Вярнуцца: Мастацтва

Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр


Аўтар: Аляхновіч Францішак,
Дадана: 10-10-2012,
Крыніца: Аляхновіч Францішак. Беларускі тэатр // Спадчына № 1 - 1991. С. 33-43.



ПАЧАТАК НАШАГА ТЭАТРАЗНАЎСТВА

У трэцім нумары летась «Спадчына» ўпершыню за савецкі час пазнаёміла беларускага чытача з жыццёвай і творчай біяграфіяй пісьменніка, драматурга, рэжысёра, акцёра, грамадскага дзеяча Беларусі Францішка Аляхновіча.

У чатырох кніжках акадэмічнага выдання «Гісторыі беларускага тэатра» Мн., Навука і тэхніка, 1983-1987 гг.) толькі тройчы ўпамінаецца прозвішча Лляхновіча, і кожны раз у зняважлівым сэнсе. Няма там ні разгляду яго п'ес, ні аналізу дзейнасці тэатральных калектываў, якія ён узначальваў, як, дарэчы, і некаторых важных працэсаў тэатральнага жыцця напярэдадні пачатку існавання Беларускага дзяржаўнага тэатра. У сувязі 3 асобай і дзейнасцю Францішка Аляхновіча ўзнікае і яшчэ адзін надзвычай істотны пралік фундаментальнай працы вучоных Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Даследуючы ў вышэй названых чатырох кнігах не толькі шлях нацыянальнага тэатра, але і развіццё тэатразнаўчай думкі, аўтары бяруць за кропку адліку рубеж саракавых і пяцідзесятых гадоў нашага стагоддзя, калі з'явіліся першыя манаграфіі Я. Рамановіча, У. Няфёда, А. Есакова, У. Стэльмаха, С. Майхровіча, прысвечаныя творчасці або асобных дзеячаў сцэны, або асобных тэатраў рэспублікі ў савецкі час. «Першай абагульняючай работай па гісторыі нацыянальнага тэатральнага мастацтва» называецца кніга У. Няфёда «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі», выдадзеная ў 1959 годзе. He верыцца, што сур'ёзныя даследчыкі не трымалі ў руках сапраўднай першай працы, не маглі не мець яе ў сябе. Ды яна, напэўна ж, была першай прыступкай у новых, цяпер ужо болыіі падрабязных, даследаваннях гісторыі нацыянальнай сцэны. Але вось месца нават для ўпамінку той даўняй кнігі на тысячах старонках акадэмічнага, a значыць найбольш поўнага, фундаментальнага, выдання не знайшлося...

Беларускае тэатразнаўства і яго важнейшая галіна - гісторыя нацыянальнага тэатра - у класічным разуменні гэтых паняццяў пачалася на самой справе ў 1924 годзе, калі ў Віленскай друкарні «Lux» была надрукавана кніга Францішка Аляхновіча «Беларускі тэатр». Гэта невялікі, напісаны на нейкай сотні старонак, нарыс гісторыі нацыянальнага тэатра ад яго пачатковых форм аж да моманту поўнай прафесіяналізацыі - да ўзнікнення Беларускага дзяржаўнага тэатра. Ен мае і сёння прынцыповае навуковае значэнне. Па-першае, у тэатразнаўчым даследаванні Ф. Аляхновіча ёсць старонкі, якія, нягледзячы на сцісласць выкладання, на адсутнасць у аўтара магчымасцяў карыстання некаторымі крыніцамі, дадаюць найперш шмат новага ў нашае разуменне тэатральных і агульнакультурных працэсаў у няпросты для Беларусі перыяд 1910-1919 гадоў. Важна, што даследчык сам, асабіста, быў і ўдзельнікам і сведкам іх. Па-другое, першы беларускі тэатразнаўца і ў іншых раздзелах звяртае ўвагу на тыя факты і з'явы з гісторыі нашага тэатра, якія значна пазнейшым яго паслядоўнікам чамусьці падаліся не вартымі доследу. Так, разглядаючы п'есу «Дажынкі» П. Шпілеўскага, Ф. Аляхновіч, як і А. Луцкевіч, называе яе літаратурным плагіятам, які сатканы з запазычанняў 3 п'есы «Сялянка» В. ДунінаМарцінкевіча. I, нарэшце, па-трэцяе, кніга «Беларускі тэатр» уводзіць у гісторыю нацыянальнай сцэны не толькі наўмысна забытыя факты, з'явы, падзеі, але і імя самога яе аўтара і як акцёра, рэжысёра, драматурга, арганізатара тэатральнай справы, і як тэатразнаўцы.

Упэўнены, што апошні момант дзейнасці Ф. Аляхновіча чакае сваіх даследчыкаў. Зараз жа толькі зазначу, што кніга мае дакладную кампазіцыю (ці перыядызацыю], навукова абгрунтаваныя вызначэнні такіх старадаўніх форм і з'яў тэатра, як народныя драматызаваныя абрады, скамароства, школьная драма. Напрыклад, разглядаючы зачаткі тэатра, Ф. Аляхновіч зыходзіць з пастулата, што «чалавек побач з інстынктам самазахаваўчым, палавым і інш. мае інстынкт тэатральнасці». Інтэрмедыю аўтар аналізуе як «зачатак беларускай драматычнай літаратуры», a батлейка, паводле Ф. Аляхновіча, з'яўляецца фактам «асіміляцыі школьнай драмы». Такім чынам, мы маем справу не 3 кароткім аглядам некаторых этапаў развіцця тэатра, a з лаканічна выкладзеным праблемна-навуковым аналізам генэзісу і паэтыкі нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Асаблівая каштоўнасць працы Ф. Аляхновіча ў тым, што ўсе працэсы, з'явы, факты аналізуюцца пад вуглом гледжання іх ролі ў станаўленні культуры беларускага народа, у развіцці яго нацыянальнай свядомасці.

Кніга «Беларускі тэатр» Ф. Аляхновіча заслугоўвае таго, каб дайсці да сучаснага чытача. A мы пакуль што прапануем пазнаёміцца з яе заключнымі раздзеламі.

Вячаслаў РАКІЦКІ


БЕЛАРУСКІ ТЭАТР

АЛЯХНОВІЧ Францішак

IV

У 1807 г. у фальварку Панюшковічы ў Бабруйскім павеце Меншчыны радзіўся той, каго можам сьмела назваць бацькай беларускай камэдыі - Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

Марцінкевіч, таксама як і яго папярэднікі - аўторы-езуіты, пісаў у дзьвёх мовах: пабеларуску і папольску. Таксама, як у старых інтэрмэдыях, паны і розныя паўпанкі гавораць папольску, сяляне - пабеларуску.

З яго сцэнічных твораў вядомы «Сялянка», «Залёты» і «Пінская шляхта».

«Сялянка» была хронолёгічна першым творам Марцінкевіча (1846 г.). Гэта двохактная камэдыя-опэра, напісаная вершам і прозай. Паны тут гавораць папольску, a войт Навум, Ціт і хор сялян - пабеларуску. Музыку да «Сялянкі» напісаў вядомы композытар, друг Марцінкевіча, Станіслаў Манюшка, таксама родам з Меншчыны. Нажаль гэтыя ноты загінулі і, ня гледзячы на ўсе стараньні, нікому нідзе не ўдалося іх знайсьці.

«Сялянка» выйшла друкаваным выданьнем з друкарні Язэпа Завадзкага ў 1846 г. Пастаўлена была першы раз на сцэне ў Менску ў 1852 г. у тэатры Польляка на Катэдральным пляцы [1]. Весткі а6 гэтай п'есе і яе аўторы можна знайсьці ў карэспандэнцыях з Менску ў сучасных польскіх газэтах, як: «Dzienпік Warszawski» 1852 г. № 97, «Gazeta Warszawska» 1855 г. № 184, «Dziennik Warszawski.. 1855 г. № 188 [2]

Марцінкевіч не агранічваўся толькі драматычна-літэратурнай працай. Жывучы пастаянна ў Менску, дзе ён мае службу раней у каталіцкай кансісторыі, a пасьля пры шляхоцкай дэпутацыі, ён арганізуе драматычны гурток, і ладзіць спэктаклі, прыймаючы ў іх учасьце як аўтор, рэжысэр і актор.

«Сялянка» была пастаўлена на сцэне супольнай працай двох кіраўнікоў: Марцінкевіча, аўтора лібрэтта, і Манюшкі, композытара музыкі. Спэктаклі мелі вялікі пасьпех. Ролю войта Навума гуляў сам Марцінкевіч; ён потым любіў падпісываць свае літэратурныя творы псэўданімам Навум Прыгаворка, ці войт Навум, меў такое празваньне сярод прыяцеляў і любіў яго [3].

Гэта сьведчыць аб тым, што роль Навума была акторскім шэдэврам Марцінкевіча.

Цікаўна адзначыць літэратурны плягіят, які зрабіў адзін з тагачасных беларускіх пісьменьнікаў, П. Шпілеўскі. У Пецярбурзе ў 1857 г. выйшла з друку кніжка «Дожинки. Белорусский народный обычай. Сценическое представление в двух действиях, с хорами, песнями, хороводами и плясками белорусскими» [4]. Як у Марцінкевіча пэрсонажы шляхоцкага стану прамаўляюць папольску, гэтак сама ў Шпілеўскага яго помещики - парасейску. I тут і там сяляне гавораць пабеларуску.

Выдатны беларускі крытык Антон Навіна ў артыкуле п. з. «Літэратурны плягіят» [5] гэтак піша аб гэтым творы:

«Ужо самы замысел «Дажынак» з пераадзяваньнем паненкі, Веры Палескай, за сялянку ўзяты жыўцом у Марцінкевіча. Розьніца толькі ў тым, што Вера Шпілеўскага, пераадзеўшыся за сялянку, ідзе жаць на дажынках у свайго жаніха, Пётры Драўлянскага, проста каб зрабіць апошняму сюрпрыз, a Юлія Марцінкевіча робіць свой маскарад з ідэйнай мэтай: каб прывабіць прыехаўшага з падарожы па Эўропе свайго кузэна, Кароля Лятальскага, да беларускага сялянства і гэтак удзяржаць яго ў ягоным сямейным гнязьдзе, дый даць сялянам добрага гаспадара і апякуна.

Але асабліва ярка кідаецца ў вочы «запазычаньне» ў Марцінкевіча, калі пачнем чытаць твор Шпілеўскага ад першае сцэны. Як і ў «Сялянцы», рэч дзеецца перад карчмой, куды войт Наум (той самы, што і ў Марцінкевіча, бо таксама сыпле прыгаворкамі!) загадаў сялянам сабрацца, каб выслухаць панскі прыказ. Зьяўляецца сярод сялян і Марцінкевічаўскі Ціт. Як у «Сялянцы» сабраўшыяся робяць розныя дагадкі аб прычыне войтаўскага загаду, ды кажуць аб камэце, - так і Ціт у Шпілеўскага, пачуўшы, што войт Наум сядзіць у карчме, кажа: «Ну, дык пойдзем туды да яго... што-ж ён за камэта гэткая?»

Арандар панскае карчмы, Янкель, - гэта ў «Дажынках» двайнік Марцінкевічаўскага арандатара Іцкі. - Шпілеўскі паўтарыў навет выведзены Марцінкевічам эпізод з мелам, на канцы раздвоеным: пры запісываньні на дошцы доўгу за выпітую гарэлку - Наум, пацягнуўшы мелам раз, сам робіць дзьве рыскі...

Чым-жа можна вытлумачыць тую сьмеласць, з якой Шпілеўскі «запазычыў» гэтак многа ў Марцінкевіча? I на гэта лёгка знайсьці адказ: абодва пісьменьнікі належалі да двух розных па культурным уплывам груп, і пад той час, як Марцінкевіч пісаў «Сялянку» мяшанай мовай польскай і беларускай, празначаючы яе пераважна для краёвае спольшчанае інтэлігэнцыі, - Шпілеўскі пісаў парасейску і пабеларуску, разьлічаючы на расейскае грамадзянства, меўшае вельмі мала стычнасьці з краёвымі «палякамі» ( - «палякамі» па мове). Дык і вялікае рызыкі ня было, што «пазыка» можа выкрыцца. Ды яна, відаць, і ня выкрылася пры жыцьці абодвух аўтараў, з каторых адзін, Шпілеўскі, быў бязумоўна пад уплывам свайго земляка, Марцінкевіча».

Другі дайшоўшы да нас драматычны твор Марцінкевіча - «Залёты», п'еса ў 3 актах, напісана ў Люцынцы, яго фальварку пад Менскам, у сьнежні 1870 г. Гэтак сама як і «Сялянка», «Залёты» напісаны ў дзьвёх мовах: паны гавораць папольску, сяляне - пабеларуску. На сучасную літэратурную беларускую мову польскія тэксты «Залётаў» выправіў Я. Лёсік і яны надрукаваны ў Менску ў 1918 г. у «Зборніку сцэнічных твораў».

Каб даць прымернік беларускай марцінкевічаўскай мовы і ягонага шчырага юмару, даем тут адрывак з «Залётаў».

Стары Гапон з жонкай Кулінай вяртаюцца з гораду дамоў пасьля добрага пачастунку і ў дарозе абое на сваім возе засынаюць.

Кабылка, ведаючы добра дарогу дамоў, ішла добра па знаным шляху. Але перад самай вёскай злодзеі адпраглі кабылку, пакідаючы спаўшых на возе, ня ведаўшых аб гэтым здарэньні. I вось у другім акце старыя будзяцца і бачуць з дзівам сваю страту.

Гапон пяе:

Ці ты баба ашалела,

Гдзе-ж ты кабылку падзела?

Ты-ж наперадзі сядзела -

Дык на вошта-ж ты глядзела?

Што-ж ты перад носам мела?

Што-ж маўчыш? - ці асавела?..

Куліна адказвае:

То-ж ты, Гапонка, мужчына,

К табе належыць скаціна,

Мая-ж толькі віна цэла,

Што наперадзі сядзела.

I ты-ж сядзеў на калёсах,

Hoc твой быў аж пры атосах...

Відаць мы абое спалі,

Як у нас кабылку кралі.

Дык за што-ж ты мяне лаеш?

Ці-ж прыгаворкі ня знаеш:

Ня вер у сьвеце нікому -

Каню ў полі, жонцы ў дому,

Бо хто толькі жонцы верыць,

Той як сітам ваду мерыць.

«Пінская шляхта» (напісана ў 1866 г.) - гэта аднаактны абразок з жыцьця дробнай шляхты Палесься, напісаны вельмі жыва, з вялізным пачыцьцём сцэны і багатым юмарам. Сюжэт стары: дзеці кахаюцца, але бацькі між сабой сварацца і дзеля гэтага маладыя ня могуць пажаніцца. Бацька дзяўчыны хоча яе жаніць са старым, але багатым суседам, аднак дзяцюк, якога яна любіць, усе бацькаўскія пляны нівэчыць сваімі хітрыкамі - і ўсё канчаецца добра.

Апрача гэтых успамянутых вышэй трох сцэнічных твораў ёсьць весткі яшчэ аб трох, да нас ужо не дайшоўшых: «Роbог rekrucki», інсцэнізацыя вершаванай яго повесьці «Гапон», «Walka muzykow» і «Woda cudowna» [6], якія таксама былі пісаны ў дзьвёх мовах. Музыку да гэтых п'есаў напісаў, таксама як і да «Сялянкі», Ст. Манюшка. I гэтыя п'есы, і музыка недзе прапалі. Аб першых дзьвёх п'есах ведама з кніжкі А. Валіцкага «Stanislaw Moniuszko. Warszawa. 1873».

Але ня толькі Марцінкевіч пісаў у палове мінулага сталецьця беларускія п'есы. Арцём Вярыга-Дарэўскі (памёр у 1884 г. у Іркуцку ў ссылцы) напісаў драму «Гордасьць», камэдыю «Гнеў» і камэдыю-опэру «Грэх». Творы яго былі ў 1863 годзе сканфіскаваны ў Віцябску [7] Геранім Марцінкевіч напісаў камэдыю «Аказія пры Палкоўніцах», якая ставілася ў Віцябску ў 1862 г. Адрыўкі гэтай камэдыі меў п. Вінцэнт Мяніцкі ў Віцябску [8]. Есьць навет вестка, што lіrnik wioskowy - Сыракомля напісаў пабеларуску нейкую п'есу са сьпевамі, да якой скампанаваў музыку Фаўстын Лапатынскі, аб чым успамінае ў сваёй манаграфіі аб Сыракомлі польскі пісьменьнік Крашэўскі [9].

Пасьля апошняга польскага паўстаньня (1863 г.) расейская ўлада забараняе друкаваць беларускія кніжкі. Ведама, разам з гэтым спыняецца й пачаўшаяся тэатральная творчасьць. Амаль што не на працягу поў сталецьця няма беларускіх спэктакляў, ніхто ня піша беларускіх тэатральных твораў. I толькі з пачаўшымся пасьля першай расейскай рэвалюцыі беларускім Адраджэньнем пачынаецца й новая фаза ў гісторыі беларускага тэатру.

Былі, праўда, і да 1905 г. беларускія спэктаклі, але яны ніякай ролі ў гісторыі нашага тэатру ня мелі, дзеля таго што гэта былі паасобныя здарэньні, якія ня выклікалі далейшай у гэтым напрамку працы. Гэтак, напрыклад, дзеля акуратнасьці нашай тэатральнай хронікі, адзначым «спэктакль», які быў у ліпні 1902 г. ў маёнтку «Карльсбэр» вядомага беларускага архэолёга і гісторыка Андрэя Сьніткі. Арганізатарам і рэжысэрам быў Юры Уласаў (брат сэнатара А. Уласава), які сам пералажыў на беларускую мову ўкраінскую аднаактную п'еску «Па рэвізіі» і паставіў яе з учасьцем ваколічных сялян і сялянак. Рэжысэру трудна было ўтрымаць «на сцэне» дысцыпліну, дзеля таго, што «артысткі», з якіх усе ў вёсцы, да ведаўшыся аб рэпэтыцыях, сьмяяліся і кпінкі строілі, хутка адмовіліся ад роляў. Тады рэжысэр кінуўся на хітрыкі: ён «заангажаваў» свае артысткі... палоць траву. Дзеля гэтай работы дзяўчатьг ўжо не сароміліся йсьці ў двор, дзе фактычна далей ішлі рэпэтыцыі, якія цягнуліся два месяцы. Спэктакль адбыўся ў пуні на спэцыяльна пабудаванай дзеля гэтага сцэне. Значная частка прыйшоўшай на спэктакль публікі ведала ўжо п'есу ня горш за «артыстаў», гэтак ужо абіліся аб вушы і дакучылі ўсім у двары рэпэтыцыі.

Дазвол на спэктакль адтрымалі, ашукаўшы іспраўніка быццам будуць гуляць паўкраінску (гэтак дазвалялася) [10].

Яшчэ раней за гэта, бо ў 1892 годзе пісьменнік Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), жыўшы ў Радашкавічах, дзе ён заснаваў каапэратыву, хацеў паставіць з радашкавічаўскай моладзьдзю сваю п'есу «Злодзей», але чамусьці гэтаму спэктаклю ня суджана было адбыцца [11].

Пасьля рэвалюцый 1905-1906 г. Вільня зрабілася цэнтрам беларускага руху. Тут, пасьля доўгай забароны друкаванага беларускага слова, паяўляецца першая газэта «Наша Доля», тут пачынаецца выдавецкая работа, тут наладжываюцца першыя беларускія спэктаклі.

У канцы студня 1910 г. арганізуецца невялічкі гурток моладзі з мэтай паставіць беларускі спэктакль на вечарыне, якая ладзілася 12 лютага ў салі Жалезнадарожніцкага клюбу ў Вільні на Хэрсонскай вул [12]. Выбралі для пастаноўкі перакладзеную з украінскай мовы аднаактную п'есу Крапіўніцкага «Па рэвізіі» [13]. Апрача гэтага праграма складалася з пяяньня хору пад кіраўніцтвам польскага композытара Рагоўскага, які ў гэты час жыў у Вільні, вельмі цікавіўся беларускай песьняй і шмат працы аддаў наладжэньню беларускага хору [14], ды народных скокаў пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага (пам. 1917 г.).

12 лютага саля Жалезнадарожнага клюбу напоўнілася вялізнай грамадой народу. Тут было чуваць апрача беларускай - літоўскую, польскую, расейскую мову. Усе цікавіліся першай беларускай вечарынай.

Вось як апісвае з захопленьнем гэтую вечарыну тагочасная беларуская газэта «Наша Ніва» (№ 8):

«Дзяўчаты зіхацелі пекнымі андаракамі, гарсэтамі, вышыванымі кашуляллі, устужкамі, пацеркамі; на дзявочых галоўках былі пекна павязаны чырвоныя хустачкі, белыя наміткі. Хлопцы бялелі ў магілёўскіх сьвітках, абшытых па краёх чырвоным шнурком і падпярэзаны прыгожымі вузкімі і шырокімі беларускімі паясамі; на іншых былі беларускія валеныя шапкі. I паліліся хвалі тонаў песьні прад заціхшай у салі тысячнай грамадой...

Чутно была ў песьні не разгул вялікароса з-пад Волгі, ня бойкую гульню паляка, але замкнутую ў сабе самой душу нашага беларуса з лясіста-балоцістай старой нашай бацькаўшчыны... Уся саля стала быццам бурным морам народным, уся траслася ад клікаў: «браво! браво! беларусы!» Хору прышлося па колькі разоў пяяць некаторыя песьні, што найбольш схапілі людзей за сэрца і душу сваімі словамі, музыкай. Так віталі людзі ўсіх нацыяў беларускую песьню, каторая дагэтуль лілася і разьвівалася толькі на палёх і пералесках, a цяпер адразу выйшла на сьвет шырокі. Чуцен быў скрозь гоман: «мы ня ведалі, што ёсьць беларуская песьня, і што яна асобная, свая, беларуская, мае свой дух...

Пачаліся на сцэне танцы: лявоніха, мяцеліца, юрка і верабей пад вясковую беларускую музыку. Трэба прызнацца, што яны ўдаліся на хвалу! Публіка проста адурэла... Ажно ў вачох зіхацела, як ішлі лявоніху, мяцеліцу, або як 10 пекна прыбраных пар завіваліся доўгім хвастом у «вераб'і»...

Гэтымі танцамі кіраваў Ігнат Буйніцкі.

Усе, хто цікавіўся грамадзкім жыцьцём, зьвярнулі ўвагу на гэту першую беларускую вечарыну. Загаварылі аб ёй і інш. віленскія газэты. Вельмі прыхільную рэцэнзыю дала польская газэта «Kurjer Litewski» і літоўская «Viltis». Расейскія газэты прайшлі міма гэтага факту моўчкі, апрача полуофіцыяльнага органа «Віленскій вестннкь», які ўва ўсім гэтым дагледзіўся... польскай інтрыгі [15].

Хутка пасьля гэтага наладжываецца першая беларуская вечарына ў Пецярбурзі, дзе ставяць тую-ж самую камэдыю «Па рэвізіі», пяе хор, дэклямуе свае вершы поэтэса «Цётка» - Алёізія Кэйрыс (пам. 1916 г.), скачуць народныя танцы. Наагул праграма падобная да віленскай.

У гэтым-жа Алесяцы лютым (22-га) у Вільні ладзіцца этнографічны вечар, у якім прыймаюць учасьце й беларусы са сваім хорам, балетам і дэклямацыяй.

У гэты час у Пецярбурзі было шмат беларускай моладзі, якая вучылася там у вышэйшых расейскіх школах. У Пецярбурзі, хутка пасьля віленскай, арганізуецца першая беларуская вечарына (19 лютага 1910 г.). Ладзяцца спэктаклі ў Слуцку, Горадні ды інш. гарадох. Пад восень 1910 г. выяжджае на правінцыю першы беларускі аб'ездны тэатр пад дырэкцыяй I. Буйніцкага.

Ігнат Буйніцкі, танцор-артыст, самародак, сарганізаваўшы драматычны гурток, хор і балет, са сваей шматлюднай трупай пад канец лета выяжджае 3 Вільні на турнэ па правінцыі. Дазвол улады было дастаць ня лёгка, але ў канцы канцоў удалося. Прэдпрыемства было досі рызыкоўнае: з гэткім вялізным пэрсонэлям ехаць у мястэчкі, дзе яшчэ ня толькі ня чулі аб беларускім тэатры, але можа мала ведалі аб беларускім адраджэнскім руху наагул, ехаць, ня ведаючы, ці пойдзе ў тэатр публіка, як яна спаткае навізну - беларускі спэктакль. Але віленскі ўспех заахвочываў і падаваў надзею. I надзея ня здрадзіла. Усюды першы беларускі тэатр меў гарачы прыём.

У жніўні быў спэктакль Буйніцкага ў Дзісьне.

«Дзісна ня помніць такога збору народу. Інтэлігенцыя і просты народ усе шчыра віталі беларусаў; магучая ідэя нацыянальнага адраджэньня гарачымі праменьнямі сваімі ўсіх абагрэла, усіх з'яднала, разварушыла застыгшыя сэрцы, заіскрыла выцьвяўшы ад сьпекі вочы і першае роднае слова са сцэны вітана было не аднэй сьлязой» [16]...

25 і 26 верасьня адбыліся спэктаклі ў Полацку.

Супрацоўнік «Нашае Нівы», Власт, гэтак піша аб полацкіх спэктаклях:

«Вокляскам канца не было: грымелагудзела ўся саля, як лежэнь з ройнымі пчоламі...

Тэатр беларускі становіцца ўжо, дзякуючы заходам і рупнасьці дзядзькі Ігната Буйніцкага на цьвердыя падваліны і выплываюць усё новыя і новыя сілы. За гэтыя стараньні і рупнасьць шчырае дзякуй яму, a калісь, калі прабудзецца сьвядомасьць ува ўсім беларускім народзе, памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх» [17] ...

Рэпэртуар тэатру Буйніцкага складаўся з «Па рэвізіі» Крапіўніцкага і новай арыгінальнай беларускай п'ескі К. Каганца «Модны шляхцюк», якая напісана жыва, 3 цікаўнымі бытавымі сцэнкамі заручынаў і абсьмейвае тых людзей, якія саромяцца роднай беларускай мовы, а, калечачы польскую, думаюць, што гэткім чынам даказваюць сваю вышэйшую культуру. П'еса была добрая, як агітацыйны спосаб прабуджэньня народнага духа і, ня гледзячы на некаторыя вульгарызмы, a можа дзякуючы ім, карысталася пасьпехам у публікі.

Апрача спэктаклю праграму вечара запаўнялі: хор, дэклямацыя і скокі на сцэне, у якіх галоўнай асобай быў сам Буйніцкі і ўмеў мастацка выпаўняць народныя танцы, выцягваючы з забыцьця старыя: Юрку, Мельніка, Гневаша, Лявоніху, Качана, Чабара, Мяцеліцу, Вераб'я.

Нацыянальны беларускі рух расьце. Дзе не даедзе Буйніцкі са сваім тэатрам, там даходзіць «Наша Ніва», нясучы радасную вестку аб народным адраджэньні. Усюды арганізуюцца гурткі моладзі, якія ладзяць у сваіх мястэчках вечарыны. Гвазьдзём гэтых вечарын пасьля драматычнага прадстаўленьня зьяўляецца хор, які пяе народныя песьні.

Якуб Колас, які першы раз быў на беларускім спэктаклі, 2 лютага 1912 г. ў Вільні (гулялі «Пашыліся ў дурні» Крапіўніцкага - з украінскага), захоплены гэтым спэктаклем гэтак піша ў сваёй рэцэнзыі:

«Аб адным толькі трэба пашкадаваць, аб тым, што сярод тэатральных рэчаў няма нічога свайго роднага, арыгінальнага. Праўда, тэатр у нас зачаўся нядаўна і я думаю, што няўзабаве зьявяцца новыя рэчы, каторыя ня брыдка будзе паказаць людзям. Гэты вечар паказаў мне, што канешне трэба шырыць ідэю тэатра, нясьці яго ў сёлы і вёскі» [18]...

I ідэя тэатра хутка пашыраецца.

Беларуская адраджэнская хваля, меўшая сваім пунктам выплыву Вільню, шырока разьліваецца на ўсей Беларусі. Ладзяцца вечарыны ў вялікшых беларускіх гарадох, у мястэчках, па вёсках.

Раскінутыя па расейскіх гарадох беларусы ўсюды арганізуюцца і, ня гледзячы на частыя перашкоды з боку ўлады, выступаюць перад публікай са спэктаклям, роднай песьняй, сваей дзклямацыяй. A перашкоды бывалі. У 1912 г. у Ніжнядняпроўску ставілі «Моднага шляхцюка» і на афішы было напісана цікаўнае апавешчаньне: «першы і апошні раз, дзеля таго што начальства забараніла»... Вось што піша тагачасны карэспандэнт у «Нашу Ніву» аб гэтай вечарыне:

«...Адно толькі бяда, што жандарскі ротмістр, да каторага хадзілі прасіць пазваленьня, не хацеў зусім пазволіць. Ён казаў: «на што вам гэтыя ўкраінскія ды беларускія п'есы, калі ёсьць пекныя расейскія» [19]...

Характэрна! I якая добрая паралеля да сучасных адносінаў на захадзе Беларусі!

На віленскі кліч «Нашай Нівы» адгукнуліся навет беларусы-пасяленцы ў далёкім Сыбіры і адтуль пішуць у газэту карэспандэнцыі аб беларускіх вечарынах. Беларуская моладзь, згуртаваная на Варшаўскім унівэрсытэце, і там ладзіць беларускую вечарыну, на якую прыяжджае Ігнат Буйніцкі са сваім балетам з шасьцёх пар танцораў і ўласным «аркестрам», зложаным з дудара, скрыпкі ды цымбалаў. Пасьпех вялізны.

Усіх тагачасных вечарын праграма была больш-менш аднолькавая: спэктакль, хор, дэклямацыя, скокі на сцэне. Найважнейшымі часткамі праграмы, беларускай атракцыяй, былі хор і скокі. Беларускае адраджэньне брало свае сокі з народнай творчасьці, вялізны перарыў творчасьці штучнай, не дазваляў так лёгка зьвязаць мінуўшчыну з сучаснасьцю, і вось зварот да народнай песьні, да народных скокаў, навет да сялянскай вопраткі ёсьць зьявішча паўсюднае. Сялянскія сьвіткі, жаночыя гарсэцікі паяўляюцца ня толькі на сцэне, але і сярод публікі, і ўжываюцца як штодзенная вопратка.

Тагачасны рэпэртуар складаецца з гэткіх выданых на літаграфіі твораў: «Па рэвізіі» Крапіўніцкага (з украінскага), «Мядзьведзь» і «Сватаньне» Чэхава (з расейскага), «Хам» Ажэшкі (з польскага, інсцэнізацыя повесьці), «Міхалка», «Як яны жаніліся» і арыгінальнага твору «Модны шляхцюк» Каганца. Але хутка паяўляецца новы твор маладога і будзіўшага вялікія спадзяваньні паэта Янкі Купалы - «Паўлінка» (1912 г.).

Паяўленьне на сьвет «Паўлінкі» было важным здарэньнем у жыцьці беларускага тэатру, a прэм'ера п'есы была мастацкім беларускім сьвятам. «Паўлінка», як аўтор яе скромна называе - сцэны са шляхоцкага жыцьця, ня ёсьць скончаны 3 мастацкага боку драматьгчны твор. Псыхалёгія дзеячых асобаў закранута толькі зьверху, драматычная інтрыга вельмі прасьценькая, палажзньні ня зусім консэквэнтна адно з аднаго выплываюць, a разьвязка нейкая няўдалая. Узапраўды гэта толькі сцэны. Але гэтыя сцэны так жыва напісаны, гэтулькі няхітрага простага беларускага юмару ў іх уложана, тыпы, хаця без псыхолёгічнай апрацоўкі, але сьмельгмі штрыхамі 3 карыкатурным нахілам гэтак удачна накіданы, што «Паўлінка» здабыла сабе адразу публіку і дагэтуль яшчэ карыстаецца на беларускіх сцэнах зусім заслужаным пасьпехам.

«Паўлінку» першы раз у Вільні гулялі 27 студня 1913 г. у салі гімнастычнага таварыства «Sokol» на Віленскай вул.

Другі выдатны драматычны Купалы твор, якому няраз прыйшлося бачыць сьвет рампы, гэта - «Раскіданае гняздо», драма ў 5-цёх актах, у якой адчуваецца і шырокі размах пяра і лепшая знаёмасьць з вымогамі сцэны. Тэма «Раскіданага гнязда» - барацьба панскага двору з мужыцкай хатай, пана з селянінам. Лявона Зябліка пан выкідае 3 хаты. Ён, Зяблік - ...«з гэтай зямелькай зжыўся, як з роднай маткай. Кожны каменьчык на полі і кожны кусьцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руцэ. На гэтых гонейках пасьвіў скаціну, араў, сеяў, касіў. A тут!... Суд - вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым скрапіў! [20]...

Гэта - трагэдыя сялянскай душы Лявона. I няма дзіва, што ён не перажывае гэтага, бо - кажа - «чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: зьсячы дрзўца - засохне, адбяры ў чалавека зямлю - згіне...»

Засталіся: хворая яго жонка ды дзеці. Зоська - дачка, кволая дзяўчына, пранікнутая містычнасьцяй, мэлянхолічная, якбы ад сьвету гэтага адарваная; Сымон - старшы сын, горды і адважны, знае сабе цану і верыць у сваю сілу; Данілка і двое малых. 3 хаты ня йдуць. Ня кінуць зямлі. Па загаду пана дворныя людзі ламаюць ужо страху. На іхнія галовы сыплецца пясок...

Засталіся пад голым небам,- але 3 зямлі ня кратаюцца. Галава ў хаце пасьля бацькаўскай сьмерці - Сымон застаецца на руінах хаты і не пазваляе сваёй сям'і зыйсьці з яе. Службу давалі, можна было добра прыстроіцца, але ён 3 нязвычайна гордай упартасьцяй ня хоча «прыстроіцца», a чакае адкульсь нейкай справядлівасьці. Але справядлівасьці няма. Ды мала яшчэ бяды: сястра, Зоська, палюбіла паніча, «як зорка месяц...»

Але прыходзе Незнаёмы і кліча на Вялікі Сход.

«Годзе нацягаліся твае дзяды і прадзеды ношкі непасільнай! Выбіла гадзіна, і ты мусіш, як арол магучы, распусьціць сваё крыльле і ляцець туды, куды ўсе цяпер зьлятаюцца. Кончылася чалавечае вечнае начаваньне, і сьвітаньне агністае пачынаецца на зямлі ад краю да краю, ад мора да мора...»

«Дагэтуль ты сьцежкі свае ня бачыў, бо вечна нязмытыя сьлёзы на вачох тваіх віселі, хоць чырвоная кроў з цябе капала на сьляды твае. Наганяў ты сабе мазалі непазбытыя, як араў і сеяў, a груганы пражорлівыя зярняты твае сьпелыя клявалі...»

I Сымон пайшоў - «Смока выганяць...»

Драма канчаецца жудаснай сцзнай: водблеск пажару асьвятляе руіны хаты - гэта гарыць падпалены Сымонам панскі двор. На руінах хаты звар'яцеўшая Зоська ў вянку з пасохшага лісьця на галаве круціцца і пяе:

Вецер іграе, зорачкі скачуць,

Месяц між імі лад водзе...

Маці і малыя з торбамі на плячох ідуць за Старцам - у сьвет...

Тут ужо не сьмяхотныя пьяненькія тыпы з «Паўлінкі», тут - панурыя, выкаваныя з жалеза беларускія сымволі. Але «Раскіданае Гняздо» не карыстаецца на сцэне гэткім пасьпехам, як «Паўлінка». Віной гэтага той літэратурны, анты-тэатральны баляст, якога шмат у «Раскіданым Гнязьдзе». A з другога боку - гэтая «літэратурнасьць» мае гэтулькі мастацкага хараства, a словы, якія кажуць героі п'есы гэтак жыўцом вырваны 3 акрываўленага сэрца народу, што рэжысэрскі алувок ня важыцца чыркануць старонак вялікага твору Купалы.

Разьвіўшая дзеяльнасьць беларускага драматычнага гуртка ў Вільні праявілася далей у сьмеласьці заглянуць да «клясычнага» рэпэртуару. 25 студня 1915 года ў тэатры «Фільгармонія» на Ноўгародзкай вул. ставяць першы раз ад Марцінкевічаўскіх часаў «Залёты». Вялікую працу каля гэтага спэктаклю далі Марыя Кімонт (пам. 1923), якая замест загінуўшай Манюшкаўскай музыкі напісала часткай сваю ўласную, a рэшту дабрала з розных чужых матываў, і А. Бурбіс, які першы пераклаў на беларускую мову польскія сцэны «Залётаў» і рэжысэраваў п'есу. Варта адзначыць, што роль жыда ў «Залётах» гуляў запраўдны жыд - вядомы беларускі пісьменьнік Зьмітрок Бядуля.

Няма што й казаць, што спэктакль меў вялізны пасьпех.

Гэты спэктакль быў лебядзінай песьняй старага віленскага драматычнага гуртка. Ужо йшла вайна, хаця не на палёх Беларусі, але ўжо грымелі гарматнія стрэлы. Культурныя справы сайшлі на другі плян. Моладзь паклікалі на крывавае дзела. Беларускія спэктаклі спыняюцца. Пачалася эвакуацыя Вільні. Ня час песьні пяяць, калі сьмерць усюдых сваю жніўную песьню пяе.

Прыйшла окупацыя Вільні немцамі, a 3 ёю новы перыяд у гісторыі беларускага тэатру.

VI

Нямецкая окупацыя на нейкі час спыняе ўсялякую беларускую культурную працу. Але ўжо ў лютым 1916 г. нямецкі обэрбургомістр адтрымаў ад беларусаў просьбу аб дазволе адчыніць беларускі клюб, a 1-га чэрвеня ў доме Мухіна на Вялікай вуліцы a гадз. 4 па палудні Іван Луцкевіч, старшыня клюбу, адчыняе гэтую ўстанову сваей прамовай.

Іван Луцкевіч (пам. 1919) умеў гуртаваць людзей. He было беларускае ўстановы, дзе-бы не было Івана Луцкевіча, a мала таго - не было ўстановы, якая-бы заснавалася без яго ўчасьця і ў якую ён не ўлажыў частку свайго гарачага духа.

Адкрыцьце клюбу мае значэньне ў гісторыі беларускага тэатру, дзеля таго што тут гуртуецца аматорская драматычная дружына, якой клюб ахвотна дае прыпынак, тут наладжываюцца першыя ў новых палітычных абставінах вечарыны.

I вось першая ад прыходу немцаў наладжываецца вечарына 17 верасьня 1916 г., амаль што ня роўна праз год ад дня окупацыі. Праграма яе была не надта багатая.

У клюбе кожны дзень у вечары зьбіралася моладзь, і тут на нова паўстае да жыцьця беларускі драматычны гурток. Пад рэжысэрыяй Ф. Аляхновіча пачынаюцца рэпэтыцыі і 15 кастрычніка ў салі работніцкага клюбу (б. Жалезна-дарожны кружок) на Вороняй вул. (даўней Хэрсонская) ідзе першы спэктакль. Граюць «Хама» Э. Ажэшкі. Публікі было шмат.

Спэктаклі ладзяцца даволі часта і выклікаюць патрэбу новага рэпэртуару. Ужо нельга безупынна круціцца ў коле старых колькі п'ескаў. I вось у хроніцы беларускага тэатру трэба адзначыць паяўленьне новай п'есы: «На Антокалі» Аляхновіча.

У п'есе занята больш за 20 асоб. Ня гледзячы на тэхнічныя труднасьці, пасьля трох тыдняў рэпэтыцыяў п'еса была пастаўлена 26 сьнежня 1916 г. на сцэне цырку на Лукішскім пляцы [21].

У канцы лютага 1917 года беларускі тэатр мае ўжо сваю ўласную сцэну ў новым памешканьні клюбу на Віленскай вул. № 28, дзе спэктаклі адбываюцца што-нядзелю. Улетку з прычыны рэквізыцыі гэтага памешканьня ваеннай уладай клюб разам з тэатрам перабіраюцца на Юраўскі праспэкт (цяпер вул. Міцкевіча) № 22, дзе таксама ёсьць сцэна.

(40KB) Пахаванне Францішка Аляхновіча. Вільня. 1944 г.

У той час рэпэртуар узбагачваецца новымі п'есамі. С-пад пяра аўтора гэтай працы выходзяць: «На вёсцы», «Калісь», «Манька», «Бутрым Няміра». Апрача ra­re п. Станіслава Корф арганізуе з прытулковымі дзяцьмі вельмі ўдачныя дзіцячыя спэктаклі, для якіх дае свой уласны рэпэртуар: батлейкі, містэрыі, напамінаўшыя далёкую мінуўшчыну беларускай тэатральнай творчасьці.

У той самы час з другога боку фронту - у Менску творыцца новы асяродак беларускага жыцьця. Эканамічныя варункі там лепшыя для працы, чым у галоўнай Віленшчыне. Апрача таго палітычныя падзеі там даюць вялікшы размах усялякім культурным зачаткам.

Заснаваўшы ў Менску, дзякуючы стараньням Фальскага і Ф. Ждановіча «Першае Беларускае Т-ва Драмы і Камэдыі», наладжывае спэктаклі ў гарадзкім тэатры або на Ляхаўцы ў доме ім. М. Багдановіча і час ад часу выяжджае на правінцыю. Рэпэртуар для гэтага тэатру дае галоўным чынам У. Галубок, які раней пісаў расказы, a пасьля, захоплены тэатрам, аддаў сваё пяро толькі сцэне. Там гуляюць яго «Апошняе спатканьне», «Ганка» і шмат інш. У 1918 г. менскі рэпэртуар, дзякуючы наладзіўшайся зьвязі Вільні з Менскам, павялічваецца віленскімі п'есамі. Адначасна з тэатрам пад кіраўніцтвам Ждановіча пачынае спэктаклі у «Беларускай Хатцы» на Конскім пляцы тэатр Аляхновіча. На гэтыя спэктаклі прыходзіць ужо не адна толькі беларуская інтэлігенцыя, але шырокія масы мяшчанства.

Беларускі тэатр ужо перэстае быць тэатрам аматораў, a памалу перакшталтоўваецца ў прафэсыянальны. Ужо публіка пачынае яго мерыць іншай меркай, як было дагзтуль, адносіцца да яго больш крытычна, вымагае ад яго знаёмства свайго дзела, a конкурэнцыя двох адначасна беларускіх тэатраў уплывае на стараннасьць мастацкай падгатоўкі спэктакляў. Беларуская прэса вельмі цікавіцца сваім тэатрам, на сваіх шпальтах шмат месца ахвяроўвае гэтай справе, зьмяшчаючы крытычныя справаздачы, няраз вельмі строгія.

У той час арганізуецца беларускі хор пад кіраўніцтвам Тэраўскага, які апрача сваіх самастойных канцэртаў, часта выступае разам з тэатрам Ждановіча або Аляхновіча.

Новыя палітычныя падзеі маюць уплыў таксама й на лёс беларускага тэатру. Пасьля рэвалюцыі ў Нямеччыне нямецкае войска выходзіць з Беларусі, a ўсьлед за ім займаюць пакінутыя немцамі тэрыторыі бальшавікі, якія даюць свой тон усялякай праяве жыцьця. У Менску ўжо на дзесяты дзень пасьля прыходу новай улады паяўляецца афіша «Беларускага Пралятарскага Тэатру», a тыдзень пазьней (22 сьнежня 1918 г.) адбылася адкрыцьце «Беларускага Савецкага Тэатру».

Гэткім чынам тэатральныя групы Ждановіча і Аляхновіча зьліваюцца ў адзін тэатр, апроч таго ў гэту-ж арганізацыю ўваходзіць, здабыўшы ўжо сабе заслужаную славу, хор Тэраўскага і наладжываецца пры тэатры аркестр (сэкстэт) пад кіраўніцтвам Ф. Тхожа.

Тэатральная работа ў гэты час пачынаецца з шырокім размахам. Спэктаклі ідуць па 3-4 у тыдзень. Праца кіпіць. Рэпэтыцыі ідуць што-дня, часта па два разы ў дзень. Аркестр прыгатаўляецца да самастойных канцэртных выступленьняў і робіць рэпэтыцыі з драматычнымі артыстамі п'есаў, якія ідуць са сьпевамі. «Паўлінка» Купалы ў гэты час першы раз ідзе з акомпаньямэнтам аркестру. Камісарыят Народнай Асьветы багата субсыдыруе тэатр. Артысты 3 матэрыяльнага боку абасьпечаны. Рэпэртуар узбагачваецца новымі творамі. Літэратурная сэкцыя час ад часу зьбіраецца, каб прачытаць і крытычна разабраць новыя тэатральныя творы. Праектуецца сарганізаваць пяць (!) аб'яздных драматычных дружын. Укладаецца плян заснаваньня ў Менску драматычнай студыі дзеля падгатоўкі кадраў новых артыстаў тэатральнага мастацтва...

Але зьяўляюцца новыя палітычныя абставіны - і новы лёс беларускага тэатру. Пасьля бальшавікоў займае Беларусь польскае войска. Замёршая на пераходны час тэатральная праца памалу пачынаецца нанова. З тэатральных разьбіткаў і застаўшагася хору арганізуецца «Таварыства Беларускага Мастацтва», якое пачынае ставіць спэктаклі. У канцы 1919 г. наладжываецца тэатр пад дырэкцыяй Аляхновіча, які, адтрымоўваючы ад польскай улады (Zarzad Ziem Wschodnich) субсыдыю, мае магчымасьць ставіць спэктаклі сыстэматычна. Але, маючы матэрыяльную падмогу, беларускі тэатр прымушаны змагацца з перашкодамі іншага роду. Субсыдыя выплачваецца неакуратна, карыстацца гарадзкім тэатрам беларусам дазваляецца толькі ў будныя дні, дзеля таго што ў нядзелі і сьвяты тэатр аддаецца польскай трупе, апрача таго тагочасная тэатральная цэнзура, якую вела польская поэтэса Savitri (п. Фастовіч-Загорская), надта абмяжоўвала дзеяльнасьць беларускага тэатру з боку рэпэртуарнага. Было забаронена гуляць гэткія п'есы: «Паўлінку» і «Раскіданае Гняздо» Купалы, «Моднага Шляхцюка» Каганца, «Калісь» і «Бутрыма Няміру» Аляхновіча. Пры беднасьці беларускага рэпэртуару гэтая забарона сільна адчувалася. Апрача таго праектаваўшыся выезд тэатральнай трупы на правінцыю таксама не адтрымаў дазволу ўлады.

Але вось Менску, які ўжо зрабіўся цэнтрам беларускага культурнага жыцьця, было суджана яшчэ раз зьмяніць гаспадароў: Менск ізноў пераходзе ў бальшавіцкія рукі. Арганізуецца Беларускі Дзяржаўны тэатр. Рэпэртуар павялічваецца арыгінальнымі п'есамі і перэкладамі выдатных твораў сусьветнай драматычнай літэратуры. Пэрсонэль адсьвяжаецца прытокам новых сіл: шмат хто з беларусаў, працаваўшых раней на расейскай сцэне, кідаюць службу дзеля чужой культуры і ідуць у беларускі тэатр. Наладжываецца драматычная студыя.

Заснаваньне Беларускага Дзяржаўнага Тэатру пачынае новую фазу ў гісторыі нашага тэатру, які, трэба сказаць, згуляў ужо вялізную роль у беларускім адраджэньні. Пакуль-што рэпэртуар наш яшчэ небагаты ў параўнаньні з тым, што маюць народы са старэйшай культурай. Беларускі актор яшчэ чакае сваіх Ібсэнаў, Гаўптманоў, Андрэявых, Пшыбышэўскіх... Беларуская сцэна яшчэ чакае сваіх Кокленаў, Дузэ, Варламавых, Адвэнтовічаў... Ці дачакаюцца? Ці хутка? Хто можа даць адказаць на гэта!

Але ведама адно: што беларускі народ, які ў працягу апошніх сталецьцяў узбагачываў сваімі геньямі стараўшыхся асыміляваць яго суседзяў, цяпер, калі, збудзіўшыся, усе сілы свайго духа аддасьць службе для роднай культуры,- можа скора заняць пачэсны пасад між народамі.



[1] У 1884 г. гэты тэатр згарэў.

[2] Ромуальд Земкевіч. Станіслаў Манюш ка і беларусы. («Беларускае Жыцьцё» 1920 году. № 1 (23).

[3] Максім Гарэцкі. Гісторыя Беларускае Літэратуры. Вільня. 1921 г.

[4] Назва даецца ў сучасным правапісе.- Рэд.

[5] «Сын Беларуса» 1924 г. № 36.

[6] Аб гэтай апошняй нам даў вестку Р. Земкевіч.

[7] Паводле данных п. Р. Земкевіча.

[8] Таксама паводле Р. Земкевіча.

[9] J. I. Kraszewski. Wladyslaw Syrokomla. Warszawa. 1863 г.

[10] З успамінаў п. A. Уласава.

[11] Арыгінал камедыі "Злодзей" або "Сваім судом" ёсць у архіве п. Р. Земкевіча. Гэтая рэчня была друкаванай

[12] Цяпер завецца вуліцай Дамброўскага. Аўтор.

[13] У п'есе выступалі: А. Бурбіс (пам. 1922 г.), Ч. Родзэвіч, Мурашка, Арлоўскі, Корсак і Ф. Аляхновіч (ён-жа й рэжысэр).

[14] Л. Рагоўскі - композытар музыкі да слоў Купалы «А хто там ідзе» і Беларускай Сюіты.

[15] Tempora mutantur... Цяпер частка польскай прэсы адносіцца да беларускага руху як да інтрыгі расейскай. Аўтор.

[16] З карэспандэнцыі "Нашай Нівы" 1910 г. № 35.

[17] «Наша Ніва» 1910 г. № 40.

[18] «Наша Ніва» 1912 г. № 7.

[19] «Наша Ніва» 1912 г. № 22.

[20] Янка Купала. Раскіданае гняздо. Драма ў 5-цёх актах. Выдавецтва Менскага Камісарыяту Асьветы. Вільня. 1919.

[21] Цыркавы будынак на Лукішскім пляцы быў тады прыспасоблены да тэатральных спэктакляў. Яго разабралі ў 1918 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX