Вярнуцца: Мастацтва

Габрусь Тамара. Шматпакутная фара Вітаўта


Аўтар: Габрусь Тамара,
Дадана: 26-06-2013,
Крыніца: Габрусь Тамара. Шматпакутная фара Вітаўта // Спадчына №2-1993. С. 22-25.



Дойлідства часта называюць мураваным летапісам гісторыі. Яскравае пацверджанне гэтага афарызму - лёс фарнага касцёла ў Горадні, які выразней за шматлікія гістарычньш крыніцы адлюстраваў усе (24KB) Горадня. Выгляд цэнтру горада з боку ракі Гараднічанкі. На першым пляне фарны касьцёл. Другая палова XX ст. значныя падзеі ў жыцці гэтага старажьггнага горада, пачынаючы з XIV ст. На працягу шасці стагоддзяў храм у розных сваіх архітэктурных іпастасях насіў імя заснавальніка - князя горадзенскага, а затым вялікага князя літоўскага Вітаўта, пры якім ВКЛ дасягнула найбольшай магутнасці.

Палітычныя амбіцыі Вітаўта - суперніцтва з Ягайлам, імкненне да каралеўскае кароны, арыентацыя ў дзяржаўным жыцці на каталіцкае веравызнанне - спрыялі заснаванню ім першага ў Горадні касцёла, дзе дагэтуль існавалі толькі праваслаўныя храмы. Дакладная дата фундацыі фарнага касцёла невядомая, але з княскага прывілею горадзеяскім яўрэям ад 1389 г. вынікае, што ў гэты час ён ужо існаваў. У грамаце ўпамінаюцца касцельныя ўчасткі i каталіцкія могілкі каля гарадскога рынку.

(89KB) Фарны касьцёл. Абмерныя рысункі 1803 г. Плян, разрэз, паўднёвы фасад.

Усталявалася думка, што першы будынак касцёла быў драўляны, але далейшыя звесткі аб ім i меркаванні, якім быў касцёл у першай палове i сярэдзіне XVI ст. часта не стасуюцца. З адных крьніцаў становіцца вядома, што ў 1494 г. кароль Аляксандр Ягелончык пабудаваў на месцы драўлянага храма мураваны; з іншых - што касцёл узведзены каля 1551 г. па фундацыі каралевы Боны. На вядомай гравюры Горадні 1568- 1572 гг. М. Цюнта адлюстраваны будынак фары, але вызначыць будаўнічы матэрыял па гэтай выяве, зразумела, немагчыма.

А. Д. Квітніцкая сцвярджае, што мураваны фарны касцёл быў узведзены ў 1579-1586 гг. на сродкі Сцяпана Батуры. З дакументаў Літоўскай метрыкі вядома, што ў будаўніцтве храма прымаў удзел муляр Антоні Дзікрып ці Сцігрып, які перабудоўваў таксама палац Старога горадзенскага замка ў рэнесансавых формах пад кіраўніцтвам архітэктара Скота з Пармы.

Кароль Сцяпан Батура, які зрабіў Горадню сваёй сталіцай, у перапісцы з рэгіянальным кіраўніком ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай I. П. Кампанам адзначыў, што горадзенскі фарны касцёл «самы вялікі i самы цудоўны ў Вялікім Княстве Літоўскім, але драўляны. Ен хацеў запрасіць у Горадню езуітаў дзеля развіцця адукацыі, пабудаваць школу, калегіум i мураваны касцёл, у якім жадаў быць пахаваным.

Польскі даследчык Ежы Пашэнда на падставе матэрыялаў з архіву Ватыкана больш дакладна акрэсліў час узвядзення мураванага касцёла: 1584-1587 гг.

Першым графічным адлюстраваннем мураванай фары Вітаўта доўгі час лічылася ягоная выява на гравюры Горадні 1600 г. Т. Макоўскага. Мне давялося знайсці план гэтага помніка ў альбоме чарцяжоў канца XVI ст. з Нясвіжа, які захоўваецца ў Кіеве, i атрыбутаваць яго як праектны. Паколькі аўтарам большасці чарцяжоў альбома ёсць падставы лічыць архітэктара-езуіта Дж. М. Бернардоні, мы мяркуем, што ён быў стваральнікам не толькі касцёла езуітаў у Нясвіжы, але i фарнага касцёла ў Горадні.

Велічны гмах фары Вітаўта размяшчаўся на пагорку каля Гандлёвай плошчы, да якой быў арыентаваны алтарнай апсідай. З другога боку плошчы на мяжы XVII- XVIII стст. была ўзведзена яшчэ больш грандыёзная па намерах крыжова-кунальная базіліка касцёла езуітаў, што існуе i зараз. Калі ў 1773 г. ордэн езуітаў быў скасаваны, езуіцкі касцёл стаў фарным, а фару Вітаўта расейскія ўлады вырашылі прыстасаваць пад праваслаўную царкву, дзеля чаго ў 1803 г. былі зробленыя архітэктурныя абмеры будынка.

Пры параўнанні архіўнага чарцяжа канца XVI ст., графічнай выявы касцёла на гравюры 1600 г. i ягоных абмерных чарцяжоў 1803 г. можна адзначыць ix блізкае падабенства. На абодвух планах прадстаўлены трохнефавы 8-слуповы храм з выцягнутай гранёнай апсідай прэсбітэрыя i сакрысціяй з паўночнага боку ад яго. Бакавыя нефы перакрываліся крыжовымі скляпеннямі, а цэнтральны - крыжападобным з распалубкамі.

Як сведчаць абмеры, храм меў структуру базілікі, г. зн., сярэдні неф быў вышэй за бакавыя. Але ён не меў верхняга асвятлення. Усе тры нефы звонку былі аб'яднаныя ў адзіны суцэльны аб'ём, накрыты высокім клінаватым дахам з галоўкай у сярэдзіне вільчака, што адлюстравана на гравюры Т. Макоўскага. Апсіда прэсбітэрыя была па вышыяі роўная з асноўным аб'ёмам i накрыта шматсхільным, крыху ніжэйшым дахам. Такім чынам, вышынная дынаміка аб'ёмаў паступова нарастала ад алтара да магутнай шмат'яруснай вежы з фігурным завяршэннем на галоўным фасадзе, якая дамінавала ў кампазіцыі. Падобны готыка-рэнесансавы тып культавага будынка ўласцівы архітэктуры Беларусі, Літвы, Польшчы i шэрагу іншых краінаў Цэнтральнай Еўропы. Элементы мясцовай готыкі ў ім паўсюдна знітоўваліся з формамі італьянскага рэнесансу.

Сцены асноўнага аб'ёму, прэсбітэрыя i ніжняга яруса вежы мацаваліся контрафорсамі, вырашанымі накшталт пілястраў, якія злучаліся ўверсе лучковымі аркамі, утвараючы рытмічную рэнесансавую аркаду, але з выразнай перавагай вертыкальных прапорцыяў у параўнанні з італьянскімі ўзорамі. У прасценках паміж контрафорсамі размяшчаліся вузкія стрэльчатыя вокны. На вежы некаторыя праёмы мелі выгляд байніцаў. Мастацкі эфект узмацняўся кантрастам чырвонага колеру адкрытай муроўкі сцеваў i белай тынкоўкі пілясграў i вежаў - дэкаратыўным прыёмам, характэрным для беларускай готыкі. Пазней будынак быў цалкам атынкаваны.

Аднак паміж праектным i абмерным планамі ёсць i пэўныя адрозненні, якія сведчаць, што праект быў рэалізаваны недакладна. На чарцяжы XVI ст. уваходны аб'ём вырашаны ў выглядзе чацверыка з магутнымі сценамі, прарэзанымі паўкруглымі нішамі. Побач з ім з паўднёвага боку наказаны амаль такіх жа намераў вялікі лесвічны блок з двухмаршавай лесвіцай. Яшчэ адна лесвіца, круглая ў плане, размешчана на процілеглым баку храма, каля сакрысціі. Абедзве лесвіцы вялі на эмпоры над бакавымі нефамі.

У натуры лесвіцы былі размешчаныя ў тых жа месцах, але выкананы інакш. Вітыя ўсходы (на плане круглыя) былі ўкампанаваныя ў чацверыкі невялікіх памераў. Як бачна на гравюры Макоўскага, чацвярык на галоўным фасадзе завяршаўся шмат'яруснай вежачкай, ніжэйшай за асноўную. З поўвачы да ўваходнага чацверыка быў прыбудаваны прамавугольны аб'ём, які меў, верагодна, кампазіцыйнае прызначэнне з мэтай зрабіць галоўны фасад сіметрычным.

Акрамя таго, на планах крыху адрозніваюцца памеры i формы прэсбітэрыя i сакрысціі. На абмерных чарцяжах бачна, што з поўдня да касцёла прылягала купальная капліца (на плане - прамавугольвая), якая адсутнічае ў праекце i на гравюры.

У 1782 г. будынак касцёла зноў пацярпеў ад моцнага пажару. Былі знішчаныя верхнія ярусы вежаў, што адлюстраваны ў абмерных чарцяжах. У 1804-1807 гг. храм быў адноўлены i асвячоны як праваслаўны Сафійскі сабор. Пры гэтым згодна з праектам рэканструкцыі меркавалася накрыць будынак больш пакатым дахам з атыкам над апсідай, а вежу завяршыць паўсферычным купалам з высокім ампірным спічаком. Аднак у натуры спічак быў заменены больш традыцыйнай гранёнай вежачкай з высокім шатром. Па баках храма прыбудавалі нізкія прыдзелы. Але першая праваслаўная рэканструкцыя ў стылі класіцызму не змяніла істотна архітэктуры касцёла. Магчыма, гэта i не задавальняла праваслаўе.

У 1892 г. храм зноў гарыць. Пры падзенні крокваў абваліліся скляпенні, што дало магчымасць пры новай рэканструкцыі значна панізіць алтарную частку i надаць пабудове кампазіцыйны лад псеўдарускіх цэркваў. У 1896- 1898 гг. храм быў да непазнавальнасці перабудаваны акадэмікам архітэктуры М. М. Чагіным у псеўдарускім стылі. Над дахам было пастаўлена пяць цыбулепадобных галовак, вежа пераўтворана ў званіцу, завершаную высокім шатром. Падобны верх паўтораны на нізкай прыбудове, далучанай да алтара. Выразную пластыку фасадаў здрабнілі бясконцыя броўкі, какошнікі, парэбрыкі ды іншыя псёўдарускія дэкаратыўныя элементы.

За часы Польшчы будынак быў адрэстаўраваны i прыстасаваны пад гарнізонны касцёл; але папярэдне, у 1922 г., ён зноў гарэў. Алтарная апсіда была адбудавана да ранейшай вышыні, адноўлены высокі дах на кроквах. Над ніжнімі чацверыкамі цэнтральнай вежы ўзведзены два невысокія васьмерыковыя ярусы, завершаныя сціплым шатром. У такім выглядзе помнік перажыў другую сусветную вайну. У 1961 г. фара Вітаўта дачакалася «светлай будучыні» - яе ўзарвалі па рашэнні Горадзенскага гарвыканкама.

Гісторыя адбілася ў трагічным лёсе помніка, як у люстэрку, - пажары, войны, шматвяковая палітычная нестабільнасць краю, клерыкальная i атэістычная ваяўнічасць, жах бездухоўнасці.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX