Папярэдняя старонка: Мастацтва

Куліковіч Мікола. Беларуская народная песьня у творсьцьве выдатных композытараў 


Аўтар: Куліковіч Мікола,
Дадана: 05-07-2013,
Крыніца: Куліковіч Мікола. Беларуская народная песьня у творсьцьве выдатных композытараў // Спадчына №4-1993. С. 2-7.



Друкуецца паводле часопіса «Веда», ліпень - верасень 1951.

Народнае песеннае творства - фольклёр заўсёды было тым жаралом, адкуль профэсыйная музыка чэрпала матар'ял для свайго творства. Гэта надзвычай удала выказаў наш вялікі родзіч Міхал Глінка, кажучы, што «музыку стварае народ, а мы, композытары, толькі апрацовуем яе». I чым цікавей i паўней творства народу, тым больш яно выкарыстоўваецца профэсыйнымі музыкамі. Перазь Ліста й Брамса сьвет пазнаёміўся, потым палюбіў i захапіўся вугорска-цыганскаю песьняю й скокамі; пераз Грыга стаўся ведамым цудоўны скандынаўскі фольклёр. Есьць такі народна-песенны матар'ял, які можна сустрэць у композытараў найразьнейшых краёў. Гэтак стала ўвыйшоў у музычны быт фольклёр усходніх народаў, альбо фольклёр гішпанскі. Калі навет з такога шырокага пагляду падыходзім да нашае тэмы беларускага фольклёру, дык зусім, без усялякае хвальбы, належыць сказаць, што яму ў сэнсе цікавасьці, багацьця й разнастайнасьці - трэба адвесьці адно з найпершых месцаў. Нашая бяда толькі ў тым, што ўсё гэта мала ведаюць ня толькі чужнікі, але й самі Беларусы.

Некаторыя расейскія й польскія этнографы першыя асьмеліліся публічна вызнаць цэннасьці беларускае песьні, а сучасны композытар i музычны дзяяч А. Грэчанінаў навет пайшоў далей, сьцьвярджаючы, што з усяго сьветнага народна-песеннага матар'ялу яму найбольш падабалася якраз беларуская песьня.

Хочацца тут падаць да ведама хоць колькі ведамых імёнаў, што гэтак ці гэнак стыкаліся зь песенным фольклёрам беларускага народу. Дасьледаваньнікі: Бяссонаў, Насовіч, Шэйн, Раманаў; композытары: Глінка, Шопэн, Мусоргскі, Рымскі-Корсакаў, Танееў, Манюшка, Падэрэўскі, Шыманоўскі, Гріічанінаў, Іпалітаў-Іванаў, Карловіч, Казура, Славянскі, Нікольскі, Пахульскі i шмат, шмат іншых.

Калі-б зыбраць усё тое, што зь беларускай крыніцы трапіла ў творства сьветных композытараў, дык ці мала кніжак пабачыў-бы сьвет i кніжак годных, спаважных, навукова й грамадзка цікавых,

Пачнем із даўнага паводле хроналёгіі i ў той самы час найбольш «небясьпечнага» факту пранікненьня беларускіх напеваў у творства вялікага сьветнага майстры, гэніяльнага Л. Бэтовэна. Факт гэты можа ў шмат якіх людзей выклікаць усьмешку i навет лаянку на адрыс таго, хто пасьмеў падумаць аб такім здарэньні. Але таму, хто хоць крыху знаецца на характары беларускай песьні, вельмі знаёмымі мусяць здацца напевы й тэмы ў вапошніх Бэтовэнскіх квартэтах, асабліва тэма другое часьці выдатнай 9-тай сымфоніі (Presto).

Ужо даволі даўно некаторыя музыкаведы прыйшлі да выснаву, што ўсе гэтыя мэлёдыі, i асабліва апошняя, чыста славянскага паходжаньня. Знайшліся i асновы таму ў тым гісторычна ведамым падарунку графа Разумоўскага Бэтовэну, што складаўся зь песьняў «Северо-Западного Края», якія Бэтовэн зусім магчыма i ўдала мог выкарыстаць у сваіх творах. Музыкаведы толькі спыніліся на такіх думках, сьведама прамаўчаўшы аб тым, што значыць «Северо-Западный Край». Але мы ведаем, што Беларусь i была гэтым «Северо-Западным Краем», i зусім нічога няма дзіўнога, што песенныя напевы, каторыя Разумоўскі падараваў Бэтовэну, былі беларускія. У ўсякім прыпадку, вельмі варта прыраўнаваць тэму другое часткі 9-тай сымфоніі Бэтовэна да звароткаў популярных беларускіх песьняў: «Баліць мая галованька», «Там за садамі» i скокамі: «Лявоніха», «Мікіта», «Трасуха», каб пераканацца ў вадным i тым-жа карэньні гэтых напеваў.

Асабліва моцнымі ўплывы беларускае песьні былі на композытараў Расеі й Польшчы, што зусім зразумела з прычынаў тэрыторыяльных. Выняткава важнымі абставінамі было тут i тое, што некаторыя аўтары як сярод расейскіх, так i польскіх музыкаў былі чыста беларускага паходжаньня. Аддаючы свае таленты чужым культурам, яны не маглі забыцца свайго роднага i так ці інакш прапагандавалі беларускую песьню сярод сьветнае літаратуры. З такіх композытараў мы можам назваць Глінку, Манюшку, Карловіча, Падэрэўскага, Пахульскага, Казуру. Як відаць, ix ня так ужо i мала.

М. Глінка нарадзіўся на Смаленшчыне (сяло Новаспаскае), у краі, што заставаўся беларускім, асабліва на сяле, i захаваў беларускую мову, звычаі, абрады й песеннасьць, дарма што была русыфікацыя. Якраз ізь беларускіх нацыянальных крыніцаў i йдуць першыя мастацкія доймы яшчэ хлапчука - Глінкі, што засталкя ў ягоным творсьцьве да апошняга часу. Беларускія песьні, скокі, беларускія выканаўцы (зь якіх складалася i аркестра пры доме дзядзькі Глінкавага) былі тым матар'ялам, ізь якім Глінка стыкаўся штодзень. На Смаленшчыне былі напісаны, як нам кажа гісторыя, i найлепшыя творы нашага гэніяльнага родзіча, i ў тым ліку «бацька расейскага сымфонізму» - ведамая «Камарынская» - ад мясцовых сялянаў.

Яе беларускі нацыянальны характар не падлягае ніякай дыскусіі. Ен сам гавора за сябе. Цікава, што тут выглядае i вельмі моцная сувязь із тэмаю другое часткі Бэтовэнснае 9-тае сымфоніі, што яшчэ раз служыць пераконуючым мамэнтам аб беларускім стылі абедзьвіх тэмаў.

Пры ўважлівым вывучэньні Глінкаўскай спадчыны кажны раз знаходзіш усё новыя й новыя прыклады выкарыстаньня беларускае песеннасьці. Узяць хоцьбы ягоную опэру «Руслан i Людміла», дзе беларускія напеўкі мы назіраем у «Увэртуры», у арыі Людмілы «Ах ты доля, долюшка», у антракце да 5 акту, у фінальным хоры «Ах ты, сьвет Людміла».

Глінка быў запраўды закладнікам расейскай нацыянальнай музычнай школы, ніхто гэтага не адбірае, але што Глінка быў СЫНАМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ i майстрам беларускіх гукаў - таксама дакладны й беспярэчны факт.

Композытара Станіслава Манюшку ўважаюць за закладніка польскае опэры. Аднак ніхто ня можа выкасаваць таго, што большую частку свайго жыцьця Манюшка быў i тварыў сярод Беларусаў. Сваім паходжаньням ізь Меншчыны, Манюшка з маленства гадаваўся ў беларускім асяродзьдзі, нажыў тут i далейшыя сувязі. Творства свае ён пачаў разам Із сваім прыяцелям i сябрам, ведамым беларускім пісьменьнікам Дунінам-Марцінкевічам. Абодва яны сталіся аўтарамі першае беларускае опэры «Сялянка», што была пастаўленая ў Менску ў 1852 г. Манюшка і далей вёў сваю працу ў беларускіх творах i пісаў музыку да беларускіх п'есаў: «Гапон», «Залёты», «Вечарніцы». У ўсіх гэтых п'есах паказаны быт ^ларускага сяла i беларускай інтэлігенцыі, што вырасла на народнай глебе. У музычнай частцы тут усюды даюцца беларускія народныя песьні, скокі й гулі. Манюшка, як запраўдны мастак, мусіў вельмі блізка й чутка вывучаць гэты фольклёрны матар'ял, адшукаваць у ім найбольш характарнае. Трэба зацеміць, што з усіх композытараў, хто карыстаўся беларускаю песьняю, ніхто так спаважна й дакладна ня знаў яе, як Манюшка, i пры гэтым зусім сьведама й самахоць. Праца над беларускаю песьняю сталася ягонаю душою. Дзеля таго няма ніякага сумлеву ў тым, што зь пераходам Манюшкі да польскае працы, у яго гэтая душа ня толькі засталася, а й давала сябе адчуваць I ў польскіх опэрах. Гэтак у опэрах «Галька» i «Страшны двор» знаходзяць як добрую колькасьць беларускіх народных матываў, так i беларускі характар шмат якіх балонак польскіх опэраў Манюшкавых (у ix часткава былі выкарыстаны матар'ялы «Сялянкі»). Вельмі прыемна, што прогрэсыўная польская крытыка зусім не хавае гэтых акалічнасьцяў [Кніга Запольскага «Манюшка й Беларусы».]

Польскі композытар Мячыслаў Карловіч - таксама беларускага паходжаньня зь Віленшчыны, уславіў сваё імя галоўна сымфонічным творам, названым ім «Літоўская Рапсодыя». Зьвернемся да выясьненьняў самога аўтара, што ён казаў у сваіх лістох да прыяцеляў: «У ёй (Рапсодыі) хацеў я заклясьці ўвесь смутак, тугу й няволю спрадвечную таго народу, якога песьні ў маім маленсьцьве зьвінелі». Якія гэта песьні i якому яны народу належаць, будзе зусім зразумела, калі мець наўвеце, што ўпяршыню Карловіч чуў беларускі селавы фольклёр, вырослым ён гэтыя напевы пачаў запісаваць, а композытарам - апрацоваваць. Асноўны а галоўны лейтмотыў «Літоўскае рапсодыі» - гэта популярная беларуская жніўная песьня «Ды пара дамоў, пара», вельмі смутная й глыбокая. Навет i самы назоў «Літоўская рапсодыя» сьветчыць пра яе беларускае паходжаньне, бо здаўна ў Польшчы завуць Беларусаў Ліцьвінамі.

Яшчэ адзін композытар беларускага паходжаньня - Казура - належыць да сучасных польскіх дзеячоў [ён - дырэктар Варшаўскае Консэрваторыі]. Ягонаму пяру належыць шмат апрацаваньняў беларускіх песьняў, бальшыня зь якіх зроблена на сучасны, мадэрны лад. Опэра Казурава «Поврут», як i опэры Манюшкавы, не ўсьцерагліся беларускіх уплываў, а канчатак яе - дык зусім поўная беларуская жніўная песьня.

Пераважную бальшыню аўтараў, што ведалі й карысталіся зь беларускага песеннага фольклёру, ня будучы Беларусамі, можна падзяліць на дзьве катэгорыі: «блізкіх» I «далёкіх». Першыя мелі даволі вялікія сувязі зь беларускай культурай, нейкія часы навет жылі й працавалі сярод беларускага грамадзтва (Грачанінаў, Залатароў); другія знаёміліся зь беларускаю песьняю толькі пераз «пасярэднікаў» (Шопэн, Мусоргскі, ШыманоўскІ, Іпалітаў-Іванаў). Аднак творчую мяжу тут правесьці немагчыма, бо іншы раз композытары з катэгорыі «далёкіх» давалі прыклады найвышэйшага мастацкага разуменьня й вартасьці.

Гэтак было зь геніяльнымі творцамі Шопэнам i Мусоргскім. Фр. Шопэн пазнаёміўся зь беларускаю песьняю перазь ведамага польскага паэту Адама Міцкевіча, што быў Беларусам з Наваградчыны i вельмі добра знаўся на беларускім фольклёру. У сваіх лістох да прыяцеляў Міцкевіч няраз гавора аб гэтым знацьці, прыводзе навет назовы беларускіх песьняў, што ўпалі яму на сэрца з маленства. Трэба думаць, што «ўлюбёнасьці» Міцкевіча вельмі зацікавілі Шопэна, бо беларускія звароты даволі часта прыходзілі ў Шопэнаўскую творчую думку, ix можна бачыць у яго як у завуаляваным, так i яўным выглядзе. Таковыя «Літоўскія песьні» Шопэнавы, дзе ўжо самы назоў гавора аб народна-беларускіх вытоках i дзе песенна-беларускія элемэнты раськінутыя на кожным кроку. Але асаблівую цікавасьць i вартасьць даюць знаныя фартэпіянныя творы, як «Impromptu» i «Grand Fantasie». У «Impromptu» Шопэн карыстаецца з популярнай беларускай жніўнай песьні «Ой пайду я дарогаю», надае ёй вельмі сваеасаблівага й арыгінальнага характару. У «Grand Fantasie» [A-dur] выступае жартлівая беларуская песьня «Вясёлая бяседачка». Яна ёсьць асноўнаю тэмаю 2-й часткі фантазіі i праходзіць у колькі варыяцыях. Выкарыстана гэта песьня зь вельмі войстрым розумам, орыгінальнасьцяй i мастацкім смакам. Аднак карэньне тут зусім відавочнае: Беларуская народная песьня «Вясёлая бяседачка» (у запісе Грыневіча).

Як i колькі знаў беларускую песьню геніяльны расейскі композытар Мадэст Мусоргскі - пытаньне, яшчэ зусім ня кранутае ў гісторыі музыкі, але можна здагадавацца, што Мусоргскі так ці накш вычуваў яе i можа мімаволі адчуваў ейныя ўплывы, асабліва старадаўныя звароты беларускае песеннасьці. Яны яшчэ вялікага Глінку надзілі да сябе, а потым, i ўсіх ягоных пасьлядоўнікаў у так званай «Магучай кучцы», куды належыў i Мусоргскі. У ведамай сваёй народнай музычнай драме «Барыс Гадуноў» Мусоргскі дае цудоўны ўзор характарнае беларускае песьні «Як едзе ён», укладае яе ў вусны ўцекача манаха Варлама. Сярод багата выкарыстанага фольклёру (расейскага й польскага) гэтая адзіная беларуская песьня ня толькі ня губіцца, а наадварот, блішчыць зырчэй. Жадаючы надаць ёй большы колярыт, Мусоргскі навет характарнае беларускае слова «ён» [1] пакідае ў расейскім тэксьце бязь зьмены. Прыклад такога запраўды геніяльнага выкарыстаньня беларускае песьні змушае думаць, што пытаньне беларускіх уплываў у Мусоргскага ёсьць зусім спаважнае i на чарзе будучыні. Мусоргскі, «Барыс Гадуноў», песьня Варлама.

У галіне популярызацыі беларускага песеннага фольклёру выдатныя музычныя дзеячы - чужнікі, таксама адыгралі вялізарную ролю. Гэтак адным ізь першых, хто пачаў запісаваць беларускую песьню на ноты, быў ведамы расейскі музыка М. Рымскі-Корсакаў, прыяцель Мусоргскага (таксама цікавая дэталь). Запісы Рымскага-Корсакава ўпяршыню зьявіліся ў беларускіх зборніках П. Шэйна ў 80-тых гадох мінулага стагодзьдзя. Адзін із гэтых запісаў - беларуская жартлівая песьня «Былі ў бацькі тры сыны» - прайшла трыўмфальны шлях па Расеі й Эўропе, дзякуючы ведамаму кіраўніку харавое капэлі i этнографу, Агрэневу-Славянскаму, які меў яе ў сталым рэпэртуары капэлі ў собскім апрацаваньні. Яму-ж абавязана за шырокую популярнасьць другая беларуская песьня «Чаму-ж мне ня пець», што конкуравала ўдала зь песьняю «Былі ў бацькі тры сыны».

Кірунак выкарыстаньня беларускае песьні дзеля прыкладаў новай, мадэрнай музыкі пачаў ведамы польскі композытар К. Шыманоўскі, узяўшы песьню «Вышывала Ганна» ў сваю танцавальную фортэпіянную сюіту. Пасьля Шыманоўскага за ягоным прыкладам ідуць іншыя польскія аўтары да сучаснага композытара Казуры ўлучна.

Калі падыходзіць да выкарыстаньня беларускай песьні ў творсьцьве ведамых композытараў з гледзішча найбольш спаважнага, удумлівага й глыбокага падыходу, дык першае месца тут мусіць заняць выдатііы расейскі композытар А. Грэчанінаў, а за ім В. Залатароў. lx лучыць ня толькі тое, што яны (хоць i ў розныя часы) жылі ў Беларусі, блізка стыкаліся зь беларускім культурным асяродзьдзем, але i галоўна тое, што абодва былі вернымі пасьлядоўнікамі й захаваньнікамі прогрэсыўных запаветаў «Магутнае кучкі». Дыкжэ такім быў іхны падыход да беларускае песьні. Грэчанінаў на поўны голас, першы, не пабаяўся сказаць аб найвыдатнейшых яе якасьцях, аб першарадным яе месцы й значаньні i аб сваёй асабістай пераважнай зацікаўленасьці. Тое самае заяўляў i Залатароў. Яны абодва рупліва вывучалі беларускі фольклёр ды імкнуліся як мага паўней яго выкарыстаць. Тут на добрае выйшлі й розныя вартасьці двух музыкаў. Калі Грэчанінава надзіў сардэчны, лірычны, мэлёдыйны, гармонійны бок, дык Залатароў, наадварот, захапляўся зярнятамі поліфоніі-контрапункту Сшматгалосьсе), вастрынёю i навет «трыкам». Беларуская спадчына Грэчанінава i Залатарова вельмі ладная й плодная. Няма ніводнага жанру, які-б мінуў ix. Грэчанінаў стаўся першым закладнікам беларускага сымфонізму, напісаўшы выдатную «Купалінку». Залатароў узьняў гэты сымфонізм на вялікую эўропейскую вышыню сваймі трыма (2-я, 3-я, 4-я] сымфоніямі на беларускія тэмы, двума беларускімі увэртурамі i танцавальнымі сюітамі. Вялікую вартасьць маюць іхныя вокальныя творы, асабліва хоры Грэчанінава: «Перапёлка», «Калядная», «Ці сьвет ці сьвітае» i музычныя квартэты Залатарова, а таксама чысьленыя апрацаваньні песьняў для голасу з супроводжаньням фортэпіяну, улучна да модэрна-імпрэсыянісцкага прыкладу залатароўскіх «грымасаў».

За Грэчанінавам i Залатаровам ішоў у беларускім творсьцьве выдатны расейскі этнограф i композытар А. Нікольскі, што пакінуў вельмі ўдалыя хоравыя апрацаваньні беларускіх песьняў - «Валачобныя», «А ў лесе, лесе» й інш. На беларускай-жа песьні Нікольскі пабудаваў i сваю першую спробу харавога аркестраваньня, дасягненьня асаблівай тэмбравай харавой ахварбоўкі, што відаць у 11-цігалоснай песьні «Ой ляцелі гусі».

У трыццатых гадох нашага веку цікавасьць расейскіх композытараў i этнографаў да беларускай песьні была асабліва вялікая. У Маскве была створана спэцыяльная комісія для апрацаваньня беларускага песеннатанцавальнага фольклёру, на чале якой стаў ведамы композытар М. Іпалітаў-Іванаў, што сам зрабіў колькі ўдалых прыкладаў такіх апрацаваньняў. Комісія выдзяліла да актыўнае дзейнасьці вялікую колькасьць маладых (у той час] расейскіх композытараў: Кабалеўскі, Лабачоў, Копасаў, Сьвешнікаў, Новікаў, Красеў i інш., што працавалі як над малымі, так i над вялікімі музычнымі творамі на беларускую тэматыку [балет Д. Кабалеўскага «Залатыя Каласы»].



[1] Хорма ён займені 3-яе асобы ёсьць i ў паўночна-расійскай мове. - Рэдакцыя «Веды».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX