Папярэдняя старонка: Мастацтва

Глыбінны У. З гісторыі беларускага тэатру 


Аўтар: Глыбінны У.,
Дадана: 11-11-2016,
Крыніца: Глыбінны У. З гісторыі беларускага тэатру // Спадчына №3-1997. С. 104-191.



"Тэатральная дыскусія". 1928-1929 гг.

Беларуская газэта, 23.11, 26.11, 1.ІІІ, 1944 г.

Сэзон 1927-28 г. супаў з пачаткам узмацненьня ідэялёгічнага тэрору з боку савецкае ўлады. Ва ўсіх галінах ідэялёгічнага жыцьця - літаратуры, мастацтва, выкладаньня i г. д.- пачаўся наступ на г. зв. капіталістычныя элемэнты. Партыя распачынала змаганьне за г. зв. "пралетарскую" ідэялёгію, як сістэму поглядаў работніцкае клясы. Прычым у тыя часы гэта разумелася надта вузка, абмежавана i зводзілася да бальшавіцкае палітычнае абэцэды.

З прымітыўнейшымі палажэньнямі палітграматы падыходзілі i да ацэны складаных пытаньняў літаратуры i мастацтва. Гэтыя галіны пачалі асабліва цярпець ад бальшавіцкіх наскокаў. Дужа пацярпеў ад ix i Беларускі Дзяржаўны Тэатар. Ад яго пачалі ўсё больш вымагаць г. зв. ідэйна-пралетарскага зьместу працы. У весь беларускі нацыянальны рэпэртуар тэатру пачаў разглядацца як неадпаведны пэрыяду канца г. зв. аднаўленчага пэрыяду i пачатку пэрыяду выцясьненьня з эканомікі i культуры "прыватна-капіталістычных элемэнтаў". Ад тэатру патрабавалі, каб ён пераключыўся на новыя пазыцыі, стаў тварам да новага пэрыяду г. зв. рэканструкцыі, каб не адставаў ад задачаў "сацыялістычнага будаўніцтва". З новага сэзону ад тэатру пачалі рашуча патрабаваць перабудовы свае працы« адмаўленьня ад чыста-нацыянальнага рэпэртуару, які цяпер вызнаваўся за "буржуазна-нацыяналістычны", i пераходу да працы на "новыя Уладзімер Сядура, студэнт Ленінградзкага пэдінстыту. 1937 г. (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Друкуецца ўпершыню.). рэйкі - з г. зв. інтэрнацыянальным савецкім рэпэртуарам.

Увесну 1926г. у Маскве пры ЦК УсеКП(б), як на тое ліха, адбылася i адмысловая партыйная нарада ў пытаньнях тэатральнага мастацтва, якая патрабавала ад тэатраў перабудовы ў пралетарскім інтэрнацыянальным духу i заклікала ўсю "партыйную i пралетарскую грамадзкасьць" сачыць i ўплываць на кірунак працы тэатраў. Ня прыходзіцца i казаць пра тое, што гэтыя інструкцыі былі законам i для партыйных чыноўнікаў i работнікаў мастацтва i на Беларусі.

Каб адарваць Першы Беларускі Дзяржаўны Тэатар ад уплыву "нацыянал-дэмакратычных" ідэялёгаў, ад беларускіх нацыянальных сілаў у Менску i пазбавіць яго іхняга плённага ўзаемадзеяньня, яго выправаджваюць у гастрольную паездку ў Віцебск, затым Магілёў, Горкі i Воршу. У Віцебску тэатар адразу-ж падпаў пад моцны "пралетарскі" кантроль. Тут пачаў упершыню працаваць "мастацкі савет" з прыцягненьнем у яго прадстаўнікоў савецкае грамадзкасьці", партыйных, прафэсійных i іншых арганізацыяў. Разам з гэтым распачаліся масавыя работніцкія i камсамольскія паходы ў тзатар. Зразумела, што ўсё гэта зрабіла найгоршы ўплыў на кірунак працы. Някультурныя i няпісьменныя ў пытаньнях тэатральнага мастацтва масы пачалі ўтыкацца ў чужыя для ix пытаньні i рабіць уплыў на выбар рэпэртуару.

Выехаўшы на гастролі, тэатар, дарэчы, зьменшыў i свой склад, пазбавіўся некаторых каштоўных для тэатру актораў. А тут яшчэ падыходзіла 10-я гадавіна кастрычніцкай рэвалюцыі. Ад тэатру патрабавалі адлюстраваньня рэвалюцыйных падзеяў. Беларускіх п'есаў на гэтую тэму ня было. I тэатар здаецца націску савецкае грамадзкасьці i абірае пагубны для свае самабытнасьці шлях скарыстаньня твораў расейскіх савецкіх драмаробаў.

Тэатар ставіць п'есы, якія ўжо даўно ідуць або адыйшлі на сцэне расейскіх тэатраў, як "Мяцеж"- Фурманава-Паліванава, "Месяц зьлева" - Біля-Белацаркоўскага. Пад уплывам агульнае тэндэнцыі асавечываньня зьместу п'есаў малады беларускі драматург А.Рамановіч таксама дае п'есу "Крывая аблона", прысьвечаную падзеям грамадзянскае вайны, хоць з акцэнтацыяй на псыхалёгічныя працэсы ў людзей, зштурхнутых рэвалюцыяй з астоенага жыцьця. Праўда, гэтая п'еса не падабалася партыйным саноўнікам i была названая на XII з'езьдзе "мяшчанскай трухою, хоць "пасавецку" падфарбаванай i у "савецкую" вопратку прыбранай".

Дарма, што п'еса "Мяцеж" пастаўлена была сьпешна i фармальна недапрацаваная, акторы падмянялі глыбіню пачуцьцяў паасобных дзейных асобаў штучным патасам, бо для ix быў далёкім чужанацыянальны зьмест гэтага паказу. Аднак афіцыйная крытыка ўзьняла вакол яе шум i з вялікай помпай адзначыла рашучы пераход тэатру да сучасных тэмаў i новага рэпэртуару.

З ранейшых працаў былі паказаныя "Кастусь Каліноўскі", "Каваль-Ваявода", "Панскі гайдук", "Кар'ера "таварыша" Брызгаліна", "Над Нёманам", "Вір", "Стралок Тэль", "Эльга", "Савецкі чорт", "Мешчанін у шляхоцтве", "Змрок", "Перамога".

Гэтае забыцьце працы над беларускім нацыянальным рэпэртуарам, пераход да перакладнага i фактычна расейскага савецкага зьместам рэпэртуару замацаваліся ў наступным сэзоне 1928-29 г.

Пад уплывам агульнае плыні прытарнаваньня да савецкіх патрабаваньняў нават гэткі аўтар лепшых беларускіх п'есаў з нацыянальна-гістарычным зьместам ("Кастусь Каліноўскі", "Каваль-Ваявода"), як А.Міровіч дае п'есу "Запяюць верацёны" з жыцьця беларускіх работнікаў, напісаную ужо паводле тагачасных рэцэптаў i патрабаваньняў.

Асабліва ўзрасталі патрабаваньні індустрыяльна-заводзкае тэматыкі, якая ўважалася за найбольш "пралетарскі" кірунак у творчасьці. ім паддаўся драматург А.Рамановіч i даў п'есу "Мост" на тэму індустрыялізацыі краіны.

Абедзьве названыя п'есы былі пастаўленыя рэжысэрам А.Міровічам i аформлены мастаком Марыксам пры дапамозе мастака Волкава ("Запяюць верацёны"). Абедзьве яны сьветчылі пра заняпад нацыянальнае драматурги, пра крызыс беларускага зьместу ў тэатры.

Апрача гэтых дзьвюх п'есаў мяйсцовых аўтараў, тэатар паказаў перакладзеныя з расейскае мовы п'есы "Броняцягнік" Ус.іванова ў пастаноўцы запрошаных расейскіх рыжысэраў А.Вінэра i В.Сьмяянава i афармленьні Волкава i "Інга" Глебава ў пастаноўцьі Сьмяянава i афармленьні Крэйна.

Рэжысэр Міровіч, праўда і зрабіў усё, каб надаць сваім пастаноўкам выгляд арыгінальных мастацкіх паказаў. Акторы Крыловіч у ролі старога інжынэра Чужакова і Уладамірскі ў камічнай ролі табельшчыка Мухіна прыклалі шмат майстроўства, каб ярка паказаць тыповыя рысы сваіх дзейных асобаў. Мастак Марыкс даў на сцэне канструкцыю маста, які паварачваўся па кругу i пры паваротах даваў цікавыя палажэньні i плошчы, на якіх адбывалася гульня актораў па ходу дзеі. Міровіч імкнуўся надаць гульні актораў такі характар, каб вобраз выяўляў душу героя, цёк думак i пачуцьцяў, патрабаваў ад актора дасканалага выяўленьня мастацкіх сродкаў акторскае гульні.

Аднак адсутнасьць шырокіх мастацкіх абагульненьняў рабіла тое, што п'есы "Мост" i "Запяюць верацёны" мелі шмат непатрэбных бязьдзейных бытавых дэталяў, што абцяжарвалі паказы i зацямнялі сцэнічнае мастацтва гульні актораў.

Праз чужанацыянальны зьмест тэатар стаў выракацца свайго нацыянальнага стылю. Гэтак, п'есы "Запяюць верацёны" i "Броняцягнік" былі пастаўленыя ўжо цалкам пад уплывам маскоўскага тэатру імя МСПС, а "Мост" i "Інга" пад уплывам маскоўскага тэатру імя Вахтангава.

Таму беларускія нацыянальныя сілы змушаныя былі выступіць супраць гэтае антыбеларускае небясьпекі на тэтральным фроньце. Гэтак, неўзабаве пасьля наказу "Броняцягніка" на балонках газэты "Савецкая Беларусь" з артыкулам "Даволі анэкдотаў" выступав літаратар Тодар Глыбоцкі. Ягоныя цьверджаньні падтрымвае на балонках тэй жа газэты пісьменьнік З.Жылуновіч (Цішка Гартны) у артыкуле "Заўвагі к часу".

Праўда, нельга сказаць, што гэтыя людзі былі тыповымі выразьнікамі перадавое беларускае нацыянальнае ідэялёгіі, што яны прадстаўлялі перадавую беларускую грамадзкую думку. Зусім не. Але ў дадзеным выпадку праз іхныя выступленьні міжвольна i як бы стыхійна выявілася абурэньне беларускае грамадзкасьці тым запанаваньнем у тэатры чужога рэпэртуару i скіраваньнем усяе працы тэатру на лжывыя шляхі, што вялі да страты самабытнасьці беларускае культуры. Беларускаму тэатру пагражала небясьпека зрабіцца нейкай "беларускай" адменай агульна-расейскага тэатру, страціць свой уласны, апрычоны ад іншанацыянальных тэатраў, твар як у зьмесьце паказаў, гэтак нават i ў форме, цесна зьвязанай з першым.

Тодар Глыбоцкі абураецца варожымі для Беларусі размовамі аб тым, што быццам бы няма п'есаў... "...А калі мы паглядзім на тыя п'есы, што аказаліся годнымі, што мы ўбачым? Мы ўбачым пераклады п'ес, якія адыйшлі ў Маскве ці ў Ленінградзе, пасьпелі там надакучыць ці ўстарэць. "Калі сьпяваюць пеўні", "Луна зьлева", "Мяцеж", "Разлом", "Броняцягнік", "Савецкі чорт"- цэлая паводка, па паверхні якой, як бедныя чаўны, хістаюцца паасобныя, што заслугоўваюць на ўвагу (наколькі могуць заслугоўваць на ўвагу ўсякія недаедкі)".

Гэтак сьмела, адкрыта i рашуча Т.Глыбоцкі ганьбіць чужы перакладны рэпэртуар тэатру. Кажнаму сьведамаму беларусу перш за ўсё хацелася бачыць на сцэне свайго роднага беларускага тэатру сваіх нацыянальных герояў. Гэта мела-б вялікую нацыянальна-ўсьведамляючую ролю i выхоўвала-б у гледача пашану да свае гісторыі, спрыяла-б пазнаньню нашае мінуўшчыны 1 сучаснасьці i вырабляла-б у людзей беларускія нацыянальныя ідэалы. Адыход тэатру ад самабытнага рэпэртуару i тая перавага, якую ён пачаў аддаваць расейскаму рэпэртуару, не магла ня змусіць беларускіх культурнікаў падаць голас пратэсту супраць чужыншчыны, голас у абарону сваіх герояў. "Чаму гэта,- пісаў Глыбоцкі,- беларускаму гледачу важней паднесьці барацьбу сібірскіх партызанаў (змаганьне ў далёкай Фэргане - "Мяцеж" - ці матросаў у дні чужое нам бальшавіцкае рэвалюцыi - "Разлом"- п'еса Лаўрэнёва.- У.Г), чымся вывесьці на сцэну сваіх барацьбітоў?"

У згаданым артыкуле Т.Глыбоцкі патрабуе ад Беларускага тэатру карэннага павароту тварам да беларускае драматургіі. "А ці мала ў нас ёсьць п'ес, якія чакаюць свайго сцэнічнага афармленьня..." Запанаваньне чужога рэпэртуару ў вачох аўтара можа перарасьці ў сур'ёзную i небясьпечную для нашае культуры хваробу. "Самае важнае,- піша Глыбоцкі,- ня даць сучасным балячкам тэатру разрасьціся i захапіць яго здаровыя бакі". А таму ён заклікае да самых радыкальных мераў змаганьня з гэтым злом. "Трэба вымесьці са сцэны Беларускага тэатру анэкдоты i тых, хто ix творыць".

Клопаты, каб Беларускі тэатар стаў запраўдным хорамам высокага i паважнага тэатральнага мастацтва i не ўганяўся за пустымі агітацыйнымі савецкімі аднаднёўкамі, што ніколі не перажываюць сябе, змушае аўтара высунуць патрабаваньне акадэмічнасьці ў працы тэатру. "Ад Беларускага акадэмічнага дзяржаўнага тэатру мы маем права патрабаваць, каб ён даваў нам запраўды акадэмічныя рэчы" (падкрэсьлена аўтарам).

Ува ўсіх гэтых зусім слушных i самых элемэнтарных патрабаваньнях да тэатру з боку беларусаў афіцыйныя партыйныя колы ўбачылі вылазку контррэвалюцыйных нацыяналістычных элемэнтаў. Для бальшавікоў гэта быў зручны i даўно чаканы мамэнт, каб учыніць пагром на беларускую нацыянальную ідэялёгію ў тэатры. Партыйна-савецкі друк у Менску (газэта "Звязда") i партыйныя чыноўнікі падхапілі гэтыя сьціплыя выказваньні i раздулі ix у вялізарную небясьпеку контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў тэатры. Аўтараў згаданых артыкулаў зьвінавацілі ў імкненьні адарваць беларускую культуру ад пралетарскае Масквы, зганьбіць усё, што ішло адтуль пралетарскага, у арыентацыі на капіталістычны Захад, што ўважалася за вялікае злачынства. А трэба сказаць, што ў Саветах лягчэй за ўсё было каго-небудзь зваліць i перамагчы шляхам палітычнага абвінавачваньня. Гэтак i тут, аглушыўшы даўбнёю палітычнага абвінавачваньня, лягчэй было лад гэтай шыльдай павесьці наступ на ўсё нацыянальна-беларускае ў тэатры і, разглядаючы яго як нацыяналістычнае, контррэвалюцыйнае, заклікаць гэтак званую "пралетарскую грамадзкасьць" i работнікаў тэатру да рашучага i бязьлітаснага выкарчоўваньня ўсіх самабытных нацыянальных элемэнтаў у працы тэатру.

Ад гэтага часу ўсё больш i больш на нішто сыходзіць самабытны беларускі рэпэртуар тэатру i, разам з тым, губляецца ягоная нацыянальная асобнасьць сярод тэатраў Савецкага Саюзу. Пад знакам ажыцьцяўленьня сталінавае формулы, "культура нацыянальная па форме i сацыялістычная, пралетарская па зьместу", уся далейшая гісторыя Беларускага Першага Дзяржаўнага Тэатру праходзіць у змаганьні з сваім ранейшым нацыянальным кірункам працы. Калі яшчэ да 1930 г,- году ліквідацыі большае i лепшае часткі беларускай г. зв. нацдэмаўскай інтэлігенцыі - побач з новымі савецкімі п'есамі ідуць старыя наказы лепшых часоў тэатру, як "Кастусь Каліноўскі" i інш., дык ад 1930 г. яны зусім здымаюцца з рэпэртуару i забараняюцца для паказаў. Заміж ix на сцэну хлынулі п'есы новасьпечаных савецкіх драмаробаў, як "Гута" Р.Кобеца i "Міжбур'в" Курдзіна ў сэзоне 1929-30 г., або перакладныя п'есы, як "Ярасьць" Яноўскага ў тым жа сэзоне, з ix сцэнічным штучным апатэозам камплексу зьяваў caвецкаe рэчаіснасьці - вынаходніцтва, ударніцтва, калектывізацыя i г. д.,- прыпраўленага бесчалавечнай ідэялёгіяй клясавай варажнечы i братняга змаганьня.

Праўда, добрая гульня акторскага складу часта ратавала i гэтыя ўбогія п'ескі гэтага "пралетарскага рэпэртуару", а рэжысэрскія вынаходы надавалі наказам часамі нейкую адносную арыгінальнасьць. Такая дрэнная п'еса, як "Гута", напісаная збольшага малапісьменным рабочым Кобецам i апрацаваная пасьля адным беларускім пісьменьнікам, надта выігрывала ад бліскучай гульні актора Крыловіча ў ролі рабочага-вынаходцы Мароза, актора Уладамірскага ў ролі Цыганка, у ролі шкловыдувальніка Хадыка - арт. Грыгоніс, дачкі Скрылова Любы - арт. Полла, фарсуншчыка Шунейкі - арт. Платонава.

Карысталася адносным посьпехам у работніцкага гледача афармленьне п'есы - устаноўка на сярэдзіне сцэны для галоўнае дзеі гуты - печкі для плаўленьня шкла. Жыцьцё работніцкага калектыву невялікай, закінутай у глухім беларускім мястэчку гуты наказана з гледзішча савецкіх інтарэсаў. П'еса сапсутая яўнай тэндэнцыйнасьцяй i імкненьнем падагнаць усе кампанэнты i зьмест да тэзісаў клясавага змаганьня.

П'еса "Міжбур'е" Курдзіна была прысьвечаная жыіццю чырвонай арміі i выкрывала ў асобе захопленага рамантыкай грамадзянскай вайны героя Дыбава расчараваньне "мірным" пэрыядам савецкага "будаўніцтва". Ужо сам назоў п'есы "Міжбур'е" як бы весьціў дачаснасьць "мірнага" пэрыяду ў жыцьці чырвонай арміі i падрыхтоўку яе да будучых мілітарных заданьняў. Ідэя п'есы - ператварэньне Дыбава ў сваё адмаўленьне, па ходу дзеі надта абцяжанае шарагам бытавых дробязяў i натуралістычных дзталяў. Нічога нацыянальна-беларускага, як i "Гута" Кобеца, гэтая п'еса ня мела i не магла мець па свайму зьместу.

Аднак, калі ўлетку 1930г. Беларускі тэатар паехаў у Маскву на Ўсесаюзную алімпіяду тэатраў i мастацтваў народаў СССР, дык партыйныя гора-кіраўнікі тэатру нічога лепшага не знайшлі для рэпрэзэнтацыі беларускага тэатральнага мастацтва, як паказ гэтых дзьвюх п'есаў - "Гуты" Р.Кобеца i "Міжбур'е" З.Курдзіна.

I цікава, што заміж таго, каб паказаць тэатру няправільнасьць яго адыходу ад беларускіх нацыянальных традыцыяў, ад запраўднага нацыянальнага рэпэртуару з самых глыбінаў гістарычнага i сучаснага народнага жыцьця, згубнасьць забыцьця чыста нацыянальных формаў, заміж таго, каб скіраваць увагу тэатру на неабходнасьць стварэньня самабытнага рэпэртуару i нацыянальных формаў сцэнічнага мастацтва i стылю тэатраў, а паказаныя п'есы раскрытыкаваць, Масква, наадварот, аж захлёбываецца ад апісаньня ўяўных дасягненьняў тэатру i дае высокую ацэну ягоных паказаў.

Водгук г. зв. "жюры" Алімпіяды пакінула па сабе гэткі дакумэнт чалавечае дурноты ў пытаньнях мастацтва, да якой маглі дайсьці ў гэты самы вульгарны пэрыяд савецкага "мастацтвазнаўства". Пададзём гэты дакумэнт цалкам, як доказ абсалютнага няведаньня i неразуменьня былых дасягненьняў, тагачаснага заняпаду i вялікіх магчымасьцяў мастацкага росквіту, у тым ліку I тэатральнага, закладзеных у беларускім народзе. Цяпер гэтая пастанова "жюри" Алімпіяды 1930г. у сьвятле ўсяе гісторыі разьвіцьця беларускага тэатру можа цікавіць нас толькі сваім цынізмам, бо ні З.Курдзін i ні Р.Кобец [1], узнагароджаны ордэнам за "Гуту", ні ў якім разе не маглі прадстаўляць беларускую нацыянальную драматургію, у гэты час разгромленую i абяскроўленую масавымі арыштамі беларускай інтэлігенцыі якраз неўзабаве перад гэтым. Вось гэтая пастанова:

"На І-ай усесаюзнай Алімпіядзе першы Беларускі Дзяржаўны Тэатар выступіў з п'есамі "Гута" Р.Кобеца і "Міжбур'е" З.Курдзіна. Такі выбар рэпэртуару i яго сцэнічнае ажыцьцяўленьне стварылі тэатру акрэсьлены ідэялёгічны твар.

"Жюри" ca здаволеньнем канстатуе, што тэатар правёў пасьпяховую працу па перамозе нацыянал-дэмакратычных тэндэнцыяў. Ён падыйшоў да праблемы нацыянальнага мастацтва не шляхам падкрэсліваньня экзатычных дэталяў старасьветчыны, а шляхам вывучэньня рабочай клясы Беларусі сяньняшняга дня. Гэта, а таксама вострая, актуальная тэматыка (рацыяналізацыя, пяцідзёнка, быт чырвонай арміі), вырашаная паводле нацыянальных умоваў, радніць тэатар з усёю рабочай клясай.

Адзначаючы высокую мастацкую культуру, якая выявілася:

1. У наяўнасьці моцнай рэжысуры, якая здолела зьліць у адно ўсе элемэнты спэктаклю.

2. У дасьціпным, хоць i некалькі зацяжкім афармленьні, якое дае вялікія магчымасьці.

3. У роўным акторскім ансамблі, які ўмее пуката падаваць сацыяльнае значаньне вобразаў.

4. У чыстаце мовы i майстроўскай падачы сцэнічнага слова.

Адзначаючы ўсё гэта, "жюры" лічыць неабходным зьвярнуць увагу тэатру на тыя дзялянкі, што адстаюць:

1. Некалькі выпадковы падбор музычнага матар'ялу, які не заўсёды адпавядае дзеяньню.

2. Недастатковая ўвага да сцэнічнага руху актора.

Не вырашаючы загадзя пытаньня пра творчы мэтад тэатру, "жюры" лічыць сваім абавязкам папярэдзіць Беларускі Дзяржаўны Тэатар аб небясьпецы перагібу ў бок псыхалёгізму i натуралістычнага капаньня ўва "ўпадніцкіх настроях" клясава-чужых элемэнтаў.

У цэлым "жюры" канстатуе, што Першы Беларускі Дзяржаўны Тэатар зьяўляецца ясным доказам бурнага росту Беларускай нацыянальнай культуры, якая здолела толькі пасьля кacтpычніцкай рэвалюцыі атрымаць магчымасьць разьвіцьця i бясспрэчна стымулюе рост нацыянальнай сьведамасьці беларускага народу за межамі СССР".

Старшыня Аргкамітэту Алімпіяды - Ф.Кон.

11 ліпеня 1930 г.

Масква.

Бедныя старычкі, сябры Аргкамітэту! Лёс накпіўся над імі i гіранічна абыйграў наіўную веру ў свае дабрадзействы. Шчасьце "беларускага народу за межамі СССР", што ён i ня ведаў пра гэты ілжывы буф з Беларускім тэатрам, што быў спачатку пазбаўлены ўсяго свайго собскага рэпэртуару, а пасьля ўзьняты на шчыт славы за чужанацыянальныя паказы, якія, па сутнасьці, у запраўдных беларусаў маглі выклікаць толькі пачуцьцё зьдзіўленьня i прыкрасьці. Балела сэрца за слаўны яшчэ нядаўна Беларускі тэатар, які цяпер сьпіхнуты на гэткі бясслаўны шлях, дзе ён i змушаны быў таптацца ў другім дзесяцігодзьдзі свайго існаваньня.

Жыцьцяпіс беларускага публіцыстага У. Глыбіннага

Лёс Уладзімера Сядуры (Глыбіннага) - тыповы i ў той жа час вельмі адметны ў гісторыі беларускай сьвядомай інтэлігенцыі XX ст. Ягоны сьветагляд фармаваўся пад узьдзеяньнем літаратурна-асьветніцкай i навукова-гуманітарнай хвалі беларускага адраджэньня, характэрнай для 20-х гг.
Напачатку 30-х гг., калі адбыўся бальшавіцкі пагром беларускай нацыянальнай эліты, У.Сядура - палітычны вязень сталінскага рэжыму (з паўтарэньнвм гэтага ўроку напачатку вайны ў чэрвені 1941 г.).
Падчас нямецкай акупацыі Сядура актыўна займаецца літаратурнай i журналісцкай дзейнасьцю. У Рызе ён выдае часопіс "Новы Шлях", на балонах якога нярэдка друкуюцца аўтары, апазыцыйна настроеныя да акупантаў (Уладзімер Дудзіцкі, Ларыса Гвніюш, Валянцін Таўлай ды інш.). Са словаў самога Сядуры: "...сам жанр чыстай лірыкі, які а дно й друкаваўся ў "Новым Шляху", быў накіраваны супраць спробаў нямецкае прапаганды падпарадкаваць сабе літаратуру". На падставе сваіх публікацыяў у пэрыёдыцы Сядура падрыхтаваў да выданьня тры свае кнігі: "Жыве Беларусь!", "Гісторыя беларускага тэатру" i "Беларускае мастацтва", але ваенныя падзеі 1944 г. перашкодзілі ix выхаду ў сьвет.
Пасьля вымушанай эміграцыі ў Нямеччыну, дзе літаратар пражыў амаль 9 гадоў, Сядура ў 1953 г. пераяжджае ў ЗША. У 1955 г. з дапамогаю Беларуска-Амэрыканскага літаратурнага таварыства ён выдае на ангельскай мове галоўную працу свайго жыцьця - кнігу "Беларускі тэатар i драма" ("The Byelorussian Theałer and Drama"), высока ацэненую замежнымі дасьледнікамі й навукоўцамі. Нельга абмінуць увагай працы Сядуры па вывучэньні творчасьці Фёдара Дастаеўскага. У тым жа 1955 г. выйшла ягоная кніга на расейскай мове "Дастаеўсказнаўства ў СССР", якая атрымала найвышэйшую ацэнку у заходніх спэцыялістаў i выклікала шырокую палеміку з боку савецкіх знаўцаў творчасьці вялікага расвйскага пісьменьніка. Пісаў ён і мастацкую прозу, зь якой найбольш вядомы раман "Вялікія дарогі" пра лёс беларускае інтэлігвнцыі. Памёр У.Сядура 14 сакавіка 1995 г. у г. Трой (штат Иью-Ёрк).
Сёньня мы знаёмім чытача з аўтабіяграфіяй навукоўца й пісьменьніка, пасланай ім у сьнежні 1943 г. у Праскі Беларускі архіў. Таксама друкуецца фрагмэнт зь ягонай "Гісторыі беларускага тэатру" (у свой час публікавалася ў менскай "Беларускай Газэце" ў 1943-1944 гг.), дзе распавядаецца пра разгортваньне камуністычнай прапагандай г. зв. "тэатральнай дыскусіі", накіраванай супраць нацыянальных традыцыяў у тэатры.


Маці мая, Марыя Майсеяўна Шабан (дзявочае прозьвішча), паходзіць з беднага безьзямельнага сялянства вёскі Лагаўская Слабада Менскага павету. Каб пазбавіцца ад лішніх едуноў, часта бяднейшыя сяляне адвозілі сваіх дзяцей-падлеткаў у горад i аддавалі ў служанкі. Гэтак было i з маёй маці. У 13-гадовым узросьце ейны бацька прывёз яе ў горад i аддаў на працу прыбіральшчыцай i пакаёўкай у жыдоўскі дом. Там яна i працавала амаль 8 гадоў, пакуль не спаткалася з трыццацітрохгадовым менскім шаўцом Ільлёй Іванавічам Сядурам, з якім i пабралася ў пачатку 1910 г.

Пасяліліся яны спачатку на 2-м Сэмінарскім завулку, у доме Пашкевічыхі, г. зн. на Старажоўскай ускраіне Менску. Тут 11 (24) сьнежня ў 1910 г. я і нарадзіўся, Хутка бацькі перабраліся на Стара-Віленскую вул., 50/12., кв. 1, у дом Падпяхоўскага-Песьлячыхі, у якім i жылі аж да вайны 1941 г., калі на трэйці дзень вайны - 24 чэрвеня ён згарэў ад пажару, што заняўся ад бамбардыроўкі гораду Менску. Цяпер гэтыя кварталы гораду ўяўляюць пустое пажарышча.

Дзіцячыя гады прайшлі надта цікава. Побач з нашым домам знаходзілася г.зв. былая сэмінарыя - шэраг вялікіх каменных будынкаў i вялікі пляц, тады яшчэ абсаджаны ліпамі. У гэтых будынках спыняліся розныя вайсковыя аддзелы. У маёй памяці ўжо ўтрымаліся нямецкія вайсковыя аддзелы ў Менску ў 1918 г. Да ix у сэмінарыю я хадзіў за салодкім рысавым крупнікам i ад ix запамятаў першае слова: "Раўс!", якое надта напалохала мяне, калі аднойчы з маткай я пайшоў быў туды, каб чаго дастаць.

Запомнілася, як бацька хаваўся ў прыбіральні, калі вайсковыя (патрулі) хадзілі па горадзе забіраць мужчынаў на працу, i як аднойчы на тых зрабіла вялікае ўражаньне дружная работа бацькі з двума іншымі шаўцамі ў майстроўні ў той момант калі яны зайшлі ў хату i заместа таго, каб забраць на працы, сказалі "гут, гут, арбайтэр, аўф відэр-зэйн!".

Потым я хадзіў ужо ў школу. Помню, як іхныя абозы адыходзілі з Менску i заміналі мне вуліцай ісьці ў школу i я доўга чакаў на пераходзе, пакуль яны праедуць. Буйныя сьняжынкі павольна падалі на зямлю i сваей павольнасьцяй нібыта казалі, што ніякае вайны i ня было.

Затым прыйшлі саветы, а праз колькі часу палякі. Помню, я з маткай зьбіраў траву для кабанчыка на татарскіх агародах, калі раптам пачуліся стрэлы. Не пасьпелі мы перабегчы праз мост, як ужо амаль за намі беглі першыя чырвонаармейцы з захаду, што адступалі праз Людамант. Мы ўскочылі ў хату i селі ў сенях, бо тут з усіх бакоў было па дзьве сьцяны i менш небясьпечна, што праб'ець куля. Страляніна цягнулася колькі гадзінаў. Ураньні мы дазналіся па гурбе адстраляных патронаў, пакінутых пад вокнамі нашага дому, што адтуль (а гэта было высокае мейсца, адкуль відаць была дарога з Людаманта на татарскі мост), гэтак як i з высокага пляцу Траецкае гары, нейкі кулямётчык абстрэліваў дарогу, па якой адступала чырвонае войска.

Раніцай, калі мы пайшлі на мост, убачылі на ім i каля ракі колькі дзясяткаў забітых расейскіх казакаў. Нехта ўжо ўначы пасьпеў з некаторых пасьцягваць боты. Расказвалі, як адзін недабіты надта ж упрашваў чалавека, што здымаў з яго боты i доўга тузаў i цягаў яго за ногі на мосьце, бо нешта надта доўга ня мог сьцягнуць, каб той раней дабіў яго i тады ўжо здымаў гэтыя боты.

Другім разам, як наступалі палякі, мы сядзелі ў склепе. Каля нас было колькі гарматных выбухаў. Раптам убягае Адась i просіць яго схаваць. Ён у чырвонаармейскай вопратцы, баіцца, каб яго не захапілі гэткім палякі. Мы даем яму іншую вопратку i хаваем на колькі дзён у хлеўчыку. Пры паляках ён таксама служыць жаўнерам, а пазьней, прыхаваўшыся ў часе пераходу ўлады, зноў пайшоў у чырвонае войска. Гэтак ён i пазьней колькі разоў мяняў сваю вопратку i служыў усім, хто-б ні быў ля ўлады, i спакойна жыве i служыць сяньняшнім гаспадаром.

Уладзімер Сядура. 50-я гг.

Акрамя тэрыторыі былой сэмінарыі, у маленстве увесну i ўлетку праводзіў шмат часу на ўзлоньні прыроды старажоўска-татарскага раёну ў Менску вакол ракі Сьвіслачы. Рака у маім жыцьці з раньняга маленства мела вялікае значаньне...

Улетку я ўжо з раньня тырчаў дзе-небудзь на беразе або па калена ці вышэй у вадзе з вудаўём у руках, ловячы рыбу. Гэта быў мой першапачатны промысел , якім я зарабляў сабе на марожанае ці на булку, бо ў хаце заўсёды была нястача. У рацэ я купаў заўсёды салдацкіх коняў, каб пасьля за гэта мець права праз увесь горад, аж да загарадных кашараў, ехаць галопам ці рысьсяй i выклікаць зайздрасьць у маіх больш палахлівых аднакашнікаў, якія яшчэ ўсё трымаліся матчынай спадніцы i на многае, даўно мне даступнае, ня мелі ад бацькоў дазволу. Ад відна да цямна я праводзіў час на рацэ, лазіў у чужыя сады рваць садавіну, у вялікія татарскія гароды рваць моркву i рэпу. Бяз білетаў, нырцом праз дно ракі пад дашчатай загародай у вадзе, прабіраўся ў купальню, што штогоду будаваў на Сьвіслачы жьд Куська. Дармова гушкаўся на качэлях Зялёнкі на татарскім баку за мостам i заўсёды неяк удала мінаў замахаў ягонае палкі. Нахіл да рыбацтва гэтак прывіўся, што i пазьней, ужо юнаком, я з рыбаком-аматарам, суседам па дому, пажылым шаўцом Сьцяпанам Таўстапятавым, званым намі проста Сьцёпкам, часта ўлетку выбіраўся далёка за горад - у Ждановічы ці Зарэчча пад Ратамкай нанач лавіць рыбу. Начавалі ў полі, часам каля агню, у часы сенакосу ў копах духмянага сена. Выслухоўваў Сьцяпанавыя апавяданьні пра вялікіх шчупакоў i галаўнёў, якія чамусьці заўсёды, паводля ягоных словаў, зрываліся ў яго, калі я гэтага ня бачыў. Я разумеў слабасьць усіх паляўнічых i рыбакоў да гіпэрбалаў i ніколі не супярэчыў.

На тэрыторыі б. сэмінарыі для вайскоўцаў шмат было спартыўных уладжаньняў - брусьсяў, турнікоў, кольцаў, кабыл, трапэцыяў i г. д. Тут я ўжо ведаў i рабіў сам шмат розных прыёмаў гэтага спорту: высака i далёка скакаў, круціў сартамарталі, вырабляў розныя скобкі, заднія пад'ёмы i да г. п. Таму пазьней i ў школе я быў лепшым гімнастам.

Вялікі i добры ўплыў на мяне рабіў доступ у б. сэмінарыі да газэтаў, часапісаўі частыя наведваньні кіносэансаў, тэатральных паказаў для вайсковых службоўцаў i курсантаў вайсковае школы, што зьмяшчалася тады ў б. сэмінарскіх будынках. Там я захапляўся шахматнай гульнёй i іншымі гульнямі. Тады-ж я пабачыў i колькі спэктакляў Народнага Тэатру Галубка.

Пазьней мяне i маіх сяброў зацікавіла маляваньне - мы пачалі цэлыя дні праседжваць у бібліятэцы імя Крупскай на б. Аляксандраўскай вуліцы i капіраваць алаўком розныя малюнкі з кніг. Пазьней самі сталі кампанаваць, пачалі маляваць акварэльнымі хварбамі i дасяглі тут немалых посьпехаў. Мае акварэльныя работы заўсёды выстаўляліся на вучнёўскіх выстаўках гораду Менску. Некаторыя акварэльныя краявіды былі нагэтулькі дасканалыя, што атрымалі высокую ацэну многіх. I я цяпер надта шкадую, што яны ў пажар 1941 г. згарэлі ў кватэры маіх бацькоў разам з усёй маёй бібліятэкай, зьбіранай мною праз усё маё жыцьцё, у якой былі амаль усе выданьні беларускіх кніжок за многія гады. Праўда, у канцы 1935 г. па звароце з ссылкі я два вазы расейскіх кніжок - пераважна клясыкаў расейскае літаратуры - прадаў бібліятэцы тагачаснага Менскага Натаўніцкага Інстытуту Нацыянальных меншасьцяў Беларусі. I тых кніг я не шкадую, бо ix можна дастаць у любым расейскім горадзе. Але беларускія выданьні, гэтак зьнішчаныя цэлае дзесяцігодзьдзе ўладамі, г. зв. нацдэмаўскія, у вайну ўсе перахоўваліся на кватэры ў бацькоў. Калісьці я выдаткаваў на ix у Менску усе свае ганарары i стыпэндыі, з любасьцяй выкупліваў у букіністых, а цяпер ix нідзе не знайсьці. Таму асабліва i баліць па ix сэрца i часам хочацца злавацца на сваіх старых, што яны ў пажар не турбаваліся аб кнігах, хоць ім i было тады не да гэтага. Мне, як беларускаму культурніку, страта збору беларускіх кніжок зрабіла непапраўнае гора.

Вяртаючыся да свайго жыцьцяпісу, успамінаю, што мяне нейкі час - гады з два - захапляла іграньне на струнных музычных інструмэнтах. Бацька яшчэ раней набыў мне гітару, а я пазьней купіў яшчэ балалайку i іншыя інструмэнты.

Мусіць, праз любоў да музыкі я i захапіўся радыё - пачаў будаваіць самаробныя дэтэктарныя радыёвыя прыёмнікі i лавіць уначы, калі Менск не перашкаджаў, розныя перадачы эўрапэйскіх станцыяў. Дзеля гэтага я выпісваў усе расейскія радыёвыя выданьні: часапісы i газэты, вывучыў дасканала тэхніку будаваньня шматлямпавых прыёмнікаў i быў аматарам гэтае справы. Праз радыё вывучаў мову эспэранто i марыў аб лучнасьці з Эўропай. Аднак гэтыя інтарэсы да тэхнікі ў Белпэдтэхнікуме былі канчаткова выціснутыя інтарэсамі да літаратуры. Гэтыя апошнія запанавалі над усімі іншымі, якія вызначылі канчаткова мой жыцьцёвы шлях.

Разнастайнасьць інтарэсаў у маленстве i юнацтве, мабыць, наклалі моцны адбітак на інтэлектуальную, культурную шырыню i разнастайнасьць інтарэсаў i як літаратара, аб чым будзе далей. Успомню тут толькі тое, што, будучы хлопчыкам, я разам з суседзкімі дзецьмі, бацька якіх працаваў наглядальнікам у турме, пачаў наведваць піянэрскі атрад для дзяцей служачых турмы. Там, у турэмным клюбе, нас часта пушчалі на спэктаклі, ладжаныя сіламі арыштантаў, сярод якіх былі добрыя артыстыя i рэжысэры. У нядрэнным артыстычным выкананьні яны паказвалі ўсе тыяж п'есы, што ставіліся i ў Беларускім Дзяржаўным Тэатры. Тут я i пабачыў амаль усе тагачасныя беларускія драмы i камэдыі. Пад ix уплывам мы ўтварылі свой піянэрскі драматычны гурток i пад кіраўніцтвам рэжысэра i арыштантаў самі паказалі колькі п'есаў. Я выканаў з вялікім посьпехам у турэмнага гледача колькі роляў. Рэжысэр быў надта задаволены маёй гульнёй i прарочыў мне артыстычную кар'еру. Гэтага ня сталася. Але затое я на ўсё жыцьцё вынвс адгэтуль асаблівую любоў да тэатру.

Вучыўся спачатку у І-м Менскім прыходзкім чатырохклясным вучылішчы - пачатковай расейскай школе на б. Аляксандраўскай вуліцы. Там вучыцелька надта старалася перарабіць нас на расейцаў. Заўсёды на вуроках яна крытыкавала нашую беларускую вымову, дамагалася правільнага расейскага вымаўленьня. У трэйцяй i чацьвёртай клясе вучыліся мы па расейскай кнізе "Охота пуще неволи", частцы I i II. Праўда, хрэстаматыя гэтая была добра ўкладзеная, давала ў даступнай вучню форме апавяданьні з гісторыі (ведама, агульнарасейскай), прыродаведы, геаграфіі i расейскай літаратуры. Гэта спрыяла нашаму агульнаму разьвіцьцю. i дарма, што гэтая вучыцелька нямала панаставіла нам на руках i сьпіне сінякоў, калі выклікала да свайго стала, а мы, зьбянтэжаныя, не маглі адказаць вурока, аднак яна вырабіла нас дысцыплінаванымі i дала моцныя падваліны пачатковае адукаванасьці i пісьменнасьці. Гэта спрыяла пасьля посьпехам вучэньня ўжо i ў беларускай 15-й Менскай сямігадовай школе, куды я i перайшоў вучыцца з 1923 г. i якую скончыў у 1927 г. Тут за настаўніка беларускае мовы i літаратуры быў добры, сьведамы беларус Кузьма Дзям'янавіч Стрыгун, які прывіў нам бёларускую сьведамасьць i цікавасьць да беларускае мастацкае літаратуры. Добрыя зерняткі закідалі ў маладыя душы i іншыя настаўнікі, як СП. Поляк, Кіпель, дырэктар Каўпак, вучыцелька расейскай літаратуры i мовы Ксеня Ігнатаўна i інш... Усе яны спараджалі ў нашых маладых душах імкненьні да прыгожага, гуманнага. Тут ужо выявіўся мой нахіл да гуманітарных інтарэсаў. Таму, мусіць, пасьля сканчэньня сямёхгодкі я паступіў у 1927 г. у Менскі Беларускі Пэдагагічны тэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага, у якім i вучыўся да 1930 г.

Першыя два курсы Тэхнікуму далі шмат агульнаадукацыйных ведаў. Выкладчык літаратуры сп. Сакалоўскі ўзбуджаў цікавасьць да сусьветных літаратураў. Удзел у літаратурным гуртку пры тэхнікуме ды ў выданьні рукапіснага літаратурнага часапісу "Крыніца" канчаткова сфармавалі літаратурныя інтарэсы.

Тут наагул трэба адзначыць вялізарную ролю Менскага Беларускага Пэдагагічнага Тэхнікуму ў вырабленьні літаратурных кадраў. Гэта была свайго роду i літаратурная акадэмія, у якой праходзіла навучаньне шмат беларускіх пісьменьнікаў, як Андрэй Александровіч, Алесь Дудар, Максім Лужанін, Паўлюк Трус, Рыгор Казак, Сьцяпан Ліхадзіеўскі, Антон Адамовіч, Сяргей Дарожны, Лукаш Калюга, Сяргей Астрэйка i інш. На літаратурныя вечарыны i дыспуты, ладжаныя літаратурным гуртком, сюды прыходзілі i выступалі многія знаныя пісьменьнікі i крытыкі. Гэта асабліва падагравала зацікаўленасьць да літаратуры i штурхала многіх маладых студэнтаў брацца за пяро i выпрабоўваіць свае літаратурныя таленты. З Менскага Белпэдтэхнікуму выйшла шмат маладое беларускае інтэлігенцыі, тае эліты, якая пазьней станавіла галоўную турботу органаў НКВД i амаль уся i была высланая ў канцлягеры.

У Белпэдтэхнікуме я асабліва пасябраваўся з маладым таленавітым паэтам Сяргеем Астрэйкам, аўтарам выдатнае паэмы "Бэнгалія", які пазьней без пары памёр у Сібірскай ссылцы.

Улетку 1928-1929 гг. у нядзвльныя дні я наведваў i скончыў адмысловыя курсы краязнаўства, дзе чыталі лекцыі выдатнейшыя беларускія вучоныя, беларусаведы.

Улетку 1929 г. я ўпершыню выступіў на балонках менскае беларускае газэты "Савецкая Беларусь" з рэцэнзіямі i артыкуламі пра беларускую літаратуру. Падпісываю ix сваім прозьвішчам. Помню, што тады, калі ўжо пра літаратуру "Узвышша" пісалі толькі дрэннае, у друку называлі буржуазна-кулацкай, што лічылася тады ўжо найбольшым злачынствам, я сьмела напісаў пра адзін з чарговых нумароў толькі дадатнае, уважаючы ягоныя вялікія літаратурныя дасягненьні.

Гэтак жа дадатна я пісаў i пра твор М.Зарэцкага "Падарожжа на Новую Зямлю" i іншыя. Гзта зьвярнула ўвагу афіцыйных колаў, i калі неўзабаве партыйная газэта "Зьвязда" начала лаяць Зарэіцкага за ідэалізацыю ў згаданым творы прышчэпаўшчыны i хутарское кулацкае гаспадаркі, мне было адмоўлена ў друкаваныіі на балонках "Савецкай Беларусі". Але я знайшоў ужо прыхільнікаў у адмысловым літаратурным часапісе "Маладняк" i пачаў там зьмяшчаць артыкулы i рэцэнзіі пра беларускую літаратуру. Тады "Маладняк" уважаўся за літаратурны часапіс, створаны з літаратурнага аб'яднаньня "Маладняк", г. зв. Беларускае Асацыяцыі Пралетарскіх Пісьменьнікаў. У 1931 г. я ўваходжу ў сябры гэтае асацыяцыі i разам з пісьменьнікамі Барысам Мікулічам, Сьцяпанам Ліхадзіеўскім i інш. ствараю творчую групу маладзёжных пісьменьнікаў. Праўда, акрамя агульных дэклярацыйных выступленьняў, творчасьць гэтае групы была мала аб'яднаная агульнымі прынцыпамі, бо кажны тварыў асобна, паводле сваіх зацікаўленьняў i культурных дасьведчаньняў. Наагул, цяпер мне выдаеілца марнай усялякая спроба нейкага творчага задзіночаньня, бо творчы працэс ёсьць выключна чыста індывідуальны i не падлягае ніякім абмежаваньням агульнымі прынцыпамі.

Перад гэтым у 1930 г. я паступіў на літаратурна-лінгвістычны факультэт Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, а ў 1932 г., пасьля сканчэньня 2-х курсаў, я перавёўся вучыцца ў Маскву. Справа ў тым, што я заўважыў, як за мной i іншымі студэнтамі, пераважна беларускімі пісьменьнікамі С.Ліхадзіеўскім, Зьмітраком Астапенкам i другімі, НКВД пачынае сачыць. Дзеля гэтага пачалі некаторых выклікаць у ГПУ i прапаноўваць выконваць інфарматарскія заданьні. Некаторыя слабейшыя паддаліся націску i згадзіліся на гэтыя ганебныя ролі. Чыстыя ідэалістыя рашуча адмаўляліся ад гэтых ганебных заданьняў. Я рашыў уцячы далей ад гэтага бруду. Тым больш што мяне зусім не задавальняў стан вучэньня ў Менску.

Але Масква ня была для мяне ратункам. Трапіўшы на вока ГПУ, я ўжо ўсюды асочваўся, і, калі ў Менску пачаліся арышты нацыянальных сілаў у другі набор, мяне з Масквы арыштаванага прывозяць у Менскае ГПУ i кідаюць у каменны мяшок г. зв. "Амэрыканкі", а затым разам з іншымі беларускімі пісьменьнікамі асудзілі на тры гады канцлягеру. У часе допытаў я выявіў зялезную волю i, нягледзячы на ўсе сродкі ўзьдзеяньня з боку сьледчых, ня стаў на шлях няпраўды i лжывых паказаньняў адносна нейкай уяўнай, у звар'яцелых мазгох узьнікшай, контррэвалюцыйнай арганізацыі г. зв. нацдэмаў, не назваў ніводнага чалавека, як гэта рабілі іншыя, што выканалі фактычна ролю правакатараў i далі гэтым самым сваім жа катам "падставы" судзіць нас за тое, у чым мы ніколі ня былі вінаватыя. Я быў маладым ідэалістым, верыў у справядлівасьць i дабро, у сьветлыя пачаткі чалавека i ніколі не ўяўляў i ня верыў, што могуць бяз дай прычыны зусім невінаватага чалавека асудзіць. Я штодня чакаў вызваленьня. Толькі калі мне прачыталі пастанову Асобнае Нарады Калегіі ГПУ, я крыху ацьвярозіўся ад гэтага свайго ідэалізму. Але, ужо знаходзячысь у канцлягеры, я ўсё яшчэ спрабаваў пісаць заявы з просьбаю вызваліць або замяніць канцпягер адміністрацыйнай ссылкай, даводзячы сваю невінаватасьць.

За тры гады канцлягеру я пабачыў тысячы няшчасных людзей, ахвяраў сыстэмы лжы I даносаў, хлусьлівых падтасаваньняў, перапрабаваў шмат заняткаў: ад чорнарабочага на земляных работах да інспэктарскае гаспадарчае працы. Тут я пазнаў ва ўсёй глыбіні чалавечае гора, але не пазбыўся, аднак, веры ў чалавека. Гуманныя пачаткі майго сьветапогляду перарасьлі канчаткова ў сыстэму гуманізму, якога я цяпер i прытрымліваюся ў жыцьці. Гэты гуманізм мой скіраваны ў першую чаргу да майго пакрыўджанага гісторыяй беларускага народу. Сваім жыцьцём i дзейнасьцяй я хачу служыць ягонаму Вялікаму Адраджэньню, каб нарэшце ён займеў магчымасьць выпрастаць плечы i ва ўсю сваю сілу i здольнасьці выявіць сябе ў культурным i гаспадарсьцьвенным будаўніцтве, заявіць сябе роўным сярод усіх славянскіх i іншых народаў Эўропы.

Свой тэрмін зьняволеньня я адбываў спачатку ў Сібірскіх лягерах (спачатку ў г. Новасібірску, а пасьля ў г. Марыінску), а другую палову тэрміну ў Байкала-Амурскіх лягерах (у Асобным Каманданскім лягерным пункце ў г. Свабодным, поўным зьняволеных, несвабодных людзей, i ў 5-м аддзяленьні на ст. Тахтамыгда). Калі ў жніўні 1935 г. быў зволены, дык я абраў сабе мейсцам жыцьця Крым - г. Сымфэропаль. Але там ня мог знайшлі працы i прытулку, начаваў на сквэрах. Таму выбраўся ў Менск. А тут нельга было жыць - не прапісвалі. Спыніўся на час у Гомлі, працаваў у Музэі, пасьля настаўнікам у школе. Выкрылася мая ссылка. Зволілі. Дзякуй Богу, знайшоўся добры чалавек - загадчык гарано сп. Татарчук, які выдаў добрыя даведкі, што я зволены па ўласнаму жаданьню. Гэта адчыняла магчымасьці працы ў іншым мейсцы. Пераехаў разам з Зьмітрам Астапенкам на Каўказ, дзе пасьля доўгіх блуканьняў урэшце апошні асеў у Новарасійску (працаваў у школе), а я Ў Краснадары, дзе працаваў адну зіму выкладчыкам на курсах. Увесну пераехаў у Растоў-на-Дану, дзе працаваў у школе да сканчэньня 1935-36 навуч. году. А ў жніўні разам з Зьмітрам Астапенкам пераехалі ў Маскву, дзе я паступіў вучыцца, а Астапенка працаваць. Але зноў благі пёс падсьцерагаў беларускага інтэлігента. Чацьвёртага лістапада 1936 г. Астапенку разам з паэтам Юліем Таўбіным у Маскве арыштоўваюць i вязуць зноў у Менск, дзе далучаюць да арыштаваных тады-ж у вялікай колькасьці беларускіх пісьменьнікаў, і, урэшце, зноў асуджваюць ix на доўгія гады сібірскае катаргі.

Нада мной пакуль што лес зьлітаваўся, мяне да пары не чапаюць, ня ведаю чаму. Праўда, я хутка мяняю мейсцы жыхарства i ў 1938 г. у лютым еду працаваць на Каўказ, а ўлетку 1938 г. вандрую па Каўказу i Крыме i толькі ў жніўні скіроўваюся ўжо не ў Маскву, а проста ў Ленінград. Там я працую ў школах i адначасна наведваю лекцыі ў Унівэрсытэце i Пэдагагічным Інстытуце імя Герцэна. Тут я трымаю экзамэны за факультэт літаратуры i мовы i экстэрнам заканчваю сваю асьвету.

Пасьля гэтага яшчэ год працую ў Ленінградзе ў 34-й сярэдняй школе за выкладчыка расейскай мовы i літаратуры. Але нелады з жыдам-шавіністым, дырэктарам школы, змушаюць мяне звольніцца i пераехаць на працу ў горад Архангельск Паўночнага краю. Там я працую толькі месяцы - красавік i травень, заканчваю навучальны год у школе i ад'яжджаю ў Ленінград на вакацыі. У жніўні заяжджаю да хаты ў Менск, а затым скіроўваюся ў Маскву шукаць новага шчасьця. Стуль мяне скіроўваюць на працу выкладчыкам літаратуры ў Настаўніцкі Інстытут у г. Глазаў Удмурцкай Аўтаномнай Рэспублікі Кіраўскага краю. Але, паглядзеўшы на гэную дзікасьць, я, не прыступаючы да працы, зьбег адтуль i прыехаў назад аж у Менск. Тут з вялікімі цяжкасьцямі, пад выглядам студэнта маскоўскага інстытуту, прыехаўшага да хаты на гадовы адпачынак з-за стану здароўя, мне ўдалося прапісацца. А тады я паступіў навуковым супрацоўнікам у г. зв. Інстытут Падвышэньня Кваліфікацыі Кадраў Народнай Асьветы пры Наркамасьветы БССР. Урэшце я знайшоў працу па густу. Тут я за якіх чатыры месяцы напісаў колькі навуковых працаў, як:"Да пытаньня аб мэтодыцы выкладаньня расейскай мовы ў нерасейскіх школах Беларусі" i "Праблемы пісьменнасьці".

У лютым 1941 г. ІПККНА расфармавалі, а я перайшоў на працу выканаўца абавязкаў старшага навуковага супрацоўніка ў Навукова-Дасьледчы Інстытут школ Беларусі. Тут мне яшчэ больш падабалася праца. Я абраў сабе па інстытуту навуковую тэму "Адрознае i агульнае ў беларускай i расейскай мовах i мэтодыка іx выкладаньня". Працуючы над гэтай тэмай, я імкнуўся, наколькі дазвалялі ўмовы i цэнзурныя магчымасьці, давесьці асобнасьць i самабытнасьць беларускае мовы, як мовы зусім асобнага самастойнага народу. Адначасна працаваў на Вышэйшых настаўніцкіх курсах за выкладчыка расейскае мовы.

Разам з тым мне ўдалося зкстэрнам вытрымаць экзамены за асьпірантуру пры Беларускай Акадэміі Навук i абараніць навуковую дысэртацыю на тэму "Максім Горкі як гісторык расейскае літаратуры". Гэта дало мне навуковую годнасьць кандыдата філёлёгічных навукаў, аб чым маю адпаведны дыплём.

Вайна зусім зыначыла мае заняткі. У першы-ж дзень вайны, увечары 22 чэрвеня 1941 г., я быў арыштаваны i пасаджаны ў турму, а ўначы з 24 на 25 чэрвеня 1941 г. я ішоў у вялікай калёне зьняволеных на ўсход па дарозе на Чэрвень i Магілеў. Менск у гэты час гарэў нібыта тая сьвечка. Агромністыя языкі полымя лізалі цёмна-шэрыя хмарыны i адсьвечваліся неяк асабліва злавешча на небе. У гэтым моры агню мы пакідалі недзе ў поўнай невядомасьці аб нашым лёсе сваіх родных, бацькоў і жонак, сясьцёр, братоў i ішлі у яшчэ больш невядомае. Але шчасьлівы выпадак i мая находлівасьць i сьмеласьць далі мне магчымасьць у першую-ж ноч за 20 кілёмэтраў ад Менску ўцячы, пераседзець у родзічаў на вёсцы колькі дзён i пасьля прыйсьці цэлым у Менск.

З неспакойным сэрцам уваходзіў я ў згарэўшы горад. Ці жывуць i дзе мае старыя бацькі, для якіх я быў адзінай уцехай, надзеяй i падтрымкай. Увушшу ўвесь час стаяў немы матчын плач, калі мяне забіралі з хаты. Яшчэ здалёку ад татарскага мосту я ўбачыў, што на мейсцы, дзе стаяў на горцы драўляны домік, у якім жылі мае бацькі, цяпер віднеецца толькі пажарышча, а ад хаткі засталіся толькі цэгліны трубы ды печкі. Глыбокім болем сьціснулася сэрца. "Божа мой, я застаўся адзін",- успыхнула думка. Але лёс тымчасам яшчэ зьлітаваўся нада мной. На рагу ўжо каля былое хаты я запытаўся нейкага чалавека, ці ня бачыў ён двух старых з гэтае хаты i дзе яны могуць быць. Той нічога ня ведаў. Але я рантам з агароду пачуў голас: "Валодзя!" Гэта быў голас мае маці. О радасьць, яны жывыя, астатняе ня важна. Бацька сядзеў на зэдліку над бляшаным прыкрыцьцём i ад радасьці ня ведаў, ці яму сьмяяцца, ці плакаць. Сівая, як лунь, галава, здавалася, яшчэ больш пабялела, а твар асунуўся ад перажытага. i тады я зразумеў, што ўжо ня доўга яму гасьцяваць у нашым сьвеце. Але тымчасам мы ўсе жывыя i разам. Я даведаўся ад ix, што ўвесь пажар i бой яны гэтак i пераседзелі тут, на гэтым узгорку, калі вакол каля ix i над імі сьвісьцелі кулі, а недалёка рваліся бомбы 1 снарады, i ад выбухаў кругом толькі дым слаўся i сьвету было ня відаць. На ix вачох адступалі саветы, перад імі тых абстрэльвалі нямецкія матацыклістыя, запальваліся i спыняліся машыны, у ix гарэлі савецкія шоферы i г. д. Аднак лес загадаў ім яшчэ жыць 1 ix не кранула ніводная напасьць гэтага страшэннага бою. Толькі пасыія перажытага бацька зусім аслабеў i ўвосень таго-ж 1941 г., захварэўшы паносам, 15 кастрычніка памёр. Ён пахаваны на Кальварыі, а не на Старажоўцы, дзе пахаваны ўсе нашыя родзічы, бо ня было ўпэўненасылі, што апошняя зноў усталюецца як могілкі пасьля ведамага ператварэньня ix саветамі ў сквэр.

Адразу-ж пасьля прыходу ў Менск я зьвярнуўся ў Менскую гарадзкую ўправу i ўвайшоў у групу чынных беларусаў і разам з іншымі заклаў выдавецкі аддзел, які неўзабаве пачаў выдаваць "Беларускую газэту". Такім чынам зьяўляюся разам з іншымі ўдзельнікам яшчэ першае нарады 11 ліпеня 1941 г. закладальнікаў "Беларускай газэты", у якой супрацоўнічаю i цяпер, як журналісты-публіцысты, літаратурны, тэатральны i мастацкі крытык, як гісторык i інш.

Ад лета 1942 г. рэдагую беларускі ілюстраваны часапіс "Новы шлях". За першыя два з паловай гады напісаў шмат артыкулаў i дасьледчых працаў пра беларускае мастацтва, тэатар, музыку, гісторыю, беларускіх гістарычных дзеячоў i г. д. Яны склалі вялікую кнігу з шасьці разьдзелаў на 30 аркушаў пад назовам "Жыве Беларусь!".

Галоўныя мае зацікаўленьні ляжаць пераважна ў беларускай культуры, ва ўсіх яе разгалінаваньнях.

Я ўважаю, што магчымасьці палітычнага чыну ў розныя часы гісторыі Беларусі зьмяняюцца. Бываюць часы, калі яны зусім звужаюцца. У гэтыя моманты ад беларускага руху адыходзіць шмат ягоных выпадковых спадарожнікаў, якія шукалі ў ім хутчэй магчымасьцяў кар'еры i добрых пасадаў у выпадку ягонае перамогі. Але заўсёды застаюцца пры ім тыя беларускія ідэалістыя, якія не асабістае карысьці шукаюць у гэтым руху, чынамі i дзеямі якіх кірув толькі адно - дабро народу,. Бацькаўшчыны. Часьцей іхнае жыцьцё бывае бяздольным, ніякіх матар'яльных багацьцяў яны ў жыцьці не здабываюць, жывуць у бядноце i нястачах, вельмі часта за сваю беларускасьць церпяць ад існуючых уладаў, трапляюць у турмы, пакутуюць у ссылках, на розных катаргах, але нідзе i ніколі не зракаюцца свае нацыі i народу, высака трымаюць паходні беларускае нацыянальнае справы i пры першай нагодзе зноў i зноў нясуць свае сілы, таленты, розум i пачуцьці на аўтар служэньня Вялікаму Беларускаму Адраджэньню. Гэта сапраўдныя апосталы сьвятое для ўсіх нас беларускае справы. Іхная дзейнасьць i стварае падставы нязгаснаму пачуцьцю беларускага нацыянальнага гонару. Прыклады іхнага жыцьця спараджаюць у наступных пакаленьнях беларусаў прадстаўнікоў новага беларускага рамантызму, эпохі моцнае магутнае веры ў сілы адроджанага беларускага народу. Яны ўжо ніколі ня здрадзяць народнае справе нат у часы заняпаду i нацыянальнага паніжэньня. i як у XVI ст. - пачатку заняпаду Беларускае дзяржавы верны сын Беларусі, ураджэнец Полацку Францішак Скарына ўзьняў на адпаведную вышыню культурна-асьветную i выдавецкую дзейнасьць, як у часы Вэрсальскага паніжэньня Беларусі, расколу i рэнэгацтва сярод беларускае эміграцьіі ў выніку звужэньня магчымасьцяў палітычнага чыну для Беларусі выдатны асьветнік, культурнік, пісьменьнік i вучоны Вацлаў Ластоўскі ўзьнімае на адпаведную вышыню выдавецкую дзейнасьць, выдае шэраг каштоўных літаратурных, гістарычных i навукова-публіцыстычных выданьняў i гэтым не дае згаснуць беларускай думцы, гэтак i цяпер нам, культурнікам, трэба ўсе сілы прыкласьці для справы шырокага папулярызаваньня нашае багатае культуры.

Сяньня Беларусь творыцца выключна культурна-асьветнай справай, школай, друкам, тэатрам, мастацтвам. Можа, ніколі гэтак не стаяла востра патрэба беларускае літаратуры, друку i школы, як цяпер. Праз гэтыя інстытуцыі мы i прыйдзем да таго стану, што з цяперашняга нашага, у масе нясьведамага, народу вырабіцца нацыя. А будзе нацыя, будзе багата інтэлігенцыі - будзе i ўсё астатняе:

I свая культура, і самастойнасьць, і свае незалежнае гаспадарства. Праз культуру i нацыю мы прыйдзем i да свае дзяржаўнасьці. Хаму тыя беларускія рамантыкі, якія цяпер з усіх сіл ходаюцца аб пашырэньні ў народзе ведаў свае культуры і свайго мінулага, якія імкнуцца выклікаць сярод беларускае інтэлігенцыі глыбокую пашану да нашага культурнага мінулага, з фанатычнай пераканальнасьцяй адшукваюць у мінулым беларускія культурныя помнікі як сьветкі творчага генія нашага народу, з вялікім замілаваньнем i любоўю, часта цаною адмаўленьня ад асабістага жыцьця, прысьвячаюць усе свае часіны вывучэньню нашае культуры i дзеляцца сваімі вынаходамі з народам праз друк у форме літаратурна-крытычных i публіцыстычных артыкулаў, апісаньняў i г. д.,- робяць вялікую справу, за якую ім некалі будзе ўдзячная гісторыя нашага краю i народу.

Гэта запраўдныя сучасныя адраджэнцы.

Распачынаючы ў 1941 г. зноў сваю журналістычную дзейнасьць, я i кіраваўся мзтаю адраджэньня нашае багатае гістарычнае i культурнае спадчыны, каб тым самым стварыць усе падставы дзеля культываваньня пачуцьця нашага нацыянальнага гонару. Перш-наперш я ўзяўся за гісторыю Беларусі i адтуль, з глыбі вякоў, зноў выцягнуў на сьвятло гэткія слаўныя балонкі нашага мінулага, як ужываньне праз колькі вякоў беларускае мовы як дзяржаўнае (артыкул "Беларуская мова ў гісторыі Беларусі"), як росквіт беларускае культуры ў XVI ст. (артыкул "Залаты век"), як выдатная дзейнасьць беларускага дзяржаўнага мужа, канцлера Вялікага Літоўскага Княства Лявона СапегІ, як вызвольнае змаганьне беларускага народу ў XVII-XVIII стст. i г. д. Артыкул "Смаленшчына - адвечна беларуская зямля"- гэта ўжо праца, прысьвечаная гістарычнаму i этнаграфічнаму абгрунтаваньню належнасьці гэтых земляў да Беларусі. Багата матар'ялаў аб утварэньні Задзіночанае Беларускае дзяржавы выкарыстоўваю i ў артыкуле "Наваградак учора i сяньня". Гэты цыкль гістарычных артыкулаў дапаўняе i абагульняе артыкул "Змагар за волю народу" пра правадыра беларускага народу ў XIX ст. - Кастуся Каліноўскага.

Гэтымі i іншымі гістарычнымі артыкуламі я імкнуўся даць беларускай інтэлігенцыі матар'ялы для нацыянальна-ўзгадаваўчай працы, а таксама настаўніцтву матар'ялы для працы ў школе з вучнямі.

Пытаньням гісторыі беларускага школьніцтва i асьветы наагул мною прысьвечаныя адмысловыя артыкулы "Беларуская школа" i "Беларускі настаўнік".

Цэлы цыкль невялікіх артыкулаў я напісаў на тэмы сяньняшняе Беларусі: "Прыгожая Беларусь", "Беларускія сяляне", "Адраджэньне беларускае нацыянальнае вопраткі", "Багацьці Беларусі" i інш. I ўсюды наўсуперак былому нашаніўскаму прыбядненьню i прыніжэньню, накшталт коласаўскага:

Край наш бедны, край наш родны,

Гразь, балота ды пясок...

Чуць дзе трохі луг прыгодны...

Хвойнік, мох ды верасок.

А туманы, як пялёнка,

Засьцілаюць лес i гай...

Ой, ты бедная старонка!

Ой, забыты Богам край.

Я праводжу думку, што зусім ня бедны наш край: ён i прыгожы, i багаты, а народ у ім працавіты, здольны да ўсякае працы i да творчасьці, i мастацтва, народ глыбака адораны разнастайнымі здольнасьцямі, народ з былою славай i сілай, якія цяпер хай i патухлі, а не навечна. Прасьнецца Беларусь, адчуе ў сабе сілы i высака ўздымецца ў творчым узьлёце заместа нашаніўскага нуднага ныцьця аб сірочай долі краю, i хачу пасяліць у беларускія душы невычэрпную веру ў магутныя сілы нашага краю i народу, бо толькі спарадзіўшы веру ў свой народ i Край, можна ix адрадзіць.

Гэтай думцы служаць i мае працы пра беларускіх кампазытараў (Тэраўскага, Туранкова, Шчаглова), пра асаблівасьці народнае песьні, пра беларускія музычныя народныя інструмэнты, беларускае мастацтва сучаснае (артыкулы "Беларускае мастацтва за першыя два гады вайны", "Петра Мірановіч", "Пётра Сергіевіч" i інш.) i мінулае ("Вытокі беларускага мастацтва"- аб беларускай архітэктуры, старажытным малярсьцьве, графіцы, скульптуры i г. д.).

Гэтыя працы складаюць асобную кнігу "Беларускае мастацтва", якую я падрыхтаваў да друку з цэлым шэрагам цікавых ілюстрацыяў, рэпрадукцыяў з абразоў i інш. Гэтай кнігай я даводжу, што ў беларусаў у мінулым былі свае мастакі, цэлыя мастацкія школы (Віцебская i Магілеўская ў XVII ст.), малярскія цэхі i кірункі i што беларускае мастацтва карысталася тады шырокай ведамасьцяй i за мяжой i сягала сваім мастацкім дазнаньнем далека за межы Бацькаўшчыны (росьпісь беларускімі мастакамі кракаўскіх i сандамірскіх катэдраў за часоў Ягайлы).

Асабліва мяне цікавіць беларускі, ды i ня толькі беларускі, тэатар. Калі я яшчэ вучыўся у Белпэдтэхнікуме ў Менску, я любіў наведваць паказы Беларускага тэатру, i кажны вечар у тэатры быў для мяне сьвятам.

Пазьней, калі я жыў у Маскве i Ленінградзе - гэтых сусьветных тэатральных асяродках,- усе свае вольныя вечары праводзіў у тэатрах, выбіраючы для гзтага пераважна клясычны - заходня-эўрапэйскі i расейскі - рэпэртуар. Усе свае сродкі - стыпэндыю i заробак - я выдаткоўваў на тэатар. Гэта быў для мяне адзіны сьвяты хорам, у якім я мог праседжваць дні i ночы, не адчуваючы ніякае стомы, наадварот, адчуваючы радасьць, эстэтычную асалоду, уздым сілаў, надзвычайную працу думкі. Я падзяляў з героямі іхныя перажываньні, жыў з імі аднымі намерамі i жаданьнямі, радаваўся i пакутаваў іхнымі ўдачамі i няўдачамі. Гэта было для мяне вялікай жыцьцёвай школай i лепшым унівэрсытэтам. Мусіць, ні адна навучальная ўстанова не дала мне гэтулькі ведаў, асабліва веданьня чалавека, ягонае псыхалёгіі, унутранага сьвету i разнастайнасьці людзкіх адменаў i характараў, як тэатар. Шмат у Маскве i Ленінградзе я наведваў аглядаў гістарычных помнікаў, перабываў у ва ўсіх знаных культурнаму сьвету маскоўскіх i ленінградзкіх гістарычных i мастацкіх музэях, сотні разоў прастойваў каля абразоў выдатных расейскіх мастакоў у Трэцякоўскай галерэі ў Маскве ці ў Рускім музэі ў Ленінградзе або задзіўляўся геніям заходня-эўрапэйскіх мастакоў i творцаў у "Музее Изящных Искусств" імя Пушкіна ў Маскве ці ў ведамым Эрмітажы ў Ленінградзе. Але гадзіны, праведзеныя тут, ні ў якае параўнаньне ня могуць стаць з часам, праведзеным у тэатрах, бо амаль ня было вечару, каб я яго змарнаваў дзе-небудаь, акрамя тэатру. У Маскоўскім Мастацкім Акадэмічным тэатры імя Горкага, у Камэрным тэатры, у Тэатры рэвалюцыі, у Опэрным тэатры імяЯ Станіслаўскага, у Акадэмічным Вялікім тэатры i іншых за часоў майго жыцьця ў Маскве ці ў Марыінскім Опэрным тэатры, Александрынскім Драматычным тэатры, у Тэатры Камэдыі, у Драматычным тэатры імя Горкага, у Тэатры Радлава i інш. за часоў майго жыцьця ў Ленінградзе, мусіць, не было ніводнага лепшага спэктаклю з клясычнага рэпэртуару, асабліва камэдыі Шэксьпіра, Лёпэ-дэ-Вэга, драмы Шылера, Астроўскага, Горкага, Чэхава, інсцэніроўкі раманаў Дастаеўскага, Талстога i інш., каб я не паглядзеў колькі разоў. Дарма, што таксама цяжка было даставаць білеты i дарагаватыя былі яны для мяне. Купляў часьцей самыя танныя, на галёрку ці заднія рады, i за колькі дзён да спэктакляў, калі яшчэ білеты былі неразабраныя. Часта, ня маючы білету, перад пачаткам спэктаклю перад уваходам у тэатар падоўгу апытваў людзей, ці няма лішняга білету. i часьцей на маю долю ў каго-небудзь i знаходзіўся адзін лішні. 3 радасьцяй на твары я ішоў тады ў тэатар, каб зноў перажыць колькі салодкіх гадзінаў творанага на сцэне жыцьця.

У Маскве i Ленінградзе мяне заўсёды абуралі абыякавыя адносіны да тэатра карэнных масквічоў i ленінградцаў, якія за ўсё жыцьцё ў гэтых гарадох не пабачылі i сотай долі прагледжанага мной за колькі гадоў тэатральнага рэпэртуару. Ім было незразумелым маё гарэньне інтарэсамі тэатру, а студэнты - сябры па інтэрнату, заўсёды дзіваваліся з майго ненасытнага апэтыту да ўсё новых i новых паказаў. А ў гады мае ссылкі, побач з іншымі болямі, маю тугу павялічвала яшчэ i разлука з тэатрам, аб якім я часта трызьніў у сваіх марах i ўспамінах. Але-такі, калі чаго хочаш i надта моцна, дык тое i збываецца. Збылося маё жаданьне зноў бачыць маскоўскг тэатар у 1936 г.

Цяпер мяне, натуральна, цікавіць беларускі тэатар. Пра яго я напісаў цяпер адмысловую кнігу "Беларускі тэатар". Яна складаецца з вялікае працы "З гісторыі беларускага тэатру" (на шэсьць аркушаў), у якой даецца гісторыя разьвіцьця тэатральнай дзейнасьці беларускага народу ад старажытных часоў да нашых дзён. Пачынаючы з характарыстыкі драматычнага элемэнту ў беларускіх народных абрадах, я пераходжу да беларускае батлейкі, затым даю характарыстыку школьнай драмы i камэдыі, наказу першае беларускае опэры "Сялянка", муз. Манюшкі, спробам запачаткаваньня беларускага тэатру ў другой палове ХІХ i пачатку XX стст. Асабліва падрабязна тут разглядаюцца творчыя шляхі былых Першага i Другога Беларускіх Дзяржаўных тэатраў і вандроўнага тэатра Галубка.

Затым у кнігу ўваходзіць колькі артыкулаў пра наказы сучаснага беларускага тэатру ў Менску за першыя два гады вайны. Тут паасобныя водгукі - рэцэнзіі разам з абагульняючымі артыкуламі аб наказах Менскага гарадзкога беларускага тэатру даюць уяўленьне аб зьмесьце i стылю працы тэатру, гульні актораў i творчым абліччы сучаснага беларускага тэатру.

Як i да кнігі пра беларускае мастацтва, да кнігі "Беларускі тэатар" я надабраў шмат цікавых фотаздымкаў паасобных сцэнаў i групавых і адзінкавых фатаграфіяў беларускіх артыстых у ролях. Усё гэта разам павінна будзе добра наслужыцца справе вывучэньня гісторыі беларускага тэатру i справе яго цянерашняга Адраджэньня. Праз усю кнігу праходзіць выразная думка аб вялікіх сцэнічных здольнасьцях беларускага народу, якія выяўляліся нават у неспрыяльныя часы, у абставінах, варожых чыстаму мастацтву, у абставінах змаганьня варожых элемэнтаў з запраўдным нацыянальным кірункам беларускага тэатру. А гэта сьведчаньне магчымага вялікага росквіту беларускага тэатру ў вольнай Беларусі, калі разьвіцьцю вольнага беларускага сцэнічнага мастацтва ня будуць чыніцца перашкоды.

Нястача багатага літаратурнага жыцьця цяпер у вайну не дае магчымасьці разгарнуць як належыць свой талент літаратурнага крытыка, якім я пачынаў свой літаратурны шлях яшчэ Ў 1929-1932 гг. Таму чыста літаратурных артыкулаў у мяне за гэтыя гады зьявілася ня шмат. Леншымі ўважаю артыкул нра паэзію Уладзімера Жылкі - "Паэта вялікай культуры" i артыкул "Вацлаў Ластоўскі як паэта ваяўнічай нацыяналістычнай думкі". Тут, як i ва ўсёй сваёй публіцыстычнай I мастацка-крытычнай творчасьці, імкнуўся выказаць сьвежыя глыбокія, што ідуць ад перажытага пачуцьця i імпульсіўнага інтэлекту, думкі, прасякнутыя сілаю гарачых жарсьцяў, нацыянальнымі перакананьнямі, эстэтычна-мастацкім густам i гістарычна-навуковым дазнаньнем. Кажны артыкул я імкнуўся каваць з чыстае сталі глыбокай, натхнёнай, поўнай нацыянальнага рамантызму i веры ў народныя сілы думкі.

Шмат добрага i прыемнага мне давялося пачуць ад розных культурных беларускіх дзеячоў у Менску i ў Вільні i адносна рэдагаванага мной ілюстраванага беларускага часапісу "Новы Шлях". Зазначалі, што гэта першы ў гісторыі беларускага друку гэткі багаты i культурны зьместам ілюстраваны часапіс i што ён надта добра прыслужыцца справе беларускага адраджэньня, асабліва цяпер, калі друк i выдавецкая справа набывае першароднае значаньне, калі, паводля ягоных словаў аднаго паважанага маладога беларускага адранжэнца ў Вільні, друкаванае слова i створыць Беларусь, бо друк у наш час - наймацнейшы сродак пашырэньня нацыянальнае сьведамасьці.

З першага дня, калі я прыступаў да выкананьня аба'вязкаў рэдактара "Новага Шляху", я намерыўся выкарыстаць беларускія балонкі часапісу для прапаганды нашае нацыянальнае справы. Праўда, рабіць гэта было надта цяжка ва ўмовах латыскага, варожага да беларусаў, абкружэньня, якое рабіла нашай рэдакцыі ў Рызе шмат шкоды пры неразуменьні 3 боку кіраўнікоў самых элемэнтарных патрабаваньняў i інтарэсаў Беларусі. Прыходзілася з вялікім боем праціскаць беларускія балонкі за лік нянашага прапаганднага матар'ялу. Першы год праца ішла дрэнна. Былі часіны, калі хацелася кідаць гэтую працу, але толькі шкада было часапіса - ён зусім загінуў бы. Часапіс быў надта мала беларускім - больш чатырох балонак беларускага матар'ялу не дазвалялі. Астатняе змушалі перакладаць з гатовых чужанацыянальных тэкстаў. I толькі з лета 1943 г. адбыўся пералом, i часапіс, дзякуючы здабытаму з боем дазволу зьмяшчаць больш беларускіх матар'ялаў, стаў, урэшце, беларускім выданьнем, хоць i цяпер частка матар'ялаў на пэўныя балонкі даецца змусам. Вялікім дасягненьнем ёсьць i тое, што ўдаецца даваць нашыя беларускія вокладкі з тыпамі беларускіх сялянаў, краявідамі i г. д.

Цяпер, урэшце, хоць гэта каштавала шмат здароўя i нэрваў, ходаньняў i хваляваньняў, часапіс "Новы Шлях" можна назваць нашым: ёй няДрэнна служыць нашым культурна-адраджэнскім справам.

Цяжкасьці бязупынных пераездаў з Менску ў Рыгу i назад па абавязках рэдактара надта адымаюць у мяне шмат сілаў i энэргіі, i пры маім слабым, падарваным катаргай i бяздольным жыцьцём здароўі надта перашкаджаюць маей творчай працы. А ў галаве цяпер носяцца пляны напісаць гістарычную п'есу з жыцьця беларускае інтэлігенцыі XVI ст.,- Францішкі Скарыны. Яшчэ пляную напісаць раман пра беларускага інтэлігента нашых часоў на падставе маіх багатых жыцьцёвых дазнаньняў. Шмат i публіцыстычных тэмаў просіцца на пяро. Сілы будуць, будзем жыць - будзем тварыць i пісаць на шчасьце нашаму народу ў імя яго волі, культуры i незалежнасьці.

Жыве Беларусь!

(У.Глыбінны, ён-жа Макар Караткевіч) Рыга, сьнежань 1943 г.


Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 460, воп. 1, спр. 4, арк. 1-23.
Прадмова, падрыхтоўка да публікацыі Аляксандры ГЕСЬ.



[1] Дарэчы, Рыгор Кобец пісаў сваю "Гуту" ў расейскай мове j яе яму перакладалі беларускія пісьменьнікі. Неўзабаве ён зьехаў на Далёкі Усход у г Хабараўск і ніколі пасьля сябе беларусам j не вызнаваў. I ўсе далейшыя літаратурныя спробы яго былі вылучна ў расейскай мове.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX