Папярэдняя старонка: Мастацтва

Іпэль А. Беларускае мастацтва 


Аўтар: Іпэль А.,
Дадана: 25-09-2015,
Крыніца: Іпэль А. Беларускае мастацтва // Спадчына №3-1996. С. 273-288.



Тэкст працы А. Іпэля друкуецца паводле брашуры віцебскага выданьня 1925 г. Тады Віцебшчына толькі што далучылася да ССР Беларусі, i выдаўцы папрасілі прабачэньня ў чытача за тое, што ў друкарні няма літараў "ў" i "ё". Іншыя асаблівасьці мовы перакладу захаваныя.

ПЕРАКЛАД З НЯМЕЦКАЕ МОВЫ З. ГАРБАЎЦА і М. КАСЬПЯРОВІЧА

Прадмова перакладчыкаў

Доўгі час Беларусь не магла карыстацца сваймі сувэрэннымі правам i. Гэта перашкаджала мець свае вышэйшыя навуковыя установы i ўсебакова дасьледаваць свой прастор, прыроду, мастацтва i д. п., тварыць сваё бытаваньне. А калі й было якое-колечы зьбіраньне матарыялаў i распрацоўка ix нашымі суседзямі, дык з вядомага вялікадзяржаўнага пункту погляду - самаўладзтва, праваслаўе, велікаруская народнасьць, або ўсяпольская ідэя, каталіцтва і г. д,

Калі Вешацель пасьля прыдушэньня беларускага паўстаньня 1863 году пачаў рассылать па Беларусі розныя "навуковыя" экспэдыцыі, каб давесьці, шпю Беларусь спрадвеку заходні "истинно-русский край", былі пасланы й мастакі з мэтаю вынікамі сваіх досьледаў давесьці, што беларускаго мастацтва таксама не было. Але мастак Струкаў зрабіў зарысоўкі грамадзянскага і культавога, (касьцельнага, царкоўнага, сынагогальнага) беларускага мастацтва больш менш об'ектыўна. Зразумела, што ў яго зарысоўках ні Вешацель, ні яго прысьпешнікі не знайшлі нічога "истиннорусского". Альбом Струкава быў закінены i толькі значна пазьней адшуканы Е.Р.Раманавым.

Раманаў напісаў працу аб альбоме Струкава ("Зап. Сев.-Зап. От. Имп. Рус. Геогр. О-ва т. 3), а таксама ў аднэй з сваіх другіх працаў ("Старина доисторическая Сев.-Зап. Края") закрануў найстарадаўнія курганавыя помнікі беларускага мастацтва.

А далей было шмат працаў з паказанага намі пункту пагляду, бадай што, да апошняга часу. Часамі, як, напрыклад, проф. Паўлуцкім у вядомым выданьні Грабара ("История русского искусства вып. 8) беларускія помнікі мастацтва адпосіліся да ўкраінскіх.

Цікавасьць да беларускага мастацтва нарастав асабліва ў канцы 19 сталецьця i пачатку 20. Аб помніках беларускага мастацтва гавораць: Паўлінаў у "Древних храмах Витебска и Полацка "Истории русской архитектуры", Іодкоўскі ў "Древностях " змяшчаючы там працы: "Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси "i "Замок в Мире а таксама Кандакоў i Таўстой у "Русских древностях" i інш. Гэтыя аўтары ўжо патроху разглядаюць нашы помнікі з спэцыяльна гістарычнамастацкага, а ня толькі археолёгічнага боку.

Ды й самі беларусы аднавілі першапачатковую працу зьбіраньня i вывучэньня беларускага мастацтва. Вядомы беларускі культурны дзеяч Іван Луцкевіч наладзіў у Вільніў 1913 годзе цікавую выстаўку сучаснага беларускага народнага мастацтва. Апрача таго, ён сабраў найкаштоўныя зборы мастацкіх рэчаў беларускае старасьветчыны.

З цягам часу Беларусь перажыла разам з іншымі народамі панаваньне царскага самаўладзтва. Пашла ў нябыцьцё Кераншчына. З Берасьцейскаю згодаю нямецкая акупацыя апанавала Беларусь. У працівагу панаваньню расійскага самаўладзтва ў мірных абставінах немцы з штыхом у руках рабілі вялікую культурную працу na дасьледаваньню прыроды, быту, экономікі, шляхаў зносін i да таго падобнага. У гэтым кірунку вялікая Беларусь прадстаўляла амаль што непачаты прастор.

Па ініцыятыве Івана Луцкевіча сыстэматычна i плянава над беларускім мастацтвам у часе акупацыі працавалі дактары: Іпэль i Гайгалат i профэсары: Швіндрацгейм i Вэбэр з 10 арміі. Пры дапамозе Луцкевіча Іпэлем былі арганізаваны дзьве выстаўкі беларускага мастацтва - у Менску i ў Вільні. Да ix Іпэлем супольна з Луцкевічам былі ўложаны два каталёгі з каштоўнымі ўвагамі ў тэксьце. У гэты час Луцкевічам быў зьмешчаны ў газэце 10 арміі артыкул аб беларускім мастацтве. Апрача таго, як вынік дасьледаваньня, зьбіраньня й вывучэньня нямецкімі вучонымі беларускага мастацтва засталіся ix працы, выданыя 10 арміяй: Вэбэра аб Вільні, Гайгалата i Швіндрацгейма аб літоўскіх мастацкіх помніках і Іпэля артыкул аб беларускім мастацтве, які мы й падаем тутака ў перакладзе на беларускую мову.

Артыкул Іпэля мае бясспрэчна вялізарнае выключнае значэньне, як першы, што асьвятляе беларускае мастацтва ад яго пачатку ў сувязі з месцам яго разьвіцьця й рознымі ўплывамі на яго. Затым ён павінен быць крыніцаю, адкуль можна чарпаць першапачатковыя веды аб розных галінах беларускага мастацтва.

Артыкул, бязумоўна, не прэтэндуе на вычарпанасьць i скончанасьць, ня ставіць сабе мэтаю дасьледаваць дасканала ўсе галіны беларускага мастацтва, ix гісторыю. Ён зьяўляецца вынікам нядоўгай працы Іпэля які сам кажа, што далей патрэбна падрабязнае, дакладнае дасьледаваньйе, што й высьветліць канчаткова гісторыю беларускага мастацтва, а таксама ўнясе шмат каштоўнага ў гісторыю агульнага мастацтва.

Зусім слушна Іпэль паказвае, што польскае мастацтва ні ў якую эпоху не рабіла ўплыву на беларускае. Нам вядома з гісторыі, што польскае мастацтва заўсёды пераймала ад каго хаця і ніколі ня было кіруючым у разьвіцьці мастацтва, апрача аднаго выпадку ўплыву Матэйкі на "передвижников", адыграўшага значную ролю ў заняпадзе малярства на тэрыторыі былой Расіі.

Наступным дасьледчыкам беларускага мастацтва прыдзецца дэталёва распрацаваць бегла зачэпленыя Іпэлем пытаныіі i ўлажыць у ix конкрэтны зьмест, як, напрыклад, пытаньне беларускага малярства ў Польшчы, аб гравюрах, якія адыгралі значную ролю ня толькі ў Беларусі, але i для ўсяе тэрыторыі былой Расіі i г. д. Зусім не зачэплена Іпэлем існаваньне адначасна некалькіх школ гравюры, што відаць з ілюстарцыяў да артыкулу. А яны маюць значэньне нават i для сучаснага разьвіцьця мастацтва. Аб'ёмная трактоўка аб'ектаў на плошчы, монумэнтальная пабудова фігураў, ня гледзячы на невялікую велічыню ўтвараюць уражаньне помнікаў у прасторы. А ў другім адменьніку - зусім плоскасная трактоўка фігураў, іншае разьвязаньне прастору i г. д.

Але ўсё-ж, як мы ўжо казалі, цяперака, у адноўленай працы дасьледаваньня беларускага мастацтва й яго разьвіцьця, артыкул Ірэля будзе карысным як для шырокіх колаў грамадзянства, так i для дасьледчыкаў.

М. Касьпяровіч. З. Гарбавец. Віцебск, 1.02.25.

БЕЛАРУСКАЕ МАСТАЦТВА

А. Іпэль

Лес беларускае краіны быў заўсёды цяжкім. Як стары дзяржаўны мост паміж вадзяным прасторам i дрыгвянымі балотамі, яшчэ ад першабытнага гістарычнага часу яна зьяўлялася абарончым месцам гульні Арэса. З часаў старадаўніх норманскіх князёў, што аваладалі краінаю дрыгвічоў у 9 i 10 сталецьцях, тутака, паміж Кіевам, Менскам i Полацкам аж да часоў Напалявона лютавала барацьба. I ў апошнюю вайну застаецца такі самы малюнак - прыліў туды й сюды, з усходу на захад, ваенных гушчаў з усімі жахлівымі вынікамі, руйнаваньнем i спусташэньнем. Тутака ня было грунту для захаваньня рэштак старасьветчыны, дзе-б маглі ўсталявацца мастацтва i культура. Яны прадстаўляліся самі сабе. Кал i, напрыклад, у багаты кругабег гісторыі Менску за першыя 500 гадоў захаваліся цэлых два паданьні, аднаўляючыя стан, у якім знаходзіліся мастацкія i архіўныя рэшткі старасьветчыны краіны, асьветленыя ў выстарчаючай меры, - дык адно некаторыя мясцовасьці даюць нам жывы абраз працякаўшай высокай культуры краіны, што здолела ўтварыць гэта. Выстаўка беларускага мастацтва ў Менску ў 1918 годзе ўсё-ж паказвае, што пры дакладным дасьледаваньні можа знайсьціся шмат выдатных старых мясцовых мастацкіх твораў.

Каштоўным, прыродным музэем беларускага мастацтва зьяўляецца аддаленае глухое невялічкае места Слуцак на паўночным усходзе ад Менску. Розныя прычыны захавалі ў гэтым месьце старажытнасьці незачэпленнымі. Значным зьяўляецца тое, што ўладары краю - князі Алелькі й Радзівілы на ўладу праваслаўнае царквы не пасягалі, а вуніяты ў тых краёх мелі зусім невялічкі ўплыў польскае каталіцкае царквы. Тры старых найвыдатных драўляных царквы 15 сталецьця зьдзіўляюць мецэнатаў мастацтва, адведаўшых гэтыя малюнкі места. Адна з ix, Юраўская царква, што захавала яшчэ й цяперака свой стары іконастас, рэзаны i расьпісаны мясцовымі мастакамі, галоўным чынам, у яе надзвычайнай аздобленасьці, у яе прыемнай гармоніі, зьяўляецца красою ўсіх беларускіх цэркваў. Са сказанага відаць, што ў Слуцку можна знайсьці творы старой беларускай маляўнічай школы, якіх, зразумела, у цяперашні час у кніжках па гісторыі мастацтва яшчэ ня знайдзеш. Найстарадаўнія весткі аб гэтай школе знаходзяцца ў надпісу аднаго твору 15 веку ў Кракаўскім саборы, які кажа, што мастакі места Вільні выканалі гэты твор па загаду ўладара Казіміра Ягайлавіча. Прыгожы абраз Мадонны на Вострай Браме ў месьце Вільні ёсьць таксама твор, што адпавядае старой беларускай школе. Слуцкія цэрквы захоўваюць разнавобразныя малюнкі 17 i 18 сталецьцяў.

Іншыя добрыя мастацкія творы сабраны ў Магілёўскім храме-музэі, галоўным чынам, зьбіральнікам дарэктарам Строганавым. Тамака зьмешчана множ прыгожых беларускіх старажытнасьцяў, выратаваных ад гібелі. Зьдзіўляе, што ва ўсіх гэтых творах нязначны ўплыў візантыйска-расійскае школы. Кідаецца ў вочы сувязь з нямецкім мастацтвам, што добра перадавалася цераз Балтыку. Асабліва гэта засьведчываюць сярэбрана-выбіўныя працы. Дзьве вялікіх сярэбраных плашчаніцы Магілёўскае брацкае царквы азначаюць, нават без надпісу, што беларус Ваўчок, як мастак, блізкі да данцыгскіх працаў. Абраз Міхаля ў храме-музэі таксама гэта сьведчыць. Надзіва добра напісана данцыгская сярэбраная марка на мячы арханела!

Зусім сваеасаблівы Слуцкія сярэбраныя тканіны. Тульпаны й васількі - ix пераважны матыў. Каштоўныя старыя бармы i дыядэмы з уладаньняў Алелькаў зьяўляюцца аздобаю ў Слуцкай Тройцкай царкве.

Малярства міньятураў было ў стане значнага росквіту: амулеты, нацелыіікі былі прадстаўлены ў шмат якіх сёлах. Амаль што кожная веска мела манаполію на аднаго азначанага сьвятога. Другая веска анначанага вобразу маляваць не магла. Ксілеграфія ў высокім i нізкім мастацтве шмат практыкавалася. Аб гэтым сьведчаць шмат дабраватых гравюраў у старых кнігах. Асабліва гэта прадстаўлена ў вядомых беларускіх бібліях. Паасобныя часткова высока-мастацкія антымінсы або абразы ў праваслаўнай царкве ўтвараюць інтэгральны малюнак. Народ да сяго часу ўжывае ксілеграфію для друкаваньня на сваіх палотнах раскошных узораў (крашаніна).

Беларускае народнае мастацтва, так сама як літоўскае, прызвана яшчэ раз адыграць значную ролю ў гісторыі мастацтва. Але няхай будзе коратка азначана ў якой сувязі. Паказаныя краіны ўтвараюць мяжу паміж усходам i захадам на поўначы Эўропы. Першабытна-значны Дняпроўскі шлях нёс апошні ўплыў візантыйскага i старагрэцкага мастацтва ў ix. Бясспрэчна, мы яшчэ раз находзім тутака асноўныя формы грэцкага тэатру i грэцкіх храмаў у акрэсьленых гаспадарчых будовах, як, напрыклад, у надворных сялянскіх будынках у Рагачоўскім павеце, што збудаваны па пляну i ўзору элінска-раманскіх вілаў. Вядомыя беларуска-літоўскія крыжы ні ў якім выпадку ня знойдзены тутака. Нам вядомы такія самыя формы, напісаныя на антычных фрэсках. Я к звычайна, форма старадаўняпаганскага культу малярства былі тутака хрысьціянізаваны. Так званыя наміткі й пасакі прэемственна бяруць свой пачатак ад грэцкае тэніі. Ці ня дзіва, што беларуская сялянка, таўчэ свае крупы па сёняшні дзень таўкачамі, аднакімі па формах з тымі, якія ў пятым сталецьці перад нараджэньнем Хрыста мы знаходзім на адным малюнку Полігнота ў. руках траянскіх жанчын, калі яны абараняюцца ад грэкаў? (Wgl; S. 31).

Паміж іншым, у 18 сталецьці мы знаходзім на тэрыторыі Беларусі дзьве надзвычайных вытворчасьці сусьветнае значнасьці - Слуцкія паясныя фабрыкі i Урэчынскія шкляныя заводы. Трэба сказаць, што ў абедзьвюх фабрыках аб "польскім" мастацтве ня можа быць ніякай гутаркі. Кіраўнік i галоўны мастак паясное фабрыкі Леў Маджарскі, прыраджоны вэнгр, будучы ў турэцкім палоне навучыўся тканьню паясоў i прыгожым візантыйскім узорам. (Паміж іншым, ён дзед "польскага" композытара Манюшкі.) У Урэччы працавалі амаль што толькі нямецкія майстры i падмайстры - Вахстрэм, Каўфэль, Флеск i інш.

Беларусь яшчэ хавае ў сабе шмат невядомых каштоўнасьцяў, што маюцьбольш чым гістарычнае значэньне, Прыдзе час, калі аб ix будуць гаварыць. Гэта будзе тады, кал i прыдзе час для самой Беларусі,.

БЕЛАРУСКАЕ КУЛЬТУРНАЕ АДРАДЖЭНЬНЕ ВАЧЫМА НЯМЕЦКІХ ВУЧОНЫХ

Уладзімер САКАЛОЎСКІ

На хвалі пасьлярэформавага руху ў Беларусі, паўстаньня 1863г. пад кіраўнідтвам К.Каліноўскага, спакваля прарэзваюцца заглушаныя царскім рэжымам кволыя парасткі нацыянальнага адраджэньня. Крывавыя падзеі тых гадоў гулкім рэхам пракаціліся па Эўропе. Яны абудзілі цікавасьць да лесу беларускага народу, да яго духоўнага сьвету ня толькі сярод мясцовай інтэлігенцыі, навукоўцаў расейскай i польскай арыентацыі, але i далека на Захадзе, дзе да гэтага часу не было пэўнага ўяўленьня пра Беларусь.

Пад узьдзеяньнем народніцкага руху i разьвіцьця новае беларускае літаратуры, а пазьней дзякуючы рэвалюцыйным падзеям 1905-1907гг. i ажыўленьню беларускае прэсы адбываліся зьмены, што садзейнічалі фармаваньню беларускай інтэлігенцыі, разьвіцьцю й станаўленьню нацыянальнае самасьвядомасьці народу. Гэтым i быў напачатку XX ст. абумоўлены інтэнсіўны працэс беларускага нацыянальнага адраджэньня. Дзякуючы гэтаму руху i спалучэньню шэрагу гістарычных акалічнасьцяў - такіх, як Першая сусьветная вайна, палітыка немцаў у дачыненьні да "народаў ускраінаў" - выяўляе актыўную цікавасьць да Беларусі маладая нямецкая славістыка.

***

Адраджэньне беларускае культуры, разьвіцьцё новае беларускае літаратуры, станаўленьне ў Заходняй Эўропе славістыкі, працы польскіх, расейскіх, а затым i эўрапейскіх вучоных пра Беларусь - найбольш значныя чыньнікі, якія ўжо ў XIX ст. садзейнічалі паступоваму пранікненьню зьвестак пра беларускую культуру ў Нямеччыну. Друкаваліся яны ў часопісах: "Altpreussische Monatschrift", "Am Urquell", "Globus", "Ost und West", "Slavonika", але галоўным чынам у вядомым славістычным часопісе "Archiv fur slavische Philologie", заснаваным у 1875г. у Бэрліне выдатным харвацкім вучоным В.Ягічам.

Рудольф Абіхт (1850-1921).

Значная ўвага на ягоных старонках надавалася пытаньням старажытнае беларускае літаратуры. Да ix зьвярнуліся тады вядомыя славісты А.Брукнэр, В.Ягіч, Р.Абіхт, М.Мурко, А.Лескін i іншыя. Нагадаем найбольш значныя іхныя публікацыі: "Аб Супраскім летапісе", "Бібліяфафічнае", "Дзе атрымаў вучоную ступень Скарына?" А.Брукнэра, "Паказьнік літаратурных крыніцаў Супраскага летапісу" Р.Абіхта, "Галосныя "ъ" i "ь" у Супраскім летапісе" А.Лескіна, "Сьляды кувады ў Беларусі" В.Ягіча y шмат іншых.

Аляксандар Брукнэр (1856-1939).

У "Архіве", акрамя таго, расейскімі i эўрапейскімі вучонымі А. Весялоўскім, А.Брукнэрам, М.Мурко былі прарэцэнзаваныя найлепшыя тагачасныя беларусазнаўчыя публікацыі: працы "Агляд гукаў i формаў беларускай мовы" Я.Карскага, "Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданьні i мова" П.Уладзімірава, чэскімі славістамі М.Мурко i Ю.Паліўкам дэталёва прааналізаваныя найбольш папулярныя зборнікі беларускага фальклёру "Гомельскія народныя песьні" З.Радчанкі, "Беларускі зборнік" Е.Раманава, "Матэрыялы для вывучэньня побыту i мовы расейскага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю" П.Шэйна, першыя выпускі грунтоўнай этнаграфічнай працы М.Федароўскага "Люд беларускі на Русі Літоўскай", зроблены абагульняльны агляд "Новых славянскіх зборнікаў казак", у тым ліку i беларускіх.

Нават кароткі агляд публікацыяў "Архіву" паказвае, што на ягоных старонках знайшлі месца шматлікія праблемы беларускае філялёгіі. I хаця ў "Архіве" не адлюстраваныя пытаньні разьвіцьця новае беларускае культуры, тым ня менш ён меў выключнае значэньне для знаёмства зь беларусістыкай на Захадзе.

Асабліва хацелася б зьвярнуць увагу на нямецкамоўную спадчыну ў галіне беларускае філалёгіі славутага польскага вучонага Аляксандра Брукнэра. Ягонаю першаю i найбольш значнаю публікацыяй у гэтай галіне стаў разгляд выдатнага помніка старажытнага беларускага пісьменства "Беларускі «содех miscellaneus» зь бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані", куды ўвайшлі Літоўская хроніка, беларускія пераклады сярэднявечных аповесьцяў: "Аповесьць аб Трышчане", "Аповесьць аб Баве", "Гісторыя аб Атыле, каралю ўгорскім". I хаця "Познанскі кодэкс" ужо згадваўся О.Бадзянскім, аднак упершыню найбольш шырока i грунтоўна яго ахарактарызаваў А.Брукнэр, надаўшы "Кодэксу" значэньне найважнейшага помніка беларускае мовы й літаратуры. Акрамя таго, ён засьведчыў крыніцы перакладу i даў даволі падрабязную характарыстыку ягонай мове. Брукнэр з упэўненасьцю пісаў: "...Найважнейшыя характэрныя рысы мовы ["Познанскага кодэксу"] у гуках, формах i словах - беларускія, якія пасярэднічаюць паміж малаi вялікарускімі, аднак ані зь першымі, ані з другімі не супадаюць: калі б спатрэбілася, то можна было б толькі на падставе гэтага помніка пераканаўча даказаць самастойнасьць беларускае мовы".

Пазьней зьявіліся іншыя цікавыя беларусазнаўчыя Дасьледаваньні Брукнэра: Аповесьць аб трох каралях-валхвах паруску" i "Жарсьці Хрыстовыя на польскай i расейскай мовах", "Прывіды Тундала ў чэскім i расейскім перакладзе", "Польска-рускія інтэрмэдыі XVII стагодзьдзя", "Руска-літоўская царкоўная вунія i яе літаратурныя помнікі" i шмат іншых. I калі разгледжаныя ім "Жарсьці Хрыстовыя" былі ўжо вядомыя расейскім дасьледнікам, то ў выпадку з "Прывідамі Тундала" Брукнэр быў адкрывальнікам рукапісу, што засьведчыў у публікацыі "Аб мове так званых літоўскіх летапісаў" Я.Карскі, які кампэтэнтна сьцьвярджаў, што гаворка тут пра рукапіс са збору Сьвідзінскага зь бібліятэкі Красінскіх. Гэты тэкст быў пададзены ня цалкам, а толькі ўрыўкамі. Усе зьвесткі пра ягоную беларускую вэрсію засноўваюцца на артыкуле Брукнэра, i каштоўнасьць яго расьце, бо, як мяркуюць дасьледнікі, рукапіс загінуў у час ваеннага ліхалецьця.

Аднак яшчэ цікавейшым i значнейшым стаў ягоны разгляд польска-рускіх інтэрмэдыяў. У ім дасьледуюцца дзевяць пецярбурскіх рукапісаў са збору братоў Заслаўскіх, дзе пададзеныя камэдыі, трагедыі, інтэрмэдыі ды вершы на польскай, беларускай, украінскай, літоўскай i іншых мовах. З разнастайных матэрыялаў дасьледнік выбраў пераважна школьныя інтэрмэдыі, якія ён справядліва адносіць да польскае літаратуры, але ў той жа час гэта i яскравыя ўзоры беларускае народнае мовы XVII- XVIII стст., літаратурнай яе апрацоўкі палякамі. Погляду Брукнэра, што інтэрмэдыі напісаныя ўжо новаю беларускаю моваю, трымаюцца зараз i многія беларускія мовазнаўцы. Сёньня артыкул Брукнэра мае асаблівую каштоўнасьць, бо тэксты інтэрмэдыяў, знойдзеныя ім, загінулі ў часе Другое сусьветнае вайны, i пра ix можна меркаваць толькі з цытатау i пераказу у нямецкім славістычным часопісе.

Сам пералік публікацыяў сьведчыць, што Брукнэр разгледзеў шматлікія праблемы старажытнае беларускае філялёгіі. Ён паказаў, што ўжо ў ХVІст. у Беларусі існавала багатая перакладная літаратура, уласная школа перакладу: іншаземныя творы перакладаліся ня толькі з польскай, але з лацінскай, чэскай, сербскай i іншых моваў. Аднак асаблівае значэньне мела тое, "што Брукнэр з самага пачатку разглядаў беларускую мову не як рэгіянальны варыянт расейскае ці нават польскае, а як самастойную, трэцюю ўсходнеславянскую мову побач з расейскай i ўкраінскай, якая мела ўласную старажытную літаратурную форму... Брукнэр назваў характэрныя адзнакі беларускае літаратурнае мовы, што ўжо існавалі ў ХУІст. i адрозьнівалі яе ад вялікарускае літаратурнае мовы: гэта поўнае вызваленьне ад залежнасьці царкоўнаславянскае, ня толькі ў галіне лексыкі, але i марфалёгіі, ад многіх лексычных палянізмаў".

Да філялёгічнае спадчыны Брукнэра трэба далучыць яго нямецкамоўную публіцыстыку, прысьвечаную Беларусі. Яна друкавалася ў часе Першае сусьветнае вайны ў нямецкамоўных часопісах "Роіеп", што выдаваўся ў Бэрліне, "Polnische blatter", які выпускаўся ў Вене, ці зьяўлялася асобнымі выданьнямі. У шматлікіх публікацыях польскі вучоны ня толькі абуджаў цікавасьць да Беларусі, але, баронячы польскасьць, рэзка крытыкаваў Літву за яе прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі, паказваў, што Вялікае Княства Літоўскае ў сваёй сутнасьці беларуская дзяржава, а яе Літоўскі статут - помнік беларускай дзяржаўнай i юрыдычнай думкі.

Плённы ўклад Брукнэра ў беларусістыку, на жаль, пасапраўднаму не ацэнены. Зьвернем увагу з гэтае нагоды на выказваньне вядомага нямецкага мовазнаўца К.Гутшміта, які ў артыкуле "Да беларускай філялёгіі" пісаў:. "Як вядома, гэта ён (Брукнэр) зьдзейсьніў дзеля польскае гісторыі мовы самую адказную падрыхтоўчую філялягічную працу. Нашмат менш вядомымі i ўсё яшчэ недастаткова ацэненымі зьяўляюцца ў гэтым сэнсе яго набыткі ў дасьледаваньні старажытнае беларускае мовы i літаратуры. Ён быў ня толькі першым славістам па-за межамі тагачаснае Расеі, але адным зь першых славістаў наагул, які ўзняў беларускую мову, гісторыю беларускае літаратуры i культуры на ўзровень самастойнага прадмета дасьледаваньня i тым самым садзейнічаў разьвіцьцю гэтае галіны славянскай філялёгіі".

Вядома, больш значнае дачыненьне нямецкае грамадзкасьці да нашага краю адбылося пазьней, у часе Першае сусьветнае вайны, калі кайзэраўскія войскі захапілі Беларусь. Тады, пасьля многіх стагодзьдзяў забароны, нарэшце афіцыйна была прызнаная (1916) беларуская мова, адкрытыя першыя беларускія школы, праводзілася значная культурна-асьветная праца. Нягледзячы на жорсткі акупацыйны рэжым, Нямеччына ў многім садзейнічала ня толькі далучэньню нашай краіны да цывілізаваных асноваў эўрапейскага жыцьця (адкрыцьцё мэдычных пунктаў i больніцаў, пашырэньне чыгунак i вузкакалеек, будаўніцтва дарогаў i шашовых магістраляў), але ў пэўнай меры, дзякуючы палітыцы вызваленьня "народаў ускраін", спрыяла разьвіцьцю нацыянальнае сьвядомасьці беларусаў. Значны ўклад у разьвіцьцё беларускае культуры ўнесьлі тады нямецкія вучоныя праф. Р.Абіхт, д-р А.Іпэль, публіцыст В.Егер.

Тады ж беларуская культура знайшла шырокае адлюстраваньне i ў нямецкай прэсе: ''Zeitung der 10. Armee", "Grodnoer Zeitung", "Deutsche Kriegzeitung von Baranowitschi", "Nowogrodecker Kriegszeitung", "Pinsker Zeitung", " Bialostocker Zeitung", "Wilnaer Zeitung", "Die Wacht im Osten" i інш., што выдаваліся на акупаванай тэрыторыі. На іхных старонках у разьдзеле "Мясцовыя навіны" зьмяшчаліся шматлікія артыкулы, рэцэнзіі, паведамленьні, эсэ, апавяданьні, вершы, рысункі, а таксама пераклады зь беларускае літаратуры i вуснае народнае творчасьці, якія ахоплівалі амаль усе важнейшыя аспэкты беларускага культурнага жыцьця. Акрамя матэрыялаў пра тэатар ("Беларускі тэатар" В.Егера), літаратуру ("Літоўскі паэт Людвік Кандратовіч" С.Д.), кнігадрук ("Першая беларуская Біблія", "Кнігадрукаваньне ў Вільні" В. Студніцкага), мастацтва ("Выстава новага мастацтва"), гісторыю ("Княжацкі род Радзівілаў"), рэлігію (Рэфармацыя ў Беларусі"), этнаграфію ("Этнаграфічныя назіраньні над матэрыяльнай культурай беларусаў" Ф.Куршмана), друкаваліся вершы ("Баранавічы", "Травень у Баранавічах" Б.Вэра, спэцыяльны паэтычны зборнік "Альбом паэзіі пра Шчару"), проза (сэрыя апавяданьняў "Ля Шчары" Паўля Цымэрмана), нарысы ("Пеўчыя птушкі Беларусі", "Кветкі Беларусі" Р.Гесэля), успаміны ("Аб баях за Баранавічы"), незабыўныя малюнкі В.Фэста i Ф.Шорлінга. Чатыры аб'ёмныя выпускі, прысьвечаныя дасьледаваньню жывёльнага i расьліннага сьвету Белавескае пушчы - "Белавежа пад нямецкім кіраўніцтвам" i шмат іншага.

Найбольш значныя заслугі ў дасьледаваньні беларускае культуры выпалі на долю брэслаўскага славіста Рудальфа Абіхта. У 1916г. ва ўзросыде 66 гадоў ён актыўна бярэцца за вывучэньне беларускае мовы i неўзабаве авалодвае ёю. Абіхт быў першым замежным вучоным, які ў 1916г. распачаў у Брэславе чытаньне ўнівэрсытэцкага курсу беларускай мовы для студэнтаў i чыноўнікаў нямецкай адміністрацыі ў Беларусі. А ў 1917-1918гг. выкладае яе для беларускіх навучэнцаў у настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы. У 1918г. ён разам зь Янам Станкевічам выдае лемантар "Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным" для тых, хто хацеў хутка авалодаць беларускай мовай.

Абіхт першы сярод нямецкіх вучоных усталяваў шчыльныя й шырокія кантакты з прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі i беларускаю прэсаю. Ягонаму пяру належалі шматлікія пераклады i артыкулы як на нямецкай, так i беларускай мовах, што публікаваліся ў "Гомане", у нямецкіх часопісах i газэтах. Найбольш значны ягоны гістарычны агляд "Са старой i новай гісторыі Беларусі", дзе прасочаны лёс беларускага народу ад часоў Русі да 1918г.

Абіхт таксама ўзяў чынны ўдзел у выданьні першай кнігі па-нямецку. пра нащую краіну"Беларусь", падрыхтаваўшы для яе разьдзелы; "Духоўная культура", "Зь беларускае літаратуры", "Зь беларускае вуснае народнае творчасыці", куды, акрамя артыкула, увайшлі перакладзеныя ім мастацкія творы Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Баршчэўскага, нізка беларускіх народных песьняў i падборка найлепшых беларускіх казак. Акрамя таго, нямецкі славіст падрыхтаваў i меў намер выдаць на нямецкай мове беларускую граматыку i гісторыю беларускае літаратуры, аднак сьмерць (1921) перашкодзіла здзяйсненьню яго добры:х намераў.

На жаль, беларусазнаўчая дзейнасьць Р.Абіхта не знайшла да апошняга часу належнае ацэнкі ні.ў беларускай філялёгіі, ні ў заходняй славістыцы. Гэта справядліва падкрэсьлена ў "Новай нямеідкай біяграфіі": "Усе працы высакароднага вучонага дзякуючы іхнай дакладнасьці, багацьцю ведаў i глыбокім, самастойньгм, часам сьмелым думкам заслугоўваюць больш увагі, чым дагэтуль".

Ня менш значны ўклад у вывучэньне i дасьледаваньне беларускай культуры зрабіў вядомы нямецкі мастацтвазнаўца Альбэрт Іпэль. Менавіта ён, не без дапамогі беларускіх віленскіх інтэлектуалаў, арганізаваў дзьве буйнейшыя выставы беларускага мастацтва ў Вільні i Менску, зрабіў шэраг значных публікацыяў. Гэта сэрыя (больш за 10) артыкулаў "Выстава Вільня-Менск", прысьвечаных Менскай краёвай выставе старасьвеччыны й мастацтва, а таксама артыкулы мастацтвазнаўчага характару "Менская краевая выстава", "Магілёўскі царкоўны музэй", "Гомель" ды інш. Ахрамя таго, Іпэль напісаў i выдаў некалькі значных працаў: "Вільня-Менск. Старасьвеччына i мастацтва", дзе апісаныя шматлікія творы беларускага старажытнага i народнага мастацтва; "Павадыр па Менскай краёвай выставе" на чатырох мовах - нямецкай, беларускай, польскай i расейскай; разьдзел да кнігі "Беларусь" "Аб беларускім мастацтве", прысЬвечаны выяўленчаму мастацтву, Артыкул Іпэля - гэта першая спроба паказаць беларускае мастацтва ў эўрапейскім кантэксьце i асабліва ў параўнаўчым супастаўленьні зь нямецкім i антычным. Публікацыя адыграла ў свой час прыкметную ролю ў гісторыі беларускага мастацтвазнаўства i ня страціла актуальнасьці па сёньня, пра што яскрава сьведчыць публікацыя В.Шматава, а яшчэ ў большай ступені выстава i канфэрэнцыя, ладжаныя ў ліпені 1995г. Н.Высоцкай да 90-годзьдзя з дня нараджэньня выдатнага мастацтвазнаўцы. Нездарма праца А.Іпэля адразу прызцягнула ўвагу беларускіх спэцыялістаў i некалькі разоў перакладалася на беларускую мову, атрымала многія добразычлівыя водгукі i высокія ацэнкі ў беларускай прэсе 20-х гадоў.

Першы раз яна была перакладзеная ў 1921г. М.Байковым i надрукаваная ў часопісе "Вольны сьцяг". У 1924г. беларускі мастацтвазнаўца М.Касьпяровіч выступіў зь вялікім артыкулам "Беларускае мастацтва i яго дасьледнікі", дзе высока ацаніў артыкул А.Іпэля i публікацыі іншых нямецкіх вучоных, асабліва праф. П.Вэбэра, адзначаючы, што " ў цяжкіх абставінах вайны i акупацыі яны зрабілі вялікую працу зьбіраньня i распрацоўкі матэрыялу ў галіне беларускага мастацтва... З патрэбнаю эрудыцыяй i падрыхтоўкаю нямецкія вучоныя, асабліва Іпэль, ставяць проста i аб'ектыўна пытаньні беларускага мастацтва...". У 1925г. М.Касыіяровіч i З.Грабавец другі раз пераклалі артыкул Іпэля i выдалі асобнай брашурай, далучыўшы да яго зьмстоўную прадмову. Яны паспрабавалі акрэсьліць ролю працы Іпэля ў беларускім мастацтвазнаўстве: "Артыкул Іпэля мае бясспрэчна вялізнае выключнае значэньн", як першы, што асьвятляе беларускае мастацтва ад яго пачатку ў сувязі зь месцам яго разьвіцьця i рознымі ўплывамі на яго. Затым ён павінен быць крыніцаю, адкуль можна чэрпаць першапачатковыя веды аб розных галінах беларускага мастацтва. Артыкул, безумоўна, не прэтэндуе на вычарпальнасьць i закончанасьць, ня ставіць сабе мэту дасьледаваць дасканала ўсе галіны беларускага мастацтва, ix гісторыю. Ён зьяўляецца вынікам нядоўгае працы Іпэля, які часам кажа, што далей патрэбна падрабязнае, дакладнае дасьледаваньне, што i высьвятліць канчаткова гісторыю беларускага мастацтва, а таксама ўнясе шмат каштоўнага ў гісторыю агульнага мастацтва".

Аўтары адзначаюць некаторыя выдаткі працы Іпэля: на іхную думку, тут не знайшлі асьвятленьня такія пытаньні, як беларускае мастацтва ў Польшчы, беларуская фавюра i інш. Аднак, нягледзячы на асобныя пралікі, дасьледаваньне Іпэля будзе карысным для шырокіх колаў фамадзтва i для вучоных.

Але найбольш дасьведчаная i кампэтэнтная ацэнка самой працы Іпэля i яе выданьня на беларускай мове была дадзеная вядомым беларускім мастацтвазнаўцам М.Шчакаціхіным: "Праца гэтая, нягледзячы на нязначнасьць яе памераў i нават вядомую павярхоўнасьць зьместу, мае ў гісторыі вывучэньня беларускага мастацтва асаблівае значэньне. Артыкул Іпэля зьявіўся ў свой час першым прыкладам цалкам аб'ектыўнага, пазбаўленага ўсякай тэндэнцыі падыходу да правільнай пастаноўкі праблемы беларускага мастацтва, прыкладам тым болей цікаўным, што ён належаў пяру чужаземца i да таго ж быў вынікам параўнальна кароткага i неглыбокага азнаямленьня аўтара з адпаведным матэрыялам. Тымчасам, аднак, не без удзелу, праўда, некаторых беларускіх культурнікаў, Іпэль здолеў сур'ёзна i правільна намеціць шляхі дасьледаваньня гэтага матэрыялу i першы нават адважыўся ўвесьці ў літаратуру раней невядомыя тэрміны: "беларускае мастацтва" i "беларуская школа малярства". I далей: "Апублікаваньне гэтага артыкула асобнай кніжачкай у беларускім перакладзе можна, зразумела, вітаць, паколькі пакуль што ён заставаўся малавядомым у шырокіх колах, нягледзячы на тое, што першы беларускі пераклад яго (М.Байкова) ужо некалькі гадоў назад быў надрукаваны ў часопісе "Вольны сьцяг". На жаль, аднак, віцебскія перакладчыкі не зусім дакладна справіліся ca сваей задачай: пераклад мае шмат памылак, часта досыць грунтоўных...".

Зьвернем увагу яшчэ на дзьве значныя публікацыі таго часу: артыкул Ф.Куршмана "Беларусы. Абуджаная славянская сялянская нацыя" i кнігу публіцыста Вальтэра Егера "Беларусь". Першы належыць пяру вядомага нямецкага славіста Бэрлінскага ўнівэрсытэту, які падобна праф. Абіхту падчас Першае сусьветнае вайны выявіў цікавасьць да Беларусі, да яе матэрыяльнай i духоўнай культуры. Будучы афіцэрам культурнага аддзелу Обэр . Ост, ён ня раз выступаў перад нямецкімі вайскоўцамі зь лекцыямі, а ў прэсе - з артыкуламі наконт беларускай этнаграфіі. Першая значная публікацыя - артыкул "Этнаграфічныя назіраньні над матэрыяльнай культурай беларусаў", ' які раскрываў своеасаблівасьці побыту так мала знаёмага немцам беларускага народу. Найбольш вядомая праца Куршмана - "Беларусы", у якой даюцца даволі падрабязныя i каштоўныя для свайго часу зьвесткі пра тэрыторыю, насельніцтва, палітычнае й культурнае жыцьцё Беларусі. Найбольш дэталёва ахарактарызаваны ў артыкуле беларускі пэрыядычны друк XX ст., раскрыты роля i значэньне беларускіх газэтаў "Наша Доля": i "Наша Ніва".

Але, безумоўна, найважнейшаю працаю таго часу стала кніга В.Егера "Беларусь" - першая на нямецкай мове кніга, цалкам прысьвечаная нашай краіне. Яна ахоплівае значны пэрыяд гістарычнага разьвіцця Беларусі ад старажытнасьці да ўтварэньня БНР, шырокае кола праблемаў, зьвязаных з жыцьцём i дзейнасьцю беларускага народу. Яркім сьведчаньнем таму - яе шырокі i разнастайны тэматычны дыяпазон, выяўлены ў разьдзелах "Край", "Насельніцтва", "Гісторыя", "Народная гаспадарка", "Духоўная культура", "Аб беларускім мастацтве", "Зь беларускае літаратуры", "Зь беларускае вуснае народнае творчасьці".

Выдадзеная ў пару бурных рэвалюцыйных падзеяў у Нямеччыне, кніга В.Егера не была заўважаная нямецкай грамадзкасьцю. У Беларусі на выданьне зьявілася некалькі водгукаў. Тэта паведамленьне беларускага лінгвіста М.Байкова "Кніга аб Беларусі на нямецкай мове", зьмешчанае ў часопісе "Школа i культура Савецкай Беларусі" (1921, № 1/2) i ягоная ж рэцэнзія Ў часопісе "Вольны сьцяг", дзе кніга В.Егера разгледжаная больш шырока i падрабязна. Дадзеная ацэнка выданьня: "Чаго-небудзь новага дзеля беларускага чытача, асабліва таго, каму вядомы творы Я.Карскага, П.Шэйна, Е.Раманава i інш., зборнік не прадстаўляе, аднак трэба аддаць справядлівасьць немцам, яны старанна сабралі тое, што зьяўляецца найбольш прыкметным у розных галінах жыцьця беларускага народу".

Значна пазьней, у 1925г., да кнігі В.Егера зьвярнуўся Я.Карскі. У артыкуле "Беларуская філялёгія за апошнія дзесяць гадоў"; зьмешчаным у часопісе "Zeitschrift fur Slavische Philologie", ён пісаў: "Гэта кампілятыўная, сьпехам складзеная пасьля 1917 году праца, без камэнтароў. Вінеткі, узятыя з маёй "Палеаграфіі", у некаторых месцах надрукаваныя наадварот... Адсутнічае ў гэтай кнізе разьмеркаваньне паміж агульнарускім, расейскім i беларускім".

Выказваньне вядомага спэцыяліста, як бачым, даволі крытычнае. Аднак з высновамі Я.Карскага не зусім можна пагадзіцца. Вучоны глядзеў на кнігу В.Егера як на працу, што павінна была стаць вышэйшай прыступкай у беларусазнаўстве наагул. Мы ж лічым, што яе неабходна разглядаць як папулярнае выданьне, зыходзячы з намеру, якім кіраваўся сам аўтар: даць немцам агульнае ўяўленьне "пра амаль зусім невядомы ім беларускі народ".

Помнікі беларускага мастацтва дасьледаваліся i ў іншых выданьнях нямецкіх вучоных i аматараў мастацтва. Асабліва поўнае i кампэтэнтнае адлюстраваньне яны знайшлі ў кнізе нямецкага мастацтвазнаўцы праф. Венскага ўнівэрсытэту Паўля Вэбэра "Вільня. Забыты цэнтар мастацтва", дзе высокакваліфікавана зроблены дасьведчаны мастацтвазнаўчы аналіз найбольш вядомых гістарычных i сучасных помнікаў архітэктуры Вільні ад старажытнасьці да 1916 году ў ix важнейшых мастацкіх праявах - стылях: гатычным, раманскім, барока, ракако, клясыцыстычным. Акрамя архітэктуры, разгледжаны ў кнізе i цікавейшыя помнікі віленскае скульптуры, іканапісу i дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Працу добра дапаўняе публікацыя Вальтэра Егера "Царква сьвятой Ганны, манастырскія цэрквы сьвятога Бэрнардына i сьвятога Міхала ў Вільні", дзе даецца даволі падрабязнае апісаньне помнікаў старажытнага горада.

Нават пабежны агляд далучэньня нямецкае славістыкі, нямецкіх навукоўцаў i культурнікаў да супрацоўніцтва на ніве беларускае культуры ў пэрыяд ад заснаваньня першага славістычнага часопіса "Archiv fur slavische Philologie" да падпісаньня Рапальскага пагадненьня паміж Беларусьсю i Ваймарскай рэспублікай (1875-1922) сьведчыць пра абуджэньне ў нямецкіх славістаў цікавасьці да Беларусі, да духоўнага жыцьця яе народу, пра заснаваньне сталых кантактаў у галіне культуры, пра нарастаньне ix дынамікі. Гэтае супрацоўніцтва супала з часам інтэнсіўнага адраджэньня беларускае культуры i бурнага нацыянальнага руху, вынікам якога стала ўтварэньне ў 1918 годзе Беларускае Народнае Рэспублікі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX