Папярэдняя старонка: Мастацтва

Лакотка Аляксандр. Урочышчы, слабоды, прадмесці 


Аўтар: Лакотка Аляксандр,
Дадана: 03-10-2013,
Крыніца: Лакотка Аляксандр. Урочышчы, слабоды, прадмесці // Спадчына №2-1994. С. 70-72.



Драўлянае дойлідства Беларусі - адзін з галоўных элементаў культуры, які мае яркую этнічную спецыфіку, выразныя рысы нацыянальнай прыналежнасці, вызначаецца экалагічнасцю ды сведчыць пра эмацыянальнае й духоўнае Дом пачатку XX ст. (Бабруйск, вул. Інтэрнацыянальная). адзінства яго руплівага стваральніка з прыродай. Шматлікія гарады й мястэчкі захавалі, нягледзячы на бязлітасны час, драўляныя пабудовы. У 1910 г., напрыклад, у г. Менску будынкаў налічвалася 7639. 3 ix: 1262 - мураваных, 6166 - драўляных, 211 - змяшаных; 2510 дамоў было накрыта дахавай бляхай, 5166 - гонтаю, дранкай, цёсам, 10 - дахоўкай.

Фрагмент разбянога аздаблення дома пачатку XX ст. (Магілеў, праспект Пушкіна). Разбяное аздабленне драўлянага дома. 60-я гг. (г. Гарадок). Драўляная забудова ў Полацку.

Брукаваныя вуліцы складалі 16,5 %, бульвары i тратуары - 11,2%, вуліцы, абсаджаныя дрэвамі - 1,8 %. Наогул, галоўным будаўнічым матэрыялам гарадоў Беларусі было дрэва (70 % ад усіх жылых пабудоваў). Па колькасці ж мураваных будынкаў на першым месцы сярод губернскіх гарадоў стаяла Горадня (40 %), а на апошнім - Віцебск (11 %). Высокім працэнтам мураванай забудовы вылучаліся Ліда (47%), Берасце (42 %). А вось у бальшыні павятовых i заштатных гарадоў доля мураванай забудовы складала менш як 1 % (Быхаў, Сянно, Чавусы, Лепель, Рэчыца). Па колькасці драўляных стрэхаў першае месца належала Менску (67 %), другое - Магілеву (63 %). У парадах Горадзенскай губерні дамы крылі дахоўкай (36 %), гонтай i драніцай (38 %), бляхай (18 %). У многіх павятовых гарадах i мястэчках пераважалі саламяныя стрэхі (Адэльск - 84 %, Клюшчаны - 82 %, Дарагічын - 76 %). Па працягласці мураваных вуліцаў на першым месцы была Горадня (91 %), затым Менск (42 %), Магілеў (37 %), Віцебск (35 %). Менск i Магілеў уваходзілі ў лік 14 гарадоў паўночна-заходняй часткі Расейскай імперыі, якія мелі тратуары ад 1/2 да 3/4 даўжыні вуліцаў. Горадня ж была сярод тых 9 гарадоў, дзе тратуары займалі не менш 3/4 даўжыні вуліцаў.

Структурная i горадабудаўнічая адзінка драўлянай гістарычнай забудовы гарадоў - прадмесце. У XI-XIII стст. гэта былі рамесна-гандлёвыя пасады, што абкружалі дзядзінец (замчышча). У XIII-XVIII стст.- слабоды, урочышчы рамеснікаў, гандляроў, мяшчанаў, сядзібы гарадскіх феадалаў, купцоў, духавенства. У ХІХ - пачатку XX стст. - рабочыя раёны, месцы развіцця транспарту.

Прадмесці забудоўваліся драўлянымі дамамі. У XIX - пачатку XX ст. гарадскімі губернскімі ўправамі складаліся праекты, што адпавядалі існуючым будаўнічым, супрацьпажарным i санітарным нормам. Адзінкай забудовы прадмесцяў быў пляц, які наразаўся па перыметры кварталаў, перпендыкулярна вуліцаў i завулкаў. Шырыня разлічвалася такім чынам, каб паміж дамамі, што ставіліся ўздоўж вуліцаў па чырвонай лініі, вытрымліваліся супрацьпажарныя разрывы ў 20 сажняў. Там, дзе гэтая адлегласць была меншая, тарцовыя сцены дамоў выконваліся ў выглядзе цаглянага брандмаўэра. Праз такі брандмаўэр да існуючага будынка далучалі новы. Уздоўж вуліцы - агароджы з варотамі i весніцамі, тратуары з дошак. У глыбіні пляца стаялі флігель, хлявы на дровы, іншы раз клець, канюшня (калі быў фурман). Рэшту тэрыторыі займалі агарод, сад. Шматлікасцю садоў вылучаліся прадмесці Менска.

Планіроўка драўлянага дома ўключала: ганак-веранду, перадпакой, кухню, два-тры жылыя пакоі. Гэта быў модуль, з якога будаваліся дамы на дзве, тры, чатыры кватэры. Будынкі ставіліся на цагляным падмурку з абчэсаных на два канты бярвёнаў (Менск) ці круглякоў (Магілеў, Гомель, Бабруйск i іншыя гарады на ўсходзе Беларусі). Страха - кроквенная, двусхільная (Менск) ці чатырохсхільная (Глуск, Рэчыца, Хойнікі, Брагін). Вокны аздабляліся разьбянымі ліштвамі, аканіцамі. Шчыты i карнізы - разнымі карункамі. У гарадах заходняй Беларусі сцены дамоў звонку шаляваліся i фарбаваліся. Унутры памяшкання падшывалася ўцепленая (падвойная, «чорная» i «чыстая») столь, клалася падлога, сцены тынкаваліся, абклейваліся шпалерамі. Пакоі ацяпляліся кафлянымі печкамі.

Помнікі драўлянай архітэктуры гарадоў увасабляюць шматлікія рысы мастацкіх стыляў: ампіру, мадэрну (Гомель, Магілеў, Бабруйск, Ворша), канструктывізму (Менск, Магілеў) i з'яўляюцца неад'емнай часткай культурнай спадчыны беларускага народу. Сёння над імі навісла пагроза канчатковага знішчэння. Ад былога прадмесця Камароўка засталося некалькі асірацелых вішнёвых i яблыневых дрэваў сярод асфальтаванага пляцу. Зніклі драўляныя забудовы Старажоўскага прадмесця і Нямігі, прадмесця Добрыя Мыслі. I гэта толькі ў Менску...

Праблему захавання, рэстаўрацыі ды выкарыстання помнікаў драўлянага дойлідства трэба неадкладна вырашаць на дзяржаўным узроўні.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX