Вярнуцца: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва

Уступ


Аўтар: Шчакаціхін Мікола,
Дадана: 24-07-2012,
Крыніца: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва, Мінск, 1993.



Агляд асноўнае літаратуры; пастаноўка проблемы; шляхі і мэты папярэдніх дасьледзін

Беларускае мастацтва яшчэ чакае свайго гісторыка, і нельга спадзявацца, каб гэтая тэма магла быць канчаткова распрацавана ня толькі ў сучасны момант, але нават і ў бліжэйшай будучыне. Перш за ўсё, тут патрэбна вялізарная і доўгая праца: уважлівае зьбіраньне і дакладнае вывучэньне багатага сырога матар'ялу, які ў большай частцы сваёй зусім яшчэ ня прыведзены ў сыстэму і яшчэ ніколі ня быў прадметам больш-менш сталых навуковых досьледаў. Праўда, у расійскай гістарычнай і архэолёгічнай літаратуры мы сустракаем цэлы шэраг прац, прысьвечаных помнікам беларускае старасьветчыны; але гэтыя працы як самым выбарам матар'ялу, гэтак і мэтодам яго вывучэньня ў цяперашні час ужо ня могуць нас задаволіць, - тым болей, пры гэтым, што для нашай задачы нават і тая нязначная частка адпаведнага матар'ялу, якая ў іх закранаецца, яшчэ патрабуе перагляду ў спэцыяльным асьвятленьні. Амаль што ўся праца павінна быць, такім чынам, зроблена ледзь не нанова, што патрабуе і часу, і сродкаў, і цэлага шэрагу іншых спагадных умоў. Пакуль-жа яна ня будзе праведзена, няма магчымасьці хоць колькі-небудзь наблізіцца да канчатковых вывадаў і закончаных схэм, бо нават самыя асноўныя пытаньні, зьвязаныя з проблемай гістарычнага разьвіцьця беларускага мастацтва, ня толькі ня вырашаны, але ў большасьці нават яшчэ і не пастаўлеы.
Прычына гэтага зьяўляецца ўпоўне зразумелай, бо параўнальна яшчэ нядаўна самая пастаноўка такіх пытаньняў была - б справай зусім немагчымай. Русыфікатарская політыка расійскага ўраду ў так званых "западно - русских губерниях" прад'яўляла свае запатрабаваньні таксама і на навукова-дасьледчую працу на тэрыторыі Беларусі, якая адбывалася пад нязьменным наглядам і часам амаль што пад беспасрэдным кіраўніцтвам урадовае адміаістрацыі. Гэтая праца, незалежна ад матар'ялу і зьместу, заўсёды зьяўлялася да вядомай ступені тэндэнцыйнай; яна павінна была заўсёды мець на ўвазе нейкія пэўныя мэты, часта павінна была сьвядома ставіць сабе апрыорную задачу: абы якім шляхам даводзіць спрадвечны "истинно-русский" характар культуры так званага "западного края", каб у гэтым знайсьці тэорэтычныя абасновы для практычных мерапрыемстваў ураду па "водворению истинно-русских начал". Такога роду дасьледчая праца, само-сабой зразумела, ні ў якім разе не магла грунтавацца на цьвёрдых падставах запраўднае навуковае об'ектыўнасьці. Перш за ўсё, з самага пачатку яна вымагала аднабаковага выбару самага матар'ялу вывучэньня, з прычыны чаго прадметам дасьледваньня зьяўляліся тут амаль што выключна помнікі праваслаўнай царкоўнай старасьветчыны. Падругое, і самая распрацоўка гэтага матар'ялу ў большасьці выпадкаў вялася таксама аднабакова: аб выяўленьні тыповых ласьне для Беларусі элемэнтаў ня было, зразумела, і гутаркі, і ўвесь аналіз форм старадаўняй культуры нашай краіны зводзіўся выключна да спроб давесьці адзінства яе з старадаўняй культурай Кіеўскай і Маскоўскай Русі; пры гэтым часта занадта пераацэньваўся бізантыцкі ўплыў, фактычна далёка не галоўны і ў кожным выпадку зусім не адзіны нават у царкоўным мастацтве Беларусі, - з другога-ж боку пакідаліся зусім бяз увагі тыя элемэнты заходня - эўропейскіх мастацкіх форм, якія граюць досыць важную ролю ў шмат якіх помніках беларускае старасьветчыны. Нарэшце, зусім не вызначаліся тыя самабытныя рысы, якімі характарызуюцца пэўныя нацыянальныя элемэнты ў старадаўняй мастацкай творчасьці Беларусі. Зразумела, што навуковая вартасьць такіх дасьледчых прац у цяперашні час здаецца нам нявысокай, і самі яны ў большай частцы маюць для нас ужо толькі гістарычны інтарэс. Характэрна, што першыя з гэтых прац зьявіліся беспасрэдна пасьля паўстаньня 1863 году ў выніках спэцыяльных дасьледчых экспэдыцый, якія выпраўляліся Мураўёвым і Карнілавым з спэцыфічнай мэтай "розыскання в крае древне-русских памятников или, по крайней мере, следов тех из них, которые в слепой ненависти к православию и русской народности были уничтожены" [1]. Сабраныя гэтымі экспэдыцыямі архэолёгічныя і гістарычныя матар'ялы, амаль што выключна датычныя помнікаў праваслаўна-царкоўнай старасьветчыны XII, XVI і XVІI сталецьцяў, увайшлі потым у выданьні Бацюшкава (Батюшков): "Замечательности Северо-Западного края" (Вільня 1868) і "Памятники русской старины в Западных губерниях" (СПБ 1874). Найбольш цікаўныя матар'ялы, аднак, сабраныя мастаком Зьмітрам Струкавым у часе экспэдыцыі 1864 г. [2], былі, мабыць, забракаваны з прычыны таго, што Струкаў аддаў надта многа ўвагі такім прадметам, зарысоўка якіх, як яшчэ ў 1912 годзе пісаў Е. Раманаў, "шла в разрез с самой идеей экспедиции" [3], г. зн. помнікам такога характару, дзе нават пры ўсім жаданьні нельга было знайсьці аніякіх "истинно - русских" элемэнтаў. Альбом яго, пад агульнай назвай "Эскизы- рисунки археологической экспедиции для иследования Северо-Западного края России, исполненные с натуры художником Дм. Струковым 1864 лета", так і застаўся нявыданным і да апошняга часу захоўваўся ў Віленскай Публічнай Бібліотэцы.
Амаль што алалёгічны характар маюць таксама і многія іншыя досьледы і нарысы, якія ў свой час выходзілі ў сьвет як асобнымі самастойнымі кніжкамі, так і ў розных пэрыодычных выданьнях, накшталт "Вестника Западной России", "Памятных книжек" беларускіх губэрань, "Виленского календаря" і інш. Толькі ў "Трудах Московского Археологического О-ва" і ў "Трудах IX Археологического С'езда в Вильн" мы яшчэ можам знайсьці некаторыя вартыя ўвагі паведамленьні, якія маюць вядомую каштоўнасьць з прычыны багацьця далучанага да іх фотографічнага і іншага матар'ялу. Аднак, і ў гэтых выпадках, апроч вельмі рэдкіх выняткаў, як, напр., артыкул Паўлінава (А. М. Павлинов) "Древние храмы Витебска и Полоцла" [4], апрацоўка гэтага матар'ялу праведзена выключна з гістарычнага альбо архэолёгічнага пункту погляду, прычым гістарычна-мастацкае значэньне помнікаў зусім не разглядаецца. Цікаўна, што гэтае пытаньне ніколі ня было пастаўлена нават у спэцыяльнай расійскай літаратуры. Адзін толькі вышэйпамянёны Паўлінаў закранае некаторыя віцебскія і полацкія помнікі царкоўнага будаўніцтва ў сваёй "Истории русской архитектуры" (М. 1894). Усе-ж іншыя працы абыходзяць яго поўным маўчаньнем, і нават капітальная многатомная "История русского искусства" пад рэдакцыяй Ігара Грабара, прысьвячаючы, напрыклад, злачную частку свайго 8-га сшытку формам украінскай царкоўнай і цывільнай архітэктуры, а таксама помнікам гэбрайскага драўлянага будаўніцтва на Украіне [5], у той-жа час пакідае зусім бяз увагі тэрыторыю Беларусі, як-быццам па гэтай тэрыторыі зусім няма помнікаў мастацтва, вартых навуковага вывучэньня побач з помнікамі Расіі і Украіны.
У процілегласьць расійскай навуцы, якая, як бачым, амаль што зусім ня цікавілася старадаўнім мастацтвам Беларусі, навука Польская значна болей зрабіла ў даным напрамку, але ня з меншаю тэндэнцыйнасьцю ў асноўным сваім падыходзе. Калі расійскія дасьледчыкі імкнуліся даводзіць упоўне расійскі характар Беларусі, дык польскія проста, як нешта, быццам, усім добра вядомае і зразумелае, цалкам разглядалі Беларусь, як частку Польшчы, як "Кresy wschodnie"; з гэтай прычыны і помнікік беларускага мастацтва, без усялякіх абмовак, залічаліся імі да мастацтва польскага, ходь пры гэтым ня раз ім самім прыходзілася выказваць вядомае зьдзіўленьне з прычьны выразнага непадабенства мастацкіх здабыткаў "Вялікага Княства Літоўскага" і "Кароны". Ня шукаючы, аднак, тлумачэньня для гэтае зьявы, яны абмяжоўваліся ў большасьці чыста формальнымі апісаньнямі альбо апублікаваньнем матар'ялаў і крыніц, што мае бясспрэчную навуковую вартасьць. У гэтым сэнсе асабліва каштоўнымі зьяўляюцца, напр., паасобныя працы Крашэўскага (I. Кraszewski), Пшэздзецкага (А. Рrzezdziecki), Раставецкага (Е. Rastawiecki), Сакалоўскага (prof. М. Sokołowski), а таксама некаторыя нататкі і артыкулы, зьмешчаныя ў "Sprawozdaniach Коmisyi dо badania historyi sztuki w Polsce" і ў "Ргасасh Коmisyi historyi sztuki", выд. Кракаўскае Акадэміі. Але зразумела, што ўсе гэтыя матар'ялы патрабуюць уважлівага крытычнага перагляду, і ў іх няма чаго шукаць такой пастаноўкі пытаньня, якая магла б адпавядаць запатрабаваньням поўнае об'ектыўнасьці.
З тым большай увагай можна аднесьціся да тых першых спроб зусім іншага падыходу да пэўных проблем беларускага мастацтва, якія былі зроблены нямецкай навукай у часе окупацыі Беларусі нямецкімі войскамі ў 1917-1918 г. ў асобах проф. Вэбэра (Paul Weber/Jena) і д-ра Іппэля (Albert Ippel/Веrlin). Першым з іх была складзена монографія Вільні [6], дзе зьмешчана гісторыя віленскае архітэктуры ад самага заснаваньня места да апошняга часу і некалькі нарысаў царкоўнага малярства, скульптуры і вытворчага мастацтва, з правільным высьвятленьнем уплываў і сувязей, а таксама ролі і значэньня розных нацыянальных элементаў у аформленьні яе мастацкага аблічча. Другі дасьледчык, д-р Альбэрт Іппэль, які быў у свой час організатарам віленскае і менскае выставак беларускага мастацтва, зьяўляецца аўтарам двох каталёгаў да гэтых выставак [7], дзе можна знайсьці некаторыя надзвычайна цікаўныя ўвагі, а таксама невялікага спэцыяльнага артыкулу аб беларускім мастацтве, пад загалоўкам "Zurweissruthcnischen", у зборніку "Wеіssruthennien" (Неraus-gegeben vonWalter Jäger. Verlag von Karl Curtius in Berlin 1919). У гэтым артыкуле [8], праблема беларускага мастацтва была пастаўлена першы раз ясна і востра, як праблема вывучэньня ўпоўне самастойнай мастацкай галіны, якая яшчэ ніколі ня была прадметам спэцыяльнага навуковага дасьледваньня, маючы на гэта, аднак, самае бясспрэчнае права. Характэрна, што самы тэрмін "беларускае мастацтва" - "die weissruthenischсе Кunst", у яго шырокім гістарычным значэньні, у першы раз быў ужыты ласьне гэтым нямецкім дасьледчыкам, таксама як і другі аналёгічны тэрмін: "беларуская школа малярства" ("diе weissruthenische Маlcrschule"). Ня гледзячы на кароткі тэрмін сваёй дасьледчай працы, ён першы, не бяз уплыву, праўда, з боку некаторых беларускіх дзеячоў, здолеў прыкмеціць пэўныя асаблівыя, самабытныя элемэнты ў самых розных галінах мастацкае творчасьці нашае краіны, і першы выказаў некаторыя агульныя думкі адносна крыніц і сувязяй старадаўняга мастацтва Беларусі.
У сваім артыкуле Іппэль малюе досьць шырокія пэрспэктывы: "Народнае мастацтва Беларусі, - кажа ён, - яшчэ адыграе калі-небудзь важную ролю ў гісторыі мастацтва. Краіна гэтая зьяўлялася калісьці мяжою паміж Усходняй і Заходняй Рымскай імпэрыяй на поўначы Эўропы. Старадаўні "вялікі дняпроўскі шлях" прынёс у гэтую зямлю апошнія сьляды бізантыцкай і старадаўня-грэцкай мастацкай манеры. У некаторых гаспадарчых будовах мы тут знаходзім асноўныя формы грэцкага тэатру і храму. Таксама сустракаюцца сялянскія двары, як напр., у ваколіцах Рагачэва, расплянаваньне якіх нагадвае эліністычна-рымскія вільлі. Вядомыя беларуска - літоўскія крыжы ні ў якім разе не мясцовага пахаджэньня: мы пазнаем у іх формы антычнага насьценнага малярства, але формы старадаўняга паганскага культу былі тут, як гэта часта здараецца, хрысьціянізаваны. Таксама вядомыя беларускія паясы ў сваім пахаджэньні ўсходзяць да грэцкае тэніі. I хіба-ж ня дзіўна, напрыклад, што яшчэ да цяперашняга часу беларуская сялянка ўжывае таўкачы для крупы тэй-жа самай формы, якую мы бачым на малюнку Полігнота ў руках траянскіх жанчын, што абараняюцца ад нападу грэкаў?" [9]
Вызначаючы вядомую сувязь беларускіх мастацкіх форм з антычнай культурай, Іппэль выконвае, праўда, толькі частку агульнае задач ы. Фактычна, справа гэтая значна болей складаная, і мала яшчэ выявіць сувязь толькі ў адным кірунку. Досыць уважліва падыйсьці хоць-бы да вядомага ўжо нам матар'ялу каб адразу-ж адзначыць вялізарную складанасьць і ў некаторых выпадках нават заблытанасьць тых рознастайных сувязяй, якія яднаюць помнікі беларускага мастацтва з агульным ходам разьвіцьця як эўропейскай, гэтак і ўсходняй мастацкай культуры. Разблытаць гэтую заблытанасьць, асьвятліць самыя цёмныя бакі проблемы, убачыць сярод перакрыжных уплываў і ўзаемадзеяньняў асноўную лінію разьвіцьця і з-пад цяжару чужаземных элемэнтаў выявіць тое асноўнае ядро, да якога ўжо ў болей сьціслым, ня толькі тэрыторыяльным, але і нацыянальным сэнсе зможа быць дапасаваны тэрмін "беларускае мастацтва", - такою павінна зьявіцца канчатковая задача гістарычнага вывучэньня беларускіх мастацкіх помнікаў. Праўда, на першых кроках па шляху да яе вырашэньня мы няўхільна сустракаем адну досыць значную перашкоду. "Лёс беларускае зямлі, - як правільна зазначае той-жа Іппэль, - быў заўсёды цяжкі. З самых даўніх гістарычных часоў краіна гэтая зьяўлялася амаль што нязьменнай арэнай Арэса. З тых часоў, калі нормандзкія князі ў IX і X сталецьцях заваёўвалі зямлю дрыгвічоў, з тых часоў, калі паміж Кіевам, Менскам і Полацкам ішла бязупынная барацьба, - аж да часоў Наполеона і апошняе вайны мы тут бачым заўсёды адну і тую - ж карціну: рух войск з захаду на ўсход і з усходу на захад, з усімі яго жахлівымі вынікамі, з руйнаваньнем і разбурэньнем. Само сабой зразумела, што ў гэтай краіне цяжка было захавацца здабыткам старасьветчыны, помнікам мастацтва і культуры. Толькі нямногія месцы дазваляюць яшчэ і ў сучасны момант часткова аднавіць жывы вобраз калісьці высокай культуры гэтай зямлі. Выстаўка беларускага мастацтва ў Менску ў 1918 годзе даводзіць, аднак, што шляхам правільных адшуканьняў можна яшчэ знайсьці досыць многа выдатных узораў старадаўняга мясцовага мастацтва" [10]. Запраўды, ня толькі поўная неапрацаванасьць, але часта і дрэнная захаванасьць патрэбнага матар'ялу значна перашкаджае спачатку сыстэматычнай дасьледчай працы. Шмат што канчаткова зьнішчана, іншае зруйнавана, альбо запсавана і відазьменена пазьнейшымі папраўкамі і пераробкамі. Але бяспрэчна, што пры ўважлівым вывучэнні можна знайсьці яшчэ вельмі многа вартых увагі ўзораў у самых розных галінах мастацтва, здабыткі якіх і да цяперашняга часу хаваюць у сябе некаторыя найбольш выдатныя беларускія асяродкі.
Ужо цяпер можна з пэўнасцю паказаць на існаваньнс цэлага шэрагу помнікаў архітэктуры з XII сталецьця па XVIII, сярод якіх каменныя гмахі выяўляюць некалькі нязвычайную і досыць цікаўную лінію стылістычнага разьвіцьця, драўляныя-ж будынкі характарызуюцца сумай выразна самабытных форм і конструкцый. Ня меншым лікам помнікаў прадстаўлена беларуская малярская школа, пераважна ў галіне царкоўнага малярства, пачвнаючы з фрэскавых росьпісаў XIV - XV сталецьцяў, якія рабіліся беларускімі майстрамі ў Польшчы (Люблін, Сандамір, Кракаў), і канчаючы доўгім шэрагам насьценных і паасобных композыцый XVII - XVIII сталецьцяў, што захаваліся ў старажытных гарадзкіх і вясковых цэрквах або сабраны ў нашых музэях. Таксама шмат помнікаў вядома нам у галіне разьбярства, як чыста скульптурнага, гэтак і дэкорацыйнага, з якіх апошняе мае асаблівы інтарэс, з прычыны пераходу яго ў XVII сталецьці ў Маскоўшчыну, дзе яно атрымала значнае пашырэньне, вызначаючыся, паміж іншым, спэцыяльным тэрмінам: "белорусская резь" у тагачасных маскоўскіх докумэнтах [11]. Асобнай галіной зьяўляецца гравюра, вытворы якой у вялізнай колькасьці знаходзяцца ў нашых старадруках з віленскіх, магілеўскіх і іншых друкарань XVI - XVIII сталецьцяў [12].
Значны лік матар'ялаў можна знайсьці таксама і ў галіне ўжытковага мастацтва XVIІ - ХVIII ст. Ювэлірныя вырабы, гафты, тканіны, слуцкія паясы, урэчанскае шкло - усё гэта складае солідную групу мастацкіх вырабаў, досыць высокіх у тэхнічных адносінах і вельмі каштоўных у сэнсе выяўленьня цэлага шэрагу характэрных орнамэнтальных форм.
Нарэшце, апошняй галіной зьяўляецца чыста народнае, вясковае мастацтва з яго цікаўнай орнамэнтыкай у разьбярстве, ткацтве і гафтаваньні, разьвіцьцё якой цягнецца і да нашага часу.
Ужо адзін гэты кароткі пералік выразна паказвае тыя кірункі, у якіх трэба павесьці далейшыя шуканьні і, разам з тым, выяўляе ўсю шырыню пастаўленае проблемы, якую, зразумела, нельга вырашыць адразу. Бясспрэчна, нават самыя першыя досьледы ў даным напрамку ўжо павінны быць замкнуты ў межы якой-небудзь аднэй, строга вызначанай сыстэмы. Па нашай думцы, у першуго чаргу трэба высьветліць характар найбольш старадаўняга пэрыоду гістарычнага разьвіцьця мастацкіх форм на тэрыторыі Беларусі, каб адшукаць тыя асноўныя сувязі, у комплексе якіх зьявіліся і выявіліся першапачатковыя тыповыя рысы беларускай мастацкай манеры. На другім месцы трэба зьмясьціць вывучэньне хоць - бы самых асноўных момантаў у гісторыі архітэктуры, як тэй галіны мастацтва, якая грае найболей істотную ролю ў процэсе сформаваньня стылю і ў той-жа час зьяўляецца найболей монумэнтальнай. I толькі ўжо пасьля гэ-тай асноўнай працы можна закрануць таксама і іншыя галіны мастацкае творчасьці Беларусі, дзе шмат якія дэталі магчыма належным чынам тлумачыць і разумець толькі ў сьвятле тых ці іншых пэўных, раней устаноўленых і цьвёрда пагрунтаваных першапачатковых вывадаў.
Зразумела, усё гэта вымагае сыстэматычных і доўгіх студый. Але ў сучасны момант, калі з заснаваньнем сваіх навуковых устаноў для беларускай культуры адкрыліся, нарэшце, шырокія магчымасьці ў галіне сталых навуковых досьледаў, - мы маем, бясспрэчна, усе падставы, каб спадзявацца, што працу гэтую, ня гледзячы на вялізарнасьць яе і цяжкасьць, можна будзе з цягам часу давесьці да пажаданых вынікаў.

[1] Е.Г. Романов. Альбом художника Д. М. Струкова, как результат экспедиции по Сев. - Зап. краю в 1864 г. - "Записки. Сев.-Зап. отдела Русского Географического О-ва". Кн. З. Вильна, 1912. Стар. 237.
[2] Экcпедыцыя гэтая адбылася па маршруту: Дзьвінск, Праслаў, Краслаўка, Друя, Дрыса, Полацак, Віцебск, Ворша, Магілеў, Рагачэў, Бабруйск, Мазыр, Слуцак, Несьвіж, Менск, Маладэчна, Вільня, Ibedem, стар. 238.
[3] Ibidem, стар. 239.
[4] "Труды ІХ Археологческого С'езда в Вильне". Том І. М. 1895. Стар. 1-26.
[5] Артыкулы Паўлуцкага (Г. Павлуцкий): " Деревянное церковпое зодчество на Украине"; " Старинные деревянные синагоги в Малороссии"; "Каменное церковное зодчество на Украине" і Грабара (Игорь Грабарь): "Деревянное церковное зодчество Прикарпатской Руси".
[6] Wilna, eine vergessene Kunststätte. Von Professor Dr . Paul Weber/Jena. Wilna, 1917. Verlag der Zeitung der 10. Armee.
[7] Wilna - Minsk. Altertümer - und Kunstgewerbe - Führer durch die Ausstelung der Zeitung der 10 Armee. Bearbeitet von Uffz. Dr. Ippel. Wilna, 1918. Каталог минской областной выставки древностей и изящных изделий. Составил у - оф. Д-р Иппель. Минск. Печать и издание "Газеты 10 Армии".
[8] Ёсьць у двох перакладах: 1) Іппэль. Беларускае мастацтва. Пераклад з нямецкае мовы М. Байкова. "Вольны Сьцяг" № 1 (3), стар. 10 - 11. 2) Д-р Іппэль. Беларускае мастацтва. Пераклад з нямецкае мовы З. Гарбаўца і М. Касьпяровіча. Віцебск, 1925. Выд. Віц. Акруг. Т-ва Краязнаўства.
[9] Zur weissruthenischen Kunst, 94 - 95.
[10] Ibidem, 89
[11] Аб малярстве і разьбярстве гл. нашыя працы: "Матар'ялы да гісторыі беларускага малярства XVIII сталецьця" ў зборніку "Віцебшчына", выд. Віцебскага Акр. Т-ва Краязнаўства, Віцебск, 1925; " Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра" ў часоп. "Наш Край" № 1, Менск, 1925 г. і "Каталёг аддзелу старажытнага мастацтва 1-ай Усебеларускай Мастацкай Выстаўкі", Менск, 1926, з артыкуламі: " Беларускае малярства ў XVII і XVІII сталецьцях" і "Дэкорацыйнае і скульптурнае разьбярства XVIІ - ХVIII ст."
[12] Аб гравюрах мы пісалі ў " Нашым Краі" № 1 (4) 1926 г.: " Дрэварыты і орнамэнт у выданьнях Скарыны"; падрабязьней на тую самую тэму: "Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны" ў юбілейным зборніку ў памяць 400-лецьця беларускага друку, выд. Інстытуту Беларускае Культуры, Менск, 1926; апроч таго, гл. " Васіль Вашчанка - магілеўскі гравёр канца XVII - нач. XVІІI ст." у навуковым зборкіку Інстытуту Беларускае Культуры, выд. 1925 г., а таксама асобнымі адбіткамі: Менск, 1925.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX