Вярнуцца: Мастацтва

Габрусь Тамара. Здань базыльянскай святыні


Аўтар: Габрусь Тамара,
Дадана: 10-10-2013,
Крыніца: Габрусь Тамара. Здань базыльянскай святыні // Спадчына №3-1994. С. 71-74.



Зусім роўная мясцовасць, на якой адзінока стаіць невялічкая цэркаўка... Цяжка, нават немагчыма ўявіць, што некалі яна тулілася з аднаго боку да велічнага сабора, а з другога - да магутных кляштарных муроў. У XVII - XVIII стст. кляштарны комплекс ордэна базыльянаў у Быцені, што пад Слонімам (зараз Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці), быў адным з багацейшых i вядомых на Беларусі.

Гісторыя існавання Быценскага базыльянскага кляштара драматычная. Першым ягоным фундатарам быў слонімскі маршалак Рыгор Трызна, які разам з жонкаю Рэгінай з Сапегаў у 1607 г. падараваў базыльянам маёнтак Дзяткавічы i заснаваў у Быцені манастыр. Іхны нашчадак Мікалай Трызна, падскарбі Вялікага Княства Літоўскага, у 1626 i 1640 гг. таксама ахвяраваў сродкі на будаўніцтва манастыра i царквы. Каля 1654 г. была змураваная невялікая зімовая Спаса-Праабражэнская царква, якая непасрэдна злучалася з жылымі памяшканнямі манастыра.

У XVII ст. кляштарны комплекс у Быцені быў надзейна ўмацаваны. Падчас паўстання Б. Хмяльніцкага ў ім хаваліся нават уніяты з Украіны i іншых месцаў. З 1656 г. у Быценскім манастыры знаходзіўся кіраўнік базыльянскага ордэна Бенядыкт Тарлецкі. Тут захоўваліся таксама мошчы старца Сімяона Стаўроўскага, які быў настаяцелем манастыра з 1640 г.

(37KB) Спаса-Праабражэнская царква ў Быцені сёння. Уніяцкая царква св. Іясафата ў Быцені пасля I сусветнай вайны.

Вялікая мураваная саборная царква ўзведзеная пасля 1673 г. намаганнямі ігумена Іосіфа Пяткевіча. У 1710 г. храм быў кансекраваны ў гонар свяшчэннамучаніка Іясафата (уніяцкага архіепіскапа I. Кунцэвіча, забітага падчас паўстання ў Віцебску ў 1623 г.).

(30KB) Уніяцкая царква св. Іясафата. Папярочны разрэз i план.

Спадкаемца згаслага ўніяцкага роду Трызнаў падскарбі надворны Рэчы Паспалітай Антоні Тызэнгаўз у 1775 г. адабраў Быценскі манастыр у базыльянаў i перадаў каталікам. Верагодна, у гэты час саборны храм быў ператытулаваны ў гонар св. Тройцы. У 1839 г. каталіцкі кляштар - зноў прымусова - перададзены праваслаўным. Пры гэтым быў складзены на польскай мове ад 6 ліпеня 1839 г. інвентар Быценскага манастыра, што належаў Літоўскай дыяцэзіі Слонімскага павету Горадзенскай губерні з апісаннем царквы, кляштарных i фальваркавых будынкаў, вёскі ды інш. У гэтым інвентары паведамляецца, што «царква пад тытулам св. Тройцы вымураваная старанием i накладам фундатара Мікалая Трызны». I далей - храм гэты «фігуры крыжовай», з паўкруглымі бакавымі фасадамі. Акрамя дзвюх вежаў, што аздабляюць галоўны фасад, ёсць яшчэ трэцяя,- над сярэдзінай царквы, якая ў выглядзе ліхтара абапіраецца на чатыры слупы. Сярэдняя мае восем акон i дае святло ўсёй царкве. Вежы накрытыя бляхай i маюць драўляныя крыжы, абітыя таксама бляхай. Унутры царква атынкаваная i пабеленая. Дах на ёй новы, гонтавы. За ўваходам у царкву ёсць бабінец у трох прыдзелах, «мураваны i скляпеністы», над ім узведзеныя хоры для пеўчых. 12 акон горных з кратамі, а на фасадных вежах чатыры акны i г. д.

Прыведзены у адаптаваным выглядзе інвентарны спіс - каштоўны дакумент архітэктуры базыльянскага комплексу, бо Ў 1915 г., падчас I сусветнай вайны, царква была значна разбураная. Пра тэта сведчаць фотаздымкі помніка, зробленыя віленскім Таварыствам аматараў навук у 1930-я гг. Нейкі час храм заставаўся напаўразбураным, але ўжо ў 1929 г. яго часткова аднавілі ды адпраўлялі службу. У II сусветную вайну i пасля яе саборная царква i манастырскі корпус былі зруйнаваныя канчаткова.

Абмерныя чарцяжы вялікай Тройцкай царквы i план на ўзроўні акон цэнтральнага нефа, папярочны разрэз па сяродкрыжжы ўпершыню апублікавала А. Квітніцкая паводле матэрыялаў віленскага Таварыства аматараў навук. Храм, пабудаваны як уніяцкі, меў мерыдыяльную арыентацыю аўтаром на поўнач. Царква ў верхнім сячэнні ўяўляла выцягнуты па восі «поўдзень - поўнач» лацінскі крыж з закругленымі бакавымі рамёнамі i аўтарнай часткаю. З трох бакоў да квадрата сяродкрыжжа прылягалі паўцыркульныя апсіды, перакрытыя паўсферычнымі конхамі. Аўтарная апсіда па памерах адпавядала апісанаму квадрату, бакавыя былі меншыя за квадрат. Прастора сяродкрыжжа перакрывалася васьмікантовым шатром з апорным кольцам, якое абапіралася на падпружныя аркі цэнтральнага квадрата. З папярочнага разрэзу храма бачна, што канструкцыя i форма вонкавага пакрыцця не адпавядала дакладна скляпенням унутры яго. Шацёр над сяродкрыжжам звонку быў «апрануты» ў паўсферычны купал i завяршаўся светлавым ліхтаром з фігурным пакрыццем. Конхі над апсідамі звонку былі накрытыя кроквеннымі конуснымі дахамі, якія разам з асноўным купалам стваралі своеасаблівую закончаную кампазіцыю. Форма амаль ідэальнага тэтраконха, закладзеная ў аснову аб'ёмна-прасторавай структуры храма з паўднёвага боку, парушалася прыбудовай бабінца (квадратнага ў плане) i вузкага двувежавага нартэкса, што i надавала плану выгляд лацінскага крыжа.

А. Квітніцкая слушна лічыла саборную царкву Быценскага манастыра характэрным прыкладам архітэктуры ўніяцкіх храмаў, што ўяўляе сабой «своеасаблівы сплаў архітэктурных формаў каталіцкага храма i драўлянага праваслаўнага дойлідства, якое мае агульныя карані з расейскай архітэктурай, з ейнымі цэнтрычнымі драўлянымі храмамі». На нашу думку аркітэктоніка гэтага помніка, сапраўды, выцякае генетычна з чатырохзрубных крыжовых праваслаўных сабораў XVII ст., але не расійскіх, а беларускіх, з рэгіёна Падняпроўя і Падзвіння, якія ў сваю чаргу аказалі ўплыў на фармаванне архітэктурных формаў расейскага, гэтак званага нарышкінскага барока. Будова архітэктурных масаў, кампазіцыйныя i канструкцыйныя прыёмы сабора Быценскага манастыра асабліва блізкія да драўлянай уніяцкай Іллінскай царквы ў Віцебску, пабудаванай у 1746 г., якая таксама мела ў плане лацінскі крыж, незалежнасць канструкцый унутраных перакрыццяў ад вонкавай кампазіцыі пакрыцця.

Краязнаўца i гісторык культуры Станіслаў Лёранц, які даследаваў помнік у 1930-я гг., лічыў, што бакавыя нефы i двувежавы фасад былі прыбудаваныя да сабора ўжо ў другой палове XVIІI ст., але гэта толькі гіпотэза.

З інвентару 1839 г. вядома, што саборная царква з трох бакоў абгароджаная «мурам з цэглы без тынку да нахіленых апасань», а чацвёрты бок замыкаў кляштар. Ен быў «у тры лініі мураваны, звонку непабелены, на два паверхі ўзнесены, над лініямі маюцца склепы, кожная з тых ліній аднолькавай шырыні i амаль аднолькавай даўжыні. Дах новы, гонтавы. Пячных комінаў на кляштары 17». З гэтага апісання вынікае, што кляштарны будынак - двупмярховы (са склепам), П-падобны ў галане, са скляпеністымі перакрьіццямі i падвойнымі вокнамі. Акрамя келляў, у ім размяшчаліся трапезная з кухняй, бібліятэка ў заходнім крыле. Гэтыя тры памяшканні мелі цагляную падлогу, усе астатнія - драўляную. Ужо на той час бібліятэка была пустая. Кляштарны калідор злучаўся з сакрысціяй з правага боку прэзбітэрыя сабора, над якой размяшчалася скарбніца. З другога боку кляштар прылягаў да зімовай царквы.

На загад А. Тызэнгаўза былі ўзведзеныя званіца i брама (каля 1775 г.) у стылі віленскага барока.

Ад велічнага некалі архітэктурнага ансамбля, здань якога паўстае перад намі з архіўных крыніцаў, на наш час ацалела толькі малая Спаса-Праабражэнская царква, якая занесеная ў «Збор помнікаў гісторыі i культуры Беларусі» без усялякага напаміну пра мінулае.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX