Папярэдняя старонка: Мастацтва

Габрусь Тамара. Карабель над плошчай 


Аўтар: Габрусь Тамара,
Дадана: 05-07-2013,
Крыніца: Габрусь Тамара. Карабель над плошчай // Спадчына №4-1993. С. 8-11.



У кніжцы «Антычныя афарызмы» ў рубрыцы «Кожнаму сваё» мне трапіўся незвычайны крылаты лацінскі выраз, які перакладаецца так: «Бернард любіў даліны, Бенядыкт - горы, Францішак - невялікія гapaды, Ігнаці - знакамітыя сталіцы». Чалавеку недасведчанаму ў гісторыі рэлігіі гэты афарызм можа здацца незраэумелым і загадкавым. Справа ў тым, што тут маюцца на ўвазе заснаваныя гэтымі людзьмі розныя каталіцкія ордэны, якія мелі пэўныя традыцыі размяшчэння сваіх місіяў у тых ці іншых месцах. Адзін з найбольш старажытных ордэнаў, бернардынскі, заснаваны Бернардам Кляроўскім, будаваў манастыры пераважна ў сельскай мясцовасці, ордэн святога Бенядыкта, як бачым, у гарах. Жабрацкі ордэн францішканцаў, створаны св. Францішкам Асізскім, аддаваў перавагу невялікім мястэчкам, а арыстакратычны ордэн езуітаў, заснаваны ў 1540 г. св. Ігнаціем Лаёлам, мясціўся ў асноўным у буйных гарадах. З гэтага вынікае, што азначаны афарызм зусім не антычны, а познемедыевічнычны i належыць самае ранняе да канца XVI ст., калі ўжо дастаткова выразна склаліся адпаведныя традыцыі.

Працэс пашырэння дзейнасці езуіцкага ордэна ў Вялікім Княстве Літоўскім i будаўніцтва ім сваіх рэзідэнцый у самых значных гарадах дзяржавы яскрава пацвярджае лацінскі афарызм. Паслядоўнасць была такая: Вільня, Полацак, Нясвіж, Горадня, Віцебск, Слуцак. Сярод гэтых вядомых культурных цэнтраў - палескі Пінск.

Агульны выгляд ансамбля Калегіюма езуітаў у Пінску. Першая палова XX ст. Сітуацыймы план цэнтральнвй часткі Пінска. Фасад касцёла i калегіюма. Праект перабудовы. Першая палова XIX ст.

Разам з Полацкам i Туравам Пінск - адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі i ўпершыню згадваецца ў Іпацеўскім летапісе пад 1097 г. На працягу сваёй шматвяковай гісторыі горад упарта захоўваў вялікае дзяржаўнае і эканамічнае значэнне: у XIII ст. быў цэнтрам Княства, пазней адыгрываў істотную ролю ў гандлёвых зносінах з Каралеўствам Польскім. У 1581 г. Пінск атрымаў самакіраванне на падставе магдэбургскага права. Разам з ім кароль Стэфан Баторы даў гораду прывілей на кірмашы, гандлёвыя дні і кантракты.

Езуітаў у Пінску асадзіў у 1631 г. вялікі канцлер літоўскі Альбрэхт Станіслаў Радзівіл, які з 1623 г. быў таксама старастам віленскім i пінскім. Паводле ягонай фундацыі ў цэнтры горада, каля старажытнага замчышча, пачалося будаўніцтва мураваных будынкаў касцёла i калегіюма. Іx закладка суправаджалася перанясеннем у 1635 г. адной з вуліц горада. Касцёл Дзевы Марыі размяшчаўся па восі вуліцы Азёрскай, а галоўным фасадам з дзвюма вежамі выходзіў на найважнейшую ў планіровачнай структуры горада гандлёвую плошчу, дзе стаялі крамы, адбываліся шматлюдныя кірмашы. На заходнім баку плошчы тады яшчэ мясціўся прыгожы замак Вішнявецкіх, які спалілі шведы ў 1706 г. З усходняга боку над вялікай адкрытай прасторай плошчы высока ў неба ўзносіліся стромкія шмат ярусныя вежы храма езуітаў. Ягоныя грандыёзныя памеры, велічная архітэктура ўражвалі і захаплялі.

Галоўнііі фасад касцёла размяшчаўся ў адным шэрагу з падоўжным фасадам вялізнага трохпавярховага (Г-падобнага ў плане) будынка калегіюма, узведзенага ў 1635-1648 гг. На генеральным плане Пінска канца XVIII ст. бачна, што паміж касцёлам i калегіюмам наперад ад іx чырвонай лініі выступаў у бок плошчы невялікі, таксама мураваны, будынак аптэкі. Гэта характэрная рыса дзейнасці езуітаў: свае лякарні яны звычайна выносілі ў месцы найбольш даступныя для парафіянаў.

Увесь жа комплекс быу абнесены мураванай сцяной. У яго ўваходзілі асобныя будынкі шпіталя, канвікта i бурсы, падрабязнае апісанне якіх даецца ў інвентары, зробленым у хуткім часе пасля скасавання ордэна ў 1773 г. Там жа прыведзена апісанне неіснуючага цяпер касцёла св. Юр'я ў прадмесці Каралінаў, які належаў пінскім езуітам. У 1631-1639 гг. па фундацыі пінскага старасты калегіюм атрымаў пляцоўкі, на якіх узвышаліся праваслаўныя цэрквы: Юр'еўская, Дзімітраўская i Спасаўская. З 1638 г. пры калегіюме кнавала філасофска-тэалагічная школа, дзе выкладалі вядомыя езуіты-палемісты Нарушэвіч i Баболя. У 1729 г. тут жа была заснаваная ўласная друкарня.

У архіўным інвентары пры апісанні будынка касцёла пазначана, што ён адноўлены пасля пажару i абвалу ягоных скляленняў, «новы ад фундаменту» i яшчэ незавершаны. Гэта азначае, што велічны гмах, які можна бачыць на фотаздымках 1930-х гг. з выявамі Пінска i іншых графічных крыніцах, быў цалкам нанава пабудаваны ў трэцяй чвэрці XVIII ст. у стылі позняга барока. Больш ранніх выяваў помніка не захавалася. Новы касцёл, як пазначана ў Інвентары, узведзены «ў форме крыжа», вялікі i пышны», крыты гонтам i меднымі лістамі. Дзве вежы на галоўным фасадзе былі аздобленыя балкончыкамі. На паўднёвай вежы знаходзіўся гадзіннік, які біў кожную чвэрць гадзіны. Крылы трансепту таксама ўзведзены нанава ад фундаменту вышынёй «роўна з магістрацкім мурам» (ратушай). Пад бакавой, «па правай руцэ», капліцай размяшчаўся мураваны склеп (крыпта), дзе знаходзілася надмагілле Андрэя Баболі.

Над ламаным дахам калегіюма, крытым дахоўкай, узвышалася 25 комінаў. Ніжні наверх калегіюма раней адкрываўся ў манастырскі дзядзінец галерэяй «аб сямі аркадах», якая пазней была забудаваная.

З 1787 г. муры рэзідэнцыі езуітаў перайшлі да ўніяцкага ордэна базылянаў, а ў 1800 г. комплекс перададзены праваслаўнаму мужчынскаму Богаяўленскаму манастыру.

На праектным плане Пінска 1800 г. побач з невялікаю выявай планіровачнай сітуацыі цэнтральнай часткі горада прадстаўлены праект рэканструкцыі фасадаў касцёла i калегіюма з мэтай надання ім рысаў стылю класіцызму, што панаваў у той час. На гэтым чарцяжы купал на сяродкрыжжы адсутнічае, а крылы трансепту паказаныя прыступкаватымі, з аднасхільнымі дахамі. Калі Пінск трапіў пад Польшчу, храм быў вернуты каталікам. Крылы трансепту, па вышыні роўныя з цэнтральным нефам, разам з аўтарнаю апсідай былі накрытыя пластычнымі купалападобнымі дахамі, утвараючы ў плане лацінскі крыж. На сяродкрыжжы ўзвышаўся несапраўдны глухі барабан з купалам i цыбулепадобнай галоўкай.

У пасляваенныя гады выдатны помнік дойлідства спасціг амаль трывіяльны для нашае культурнае спадчыны лёс - касцёл быў разбураны i зруйнаваны дашчэнту. Даўно i хаатычна забудаваная жылымі дамамі i крамамі тэрыторыя старажытнага замка. Як трохпалубавы карабель, адзінока плыве над Пінай i гарадскімі плошчамі велічны гмах былога калегіюма па крутых хвалях гісторыі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX