Вярнуцца: Мастацтва

Шастак Ю. Рэканструкцыя інтэр"ера гетманскай залы паўднёвай галерэі Нясвіжскага замка


Аўтар: Шастак Юлія Тадэвушаўна,
Дадана: 20-05-2012,
Крыніца: "Архитектура и строительные науки" 2012 - №2-3 (13-14) С. 43-45.



Праект рэканструкцыі інтэр'ера Гетманской залы паўднёвай галерэі Нясвіжскага замка прадугледжваў захаванне рашэння, сфармаванага на сярэдзіну XVIII ст. Комплексны падыход да аднаўлення рэалізоўваўся як максімальнае вяртанне да першапачатковага дэкора і памкненне да даставернасці аднаўляемых элементаў.
The reconstruction project Hetman hall interior of Niasvizh castle's southern gallery provided for the preservation solutions, formed in the mid-18th century. A comprehensive approach to recovery was realized as the maximum return to its original decor and a desire for authenticity reconstituted elements.

Уводзіны

Захаваныя планы замка XVIII-XIX стст.. падрабязныя апісанні паўднёвай галерэі ў архіўных дакументах і дадзеныя натурных даследаванняў ілюструюць рэтраспекцыю яе будаўніцтва і рамонтаў. У цэлым будынак паўднёвай галерэі да цяперашняга часу захаваў стылявую, аб'емна-планіровачную і канструктыўную структуру, закладзеную пры яе рэканструкцыі ў сярэдзіне XVIII ст. Праектам рэстаўрацыі прадугледжвалася захаванне сфармаванага на гэты перыяд вырашэння.

Асноўная частка

Галерэя была ўзведзеная да 1650 г. і злучала заходнюю вежу палаца з камяніцаю і з прымыкаючаю да яе вежаю. У 1740-1750-я гг. галерэя была перабудаваная, з'явіўся трэці паверх, план якога аналагічны плану другога, а ўвесь корпус пашырыўся ў два разы. Фундатарам генеральных аднаўленчых працаў быў князь Міхал Казімір Радзівіл, вядомы сваёй мянушкай "Рыбанька", які ўладарыў у Нясвіжы з 1724 па 1762 г. У гэты час экстэр'ер замка прымае стылявыя рысы барока. У інвентары канца 1750-х гг., згадваецца, што на трэцім паверсе знаходзіцца Партрэтная заля князёў Радзівілаў з 11 вокнамі [1, с. 9]. У 1762 г. ардынацыю прыняў Караль Станіслаў Радзівіл, які аднак вымушаны быў пакінуць Нясвіж да 1778 г., па вяртанні прыступіў да аднаўлення модна пашкоджанага ад вайсковых уварванняў замку [2, с. 43]: У 1780-1784 гг. праводзіліся вялікія працы па дэкараванню залаў на другім і трэцім паверхах. Пазней памяшканні галерэі прыйшлі ў запусценне. Яны фігуруюць у інвентары 1830 г., дзе пазначана, што да гэтага часу на трэцім паверсе ў наяўнасці засталося сем вокнаў, хутчэй за ўсё верхнія праёмы былі замураваныя [1, с. 9]. У пачатку XX ст. з'яўляецца бетонавае перакрыцце на адзнацы ніжэй вокнаў другога святла, закладзеных цаглінамі. У студзені 2002 г. пасля пажару металічныя бэлькі перакрыцця прагнуліся і яно страціла нясучую здольнасць [1, с. 12]. Пасля гэтай падзеі было прынятае рашэнне аднаўляць залу з двухсветлавым вырашэннем згодна яе першаснаму выгляду. Працэс узнаўлення інтэр'ера Гетманскай залы, ўнутранае аздабленне якой да нашых часоў не дайшло, пачаўся ў 2009 г. пасля дэтальнага даследавання. Аб'ём выкананых натурных вышукванняў і дадзеныя гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і іканаграфічных матэрыялаў дазволілі прыняць праектныя рашэнні па рэстаўрацыі помніка. Таксама ў якасці аналагаў для іх абгрунтавання былі выкарыстаныя натурныя і тэарэтычныя даследаванні і прыведзены ў іх архіўны і іканаграфічны матэрыял наступных помнікаў: замак Радзівілаў у Біржах (Літва), замак Радзівілаў у Бялай (Бяла Падляска, Польшча), замак Радзівілаў у Шыдлаўцы (Польшча), касцёл Божага цела, Ратуша, Слуцкая брама ў Нясвіжы, Уяздоўскі замак (Вар­шава. Польшча) fl. с. 81.

(23KB) Мал. 1. Барэльефы з вайсковай тэматыкай на развёртках сценаў.

Гетманская зала сімвалізуе славу і дзяржаўную вагу рода Радзівілаў у вайсковай сферы. Падобнага кшталту рэпрэзэнтатыўныя памяшканні былі характэрныя для ўсіх тагачасных магнацкіх рэзыдэнцый. Асобна варта адзначыць, што неверагодна заможныя, Радзівілы не лічылі сябе ніколі ні грамадзянамі Рэчы Паспалітай ні Расійскай імперыі, але ўдзельнымі манархамі. Мелі ўласнага войска да 10 тысячаў чалавек [3, с. 8]. На гэтым фоне лёгка вытлумачальным робіцца той факт, што абсалютная большасць геральдычных выяваў у замку адлюстроўвае фамільныя адзнакі, а не дзяржаўныя; лагічнаю выглядае падкрэсленая ўвага да сімвалаў рыцарскага высакародства і доблесцяў.

Аўтар гістарычных даследванняў Т. Бернатовіч адзначае, што падчас візіта караля Панятоўскага ў Нясвіж (1784 г.), да пакояў караля праходзілі праз "salę hetmańską" залу, у якой кароль абедаў, і назва якой выводзіцца ад партрэтнай галерэі літоўскіх гетманаў [2, с. 46]. З гэтай жа прычыны зала носіць яшчэ адну назву Партрэтнай. Інвентар, складзены пасля смерці князя Караля Станіслава Радзівіла ў 1791 годзе, удакладняе, што ў Гетманскай залі было вывешана 27 партрэтаў літоўскіх гетманаў у поўны рост [2, с. 49]. Іншая дэфініцыя, пададзеная там жа, зала Вішнявецкіх, у звязку з якой згадваецца наяўнасць нейкай колькасці партрэтаў князёў роду Вішнявецкіх, з прадстаўнікамі якога Радзівілы мелі некалькі шлюбных сувязяў. Да таго ж фундатар аднаўлення, падчас якога над паўднёвай галерэяй і з'явіўся трэці паверх з Гетманскай залай [1, с. 9], М.К. Радзівіл фактычна перад самым пачаткам працаў (у 1725 г.) ажаніўся з Ф.У. Вішнявецкай [4, с. 109], што апроч усяго знайшло мастацкае адлюстраванне ў аздабленні пакояў і прадметах побыту, такіх як напрыклад роспіс з выявай падвойнага "шлюбнага" герба гэтых двух фамілій над галоўнай лесвіцай палацу, альбо металічны камінны шчыт з рэльефам такога ж сюжэту і інш. Каштоўнасць гэтага саюза, падмацаванага іншымі прэцэдэнтамі перакрыжаваных шлюбаў, відавочна была настолькі высокай і ганаровай для ўладара замку, што спалучаны на адным полі герб Радзівілаў-Вішнявецкіх з'яўляецца нават на тымпане франтона галоўнага фаса­да палаца, самым знакавым месцы размяшчэння інсігній гонару і улады яго ўладальнікаў. На карысць таго, што назвы залы Гетманская і Вішнявецкіх маюць лагічныя нагоды для спалучэння ў кантэксце разглядаемага перыяду стварэння, кажа і той факт, што падчас аднаўлення Радзівілам замку вялікім літоўскім гетманам з'яўляўся яго родзіч па жонцы, М. С. Вішнявецкі, разам з якім у 1741 г. яны прадухілілі стварэнне канфедэрацыі супраць караля, а пасля смерці М. С. Вішнявецкага Радзівіл атрымаў у тым ліку параду гетмана вялікага [4, с. 110]. На падставе вышэйсказанага можна прапанаваць гіпотэзу пра тое, што на пэўнай частцы гетманскіх раставых партрэтаў выяўленыя вялікалітоўскія ваеначальнікі з роду Вішнявецкіх. Але гэта прадмет для далейшых вышукванняў спецыялістаў у сфе­ры мастацтвазнаўства і гісторыі. Праектам прадугледжанае размяшчэнне ў рэканструяванай залі раставых партрэтаў, іканаграфія якіх дакладна вядомая на сёнешні дзень.

Перад пачаткам праектных працаў былі праведзеныя натурныя даследаванні і атрыманыя наступныя дадзеныя. У выніку зандажоў была дадаткова падцверджаная паслядоўнасць будаўніцтва, зафіксаваныя познія закладкі і перабудовы. Паўднёвы фасад адлюстроўвае сляды шматразовых пераробак. Даследаваннямі тынку і цэглавай муроўкі вызначаныя памеры і ступень захаванасці дзвярных і ваконных праемаў. Адзначаныя пазнейшыя закладкі ваконных праёмаў, якія на паўднёвым фасадзе носяць бессістэмны характар [1, с. 11]. У зандажах перакрыцця паміж другім і трэцім паверхамі выяўленыя канструкцыі, захаваныя з XVIII ст. (бэлькі, абапертыя на вонкавыя муры; лагі; некалькі тыпаў каваных цвікоў) [1, с. 10]. У працэсе рэстаўрацыі драўлянае перакрыцце ўмацаванае і захаванае. У праекце было адзначана асобна, што пры вытворчасці рэстаўрацыйна-аднаўляльных працаў, у працэсс разборак, расчыстак ад наслаенняў і ўстаноўкі рыштаванняў абавязкова патрэбна працягваць фізіка-хімічныя даследаванні на прадмет выяўлення жывапісу шляхам разбіўкі паверхні на квадраты і пачарговаму зняццю наслаенняў у межах сеткі [1, с. 18]. Аднак у Гетманскай залі слядоў роспісаў не зафіксавалі. Таксама было ўстаноўлена, што муроўка сценаў, скляпенняў, нішаў і адкосаў праводзілася і тынкавалася вапнава-пясчанаю рошчынаю, што характэрна для замка ў цэлым. Таму ў працэсе рэстаўрацыі паўсюдна выкарыстоўваўся не цэментны, а вапнава-пясчаны матэрыял для аднаўлення, у тым ліку і для муроўкі.

Аздабленне сценаў складаецца з прафіляваных філёнак, карнізаў, панеляў, плінтусаў, налічнікаў і інш. У XVIII ст. сцены, якія раней звычайна бялілі вапнаю, пачалі абшываць раздзеленаю на плоскасці драўнінаю і пакрываць тканінамі. "Абіўка ў панскіх пакоях была...з купленага адамашку гэты лічыўся самым шыкоўным,.. выглядаў прыгожа, асабліва калі сцены былі густа залатым галуном абшытыя. Колер адамашку быў розны: пунсовы. зялёны, жоўты, блакітны; якога колеру была абіўка, такія ж і фіранкі на вокнах, і крэслы, і канапы, усё ў адным ко­леры." [5, с. 312]. Па гэтым прынцыпе было вырашанае аздабленне сценаў Гетманскай залі, а таксама тэкстылю на вокнах і мэблі.

Выбар колеравай гамы залы ў цэлым быў дастаткова традыцыйным для барочных інтэр'ераў і абумоўлены наяўнасцю шэрагу ўзораў, а таксама законамі праяўлення паноўнага стылю ў інтэр'ерах: яркія, насычаныя адценні прэваліруюць у аздобе парадных памяшканняў XVIII ст. Пры раскрыцці фрэскавых роспісаў на сценах камяніцы ў 2008 г. сярод вайсковых рэгалій быў выяўлены вялікі двухколеравы штандар з гамаю, прынятаю затым за аснову для афармлення Гетманскай залы як дадатковага праяўлення прысутнасці характэрных для Радзівілаў інсігній вайсковай улады і славы.

На панэлях і дэсюдэпортах Гетманскай залі прадстаўленая так званая арматура барэльефныя выявы вайсковага абсталявання (мал. 1), якія выкарыстоўваліся ў архітэктуры ў якасці дэкора [6, с. 21]. За прататып былі ўзятыя вышэйзгаданыя роспісы з камяніцы, а таксама з па­раднай лесвіцы палаца, пры гэтым паўтораныя тыя самыя дэталі і нават асобныя кампазіцыі. Таксама выкарыстаныя графічныя выявы (суперекслібрысы, гравюры) з замкавай бібліятэкі, барэльефы з маёнтка Радзівілаў у в. Вялікая Ліпа.

(29KB) Мал. 2. Столя з монументальным жывапісам.

На франтальнай сцяне над дзвярыма, якія вядуць у камяніцу, размешчаны вялікі паліхромны картуш з выяваю спалучанага герба Радзівілаў-Вішнявецкіх, які з'яўляецца паўтарэннем адной з вядомых уласных пячатак Францішкі Уршулі Радзівіл, якая зараз знаходзіцца ў Варшаве, а паходзіць з скарбу Радзівілаў у Нясвіжы [7, с. 204]. Каляровае вырашэнне картуша было прынятае згодна з гістарычнымі паліхромнымі рэканструкцыямі і знойдзенымі ў замку аўтэнтычнымі выявамі "шлюбнага" герба, з абавязковай арыентацыяй на кананічнае апісанне ў гербоўніках [8, с. 95].

У большасці выпадкаў у XVIII ст. замоўцаў такога комплекснага твора, як палац, і ў прыватнасці парадная зала, надзвычай цікавіць прэзэнтацыя іх асабістых этычных, сацыяльных, палітычных поглядаў. Акцэнт робіцца на змест. Варта памятаць, што ва ўсе часы дэкор з'ява не толькі фармальна-стылістычная, але і сацыяльная, у дадзеным выпадку гэта яго палацавы тып з адхіленнямі ад тэндэнцый агульнага стылю ў бок прэферэнцый да густу і пажаданняў уладальнікаў-магнатаў. Князь Міхал Казімір Радзівіл цаніў вынікі мастацкай дзейнасці як пэўны кшталт гістарычнай дакументацыі, калі на першы план выходзіла візуальная канстатацыя дзеяння, факта з гісторыі сям'і, тое, што далучае сапраўднае да вечнага, пакідае падзею ў памяці спадчыннікаў [9, с.29]. Відавочна, што пакой настолькі сэнсава нагружаны, як зала Гетманская-Вішнявецкіх-Партрэтная, прэзентаваў нашчадкам цэлы шэраг такіх сімвалаў (першавытокі якіх адлюстраваныя ў назвах залі), матэрыялізаваных у канкрэтныя прадметы свайго аздаблення. Адсюль з'яўляюцца і ўрачыста суіснуюць поруч адзнакі вайсковай славы і супольнага быцця двух вялікіх фамілій таго часу. Адбываецца лагічная для XVIII ст. інтэрвенцыя рэгалій у малюнак столі, якая згодна традыцыйным прыёмам эпохі выкананая з пазалочанаю ляпнінаю і распісаным плафонам. У Нясвіжскім замку архітэктурнай часткай такіх столяў займаўся княжаскі дойлід Казімір-Антоні Здановіч, што падцвярджаецца дакументальна ў 1743 г. яго пісьмом са скаргаю на недахоп гіпсу для аздобы столяў і дэкора [2, с. 36].

Першаўзорам, узнаўленне і інтэрпрэтацыя якога лягла ў аснову для стварэння манументальных роспісаў плафо­на столі Гётманскай залы (мал. 2), з'явіўся ілюзіяністычны жывапіс з галоўнай лесвіцы палаца, адначасовы па перыядзе стварэння з Гетманскай залай, а таксама выявы аналагічнай сюжэтнай скіраванасці са сценаў памяшканняў камяніцы. Згодна інвентарам манументальныя роспісы былі ва ўсіх інтэр'ерах паўднёвай галерэі, на столі трэцяга паверха яны былі выкананыя па тынку [1, с.13].

(26KB) Мал. 3. Зала на фінальнай стадыі рэканструкцыі. Сцяна з камінам.

Наяўныя перад пачаткам рэстаўрацыі ў залі рэшткі падлогі былі датаваныя савецкім часам, мелі вялікую сту­пень фізічнага зносу і гістарычнай каштоўнасці не ўяўлялі. Таму пакрыцце аднаўлялася паводле добра захаваных арыгінальных фрагментаў гістарычнага дубовага паркета, знойдзеных у пакоях замку, згодна з патрабаваннямі XVIII ст., калі ў парадных памяшканнях як правіла зладжваліся наборныя паркетныя падлогі з разнастайных пародаў каштоўнай драўніны. Напрыклад у 1733 г. архітэктар Здановіч пісаў князю ліст з запытам пра дадатковую пастаўку драўніны дуба на падлогі [2, с. 35]. Дубовы шчытавы мастацкі паркет індывідуальнага выканання быў пакладзены ў адпаведнасці знойдзенай у замку канструкцыі па драўляных лагах.

Цягам стагоддзяў ніводны парадны палацавы інтэр'ер не абыходзіўся без дзвярэй і вокнаў. Абследванне выявіла, што сталярныя вырабы трэцяга паверху познія, адносяцца да перыяду працы ў замку лекава-аздараўляльнай установы (санаторыя), і падлягаюць замене [1, с. 13]. Дзверы, усе вокны і скабяныя вырабы аднаўляліся на аснове захаваных узораў, аналагаў і дадзеных інвентароў [1, с. 16].

Для запаўнення праёмаў былі выкарыстаныя двухстворкавыя філёнчатыя драўляныя дзьверы з пазалочанымі рэльефамі. У парадных пабудовах XVIII ст. палотны з до­шак на шпонках саступаюць месца філёнчатым створкам, асновай канструкцыі якіх служыць жорсткая абвязка, якая патрабуе вельмі дакладна падагнаных і складаных кутовых злучэнняў; цяслярная праца змяняецца сталярнай [10, с. 248].

Паколькі для будаўнічай культуры мінулага характэрныя адхіленні ад ідэальнай геаметрычнай формы, індывідуальнасць трактоўкі кожнай асобнай дэталі [9, с.55], а таксама паколькі ў працэсе жыцця будынка адбыліся некаторыя натуральныя для муроў дэфармацыі, кожны ваконны праём з наяўных у Гетманскай залі валодаў сваімі адрознымі ад іншых габарытамі. Для іх запаўнення была прадугледжаная і выкананая адпаведная колькасць унікальных вырабаў з высокаякаснай драўніны дуба. Таўшчыня абвязкі ў сярэднім 188 мм, пераплёту - 35 мм., габарыты шкельцаў у сярэднім 320 х 222 мм [11]. Прыведзеныя габарыты і выкананыя вокны ў цэлым адпавядаюць параметрам аўтэнтычнай сталяркі, а таксама тыповым вырабам XVIII ст., дзе вялікія праёмы (2 м і болей у вышыню) звычайна маюць крыжападобнае чляненне плоскасці праёма шырокай абвязкай на дзве створкі. Акрамя гэтага тонкія гарбылькі падзяляюць аконнае запаўненне на роўныя прастакутнікі, адпаведныя фармату шкла. Абвязкі і гарбылькі апрацоўваюцца прафіляванымі калёўкамі. Да канца стагоддзя, пакуль у абіходзе былі толькі дробныя кавалкі шкла, гарбылькі ўтваралі даволі частую сет­ку [10, с. 249]. Таксама ў XVIII ст. слюдзяныя ваконніцы хутка выцясняюцца шкельнымі. Рашэнне выкарыстаць для аднаўлення празрыстае шкло грунтуецца на факце распараджэння суперінтэнданту налібокскай шклярні Федзеркевічу аб дастаўцы маёру і каменданту Мазарыні 20 скрынак «белага шкла для замкавых вокнаў» [12, с. 22].

Страчаныя печы і камін Гетманскай залы [1, с. 13] аднаўляліся на аснове дадзеных комплексных навуковых вышукванняў. Дзве печы з глазураваных з рэльефным дэкорам кафляў мелі прататыпам захаваныя замкавыя печы другога паверха палаца. Базавыя элементы - каляровыя кафлі - былі ўзятыя з шэрагу знойдзеных у выніку археалагічных даследаванняў у Нясвіжскім замку вырабаў, часткова фрагментаваных, часткова адшуканых у непашколжаным стане. За аснову колеравай гамы была прынятая гама паліхромнай кафлі з выяваю арла на халодным шэрым фоне. Вялікі камін (Мал. 3) зроблены са стуку, паверхня якога імітуе фактуру мармура-шырока распаўсюджаны мастацкі прыём, з дапамогаю якога ў замку выкананы выбітны дэкор Белай бальнай залі, іншыя каміны, а таксама фрагментарна алтары і надгробкі ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы.

Правобразам геаметрычных прапорцый, стылістычнага і сюжэтнага вырашэння з выкарыстаннем вайсковай арма­туры паслужыў вялікі стукавы камін з люстэркам з іншага замку - Жоўквы, што каля Львова, створаны таксама за часам уладарання там Міхала Казіміра Радзівіла. Падлога топкі каміна выкладзеная клінкернымі цаглінамі, сцены атынкаваныя, заднік (душнік) абсталяваны металічным шчытом з выяваю спалучанага герба Радзівілаў-Вішнявецкіх, што з аднога боку цалкам адпавядае традыцыйным спосабам зладжання камінных топак, а з другога таксама агульнай сюжэтнай скіраванасці дэкора залы.

Заключэнне

Гетманская зала належыць да зоны аднаўляемай прасторы, якая ўяўляе сабой найбольш каштоўныя захаваныя часткі замкавага комплекса, дзе прысутнічае дастаткова архіўных і натурных дадзеных для поўнага іх аднаўлення. На гэтай аснове ствараецца замак-музей. Узнаўленне інтэр'ера праводзілася з улікам наяўных гістарычных ведаў пра прызначэнне і абсталяванне пакояў падобнага кшталту. Комплексны падыход да рэстаўрацыі ўлічваў, што такія вызначальныя элементы фасадаў, як вокны, адначасова з'яўляюцца і важкімі элементамі інтэр'ера. Галоўная мэта рэканструкцыйных мерапрыемстваў максімальнае вяртанне да першапачатковага дэкора. Пры гэтым захоўваецца памкненне да даставернасці аднаўляемых элементаў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX