Вярнуцца: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва

Разьдзел III


Аўтар: Шчакаціхін Мікола,
Дадана: 26-07-2012,
Крыніца: Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва, Мінск, 1993.



Замковае і ваеннае будаўніцтва Заходняе Беларусі ў XIII-XVI сталецьцях

1. Пахаджэньне першапачатковых тыпаў

Пачынаючы з XIII сталецьця соцыяльна-экономічныя і дзяржаўна- політычныя ўмовы жыцьця Беларусі рэзка зьмянілі асноўную лінію разьвіцьця яе монумэнтальнай архітэктуры. Бізантыцкае ў сваёй аснове царкоўнае будаўніцтва, якое знайшло сабе глебу ў цягу папярэдняга сталецьця ў найболей выдатных асяродках паасобных стара-беларускіх княстваў, амаль што зусім прыпынілася ў эпоху тае грунтоўнае перабудоўкі нутраных політычных адносін на беларускай тэрыторыі, якая выявілася ў паступовай консолідацыі раней адасобненых беларускіх зямель навакол адзінага дынастычнага цэнтру, у форме суцэльнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Прычынай гэтага, з аднаго боку, зьявілася, напэўна, тое, што ў процэсе дзяржаўнага аформленьня Вялікага Княства Літоўскага былыя дзяржаўна-політычныя цэнтры пазбавіліся ранейшага свайго значэньня, новыя-ж асяродкі, ужо ня зьвязаныя гэтак шчыльна з праваслаўным культам, а разам з тым і наогул з формамі бізантынізаванае культуры, ня мелі належнага грунту, дзе магла-б працягнуцца і разьвіцца надалей тая-ж самая царкоўна-будаўнічая традыцыя. З другога боку, і самы гэты процэс адбываўся ў досыць напружанай атмосфэры барацьбы і змаганьня, дзе заставалася мала месца для мірнага культавога будаўніцтва: дзяржаўныя і політычныя інтарэсы адцягвалі ўвагу ў іншы бок. У кожным выпадку, за час з XIII і аж да самага канца XV сталецьця мы не знаходзім у Беларусі аніводнага монумэнтальнага помніку царкоўнае архітэктуры. Зразумела, культавыя будынкі, г. зн. цэрквы і крыху пазьней касьцёлы, за гэты час павінны былі будавацца, - але хутчэй за ўсё яны былі выключна драўлянымі, і значыцца страчаны для нашага вывучэньня, разам з помнікамі цывільнае архітэктуры тагачасных местаў.
Замест таго, у гэтую эпоху мы бачым шпаркае разьвіцьцё каменнае архітэктуры ў зусім іншым напрамку, г. зн. у якасьці архітэктуры ваеннай і замковай, абумоўленай чыста-практычнымі вымаганьнямі часу.
У стылістычных адносінах асабліва важным зьяўляецца тут грунтоўны адыход ад усіх ранейшых традыцый. З пачаткам замковае архітэктуры канчаецца пэрыод уплыву бізантыцкіх і ўсходніх архітэктурных форм на беларускае каменнае будаўніцтва, які замыкаецца, такім чынам, толькі ў параўнаньні вузкія межы канца XI і XII сталецьця. У процэсе далейшага архітэктурнага разьвіцьця пэрыод гэты застаецца як-бы зусім адарваным, і бізантыцкія тыпы будынкаў ужо ніколі болей ня маюць істотнага значэньня нават у царкоўнай архітэктуры Беларусі, якая, вярнуўшыся з пачатку XVI сталецьця да монумэнтальных каменных композыцый, будуе іх ужо на падставе ўсяго таго новага, што было ўнесена ў беларускае будаўніцтва яе замковай архітэктурай эпохі сярэднявечча. Апошняя-ж ішла, зразумела, сваім уласным шляхам, ствараючы формы, цалком адменныя ад усіх ранейшых.
Узьнікненьне каменнай ваенна-замковай архітэктуры ў Беларусі можа быць аднесена не раней як да XIII сталецьця. Але да вядомай ступені яна мела грунт і ў фортыфікацыйнай тэхніцы папярэдніх часоў. Мы маем тут на ўвазе тыя прымітыўныя ўмацаваньні, з якіх складаліся старадаўнія "гарадзішчы", абведзеныя, звычайна, валамі і ровамі, а часам, нават, парканам або збудаваным з каменьня мурам, у межах якога зьмяшчаліся драўляныя будынкі паселішча. Такая сыстэма ўмацаваньня, якая ўзьнікла, магчыма, яшчэ ў дагістарычную эпоху, трымалася на працягу вельмі доўгага часу, задавальняючы, пры ўсёй сваёй прымітыўнасьці, усе тагачасныя патрэбы належнае абароны. Магчыма, што яна-ж разьвілася пазьней і ў болей складаную конструкцыю драўлянага замку ў болей значных гандлёвых і політычных асяродках Х-ХІ сталецьця, пераважна на Усходняй Беларусі. У адносінах да пазьнейшай замковай архітэктуры Беларуска- Літоўскай дзяржавы сыстэма гэтая не магла быць адзіным выходным пунктам, - але яна мела, бясспрэчна, сваё значэньне ў той момант, калі надворныя абставіны змусілі зьвярнуць увагу на яе ўдасканаленьне, ня лепшае прыстасаваньне яе да тых вымаганьняў, якія ставілі задачы дзяржаўнае абароны ў барацьбе з болей моцным і спрактыкаваным у справах вайны супраціўнікам. Абставшы-ж гэтыя склаліся ласьне ў XIII сталецьці, калі існаваньню маладога Вялікага Княства Літоўскага пачала пагражаць сур'ёзная небясьпека з боку прускіх рыцарскіх ордэнаў.
Умовы тагачаснае вайсковае тэхнікі, дзе спэцыяльныя ваенныя будынкі зьяўляліся абавязковаю базаю для ўсялякіх ваенных опэрацый, змусілі Беларуска-Літоўскую дзяржаву адразу-ж прыняць усе тыя прыёмы, якія былі ўжыты яе супраціўнікам у процэсе наступу, з тым, каб належным чынам організаваць адпаведную абарону. Але першую ролю сярод гэтых прыёмаў грала моцнае замковае будаўніцтва. Прыклад "крыжакоў" якраз і зьявіўся тэю асноваю, з якой магла вырасьці запраўдная замковая архітэктура ў Беларусі; значную ролю, аднак, у відазьмене прынятых ад "крыжакоў" першаўзораў павінны былі адыграць і мясцовыя тыпы старадаўніх умацаваньняў, тым болей, што пэўнаму ўплыву з іх боку падлегла нават і самая крыжацкая архітэктура.
Процэс гэты, відаць, адбываўся наступным чынам. Як вядома, каля 1201 году, у мэтах заваёвы новых зямель на ўсходзе, прускае войска на чале з біскупам Альбэртам паклала пачатак места Рыгі, і разам з тым заснавала г. зв. Лівонскі ордэн рыцараў мечаносцаў (fraters militiae Christi), зацьверджаны папежам Іноцэнтам ІІІ у бульлях 1204 11210 году [1]. Злучыўшыся ў 1237 годзе з Тэўтонскім, ордэн гэты апанаваў досыць значнай тэрыторыяй па ўзьбярэжжы Бальтыцкага мора і ніжняй плыні Заходняе Дзьвіны, стварыўшы побач з маладой, яшчэ ня ўзмоцненай Беларуска- Літоўскай дзяржавай сваю ўласную духоўна-рыцарскую дзяржаву, магутную і варожую. Адсюль і пачаўся бесьперарыўны наступ крыжацкага войска на тэрыторыю Беларусі і Літвы, які цягнуўся аж да XV сталецьця. Паступова пасоўваючыся ўсё далей па плыні Заходняе Дзьвіны, крыжакі перш за ўсё клапаціліся аб лепшым замацаваньні шляхоў свайго наступу і аб стварэньні магутных баз для ўтрыманьня ў сваіх руках апанаваных тэрыторый, дзеля чаго, пачынаючы з Рыгі, яны збудавалі цэлы шэраг замкаў, некаторыя з якіх, як напрыклад замкі ў Волькенбургу, Дзьвінску, Рэжыцы і Люцыне, знаходзіліся ўжо ў так званых Інфлянтах, г. зн. на тэрыторыі, якая складае паўночна-заходнюю частку сучаснае Віцебшчыны [2].
У процэсе змаганьыя і абароны якраз адсюль узоры крыжацкае фортыфікацыйнае архітэктуры лягчэй за ўсё маглі быць запазычаны Беларуска-Літоўскай дзяржавай, разам з чым наагул была завязана сьціслая сувязь Беларусі з немецкім сярэдневечным мастацтвам, пад уплывам якога беларуская архітэктура пайшла шляхам готыкі, захаванай тут аж да XVII сталецьця. Такім чынам, вайсковыя падзеі XIII сталецьця і зьвязаныя з імі крыжацкія будовы адыгралі досыць важную ролю ў разьвіцьці беларускае арх ітэ ктур ы, заклаўшы грунт для далейшага стылістычнага разьвіцьця ня толькі сьцісла ваеннага, але пазьней таксама цывільнага і нават царкоўнага будаўніцтва. Але трэба зазначыць, што тыя ўзоры, якія Беларусь сустрэла ў крыжацкіх будовах, і самі ня мялі ўжо характару цалкам чыстай паўночна-нямецкай готыкі, у далейшым-жа мясцовыя іх відазьмены яшчэ болей адхіляліся ў свой уласны бок у замковых будовах пазьнейшага часу на тэрыторыі заходняе Беларусі, што абумовіла сабой пэўны спэцыфічны іх характар, не бяз уплыву з боку памянёных намі вышэй мясцовых ваенных умацаваньняў прымітыўнага тыпу. Тут характэрна, што з самага пачатку, нават у крыжацкіх будовах на тэрыторыі Інфлянтаў, мы наглядаем значны ўхіл іх ад звычайных нямецкіх плянаў і форм, які, бясспрэчна, павінен тлумачыцца як вынік чыста- мясцовых асаблівасьцяй.
У самай Прусіі ўжо ў канцы XII і ў пачатку XIII сталецьця замковыя будовы канчаткова аформіліся як сталы архітэктурны тып з вялікай правільнасьцю і сымэтрыяй як у разьмяшчэньні паасобных частак, так і ў агульным характары пляну, вытрыманага звычайна ў форме чатырохкутніка, умацаванага масыўнымі мурамі і вежамі [3]. Крыжацкія-ж замкі, як у Ліфляндыі, так і ў Інфлянтах, мелі спачатку, наадварот, пляны зусім няправільныя, цалкам залежныя ад характару мясцовасьці, дзе быў узьведзены той ці іншы будынак, і больш-меньш правільныя формы мы бачым тут не раней XIV сталецьця.Тлумачыцца гэта, напэўна, тым, што ў першыя часы крыжацкія замкі ня зусім будаваліся нанова, але зьяўляліся толькі пераробкамі і далейшымі перапрацоўкамі заваяваных крыжакамі старадаўніх гарадзішчаў, паасобныя каменныя часткі якіх захоўваліся, магчыма, у гэтых пазьнейшых перабудовах, адбіваючыся, такім чынам, як у некаторых дэталях іх архітэктурнай конструкцыі, так і ў агульным характары плянаў [4].
Як на ўзор замковае пабудовы такога тыпу можна паказаць, напрыклад, на замак Волькенборг, які знаходзіўся калісьці між Дзьвінскам і Рэжыцай [5]. Ён меў форму няправільнае трапэзы, і быў збудаваны на верхавіне ўзгорку, скончанага з трох бакоў стромкімі абрывамі, а з чацьвертага - адхоным скатам. Самая верхавіна ўзгорку была ўмацавана парканам, а крыху ніжэй ён быў абведзены валам, насыпаным з зямлі і каменьня. З паўднёва-ўсходняга боку яшчэ да нядаўнага часу захоўваліся рэшткі абарончага муру, таўшчынёй да 3 мэтраў, складзенага з звычайнага валуновага каменьня і кавалкаў цэглы на вапнавай рашчыне. Да гэтага муру, як сьведчаць зробленыя раскопкі, беспасрэдна прылягалі калісьці драўляныя ўмацаваньні. Апроч таго на адхоным скаце ўзгорку, перад часткай,абведзенай асноўным мурам, знаходзіўся звычайны прыгарад (Vorburg), абкружаны зямляным валам. У параўнаньлі да пляну старадаўняга гарадзішча ў даным выпадку, відаць, былі зроблены толькі зусім нязначныя зьмены, і нават магчыма, што галоўны мур быў перароблены з ранейшага ўмацаваньня, або складзены на месцы яго, прычым захавалася і ранейшая зьмешаная конструкцыя з злучэньня каменных і драўляных частак. Такая конструкцыя была спачатку наогул настолькі пашыранай, што толькі нязначная частка крыжацкіх замкаў адразу-ж была цалком збудавана з каменьня ці з цэглы, прычым нават і ў гэтых выпадках каменная кладка ўжывалася толькі для асноўных масываў, асобныя-ж дэталі будынкаў вельмі доўга заставаліся драўлянымі. Аналёгічны прыём быў пераняты пазьней і беларуска-літоўскім замковым будаўніцтвам, дзе ўжываньне яго было звычайным да самага XVI сталецьця.
З пачатку XIV сталецьця ў крыжацкіх замках усталяваўся болей закончаны і правільны тып. Для галоўнага корпусу звычайна абіралася форма квадрату або простакутніка, прычым корпус гэты складаўся з трох або чатырох паасобных будынкаў, якія абакружалі нутраны дзядзінец; з нутрного боку да іх далучаліся галярэі, якія злучалі паміж сабой паасобныя памяшканьні. Згары, навакол усяго замку, праходзіў так званы "абаронны ход" (Wehrgang) з бойніцамі, зьмешчанымі ў глыбокіх нішах. Аднэю з самых галоўных частак замковае будовы зьяўлялася вялікая старажовая вежа, з надзвычайна масыўнымі мурамі, і вышынёю ў некалькі паверхаў, якія злучаліся між сабой нутранымі ўсходамі; апошнія пачыналіся, звычайна, толькі з другога паверху, так што трапіць у вежу можна было выключна з дапамогай пераносных драбін або пад'ёмнага мосту. Згары старажовая вежа канчалася стромкім конусападобным дахам, а часам мела яшчэ і спэцыяльную надбудоўку - баявую пляцоўку. У гэтай самай всжы звычайна знаходзілася і галоўная замковая брама. Старажовая вежа ў кожнай замковай будове зьяўлялася абавязковай, і часам яна была наагул адзінай вежай у замку; часьцей, аднак, да яе далучаліся яшчэ і іншыя вежы меншага памеру, лік якіх і сыстэма расплянаваньня не падлягалі якім-колечы пэўным правілам; звычайна, аднак, у замках чатырохкутнага пляну будаваліся чатыры большыя або меншыя вежы па рагох, форма якіх спачатку часьцей за ўсё была круглай, а ў болей позьні час выяўляла тэндэыцыю да пераходу ў чатырохкантовую.
Усе гэтыя характэрныя рысы з нязначнымі відазьменамі паўтарыліся ў цэлым шэрагу крыжацкіх замкаў, пачынаючы з Рыгі і Вэндэна, і кончаючы Дзвінскам, ужо па беларускай тэрыторыі. Далей апрацаваныя ў крыжацкай архітэктуры конструкцыйныя прыёмы і пляны перайшлі і ў беларуска-літоўскую замковую архітэктуру, падлягаючы тут далейшым відазьменам і модыфікацыям, і ўсё болей адхіляючыся ад першапачатковых сьцісла нямецкіх орыгіналаў. На гэтай аснове і разьвіліся пазьнейшыя характэрныя формы беларуска-літоўскага замковага стылю.
Ня меншую ролю тут адыгралі таксама і чыста тэхнічныя моманты.Ужо пачынаючы з Волькснборгу і іншых крыжацкіх будоў, уплыў некаторых мясцовых варункаў меў сваім вынікам характэрную відазьмену ня толькі конструкцый і плянаў, але і самых будаўнічых прыёмаў у параўнаньні да нямецкае тэхнікі. У той час як у прускіх замках у якасці матар'ялу ўжывалася амаль што выключна цэгла, - у крыжацкіх будовах ужываньне яе было значна абмежаваным, так што асноўным будаўнічым матар'ялам зьявіўся тут болей лёгкі для набыцьця вапняк і валуновае каменьне, г. зн. матар'ялы, вельмі пашыраныя ў данай мясцовасьці. Вынікам гэтага няўхільна было аднак, пэўнае агрубеньне архітэктурных форм, асабліва ў надворных частках будынкаў. Асноўныя муры будаваліся з груба апрацаваных вапняковых пліт, або нават з натуральнага неапрацаванага каменьня, да якога часам прымешваліся кавалкі бітае цэглы, і ўсё залівалася цэмантнай рашчынай [6]. Чыстая цэгла ўжывалася параўнальна рэдка, і амаль што ніколі ня была выключным будаўнічым матар'ялам. Толькі ў некаторых выпадках надворным мурам надаваўся выгляд цаглянае будовы, - але гэта дасягалася з дапамогаю абліцоўкі муроў, збудаваных тэй самай вышэйпамянёнай зьмешанай кладкай. Звычайна-ж цэгла ўжывалася выключна для апрацоўкі нутраных частак, г. зн. праёмаў у дзьверах і вокнах, скляпеньняў, падлогі і г. д., а самыя муры з нутранога боку або тынкаваліся і фарбаваліся, або завешваліся тканінамі ці абіваліся дрэвам.
Аналёгічныя будаўнічыя прыёмы мы сустракаем таксама і ў першапачатковых замках Беларуска-Літоўскай дзяржавы да XIV ст. ўключна, хаця часамі ў рагавых вежах і ў прылеглых да іх частках муроў трапляецца тут суцэльная цагляная кладка, як напрыклад у Крэве [7]. Толькі як выключэньне, замак у Троках мае болей складаную і дакладную конструкцыю, будучы збудаваны ў дольніх частках муроў з гранітных валуноў, пакладзеных правільнымі шэрагамі, а ў горных частках выключна з цэглы буйнога памеру; таксама і вежы тут цалкам цагляныя на гранітных фундамэнтах [8]. Але і гэтую конструкцыю, пэўна, можна вывесьці з тых самых крыжацкіх будоў, дзе таксама як выключэньне, і параўнальна рэдка, але часам усё-ж рабіліся цалкам цагляныя замкі, па прыкладах лепшых замковых будынкаў Усходняе Прусіі. Апроч таго, у кожным выпадку зьмешаная тэхніка ўсё-ж пераважала, што павінна тлумачыцца як багацьцем адпаведнага натуральнага матар'ялу, г. зн. каменьня, на тэрыторыі Прыбальтыкі, Літвы і Беларусі, - так, магчыма, і тым, што самыя спосабы вырабу цэглы яшчэ не маглі дасягнуць у памянёных краінах у тыя «асы такой дасканаласьці, якой яны дасягалі, напрыклад, у Прусіі. Таксама пэўны ўплыў маглі тут зрабіць і некаторыя конструкцыйныя прыёмы старадаўніх мясцовых будоў, дзе, як мы ўжо зазначалі, яшчэ ледзь не ў дагістарычных гарадзішчах паасобныя часткі ўмацаваньняў складаліся ласьне з натуральнага каменьня. Такім чьнам, усе асноўныя асаблівасьці беларуска-літоўскае замковае архітэктуры ўзьніклі з злучэньня і пераапрацоўкі з аднага боку нямецкіх, з другога-ж - старадаўніх мясцовых элемэнтаў, прычым пачатак гэтага процэсу адбыўся яшчэ ў крыжацкіх замках на тэрыторыі Інфлянтаў.
Разгляд замковых будоў на тэрыторыі Заходняе Беларусі сьведчыць, аднак, што ў далейшым тут мела месца і самастойнае разьвіцьцё. Крыжацкія замкі зьявіліся толькі асноўнымі першаўзорамі ў той момант, калі Беларуска-Літоўская дзяржава была прымушана ў процэсе сваёй абароны зьвярнуць увагу на паляпшэньне і ўдасканаленьне сваіх ваенных умацаваньняў, і гэтым пасунуць сваю ўласную ваенную архітэктуру ў тым самым кірунку, як гэта рабіў супраціўнік. Будуючы-ж у далейшым цэлы шэраг замковых умацаваньняў на сваёй паўночна-заходняй мяжы, яна ўсё болей і болей ад гэтых першаўзораў адхілялася.

2. Замкі ў Наваградку, Крэве і Лідзе.

Найболей старадаўнім з ліку беларуска-літоўскіх замкаў звычайна лічыцца замак у Наваградку, першапачатковая пабудова якога належыць да эпохі першых літоўскіх князёў, г. зн. да сярэдзіны XIII сталецьця, і зьвязваецца часам з імем Мендаўга, каранаваньне якога на Вялікае Княства Літоўскае адбылася як-раз у Наваградку ў 1252 годзе [9]. Як і ўсе іншыя беларуска-літоўскія замкі, Наваградзкі замак не адзін раз падлягаў нападак крыжакоў, як у XIII, гэтак і ў XIV сталецьцях, прычым, зразумела, часткова разбураўся і адбудоўваўся нанова; апошняя перабудоўка яго і ўмацаваньне прыпадае на 1505 год. Вельмі магчыма што ў часе гэтых пазьнейшых перабудовак і рэпарацый шмат якія дэталі першапачатковай конструкцыі замку часткова былі відазьменены адпаведна пазьнейшым будаўнічым. прыёмам; у гэтых адносінах можна лічыць, што вядомую рацыю, таксама часткова, мае думка, якую выказаў адносна Наваградзкага замку Dybowski, а ласьне, што тыя рэшткі, якія захаваліся ад гэтай будовы цяпер, належаць не да часоў Мендаўга, а да пазьнейшай эпохі панаваньня Вітаўта [10]. Зразумела, цалкам магчыма прыпусьціць, што ў памянёных рэштках павінны быць моцныя сьляды перабудовак XV сталсцьця, але аснова засталася ўсё-ж, пэўна, першапачатковай, паколькі самыя формы сьведчаць тут болей аб старадаўнасьці ўсёй гэтай будовы.
Праўда, у сваім цяперашнім стане Наваградзкі замак дае наагул досыць мала бясспрэчнага архітэктурнага матар'ялу. Да нашых дзён ад яго захавалася толькі напалову зруйнаваная старажовая вежа, частка малой рагавой вежы, і моцна разбураная частка галоўнага замковага муру. Кладка ўсюды старога тыпу, г. зн. з каменьня і кавалкаў цэглы на цэмэнце. У крыху лепшым становішчы будова гэтая захавана для нас малюнкам В. Грязнова, зробленым у палове XIX сталецьця [11]. Галоўны мур, які ідзе ўздоўж стромкага абрыву гары, паказаны тут у болей цэлым відзе, таксама ў лепшай захаванасьці паданы дзьве памянёныя намі вежы. Аднак, і тут, напэўна конструкцыя муру ня ёсьць першапачатковай, паколькі вышыня яго досыць нязначная; можна гадаць, што раней над зьмешанай каменна-цаглянай кладкай тут магла быць нейкая чыстая цагляная або драўляная ІІадбудоўка, пазьней зруйнавалая і не адноўленая. Што датычыць вежы, дык тут малюнак Грязнова дае крыху болей, і зьяўляецца досыць важнай крыніцай для іх вывучэньня. У цяперашні час на самым краі абрыву галоўны мур канчаецца кавалкам сьцяны рагавой вежы; па памянёным малюнку вежа гэтая паказана яшчэ цалком, что дае нам магчымасьць вызначыць яе асноўную форму. Яна мела выгляд досыць масыўнай чатырохсьценнай будовы вышынёю на два паверхі; у дольнім паверсе быў выхад на нутраны двор, а таксама вялікае акно з паўкруглай перамычкай; горні паверх меў аналёгічныя вокны, але меншых памераў. Верхавіна вежы паказана на малюнку плоскаю; магчыма, что першапачаткова яна такой і была, прычым згары магла зьмяшчацца якая-небудзь спэцыяльна прыстасаваная для абароны пляцоўка; у іншым выпадку магчымым зьяўляецца тут чатырохспаднае або пірамідальнае пакрыцьцё. Другая вежа, якая грала, пэўна, ролю старажовай, і дзе зьмяшчалася таксама галоўная замковая брама, у цяперашні час зруйнавана да вышыні другога паверху. На малюнку Грязнова ёсць яшчэ і трэці паверх, - аднак і ён ня быў, відаць, самым апошнім, паколькі няроўныя абломкі горняга краю муру дазваляюць лічыць магчымым таксама і існаваньне чацьвертага паверху. У пляне старажовая вежа таксама была чатырохкутнай, але ледзь прыкметна звужвалася да гары. З рагоў яе відаць контрфорсы пазьнейшага пахаждэньня, прыбудаваныя ў мэтах прадаховы яе ад зруйнаваньня [12]. Вокны такога самага тыпу як і ў малой рагавой вежы, і ў вельмі нязначным ліку; з нутранога боку, г. зн. з боку замковага дзядзінцу - па адным у кожным паверсе, а ў бакавых мурох - наогул толькі па адным у другім паверсе. Найболей цікава галоўная брама, якая мае выгляд вельмі шырокага і параўнальна нізкага аркавага пралёту праз усю дольнюю частку вежы. На жаль, надзвычайна дрэнная захаванасьць руін Наваградзкага замку не дае магчымасьці зрабіць больш падрабязны разгляд ані агульнага пляну яго, ані паасобных архітэктурных дэталяй, так што нават пытаньне аб часе яго пабудовы нельга ўсё-ж вырашыць цалком дакладна. Аднак, захаваныя стылістычныя рысы не супярэчаць таму, каб аднесьці яго да канца XIII або пачатку XIV сталецьця, і такім чынам лічыць яго запраўды адным з найболей старадаўніх замкаў у Беларусі, дзе ўзяты быў адзін толькі прынцып магутнае замковае будовы, але зусім яшчэ не выяўляўся выразны ўплыў готычных архітэктурных форм.
Крыху больш пэўна можна лічыць збудаванымі ў пачатку XIV сталецьця два іншыя больш-менш аднатыпныя замкі Заходняе Беларусі, якія знаходзіліся ў Крэве і Лідзе, Пачатак іх звычайна прыпісваецца часам Гедыміна. Пазьней першы з іх, г. зн. замак у Крэве, зьяўляўся сталай рэзыдэнцыяй Альгерда, а таксама быў месцам двох досыць важных гістарычных здарэньняў, г. зн. забойства Кейстута ў 1382 г. і заключэньня шлюбнага контракту Ягайлы і Ядвігі ў 1385 г., з прычыны чаго ён зрабіўся досыць шырака вядомым у гісторыі Беларуска-Літоўскае дзяржавы.
У цяперашні час ад гэтай будовы захаваўся доўгі галоўны мур, а таксама рэшткі вялікае старажовае вежы, якая была зьмешчана з паўночнага боку, і грала ролю, відаць, таксама палацавага, або наогул жылога памяшканьня, - калі судзіць па ліку і велічыні ваконных пралётаў другога і трэцяга паверхаў. У пляне замак меў выгляд простакутніку, і меў дзьве брамы з захаду і з поўдню, якія, напэўна, калісьці былі ўмацаваны спэцыяльнымі вежамі. Пасярод нутранога дзядзінцу зьмяшчаўся раней невялічкі ставок, а таксама знаходзіліся драўляныя замковыя будынкі. Муры і вежа, як звычайна, складзены тут з каменьня, але знадворку маюць цагляную абліцоўку, што стварае ўражаньне цалкам цаглянай будовы; у рагавых частках, аднак, можна бачыць і суцэльную цагляную кладку. Самыя муры замку захаваліся параўнальна дрэнна; але ад старажовае вежы яшчэ захаваны цалком дзьве масыўныя сьцяны, што дазваляе мець досыць поўнае ўяўленьне адносна яе першапачатковае конструкцыі.
Як мы ўжо казалі, вежа гэтая, апроч свае асноўнае ролі, хутчэй за ўсё зьяўлялася таксама і жылым памяшканьнем, так што ва ўсёй будове яна была аднэй з найболей важных, галоўных частак. Аналёгічна старажовай вежы Наваградзкага замку яна мела чатырохкутны плян і складалася з чатырох надзвычайна тоўстых і масыўных каменных муроў з цаглянай абліцоўкай. Кожны мур меў па тры шэрагі вокан, па два ў кожным шэрагу. Самых паверхаў, аднак, хутчэй за ўсё было ня тры, а чатыры, бо першы шэраг вакон пачынаецца занадта высака, і мабыць належаў ужо другому паверху, у той час як першы паверх быў зусім пазбаўлены вакон, а можа і ўваходаў, і мог граць ролю нейкага запаснага памяшканьня. Мур, дзе знаходзіўся ўваход, да нашага часу не захаваўся, - але магчыма, што ён быў зроблены толькі ў другім паверсе, так што з зямлі да яго падымаліся па пераносных драбінах, і ўжо адсюль па нутраных усходах можна было пераходзіць з паверху ў паверх. Захаваныя ў адным з муроў паглыбленьні якраз маглі быць месцамі для зьмяшчэньня гэтых усходаў. Таксама можна дапусціць ранейшае існаваньне яшчэ аднаго паверху або баявой пляцоўкі, паколькі адно з такіх паглыбленьняў пачынаецца з трэцяга паверху і абрываецца зруйнаваным верхнім краем муру.
Вокны самага дольняга шэрагу маюць няправільную форму ў выглядзе прадоўжыых эліпсаў з завостранымі канцамі; занадта вузкія, яны павінны былі прапушчаць вельмі мала сьвятла ў памяшканьне другога паверху, што можа быць довадам службовага яго характару. У трэцім-жа і чацьвертым паверхах вокын, наадварот, вялікія і шырокія, апроч аднаго толькі ў чацьвертым паверсе, якое мае форму досыць вузкай шчыліны з закругленым верхам; усе яны маюць ледзь прыкметна пераламаныя ўсярэдзіне перамычкі. Апроч таго, у тым самым месцы, дзе знаходзяцца паглыбленьні для ўсходаў, ёсьць і яшчэ адно невялічкае вакно, зусім няправільнай формы, зьмешчанае на мяжы чацьвёртага і трэцяга паверхаў; магчыма, што яно прызначалася для асьвятленьня аднэй з пляцовак на нутраных усходах. З нутранога боку муроў у некаторых мясцох відаць шэрагі круглых паглыбленьнў, якія служылі калісьці, напэўна, для ўмацаваньня драўляных трамаў, што разьдзялялі паміж сабою паверхі. У сувязі з гэтым магчыма, што ўся нутраная апрацоўка вежы была драўлянай, прычым ня відаць ніякіх рэштак стылістычна характэраых цагляных скляпеньняў. Зьлёгка пераламаныя перамычкі ў ваконных пралётах ужо паказваюць, аднак, на пэўпую залежнасьць Крэўскага замку ад раньніх готычных конструкцый.
Больш-менш аналёгічны характар меў, мабыць, і замак у Лідзе, ад якога, аднак, у процілегласьць Крэўскаму, лепей за ўсё захаваліся муры, у той час як вежы амаль што канчаткова зьнішчыліся. Замак гэты, згодна паведамленьню Стрыйкоўскага, быў заснаваны ў 1323 г. на мссцы аднаго з старадаўніх літоўскіх паселішчаў, і захаваныя рэшткі не супярэчаць магчымасьці адносіць яго да пачатку XIV сталецьця. Вядомыя нам разбурэньні гэтага замку, - а ласьне ў 1384 г. ў часе нападу крыжакоў, далей у 1655 і 1659 г. падчас вайны з Масквою, і нарэшце ў пачатку XVIII сталецьця, у цягу швэдзкае вайны, - руйнавалі, відаць, пераважна яго нутраныя драўляныя часткі, асноўны-ж каменны масыў яго захоўваўся больш-менш цалкам аж да 1794 году, і толькі пачынаючы з гэтага часу пачаў паступова нішчыцца, прмчым, аднак, параўнальна нядаўна, г. зн. некалькі дзесяткаў год таму назад, муры яго былі яшчэ значна вышэй, ніж цяпер, і мелі рэшткі квадратовых у аснове веж на паўднёва-ўсходнім і паўднёва- заходнім рагох. У цяперашні час вежы замку ўжо зруйнаваліся канчаткова, і нават уся паўднёва-заходняя частка яго зусім абвалілася, адчыніўшы ў мурох вялізарны пралом.
Захаваныя муры Лідзкага замку разьмешчаны ў форме чатырохкутніку на невялікім узгорку, абкружаным балотамі. Галоўны фасадны мур знаходзіцца з усходу. Каля паўночна-ўсходняга рогу ён мае браму, якая калісьці была ўмацавана вежаю. Усе муры складзены цалком з каменьня, але з надворнага боку, аналёгічна Крэўскаму замку, каменная кладка абліцавана чырвонай цэглай, у некаторых-жа частках яшчэ і затынкавана, як напрыклад па горніх ускрайках муроў, а таксама і каля брамы. На фоне гэтага тынкавання ўсходні фасадны мур мае дэкорацыйны фрыз у выглядзе шэрагу невялічкіх паўцыркульных арак з чырвонае цэглы. Іншыя муры зусім ня маюць аздоб, але ў некаторых мясцох у іх захаваліся сьляды спэцыяльных абаронных прылад. У горняй частцы паўднёвага муру, напрыклад, відаць рэшткі паўкруглых бойніц рознастайных памераў, а крыху ніжэй іх нейкія паглыбленьні з сьлядамі дубовых трам, якія служылі, напэўна, для падтрыманьня нутраных драўляных частак. З ліку гэтых драўляных будоў, разумела, не захавалася нічога, так што ва ўсіх дэталях конструкцыя Лідзкага замку застаецца нам невядомай. Але захаваныя каменныя часткі сьведчаць, што ўжо на пачатак XIV сталецьця тыпы замковых будынкаў на тэрыторыі Заходняе Беларусі аформіліся досыць ясна, прычым у плянах усталявалася форма больш-менш правільнага чатырохкутніку з вежамі па рагох, хоць яшчэ і ў няпоўным ліку. Характэрнай у даным выпадку зьяўляецца і прысутнасьць чыста дэкорацыйнага элемэнту ў выглядзе аркавага фрызу, прычым цікава, што тут ізноў паўтараецца ўжо ўжываны ў царкоўным будаўніцтве XII сталецьця романскі мотыў [13], які, між іншым, надзвычайна доўга захоўваецца ў беларускай архітэктуры, і аж да XVI сталецьця досыць часта злучаецца тут нават з позьняготычнымі конструкцыямі.

3. Замак у Троках

Наступны момант у разьвіцьці замковае архітэктуры Заходняе Беларусі выяўляюць замковыя ўмацаваньні ў Троках, якія належаць да другое паловы XIV сталецьця. Некаторыя аўтары, як напр. Ваliński, лічылі магчымым адносіць гэтыя пабудовы таксама да часоў Гедыміна [14], але гэта бясспрэчнае непаразуменьне, пагрунтаванае на пераблытаньні гістарычных фактаў. У часы Гедыміна запраўды быў збудаваны замак у Старых Троках, дзе знаходзілася вялікакняская рэзыдэнцыя да перанясеньня яе ў Вільню; але ад гэтага замку да нашага часу нічога не захавалася, бо самыя апошнія рэшткі яго былі зьнішчаны яшчэ у канцы XVII сталецьця. Тыя-ж замкі, руіны якіх існуюць і да сучаснага моманту ў Новых Троках, павінны датавацца, больш- менш дакладна, адзін - бліжэйшымі годамі пасьля 1348, а другі - 1382-м, або па іншых даных 1396-м, і ў кожным разе не раней апошняе чвэрткі XIV сталецьця.
(14KB) Плян замку ў Троках. Палацавы будынак, канца XIV сталецьця. (Складзены В. Schmid'am). Абодва гэтыя замкі былі моцна разбураны і часткова зьнішчаны пажарам у часе маскоўскае вайны, у 1655 годзе. Найболей зьнішчэньне гэтае закранула першае з памянёных намі ўмацаваньняў, якое знаходзілася на беразе возера, і ўся нутраная частка якога была збудавана выключна з дрэва [15]. Захаванасьць яго надворных муроў у цяперашні час таксама надзвычайна дрэнная, так што ўвесь гэты помнік амаль выпадае з поля нашага дасьледваньня. Пазасталыя рэшткі яго даюць толькі магчымасць выявіць, што па форме сваёй ён складаў больш-менш правільны чатырохкутнік і меў па рагох чатыры змураваныя з цэглы вежы на квадратовых асновах, што сьведчыдь аб канчатковым аформленьні чатырохкутных замковых плянаў ужо ў сярэдзіне XIV сталецьця, г. зн. аб далейшым разьвіцьці пляну Крэўскага і Лідзкага замкаў з наданьнем вежавых умацаваньняў па ўсіх чатырох рагох асноўнага чатырохкутніку.
Другі замак у Троках, значна лепш захаваныя рэшткі якога знаходзяцца на аднэй з выспаў возера, мае рысы шмат больш складанае архітэктурнае конструкцыі, разам з выразнымі сьлядамі ўжо досыць моцна разьвітае готычнае сыстэмы, што дае падставы, каб датаваць яго крыху больш позьнім часам, ніж першае ўмацаваньне. Замак гэты складаецда з дзьвёх частак; адна з іх мае выгляд двохпаверхавага палацу з вялікай старажовай вежай на пярэднім фасадзе, і знаходзіцца на ўсходнім баку выспы; другая аддзяляе ў якасці форбургу ўсю заходнюю частку выспы даўгім мурам уздоўж усяе лініі берагу, умацаваным чатырма круглымі вежамі, з ліку якіх да сучаснага моманту захаваліся толькі дзьве. Зразумела, што ў мэтах найлепшае фортыфікацыі берагоў у даным выпадку было зусім натуральна адмовіцца ад правільнага чатырохкутнага расплянаваньня асноўных муроў,- і з гэтай прычыны чатырохкутны плян набыў тут толькі галоўны палац, у той час як самыя муры атрымалі няправільную ў пляне форму, у залежнасьці ад загібаў узьбярэжнае лініі. У межах пляцу, абнесенага памянёнымі мурамі, знаходзіўся, напэўна, шэраг рознастайных будынкаў, але дакладнае аднаўленьне іх немагчыма, паколькі нават і нутраныя часткі самых муроў ужо пазбаўлены ў цяперашні час свае першапачатковае апрацоўкі і добра трымаюцца толькі ў сваёй асноўнай кладцы. Наогул, уся гэтая частка замку знаходзіцца ў горшым становішчы, ніж галоўнае палацавае памяшканьне, і больш-менш добра ў ёй захаваліся толькі дзьве масыўныя вежы з паўднёва-заходняга боку. У апошніх варты ўвагі некаторыя конструкцыйныя асаблівасьці, якія сьведчаць аб значным прогрэсе тэхнічных прыёмаў будаўніцтва ў Троках у параўнаньні да ўсіх ранейшых замковых будынкаў Беларусі. Асаблівасьці гэтыя выяўляюцца ў існаваньні асобных, складзеных з абчэсанага граніту фундамэнтаў, якія маюць на нізе - квадратовую, і крыху вышэй васьмісьценную форму, а таксама ў тым, что асноўныя круглыя корпусы вежавых будынкаў складзены тут выключна з аднае толькі цэглы, добра апаленай, вельмі трывалай і моцнай. У замковай архітэктуры Беларусі мы маем у даным выпадку першы прыклад ужываньня чыстае цаглянае кладкі ў асноўных масывах будынку, што набліжае замак у Троках да нямецкіх замковых пабудоў і сьведчыць аб болей інтэнсыўным уплыве з боку крыжацкае архітэктуры, пацьвярджэньне чаму мы знаходзім, як мы гэта ўбачым далей, таксама і ў некаторых іншых, чыста ўжо конструкцыйных рысах данага ўмацаваньня.
Дэталі конструкцыі замку ў Троках можна прасачыць, галоўным чынам, у яго палацавай частцы. Апошняя складаецца з двох досыць вялікіх паасобных будынкаў, на два паверхі кожны, фасады якіх злучаны між сабою супольнымі мурамі, што замыкаюць, такім чынам, нутраны панадворак. Усходні з гэтых муроў прыпадае на самы бераг выспы, у той час як заходні аддзяляў палац ад форбургу і меў пасярэдзіне ўваходную браму, над якой уздымалася надзвычайна высокая старажовая вежа. У цяперашні час ад гэтае вежы захавалася толькі задняя сьценка, самая-ж вежа была зьнішчана выбухам, які здарыўся ў часе вайны 1655 году, прычым абломкамі яе была засыпана брама; апроч таго, у абодвых будынках палацу разбураны скляпеньні ў перакрыцьці горніх паверхаў, а таксама няма вялікага кавалку ўсходняга муру, пачынаючы з сярэдзіны панадворку і канчаючы рогам паўночнага крыла. У агульных рысах, аднак, уся пабудова захавана яшчэ настолькі добра, што досыць лёгка скласьці сабе больш-менш яснае ўяўленьне як аб характары пляну яе, так і аб некаторых паасобных дэталях яе нутранога ладу і аздобы. У часе нямецкае окупацыі Беларусі такую працу, між іншым, вельмі ўдала зрабіў архітэктар Bernhard Schmid, плянам якога мы ў даным выпадку і карыстаемся [16].
Асноўны плян усяе палацавае часткі мае выгляд правільнага простакутніку ў 36,7 м. даўжыні і 26 м. шырыні. Старажовая вежа мела квадратовую аснову памерам 9x9 м. Вышыня яе дасягала шасьці, а можа нават і сямі паверхаў, што нельга дакладна высьвятліць пры сучасным становішчы яе пазасталых рэштак. Масыўны паўночны мур яе меў у сабе нутраную шрубавую драбіну, якая вяла беспасрэдда на трэці паверх, і ўжо адсюль усе іншыя паверхі былі злучаны між сабой звычайнымі ўсходамі. Вежа гэтая зьяўлялася досыць магутным абаронным умацаваньнем галоўнага фасаду палацу і брамы яго, якая выходзіла ў форбург; але наогул кажучы, пабудова ўсяе гэтае часткі ня мела асабліва значнага ліку згуртаваных у адным месцы спэцыяльных ваенна-абаронных прыстасаваньняў, і ў сувязі з гэтым ужо пазбаўлена характару раньняга сярэднявечнага замку, прызначанага выключна для вайсковых мэт. Замак у Троках зьяўляецца хутчэй умацаваным жылым памяшканьнем, як-бы злучэньнем ваеннае цытадэлі і вялікакняскае рэзыдэнцыі. Такое злучэньне намячалася, праўда, яшчэ раней, напрыклад у Крэўскім замку, - але там адна і тая самая будыніна грала ролю палацу і адначасна абароннае вежы; у процілегласць гэтаму, у даным выпадку функцыі паасобных частак будовы былі падзелены, так што абаронная вежа служыла толькі для ўмацаваньня і аховы сьцісла прылеглае да яе, але самастойнае палацавае часткі. У гэтых адносінах замак у Троках разьвівае далей прынцыпы пабудовы ў Крэве і ўтварае пераходны тып да пазьнейшых замковых будоў Беларусі XV і галоўным чынам XVI сталецьця, дзе адбываецца ужо канчатковае адасабненьне чыста палацавых і спэцыяльных вайсковых, фортыфікацыйных частак.
Вынікам ускладненьня агульнае конструкцыі замку ў Троках зьявілася адпаведнае ўскладненьне таксама і яго нутранога ладу як у адносінах да падзелу паасобных памяшканьняў, гэтак і ў сэнсе дэкорацыйнае іх апрацоўкі. Калі ў Крэве, а таксама, напэўна, і ў іншых першапачатковых замках, усе нутраныя часткі былі яшчэ драўлянымі, - дык тут мала трывалае дрэва ўжо ўсюды ў нутраных мурох і скляпеньнях заменена цэглай, а таксама вапняком, з якога высечаны нэрвюры скляпеньняў, пілястры і капітэлі. Нутраныя муры аздоблены алебастравымі рэльефамі і ў некаторых мясцох фрэскавым росьпісам. Усё гэта надае замку ў Троках рысы значна болей ясна аформленага і закончанага стылю, падмяняе ранейшую стылістычную нявыразнасьць першапачатковых замковых пабудоў Беларусі ў першы раз цалкам выяўленымі яснымі формамі высока разьвітае готыкі.
Як мы ўжо зазначалі вышэй, усё палацавае памяшканьне падзяляецца на дзьве асобныя часткі, кожная з якіх зьяўляецца як-бы самастойным будынкам. Дзьверы гэтых будынкаў выходзяць на нутраны панадворак, абмежаваны з усходняга боку - мурам, а з заходняга - старажовай вежай. Дакладна орнаментаваныя нутраныя муры гэтага панадворку яшчэ захавалі сьляды прымацаваных да іх раней драўляных галярэй, з дапамогай якіх адбывалася злучэньне паміж дзьвёх паасобных частак палацу. Паўднёвая частка болей і шырэй за паўночную, і мае выгляд двохпаверхавага будынку, у дольнім павсрсе якога знаходзіцца адно вялікае памяшканьне памерам у 10x21 м. і вышынёю ў 5,25 м., а ў горнім тры паасобныя пакоі. Дольняе памяшканьне мела калісьці готычнае перакрыцьцё з трох зорчатых скляпеньняў, у асновах якіх яшчэ і цяпер захаваліся добра профіляваныя пучкі нэрвюр і высечаныя з вапняку капітэлі пілястраў. Паўднёвы мур яго мае тры вакны, а ўсходні і заходні - па адным, з паўцыркульнымі перамычкамі і фігурнымі налічнікамі; пралёты іх былі раней умацаваны жалезнымі кратамі, якія пазьней былі разламаны, у сувязі з чым часткова дэформаваліся і самыя абрысы пралётаў. У нішы сярэдняга вакна паўднёвага муру, надзвычайна глыбокай з прычыны моцнае таўшчыні апошняга, яшчэ да нядаўняга часу захоўваліся сьляды фрэскавых росьпісаў, якія раней былі ва ўсіх ваконных пралётах; іншыя-ж часткі муроў аздоблены алебастравым орнамэнтам, які праходзідь навокал усяго памяшканьня ў выглядзе фрызу на вышыны 3 мэтраў.
Паасобныя дэталі апрацоўкі памяшканьня сьведчаць аб блізкіх адносінах яго да крыжацкае замковае архітэктуры і выяўляюць працу вельмі дасведчанага і добрага знаёмага з готыцкімі конструкцыямі архітэктара. Гэта выяўляецца і ў дасканальным выкананьні зорчатых скляпеньняў як часткі ўжо досыць складанае готычнае сыстэмы, дый наагул у самым расплянаваньні палацу, які па істоце шмат у чым можа лічыцца толькі спрошчанай модыфікацыяй тыпу Рыскага або Вэядэнскага замку [17]. Магчыма, што ў даным выпадку, нават, мы маем справу ня толькі з надворным уплывам крыжацкае архітэктуры на беларуска-літоўскае замковае будаўніцтва, але і з фактам беспасрэднага ўдзелу нямецкіх будаўнікоў ва ўзьвядзеньні замку ў Троках, што магло быць, напрыклад, у цягу часовага замірэньня Вітаўта з крыжакамі ў 1390−1392 г.
Аднак і тут некаторыя дэталі засталіся ўсё-ж незалежнымі ад нямецкага мастацтва, які-б моцны ні быў іх агульны ўплыў. Так, напрыклад, здаецца, што памянёны намі вышэй фрэскавы росьпіс вялікага памяшканьня паўднёвага крыла ня меў беспасрэднае сувязі з нямецкім насьценным малярствам, - хіба толькі ў самым прыёме фрэскавае аздобы муроў, які ўжываўся часам у капітульных салях нямецкіх ордэнскіх замкаў. Праўда, ад гэтага росьпісу, як мы ўжо зазначалі, засталіся да нашага часу толькі самыя нязначныя фрагмэнты, на падставе якіх, зразумела, вельмі цяжка пагрунтаваць якія-колечы канчатковыя вывады; але тут можна прыняць пад увагу досыць дэтальнае апісаньне фрэсак у Троках; зробленае Вінцэнтам Смокоўскім у 1822 годзе, калі лік захаваных расьпісаў быў непараўнальна большы, ніж цяпер [18]: апісаньне гэтае не дазваляе ўбачыць у троцкіх росьпісах аніякіх рыс, якія можна было-б лічыць бясспрэчна заходнімі, і наадварот у некаторых выпадках яно выразна падкрэсьлівае часткова мясцовы, часткова ўсходні характар паасобных мотываў, напр., тыпаў адзежы, архітэктурных дэталяй і орнамэнтаў; апроч таго, з нашага погляду памянёнае апісаньне зьяўляецца важным яшчэ і ў тых адносінах, што самы зьмест роспісу на падставе яго, хутчэй за ўсе, трэба лічыць гістарычным (здаецца, што ён меў дачыненьне да жыцьцяпісу якога- колечы з беларуска-літоўскіх князёў [19], і ў кожным выпадку не рэлігійным, што абвяргае пашыранае прыпушчэньне, ыібыта ўсё гэтае памяшканьне зьяўлялася замковай капліцай. На нашую думку, тут зьмяшчалася галоўная тронная саля, што дапушчае, між іншым, і Schmid, -але з апошнім мы не згаджаемся ў зацьверджаньні, нібіта гэтая саля ўсё-ж была перароблена на капліцу пазьней, г. зн. у часы панаваньня Казімера Ягайлавіча [20], бо ў тым, што мы ведаем аб характары і апрацоўцы памянёнага памяшканьня, мы для такога зацьверджаньня ня бачым ніякіх грунтоўных падстаў.
Аб прызначэньні іншых частак замку ў Троках ужо болей цяжка сказаць што-колечы пэўнае. Другі паверх паўднёвага крыла падзелены на тры паасобныя памяшканьні, кожнае з якіх калісьці было перакрыта адным вялікім зорчатым скляпеньнем. Таксама разбіты кожнае на тры памяшканьні з аналёгічным перакрыцьцем абодва паверхі значна больш вузкага паўночнага крыла. У даным выпадку, аднак, ёсьць толькі тая розьніца, што з прычыны вузкасьці ўсяго памяшканьня першыя два пакоі яго, калі лічыць з захаду, маюць квадратовыя пляны, апошняе-ж выцянута ў прадоўжным напрамку, г. зн. з захаду на ўсход, у той час як пакоі болей шырокага паўднёвага крыла, наадварот, выцягнуты з поўдню на поўнач. Такім чынам, усе гэтыя пакоі і наагул меней па сваіх памерах, а знойдзеныя ў некаторых з іх рэшткі печак і комінаў напэўна сьведчаць, што пераважна тут зьмяшчаліся жылыя памяшканьні замку.
Зразумела, памяшканьняў гэтых было нямнога. Але і наагул замак у Троках не вызначаўся асабліва вялікімі памерамі, што не перашкаджала яму, аднак, быць у свой час аднэй з найлепшых замковых будоў ва ўсёй дзяржаве, якая аднолькава добра прыдавалася як для ваенных, стратэгічных мэт, гэтак і для мірнае ролі вялікакняскае рэзыдэнцыі, якую яна часам грала нават і ў пазьнейшыя часы. Так, напрыклад, ужо ў 1477 г. замак у Троках наведаў вэнэцыйскі пасол Контарыні ў часе свайго звароту з Пэрсіі, які пакінуў у сваіх мэмуарах цікавыя ўспаміны аб урачыстым прыёме, што наладзіў яму ў замку вялікі князь Казімер Ягайлавіч [21]; з апісаньня яго відаць, што самы прыём адбыўся ў вялікай троннай салі (што і зьяўляецца падставай для выказанага намі дапушчэвньня адносна ніжняга паверху паўднёвага крыла), а ў нейкім іншым памяшканьні ўлаштаваны быў банкет, прычым з ліку прысутных ва гэтым банкеце асоб можна гадаць, што разам з гаспадаром у замку знаходзіўся досыць звачны лік яго набліжоных. Гэта сьведчыць, што замак быў належным чынам абсталявавы і прыстасаваны ня толькі для чыста ваенных мэт.
Што-ж датычыць стратэгічнага значэньня Троцкага замку, - дык у гэтых адносінах ён мала меў сабе роўных ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім і быў адным з найболей моцных яго абаронных пунктаў. Напады крыжакоў на яго, напрыклад, у канцы XIV сталецьця пад началам Готфрыда Ліндэна, і Конрада Зольнэра абодва разы скончыліся няўдала, з прычыны поўнае няпрыступнасьці Трок, абумоўленай як самым становішчам замку, гэтак і высокай дакладнасьцю яго будовы, Наагул, шляхам сыстэматычнае аблогі яго ўдалася захапіць толькі адзін раз, у часе вайны з Масквою ў 1655 годзе,- але ў гэтым часы ўжывалася ўжо зусім іншая ваенная тэхніка, дый замак ня быў належным чынам падрыхтаваны да абароны.
Часткова, як мы ўжо зазначалі, такая высокая фортыфікацыйная якасьць Троцкага замку мела сваёй прычынай чыста натуральныя ўмовы яго разьмяшчэньня на высьпе, пасярод возера, г. зн. у месцы, з усіх бакоў абкружаным вадою. Але ня меншую ролю тут грала таксама і архітэктура яго, і ў першую чаргу - самая тэхніка кладкі, надзвычайна монумэнтальнай і моцнай. У параўнаньні да ўсіх ранейшых замковых будоў Беларусі тут было дасягнута досыць звачнае ўдасканаленьне, і значна левей былі скарыстаны тыя асаблівасьці кладкі, якія зьявіліся, як мы ўжо зазначалі, у беларуска-літоўскіх замках пад уплывам некаторых мясцовых умоў. Шмат у чым бяссыстэмнае награмаджэньне зьмешанага з цаглянымі абломкамі каменьня, характэрнае для замковых будоў Наваградку, Ліды і Крэва, замянілася у Троках правільнай кладкай з гранітных валуноў, разьмешчаных стройнымі, роўнамернымі шэрагамі аж да горняга гзымсу ніжэйшага паверху. Далей муры будынкаў складзены выключна з цэглы буйнога памеру, што зьяўляецца новым нават у параўнаньні да крыжацкіх замкаў Прыбальтыкі, і хутчэй набліжаецца да найлепшых замковых умацаваньняў Усходняе Прусіі. Таксама значна палепшана тут і чыста тэхнічная якасць цэглы і цэмэнту, разам з спосабам самае кладкі, які дасягае высокае дасканаласьці .па тых самых нямецкіх узорах [22].
Усе гэтыя тэхнічныя моманты сьцісла зьвязаны, аднак, і з агульнай архітэктурнай конструкцыяй замку ў Троках, выяўленай у ясных і добра распрацаваных стылістычных формах. Мы ўжо адзначалі ўжытую тут сыстэму перакрыцьця з дапамогай зорчатых скляпеньняў, якая сьведчыць аб значнай спрактыкаванасьці будаўнікоў у справе ўжываньня готыцкіх прыёмаў будовы. Зьяўленьне такой сыстэмы ў Троках мела зыачэньне ня толькі для гэтай аднэй будовы, але і шмат болей шырокае. Можна лічыць, што з часу пабудовы Троцкага замку готыцкі стыль ужо канчаткова ўсталяваўся на пэўны час на тэрыторыі Беларусі, уводзячы яе архітэктурнае разьвіцьцё ў агульную гісторыю заходня-эўропейскага сярэднявечнага будаўніцтва. Трэба, аднак, заўважыць, што ўжо з самага пачатку гэтае разьвіцьцё готыцкае архітэктуры ў Беларусі вызначалася некаторымі ўласнымі, орыгінальнымі рысамі, якія пазьней як у цывільным, так і ў царкоўным будаўніцтве зьявіліся асновай для апрацоўкі значна адменных ад заходніх першаўзораў архітэктурных тыпаў беларускае готыкі. Некаторыя з гэтых рыс можна ўжо заўважыць і ў Троках - напрыклад, досыць характэрную тэндэнцыю да ўзнікненьня готыцкае стрэльчатае аркі і да замены яе на паўцыркульную, болей архаічную форму нават у тых выпадках, калі ў агульнай конструкцыі ўжыта высока разьвітая позьняготычная сыстэма - у даным выпадку, напрыклад, зорчатыя скляпеньні. Тэндэнцыя гэтая магла захавацца ад ранейшага часу, калі ў замках яшчэ ужываліся некаторыя романскія дэталі. Але сталасьць яе трэба разглядаць як досыць тыповае зьявішча ў беларускай архітэктуры, пачынаючы ад канца XIV сталецьця, якім датуецца Троцкі замак, і аж да самых апошніх помнікаў беларускае готыкі, якія належаць ужо да сярэдзіны XVI сталецьця.

4. Замак у Горадні і Горні замак у Вільні

Шляхі, якімі накіравалася замковая архітэктура Заходняе Беларусі ў цягу наступнага, XV сталецьця, вядомы нам значна меней і не з такіх бясспрэчных крыніц як будаўніцтва папярэдняе эпохі. Калі ад ранейшага часу мы маем усё-ж больш-менш захаваныя рэшткі самых замковых будынкаў, якія могуць зьяўляцца прадметам беспасрэднага вывучэньня, - дык з гэтага пазьнейшага часу, наадварот, не засталося ўжо аніводнага помніку: у кожным выпадку няма падстаў, каб датаваць XV сталецьцем хоць-бы якую рэштку з ліку захаваных да нашага часу. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што пасьля перамогі і замірэньня з крыжакамі ў 1410 годзе замковае будаўніцтва Вялікага Княства Літоўскага зрабіліся наагул меней шырокім і інтэнсыўным, абмежаваўшыся пераважна перабудовамі і рэпарацыямі ўжо раней існаваўшых замковых умацаваньняў. Апроч таго, ня выключала магчымасьць таксама і пазьнейшае пераробкі некаторых замковых будоў XV сталецьця, якія будаваліся, пэўна, ужо па крыху іншых плянах, ніж першапачатковыя замкі, і значыцца ў пазьнейшыя часы - у XVI і XVII сталецьцях лепей за іх маглі быць шляхам гэтае пераробкі дапасавання да новых мэт і патрэб. У выніках такой пераробкі, конструкцыі XV сталецьця нідзе не маглі захавацца ў сваім першапачатковым выглядзе, тым болей, што і наагул іх, напэўна, было ўжо ня так многа.
Знаёмства нашае з гэтым пэрыодам разьвіцьця беларуска-літоўскае замковае архітэктуры, з прычыны адсутнасьці помнікаў, можа быць пагрунтавана выключна на докумэнтальным матар'яле, які захавалі для нас некаторыя старадаўніія малюнкі і пляны. Сыстэматычнае вывучэньне гэтага матар'ялу не заўсёды прыводзідь да далкам ясных і зусім бясспрэчных вывадаў, паколькі даныя яго вельмі часта патрабуюдь крытычнае праверкі і не ва ўсіх выпадках могуць лічыцца пэўнымі. Яно дазваляе, аднак, да вядомае ступені запоўніць тыя прабелы, якія няўхільна павінны былі-б заставацца ў нашых студыях над гісторыяй беларускае архітэктуры, калі-б мы лічылі адзіна магчымым абапіраць гэтыя студыі выключна па беспасрэдным вывучэньні захаваных помнікаў, - і ў гэтых адносінах памянёныя матар'ялы маюць, бясспрэчна, значэньне вельмі каштоўнае і важнае крыніцы, якую нельга абмінуць бяз увагі пры гістарычным вывучэньні шмат якіх момантаў у разьвідьці старога беларускага будаўніцтва, у тым ліку і пры дасьледваньні беларускае замковае архітэктуры XV і XVI сталецьцяў.
Разгляд замковага будаўніцтва Беларусі ў XVI сталецьці мы адкладаем да наступнага разьдзелу. Што да XV, - дык шляхам вывучэньня адзначаных намі вышэй докумэнтальных крыніц да гатага часу ёсьць падставы аднесьці толькі дзьве, цяпер ужо канчаткова зьнішчаныя замковыя пабудовы, а ласьне стары замак у Горадні ў першапачатковай яго конструкцыі да перабудоўкі, якая адбылася ў часы Стэфана Баторага, і Горні замак у Вільні - наадварот, у яго апошняй конструкцыі, пасьля якой ён, відаць, болей не перабудоўваўся, і якая захавана для нас старадаўнімі малюнкамі. Горадзенскі замак вядомы нам па рысунку на пляне Горадні, гравіраваным у 1568 годзе Адэльгаўзэрам і Цюндтам, пад загалоўкам "Vera designation urbis in Littavia Grodnae" [23], і паўтораным крыху пазьней у нязначна зьмененым відзе ў кнізе Брауна і Гогэнбэрга "Civitates orbis Terrarum", надрукаванай у Кёльне ў 1576 годзе [24]. Згодна гэтага пляну, замак быў збудаваны з цэглы (на пляне да яго далучаны надпіс: "Аrх laterісіа - Das Schloss von Ziegel") і разьмяшчаўся на высокім беразе Нёмну, над стромкім абрывам. З паўднёвага боку занятае замкам месца аддзялялася ад іншае часткі берагу глыбокім ярам, праз які быў перакінуты вялікі драўляны мост, умацаваны на досыць складанай сыстэме забітых у дно яру і ў яго скаты паляй. Праз гэты мост замак злучаўся з асобна разьмешчаным будынкам палацу ("Domus regis - Das Königs Hauss"), які меў выгляд вялікае простакутнае ў пляне будыніны з высокім двохспадным дахам, абкружанай некалькімі болей дробнымі будынкамі.
Самы замак быў абведзены мурам няправільнае формы з шэрагам бойніц з горняга краю і частымі, хоць параўнальна і невялікімі, абапорнымі контрфорсамі. З паўночнага захаду да гэтага муру шчыльна прылягаў разьмешчаны з нутранога боку чатырохкутны ў пляне будынак, перакрыты двохспадным дахам. Другі апалёгічнае формы дах мы бачым з-за краю муру, - відаць ад нейкай нутраной будыніны, - нарэшце трэцім такім самым дахам перакрыта нізкая чатырохкантовая вежа з зубчатым верхам, разьмешчаная над галоўнай брамай. З усходняга боку замку знаходзіліся яшчэ дзьве вежы, значна большых памераў, высокія, круглыя, закончаныя згары зубцамі і копусападобнымі перакрыцьцямі.
У агульных рысах як формы замку, гэтак і разьмешчанага па-за межамі яго палацу, шмат у чым маюць нямецкі характар эпохі сярэднявечча, - хоць цяжка, зразумела, быць пэўным, наколькі рысунак на пляне зьяўляецца дакладным у сваіх дэталях. Адзіным крытэрыем для ацэнкі пляну ў гэтых адносінах зьяўляецца зьмешчаны на ім рысунак больш-менш захаванае да нашага. часу Калажанскае царквы ("Templum Russorum Latericium"), які мае ў сабе рысы вядомае схэматычнасьці і нават няправільнасьці. Трэба, аднак, прыняць пад увагу, што ласьне цэнтральная частка места, г. зн. палац і замак, былі, напэўна, прадметам асабліва ўважлівага падыходу з боку аўтараў нляну, так што ня зусім дакладнае выкананьне аднаго з далёкіх ад цэнтру і мала важных ужо ў той час будынкаў, якім была ў часе складаньня пляну Калажанская царква, яшчэ ня сьведчыць аб агульнай недакладнасьці ўсіх зьмешчаных на гэтым пляне рысункаў. Наадварот, параўнаньне гэтых рысункаў да іншых вядомых нам аналёгічных матар'ялаў кажа хутчэй за тое, што ў асноўным мы маем падставы лічыць іх больш-менш здавальняючымі, і без асаблівае небяспекі грунтоўных памылак можам рысункамі гэтымі карыстацца для некаторых агульных назіраньняў і вывадаў, адкідаючы пытаньне аб цэлым шэрагу дробязяй, якіх ад нашых старадаўніх плянаў нельга, зразумела, і вымагаць.
У гэтых адносінах рысунак Горадзенскага замку на пляне Адэльгаўзэра і Цюндта можа даць нам паступныя цікавыя даныя. Папершае, ён досыць ясна сьведчыць аб зьяўленьні новага прынцыпу ў замковых будовах Беларусі, выяўленага ў поўным аддзяленьні з аднаго боку чыста замковай, - з другога палацавай часткі. Мы памятаем, што, напрыклад, у Крэве адзін і той самы будынак граў ролю ваеннага ўмацаваньня і адначасна жылога памяшканьня; у Троках гэтыя ролі. былі пераданы розным будынкам, але гэтыя апошнія яшчэ заставаліся між сабой у самай сьціслай конструкцыйнай сувязі; нарэшце, у Горадні мы бачым трэці этап таго самага процэсу: замак зусім аддзяліўся ад палацу, прычым апошні заняў самастойнае становішча, блізка ад замку, але па-за яе межамі яго тэрыторыі. У далейшым нам давядзецца ўбачыць, што асабліва выразнае сваё разьвіцьцё такі прыём атрымаў у замковых будынках наступнага XVI сталецьця, што і дае нам падставы ставіць замак у Горадні на сярэдняе месца паміж такімі будовамі, як замак у Троках з аднаго боку і Віленскі Дольні замак, напрыклад, з другога.
Другі дадатны бок скарыстанага намі рысунку - гэта тое, што агульны від замку, - няхай сабе схэматычны, - ён ўсё-ж падае ў суцэльным і скончаным відзе, чаго нам бракавала пры разглядзе ўсіх ранейшых замковых будоў, хоць і захаваных да нашага часу, але толькі фрагмэнтарна. Асабліва істотнае значэньне гэта мае ў адносінах да надворнага перакрыцьця паасобных частак, якія абсолютна не захаваліся ва ўсіх пазасталых ад беларуска-літоўскіх замкаў рэштках, і аб якіх ласьне толькі з гэтага рысунку мы ў першы раз і можам атрымаць хаця-б прыблізнае ўяўленьне. Згодна даных рысунку, самыя муры Горадзенскага замку мелі двохспадныя, мабыць драўляныя, перакрыцьці, краі якіх крыху навісалі над бойніцамі. Пад гэтым перакрыцьцём уздоўж муроў праходзіў, напэўна, абаронны ход, з якога раскрываліся бойніцы і які злучаў між сабой паасобныя вежы. Чатырохкантовая вежа над галоўнаю брамаю была крыху пашырана ў горняй сваёй частцы, утвараючы баявую пляцоўку з зубчатай агародай, у той час як вышэй уздымаўся двохспадны дах з досыць высокімі трыкутнымі фронтонамі. Аналёгічныя пляцоўкі былі таксама і на высокіх круглых вежах, але, адпаведна агульнай форме, дахі мелі там выгляд высокіх конусаў. Зразумела, няма ніякае магчымасьці даведацца, ці гэтыя формы перакрыцьця ўзьніклі толькі ў XV сталецьці, - ці можа яны ўжываліся яшчэ і раней у замковай архітэктуры Беларусі. Бясспрэчна толькі, як мы ўбачым далей, што ў XVI сталецьці яны ўжо канчаткова зьніклі, у той час як у цягу ХV-га мы знаходзім іх яшчэ адзін раз, апроч Горадні, таксама і ў Горнім замку ў Вільні, вядомым нам па рысунку з вышэйпамянёнай кнігі "Civitates orbis Terrarum" Брауна і Гогэнбэрга, а таксама і з некаторых іншых крыніц.
Наагул Горні Віленскі замак мае рысы значнага падабенства да Горадзенскага ўмацаваньня. Праўда, нават з старадаўніх рысункаў мы з ім знаёмы ня ў цэлым відзе, паколькі ў часе складаньня гэтых рысункаў ён быў, відаць, ужо часткова зруйнаваны і не адноўлены; лік гэтых рысункаў, аднак, не абмяжоўваецца толькі адным, што дае магчымасць параўнальнае іх праверкі і гэтым самым ставіць нашыя веды аб Віленскім Горнім замку на болей цьвёрды грунт. Сярод гэтых рысункаў на першым месцы можна памянуць рысунак з памянёнае кнігі Брауна і Гогэнбэрга 1576 г. Кніга гэтая мае дакладны плян Вільні сярэдзіны XVI сталецьця, пад загалоўкам "Vilna Litvaniae Metropolis", дзе асабліва дэтальна распрацавана тэрыторыя Горняга і Дольняга замкаў [25], прычым параўнаньне гэтага пляну да іншых захаваных крыніц сьведчыць аб бязумоўнай яго агульнай правільнасці, толькі з частковымі, можа, хібамі і перахватамі ў драбніцах. Рысунак Дольняга замку з гэтага пляну мы маем разгледзець у наступным разьдзеле. Што-ж да Горняга, які нас у даным выпадку цікавіць, дык, выходзячы ласьне з гэтага рысунку ў першую чаргу, мы маем магчымасьць скласьці сабе аб ім належнае агульнае ўяўленьне. Зьмешчаны на пляне рысунак Горняга замку падае нам выгляд параўнальна позьняе яго конструкцыі. Вядома, што першапачатковая пабудова віленскіх умацаваньняў належыць, як сьведчаць крыніцы, да самага пачатку XIV сталецьця і зьвязваецца з імем Гедыміна, як заснавальніка новае вялікакняскае рэзыдэнцыі ў Вільні. Гэтыя першапачатковыя будовы, аднак, ужо ў хуткім часе падлеглі зьнішчэньню: у 1390-1392 годзе віленскія замкі былі абложаны, захоплены і разбураны крыжакамі, крыху пазьней, у 1399 годзе, вялікі пажар закончыў распачатае вайной руйнаванне. Але ўжо ў 1413 годзе, як сьведчыць флямандзкі вандроўнік Guillebert de Lannoy, які ў гэты час наведаў Вільню, абодва замкі былі адбудаваны нанова, прычым Горні замак, згодна яго апісаньню, быў зьмешчаны на высокай пяшчанай гары, абнесены валам і мурам (par bolvercques fais à manières de murs), у сярэдзіне зроблены з дрэва, і навакол яшчэ раз абнесены каменным умацаваньнем [26]. Магчыма, што пасьля побыту Lannoy ў Вільні аднаўленьне Горняга замку і яшчэ болей пасунулася наперад, - але ў далейшым нічога дакладнага болей, ужо невядома ані аб яго разбурэньнях, ані аб рэпарацыях. Весткі аб пазьнейшых пажарах маюць пераважнае дачыненьне да тэрыторыі Дольняга замку, які руйнаваўся яшчэ ў 1513, 1530, 1538 і 1542 г., пасьля чаго быў адбудаваны нанова, ужо ў часы Жыгімонта Аўгуста. У такім перабудаваным выглядзе Дольні замак і трапіў на плян Брауна і Гогэнбэрга, у той час як Горні замак, закрануты, здаедца, пажарамі 1538 і 1542 г., пасьля іх болей ужо не аднаўляўся [27], і ў такім напалову разбураным відзе і быў зьмешчаны па пляне. Такім чынам, ёсьць усе падставы лічыць, што той выгляд Горняга замку, які дае нам рысунак пляну, усходзіць ласьне да XV сталецьця, чым і тлумачыцца значная набліжанасьць яго конструкцыі да старога замку ў Горадні.
Паводле гэтага рысунку, Горні Віленскі замак меў дзьве высокія вежы, у часе складаньня пляну, г. зн. у палове XVI ст, яшчэ досыць добра захаваныя, з зубчатымі заканчэньнямі муроў і конусападобнымі дахамі. Форма іх паказана круглай і вышыня трох'яруснай, што, аднак, як мы ўбачым далей, мабыць, перадана недакладна. На вышыні першага ярусу вежы гэтыя былі злучаны мурам з зубцамі і бойніцамі, які зьяўляўся, напэўна, у той час толькі рэшткай ранейшага муру, абведзенага навакол усяго замку. Тут-жа відаць рэшткі нейкага будынку, - хутчэй за ўсё касьцёлу Марціна, які быў зруйнаваны яшчэ з канца XV сталецьця [28]. Агульны характар веж і формы іх перакрыцьця ў асноўных рысах тут супадаюць з тым, што нам вядома адносна аналёгічных частак замку ў Горадні; пры гэтым увесь характар Горняга замку выразна выяўляе сваю архаічнасьць у параўнаньні да зьмешчанага на тым самым пляне болей позьняга Дольняга замку. Трэба, аднак, зазначыць, што рысунак па пляне Брауна, асабліва ў гэтай частцы, вельмі мала дэталізаваны, і можа быць намі прыняты толькі як самая агульная схэма. Некаторыя іншыя старадаўнія крыніцы, якія таксама захавалі для нас выгляд Горняга замку, хоць і значна пазьнейшага ўжо часу,- падаюць нам рысункі яго ў яшчэ болей разбураным відзе, але затое болей чытэльныя і падрабязныя, якія досыць грунтоўна знаёмяць нас з тым становішчам, у якім знаходзіўся Горні замак у блізкім часе перад канчатковым гвалтоўным яго зруйнаваньнем, якое адбылося ў канцы XVIII і пачатку XIX сталецьця. Выкарыстаньне гэтых крыніц у дадатак да пляну Брауна зьяўляецца, з нашага пагляду, абсолютна абавязковым у мэтах найлепшага ўяўленьня некаторых дэталяй і асаблівасьцяй конструкцыі Горняга замку. Складаюцца яны з наступаага. Папершае, мы маем пляны Горняга і Дольняга замкаў, складзеныя архітэктарам Россі ў 1779 годзе [29]: падругое - вядомы адзін адпаведны гэтым плянам малюнак невядомага майстра канца XVIII сталецьця [30]; нарэшце, існуе цэлы шэраг акварэльных зарысовак старадаўніх віленскіх будынкаў, якія зрабіў у 1781 годзе віленскі профэсар малярства Францішак Смуглевіч, і сярод якіх Горні замак паўтораны нават некалькі раз з розных бакоў і ў розных сваіх частках [31].
Адносная каштоўнасьць усіх гэтых крыніц зьяўляедца неаднолькавай. Паасобныя малюнкі часта розьняцца між сабой, а ў некаторых дэталях не супадаюць таксама і з рысункам на пляне Брауна, так што пры карыстаньні імі патрэбна належная параўнальная праверка. Найменей дакладнымі ёсьць падставы лічыць пляны Россі і адпаведны ім малюнак невядомага аўтара. Папершае, Горні замак выяўлены тут у занадта добра яшчэ захаваным выглядзе, у той час як з іншых крыніц, у тым ліку і з малюнкаў Смуглсвіча, нам вядома, што ў канцы XVIII сталецьця ён быў ужо досыць моцна зруйнаваны. Падругое, можна лічыць нявернымі і некаторыя паасобныя дэталі; так, напрыклад, замест дзьвёх веж, паказаных на пляне Брауна, як плян Россі, так і малюнак, падаюць толькі адну рагавую вежу, а з супроцьлеглага боку зьмяшчаюць нейкую вялікую будыніну з вокнамі і зубчатым верхам; тым часам, бясспрэчнае існаваньне ў Горнім замку дзьвёх веж сьведчыцца ня толькі рысункам на пляне Брауна, але таксама і зарысоўкамі Смуглевіча, і, нарэшце, докумэнтальнымі данымі, з якіх вядома, што адна вежа замку, у пачатку XIX сталецьця ўжо напалову зруйнаваная, была разабрана дашчэнту па загаду віленскага губэрнатара Фрэзэля [32], рэшткі-ж другое вежы і да цяперашняга часу яшчэ захаваліся ў Вільні на Замковай гары. Такім чынам, уся ўсходняя частка замку паказана на пляне Россі і адпаведным малюнку ў крыху фантастычным выглядзе. З другога боку, аднак, самая форма вежы вызначана тут, мабыць, болей правільна: у пляне яна паказана васьмікутнай, а на малюнку вышыня яе дасягае чатырох паверхаў, і горні край муру закончаны зубцамі. Трэба лічыць, праўда, што паасобныя паверхі яе ня так ужо рэзка аддзяляліся адзін ад аднаго і ня так моцна зьмяншаліся да гары; пераход, напэўна, быў болей паступовым, як гэта відадь з малюнкаў Смуглевіча; аднак і на гэтых апошніх паўднёва-заходняя вежа паказана васьмісьценнай, крыху звужанай у напрамку да гары і высокай на чатыры паверхі, што, мабыць, цалком адпавядае запраўднасьці. Калі на рысунку з пляну Брауна вежы Горняга замку здаюцца круглымі і трох'яруснымі,- дык гэта, пэўна, трэба аднесьці толькі за кошт схэматычнасьці данага рысунку.
Наагул з усіх памянёпых крыніц найболей дэтальнымі, правільнымі і дакладнымі зьяўляюцца, відаць, акварэлі Смуглевіча. Зацьверджаньне гэтае грунтуецца на магчымасьці бясспрэчнае праверкі некаторых з іх ліку шляхам параўнаньня да захаваных яшчэ і ў цяперашні час будынкаў, напр., Вострае брамы, прычым выяўляецца, што ў сваіх малюнках Смуглевіч вельмі ўважліва падыходзіў да орыгіналаў і імкнуўся да найбольшае беззаганнасьці іх перадачы. Аб тым-жа самым, апроч таго, сьведчаць і зарысоўкі замкаў, якія былі паўтораны у малюнках Смуглевіча па некалькі раз з розных назіральных пунктаў, але ўсе, бязумоўна, малююць адны і тыя самыя будынкі, з чаго вылікае, што ў іх аснову была пакладзена запраўдная, добра пераданая малерам натура. Рысы гэтыя робяць зарысоўкі Смуглевіча адным з найболей каштоўных матар'ялаў для вывучэньня старадаўляе віленскае архітэктуры наагул, а ў тым ліку і Горняга замку, аб некаторых частках якога мы можам мець з памянёных малюнкаў болей дэталізаванае ўяўленьне, выпраўляючы ў той самы час на падставе іх паасобныя памылкі іншых крыніц.
Паказаныя на малюнках Смуглевіча руіны Горняга замку маюць дзьве вежы і рэшткі нейкіх будынкаў, - напэўна, палацу і касьцёлу Марціна. Калі на падставе іх зрабіць спробу выправіць плян Россі, дык у гэтым апошнім трэба-б было зьмясьціць з усходняга рогу яшчэ адну вежу, паказаны-ж там з усходняга боку вялікі будынак перанесьці крыху ў напрамку да паўночнага захаду, г. зн. да таго месца, дзе на пляне знаходзіцца нейкі маленькі чатырохкутны будынак, адпаведны, мабыць руінам касьцёлу. Такая перастаноўка дала-б нам болей правільную схэму разьмяшчэньня паасобных частак замку, і толькі дакладнае разьмеркаваньне муроў засталося-б усё-ж нявысьветленым, паколькі ў правільнасьці пляну Россі нельга быць пэўным, малюнкі-ж Смуглевіча муроў зусім не паказваюць, што сьведчыць аб канчатковым зьнішчэньні іх к таму часу, калі малюнкі гэтыя рабіліся, г. зн. раней семідзесятых гадоў XVIII сталецьця.
Наступныя даныя, якія мы можам атрымаць з малюнкаў Смуглевіча, датычаць некаторых дэталей у вежах. Заходняя з іх паказана з значным лікам вокан і бойніц, а ўсходняя з крыху меншым, пры гэтым з несымэтрычным разьмеркаваньнем апошніх па плошчы фасадаў. У абедзьвюх вежах выразна выяўлена іх кантовасць і лёгкая звужанасць, а таксама падзсе на чатыры асобныя паверхі. На жаль, у часе складаньня малюнкаў перакрыцьцяў у вежах ужо ня было, так што ў гэтых адносінах адзінай крыніцай застаецца рысунак па пляне Брауна. Каля кожнае вежы паказаны брамы. Побач з заходняй відаць частка заходняга муру, у якой і знаходзіцца паўцыркульны на гары пралёт, абкружаны бойніцамі; усходняя- ж вежа мае адну браму побач, як у папярэднім выпадку, а другую ў самым корпусе вежы, уся паўднёва-заходняя частка якой паказана ўжо зруйнаванай. Апошняя вежа гэта якраз і ёсьць тая самая, якая ў пачатку XIX сталецьця зьнішчана была канчаткова, у той час як ад заходняй яшчэ і цяпер на Замковай гары захавалася дольняя частка, вышынёй на два паверхі, пакрытая навейшай, зусім неадпаведнай ёй надбудоўкай.
Апроч гэтае часткі вежы да сучаснага моманту захавалася таксама яшчэ і частка палацавага муру з усходняга боку гары, складзеная з каменьня і цэглы, з прыкметнымі яшчэ ў некаторых мясцох сьлядамі ранейшых скляпеньняў. Рэштка гэтая яшчэ раз дае магчымасьць праверыць паказаньні малюнкаў Смуглевіча з тым, каб зазначыць іх бязумоўную топографічную правільнасьць. На жаль, аднак, з прычыны таго, што ўжо ў часы Смуглевіча Горні замак зьяўляўся напалову разбураным, малюнкі яго ўсё-ж не даюць магчымасці абсолютна поўнага аднаўленьня выгляду гэтае будовы, і толькі часткова, комбінуючы іх з рысункам на пляне Брауна, мы можам сабе ўявіць прыблізнае разьмяшчэньне муроў і характэрныя высокія перакрыцьці на вежах. Агульнае ўражаньне застаецца ў гэтым выпадку досыць блізкім да вядомага нам з гравюры Адэльгаўзэра і Цюндта замку ў Горадні, што сьведчыць аб блізкай стылістычнай супольнасці гэтых будоў, і дазваляе лічыць уласьцівыя ім формы, мабыць, досыць тыповымі для свайго часу. Віленскі Горні замак, праўда, мог быць і болей архаічным, зьяўляючыся вынікам перабудовы болей старога ўмацаваньня, некаторыя рысы якога ён мог захаваць і ў сваёй апошняй конструкцыі XV сталецьця. Да ліку іх належыць, напрыклад, зьмяшчэньне палацу ў межах замковых муроў, чаго ў Горадні, як мы зазначылі, ужо ня было. Агульны тып абодвух гэтых будынкаў, аднак, блізка падобны і ў пляне, і ў некаторых дэталях, напрыклад, у перакрыцьцях, што можа лічыцца характэрным для беларускага замковага будаўніцтва XV сталецьця. Тып гэты становіцца як-бы на сярэдняе, прамежкавае месца паміж старадаўніх замкаў Ліды, Крэва і Трок, - і пазьнейшай замковай архітэктурай XVI сталецьця, з яе шмат у чым ужо зусім новымі элементамі, і гэтым самым у якасьці нейкага злучальнага зьвяна яднае ўсю лінію органічнага разьвіцьця замковае архітэктуры Беларусі ў адно неперарыўнае цэлае.

5. Дольні замак у Вільні

Пачынаючы з XVI сталецьця ў Беларусі ўтварыўся цэлы шэраг умоў, якія спрыялі зьяўленьню новага архітэктурнага стылю ў замковым будаўніцтве. Да гэтага часу замкі Заходняе Беларусі мелі пераважна характар ваенных умацаваньняў, і калі ў склад іх часам і ўваходзілі памяшканьні іншага прызначэньня, дык у агульным цэлым яны гралі толькі другарадную ролю, а першае месца нязьменна займалі ўмацаваныя муры і вежы. Такі характар, як мы толькі што бачылі, некаторыя замковыя пабудовы захоўвалі яшчэ і ў цягу XV сталецьця, у той час як у іншых выпадках, як напр. у Горадні, у гэтую эпоху ўжо выразна вызначалася тэндэнцыя да аддзяленьня вайсковых і цывільных частак, шляхам адасабненьня палацу, прычым, аднак, замак яшчэ заставаўся, незалежна ад гэтага выдзеленага палацу, у якасьці суцэльнага ваеннага ўмацаваньня. Далейшае разьвіцьцё пайшло, галоўным чынам, у напрамку яшчэ большае дыфэрэнцыяцыі, але ўжо з перавагаю не ваенных, а ласьне цывільных, раней мала значных частак. З надыходам адносна болей мірных часоў, а таксама ў сувязі з пашырэньнем мест навокал свайго замковага асяродку, у некаторых найболей значных дзяржаўных замках чыста ваенныя ўмацаваньні ужо адыйшлі неяк на задні плян, і за іх кошт у межах замковае тэрыторыі вальней і шырэй развярнуліся палацавыя пабудовы, а таксама розныя болей дробныя будынкі дапаможнага характару Процэс гэты лепей за ўсё мы наглядаем у Вільні. Калі Горні замак яшчэ быў зроблены ў XV сталецьці як ваенная цытадэль, - дык у сярэдзіне XVI сталецьця аднаўленьне Дольняга замку, пасьля зруйнаваньня яго пажарамі, адбылася ўжо на зусім іншых прынцыпах. Новая пабудова шмат у чым была пазбаўлена спэцыфічнага цытадэльнага характару; яна займала значна большую ніж раней тэрыторыю, складалася з цэлага шэрагу рознастайных будынкаў, разьдзеленых нутранымі панадворкамі, і толькі часткова была ўмацавана мурамі, якія па сваёй істоце амаль што зусім ужо ня мелі сур'ёзнага абарончага значэньня, таксама як і дзьве злучаныя з гэтымі мурамі і зусім невялікія ў адносінах да агульных памераў замку вежы. Болей таго: нават увесь галоўны фасадны бок замку складаўся з некалькіх зусім неўмацаваных будынкаў, свабодна зьвернутых сваім нічым не абароненымі фасадамі да надворку. Магчымасьць такога істотна новага расплянаваньня Віленскага Дольняга замку палягала часткова ў тым, што яшчэ ў першай чвэрці XVI сталецьця ўся Вільня была абведзена асобнымі абароннымі мурамі, якія ўмацоўвалі ўсё места цалком, і, значыцца, самы замак, які знаходзіўся ўсярэдзіне места, ня меў ужо асаблівае патрэбы ў моцным самастойным умацаваньні [33]. Але самы факт такой перадачы чыста ваенных функцый, якія раней належалі выключна замкам, да іншых спэцыяльных будынкаў, і гэтым самым частковае звальненьне замку ад выкананьня абарончае ролі зьяўляецца вельмі паказальным крокам у разьвіцьці беларускае замковае архітэктуры ў буйных асяродках пры новых варунках. У палове XVI сталецьця гэтым ужо вызначаўся вядомы пераход ад чыста замковага будаўніцтва да будаўніцтва палацавага, якое хаця і не атрымала яшчэ ў гэтую эпоху свайго выяўленьня ў зусім чыстым відзе, але ўжо пачынала паступова ўводзіцца і аформлівацца. Разам з тым, да вядомае ступені гэта мела значэньне таксама і ў формальных адносінах, расчыняючы некаторыя новыя крыніцы надворных уплываў, і тым самым уносячы ў паасобныя пабудовы данай эпохі некаторыя новыя асаблівасьці што да іх архітэктурнага стылю.
Да гэтага часу адзіным архітэктурным стылем у Беларусі, - у кожным выпадку ў вядомых нам каменных замковых будовах, - зьяўлялася перапрацаваная і пераробленая на мясцовым грунце нямецкая готыка, пахаджэньне якой з крыжацкае замковае архітэктуры мы спрабавалі паказаць у папярэдніх разьдзелах.
Роля нямецкага каменнага будаўніцтва, а ў некаторых выпадках можа, нават і нямецкіх майстроў, да самага канца XV сталецьця была надзвычайна важнай для разьвіцьця аналёгічнае архітэктуры на тэрыторыі Заходняе Беларусі. Некаторыя готычныя рысы яшчэ адчуваюцца, нават, і ў паасобаых, найболей раньніх, відаць, будынках Віленскага Дольняга замку, якія належаць ужо да пачатку XVI сталецьця, а ў архітэктуры царкоўнай, як мы ўбачым далей, якраз XVI сталецьце і зьявілася, нават, эпохай найболей пышнага росквіту позьня-готычных конструкцый, - праўда ў вельмі орыгінальных адменьніках. Побач з гэтым, аднак, ужо з пачатку XVI сталецьця колішняя пераважная готыка ў Беларусі пачала паступова відазьмяняцца і ўскладняцца новымі элемэнтамі, пераходзячы да пазьнейшых этапаў заходня-эўропейскага архітэктурнага стылю.
У даным выпадку мы, зразумела, ня маем ані магчымасьці, ані патрэбы дакладна спыняцца на характарыстыцы ўсяе гэтае эпохі і яе зыачэньня ў гісторыі Беларусі. Досыць, аднак, прыгадаць, што ў гэты час ужо былі завязаны сталыя мірныя сувязі з цэлым шэрагам эўропейскіх краін, уплывы якіх пачалі адчувацца ня так аднабакова і вузка, як гэта было ў ранейшы час; распачаліся частыя культурныя зносіны з Захадам, якія адбіваліся на нутраных і надворных формах мясцовага жыцьця; у Беларусь прасочваліся і моцна ўплывалі на яе заходнія плыні гуманізму і адраджэньня; пачыналася эпоха высокага экономічнага ўздыму і разам з тым культурнага росквіту, наогул у Беларусі, з некаторым спазьненьнем у параўнаньні да Заходняе Эўропы, распачынаўся ў гэты час свой уласны, але шчыльна зьвязаны з захадам рэнэсанс. Ахапіўшы амаль што ўсе галіны культурнага жыцьця, рэнэсанс гэты, зразумела, ня мог абмінуць таксама і мастацтва, і ў першую чаргу ён выявіўся ласьне ў архітэктуры, выходзячы ў ёй з кораняў ранейшае готыкі. Пры гэтым, новыя сувязі Беларусі павінны былі сабой абумовіць і пэўныя формы яго выяўленьня, сярод якіх на першае месца трэба паставіць досыць выразныя і моцныя ўплывы італьянскае архітэктуры з яе характэрнымі рэнэсансавымі формамі. Зьяўленьне ласьне гэтых, а не якіх- колечы іншых, напр., нямецкіх па ранейшай традыцыі форм у некаторых помніках тагочаснага беларускага будаўніцтва магло быць, зразумела, адным з конкрэтных вынікаў тых беспасрэдных зносін Беларусі з Італіяй, якія выявіліся ў той час, напрыклад, у побыце Францішка Скарыны ў Падуі, ці ў шлюбе Жыгімонта Старога з Бонаю Сфорца, і якія рабілі магчымым нават беспасрэдны ўдзел італьянскіх майстроў у некаторых найболей значных пабудовах, як гэта было, напрыклад, у Польшчы [34]. Але прыход гэтых форм у Беларусь трэба ўсё-ж лічыць цалком натуральным і органічным, паколькі ранейшая готыцкая эпоха, ужо зьвязаўшы Беларусь з заходня-эўропейскай архітэктурай, зараней падрыхтавала ім належную глебу, на якой яны добра маглі разьвінуцца. Тут наглядаецца, між іншым, характэрная зьява: процэс стылістычнага разгортваньня архітэктурных форм рэнэсансу запраўды адбываўся на гэтай глебе настолькі органічна, што тут зусім ня было раптоўнае замены аднаго архітэктурнага стылю на іншы, ня было рашучага, хуткага адмаўленьня ад готыкі і пераходу да форм адраджэньня; наадварот, пераход гэты адбываўся павольна: царкоўнае будаўніцтва, напрыклад, як мы ўжо зазначалі вышэй, наогул нават у XVI сталецьці зусім яшчэ ад готыкі не адыйшло; ды нават і ў замковым будаўніцтве рэнэсанс не атрымаў выключнае перавагі: замковая архітэктура тут толькі выкарыстала для новых стылістычных магчымасьцяй намечаны ў ёй яшчэ раней процэс свае ўласнае конструкцыйнае дыфэрэнцыяцыі, і паглыбіла гэтую дыфэрэнцыяцыю ў самай істоце, а адпаведна таму і ў стылістыцы сваіх коцструкцый. Конкрэтна гэта выявілася ў тым, што ў пераважнай большасьці толькі ў палацавых, з XVI-га сталецьця ўзмоцненых частках і выяўляліся ў першы раз новыя рэнэсансавыя формы, у той час як часткі чыста фортыфікацыйнага прызначэньня, а таксама і зусім аддзеленыя ад палацаў спэцыяльныя абаронныя ўмацаваньні, звычайна, яшчэ захоўвалі свой ранейшы, у аснове готыцкі характар. Паколькі процэс гэты адбываўся паступова, - пастолькі ў некаторых выпадках, нават, канчатковая конструкцыя тае ці іншае пабудовы магла быць вынікам шэрагу паступовых напластаваньняў, дзе формы рэнэсансавае архітэктуры зьяўляліся толькі апошнімі з дададкаў да пэўнага архітэктурнага цэлага, развіцьцё якога пачыналася яшчэ з готыкі. Недахват захаваных помнікаў не дае нам магчымасьці прасачыць такую генэзу ў дэталях, - але і ў тым, што мы маем ад гэтай эпохі мы можам заўважыць яе асноўныя моманты, якія досыць выразна, напрыклад, выяўляюцца ў Віленскім Дольнім замку, узятым за тэму для данага нарысу.
(15KB) Руіны Дольнягя замку ў Вільні з пляну Россі 1779 г. Дольні замак у Вільні, ад якога ў цяперашні час не захавалася нічога, апроч толькі часткі аднае вежы, якая складае дольні паверх званіцы Катадральнага касьцёлу, вядомы нам з тых самых крыніц як і Горні замак, г. зн. з малюнку на пляне Брауна, пляну Россі, і акварэляй Смуглевіча, і апроч таго яшчэ з аднэй старадаўняй літографіі, дзе зьмешчана частка палацавае будовы прылеглая да касьцёлу [35]. Цалком увесь замак паданы толькі на пляне Брауна, прычым рысунак гэты ўсходзіць да яго конструкцыі з часоў Жыгімонта Аўгуста. Усе іншыя крыніцы малююць яго толькі фрагмэнтарна, і апроч таго ў пазьнейшым выглядзе, паколькі некаторыя часткі замку яшчэ дарабляліся і перабудоўваліся пасьля складаньня пляну Брауна, у канцы XVI і ў XVII сталецьці. Гэтым часткова і павінна тлумачыцца некаторая неадпаведнасць, якую мы наглядаем паміж рысункам Брауна і болей позьнімі малюнкамі, што можа і ня сьведчыць аб памылковасьці тых ці іншых крыніц, а ёсьць толькі вынікам паступовае адбудовы замку і паступовых зьмен некаторых яго дэталяй.
Як мы ўжо зазначалі, толькі плян Брауна падае выгляд Дольняга замку цалком, і з гэтай прычыны толькі ён адзін і дае падставы для вызначэньня топографіі гэтае пабудовы і разьмяшчэньня яе паасобных частак. Іншыя крыніцы, дзе зьмешчаны выключна паасобныя будынкі, або нават толькі часткі будынкаў, даюць вельмі мала топографічных даных, і толькі ў сувязі з адным пытаньнем тут могуць узьнікнуць спрэчкі, дзеля чаго мы і ўважаем патрэбным паставіць гэтае пытаньне ў першую чаргу. Рэч у тым, што на пляне Брауна галоўны палацавы будынак замку паказаны з усходняга боку замковае тэрыторыі, зьвернуты сваім галоўным фасадам на захад і паралельна шэрагу тых будынкаў, якія складаюць заходнюю частку замку, і сярод якіх знаходзіцца таксама будынак Катадральнага касьцёлу. Такім чынам, ад гэтага апошняга ён разьмешчаны на злачнай адлегласьці і аддзелены ад яго нутраным панадворкам. Тым часам, з малюнкаў Смуглевіча, з памянёнае намі вышэй старадаўняе літографіі, і нарэшце з некаторых докумэнтальных крыніц вядома, што нейкая частка палацу беспасрэдна прылягала да касьцёлу і адыходзіла ад яго на ўсход, г.зн. у кірунку да Замковае гары. На пляне-ж Брауна ў гэтым самым месцы паданы нібыта нейкі нявысокі мур ці крытая галярэя, якая адыходзіць пад простым вуглом ад будынку галоўнага палацу на захад і пераходзіць недалёка ад касьцёлу ў болей высокі, але нязначны па сваіх памерах будынак. Атрымліваецца досыдь істотнае разыходжаньне, якое можна тлумачыць розна. З аднаго боку, выказваліся думкі, што ў эпоху Жыгімонта-Аўгуста галоўны палацавы будынак запраўды займаў тое палажэньне, якое паказана на пляне Брауна, але ён быў зруйнаваны ў часе пажару 1610 году, і новы замковы будынак разьмешчаны быў ужо інакш, галоўным фасадам на поўдзень, злучыўшыся сваім бакавым фасадам з будынкам Катадральнага касьцёлу. З другога боку, рабіліся таксама і спробы лічыць плян Брауна памылковым на падставе гэтых пазьнейшых вестак. Так, напрыклад, Глебаў выказаў дапушчэньне, нібыта галоўны будынак палацу паказаны на пляне Брауна няверна, і што ўжо ў часе складаньня гэтага пляну ён павінен быў займаць ня ўсходняе, як гэта паказана на пляне, але ўскоснае, паўночна-ўсходняе палажэньне, і, значыцца, запраўды даходзіць да касьцёльнага будынку [36].
З свайго боку, мы ня лічым магчымым цалком далучыцца ані да воднага з гэтых паглядаў. Другі з іх трэба, на нашую думку, зусім адхіліць на наступных падставах. Усё расплянаваньне Дольняга замку паказана на пляне Брауна надзвычайна правільным, у выглядзе вялікага простакутніка. Калі палацавы будынак, як дапушчае Глебаў, займаў ускоснае палажэньне, дык значыцца ў запраўднасьці правільнасьці гэтае ня было, і яна зьяўляецца толькі вынікам штучнага і памылковага выпраўленьня, унесенага ўкладальнікам пляну. Т ым часам, уважлівы разгляд пляну Брауна цалком зусім не выяўляе тэндэнцыі ўносіць гэткія выпраўленьні ў такія часткі, якія ў запраўднасьці былі асымэтрычнымі. Тыя раёны места, асабліва ў ваколіцах, для якіх зьяўлялася характэрнай выпадковая скучанасьць разьмешчаных без усялякае сыстэмы маленькіх драўляных домікаў, - захавалі і на рысунку Брауна свой бяссыстэмны, асымэтрычны характар, у той час як асяродкакая частка места выяўляе болей правільнае расплянаваньне, і нарэшце тэрыторыя Дольняга замку паказана ў выглядзе правільнага простакутніка, з абкружанымі рознастайнымі будовамі правільнымі нутранымі панадворкамі. Калі прыняць дапушчэньне Глебава, - дык вельмі цяжка вытлумачыць, якія падставы меў аўтар пляну для наданьня фактычна няіснуючае правільнасьці аднэй толькі гэтай тэрыторыі, тады, як у іншых частках свайго рысунку, нават у выяўленьні Горняга замку, ён такіх выпраўленьняў не рабіў. Апроч таго, і наогул трэба зазначыць, што ў замковай архітэктуры XVI сталецьця няравільны плян будовы здаецца мала магчымым; у гэты час пляны замковых будоў былі ўжо канчаткова ўсталяваны; мы бачылі, што яшчэ здаўна беларускае замковае будаўніцтва імкмулася да правільных простакутных плянаў, і адмаўлялася ад іх толькі ў тых выпадках, калі таго вымагалі ўмовы мясцовасьці; для Віленскага Дольняга замку такія ўмовы ўжо не маглі граць ролі і значыцца простакутны плян быў для яго найболей лёгічным. Такім чынам, мы схіляемся да таго, каб лічыць палажэньне галоўнага палацу, паказанае на пляне Брауна, для свайго часу верным.
З другога боку, аднак, мы таксама не знаходзім падстаў, каб прыняць думку аб канчатковым зьнішчэньні гэтага палацу ў часе пажару 1610 году і аб пазьнейшай пабудове полага палацавага будынку ўжо ў іншым мссцы. З докумэнтальных крыніц нічога пэўнага аб гэтым невядома, некаторыя-ж малюнкі Смуглевіча сьведчаць, наадварот, што і ў пазьнейшыя часы па месцы, зазначаным плянам Брауна, г. зн. з усходняга боку ўсяе замковае тэрыторыі знаходзілася нейкая палацавая пабудова. Бясспрэчна, гэта быў ужо ня зусім той самы будынак, што вызначаны плянам Брауна; пасьля складаньня гэтага пляну, бязумоўна, адбываліся розныя пераробкі, якія часткова маглі мяняць нават і расплянаваньне паасобных дэталяй, - але ўсё-ж палацавы будынак і ў гэтых пазьнейшых пераробках застаўся на ранейшым месцы. Іншая справа, што з тых самых малюнкаў, а таксама з памянёнае літографіі відаць, што нейкая частка палацу шчыльна падыходзіць да Катадральнага касьцёлу; факт гэты бясспрэчны, але ён павінен з нашага погляду тлумачыцца тым, што ў часе пазьнейшых пераробак да старадаўняга, можа і пераробленага палацавага корпусу дадана была новая прыбудоўка, якая стала на месца паказанага ў Брауна нутранога муру, г. зн. пэрпэндыкулярна да старога будынку, і адным з сваіх бакавых фасадаў запраўды злучылася з касьцёлам. Такім парадкам, пры пашырэньні замковых памяшканьняў тут усё-ж быў захаваны ранейшы правільны плян, і новы будынак зусім не парушыў ранейшае суцэльнасьці ўсяе пабудовы. Падстаў для дакладнага датаваньня гэтых перабудовак, таксама, праўда, як і папярэдняга адбудаваньня замку, мы ня маем. Грунтуючыся, аднак, як на малюнках Смуглевіча, так і па памянёнай літографіі, якія досыць дэтальна перадаюць паасобныя часткі будынкаў, мы лічым мала магчымым адносіць іх да XVII сталецьця, тым болей, што і докумэатальныя крыніцы гэтага часу, напр. замковы інвэнтар 1622 г. [37], сьведчаць хутчэй аб нязначных пашкоджаньнях, зробленых пажарам 1610 году і аб адносна дробных рэпарацыях, ніж аб якіх-колечы вялікіх і капітальных перабудовак. На нашую думку, Дольні замак у тым выглядзе, як мы яго бачым на пляне Брауна, узьнік у выніку грунтоўных яго адбудоў, якія адбыліся не адразу, але пачынаючы яшчэ з панаваньня Жыгімонта Старога і першых гадоў Жыгімонта Аўгуста, а той выгляд яго, які засьведчаны пазьнейшымі крыніцамі, галоўным чынам малюнкамі Смуглевіча, усходзідь да крыху пазьнейшых яго пераробак, у аснове сваёй, аднак, зробленых усё-ж не пазьней другое паловы XVI сталецьця, і толькі ў нязначнай сваёй частцы, магчыма, залежных ужо і да XVII-га. Такім чынам, з разгляду гэтых крыніц мы можам атрымаць частковае ўяўленьне аб паступовым ходзе пабудовы Дольняга замку, амаль выключна, аднак, у межах аднаго толькі XVI сталецьця.
Для азнаямленьня з першаю стадыяй у гэтых адносінах служыць выключна плян Брауна. Але нельга забывацца на тое, што жо і ён усходзіць да параўнальна позьняга часу і з гэтай прычыны ўжо выразна выяўляе ўсе тыя рысы, якія зрабіліся характэрнымі для беларуска-літоўскай замковай архітэктуры ў першай палове XVI сталецьця. Сярод гэтых рыс, як найболей тыповую, мы ўжо вызначалі тое, што па ўсіх нам вядомых крыніцах Дольні замак у Вільні збудаваны быў у гэты час згодна новых прынцыпаў і прыёмаў, і з гэтай прычыны амаль што зусім ужо ня меў характару запраўднага замковага ўмацаваьня. У папярэднія часы, калі ўвесь замак быў яшчэ драўляным, ён набліжаўся да звычайнае ваеннае цытадэлі і досыць грунтоўна быў умацавны валамі, парканам і вежамі, а ў канцы XIV сталецьця быў абведзены каменным мурам. Усе гэтыя ўмацаваньні, аднак, з цягам часу былі зусім зьнішчаны, і толькі часткова адноўлены ў адбудовах XVI сталецьця, так што ў рысунку на пляне Брауна, дзе падаецца ласьне гэтая конструкцыя, мы ўжо бачым пабудову цалкам іншага тыпу, у якой пераважаюць палацавыя і проста цывільныя будынкі, у той час як абаронным прыстасаваньням адведзена вельмі нязначнае месца.
Гэтае характэрнае паслабленьне фортыфікацыі Дольняга замку ў XVI сталецьці перш за ўсё датычыць муроў. На пляне Брауна яны наагул вызначаны досыць нізкімі, і амаль што пазбаўленымі спэцыяльных абарончых прылад. Яны не абводзяць усяго замку цалком, як гэта было звычайна, але разьмешчаны толькі з двох бакоў, з паўднёвага, уздоўж левага рукава Вялейкі, які калісьці абкружаў Дольні замак з поўдню і захаду, і з паўночнага, г. зн. па беразе Вяльлі, роўналежна Антакольскаму шляху. З паўдаёвага ўсходу толькі зусім ужо нязначны і маленькі мур аддзяляў замковы сад ад "Падзамча", а далей на усход, у кірунку да Замковае гары, уся тэрыторыя Дольняга замку заставалася зусім адкрытай і безабароннай. З заходняга боку, замест муроў, тэрыторыя гэта замыкалася даўгім шэрагам злучаных між сабой будынкаў, галоўнымі з якіх зьяўляліся катадральны касьцёл, палац біскупа, памяшканьне вялікакняскае варты (драбантаў) і дом падскарбія [38]; усе гэтыя будынкі вольна былі павернуты сваімі фасадамі ў надворны бок, прычым тут-жа быў выхад з замку праз вялікую браму, якая знаходзілася між домам падскарбія і пвамяшканьнем драбантаў, а таксама праз другую, меншую браму каля палацу біскупа; трэці выхад быў ў Катадральным касьцёле. Супроць усіх гэтых брам знаходзіліся, напэўна, масты, перакінутыя праз памянёны намі вышэй, параўнальна вузкі левы рукаў Вялейкі, так што фактычна ўвесь заходні бок замку таксама быў пакінуты бяз жаднага ўмацаваньня і абароны, якія ў выпадку патрэбы маглі-б мець хоць якое-колечы сур'ёзнае значэньне. Праўда, два з будынкаў гэтае часткі, а ласьне палац біскупа і дом драбантаў, мелі па рагох невялічкія вежы, чатыры з якіх прыпадалі на надворны бок, а з паўночнага захаду ўвесь шэраг памянёных будынкаў быў закончаны круглаю вежаю значна большых памераў, магчыма, захаванаю яшчэ ад ранейшых умацаваньняў, з бойніцамі ў мурох, зубцамі і амбразурамі. Трэба гадаць, аднак, што.для запраўднае абароны замку гэтых нямногіх прылад не магло-б выстарчыць, тым болей, што ў шмат якіх частках увесь адносна вялікі замак быў яшчэ значна меней умацаваны.
Пачынаючы ад толькі што памянёнай рагавой вежы ў кірунку на ўсход адыходзіў нявысокі мур, які замыкаў замковую тэрыторыю з паўднёвага боку, і меў у сабе яшчэ адну вялікую, галоўную браму, злучаную з Замковай вуліцай перакінутым праз адтоку Вялейкі драўляным мостам. З усходняга канца мур гэты пераходзіў у зусім ужо нязлачную агароду, якая загібалася пад простым вуглом, акаляючы замковы сад. Сваім супроцьлеглым канцом агарода гэтая ўпіралася ў драўляны будынак стайні, а далей у напрамку да Вяльлі ішлі ўжо паасобныя, нязлучаныя даміж сабой, таксама драўляныя будынкі, аддзеленыя адзін ад аднаго нічым не запоўненым прамежкамі, праз якія лёгка было ўвайсьці ў межы замковае тэрыторыі. Такім чынам, уся гэтая частка замку ўяўлялася найменей абароненай. Праўда, у частцы гэтага ўсходняга крыла, пад самай Замковай гарой, на пляне Брауна паказаны нейкі невялічкі мур (а можа, нават, проста паркан), але ён меў хутчэй характар нутраное агароды, ніж запраўднага муру, так што адзін з будынкаў, вызначаны на пляне як "Нямецкі дом", знаходзіўся, нават, ужо па-за ім на ўсходзе, каля паставы Замковае гары.
Толькі з паўночнага боку агарода замку набывала больш-менш умацаваны характар. На паўночна-ўсходнім рагу знаходзіўся невялікі простакутны будынак, пакрыты двохспадным дахам, ад якога ўздоўж Алтакольскага шляху і берагу Вяльлі адыходзіў у кірунку на захад досыдь высокі і.моцны мур, а паралельна яму быў працягнуты другі, нутраны, які пачынаўся ад паўночна-заходняга рогу малога палацу. Магчыма, што толькі гэтая частка замку, якая выходзіла на бераг Вяльлі з яе амаль што яшчэ не заселеным у тыя часы супроцьлеглым берагам, лічылася больш-менш небясьпечнай у выпадку нападу, і з гэтай прычыны атрымала некаторыя абарончыя ўмацаваньні, у той час як усе іншыя бакі замку, абкружаныя местам з яго асобнымі мурамі, маглі быць пакінуты без такіх спэцыяльных прылад. Характар умацаваньня паўночнага боку вызначаны на пляне досыць схэматычна; відаць, аднак, што з паўночна-заходняга рогу надворны мур быў закончаны невялікай вежай на квадратовай аснове з чатырохсьценным пірамідальным дахам; адсюль далей пад простым вуглом адыходзіў яшчэ адзін кавалак муру, які з паўночнага боку злучаўся з Катадральным касьцёлам; нарэшце, у самай сярэдзіне надворнага муру знаходзілася высокая ўмацаваная вежа васьмісьценнае формы, падобная па сваіх агульных абрысах да аднае з веж Горняга замку, але вышынёю на тры паверхі. Разам з зазначанай намі вышэй круглай паўднёва-заходняй вежай, яна зьяўлялася пабудовай яшчэ старога, чыста фортыфікацыйнага тыпу. Масыўныя муры першага яе паверху мелі невялікія круглыя боійніцы; другі паверх быў абведзены высокай галярэяй, і ў кожнай грані меў адно вакно; нарэшце, трэці паверх з зубцамі і амбразурамі быў перакрыты пірамідальным васьмісьценным дахам. Па сваіх памерах увесь гэты будынак павінен быў быць досыць значным, але ў адносінах да ўсяе тэрыторыі Дольняга замку цалком ён здаецца ўсё-ж ня зусім адпаведным для мэт запраўднае абароны хаця-б нават аднаго паўночнага боку. У гэтых адносінах, між іншым, цікава, што ў паказьніку да пляну Брауна вежа гэтая азначана назвай "Der Lucerne"; магчыма, гэта зьяўляецца паказаньнем на тое, што ў сярэдзіне XVI сталецьця ёй не надавалі ўжо пераважнага стратэгічнага значэньня, а ўжывалі яе для якіх-колечы: іншых мэт, напрыклад, у якасьці маяка, які паказваў месца знаходжаньня Дольняга замку пры набліжэньні да яго з паўночнага боку або па плыні Вяльлі.
Усе пералічаныя намі абаронныя часткі, як бачым, ня гралі асабліва значнае ролі ў агульным пляне віленскага Дольняга замку; нават болей - яны былі настолькі слабыя, што ледзь ня зусім пазбаўлялі яго значэньня сур'ёзнага ваеннага ўмацаваньая, якое магло-б зьявіцца надзейным у выпадку запраўднае небясьпекі. Для гэткае ролі Дольні замак амаль зусім ня быў дапасаваны, і можа ласьне з гэтае прычыны ён быў, напрыклад, так лёгка забраны ў часе вайны з Масквою. Але бясспрэчна, што пры пабудове гэтага замку ў XVI сталецьці ён для ваенных мэт і не прызначаўся; усім расплянаваньнем сваім ён быў задуманы і збудаваны ня ў якасці ваеннае цытадэлі, а пераважна як пышная вялікакаяская рэзыдэнцыя, дзе ўся ўвага была аддана ня столькі практычнай выгодзе, сколькі надворнаму эфэкту і артыстычнай апрацоўцы агульнага цэлага. За кошт паслабленьня яго абаронных частак зьявілася магчымасьць шырэй разгарнуць шэрагі іншых будынкаў, часткова, магчыма, скарыстаўшы ранейшыя яшчэ захаваныя да XVI сталецьця пабудовы, але галоўным чынам дадаўшы да іх зусім новыя гмахі ў адпаведнасьці да ўзьнікшых у тыя часы новых запатрабаваньняў. Будынкі гэтыя былі разьмешчаны ў правільным парадку з усходняга і заходняга боку замковае тэрыторыі, складаючы разам з мурамі выцягнуты з поўдня на поўнач простакутнік. З паўночна-заходняга рогу заходняе крыло пачыналася будынкам Катадральнага касьцёлу; касьцёл гэты, заснаваны яшчэ ў канцы XIV сталецьця [39], не адзін раз з таго часу быў перабудаваны, але яшчэ захаваў у часы ўкладаньня пляну Брауна выразныя готыцкія формы, паданыя яму, мабыць, пры адбудове пачатку XV сталецьця і ня зьнішчаныя пры пераробках 1536-1545 г. [40]. Наколькі магчыма высьветліць з параўнальна нязначнага па сваіх памерах рысунку на пляне Брауна, Катадральны касьцёл у замацаванай гэтым рысункам конструкцыі быў збудаваны ў выглядзе трохнэфнае базылікі з болей высокім асяродкавым нэфам, і меў адну, здаецца, васьмісьценную вежу з завостраным пірамідальным накрыцьцём. Вокны мелі готыцкую стрэльчатую форму, над імі-ж пад гзымсамі як-быццам праходзілі дэкорацыйныя аркавыя фрызы. Альтарная апсіда зьмяшчалася з поўначы, але форма яе застаецца з рысунку няяснай. З паўднёвага боку да гэтага будынку шчыльна прылягала масыўная камяніца, вядомая часам пад назвай палацу віленскага біскупа, хоць гэта і супярэчыць даным пляну Брауна, на якім палац біскупа паказаны пад № 16 у зусім іншым месцы. Камяніцу гэтую некаторыя аўтары, як, напрыклад, Глебаў, лічылі за пабудову яшчэ паганскіх часоў, уважаючы яе за памяшканьне старадаўніх літоўскіх жрацоў каля бажніцы Пяркуна, якая нібыта знаходзілася калісьці на месцы Катадральнага касьцёлу. Думку гэтую, зразумела, належыць адхіліць, як зусім беспадстаўную фантазію. Але ня можа быць спрэчак, што з ліку будоў Дольняга замку будынак гэты быў адным з найболей старых, узьнікненьне якога магчыма ня толькі ў пачатку XVI сталецьця, але нават яшчэ і ў XV. На рысунку Брауна ён мае выгляд не асабліва высокага, але ня меней усё-ж як двох-паверхавага гмаху прадоўжна-простакутнага пляну, з рагавымі вежамі. На рысунку відаць толькі дзьве вежы з паўночна-заходняга і паўднёва-заходняга рагоў, - але магчыма, што фактычна вежы былі па ўсіх чатырох рагох, што найболей тыпова для гэткіх будынкаў тэй самай эпохі ў царкоўнай архітэктуры. На зьвернутым у надворны бок фасадзе знаходзіліся характэрныя выступы муроў, якія гралі ролю абапорных контрфорсаў, што сьведчыць, хутчэй за ўсё, аб няпоўнай готыцкай конструкцыі данага будынку. Вокан у ім было зусім мала, а тыя нават, якія былі, хутчэй нагадваюць бойніцы, і наагул падаюць будынку вядомы ўмацаваны характар. Магчыма, праўда, што і фактычна ён граў часткова ролю ўмацаваньня ў заходнім крыле Дольняга замку, пазбаўленым у гэтым месцы якіх-колечы іншых абаронных прылад, хоць адначасна з тым у ім можна заўважыць і чыста дэкорацыйную дэталь у відзе такога самага як і ў Катэдры аркавага фрызу пад верхнім гзымсам. Гэта асабліва можа быць пацьверджана тым, што чыста фортыфікацыйны элемэнт выяўлены тут ня толькі ў фасадзе, але таксама і ў вежах. На рысунку Брауна апошнія паказаны круглымі, з копусападобнымі дахамі і нязначным лікам бойніц; паўночная выглядае значна масыўней і болей за паўднёвую і гэтак шчыльна прылягае да Катадральнага касьцёлу, што з першага пагляду яе нават лёгка палічыць за яго органічную частку; але і наогул увесь даны будынак як-быццам складае з Катэдрай нейкае агульнае цэлае, і гэтым не выдзяляецца ў самастойнае абароннае прыстасаваньне, а мае хутчэй характар толькі часткова ўмацаванага і ў асноўным прызначанага для іншых мэт памяшканьня.
Крыху болей ясна будынак гэты аддзелены ад суседняга з ім з паўднёвага боку, які разьмешчаны над невялікай брамай і не выяўляецца ніякімі асабліва цікаўнымі рысамі. Усё-ж, аднак, дахі гэтых сумежных будынкаў амаль што зьліваюцца між сабой, і толькі наступная ў тым самым шэрагу камяніца, адзначаная на пляне Брауна пад № 10 як дом вялікакняскае варты, выразна вылучаецца як цалкам самастойная архітэктурная адзінка. Па сваіх памерах яна амаль што аднолькавая з першым апісаным намі прылеглым да катэдры будынкам, і аналёгічна яму мае рагавыя вежы, але зусім нязначных памераў, ня вышэй асноўных муроў і вельмі малога дыямэтру. Зусім інакш, аднак, апрацавана тут пакрыцьцё; замест двохспаднага даху мы бачым тут на надворным фасаде чатыры паўцыркульныя фронтоны з бойніцамі, над якімі крыху навісае дах, а самы верхні край яго мае нейкія выступы, магчыма коміны. Надворны фасад гэтага будынку, у процілегласьць папярэдняму, ня мае контрфорсаў, але затое ён ажыўлены значна большым лікам вокан, разьмешчаных групамі па два ў горнім паверсе. Усё гэта падае яму значна адменны ад папярэдняга надворны выгляд, і можа сьведчыць аб болей позьнім часе яго пабудовы. Усё-ж, аднак, нічога істотна новага ў стылістычных адносінах тут яшчэ няма, і па сваім агульным характары будынак не супярэчыць магчымасьці яго аднясеньня яшчэ да сярэднявечных конструкцый, разам з Катадральным касьцёлам і прылеглай да яго ўмацаванай камяніцай. Усе гэтыя тры пабудовы складалі, пэўна, у часе іх зарысоўкі для пляну Брауна найболей старадаўнюю частку Дольняга замку, належную, магчыма яшчэ да XV сталецьця ці ў крайнім выпадку да самых першых пабудоў з эпохі Жыгімонта Старога. Новыя стылістычныя рысы былі ўнесены ў Дольні замак толькі ў іншых будынках, якія могуць быць аднесены ўжо да часоў Жыгімонта Аўгуста.
Першы з гэтых будынкаў паказаны плянам Брауна побач з "домам драбантаў", далей на поўдзень. Ён ужо зусім ня мае ніякіх готыцкіх рыс у конструкцыі, і ў .некаторых формах сваіх выразна сьведчыць аб надыходзе новае стылістычнае эпохі. Сярэдзіну яго займае вялікая і шырокая брама, да якой з двох бакоў далучаны параўнальна невялікія двохпаверхавыя прыбудоўкі; усё гэта перакрыта адным супольным двохспадным дахам. Бакавыя прыбудоўкі, паказаныя на рысунку без дэталяй, не выяўляюць асаблівае цікавасьці, - але апрацоўка асяродкавае часткі і брамы варта вядомае ўвагі. Самая брама выкладзена тут у выглядзе шырокае паўцыркульнае аркі і алрацавана з фасаду шэрагам каменных пліт альбо вялікіх цаглін. З двох бакоў пралёту знаходзяцца два досыць шырокія плоскія пілястры з простакутнымі базамі і кубічнымі капітэлямі; згары на іх пакладзены гзымс, які завяршае фасад спакойнай горызонтальнай лініяй. Ва ўсіх гэтых частках будынку ўжо адчуваецца рашучы адыход ад ранейшай готыцкай суровасьці ў бок новага будаўніцтва эпохі рэнэсансу з яго шырокай конструкцыйнай свабодай і. замілаваньнем да гармонічных ураўнаважаных форм.
Тыя самыя рысы выяўляюцца і ў некаторых іншых пабудовах замку, але ўжо з супроцьлеглага ўсходняга боку. Пазасталая частка заходняга крыла, а таксама ўсё паўднёвае, наогул мала характэрны і ня спыняюць надоўга нашае ўвагі. Маленькі будынак, прылеглы да толькі што апісанай намі брамы, а таксама суседні з ім дом падскарбія пад № 6, паказаны на пляне занадта схэматычна і не выяўляюць ніякіх цікавых у стылістычным сэнсэ дэталяй; беспасрэдна-ж за імі з поўдня ўсё крыло ўжо канчаецца памянёнай намі раней круглай вежай. Адсюль пад простым вуглом да заходняга крыла распачынаецца мур, які мы таксама ўжо паміналі, што замыкае з паўднёвага боку першы ад галоўнага ўваходу з Замковае вуліцы нутраны панадворак, абмежаваны з іншых бакоў домам падскарбія, невялічкім будынкам з усходу, каля якога паказана агарода з брамаю, што вяла ў замковы сад, і нарэшце другім нутраным мурам, пасярэдзіне якога яшчэ адна брама злучала першы панадворак з вялікім галоўным дзядзінцам замку. З усходняга боку гэтага дзядзінцу былі разьмешчаны галоўныя палацавыя будынкі, з якіх і складалася ўсходняе крыло.
Першы з іх, вялікі будынак вялікакняскага палацу пад № 2, аналёгічна браме заходняга крыла, у некаторых дэталях сваіх зусім выразна выяўляе рысы новага пераходнага стылю. Наколькі можна судзіць з рысунку Брауна, ён меў выгляд досыць вялікае пабудовы ў некалькі паверхаў, якая складалася з трох паасобных частак. Характэрныя гладкія муры з даўгімі горызонтальнымі гзымсамі мелі шэрагі разьмешчаных парамі вокан. Горнія краі муроў канчаліся вялікімі падвойінымі зубцамі, бліжэйшыя аналёгіі якіх можна знайсьці ў некаторых італьлянскіх будовах позьняга сярэднявечча [41], - але выразная перавага падкрэсьленых гзымсамі горызонтальных ліній сьведчыць аб новых стылістычных прынцыпах, пакладзеных у аснову гэтае будовы. Гэтым прынцьыпам не супярэчыць і асаблівае падвышэньне асяродкавае часткі палацу, паколькі і тут у разьбіўцы фасаду ўсё-ж пануе горызонталь, адназлачная шэрагамі вокан і гзымсамі, і нарэшце шырокімі надпорнымі ўсходамі. Зразумела, з рысунку Брауна мы ня маем усіх належных дэталяй і змушаны кіравацца толькі самай агульнай схэмай, - але і гэтая схэма выяўляе досыць ясна, насколькі агульныя формы будынку ўжо адышлі тут ад характэрных для папярэдняй эпохі готыцкіх конструкцый, і наколькі блізка яны ўжо падыходзілі да некаторых асноўных прынцыпаў архітэктуры рэнэсансу, якая ў болей чыстым відзе выявілася ў Беларусі крыху пазьней. Тут мы наглядаем толькі самы пачатак. Тут адбываецца толькі яшчэ пераход ад адшных стылістычных форм да іншых, і з гэтай прычыны цалком натуральна, што тут наглядаецца яшчэ вядомая неўсталяванасьць і няўпэўненасьць стылю; але для пэўнага моманту ў разьвіцьці беларускае замковае архітэктуры зьявішча гэтае вельмі характэрна.
Цікавы матар'ял для яго характарыстыкі дае параўнаньне галоўнага палацу з некаторымі іншымі будынкамі ў тым самым крыле, якія можна аднесьці да аднаго і таго самага часу, але ў якіх яшчэ зусім ясны старыя формы і конструкцыйныя прыёмы. Папершае, з ліку іх можна паказаць на блізка прылеглую да замку камяніцу на квадратовай аснове з чыста готыцкім яшчэ васьміспадпым пакрыцьцём па высокіх завостраных фронтонах, ад якой у напрамку да Катадральнага касьцёлу адыходзіў нізкі будынак накшталт галярэі, памянёны намі ў самым пачатку нашага апісаньня. Падругое - мае цікавасьць і малы палац каралевы пад № 3, маб ыць пабу даваны ў самым пачатку панаваньня Жыгімонта Аўгуста, як спэцыяльнае памяшканьне для першай жонкі яго Элізабэты [42] які хоць ужо ня мае ніякіх готыцкіх рыс, але не выяўляе ў той самы час і наагул ніякіх асабліва характэрных у стылістычным сэнсе форм, а сваім двохспадным дахам хутчэй усё-ж зьвязваецца з старымі часамі, ніж з новай эпохай. Усё гэта мае досыць важнае зпачэньне; гэта сьведчыць, што новыя стылістычныя плыні вельмі павольна прасочваліся ў замковую архітэктуру Вільні, што нават яшчэ блізка да сярэдзіны XVI сталецьця тут адначасна ўжываліся і старыя і новыя будаўнічыя прыёмы і толькі часткова ўжо намячаліся шляхі да развіцьця архітэктурнага мастацтва ў новым кірунку. Можна думаць, аднак, што разьвіцьцё гэтае надышло пасьля таго ўжо досыць хутка; у кожным выпадку, малюнкі Смуглевіча захавалі для нас некаторыя часткі Дольняга замку перабудаванымі ўжо ў зусім выразных формах архітэктуры рэнэсансу, - а перабудоўка гэтая павінна была адбыдца, бясспрэчна, у цягу далейшага панаваньня таго ж самага Жыгімонта Аўгуста, бо датаваць яе пазьней, як другой паловай XVI сталецьця, нельга, а ў гэтыя часы вядома, што толькі Жыгімонт Аўгуст выяўляў асаблівую цікавасьць да Вільні, у той час як наступнікі яго на пасадзе Вялікага Княства Літоўскага пераважна аддавалі ўсе свае інтарэсы справам польскай кароны.
Наогул эпоха панаваньня Жыгімонта Аўгуста была эпохай найбольшага росквіту Дольняга замку, які зрабіўся ў той час сталай вялікакняскай рэзыдэнцыяй [43]. Вядома, што Жыгімонт Аўгуст меў нсейкае асаблівае замілаваньне да Вільні, толькі яе лічыў сваім родным местам, найболей часта ў ёй ласьне праводзіў сваё жыцьцё і шмат спрыяў яе адбудове і архітэктурнай аздобе [44]. У першую чаргу ўвага яго была зьвернута якраз на аднаўленьне Дольняга замку, як пабудовы першараднага дзяржаўнага злачэньня. Здаецца, вялікі князь не шкадаваў выдаткаў на гэтую справу, між іншым карыстаўся паслугамі прывозных майстроў, якіх запрашаў для гэтае мэты ў Вільню з іншых местаў свае дзяржавы. Так, напрыклад, у рахунковай кнізе скарбніка Юста Людвіка Дэцыуса ад 1552-1562 г. ("Ratio perseptarum pecunarium in varios usus Sacrae Mtis Regiae per me Justum Ludovicum Decium ab Intio anni 1552 usque ad finem 1562") ёсць паведамленьне, што за гэты час Жыгімонтам Аўгустам былі запрошаны ў Вільню тры малеры: Марцін Астроўскі і Войцех Хэлмінскі з Інаврацлава, і Сталіслаў Ратка (або Радэк) з Пазнані [45]. Паколькі можна гадаць, што гэтыя малеры былі скарыстаны ласьне для малерскае аздобы некаторых памяшканьняў Дольняга замку [46], - пастолькі гэта часткова дае нам зазначэньне, што адбудова яго адбывалася ў пяцідзесятых гадох XVI сталецьця. Але бясспрэчна, што гэта ёсьць толькі адна выпадкова захаваная вестка аб некалькіх майстрох, якія мелі дачыненьне да памянёнае адбудовы; фактычна, лік іх павінен быў, зразумела, зьяўляцца злачна большым, дый у першую чаргу тут павінны былі працаваць будаўнічыя архітэктары, якім былі даручаны часткова новыя пабудовы, часткова-ж рэпарацыі, аднаўленьні і пашырэньні старых. Сярод апошніх маглі быць таксама і чужаземцы, напрыклад, італьлянцы [47], якія з самага пачатку XVI сталецьця ўжо працавалі ў Кракаве, і якіх Жыгімонту было ня цяжка пераправіць у Вільню, - а можа якія-колечы мясцовыя іх вучні, ужо досыць добра злаёмыя з прыёмамі і конструкцыямі італьлянскае архітэктуры. У кожным выпадку, ласьне перабудовы гэтага часу надалі, мабыць, Дольняму замку яго канчатковы, ужо зусім выразна рэнэсансавы выгляд, у якім ён нам вядомы з пазьнейшых у параўнаньні да пляну Брауна крыніц, галоўным чынам з малюнкаў Смуглевіча, дзе нават магчымыя яшчэ болей позьнія пераробкі XVII сталецьця не зацямняюць асноўнага, бясспрэчна, рэнэсансавага аблічча паказаных на іх замковых будынкаў.
На нашую думку, ёсьць усе падставы лічыць, што ласьне ў гэты час, гэта значыць прыблізна між 1550 і 1560 гадамі, Дольні замак мог атрымаць некаторыя дробныя відазьмены ў пляне, у якіх рысунак Брауна разыходзіцца з пазьнейшымі крыніцамі. Галоўны будынак палацу быў павялічаны шляхам прыбудоўкі да яго з паўночнага боку новага досыць вялікага корпусу на тры паверхі, рэшткі якога паказаны на старадаўніх малюнках у непасрэднай прылегласьці да будынку Катадральнага касьцёлу [48]. Корпус гэты быў збудаваны, мабыць, на месцы зьмешчанага на пляне Брауна нутранога муру, які аддзяляў галоўны дзядзінец замку ад панадворку малога палацу. Магчыма, што ён складаўся з дзьвёх частак, між якіх знаходзілася брама, падобна да таго, як гэта часткова паказана на пляне Россі і адпаведным яму малюнку; але дакладна высьветліць яго разьмяшчэньне і, галоўнае, плян - немагчыма, нават на падставе дасканалых зарысовак Смуглевіча, паколькі апошнія маюць, усё-ж, занадта фрагмэнтарны характар. Адзінае, што больш-менш ясна з захаваных крыніц, гэта агульныя формы яго фасаду, што добра відаць на памянёнай ужо намі вышэй старадаўняй літографіі, якая належыць, бясспрэчна, да самага пачатку XIX сталецьця, бо Катадральны касьцёл паданы на ёй ужо ў перабудаваным у клясычным стылі выглядзе, перабудоўка-ж гэтая была распачата ў 1783 годзе і скончылася ў 1801.
Прылеглая да Катадральнага касьцёлу частка палацавага будынку паказана на гэтай літографіі ў выглядзе простага і крыху суровага раlazzо ў характары раньняга італьлянскага рэнэсансу, з простымі гладкімі мурамі, падзеленымі па горызонталях з дапамогай магутных гзымсаў. Характэрную яснасьць гэтага горызонтальнага падзелу крыху парушаюць толькі дзьве досыць масыўныя вежападобныя чатырохсьценныя прыбудоўкі, якія знаходзяцца на самым галоўным фасадзе. Прыбудоўкі гэтыя маюць аднолькавую вышыню з усім будынкам, і можа быць прызначаны былі ў якасьці абапорных контрфорсаў, служачы ў той самы час і для зьмяшчэньня нейкіх нутраных памяшканьняў, напрыклад, усходаў, на што як-быццам паказваюць маленькія вокны правае прыбудоўкі, разьмешчаныя дыягональна. Што датычыць другой, дык на малюнку яна падана ўжо напалову зруйнаванай, так што дэталі яе высьветліць немагчыма. Іншыя часткі муроў маюць нічым непарушаныя просталінейныя абрысы, складаючыся з суровых простакутных роўніц, яшчэ болей падкрэсьленых шэрагамі такіх самых простакутных вокан з важкаватымі невялікіх памераў ваконьніцамі. Адпаведна паверхам будынку, вокны гэтыя разьмешчаны ў тры шэрагі. У двох дольніх памеры самых вокан нязначныя, пралётам надана форма шырокіх простакутнікаў, ваконьніцы таксама простакутныя, шырокія і плоскія, без усялякіх аздоб. Разьмяшчэньне іх сымэтрычнае, але ў некаторыхмясцох ня зусім роўнамернае; так, напрыклад, у частцы будынку паміж супроцьлеглым ад Катэдры рогам і першаю прыбудоўкаю вокны падзелены ў кожным паверсе на тры групы: дзьве з іх маюць па два вакны, і асяродкавая - тры. Сярэдняя частка будынку паміж прыбудовак мае роўнамернае разьмяшчэньне вокан па чатыры ў кожным паверсе на роўнай між сабою адлегласьці. Пачынаючы ад другой прыбудоўкі, увесь фасад як- быццам крыху заламаны пад тупым вуглом, і блізка адсюль зусім канчаецца, а далей будынак злучаны з Катадральным касьцёлам з дапамогай асобнае, крыху болей нізкае прыбудоўкі; у гэтых частках разьмеркаваньне вокан ужо зусім няправільнае і лік іх наогул нязначны, бо дольні паверх мае тут тры ўваходы, два маленькія і адзін вялікі, з паўцыркульнай аркай і пышным абрамаваньнем з бакавымі пілястрамі, якое крыху нагадвае па сваім характары апрацоўку надворнае брамы заходняга крыла замку, паказанае на пляне Брауна. Але апроч гэтых частак агульны строгі характар фасаду вытрыманы надзвычайна сьцісла, і доўгія горызонтальныя шэрагі вокан толькі ўзмацняюць яго спакойны і ясны падзел. Пры гэтым, намечаная ў вокнах горызонталь яшчэ болей падкрэсьлена праведзеным на мяжы другога і трэцяга паверхаў шырокім і плоскім падвойным гзымсам, які дае першую аснову для ўсяго падзелу фасаду; далей, над трэцім паверхам горызонталь яшчэ раз паўторана ў аналёгічным, але ўжо ордынарным гзымсе, і нарэшце яшчэ вышэй, ужо на самым версе будынку пакладзены трэці акцэнт з дапамогай апошняга навеснага гзымсу, які зьяўляецца нібы асновай для горняга орнамэнтальнага фрызу. Уся гэтая сыстэма горызонтальных гзымсаў асабліва падкрэсьлівае і выдзяляе трэці паверх будынку, якому як-быццам надаецца самая важная і галоўная роля ў агульным уражаньні. У сувязі з гэтым, магчыма, ён мае болей складаную анрацоўку ў дэталях. Вокны яго наагул значна большых памераў у параўнаньні да ніжэйшых паверхаў, і маюць болей шырокія, хаця таксама строга просталінейныя пралёты; ваконьніцы іх ускладнены нейкімі дэкорацыйнымі дадаткамі нагары; нарэшце элемент чыстае дэкорацыі ўносіць шырокі орнамэнтальны фрыз, якім закончаны трэці паверх, а разам з тым і ўвесь будынак з гары. Па сваім мотыве фрыз гэты зьяўляецца як-бы нейкай модыфікацыяй у аснове сваёй готыцкіх форм, скарыстаных, аднак, ня ў іх конструкцыйным значэньні, але выключна з дэкорацыйнымі мэтамі. Ён складаецца з шэрагу стрэльчатых арачак, пастаўленых на паўкаленкі з вялікімі параўнальна капітэлямі, а па адным з малюнкаў Смуглевіча, дзе паказана больш-менш тая самая частка замку, пасярод некаторых арачак знаходзяцца невялічкія паглыбленыя нішы, і яшчэ вышэй, на самым версе муру, нейкія дэкорацыйныя выступы. Выступаў гэтых на літографіі, якую мы разглядаем, няма, - так што магчыма думаць, што ў зарысоўцы Смуглевіча мы бачым болей раньнюю стадыю захаванасьці будынку, а можа быць і проста ня зусім тую самую, але крыху іншую яго частку, бліжэйшую да Замковай гары, дзе магла быць часткова адменная ў дэталях орнамэнтыка. Агульны характар гэтае орнамэнтыкі застаецца, аднак, і тут аналёгічным, і бязумоўна ён мае досыць значную цікавасьць; ён сьведчыць, што нават і ў будынку чыстага рэнэсансавага тыпу архітэктура Дольняга замку ўсё-ж павольна адрывалася ад ранейшых традыцый, захоўваючы як дэкорацыйную схэму некаторыя раней конструкцыйныя формы, што зьвязвала між сабой дзьвс паасобныя архітэктурныя эпохі і палягчала, магчыма, бесьперашкодны пераход да новых стылістычных концэпцый. Праўда, трэба зазначыць, што зьявішча гэтае не зьяўлялася абавязковым, і што ў некаторых іншых частках галоўнага палацу Дольняга замку, аб якіх мы ведаем з малюнкаў Смуглевіча, яно ўжо не наглядаецца.
На гэтых малюнках паказана, мабыць, з розных бакоў старэйшае ўсходняе крыло палацавага будынку; але ў часы Жыгімонта Аўгуста яно было, пэўна, досыць значна перабудавана, бо зарысоўкі Смуглевіча ў шмат якіх адносінах моцна разыходзяцца з рысункамі на пляне Брауна, і мусібыць перабудова гэтая адбылася нават пазьней за пабудову дадатковага корпусу, паколькі дэкорацыйныя дэталі выяўляюць тут крыху пазьнейшы і ўжо меней зьвязаны з папярэднімі формамі характар. Асабліва гэта датычыць горніх частак муроў; у Брауна ў гэтым месцы мы бачым падвойныя зубцы, хоць італьлянскага, як мы зазначалі, але яшчэ позьня-сярэднявечнага тыпу, у той час як на малюнках Смуглевіча муры закончаны роўнымі горызонтальнымі лініямі, што ўжо цалкам тыпова для архітэктуры рэнэсансу. Апрацоўка дэкорацыйных фрызаў прылеглае да Катэдры часткі займае ў гэтых адносінах нібы сярздняе месца, паколькі пры агульнай перавазе горызонталі верхнія часткі стрэльчатых арачак усё-ж парушалі крыху лінейную суцэльнасьць самага горняга краю муроў, - тады як у іншых частках гэтыя апошнія сьляды сярэднявечнае раздробнеласьці былі ўжо зьнішчаны і верхняя горызонталь запанавала ў поўным адзінстве з усім характарам саміх фасадаў. Найболей яскрава выяўляецца гэтая рыса ў маленькай частцы палацавага будынку, паданай Смуглевічам на малюнку Замковае гары ад берагу Вяльлі. Паказаны тут кавалак бакавога фасаду, адцяты з правага боку краем малюнку, мае толькі адну рагавую вэртыкальную лінію, пачылаючы-ж з самага верху муру ўвесь падзел фасаду вызначаны выключна даўгімі, чытэльнымі горызонтальнымі лініямі, паўторанымі тры разы ў гзымсах і два разы ў абрамаваньнях вокан. Апошнія вельмі характэрна абведзены тут патройнымі моцнымі ваконьніцамі. Але найболей цікавы шырокі, спакойны фрыз, якім аздоблена горняя частка будынку паміж двох верхніх гзымсаў. Ён складаецца з маленькіх паўцыркульных арачак, па чарзе абапёртых на нявысокія вузкія пілястры і зусім невялічкія трыкутныя кронштэйны, у выніку чаго складаецца ўражаньне шэрагу падвойных арак на пілястрах, з падвешанымі між апошніх вольнымі цягамі. Такі тып дэкорацыі вядомы пад назваю "польскага аттыку", і пахаджэньне яго, магчыма, усходзіць да Кракава, дзе ў першы раз ён быў ужыты пры апрацоўцы некаторых дэталяй замку на Вавэлі, г. зн. паміж 1502 і 1536 годам [49]. Але ў свой час і ў Вільні ён атрымаў досыць значнае пашырэньне, ня толькі ў замку але таксама і ў іншых, проста цывільных будынках, узорам чаго яшчэ і цяпер можа быць, напрыклад, адзін вельмі добра захаваны дом на Замковай вуліцы [50], прычым у аснове сваёй для Вільні ён можа лічыцца цалком лёгічнай далейшай модыфікацыяй ранейшага фрызу з готыцкіх стрэльчатых арачак, які набыў з цягам часу болей ураўнаважаны і болей адпаведны архітэктуры рэнэсансу характар. Бясспрэчна, гэта павінна было адбыцца пад пэўным уплывам з боку тагочаснага італьлянскага будаўніцтва, і калі мы прыгадаем, што кракаўскі замак на Вавэлі будаваўся італьлянскімі майстрамі, і што магчымасьць удзелу або тых самых, або ў кожным разе належных да тэй самай школы майстроў можна дапушчаць і ў Вільні, - нам зробіцца цалком зразумелай тая супольная крыніца, з якой такі тып аздобы мог вынікнуць як у кракаўскай, гэтак і ў віленскай архітэктуры XVI сталецьця. Пры гэтым трэба зазначыць, што супольнасьць яго ў гэтых двох местах зусім не пазбаўляе яго значнае долі тыповасьці для будаўніцтва Вільні, тым болей, што ў тым самым Дольнім замку ён сустракаецца і ў іншых адменьніках, якія сьведчаць ня толькі аб сталасьці яго ўжываньня, але таксама і аб вядомай органічнасьці мясцовае яго эволюцыі на віленскім грунце.
Адменьнікі гэтыя мы знаходзім у асяродкавай частцы галоўнага палацавага будынку, малюнак якой зроблены Смуглевічам з паўночнага захаду. Агульнае разьмяшчэньне яе і характар сьведчыць, здаецца, што гэта той самы будынак, схэматычны рысунак якога мы бачылі на пляне Брауна, і можа, нават, бакавы фасад яго на малюнку Смуглевіча яшчэ захоўвае сьляды ранейшае свае апрацоўкі. У кожным выпадку, мы бачым тут вокны зусім пазбаўленыя ваконьніц і з крыху закругленымі верхамі, а зьмешчаны над падвойным гзымсам фрыз надзвычайна яшчэ прымітыўны, складаючыся толькі з тонкіх, плоскіх пілястраў, бяз баз і капітэляй, пастаўленых вельмі блізка адзін да аднаго. На галоўным фасадзе, аднак, дэталі значна болей складаныя, што выяўляе болей позьняе яго пахаджэньне: вокны абведзены энэргічнымі абрамаваньнямі з моцна высунутымі падваконьнікамі і ступянёвымі навеснымі гзымсікамі згары; у значна болей распрацаваным фрызе аналёгічныя папярэднім пілястры чаргуюцца з вольнымі цягамі, прычым усе яны перасечаны яшчэ раз ледзь намечанымі горызонтальнымі лініямі. У асяродкавай, найболей падвышанай частцы будынку мы бачым надзвычайна моцныя выносныя гзымсы і яшчэ болей складана распрацаваны фрыз, дзе пілястры злучаны ў групы па чатыры ў кожнай, трымаючы на сябе комбінацыі з простых і перакуленых паўцыркульных арачак, з трыкутнымі фронтонікамі над прамежкамі паміж групамі пілястраў. Уся гэтая аздоба мае ў сябе нібыта ўжо досыць заблытаную і быццам рухомую дэкорацыйную рознастайнасць; але над ёй яшчэ раз пракладзены моцны гзымс, так што будынак усё-ж закончаны строгай горызонтальнай лініяй. Праўда па самых рагох яго разьмешчаны нейкія невялічкія обэліскападобныя аздобы, якія ўносяць слабую вэртыкальную ноту; але яны не парушаюць ўсё-ж асноўнай пераважнай горызонталі, якая так моцна падкрэсьлена ва ўсіх іншых частках. У гэтым галоўная і найболей важная прынцыповая розьніца паміж тэй пазнейшай апрацоўкай Дольняга замку, якая замацавана малюнкамі Смуглевіча, і тэй болей раньняй яго стадыяй, якую мы бачылі на пляне Брауна. У асноўным, магчыма, тут застаўся той самы будынак, але спачатку ём меў яшчэ ня зусім выразнае стылістычнае аформленьне, а ў крыху болей позьні час быў амаль што цалком перароблены ў сваім надворным выглядзе згодна з густамі і запатрабаваньнямі новае эпохі. Падвойныя зубцы, якімі раней канчаўся мур, раздраблялі яго верхнюю лінію, надавалі ёй супярэчны асноўным масам будынку вэртыкалізм, утваралі нейкі трывожны лінейны рух на гары палацу, мала ўзгоднены з новым яго расплянаваньнем і прызначэньнем; у пабудове пачатку XVI сталецьця гэта былі яшчэ рэшткі старога замковага стылю, з аднаго боку традыцыйна зьвязанага з готыкай, з другога абумоўленага таксама традыцыйным падыходам да кожнае замковае пабудовы як да ранейшага ўмацаваньня, нават у выпадку, калі фактычна такая пабудова, як напрыклад Дольні замак, для гэтых ваенных, абарончых мэт ужо і не прызначалася. Другая палова XVI сталецьця ад гэтых старых форм і традыцый цалкам ужо адыходзіць; у апошняй конструкцыі яна робіць з асноўных частак Дольняга замку ўжо не замковыя ў ранейшым сэнсе, а чыста палацавыя будынкі, спакойнага і суцэльна-строгага стылю, якімі гісторыя дзяржаўнага замковага будаўніцтва Беларусі завяршаецца ў урачыстых і ясных формах рэнэсансу. I ласьне тут мы можам лепей за ўсё наглядаць той момант, калі архітэктура цывільная ў чыстым сваім выглядзе канчаткова аддзяляецца ад архітэктуры ваеннай, з тым, каб заняць надалей адпаведнае ёй самастойнае і адасобненае месца.

6. Віленскія цытадэльныя муры

Процэс пераходу чыста-замковае архітэкуры Беларусі ў пазьнейшыя часы ў архітэктуру палацавую заўсёды адбываўся, як мы ўжо зазначылі, шляхам дыфэрэнцыяцыі ранейшых конструкцый, і шляхам выдзяленьня з іх агульнага цэлага будынкаў цывільнага характару. Калі параўнаць між сабою, напрыклад, замак у Троках і Дольні замак у Вільні, - дык мы ўбачым, што ў першым палацавы будынак быў яшчэ сьцісла і беспасрэдна злучаны з старажовай вежай, складаючы з ёй адзіную архітэктурную масу, у той час як у Вільні палацавыя пабудовы ўжо зусім аддзяліліся ад спэцыяльных абаронных будынкаў, і атрымалі пры гэтым у агульнай композыцыі замку рашучую перавагу, што зьяўляецца вельмі тыповым для характарыстыкі паступовага разьвіцьця заходня-беларускае замковае архітэктуры за час з XIV сталецьця да XVI. Трэба, аднак, мець на увазе, што ў апошнім выпадку паслабленьне фортыфікацыйных частак самага замку магло адбыцца толькі за кошт адначаснага з ім узмацненьня ўжо зусім аддзеленых ад замку, але выключна абаронных пабудоў, якія разьвіліся ў XVI сталецьці ў найболей значных беларускіх местах. Процэс нутранога ператварэньня замковае архітэктуры быў у гэтых адносінах цалком органічны і абумоўлены чыста надворнымі варункамі.
У эпоху сярэднявечча паняцьці "замак" і "места" (дакладней кажучы - "горад") амаль што супадалі; усе будынкі места знаходзіліся ў межах замковых муроў, якія служылі для поўнае іх абароны [51]. Але з цягам часу ўмацаваныя замкі пачалі абкружацца паасобнымі спачатку драўлянымі, а пазьней і каменнымі будынкамі па-за межамі замковых муроў; навакол замкаў паступова расьлі больш-менш значныя паселішчы, - "месты" ў пазьнейшым сэнсе гэтага слова. У Беларусі гэта выявілася зусім ясна ўжо ў XV сталецьці, а ў XVI такое места як Вільня мела, напрыклад, ужо да 100.000 жыхароў, раскінуўшыся далёка за межы ранейшага замку, і займаючы параўнальна вельмі значную тэрыторыю. Зразумела, што для належнае абароны ўсяе гэтае тэрыторыі на выпадак ваеннае небясьпекі нельга ўжо было пакладацца на ўмацаваньне самага замку, які зрабіўся у той час толькі часткай места ў сярэдзіне; трэба было будаваць нейкія спэцыяльныя, незалежныя ад замку, ўмацаваньні, прызначаныя для абароны ўсяго места цалком.
У Вільні, як сьведчадь крыніцы, такая пабудова распачалася з 1505 году, пад пагрозай нападу з боку татар. "...хотяху Татаре взяти СлуцкЪ, - кажа летапіс, - и не могоша, биша бо ихЪ изЪ града крЂпко, и оттуду шедше поплЂниша аже за НовогродокЪ, яко и подЪ Вилню загономЪ забЂгати, возвратишася со великою користію и плЂномЪ великимЪ. Вильняне же, престрашены отЪ ТатарЪ, оттолЂ обмуроваша Вилно муромЪ" [52].
Будаваньне гэтага муру навакол места адб ылася, відаць, паступова, на працягу шэрагу год. Першую думку адносна патрэбы такой абароны падалі самі жыхары, заклапочаныя магчымасьцю небясьпекі, якая магла-б пагражаць месту ў выпадку нападу ў той час, калі зброяздольнае жыхарства яго знаходзілася-б на вайсковай службе; яны зьвярнуліся з адпаведнай пропозыцыяй да вялікага князя Аляксандра, які ўважыў думку вільнян за слушную, і прывілеем ад 6 верасьня 1505 г. запраўды звольніў іх на адзін год ад вайсковае службы пад умовай абмураваньня места за свой уласны: кошт: "Били нам чоломЪ воит и бурмистры и рядци и вси мЂшчане мЂста виленского..., штож тое мЂсто виленское незатвореное, и естлибы наслужбу нашу поЂхали тогды его Бже вховай, штобы тому мЂсту нашому какое шкоды от поганства небыло; ино для того, абыхмо их стое службы нашое вызволили и казали им около мЂста будоватися, хто можеть муром, тотбы свою дЂлницу замуровал, а хто натотчас неможеть замуровати дЂлници своеЂ, тот бы порканом порканил. Ино виделося нам и паномь радЂ нашои тая рЂчь слушная, иж тое мЂсто столечное всим мЂстом оу отчине нашой Всликом кнжст†литовском будучи голова, а естли бы бже вховай которая налога была от неприятелей нашихЪ на тоЂ панство нашо великое кнжьство литовское, а тое мЂсто для таковое неопатрености мЂлобы згинути, - дозволили есмо им около мЂста будоватися: каждый свою дЂлницу хто можешь муром, тот нехаи муруеть. А иные нехай порканом порканять. И вЂлЂли есмо воеводе виленскому канцлЂрю нашому пану миколаю радзивиловичу около мЂста обехати и им роскозати, куды мають будоватися около того мЂста, и по которому мЂсту пан воевода им роскажеть будоватися, ачии домы пригодятся потому мЂсту, куды маеть мур веден быти, кнзьскили або панскии и боярскии, тыи вси домы велЂли есмо им зметати, бо подобней одному члвку шкода подняти, нежли всему мЂсту згиути; асЪ службы нашое их есмо сего году вызволили. Теж говорили нам мЂщане, абы для невнЂишое сторожы и безпеченства от неприятелеи немного форток было, нежли толко дозволили бых мо имЪ пять брон змуровати; и мы врозумЂвши, штож то слушная рЂчь, приказали есмо им улици безлЂпичныи стеною замуровати, а пять брон толко справити, вкоторых маеть быти сторожа завжды день и ноч: первая брона за пана старостиным двором квели, другая подле матки БожеЂ кЪ трокам, третея подле Стое Троици, четвертая подле стого Спса, а пятая вгород. Ачерес то брон болши того не дозволили есмо им дЂлати, а тую ласку мЂщаном вдЂлали есмо для того, штож они злюбили нам тоЂ мЂсто нашо сего году опорканити и перекопы выкинути, а потом вжо кажды изних свою дЂлницу муром забудуеть [53].
З прыведзенага докумэнту відаць, што на працягу 1505−1506 году павінна была быць зроблена асноўная частка ўсяе працы, г. зн, агульнае расплянаваньне муроў, расчыстка для іх належных месцаў, абводка места ровамі і парканамі, і нарэшце частковае адбудаваньне і самых муроў, прычым апошнія словы паданага намі адрыўку сьведчаць, што канчатковая адмуроўка ўсіх умацаваньняў у зазначаных для іх мясцох магла быць адкладзена і на далейшыя годы. Апроч таго, прывілей вызначае, што ва ўсіх мурох павінна было быць зроблена ўсяго толькі пяць брам, у мэтах найлепшага забясьпечаньня належнае аховы места; апошняе, аднак, засталося фактычна нявыкананым, бо ў пазьнейшыя часы мы знаходзім у віленскіх умацаваньнях крыху большы лік брам, якія памінаюцца ў крыніцах, а таксама паказаны на старадаўніх плянах і малюнках.
Сколькі часу цягнулася ўся пабудова віленскіх муроў, - вызначыць дакладна мы ня можам. У кожным выпадку, аднак, у 1522 годзе яна была ўжо зусім скончана, аб чым сьведчыць адпаведны прывілей вялікага князя Жыгімонта I. Зазначаючы што згодна загаду вялікага князя Ўладыслава пры віленскім замку была прызначана цывільная варта да таго часу, пакуль места ня будзе абведзена мурам, і грунтуючыся на тым, што абмураваньне места ўжо адбылося ("jam Civitas ipsa muro cincta est"), - прывілей гэты скасоўвае памянёную варту і звальняе віленскіх жыхароў ад павіннасьці замковае аховы [54]; у далейшым, у прывілеі яшчэ раз памінаецца, што віленскія грамадзяне за свой уласны кошт абкружылі места мурам ("cives nostril Vilnenses… civitatem eandem nostrum sumptibus propriis muro cinxerunt"), за што разам з некаторымі іншымі заслугамі ім надаюцца пэўныя палягчэньні ў падатках. Такім чынам, ясна відаць, што ў 1522 годзе набудова муроў была ўжо цалком закончана настолькі, што нават у спэцыяльнай узмоцненай ахове замку ўжо ня было патрэбы. З гэтай самай прычыны зразумела і тое, чаму пры аднаўленьні Дольняга замку пасьля пажару 1530 году магчыма было адзначанае намі вышэй значнае паслабленьне яго спэцыяльных абаронных частак за кошт узмацненьня пераважна палацавых будынкаў: з пабудаваньнем муроў наўкола ўсяго места цалком, абаронныя прыстасаваньні замку павінны былі мець, гэтак кажучы, толькі запасны характар на выпадак, калі-б ворагу ўдалася захапіць усю тэрыторыю места, ня гледзячы на яго абаронныя муры. Асноўная-ж надзея ўскладалася ўсё-ж на гэтыя апошнія, дзеля чаго яны і павінны былі набыць характар найболей закончаных і дасканалых прылад сьцісла ваеннага будаўніцтва, у якім яны і вядомы нам з тых крыніц, што захавалі для нас некаторыя дэталі іх надворнага выгляду і конструкцыі.
Крыніцамі гэтымі зьяўляюцца ўжо скарыстаны намі плян з кнігі Брауна, а таксама адпаведныя зарысоўкі Смуглевіча [55]. На першым паданы агульны выгляд муроў, якія абкружалі ўсё места шырокім паўколам і мелі ў сабе ў часы складаньня пляну сем паасобных брам. Рысункі Смуглевіча замацавалі чатыры брамы і некаторыя часткі муроў якраз перад іх канчатковым зьнішчэньнем, якое адбылася ў 1799-1803 г. Паколькі да нашага часу ад усіх гэтых брам і муроў нічога ўжо не засталося, апроч толькі грунтоўна перабудаванае ў XVII сталецьці Вострае брамы, - пастолькі мы выключна і змушаны карыстацца памянёнымі рысункамі, дзе адбіваецца фактычна толькі частка ўсяго гэтага раней вялікага і магутнага ўмацаваньня. Трэба зазначыць, аднак, што зарысоўкі Смуглевіча настолькі выразны і ясны ў сваіх дэталях, што нават і гэтай часткі, калі ўжо няма большага, усё-ж досыць, каб скласьці сабе аб віленскіх цытадэлышх мурох належнае агульнае ўяўленьне.
У большай сваёй частцы ўсё места, відаць, было абкружана масыўнымі, атынкаванымі знадворку мурамі, узоры якіх мы бачым на акварэлях Смуглевіча каля Вострай, Рудніцкай і Віленскай брам, а таксама каля круглае вежы ў раёне Базыліянскага манастыра (прыблізна на месцы сучаснае Коннае, раней Базыліянскае вуліцы, параўнальна недалёка ад Вострае брамы.). У некаторых мясцох муры гэтыя былі падвышаны і ўзмоцнены з нутранога боку нейкімі прыбудоўкамі. У паасобных частках іх, як напрыклад каля Віленскае брамы, відаць шчылінападобныя вузкія бойніцы. З горніх краёў муры былі перакрыты драўлянымі, мусіць гонтавымі страхамі, пад якімі, напэўна, праходзілі абаронныя ходы, на што, аднак, захаваныя малюнкі не падаюць ніякіх бясспрэчных паказаньняў. Вышыня іх была не асабліва вялікай і ў шмат якіх мясцох яны зусім ня мелі, здаецца, ніякіх спэцыяльных ваенных прылад. Апошнія пераважна былі згуртаваны ў частках прылеглых да брам і ў самых брамах, хаця і ў гэтых мясцох наглядаецца значная розьніца ўмацаваньня, што тлумачыцца пазьнейшымі пераробкамі некаторых частак.
Найменей умацаванымі выглядаюць на малюнках Смуглевіча Віленская і Вострая брама. Першая з іх мае выгляд досыць высокага двохпаверхавага будынку на квадратовай аснове, з двохспадным дахам на трыкутных фронтонах. У дольнім паверсе гэтага будынку праходзіць самая брама, пралёт якое з надворнага боку аздоблены праз два пілястры, прызначаныя для падтрыманьня ступеньчатага падвойнага гзымсу між першым і другім паверхам. У гэтым апошнім на пару іншых болей кароткіх пілястраў абапёрты другі гзымс, які канчае паверх згары і аддзяляе яго ад фронтону. Паміж пілястраў у гэтым паверсе знаходзіцца круглае вакно, у той час як другое, простакутнае формы, праразае поле фронтону. Агульны характар усяго гэтага будынку, дзе ня відаць ніякіх абаронных прылад, але наадварот - чыста дэкорацыйныя дэталі накшталт пілястраў, - адразу выклікае думку, што ў тым выглядзе, як яна паказана малюнкам Смуглевіча, Віленская брама ня можа належаць да першапачатковай конструкцыі пачатку XVI сталецьця; і запраўды вядома, што брама гэтая грунтоўна перараблялася ў 1760 г. [56], захаваўшы ад свае ранейшае формы хіба толькі агульны квадратовы плян, а таксама глухія роўніцы сваіх бакавых муроў.
Такі самы характар мае і Вострая брама, формы якой, паданыя на малюнку Смуглевіча, бясспрэчна ня могуць належаць да першапачатковых. Яна зарысавана Смуглевічам амаль што ў такім самым выглядзе, які яна мае і ў цяперашпі час, за выняткам толькі таго, што з надворнага боку ў ёй паказаны невялічкія бойніцы, і толькі з гэтага фасаду адзначаны тыя орнамэнтальныя аздобы, якія пазьней былі працягнуты наўкола ўсяго будынку. Але выгляд гэты, нават толькі з аднаго галоўнага фасаду, яна бязумоўна магла набыць не раней як у XVII, калі толькі ня ў XVIII сталецьці, і ад першапачатковай конструкцыі ў тым стане, які замацаваны зарысоўкай Смуглевіча, ізноў-жа як і ў Віленскай браме засталася, мабыць, толькі агульная форма будынку і бакавыя муры.
У процілегласць гэтым двом выпадкам, іншыя часткі віленскіх умацаваньняў трапілі на малюнкі Смуглевіча, мусіць, у зусім яшчэ не кранутым і не запсаваным пазьнейшымі пераробкамі першапачатковым выглядзе, што дазваляе лепей іх скарыстаць як значна болей пэўны і каштоўны матар'ял, Перш за ўсё тут трэба адзначыць Рудніцкую браму [57], вельмі блізкую сваім агульным тыпам да дзьвёх папярэдніх, што дазваляе больш-менш дакладна ўявіць сабе ранейшы выгляд таксама і гэтых апошніх. Усе муры яе вельмі падобны да бакавых муроў Вострай і Віленскай брам (якія мы лічым за першапачатковыя), прычым галоўны надворны яе фасад, пазбаўлены ўсялякіх пазьнейшых дэкорацыйных дадаткаў, цалком захоўвае сваю суровую і суцэльную прастату. Таксама як і ў папярэдніх выпадках будынак зроблены тут на два паверхі, але разьмежаваньне іх між сабой праведзена яшчэ болей рэзка, нават у самым пляне: дольні паверх мае ў сваёй аснове выцягнуты простакутнік, які выдаецца наперад з лініі муроў і дасягае паловы іх вышыні, займаючы, такім чынам, крыху меней паловы агульнае вышыні ўсяго будынку брамы. Другі паверх, на квадратовай аснове з адцятымі вугламі, уздымаецца над першым у выглядзе няправільнае васьмісьценнае вежы, зьмешчанае бліжэй да асноўнага муру. Згары ўвесь дольні паверх абведзены падвойным гзымсам, а ў вольнай сваёй, высунутай наперад частцы перакрыты плоскім дахам з адхонымі закругленымі спадамі. З надворнага фасаду ў гэтым паверсе пачынаецца самы пралёт брамы, над якім разьмешчана вялікае круглае вакно і дзьве значна меншыя памерам, таксама круглыя бойніцы. Яшчэ тры такія самыя, толькі крыху большых памераў бойніцы відаць з бакавога фасаду, паказанага на малюнку. Горні паверх, амаль што адразу над першым абкружаны моцным патройным гзымсам; недалёка ад даху праходзіць другі, болей тонкі падвойны гзымс, і нарэшце пад самым дахам ёсьць яшчэ трэці, высокі, з досыць значным выступам. Плоскі дах гэтага паверху цалкам аналёгічны таму, што перакрывае дольні паверх, а шэраг бойніц па ўсіх фасадах яшчэ болей узмацняе агульнае падабенства абодвых паверхаў паміж сабой. Наогул, у даным выпадку мы бачым досыць добра ўмацаваную, спэцыяльна ваенную будову, цалком прыдатную для належнае абароны зьмешчанага ў ёй уваходу ў места, - і трэба гадаць, што ў першапачатковым выглядзе больш-менш блізкую конструкцыю павінны былі мець таксама Віленская і Вострая брамы, калі ім яшчэ надавалася запраўднае абароннае значэньне, страчанае ў пазьнейшыя часы.
Тры іншыя зарысоўкі Смуглевіча захавалі для нас узоры яшчэ болей моцных і дасканалых абаронных умацаваньняў. Адна з іх падае нам параўнальна недалёка ад Вострае брамы, уздоўж колішняе Базыліянскае вуліцы, рэшткі крыху болей высокіх, ніж у іншых мясцох, і болей моцных муроў, скончаных масыўнаю круглаю вежаю досыць значных памераў і вельмі соліднае конструкцыі. Вежа гэтая мае зусім гладкія і непадступныя, роўна затынкаваныя муры, згары якіх відаць некалькі круглых бойніц, а яшчэ вышэй - моцны, значна высунуты наперад навакольны гзымс, над якім, мабыць, павінна было ўздымацца калісьці высокае конусападобнае накрыцьцё. У часы Смуглевіча вежа гэтая была ўжо напалову зруйнавана, і, як вядома, у хуткім часе пасьля зарысоўкі, г. зн. у 1799 годзе, зьнішчана [58]; але і ў тым выглядзе, як яна трапіла на малюнак, г. зн. з разбураным фундамэнтам, з лічнымі шчылінамі і спадамі тынку, і канчаткова пазбаўленая накрыцьця, - яна ўсё яшчэ робіць паважнае і надзвычайна магутнае ўражаньне.
Яшчэ болей складаныя і грунтоўныя ўмацаваньні знаходзім мы ў браме Субач [59], разам з прылеглай да яе часткай муроў, якую можна лічыць наогул адным з найлепшых узораў беларускага фортыфікацыйнага будаўніцтва XVI сталецьця. Перш за ўсё, тут варта ўвагі надзвычайная масыўнасьць усяе пабудовы, а таксама значны лік спэцыяльных абаронных прылад, дзе мы сустракаем і некаторыя зусім новыя, раней ня ўжываныя прыёмы. Моцны мур, складзены з валуноў, - у кожным выпадку ў дольняй сваёй частцы, - і шчыльна затынкаваны з паверхні, бясспрэчна меў у гэтым месцы абаронны ход. Каля Сьвятадухаўскага манастыра частка яго паказана на акварэлі Смуглевіча крыху падвышанай, а з горняга краю ў гэтым месцы знаходзіцца шэраг бойніц простакутнае формы з закругленымі верхавінамі; ніжэй гэтых бойніц мур утварае выступ з гзымсам, падтрыманым шэрагам ступеньчатых кронштэйнаў, разьмяшчэньне якіх прыпадае якраз на прамежкі між бойніц, а паміж кронштэйнаў высунутая наперад частка муру прарэзана здолу з дапамогай дзесяці машыкуляй. Далейшая частка муру, якая адыходзіць ад гэтага месца ў кірунку да брамы Субач, ужо ня мае бойніц [60] але ўся яе горняя частка, таксама як і ў памянёным падвышэньні, высунута наперад на такіх самых ступеньчатых кронштэйнах, паміж якіх ізноў знаходзідца шэраг машыкуляй. Апошнія ў даным выпадку сустракаюцца нам у беларускай ваеннай архітэктуры ў першы раз.
Тут, між іншым, варта зазначыць, што ўся гэтая конструкцыя мае шмат супольных рыс з конструкцыяй муроў каля Рынку ў Кракаве, - часткова, што ўся ўжытыя тут сыстэма бойніц і машыкуляй паміж ступеньчатых кронштэйнаў амаль што аднолькава з конструкцыяй кракаўскага барбакаму 1498 г. Магчыма, што гэта сьведчыць аб нейкіх беспасрэдных узаемаадносінах паміж віленскім і кракаўскім будаўніцтвам канца XV- пачатку XVI сталецьця, - можа аб супольнасьці некаторых майстроў, можа нават аб магчымых выпадках узаемных ўплываў абодвух памянёных местаў аднаго на адно, аж да суцэльных перайманьняў некаторых дэталяй у паасобных будынках. Трэба, аднак, заўважыць, што скарыстаўшы такую самую як у Кракаве сыстэму абаронных прылад у пэўных частках сваіх муроў, Вільня ўсё-ж ня злучыла гэтых прылад з агульнай сыстэмай конструкцый, якія былі-б цалком аналёгічны кракаўскім. У тэй самай частцы муроў і ўмацаваньняў яна выяўляе і свой уласны, зусім самастойны архітэктурны шлях, прыкладам чаго найлепей зьяўляецца разьмешчаная калісьці ў тым самым месцы брама Субач, якая можа лічыцца за ўзор цалком орыгінальнага беларускага ваеннага а рхітэктурнага стылю, ня гледзячы на тое, што таксама і ў ёй ужыта аналёгічная сыстэма абаронных прылад.
У аснову гэтае брамы быў пакладзены досыць звычайны тып простакутнага ў пляне будынку з двохспадным дахам, у агульным характары якога, асабліва ў высокіх ступеньчатых фронтонах, яшчэ цалком захаваны даўнейшыя рысы старажытнага замковага будаўніцтва, пагрунтаванага на готыцкіх формах. З надворнага боку да абодвых рагоў гэтае пабудовы былі далучаны дзьве надзвычайна масыўныя круглыя вежы, перакрытыя шырокімі конусападобнымі дахамі. Уся горняя частка будынку, а таксама рагавых веж, аналёгічна прылеглым да брамы часткам муроў, была значна высунута наперад на такіх самых ступеньчатых кронштэйнах, паміж якіх знаходзіліся машыкулі, а вышэй - даўгі шэраг бойніц. Такім чынам, і наўкола ўсяго будынку брамы тут была працягнута лінія абаронных прылад, беспасрэдна прадоўжаная з бліжэйшых муроў, якая займала ўвесь горні паверх. У сярэдняй частцы будынку надворны фасад яго меў адразу пад машыкулямі вялікае чатырохкутнае вакно, па абодвых бакох якога на малюнку Смуглевіча відаць два аналёгічнае формы паглыбленьні, - магчыма, сьляды двох іншых, пазьней закладзеных вокан. Здаецца, што ў гэтым, сярэднім паверсе знаходзілася нейкае жылое памяшканьне, што ў кожным выпадку пагаджаецца з весткамі, нібыта ласьне тут у свой час меў кватэру віленскі кат з сваімі памоцнікамі [61]. Ніжэй памянёных вокан, на мяжы другога і першага паверхаў, праходзіў магутны гзымс, абапёрты на два шырокія пілястры і два кронштэйны, паміж якіх знаходзілася самая брама. Дольнія часткі веж пасярэдзіне мелі круглыя бойніцы, па тры ў кожнай вежы. Нарэшце, самыя базы веж былі абведзены падвойным поясам гзымсаў.
Сьцісла кажучы, ва ўсіх ужытых тут паасобных дэталях мы не знаходзім нічога істотна адменнага і новага ў параўнаньні да таго, што нам вядома з усяе ранейшае замковае архітэктуры ў Заходняй Беларусі. Не зважаючы на збудаваньне Субачы ўжо ў пачатку XVI сталецьця, новыя архітэктурныя плыні, якія ў той час ужо ведала Беларусь, у даным выпадку зусім яшчэ не адчуваюцца, таксама як і ва ўсіх іншых частках, мескіх муроў. Трэба зазначыць, аднак, што старыя па сваёй істоце складальныя элементы ў адмену ад іншых будынкаў спалучыліся тут у зусім новым композыцыйным прыёме, які сьведчыць аб глыбокай і доўгай пераапрацоўцы ўсіх гэтых асноўных форм на мясцовым грунце. Уся пабудова Субачы настолькі закончана і органічна, кожная частка яе настолькі мэтазгодна і настолькі чытэльна адзначана, што ў даным выпадку, бязумоўна, была дасягнута адна з найболей дасканалых композыцый ва ўсім беларускім ваенным будаўніцтве, разам з канчальным аформленьнем надзвычайна характэрнага і цікавага тыпу абароннага будынку. Тып гэты мае тым большы інтарэс, што міма свайго спэцыяльнага характару, ён не замкнуўся ў далейшым сваім разьвіцьці ў межы выключна ваеннае архітэктуры, але, з прычыны, мусіць, асабліва глыбокае свае орыгінальнасьці, здолеў зьявіцца асновай для аналёгічных тыпаў таксама і ў будаўпіцтве царкоўным у цягу першае паловы XVI сталецьця.
Апошняе, зразумела, складае ўжо іншую, асобную тэму, разгляду якой намі прысьвечаны асобны разьдзел. Для высьвятленьня крыніц і паходжаньня тых надзвычайна важных конструкцый царкоўных будынкаў XVI ст., якія складаюць свой асаблівы, беларускі адменьнік готыкі, - прыходзіцца браць на ўвагу ўсю тую агульную схэму паступовага разьвіцьця беларускае ваеннае архітэктуры, якая намечана намі вышэй. Бясспрэчна, аднак, што найболей істотную ролю для ўсяго пазьнейшага будаўніцтва Беларусі адыграў ласьне той апошні этап ваеннага будаўніцтва, які лепей за ўсё вядомы нам з віленскіх умацаваньняў, - і тут значэньне Субачы, як аднэй з асноўных крыніц, адразу высоўваецца на першы плян.
Тут трэба, аднак, яшчэ раз асабліва падкрэсьліць тую асноўную конструкцыйную і стылістычную тэндэнцыю віленскага замковага і ваеннага будаўніцтва першай паловы XVI ст., якую часткова мы ўжо адзначалі вышэй: гэта - імкненьне да досыць рэзкага падзелу і адасабненьня чыстых палацавых тыпаў ад сьцісла абаронных будынкаў, у процэсе якога адна толькі першая катэгорыя будоў накіравалася шляхам выкарыстаньня новых архітэктурных форм, у той час як другая, г. зн. пабудовы ваенныя, стала захоўвала неперарыўную традыцыйную сувязь з ранейшымі формамі готыцкага ў сваёй аснове будаўніцтва. Выявіўшыся асабліва выразна ў Вільні, тэндэнцыя гэтая шмат што тлумачыць нам у пазьнейшай архітэктуры таксама і іншых мясцовасьцяй, і толькі ўлічваючы значэньне готыцкай традыцыі ў будынках, прызначаных для абаронных мэт, мы здолеем зразумець, чаму, не зважаючы на зьяўленьне рэнэсансавых форм у беларускай архітэктуры XVI ст., тая самая эпоха зьявілася адначасна і эпохай найболей інтэнсыўнага разьвіцьця позьня-готыцкіх конструкцый, захаваных тут нават аж да XVII сталецьця, а таксама, чаму ў Беларусі зьявіліся магчымымі такія амаль што фантастычныя спалучэньні рэнэсансу і готыкі, як напрыклад замак у Міры, якім у іншых краінах нельга знайсьці ніякіх аналёгій.

7. Замак у Міры

У першай палове XVI сталецьця, апроч зазначанае намі паступовае дыфэрэнцыяцыі фортыфікацыйнага і палацавага будаўніцтва, для беларускай замковай архітэктуры зьяўляецца характэрным таксама і яшчэ адзін паралельны процэс. Памянёная дыфэрэнцыяцыя магла адбывацца выключна ў дзяржаўным замковым будаўніцтве, помнікі якога мы разглядалі вышэй, што тлумачыцца тымі шырокімі магчымасьцямі, якія мела гэтае будаўніцтва ў такіх, напрыклад, местах як Вільня, дзе значныя памеры ўсяе падлеглае абароне мескае тэрыторыі дазвалялі, умацаваўшы гэтую тэрыторыю, трактаваць асяродкавыя замковыя будынкі ўжо як нешта цалкам адменнае ад гэтых абаронных прылад. Як мы ўжо зазначалі, такая магчымасьць склала ў далейшым аснову для ўжо самастойнага росту з аднаго боку палацавага, а з другога - цытадэльнага будаўніцтва, - але таксама выключна ў дзяржаўным маштабе.
Нешта зусім іншае мы знаходзім, аднак, у прыватных замковых будовах, першае зьяўленьне якіх у Беларусі прыпадае, мусіць, не раней як на канец XV сталецьця, а найбольшы росквіт - ласьне па XVI, а часткова ўжо і на XVII. У процілегласьць дзяржаўнай архітэктуры, пабудовы гэтыя павінны былі задавальняць болей вузкім, абмежаваным мэтам. Збудаваныя, звычайна, у параўнальна мала заселеных мясцовасьцях, - калі нават у местах, дык у такіх, якія былі пазбаўлены сваіх уласных умацаваньняў, - яны былі змушаны пастарому злучаць у сабе жылое памяшканьне - рэзыдэнцыю ўласьніка - з належнай фортыфікацыяй гэтага памяшканьня, няўхільнай у тыя трывожныя часы, калі нават прыватцы ўласьнік ніколі ня быў гарантаваны ад небясьпекі нападу на сваю маемасць ня толькі з боку чужаземнага ворага, але нават і з боку свайго аднапляменнага зайздроснага суседа. Да гэтага трэба дадаць, што надзвычайна высокі кошт мураваных будынкаў не дазваляў у тыя часы нават самым высокім і багатым магнатам асабліва павялічаць памеры такіх пабудоў; апроч таго, абарона большага замку ў выпадку нападу вымагала-б таксама большага ліку ўзброенае сілы, што для прыватнага ўласьніка не заўсёды было лёгкай справай. Усё гэта спрычынілася да таго, што прыватныя замкі зусім ня мелі магчымасьці для таго, каб адмяжоўваць у сваіх конструкцыях як цалкам незалежныя адна ад аднэй свае паасобныя складальныя часткі, прызначаныя для ваенных і для мірных функцый, - нават у тую эпоху, калі ў дзяржаўнай замковай архітэктуры такое амежаваньне ўжо праведзена было канчаткова. Не зважаючы на досыць позьні час свайго ўзьнікненьня, яны былі змушаныя, да вядомай ступені, яшчэ захоўваць у плянах сваіх і ў разьмяшчэньні сваіх паасобных будынкаў ранейшыя, старадаўнія замковыя тыпы, злучаючы свае жьтлыя памяшканьні і часткі фортыфікацыйнага прызначэньня ў адно агульнае архітэктурнае цэлае. У гэтых адносінах ласьне прыватныя замкі і наогул найболей доўга захавалі ў Беларусі конструкцыі найболей чыстага замкавага характару, у той час як у дзяржаўным будаўніцтве, пачынаючы з XVI сталецьця, замкаў у сьціслым сэнсе гэтага слова бадай што ўжо і зусім ня было. Усе гэтыя асаблівасьці прыватных замковых будоў зусім ня мелі, аднак, характару беспасрэднага звароту да ранейшых конструкцый з літаральным іх паўтарэньнем у спозьненых, архаічных формах. Надварот, гэтыя найболей позьнія замковыя пабудовы Беларусі здолелі цалкам успрыняць у сябе і належным чынам выкарыстаць усю тую формальную спадчыну, якая ім засталася ад папярэдняга разьвіцьця беларускага замковага будаўніцтва ў цягу трох папярэдніх сталецьцяў, стварыўшы такія архітэктурныя схэмы, дзе старадаўнія будаўнічыя прынцыпы злучыліся з новымі спосабамі формальнага іх выяўленьня. Аб'яднаньне палацу і ўмацаванае цытадэлі ў аднэй і тэй самай будове ўжо не зьяўлялася тут перашкодай для дасканалае і свабоднае распрацоўкі кожнае з гэтых складальных частак: фортыфікацыя замку не замінала належнаму разгортваньню палацу, а гэты апошні, у сваю чаргу, ня быў прычынай паслабленьня ўмацаваньняў, так што ў выніках, побач з умела ўжытымі, складанымі абароннымі прыладамі, зробленымі згодна з апошнімі запатрабаваньнямі тагочаснае ваеннае тэхнікі, - ня меней закончана і дакладна распрацоўваліся таксама і чыста архітэктурныя элемэнты, як конструкцыйныя, гэтак і дэкорацыйныя. Няўхільнай, але надзвычайна характэрнай, зьяўлялася тут толькі, як мы ўбачым у далейшым, нейкая агульная стылістычная нявытрыманасьць архітэктурнага цэлага, абумоўленая тэй асноўнай розьніцай у характары палацавых і абаронных будоў, якая зрабілася асабліва выяўнай наогул у архітэктуры Беларусі, пачынаючы ласьне з XVI сталецьця.
На жаль, лік прыватных замковых будоў, захаваных да нашага часу, зьяўляецца вельмі нязначным; большая частка іх або зусім зьнішчана, або ляжыць у бясформенных руінах; тыя-ж замкі, якія захаваліся лепей, у сучасны момант зьяўляюцца недаступнымі для беспасрэднага вывучэньня [62]. З гэтай прычыны, для характарыстыкі ўсяго зазначанага намі вышэй напрамк у ў позьняй замковай архітэктуры Беларусі мы змушаны абмежавацца толькі адным, праўда вельмі тыповым і паказальным помнікам, а ласьне замкам у Міры (Наваградзкага павету на Меншчыне), які ў свой час быў належным чынам абмераны і сфотографаваны [63], з прычыны чаго і цяпер, нават, не зважаючы на немагчымасьць яго вывучэньня на месцы, ён можа быць разабраны намі досыць дэтальна [64].
Мірскі замак, пабудаваны ў першай палове XVI сталецьця як прыватная ўласнасьць роду Ілінічаў, зьяўляецца да таго-ж адным з найлепшых наогул узораў прыватнага замковага будаўніцтва. Два разы разбураны - у 1655 і 1705 годзе, ён быў потым адноўлены і захоўваўся ў цэлым відзе да 1794 году. У гэтым годзе ён моцна быў пашкоджаны ў часе бойкі між паўстанцкім атрадам і расійскім войскам, а ў 1812 годзе разбурэньне было закончана выбухам, які напалову зруйнаваў усходнюю рагавую вежу і частку палацавага будынку. На працягу далейшага часу замак ужо ня служыў за жылое памяшканьне, і паступова зварачаўся ў руіны, хаця ў 1915 годзе, у часе дасьледваньня яго I. Іодкоўскім, ён быў яшчэ досыць добра захаваны з надворнага боку, і толькі ў часе апошняе вайны зруйнаваньне замку, асабліва веж, дайшло да такой ступені, што ў самыя апошнія годы яго аднаўленьне павінна было фактычна зьвярнуцца ў будаваньне нанова па старым узоры. Усё гэта мае вынікам тое, што нутраная конструкцыя Мірскага замку, а таксама яго лічныя росьпісы, каляровыя вітражы, і розныя дэкорацыйныя аздобы - вядомы нам вельмі мала, толькі на падставе тых рэштак, якія яшчэ захоўваліся ў часе досьледаў 1915 году, у той час як першапачатковы надворны выгляд яго, агульны плян, асноўныя архітэктурныя формы і нават некаторыя дэталі надворнага ладу - могуць быць выяўлены досыць ясна.
У пляне сваім Мірскі замак мае амаль што правільны квадрат, абнесены масыўнымі мурамі, з чатырма квадратовымі ў пляне вежамі па рагох. З паўночнага ўсходу і паўднёвага ўсходу да гэтых муроў з нутранога боку прымураваны два корпусы палацавага будынку, разьмешчаныя пад простым вуглом адзін да аднаго. У сярэдзіне паўночна-заходняга муру знаходзіцца пятая галоўная вежа над брамаю. Калісьці гэты бок замку меў яшчэ дадатковае ўмацаваньне ў выглядзе другога паралельнага, крыху болей нізкага муру, які злучаў рагі паўночнае і заходняе вежы з рагамі асяродкавае, і меў паўкруглы барбакан перад галоўным уваходам [65]. Умацаваньне гэтае было пазьней зьнішчана і аб яго існаваньні вядома толькі з нязначных рэштак каля заходняга рогу паўночнае вежы; магчыма, праўда, што яно наагул зьяўлялася пазьнейшай прыбудоўкай, довадам чаго можа быць прысутнасьць спэцыяльных абаронных прылад у частцы асноўнага муру паміж паўночнай і галоўнай вежай.
З трох бакоў, а ласьне з паўднёвага ўсходу, паўночнага ўсходу і паўночнага захаду, увесь замак абкружаны валамі з захаванымі ў некаторых мясцох сьлядамі бастыёнаў. З чацьвертага боку, г. зн. з паўднёвага захаду, знаходзіцца вялікі ставок. Зьвернуты ў гэты бок мур мае лічныя бойніцы, а таксама браму, - магчыма болей позьняга за ўвесь замак пахаджэньня. З нутранога боку ад гэтае брамы да заходняе вежы ўздоўж муру цягнецца асобны насып, прызначаны для гармат.
З паўночна-ўсходняга і паўднёва-ўсходняга бакоў два ўзаемна пэрпэндыкулярныя палацавыя корпусы складаюць адну суцэльную пабудову як з адпаведнымі мурамі, якія зьяўляюцца надворнымі мурамі гэтых корпусаў, гэтак і з рагавымі вежамі, уваходы ў якія распачынаюцца з крайніх рагавых памяшканьняў палацу. Паўднёва-ўсходні корпус складаецца ў дольнім паверсе з васьмі паасобных памяшканьняў, а паўночна-ўсходні - з шасьці, прычым абодва яны маюць вокны толькі з боку нутранога дзядзінцу, а ў надворных сваіх мурох прарэзаны нязначным лікам бойніц. Дольнія паверхі зьяўляюцца першапачатковай часткай палацу, да якой, мабыць, далучаліся раней драўляныя будынкі. Пазьней, але мусіць у канцы ці наагул у другой палове таго самага XVI сталецьця, былі надбудаваны горнія паверхі, дзе вокны знаходзяцца ўжо ня толькі з нутранога, але таксама і з надворнага боку, і тады ўвесь палац набыў той закончаны выгляд, у якім ён і быў нам вядомы да апошняга часу. Як вынікае з вышэйпаданага, палац мае, такім чынам, у сваім складзе тры з ліку чатырох рагавых веж замку. Чацьвертая вежа, заходняя, разьмешчана паасобна, і ўвахад у яе зроблены з нутранога дзядзінцу, беспасрэдна з гарматнае пляцоўкі.
Увесь гэты плян Мірскага замку, у значна больш чыстым відзе, ніж пляны адначасовых з ім дзяржаўных замковых будоў Вялікага Княства Літоўскага, можа лічыцца за канчатковае завяршэньне тых асноўных замковых тыпаў беларуска-літоўскае архітэктуры, якія намячаліся яшчэ ў Крэве, Лідзе і Троках, прычым асноўная схэма яго ў выглядзе чатырохкутніку, умацаванага рагавымі вежамі, зьяўляецца наагул надзвычайна характэрнай для беларускага будаўніцтва. Як вядома, гэтая схэма сустракаецца тут ня толькі ў замках, але таксама ў цывільнай і царкоўнай архітэктуры, у цягу пэўнага досыць доўгага часу захоўваючыся досыць стала, так што калі першыя спробы яе выяўленьня заўважаюцца яшчэ ў XIV сталецьці, - дык лепшыя ўзоры мы знаходзім якраз у XVI. Адным з апошніх і можа лічыцца замак у Міры, які пры гэтым зьяўляецца аднэй з найболей монумэнтальных і значных сваімі памерамі будоў. У чыста тэхнічнай конструкцыі Мірскага замку можна адзначыць вялікую яе дакладнасьць. Замак збудаваны з добра апаленае і роўна пакладзенае цэглы, на фундамэнтах з валуновага каменьня, абкладзенага цаглянаю абліцоўкаю, што можна заўважыць, напрыклад, у пашкоджаных частках усходняе вежы і прылеглых да яе муроў, а таксама ў некаторых іншых мясцох. Нутраныя муры палацавата будынку, дзе непатрэбна была асаблівая трываласць кладкі, ад самага фундамэнту змураваны ўжо з аднэй толькі цэглы. Форма цэглы - звычайная, прадоўжная, нават у тых мясцох, дзе яна служыць як матар'ял для паўцыркульных або стрэльчатых арак, як напрыклад у браме, а таксама ў налічніку галоўнага палацавага ўваходу; але ў некаторых мясцох ужыта і формаваная цэгла трапэзападобнае формы - у тым ліку ў машыкулях і ў луках дэкорацыйных ніш на фасадах веж. Кладка ўсюды вельмі солідная і моцная, з тонкімі швамі вапнавае рашчыны і роўнай апрацоўкай паверхні. Нутраныя памяшканьні, а таксама і некаторыя надворныя часткі, як напрыклад дэкорацыйныя нішы, атынкаваны.
Лік спэцыяльных абаронных прылад у Мірскім замку параўнальна нязначны. У мурох і вежах знаходзяцца бойніцы, найбольшы лік якіх прыпадае на частку паўночна-заходняга муру паміж галоўнаю і заходняю вежамі, а таксама на паўднёва-заходні мур, над гарматнай пляцоўкай. Разворы бойніц маюць простакутную форму з закругленым верхам; у перакроі яны складаюцца з некалькіх аддзяленьняў, паступова паменшаных да надворнага боку. Апроч бойніц, галоўны фасад замку, а таксама паўднёвая вежа, маюць яшчэ нязначны лік машыкуляй. На галоўным фасадзе яны разьмешчаны ў частцы муру, беспасрэдна прылеглай з поўначы да галоўнае вежы; у пазьнейшы час яны былі закладзены цэглай, - мабыць тады, калі ў гэтым месцы было збудавана памянёнае намі вышэй дадатковае ўмацаваньне ў выглядзе муру з барбаканам. Усяго тут дзьве машыкулі на трох кронштэйнах трыкутнае формы, складзеных з паступова паменшаных пліт. Лукі іх зроблены з трапэзападобных цаглін. Уся частка муру высунута тут крыху наперад, як-быццам нейкая прыбудоўка, абапёртая на кронштэйны, паўзьверх якой праходзіць галярэя з адным вакном і трыма бойніцамі.
Трэба зазначыць, што ў шмат якіх мясцох горнія часткі муроў Мірскага замку былі ў пазьнейшыя часы зруйнаваны, або зьменены надбудоўкаю горніх паверхаў палацу, з прычыны чаго магчыма дапусьціць, што першапачаткова лік бойніц і машыкуляй мог быць не такім абмежаваным, але ў большай ступені адпавядаць вымаганьням тагочаснае фортыфікацыі.
Толькі пазьней ёы быў значна паменшаны, - часткова, магчыма, у сувязі з некаторымі новымі абароннымі пабудовамі, накшталт бастыёнаў, а таксама дадатковага пярэдняга муру перад галоўным фасадам, з пабудовай якога машыкулі і бойніцы гэтага фасаду, напрыклад, ужо павінны былі амаль што страціць сваё ранейшае значэньне, настолькі, што некаторыя з іх, як мы бачылі, нават былі закладзены цэглай. У іншых частках замку, аднак, а ласьне ў вежах, такія пазьнейшыя пераробкі былі мала магчымы, паколькі абаронныя прылады былі ў іх болей сьцісла і беспасрэдна зьвязаны з самімі архітэктурнымі іх конструкцыямі.
Калі муры Мірскага замку з архітэктурнага боку наагул мала цікавы, і маюць выключна фортыфікацыйнае значэньне, - дык вежы яго, наадварот, маюць асаблівую скончанасьць і багацьце архітэктурных форм і дэкорацыйных дэталяй, не зважаючы на сваю асноўную абаронную ролю. Усе пяць веж па агульнай форме сваёй больш-менш аднастайныя, і амаль што аднолькавае вышыні. У падставах яны чатырохкутныя, а далей пераходзяць у васьмісьценьнікі, прычым у паўночнай, заходняй і паўднёвай вежах пераход гэты прыпадае прыблізна на 2/3 агульнае вышыні, ва ўсходняй вежы - на 1/3, і ў галоўнай вежы над брамай - на палову. Згары ўсе вежы, апроч усходняй, пакрыты нізкімі шатрамі ў выглядзе васьмікантовых пірамід; усходняя вежа, найболей запсаваная, мае наагул зусім зруйнаваную горнюю частку [66]; але бясспрэчна, што таксама і яна была пакрыта калісьці аналёгічным шатром.
У дэкорацыйнай апрацоўцы веж, а таксама ў формах іх вокан, адчуваюцца спозьненыя рысы готыцкіх і нават яшчэ болей раньніх, романскіх мотываў. Факт гэты варты асаблівае ўвагі, бо ў даным выпадку Мірскі замак ня ёсьць выпадковае зьявішча, але выяўляе супольную з некаторымі іншымі беларускімі пабудовамі XVI сталецьця асаблівасьць. У гэтую эпоху, адначасна з зьяўленьнем італьлянскіх рэнэсансавых форм, у Беларусі досыць упарта захоўваліся таксама і формы папярэдняга готыцкага стылю, а часам і паасобныя яшчэ болей раньнія дэталі, прычым нярэдка агульныя готыцкія конструкцыі злучаліся з досыць блізкай да романскага стылю апрацоўкай паасобных частак. Тлумачэньня гэтае зьявы трэба, мабыць, шукаць ня толькі ў традыцыйнай сталасьці найболей распашыраных і аблюбёных форм, але таксама і ў тым, што беларуская архітэктура знаходзілася ў залежнасьці ад пэўных заходня-эўропейскіх форм і конструкцыйных прыёмаў ня толькі шляхам бсспасрэднага ўплыву іх праз чужаземных будаўнічых, але таксама і шляхам болей павольнага пераходу іх праз некаторыя прамежкавыя пункты (для італьлянскіх форм тут можна паказаць, напрыклад, на Кракаў, а для нямецкіх - на Рыгу), што павінна было абумовіць у некаторых выпадках як вядомы "провінцыялізм" беларускага будаўніцтва ў стасунку да кіраўнічых цэнтраў заходня- эўропейскае архітэктуры, выяўлены ў нязвычайных для Захаду стылістычных злучэньнях, - так і вядомую спозьненасьць саміх стылістычных зьяў у архітэктуры Беларусі ў параўнаньні яе да архітэктуры Заходняе Эўропы. У кожным разе, у вежах Мірскага замку мы бачым якраз такія спозьненыя стылістычныя рысы, а разам з тым і вядомую стылістычную мешаніну, характэрную між іншым таксама і для некаторых іншых помнікаў ужо не замковае, а царкоўнае беларускае архітэктуры XVI сталецьця, што мы ўбачым далей. Готычныя скляпеньні ў нутраной конструкцыі і готычныя лукі вокан злучаюцца тут з падобнымі да романскіх дэкорацыйнымі дэталямі ў выглядзе аркавых фрызаў, паасобных паўцыркульных арачак і значнага ліку плоскіх дэкорацыйных ніш, адзначаных сьветлымі плямамі тынкаваньня на тле чырвоных цагляных муроў.
Разьмеркаваньне дэкорацыйных элемэнтаў у паасобных вежах праведзена парознаму, так што кожная з іх патрабуе асобнага разгляду. На першае месца ў сэнсе дэкорацыйнага багацьця трэба паставіць галоўную вежу над брамай, што, зразумела, адпавядае яе цэнтральнаму значэньню ў замку і асяродкаваму палажэньню на галоўным паўночна-заходнім фасадзе. У вышыню вежа гэтая мае чатыры асноўныя паверхі і невялічкі надбудаваны над імі пяты ярус дэкорацыйнага прызначэньня. Першыя два паверхі складаюць дольні чатырохсьценьнік, а далей пачынаецца няправільны васьмісьценьнік з пасьлядоўным чаргаваньнем шырокіх і вузкіх граняй. У дольнім паверсе знаходзіцца брама, якая з абодвух бакоў мае паўцыркульныя надворныя аркі, а ў сярэдзіне крыху пераламанае, стрэльчатае ў перакроі скляпеньне. Калісьці брама гэтая зачынялася з дапамогай жалезных кратаў, якія спушчаліся на ланцугох з спэцыяльнага вузкага прарэзу, зробленага ў скляпеньні. Асобны ўваход і ўсходы вядуць адсюль беспасрэдна на другі паверх вежы.
Асноўны эфэкт надворнае апрацоўкі фасадаў дасягаецца тут з дапамогай цэлай сыстэмы гзымсаў і невялічкіх плоскіх ніш з затынкаванымі паглыблсньнямі. Вокан у вежы вельмі мала, прычым некаторыя з іх у пазьнейшыя часы былі закладзены, а часткаю і грунтоўна перароблсны. Дэкорацыя пярэдняга фасаду вежы распачынаецца з самага дольняга паверху, дзе з абодвых бакоў галоўнага ўваходу разьмешчаны дзьве вялікія нішы з паўкруглымі лукамі, над імі два круглыя паглыбленьні, а крыху бліжэй да брамы яшчэ дзьве маленькія нішы; над самай брамай знаходзіцца вялікая патройная ніша, сярэдні лук якой абапёрты на два кронштэйны; нарэшце яшчэ вышэй праходзіць даўгая паглыбленая паласа, замест гзымсу на мяжы двох паверхаў; з заходняга боку яе відаць звычайнае простакутнае вакно, мабыць прабітае ў пазьнейшыя часы. Дэталі надворнае апрацоўкі другога паверху групуюцца навакол цэнтральнага стрэльчатага вакна, моцна пашкоджанага пазьнейшым праломам. Дэкорацыя складаецца тут з двох шэрагаў ніш, прычым восем ніш дольняга шэрагу параўнальна малыя і вузкія, а чатыры нішы згары - вялікія і шырокія, з паўкруглымі лукамі; дольні шэраг знаходзіцца пад вакном, а горнія нішы разьмешчаны па дзьве з абодвых бакоў і крыху вышэй вакна. Далей ужо пачынаецца трэці паверх, дзе вежа пераходзіць з асноўнага чатырохсьценьніку ў васьмісьценьнік, прычым пераход гэты настолькі выразны ў самай форме, што на фасадзе ён не падкрэсьлены ніякай дэкорацыйнай лініяй. На самай мяжы другога і трэцяга паверхаў знаходзіцца вакно пазьнейшага пахаджэньня і па бакох яго дзьве высокія вузкія нішы; над імі зьмяшчаюцца дзьве нязначныя паглыбленыя горызонталі, яшчэ вышэй дзьве вельмі нізкія нішы і паміж іх адна высокая, у луку якой прабіта маленькая шчылінападобная бойніца. Такую апрацоўку мае толькі зьвернутая наперад шырокая грань васьмісьценьніка, а бакавыя вузкія грані цалком запоўнены вялікімі нішамі з аналёгічнымі бойніцамі ў іх. Чацьвёрты паверх і надбудаваны над ім дэкорацыйны ярус апрацаваны аднолькава па ўсіх гранях; ад трэцяга паверху чацьвёрты аддзелены паглыбленай затынкаванай паласой, паралельна якой праходзяць два шэрагі трыкутных паглыбленьняў; самы паверх мае вокны, прыкрытыя двохспаднымі стрэшкамі, а горні дэкорацыйны ярус складаецца з выноснага гзымсу, аздобленага дробным аркавым фрызам, з якога ўніз, да паловы вышыні паверху, спушчаны вэртыкальныя цягі.
(23KB) Мірскі замак па І. Іодкоўскаму. Бакавыя фасады вежы маюць аналёгічную ў прынцыпе дэкорацыйную апрацоўку, але ў першых трох паверхах адрозьніваюцца ў дэталях, дзе наглядаецца значна меншая сымэтрыя ў разьмеркаваньні паасобных частак. Апошняе асабліва датычыць паўднёва-заходняга фасаду, уся дэкорацыя якога здаецца як-быццам ссунутай у нутраны бок. Апроч таго, дэкорацыйная апрацоўка пачынаецца тут толькі з другога паверху, а дольні мае выгляд цаглянае роўніцы, толькі крыху ажыўленае ў горняй сваёй частцы, з нутранога боку, маленькай аркатурай з чатырох паўцыркульных арак. Другі паверх дэкораваны праз два асымэтрычныя шэрагі ніш розных форм і памераў, у аднэй з якіх знаходзіцца добра захаванае ад усялякіх пазьнейшых зьмен і пераробак готычнае стрэльчатае вакно; вакно гэтае не займае цэнтральнага палажэньня на фасадзе, але адпаведна ўсёй сыстэме ніш набліжана да аднаго з бакоў. У залежнасьці ад апошняга, і ў трэцім паверсе беспасрэдна над ім разьмясьціліся бойніцы, ізноў парушаючы сымэтрыю дэкорацыі; апроч таго, і ў разьмеркаваньне ніш тут таксама ўведзена асабліва нават падкрэсьленая асымэтрычнасьць, у якой досыць значную ролю граюць дзьве паглыбленыя горызонталі з дадаткам двох шэрагаў трыкутнікаў. Чацьверты паверх, як мы ўжо адзначалі, апрацаваны тут аналёгічна ўсім іншым граням, з тэй толькі розьніцай, што вокны яго таксама тут не займаюць асяродкавых месцаў, але адхілены ў бок, адпаведна вокнам ніжэйшых паверхаў.
Затое ў паўночна-ўсходнім фасадзе вежы агульная сымэтрыя крыху выпраўлена; першы паверх зусім пазбаўлены тут аркатуры і гладкая роўніца муру яго нічым не парушана; у другім паверсе асымэтрыі бадай нават яшчэ больш як у папярэднім фасадзе, бо ніша з готычным вакном тут значна шырэйшая, а суседняя з ёй зусім малая; але з трэцяга паверху ўжо ўсталёўваецца вядомая роўнавага: у дольнім шэрагу ніш тут асымэтрычна разьмешчана адна толькі маленькая бойніца, а болей значных памераў вакно горняга шэрагу займае ўжо строга цэнтральнае палажэньне ў зусім сымэтрычнай сыстэме ніш. Адпаведна гэтаму і ў чацьвертым паверсе вакно атрымала таксама асяродкавае мссца.
Нарэшце апошні, нутраны фасад вежы, зьвернуты да замковага панадворку, мае найменшы лік дэкорацыйных аздоб. На мяжы другога паверху, над брамаю, тут праведзена даўгая горызонтальная паласа з паралельнымі ёй шэрагамі трыкутных паглыбленьняў, а над ёю знаходзіцца некалькі невялічкіх ніш. Другая такая самая паласа, як і на іншых фасадах, аддзяляе трэціпаверх ад чацьвертага. Уся іншая гладкая роўніца муру мае толькі нязначны лік няправільна разьмешчаных вокан.
Нутраныя памяшканьні вежы захаваліся значна горш за надворныя часткі, так што характар іх можна высьветліць толькі ў самых агульных рысах. Муры яе маюць шмат рознастайных нутраных усходаў і пераходаў. У сутарэньні знаходзіцца невялічкае памяшканьне трапэзападобнага пляну, якое мае некалькі бакавых аддзяленьняў і злучана праходам з маленькім надворным выхадам. Праз першы паверх праходзіць праём брамы, складзены з трох аддзяленьняў; крайнія з іх пакрыты карабовымі скляпеньнямі, а над асяродкавым крыху пераламанае пасярэдзіне скляпеньне мае готычны стрэльчаты профіль. Па бакох асяродкавага аддзяленьня зьмешчана некалькі бакавых памяшканьняў, і тут-жа ў паўднёва-ўсходнім муры пачынаецца праход і ўсходы, якія вядуць на другі паверх. Памяшканьне другога паверху было калісьці, здаецца, замковай капліцай; яно мае трапэзападобны плян, і было раней перакрыта крыжовым скляпеньнем, пазьней зруйнаваным; з паўночнага захаду побач з ім знаходзіцца невялічкая бакоўка з карабовым скляпеньнем і адным вакном, якое выходзіць на галоўны фасад вежы, а з паўднёвага ўсходу ёсьць досыць глыбокая ніша, дзе мабыць, зьмяшчаўся калісьці альтар. З усходняга кута памяшканьня распачынаецца шырокі нутраны праход у муры, які два разы загінаецца пад простым вуглом і выходзіць на галярэю, якая займае частку паўночна-заходняга замковага муру над машыкулямі, паміж галоўнай і паўночнай вежай. У супроцьлеглым заходнім куце каля капліцы знаходзіцца маленькая квадратовая ў пляне каморка, адкуль пачынаюцца яшчэ два нутраныя праходы: адзін з іх паварочвае на паўднёвы ўсход і з паўднёвага рогу вежы выходзіць на абаронны ход, які злучае галоўную вежу з заходняй; другі праход, магчыма, болей, позьняга пахаджэньня, крыху спушчаецца да долу ў паўночна-заходнім напрамку, і на галоўным фасадзе вежы мае выхад на зьнішчаны цяпер барбакан. Расплянаваньне іншых паверхаў вежы значна прасьцейшае: усе яны маюць чатырохкутныя памяшканьні з вокнамі і бойніцамі, перакрытыя ў большасьці выпадкаў ужо зруйнаванымі крыжовымі скляпеньнямі; нутраныя праходы ў мурох і ўсходы злучаюць паверхі паміж сабой.
Калі мы спыніліся так падрабязна на апісаньні надворнага выгляду і нутранога ладу галоўнае вежы Мірскага замку, - дык гэта з тае прычыны, што яна можа лічыцца ў замку за асабліва характэрную; дэкорацыйныя формы яе і конструкцыйныя дэталі з нязначнымі відазьменамі паўтораны таксама і ў іншых вежах, прычым у гэтых апошніх можна заўважыць толькі вядомае спрашчэньне ўсяе дэкорацыйнае схэмы, асабліва ў паўднёвай і ўсходняй вежах, прылеглых да палацавага будынку і зьмешчаных на заднім пляне. Толькі заходняя вежа, якая стаіць паасобна, мае досыць багатую дэкорацыю, ня горшую ад галоўнай вежы. Асноўным мотывам яе зьяўляюцца такія самыя няглыбокія атынкаваныя нішы розных памераў і форм, але разьмяшчэыьне іх зусім сымэтрычнае і аднолькавае на ўсіх фасадах. Розьніца ад галоўнае вежы выяўляецца ў формах затынкаваных палос між паверхамі, побач з якімі праходзяць вузкія фрызы, складзеныя ня з трыкутнікаў, але з паглыбленых простакутнікаў, а таксама ў апрацоўцы горняга васьмісьценьніку, якая мае болей сваеадменны характар: шырокія нішы канчаюцца тут падвойнымі аркамі, абапёртымі ўсярэдзіне на маленькія кронштэйны; над нішамі навакол усяго васьмісьценьніку абведзены орнамэнтальны паясок з простакутных затынкаваных паглыбленьняў; і нарэшце згары вежа закончана масыўнаю аркатураю на шырокіх ступеньчатых кронштэйнах, якая падтрымлівае выносны гзымс.
У трох іншых вежах арацоўка фасадаў ня столькі грае чыста- дэкорацыйную ролю, колькі падкрэсьлівае і выдзяляе самыя іх конструкцыйныя формы. Паўднёвая вежа ня мае такога выразнага як у іншых вежах падзелу на паверхі, і распадаецца на дзьве асноўныя часткі - дольні чатырохсьценьнік і горні васьмісьценьнік; першы мае на кожнмм фасадзе па дзьве вялікія, адкрытыя здолу нішы, што агулам робіць уражаньне як-быццам дзьвёх вузкіх лапатак, злучаных паўцыркульнымі аркамі з рагавымі пілястрамі; у васьмісьценьніку на аналёгічныя пілястры пакладзена яшчэ болей моцная ніж у заходняй вежы аркатура з выносным гзымсам. Усходняя вежа, некаторыя дэталі якой былі зьнішчаны, адрозьніваецца вельмі нізкім асноўным чатырохсьценьнікам, які дасягае толькі паловы вышыні палацу, і вельмі высокім васьмярыком; дэкорацыя разьмешчана ў другім і чацьвертым паверхах і складаецца з звычайных ніш, але трэці паверх адмяжоўваецца ад чацьвертага фрызам, складзеным з круглых паглыбленьняў. Нарэшце паўночная вежа зусім ня мае аздоб, і толькі ў другім паверсе сярэдняя частка выдзелена з дапамогай дзьвёх няшырокіх лапатак.
Апісаныя намі дэкорацыйныя схэмы веж Мірскага замку нельга вытлумачыць цалком з якіх-колечы чужаземных першаўзораў, хаця наагул аздоба будынкаў з дапамогай больш-менш аналёгічных няглыбокіх ніш вядома ў розных краінах у некаторых помніках готыцкага будаўніцтва. Як на бліжэйшыя прыклады ў архітэктуры Польшчы і Украіны можна спаслацца хаця-б на Collegium Jagellonicum у Кракаве, замковую браму ў Шыдлове, Міхалаўскую царкву ў Кодні, або Багаяўленскую царкву ў Астрозе; але ва ўсіх гэтых і іншых выпадках аналёгічны дэкорацыйны прыём ужываецца болей прымітыўна і аднастайна, у выглядзе шэрагаў ніш аднолькавых памераў і форм, у параўнаньні да чаго дэкорацыя Мірскага замку робіць значна болей складанае і багатае ўражаньне, маючы самыя розныя сыстэмы ніш, значную рознастайнасьць форм іх і рознастайнасьць груповак, што надае орнамэнтыцы мірскіх фасадаў характар зусім адменнага стылю. Такім чынам, можна лічыць, што калі нават памянёны дэкорацыйны прыём і быў запазычаны беларускай архітэктурай адкуль-небудзь знадворку, - дык у кожным разе ў практычным ужытку ён быў грунтоўна перапрацаваны ў новых, болей складаных і рознастайных формах; апроч таго, ласьне на Беларусі ён атрымаў і найболей значнае пашырэньне, зьявіўшыся адным з найболей улюбёных і характэрных дэкорацыйных прыёмаў у цягу пэўнага часу; апроч Мірскага замку, аналёгічныя спосабы дэкорацыі ў такім самым стылістычным аформленьні мы сустракаем у Беларусі і яшчэ ў цэлым шэрагу будынкаў, пераважна першае паловы XVI сталецьця, як напрыклад у Сынкавіцкай і Мала-Мажэйкаўскай цэрквах, а таксама часам нават і ў яшчэ болей позьніх пабудовах, прыкладам чаму можа быць хоць-бы фронтон Бэрнардынскага касьцёлу ў Вільні, перабудаваны ў XVII сталецьці.
Што да асноўнага грунту гэтага стылю, дык асабліва цікава, што, не зважаючы на досыць позьняе пахаджэньне ўсіх памянёных помнікаў, у тым ліку і Мірскага замку, мы знаходзім у іх выразныя рысы тае самае паўночна- нямецкае готыкі, якая ў цягу доўгага часу была найболей значнай крыніцай для беларускай замковай архітэктуры. Праўда, у Мірскім замку рысы гэтыя абмежаваны толькі надворнай апрацоўкай фасадаў у вежах, у той час як у нутраной конструкцыі апошніх, за малымі выняткамі, часьцей сустракаюцца звычайныя карабовыя скляпеньні, а таксама крыжовыя скляпеньні без нэрвюр, і толькі ў двох мясцох - у паўднёвай і паўночнай вежах - мы знаходзім готычныя нэрвюрныя скляпеньні. Але хутчэй за ўсё гэта тлумачыцца тым, што вежы Мірскага замку ніколі не прызначаліся ні для якіх іншых, як толькі для сьцісла абаронных мэт, з прычыны чаго іх нутраной апрацоўцы наогул было аддана параўнальна мала ўвагі, чаго мы не знаходзім у іншых, памянёных намі вышэй будынках, дзе надворная дэкорацыя нішамі злучана з чыста готычнымі конструкцыйнымі сыстэмамі. Характэрнай рысай зьяўляецца, напрыклад, тое, што ў Мірскім замку нават зьвернутыя на панадворак фасады веж значна меней дэкораваны, ніж надворныя фасады; гэта сьведчыць, што першапачаткова нутраным часткам тут надавалася наогул многа меншае значэньне; часткі гэтыя прызначаліся выключна для абаронных мэт, нутраны палац быў, напэўна, драўляным, без асаблівае артыстычнае апрацоўкі, і толькі ў надворных частках віднае месца было адведзена дэкорацыі, апрацаванай досыць сваеадменна, але ў характары традыцыйнае для замковага будаўніцтва готыкі.
Крыху пазьней за першапачатковую пабудову, аднак, нутраныя часткі Мірскага замку былі перароблены і апрацаваны болей дакладна, але ня зусім адпаведна надворнаму стылю. На месцы ранейшага драўлянага палацу ў другой палове XVI сталецьця тут быў збудаваны каменны палацавы будынак, які мы ўжо паміналі вышэй, дзе аналёгічна палацу Дольняга замку ў Вільні былі ўжыты архітэктурныя формы, узятыя з узораў італьлянскага будаўніцтва эпохі Рэнэсансу, Калісьці гэта быў раскошны будынак, багата і рознастайна дэкораваны; зробленыя ў ім у 1912 годзе раскопкі і расшуканьні выявілі рэшткі алебастравых пазалочаных аздоб, стракатых пячэй з паліваных рознакаляровых кахляй, і маляваных вітражаў з тоўстага шкла; але з цягам часу гэта ўсё было зьнішчана, і ў часе дасьледваньня Іодкоўскага, напрыклад, будынак палацу ў параўнаньні да веж знаходзіўся нават у значна горшым становішчы, бо ўсе паверхі яго былі зруйнаваны, і заставаліся толькі муры з дзьвярыма і лічнымі праёмамі вокан. Рэштак гэтых досыць, аднак, для агульнай стылістычнай характарыстыкі будынку.
Як звычайна ў пабудовах з эпохі Рэнэсансу, вокны разьмешчаны тут на фасадах роўнымі, даўгімі радамі; фасады зусім не дэкораваны і нічым не падзелены, апроч гэтых ліній вокан па горызрнталі; гзымсаў няма, і кожнае вакно складае адасобненую самастойную адзінку, аздобленую паасобыым высунутым падваконінікам і простакутнай плоскай рамай, якая згары канчаецца маленькай горызонтальнай стрэшкай і выкладзенай над ёй рэльефам дугападобнай аркай; арка гэтая складзена з пастаўленых кантам цаглін, а прамежак між ёю і стрэшкай затынкаваны, таксама як і большая частка паверхні фасадаў. Уваходы ў палац апрацаваны падобна да вокан, так што цагляныя аркі над імі ствараюць адзіную чыста дэкорацыйную дэталь. У выніках агульны характар палацавага будынку ў параўданьні да веж набывае значна большую прастату, але ў той самы час здаецца больш вытрыманым і строгім. Вядомае ажыўленьне ў фасады ўносіла толькі лінія бальконаў у трэцім паверсе паўднёва-ўсходняга крыла; ад гэтых бальконаў, у цягу часу зруйнаваных, захаваліся вялікія патройныя ступеньчатыя кронштэйны з віткамі; але ў профілі іх ёсьць ужо элемэнты барокко, так што, мабыць бальконы мелі болей позьняе за ўвесь будынак пахаджэньне, належачы да ліку дадаткаў, унесеных перабудоўкамі палацу ў XVII сталецьці [67].
Разглядаючы ўзаемаадносіны палацавага будынку і абаронных частак, г. зн. муроў і веж Мірскага замку, трэба адзначыць адну надзвычайна важную асаблівасьць: ня гледзячы на істотную розьніцу ў стылі, палац настолькі сьцісла злучаны з вежамі і мурамі, што разам з імі стварае нейкае агульнае архітэктурнае цэлае, якое хаця і ня было прадбачана, пэўна, асноўным першапачатковым плянам замку, але ў выніках крыху пазьнейшага разьвіцьця яго конструкцыі, у межах таго самага XVI сталецьця, зрабілася як-быццам зусім натуральным і органічным. Сувязь палацу з фортыфікацыйнымі будовамі замку асабліва падкрэсьлена тым, што ён ня мае сваіх уласных надворных муроў і зьяўляецца толькі прыбудоўкаю да паўночна-ўсходняга і паўднёва-ўсходняга бакоў асноўнага чатырохкутніка замку, якія былі надбудаваны згары, і паралельна якім з панадворку былі збудаваны два нутраныя муры, злучаныя з надворнымі цэлым шэрагам пераборак. Гэтым спосабам у склад палацавага будынку былі ўведзены і рагавыя вежы, апроч заходняй, так што нават уваходы ў іх апынуліся ў нутраных рагавых памяшканьнях палацу.
Такая сьціслая сувязь паміж жылым памяшканьнем і абароннымі часткамі ў будынку XVI сталецьця складае асноўную асаблівасьць прыватнага замковага будаўніцтва. Як мы адзначалі вышэй, дзяржаўная замковая архітэктура ў гэты час ужо канчаткова разьмежавала палацавыя і абаронныя пабудовы, для чаго там былі шырокія об'ектыўныя магчымасьці, асабліва ў Вільні, дзе, напрыклад, пры пабудове Дольняга замку можна было пакладацца на моцную лінію цытадэльных умацаваньняў самага места. Але ў прыватных замковых будовах такіх варункаў, зразумсла, ня было; на параўнальна нязначнай тэрыторыі, паранейшаму павінны былі быць згрупаваны як абаронныя, так і жылыя будынкі, што вымагала беспасрэднага іх спалучэньня ў адзін больш-менш. монолітны масыў. Зьявіўшыся ў Беларусі наагул досыць позна, прыватныя замкі мелі магчымасьць цалкам скарыстаць у сабе ўсе папярэднія стылістычныя плыні, - як бачым на прыкладзе Мірскага замку - аж да Рэнэсансу ўключна; аднак, у плянах іх няўхільна павінна была захавацца вядомая архаічнасьць, бо кожны з іх меў характар зусіх самастойнае фортыфікацыйнае адзінкі, дзе аналёгічна першапачатковым гаспадарскім замкам выгодная і нават пышная рэзыдэнцыя ўласьніка мусіла быць абавязкова злучана з самым надзейным яе ўмацаваньнем на выпадак якое- колечы небясьпекі.
Тым часам, рысы новага стылю не дазволілі прыватным замкам XVI сталецьця быць літаральным паўтарэньнем старадаўніх узораў, і ў гэтым стасунку яны выяўляюць істотную розьніцу. Старыя вялікакняскія замкі, клясычным узорам якіх зьяўляецца замак у Троках, мелі ў сваіх комбінаваных замкова-палацавых будынках поўную стылістычную суцэльнасьць, якой у прыватных замках XVI сталецьця ўжо няма. Калі ў абаронных частках Мірскага замку і захаваны яшчэ больш-менш старадаўнія элемэнты ў характары традыцыйнае замковае готыкі, - дык у конструкцыі палацавага будынку ўжо выяўляецца залежнасьць ад новых стылістычных запатрабаваньняў пазьнейшага часу, прадыктаваных прыкладамі лепшых дзяржаўных, гаспадарскіх будоў. У гэтым, зразумела, была аснова вядомае стылістычнае супярэчнасьці і разам з тым выразная адзнака блізкага заняпаду замковага будаўніцтва ў Беларусі, ня гледзячы на дасканаласьць паасобных дэталяй.
Дзяржаўная замковая архітэктура Беларусі ўвесь час мела магчымасьць захоўваць чыстыя стылістычныя формы. У процэсе распаду яе ў XVI сталецьці зьяўленьне рэнэсансавых форм супала якраз з тым момантам яе паступовага разьвіцьця, калі з прычыны належных спагадных варункаў формы гэтыя можна было скарыстаць у адпаведных будовах чыстага палацавага характару. Пры гэтым лёгка было ўнікнуць тае стылістычнае мешаніны, якая няўхільна ў выпадку, калі рэнэсансавы будынак павінен быць злучаны з умацаванай цытадэляй. Ня маючы належнае свабоды стылістычнага аформленьня, прыватнае замковае будаўніцтва змушана было зрабіць вядомы крок назад, але і не хацсла адмовіцца ў апрацоўцы палацавых частак ад ужываньня новых архітэктурных форм, вынікам чаго зьявілася спалучэньне ў аднэй будове розных стылістычных элемэнтаў.
Трэба зазначыць, аднак, што задача гэтая вырашана была досыць удала. З нашага погляду, Мірскі замак, напрыклад, можна лічыць адным з найболей орыгінальных помнікаў беларускае замковае архітэктуры, дзе стылістычная нявытрыманасьць зусім ня шкодзіць агульнаму ўражаньню; важкія вежы ў злучэньні з суровымі мурамі палацу ствараюць тут асаблівы эфэкт і маюць зусім сваеадменную архітэктурную выразнасьць. У гэтых адносінах, нават, Мірскаму замку можна часам аддаць перавагу ў параўнаньні да значна больш вытрыманых стылістычна, але значна меней самастойных віленскіх тыпаў. У Дольнім віленскім замку, напрыклад, адбывалася проста замена аднаго стылю на іншы ў процэсе яго паступовае адбудовы; тым часам, у Мірскім замку была цалком захавана першапачатковая схэма, але ў хуткім часе ў ранейшую готыку як-быццам уліліся і ўрасьлі пазьнейшыя рэнэсансавыя формы. Такім чынам, у аднэй пабудове тут як-бы сынтэзаваліся стылістычныя элемэнты розных эпох. Гэта быў апошні этап разьвіцьця беларуска-літоўскае замковае архітэктуры, які падводзіў, быццам, нейкі рэальны парахунак усяму гэтаму разьвіцьцю.
Зразумела, далейшая эволюцыя была ўжо адсюль немагчыма, ды фактычна і непатрэбна. Прыватныя замкі зьявіліся ў каменнай архітэктуры Беларусі апошнімі запраўды замковымі пабудовамі, пасьля чаго маглі быць ужо толькі два адасобненыя шляхі для самастойнага і незалежнага разьвіцця з аднаго боку спэцыяльнага, цытадэльнага, і з другога - чыстага палацавага будаўніцтва.

Важнейшая літаратура

1) I. Kraszewski. Wilno od początków jego do roku 1750. T. III. Wilno 1840.
2) A. Kirkor. Przewodnik po Wilnie. 1889.
3) M. Baliński. Historja Miasta Wilna. Tom II.
4) Ю Крачковский. Старая Вильна до конца XIII столетия. Вильна 1893.
5) Акты, издаваемые Виленскою Археологическою Комиссиею, том XX.
6) P. Weber. Wilna, eine vergessene Kunststätte. Wilna 1917. Разьдзел II.
7) E. Opловcкий. Гродненская старина. Гродна 1910.
8) B. Schmid. Die Burgruine Traken. - "Das Litauen-Buch", выд. нямецкае 10-е арміі, 1918.
9) A. Тyрцевіч. Трокский замок. Вильна 1901.
10) W. Zahorski. Troki i zamek Trocki. Wilno 1902.
11) M. Шемелевич. Город Лида и Лидский замок. ― "Виленский календарь" нa 1904 год.
12) W. Szukiewicz. Zamek w Lidzie. - " Ziemia", 1911, № 46.
13) И. Глебов. Виленские замки Верхний и Нижний. - " Виленский Календарь" на 1904 год.
14) W. Zahorski. Wilno w rysunkach Fr. Smuglewicza. -"Litwa I Ruś", t. I, zesz. II, 1912, str. 73-78.
15) Wilno z przed stu lat w akwarelach Franciszka Smuglewicza.Wilno 1912.
16) И. Иодковский. Замок в Мире. " Древности. - Труды Комиссии по сохранению древних памятников, состоящей при Московском Археологическом О-ве", т. VI.
17) Инвентарь Мирского графства от 1681 года - там сама.

[1] F. Bunge. Der Orden der Schwertritter. Leipzig, 1875, Стар. 8.

[2] Гл. W. Neumann: Die Ordensburgen im sogenannten polnischen Livland. - "Mitteilungen aus d. livl. Geschichte", XVI, Rigа, 1889. Яго-ж. Военное зодчество в Прібалтийском крае в средние века. - Труды IX Археологического съезда в Вильне", т. I. Л. Сапунов: "Памятники времен древних и новейших в Витебской губернии". Витебск, 1903.

[3] Essenwein.: Die Kriegsbaukunst der romanischen und gotischen Periode. - "Handbuch der Architektur", B. IV. H. I. стар. 125.

[4] Пар. Нейман: Военое зодчество в прибалтийском крае, стар. 32.

[5] W. Neumann: Die Ordensburgen, сіар. 300.

[6] Кладка гэтая па сваёй тэхніцы нагадвае тую кладку, якая ўжывалася пачынаючы з XIII ст. ў некаторых наўгародзкіх цэрквах, дзе яна вядома пад назваю "полубутовой" кладкі, або кладкі "в коробку". У царкоўнай архітэктуры Беларусі такая кладка, відаць, зусім ня ўжывалася, і сустракаецца выключна ў замковых будовах, а таксама наогул у ваенных умацаваньнях.

[7] "Древности", выд. Маскоўскага Архэолёгічнага Т-ва, т. VI, стар. LIV - LV.

[8] В. Schmid. Die Burgruine Traken. - "Das Litauen-Buch", 1918, стар. 82.

[9] Густынскі летапіс над 6760 годам: "Въ то жъ лЂто велікій князь Литовскій Миндовгъ, короноватъ, быстъ. на кролевство Литовское въ Новогродку, за благословеніемъ, папы Инокентія, презъ Генрика бискупа Хелмского, в ПрусЂхъ кардинала папежского". Полное собрание русских летописей, II, 342.

[10] Dr. B. Dybowski: Dwie Świtezie - "Ziemia". 1911, № 9, стар. 131.

[11] Малюнак гэты рэпродукаваны ў вядомай кнізе П. Батюшкова: Белоруссия и Литва, стар 149.

[12] 1) "Древности", т. VI, стар. 204.

[13] Пар., напрыклад, Петрапаўлаўскую царкву ў Смаленску.

[14] М. Ваliński. StaroŜytna Polska, III, 300.

[15] Пар., у Васкрасенскім лстапісу. - "Полное собрание русских летописей, VII, 240" "... Новые Трокы на озерЂ, д†стЂны, камены, а вышній древянъ, а во остро†каменъ.". Таксама з апісаньня, якое зрабіў у 1413 годзе флямандзкі вандроўнік Guillebert de Lannoy, відаць, што замак гэты быў "tout de bois et de cloyes de terre placquées". Гл. Sobieszczański: Wiadomości historyczne o sztukach pięknych w dawnej Polsce. Warszawa, 1847. I, 137.

[16] В. Schmid. Dіе Bugruine Traken. - "Das Litauen-Buch", выд. нямецкае 10 арміі, 1918.

[17] Пар., Essenwein: Der Wohnbau des Mittelalters. "Handbuch der Architektur", IV, 2, стар. 41.

[18] W. Smokowski: Wspomnienie Trok w 1822 г. " Althenaeum" wyd. przez J. Kraszewskiego. T. V, Wilno, 1841. Прымаючы пад увагу каштоўнасць гэтага апісаньня і параўнальную рэдкасьць выданьня, дзе яно зьмешчана, мы публікуем яго ў скарочаным відзе ў дадатку да гэтага разьдзелу.

[19] Пар., W. Zahorski. Troki I zamek Trocki. Wilno, 1902.

[20] В. Schmid, ор.сіt., 81.

[21] Baliński: StaroŜPolska, III, 311-312.

[22]Пар., Schmid, ор. сіt., стар. 82.

[23] Плян гэты рэпродукаваны у W. Oncken: Allgemeine Geschichte, X Teil, I Band.

[24] Рэпродукцыя гэтага варыянту змешчана ў Б. Орловского: Гродненская старина, Гродна, 1910.

[25] Плян гэты рэпродукаваны ў "Актах, издаваемых Виленской Археографической Комиссией", т. XX. Вільня, 1893. Зрзаумела, выданьне кнігі ў 1576 г. яшчэ ня сьведчыць, што ў гэты самы час абавязкова павінен быў быць зроблены і памянёны плян. Хутчэй за ўсё, ён быў зьняты раней, - на нашую думку, як мы гэта зазначым у далейшым, у 40-50-х гадох XVI сталецьця. (Гл. рысунак на стар. 173).

[26] Гл. Guillebert de Lannoy і ego podróŜe. Poznań, 1845.Таксама "Biblioteka Warszawska", 1844, t. IV i Sobieszański: Wiadomości historyczne o sztukach pięknych w dawnej Polsce. Warszawa, 1847. I, 140.

[27] Kraszewski: Wilno, III, 307-311.

[28] Stryjkowski: Kronika, II, 80.

[29] Рэпродукаваны ў Батюшкова: Памятники русской старины в западных губерниях, VI, 2.

[30] Там сама, і Р. Weber: Wilna, eine vergessene Kunststätte. Wilna 1917. Стар. 18.

[31] Малюнкі гэтыя былі зроблены Смуглевічам па заказу кн. Адама Чартарыскага, у ліку 24, тры з якіх зьніклі, а 21 знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага Музэю ў Кракаве. Першае апісаньне іх падаў у 1843 годзе М. Homolicki; гл. "Wizerunki i roztząsania naukowe", 1843, t. 24, зіг. 269-284. Рэпродукцыі з іх часткова апублікаваў W. Zahorski ў сваім артыкуле: "Stare Wilno w rysunkach Fr. Smuglewicza", зьмешчаным у часопісу "Litwa I Ruś" за 1912 г., том I, сшытак 2, стар. 73-78. Цалком яны былі адноўлены ў асобным выданьні: "Wilno z przed stu lat w akwarelach Franciszka Smuglewicza".Wilno 1912. Nakladem księgarni Józefa Zawadzkiego. У гэтым выданьні да рэпродукцый даданы цікавыя даведкі з архіўных крыніц, аўтарам якіх зьяўляецца W. Studnicki. Нарэшце, большасьць рэпродукцый паўтораны ў памянёнай вышэй кнізе Р. Weber'а: Wilno, №№ 7-12, 20-25, 84, 99-100, 125.

[32] Wizerunki i roztząsania naukowe, т. 24, стар. 46-47, увага 1.

[33] У такім ласьне сэнсе, напрыклад, у 1522 годзе складзена была пастанова Жыгімонга Старога, памянёная намі ніжэй пры апісаньні віленскіх цытадэльных муроў, адносна зьмяншэньня ліку ўзброенае варты ў Дольнім замку, з прычыны таго, што "jam Civitas ipsa muro cincta est" - Собрание древних грамот и актов городов Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Часть 1. Вшіыю. 1843. №19.

[34] Пытаньне гэтае наагул зьяўляецца яшчэ зусім нераспрацаваным, але распрацоўку яго мы змушаны пакуль што адкласьці з прычыны немагчымасьці выкарыстаньня патрэбных архіўных крыніц, якія маглі-б знайсьціся, галоўным чынам, у віленскіх архівах. Вядома, напрыклад, што ў Кракаве ў часы Жыгімонта Сгарога працаваў цэлы шэраг італьлянскіх архітэктароў: Franciscus Italicus, Francesco della Lora, Bartolomeo Berecci, Niccolo de Castiglione і інш. Пры дынастычнай супольнасьці Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага няма нічога дзіўнага, калі-б аказалася, што тыя-ж самыя майстры маглі пасылацца і ў Вільню, тым болей, што ў пазьнейшыя часы ўжо добра вядомы выпадкі такой перасылкі артыстычных сіл з Кракава ў Вільню і наогул працы італьлянскіх майстроў у Вільні. Але бясспрэчных матар'ялаў па гэтым пытаньні мы яшчэ ня маем. Між іншым, у нямецкай літаратуры ёсьць паведамленьне, нібыта ў пабудове Дольняга замку ў Вільні бралі ўдзел нямецкія і італьлянскія майстры, запрошаныя ў Вільню з Прусіі. (D-r Karge: Zur Geschichte des Deutschtums in Wilna und Kauen. "Das Litauen-Buch", стар. 97.) Адкуль, аднак, узяты гэтыя весткі - нам невядома.

[35] Адноўлена ў Weber'a: Wilna, стар. 20

[36] И. Глебов: Виленские замки Верхний и Нижний. "Виленский Календарь" на 1904 год, стар. 316-317.

[37] Акты, издаваемые Виленской Археографической Комиссией, т. XX, № 214.

[38] Аб прызначэньні паасобных будынкаў, вылзначаных на пляне Брауна лічбамі, мы ведаем з спэцыяльнага, зьмешчанага на гэтым пляне паказьніку. Падаем з яго частку, датычную замковае тэрыторыі: 1) Das hoche Slochs - Горні замак; 2) Das Slochs - замак (Дольні); 3) Die jong Königinne haus - дом маладое каралевы (г. зн. палац, пабудаваны Жыгімонтам Аўгустам для жонкі сваёй Элізабэты); 4) Die Slochs kirche - замковая царква (Катадральны касьцёл, які ўваходзіў у склад Дольняга замку); 5) S/ Barbara kirch - царква Барбары (на самым пляне не паказана); 6) Der Schatzmeister haus - дом падскарбія; 7) Der König stall стайні; 8) Der Lucerne - "ліхтарня" (так названа вежа ў Дольнім замку з паўночнага боку, г. зн. на беразе Вяльлі); 9) Das deutsch haus - нямецкі дом; 10) Das Trabanten haus - дом драбантаў (вялікакняскае варты).

[39] Аб гэтым паведамляе, напр., Długosz пад 1387 годам: "(Jagello) іn Vilnensi civitate Ecclesiam Cathedralem in Sanctissimae Trinitatis honorem, et sub titulo Sancti Stanislai Pontificis et Martyris gloriosi et magnifici, fundat et erigit," - Historia Polonica (Lipsiae, 1711), liber X, 111.

[40] Аб пераробках гэтых сьведчыць захаваная ў архіве Віленскае Капітулы ўмова віленскага біскупа з нейкім Бэрнардам Занобіі, італьянцам, на перабудову касьцёлу ў цягу пяці год, пачынаючы з 1536. Historya Miasta Wilna przez Michała Balińskiego. Том II. Wilno, 1836. Стар. 79, ув. 12, а таксама запісаная ў Кароннай Мэтрыцы (т. 70. стар. 36-37), ўмова ад 1545 г. з Янам Сіенскім (Iohannes Senensis murator) аб пабудове скляпеньняў (testudines) у віленскай катэдры. Sprawozdania komisy do badania historyi sztuki w Polsce, VIII, zesz. III i IV, 1912, str CCCCLXIII.

[41] Пар. Essenwein: Handbuch der Architektur, II, 4, 2, стар. 183.

[42] З Элізабэтай Жыгімонт Аўгуст ажаніўся ў 1543 г., а ў 1545 г. яна ўжо памерла. Значыцца, калі наагул правільна, што малы палац быў прызначаны ласьне для Элізабэты, дык ён мог быць збудаваны толькі ў цягу гэтых трох год кароткага першага шлюбу Жыгімонта Аўгуста.

[43] Пар. Kraszewski: Wilno, I, 309.

[44] "...іllam Vilnam, suam domum, caeteras urbes et aedificia, quaecunue ierat tanquam aliena haberet et apellaret. In qua etiam balnea , hortos, recessus, et nescio quae non alia magno sumptu et diligentia aedificare reliquit, et per omnes occasiones, quibus a Polonia abesse licebat, libentius quam alibi habitavit". Warszewicki: Vitarum Paralellarum liber II, 332-333. Акты, издаваемые Виленскою Комиссиею, XX, стар. LХXII, ув. 3.

[45] Pamiętnik Warszawski czyli dzieńnik nauk I umiejętności. Tom II. Warszawa,1815. Str. 155.

[46] Пар. Sobieszański, ор. сіt., II, 137.

[47] Ёсьць, напрыклад, весткі, што ў пабудовах гэтых прымалі ўдзел італьлянцы Giovanni Maria I Giovanni de Senis. Baliński: Historya Miasta Wilna,II, 94.

[48] Вядома, між іншым, што ў 1543 годзе для нейкіх пабудоў у Дольнім замку забраны быў пляц, які налсежаў Катадральнаму касьцёлу, замест чаго апошні атрымаў новы пляц на Антокалі. (Kraszewski: Wilno, I. 239-240). Магчыма, што ў гэты час ужо была запроектавана прыбудоўка новага замковага корпусу, прылеглага да Катэдры, якая і адбылася ў крыху пазьнейшыя часы.

[49] Пар., напр., М. А. de Bovet. Cracovie. Paris, 1910. Стар. 66.

[50] Фотографічны здымак яго зьмешчаны ў монографіі Weber'a: Wilna, мал. 122 на стар. 115.

[51] Пар., напр., нямецкае " Burg"; таксама " горад", што паходзіць ад "гарадзіць" - г. зн. " агароджанае месца", тэрыторыя, абведзеная агародай.

[52] Густынскі летапіс пад 7013 (1505) годам. Полное Собрание Русских Летописей, II, 364.

[53] Собрание древних грамот и актов городов Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Часть I. Вильно 1843. № 14, стар. 18-19.

[54] Ibidiem, № 19, стар. 26-28.

[55] Па сьпісе Homolickiego №№ 7-12 уключна.

[56] W. Zahorski. Stare Wilno w rysunkach Fr. Smuglewicza. "Litwa I Ruś". Miesięcznik poświęcony kulturze, dziejom, krajoznawstwu I ludoznawstwu. Pod redakcja Jana Obsta. Tom I, zeszyt II, Luty 1912. Str. 78.

[57] Брама гэтая знаходзілася непадалёк ад касьцёлу Стэфана (Zahorski, ор. сіt., стар. 77), і была зруйнавана ў 1800 г. - Wilno z przed stu lat w akwarelach Franciszka Smuglewicza, стар. 17.

[58] Wilno z przed stu lat w akwarelach Franciszka Smuglewicza , стар. 17.

[59] Знаходзілася ў найпышэйшым пункце віленскіх муроў, на Бакшце. Zahorski, ор. сіt., 77. Таксама Ю. Крачковский: Старая Вильна до конца XVIII ст. Вильна 1893, стар. 65. Зьбіта ў 1801 г. - Wilno z przed stu lat…, стар. 17.

[60] Праўда, трэба зазначыць, што самы край яе паказаны па малюнку Смуглевіча ўжо зруйнаваным.

[61] 1-я войтаўская кніга, 248, № 247, якую цытуе Homolicki.

[62] Усе яны знаходзяцца ў Заходняй Беларусі, г. зн. якраз у тэй частцы, якая цяпер належыць Польшчы, і дзе дасьледчая праца па вылучэньні старажытных помнікаў, пакуль што, для нас немагчыма.

[63] Праца гатая была зроблена ў 1915 годзс І. Iодкоўскім, які апублікаваў шэраг здымкаў, плянаў і зарысовак у томе VI "Древностей" Камісіі па ахове старажытных помнікаў Маскоўскага Архэолёгічнага Т-ва (стар. LIV - LХХІІ).

[64] Магчыма, нават, што ў параўнаньні да памянёных матар'ялаў Іодкоўскага праца па месцы і не магла-б даць большы лік належных даных, паколькі ў 1915 годзе замак знаходзіўся яшчэ ў досыць добрым параўнальна становішчы, а ў часе апошняе вайны быў ледзь не дашчэнту зруйнаваны. Есьць весткі, нібыта ў апошнія часы робіцца яго рэстаўрацыя; але невядома, насколькі яна адпавядае ранейшаму выгляду будовы, і ў кожным выпадку гэта ўжо ня тое, што беспасрэдна захаваны ад старадаўніх часоў будынак, якім ён быў у часе дасьледваньня Іодкоўскага.

[65] Гл. Інвэнтар Мірскага графства ад 1681 году - "Древности" т. VI, стар. LХХI.

[66] Яшчэ раз нагадваем, што ўсё нашае апісаньне пагрунтавана на фотографіях і рысунках, зробленых у 1915 годзе I. Іодкоўскім і, значыцца, падае дэталі тагочаснага выгляду будынку. Пазьнейшыя разбурэньні ў цягу апошняе вайны шмат што ў ім грунтоўна зьмянілі.

[67] Між іншым, Іодкоўскі дапушчае магчымасьць, што ўся пабудова палацу адбылася ў некалькі прыёмаў ("Древности" VI, стар. LХІХ). Гэтаму супярэчыць аднак стылістычнае адзінства ўсіх трох паверхаў, прычым дэталі іх бясспрэчна належаць да XVI ст.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX