Вярнуцца: Філалогія, гісторыя літаратуры

Першы ўзор палітычнай паэзіі


Аўтар: Кавалёў Сяргей,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Кавалёў Сяргей. Першы ўзор палітычнай паэзіі // Спадчына. 1998. №3. С. 107-115.



Ім у шматмоўнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу з'яўляецца верш «Да Палякаў i да Літвы», змешчаны ў кнізе «Размова Паляка з Ліцвінам» [1]. Кніга была выдадзеная ананімна, без пазнакі даты i месца выдання. Напісаў яе, паводле меркаванняў як польскіх, так i беларускіх даследнікаў [2], вядомы гісторык i юрыст, віленскі войт Аўгуст Ратундус, a надрукаваў у 1564-1565 гг. у Берасці паэт, кампазітар i друкар Цыпрыян Базылік. Верш «Да Палякаў i да Літвы», падпісаны крыптанімам «А.В.», належаў пяру Андрэя Валяна, на той час сціплага сакратара Мікалая Радзівіла Рудага, a ў будучым - знанага пісьменніка-палеміста, арыгінальнага у сваіх поглядах тэолага i філосафа, дасведчанага юрыста i дыпламата.

Імя Андрэя Валяна (1530-1610, нарадзіўся ў Новым Месце, што ў Вялікапольшчы, паводле іншых звестак - у Біюцішках каля Ашмянаў) можна сустрэць у шматлікіх працах, прысвечаных гісторыі рэфармацыйнага руху ў Польшчы i ў Вялікім Княстве Літоўскім. Найбольшую славу прынеслі пісьменніку філасофскія трактаты «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшую чалавечую цноту», «Пра ўладара i ўласцівыя яму цноты», а таксама гучная палеміка з езуітам Пятром Скаргам у 70-80-я гг. XVI ст. Свае творы А.Валян пісаў на лацінскай мове. Па-польску пісаў прыватныя лісты i браўся за пераклад з лацінскае мовы кнігі М.Барлетыўса «Гісторыя пра жыццё i слаўныя справы Юрыя Кастрыёта, звычайна званага Скандэрбергам», даперакладзеную потым i выдадзеную ў 1569 г. у Берасці Ц.Базылікам.

Верш «Да Палякаў i да Літвы»,- літаратурны дэбют А. Валяна, адзіны вядомы нам польскамоўны паэтычны твор пісьменніка. Ужо з гэтае прычыны ён заслугоўвае ўвагі даследнікаў, але перадусім - як яскравае мастацкае выяўленне незалежніцкіх, патрыятычных настрояў у беларуска-літоўскім грамадстве напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569 г.

Складаны працэс узаемазбліжэння Польшчы i Вялікага Княства Літоўскага знайшоў адлюстраванне ў шматлікіх творах 50-60-х гг. XVI ст.: у эпіграмах Мікалая Рэя, у вершах i паэмах Яна Каханоўскага, у ананімнай паэме «Пратэй, або Пярэварацень». Найбольшы розгалас выклікаў трактат Станіслава Ажахоўскага «Quincunx, гэта значыць узор Кароны Польскай» (Кракаў, 1564) і, напісаная як палемічны адказ на тэты трактат, кніга Аўгуста Ратундуса «Размова Паляка з Ліцвінам».

У сваім творы С.Ажахоўскі выклаў тэндэнцыйныя погляды на ўнію Польшчы з Літвой, прапанаваў уласнае разумение свабоды i роўнасці народаў. Паводле С.Ажахоўскага, сапраўдная свабода можа квітнець толькі ў каралеўстве, бо кароль узводзіцца на сталец духоўным уладыкам, a ў княстве пануе няволя, бо князь ужо ад нараджэння лічыцца ўладаром краіны. Польшча - каралеўства, грамадзяне яго свабодныя, Літва - княства, жыхары яго паднявольныя, таму «аніводзін ліцвін, хоць бы найзначнейшы i найвыбітнейшы, найніжэйшаму паляку ні ў чым роўным быць не можа» [3].

З гэтых пазіцыяў будучая ўнія выглядае не як зьвяз дзвюх раўнапраўных дзяржаваў, не як уз'яднанне народаў з захаваннем уласных традыцыяў, а як далучэнне дзікунскай, таталітарнай дзяржавы да цывілізаванай, дэмакратычнай, як вызваленне палякамі ліцвінаў з няволі. Расчулены сваёй дабрынёй, свядомы сваёй месіянскай веліччу, паляк С.Ажахоўскага заклікае:

«О, нявольны Ліцвіне! Мяне вольнага слухай Паляка, клічу цябе да сябе, вольнасцю сваёй прыроджанай блаславенствам сваім шчодра i зычліва цябе надзяляю, не дзеля сябе, але дзеля цябе самога ў грамадства сваё бяру цябе: з нявольніка вольным чыню...»[4].

Тэндэнцыйны трактат С. Ажахоўскага з беспадстаўнымі высновамі i правакацыйнымі заявамі выклікаў абурэнне ў асяроддзі патрыятычна настроеных беларуска-літоўскіх магнатаў i шляхты, асабліва ў Мікалая Радзівіла Чорнага, супраць якога ў кнізе меліся асабістыя выказванні. Відаць, менавіта ён даручыў віленскаму войту А.Ратундусу напісаць палемічнае сачыненне ў адказ на «Quincunx...», а таксама далучыў да гэтае акцыі Андрэя Валяна, сакратара свайго стрыечнага брата. Заўважым, што гонар Вялікага Княства Літоўскага ад нападаў каталіка i ўкраінца паходжаннем С.Ажахоўскага баранілі разам каталік А.Ратундус i кальвініст А. Валян, абодва палякі. Дзяржаўныя інтарэсы стаялі у тыя часы відавочна вышэй за канфесійныя ды этнічныя.

Невядома, ці паспеў Мікалай Радзівіл Чорны прачытаць перад сваёй раптоўнай смерцю ў траўні 1565 г. «Размову Паляка з Ліцвінам», але вынікам працы А.Ратундуса i А. Валяна ён, бясспрэчна, застаўся б задаволены. З-пад пяра А.Ратундуса сапраўды выйшла кніга, «з якой кожны легка можа ўбачыць, чым ёсць праўдзівая вольнасць або свабода, якую б унію Карона Польская з Княствам Літоўскім мела прыняць...»[5]. У спрэчцы са сваім палітычным апанентам Палякам Ліцвін А.Ратундуса пераканаўча перамагае, паспяхова бароніць уласную грамадзянскую годнасць i суверэнітэт княства:

«Мы хочам разам з вамі быць, хочам вольнасці, якую з ласкі Божай даўно маем, ужываць, але сваёй дзяржавы паспалітай, здаўна ўтворанай i ўпарадкаванай, да вашай далучаючы, страціць не хочам...»[6].

Справіўся ca сваёй задачай i А. Валян, напісаўшы традыцыйным для сілабікі трынаццаціскладовікам даволі вялікі верш (54 радкі), у якім не толькі пазнаёміў з кнігай А.Ратундуса чытача, але даў таксама сваю ацэнку трактату С.Ажахоўскага (верш А. Валяна вылучаецца выразнай інтэртэкстуальнасцю: ён знаходзіцца ў сілавым полі двух вышэйназваных тэкстаў i актыўна ўзаемадзейнічае з імі) і, што самае важнае, выказаў уласныя погляды на ўнію Польшчы з Вялікім Княствам Літоўскім. Калі б верш «Да Палякаў i да Літвы» быў змешчаны на пачатку «Размовы Паляка з Ліцвінам», ён мог быць прадмоваю да кнігі, калі б напрыканцы - пасляслоўем, бо ўжо загаловак сведчыць пра генетычную прыналежнасць твора да прэфацыйнай i дэдыкацыйнай паэзіі, куды ўваходзілі розныя вершаваныя прадмовы, пасляслоўі ды прысвячэнні. Але верш А.Валяна знаходзіцца ў сярэдзіне твору А.Ратундуса, з чаго вынікае меркаванне, што ствараўся ён у працэсе набору кнігі i адразу па напісанні быў устаўлены друкаром на першае ж магчымае месца: у якасці паэтычнага адступлення паміж першым i другім раздзеламі.

Назваўшы свой верш «Да Палякаў i да Літвы», А.Валян заняў зручную для сябе пазіцыю ў спрэчцы двух персанажаў з кнігі А.Ратундуса i ў канфлікце двух народаў: пазіцыю суддзі-міратворцы, які хоча дапамагчы канфліктуючым бакам прыйсці да паразумення i згоды. Свае аргументы ён чэрпае з пазітыўнага досведу мінуўшчыны: з досведу сумеснага палітычнага жыцця Полыичы i Вялікага Княства Літоўскага на працягу двух стагоддзяў пасля Крэўскай уніі. Аўтар падтрымлівае ідэю ўніі i нагадвае, што гэтая вялікая ідэя нарадзілася не ў легкадумных галовах цяперашніх палякаў ды ліцвінаў, але ў мудрых галовах іхніх продкаў:

Дарэмна б хто ганіў вашых продкаў за тое,

Што, добра разважыўшы, у сваіх паўкладалі галовах,

Як у адну аб'яднаць ім свае дзяржавы,

Каб братняя любоў ix навекі злучыла.[7]

(в. 1-4)

На думку А.Валяна, братэрскія дачыненні мусяць стаць грунтам дзеля з'яднання двух народаў, а мэта саюзу дзвюх краінаў - мір, узаемадапамога, узмацненне парадку ў агульнай дзяржаве, каб «адна галава кіравала ўсімі сябрамі». Так было ў нашых продкаў, так павінна быць у ідэальным грамадстве (зварот да гістарычнае традыцыі стаўся насамрэч нагодай для выказвання ўласных поглядаў пісьменніка на грамадства, развітых ім пазней у філасофскіх трактатах). На жаль, зусім інакш выглядае сітуацыя цяпер, бо парушаны галоўны прынцып уніі: прынцып роўнасці, без захавання якога немагчымыя ні братэрства народаў, ні парадак у дзяржаве:

Бо роўны з роўным заўжды пагодзяцца,

А добры з добрым заўсёды пойдуць разам,

Але калi адзін пнецца ўгору, а другога топча

I кажа, што той махляр, а сам за спіной шэпча,

То паміж такімі рэдка бывае згода,

Можа вырасці з гэтага толькі злая прыгода.

(в. 15-20)

Ад усхвалення шчаслівага жыцця продкаў «у любові ды згодзе» пад адным уладаром А.Валян у другой частцы верша пераходзіць да крытыкі цяперашніх стасункаў паміж палякамі i ліцвінамі, асуджае ўзаемныя інтрыгі i звады, імкненне ўзвысіцца за кошт прыніжэння другога, захапіць лепшае месца пад сонцам. Прыхільнік ідэі ўніі ў прынцыпе, А, Валян вымушаны канстатаваць абсалютную непадрыхтаванасць польскага i ліцвінскага грамадства да яе заключэння:

Тут паглядзіце, вам ад таго не будзе шкоды,

Як вам далека яшчэ да супольнай згоды,

Бо кожны з вас над іншым хоча мець верх,

Аддаць суседу хвост, а скуру ўзяць сабе.

(в. 21-24)

Працытаваныя радкі сведчаць пра паступовы адыход аўтара ад першапачатнай пазіцыі суддзі-міратворцы, які аднолькава ставіцца i да Паляка, i да Ліцвіна. Праўдападобна, менавіта Паляк бярэ сабе цэлую шкуру, a Ліцвіну пакідае хвост. Аўтар адмаўляецца ад ролі суддзі, каб прамаўляць як пракурор i абвінавачваць Паляка. Апошні ж для А.Валяна - гэта не толькі персанаж з кнігі А.Ратундуса, не толькі абстрактны грамадзянін Кароны Польскай, але таксама надзвычай канкрэтны Ажахоўскі, які сваімі недарэчнымі творамі замінае народам дзвюх краінаў ісці па дарозе да згоды i ўзаемнай павагі:

Вядзе Паляк зацята ганьбу на Ліцвіна

I не хоча мець яго за годнага сына сваёй маткі,

Піша пра яго Quincunx-bi i дзіўныя вымыслы,

Якія ca слабой галавы так неразумна выйшлі.

(в. 27-30)

Выказваючы сваё стаўленне да «Quincunx-a...», А.Валян вельмі хутка пераходзіць ад абурэння кнігай да з'едлівага сарказму на адрас аўтара. Дыпламат i філосаф натураю, А.Валян разумеў, што абвінавачванне ўсіх ва ўсім не мае сэнсу, што ў вершы, адрасаваным не толькі да чытачоўліцвінаў, але найперш да чытачоў-палякаў, трэба шукаць шляхі да паразумення з апошнімі, i таму наўмысна акцэнтаваў увагу на несупадзенні поглядаў С. Ажахоўскага з поглядамі польскага грамадства, выказваў спадзяванне, што палякі скептычна ставяцца да аўтара «Quincunx-a» i не прымаюць ягоных ідэй усур'ёз. А.Валян меў падставы так меркаваць: на памяці палякаў былі нядаўнія выступы С.Ажахоўскага супраць папы рымскага Паўла IV, прымаса Уханьскага, пісьменніка-гуманіста А.Фрыча-Маджэўскага, ды i сам лад жыцця жанатага ксяндза i аматара моцных напояў не выклікаў пашаны ў грамадстве.

Негатыўная ацэнка «Quincunx-a» непасрэдна пераходзіць у пазітыўную ацэнку «Размовы Паляка з Ліцвінам», А.Валян ганарыцца годным адказам ліцвінаў на выбрыкі С.Ажахоўскага:

Але яму з Літвы тут слушны далі адказ,

Каб тым лягчэй было распазнаць, якая гэта плётка.

Даведаецца ён, што сілагізмы ў Літве разумеюць

I з блазна, калі той мудруе, пасмяяцца ўмеюць.

Убачыць, якую памылку ён мае ў сваіх прапановах,

А потым i выразны фальш у высновах,

Бо тут праўдзівая вольнасць паказана,

Прыгожа аздобленая ў свае праявы.

Дай Божа, каб вы яе ўпадабалі,

Каб сваволя замест яе не панавала...

(в. 39-48)

Свой паэтычны твор А.Валян заканчвае засцярогай палякаў i ліцвінаў ад сваволі ды распусты, якія не адно каралеўства загубілі (зноў алюзія да ідэй С.Ажахоўскага): не варта шляхоцкую сваволю i анархію выдаваць за ўзор свабоды i дэмакратыі. Сапраўдная свабода спрыяе ўзмацненню дзяржавы, анархія ж вядзе да заняпаду, безабароннасці перад ворагамі i ўрэшце - да палітычнага небыцця.

Фінальная частка верша А. Валяна прасякнутая той ca май трывогай за лес нашчадкаў, якая гучыць у «Сатыры» Я.Каханоўскага, «Ляманце няшчаснага Рыгора Осціка» С.Лаўрэнція, «Соймавых прамовах» П.Скаргі ды ў многіх іншых паэтычных i публіцыстычных творах XVI-XVII стст. «Сцеражыцеся палітычнай анархіі, рэлігійных канфліктаў i нацыянальных міжусобіц!»- папярэджвалі грамадства Рэчы Паспалітай мысляры i пісьменнікі яшчэ напрыканцы XVI ст., але яны засталіся непачутымі, напрыканцы XVIII ст. дзяржава знікла з мапы Еўропы. Польшча, краіна справядлівасці i свабоды, куды так горача заклікаў прыгнечаных i бяспраўных ліцвінаў С.Ажахоўскі, трапіла ў тую самую няволю, што i Вялікае Княства Літоўскае, a палякі мусілі са зброяй у руках змагацца поплеч з літоўцамі, беларусамі, украінцамі «за нашу ды вашу свабоду» i гінуць у шматлікіх паўстаннях.

Банальная i неарыгінальная ў кантэксце тагачаснай літаратуры, ідэя паэтычнага твора А.Валяна вельмі актуальная i трывалая ў кантэксце гісторыі Рэчы Паспалітай.

У ацэнцы мастацкіх вартасцяў паэтычнай спробы А.Валяна (паводле гэтага верша даводзіцца меркаваць пра паэтычныя здольнасці пісьменніка ўвогуле) трэба быць асцярожным. Адзін з першых біёграфаў А.Валяна, М.Балінскі, зазначаў, што верш зусім не мае паэтычных вартасцяў, але прызнаваў, што гэты твор «дэманструе не толькі здаровы погляд на справу i дасведчанасць, але даводзіць таксама, што ягоны аўтар натуральна i спрытна валодаў роднай мовай, маючы значны запас сатырычнага досціпу, якім шчодра запраўляў усе свае пісьмовыя працы i потым» [8]. Пазнейшыя даследнікі таксама не мелі адназначнага меркавання наконт верша «Да Палякаў i да Літвы», называлі яго ці «няўмелым», ці «цалкам зграбным».

Безумоўна, трэба ўлічваць жанравую спецыфіку твора, якая не дала аўтару магчымасці выявіць талент паэта-эпіка альбо паэта-лірыка, навязала яму пэўную стылістычную канвенцыю. Палітычная скіраванасць i рэпрэзентацыйная функцыя верша загадзя абумовілі некаторыя яго мастацкія асаблівасці, прадвызначылі выбар выяўленчых сродкаў. Аналіз верша «Да Палякаў i да Літвы» дазваляе выказаць меркаванне, што Андрэй Валян выявіў у гэтым творы не гэтулькі паэтычныя здольнасці, колькі рытарычнае майстэрства, больш уласцівае будучаму філосафу, тэолагу, пісьменніку-палемісту.

Паэтычны дэбют А. Валяна - тыповы прыклад урачыстага красамоўства, апранутай у паэтычныя шаты прамовы. Гэтая прамова належыць да асуджальнага тыпу (узнімае праблемы сучаснасці), але на пачатку сустракаюцца элементы ацэньваючыя (згадкі пра мінуўшчыну), а напрыканцы - дарадчыя (прадказанне будучыні). Адпаведна выглядае кампазіцыя твора: I. Пахвала мудрасці продкаў; II. Асуджэнне сучаснікаў; III. Засцярога нашчадкаў.

Аўтар добра засвоіў адно з класічных правілаў рыторыкі: «Выкарыстоўвай досвед мінуўшчыны дзеля стварэння лепшае будучыні!»

Мастацкая прастора верша «Да Палзраў i да Літвы» ўмоўна-рытарычная. Галоўны тут аўтар-прамоўца, вакол яго групуюцца слухачы: палякі ды ліцвіны. Не адбываецца ні развіцця дзеяння, як у эпіцы, ні змены пачуццёвага стану суб'екту, як у лірыцы. У часе разгортваецца толькі аргументацыя. Аўтар апелюе да розуму чытачоў i ў значна меншай ступені звяртаецца да іхніх пачуццяў: гонару (за продкаў), сораму (за сябе), страху (за нашчадкаў). Акрамя сур'ёзных аргументаў, ужываюцца i забароненыя прыёмы,г. зв. «ііітучкі сафістаў». Напрыклад, замест таго, каб спрачацца з поглядамі С.Ажахоўскага, А.Валян крытыкуе пісьменніка, высмейвае яго як звычайнага плеткара i блазна.

Адразу бачна, што верш «Да Палякаў i да Літвы» створаны тады, калі падручнік па рыторыцы з'яўляўся практычным дапаможнікам дзеля напісання ўсялякага тэксту: навуковага i мастацкага, празаічнага i вершаванага. Паэты былі на службе ў караля ды заможных магнатаў, паэзія - на службе ў рэлігіі ды палітыкі, а рыторыка - на службе ў паэзіі.

Паэтычны твор А.Валяна цікавы перадусім зместам, а не формай. У невялікім прэфацыйным вершыку, выкліканым да жыцця палемікай паміж С. Ажахоўскім i А.Ратундусам, аўтар здолеў закрануць праблемы, якія хвалявалі нашых продкаў на працягу пяці стагоддзяў. У гэтым галоўная каштоўнасць верша «Да Палякаў i да Літвы», першага палітычнага верша ў гісторыі беларускай літаратуры.



[1] Rozmowa Polaka z Litwinem [Brześć, ok. 1565].

[2] Nowak-Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce. Czasy Zygmuntowskie.- Warszawa, 1966. - C. 271-272; Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам. Беларуская друкаваная літаратура эпохі Рэнесансу.- Мн., 1990, - С. 169.

[3] Orzechowski S. Polskie dialogi polityczne. - Kraków, 1919. - С. 235.

[4] Тамсама. - С. 236.

[5] Rozmowa Polaka z Litwinem.- Kraków, 1890.- S. II.

[6] Тамсама. - С. 1.

[7] Тамсама. - С. 53-54. - Цытаты з верша «Да Палякаў i да Літвы» даюцца паводле гэтага выдання ў празаічным падрадковым перакладзе (захаванне некаторых рыфмаў выпадковае). У дужках пазначаюцца нумары вершаваных радкоў (в.).

[8] Baliński М. Andrzej Wolan, jego życie uczone i publiczne. // Pisma historyczne. - Warszawa, 1843. T. 3. - C. 13.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX