Вярнуцца: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва

Разьдзел I


Аўтар: Шчакаціхін Мікола,
Дадана: 25-07-2012,
Крыніца: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва, Мінск, 1993.



Курганныя старажытнасьці Беларусі

1. Агульны характар беларускай курганнай культуры. Надворныя сувязі Беларусі ў кургановую эпоху і крыніцы чужаземных уплываў. Хронолёгія беларускіх архэолёгічных помнікаў.

Спэцыяльны гістарычна-мастацкі разгляд архэолёгічнага матар'ялу, знойдзенага ў межах этнографічнае Беларусі, мае ў адносінах да агульнае гісторыі беларускага мастацтва значэньне хутчэй дапаможнай, ніж асноўнай дасьледчай задачы. Не зьяўляючыся, зразумела, помнікамі беларускімі ў этнографічным сэнсе, а ў лепшым выпадку толькі помнікамі старадаўніх славянскіх продкаў пазьнейшага беларускага народу, і нават, далёка не заўсёды будучы продуктамі мясцовае вытворчасьці, курганныя старажытнасьці Беларусі, абмежаваныя да таго-ж у вузкай галіне дэкорацыйнага ювэлірнага мастацтва, ня маюць беспасрэднага дачыненьня да тых асноўных этапаў, якімі ўжо ў пазнейшыя часы ішло пасьлядоўнае разьвіцьцё мастацкіх форм Беларусі ў пэрыод яе гістарычнага існаваньня. На нашую думку, аднак, гэтыя старажытнасьці нельга ўсё-ж абмінуць бяз увагі ў справе гістарычна-мастацкага вывучэньня Беларусі. Ранейшая культурная гісторыя кожнае краіны заўсёды, бясспрэчна, кладзе свой пэўны адбітак і на далейшае культурнае яе разьвіцьцё, нават і ў тых выпадках, калі на працягу сталецьцяў неаднаразовыя зьмены, зьмяшэньні і чаргаваньні розных тыпаў культур зьяўляюцца вынікам адпаведных зьмен таксама і этнографічнага складу першапачатковага насельніцтва. Пры гэтых зьменах мае месца, часткова, і пэўнае злучэньне розных культурных элемэнтаў у тыя ці іншыя суполныя формы, і ў кожным выпадку ідзе паступовае аформленьне пэўных крыніц уплыву і ўтварэньне сталых надворных сувязяй, якія не пазбаўляюцца свайго значэньня і ў тыя часы, калі неаднастайная раней у сваім насельніцтве тэрыторыя адасабняецца нарэшцс ў самастойную і суцэльную па сваім этнографічным складзе адзінку.
Гэтыя меркаваньні маюць асабліва істотнае значэньне ў адносінах да тэрыторыі Беларусі. Яе дагістарычнае мінулае, далёка, праўда, яшчэ ня выяўленае ва ўсіх дэталях свайго складанага аблічча, ня гледзячы на досыць грунтоўныя архэолёгічныя досьледы, болей, быць можа, як дзе-небудзь у іншай краіне, складаецца з многалікіх напластаваньняў самых розных культурных элемэнтаў, пакінутых тут рознастайнымі групамі неаднальковага ў сваім этнографічным складзе першабытнага насельніцтва. Але ў гэтым конглёмэраце розных культур наглядаецца вядомая суцэльнасьць, што выдзяляе большую частку этнографічнае Беларусі (за выключэньнем паўднёвых яе раёнаў) у самастойную архэолёгічную групу, характарыстыка якой грунтуецца як на адзінстве асноўных форм пахавальнага рытуалу, так і на падабенстве асноўных тыпаў курганных знаходак [1]. На думку некаторых дасьледчыкаў, група гэтая можа лічыцца крывіцкай па асноўным складзе насельніцтва адпаведнае тэрыторыі, да якой павінны яшчэ быць далучаны наўгародзкая і растоўская краіны, заселеныя крывіцкімі колёнізатарамі [2]. У такім выпадку, прадметы гэтае групы і ў сэнсе этнографічным маюць вядомую сувязь з пазьнейшым беларускім народам, у складзе якога крывічы зьявіліся вельмі значнымі элемэнтам. Але гэта, зразумела, можа лічыцца і спрэчным, дый ня мае для нашае мэты, здаецца нам, асабліва важнага значэньня.
Адносна этнографічнага складу старадаўняга насельніцтва Беларусі ў сучаснай навуцы, як вядома, яшчэ няма канчальна ўсталяваных паглядаў. Вынікі архэолёгічных і мовазнаўчых досьледаў разышліся паміж сабой у дэталях, і толькі новыя матар'ялы, пакуль што яшчэ ня знойдзеныя, маглі-б зьявіцца належнаю падставаю для канчатковага і бясспрэчнага вырашэньня гэтае проблемы. Найболей пашыранай зьяўляецца думка аб першапачатковых літоўскіх элемэнтах у насельніцтве беларускас краіны і аб пазьнейшым прыходзе славянскіх плямён з паўночнага захаду; такога погляду трымаецца, напрыклад, акадэмік Карскі [3], у чым ён зыходзіцца з проф. Сьпіцыным, які вызначае, нават, між VI і VIII сталецьцямі асобны "літоўскі пэрыод" у беларускай архэолёгіі, у цягу якога, аднак, сустракаюцца ўжо і славянскія (крывіцкія) курганы, у сувязі з чым прыход славян у Беларусь дакладна ня можа быць датаваны [4]. Прыход гэты некаторыя аўтары адносілі да V - VI сталецьця нашае эры.
Самаквасаў адсоўвае яго да II сталецьця [5]. З другога боку, іншыя дасьледчыкі, як, напр. Шафарык, лічаць магчымым прыпусціць, што славянскія плямёны жылі тут і ў болей раньнюю эпоху, а Нідэрле яшчэ болей упэўнена кажа, што яшчэ ў ІI тысячалецьці да пачатку нашае эры славяны займалі тэрыторыю паміж Віслаю і Дняпром [6]. Такія істотна розныя прыпушчэньні патрабуюць, зразумела, уважлівага перагляду і вымагаюць пагрунтаваньня канчатковага вываду на пэўных бясспрэчных архэолёгічных фактах, якіх пакуль што мы яшчэ ня маем.
У адносінах да архэолёгічных знаходак на беларускай тэрыторыі застаецца, аднак, ужо і ў цяперашні час бясспрэчнай як прыналежнасьць іх да розных этнографічных груп насельніцтва, так і вядомая аднальковасьць, супольнасьць іх у гэтых розных групах. На думку Нідэрле, да IV - V сталецьця нельга нават адрозьніць наагул, што ўласна належыць сярод гэтых знаходак славянам, а што іншым этнографічным групам [7]. У пазьнейшыя часы літоўска-латыскія старажытнасьці часта зьліваюцца з славянскімі [8], інвэнтар смаленскіх, полацкіх і віленскіх крывіцкіх курганоў выяўляе блізкае падабенства да інвэнтару курганоў літоўскіх і да знаходак Люцынскага магільніку [9]. На падставе гэтага Сьпіцын лічыць, што да пачатку X сталецьця славяны ў Беларусі (крывічы) карысталіся прадметамі тэй-жа самай культуры, якая была ўласьціва латыскай галіне Літвы (тыпы Люцынскіх знаходак), і мела дапушчальную сувязь з уласна літоўскаю культураю VIIІ - ІX ст. [10] Апроч таго, тут ужываліся яшчэ і рэчы рымскага пахаджэньня [11], а з другой паловы X сталецьця, асабліва сярод смаленскіх крывічоў (Гнёздава), прывозныя прадметы скандынаўскага і ўсходняга характару. На думку Сьпіцына, самастойнае мастацкае творчасьці ў гэты час тут яшчэ ня было [12].
Усе гэтыя факты для пастаўленае намі мэты зьяўляюцца асабліва важнымі. Этнографічная розьніца, як бачым, ня грае да пэўнага моманту значнае ролі ў адносінах да характару інвэнтару ў большасці беларускіх курганоў, з ліку якіх толькі болей позьнія дрыгвіцкія пахаваньні паўднёвае часткі Беларусі маюць бліжэйшае дачыненне да валынскіх старажытнасьцяй, адыходзячы да іншае архэолёгічнае групы [13]. Большасьць беларускае тэрыторыі выяўляецца, як суцэльная культурная адзінка, дзе нават розныя плямёны падлягалі аднольковым надворным уплывам, прычым уплывы гэтыя ў розных этнографічных групах утваралі блізка падобныя формы матар'яльнае культуры. Культура гэтая, хоць і ня мае поўнае самастойнасьці ў сваёй аснове, але зьяўляецца сьцісла дапасаванай да пэўнае тэрыторыі, якая ў сваіх асноўных межах супадае з этнографічнай тэрыторыяй сучаснае Беларусі. Такім чынам, у чыста тэрыторыяльным сэнсе яна, бясспрэчна, можа быць выдзелена, як стара-беларуская, безадносна да этнографічпае сфэры свайго пашырэньня, сфэры рознастайнай у сваім складзе, дзе, аднак, як мы бачылі, значнае месца займалі і элемэнты славянскія. Вырабы, характэрныя для гэтае культуры, у большасьці зьяўляюцца, магчыма, прадметамі чужаземнага пахаджэньня; але гэта не пазбаўляе іх пэўнага значэньня ў справе схэматычнага высьвятленьня асноўных стылістычных момантаў, тыповых для дагістарычнага пэрыоду ў жыцьці беларускае тэрыторыі. З аднаго боку і самы выбар тых альбо іншых прывозных прадметаў пры досыць шырокім гандлі, і, значыцца, пры належнай магчымасьці гэтага выбару, вызначаўся, магчыма, ня толькі выпадковым прывозам чужаземнага тавару, але таксама і пэўнымі запатрабаваньнямі мясцовага побыту, у дапасаваньні да якога адны чужаземныя формы атрымлівалі перавагу над іншымі, і ўліваліся ў гэты побыт, маючы, пэўна, у далейшым вядомы ўплыў на разьвіцьцё свайго ўласнага стылю ў самастойным мастацтве. З другога боку, нельга, здаецца нам, катэгорычна зацьвярджаць, нібыта ў гэтую эпоху тут зусім ня было ніякай мясцовай вытворчасьці, так што на працягу сталецьцяў усе плямёны данае тэрыторыі карысталіся выключна прывознымі вырабамі. Папершае, для такога зацьверджаньня няма об'ектыўных падстаў, бо цяжка, зразумела, знайсьці належны крытэрыум, каб мець магчымасьць беспамылкова адрозьніваць выраб прывозны ад вырабу мясцовага, у выпадку калі гэты апошні зроблены ў тым самым характары і стылі, як першы, пры аднальковай тэхнічнай апрацоўцы. Падругое, сярод беларускіх знаходак трапляюцца рэчы, у дэталях якіх можна заўважыць не літаральнае падабенства, але вядомыя модыфікацыі чужаземных тыпаў. Патрэцяе, нарэшце, вядомы выпадкі знаходак на беларускай тэрыторыі спэцыяльных каменных формачак, прызначаных для адліўкі дэкорацыйных прадметаў [14]. Усё гэта прымушае думаць, што адначасна з ужываньнем прадметаў чужаземнага пахаджэньня тут існавалі таксама і мясцовыя вырабы, якія зьяўляліся часам беспасрэднымі перайманьнямі прывозных узораў, а часам пэўнаю іх пераапрацоўкаю, у аснове якой заставаліся, аднак, занесеныя з іншых краін чужаземныя стылістычныя формы. Паколькі ў абодвых выпадках ласьне гэтыя чужаземныя формы ўтваралі той грунт, з якога вынікаюць як адпаведныя асаблівасьці старадаўніх стылістычных тыпаў кургановага пэрыоду, так і некаторыя пазьнешыя дэталі ў галіне самастойнае творчасьці, - пастолькі, зразумела, адным з найболей важных пытаньняў зьяўляецца высьвятленьне асноўных крыніц гэтых форм, разам з тэй досыць складанай сыстэмай надворных сувязяй, якою вызначаўся характар адпаведных чужаземных уплываў на тыя ці іншыя групы насельніцтва Беларусі на працягу кургановае эпохі. Дакладнае і дэталёвае вырашэньне гэтага пытаньня ёсьць, бясспрэчна, адмым з чарговых заданьняў беларускае архэолёгічнае навукі, што вымагае яшчэ, аднак, досыць доўгіх і сыстэматычных досьледаў у мэтах адшуканьня патрэбнага для таго матар'ялу ў як-мага болей значнай паўнаце. У цяперашні час, на падставе ўжо вядомых архэолёгічных фактаў, можна пакуль што зрабіць толькі самыя агульныя, не дэталізаваныя вывады.
Асноўныя сувязі старадаўняе беларускае тэрыторыі з іншымі краінамі вызначаліся, перш за ўсё, тымі гандлёвымі шляхамі, якімі перасякалася гэтая тэрыторыя, далей ― абхватам і характарам яе ўласных гандлёвых зносін і, нарэшце, шляхамі колёнізацыйнага руху славянскіх плямён пры расьсяленьні іх у напрамку на ўсход і паўднёвы ўсход. Географічнае становішча Беларусі, у межах якой знаходзяцца вадападзелы паміж сыстэмамі Нёмну, Заходняе Дзьвіны, Дняпра і Волгі, з даўніх часоў зрабіла яе раздарожжам водных шляхоў, месцам, дзе зыходзіліся і злучаліся вадазборы Бальтыцкага, Чорнага і Касьпійскага мораў. Дзьвінская сыстэма, набліжаючыся да волскай, утварала злучальнае зьвяно на шляху з усходу на захад. Поперак ішоў так званы "вялікі водны шлях з варагаў у грэкі", пераходзячы з тэй-жа дзьвінскай сыстэмы, злучанай, апроч таго, з вадазборамі Чудзкага і Ільменскага вазёр, на сыстэму Дняпра. Болей дробныя водныя шляхі па прытоках злучалі паміж сабою асноўныя артэрыі. Усе гэтыя шляхі, досыць рана зрабіўшыся шляхамі асадніцкага руху і крыху пазней ― шляхамі гандлёвых сувязяй, здаўна стварылі для беларускае тэрыторыі шырокія магчымасьці сталых зносін з рознастайнымі краінамі і шырака раскрылі яе тым самым для розных, часта сплеценых між сабою і перакрыжаваных уплываў.
Але ня ўсе яны на працягу кургановае эпохі мелі адналькова важнае значэньне ў якасьці колёнізацыйных і транзітных гандлёвых шляхоў. Нельга, напрыклад, перавялічаць ролю "вялікага воднага шляху" (што заўважаецца часам у адпаведнай літаратуры), паколькі да X сталецьця ўключна яна далёка не зьяўляецца значнай. Будучы спачатку ў сваёй паўночнай частцы амаль што выключна шляхам руху норманскіх ("вараскіх") вайсковых і часткова гандлёвых дружын, шлях гэты мог занасіць да нас толькі зусім абмежаваны лік, агулам кажучы, досыць бедных скандзінаўскіх вырабаў [15], як, напрыклад, овальных, так званых "чашачных" фібул, ― і значна большую ролю ён адыграў, магчыма, у адваротным кірунку, г. зн. пры пераносе заходняэўропейскіх і ўсходніх прадметаў транзітам праз Беларусь у Скандынавію. Разьвіцьцё нормандзкага гандлю, якое пасілілася ў пазьнейшую эпоху, каля X сталецьця, у сэнсе ўплываў на беларускую тэрыторыю мела, відаць, крыху большае значэньне сваімі сувязямі па іншых сыстэмах, часткова дняпроўска-волскай. Што-ж датычыць паўднёвае часткі гэтага шляху, праз якую адбываліся зносіны з узьбярэжжам Чорнага мора і з Бізантыяй, дык на падставе архэолёгічных знаходак можна лічыць, што аж да XI сталецьця бізантыцкія вырабы і бізантыцкія стылістычныя формы даходзілі па сыстэме Дняпра ня далей, як да Кіеўшчыны і Чарнігаўшчыны, і толькі з гэтага часу пачалі паступова прасочвацца таксама і ў Беларусь [16]. У кургановых знаходках Беларусі прадметаў бізантыцкага характару зусім няма; у скарбах ― можна вызначыць толькі некаторыя рэдкія формы бранзалетаў. Большая частка беларускіх старажытнасьцяй, у тым ліку, нават, і тыя, якім некаторыя аўтары імкнуліся прыпісаць бізантыцкае пахаджэньне [17], у тыпах сваіх выяўляюць залежнасьць ад іншых культур і ў большасьці выпадкаў сьведчаць аб беспасрэднай сувязі з Усходам, бяз жадных сьлядоў бізантыцкае пераапрацоўкі ўсходніх першаўзораў, што выключае магчымасьць тлумачыць зьяўленьне іх у Беларусі праз пасярэдніцтва Бізантыі. Нават у тых паасобных выпадках, калі мы сустракаем рэчы, уласьцівыя таксама і бізантыцкім старажытнасьцям, - прадметы, знойдзеныя на беларускай тэрыторыі, па формах сваіх і дэталях значна бліжэй да ўсходніх знаходак, часткова, між іншым, да некаторых прадметаў з прыволскіх і тамбоўскіх магільнікаў, ніж да складаных бізантыцкіх аздоб, якія паходзячы, пэўна, ад аналёгічных усходніх узораў, звычайна выяўляюць, аднак, грунтоўныя ўхіленьні ад першапачатковых сваіх орыгіналаў. Гэта дазваляе лічыць магчымым, што нават пры пэўнай супольнасці асноўных першаўзораў як для Бізантыі, гэтак і для некаторых славянскіх краін (у тым ліку для Беларусі), існавалі розныя шляхі пашырэньня і ўплыву гэтых першаўзораў, прычым, калі першапачатковую крыніцу іх трэба шукаць або ў Пэрсіі або нават яшчэ далей, сярод вандроўных народаў Сярэдняе Азіі, ― дык першы шлях намячаецца праз Пэрсію і Сірыю ў Бізантыю, другі-ж, таксама праз Пэрсію, ― на поўнач, на ўзьбярэжжа Касьпійскага (а часам і Чорнага) мора, на Каўказ і ў Прывалоскія краіны, і ўжо адсюль, праз краіны, заселеныя фінскімі плямёнамі, у славянскія землі. Для Беларусі ў гэтых адносінах зьяўляліся, відаць, асабліва важнымі сувязі яе з Прываложжам і з Донам, з дзяржавамі Хазар і прывалоскіх балгар.
Гэтыя сувязі, пераважна, маглі быць завязаны па вызначаным намі вышэй заходня-ўсходнім водным шляху, з дапамогаю волакаў, якія злучалі сістэму Заходняе Дзьвіны і, часткова, Дняпра з сыстэмаю Волгі. Ласьне па гэтым шляху адбывалася славянская (галоўным чынам, крывіцкая) колёнізацыя ў напрамках на ўсход і паўднёвы ўсход, і гэтым-жа шляхам вяліся пазьней гандлёвыя зносіны з багатымі прывалоскімі землямі, і праз пасярэдніцтва іх з узьбярэжжам Касьпійскага мора, далей праз Каўказ і Пэрсію ― з Сярэдняй Азіяй, і нават з дальня-ўсходнімі краінамі, аж да Кітаю [18]. Пачатак гэтых зносін трэба, мабыць, аднесьці да VI-VII сталецьця. У кожным выпадку, паводле вестак Ібн-Хордабдэ ў "Кнізе шляхоў і дзяржаў", у другой палове IX сталецьця славяны вялі ўжо сыстэматычны і надзвычайна інтэнсыўны гандаль з усходнімі краінамі, пераважна з Ітылем, сталіцаю Хазарскае дзяржавы, а таксама з Дамаскам і Багдадам. Ёсьць падставы лічыць пры гэтым, што памянёныя ім гандляры паходзілі з наўгародзкіх славян ці наагул з славян крывічоў; аб'езьдзіўшы бліжэйшыя славянскія землі і назапасіўшы тут належныя тавары ― пераважна футры, а таксама некаторыя вырабы, магчыма, заходня ― эўропейскага пахаджэньня ― яны выпраўляліся ў далёкае падарожжа на ўсход, адкуль, у сваю чаргу, вывозілі прадметы раскошы: ароматы, каштоўныя каменьні, шаўковыя тканіны, нарэшце залатыя і сярэбраныя ювэлірныя вырабы [19]. Разам з славянскімі гандлярамі ў гэтым гандлі прымалі, напэўна, удзел таксама і норманы.
З разьвіцьцём усходняга гандлю ў абодвых кірунках па яго асноўным шляху, г. зп. і з захаду па ўсход, і з усходу на захад распачаўся сыстэматычны рух рознастайных прадметаў дэкорацыйнага мастацтва і разам з тым пераход адпаведных орнамэнтальных форм. Ва ўсходнім напрамку шляхам гандлю, а яшчэ раней, можа, шляхам колёнізацыі, славяны заносілі ў фінскія краіны прадметы заходняга вырабу, а часам, магчыма, і свае ўласныя іх варыянты, на што паказвае, напрыклад, амаль што поўная тоесамасьць некаторых знаходак у беларускіх і так званых "мяранскіх" магільніках. Уліваючыся ў шэраг мясцовых фінскіх вырабаў самастойнага, досыць грубога стылю, прадметы гэтыя рабіліся сярод іх узорамі болей складанай, тонкай і багатай дэкорацыймі формамі ювелірнае орнамэнтыкі, выклікаючы частыя перайманьні ў больш простай тэхніцы і ў болей грубым матар'яле. Так, напрыклад, сярод знаходак Мурамскага павету Уладзімерскае губ. мы сустракаем цэлы шэраг прадметаў, аналёгічных люцынскім і іншым беларускім знаходкам: падковападобныя фібулы з эмальлю, заходняга тыпу, овальныя чашачныя фібулы скандынаўскага пахаджэньня, нагрудныя ланцугі з праразнымі пласьцінкамі, аналёгічныя некаторым знаходкам паўночна-заходняе Беларусі (каля Дзьвінску). Адна з мяранскіх падвесак, грубая па тэхніцы, у выглядзе пяці сканных кружкоў у перайманьне ячэяк для пэрлаў [20], пры параўнаньні яе да падобнага-ж, але значна болей тонкага экзэмпляру з м. Рэбрыны ў Вэнгрыі [21] можа да вядомай ступені служыць, як паказьнік аднаго з магчьмых шляхоў пераходу пэўнага дэкорацыйнага тыпу ў мяранскія старажытнасьці. У пазьнейшы час, каля X сталецьця, таксама наглядаецца блізкае падабенства, напрыклад, паміж беларускімі і мяранскімі штампаванымі ці літымі круглымі падвескамі; характэрны орнамэнт мяранскіх падвесак, які складаецца з рознага тыпу розэтак, разводаў, пляценьня і, найболей часта, з падвойных віткоў [22], выяўляе амаль што поўную аналёгію да орнамэнту некаторых прадметаў з Гнёздава [23]; таксама мяранскія стылізаваныя фігуры арла [24] паўтараюць аналёгічныя фігуры з Гнёздава [25] і з Барысаўшчыны [26]. Частка мяранскіх прадметаў, пры гэтым, можа быць беспасрэдна смаленскага ці наагул прыдняпроўскага пахаджэньня, будучы перанесена шляхам гандлю ў басэйн Акі; другая-ж, як сьведчыць меней дакладная тэхніка выкананьня і ўжываньне ў якасьці матар'ялу нізкапробнага серабра ці нават бронзы, зьяўляецца ўжо мясцовым перайманьнем занесеных з захаду форм.
Зразумела, усе гэтыя суадносіны беларускае тэрыторыі з мяранскімі краінамі ня гралі асабліва важнае ролі ў процэсе аформленьня яе ўласнага культурнага аблічча, паколькі пераход як самых вырабаў, так і адпаведных тыпаў, адбываўся да пэўнага часу ў бок меней разьвітое культуры, г. зн. з захаду на ўсход. Для Беларусі шлях гэты набыў значэньне моцнае крыніцы ўплыву толькі тады, калі пашырэньне і ўзмацненьне гандлю зрабіла яго шляхам зносін ня толькі з фінскімі, але таксама і з болей далёкімі ўсходнімі краінамі, у якіх славяны знайшлі значна болей высокія формы матар'яльнае наагул і мастацкае ў прыватнасьці культуры, ніж тыя формы, якімі яны ўладалі да гэтага часу. Тады па гэтым шляху, ужо ў адваротным кірунку, з усходу на захад, разам з вышэйпамяненым намі масавым вывазам прадметаў раскошы, пачаў сыстэматычна цячы магутны струмень усходніх ювэлірных вырабаў. У масе агулына-ўсходніх прадметаў у пэўны момант, праз пасярэдніцтва Пэрсіі, адно з выдатных месц, між іншым, тут занялі арабска- сірыйскія тыпы аздоб, якія мы можам адзначыць, напрыклад, у шмат якіх прадметах з Гнёздаўскага магільніку; там-жа, мабыць, трэба шукаць крыніцу ўсяго таго багатага ў сваёй дэкорацыйнай складанасьці сканнага і філіграннага стылю, які спачатку здаецца нам такім нечаканым у беларускіх знаходках Юхнаўскага, Нэвельскага і Гнёздаўскага скарбаў, а таксама ў залатых прадметах, знойдзеных у пахаваньні каля вёскі Піліпкі на Горадзеншчыне [27]. Але тут не заўсёды, бясспрэчна, меў месца просты прывоз прадметаў ці літаральнае перайманьне іх у вырабах дапушчальнае мясцовае вытворчасьці. Цікаўным узорам пэўнае відазьмены ўсходніх дэкорацыйных форм у процэсе іх пераходу на тэрыторыю Беларусі зьяўллецца, напрыклад, гнездаўская капторга [28], аздобленая трыма рэльефнымі галоўкамі быкоў, замест тых конскіх галовак, што сустракаюцца, звычайна, ва ўсходніх капторгах; узор гэты досыць тыповы для славянскага варыянту ўсходняга стылю, дзе прынцып "зьвярынага орнамэнту" захаваны, але самым орнамэнтальным мотывам наданы новы зьмест, адпаведна тэй розьніцы агульных грамадзка-экономічных форм жыцьця, якая існавала паміж усходнімі вандроўнікамі і стала аселымі ўжо ў той час, занятымі земляробствам і жывёлагадоўляй славянскімі плямёнамі.
Трэба, аднак, зазначыць, што шлях гандлёвых зносін з усходам злучаў з ім, пераважна, усходнюю частку беларускае тэрыторыі, і, мабыць, ласьне Гнёздава зьяўлялася цэнтральным пунктам усходняга гандлю, таксама як і некаторых іншых гандлёвых опэрацый у зносінах з Скандынавіяй [29], а таксама, магчыма, з Валыньню, на што паказваюць некаторыя формы гнёздаўскіх завушніц і філігранных падвесак у выглядзе поўмесяца [30]. У іншых мясцовасьцях Беларусі, і асабліва ў старажытнасьцях болей раньніх часоў, сувязь з Усходам ня так прыкметна. Апроч таго, у кожным паасобным выпадку часам бывае цяжка дакладна вызначыць тыя шляхі, праз якія беларуская тэрыторыя атрымала той ці іншы тып прадмета ці даную орнамэнтальлую форму, бо яна мела, магчыма, і некаторыя іншыя сувязі, з дапамогаю якіх нават усходнія ў сваёй аснове формы маглі заносіцца ў Беларусь не беспасрэдна з усходу і нават задоўга яшчэ да пачатку правільных гандлёвых зносін з усходнімі краінамі. Галоўную ролю сярод іх гралі сувязі ў заходніх напрамках. Часткова яны адчуваюцца таксама і ў знаходках ўсходаяс Беларусі, дзе, ― напрыклад, шматлічнасьць перакрыжаваных у тым-жа Гнёздаве гандлёвых шляхоў стварала досыць складаную сыстэму рознастайных уплываў; як узор, тут можна зазначыць, напрыклад, некаторыя тыпы пражак; далей - плечавыя фібулы з падвеснымі ланцужкамі [31], блізкія па форме да апалёгічных прадметаў Люцынскага магільніку і зьвязаныя, магчыма, у сваім пахаджэньні з некаторымі тыпамі старажытнасьцяй Вэнгрыі (напрыклад, скарб з Апагіды) і праз іх ужо ― з антычнымі рымскімі формамі; нарэшце, адну з шматлічных гнёздаўскіх падвесак, якая рысункам сваім нагадвае антычную маску [32]. У іншых мясцох сярод беларускіх старажытнасьцяй можна наогул вызначыць шэраг рымскіх прадметаў і форм [33]: да ліку іх належаць, напрыклад, так званыя "арбалетныя" фібулы, сьпіральныя бранзалеты-налокатнікі, а таксама некаторыя тыпы пярсьцёнкаў і, магчыма, эмалевых падвесак. Шляхі, якімі заходзілі ўсе гэтыя тыпы ў Беларусь, можа, і немагчыма пакуль што вызначыць зусім дакладна; маглі тут граць ролю і заходнія гандлёвыя зносіны, ― зразумела не беспасрэдныя з Рымам, але з тымі ці іншымі з ліку яго эўропейскіх провінцый, ― або вандроўкі насьледнікаў рымскае культуры ― гэтак званых "барбарскіх" пляменьняў ― па абшарах Цэнтральнае і Усходняе Эўропы. Магчыма, у залежнасці ад апошняга некаторыя знойдзеныя ў Беларусі тыпы набліжаюцца якраз да цэнтральна ― эўропейскіх старажытнасьцяй, паказваючы або на чыста заходні напрамак сувязі, або праз Заходнюю Дзьвіну, з пасярэдніцтвам прыбальтыцкіх краін; другі шлях мог ісьці праз Вэнгрыю і Прыдунайскія землі, старажытнасьці якіх, хоць параўнальна яшчэ мала вядомыя, усё-ж у некаторых выпадках выяўляюць пэўнае падабенства да старажытнасьцяй Беларусі.
Тыя самыя шляхі, у асобных выпадках, побач з чыста заходнімі тыпамі прадметаў, часткова рымскага пахаджэньня, маглі занасіць на тэрыторыю Беларусі, яшчэ да пачатку яе самастойных гандлёвых зносін з усходам, тыя з ліку ўсходніх орнамэнтальных форм (зразумела, ня самых прадметаў), якія з даўніх яшчэ часоў былі запазычаны з Усходу ў рымскім ювэлірным мастацтве і праз яго пашырыліся па ўсіх яго эўропейскіх провінцыях; сярод іх можна паказаць, напрыклад, на ўсходнія орнамэнтальныя, так званыя "пэрскія" крыжы, якія сустракаюцца ў эмалевых вырабах, знойдзеных у Беларусі, а таксама на частую форму падвесак у выглядзе поўмесяцаў з апушчанымі да долу рагамі (паводле расійскай архэолёгічнай тэрмінолёгіі - "лунницы"). На гэтым шляху таксама былі магчымы, праўда ўскосныя ўжо, уплывы з боку арабска ― сірыйскага орнамэнтальнага стылю, паколькі і Захад у сваёй ювэлірнай вытворчасьці да пэўнай ступені зьяўляўся ад яго залежным, што рабіла магчымым для беларускае тэрыторыі атрымліваць сірыйскія формы ня толькі беспасрэдна з усходу, але таксама і з захаду ці з паўднёвага захаду. Некаторыя тыпы аздоб, напрыклад, ― асабліва шкляныя пацеркі і бранзалеты або характэрныя сірыйскія завушніцы ў выглядзе драцянога абручыка з нанізанымі на яго пацеркамі, ― часткова дазваляюць прасачыць шляхі такога падвойнага сірыйскага ўплыву як у бок Рыму, так і праз Пэрсію, Каўказ і Прывалоскія краіны, хоць, зразумела, у паасобных выпадках нельга вызначыць пэўна, якім уласна напрамкам тая ці іншая форма дасягала беларускіх абшараў. Так, напрыклад, памянёныя тыпы сірыйскіх завушніц сустракаюцца, як вядома, нават у Гішпаніі і ў іншых рымскіх провінцыях; з другога боку, аналёгічныя тыпы ўласьцівы таксама каўказскім і прывалоскім старажытнасьцям; адзначаючы існаваньне падобнага тыпу таксама і ў архэолёгічных знаходках на тэрыторыі Беларусі, мы, зразумела, ня можам устанавіць, якім ласьне шляхам ён быў занесены ў беларускія межы; абодва шляхі тут адналькова магчымы, - магчыма таксама і адначаснае пашырэньне аналёгічнага тыпу па двох паказаных напрамках. Для пэўнага часу наагул пераход прадметаў і форм сірыйскага пахаджэньня можа быць схэматычна прадстаўлены ў выглядзе нейкага сталага руху ў пэўным кальцы гандлёвых шляхоў, якія разыходзіліся з Сірыі ў процілеглых напрамках: на захад і паўночны захад - у Рым і Рымскія провінцыі, і ў той-жа час на ўсход і паўночны ўсход - праз Пэрсію і Каўказ да хазар і балгар, прычым гандлёвыя сувязі Бсларусі як з захадам, так і з усходам, уводзілі яе ў гэтае каль-цо, як адно з ліку злучальных звеньняў. Схэма гэтая, аднак, зьяўляецца, зразумела, правільнай толькі для пэўнага моманту, а не для ўсяго працягу кургановае эпохі ў Беларусі, дзе ў розныя часы пераважалі, напэўна, розныя напрамкі гандлю і дзе, апроч таго, як мы ўжо зазначалі, гралі вядомую ролю таксама і іншыя гандлёвыя шляхі.
Асаблівая перавага ласьне сірыйскіх форм у беларускіх архэолёгічных знаходках прыпадае на X сталецьцк (эпоха Гнёздава), якое, між іншым, адно і зьяўляецца дакладна датаваным момантам пэўнае стылістычнае зьявы ў беларускай дагісторыі. Датоўка іншых момантаў - спрэчна і не дазваляе ў належнай сыстэматычнасьці вызначыць пасьлядоўнасьць нават асноўных стылістычных змен. Можна прыняць асьцярожнуго хронолёгію Нідэрле, які нават і наагул для ўсіх усходня-славянскіх старажытнасьцяй прапануе падзел на да-гнёздаўскую і пасьлягнёздаўскую эпоху [34], выходзячы якраз з гэтага хронолёгічна азначанага тыпу культуры. Але такі падзел зьяўляецца, зразумела, занадта агульным і схэматычным; для болей-жа поўных і падрабязных хронолёгічных схэм, нават пры датаваньні курганоў, ня кажучы аб скарбах і выпадковых знаходках, у большасьці ўжо зусім няма дакладных крытэрыяў. Розьніца тыпаў пахаваньня, якая раней лічылася бясспрэчнай хронолёгічнай адзнакай, у цяперашні час амаль што цалкам страціла сваё значэньне [35], паколькі пазьнейшыя досьледы выявілі, што досыць часта ў адным і тым-жа магілыііку, які налсжыць цалкам да пэўнай эпохі, можна знайсьці самыя рознастайныя пахаваньні ад поўнага трупаспаленьня і да звычайнага трупапалажэныія [36]. Болей падстаў для хронологічнага азначэньня дае, часам, самы курганны інвэнтар; але для беларускіх курганоў, нават пры азначэньеі іх паводле вышэйпамянёнае схэмы Відэрле, у паасобных выпадках пытаныіе ўскладняецца тым, што самы працяг так званага кургановага пэрыоду ў Беларусі нельга вызначыць упоўне дакладна. Умоўна ён можа лічыцца скончаным з надыходам хрысьціянізацыі; але фактычна з прыняцьцем хрысьціянства звычай курганнага пахаваньня яшчэ ня зьнішчыўся канчаткова, і некаторыя курганы, бясспрэчна, належаць да болей позьняе, ужо хрысьціянскае эпохі. У сувязі з гэтым, пры датаваньні беларускіх курганоў зусім немагчыма карыстацца ў якасьці хронолёгічнага крытэрыю фактам прысутнасьці ці адсутнасьці ў курганным інвэнтары прадметаў, датычных хрысьціянскага культу; пры першапачатковай павярхоўнасьці і абмежаванасьці хрысьціянізацыі насельніцтва, у некаторых выпадках прадметаў гэтых можа і ня быць нават у позьніх пахаваньнях ужо хрысьціянскага часу; з другога боку, прысутнасьць іх таксама яшчэ не дае падстаў, каб пэўна адносіць даны курган да хрысьціянскай (пасьля- гнёздаўскай) эпохі, бо яшчэ і ў ранейшыя часы выпадкова занесеныя з захаду рэчы хрысьціянскага культу маглі ўжывацца, побач з іншымі аздобамі, проста з дэкорацыйнымі мэтамі ў агульнай масе рознастайных падвесак; такое зьявішча мы знаходзім, напрыклад, сярод мяранскіх старажытнасьцяй [37]; у Беларусі-ж якраз так павінны, мабыць, тлумачыцца некаторыя знаходкі рагачэўскага раёну, шматлічныя крыжыкі, знойдзеныя ў Драгічыне на Горадзеншчыне [38], і іншыя прадметы.
Найболей важнай хронолёгічнай адзнакай зьяўляюцца, бясспрэчна, монэты, знойдзеныя ў курганох ці ў скарбах, калі разам з імі мы маем тыя ці іншыя рэчы. У Беларусі найболей часта сустракаюцца монэты ўсходнія, як вынік асаблівае інтэнсыўнасьці ласьне ўсходняга гандлю; сярод іх можна вызначыць сасанідзкія, саманідзкія і куфічныя монэты за час з 823 па 1023 год, тыя-ж монэты ў Гнёздаўскім магільніку з 532 па 953 г,; у скарбах вядомы знаходкі антычных, грэцкіх і рымскіх монэт, а таксама хазарскіх VI сталецьця. Радзей трапляюцца монэты заходнія: нямецкія (да канца X сталецьця) і ангельска-саксонскія (да пачатку XI сталецьця). Найболей рэдкімі зьяўляюцца монэты кіеўскія і бізантыцкія, знаходкі якіх налічваюцца толькі адзінкамі. Усе гэтыя даныя, аднак, у кожным асобным выпадку даюць толькі terminus post quem, не вырашаючы пытаньня аб упоўне дакладным датаваньні тых ці іншых прадметаў, і толькі прыблізна вызначаючы тую хронолёгічную мяжу, не раней якой прадметы гэтыя могуць быць намі аднесены.
Для нашай мэты, - г. зн. пры гістарычна-мастацкім разглядзе курганных старажытнасьцяй Беларусі, - няпэўнасьць хронолёгічных дат у адносінах да паасобных прадметаў ці тыпаў, звужвае, зразумела, рамкі тых спэцыяльных задач, якія можна пры гэтым разглядзе паставіць. Аналізуючы паасобныя формы прадметаў, мы рэдка тут маем магчымасьць вызначыць іх генэтычную сувязь паміж сабой, і ў кожным разе, адносна большасьці з іх прымушаны адмаўляцца ад думкі аб іх разглядзе ў чыстагістарычным разрэзе, г. зн. у якасьці асобных этапаў пэўнае стылістычнае эволюцыі, нават калі разумець гэтую эволюцыю ня толькі як разьвіцьцё самастойнай вытворчасьці ў тым ці інщым формальным напрамку, але таксама як пасьлядоўную зьмену асобных стылістычных тыпаў у процэсе зьяўленьня іх з іншых краін на тэрыторыю Беларусі. Ласьне немагчымасьць высьвстліць бясспрэчную пасьлядоўнасць гэтых зьмен пазбаўляе нашыя паасобныя назіраньні сьцісла гістарычнага значэньня, асабліва ў адносінах да дэталяй гэтага процэсу, часта вельмі складаных з прычыны шырокае рознастайнасьці пабочных сувязяй і ўплываў. Праўда, тут можна зрабіць некаторыя агульныя заўвагі. Адносна орнамэнту, напрыклад, у некаторых выпадках можна зазначыць шляхі пераходу яго ад старадаўніх геомэтрычных рысункаў да болей позьніх органічных мотываў у сувязі з пашырэньнем усходніх уплываў і абумоўленым імі зьяўленьнем болей тонкіх у матар'яле і тэхніцы і болей дасканалых па вырабу ювэлірных прадметаў [39]. Але гэта не падмяняе, зразумела, поўнай гісторыі мастацкіх (дэкорацыйных наагул) форм данай эпохі, для пабудовы якой сучаснае становішча архэолёгічных досьледаў Беларусі, асабліва, як мы зазначылі, ў пытаньні хронолёгіі помнікаў, яшчэ не дае належных падстаў. Рэальна магчымым у цяперашні час зьяўляецца толькі зрабіць некаторую сістэматызацыю вядомага нам архэолёгічнага матар'ялу і пэўную клясыфікацыю яго па формальных і стылістычных адзнаках у межах кожнае асобнае групы прадметаў. Такую спробу мы і падаем у далейшым.

2. Орнамэнтыка нэолітычнае эпохі.

Першыя сьляды хоць яшчэ вельмі няўмелае і грубое, але ўсё-ж прымітыўна мастацкае апрацоўкі матар'ялу мы сустракаем у старажытнасьцях Беларусі (як і ў старажытнасьцях іншых краін) у канцы нэолітычнае эпохі. Узоры досыць аднастайнае орнамэнтыкі мы знаходзім у некаторых экзэмплярах неолітычных рагавых і каменных сякер. Вялікая сякера з ласінага рогу, якая была знойдзена ў мсьціслаўскім гарадзішчы і знаходзіцца цяпер у Віленскім музэі, апроч сваёй крыху нязвычайнай формы з вузкім закругленым абухом і шырокім, сымэтрычна адцятым з абодвых бакоў лязом, вызначаецца лінейнай орнамэнтыкай ляза, якая складаецца з трох разьмешчаных адзін над адным правільных шэрагаў ламанае лініі, з частковым пераходам у крыжовы рысунак. Іншы тып орнамэнтыкі, пры аналёгічнай форме, выяўляюць, часам, сярод каменных сякер так званыя "менскія кліны", якізі сустракаюцца пераважна на Меншчыне, адкуль, на думку Уварава, яны пашыраліся ў свой час па ўсёй Усходняй Эўропе [40]; падобна да вышэйпамянёнай мсьціслаўскай рагавой сякеры, у кожным з іх адрозьніваюцца дзьве неаднальковыя па форме і апрацоўцы часткі; адна з іх, утвараючы самае лязо, па форме сваёй заўсёды набліжаецца да овальнай і добра адшліфавана; другая, пры дапамозе якой сякера прымацоўвалася да драўлянае альбо рагавое ручкі, мае амаль што цыліндрычную форму, з меней дакладнаю апрацоўкаю; на некаторых экзэмплярах, пры гэтым, на лязох каля самага перахвату знаходзяцца рэльефныя орнамэнтальныя паяскі [41]. Далейшаю ступеньню разьвіцьця таго-ж самага тыпу можна лічыць прыгожа адшліфаваныя і орнамэытаваныя каменныя сякеры з сяла Бачэйкава на Лепельшчыне [42]; орнамэнт складаецца тут з двох плоскіх абручыкаў навакол абуха і дзіркі, і рэльефнага ўздоўжнага паяску, які з аднаго боку праходзіць па сярэдзіне ўсёй сякеры. Варта таксама ўвагі віленская нэолітычыая сякера з нэфрыту [43], орнамэнтаваная ва ўсю даўжыню суразьмерна пашыранымі ў шырокіх частках прадмету і звужанымі па канцох жалабкамі, паміж якіх застаюцца рэльефныя паяскі.
Больш рознастайнасьці форм дае орнамэнтыка ў выбарах нэолітычнае керамікі. Прымітыўная па тэхніцы, у выглядзе ўціснутага ў паверхню гліны, часта няправільнага рысунку па краёх начыньня, яна выяўляе, аднак, цэлы шэраг варыянтаў, якія па характары орнамэнту можна падзяліць на тры асноўныя групы. Першую з іх складаюць рысункі, скомпанаваныя з просталінейных элемэнтаў; прасьцейшы ўзор іх - гэта дзьве роўналежныя лініі, якімі абведзены край начыньня; той самы тып у болей складанай форме дае ламаныя лініі, у выглядзе шэрагу аднальковага памеру куткоў; далей ідуць рысункі, складзеныя з параўнальна кароткіх простых ліній ці нават з усім ужо кароткіх рысак: найболей пашыраны орнамэнт з шэрагу ўскосных, даўжынёй у 1-1,5 сант. ліній, нахіленых пад вуглом 50-60°; да гэтага орнамэнту, у якасьці другой роўналежнай крайкі, далучаюцца часам касыя крыжыкі, як у мсьціслаўскай сякеры; у некаторых варыянтах ускосныя лініі злучаюцца з вэртыкальнымі: рысункі з кароткіх рысак утвараюць завернутыя вяршынамі ўбок вуглы (орнамэнт, аналёгічны рысунку сучасных сялянскіх паяскоў, вядомаму пад назвай "капыдікі"), ордынарныя альбо падвойныя, у апошнім выпадку па схэме зігзагападобнай лініі; цікаўным варыянтам зьяўляецца рысунак з вэртыкальных рысак, разьмешчаных асобнымі групкамі, па 10-12 у кожнай, у тры шэрагі. Другая група мае ў сабе орнамэнты з просталінейных геомэтрычных фігур; па колькасьці рысункаў яна далёка меней значная; з іх ліку можна паказаць аздобы з трыкутнікаў, ускосных ромбаў розных памераў і простакутнікаў у горызонтальным палажэньні; найчасьцей фігуры гэтыя, ідучы адна за аднэй, робяць крайкі, складзеныя з трох шэрагаў; у асобных выпадках асабліва выцягнутыя ромбы разьмяшчаюцца ў адзін шэраг, аналёгічна орнамэнту з ускосных ліній. Нарэшце, апошнюю групу складаюць крывалінейныя рысункі; орнамэнтыка гэтага тыпу, найболей рэдкая, заўважана намі ў выглядзе хваляпадобнае лініі, у формах кружкоў, ці нават маленькіх круглых кропак, якія часам злучаюцца па тры, зыходзячыся сваімі краямі і разьмяшчаючыся па аднэй простай нахіленай лініі, далей у выглядзс выцягнутых з завостранымі канцамі эліпсаў і, урэшце, у форме сярпоў ці поўмесяцаў [44].
Варта ўвагі, што ўсе гэтыя формы беларускага нэолітычнага орнамэнту, які пераважна, як бачым, мае просталінейны характар, знаходзяць сабе досыць блізкія аналогіі ў помніках скандынаўскага нэоліту і ў прыбальтыцкіх старажытнасьцях ужо пазьнейшае архэолёгічнае эпохі [45], - у той час як у болей позьніх знаходках на тэрыторыі Беларусі пераважаюць акруглыя орнамэнтальныя формы, крывалінейныя мотывы і віткі. Таксама аналёгічныя паказаным намі вышэй тыпы сякер сустракаюцца сярод нэолітычных знаходак Фінляндыі і ў швэдзкіх старажытнасьцях першага пэрыоду бронзавае эпохі [46]. Факты гэтыя магчыма, дазваляюць зрабіць дапушчэньне, што ў гэты час ужо існавала нейкая сувязь паміж тэрыторыяй Беларусі і Скандынавіяй, хутчэй за ўсё праз пасрэдніцтва Прыбальтыцкіх краін.

3. Эмалёвыя вырабы VI-VIII сталецьцяў.

Сярод пазьнейшых курганных знаходак Беларусі ў першую чаргу трэба выдзеліць у паасобную групу тыя найбольш старадаўнія бронзавыя прадметы, аздобленыя выемчатай эмальлю, якія на думку А. Сьпіцына належаць да ліку прадметаў літоўскае культуры, і, значыцца, павінны быць датаваны VI-VIII сталецьцем [47]. Прадметы гэтыя ў досыць значнай колькасьці трапляюцца па Прыпяці і Нёмну, таксама на Віленшчыне і Барысаўшчыне і характарызуюцца сваім уласным, асаблівым стылем, які не знаходзіць сабе аналёгій у іншых беларускіх старажытнасьцях.
З іх ліку аднымі з найболей цікаўных зьяўляюцца падвескі, знойдзеныя ў курганох каля вёскі Мяжаны Сьвянцянскага павету на Віленшчыне [48]. Адна з іх складаецца з поўкруглага бронзавага сэгмэнту, па хордзе якога, па канцох і ў сярэдзіне разьмешчаны невялічкія кружкі; да гэтых кружкоў прыстаўлены тры роўнабочныя трыкутнікі з зьлітымі разам вугламі; паміж кружкоў праходзяць бронзавыя стрыжні ламанае формы, а ніжэй іх - два трыкутнікі з увагнутымі бакамі; аналёгічны ламаны стрыжань ідзе пасярод сэгмэнту да асяродкавага кружка, самы-ж сэгмэнт, у сваю чаргу, запаўняюць два няправільныя трыкутнікі; пасярод дугі сэгмэнту знаходзіцца маленькае вушка. Усе тры кружкі, а таксама чатыры нутраныя трыкутнікі маюць аздобы з выемчатай эмалі чырвонага колеру; апроч таго, асяродкі кружкоў адзначаны кропкамі з белай эмалі, прычым апошняя зьмяшчаецца не ў самастойных гнёздах, але проста ў паглыбленьнях, выціснутых у чырвонай эмалі.
Другая падвеска агульнай формай падобна да першай, але адрозьніваецца ад яе ў дэталях. Асновай яе зьяўляецца таксама сэгмэнт, толькі не праразны, а ўсьцяжны, цалком заліты эмальлю чырвонага колеру ў аднэй палове і зялёнага - у другой; у дольняй частцы гэты сэгмэнт пераходзіць у тры пастаўленыя побач крыжы з пашыранымі канцамі, у форме звычайных так званых "пэрскіх" орнамэнтальных крыжоў, якія, на нашую думку, лепей, можа, зваць проста "ўсходнімі"; сваімі дольнімі канцамі крыжы гэтыя зьліваюцца ў адну вузкую пласьцінку; асяродкі-ж іх маюць невялічкія чатырохкутныя паглыбленьні, якія першапачаткова былі запоўнены эмальлю.
Трэцяя мяжанская падвеска па форме сваёй значна прасьцей за дзьве першыя; яна складаецца з двох "усходніх" крыжоў, злучаных трыкутнай пласьцінкай, якая пераходзіць у вушка, прычым асяродкавыя акружыны крыжоў заліты зялёнай і чырвонай эмальлю. Нарэшце, чацьвертая падвеска, хоць і зусім ня мае эмалі, але таксама можа быць аднесена да тае-ж стылістычнае катэгорыі: яна мае форму ажурнага крыжа аналёгічнае да папярэдніх формы, з вушкам замест аднаго з канцоў і рэльефнымі орнамэнтальнымі галачкамі па асяродкавай акружыне.
Апроч мяжанскіх знаходак, значны лік эмалёвых вырабаў вядомы нам па зборах Віленскага Музэю, куды яны трапілі з розных мясцовасьцяй Беларусі, часткова з м. Чырвоны Бор Барысаўскае акругі [49]. З ліку паасобных абломкаў асаблівае ўвагі варты тут аздобленыя эмальлю ажурныя бронзавыя кружкі, якія служылі ў якасьці пражак, прызначаных для злучэньня вузснькіх сярэбраных абручоў, а часам і болей шырокіх, аздобленых выціснутым ("пуклёным") орнамэнтам блях, як гэта мы бачым, напрыклад, у знойдзеных К. Тышкевічам невядомага прызначэньня прадметах [50]. Кружкі гэтыя, простага, але прыгожага рысунку, блізка нагадваюць як па формах сваіх, гэтак і па выкананьні, некаторыя з мяжанскіх падвесак. Так, напрыклад, адзін з іх аздоблены такімі самымі ламанымі стрыжнямі і невялічкімі эмалевымі кружкамі, як першая адзначаная намі падвеска; два стрыжні і пяць кружкоў разьмешчаны тут накрыж сярод асноўнага вялікага кружка, прычым тры з іх, таксама як і ў мяжанскай падвесцы, запоўнены чырвонай эмальлю з белымі кропкамі ў асяродках, а два астатнія - эмальлю блакітнага колеру з чырвонымі кропкамі; тэхніка выкананьня зусім аднальковая. У іншых выпадках такія-ж кружкі маюць у сярэдзінах эмалёвыя орнамэнтальныя крыжы чырвонага колеру; у некаторых экзэмплярах канцы гэтых крыжоў пашыраны і зьліты, так што пасярод вялікага кружка як-быццам утвараецца другі, концэнтрычыы першаму меншы кружок з чатырма акруглымі дзюркамі.
Падобныя-ж формы ажурных кружкоў, разам з адасобненымі орнамэнтальнымі крыжамі, а таксам з іншымі мотывамі, мы сустракаем у вялікіх невядомага прызначэньня ланцугох, узоры якіх знаходзяцца ў Віленскім [51] і Магілеўскім музэях, прычым першы з іх быў ужо не адзін раз апісаны і шырака вядомы ў архэолёгічнай літаратуры пад спрэчнаю назваю "віленскае аброці" [52]. Адзін з гэтых ланцугоў мае ў складзе сваім шэраг масыўных бронзавых зьвеньняў у форме праразных кружкоў, даўгіх стрыжняў з насаджанымі на іх кружкамі і орнамэнтальных крыжоў з вушкамі, багата запоўненых чырвонай эмальлю, прычым з аднаго канца да яго далучаны дзьве шырокія пласьцінчатыя падвескі з ліставое бронзы, аздобленыя "пуклёным" орнамэнтам з сфэрычных сэгмэнтаў, кружкоў і простых ліній у розных геомэтрычных фігурах. У другім ланцугу (які, магчыма, не зьяўляецца асобным прадметам, а толькі часткаю першага) уся сярэдзіна складаецца з шэрагу масыўных эмалёвых крыжоў, да якіх далучаны лёгкія, часткова таксама аздобленыя эмальлю падвескі ў выглядзе поўмесяцаў з маленькімі драцянымі падвойнымі сьпіралямі па канцох.
Усе гэтыя прадметы, да ліку якіх можна далучыць яшчэ і некалькі бронзавых пражкападобных фібул з аздобленымі эмалямі асяродкамі і канцамі [53], ствараючы ў курганавых старажытнасьцях Беларусі зусім адасобненую ў тэхнічным і стылістычным сэнсе групу, зьяўляюцца ў той-жа час узорамі досыць значна пашыраных ва ўсходня-славянскіх і некаторых усходніх краінах вырабаў з выемчатай эмальлю таго асобнага тыпу, які сустракаецца ў шырокім раёне паміж Бальтыцкім узьбярэжжам, Волгай, Каўказам, узьбярэжжам Чорнага мора і нізавінамі Віслы. Тып гэты Сьпіцын умоўна вызначае назваю "аланскія эмалі", ставячы яго ў залежнасьць ад эмаляй рымскіх, як вынік пэўнае пераапрацоўкі рымскіх форм з утварэньнем сваіх уласных стылістычных прыёмаў; але і сам ён зазначае, што тэрмін гэты зьяўляецца чыста выпадковым і прапануецца толькі дзеля пэўнай выгоды, паколькі вырабы гэтага тыпу ў аднолькавай меры сустракаюцца і сярод старажытнасьцяй прыдняпроўскіх славян, і ў курганох наднёманскіх літоўцаў і прыокскіх фінаў, у той-жа час, хутчэй за ўсё, не належачы ані да воднага з гэтых народаў [54]. Што-ж датычыць пытаньня аб беспасрэдным пахаджэньні гэтага тыпу, дый самых вырабаў, - дык да сучаснага моманту яно зьяўляецца нявысьветленым і спрэчным. У архэолёгічнай літаратуры па гэтым пытаньні існуюць розныя пагляды, пакуль што між сабою ня ўзгодненыя. Так, напрыклад, Сьпіцын, не настойваючы на абавязкова аланскім іх пахаджэньні, зазначаў спачатку, што даны тып выемчатае эмалі невядомы ў Заходняй Эўропе, за выключэньнем Усходняе Прусіі, і што ён зьяўляецца продуктам мясцовае вытворчасьці ў межах вызначанага ім, праўда, даволі шырокага раёну [55]; у апошнія часы, аднак, ён, відаць, ужо крыху зьмяніў свой пункт гледжаньня і дапушчае магчымасьць заходняга пахаджэньня эмалёвых вырабаў гэтага тыпу [56], прычым ён ужо не адрозьнівае яго ад гэтак званых "барбарскіх" эмаляй з Прыбальтыцкіх краін, якія раней ён лічыў быццам пераходнымі ад рымскіх да аланскіх [57], і, апроч таго, далучае эмалевыя знаходкі Беларусі да ліку прадметаў літоўскае культуры.
Іншых паглядаў трымаецца Aspelin; на яго думку, вырабы з выемчатай эмальлю ў славянскіх, літоўскіх і фінскіх краінах зьяўляюцца вьнікам пэўнага ўплыву з боку гоцкае індустрыі, і з гэтай прычыны яны датуюцца ім крыху болей раньнім часам, ніж гэта робіць Сьпіцын, а ласьне III-IV сталецьцем, г. зн. эпохай, калі готы яшчэ ня былі адсунуты на захад прыходам славянскіх плямён [58].
Меней упэўнена і значна болей асьцярожна выказваюцца па гэтым пытаньні Кандакоў і Талстой, пакідаючы яго без канчатковага вырашэньня: у самай тэхніцы выемчатае эмалі яны хацелі-б бачыць нейкі паўночны адменьнік паўднёва-эўропейскага, г. зн. у аснове сваёй бізантыцкага эмалёвага майстэрства [59]; але цэлы шэраг стылістычных асаблівасьцяй прымушае іх некалькі няясна пасылацца на пэўны ўсходні ўплыў, з зазначэньнем, аднак, што калі ўсходняе нахаджэньне падвесак у форме поўмесяцаў і орнамэнтальнае формы крыжоў і зусім бясспрэчна, дык усё-ж пытаньне аб пераходзе гэтых форм з Азіі ў Эўропу складае спэцыяльную і вельмі складаную архэолёгічную тэму [60]. Гэтую тэорыю аб усходнім пахаджэньні орнамэнтальных мотываў нашых эмаляй часткова падтрымлівае таксама Пакроўскі [61], падмацоўваючы яе досыць няўдалымі пасылкамі на старадаўнія малюнкі коньнікаў на сасанідзкіх сярэбраных блюдах [62]. Апроч таго, аднак, аўтары "Русских древностей" зварочваюць таксама асаблівую ўвагу і на тое, што месцам масавых знаходак гэтых эмаляй зьяўляецца, галоўным чынам, Віленшчына, а часткова - старадаўняя Полацкая зямля, і зазначаюць, што, разам з вядомай орыгінальнасьцю і нязвычайнасьцю самых форм, гэта можа да пэўнай ступені быць паказаньнем на нейкае, магчыма і "самабытнае зьявішча раньняй усходня-славянскай культуры", прычым самы "факт ужываньня эмалі ў вырабах гэтай культуры ў самым корані мяняе ранейшыя пагляды на пахаджэньне, разьвіцьцё і асноўнае значэньне самых важных тыпаў старадаўняга народнага, або так званага барбарскага мастацтва Эўропы" [63].
Зразумела, што і пры такой пастаноўцы пытаньня яго зусім нельга лічыць бясспрэчна разьвязаным, бо як ва ўсіх іншых тэорыях, гэтак сама і тут, у вырашэньні яго, за адсутнасьцю об'ектыўных падстаў, няўхільна застаецца значная доля гіпотэтычнасьці. З свайго боку, аднак, мы хацелі-б зрабіць наступныя ўвагі. Найменей пагрунтаваным, на нашую думку, зьяўляецца пагляд Aspelin'a; папершае, калі прымаць пад увагу характар усіх тых прадметаў, якія трапляюцца ў архэолёгічных знаходках адначасна з эмалёвымі вырабамі, дык вельмі цяжка дапусьціць магчымасьць належнасьці іх да III-IV сталецьця; падругое, ня толькі ў тэхніцы сваёй, але таксама і ў формах, вырабы гэтыя фактычна ня маюць нічога супольнага з тыповымі гоцкімі шклянымі інкрустацыямі і не маглі з іх паходзіць, што заўважана і Сьпіцыным [64], асабліва, паколькі рэчы апошняга тыпу сустракаюцца пераважна ў паўднёвай Украіне і па берагох Дунаю, не заходзячы на поўнач далей Кіева і Нежына [65]. Што датычыць "аланскай" тэорыі Сьпіцына, дык і сам ён, як мы зазначалі, прапануе яе выключна ў якасьці ўмоўнае тэрмінолёгіі для азначэньня пэўнага тыпу эмалёвых вырабаў, тут-жа падкрэсьліваючы, што ён зусім не настойвае на гэтай тэорыі і з ахвотай адмовіцца ад яе на карысьць іншага, болей праўдападобнага дапушчэныія [66]. Пры гэтым, нават, і той фактычны матар'ял, які апублікаваў сам Сьпіцын, ужо супярэчыць яго паглядам; ён сам зазначае, што калі даны тып выемчатае эмалі запраўды належыць аланам, дык ён павінен у значнай колькасьці ўзораў сустракацца на паўночным Каўказе, як у адным з галоўных аланскіх асяродкаў, дзе ў тыя часы яшчэ захоўвалася, нават, політычная самастойнасьць гэтага народу; на справе-ж, аднак, знаходкі эмаляй "аланскага" тыпу на Каўказе зьяўляюцца далёка ня Значнымі [67], і перавага застаецца за басэйнамі Нёмну і Акі. Такім чынам, якое-б ні было пахаджэньне форм, але выраб самых прадметаў або трэба аднесьці ласьне да гэтых прынёманскіх і прыокскіх мясцовасьцяй, або да якіх-небудзь іншых, ужо не аланскіх краін; згодна навейшых паглядаў таго- ж Сьпіцына - да Заходняй Эўропы, часткова Вэнэцыі [68]. На нашую думку, болей грунту мае першае дапушчэньне, хаця ў самых формах тут мог адбіцца і заходня-эўропейскі ўплыў з боку так званых "барбарскіх" пераапрацовак рымскіх ювэлірных вырабаў. У апошнім можна згадзідца з Кандаковым і Талстым, ня прымаючы, аднак, іх набліжэньняў да бізантыцкіх эмалёвых вырабаў, з якімі нашыя выемчатыя эмалі ня маюць нічога супольнага, і ня лічачы асабліва складаным пытаньне аб пахаджэньні ўсходніх орнамэнтальных мотываў - поўмесяцаў і орнамэнтальных крыжоў. Мотывы гэтыя, здаўна значна пашыраныя, маглі зьявіцца ў нашых эмалях у выніках і не беспасрэднага ўсходняга ўплыву, а з тых-жа заходніх крыніц. З другога боку, некаторыя іншыя формы, як напрыклад, ажурныя кружкі Віленскага Музэю або сэгмэптападобныя абрысы мяжанскіх падвесак, цяжка ўжо вытлумачыць як-небудзь інакш, як толькі заходнім уплывам; для прыкладу можна зазначыць, што першыя досыць блізка нагадваюць некаторыя ажурныя бронзы V-VI ст. з Рэйнскае даліны [69], у якіх, між іншым, рысунак складанае свастыкі, упісанае ў круг, выразна набліжаецца да рысунку крыжа з вілападобна падзеленымі канцамі, які мы бачым у беларускіх знаходках; мяжанскія-ж падвескі па формах сваіх маюць шмат супольнага з падвескамі III-IV сталецьця з Somme -Bionne (Marne, Францыя), дзе досыць часта сустракаецца мотыў поўкруглае бронзавае пласьцінкі, якая пераходзіць на доле ў тры аднальковыя адасобныя дадаткі [70].
Што датычыць пытаньня аб месцы вырабу самых прадметаў данага тыпу, дык пэўныя падставы для больш-менш праўдападобных гіпотэз тут можа даць разгляд вядомага архэолёгічнага матар'ялу па паасобных раёнах. Сьпіцын вызначае восем такіх раёнаў: прыбальтыцкі, нёманскі, прускі, дняпроўскі, окскі, данскі, каўкаскі і раён чорнаморскага ўзьбярэжжа [71]; лік знаходак, аднак, ва ўсіх гэтых раёнах далёка не аднолькавы: сыстэматычна і ў значным ліку эмалёвыя вырабы трапляюцца толькі ў трох з іх - нёманскім, окскім і дняпроўскім - у той час як у індых раёнах знаходкі выемчатых эмаляй маюць больш выпадковы і адзінкавы характар. Нёманскі раён па колькасці і рознастайнасьці эмалёвых вырабаў зьяўляецца найболей багатым і цікаўным, прычым ён ахапляе досыць шырокую краіну паміж Нёмнам і Заходняй Дзьвіной; нязначны лік знаходак паходзіць тут з літоўскае тэрыторыі, большасьць-жа - з кургановых пахаваньняў Віленшчыны, Віцебшчьны і Меншчыны [72]. У раёне Акі значная большасьць эмалёвых вырабаў знойдзена сярод прадметаў Машчынскага гарадзішча ў Масальскім павеце Калускае губэрні [73], г. зн. на самай мяжы сучаснае этнографічнае Беларусі, прычым у іншых частках раёну трапляюцца толькі адзінкі, магчыма, занесеныя з гэтага асяродку. Нарэшце, дняпройскі раён мае найлепшыя выемчатыя эмалі сярод прадметаў мяжыгорскага скарбу і наагул з Кіеўскае акругі [74].
На нашую думку, пералічаныя тры раёны адны толькі і павінны лічыцца месцамі пераважнага вырабу такіх прадметаў, прычым, аднак, варта ўвагі, што кожны з іх мае свае ўласьцівасьці і асаблівасьці ў самых іх формах. Нёманскі раён, г. зн. амаль што выключна рэчы з беларускіх знаходак, дае найбольшую рознастайнасьць тыпаў і часта найлепшыя па тэхніцы вырабы; толькі тут, між іншым, сустракаюцца розныя ўзоры ажурных кружкоў, а таксама формы, характэрныя для мяжанскіх падвесак, якія ў іншых раёнах значна меней дакладны і робяць уражаньне досыць грубых перайманьняў. Знаходкі Машчынскага гарадзішча ў некаторых выпадках зьвязаны з нёманскімі тыпамі, але, апроч таго, для іх хактэрны трыкутныя ажурныя фібулы, магчыма - позьня-гоцкага тыпу, якія сустракаюцца таксама і ў раёне дняпроўскім. Супольнымі для ўсіх трох раёнаў, пры найбольшай, аднак, пашыранасьці толькі ў двох апошніх, зьяўляюцца маленькія падвескі ў выглядзе трыкутных пласьцінак з крыжыкамі па канцох, прадстаўленыя ў нёманскім раёне аднэй з мяжанскіх знаходак. Апошняя форма знаходзіць сабе некаторыя аналёгіі сярод каўкаскіх прадметаў [75] і мае, магчыма, усходняе пахаджэньне, чым і тлумачыцца большая пашыранасьць яе ў раёнах дняпроўскім і окскім, ніж у нёманскім. Што-ж датычыць іншых, паказаных намі вышэй, орнамэнтальных тыпаў, аналёгіі да якіх мы знаходзілі ў старажытнасьцях Сярэдняе Эўропы, дык гэтыя тыпы, наадварот, хутчэй за усё маглі ісьці з Захаду і ў першую чаргу зьяўляцца ў раёне нёманскім, г. зн. у Беларусі, адкуль шляхам далейшага пашырэньня яны маглі ўжо заходзіць на верхавіны Акі, а таксама ісьці на поўдзень па плыні Дняпра.

4. Нашыйныя аздобы: грыўні з падвескамі

У процілегласьць апісаным намі ў папярэднім разьдзеле эмалям, болей зьвязаным з сярэдня-эўропейскімі, ніж з бліжэйшымі прыбальтыцкімі тыпамі, большая частка пазнейшых беларускіх кургановых прадметаў у шмат якіх адносінах набліжаецца да старажытнасьцяй Прыбальтыкі, у агульных рысах часта складаючы разам з імі нейкую адзіную архэолёгічную групу, прычым у рэчах гэтае групы характэрныя адзнакі ласьне беларускіх знаходак можна вызначыць, - і то не заўсёды, - толькі ў некаторых дробных стылістычных дэталях. Як вядома, большасьць гэтых прадметаў належыць да ліку так званых "асабовых аздоб", г. зн. дробных прадметаў пераважна жаночага ўбору; болей значныя па сваіх памерах нашыйныя і галаўныя аздобы, з дакладнаю апрацоўкай і орнамэнтыкай, сустракаюцца ўжо радзей, хоць ласьне яны і найболей цікаўны з стылістычнага боку. Пры гэтым варта ўвагі, што лік звычайных жаночых аздоб сярод курганных знаходак Беларусі, агулам кажучы, усё павялічваецца ў меры набліжэньня да ўзьбярэжжа Бальтыцкага мора, так што найбольшы іх лік прыпадае, галоўным чынам, на курганы і магільнікі паўночна-заходняе Віцебшчыны (г. зв. "Інфлянты"), у той час як у цэнтральных беларускіх акругах колькасьць іх зьяўляецца значна болей абмежаванай.
Першае месца сярод гэтых прадметаў як па рознастайнасьці форм, так і па агульнай пашыранасьці, займаюць бронзавыя і, часткова, сярэбраныя грыўні, ужываныя ў якасьці нашыйных, галаўных і паясных аздоб. Некаторыя тыпы іх, - пэўна, найболей старыя, - у стылістычных адносінах усходзяць часамі ў апрацоўцы сваіх дэталяй да эмалёвых прадметаў, з якімі іх да вядомай ступені яднае таксама і падабенства тэхнікі. Як адзін з найлепшых прыкладаў тут можна назваць бронзавы нашыйны абруч, знойдзены на самай мяжы Беларусі - у Таўрогене Ковенскае губ. [76]; ён складаецца з трох круглых масыўных дратоў, якія зьвіты накшталт перавясла і пераходзяць па канцох у чатырохкантовыя стрыжні, загнутыя масыўнымі кольцамі [77]; да апошніх прымацаваны два маленькія абручыкі з тонкага дроту, пры дапамозе якіх да грыўні далучаліся розныя дэкорацыйныя падвескі; дзьве з іх, якія захаваліся да цяперашняга часу толькі ў відзе абломкаў, былі падвешаны беспасрэдна да гэтых абручыкаў; другія-ж дзьве, у выглядзе ажурных зорак, знаходзяцца на асобным большых памераў абручы, сагнутым з тонкага дроту ў форме празрыстага поўмесяца ў дольняй сваёй частцы. Між іншым, Еўст. Тышкевіч прыводзіць малюнак гэтага самага прадмету ў яшчэ не запсаваным выглядзе [78], з якога відаць, што абламаныя цяпер падвескі складаліся з тонкіх бронзавых пласьцінак трапэзаідальнае формы і былі аздоблены пуклёным орнамэнтам, вельмі блізкім да орнамэнту вышэйапісаных намі сярэбраных блях Віленскага Музэю або падвесак віленскага і магілеўскага эмалёвых ланцугоў.
Варта ўвагі, што такая композыцыя нашыйнае аздобы ня мае поўных аналёгій сярод прыбальтыцкіх і скандынаўскіх знаходак, апроч, можа, толькі зоркападобных падвесак, якія крыху нагадваюць адну з падвесак эстонскага музэю, а таксама некаторыя падобныя-ж экзэмпляры з ліфляндзскіх раскопак 1875 г. [79] Затое, сярод знаходак ужо памянёнага намі вышэй Машчынскага гарадзішча, побач з эмалёвымі прадметамі, быў знойдзены нашыйны абруч зусім аналёгічнае формы, толькі з страчанымі падвескамі [80]. Знаходка гэтая, магчыма, і не выпадкова ў агульнай сувязі з эмалевымі вырабамі, паколькі зоркападобныя падвескі таўрогенскае грыўні можна наблізіць у тэхнічных адносінах да аднэй з мяжанскіх падвесак, таксама зробленай з тонкіх бронзавых стрыжняў, аздобленых у мясцох злучэньня рэльефнымі галачкамі, - дык наагул, паколькі ёсьць пэўныя падставы лічыць, што даны тып падвескі генэтычна зьвязаны з эмалевымі падвескамі, на што паказвае, напрыклад, Сьпіцын [81], а таксама Пакроўскі [82]. Апроч таго, можна зазначыць, што і ўвесь таўрогенскі абруч цалком - у агульнай стройнасьці замыслу, у гармонічнай роўнавазе паасобных часгак, у форме і орнамэнтыцы страчаных пуклёных пласьцінак - выяўляе таксама і вядомую стылістычную сувязь з прадметамі эмалёвых аздоб, што дазваляе лічыць яго тып досыць раннім і дапушчаць магчымасьць мясцовага ято пахаджэньня з нёманскага раёну.
Значна болей пашыраным тыпам нашыйных абручоў, - магчыма, крыху пазьнейшага архэолёгічыага пэрыоду, - зьяўляюцца вузкія бронзавыя так званыя пласьцінчатыя грыўні, аздобленыя падвескамі з ліставога мэталю. Форма гэтая ня ёсьць выключнаю асаблівасьцю толькі беларускіх знаходак, але сустракаецца ў досыць шырокім курганным раёне, у які ўваходзяць таксама і прыбальтыцкія курганы, утвараючы, аднак, як у Беларусі, так і ў Прыбальтыцы, нейкі асобны вар ыянт у параўнаньні да аналёгічных скандынаўскіх аздоб. Падобныя-ж грыўні сустракаюцца і далей у напрамку на ўсход, у басэйнах Дону і Волгі, але маюць у гэтых выпадках ужо зусім іншыя дэталі конструкцыі, асабліва ў падвесках, значна болей вузкіх, большых лікам і часта набліжаных да трубчатае формы [83].
З ліку беларускіх прадметаў гэтага тыпу аднымі з найлепшых прыкладаў зьяўляюцца абручы з Лынтупскіх курганоў Сьвянцянскага павету на Віленшчыне. На жаль, абручы гэтыя захаваліся не цалком, запсаваўшыся ад моцнае гарачыні пры спаленьні нябожчыка, так што агульныя формы іх прыходзіцца аднаўляць на падставе асобных абломкаў [84]. Яны былі зроблены з круглага бронзавага дроту, раскаванага па канцох у вялікія серпападобныя пласьцінкі з буйным орнамэнтам у выглядзе насечаных зубчатых зігзагаў. З надворнага (дольняга) краю гэтых пласьцінак былі прароблены круглыя дзюркі, у якія прадзяваліся тонкія драцяныя абручыкі. Да кожнага абручыку была падвешана драцяная пятля ў форме ліры з падвойнымі вушкамі, а да кожнага з гэтых вушкаў, у сваю чаргу, - па дзьве пласьцінкі з ліставое бронзы з пуклёным рысункам. Пласьцінкі гэтыя мелі форму прадоўжных эліпсаў, зрэзаных па канцох, орнамэнт-жа ў кожнай пласьцінцы складаўся з рэльефнага сфэрычнага сэгмэнту ў сярэдзіне, шасьці радоў пуклёных ліній, разьмешчаных роўналежна краям па тры з кожнага боку, і двох радоў пуклёных кропак па тых-жа краёх. Уся гэтая конструкцыя лынтупскіх абручоў зьяўляецца вельмі орыгінальнай і не сустракае сабе поўных аналёгій у іншых аздобах таго самага тыпу; найболей характэрнай асаблівасьцю трэба лічыць тут прымацаваньне падвесак не беспасрэдна да асноўнае пласьцінкі грыўні, але пры дапамозе прамежкавых зьвеньняў, а таксама двохбаковую апрацоўку падвесак, што дасягалася разьмяшчэньнем падвесных пласьцінак па дзьве на адным і тым-жа абручыку з накіраваньнем орнамэнтаваных паверхняй у розныя бакі.
Найболей блізкімі да лынтупскіх варыянтамі аналёгічнага тыпу аздоб зьяўляюцца нашыйныя маністы з Вансоўскіх (на мяжы б. Віленскае і Ковенскае губ.) і Багінскіх (Дзісьненскага павету на Віленшчыне) курганоў, таксама, на жаль, вядомыя нам толькі ў асобных абломках, якія, аднак, даюць некаторую магчымасьць скласьці сабе ўяўленьне аб характары падвесак, а таксама аб спосабе іх злучэньня з асноўным стрыжнем абруча [85]. Падвескі ў гэтых аздобах складаюцца з трапэзаідальнае формы пласьцінак ліставога мэталю (бронзы і серабра), аздобленых па краёх рэльефнымі палоскамі, а ў дольняй частцы - выбіўной бахромкай. Лепш захаваныя падвескі багінскага маніста крыху адрозьніваюцца адна ад аднэй як вялічынёю, так і дэталямі рысунку: у некаторых з іх орнамэнт абмяжоўваецца толькі аднэй рэльефнай лініяй, якая ідзе па краёх пласьцінкі; у іншых экзэмплярах дольняя частка пласьцінкі аздоблена вэртыкальнымі палоскамі, складзенымі з выціснутых кропак; нарэшце, адна з падвесак орнамэнтавана ў сярэдзіне трыма рэльефнымі зоркамі. Падвескі гэтыя прымацаваны па парах пры дапамозе асобных абручыкаў да досыць масыўных асноўных зьвеньняў, якія маюць выгляд трыкутных пласьцінак з праробленымі ў іх вялікімі круглымі адтулінамі, па тры ў кожнай; бакавыя адтуліны служаць тут для прычэпкі падвесак, сярэднія-ж пры дапамозе спэцыяльных прамежкавых зьвеньняў злучаюцца з маленькімі трубачкамі, зробленымі з зьвітых сьпіральлю дротаў. У агульнай композыцыі аздоб усе гэтыя трубачкі, разам з падвескамі, нанізваліся, пэўна, на звычайныя круглыя драты або на шнуркі ці вяроўкі, так што ў выніках атрымліваліся прыгожыя маністы, блізкія па агульных формах сваіх і стылі да апісаных намі вышэй лынтупскіх абручоў.
Абедзьве гэтыя формы нашыйных аздоб па месцы свайго пахаджэньня належаць да паўночна-заходняй мяжы Беларусі, і ў стылістычных адносінах могуць быць пастаўлены ў вядомую сувязь з прадметамі прыбальтыцкіх архэолёгічных знаходак. Болей простыя варыянты аналёгічных тьпаў бліжэй падыходзяць да аднародных усходня-фінскіх прадметаў і значна болей пашыраны. Набліжэньне гэтае, аднак, трэба, пэўна, тлумачыць ня столькі ўзаемнымі перайманьнямі, сколькі як вынік аднальковых адносін і тых і іншых прадметаў да нейкага супольнага першаўзору. Група беларускіх знаходак і ў гэтым выпадку можа быць пашырана шляхам параўнаньня іх да аналегічных аздоб з Ronneburg'а і Ascheraden'а б. Рыскага павету, Techelfer'а, Helmet'а і Fianden'а б. Фэлінскага павету, Aulenberg'а б. Вэндэнскага павету і іншых прыбальтыцкіх мясцовасьцяй [86]. Але першаўзору іх, усё-ж, трэба шукаць хутчэй на ўсходзе, таксама, можа, як і першаўзораў іншых тыпаў грыўняй наагул. Пры гэтым, аднак, нашыя знаходкі, разам з прыбальтыцкімі, ствараюць нейкія асобныя варыянты ў параўнаньні да ўсходніх прад метаў як у агульных формах сваіх, так і ў дэталях орнамэнту. Асабліва варта ўвагі, што сярод усходніх знаходак амаль што зусім няма характэрных для нашых прадметаў падвесак з ліставога мэталю, а таксама, што там досыць часта і наагул наглядаецца тэндэнцыя да поўнага зьнішчэньня падвесак у шэрагу тыпаў больш простых, пласьцінчатых, круглых або вітых абручоў.
Сярод беларускіх старажытнасьцяй лепшымі ўзорамі спрошчаных пласьцінчатых грыўняй з ліставымі падвескамі зьяўляюцца экзэмпляры Віленскага Музэю з колекцыі Е. Тышкевіча, сабранае на Барысаўшчыне [87], а таксама шмат якія знаходкі з Віцебшчыны, сярод якіх можна памянуць, напрыклад, бронзавы нашыйны абруч, знойдзены ў 1877 годзе ў Шкельбатах б. Люцынскага павету [88], аналёгічны абруч з вёскі Кручары б. Дзьвінскага павету [89] і некаторыя грыўні Люцынскага магільніку [90]. Як адзін з найболей тыповых узораў гэтага тыпу можна разгледзець адзін з абручоў Віленскага Музэю [91], захаваны значна лепей за іншыя. Ён зроблены з тоўстага круглага бронзавага дроту, раскованага па канцох у плоскія пласьціны, аналёгічна лынтупскай грыўні; абедзьве гэтыя пласьціны слаба орнамэнтаваны маленькімі насечанымі кружкамі; па надворных краёх пласьцін прароблены круглыя дзюркі, праз якія прасунуты невялікія абручыкі з тонкага дроту, а беспасрэдна да гэтых абручыкаў прымацаваны дробныя падвескі з ліставое бронзы, трапэзаідальнае формы і бяз усякага орнамэнту. Такога роду асноўная форма застаецца нязьменнай ва ўсіх грыўнях гэтага тыпу, у паасобных-жа дэталях наглядаюцца некаторыя нязначныя варыянты: так, напрыклад, у адным з абломкаў Віленскага Музэю [92] пласьцінка грыўні, замест кружкоў, аздоблена шэрагамі зігзагаў, падвескі-ж орнамэнтаваны выбіўным рысункам у выглядзе дзьвёх роўналежных краям рэльефных ліній або двох радоў сфэрычных зігзагаў, падвескі-ж орнамэнтаваны выбіўным рысункам у выглядзе дзьвёх роўналежных краям рэльефных ліній або двох радоў сфэрычных сэгмэнтаў: у іншых абломках [93] як шырокая частка грыўні, так і падвескі пакінуты зусім без орнамэнту; часам, як, напрыклад, у грыўні з Шкельбат, форма падвесак набліжаецца да трыкутнай. Асобны варыянт мы маем у тых выпадках, калі ліставыя падвескі часткова або цалком заменены іншымі: у тэй-жа шкельбацкай грыўні, напрыклад, сярод звы чайных трыкутных падвесак знаходзіцца маленькі круглы бубенчык з вушкам нагары і праразною дзюркаю здолу. Прыклад далейшага разьвіцьця таго-ж самага тыпу дае адзін з абломкаў Віленскага Музэю, а таксама пласьцінчатая грыўня з Люцынскага магільніку [94], дзе ўсе падвескі заменены бубенчыкамі з крыжападобнымі прарэзамі і лёгкім наразным орнамэнтам.
На думку некаторых польскіх дасьледчыкаў, бубенчыкі і наагул званкі ў старадаўняй паганскай Літве зьяўляліся сымболем дзявоцкае чыстаты і былі выключнаю прьналежнасьцю ласьне дзявоцкага ўбору [95]. Думка гэтая мае падставы ў сьведчаньнях літоўскае народнае творчасьці [96], і калі дапусьціць магчымасьць пэўнай супольнасці паміж літоўскай і беларускай (тэрыторыяльна) культурай кургановай эпохі, або калі прыняць тэорыю Сьпіцына аб літоўскім пэрыодзе VI-VIII сталецьця ў Беларусі, дык можна было-б лічыць і шкельбацкі абруч, і абломак Віленскага Музэю, і іншыя аналёгічныя знаходкі за спэцыяльныя дзявоцкія аздобы. Да гэтага дапушчэньня, аднак, з нашага пункту гледжаньня трэба аднесьціся, усё-ж, з вядомаю асьцярожнасьцю, зусім ня тлумачачы яго, як прызнаньне бяспрэчнага ўплыву літоўскае культуры на беларускія старажытнасьці, і ня лічачы абавязкова Літву адзінай магчымай крыніцай паходжаньня бубянцоў у беларускіх курганных аздобах, у тым ліку і ў пласьцінчатых грыўнях.
(30KB) Часткі пласьцінчатых грыўняй з наразным орнамэнтам (Люцынскі магільнік). Трэба прыняць пад увагу, што значная пашыранасьць нашыйных аздоб з бубянцамі далёка не абмяжоўваецца тэрыторыяй старадаўняй Літвы, у межах-жа Беларусі захапляе ня столькі прылеглыя да Літвы, сколькі ўласна цэнтральныя, беларускія землі, дзе можна зазначыць цэлы шэраг знаходак бубенчыкаў, праўда ўжо ня ў грыўнях, але ў асобных нізках ці ў маністах, у курганох Меншчыны, Барысаўшчыны і Мазыршчыны [97]. Далей, бубенчыкі як паасобку, так і ў злучэньні з іншымі прадметамі ў якасьці аздоб ці падвесак і наагул ў значнай колькасьці сустракаюцца сярод знаходак самага шырокага курганнага раёну - як у мардоўскіх, мяранскіх і чудзкіх магільніках [98], так, з другога боку, і ў прыбальтыцкіх Курганох [99], з тэй толькі розьніцай ад беларускіх прадметаў, што ў першых яны ўваходзяць, звычайна, у досыць складаныя аздобы, не выступаючы на першы плян з ліку іншых дэкорацыйных элемэнтаў, у другіх-жа - зьяўляюцца частай аздобай ня толькі ў жаночых, але нават і ў мужчынскіх пахаваньнях. Усё гэта сьведчыць, што звычай нашэньня бубенчыкаў у пэўныя часы быў пабытоваю зьявай, уласьцівай цэламу шэрагу самых розных пляненьняў, прычым калі ў старадаўняй Літве яны і ўжываліся ў якасьці пэўнага сымболю, дык таксама і гэты звычай мог быць запазычаным або супольным з іншымі народамі. Вядома, напрыклад, што сярод шмат якіх народаў бубенчыкі і званкі знаходзілі сабе шырокае прыстасаваньне ў рэлігійных абрадах, а таксама ўжываліся ў якасьці талісманаў; часткова, у позьнім Рыме яны гралі значную ролю ў вясельным убраньні нявесты, што, можа, мае нейкую сувязь з літоўскім звычаем; але ў Рыме, праўдападобна, звычай гэты меў усходняе пахаджэньне. Прымаючы ўсё гэта пад увагу ў пытаньні аб пахаджэньні бубенчыкаў у памянёных намі прадметах з ліку беларускіх знаходак, нельга, зразумела, вызначыць пэўна іх беспасрэдныя крыніцы і можна высунуць некалькі розных, але адналькова праўдападобных дапушчэньняў: яны маглі быць занесены і з Літвы, куды ў такім выпадку яны павінны былі, у сваю чаргу, зьявіцца з паўднёвае Эўропы; з другога боку, можна тлумачыць зьяўленьне бубенчыкаў у Беларусі таксама і як вынік беспасрэдных зносін з усходам, прычым Беларусь магла быць тады як-быц цам тым перадатачным пунктам, праз пасрэдніцтва якога гэтыя прадметы пашыраліся ў напрамках на захад і паўночны захад, г. зн. у Літву і ў Прыбальтыку; нарэшце, магчыма, што абодва зазначаныя шляхі пашырэньня бубенчыкаў адыгрывалі сваю ролю адначасна, пашыраючы на досыць значную тэрыторыю аналёгічныя (у аснове сваёй усходнія) тыпы дэкорацыйных прадметаў. Пры гэтым, аднак, бясспрэчна, што ў Беларусі бубенчыкі сталі аднэй з аблюбёных аздоб, паколькі тут ласьне мы сустракаем іх у значным ліку на адным прадмеце адначасна.
Апроч падвесак, якія ў пласьцінчатых грыўнях як бачым, сустракаюцца ў розных варыянтах, пачынаючы з складанае конструкцыі падвойных падвесак (Лынтупскія грыўні) і канчаючы болей простым тыпам трапэзападобных альбо трыкутных ліставых падвесак, і нарэшце падвескамі ў відзе бубенчыкаў, - супольным дэкорацыйным элемэнтам усіх прадметаў данага тыпу зьяўляецца орнамэнтыка асноўных пласьцін (пашыраных частак) абруча. Некаторыя тыпы гэтага орнамэнту мы ўжо адзначалі вышэй. Ён ня мае асаблівага багацьця і рознастайнасьці і ў большасьці выпадкаў складаецца з васечанага лінейнага рысунку, які заўсёды вытрыманы ў чыстым гэомэтрычным характары. Але варта ўвагі, што частка гэтых рысункаў мае супольныя рысы з сучаснай народнай орнамэнтыкай, што, можа, і не выпадкова, але сьведчыць аб пэўнай традыцыйнай сталасьці народных орнамэнтальных мотываў. Пашыраны тып орнамэнту, разьмешчанага або па ўсіх пласьцінах або толькі з бакоў, г. зн. па вольных канцох і ў мясцох пераходу пласьцін у дрот, складаецца з простых рэзаных ліній, якія ствараюць рысунак так званых "капыцікаў"; часам трапляецца складаная форма такіх самых капыцікаў, зробленых ня з цэлых ліній, але з паасобных дробных насечак такога-ж самага рысунку як і ўвесь орнамэнт цалком; другі рысунак, які таксама сустракаецца досыць часта, мае выгляд двох шэрагаў зігзагавае лініі, часам складзенае як і ў папярэднім выпадку з вельмі дробных насечаных рысак [100]. Усе гэтыя мотывы шырака вядомы ў сучасным беларускім ткацтве, пераважна ў паяскох, дзе яны, магчыма, і зьяўляюцца вынікам старадаўніх дэкорацыйных традыцый, корані якіх схаваны яшчэ ў глыбіні кургановае эпохі.

5. Нашыйныя, галаўныя і паясныя аздобы: грыўні без падвесак, гладкія і вітыя

Адыходзячы ад паўночна-заходняй, а таксама заходняй мяжы Беларусі, можна часткова заўважыць паступовае зьнікненьне падвесак з нашыйных абручоў. Гэта ня значыць, аднак, нібыта ў Прыбальтыцы і ў сумежнай з ёю частцы Беларусі зусім няма простых, беспадвесачных грыўняй: наадварот, як грыўні з падвескамі, так і без падвесак, трапляюцца тут адналькова часта; але ў той час як другі тып мае колькасную перавагу на ўсёй тэрыторыі Беларусі, першы, г. зн. грыўні з падвескамі, групуецца, галоўным чынам, у паўночна-заходніх і заходніх яе частках. Пры гэтым, у той час як грыўні з падвескамі пашыраны далёка на паўночны захад да Скандынавіі ўключна, абручы без падвесак часьцей сустракаюцца па гэты бок Бальтыцкага мора.
Згодна клясыфікацыі Аспэліна, простыя беспадвесачныя грыўні зьяўляюцца спэцыяльнай прыналежнасьцю латыскіх старажытнасьцяй [101]. Нам здаецца, аднак, што гэтае азначэньне занадта вузкае, асабліва калі прыняць пад увагу пашыранасьць такога тыпу ня толькі на тэрыторыі латыскіх пляменьняў, але і па ўсёй Беларусі, і далей на ўсходзе і паўднёвым усходзе ў фінскіх і прывалоскіх старажытнасьцях, а таксама знаходкі аналёгічных па тыпах, толькі болей складаных сярэбраных прадметаў у Нэвельскім і Гнёздаўскім скарбах з рысамі бясспрэчна ўсходняе, арабскае ці сірыйскае ювэлірнае орнамэнтыкі. Хутчэй, крыніцу паходжаньня як гэтага тыпу, так і наогул усіх тыпаў грыўняй, трэба, як мы ўжо зазначалі, шукаць ва ўсходнім дэкорацыйным мастацтве, узоры якога пашыраліся шляхам гандлёвых зносін і выклікалі, часткова, мясцовыя перайманьні ў індустрыі цэлага шэрагу розных пляменьняў, у тым ліку і тых народаў, якія складалі насельніцтва Беларусі ў кургановую эпоху.
Усе рознастайныя варыянты беспадвесачных грыўняй можна падзяліць на дзьве асноўныя катэгорыі; да першых з іх належаць гладкія грыўні розных форм, зробленыя з звычайнага дроту або з спэцыяльных кованых прутоў, з аздобамі ў выглядзе насечак, накладнога дроту, пацерак і з рознымі, часта даволі складанымі затворамі; да другой катэгорыі можна аднесьці вітыя грыўні, складзеныя з некалькіх дратоў, скручаных накшталт вяроўкі альбо часамі сплеценых на манер касы, як гэта наглядаецца, напрыклад, у некаторых сярэбраных экзэмплярах з Гнёздава.
Пераходнуго форму ад грыўняй з падвескамі да беспадвесачных гладкіх складаюць спрошчаныя тыпы пласьцінчатых грыўняй, цалкам аналёгічныя паказаным намі ў папярэднім разьдзеле,але абмежаваныя адным толькі асноўным абручом з раскованымі ў пласьцінцы канцамі і зусім пазбаўленыя падвесак. Падобныя грыўні вядомы нам з Люцынскага магільніку [102], а таксама з знаходак у вёсцы Людвікава б. Дзьвінскага павету [103]. Паверхні пласьцін у гэтых выпадках орнамэнтаваны насечаным рысункам таго самага характару, што і ў аналёгічных грыўнях з падвескамі. Яшчэ бліжэй да гладкіх грыўняй падыходзіць вузкая пласьцінчатая грыўня Беларускага Дзяржаўнага Музэю [104], канцы пласьцінак якой маюць спэцыяльныя конічныя гузікі для зашпіляньня, г. зн. затвор, якога ў грыўнях з падвескамі ня бывае. Але наогул такія тыпы мала пашыраны, - магчыма, з прычыны надмернай сваёй прастаты і ў той-жа час нямэтазгоднасьці, абумоўленай недахватам конструкцыйнае абаснаванасьці падобнае формы. Запраўды, раскоўваньне дроту па канцох абруча ў плоскія пласьцінкі мае сэнс толькі тады, калі пласьцінкі гэтыя прызначаны для прымацаваньня падвесак. Як месца для разьмяшчэньня насечанага орнамэнту такія пласьцінкі ня лепш як звычайны круглы альбо кантовы стрыжань, які, апроч таго, дае яшчэ і значныя выгоды для прыстасаваньня рознастайных сыстэм затвораў. З гэтай прычыны ў грыўнях, пазбаўленых падвесных аздоб, пласьцінчатая форма, хутчэй за ўсё, магла захоўвацца толькі па традыцыі, і то, мабыць, на працягу досыць кароткага часу, граючы ролю нейкага прамежкавага тыпу, які вельмі хутка зьмяніўся іншымі формамі болей чыстых гладкіх грыўняй.
Прыкладамі найболей прымітыўнага тыпу апошніх могуць быць два нашыйныя абручы Віленскага Музэю з колекцыі Е. Тышкевіча [105]. Яны зроблены з круглага бронзавага дроту, і маюць па канцох абруча невялічкія гузікі, у адным экзэмпляры - круглае, у другім - конусападобнае формы. Пярэднія, г. зн. прылеглыя да гузікаў часткі абручоў зьлёгка аздоблены наразным орнамэнтам. На адным абручы ён складаецца з сьпіралепадобных нарэзаў наўкола патоўшчаных канцоў; другі абруч мае ў канцох пераход круглага дроту ў чатырохкантовы, орнамэнт-жа складаецца з насечак у выглядзе простых ліній па кантох. Дакладнае паходжаньне гэтых прадметаў Віленскага Музэю, на жаль, невядома, і ў сувязі з тым, няма падстаў для бясспрэчнага іх датаваньня; але магчыма, што яны зьяўляюцца ўзорамі аднаго з найболей старадаўніх варыянтаў гладкіх грыўняй, паколькі аналёгічныя прадметы Рыскага і Мітаўскага музэяў, знойдзеныя ў Ільзенбургу ў Курляндыі і ў б. Расіенскім павеце Ковенскае губ. [106], звычайна датуюцца першым пэрыодам жалезнага веку. Між іншым, падобны-ж тып абручоў сустракаецца часам і ў злучэньні з падвескамі; так, напрыклад, вядома грыўня з колекцыі Падчашынскага ў Варшаве, знойдзеная каля м. Паставы б. Дзісьненскага павету, дзе гладкі абруч аздоблены падвескамі з бляшак [107]; аналёгічны абруч ёсьць і ў зборах Кракаўскага Музэю [108]. Такія варыянты, аднак, сустракаюцца рэдка і, пэўна, належаць да яшчэ болей раньняга часу; у кожным выпадку, апроч памянёнае пастаўскае грыўні, на тэрыторыі Беларусі яны болей нідзе не трапляюцца, і галоўную масу знаходак складаюць далейшыя модыфікацыі тыпу віленскіх абручоў, без падвесак, толькі з болей складанымі аздобамі і затворамі.
Часты спосаб аздобы ў гладкіх грыўнях - нарэзка або насечка - на думку некаторых архэолёгаў зьяўляедца імітацыяй зьмяінае лускі ў мэтах наданьня ўсяму абручу цалком формы зьмяі, для чаго адпаведным спосабам апрацоўваюцца таксама і канцы абруча ў затворы. Магчыма, што гэта і правільна, бо запраўды ў далейшым разьвіцьці тыпу гладкіх грыўняй, аздобленых насечкамі, мы наглядаем быццам зьмеяпадобную апрацоўку як асноўнага стрыжню, так і дэталяй затвору. Прыкладам тут можа быць вялікая бронзавая грыўня Віленскага Музэю [109], якая знаходзіць сабе блізкія аналёгіі як сярод прыбальтыцкіх старажытнасьцяй, так і сярод знаходак паўночна-заходняе Беларусі, напрыклад, у Люцынскім магільніку [110]. Тонкі, круглы дрот гэтае грыўні ў пярэдніх частках пераходзіць у болей тоўстыя васьмікантовыя стрыжні, аздобленыя насечкамі; затвор складаецца з вушка шчытападобнае формы, якое нагадвае зьмяіную галоўку, і складанага гапліка на супроцьлеглым канцы, зробленага з досыць тонкага дроту. Блізка падобнуго форму і орнамэнтацыю маюць грыўні з вёсак Кручары і Эглі б. Дзісьненскага павету [111], першы з якіх самай формай сваёй нават яшчэ болей зьмеяпадобны, і мае моцна разьвіты шчыток затвору, набліжаны да трыкутнае формы. Між іншым, такія затворы наагул зьяўляюцца досыць значна пашыранымі, нават у грыўнях іншых форм, да вітых уключна [112]. Што датычыць памяненых намі прадметаў, дык трэба зазначыць, што з прычыны значных сваіх памераў усе яны ўжо ня могуць тлумачыцца як нашыйныя аздобы, - хоць некаторыя аўтары і трымаюцца такога пагляду [113]; хутчэй, яны павінны былі ўжывацца ў якасьці паясоў. Але магчыма, зразумела, што аналёгічныя тыпы грыўняй меншых памераў ужываліся і як нашыйныя грыўні, - хаця такіх прадметаў з ліку архэолёгічных знаходак на тэрыторыі Беларусі мы ня ведаем.
Другім варыянтам гладкіх грыўняй, праўда, у старажытнасьцях Бсларусі досыць рэдкім, зьяўляюцца аздобы, якія можна было-б назваць грыўнямі з пашырэньнем: гэта - нешта накшталт пласьцінчатых грыўняй, дзе пласьцінкі, невялікіх параўнальна памераў, разьмешчаны пэрпэядыкулярна да асноўнае роўніцы абруча. Такія грыўні маглі ўжывацца ў якасьці нашыйных аздоб, а некаторыя з іх маглі таксама служыць і для нашэньня на галаве [114]. У Віленскім Музэі ёсьць тры ўзоры гэтага тыпу з колекцыі Тышкевіча. Два з іх [115] складаюцца з масыўных бронзавых стрыжняй з вялікімі конусападобнымі гузікамі; па канцох, каля гузікаў, стрыжні маюць круглую форму ў разрэзе, далей - чатырохкантовую, у сярэдзіне-ж, нарэшце, яны раскованы ў плоскія пласьціны прадоўжна-эліптычнае формы. Орнамэнт мае выгляд дробных насечак, якімі аздоблены гузікі і самы абруч, апроч пашыраных частак, а таксама - болей даўгіх простых ліній, разьмеркаваных з надворнага боку асяродкавых пласьцін у розных комбінацыях з гэомэтрычных фігур, пераважна ромбаў і трыкутнікаў. Трэці абруч [116] зроблены з тоўстага круглага стрыжня, аздобленага глыбокімі сьпіральнымі парэзамі, які па канцох пераходзіць у дзьве невялічкія эліптычныя пласьцінкі, закончаныя масыўнымі віткамі. Пласьцінкі аздоблены рэзаным орнамэнтам накшталт бордзюра з трох роўналежных ліній з шэрагам кропак, і двох радоў такіх самых ліній, якія праходзяць пасярод пласьцінак. У даным выпадку самая форма прадмету паказвае на прызначэньне яго, хутчэй за ўсё, у якасьці галаўной аздобы, прычым пры нашэньні пласьцінкі, мабыць, прыходзіліся на лоб, віткі-ж крыху прыпадымаліся над ім, ствараючы вельмі ўдалую па лёгкасьці і закончанасьці дэкорацыйную лінію.
Трэба зазначыць, што гэтыя тры апошнія прадметы толькі з вядомымі абмоўкамі можна разглядаць сярод беларускіх старажытнасьцяй. Магчымасьць мясцовага іх пахаджэныія, зразумела, не выключаецца; між іншым элептычныя пласьцінкі галаўнога абруча маюць пэўнае стылістычнае падабенства да апісаных намі вышэй пуклёных блях у так званых віленскіх "дыядэмах". З другога боку, аднак, тэхніка іх зусім іншая, агульныя формы - беларускім старажытнасьцям мала ўласьцівы, і не знаходзяць поўных аналёгій ні ў беларускіх, ні ў прыбальтыцкіх знаходках. Першыя два з апісаных намі абручоў толькі па форме затвораў дазваляюць зрабіць вядомыя параўнаньні з некаторымі экзэмплярамі Копэнгагенскага [117] і Стокгольмскага [118] музэяў; апошні абруч крыху больш набліжаецца да некаторых скандынаўскіх прадметаў як па агульнай форме, так і па некаторых дэталях орнамэнт [119], што прымушае Пакроўскага, напрыклад, прыпісваць усім гэтым прадметам скандынаўскае пахаджэньне [120]. Па нашай думцы, аднак, за адсутнасьцю належных падстаў пытаньне гэтае павінна застацца нявырашаным. У кожным выпадку, сярод беларускіх старажытнасьцяй усе гэтыя тыпы займаюць нейкае асобнае месца, як варыянт ня надта тыповы для нашай краіны.
Значна болей пашыраным тыпам зьяўляюцца гладкія грыўні, аздобленыя сьпіральнай абвіўкай з асобнага тонкага дроту. Абвіўка гэтая даволі рэдка ахапляе ўвесь абруч цалкам і большай часткай зьмяшчаецца толькі на пярэдніх канцох. Найбольш прымітыўнымі ўзорамі гэтага тыпу зьяўляюцца два абручы з Мішкінёва б. Люцінскага павету [121], а таксама сярэбраная нашыйная грыўня, знойдзеная, разам з іншымі тыпамі грыўняй, каля вёскі Заборцы на Віцебшчыне [122]. У абодвых гэтых прадметах асноўны тоўсты прут абруча пераходзіць па канцох у тонкі дрот, які ўтварае пятлю і кручок, а вольным канцом абвівае часткі самога абруча каля затвору кароткімі сьпіралямі ў 10-15 абаротаў. У болей складаных тыпах абвіўка зьяўляецца болей масыўнай, складаецца з большага ліку абаротаў і зроблена з асобнага накладнога дроту; затворы ў такіх выпадках таксама болей масыўныя і набліжаюцца па сваіх конструкцыях да затвораў грыўняй з насечкамі. Так, напрыклад, адзін абруч з ліку знаходак у Лынтупскіх курганох [123], зроблены з досыць тонкага, 5-мілімэтравага бронзавага стрыжню, мае на адным канцы шасьцікантовы гузік, орнамэнтаваны простымі рэзанымі лініямі, а на другім канцы - складаную падвойную пятлю; ад гэтых канцоў пачынаецца масыўная абвіўка з трохкантовага дроту, якая праходзіць амаль што навокал усяго абруча, апроч толькі задняй яго часткі. Асобны варыянт мы знаходзім у вялікім сярэбраным абручы з Сухадрэва на Аршаншчыне [124]; абруч гэты падзелены на дзьве часткі, з якіх адна канчаецца вялікім шчытападобыым гапліком, а другая - складанаю пятлёю; супроцьлеглыя канцы кожнае часткі маюць у сваю чаргу маленькія кручкі, з дапамогай якіх абедзьве часткі можна злучыць між сабою; асяродквая частка кожнае з палавінак аздоблена тугою сьпіральнаю абвіўкаю з тонкага сярэбранага дроту. Магчыма, што пры злучэньні палавінак абруч гэты мог ужывацца ў якасьці пояса, кожная-ж палавінка ў асобку магла служыць і нашыйнаю грыўняй.
У далейшым разьвіцьці гэтага тыпу формы абвівак застаюцца ў агульных рысах нязьменнымі. Зьмяняецца толькі характар дроту, які бывае трохкантовым, чатырохкантовым і круглым, а таксама спосаб замацаваньня яго па канцох абвіўкі, прычым у большай частцы ён прылучаецца да асноўнага абруча з дапамогаю маленькіх бочкападобных кальчужак з орнамэнтальнымі паяскамі. Асабліва орыгінальную і характэрную форму набывае пры гэтым досыць часты тып затвору: з аднаго боку абруч канчаецца звычайным кручком; з другога канца знаходзіцца даволі значных памераў выцягнутая чашачка ў форме чаўна з прарэзам унізе для прадзяваньня кручка. Чашачка гэтая нярэдка бывае аздоблена рэзаным орнамэнтам. Грыўні такога тыпу значна пашыраны, звычайна трапляючыся, пры гэтым, побач з іншымі, болей простымі варыянтамі ў адных і тых-жа знаходках. Так, напрыклад, нам вядомы дзьве грыўні падобнае формы з Мішкінёва [125], аналёгічная сярэбраная грыўня з Заборцаў [126], нарэшце - два такія-ж самыя абручы з Мяжанскіх курганоў на Віленшчыне [127]. Усе гэтыя прадметы адрозьніваюцца адзін ад аднаго толькі орнамэнтацыяй затвораў: у аднэй з мяжанскіх грыўняй чашачка пакінута зусім без орнамэнту; у другой - чоўнападобны затвор орнамэнтаваны ў чатыры рады роўналежных краям бугаркоў з папярочнымі зубчыкамі, што робіць уражаньне некалькіх накладзеных адна на другую чашачак; зусім таксама орнамэнтаваны затвор і ў грыўні з Заборцаў. Чашачкі мішкінёўскіх абручоў крыху прасьцей па сваім орнамэнце: здолу яны аздоблены насечанымі трыкутнікамі; згары адна з іх мае прадоўжныя жалабкі, другая-ж - мярэжыстую крайку. Такія тыпы затвораў, досыць частыя, як мы зазначылі, у Беларусі, амаль што ня маюць сабе аналёгій сярод архэолёгічных знаходах іншых краін, з прычыны чаго іх можна лічыць за свой уласны, мясцовы вярыянт. Падставаю для прыблізнага яго датаваньня можа быць прысутнасьць яго ў Мяжанскіх курганох, якія належаць, калі судзіць па знойдзеных у іх эмалевых вырабах, да VI-VIII сталецьцяў. Але магчыма, што бронзавыя мяжанскія абручы зьяўляюцца найбольш старадаўнімі ўзорамі данага тыпу, паколькі іншыя, сярэбраныя грыўні самым матар'ялам сваім паказваюць, хутчэй, на пазьнейшае пахаджэнне. Формы гэтай, аднак, ужо няма ані ў Люцынскім, ані ў Гнёздаўскім магільніках, г. зн. сярод прадметаў IX-X сталецьця.
У X сталецьці мы наогул знаходзім ужо зусім іншыя тыпы гладкіх грыўняй, значна больш пышныя і багатыя, але ў той-жа час меней строгія і конструкцыйныя. Сярод архэолёгічных знаходак Беларусі яны ў першы раз цалком выяўляюць шырокія стылістычныя магчымасьці серабра, якое звычайна паўтарае тут толькі пэўныя формы бронзавых аздоб, трацячы пры гэтым усю ўласьцівую яму бліскучую лёгкасьць у традыцыйнай формальнай залежнасьці ад гэтага грубога і важкага матар'ялу. У новых тыпах гэтая залежнасць, як-быццам, зьнікла адразу, бо мы нідзе ня бачым ніякіх пераходных форм, і ў шмат якіх прадметах з ліку Гнёздаўскіх знаходак, напрыклад, мы неяк раптоўна і нечакана знаходзім тонкую чыстату і дакладнасьць складаных сярэбраных вырабаў; але ў гэтай тэхнічнай і стылістычнай зьмене адчуваецца нешта органічна чужое, як-бы нейкая хваля іншай, болей высокай, можа, культуры, якая, аднак, ужо хавае ў сабе рысы пэўнага ўтончанага заняпаду; у гэтай хвалі зьніклі ранейшыя тыпы простых і крыху суровых грыўняй, і месца іх занялі новыя формы стройных і багатых аздоб, з дробнай распрацоўкай дэталяй, з тонкімі, прыгожымі рысункамі, з усёй тэй тэхнічнай складанасьцю скані і філіграні, якая ўласьціва толькі самым лепшым узорам усходняга ювэлірнага мастацтва, і сьведчыць, мабыць, аб беспасрэдна ўсходнім, арабскім ці сірыйскім пахаджэньні самых гэтых прадметаў.
(10KB) Сярэбраная грыўня з пацеркамі і булдавешкамі і падвеска з Гнёздаўскага магільніку. Найболей характэрнымі ўзорамі такога тыпу аздоб у гладкіх грыўнях зьяўляюцца нашыйныя абручы з вядомага гнёздаўскага скарбу [128]. Адзін з іх зроблены з тонкага сярэбранага стрыжню, кованага па канцох у восем кантоў, аздобленых дробнымі насечкамі і наколкамі ў выглядзе трыкутнікаў і крыжыкаў; з кожнага боку, на пэўнай адлегласьці ад канцоў абруча, на яго насаджаны па дзьве кантовыя пацеркі з аналёгічным насечаным рысункам; самыя канцы абруча пераходзяць у дзьве вялікія, складанае формы, кантовыя галоўкі, багата аздобленыя наколатым орнамэнтам, Затвору зусім няма, і самая форма грыўні, асабліва ў галоўках, робіць уражаньне вельмі нязручнай для нашэньня, хоць ёй ні ў якім разе нельга адмовіць ані ў дакладнасьці выканоньня, ані ў бясспрэчнай дэкорацыйнасьці. Між іншым, існуе зусім праўдападобнае дапушчэньне, што такога роду прадметы, аналёгічна некаторым скандынаўскім аздобам, ня ўжываліся для сталага нашэньня і зьяўляліся толькі спэцыяльнай прыналежнасьцю пахавальнага ўбору [129]. Другая гнёздаўская грыўня яшчэ багацей за першую і мае болей складаную тэхнічную апрацоўку: абруч яе зроблены з ліставога серабра, накшталт пустога ў сярэдзіне, гладкага, сагнутага ў акружыну цыліндру з завостранымі канцамі, якія заходзяць адзін за другі; аздобы складаюцца з буйных, насаджаных на абруч, складаных пацерак у выглядзе нібыта макавых галовак з паўкруглымі кантамі і філіграннымі перахватамі, да якіх прыроблены кветкавыя падвяночкі і круглыя пласьцінчатыя шчыткі, аздобленыя сканнымі рысункамі з тонкага залатога дроту; аналёгічныя крыху сплюшчаныя пацеркі знаходзяцца і на завостраных канцох абруча, прымацаваныя да іх сваімі бакавымі кантамі.
Аздоба гладкіх грыўняй кантовымі пацеркамі і галоўкамі для гэтага часу зьяўляецца наагул характэрнай. Такія рэчы вядомы нам сярод знаходак Нэвельскага скарбу, дзе ёсьць, напрыклад, вялікая сярэбраная грыўня, кованая ў сярэдзіне на тры канты, а па канцох пяцікантовая, якая аздоблена наколатымі і пазалочанымі па кантох пацеркамі з выбітымі на іх розэткамі [130]. Аналёгічныя сярэбраныя грыўні з масыўнымі нагалоўнікамі былі знойдзены ў 1885 г. ў вёсцы Даліне Юхнаўскага павету на Смаленшчыне [131]. Гнёздаўскія грыўні даюць досыць цьвёрдыя падставы для хронолёгічнага азначэньня гэтага тыпу: знойдзеныя разам з імі саманідзкія монэты 908−953 гадоў [132] дазваляюць датаваць усе прадметы скарбу, у тым ліку і нашыйныя абручы, не раней, як кацом X сталецьця. Разам з тым, значная колькасьць знойдзеных як у скарбе, так і наогул у Гнёздаўскім магільніку ўсходніх дыргемаў пры вельмі абмежаваным ліку іншых монэт [133] бясспрэчна сьведчыць аб надзвычайна жывых гандлёвых зносінах з Усходам, напэўна па волскім шляху [134], чым, зразумела, і трэба тлумачыць адпаведныя стылістычныя асаблівасьці, характэрныя для гнёздаўскіх прадметаў. Упоўне выразнай зьяўляецца сувязь гэтых прадметаў з арабскімі і сірыйскімі вырабамі, можа, нават, беспасрэдна арабскае ці сірыйскае іх пахаджэньне; але самая пасьлядоўнасьць гэтае сувязі яшчэ павінна быдь высьветлена шляхам спэцыяльных досьледаў. Яшчэ значна раней рознастайныя ўсходнія ўзоры аздоб так ці інакш прыходзілі на Беларусь, а таксама ў вядомай ступені рабілі ўплыў на магчымую мясцовую вытворчасьць. Ніколі, аднак, уплыў гэты не выяўляўся ў такіх пэўных стылістычных формах як у X сталецьці. Зьява гэтая, зразумела, варта асаблівае ўвагі і болей дакладнага вывучэнытя ў сувязі з іншымі прадметамі, знойдзенымі ў тым-жа Гнёздаўскім магільніку.
(21KB) Сярэбраная грыўня з пацеркамі і падвескі з Гнёздаўскага магільніку. Разглядаючы грыўні з абвіўкай, можна заўважыць, што гэты спосаб аздобы не зьяўляецца адзіным для данага стылістычнага тыпу, але як-быццам пераходнаю формай ад гладкіх грыўняй да іншае формы, а ласьне да грыўняй вітых. Абодва гэтыя тыпы ня толькі ў стылістычных, але таксама ў хронолёгічных і тэрыторыяльных адносінах цесна зьвязаны між сабою. Грыўні вітыя пашыраны ня меней, як гладкія з абвіўкай, і вельмі часта абедзьве гэтыя формы сустракаюцца адначасна ў адных і тых-жа курганох, або выпадковых знаходках. Так, напрыклад, грыўні таго і другога тыпу мы знаходзім сярод прадметаў Лынтупскіх курганоў [135], у Людвікаўскіх знаходках [136] і ў іншых мясцох, ня толькі на тэрыторыі Беларусі, але і дальш ва ўсходнім напрамку. Аднак, у той час як гладкія грыўні з драцяной абвіўкай к X сталецьцю канчаткова зьніклі, - грыўні вітыя значна болей стала захоўвалі сваю традыцыйную форму, і так дайшлі ў амаль што нязьмененым, толькі крыху ўскладнёным відзе да болей позьняга часу, як гэта паказваюць, напрыклад, масыўныя сярэбраныя экзэмпляры з Гнёздаўскага скарбу [137].
Упоўне магчыма, што аналёгічна гладкім, грыўні вітыя ўжываліся ня толькі ў якасьці нашыйных аздоб; велічыня некаторых экзэмпляраў, а таксама формы затвораў, не выключаюць магчымасьці іх нашэньня і ў якасьці паясоў; другія-ж маглі ўжывацца і як галаўныя аздобы, што пацьвярджае, напрыклад, знаходка чатырох вітых абручоў на чэрапе касьцяка, адкапанага ў Дзьвінску ў 1862 годзе [138].
Тэхніка выкананьня вітых грыўняй вызначаецца асабліваю прастатою: два або тры досыць тонкія бронзавыя ці сярэбраныя драты туга скручаны разам накшталт перавясла або вяроўкі, вольныя-ж іх канцы ўтвараюць затвор або якую іншую прыладу для зашпіляньня. Часам абручы складаюцца з шасьці дратоў, зьвітых адзін раз па два, а затым ужо разам. Узорамі такога тыпу зьяўляюцца абломкі паясных грыўняй Віленскага Музэю [139]; у іх-жа мы знаходзім прыклады найболей прымітыўнага спосабу апрацоўкі канцоў: усе шэсьць дратоў раскованы тут у тонкую лістападобную пласьцінку з лёгкім пунктавым орнамэнтам, які ў некаторых іншых аналёгічных прадметах бывае часам і болей складаным, прымаючы выгляд рэльефных жылак, як у запраўдных лісьцях [140].
Найболей пашыраным спосабам апрацоўкі канцоў у вітых грыўнях, - спосабам, які яшчэ не стварае затвораў у сьціслым сэнсе гэтага слова, - зьяўляецца заканчэньне іх у выглядзе абручыкаў або загнутых аж да самага стрыжню кручкоў, прычым канцы гэтыя звычайна зроблены толькі з аднаго дроту, у той час як іншыя ствараюць масыўную абвіўку каля самае іх асновы. З ліку вядомых нам прадметаў з канцамі такога тыпу можна назваць адзін з бронзавых абручоў дзьвінскае знаходкі 1862 г. [141], дзьве двохдратовыя нашыйныя грыўні з вёскі Эглі [142], паясную грыўню з Люцынскага магільніку [143], і, нарэшце, два абручы з Шкельбат, адзін нашыйны і другі паясны [144]. Апошні з іх мае канцы раскаваныя ў відзе плоскіх кручкоў, бакі якіх аздоблены орнамэнтам з нарэзаных кружкоў. Часам сустракаюцца выпадкі, калі канцы зроблены з усіх трох дратоў, зьлітых у досыць тоўстыя чатырохкантовыя ў разрэзе пласьцінкі, якія сагнуты ў масыўныя цыліндрычныя петлі: прыкладам такога тыпу можа быць вітая грыўня аднаго з Мяжанскіх курганоў [145], цалком аналёгічная аднаму з абручоў Машчынскага гарадзішча, а таксама апісанаму намі вышэй таўрогенскаму абручу, ад якога яна адрозьніваецца толькі адсутнасьцю падвесак. Магчыма, аднак, што грыўням гэтага тыпу наогул надаваліся ў некаторых выпадках падвескі, бо для злучэньня іх, з прычыны адсутнасьці затвору, абавязкова патрэбна было якое-небудзь злучальнае зьвяно, куды яны і маглі прымацоўвацца, як мы гэта бачым, напрыклад, у таўрогенскім абручы. Быць можа, уласна для гэтае мэты і былі прызначаны эмалёвыя падвескі Мяжанскіх курганоў, хоць яны і былі знойдзены паасобна ад грыўняй. Аднак, болей частыя знаходкі такога тыпу грыўняй без усякага сьледу ранейшай прысутнасьці падвесак - сьведчаць, што звычайна грыўні гэтае формы ўжываліся зусім самастойна. Мяжанская знаходка дазваляе датаваць гэты тып VI-VIII сталецьцем; але ў гэтым выпадку магчымасьць злучэньня з падвескамі не выключаецца; іншыя знаходкі, дзе падвесак ужо бясспрэчна няма, належаць, магчыма, да болей позьняга часу. (24KB) Сярэбраная пляцёная (вітая) грыўня і пацеркі з Гнёздаўскага магільніку. С
Далейшай модыфікацыяй вітых грыўняй, дзе ніякіх падвесак, мабыць, зусім ужо быць не магло, зьяўляюцца абручы, дзе канцы ў відзе простых абручыкаў пераходзяць у болей складаныя затворы ў відзе крука і пятлі. Падобны затвор у двохдратовых грыўнях мы знаходзім у дзьвінскіх галаўных абручох [146]. Адзін з дратоў загінаецца тут на адным канцы абруча плоскай пятлёю, а на другім - пятлёю выгнутаю, якая служыць замест кручка; другі дрот канчаецца каля асновы таго і другога. Крыху прасьцей, але тым-жа спосабам зроблены затвор у вялікім паясным абручы з Людвікава [147].
(11KB) Сярэбраная пляцёная (вітая) грыўня, дзьве падвескі і пацерка з Гнёздаўскага магільніку. Яшчэ болей складаныя тыпы затвораў можна бачыць у грыўнях, зробленых з трох дратоў. Два варыянты мы знаходзім у паясных грыўнях Віленскага Музэю [148]: у першай з іх канцы ўсіх трох дратоў з аднаго боку проста завостраны, з другога-ж боку два драты канчаюцца конусападобнымі гузікамі, за якія чапляецца супроцьлеглы канец абруча; гэта тып найбольш просты; у другім абручы з аднаго канца ўсс тры драты маюць гузікі, а з другога боку - адзін, у той час, як два іншыя зьліваюцца разам і пераходзяць у тонкія пласьцінкі. Аналёгічную конструкцыю затвору, але з больш правільнай конусападобнай формай гузікаў, мае адзін з абручоў Лынтупскіх курганоў [149]. Нарэшце, адзін з найпрыгажэйшых узораў такога тыпу затвору мае вялікая сярэбраная грыўня, знойдзеная ў траўні 1927 г. каля в. Мілкавічы Старобінскага раёну Слуцкае Акругі (у Бел. Дзяржаўным Музэі). З аднаго боку драты канчаюцца тут высокімі, крыху звужанымі васьмікантовымі шпянькамі, з другога-ж толькі адзін дрот мае аналёгічны шпянёк, а два іншыя пераходзяць у злучаныя між сабой простакутныя пласьцінкі, аздобленыя насечаным орнамэнтам з трыкутнікаў, запоўненых кружочкамі. Крыху радзей такія-ж затворы сустракаюцца і ў грыўнях з двох дратоў; у гэтых выпадках з аднаго канца абодва драты канчаюцца гузікамі, з другога - лёгка выгнутымі, злучанымі між сабой або паасобнымі пласьцінкамі, паміж якіх таксама прымацаваны гузік, што служыць замест кручка. Такі тып вядомы нам у адным з абручоў з вёскі Эглі [150], у нашыйнай грыўні з Віцебшчыны, што захоўваецца ў Эрмітажы [151], а таксама ў аднэй грыўні з Люцынскага магільніку [152]. Формы гузікаў не заўсёды бываюць аднолькавыя; конусападобная форма зьяўляецца найболей частай, але сустракаюцца таксама і круглыя гузікі, а ў аднэй грыўні са збораў Беларускага Дзяржаўнага Музэю ў Менску [153] нам вядомы прыклад гузікаў чатырохкантовых.
Усе пералічаныя тыпы вітых грыўняй, а таксама сыстэмы затвораў, знаходзяць сабе вядомыя аналёгіі ў прыбальтыцкіх старажытнасьцях [154], - але ў Скандынавіі яны трапляюцца рэдка, хутчэй як выключэньне. Шлях пашырэньня іх, як і іншых тыпаў, пэўна таксама ідзе з усходу, хоць вызначыць яго дакладна і досыць цяжка. У кожным выпадку, тыпы гэтыя зьяўляюцца вельмі частымі ў кургановых знаходках Беларусі, дзе яны трымаліся, мабыць, у цягу досыць доўгага часу, амаль што праз усю кургановую эпоху.
У старажытнасьцях X сталецьця, аднак, мы ўжо знаходзім тып гэты ў значна болей складаных формах, - магчыма прывознага пахаджэньня. Самая тэхніка тут многа болей рознастайная, у композыцыю ўведзены большы лік дратоў, рысунак пляценьня болей заблытаны, прычым, замест ранейшае бронзы, абручы зроблены з лёгкага серабра. Грыўні гэтага часу трацяць сваю масыўнасьць і строгасьць, набываюць выгляд прыгожых ланцугоў або перавяслаў, больш тоўстых у сярэдзінах і стончаных па канцох, дзе яны пераходзяць у простыя стрыжні з затворамі ў відзе звычайных кручкоў. Такі тып мы сустракаем, напрыклад, у Гнёздаве [155], дзе разам з апісанымі намі вышэй, аздобленымі пацеркамі гладкімі грыўнямі ён, магчыма, зьяўляецца ўзорам занесеных шляхам гандлю арабска-сірыйскіх вырабаў, - хаця і болей блізкім у стылістычных адносінах да папярэдніх дэкорацыйных традыцый.

6. Галаўныя, нагрудныя, паясныя і ручныя аздобы: павязкі, ланцугі, фібулы, пражкі, паясы і бранзалеты

Некаторыя тыпы грыўняй, як мы ужо зазначалі вышэй, зьяўляючыся пераважна нашыйнымі аздобамі, у паасобных выпадках ужываліся таксама і ў якасьці галаўных убораў. Выпадкі гэтыя, аднак, зарэгістраваны параўнальна рэдка, і нельга думаць, каб ужываньне грыўняй як галаўных аздоб было асабліва пашыраным: хутчэй, галаўныя грыўні маглі граць ролю ня сталага, але выключна пахавальнага ўбору, - і то як пэўнае выключэньне.
Спецыяльныя галаўныя аздобы, якія маглі быць прызначаны таксама і для штодзённага ўжытку, займаюць сярод беларускіх кургановых старажытнасьцяй адносна нязначнае месца, прытым, далёка не выяўляючы ўласьцівай іншым аздобам рознастайнасьці форм. Сярод іх так званыя "вісочныя кольцы" і завушніцы з стылістычнага боку ня маюць асаблівае цікаўнасьці, будучы, звычайна, досыць прымітыўнымі комбінацыямі з драцяных абручоў і пацерак, у большасьці выпадкаў - чужаземнага, прывознага пахаджэньня. Асобную групу ствараюць толькі галаўныя павязкі, праўда досыць аднастайных тыпаў, якія сустракаюцца пераважна на Віцебшчыне і часткова на Меншчыне, і можа быць зьяўляюцца прадметамі латыскіх старажытнасьцяй, паколькі падобныя формы аздоб яшчэ да нядаўняга часу захоўваліся ў латыскай народнай вопратцы.
Знаходкі такіх павязак мелі месца, напрыклад, у Людзвікаве [156] - але галоўную масу іх, і ў розных варынтах, дае толькі Люцынскі магільнік, дзе агульны лік іх знаходак дасягае 153, г. зн. прыпадае болей як на палову ўсіх пахаваньняў [157]. Згодна тэрмінолёгіі, прынятай Архэолёгічнай камісіяй у "Материалах по археологии России", яны падзяляюцца на два асноўныя тыпы: "жгуты" [158] і "вянкі" [159]. Першыя з іх зроблены з ваўняных шнуркоў ці вяровак, скручаных у досыць тоўстыя замкнутыя пучкі, унізаныя шырокімі драцянымі сьпіралямі; у некаторых выпадках на пярэдніх частках пучка знаходзяцца спэцыяльныя дэкорацыйныя пражкі [160]. У большасьці выпадкаў "жгуты" сустракаюцца з аднаго пучка, і толькі як выключэньне - з двох ці з трох. Часьцей за ўсё да гэтага пучка далучаны асобныя даўгія прывескі ў выглядзе абвітага драцянымі сьпіралямі аналёгічнага шнура, які паступова падзяляецца на некалькі канцоў, аздобленых падвескамі. Найболей пашыраны падвескі з ліставога мэталю, трапэзаідальнае формы, не орнамэнтаваныя, - такія-ж самыя, што ўжываліся ў пласьцінчатых грыўнях; у некаторых выпадках у якасьці падвесак сустракаюцца бубенчыкі [161], а яшчэ радзей канцы шнуроў закончаны толькі абручыкамі або простымі вузламі. Для прымацаваньня падвесак служаць спэцыяльныя прамежкавыя зьвеньні: часам яны маюць форму звычайных драцяных абручыкаў, але ў іншых выпадках зроблены як болей складаныя і часта вельмі прыгожыя петлі з падвойнымі сымэтрычнымі віткамі [162]; у асобных выпадках падвескі бываюць далучаны да невялічкіх каўпачкоў або пласьцінак [163]; у аднэй з знаходак такая пласьцінка мае надзвычайна цікаўную форму нейкай зробленай сілуэтна, у профіль, жывёлы (сабакі?), Зыкручаны на сьпіну хвост якой стварае верхнюю пятлю, ногі-ж пры дапамозе круглых драцяных абручыкаў падтрымліваюць два бубенчыкі [164].
"Вянкі" зьяўляюцца болей складанай формай таго-ж самага, фактычна, тыпу аздобы. Яны складаюцца з некалькіх радоў аналёгічных, нанізаных на вяроўкі, шнуркі ці нават рамяні, драцяных сьпіраляй, злучаных у больш- менш шырокую паласу - павязку; у вялікіх экзэмплярах такая павязка мае звычайна некалькі злучальных орнамэнтаваных перахватаў з бронзавых пласьцінак, і ў гэтых выпадках яна замыкаецца пры дапамозе спэцыяльнага банту, зробленага з такіх-жа як і ўся павязка сьпіраляй. Аздобы гэтага тыпу ўжо радзей за "жгуты" маюць дадатковыя прывескі; але там, дзе яны ёсьць, яны маюць той-жа характар, што і ў "жгутох", з падвескамі ў відзе сьпіраляй альбо бубенчыкаў. Цікаўна пры гэтьтм, што ў "вянкох" прывескі бываюць часьцей у мужчынскіх пахаваньнях, прычым і самыя гэтыя аздобы сустракаюцца пераважна ў мужчынскім уборы, у той час як "жгуты" зьяўляюцца выключна жаночымі прадметамі.
Значны лік знаходак галаўных "жгутоў" і павязак уласна ў Люцынскім магільніку, пры пэўнай выпадковасьці і абмежаванасьці іх у іншых мясцох, дазваляе аднесьці гэтыя прадметы да параўнальна позьняе эпохі, каля IX сталецьця. Пры гэтым, аднак, пахаджэньне іх застаецца ня зусім ясным. Аўтары справаздач аб раскопках у Люцыне высунулі асьцярожнае прыпушчэньне, што гэты тып галаўных аздоб мог паступова разьвіцца з прыёму аздабленьня мэталёвымі абручыкамі запраўдных жаночых кос, што наглядаецца, напрыклад, у каўкаскіх і мардоўскіх старажытнасьцях [165]. Зусім іншага погляду трымаюцца Кандакоў і Талстой: пасылаючыся на знойдзеныя ў тым- жа Люцынскім магільніку рэшткі зусім нятыповага для Люцыну галаўнога пакрыцьця з бахрамою, якое, на думку іх, крыху нагадвае бізантыцкі мафорыум, яны дапушчаюць магчымасьць, што і апісаныя намі павязкі маюць аналёгічныя бізантыцкія крыніцы, зьяўляючыся нібыта перайманьнем рымска-бізантыцкіх зачосак, дзе каса ўкладалася навакол галавы, перапляталася пэрлавымі нізкамі, а потым падзялялася на некалькі вольных канцоў [166]. Апошнююдумку, з нашага пагляду, трэба рашуча адхіліць, як зусім беспадстаўную. Папершае, як наагул у Беларусі ў даную эпоху, так, часткова, і ў Люцынскім магільніку, дзе галаўныя павязкі сустракаюцца масамі, - ніякіх сьлядоў бізантыцкага ўплыву не наглядаецца; наадварот, большая частка прадметаў выразна належыць да іншых тыпаў: побач з галаўнымі павязкамі трапляюцца вітыя і пласьцінчатыя грыўні, якія сьведчаць аб сувязі з усходам, а таксама некаторыя формы фібул і бранзалетаў заходняга пахаджэньня, пры поўнай адсутнасьці форм бізантыцкага альбо блізкага да іх характару. Далей, сярод знаходак Ніжняга Падняпроўя падобных галаўных павязак зусім няма, у той час як яны бясспрэчна павінны былі-б сустракацца і там у выпадку, калі-б гэтыя аздобы (або хоць тып іх) запраўды ішлі ў Беларусь з Бізантыі дняпроўскім шляхам; фактычна-ж, аднак, сярод украінскіх старажытнасьцяй іх месца займаюць іншыя галаўныя аздобы, бязумоўна, бізантыцкага пахаджэньня. Нарэшце, варта ўвагі, што вядомы знаходкі аналёгічных люцынскім, крыху толькі болей прымітыўных павязак у Мурамскім павеце Ўладзімсрскае губэрні, а таксама ў Тамбоўскіх магільніках - Лядзінскім і Тамнікоўскім [167]; знаходкі гэтыя, часткова, могуць служыць для вызначэння пэўных этапаў у руху падобных галаўных аздоб ці тыпаў іх з усходу на паўночны захад, разам з рознымі тыпамі грыўняй. На нашую думку, найболей праўдападобна, што іх належыць аднесьці да ліку ўсходніх форм, хоць і бясспрэчна, што найболей поўнага і шырокага свайго разьвіцьця яны дасягаюдь толькі ў апісаных намі беларуска-латыскіх тыпах, часткова ў Люцыне. Цікаўна, пры гэтым, што ўласна тут такі тып галаўной аздобы ўтрымаўся найболей доўга: мы ўжо зазначалі, што вельмі блізкія да іх формы аздоб параўнальна нядаўна вышлі з ужытку ў латыскім народным уборы; у Віцебшчыне яны называліся "вайнікамі", і мелі формы зробленых з картону дыядэм, якія абшываліся тканінай і аздабляліся роўнымі шэрагамі нашытых на тканіну пацерак, прычым ззаду, аналёгічна прывескам старадаўніх "жгутоў" і "вянкоў", да іх прымацоўваліся зьвязаныя бантам істужкі з канцамі, распушчанымі па сьпіне. Такія аздобы, як сьведчыць Крузэ, надзяваліся на галаву маладой пры вянцы, і ў іх-жа хавалі памерлых дзяўчат, у сувязі з чым яны нярэдка памінаюцца ў латыскіх народных песьнях [168]. Агульныя формы іх, як бачым, маюць шмат супольных рыс з люцынскімі павязкамі, якія маглі быць першаўзорамі для гэтых пазьнейшых, традыцыйна захаваных у народным гарнітуры аздоб.
Апроч павязак, якія былі спэцыяльнымі выключна галаўнымі аздобамі, частковае значэньне галаўных убораў маглі мець таксама і некаторыя тыпы ланцугоў, хоць у асобных выпадках бывае часам цяжка азначыць дакладнае прызначэньне падобных прадметаў, якія зьяўляліся наагул досыць значна пашыранымі аздобамі і ў большасьці выпадкаў, бясспрэчна, ужываліся як уборы нашыйныя або нагрудныя ў злучэньні з рознымі пражкамі і фібуламі. Па сваёй конструкцыі аздобы з ланцугоў можна падзяліць на некалькі катэгорый. Да першай з іх належаць досыць даўгія ланцугі, асноваю для прымацаваньня якіх зьяўляюцца масыўныя бронзавыя шпількі больш-менш значных памераў. Прыкладам тут можа быць адзін з прадметаў Віленскага Музэю [169]; шпілька яго мае галоўку ў выглядзе трох кружкоў і маленькае вушка каля галоўкі, да якога на кароткім ланцужку прымацавана месяцападобная падвеска з наразным орнамэнтам; ад гэтай падвескі зьвісаюць далей асноўныя тры ланцугі, у сваю чаргу закопчаныя падвескамі ў відзе паўмесяцаў (у віленскім экзэмлляры з іх захавалася толькі адна). На думку Еўст. Тышкевіча [170] і Кіркора [171], пры нашэньні такога прадмету шпілька замацоўвалася ў валасох, а ланцугі спушчаліся з боку на рамёны і грудзі. Гэта, зразумела, магчыма; але падобныя прадметы маглі ўжывацца таксама і ў якасьці нагрудных або плечавых ланцугоў у выпадку, калі шпількі замест валос прычапляліся да адзежы. Формы шпілек у ланцугох гэтага тыпу, а таксама ў знойзнойдзеных паасобку, але, пэўна, таго-ж самага прызначэньня экзэмплярах, даюць цэлы шэраг варыянтаў галовак: так, сярод адных толькі знаходак на Меншчыне можна вызначыць круглыя, конусападобныя і чатырохкантовыя галоўкі, а таксама плоскія, у відзе абручыкаў, кружкоў або падвойных віткоў. Як выключэньне, і можа быць - выпадковае, вялікая бронзавая шпілька з Люцынскага магільніку [172] мае галоўку ў відзе пласьцінкі з пляценьнем, маленькаю пальмэттаю ў асяродку і чатырма стылізаванымі конскімі галоўкамі па бакох, бясспрэчна, усходняга тыпу.
Другая катэгорыя ланцугоў, хутчэй за ўсё, мела адзінае прызначэньне ў якасьці нагрудных аздоб. Ланцугі гэтага тыпу, вядомыя нам пераважна па знаходках у Люцыне [173], прымацаваны ў досыць значным ліку да двох бакоў спэцыяльных выгнутых пласьцінак, якія надзяваліся, пэўна, ззаду на шыю, прычым ланцугі зьвісалі на грудзі, падобна да маніста. У мясцох прычапленьня такіх ланцугоў да пласьцінак часам падвешаны дадатковыя кароткія, а ў некаторых выпадках і даўжэйшыя ланцужкі з дэкорацыйнымі пласьцінкамі, бубенчыкамі і г. д. Асноўныя нашыйныя пласьцінкі досыць рознастайны па формах, маюць фігурныя петлі з віткамі або аздоблены тонкім геометрычным орнамэнтам [174]. Нагул сярод ланцугоў тып гэты найболей багаты і пышны, прычым сустракаецца ён параўнальна рэдка.
Нарэшце, трэцяя катэгорыя складаецца з ланцугоў, падвешаных у ліку ад аднаго да дзесяці да маленькіх абручыкаў або спэцыяльных пласьцінак і скончаных на сваіх вольных канцох рознастайнымі падвескамі. Такія ланцугі сустракаюцца рознае даўжыні, прычым карацейшыя з іх звычайна лічацца плечавымі аздобамі, якія прышпіляліся да адзежы з дапамогаю пражак ці фібул; але, на нашую думку, ня выключана магчымасьць частковага іх ужываньня таксама і ў якасьці галаўных аздоб з прымацаваньнем, напрыклад, да "вянкоў" альбо наагул да галаўных павязак, замест тых прывесак, што існу юць у "жгутох". Ланцугі гэтага тыпу найболей пашыраны, асабліва ў Люцыне, і ў той-жа час найболей рознастайны па ліку асобных ланцужкоў, а таксама па характары асноў і падвесак. Прасьцейшыя іх асновы, як мы ўжо зазначылі. маюць выгляд звычайныхабручыкаў; але часьцей, - у тых выпадках, калі асновы гэтыя зроблены з дроту, - яны ўтвараюць больш- менш складаныя петлі [175]; іншыя маюць выгляд пераважна трыкутных і месяцападобных пласьцінак з вушкамі наверсе і аздобамі з насечанага геомэтрычнага орнамэнту; у асобных выпадках орнамэнт зроблены з дапамогай ажурных прарэзаў [176], нарэшце, як досыць рэдкія формы, можна паказаць пласьцінкі з гравіраваным контурам нейкае жывёлы [177] і з выразанымі конскімі галоўкамі [178]. Апроч знаходак Люцынскага магільніку, цікаўны ўзор падобнае аздобы вядомы сярод прадметаў гнёздаўскага скарбу [179]: асноваю для ланцужкоў зьяўляецца тут круглая сярэбраная бляха з дакладнай разьбярнай аздобай у выглядзе складанага пляценьня з галоўкамі птушак і аленяў; здолу да гэтае бляхі прыроблены абручык, да якога падвешаны тры ланцужкі, сплеценыя з складаных падвойных зьвеньняў, а па канцох ланцужкоў на тонкіх абручыках прымацаваны лёгкія, прыгожа орнамэнтаваныя сканьню падвескі. У даным выпадку, характар падвесак зьяўляецца мала звычайным, асабліва сканная тэхніка, якая характэрна амаль што выключна для Гнёздава. Наогул-жа падвескі ў ланцугох гэтага тыпу сустракаюцца тыя-ж самыя, што ў галаўных "жгутох" і часткова грыўнях, г. зн. пераважна ў выглядзе тонкіх орнамэнтаваных альбо гладкіх пласьцінак трапэзаідальнае формы, рознастайных бубенчыкаў і, часам, каўпачкоў; адзінай асаблівай формай зьяўляюцца толькі круглыя пласьцінчатыя падвескі з выемкамі і бакавымі прарэзамі, падобныя да маленькіх, прымітыўна апрацаваных грабянцоў [180].
(36KB) Плечавыя ланцужкі з Гнёздаўскага магільніку. У процілегласьць іншым катэгорыям ланцугоў, апошні з апісаных намі тыпаў, бясспрэчна, зьвязаны ў стылістычных адносінах з цэлым шэрагам аналёгічных знаходак з самых розных месцаў. Адным з найболей даўніх іх першаўзораў зьяўляюцца, магчыма, аздобы накшталт ланцужкоў з падвеснымі званочкамі з Апагіды ў Вэнгрыі [181] якія належаць да эпохі перасяленьня народаў. З другога боку, аналёгічныя, але значна болей позьнія аздобы ўжо з хрысьціянскіх часоў вядомы сярод разанскіх і кіеўскіх знаходак [182]. Такім чынам, у хронолёгічным сэнсе знаходкі на беларускай тэрыторыі займаюць быццам сярэдняе між тымі і іншымі месца. Магчыма, што ў сваім пахаджэньні тып гэты ўсходзіць да позьнярымскіх плечавых фібул, прычым як і ў некаторых іншых выпадках шлях пашырэньня рымскіх форм у славянскія краіны мог тут ісьці праз вэнгерскую тэрыторыю, адкуль Беларусь атрымала іх раней, а Украіна і Расія - ужо ў пазьнейшую эпоху і ў зьмененым відзе. Праўда, сярод знаходак Гнёздаўскага магільніку можна вызначыць адзін не памянуты намі раней варыянт, дзе ланцужкі з падвескамі прымацаваны да досыць даўгіх і вялікіх ажурных пласьцінак [183]; конструкцыя гэтая блізка нагадвае некаторыя аздобы з мяранскіх і тамбоўскіх магільнікаў, і, можа быць, паказвае на ўсходняе пахаджэньне калі не ўсяго гэтага тыпу цалкам, дык хаця-б некаторых яго адменьнікаў. Але варыянт гэты, апроч Гнёздава, болей нідзе ў Беларусі невядомы і мала тыповы.
Калі плечавыя ланцугі часткова зьвязаны з фібуламі ў сваім пахаджэньні, дык яшчэ больш яны зьвязаны з імі ў самым спосабе ўжываньня, паколькі прымацаваньне іх да адзежы ў большасьці патрабавала якой- небудзь асобнай прылады, якімі, напрыклад, у Люцынскім магільніку і зьяўляліся пераважна фібулы, а таксама пражкі. Але, апроч таго, фібулы вядомы ў беларускіх старажытнасьцях і як самастойныя аздобы ў досыць значным ліку знаходак. Праўда, яны тут ня граюць асабліва выдатнае ролі і не займаюць таго пераважнага месца, якое належыць ім сярод заходня- эўропейскіх старажытнасьцяй, - але ў параўнаньні на іншых усходня- славянскіх краін, часткова да сярэдняе і паўночнае Расіі, фібулы сустракаюцца. ў Беларусі значна часьцей і ў большай рознастайнасьці форм. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што фібулы наагул ёсьць рэчы, мала ўласьцівыя як чыстаславянскай культуры, так і таму славяна-фінскаму побыту, што панаваў на ўсход ад сучаснай беларуска-расійскай этнографічыай мяжы. Асобныя тыпы вопраткі не дапушчалі ў гэтых мясьцовасьцях магчымасьці ўжываньня фібул у першапачатковым іх прызначэньні, гэта значыць у якасьці плечавога гапліка ў лёгкай верхняй адзежы накшталт плашча, што мела месца ў клясычных іх першаўзорах. Выпадкова занесеныя на гэтыя абшары экзэмпляры прывозных заходніх фібул - звычайна выкарыстоўваліся тут для іншых мэт, да паясных пражак уключна, а потым вырадзіліся ў аздобы чыста дэкорацыйнага прызначэньня ў характары сучасных брошак або ўжываліся як нейкія ганаровыя адзнакі, - магчыма, адпаведна аднаму з тых прызначэньняў, якія фібулы мелі і ў Рыме, дзе разам з плашчом яны зьяўляліся ў позьнія часы абавязковым гарнітурам людзей вайсковага стану і часам служылі знакамі вайсковае ўзнагароды. У процілегласьць гэтаму ў Беларусі іншы этнографічны склад насельніцтва, а таксама бліжэйшае географічнае яе становішча ў адносінах да Заходняе Эўропы, разам з значнаю доляй больш-менш сталых і беспасрэдных з ёю сувязяй, - маглі ўтварыць многа болей спагадныя ўмовы для пашырэньня і ўжываньня фібул. Спачатку ў чужаземных, прывозных тыпах яны маглі зьявіцца ў некаторых найболей значных - магчыма, і неславянскіх - пунктах, а потым ужо перайсьці і да славян, якія ў Беларусі тыпам сваёй адзежы, дзякуючы тым-жа заходнім уплывам, маглі адрозьнівацца ад іншых усходня-славянскіх плямён. У кожным выпадку, зьяўляецца бясспрэчным фактам, што ў архэолёгічных знаходках на тэрыторыі Беларусі фібулы сустракаюцца ў досыць чыстым відзе, і нават тыя з іх ліку, якія можна аднесьці да мясцовых вырабаў, выяўляюць досыць грунтоўнае знаёмства з заходнімі ўзорамі і значна набліжаюцца да іх па сваіх формах.
(26KB) Фібулы Віленскага Музэю. 1-3 , 5-7 -  арбалетныя фібулы (Б. 855-900); 4, 8-9 - адломкі бронзавых фібул (Б. 786-796); 10-11 - чашачныя фібулы з рэльефным орнамэнтам; 12 - бронзавая фібула з серабром і рэльефнымі залатымі кропкамі з  кургана каля н. Гарадзілава (Б. 154); 13 - бронзавая фібула з чырвонай эмальлю, знойдзеная каля Вільні (Б 20); 14 - адломак фібулы з ваколіц Дзьвінску (Б. 53-61); 15 - акруглая пласьцінчатая фібула. Шлях пашырэньня фібул у іх найболей старадаўшх тыпах, магчыма, той самы, які мы дапушчальна вызначалі для плечавых ланцугоў, г. зн. праз Вэнгрыю, разам з некаторымі іншымі тыпамі рымскіх аздоб. Думка гэтая, між іншым, ужо выказвалася ў літаратуры адносна так званых арбалетных фібул [184], якія на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца вельмі часта, - таксама, праўда, як у Прыбалтыцы і Скандынавіі [185]. Тып гэты ў старажытнасьцях Беларусі трапляецца ў цэлым шэрагу варыянтаў, больш- менш блізкіх, аднак, да свайго рымскага першаўзору. Тут можна зазначыць досыць вялікую колькасьць знаходак на Віленшчыне [186] і Меншчыне [187], а таксама найболей, можа, позьнія хронолёгічна экзэмпляры гэтага тыпу сярод прадметаў Люцынскага магільніку [188]; пры гэтым, беспасрэдна заходняе пахаджэньне яго, бясспрэчна, пацьвярджаецца адсутнасьцю яго ў знаходках Усходняе Беларусі. Па формах сваіх арбалетныя фібулы рэзка адрозьніваюцца ад усіх іншых: асноваю іх зьяўляюцца бронзавыя дугападобныя пласьцінкі або сагнутыя ў дугу драцяныя стрыжні, умацаваныя ўдоўж па хордзе другімі масыўнымі стрыжнямі з сьпіральнымі пружынамі; да гэтых сьпіраляй прыроблены крыху выгнутыя даўгія язычкі, звычайна - трохкантовыя або паўкруглыя ў разрэзе, якія прыціскаюцца ў спэцыяльныя паглыбленьні, зробленыя ў пашыраных асяродках асноўных дуг. Канцы гэтых дуг, а таксама язычкоў, у большасьці выпадкаў бываюць апрацаваны ў выглядзе овальных пласьцінак або круглых точаных галовак; радзей яны сустракаюцца зусім без апрацоўкі, як, напрыклад, у вадным з экзэмпляраў Віленскага Музэю [189]. Як пласьцінкі, так і язычкі, вельмі часта бываюць аздоблены насечкаю або нарэзаным орнамэнтам; у большасьці экзэмпляраў орнамэнт гэты надзвычайна прымітыўны, і толькі ў аднэй, болей позьняй за іншыя фібуле з Люцына ён зьяўляецца крыху болей складаным, утвараючы крыжыкі і пляцёнку. Асобны варыянт арбалетнага тыпу дае нам фібула з Мяжанскіх знаходак [190]: яна зусім ня мае дугі і складаецца толькі з моцна выгнутага язычка, орнамэнтаванага накладнымі абручыкамі, і падвойнай сьпіральнай пружыны, прымацаванай да тонкага стрыжню.
Другі тып фібул, таксама цалком чужаземны па сваім характары, але меней пашыраны і толькі ў пэўных мясцох, - гэта вялікія овальныя, так званыя чашачныя фібулы, якія можна аднесьці да групы параўнальна зусім нямногалічных у старажытнасьцях Беларусі скандынаўскіх форм. Падобныя фібулы нярэдка трапляюцца ў Прыладажжы, у Фінляндыі і ў Прыбальтыцкіх краінах, у Беларусі-ж, аднак, мы сустракаем іх, і то больш-менш выпадкова, толькі ў некаторых пунктах на шляху "норманскага" гандлю, галоўным чынам у Гнёздаве [191]; знаходкі ў іншых мясцох, як, напрыклад, каля Дзьвінску [192], маюць зусім выключны характар; у апошнім выпадку занос іх мог адбыцца праз Прыбальтыку, таксама як і двох аналёгічных фібул Віленскага Музэю [193], якія нават ужо і не належаць да ліку беларускіх знаходак, але паходзяць з нейкага, дакладна невядомага месца з Жамойці [194]. Сувязь гэтых прадметаў з паўночнымі і часткова скандынаўскімі вырабамі зьяўляецца бясспрэчнай як у агульнай форме, так і ў характары орнамэнтыкі; але ў некаторых вьпадках, як напрыклад адносна гнёздаўскіх экзэмпляраў, ёсьць падставы лічыць, што яны могуць быць вырабамі мясцовае вытворчасьці, паколькі ў орнамэнтыцы тут можна бачыць рысы пэўнае заблытанасьці і нявыразнасьці ў параўнаньні да скандынаўскіх узораў [195]. Гнёздаўскія чашачныя фібулы маюць выгляд вялікага, выпуклага, овальнага шчытка, па краёх якога праходзіць насечаны орнамэнт у характары грубаватае пляцёнкі; на гэтую аснову прымацавана нарэзаная, але часьцей - ажурная накладка з сымэтрычна разьмеркаванымі, таксама ажурнымі шыпамі, злучанымі між сабою рубчатымі "дарожкамі", якія звычайна ствараюць на паверхні фібулы геомэтрычную фігуру з двох ромбаў; прамежкі запоўнены пляценьнем, часам з зьвярынымі мотывамі, але ў няяснай і нядбалай трактоўцы. З адваротнага боку знаходзяцца шпількі для прымацаваньня фібулы да адзежы, а ў некаторых экзэмплярах па краёх прароблены невялічкія дзюркі, што сьведчыць, магчыма, аб ужываньні такога тыпу фібул разам з плечавымі ці нагруднымі ланцугамі; гэтую думку часткова пацьвярджае знаходка ў Дзьвінску, а таксама некаторыя прыбальтыцкія знаходкі [196].
Апроч чашачных фібул, пэўную сувязь ці з скандынаўскімі ці наагул з паўночна-заходнімі, напрыклад, з ірляндзкімі вырабамі маюць, магчыма, зусім рэдкія ў беларускіх старажытнасьцях, параўнальна маленькія фібулы ў выглядзе плоскіх абручыкаў з пляценьнем, зьвярынымі галоўкамі і даўгімі шпількамі на шарнірах з орнамэнтаванымі дадаткамі. З беларускіх знаходак нам вядомы толькі тры экзэмпляры фібул гэтага тыпу, адзін з Люцынскага [197] і два з Гнёздаўскага магільніку [198]. Асабліва добры гнёздаўскі экзэмлляр мае складаную пляцёнку з паўтораным два разы мотывам аленяй галавы з удала стылізаванымі шырокімі рагамі. Да гэтых прадметаў у стылістычных адносінах, незалежна ад агульнае формы, набліжаюцца і яшчэ некаторыя фібулы і фрагмэнты іх з Гнёздава, таксама злучаныя з пляценьнем, часам з мотывамі зьвярынага орнамэнту [199]; але ўсе яны адносна рэдкі і мала тыповы, зьяўляючыся разам з усімі іншьмі прадметамі скандынаўскага характару як-быццам нечым наносным у культуры Гнёздаўскага магільніку, аздобамі нейкіх арыстократычных верхавін старадаўняга гнёздаўскага насельніцтва, якія складаліся або з прыежджых "норманскіх" гандляроў або з мясцовых жыхароў, зьвязаных з імі бліжэйшымі беспасрэднымі зносінамі [200]; у кожным выпадку, для агульнай характарыстыкі гнёздаўскага інвэнтара яны ня маюць асабліва важнага значэньня.
Што датычыць іншых тыпаў фібул у сьціслым сэнсе гэтага слова, - дык у беларускіх архэолёгічных знаходках іх можна лічыць адзінкамі. Сярод іх у першую чаргу можна назваць надзвычайна орыгінальную фібулу з Гнёздава, якая мае выгляд прымітыўнае чалавечае маскі ў злучэньні з прыгожай фігурай зьмея з умоўна трактаванай галавой, пераплеценага пасярэдзіне сымэтрычным вузлом; на думку Сізова, фібула гэтая належыць да гоцкага стылю з клясычна-рымскай асновай, і паходзіць з эпохі, папярэдняй развою скандынаўскага пляценьня, якое, аднак, ужо намячаецца тут у верхняй частцы маскі [201]. Далей, можна адзначыць дзьве цікаўныя формы фібул з Люцынскага магільніку: адна з іх [202] мае форму, агулам набліжаную да арбалетнай, але ўздоўжны стрыжань яе пашыраны па два орнамэнтаваныя канцы, а на перакрыжжы ўздоўжнага і папярочнага стрыжняў знаходзіцца круглая сярэбраная накладка з прарэзамі, аздобленая дробнымі рэльефнымі кропкамі накшталт філіграні; другая люцынская фібула [203] мае плоскую форму дзьвёх злучаных між сабою паралельных пласьцінак, да якіх у горняй частцы далучаны такі-ж плоскі паўкруг, перакрыжаваны ўздоўж і поперак вузкімі пласьцінкамі; уся фібула пакрыта шэрагамі такіх самых як у папярэднім выпадку кропак і пасярэбрана; аналёгічная форма сустрэлася ў Люцыне і яшчэ адзін раз [204], толькі ў болей просталінейных абрысах, у выглядзе пасярэбранай пласьцінкі з прарэзамі і зусім без орнамэнту.
Пералічаныя намі тыпы вычэрпваюць чыстыя формы фібул, якія сустракаюцца на беларускай тэрыторыі. Але, апроч іх, у надзвычайна значным ліку ва ўсіх мясцовасьцях Беларусі трапляюцца рэчы, якія некаторыя аўтары таксама лічаць за фібулы, вызначаючы іх назваю ладковападобных фібул, і якія, на нашую думку, хутчэй зьяўляюцца круглымі пражкамі, ня толькі ўласьцівага запраўдным фібулам нагруднага ці плечавога, але таксама і самага рознастайнага прызначэньня для ўсялякага зашпіляньня ў адзежы. Пражкі гэтыя нязьменна маюць агульнуго форму нязамкнутага круглага абруча, зробленага з тоўстага дроту альбо з спэцыяльнага стрыжню, на якім, у большасьці выпадкаў свабодна, прымацавана больш-менш масыўная шпілька. Форма гэтая ў некаторых; мясцовасьцях трымалася надзвычайна доўга, так што ў латыскай народнай адзежы, напрыклад, ледзь не да нашых часоў яшчэ ўжываюцца аналёгічныя пражкі, вядомыя пад назваю "сакстаў" [205]. Аднак, у адносінах да кургановых прадметаў гэтага тыпу нельга, здаецца нам, зацьвярджаць абавязковую іх прыналежнасьць да якога-небудзь аднаго народу; пры агульнай заходняй аснове гэтага тыпу, ён сустракаецца па ўсёй Беларусі на працягу ўсяго кургановага пэрыоду, і, пэўна, быў прадметам шырокага ўжытку сярод самых розных этнографічных груп; знаходкі яго зарэгістраваны ў цэлым шэрагу курганоў, пачынаючы з Віцебшчыны (разам з Люцынскім магільнікам [206] і Полаччыны [207], дзе насельніцтва і ў тыя часы магло быць хаця-б часткова латыскім, - і канчаючы Меншчынай [208], Віленшчынай [209], Магілёўшчынай [210], Горадзеншчынай [211], Случчынай [212], Барысаўшчынай [213], Мазыршчынай [214] і, нарэшце, Смаленшчынай [215], дзе, зразумела, на працягу кургановага пэрыоду жылі самыя розныя плямёны як славянскага, так і літоўскага пахаджэньня.
Пры сталасьці сваёй асноўнай формы і конструкцыі, тып гэты дае цэлы шэраг самых рознастайных варыянтаў у дэталях. Прасьцейшы варыянт - гэта зусім не орнамэнтаваны абручык з дроту, з віткамі па канцох і грубой тоўстай шпількай, або такая-ж самая пражка, зробленая нібыта з плоскай пласьціначкі; такая форма сустракаецца толькі ў самых маленькіх экзэмплярах. Далейшая відазьмена яе дае асноўны абручык з болей тоўстага круглага дроту з сьпіральнай нарэзкай, або прыгожую форму вітага з некалькіх дратоў абручыка, прычым у адным экзэмпляры з Люцынскага магільніку [216] канцы яго апрацаваны ня віткамі, а ў відзе зьмяіных галовак. Болей значныя па велічыні экзэмпляры зроблены ўжо ня з дроту, а з спэцыяльных стрыжняў, звычайна овальных або кантовых у разрэзе; стрыжні гэтыя маюць або навакол усёй пражкі або толькі ў задняй яе частцы тую ці іншую орнамэнтацыю з наколак, насечак ці пляцёнкі; канцы іх маюць самую рознастайную апрацоўку: тут сустракаюцца галачкі з паглыбленьнямі, многасьценьнікі з орнамэнтаванымі наколкаю гранямі, і найболей часта - плоскія ромбікі, квадрацікі або зорачкі, аздобленыя пляцёнкай ці якім-небудзь іншым рысункам; адна з пражак Люцынскага магільніку мае орыгінальныя канцы ў выглядзе маленькіх жбанкоў [217]. Крыху радзей сустракаюцца экзэмпляры, дзе галачкі, многасьценьнікі або квадрацікі знаходзяцца ня толькі па канцох абруча, але таксама і пасярэдзіне яго, або дзе орнамэнтыка, апроч абруча, заходзіць таксама і на шпільку. Нарэшце, зусім асобным варыянтам зьяўляюцца маленькія пражкі ў выглядзе шматпраменных зорак, вядомыя па ўзорах з Загорскіх курганоў на Віленшчыне [218] і з Люцынскага магільніку [219]. Усе пералічаныя формы знаходзяць свае агульныя аналёгіі ў прыбальтыцкіх [220] і некаторых заходняэўропейскіх [221] знаходках, але ў параўнаньні да апошніх яны многа ніжэй па дакладнасьці выкананьня і тонкасьці орнамэнтыкі, паказваючы на мясцовую пераапрацоўку заходніх тыпаў. Адносна некаторых з іх пэўнае ўпрошчаньне зразумела, паколькі, як мы зазначалі, яны маглі мець у адзежы не самастойны, але толькі службовы характар. Лепшыя экзэмпляры, аднак, ужываліся і ў якасьці самастойных аздоб, часта ў злучэньні з плечавымі і нагруднымі ланцугамі, як, напрыклад, у знаходках Люцынскага магільніку.
Іншыя, вядомыя нам формы пражак ужо зусім ня маюць такога хаця-б часткова самастойнага значэньня і сустракаюцца толькі як прылады для зашпіляньня раменных паясоў у агульным спалучэньні з шэрагамі орнамэнтаваных бляшак, якімі аздоблена раменная аснова прадмету. Падобныя пражкі, разам з самымі паясамі, вядомы нам пераважна з Люцынскага [222] і Гнёздаўскага [223] магільнікаў. У першым з іх яны маюць у большасьці таксама заходні характар, злучаны з бляшкамі, аздобленымі скандынаўскім пляценьнем, просталінейны па сваіх абрысах і звычайна самі зусім не орнамэнтаваны. Паясы складаюцца тут з даўгіх раменных палос, густа запоўненых шэрагам бронзавых бляшак, часта з далучанымі да іх абручыкамі для прывесак. Хутчэй як выключэньне тут сустракаюцца бляшкі з усходнім сэрцападобным рысункам, з якімі злучаны гладкія овальныя пражкі, а таксама рэдкія зьвярыныя мотывы і ў бляшках і ў прывесках [224]. Гнёздаўскія паясы пры аналёгічнай агульнай форме крыху рознастайней і багацей характарам сваіх аздоб. Тут сустракаюцца просталінейныя і крыху вытнутыя чатырохкутныя пражкі позьнярымскага тыпу, квадратовыя з пашырэньнямі па рагох, якія набліжаюцца да гоцкіх форм, і нарэшце надзвычайна цікаўныя овальныя, орнамэнтаваныя рубчыкамі пражкі з дадаткамі ў характары птушачых вачэй і дзюбак - усходняга, часткова каўкаскага тыпу, магчыма, таксама зьвязаныя з крыніцамі гоцкіх дэкорацыйных форм [225]. Ня меней рознастайны і гнёздаўскія паясныя бляшкі: тут мы знаходзім і паўночныя, скандынаўскія ўзоры пляцёнага орнамэнту, і болей старадаўнія тыпы рысункаў з фігурамі жывёл і драконаў, якія паказваюць хутчэй на ўсходняе пахаджэньне; далей - бясспрэчна ўсходнія тыпы орнамэнтыкі, часткова з расьліннымі мотывамі і надзвычайна частым сэрцападобным рысункам, нарэшце - вельмі цікаўныя сярэбраныя бляшкі, орнамэнтаваныя аздобамі з чэрні таксама ўсходніх геомэтрычных рысункаў. Да ўсіх гэтых тыпаў блізка падыходзяць ужо не паясныя, а паасобныя гнёздаўскія бляшкі, прывескі і мэдальёны, дзе мы знаходзім тую-ж рознастайнасьць стылістычных адценьняў з агульнаю перавагай усходніх дэкорацыйных мотываў, якія найболей яскрава выяўляюцца ў вялікіх, напэўна прывозных падвесках паўмесячнае формы і бясспрэчнага арабскага характару [226], і ў той самы час маюць сталы ўплыў і на ўласную орнамэнтыку ў вырабах мясцовае гнёздаўскае індустрыі. Усе гэтыя прадметы, як бачым, падобна большасьці іншых аздоб, выяўляюць тыя-ж падвойныя адносіны да заходніх і ўсходніх узораў, якія наогул зьяўляюцца характэрнымі для старажытнасьцяй Беларусі і лёгка знаходзяць сабе тлумачэньне ў географічным становішчы гэтае краіны як пэўнага вузлавога пункту ў сыстэме тагочасных гандлёвых шляхоў.
У сэнсе выяўленьня такіх суадносін ня робіць вынятку і яшчэ адна катэгорыя курганных аздоб, якую, зразумела, нельга абмінуць для паўнаты нашага агульнага аглядў; гэта - ручныя аздобы, колькасная роля якіх у беларускіх кургановых знаходках зьяўляецца досыць значнай. Да ліку іх належаць абручыкі, пярсьцёнкі, бранзалеты і налокатнікі, якія сустракатоцца як адна з найболей частых аздоб адналькова ў мужчынскіх і жаночых пахаваньнях, у некаторых выпадках, нават па некалькі штук пры кожным нябожчыку, - апроч толькі пахаваньняў Гнёздаўскага магільніку, дзе наагул ручныя аздобы трапляюцца як рэдкае выключэньне [227]. Формы гэтых аздоб выяўляюць значную рознастайнасьць, ня толькі ў знаходках з розных часоў, але і ў адных і тых-жа пахаваньнях: Люцынскі магільнік, напрыклад, мае да дванаццаці асобных іх тыпаў, ня лічачы варыянтаў [228]. Гэтыя формы, аднак, не заўсёды маюць значэньне стылістычных тыпаў, і не заўсёды належаць да ліку ювэлірных аздоб у сьціслым сэнсе гэтага слова. У некаторых пахаваньнях ручныя аздобы, асабліва бранзалеты, сустракаюцца ў такой надмернай колькасьці, што цяжка дапусьціць магчымасьць ужываньня ўсіх іх у штодзенным жыцьці з звычайнымі, чыста дэкорацыйнымі мэтамі; далей - частка іх зьяўляецца занадта простай па форме і зусім не орнамэнтавана; нарэшце, досыць часта сустракаюцца бранзалеты ў выглядзе замкнутых абручоў такога малога дыямэтру, што ўжываньне іх дарослым чалавекам зьяўляецца мала магчымым. Для тлумачэньня апошняе зьявы высунута была, між іншым, тэорыя, згодна якой бранзалеты такога тыпу надзяваліся на руку яшчэ ў дзяцінстве і так заставаліся на ўсё жыцьцё [229]; болей праўдападобна, аднак, іншая думка, а ўласна, што гэтыя бранзалеты надзяваліся толькі ўжо на нябожчыкаў [230], і часта пры гэтым, ня ў якасьці аздоб, але як рэчы, што маюць пэўную матар'яльную каштоўнасьць, аналёгічыа таму як гэта сустракаецца часам сярод скандынаўскіх [231] і каўкаскіх старажытнасьцяй [232]. Пры такім тлумачэньні робіцца зразумелым як надмерны лік ручных аздоб у некаторых найболей багатых пахаваньнях, так і поўная неаздобленасьць некаторых тыпаў, якім надавалася толькі практычнае значэнне больш-менш каштоўнага кавалка мэталю. Ясна, аднак, што такое значэньне ня мела агульнага характару, і што ў другіх выпадках мы знаходзім ручныя аздобы, прыстасаваныя для звычайных дэкорацыйных мэт, г. зн. для сталага нашэньня, пераважна ў жаночым уборы, адкуль яны і перайшлі ў адпаведныя пахаваньні; у такіх выпадках формы іх маюць і стылістычную цікаўнасьць, зьяўляючыся вартымі спэцыяльнага разгляду.
Найменшую рознастайнасьць форм і аздоб мы знаходзім у абручыках і пярсьцёнках, - найбольшую - у бранзалетах, хаця як тыя, так і іншыя зьяўляюцца прадметамі адналькова частымі. Абручыкі можна зьвесьці да двох асноўных тыпаў: вузкіх, зробленых з аднаго ці з нямногіх кавалкаў мэталю, і шырокіх сьпіральных у некалькі абаротаў. Прасьцейшым відам першага тыпу зьяўляюцца драцяныя або пласьцінчатыя абручыкі з нязлучанымі канцамі, якія заходзяць за адзін, - звычайна зусім не орнамэнтаваныя; болей складаныя тыпы або маюць драцяную абвіўку навакол асноўнага таксама драцянага стрыжню, - або зроблены вітымі, з двох ці з трох дратоў. Шырокія абручыкі маюць від больш-менш шырокіх сьпіральных цыліндраў у 4 - 10 абаротаў, зробленых з дроту рознага гатунку: круглага, рубчатага, перавітага, стужкападобнага і г. д. Некаторыя найболей цікаўныя экзэмпляры гэтага тыпу аздоблены падвескамі з ліставых пласьцінак ці з дроту [233]. Ад гэтых прадметаў можна адрозьніць пярсьцёнкі, г. зн. абручыкі, якія маюць тое ці іншае дэкорацыйнае пашырэньне з аднаго боку. З ліку іх можна выдзеліць таксама два асноўныя тыпы: першы з іх мае вітае пашырэньне з дадатковай перавіўкай; другі мае форму сьпіралі, скручанай з пашыранай у сярэдзіне пласьцінкі, прычым пласьцінка гэтая звычайна бывае аздоблена зубчыкамі, рубчыкамі або палоскамі [234].
Сярод бранзалетаў у першую чаргу трэба вызначыць найболей орыгінальны тып, - гэта так званыя шчытавідныя бранзалеты, якія часткова сустракаюцца ў Заходняй Эўропе, асабліва ў Нямеччыне, але найболей пашыраны ў Прыбальтыцкіх краінах [235], а таксама ў паўночна- заходняй частцы Беларусі, дзе знаходкі іх мелі месца ў аколіцах Дзьвінску [236], у Людвікаве [237] і ў Люцынскім магільніку [238], выключна ў мужчынскіх пахаваньнях. Бранзалеты гэтыя маюць форму масыўных плоскіх бронзавых кругоў, зробленых з тоўстых пласьцінак з нязлучанымі канцамі, паміж якіх застаецца вузкі прарэз. Загіб пласьцінкі пакідае ў сярэдзіне овальную адтуліну, форма якой абумоўлена тым, што асноўная пласьцінка мае неаднальковую шырыню: найбольшае шырыні яна дасягае па канцох, каля прарэзу, і найменшае з супроцьлеглага боку, дзе загіб яе ўхіляецца, апроч таго, ад правільнае акружыны і крыху прагібаецца ў напрамку да асяродку. Разрэзы пласьцінак зьяўляюцца неаднальковымі па сваіх формах, але заўсёды яны таўсьцей па краёх ніж у сярэдзіне, так што ў большасьці выпадкаў, асабліва з надворнага боку навакол бранзалета ідзе нявысокая закраінка. Пашыраныя часткі пласьцінак у большасьці орнамэнтаваны дакладным нарэзаным рысункам з геомэтрьтчных фігур, часьцей за ўсё - ромбаў і зубчыкаў.
Ня ўсе аўтары згаджаліся, між іншым, з тым, што гэтыя прадметы належыць аднесьці да ліку ручных аздоб, і адносна іх прызначэньня ў архэолёгічнай літаратуры ішлі пэўныя спрэчкі. Як бранзалеты вызначаў іх Bähr, лічачы, што яны насіліся мужчынамі на правых руках ня толькі ў якасьці аздоб, але і як шчыты, прызначаныя для захаваньня рукі ад удараў, падмяняючы, такім чынам, эфэсы, якія сустракаюцца рэдка ў прыбальтыцкай курганнай зброі. Кrusе, аднак, называе іх "Bogenspanner", г. зн. прыладамі для нацягваньня лукаў [239]. Наrtmann выказаў дапушчэньне аб прызначэньні іх у якасьці вотыўных абручоў з пэўным сымболічным значэньнем, з чым часткова згаджаўся Пакроўскі, які, аднак, высунуў, апроч таго, і яшчэ адно, зусім ужо мала пагрунтаванае дапушчэньне аб ужываньні гэтых прадметаў у якасьці налучных абручоў, якія нібыта надзяваліся на сярэдзіну луку, каб быць абапораю для стралы пры яго нацягваньні [240]. Знаходкі Люцынскага магільніку згладзілі вострасьць гэтых спрэчак і канчаткова, здаецца, дазволілі вырашыць пытаньне: з ліку 56 прадметаў гэтага тыпу - 40 знойдзены былі на мясцох, г. зн. на руках касьцякоў, 29 на левых і 11 на правых [241], - бясспрэчна, значыцца, у якасьці ручных аздоб і не таго прызначэньня, якое надаваў ім Bahr. Застаецца толькі нявысьветленым дакладна, папершае, самае пахаджэньне гэтага тыпу бранзалетаў, - падругое, магчымасьць якога-небудзь іншага прызначэньня гэтых прадметаў, апроч асноўнага, як, напрыклад, у тых выпадках, праўда рэдкіх, калі ў тым-жа Люцыне яны былі знойдзены не на руках, але ў іншых нявыразных палажэньнях адносна касьцяку нябожчыка [242].
Другою, ня меней пашыранаю формаю ручных аздоб зьяўляюцца масыўныя літыя бранзалеты падковападобнае формы, з нутранога боку плоскія, а з надворнага - паўкруглыя, з нязамкнутымі, звычайна пашыранамі або патоўшчанымі канцамі. Прыкладамі гэтага тыпу могуць быць тры экзэмпляры Віленскага Музэю [243], а таксама шмат якія знаходкі з Люцыну [244]. У гэтых аздобах варты ўвагі моцна разьвіты, часта вельмі багаты нарэзаны орнамэнт строга геомэтрычнага характару, асноўнымі мотывамі якога зьяўляюцца ламаныя лініі, зубцы, уздоўжныя рубчыкі, ромбічныя лускі і ў некаторых рэдкіх выпадках - пля ценьне. Характар гэтых аздоб у большасьці набліжаецца да ўсходніх узораў.
(16KB) Бронзавыя бранзалеты з нарэзаным орнамэнтам. (Люцынскі магільнік). Аналёгічны орнамэнт маюць часам пласьцінчатыя вузкія бранзалеты, яшчэ болей пашыраныя сярод беларускіх старажытнасьцяй, і зьвязаныя, пэўна з усходнімі тыпамі ня толькі рысункамі сваіх дэкорацыйных аздоб, а таксама і агульнай формай [245]. Сярод усходніх старажытнасьцяй бранзалеты такога тыпу нярэдка канчаюцца зьвярынымі галоўкамі; аналёгічны прыём мы знаходзім часам і ў беларускіх знаходках, дзе канцы выяўляюць сабою модыфікацыі зьмяіных галовак, то болей грубыя як мы гэта бачым у адпаведных прадметах Віленскага Музэю [246], - то болей дакаднае апрацоўкі, - галоўным чынам у асобных знаходках паўночна-заходняе Беларусі [247] і ў Люцынскім магільніку [248]. У гэтых выпадках геомэтрычная орнамэнтыка самых бранзалетаў таксама мае тэндэнцыю пераймаць да вядомае ступені характар рысунку зьмяінае лускі; так, напрыклад, адзін з людвікаўскіх бранзалетаў аздоблены падвойным шэрагам кропак, трыкутнікаў і крыжыкаў; у другім орнамэнт мае выгляд лускаватае сеткі, у пераплётах якой знаходзяцца паглыбленыя ромбікі з кропкамі па сярэдзінах. На думку некаторых архэолёгаў, апрацоўка канцоў у выглядзе зьмяіных галовак сустракаецца ў беларускіх старажытнасьцях і ў некаторых вітых бранзалетах з нязлучанымі канцамі. Падобны экзэмпляр ёсьць, напрыклад, у Віленскім Музэі [249]; другі быў знойдзены ў Шкельбатах [250]. Апрацоўка канцоў, аднак, тут болей грубая, і нам здаецда, што цяжка сказаць ці ў гэтых выпадках мы запраўды маем справу з зьмяінымі галоўкамі, ці, можа, гэта хутчэй прымітыўныя конскія галоўкі ўсходняга характару. Апроч таго, для вітых бранзалетаў такая апрацоўка канцоў зьяўляецца наагул не асабліва характэрнай. Значна часьцей вітыя бранзалеты ўтвараюць зусім замкнутыя абручы з затворамі або завязкамі пры дапамозе тонкага дроту, Форма гэтая вельмі пашырана і не адзін раз сустракалася ў архэолёгічных знаходках на Віленшчыне [251], Барысаўшчыне [252], Мазыршчыне [253] у Люцынскім магільніку [254] і ў іншых мясцох; два экзэмпляры гэтага тыпу ёсьць у Віленскім Музэі [255]. Пахаджэньне яго, напэўна, таксама ўсходняе, прычым, на думку некаторых аўтараў, ён зьяўляецца вынікам перайманьня сірыйскіх шкляных бранзалетаў [256]; з нашага ўласнага пагляду, аднак, ён хутчэй мог узьнікнуць незалежна ад гэтых прадметаў, разам з аналёгічнымі па тэхніцы вітымі грыўнямі. З другога боку, не пазбаўлена, можа, падставы і думка Е. Тышкевіча, згодна якой гэтага тыпу аздобы зьяўляюцца ня толькі бранзалетамі, але таксамаі і асобным варыянтам фібул (fibula alcidia), якія служылі для злучэньня вольных канцоў шырокае верхняе адзежы, што прадзяваліся праз замкнуты абруч; думку сваю Тышкевіч падьвярджае пасылкай на тое, што такія прадметы часам знаходзіліся з левага боку грудзей нябожчыка, у адным-жа выпадку сярод абломкаў падобнага абруча былі знойдзены рэшткі напалову струхлелае тканіны [257]. Але, калі Тышксвіч і мае рацыю, - дык гэта сьведчыць толькі аб магчымасьці падвойнага прызначэньня такіх прадметаў, бо ў другім выпадку знаходка аналёгічнага абруча на лакцявых касьцях правае рукі ў адным з Загорскіх курганоў на Віленшчыне [258] робіць бясспрэчным ужываньне іх таксама і ў якасьці ручыых аздоб.
Усе пералічаныя намі вышэй варыянты бранзалетаў у формах сваіх і ў орнамэнтыцы зьвязаны пераважна з Усходам, прычым да гэтае катэгорыі можна далучыць яшчэ і параўнальна рэдкія бранзалеты з ліставога мэталю, вядомыя нам па знаходках на Меншчыне [259] і Барысаўшчыне [260], і аналёгічныя па характары сваіх аздоб да бранзалетаў літых і пласьцінчатых. Апроч іх, сярод беларускіх старажытнасьцяй можна вызначыць і некаторыя заходнія тыпы, часткова, рымскага пахаджэньня. Да ліку іх належаць досыць рэдкія сьпіральныя бранзалеты з масыўнага стрыжню ў 3-4 абароты [261] і значна пашыраныя ў пахаваньнях паўднёва- заходняе Беларусі, напрыклад, у Люцынскім магільніку, таксама сьпіральныя шырокія наручнікі або налокатнікі з мядзяных істужак у 10 - 13 абаротаў [262] Апошнія звычайна маюць насечаны орнамэнт у відзе перакрыжаваных зубчатых ліній, елачак, кропак ці "ланцужка", часам у характары зьмяінае лускі, - у такіх выпадках пры аналёгічнай, праўда прымітыўнай апрацоўцы канцоў у тыпе зьмяіных галовак. Орнамэнт гэты ў большасьці аздабляе толькі бліжэйшыя да канцоў 2-3 абароты сьпіралі, сярэднія-ж абароты маюць звычайна тояькі ўздоўжны рэльефны рубчык з лёгкімі насечкамі з абодвых яго бакоў. У Люцынскім магільніку такія прадметы належаць пераважна, і нават амаль што выключна, да ліку жаночых аздоб, у чым, між іншым, яны адрозьніваюцца ад сваіх магчымых рымскіх першаўзораў, якія часьцей былі часткаю мужчынскага вайсковага ўбраньня.
Сярод беларускіх старажытнасьцяй ручныя аздобы найболей пашыраны ў дагнёздаўскую эпоху. У пазьнейшыя часы лік іх значна зьмяншаецца, так што ў самым Гнёздаве, напрыклад, знойдзена ўсяго некалькі экзэмпляраў: два ў вядомым гнёздаўскім скарбе, у відзе тонкіх сярэбраных абручыкаў з нанізанымі на іх шклянымі пацеркамі [263], і таксама два пры раскопках магільніку - адзін зроблены з тоўстага бронзавага дроту з надзетымі на яго жалезнымі абручыкамі [264], і другі, пласьцінчаты з просталінейным ромбаідальным рысункам, блізкім да мотываў народнага гафтавальнага або тканіннага орнамэнту [265]. Усе яны мала характэрны і маюць выпадковае значэньне. Таксама больш-менш вьпадковым можна лічыць і іншы, раней невядомы тып бранзалетаў, які зьяўляецца ў Беларусі ўжо ў пасьлягнёздаўскі пэрыод: гэта шырокія падвойныя створчатыя бранзалеты з ліставога серабра з выбіўнымі або гравіраванымі фігурамі птушак і жывёл, якія зьмяшчаюцца ў маленькіх арачках, падзеленых адна ад аднэй орнамэнтальнымі прамежкамі з трылісьнікаў, лісьняў аканта або патройных вузлоў. У Беларусі такія бранзалеты былі знойдзены толькі ў адным месцы на Магілеўшчыне [266], і болей вядомы яны па знаходках у кіеўскіх, чарнігаўскіх і арлоўскіх скарбах, якія, магчыма, вызначаюць шлях выпадковага іх заносу ў Беларусь. Агульная форма іх, - хутчэй нарукаўнікаў, а не бранзалетаў у сьціслым сэнсе гэтага слова, - а таксама характар орнамэнту - паказваюць на бізантыцкую крыніцу іх пахаджэньня. Але гэта адзін з нямногіх прыкладаў бізантыцкае формы ў беларускіх старажытнасьцях, які на нашую думку можа быць датаваны ўжо не раней як толькі XI сталецьцем.

Важнейшыя матар'ялы

1 . Материалы по археологии России, издаваемые Императорскою Археологическою Комиссиею, № 4. Древности Северо-Западного края. Т. I, вып. 1.СПБ. 1890.
2. Материалы по археологии России. № 14. Древности Северо-Западного края. Т. I, вып. 2. Люцинскний могильник. СПБ. 1893.
3. Материалы по археологии России. № 28. В. И. Сизов: Курганы Смоленской губернии. Вып. 1 . Гнездовский могильник близ Смоленска. СПБ. 1902.
4. Труды IX Археологического Съезда в Вильне. Т. 1. М. 1895. (Ф. В. Покровский: Курганы на границе современной Литвы и Белоруссии. Стар. 166−220).
5. Труды IX Археологического Съезда в Вильне. Т. II. М. 1897. (Ф. В. Покровский: К исследованию курганов и городищ на восточной окраине современной Литвы. Стар. 138−196).
6. Белорусские древности, изданные А. М. Сементковским. Вып. I. СПБ. 1890.
7. Ф. В. Покровский: Виленский Музей Древностей. Вильня, 1892.
8. Русские древности в памятниках искусства, издаваемые графом Н. Толстым и Н. Кондаковым. Выпуск V. Курганные древности и клады домонгольского периода. СПБ. 1897.
9. Записки Отделения русской и славянской археологии Императорского Русского Археологического Общества. Т. V, вып. 1. СПБ. 1903. (А. Спицын: предметы с выемчатою эмалью).
10. Е. Tyszkiewicz: Rzut oka na zródla archeologii krajowej. Wilno, 1842.
11 . Е. Tyszkiewicz: Ваdаnіа archeologiczne nad zabytkami przedmiotów sztuk i rzemiosł і t. d. w dawnej Litwie i Rusi Litewskiej. Wilno, 1850.

[1] А. Спицын. Расселение древне-русских племен по археологическим данным "Журнал Министерства Народного Просвещения", 1899, № 8, стар. 311-321.

[2] Ibidem, стар. 317-318.

[3] Е.Ф. Карский. Белорусы, т. I, стар. 63 і 75.

[4] Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі. Выд. Інстытуту Беларускае Культуры. Менск, 1926. Стар. 27-29.

[5] Д. Я. Самоквасов. История русского права, 2, стар. 145.

[6] Dr. Lubor Niederle.Slovanske' staroźitnosti. Oddill I, svazek IV. V Ргаze. Nákladem Bursika a Kohouta. 1925. Стар. 216.

[7] Ibidem, стар. 243.

[8] Ibidem, стар. 268-269.

[9] А. Спицын. Расселение древне-русских племён, стар. 312-313.

[10] Ibidem, стар. 318.

[11] Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі, стар. 27 (даклад А.Сьпіцына).

[12] А.Спицын. Расселение, стар. 314-315 і 318.

[13] Ibidem, стар. 326-327.

[14] Русские древности в памятниках искусства, издаваемые И.Толстым и Н.Кондаковым. Вып. V: Курганные древности и клады домонгольского периода. СПБ. 1897. Стар. 53 і 155.

[15] Пар., напр., Материалы по археологии России, № 28. В.И. Сизов. Курганы Смоленской губернии. Вып. I. Гнездовский могильник близ Смоленск СПБ 1902. Стар., 119, 125. Таксама: Кондаков и Толстой. Русские древности в памятниках искусства вып. V, стар. 5.

[16] Пар., напр., зацьверджаньні Nіеderle, які, аднак, памылкова, на нашую думку, да гэтага самага часу адсоўвае і пачатак усходняга ўплыву. Slovanské staroŜitnosti, I , sv.IV, стар. 252

[17] Напрыклад, Кондаков і Толстой у адносінах да грыўняй і некаторых галаўных аздоб. - Русские древности в памятниках искусства, V, стар. 50 і інш.

[18] Пар. В.Н. Сизов Гнездовский могильник, стар. 94. Таксама: В.И.Завитневич. Вторая археологическая экскурсия в Припетское Полесье. Киев, 1891. Стар. 62.

[19] Русские древности в памятниках искусства, V, 22-24.

[20] Ibidem, V, 91, мал. 113.

[21] Ibidem, III, 148, мал. 176.

[22] Ibidem, V. мал. 92-99, 214-17, 225.

[23] Ibidem, мал. 48, 51, 55.

[24] Ibidem, мал. 100.

[25] Ibidem, мал. 59.

[26] Ibidem, стар. 155.

[27] З раскопак С. Дубінскага 1914 году.

[28] Эрмітаж, адз. XІV, шафа I, табл. 4. Здымак у Н. Кондакова. Указатель отделения Средних Веков и Эпохи Возрождения. СПБ. 1891. Стар. 254, мал. 37.

[29] Пар. В.И. Сизов. Гнездовский могильник, стар. 116-118. А.Спицин. Гнездовские курганы в раскопках Сергеева. "Известия Имп. Археологической Комиссии", № 15, стар. 7-8. Е. Клетнова. Великий Гнездовский могильник. " Niederlǔv Sbornik". Praha, 1925. Стар. 314-316.

[30] Русские древности в памятниках искусства, V, мал. 54, 56-58.

[31] Ibidem, мал. 63.

[32] Ibidem, мал. 62.

[33] Пар. зацьверджаньне А.Спицына: "Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі", стар. 27.

[34] Nіеderle, ор. сіt., стар. 243.

[35] Пар. ibidem, стар. 241-242.

[36] Напрыклад, у раскопках Рэчыцкай акругі між вусьцяў Прыпяці і Бярозы. Гл. Русские древности в памятниках искусства, V, 68; таксама В. 3авітневічч, ор. сіt. стар. 15, 24-25, 45.

[37] Русские древности, V, 187.

[38] Материалы по археологии России, издаваемые Археологической Комиссией. № 4. Древности Северо-Западного края. СПБ. 1890. Стар. 10-13; табл. II, мал. 10-16.

[39] Цікаўна зазначыць, што першая спроба ў гэтым напрамку, разам з першаю наагул і пакуль што ледзь не адзінаю спробаю гістарычна-мастацкага тлумачэньня архэолёгічных помнікаў Польшчы, Літвы і Беларусі, зроблена была яшчэ ў 1858 годзе Крашэўскім (I. Krazsewski. Sztuka u Słowian, szczególnie w Polsce i Litwie pzsedchrześcijanskiej. Wilno, 1858). Але яна зьявілася, зразумела, мала дакладнай з прычыны адсутнасьці і нераспрацаванасьці матар'ялу. Захоплены новаю тэмай, аўтар хацеў убачыць у помніках кургановай эпохі "цэлы закончаны і поўны цыкль гісторыі мастацтва" (Ор. сіt., стар. 65-66), на што фактычна няма ніякіх падстаў, асабліва прымаючы пад увагу чужаземнае пахаджэньне значнае большасьці кургановых знаходак, што Крашэўскаму, пэўна, было нявядома. Яго назіраньні ў галіне старадаўняга орнамэнту, аднак, у агульных рысах правільны і супадаюць з нашымі вывадамі.

[40] Уваров. Археология России, т. I. М. 1881. Стар. 386.

[41] Напрыклад, у экзэмпляры Віленскага музэю: аддз. Л, № 293. Гл. таксама Ф. В. Покровский. Виленский Музей Древностей. Вільня, 1892. Табл. 1, № 9.

[42] Віленскі.музэй, аддз. Л, №№ 181, 183-185, 190 і інш.

[43] Віленскі музэй, аддз. Л, № 191.

[44] Для характарыстыкі нэолітычнае орнамэнтыкі намі, галоўным чынам, скарыстаны зборы Беларускага Дзяржаўнага Музэя ў Менску.

[45] О. Моntelius. Antiquites suedoises. Stokholm, 1873. №№ 111 а, 123, 391 і інш.

[46] I. К. Aspelin. Antiquités du Nord Finno-Ougrien. Helsingfors, 1877, №№ 64-65, 96-97. Моntelius, ор. сіt., № 96.

[47] Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі. Коштам Інстытуту Беларускае Культуры. У Менску, 1926. Стар. 28.

[48] Ф. В. Покровский. К исследованию курганов и городищ, на восточной окраине современной Литвы. " Труды IX Археологического С'езда в Вильне". Т. II. М, 1897. Стар. 169-170. Табл. XI, малюнкі 18, 19, 20 і 20а.

[49] Каталог предметов Музея Древностей, состоящего при Виленской Публичной Библиотеке. 1885. Аддзел Б, №№ 481,482, 560-563, 855-900. На аддзелы і №№ гэтага каталогу мы пасылаемся ўсюды ў далейшым, гаворачы аб прадметах з Віленскага Музэю.

[50] Аддз. Б, № 560-563. Прадметы гэтыя вядомы назваю "дыядэмы", што зусім не адпавядае рачаістасьці. Думкі аб іх прызначэньні, аднак, разыходзяцца: Кондаков і Толстой бачаць у іх часткі конскае збруі, хутчэй за ўсё - сядзельныя падпругі ("Русские древности", Ш, 152-153); Ф. В. Покровский лічыць іх за асабовыя паясы, хоць і не адмаўляе магчымасьці ўжываньня іх таксама і для іншых мэт (" Виленский Музей Древностей". Вильна, 1892. Табл. XII); асьцярожней за ўсіх Л. Спицын, які вызначае іх, як рэчы невядомага прызначэньня ("Предметы с выемчатою эмалью". - Записки Отделения русской и славянской археологии Имп. Русского Археологического Общества. Т. V, вып. 1. СПБ, 1903. Стар. 164).

[51] Аддзел Б, №№ 481-482.

[52] Ф. Покровскний. Виленский Музей Древностей, табл. XIII. Кондаков и Толстой. Русские древности в памятниках искусства, вып. III, стар. 152. Л. С(пицын). Предметы с выемчатою эмалью. "Записки Отд. Слав. и рус. арх. Имп. Рус. Арх. О-ва", т. V, вып. 1, стар. 162-164.

[53] Віленскі музэй, аддзел Б, №№ 20, 53-61

[54] Предметы с выемчатою эмалью, стар. 160-161, 190-192.

[55] Предметы с выемчатою эмалью, стар. 160, 170, 190.

[56] Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі, стар. 28.

[57] Предметы с выемчатою эмалью, стар. 156.

[58] Antiquités du Nord Finno-Ougrien, 325 і далей.

[59] Русские древности в памятниках искусства, III, 150-152.

[60] Ibidem, 152.

[61] Віленский Музей Древностей, XIII.

[62] Пар. эрмітажныя экзэмпляры ў "Русских древностях", III, 83-84.

[63] Русские древности, III, 152.

[64] Предметы с выемчатою эмалью, стар. 192.

[65] Пар. Русские древности, III, 1 47-148.

[66] Предметы с выемчатою эмалью, стар. 160.

[67] Ibidem, стар. 186-189.

[68] Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі архэографіі, стар. 28.

[69] Lindenschmit. Handbuch der Archeologie, XXVII, 8-9.

[70] Morel. Champagne souterraine, X, 10.

[71] Предметы с выемчатою эмалью, стар. 161

[72] Ibidem, стар. 161 - 166.

[73] Гл. De Baye: les bronzes émaillés de Mostchina. Paris, 1891. Кондаков и Толстой: Русские древности, 111, 152,115. Л. С(пицын): Предметы с выемчатою эмалью, 178-180.

[74] Л. С.: Предметы с выемчатою эмалью, стар. 170-178.

[75] Ibidem, стар. 188, мал. 298.

[76] Віленскі Музэй, аддзел Б, № 594.

[77] Аб тыпе такіх абручоў наагул - гл. далей у разьдзеле 5-м

[78] Е. Tyszkiewicz. Rzut oka na źródla archeologii krajowéj. Wilno, 1842. Табл. V.

[79] Verhandlungen der gelehrten Estnischen Gesellschaft. 1876. Band VIII. Heft 3. Табл. I, 19-23.

[80] De Baye. Les bronzes émaillésde Mostchina, II.

[81] Предметы с выемчатою эмалью, стар. 164 (Табл. XXVIII, 3).

[82] Виленский Музей Древностей, IX, 3.

[83] Найболей цікаўныя тыпы такіх аздоб ёсьць сярод знаходак Лядзінскага і Тамнікоўскага магільнікаў Тамбоўскае губ. Гл. Русские древности в памятниках искусства, V, мал. 81-82, 86.

[84] Малюнкі іх і апісаньне гл. Ф. Покровский. К исследованию курганов и городищ на восточной окраине современной Литвы. " Труды IX Археологического С'езда", т. II, М. 1897, стар. 143-144, табл. IX, 9.

[85] Ф. Покровский. Курганы на границе современной Литвы и Белоруссии. " Труды IX Археологического С'езда", т. I, М. 1895, стар. 200 і 214, мал. 63.

[86] Пар., напр., Hartmann: Das vaterländische Museum. Doprat, 1871. II, 12; Bähr: Die Gräber der Liven. Drezden, 1885. V, 12; Kruse: Necrolivonica. Leipzig. 1859. 4, 1І і 27, 2.

[87] Віленскі Музэй, аддзел Б, №№ 655, 657-659.

[88] Материалы по археологии России, издаваемые Императорскою Археологическою Комиссиею. № 4: Древности Северо-Западного Края. СПБ, 1890. Т.I, вып. 1, стар. 49, табл. VIII, мал. 2.

[89] Ibidiem, стар. 52-53, табл. IV, мал. 10.

[90] Материалы по археологии России. № 14: Люцинский могильник. СПБ, 1893. Табл. III, мал. 11 і стар. 25.

[91] Віленскі Музэй, аддзел Б, № 655.

[92] Там-жа, аддзел Б, № 657.

[93] Там-жа, аддзел Б, №№ 658-659

[94] Материалы па археологии России. № 14: Люцинский могильник, стар. 25.

[95] Пар., напр, Е. Tyszkiewicz: Badania archeologiczne nad zabytkami przedmiotów sztuk і rzemiosł i. T. D. W dawnej Litwe i rusi Litewskiej. Wilno, 1850. Стар. 65. Таксама: Dzieje starozythe narodu Litewskiego przez Theodora Narbutta. T. I. Wilno, 1835. Стар. 335.

[96] Пар. J. Kraszewski: Litwa starozytna, стар. 320

[97] В. 3авитневич: Вторая археологическая экскурсия в Припетское Полесье. Киев, 1891. Стар. 60. Е. Tyszkiewicz: Badania archeologiczne, I, 9. К. Tyszkiewicz:O kurhanach na Litwie i Rusi Zachodniej, III. 3. В. Татур: Очерк археологических памятников на пространстве Минской губернии. Минск, 1892. Стар. 126-127.

[98] Aspelin: Antiquités du Nord Finno-Ougrien №№ 702, 707, 787, 886, 903, 988, 993, 1127 і інш.

[99] Hartmann. Das vaterländische Museum, II, 15, 18, 19, 24. Вähr: Die Gräber der Liven, III, 1; VIII, 4: IX, 1 і 4; X, 4, 6, 16, 18; XI, 6; XX, 5. Kruse: Necrolivonica, табл. 10; табл. 19, 6; табл. 27, 1-3.

[100] Материалы по археологии России. № 14: Люцинскпий могильник. Мал. 10-12 на стар. 25.

[101] Aspelin: Antiquités du Nord Finno-Ougrien, №№ 2167, 2151, 2139.

[102] Материалы по археологии России, № 14: Люцинский могильник. Табл. III, мал. 10.

[103] Магерналы по археологии России. № 4: Древности Северо-Западного края. Табл. V, мал. 5.

[104] З раскопак I. Сербава ў Косэлі на Магілёўшчыне.

[105] Віленскі Музэй, аддзел Б. №№ 662-663.

[106] Aspelin: Antiquités du Nord Finno-Ougrien, № 1875 і 1892.

[107] Ibidiem, № 1900.

[108] A. Kohn und C. Mehlis: Materialien zur Vorgeschichte des Menschen im östichen Europa, 138.

[109] Віленскі Музэй, аддзел Б, № 569.

[110] Материалы по археологии России. № 14. Таблица III, мал. 8.

[111] Материалы по археологии России. № 4. Стар. 52 і табл. IV, мал. 9.

[112] Пар., напр., Hartmann, op. cit., II, 4, 7-8; Plater: Uber alte Gräber, II, 25; Dowgird: Pamiątki z czasów przedhistorycznych na Zmudzi. Warszawa 1887, VI і VII.

[113] Напрыклад, Bähr: ор. cіt., V, 10.

[114] Так, напрыклад, азначае аналёгічныя скандынаўскія прадметы Ворсо: Северные древности Копенгагенского Королевского Музея С. П. Б. 1861. Увага да табліцы VII.

[115] Віленскі Музэй, аддзел Б, №№ 660-661.

[116] Там-жа, № 591.

[117] Ворсо. Северные древности, № 222.

[118] Montelius. Antiquiés suédoises, № 228.

[119] Ворсо, 220 і 221; Montelius, 231 і 232.

[120] Виленский Музей Древностей, X, 3.

[121] Материалы по археологии России. № 4. Табл. VIII, мал. 10-11, стар. 50.

[122] Белорусские древности, изд. Л. М. Сементковским. Вып. 1. СПБ. 1890. Мал. 46 на стар. 73.

[123] Труды IX Археологического Съезда в Вильне, т. II, стар. 144 і табл. IX, мал. 7.

[124] Белорусские древности, мал. 47 на стар. 77.

[125] Материалы по археологии России. № 4. Мал. 2 на стар. 50 і табл. VIII, мал. 1 і 3.

[126] Белорусские древности,, мал. 46 на стар. 73.

[127] Труды IX Археологнического Съезда в Вильне, т. II, стар. 174-176, табл. XI, мал. 29.

[128] Эрмітаж, аддз. XIV, шафа I, табл. 5. Здымкі гл.: Кондаков и Толстой. Русские древности в памятниках искусства, выпуск V, мал. 48 і 52.

[129] Императорский Эрмитаж. Указатель отделения Средних Веков и эпохи Возрождения. Составил Н. Кондаков. СПБ., 1891. Стар. 255.

[130] Русские древности в памятниках искусства, V, 60.

[131] Кондаков, ор. сіt., стар. 269.

[132] Іbidiem, стар. 252.

[133] У скарбе, напрыклад, апроч усходніх монэт, ёсьць толькі адна ангельска-саксонская і адна бізантыцкая.

[134] Материалы по археологии России. № 28: В. И. Сизов. Гнездовский могильник близь Смоленска. СПБ, 1902, Стар. 116−119.

[135] Труды IX Археологнического Съезда в Вильне, т. II, стар. 144, 146, табл. IX, 2 і 7.

[136] Материалы по археологии России. № 4. Стар. 53−55, табл. 4.

[137] Русские древности в памятниках искусства, V, мал. 50−51.

[138] Белорусские древности, 61.

[139] Віленскі Музэй, аддзел Б, № 572.

[140] Такая апрацоўка сустракаецца, напрыклад, у грыўні, знойдзенай у 1892 г. ў Тэльшаўскім павеце б. Ковенскае губэрні. Гл. " Виленский Вестник" за 1892 г., № 72.

[141] Белорусские древности, мал. 34.

[142] Материалы по археологии России. № 4. Табл. VIII, мал. 12−13.

[143] Материалы по археологии России. № 14. Табл. III, мал. 9.

[144] Ibidiem, мал. 1 на стар. 49 і табл. VIII, мал. 8−9.

[145] Труды IX Археологнического Съезда в Вильне, т. II, табл. XII, мал. 34.

[146] Белорусские древности, мал. 33.

[147] Материалы по археологии России. № 4. Табл. IV, мал. 3.

[148] Віленскі Музэй, аддзел Б, №№ 570−571.

[149] Труды IX Археологического Съезда в Вильне, т. II, табл. IX, мал. 2.

[150] Материалы по археологии России. № 4. Мал. 3, стар. 51.

[151] Ibidiem, мал. 5.

[152] Материалы по археологии России. № 14. Табл. IX, мал. 12.

[153] З раскопак I. Сербава ў Косэлі на Магілеўшчыне.

[154] Пар., напр., Рlаter, II, 26, 27; Kruse, XXVII, g; Bähr, XIV, а, b; Aspelin, № 2167.

[155] Русские древности в памятниках искусства, V, мал. 50-51.

[156] Материалы по археологии России. № 4. Табл. V, мал. 2.

[157] Материалы по археологии России. № 14. Стар. 21.

[158] Ibidiem, I, 10, 11; II, 8.

[159] Ibidiem, VIII, 18.

[160] Ibidiem, VIII, 5.

[161] Ibidiem, I, 1-5; II, 8.

[162] Ibidiem, I, 1,2, 5, 11; II, 8.

[163] Ibidiem, VIII, 7, 9-11.

[164] Ibidiem, I, 4.

[165] Ibidiem, стар. 20-21.

[166] Русские древности в памятниках искусства, V, 50.

[167] Русские древности в памятниках искусства, V, 77, мал. 79.

[168] Материалы по археологии России. № 4. Стар. 57.

[169] Віленскі Музэй, аддзел Б, № 485.

[170] Віленскі Музэй, аддзел Б, № 485.

[171] Каталог предметов Музея древностсй, состоящего при Виленской Публичной Библиотеке, № 877.

[172] Материалы по археологии России. № 14. Мал. 36 па стар. 47.

[173] Ibidiem, IV, 2, 7; V, 10.

[174] Ibidiem, V, 10; VII, 11-13.

[175] Ibidiem, I V, і, 5; V, 4.

[176] Ibidiem, IV, 4; V, 3; VII, 1, 4, 5.

[177] Ibidiem, V, 2.

[178] Ibidiem, V, 5.

[179] Эрмітаж, аддзел XIV, шафа I, табліца 3. Малюнак у "Русских древностях", V, 63

на стар. 66.

[180] Материалы по археологии России. № 4. Табл. VIII, мал. 7. Материалы по археологии России. № 14. Табл. IV, 3, 7; V, 8.

[181] Мах Creutz. Kunstgeschichte der edlen Metalle. Stuttgart, 1909. Мал. 45, стар. 48.

[182] Русские древности в памятниках искусства, V, мал. 162 і 179.

[183] Материалы по археологии России. № 28. Мал. 26, а, б і в.

[184] Русские древности в памятниках искусства, V, стар. 12.

[185] Сярод прыбальтыцкіх фібул гэтага тыпу можна паказаць знаходкі ў Kapsehden'e (Hartmann, VIII, 9, 11; Bahr, УШ, 2, 3; Kruse, табл. 33), Ascheraden'e (Kruse, 19, 8) і Grobin'e (Ibidem, 35, е); з ліку скандынаўскіх знаходак вядомы экзэмпляры з Dörby I Fridhem'a (Montelius № 314), а таксама некаторыя прадметы Копэнгагенскага музэю (Ворсо, №№ 391 і 426.

[186] "Виленский Вестник" за 1889 г., № 168 і за 1891 г. № 242. Виленский Музей Древностей, IV, 1-7.

[187] Татур, ор. сіt., стар. 131.

[188] Материалы по археологии России. № 14. Табл. VI, мал. 18 і стар. 31.

[189] Виленский Музей Древностей, IV, 3.

[190] Труды IX Археологического С'езда в Вильне, т. II, табл. XI, мал. 19 а.

[191] Материалы по археологии России. № 28. Табл. I, 1-2; V, 20; XII, 3.

[192] Белорусские древности, мал. 37-38.

[193] Віленскі Музэй, аддзел Б, №№ 855 і 900.

[194] Е. Tyszkiewicz: Rzut oka na źródła archeologii krajowej, II, 34.

[195] Пар. думку В. Сизова: Материалы по археологии России. № 28. Стар. 35-36.

[196] Напрыклад, з Ашэрадэнскіх курганоў: В Bähr, I, II, III: Kruse, 1.a, b, c, d; 2 AB, 15 і інш. Aspelin, 380.

[197] Материалы по археологии России. № 14. Табл. VI, мал. 15.

[198] Материалы по археологии России. № 28. Табл. I, мал. 5 і мал. 36 на стар. 87.

[199] Ibidiem, I, 3, 6; V, 16 і некаторыя іншыя.

[200] Пар. зацьверджаньні В. Сизова: Ibidiem, стар. 118-119.

[201] Ibidiem, V, 17 і стар. 42-43.

[202] Материалы по археологии России. № 14. Табл. VI, мал. 17.

[203] Ibidiem, мал. 13 па стар. 31.

[204] Ibidiem, табл. VI, мал. 16.

[205] Материалы по археологии России. № 4. Стар. 54, увага 7.

[206] Ibidiem, V, 1 і б; VI, 1, 5-7, 27; VII, 2. Материалы по археологии России. № 14. Табл. V, 4, 7, 8; VI, 1-14; VIII, 14; X, 18.

[207] Белорусские древности, мал. 3.

[208] Татур, 130-131. Таксама экзэмпляры Беларускага Дзяржаўнага Музэю з раскопак у Заслаўі.

[209] Виленский Музей Древностей, IV, 13.

[210] Экзэмпляры Беларускага Дзяржаўнага Музэю з раскопак у Горках.

[211] Материалы по археологии России. № 4. Стар. 11, мал. 8 і табл. II, мал. 29, 32.

[212] Виленский Музей Древностей, V, 6.

[213] К. Tyszkiewicz: O kurhanach na Litwie i Rusi Zachodniej, IX, 8.

[214] В. Завитневич: Вторая археологическая экскурсия в Припетское Полесье, стар. 57-58

[215] Материалы по археологии России. № 28. Табл. I, мал. 17-21; XIII, 4-5.

[216] Материалы по археологии России. № 14. Табл. VI, 1 і мал. 20 на стар. 34.

[217] Ibidiem, мал. 18 на стар. 33.

[218] Труды IX Археологического Съезда в Вильне, т. I, мал. 53, стар. 70.

[219] Материалы по археологии России. № 14. Табл. VI, мал. 3.

[220] Пар. Bähr , II, 2; VI, III, 4; УШ, 8, 14; Hartmann, VII, 9; Krusе, 3, 6; 12, 2 і інш.

[221] Мах Сreutz: ор. сіі., стар, 83, мал. 72.

[222] Материалы по археологии России. № 14. Табл. XII, 6, 7, 8; XIII, 1-4, 13.

[223] Материалы по археологии России. № 28. Табл. II, 10-26; III, 1-51; V, 1-11; XI,

3-21; XII, 1. XIII, 7-9.

[224] Материалы по археологии России. № 14. Табл. XIII, 2, 4, 12.

[225] Материалы по археологии России. № 28. Стар. 40.

[226] Эрмітаж, аддзел XIV, ІІІафа I, табл. 2-3. Малюнкі ў " Русских древностях", V, №№ 54, 56-58.

[227] Материалы по археологии России. № 28. Стар. 51-52.

[228] Материалы по археологии России. № 14. Стар. 39-43.

[229] К. Tyszkiewicz: O kurhanach..., стар. 51.

[230] Виленский Музей Древностей, VI, 13.

[231] Ворсо, ор. сіt., № 459.

[232] Les necropoles prehistoriques de l'Armenie Russe. " Revue Archéologique" 1890, XV, 187.

[233] Материалы по археологии России. № 14. Табл. X, 2-10; XI, 11-12; XII, 11.

[234] Ibidiem, X, 1; XI, 7-10.

[235] Krusе, XIX, 7; Bähr, XIII, 14-16; Hartmann, X, 43.

[236] Віленскі Музэй, аддзел Б, №№ 13-20.

[237] Материалы по археологии России. № 4. Табл. VI, 28; VII, 15.

[238] Материалы по археологии России. № 14. Табл. IX, 1-2, 11; X, 20.

[239] Necrolivonica, стар. 24.

[240] Виленский Музей Древностей, V, 1-4.

[241] Материалы по археологии России. № 14. Стар. 39.

[242] Усяго было 12 такіх знаходак, і апроч таго яшчэ некалькі дзіцячых бранзалетаў

гэтага тыпу.

[243] Віленскі Музэй, аддзел Б, №№ 134, 135, 141.

[244] Материалы по археологии России. № 14. Табл. IX, 3-5 і мал. 23, 28.

[245] Материалы по археологии России. № 14. Табл. IX, 6-7 і мал. 29, 30, 35 і інш.

[246] Віленскі Музэй, аддзел Б, №№ 119, 130-131.

[247] Материалы по археологии России. № 4. Табл. VII, 5, 7, 12-14, 16.

[248] Материалы по археологии России. № 14. Табл. I, 7; III, 1, 4-5; мал. 31-33 на стар. 43.

[249] Віленскі Музэй, аддзел Б, № 25.

[250] Материалы по археологии России. № 4. Табл. VIII, 4.

[251] "Виленскнй Вестник" з,І 1845 г., № 92.

[252] К. Tyszkiewicz: O kurhanach..., VI, 4. Е. Tyszkiewicz: Ваdаnіа archeologiczne, I, 5.

[253] 3авитневич: Вторая археологическая экскурсия..., стар. 60.

[254] Материалы по археологии России. № 14. Табл. 111, 2.

[255] Віленскі Музэй, аддзел Б, № 149-150.

[256] Русские древности в памятніках искусства, V, 157.

[257] Ваdаnіа archeologic zne, стар. 63.

[258] Труды IX Археологического Съезда в Вильне, т. I, мал. 49.

[259] Віленскі Музэй, аддзсл Б, № 171.

[260] К. Tyszkiewicz: O kurhanach..., VI, 5.

[261] Материалы по археологии России. № 14. Табл. II, 3.

[262] Ibidiem, II, 7; IX, 9 і рыс. 24-26 на стар. 40.

[263] Русские древности в па мятніках искусства, V, 62.

[264] Материалы по археологии России. № 28. Табл. IV, 14.

[265] Ibidiem, V, 16.

[266] Русские древности, V, мал. 219 на стар. 158.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX