Вярнуцца: Мастацтва

Габрусь Тамара, Чантурыя Юры. Зруйнаваная Ворша


Аўтар: Габрусь Тамара, Чантурыя Юры,
Дадана: 23-07-2013,
Крыніца: Габрусь Тамара, Чантурыя Юры. Зруйнаваная Ворша // Спадчына №5-1993. С. 56-62.



Ворша - яскравы прыклад разбурэння за гады савецкай улады гістарычнай горадабудаўнічай кампазіцыі, якая на пачатку XX ст. яшчэ захоўвала сваю цэласнасць.

Праўда, перапланіроўка горада адбылася ў канцы XVIII ст., амаль адразу ж пасля першага падзелу Рэчы Паспалітае. На месцы старога гандлёвага пляца i некалькіх кварталаў, што мелі складаныя няправільныя абрысы, створаны новы галоўны пляц горада, дзе месцхліся будынкі «гостиного двора» i «присутственных мест». Пазней, у 1872 г., на ім быў пасаджаны сквер у англійскім стылі.

(46KB) Былы касцёл трынітарыяў i кляштар, пазнвй - праваслаўны сабор i гарадская вучэльня. Здымак пачатку XX ст. Гарадская управа i пажарная вежа. Здымак пачатку XX ст.

Паўночна-ўсходні бок пляца фармаваў адзін з найбольш вялікіх на той час культавых будынкаў Воршы - Троіцкі касцёл трынітарскага кляштара (пабудаваны ў стылі барока пасля 1714 г., фундатары - Адам Уладзіслаў Саковіч, падваявода троцкі i ягоны брат Казімір, падкаморы віцебскі). Пасля паўстання 1831 г. касцёл зачынілі i рэканструявалі ў праваслаўны сабор. У першыя гады савецкай улады сабор пераабсталявалі пад аэраклуб, пры гэтым знеслі чатыры нарожныя вежы. У другую сусветную вайну будынак быў моцна пашкоджаны, але пасля пэўны час выкарыстоўваўся, да зруйнавання. У канцы 1950-х гг. заставаліся яшчэ ледзь прыкметныя рэшткі некалі велічнага збудавання. Разам з храмам была знішчана агароджа з барочнымі брамамі. Захаваўся толькі кляштарны корпус, у якім у XIX ст. знаходзілася праваслаўная духоўная вучэльня.

(34KB) Вуніяцкі мужчынскі базыльянскі кляштар, пазней - праваслаўная царква i духоўная вучэльня. Здымак пачатку XX ст. Святадухаўская царква Куцеінскага Богаяўленскага кляштара. Малюнак Д. Струкава. 1864 г.

Процілеглы бок пляца займаў ансамбль езуіцкага калегіюма, заснаваны ў 1604 г. канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам побач з старажытным замчышчам. Паўторны фундуш быў нададзены калегіюму каралём Жыгімонтам III Вазам у 1612 г. У 1690 г. па загаду кара ля Яна Сабескага замест драўляных будынкаў пачалі ўзводзіць мураваныя. Але толькі ў 1760 г. быў пабудаваны велічны крыжова-купальны трохнефавы касцёл з барочнымі мураванымі аўтарамі, выкананымі ў тэхніцы стука. У 1768 г. яго асвяцілі ў гонар ахістратыга Міхаіла. Будаўніцтва калегіюма завяршылася ў 1803 г. У комплекс уваходзілі таксама пяцікласны канвікт (вучэльня), школьны тэатр, аптэка, лабараторыі, шпіталь, батанічны сад з лекавымі раслінамі. Падчас мікалаеўскай рэакцыі, дакладней - пасля 1831 г., касцёл разбурылі, а манастырскія карпусы прыстасавалі пад турму, якая праіснавала аж да нядаўняга часу. На сённяшні дзень захаваліся два кляштарныя будынкі i частка манастырскай сцяны, што выходзіць на пляц.

Пры забудове пляца на яго паўднёва-ўсходнім баку быў узведзены ў стылі класіцызму комплекс будынкаў гарадской управы. Асноўны корпус меў два паверхі i высокую драўляную вежу. Вакол яго аднапавярховы П-падобны флігель утвараў унутраны двор, куды можна было заехаць праз вялікія паўцыркулярныя аркі. Гэты комплекс таксама не захаваўся. Загінулі i стогадовыя дрэвы сквера, i размешчаны ў ім гарадскі тэатр у стылі мадэрн. Забудова пляца, які некалі станавіў сабою цікавы архітэктурны ансамбль культавых i грамадскіх будынкаў, зараз мае прымітыўны ў мастацкіх адносінах выгляд.

З шматлікіх культавых пабудоў, што былі сілуэтнымі дамінантамі горада, у неперабудаваным стане засталася толькі Іллінская царква на левым беразе Дняпра, узведзеная ў 1880 г. у псеўдарускім стылі.

Непадалёку ад сутокаў Дняпра й Аршыцы знаходзілася саборная праваслаўная царква Раства Маці Божай, змураваная ў 1691 г. у стылі барока. У 1781 г. яна нанава адбудаваная накладам мясцовых жыхароў. У сярэдзіне 1950-х гг. быў знесены апошні фрагмент культавага комплексу - манастырскі корпус з вежай-званіцай, што выходзіў фасадам на Савецкую вуліцу, якая ў розныя часы называлася Магілеўскай, Шклоўскай, Вакзальнай. У 1987 г. пры пракладцы трубаправода ў культурным пласце на месцы царквы знойдзеныя рэшткі сценаў i падмуркаў, паліваныя кафлі, шматлікія пахаванні.

(21KB) Агульны выгляд Куцеінскага Богаяўленскага мужчынскага кляштара. Малюнак Д, Струкава. 1864 г. Агульны выгляд Успенскага жаночага Куцеінскага кляштара. Малюнак Д. Струкава. 1864 г.

Да непазнавальнасці перабудаваны размешчаны паблізу дамініканскі касцёл св. Іосіфа, заснаваны ў 1649 г. паводле фундацыі князя Гераніма Друцкага-Сакалінскага. Спачатку храм быў драўляны, але ў 1808-1819 гг. на сродкі Лявона Пузыны пабудаваны мураваны касцёл i новы драўляны кляштарны корпус. У 1832 г. кляштар зачынілі. Пасля паўстання К. Каліноўскага былі разабраныя дзве вежы на галоўным фасадзе храма. У 1950-х гг. будынак «рэканструяваны» над «дом культуры».

(31KB) Забудова вуліцы Вакзальнай (цяпер - Савецкая): на першым плане - дамініканскі касцёл, справа - францішканскі касцёл. Здымак пачатку XX ст. Ансамбль пабудовау праваслаўнае царквы Раства Маці Божай. Здымак пачатку XX ст.

Да сярэдзіны 1970-х гг. побач з дамініканскім касцёлам, на другім баку вуліцы Савецкай, размяшчаўся мураваны францішканскі касцёл св. Антонія, які заснаваў у 1680 г. шляхціч Станіслаў Каткоўскі. Гэты помнік знеслі дзеля пашырэння вуліцы. Ацалеў толькі двухпавярховы мураваны кляштарны корпус.

Асобна трэба адзначыць факт знічэння саборнай царквы Пакроўскага мужчынскага базыльянскага кляштара, магчыма, галоўнай архітэктурнай каштоўнасці горада, выдатнага помніка віленскага барока. Драўляныя манастырскія будынкі базыльянаў закладзеныя на правым беразе Аршыцы ў 1642 г. вуніяцкім мітрапалітам Антонам Сяляваю, а ў 1758-1774 гг. на сродкі аршанскага старасты Язэпа Ляпкоўскага на ix месцы змураваны двухпавярховы жылы корпус i вуніяцкая царква ў імя Пакрова Маці Божай - трохнефавая крыжова-купальная базіліка з двухвежавым фасадам. У 1832 г. базыльянскі комплекс перайшоў у праваслаўнае ведамства. У жылых карпусах размясцілася духоўная вучэльня, царква пры перабудове набыла рысы класіцызму. З 1920-х гг. архітэктурны комплекс ахоўваецца дзяржаваю, пазней у ім дзейнічаў мясцовы краязнаўчы музей, але гэта не выратавала яго пасля вайны. У 1960-х гг. спатрэбілася шмат часу i матэрыяльных выдаткаў, каб зраўняць з зямлёю велічны помнік дойлідства.

На процілеглым беразе Аршыцы ўзвышаўся бернардзінскі касцёл Раства Маці Божай. Яго пабудавалі ў 1636 г. паводле фундацыі аршанскага Андрэя Млоцкага i ягонае жонкі Кацярыны. У першай палове XIX ст., калі ўсюды зачыняліся каталіцкія храмы, касцёл перадалі вайсковаму ведамству, а вялізны двухпавярховы кляштарны корпус прыстасавалі пад лякарню. У ім i да нашых дзён месціцца аддзяленне гарадской бальніцы. Касцёл жа зруйнаваны дашчэнту. У горадзе некалі існавалі яшчэ кляштар місіянераў, заснаваны ў 1752 г., жаночыя манастыры марыявітак i базыльянак. Аб ix распавядаюць толькі архіўныя дакументы.

Не лепшы лёс напаткаў i славутыя праваслаўныя манастыры Воршы. У 1623 г. вядомы прыхільнік праваслаўя падкаморы мсціслаўскі Багдан Сцяткевіч разам з сваёй маці Ганнай (з роду Агінскіх) заснаваў мужчынскі Богаяўленскі манастыр, што размяшчаўся на паўднёва-заходняй ўскраіне Воршы, у сутоках Дняпра i невялічкай рэчкі Куцеінкі. Ад яе i пайшла назва не толькі манастыра, але i створанай пры ім друкарні, якая адыграла значную ролю ў развіцці беларускае культуры. Друкарня была арганізаваная на пачатку 1630 г. ігуменам манастыра Іаілем Труцэвічам. Выданні Куцеінскай друкарні былі разлічаныя на праваслаўныя брацтвы i розныя пласты гарадскога насельніцтва, але ў хуткім часе яны сталі папулярныя таксама на Украіне i ў Маскоускай Русі. У своеасаблівым графічным афармленні гэтых выданняў адметнае месца належыць кнігадрукару з Магілева Спірыдону Собалю. Самабытная мясцовая школа кніжнай гравюры вызначалася блізкасцю да традыцыяў беларускага народнага мастацтва, знітаваных з стылістычнымі прыёмамі барока. Падчас акупацыі краю ў 1654- 1661 гг. рускім войскам Кучешскую друкарню «по ходатайству» патрыярха Нікана перавялі ў Іверскі манастыр пад Ноўгарад, а дакладней - экспрапрыявалі.

(24KB) Куцеінскі Успенскі кляштар. Выява на паштоўцы пачатку XX ст.

Комплекс Куцеінскага Богаяўленскага манастыра быў абнесены мураванай сцяной i складаўся з галоўнага драўлянага сабора, Святадухаўскае царквы, званіцы-брамы, жылых пабудоваў. Ад усяго гэтага на наш час у напаўразбураным стане захаваліся рэшткі больш трывалых мураваных будынкаў - Святадухаўскай царквы i двухпавярховага манастырскага корпуса. Драўляны Богаяўленскі сабор, пабудаваны ў 1623- 1635 гг., згарэў у 1885 г. Прыгожы пяцігаловы сілуэт сабора надаваў асаблівую маляўнічасць ансамблю, які размяшчаўся на высокім беразе ў зеляніне старых дрэваў. У 1639 г. манах гэтага манастыра размаляваў амаль усе сцены знутры сабора. Роспіс складаўся з 38 шматфігурных кампазіцыяў паводле біблейскіх i евангельскіх сюжэтаў, у якія ўводзіліся таксама шматлікія рэаліі мясцовага побыту таго часу. Сярод ix вылучалася карціна на гістарычную тэму - сустрэча войска гараджанамі i духавенствам. На ёй намаляваныя крапасныя ўмацаванні Воршы, земляныя валы, мураваныя жылыя дамы,- усё тое, што пазней, на пачатку XVIII ст., падчас Паўночнае вайны, было дашчэнту зруйнавана.

Непадалёк ад мужчынскага Богаяўленскага манастыра на беразе Куцеінкі ў 1631 г. Багдан Сцяткевіч заснаваў таксама жаночы Успенскі манастыр. Закладзены ў тым жа годзе драўляны Успенскі сабор згарэў у 1635 г. На яго месцы да 1655 г. узвялі новы мураваны храм, які, відавочна, у нечым паўтараў ранейшы. Велічная цэнтрычная крыжова-купальная кампазіцыя Успенскага сабора з планам у выглядзе грэцкага крыжа i пластычным барочным купалам на сяродкрыжжы імітавала ў цэгле формы мясцовага драўлянага дойлідства. Менавіта гэты тып храма паўплываў на будаўніцтва ў Маскоўскай дзяржаве на мяжы XVIII ст. цэнтрычных праваслаўных цэркваў у стылі гэтак званага нарышкінскага барока, сярод якіх сусветна вядомая царква Пакрова ў Філях пад Масквой. Гэтую архітэктурную культуру развівалі ў суседняй дзяржаве перасяленцы з Беларусі.

У комплекс Куцеінскага Успенскага манастыра ўваходзілі яшчэ некалькі культавых, жылых i гаспадарчых пабудоваў, але пасля атэістычнай навалы 1930-х гг. ад ix нічога не засталося. Выявы абодвух Куцеінскіх манастыроў вядомыя па малюнках мастака Д. Струкава, накіраванага Сінодам у 1863- 1864 гг. дзеля вывучэння i фіксацыі праваслаўных старажытнасцяў «Северо-Западного края». Дарэчы, ужо ў XIX ст. пасля вяртання ў «истинное» праваслаўе старажытных манастыроў беларускага Падняпроўя, якія па-свойму гераічна неслі праз шматпакутную гісторыю праваслаўныя традыцыі, іхную самабытнасць, адхіленні ад вялікарускіх канонаў выклікалі афіцыйнае незадавальненне. Ix разбіралі «за ветхостью», яны «выпадкова» гарэлі. Больш трывалыя будынкі «рэканструяваліся» ў псеўдарускім стылі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX