Вярнуцца: Мастацтва

Шастак Ю. Культавая мураваная архітэктура Беларусі XV--XVI стагоддзяў у агульнаеўрапейскім кантэксце Shastak J. Sacred masonry architecture of XV-XVI century Belarus in general European context


Аўтар: Шастак Юлія Тадэвушаўна, магістр архітэктуры АФ БНТУ,
Дадана: 19.12.2008,
Крыніца: Pawet.net.



Высвятленне ступені атаесамлення культавай архітэктуры тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і, у прыватнасці, беларускіх земляў з культавай архітэктурай Еўропы ў цэлым праводзілася з дапамогаю натурных даследванняў на тэрыторыі Беларусі і аналіза літаратурных крыніцаў.

У выніку даследвання былі сабраныя і прааналізаваныя факты, якія сведчаць пра тое, што ў храмавым будаўніцтве XV--XVI стст. прасочваюцца рысы, уласцівыя і еўрапейскай, і беларускай архітэктуры, падабенства тэндэнцый развіцця і агульнасць першакрыніцаў прасоўвання вобразных канцэпцый. Апроч гэтага, дойлідства нашае краіны мае шэраг спецыфічных адметнасцяў.

Правядзенне навуковага даследвання ускладнялася праз тое, што з тыпалёгіі інкастэляваных храмаў асабліва характэрнымі для Беларусі былі невялікія фарныя прыходскія храмы. Яны ўсе не захаваліся да нашага часу.

Гістарычная абумоўленасць і нацыянальная спецыфіка беларускага дойлідства XV--XVI стст. патрабуе распрацоўкі і пільнага даследвання для вызначэння агульнатэарэтычных і метадалагічных пасылак, каб найбольш паслядоўна пабудаваць аналіз тых падзей, якія адбываліся ў нашай архітэктуры на той час, выявіць характэрныя заканамернасці яе развіцця, акрэсліць накіраванасць зменаў, адметнасць структуры.

У параўнанні з папярэднім часам XV і асабліва XVI стагоддзе было перыядам значна большай актыўнасці ў культавай архітэктуры Беларусі і пакінула істотны след у яе гісторыі. Можна сцвярджаць, што якраз на гэты перыяд прыйшлося завяршэнне станаўлення культавага дойлідства нашай краіны. Многія з бажніц набылі выгляд умацаванага замка. Акрамя таго, з'яўляецца тое, аб чым цяпер гавораць, як аб готыцы з нацыянальнай вызначанасцю, у залежнасці ад размяшчэння--на Беларусі, ва Ўкраіне, у Польшчы. Такое злучэнне вобразных і стылявых прыкметаў было шырока распаўсюджанае ў Заходняй Еўропе і Візантыі. Як жа заявіла пра сябе культавая мураваная архітэктура Беларусі XV--XVI стст. у агульнаеўрапейскім кантэксце.

1.) У XV--XVI стст. ў еўрапейскай царкоўнай архітэктуры можна прасачыць адсутнасць жорстка ўсёабмяжоўваючых правілаў выгляду храма. Нават у афонскай архітэктуры, вельмі кананічнай па сутнасці, прасочваецца спалучэнне готыкі і бізантыйскага стылю. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага гэта выражаецца найперш у гарманічным спалучэнні айчыннай спадчыны, дакладнага ўяўлення пра іншыя будаўнічыя традыцыі і ўспрыняцця заходнеэўрапейскіх гатычных уплываў, а таксама ўздзеяння багаслоўска-вобразнага навучання. У архітэктуры цэркваў найчасцей прасочваюцца гатычныя прынцыпы (стрэльчатыя вокны, аркбутаны, нэрвюрныя скляпенні) у спалучэнні з раманскім стылем (масыўная гладзь сценаў, магутныя вежы, стрыманы скульптурны дэкор), некаторымі рысамі рэнесансу і элементамі "інкастэляванасці", якія былі па-сутнасці мала функцыянальнымі, але неслі вялікую сэнсава-алегарычную нагрузку.

Яскравымі адметнасцямі тагачасных цэркваў Вялікага Княства Літоўскага лічыцца падрабязная распрацоўка высокіх шчыпцоў на галоўных фасадах і наяўнасць кутовых, як правіла, цыліндрычных вежаў з вінтавымі лесвіцамі. Гэтыя з'явы маюць аналагі, як у Заходняй Еўропе, так і айчыннай стараправаслаўнай архітэктуры.

2.) Кожная са стылістычных сістэмаў разгортваецца ў складаным комплексе суадносін мастацкай практыкі з гісторыка-палітычнымі, канфесіянальнымі, саслоўнымі, этнічнымі і сацыяльнымі ўмовамі жыцця. У храмавым будаўніцтве адным з самых важных тэарэтычных абгрунтаванняў заўжды ёсць семантыка тэалогіі, рэлігійныя палажэнні і законы. Паводле гэтага найперш і развіваюцца вобразныя канцэпцыі тых ці іншых стыляў.

Вельмі істотным чыннікам фармавання вобразу інкастэляванага храма з'яўляецца распаўсюджанне ў хрысціянскім свеце ідэі пра вызначанае наступленне канца света ў 1492 годзе ад нараджэння Хрыстова.У чаканні гэтай значнай падзеі знаходзілася ўся Еўропа. Дадзеныя настроі праяўляюцца і ў выяўленчым мастацтве--напрыклад у Босха. Павяртанне да Бога і справы Ягонай выклікала распаўсюджанне ідэі Ерусалімскага Храма. Назіраецца агульнаэўрапейская тэндэнцыя да формаўтварэння "Храма-Горада". Варта адзначыць, што да Храма Труны Гасподняй як да своеасаблівага першавобразу звярталіся на розных стадыях развіцця хрысціянскага дойлідства. Не апошнюю ролю тут сыгралі таксама пошукі "Другога Ерусаліма", пытанне якога абвастрылася ў розных хрысціянскіх дзяржавах напрыканцы XV стагоддзя.

Праз ідэю вяртання да формаў Ерусалімскага Храма і з'яўляецца канцэпцыя кампактнай прамавугольнай у плане прасторавай пабудовы з чатырма вежамі па бакох, тоўстымі мураванымі сценамі і шэрагам візуальна абарончых элементаў якраз адпаведна вобразу і выгляду царквы ў Ерусаліме. Але ў выніку аналізавання, ці можна іх выкарыстоўваць адпаведна заяўленай функцыі, акрэсліваецца выснова, што для фартыфікацыйных мэтаў яны найчасцей не прыстасаваныя. Як сведчыць гісторыя, ніводная з цэркваў абарончага тыпу не вытрымлівала вайсковай аблогі, акрамя тых, якія ўваходзілі непасрэдна ў абарончую сістэму замка (Ліда, Астрог, Луцк, Крэва). Многія з іх увогуле стаялі ўбаку ад ваенных маршрутаў (Сынкавічы, Мураванка). Таму хутчэй варта казаць пра стылістычную тэндэнцыю, заснаваную не столькі на функцыі, колькі на вобразе.

Паказальна, што ў дадзены перыяд не толькі будавалі новыя храмы, але і перараблялі старыя. Менавіта тады ў гарадзенскай каложскай царкве дах змянілі на шатровы. Падвергліся пераробкам гарадзенскія Прачысценская, Ніжняя, Крыжа Гасподня цэрквы, храм у Віцебску, Барыса-Глебская царква ў Наваградку, Віленскія Траецкая, Прачысценская і Мікалаеўская цэрквы і г.д. У новых і перабудаваных цэрквах на змену вобразу прыходзіць алегорыя--больш літаральнасці, спрошчанасць разумення.

Па вобразу Іерусалімскага Храма ў Эўропе і раней будаваліся многія храмы: царква ў Прадславе (Баўгарыя, X ст.), ратонда-царква ў Ландлефе-XI ст., царква св.Труны ў Кэмбрыджы--пач.XI ст., базіліка св. Міхаіла ў Фульдзе--пач.XI ст. і г.д. Перабудоўваецца капэла ў Аахене.

Расквітнелы ў Заходняй Еўропе з XIII ст культ Панны Марыі, звязаны з узмацненнем ролі жанчыны ў сувязі з крыжовымі паходамі выклікае прамое суаднясенне храма, як увасаблення вобразу Божае Маці. У беларускай жа як праваслаўнай, так і каталіцкай архітэктуры гэты вобраз знайшоў шырокае распаўсюджанне, з чым звязана павелічэнне вышыні цэркваў. У гэтым дачыненні як нельга лепей падыйшоў гатычны метад пабудовы скляпенняў. На змену аркам і цыліндрычным скляпенням прыйшлі гатычныя, з контрфорсамі (на Беларусі рэдка). Павялічваецца вышыня храмаў і плошча ваконных праёмаў, змяніўся вобраз царкоўнага верха. Уражвальнасць фасадаў цэркваў, іх падкрэслены фартэцыйны характар, таксама звязаныя з успрыманнем Багародзіцы як Маці-заступніцы хрысціянаў, крэпасці.

3.) Уплыў Італійскага адраджэння на Беларусі, як і ў большасці іншых краінаў Еўропы, не ўспрымаецца цалкам, бо сымбалізуе адыход да антычнасці, да паганства. На поўнач ад Альпаў, у Нідэрландах, Германіі, у XV--XVI стст. рэнесансныя пабудовы ствараліся галоўным чынам шляхам пераўтварэння гатычных збудаванняў у духу перабольшанай святочнасці і большай гарманічнасці формаў. У Нідэрландах гэта тлумачыцца адсутнасцю ўздзеяння антычных традыцый, а таксама тым, што ў выніку ўсталявання бургундскага гаспадарання ў архітэктуру праніклі кансэрватыўныя, рэлігійна-рыцарскія рысы. У царкоўным будаўніцтве да XVII стагоддзя захоўваліся рысы готыкі, нярэдка ў арыгінальным зліцці з формамі класіцызма і барока.

Значна даўжэй, чым у іншых заходнеэўрапейскіх краінах, традыцыі гатычнага мастацтва захаваліся ў Англіі. Тое ж можна сказаць пра Вялікае княства Літоўскае, дзе нават касцёлы будуюцца не ў Рэнесансе, а ў готыцы (Святой Ганны, Усялюбскі). У англійскай готыцы з матываў Іерусалімскага храма часта сустракаецца актагонавая апсідная частка, што сустракаецца на тэрыторыі Беларусі. Выкарыстоўвае гэта і позняяготыка Еўропы ў цэлым.

Адметна, што на Беларусі звычайна выкарыстоўвалі толькі пэўныя рысы готыкі (спічастыя скляпенні, ланцэтападобныя вокны і г.д.). У адрозненне ад еўрапейскіх прыкладаў, тут амаль не было каркасу, як і ў Польшчы, Германіі ў крыжацкай архітэктуры (храмы пры замках у Мальбраку, Данцыгу). Сцяна суадносілася з целам Божым і мусіла быць цэльнаю.

Тагачасны гатычны стыль храмаў Германіі насычаны раманскімі элементамі. Адным з накірункаў тут ёсць цагляная готыка, вельмі блізкая дойлідству Беларусі. Прымяненне цэглы судзейнічала значным зменам у архітэктурнай ідэі храма. Канструкцыя стала больш пляскатаю, фасад пазбавіўся глыбокіх чляненняў. Уводзяцца простыя квадратныя ў плане вежы з шатровым пакрыццём. Знікаюць дэкаратыўныя пінаклі над аркбутанамі. Для такіх збудаванняў характэрна манументальнасць, якая нагадвала пра масыўнасць і суворасць будынкаў раманскага стыля. Шырока прымяняюць у дэкаратыўных мэтах розныя спосабы кладкі, цагліны разнастайных формы і колеру. У цэлым, нямецкае дойлідства, як і ў Вялікім княстве Літоўскім, было даволі кансерватыўным, веянні рэнесансавасці пранікалі ў яго з вялікімі цяжкасцямі.

Разгледжаныя храмы Беларусі і прыведзеныя паралелі з архітэктурай Еўропы ў цэлым, даюць падставы сцвярджаць, што беларуская культавая мураваная архітэктура XV--XVI стст. ёсць неад'емным складнікам еўрапейскай традыцыі дойлідства з наяўнасцю шэрагу індывідуальных рысаў.


Лiтаратура:

  1. Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII--XVI стст. / Мн.: Навука і тэхніка, 1993. - 148 с.
  2. Лаврецкий Г.А. Православное зодчество Беларуси / Мн.: Четыре четверти, 1995. - 236 с.
  3. Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада / М.: 1992. - 645 с.
  4. Ляхова К.А. и др. Популярная история архитектуры / М.: Вече, 2001. - 522 с.
  5. Ткачёв М.А. Замки Белоруссии / Мн.: Беларусь 2002. - 200 с.
  6. Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI--XVII вв. / Архитектурно-исторический анализ. Мн.: Навука і тэхніка, 1998. - 304 с.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX