаліся пытанні перадачы гэтай каштоўнай калекцыі з дэпазіта Этнаграфічнага музея ў Пінск. У той час гэтаму не суджана было здзейсщцца.

I ўсё ж, хоць i не прамым шляхам, гістарычная справядлівасць спраўдзілася праз 40 гадоў. Частка палескай калекцыі трапіла ўсё-такі на Беларусь. Пра гэта можна меркаваць таму, што сярод экспанатаў, перададзеных у Музей старажытнабеларускай культуры ў Мінску, шмат прадметаў паходзяць менавіта з Палесся: цудоўна аздобленыя кашулі, фартухі, наміткі, чапцы, андаракі i спадніцы, паясы, ручнікі i іншыя дэкаратыўныя тканіны, гараднянская кераміка...

Сёння варта быць удзячнымі тым людзям,. што без палітычных амбіцый аддана i шчыра рабілі навуковую справу i захавалі для нашчадкаў частку беларускага скарбу - народнае мастацтва.

Трэба пакланіцца i тым, хто нейкім цудам, відаць, з божае ласкі, вярнуў яго на Беларусь.

Аўтар выказвае падзяку касе імя Юзафа Мяноўскага ў Вар­шаве, на сродкі якой ажыццяўляліся даследаванні ў Польшчы, а таксама нашчадкам Ц. Эрэнкройц i М. Знамяроўскай-Пруфер - спсп. Марце Ясінскай i Хрысціне Яноўскай за дапамогу ў пошуку неабходных матэрыялаў.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX