Папярэдняя старонка: Мастацтва

Скорабагатаў Віктар. Беларускі 'Фауст' 


Аўтар: Скорабагатаў Віктар,
Дадана: 04-06-2014,
Крыніца: Скорабагатаў Віктар. Беларускі 'Фауст' // Спадчына №1-1995. С. 80-82.



Цяпер мы ведаем: упершыню «Фауст» Іагана Вольфганга Гётэ быў пакладзены на музыку беларускім кампазытарам Антоніем Генрыкам Радзівілам. З чарговай вандроўкі ў санкт-пецярбургскія музычныя сховішчы дырэктар «Беларускай Капэлы» кампазітар Яўген Паплаўскі прывёз фотакопію першага выдання (Берлін, 1835 г.) клавіра гэтага ўнікальнага твора. Адразу пачалася даследніцкая праца ў некалькіх кірунках; біяграфія кампазітара; музычная i літаратурная (лібрэта) пабудова твора; стасункі Радзівіла з Гётэ; месца Радзівілавага «Фауста» ў фаусціяне XIX- XX стст. Па сутнасці, мы толькі на пачатку шляху, які маем камер завяршыць (умоўна кажучы, бо завяршэння, пэўна ж, не будзе ніколі) выкананнем усяго твора года праз паўтара.

Антоні Генрык Радзівіл нарадзіўся ў Вільні ў 1775 г. Атрымаўшы добрую адукацыю дома i за мяжой, ажаніўшыся з дачкою стрыечнага брата прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II князя Аўгуста Фердынанда - Фрэдэрыкай Людвікай, ён у 1795 г. пасяліўся ў Берліне. Адбылося гэта амаль адразу пасля паразы паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі i трэцяга разбору Рэчы Паспалітай. У Берліне ён імгненна ўвайшоў у музычныя колы, бо добра спяваў ды іграў на віяланчэлі. Высокі аўтарытэт А. Радзівіла пацвярджаюць такія факты: Людвіг ван Бетховен прысвяціў князю Радзівілу «Імянінную ўверцюру», яму ж прысвячалі свае творы Фрэдэрык Шапэн i Фелікс Мендэльсон-Бартольдзі. На музычныя творы, аўтарам якіх быў Радзівіл, адгукаліся рэцэнзіямі Роберт Шуман i Ферэнц Ліст. Даволі блізкія стасункі меў Антоні Генрык з кіраўніцтвам Берлінскай Пеўчай Акадэміі.

У 1808 г. выходзіць з друку першая частка «Фауста» Егана Вольфганга Гётэ. Князь Радзівіл, які ні да, ні пасля «Фауста» ніводнага твора буйной формы не стварыў, адразу прыступіў да працы, i праз два гады было напісана лібрэта, а ў 1810 г. ён пачаў ствараць музыку. Завяршыў працу князь у 1831 г., усяго за два гады да смерці. Між іншым, Гётэ таксама завяршыў свайго «Фауста» ў 1831 г., i яму было наканавана яшчэ пражыць толькі адзін год.

Чым прывабіў Антонія Радзівіла менавіта «Фауст»? Найбольш пераканальнымі мне падаюцца дзве прычыны. Па-першае, «Фауст» Гётэ - гэта своеасаблівы ключ да рамантычнага мастацтва XIX ст. Нездарма эпоха рамантызму наскрозь прасякнутая фаўсціянствам. У гэтым сэнсе выбар князя сведчыць пра яго высокую адукаванасць i выключны густ. Па-другое, мелася ў Антонія Генрыка прычына чыста сямейнага кшталту, Своеасаблівым правобразам галоўнага героя быў для князя... ягоны дзед Марцін - ГЭТКІ «хатні Фауст». Марцін меў добрую лабараторыю, дзе займаўся фізічнымі i хімічнымі доследамі, медыцынаю. Шукаў ён i «філасофскі камень». Любіў музыку - сам іграў на розных інструментах, ведаў шмат замежных моваў, цікавіўся старажытнымі рэлігіямі, рэлігійную літаратуру чытаў у арыгіналах. Калі Марцін памёр, Антонію Генрыку было сем гадоў. Дзед для яго быў не героем сямейнага падання, а жывым чалавекам - таленавітым i цікавым.

Пісаў князь Антоні твор доўга - дваццаць адзін год. Пісаў разам з вялікім паэтам, нават (унікальны ў дачыненні да Гётэ выпадак) угаварыў свайго знакамітага суаўтара дапісаць асобныя сцэны для музычнага твора. У якасці ўверцюры кампазітар выкарыстаў с-mall-ную фугу Вольфганга Амадэя Моцарта, якую пераклаў для аркестра. Чаму Моцарта, а не сваю? Вельмі верагодна, што ідэя належала Гётэ, а князь Радзівіл з ёю пагадзіўся. Паэт неаднойчы паўтараў думку, што толькі Моцарт змог бы напісаць музыку да «Фауста». Напэўна, з гэтым звязаны некаторы ўплыў Моцартавай музыкі на Радзівілавага «Фауста» («Чарадзейная флейта», «Requiem», вышэйзгаданая фуга c-moll). У сваю чаргу, шмат у чым адчуваецца ўплыў ужо «Фауста» Радзівіла на творы Шарля Гуно («Фауст») i Жака Афенбаха («Казкі Гофмана»). Твор Радзівіла - своеасабЛІВЫ прадвеснік музыкі XX ст. Так, sprechstimme (улюбёны прыём нававенцаў Шонберга, Вэбера, Берга) - вельмі характэрная рыса Радзівілавага «Фауста». Ці, напрыклад, нагадаем «Легенду пра доктара Фауста» Альфрэда Шнітке, дзе ролю Мефістофеля выконваюць два выканаўцы (контртэнар i мецца-сапрана). Сто шэсцьдзесят гадоў назад А. Радзівіл пайшоў значна далей - ягоны Мефістофель павінен выконвацца шасцю (!) выканаўцамі, якія часам дзейнічаюць разам.

Музычная версія «Фауста» беларускага кампазітара мела надзвычайны поспех у Еўропе ў XIX ст. Самыя лепшыя дырыжоры i калектывы Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы, Англіі, Чэхіі з трыумфам выконвалі гэты твор. У 1835 г., згодна з прывілеем, які даў прускі кароль Берлінскай Пеўчай Акадэміі, напярэдадні прэм'еры, выйшлі 3 друку клавір i партытура «Фауста». Клавір падрыхтаваў да выдання прафесар Шміт, партитуру - прафесар Рунгенхаген, рэктар Акадэміі. (На жаль, аутар не дачакаўся гэтай падзеі. Увогуле пры ягоным жыцці публічна былі выкананыя толькі асобныя сцэны.)

У 1837 г. у Пеўчую Акадэмію паступіў на вучобу юнак з Менска Станіслаў Манюшка. Жыў ён усе тры гады вучобы на кватэры свайго прафесара Рунгенхагена. Зразумела, адзін 3 першых твораў, якія вывучаў Манюшка, быў «Фауст» Радзівіла. Пасля вяртання на радзіму ў 1844 г. ён у віленскім выдавецтве Завацкага выдаў у сваёй клавірнай рэдакцыі асобныя сцэны гэтага цудоўнага твора.

Наколькі мы сёння ведаем, толькі двойчы на працягу XX ст. прагучалі асобныя фрагменты «Фауста»: у 1935 г. у Кракаве i на пачатку 1980-х гг. у Берліне. На радзіме кампазітара ён не гучаў ніколі.

У чэрвені бягучага года ў Нясвіжы прагучаць асобныя фрагменты Радзівілавага «Фауста». Гэтым канцэртам «Беларуская Капэла» мае намер ушанаваць 220-ыя ўгодкі князя Антонія i 160-ыя ўгодкі прэм'еры ягонага «Фауста». Праца працягваецца. Музычны рэдактар «Беларускай Капэлы» Наталля Собалева i пісьменнік Васіль Сёмуха - перакладчык гётэўскага шэдэўра на беларускую мову - працуюць над буклетам, прысвечаным гэтай падзеі. Пачалася i музычная падрыхтоўка. Яе вядуць нашыя выдатныя майстры - мастацкі кіраўнік харавай каналы імя Р. Шырмы Людміла Яфімава, з салістамі працуе Ганна Каржанеўская.

Чакаем падзеі, чакаем з хваляваннем.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX