Вярнуцца: Мастацтва

Баравы Расціслаў. Невядомы помнік старажытнабеларускай архітэктуры


Аўтар: Баравы Расціслаў,
Дадана: 20-06-2013,
Крыніца: Баравы Расціслаў. Невядомы помнік старажытнабеларускай архітэктуры // Спадчына №1-1993. С. 64-68.



Светлай памяці Міхася Ткачова

З 202 помнікаў манумэнтальнай архітэктуры эпохі Кіеўскай Русі, зафіксаваных П. Рапапортам [1], 21 знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі (г. зн. прыблізна 10 працэнтаў). Адпаведна з агульнай колькасцю населеных пунктаў (57), у якіх размешчаны гэтыя помнікі, на (115KB) Подпіс пад малюнкам: 'Вид старинной загородной церкви во имя с-х Бориса и Глеба, ныне в развалинах с армейским в ея подвале цехгаузом. В Витебске - 1866 г.'. Беларусь прыпадае 7 (альбо амаль 13 працэнтаў). Як бачым, суадносіны прыблізна аднолькавыя.

Калі ж параўнаць колькасць помнікаў у асобных населеных пунктах, то Полацк (11 помнікаў) саступае толькі Кіеву (32), Ноўгараду (22) i Смаленску (25), нязначна перасягаючы іншыя цэнтры княстваў.

У Горадні налічваецца 5 помнікаў, у Менску, Віцебску, Тураве, Наваградку i Ваўкавыску - па адным.

Неабходна, аднак, адзначыць істотную акалічнасць. На землях Расеі i Украіны значна больш цалкам захаваных помнікаў, у Беларусі ж можна весці гаворку толькі пра 2 такія культавыя збудаванні (Полацк i Горадня), астатнія фіксуюцца археалагічна.

Адсутнасць аўтэнтычных пісьмовых крыніцаў таксама не дазваляе дапоўніць прыведзены П. Ралапортам пералік. Між тым, калі, напрыклад, у Кіеве помнікаў манументальнай архітэктуры кіеўскай эпохі, вядомых па аўтэнтычных пісьмовых крыніцах, - 9, у Ноўгарадзе - 18, то ў Полацку - толькі адзін.

Для XIV-XV стст. маем таксака вельмі мала такіх крыніцаў. Аднак «Інвентар Архіепіскапіі Полацкай» (сярэдзіна XVI ст.) называе ў Полацку 15 манастыроў i з цэркваў (акрамя Сафійскага сабора). У Віцебску, паводле «Інвентару...» горада 1618 г., налічвахася 2 манастыры i 14 цэркваў.

Як відаць з гэтых спісаў, колькасць культавых збудаванняў у Полацку павялічылася (у параўіжнні са звесткамі П. Рапапорта) прыблізна ў 2 разы, у Віцебску ж - у 16 разоў.

Безумоўна, большасць цэркваў былі драўлянымі, некаторыя заснаваны ў XIV-XV стст., аднак гэтак жа бясспрэчна, што частка i мураваных святыняў XII-XIII стст., разбураная больш познімі войнамі (асабліва ў XVI ст.), на мяжы XVI-XVII стст. не функцыянавала i не магла трапіць у пералікі.

Кіруючыся толькі звесткамі «Інвентароў...», практычна немагчыма вызначыць месца згаданых у ix храмаў, i для гэтага неабходна браць пазнейшыя крыніцы, канца XIX- пачатку XX ст.

У пачатку 80-х гадоў, займаючыся архіўнымі даследаваннямі для праекту рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Віцебска, аўтар звярнуў увагу на адзін доказ А. Семянтоўскага са статыстычнага агляду г. Віцебска, змешчанага ў «Памятной книжке Витебской губернии на 1865 г.».

Завяршаючы апісанне храмаў «Першай ці Узгорскай часткі горада Віцебска», ён паведамляе: На самай ускраіне горада, на стромкім беразе р. Заходняй Дзвіны, на адлегласці каля паўвярсты ад Св.-Траецкай-Пескавацінскай царквы, бялеюць самотныя руіны невялікай мураванай царквы ў імя Св. Барыса ды Глеба, якая лічыцца пры Тадулінскім манастыры...» Мы не можам падзяліцца з чытачом гісторыяй гэтага храма, таму што адсутнічаюць для гэтага станоўчыя звесткі, але нагадаем яму, што храм у імя Барыса ды Глеба існаваў у Віцебску яшчэ ў пачатку XVI ст. i лічыўся нават у той час найстаражытнейшым; вось што менавіта чытаем мы пра яго ў «Інвентары 1552 г.»: «Царква Святога Глеба i Барыса, да якой зямля таксама з даўніх часоў наданая, на той зямлі цяпер чалавек адзін...» У 1812 г. царква гэтая служыла для захавання пораху i іншых агнястрэльных прыпасаў варожай арміі.

Гэтае паведамленне прыцягнула нашу ўвагу, таму што назва храма пры супастаўленні з датаваннем (раней XVI ст.) i матэрыялам (мураваны) у прынцыпе дазваляе аднесці яго да помнікаў архітэктуры XII-XIII стст.

Але ж на ніводным з вядомых нам планаў Віцебска канца XVIII-пачатку XIX ст. не фігуравала «царква Барыса i Глеба» альбо яе руіны. А. Сапуноў у сваіх шматлікіх працах па гісторыі Віцебска таксама не згадвае гэтага храма, а «Інвентар 1552 г.» называе без якіх-небудзь заўваг. Семянтоўскі ж хоць i паказвае, што царква «лічылася пры Тадулінскім манастыры», аднак у апісанні гэтага манастыра ён нідзе не ўспамінае не толькі пра гэтую царкву, але i пра якія-небудзь іншыя віцебскія храмы (альбо землі), што належалі манастыру. («Памятная книжка Витебской губерний на 1866 г.»)

Найбольш імавернай крыніцай звестак пра гэтую царкву маглі быць толькі архіўныя матэрыялы, пра Тадулінскі манастыр. У фондах Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіву Беларусі нам пашчасціла выявіць некалькі справаў [2] з перапіскай наконт «дазволу... зламаць мураваную ліквідаваную Барысаглебаўскую царкву, якая размяшчалася за горадам на Пескаваціку». 4 справы ахопліваюць перыяд з 1872 па 1888 г., але перапіска няпоўная, часткова прадстаўлена чарнавікамі.

Абмяжуемся толькі кароткім пераказам выкладак асноўных фактаў, здабытых з гэтых справаў, не спрабуючы пакуль аднавіць поўную карціну 15-гадовай перапіскі, у выніку якой помнік знік.

з запытаў Кансісторыі i адказаў настаяцелю манастыра, датаваных 1872 г., вынікае, што хоць царква i належыць манастыру, але невядома, з якога часу. Таксама невядома, «з якога выпадку i калі яна здрухлела i знішчылася...»;

не так даўно (дапушчальна ў 1864 г.) яна «невядома якім чынам» трапіла ў распараджэнне Ваеннага ведамства, i «гэтае апошняе зрабіла ў ёй парахавы склад». Далей паведамляецца, што яна нават не была ўнесена ў кліравыя ведамасці манастыра, таму што «ўяўляе сабой толькі груд цэглы, - вельмі нязначнага кошту».

Нарэшце, «Справа...», датаваная 1885 г., паведамляе, што «ў цяперашні час матэрыял (г. зн. царквы) - цэгла i камень раскрадаецца мясцовымі жыхарамі...» - «...дазволіць продаж... з таргоў альбо адной асобе... з умовай, каб матэрыял быў абавязкова звезены з манастырскай зямлі i пляц пад царквою ачышчаны... на месца алтара быў бы пастаўлены крыж i абнесены агароджай». У выніку Ў чэрвені 1888 г. «віцебскаму мешчаніну... Няменаву прададзена на знос Барысаглебаўская царква за 175 р., з тым, каб ён пасля зносу царквы сабраў смецце i засыпаў яму, дзе цяпер царкоўны склеп...».

Як бачым, вынік першага этапу росшуку быў несуцяшальны - помнік разбураны сто гадоў назад, i ўжо тады ягоная гісторыя была забытая - яшчэ адзін згублены каменьчык з мазаікі беларускай культуры.

Новы імпульс для росшуку дала, калі можна так сказаць, шчаслівая выпадковасць.

У 1985 г., праглядаючы вопіс фонду малюнкаў у Аддзеле рукапісаў Віленскага універсітэта, аўтар выявіў наступны запіс: «№ 217 - Выгляд Барысаглебаўскай царквы ў Віцебску» [3]. Гэтая ж назва сустракалася сярод малюнкаў з альбома мастака Д. М. Струкава: «Былая царква Барыса i Глеба. Віцебск» [4].

Першы малюнак - гэта акварэль памерам 218x182 мм (Мал. 1). На аркушы надпіс: «Выгляд старадаўняй загараднай царквы ў імя Святых Барыса i Глеба з армейскім у яе склепах цэйхгаузам у Віцебску - 1866». Прозвішча аўтара адсутнічае, але ў вопісе адзначана: «Аўт. Мінят». Гэтаму ж аўтару належыць малюнак Благавешчанскай царквы ў Віцебску, таксама датаваны 1866 г. [5] Як нам давялося высветліць, Аляксандр Мікалаевіч Мінят, які скончыў Крожскую гімназію i атрымаў званне вольнага мастака Імператарскай Акадэміі Мастацтваў, з 1847 г. быў настаўнікам малявання i чыстапісання Віцебскай гімназіі. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся ў канцы 1860-х гг.

Першае ўражанне ад гэтага малюнка дастаткова адназначнае: асноўны аб'ём збудавання нагадвае храм X-XIII стст. з перакладзенымі пад двусхільны дах навершавымі часткамі муроў (на ўзроўні закамар) i барочнымі франтонамі на двух фасадах.

Мы не бачым апсіднай часткі храма, але на эскізе плана, выкананага Д. М. Струкавым, - прастакутнае з падкрэслена тоўстымі сценамі збудаванне (суадносіны бакоў 2:1), з паўкруглай апсідай, не выдзеленай ва ўнутранай прасторы пабудовы (больш позняя закладка?).

На жаль, на плане няма маштабу i толькі адзін арыенцір - бераг Дзвіны, амаль поруч з якім на авальным узвышэнні (дзе могуць размясціцца прыблізна тры такія будынкі) нанесены контуры царквы. Храм размешчаны перпендыкулярна да лініі берага, апсідай да ракі. У левым ніжнім кутку ліста - незамкнёны прастакутнік, у якім напісана - «косці».

Наступны этап пошуку - прывязка храма да мясцовасці. Як ужо адзначалася, у эксплікацыі на планах Віцебска царква ў імя Барыса i Глеба адсутнічае. Аднак, калі малюнак сведчыць аб відавочна заходнім (уніяцкім ці каталіцкім) характары яе больш позніх пераробак, то нават вельмі прыблізныя ўказанні А. Семянтоўскага i архіўных справаў («за горадам... на Пескаваціку...»), пры супастаўленні ix з планамі Віцебска, становяцца паўнацэннай гістарычнай крыніцай.

Сапраўды, на планах Віцебска канца XVIII - пачатку XIX ст. [6], на левым беразе Дзвіны, за царквою Св. Тройцы, нанесена «Капліца Св. Іасафата, мураваная». (Неабходна адзначыць некаторыя супярэчнасці ў арыентацыі помніка - калі на плане 1825 г. апсіда дастаткова выразна арыентавана на поўнач, то на плане Струкава - ледзь не на паўднёвы захад./?/).

Гэтая мясцовасць размешчана на паўночнай ускраіне Віцебска, за вялікім ручаём, які на планах XIX ст. называўся Пескавацікам (паўднёвы прыток гэтага ручая мае назву Сутокі). У сувязі з гэтым узнікае пытанне - як упісваецца гэтая царква ў гістарычную тапаграфію Віцебска XII-XIII стст.? Уяўляецца найбольш верагодным, што i назоў яе і «загараднае» размяшчэнне звязаны з месцазнаходжаннем Віцебскай княскай рэзідэнцыі. Сапраўды, аддаленая больш чым на 2 км ад віцебскіх «замкаў», размешчаная вышэй па цячэнні Дзвіны, на высокім (больш як 15 м ад узроўню ракі) мысе i абароненая з боку горада некалькімі равамі, у якіх цякуць ручаі,- гэтая тэрыторыя адпавядала патрабаванням да збудаванняў падобнага тыпу. Верагодна, з гэтымі абставінамі звязана i яе прысвячэнне. Барысаглебаўскія храмы ў княскіх рэзідэнцыях - з'ява нярэдкая для архітэктуры XII-XIII стст. (Полацк, Суздаль, Растоў).

Пры супастаўленні розных планаў Віцебска XIX ст. давялося высветліць, што помнік знаходзіўся прыблізна за 300 м на поўнач ад вусця Пескаваціка i за 50-60 м ад берага Дзвіны. У пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя менавіта на гэтай тэрыторыі пачалося будаўніцтва водазабору i мураванага машыннага будынку водазабору. Землі, якія па-ранейшаму належалі Тадулінскаму манастыру, былі ўжо раздадзеныя ў арэнду. З'явіліся сядзібы з агародамі, жыллёвымі i гаспадарчымі забудовамі. Гэтыя сядзібы размяшчаліся паміж «вялікай дарогай у фальварак Мазурына», Набярэжнай вуліцай, якая цягнецца ўздоўж Дзвіны, i невялікім завулкам ад «дарогі» да Набярэжнай вуліцы, які праходзіў прыблізна за 300 саж. ад рэчышча ручая.

Гэтая тэрыторыя ўсё яшчэ захоўвала ранейшыя мікратапанімічныя назвы i арыенціры («... на Пясках, каля б. Старой Барысаглебаўскай царквы», «... за Пескавацікам у мясцовасці былой царквы Св. Барыса i Глеба» i г. д.), аднак на ніводным з планаў, звязаных з будаўніцтвам водаправоду, няма i намёку на месца гэтай царквы.

Аналіз планаў дазваляе данусціць, што месца былой царквы хоць i засталося, хутчэй за ўсё за межамі тэрыторыі, якую Тадулінскі манастыр перадаў у арэнду Віцебскай гapaдской управе «для ўзвядзення на ёй водаправодных i іншых механічных збудаванняў», аднак знаходзілася ў непасрэднай блізкасці ад заходняй мяжы земляў манастыра.

Хоць тэрыторыя старога водазабору на Пескаваціку да цяперашняга часу значна павялічылася менавіта на захад, аднак аналіз графічнага матэрыялу канца XIX- пачатку XX ст. у спалучэнні з візуальным даследаваннем мясцовасці, праведзеным аўтарам у 1986 г., дазволіў, як нам здаецца, акрэсліць найбольш верагоднае месца засыпаных у мінулым стагоддзі склепаў Барысаглебаўскай царквы.



[1] Раппопорт П. А. Русское зодчество. X-XIII вв.: Каталог памятников. Л., 1982.

[2] ЦДГА Беларусі. Ф. 2617. воп.1, адз., 997; адз. зах 1046; адз. зах. 1063; адз. зах. 1206.

[3] АР ВДУ. F -78. № 217.

[4] АР ВДУ. F - 78. № 927.

[5]

[6] Центр, дзярж. архіў буд-ва i арх-ры СССР. Ф. 1356, воп. I, адз. зах. 123 (План без даты, але аналіз эксплікацыі дазваляе датаваць яго 1796-1800 гг. Цэнтр. дзярж. вайск.ГІСТ. архіў СССР. Ф. 349, воп. 8, адз. зах. 1417 (1825 г.).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX