ПІСЬМЕННІК, ПАЛІТЫК ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ
Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага канца XVI - пачатку XVII ст. - з'ява ў гісторыі еўрапейскай літаратуры настолькі ж цікавая, наколькі маладаследаваная.
Францішак Градоўскі, Ян Пратасовіч, Андрэй Рымша, Ян Радван, Габрыель Белозор, Ян Казаковіч, Гальяш Пельгрымоўскі, Ян Эйсмант - таленавітая плеяда зусім не вядомых сучаснаму беларускаму чытачу паэтаў, якія ўслед за Янам Вісліцкім i Міколам Гусоўскім апявалі ў сваіх творах гісторыю Літвы, называючы Літвой усё Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае, i ўслаўлялі воінскія i дзяржаўныя подзвігі ліцьвінаў - грамадзянаў гэтага княства. Іхнія лацінамоўныя i польскамоўныя творы, арыентаваныя на антычныя ўзоры, прасякнутыя пафосом рэнесансовага гуманізму, заснаваныя но мясцовым гістарычным матэрыяле, уваходзяць у спадчыну некалькіх нарадаў: беларускага, літоўскага, польскага.
Гальяш Пельгрымоўскі - адзін з самых цікавых i працавітых творцаў но тагачасным паэтычным Парнасе Беларусі i Літвы.
Мы прапануем чытачу два артыкулы-даследаванні пра творы малавядомага дагэтуль пісьменніка, палітыка, дыпламата эпохі Рэнесансу, а таксамо i адзін з твораў самого Гальяша Пельгрымоўскога.
У ПОШУКАХ ВЕЧНАГА МІРУ
Біяграфічных звестак пра Гальяша Пельгрымоўскага захавалася няшмат. Паходзіў ён з шляхецкага роду герба Навіна i быў карэнным ураджэнцам княства, па веравызнанні - кальвіністам. Браў чынны ўдзел у Лівонскай вайне 1558-1582 гг., у прыватнасці - у паходзе Крыштафа Радзівіла Перуна восенню 1581 г., што адзначана ў паэмах Ф. Градоўскага i А. Рымшы («Зноў кідаешся ты мужнымі грудзьмі на ўзнятыя мячы, адважна пагарджаючы смерцю i ворагам» - звяртаецца Крыштаф Радзівіл да Гальяша Пельгрымоўскага ў «Апісанні маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла» (1582) Францішка Градоўскага). У 1583 г. ён ездзіў па загаду караля Сцяпана Батуры да Івана Грознага з лістом i падарункамі, уваходзіў у склад пасольства да Барыса Гадунова ў 1600-1601 гг. з 1586 г. быў пісарам вялікім літоўскім, памёр недзе ў 1604 г.
Г. Пельгрымоўскі пакінуў пасля сябе даволі вялікую літаратурную спадчыну на лацінскай i польскай мовах. Пачынаў ён як аўтар панегірычных твораў у гонар Крыштафа Радзівіла (Кракаў, 1583), Альбрэхта Радзівіла (Вільня, 1586), Фёдара Скуміна-Тышкевіча (Вільня, 1586). У 1585 г. у Кракаве ён надрукаваў цікавы празаічны трактат «Пра герояў царквы Божае», прысвечаны жыццям i подзвігам славутых біблейскіх каралёў i даводцаў; у гэтым трактаце Г. Пельгрымоўскі разважае аб сутнасці гераізму ўвогуле i яго канкрэтных праявах у чалавечым жыцці.
Увагу Г. Пельгрымоўскага нязменна прыцягвалі супярэчлівыя ўзаемаадносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім i Маскоўскай дзяржавай. Распрацоўваючы гэтую тэму, ён тройчы звяртаецца да арыгінальнае формы вершаванага дыялога i стварае «Дыялог праўдзівы літоўскага шляхціца пра вайну Інфлянцкую караля Сцяпана Батуры з князем маскоўскім» (Вільня, 1594), «Зварот патрыёта да сената i літоўскага народа» (Вільня, 1597), «Размову паляка з маскавітам на маскоўскім замку» (рукапіс, 1601). Палемічная, дыялагічная, «драматычная» паэзія Г. Пельгрымоўскага - адметная з'ява ў літаратуры Вялікага Княства Літоўскага, вартая спецыяльнага, глыбокага даследавання. У «Дыялогу праўдзівым літоўскага шляхціца...», пабудаваным у выглядзе размовы трох асобаў, аналізуюцца прычыны i разглядаюцца асноўныя падзеі Лівонскае вайны, падаюцца сціслыя апісанні найважнейшых бітваў i сутычак, прычым апісанні гэтыя выкананыя ў выразнай эпічнай манеры.
I ўсё ж Гальяша Пельгрымоўскага можна было б назваць паэтам няздзейсненых эпічных магчымасцяў, нерэалізаваных здольнасцяў, калі б не наяўнасць яшчэ аднаго яго твора - напісанне незадоўга да смерці гістарычнае паэмы «Пасольства да вялікага князя маскоўскага». Прысвечана паэма апісанню пасольства на чале з Львом Сапегам у Маскву, да цара Барыса Гадунова, у 1600-1601 гг., відавочцам i ўдзельнікам гэтага пасольства быў, як ужо адзначалася, i сам пан пісар. «Пасольства...» напісана макаранічнаю польска-беларускаю моваю, традыцыйным трынаццаціскладовым вершам i налічвае каля 7000 радкоў. Раптоўная смерць не дазволіла паэту НІ апублікаваць паэму, ні скончыць дадатак да яе, змешчаны ў тым самым рукапісе i прысвечаны апісанню пасольства на чале з Міхаілам Салтыковым-Марозавым у Вільню, да караля Жыгімонта III у 1602 г. Такім чынам за дату стварэння паэмы можна ўмоўна прыняць 1604 г. - год смерці Г. Пельгрымоўскага. А паколькі асноўнаю крыніцаю для напісання паэмы паслужыў аўтару яго ўласны празаічны дыярыуш, пачатак працы над паэмай можна датаваць 27 верасня 1600 г.- у гэты дзень паслы выехалі з Оршы^ ў накірунку Масквы, i пан пісар зрабіў першы падарожны запіс у сваім дыярыушы.
Узнікае пытанне: навошта спатрэбілася Г. Пельгрымоўскаму апісваць пасольства ў Маскву вершам, калі ён ужо зрабіў гэта прозай? У прадмове, адрасаванай да Льва Сапегі, паэт наступным чынам тлумачыць з'яўленне паэмы: «...Вырашыў я пра ўсё распавесці, каб не даць загінуць тым справам, каб да вушэй Рэчы Паспалітае яны дайшлі, пра славу i бяспеку якой тады размова вялася, узяў я першую працу сваю i Вашай Міласці, майму міласціваму Пану ахвяраваўшы, пераказаў простым i без майстэрства польскім вершам, дзеля сцісласці i прыемнасці чытання, з захаваннем у некаторых мясцінах адмысловых сказаў i слоў ці, хутчэй, шматслоўнасці маскоўскае».
Калі браць пад увагу толькі словы «дзеля сцісласці i прыемнасці чытання» - можна прыйсці да высновы, што паэма Г. Пельгрымоўскага адрозніваецца яго празаічнага дыярыуша толькі наяўнасцю традыцыйнага памеру, даволі аднастайнага рытму ды немудрагелістых рыфмаў, што паэт не ставіў перад сабой аніякае іншае задачы акрамя простага пераказу дзённікавых запісаў вершаванаю моваю. Але агульны сэнс выказвання Г. Пельгрымоўскага сведчыць пра тое, што шматвопытны літаратар добра разумеў адрозненне паэтычнага твора ад звычайнага дыярыуша, бо толькі першы з ix можа «не даць загінуць тым справам» i дайсці «да вушэй Рэчы Паспалітае». Усведамленне паэтам прынцыповага адрознення мастацкага твора, прызначанага для шырокага чытача, ад неапрацаваных фактаграфічных запісаў дае падставы спадзявацца на тое, што паэма «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» - з'ява ў літаратуры Вялікага Княства Літоўскага куды больш значная i цікавая, чым «першая праца», дыярыуш пана пісара.
Параўнанне тэксту «Пасольства...» са зместам празаічнага дыярыуша пацвярджае такую выснову: вершаваная форма прывяла не толькі да рытмічнага ўпарадкавання празаічнага тэксту i аздаблення яго рыфмамі, але i да ўзмацнення вобразнасці i мастацкай выразнасці, да з'яўлення паэтычных штампаў-клішэ, уласцівых эпічнаму стылю.
Такім чынам, «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» можна разглядаць i як дыярыуш у вершаванай форме, i як эпічную паэму ў форме дыярыуша, памятаючы, што высокая канцэнтрацыя фактаграфічнага матэрыялу, дакладнасць i дэталізаванасць апісанняў, строгая адпаведнасць кампазіцыі твора храналогіі рэальных падзеяў вынікалі менавіта з дыярыушавай асновы паэмы Г. Пельгрымоўскага. Сустракаюцца ў рукапісе паэмы i ўрыўкі празаічнага тэксту, якія маюць характар дакументальнага дадатку: «лісты прымерныя», пералікі напояў i прысмакаў на ўрачыстых банкетах, спісы падарункаў цару i ад цара i г. д.
I ў празаічным дыярыушы, i ў вершаваным прамовы цара i баяраў Г. Пельгрымоўскі падаваў сапраўды «з захаваннем у некаторых мясцінах адмысловых сказаў i слоў» рускае мовы, але пісаў гэтыя» словы на беларускі манер (h, ći, dżi замест g, łi, di i r. д.). Шмат у баярскіх прамовах i чыста беларускіх словаў, яшчэ больш у прамовах канцлера Льва Сапегі.
У літаратурнай творчасці Г. Пельгрымоўскі карыстаўся лацінскай i польскай мовамі (прычым у польскамоўныя творы ўводзіў нярэдка лацінскія выразы), у справаводстве - старабеларускай (мовай велікакняскай канцылярыі), лацінскай i польскай, размаўляў, напэўна, па-беларуску i па-польску ў залежнасці ад асяроддзя. Як i Леў Сапега, ведаў ён таксама рускую мову i мог карыстацца ёй, калі ўзнікала такая патрэба. Але веданне рускай мовы ў пана пісара палягала, відаць, на блізкасці рускае i беларускае моваў, таму i ў празаічным дыярыушы баярскія прамовы пададзены ў беларускамоўнай «транскрыпцыі» i асабліва ў паэме, дзе аўтару прыходзілася не толькі ўзнаўляць занатаваныя раней прамовы, але i пашыраць ix, перапрацоўваць у вершаваную форму, замяняючы многія словы, прыдумляючы новыя сказы i выразы.
Дыпламатычныя прамовы паслоў з баярамі, шматлікія спрэчкі i маналогі - у цэнтры ўвагі паэта-відавочцы, ён падрабязна апісвае ўсе аргументы pro et contra, палітычныя абвінавачанні i гістарычныя спасылкі, перадае квятастыя выразы ўрачыстых прыёмаў i цырымоніяў, эмацыянальную, часам блізкую да лаянкі мову дзелавых сустрэчаў.
Мэтай пасольства было заключэнне чарговага перамір'я паміж Рэччу Паспалітай i Маскоўскай дзяржавай, а ў спрыяльных умовах - i вечнага міру. Папярэдняе перамір'е заканчвалася ў 1602 г., а Рэчы Паспалітай, якая на зыходзе XVI ст. вяла адначасова войны на поўначы i на поўдні, мір на ўсходзе з Маскоўскім княствам з палітычнага пункту гледжання быў не проста выгадным, але i неабходным.
Ідэя заключэння вечнага міру з Масквой была асабліва папулярная ў асяроддзі беларуска-літоўскае арыстакратыі i шляхты, бо менавіта на ўсходніх землях Вялікага Княства Літоўскага вяліся звычайна ваенныя дзеянні, менавіта гэтыя землі з'яўляліся галоўным аб'ектам маскоўскае агрэсіі, што прыносіла каласальныя матэрыяльныя i людскія страты. Трагічнае становішча Беларусі як аб'екта дамаганняў Масквы, як патэнцыяльнага плацдарма ваенных дзеянняў прымушала мясцовых магнатаў шукаць гарантыяў вечнага, трывалага міру з усходнім суседам i дзеля гэтага нават падтрымліваць у свой час непапулярную кандыдатуру Івана IV у якасці прэтэндэнта на трон Рэчы Паспалітае. Клопатамі аб трываласці Ям-Запольскага міру былі напоўнены апошнія гады жыцця Мікалая Радзівіла Рыжага, устойлівага міру з Маскоўскім княствам патрабаваў ад караля Рэчы Паспалітае Крыштаф Радзівіл Пярун, некалькі разоў ездзіў у Маскву Леў Сапега, каб падоўжыць тэрмін заключанага раней перамір'я або заключыць новае. I зусім не міфічная цягд да «праваслаўных братоў» кіравала іхнімі дзеяннямі (па веравызнанні ўсе тры магнаты былі спачатку кальвіністамі, пасля Сапега перайшоў у каталіцызм), а дзяржаўная мудрасць i палітычная дальнабачнасць.
Мэта пасольства Льва Сапегі ў Маскву ў 1600-1601 гг. адпавядала не толькі разлікам палітыкаў, але i інтарэсам, жаданням саміх народаў: рускага, які толькі ачуньваў пасля крывавае тыраніі Івана Грознага, пасля паражэння ў Лівонскай вайне, i народаў Рэчы Паспалітае, знясіленых вайной з Маскоўскай дзяржавай i ўцягнутых у новую вайну, ca Швецыяй, за прывідную шведскую карону Жыгімонта Вазы.
Несумненна, Г. Пельгрымоўскі ўсведамляў важнасць ускладзенае на пасольства місіі, ён мысліў не вузка палітычнымі, а глыбока гістарычнымі катэгорыямі, бо яшчэ на самым пачатку паэмы выказваў надзею:
...Што хутка з абодвух краёў у адзін народ
Пойдуць з ахвотаю, з радасцю сыны Айчыны.
Будуць, размаўляючы, у міры Рэч Паспалітая
I ты, вялікая дзяржава з абодвух краёў, знакамітая,
На жаль, смутак, вечны заняпад паганым,
I на радасць, на ўцеху ўсім хрысціянам [1].
Заклік да саюзу дзвюх хрысціянскіх дзяржаў супраць туркаў i татараў некалькі разоў гучыць са старонак паэмы Г. Пельгрымоўскага, выяўляючы пэўную пераемнасць «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» з «Песняй пра зубра»: як i М. Гусоўскі, Г. Пельгрымоўскі разглядаў неабходнасць саюзу хрысціянскіх дзяржаў супраць мусульманскага свету ў якасці важнага аргумента за спыненне войнаў i заключэнне міру паміж гэтымі дзяржавамі.
Спасылаецца на славянскую еднасць у сваіх прамовах канцлер Леў Сапега, згадвае паслам кроўную i моўную блізкасць славянскіх народаў дзяк Афанасій. Сведчыць гэта, з аднаго боку, пра ўсведамленне славянскае еднасці i блізкасці ў грамадска-палітычнай думцы ўсходнееўрапейскіх дзяржаў XVI-XVII стст., а з другога боку, адлюстроўвае прыклад выкарыстання ў дыпламатычнай гульні высокіх, прыгожых словаў пра любоў i братэрства.
Шмат такіх словаў i ў 24 пунктах «Спосабаў вечнага міру», прапанаваных пасламі i рашуча адхіленых баярамі. Фактычна «Спосабы вечнага міру» з'яўляліся прапановаю унм паміж Рэччу Паспалітай i Маскоўскім княствам на ўзор уніі паміж Польшчай i Вялікім Княствам Літоўскім. Прадугледжвалася, што ў выпадку смерці Жыгімонта Вазы каралеўскую карону наследуе Барыс Гадуноў, а пасля смерці Барыса Гадунова Жыгімонт Ваза зойме велікакняскі маскоўскі трон - такім чынам, у будучай аб'яднанай дзяржавы будзе адзін уладар. Гарантавалася свабода веравызнання, дазвалялася набываць землі i маёмасць у любым месцы любому пакупніку незалежна ад яго месца жыхарства i нацыянальнасці, узаконьвалася заключэнне змешаных шлюбаў, планавалася адкрыццё шматлікіх школаў для прадстаўнікоў шырокіх сацыяльных слаёў i розных рэлігійных канфесіяў. Зразумела, што прыняцце гэтага дакумента было на той час для Маскоўскае дзяржавы немагчымым, бо шырока адчыніла б дзверы пранікненню каталіцызму ў праваслаўную краіну i ўвогуле ставіла пад пагрозу дзяржаўную самастойнасць Маскоўскага княства.
Але, адхіліўшы «Спосабы вечнага міру», баяры адхілілі i сам вечны мір, яны заявілі паслам, што размова можа ісці толькі пра чарговае перамір'е i толькі пасля таго, як паслы прызнаюць царскі тытул Барыса Гадунова. Выкарыстоўваючы складанае ваенна-палітычнае становішча Рэчы Паспалітае, абумоўленае няўдачамі Жыгімонта Вазы ў вайне з Карлам Судэрманскім i Міхалам Мультанскім, баяры імкнуліся дамагчыся палітычных i тэрытарыяльных выгадаў для Маскоўскае дзяржавы.
Спрэчкі вакол царскага тытула Барыса Гадунова займаюць шмат старонак у паэме Г. Пельгрымоўскага - адпаведна тым дням, тыдням i нават месяцам, якія былі занятыя гэтымі спрэчкамі на перамовах. Настойлівае імкненне баяраў прымусіць паслоў прызнаць царскі тытул i ўпартае нежаданне паслоў прызнаваць яго выходзілі за межы звычайнага бюракратычнага непаразумення, бо тытул «цара ўсея Русі» даваў пэўнае пацверджанне прэтэнзіям маскоўскага ўладара на панаванне над усёй Руссю, а значыць - над Беларуссю i Украінаю, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітае. Па сутнасці, пытанне царскага тытула стала на перамовах прычынай найбольш вострых сутыкненняў паміж пасламі i баярамі, i Г. Пельгрымоўскі паслядоўна i падрабязна ўзнаўляе ход дыскусіі, якая мела прынцыповае значэнне для абодвух бакоў.
Галоўным аргументам баяраў было афіцыйнае прызнанне царскага тытула Барыса Гадунова аўстрыйскім імператарам, французскім каралём i турэцкім султанам. Галоўным контраргументам паслоў была спасылка на беспадстаўнасць такога тытула i адсутнасць яго ў папярэднікаў Барыса Гадунова, за выключэннем Івана Грознага:
Мы ж ім шмат процілеглых доказаў падалі
З ix жа лістоў, якія нашым каралям некалі далі,
Што самі князі царамі не пісаліся,
Колькі разоў кантракты свае з імі мелі;
Што нават Васілевіч, той жахлівы тыран,
Які памёр, так не называўся, гаспадар іхні Іван;
Толькі калі крыху шчасця зазнаў над татарамі,
Царом пачаў пісацца, не ведаю з якое прычыны...
Упершыню тытул «цара ўсея Русі» прыняў Іван IV у 1547 г., i хоць у Еўропе спачатку ніхто не ўспрыняў яго сур'ёзна, ужо ў 1549 г. паслоў Вялікага Княства Літоўскага, якія прыехалі ў Маскву дзеля заключэння вечнага міру (за дзевяць гадоў да распачатае Іванам Грозным Лівонскае вайныі), спрабавалі прымусіць афіцыйна прызнаць гэты тытул, пагражаючы спыніць перамовы i не падпісаць нават пяцігадовага перамір'я. Па сутнасці ж, спрэчкі пра тытул маскоўскага ўладара распачаліся яшчэ раней, у 1493 г., калі Іван III стаў называць сябе «князем усея Русі», а скончыліся толькі ў канцы XVIII ст., калі Рэч Паспалітая перестала існаваць як дзяржава.
Сітуацыя ў 1600-1601 гг. шмат у чым нагадвала сітуацыю 1547 г.: баяры прымушалі паслоў прызнаць царскі тытул, пагражаючы тым, што спыняць перамовы i не падпішуць міру, які, на думку Г. Пельгрымоўскага, быў патрэбны жыхарам Маскоўскага княства не менш, чым жыхарам Рэчы Паспалітае. Раз'юшаныя цвёрдасцю i ўпартасцю паслоў, баяры пачалі нават адкрыта палохаць ix новай вайной. Міхайла Салтыкоў кажа Льву Сапегу:
Пане Леў, не навіна нам ужо бываць у Літве
I рабіць тое, што належыць мужам у бітве.
Не навіна мне з шабляй быць у тваім маёнтку,
I хутка мяне там пабачыш са шматлікімі гасцямі.
Пагрозы баяраў закраналі, безумоўна, многія струны ў душы Г. Пельгрымоўскага - паэта, грамадзяніна, воіна. Можна ўявіць, з якім задавальненнем занатоўваў ён у сваім празаічным дыярыушы адказ Льва Сапегі, з якім гонарам падаваў прамову пана канцлера ў сваёй эпічнай паэме:
Хвалько не нахваліцца, будзько не набудзецца,
Славы вам ад гэтага ніколі не прыбавіцца.
Быць можа, будзеш госцем, калі цябе туды прывядуць
I з тваімі таварышамі ў кайданах адвядуць.
Прэтэнзіі Барыса Гадунова на тытул «цара ўсея Русі» ўспрымаліся аўтарам «Пасольства...» як прэтэнзіі Маскоўскае дзяржавы на беларускія i ўкраінскія землі, i таму Леў Сапега, які рашуча адхіляў i царскі тытул, i тэрытарыяльныя дамаганні маскоўскага князя, быў для Г. Пельгрымоўскага такім жа героем, абаронцам Айчыны, як Крыштаф Радзівіл Пярун для Ф. Градоўскага i А. Рымшы. Не на полі бітвы, а на полі дыпламатычных перамоў мусіў здзейсніць свой подзвіг герой Г. Пельгрымоўскага, i, трэба адзначыць, прыходзілася пану канцлеру клікаць на дапамогу ўсю сваю мужнасць i разважлівасць, стрыманасць i мудрасць. Ваяўнічасць i пыха ў баярскіх прамовах спалучаліся з хітрасцю i прытворствам:
Мы ж бывалі ў Літве, кроў праліцца можа:
Вы на каня, мы на другога, каму ж Бог дапаможа.
Мы былі б рады, каб i заўтра скончылася перамір'е,
Каб хутка зноў прыйшоў час ваяваць Літву.
Даўно б вы ўжо весяліліся па дарозе дадому,
Калі б цара ўсея Русі царом назвалі.
Леў Сапега асуджае легкаважкае стаўленне баяраў да вайны, ён папярэджвае, што вайна - жахлівая, трагічная з'ява ў жыцці людзей i што тых, хто без прычыны распачынае кровапраліцце, чакае Божая кара:
Хто шукае праліцця людской крыві, над тым Божая помста,
Не ў галкі гуляць, не смех гэта, не з саду ружа.
Не лямантаваць на вайне, абараняцца мы будзем.
Не паручымся, што і далей не пойдзем.
Усе прамовы пана канцлера прасякнуты пачуццём уласнае, чалавечае i грамадзянскае, дзяржаўнае, годнасці. За стрыманымі, узважанымі выказваннямі палітыка i дыпламата чуюцца пранікнёныя, эмацыянальныя словы патрыёта i грамадзяніна.
За постаццю галоўнага героя паэмы цьмяна праглядваюцца фігуры іншых удзельнікаў пасольства 1600-1601 гг.: кашталяна варшаўскага Станіслава Варшыцкага, ваяводы віцебскага Яна Сапегі, аршанскага земскага суддзі Андрэя Варапея i інш. Адпавядала гэта ў пэўнай ступені рэальнай сітуацыі на перамовах, у якіх вышэйпералічаныя асобы не ігралі значнае ролі. Але ёсць тут віна i аўтара паэмы, які свядома сканцэнтраваў усю ўвагу на асобе Льва Сапегі - вялікага канцлера літоўскага, рэдактара Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., найвыдатнейшага дзяржаўнага дзеяча свайго часу i беларуска-літоўскае гісторыі ўвогуле.
Выбачае, аднак, паэта той факт, што i свайму асабістаму ўдзелу ў перамовах не надае ён у паэме вялікага значэння. Між тым менавіта пан пісар - сакратар рады Вялікага Княства Літоўскага - афармляў усю дакументацыю пасольства, у тым ліку i «ліст прымерны» з умовамі дваццацігадовага перамір'я. Разам з Л. Сапегам i С. Варшыцкім Г. Пельгрымоўскі ўзначальваў пасольства, i на ўрачыстым прыёме менавіта ён звярнуўся да Барыса Гадунова з традыцыйнай прывітальнай прамовай. У паэме Г. Пельгрымоўскі піша пра сябе ў трэцяй асобе: сціпла згадвае пра хваробу «пана пісара», прамову «пана пісара» перад вялікім князем маскоўскім i г. д.
Згодна з тагачаснымі ўяўленнямі пра бессмяротнасць, «бессмяротным» рабіўся не толькі герой літаратурнага твора, але i яго аўтар. Занадта невыразныя i сціплыя апісанні ўдзелу пана пісара ў перамовах 1600-1601 гг., зробленыя Г. Пельгрымоўскім, дазваляюць меркаваць, што ў першую чаргу як а ў т а р паэмы, а не як яе герой, пажадаў ён застацца ў памяці нашчадкаў.
Каштоўная рыса паэмы «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» - яе тэматычная шматпланавасць: паміж апісаннямі бясконцых спрэчак i дыскусіяў канцлера з баярамі i прыказнымі дзякамі паэт паказвае штодзённыя цяжкасці i беды пасольскага жыцця ў Маскве, распавядае пра побыт i звычаі велікакняскага двара i рускага народа ўвогуле на мяжы XVI i XVII стагоддзяў.
Умовы жыцця паслоў залежалі звычайна ад прыязнага альбо варожага стаўлення да ix маскоўскіх уладаў, а гэтае стаўленне вызначалася, у сваю чаргу, канкрэтнай палітычнай сітуацыяй ва ўзаемаадносінах дзвюх дзяржаў. У 1583 г., пасля пераможных паходаў Сцяпана Батуры, калі Г. Пельгрымоўскі першы раз прыязджаў у Маскву, пасольства Рэчы Паспалітае прымалася тут куды з большай павагай i ўрачыстасцю, чым у 1600-1601 гг., пасля нядаўніх паражэнняў Жыгімонта III ад Карла Судэрманскага i Міхала Мультанскага. Пакуль цягнуліся спрэчкі вакол царскага тытула, у Маскву прыехалі i шведскія паслы, якіх прынялі з падкрэсленай пампезнасцю i прыязнасцю, надзялілі багатымі падарункамі i дэманстратыўна пасялілі навідавоку ў польска-літоўскіх паслоў.
Шмат выпрабаванняў прыйшлося перанесці ўдзельнікам пасольства Льва Сапегі на працягу 14 месяцаў знаходжання ў Маскве. Г. Пельгрымоўскі наракае на наўмысна дрэннае харчаванне, на недалікатнае абыходжанне i немагчымасць свабодна выходзіць у горад i размаўляць з яго жыхарамі:
Ужо васемнаццаць тыдняў тут нявінныя мы трываем,
Вязнямі ці пасламі, самі не ведаем.
Леў Сапега ў лісце да Крыштафа Радзівіла таксама абураўся, што ix трымаюць не як паслоў, а як вязняў пад неадступным наглядам вартаўнікоў. Калі пан канцлер неяк заўважыў прыставам, што паслам можна было б стварыць i лепшыя ўмовы, бо падарункі цару пакрыюць усе выдаткі,- падарункі таго ж дня былі вернуты назад. Некалькі месяцаў Барыс Гадуноў не прымаў паслоў з прычыны хваробы пальца на назе. Аднаго разу непадалёк ад пасольскага двара здарыўся пажар, толькі цудам агонь не перакінуўся на дамы, дзе жылі паслы. Пазбаўленыя знешняе інфармацыі, Г. Пельгрымоўскі i ягоныя таварышы пачалі ўжо непакоіцца: ці не рыхтуюцца маскавіты да вайны? Думкі пра пакутніцкую смерць у вязніцы неаднойчы агортвалі пана пісара.
Аднак перамовы са шведамі не прынеслі рускім чаканых вынікаў, а 11 лютага 1601 г. у Маскву прыбыў ганец ад караля Жыгімонта III з навіной а6 перамозе гетмана Яна Замойскага над гаспадаром Мультанскім Міхалам. Вестка гэтая адыграла важную ролю для ходу перамоў: змяніліся паводзіны баяраў, паправілася здароўе вялікага князя маскоўскага, i ён міласціва згадзіўся прыняць паслоў Рэчы Паспалітае.
Зброя Замойскага падтрымала красамоўства Сапегі, паслы адзначылі перамогу ўрачыстым гімнам:
Назаўтра, калі зара асвяціла вяршыні,
А Тытан свой залаты воз выкаціў з мора,
Усе мы, колькі нас было. Бога хвалой ушанавалі
I, сабраўшыся грамадой, Laudamus спявалі.
Таму вялікаму трыумфу той дзень прысвяцілі,
З чаго мы вясёлыя, маскавіты засмучоныя былі.
Г. Пельгрымоўскі трыумфу Гектараў i Улісаў Рэчы Паспалітае прысвяціў у сваёй «пасольскай» паэме вялікі ўрывак, нібы згадваючы чытачу, што хоць услаўляе ён на гэты раз цярністы шлях да міру, але I ваенныя подзвігі апяваць умее.
Перамовы сталі больш інтэнсіўнымі i плённымі, i хоць маскоўскія ўлады не прынялі ні вечнае уніі, ні вечнага міру, але пагадзіліся на новае перамір'е тэрмінам 20 гадоў...
Паэме Г. Пельгрымоўскага ўласцівы высокі для таго часу ўзровень гістарызму, які праяўляўся перш за ўсё ў добрым веданні гістарычных фактаў i ў ix дакладных ацэнках. Але Г. Пельгрымоўскі ўзнімаецца вышэй Інстынктыўнага, эмпірычнага гістарызму асвятлення асобных падзеяў i фармулюе вгульны прынцып рэнесансавага гістарызму, які не страціў свае метадалагічнае вартасці да нашага часу:
Тры рэчы належыць памятаць мудрым.
На якія, хто памятае, тыя амаль святыя:
Адны - мінулыя, якія некалі бывалі,
Другія - якія пасля ix зноў дзе калі насталі,
А трэція - якія потым могуць быць праз момант,
Калі хто хоча быць вольны ад клопатаў.
Памятаў урокі гісторыі канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, які не згаджаўся прызнаць прэтэнцыёзны тытул «цара ўсея Русі» Барыса Гадунова i адмовіўся, калі гэта спатрэбілася для поспеху перамоў, ад прывіднага тытула «караля шведскага» Жыгімонта Вазы, хаця i заслужыў гнеў апошняга.
Памятаў урокі гісторыі пісар Вялікага Княства Літоўскага Гальяш Пельгрымоўскі, які наступным чынам ацэньваў вынікі перамоў - заключэнне дваццацігадовага перамір'я з Маскоўскай дзяржавай:
Дай Божа, каб мы хутка братэрства прынялі,
З тым маскоўскім народам сяброўства вечнае пачалі.
Бадай, у шчаслівую гадзіну згоду заключылі,
I трактаты распачатыя нарэшце завяршылі.
Але ж ёсць яшчэ цяжкія перашкоды да таго,
Прыслухаемся да прыпавесці: глядзі кожны свайго.
Шчаслівы той, хто загадзя думае пра вайну:
Падрыхтаваным быць, здольным нікому не пашкодзіць.
Так, з радасным, але трывожным настроем ад'язджалі паслы з Масквы.
Замест прапанаванае маскоўскаму ўраду уніі i вечнага міру было заключана чарговае перамір'е. Некалі Іван IV двойчы парушаў падобныя перамір'і i распачынаў ваенныя дзеянні; не ўпэўненыя былі паслы i ў трываласці слова Барыса Гадунова. Таму i гучыць у канцы паэмы Г. Пельгрымоўскага заклік да суайчыннікаў быць пільнымі i загадзя рыхтавацца да таго дня, калі, не дай Божа, зноў грымне вайна. У гэтых адносінах погляды аўтара «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» поўнасцю адпавядаюць поглядам аўтара «Песні пра зубра», які ставіў у заслугу Вітаўту ягоную звычку загадзя рыхтаваць войска да вайны, каб захаваць мір.
I ўсё ж паэма Г. Пельгрымоўскага, як i паэма М. Гусоўскага,- гэта гімн міру, з той хіба розніцай, што ў «Песні пра зубра» гучыць заклік да агульнага міру паміж усімі хрысціянскімі народамі Еўропы, а ў «Пасольстве да вялікага князя маскоўскага» - заклік да канкрэтнага міру паміж братнімі народамі Рэчы Паспалітае i Вялікага Княства Маскоўскага.
У рэчышчы агульнае героіка-эпічнае традыцыі ў паэзіі Беларусі i Літвы канца XVI ст. Г. Пельгрымоўскі ўславіў подзвіг паслоў на чале з Львом Сапегам, якія дамагліся заключэння міру для свае дзяржавы. Нібы ад імя ўсіх сваіх равеснікаў - паэтаў, што апявалі крывавыя забавы Марса, услаўлялі воінскія подзвігі Радзівілаў i іхніх паплечнікаў у Лівонскай вайне, Г. Пельгрымоўскі, які так i не стварыў за сваё жыццё вялікага баталістычнага твора, прызнаецца перад самай смерцю, што няма на гэтым свеце нічога больш слаўнага i вартага ўвагі паэтаў, чым справядлівы, трывалы мір паміж народамі:
Мір, калі ён сумленны, пераўзыходзіць трыумфы,
Айчыне i кожнаму ў ёй ён вельмі даспадобы.
Знамянальна, што «рь(царская» паэзія воінскіх подзвігаў завяршылася «пасольскай» паэмай міру.
Сяргей КАВАЛЕЎ
МАСТАЦКІ ДАКУМЕНТ СЯРЭДНЯВЕЧЧА
Неяк трапіў мне ў рукі асобны адбітак даклада Восіпа Бадзянскага «Пра мае пошукі ў Познанскай публічнай бібліятэцы», прачытанага 28 лістапада 1842 г. ў Маскве ў Таварыстве гісторыі i старажытнасцей расійскіх. I нечакана для сябе я знайшоў у ім цікавыя звесткі па гісторыі старой беларускай літаратуры, у значнай частцы не вядомыя нашым даследчыкам. Няцяжка было пераканацца, што ніхто з беларускіх літаратуразнаўцаў з гэтым дакладам не знаёміўся, хоць ён i быў апублікаваны ў 1846 г. у перыядычным выданні «Чтенйя в Обществе йсторйй й древностей россййскйх» (каб знайсці месца публікацыі, спатрэбіліся спецыяльныя намаганні i пошукі). Даклад не называецца нават у пераліку даследаванняў i прац Восіпа Бадзянскага ў «Энцыклапедыі літаратуры i мастацтва Беларусі» (т. 1, с. 261), хаця з усёй спадчыны вучонага мае найбольш непасрэднае дачыненне да гісторыі беларускай літаратуры.
Сам даклад быў справаздачай аб выніках пошукаў гістарычных i гістарычна-літаратурных матэрыялаў у Познанскай публічнай бібліятэцы. Восіп Бадзянскі знайшоў там значную колькасць беларускіх тэкстаў. Некаторыя з ix («Летапісец Вялікага Княства Літоўскага i Жамойцкага», «Аповесць пра караля Марка», «Гісторыя пра князя Гвідона», «Гісторыя пра Атылу, караля угорскага» i інш.) сталі пазней шырока вядомымі, ix яшчэ ў XIX ст.
даследавалі такія буйнейшыя вучоныя, як Аляксандр Весялоўскі, Аляксандр Брукнер. Гэтыя помнікі нашай старой пісьмовасці трывала ўвайшлі ў гісторыю беларускай літаратуры.
Але ў дакладзе называюцца i творы, на якія да гэтага часу больш ніхто нідзе не спасылаўся. Першы з ix - «Пра Пятра Мядзведка маскаля казка. Года 1607 у студзені» (загаловак напісаны на польскай мове, назва месяца на лацінскай, а сам твор - на беларускай). Гэта - гісторыя аднаго з Лжэдзмітрыяў. Падзеі твора разгортваюцца ў Расіі i Беларусі. Вось пачатак яго: «Петр Москаль, будучы ў Оршы, которы се менйл бытй сыном князя велйкого Московского Федора йвановйча, а з маткй йірйны Годуновны, яко й где мешкал по уроженйю своем так о собе справ давал ест».
Пра героя гэтага сказанйя Мядзведку згадвае i «Баркулабаўская хроніка»: «Потым зась явйлся другйй царь на Москве йменем Недведок. Тот Недведок з людом немалым сам передался на Москву царю Андрею Шуйскому».
Заслугоўваюць увагі каментарыі Восіпа Бадзянскага, у якіх характарызуюцца некаторыя асаблівасці зместу твора на фоне гістарычных падзей пачатку XVII ст.: «Пералічэнне настолькі нязначных падрабязнасцей i асабліва імкненне пералічваць імёны ўсіх асоб i называць мясцовасці: «бабка Ганна Васйлевая удава»; у «селе Протошыне от Москвы версты трйдцать»; «купец Астраханскій неякй Кошел»; «мяснйк йван на улйцы Покровской в Москве»; прыезд у Смаленск са смаленскімі купцамі «о светой Пречыстой й мешканье его у неякого Богдана Мйкйтйна сына Кушнера», потым выезд яго з літоўскімі пагранічнымі людзьмі «до села Васйлевйч на Мйколу свято Руское, которое село поблйзу гранйцы». Усё гэта сведчыць, што «Казка» гэта не ёсць казка ў звычайным сэнсе слова, проста чыстая выдумка, але што яна мела ў сваёй аснове нейкую сапраўдную падзею...» Нельга не пагадзіцца з даследчыкам, што аўтар «казкі» - беларус.
Далей у дакладзе гаворка вядзецца пра «Летапісец Вялікага Княства Літоўскага i Жамойцкага», а затым - пра «Позов одному Русскому секты Епйкуровой». Гэты апошні твор вядомы ў гісторыі беларускай грамадскай думкі (гл. «йз йсторйй фйлософской й общественно-полйтйческой мыслй Белоруссйй».- Мн., 1962, с. 98). Тут прыводзіцца тэкст абвінавачання супраць Мазырскага земскага суддзі Стэфана Лована, які не верыў у Бога «о тройцы едйного», ні ў Хрыста, ні ў Духа святога, ні ў рай, ні ў пекла ды яшчэ заяўляў: «...чоловек же, яко пес кровю албо бйдле сходйт, й штоколвек есть на свете, то все само през себе, земля, древо, вода й йншіе речй сталосе, й так векй веком будет, й кому же лйхо тут пекло, а кому добро тут рай». Лована выклікалі ў галоўны трыбунальскі суд па даносу Сцяпана Лозкі ад імя караля Жыгімонта III.
Тут няма патрэбы i магчымасці характарызаваць усе дакументы i мастацкія творы, якія называюцца ў дакладзе Бадзянскага. Значная частка ix напісана на польскай мове. Але заслугоўвае ўвагі тая акалічнасць, што многія з ix пра беларуска-польска-рускія дзяржаўныя i палітычныя ўзаемаадносіны.
З усяго даклада мяне найбольш заінтрыгаваў тэкст «статьй» пад назвай «Гутарка аднаго паляка з маскалём у маскоўскім замку ў 1601 годзе» (загаловак даецца на польскай мове). «Статья» аказалася не артыкулам, а вершаваным творам, напісаным на беларускай i польскай мовах. Змест яго складае дыялог рускага баярына Ігната з членам літоўскага пасольства Іванам. Але дыялог у публікацыі Бадзянскага абрываецца адразу ж пасля таго, як удзельнікі гутаркі пазнаёміліся.
Пра сваю знаходку я сказаў аднаму з калегаў, дасведчанаму шукальніку архіўных скарбаў, які накіроўваўся ў Познань. Але ён нават з дапамогай дырэктара Курніцкай бібліятэкі Польскай Акадэміі навук, што знаходзіцца каля Познані, не даў рады адшукаць загадкавыя рукапісы.
Неўзабаве i мне самому надарылася аказія паехаць туды ў камандзіроўку. У Познанскай публічнай бібліятэцы імя Рачынскіх мне адразу ж падалі фаліянт з «Летапісцам...» i перакладнымі аповесцямі. Але больш там нічога не было. «А яшчэ?» - «Гэта ўсё, што мы ведаем». Праўда, i захавальнікі фондаў i дырэктар абнадзеілі мяне, паведаміўшы, што ўсе матэрыялы ў кнігасховішчы зберагаюцца вельмі старанна i што прапасці нічога не павінна было. I далі ў маё распараджэнне інвентарную кнігу дакументаў, аформленую яшчэ перад першай сусветнай вайной на нямецкай мове.
Пачаў я заказваць фаліянты з матэрыяламі, якія ў апісаннях змяшчаліся пад нейкімі агульнымі i абстрактнымі загалоўкамі, што маглі аднолькава адносіцца да самых разнастайных дакументаў i мастацкіх твораў. I пад нумарам 34-м я знайшоў нарэшце тое, што мне трэба было. Сам архіўны тэкст пазначаны словам «копія». З «метрычкі», у якой кожны чытач упісвае сваё прозвішча i паходжанне, я даведаўся, што яшчэ ніхто з беларускіх даследчыкаў не трымаў у руках гэтай справы.
Якой мы ведалі беларускую паэзію XVI - пачатку XVII ст. да прыходу Ў літаратуру Сімяона Полацкага? Калі звернемся да найбольш поўнай з сучасных крыніц - да хрэстаматыі, складзенай А. Ф. Коршунавым, то знойдзем там усяго толькі нешматлікія рыфмаваныя радкі Францішка Скарыны, Андрэя Рымшы i іншыя паэтычныя спробы. Але ўсе гэтыя i яшчэ некаторыя творы былі першымі нясмелымі i неспрактыкаванымі крокамі па шляху да выпрацоўкі беларускіх вершаваных формаў i паэтычнага стылю. А тут з'явілася цэлая паэма, якую можна разглядаць як сур'ёзную спробу пераадолець разрыў паміж беларускай паэзіяй i іншымі, больш развітымі.
Пры знаёмстве з паэмай адразу ж узніклі пытанні: з якімі гістарычнымі падзеямі звязаны яе змест i хто яе аўтар?
Адказ на першае з ix дапамог знайсці сам Восіп Бадзянскі ў каментарыях (у якіх, праўда, не пазбег ён i некаторых памылак): «Падзея ... здаецца, адносіцца да пасольства Жыгімонта Аўгуста III (на самай справе польскага караля звалі Жыгімонт III Ваза, затое ж у Рэчы Паспалітай раней быў кароль Жыгімонт II Аўгуст, пры якім заключана Люблінская унія. Аналагічную памылку дапускаюць i некаторыя нашы сучасныя даследчыкі.- У. К.) да Барыса Фёдаравіча, цара рускага, для заключэння перамір'я... Перамір'е адбылося (па адных на 20, а па іншых на 22 гады)... Дарэчы, прыём паслу ЛІтоўскаму, славутаму Льву Сапегу, аказаны быў не адразу пасля яго прыезду; ён павінен быў чакаць таго цэлых паўтара месяца, таму што Барыс занямог моцна нагою».
Восіп Бадзянскі ўспрымае ўсю гутарку рускага баярына i прадстаўніка літоўскага пасольства як факт гістарычны і таму спрабуе адказаць на пытанне, хто такі быў Ігнат. Думаецца, аднак, што Ігнат і Іван - асобы фіктыўныя, умоўныя героі, створаныя па закона мастацкай літаратуры. Хоць, вядома, у іx маглі быць нейкія рэальныя прататыпы.
Пачаліся пошукі звестак пра тыя перагаворы. Але ix у беларускіх сучасных крыніцах зусім не аказалася. Між тым яшчэ «Баркулабаўская хроніка» адгукнулася на тыя падзеі: «Року 1600, месеца септеврйа 18, в че(тверто)к пан Ян Варшавскйй (Станіслаў Варшыцкі.- У. К.), также его м(й)л(ость) пан Лев Сапега, канцлер лйтовскйй, староста могйлевскйй, на Москву до царя восточного князя Васйлйя (павінна быць: Борйса.- У. К.) Годунова посламй ходйлй й з нймй княжат, панов зацных множество. й мешкалй на Москве недель 20. Тамо ж прйнялй прймйре на год 20».
Давялося звярнуцца да рускіх крыніц. У манаграфіі Руслана Скрыннікава «Барыс Гадуноў» (серыя «Жйзнь замечательных людей») неяк мімаходзь робіцца спасылка на візіт у Маскву нейкай польскай дэлегацыі: «Адзін з членаў польскага пасольства, які склаў рыфмаванае апісанне падарожжа да Масквы, зазначыў, што ўладам не ўдалося схаваць перад усімі хваробы цара». «Польскія паслы, якія знаходзіліся ў Маскве, сцвярджалі, што ў Гадунова вялікая колькасць непрыхільных яму падданых». I яшчэ: «У 1601 годзе Расія заключыла дваццацігадовы мір з Рэччу Паспалітай». Прытым гэтае апошняе паведамленне не звязваецца з папярэднімі. А між тым пагадненне было заключена дэлегацыяй, якую ўзначальваў Леў Сапега i пра якую раней выпадкова ішла гаворка.
Мабыць, найбольш падрабязна пра тыя перагаворы апавядаецца ў манаграфіі Б. Флоры пра руска-польскія ўзаемаадносіны таго перыяду, апублікаванай у Маскве ў 1978 г. (Флоря Б. Н. «Русско-польскйе отношенйя й полйтйческое развйтйе Восточной Европы во второй половйне XVI - начале XVI I в.»).
На перагаворы ў Маскве ў свой час адгукнуўся А. К. Талстой у сваёй трагедыі «Царь Борйс». Сцэна прыёму Барысам Гадуновым Льва Сапегі заслугоўвае таго, каб яе прывесці цалкам, бо яна дастаткова выразна перадае атмасферу перагавораў i ў нейкай ступені дапамагае зразумець змест паэмы Гальяша Пельгріымоўскага. Рускі паэт, імкнучыся быць аб'ектыўным, не хавае вялікадзяржаўнай фанабэрыі цара. Барыс Гадуноў у адносінах да пасла магутнай суседняй дзяржавы i ў гутарцы з ім дазваляе сабе напышлівыя інтанацыі, недастаткова паважлівыя i не выказвае жадання весці сур'ёзныя перагаворы дасягаць кампрамісу, лічыцца з чужымі інтарэсамі. Іменна такая палітыка заўсёды вядзе да вайны.
Прачытаем трагедыю:
САПЕГА
Великий царь,
Твои брат, король на Польше,
Король на Свее и великий князь
Земли Литовской, Третий Жигимонт,
Прислал тебе со мною, Львом Сапегой,
Его короны канцлером, поклон
И гратуляцию на царстве Наше
К концу приходит скоро перемирье,
Но Жигимонт и мы, паны, хотим
Уже забыть вражду с Москвою. То
Король Батур с царем Иваном дрались -
На души ж их пускаи тот ляжет спор
Ты ж новую вминаешь династию,
И твоему величеству не нужно
Лигитиум тот старыи пильновать.
Коль Жигимонта свеиским королем
Признаешь ты и титул обещаешь
Ему давать, которыи у него
Его ж правитель, Карлус, отымает,
Эстонию ж землеи признаешь польскои -
То мы тебе Ливонию уступим
И грамоту согласны подписать
На вечныи мир с Москвою
БОРИС
Пан Сапега
Ты шесть недель в Москве, кажися, ждал.
Пока тебе перед собои явиться
Дозволил я. Ты времени довольно
Имел узнать воиска и силы наши.
Сдается мне, мир будет Жигимонту
Нужнеи, чем нам. Ливонская земля
С Эстониеи есть вотчина Руси
От Ярослава Первого, от сына
Владимира Святого. Род мой нов,
Но я с державои русскою приял
Права ее древнеиших государей.
Доколе жив, не уступлю из них
Ни одного. Я Жигимонта свеиским
Не признаю владыкои.
Герцог Карлус Владеет Свееи.
Титулов пустых
Я не даю.
САПЕГА
Тогда, велики царь,
Осталось мне, всев на коня, до дому
Скакать без мира?
БОРИС
Доброго пути
САПЕГА
Но, царь великии, я ж не за воиною -
За миром прислан я
БОРИС
Из уваженья
Ко брату Жигимонту, перемирье
Я вам продлю. В моеи Боярскои думе
Ты можешь мои услышать уговор.
Цікавыя звесткі пра тыя падзеі аказаліся i у польскіх крыніцах. У 1846 г. (тады ж, калі з'явіўся ў свет даклад Восіпа Бадзянскага - вось якія бываюць супадзенніі) быў апублікаваны дыярыуш пасольства, выяўлены ў пераплёце нейкай кнігі: «Пасольства Льва Сапегі ў годзе 1600 у Маскву паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага, Уладзіславам Трамбіцкім апісанае» (на польскай мове). Паступова начала разблытвацца загадка самой гістарычнай падзеі, якая паслужыла асновай для ўзнікнення паэмы «Гутарка'ў Маскве» (так можна назваць твор для зручнасці).
Гісторыя пасольства ў Маскву трапіла на старонкі рускага друку ў 1850 г., калі П. М. Шпілеўскі ў «Журнале Мйнйстерства Народного Просвещенйя»
(№ 12) апублікаваў артыкул «Опйсанйе посольства Льва Сапегй в Москву в 1600 году». Ен, па сутнасці, пераклаў на рускую мову (месцамі пераказаў публікацыю У. Трамбіцкага, нідзе, аднак, не называючы яе.
У дыярыушы ёсць беларускія тэксты (выступленні Льва Сапегі i Гальяша Пельгрымоўскага ў прысутнасці цара, праект дагавору паміж Рэччу Паспалітай i Маскоўскай Руссю, доўгі пералік падарункаў цару i ягонаму сыну ад кіраўнікоў дэлегацыі). П. М. Шпілеўскі часткова пераклаў ix на рускую мову, а асноўную частку перапісаў рускім алфавітам (у дыярыушы яны запісаны лацінкай), дапусціўшы пры гэтым розныя праўкі i скажэнні.
Гэтыя тэксты ў ix арыгінальным выглядзе пасля 1846 г. нідзе не друкаваліся, i таму ёсць сэнс пазнаёміць нашага чытача хаця б з прамовай Пельгрымоўскага i праектам дагавору. Яны пісаны лацінкаю, i пры ix транслітэрацыі аказаліся непазбежнымі некаторыя недакладнасці, якія датычаць перш за ўсё фанетычных асаблівасцей мовы i тлумачацца абмежаванымі магчымасцямі перадачы некаторых формаў. Уся лексіка захавалася ў нязменным выглядзе, у тым ліку i там, дзе ў напісанні аднаго i таго ж слова сустракаюцца адрозненні. Пры расшыфроўцы скарачэнняў ужываюцца тагачасныя моўныя формы. Галосны гук «е» ў польскай мове вымаўляецца як беларускі «э». З улікам гэтага замест лацінскага «е» мы ўсюды пісалі «э», а там, дзе зычныя перад галоснымі змякчаюцца літарай «і», гучанне ix перадаецца ў сучаснай транскрыпцыі: «mienie» - «мене». У многіх выпадках у тэксце замест «і» ўжываецца «у» (ы, ігрэк). Аўтарскае «у» заменена намі літарай «й».
Прамова Гальяша Пельгрымоўскага была кароткай:
«Найас(нвйшы) й В(елікі) Господар Зйгмунт III Божэю мілосьцю Король Польскі, В(елікі) Князь Літовскі й іннйх, Тобе В(елікі) Господару й В(елікі) Князю Борйсу Федоровічу всея Русі росказал мовіці, іж о том соэдйнэню й вечной прйязьні вжо пэрэдтйм межй Продкамі нашймі Королямі Польскімі й В(елікімі) Князямі Московскімі замовляць й договор чйніць почато. Тогдй мй за радою й прозбою Панов Рад нашйх Коронй Польское й В(елікого) К(няства) Літов(ского) шлем до Цебе Послов нашйх Велікіх Ясне Вельможного Пана Льва Івановіча Сапегу Канцлежа В(елікого) К(няства) Л(ітовского) Старосту Слонімского, Пэрнавского й Могілевского, Дзержавцу Рэтовского й Блудненьского, а Вельм(ожного) П(ана) Станіслава Варшыцкого Каштэляна Варшавского, Старосту Кобрйньского й Осецкого, й мене Гэльяша Пельгрймовского Пісара В(елікого) К(няства) Л(ітовского) Леснічого Юрборского, давшй ім моц зупэлною й науку достатэчную о тйх рэчах мовіці, договор чйніць й становіць, штобй ку вечному покою й доброй статэчной прйязьні межй намі а Тобою й межй паньствй нашймі належало. А што кольвек оні с Тобою намовят й постановят й попрйсягнут, то Мй прйсягою нашою ствердзіць й дэржаць хочэм й потомкове нашй будуць».
Вялікае месца ў дыярыушы займае «Рэестр Подарков». Ён, бясспрэчна, каштоўны i для даследчыкаў гісторыі, матэрыяльнай культуры, i для лінгвістаў. Але яшчэ больш каштоўны праект дагавору, які раскрывае не проста нейкія абстрактныя меркаванні, пажаданні, погляды, але i палітычную мудрасць нашых продкаў i перш за ўсё славутага Льва Сапегі. Во хоць ён i дзейнічаў ад імя Жыгімонта III, але меў дастатковыя паўнамоцтвы самастойна выршаць усе справы i ў сваёй дзейнасці кіраваўся інтарэсамі Вялікага Княства Літоўскага. Кіруючыся дзяржаўнымі інтарэсамі, а не ўласнымі амбіцыямі, ён цярпліва пераносіў выхадкі Барыса Гадунова, які на працягу многіх тыдняў не прымаў дэлегацыю i не пачынаў весці перагаворы, падкрэсліваючы гэтым самым сваю непавагу не толькі да паслоў Рэчы Паспалітай i Вялікага Княства Літоўскага, але i да аб'яднанай дзяржавы.
Найбольш поўнае ўяўленне аб змесце i вартасцях праекта дагавору можа даць толькі яго тэкст:
«Способи вечнэго покою и доконьчане шчирое Братэрское ІхМ(іло)сьці о соединэню межи ІхМ(ілось)цямі Велікімі Господари Наиас(неишым) Зигмунтом Трэтім Божіу мілосцю Королем Польскім и Велікім Князем Літовскім и по нем будушчимі Королямі Польскімі и Велікімі Князямі Літовскімі, а межи ім Велікім Господарэм и В(елікім) Князем Божіу мілосцю Борисом Федоровічом всея Русі, Володімерскім, Московскім и інних, и межи Велікімі Господарстви ІхМ(ілос)ці:
1. Аби Наиас(неишы) и В(елікі) Господар Зигмунт Трэті божіу мілосьцю Король Польскі и В(елікі) Князь Літовскі и інних и по нем будучие Королі Польскіе и В(елікіе) Князі ЛІтовскіе з Божое мілосьці з В(елікім) Господарэм и В(елікім) Князем Борисэм Федоровічом всея Русі и по нем будучимі Велікімі Господарамі и Велікімі Князямі всея Русі завсегди билі з собою в любові и в згодзе и статэчнои вечнои приязні; потомуж ПП (панове.- У. К.) Ради и всі інниэ стани Духовние и Свецкіе Корони Польское и В. К. Л. и інних з Бояры Думнэмі и зовсімі Стани Духовнимі и Свецкімі Велікого Господарства и Велікого Князства Влодимірского, Московского и інних в згодзе и в вечнои нероздзельнои мілосьці Братэрскои билі яко людзі одное вери хрэсцяньское, одного езыка и народу словеньского.
II. Ктоби бил неприятэлем Велікому Г(ос)п(о)дару Королю Польскому и В. К. Літ. тэпэрэшнему и потэм будушчим такжэ в Короне Польскои и В. К. Літ. Рускому, Прускому, Інфлянтскому и інних, того мает мети за неприяцеля Сам Велікі Гспдар и В. Князь Борис Федоровіч и понем будучие Гспдари Велікіе Князі всея Русі, такжэ и всі Гопдарства ІхМці. А хто билби непріяцелем Велікому Геидару и В. К. Борису Федоровічу и понем будучим В. Гспдаром и В. К. всея Ryci и Велікім Гспдарством ІхМці, того мает меці за неприяцеля Сам Наиаснеиши и В. Гспдар Зигмонт Король и В. К. и понем будучие ІхМці Королі Польскіе и В. К. Літов., такжэ Корона Польскоя и В. К. Літовское, Руское, Пруское, Жамоиское, Ліфлянтское и інних.
III. Змовы, Пэрэміриа, соединэня с постороннимі народи так Наиаснеиши Король i В. К. ІМсьць Гспдар наш и понем будучие Королі Польск. i В. К. Літовскіе и Паньства ІхМці, яко тэж и В. Гспдар и В. К. Володимірскі, Московскі и інних цеперэшніе и потом будучие Велікіе Гспдари и В. К. Володимірскіе, Московскіе и інних, одзін ку шкодзе другого жадних чиніці и становіці немаюць, але сен спольне о том первеи з собою порозумевши и нарадзівши. А есьліби и становеня и шкодлівие которои стороне билі, тогди таковие аби небилі ніскім дзержани и овшэм скасовани и в нівшто обернени.
IV. Коліби сен котори Сусед альбо неприяцель постронни на которогобикольвек с тих Велікіх Господарэи и Господарств ix повстал и торгнол, тогди одзін другого за ознаименем шчижэ и жичліве верне бэз хитросьці ратоваць маець и повінен будэць, подлуг набольших сіл и пжэможэня своего.
V. Есьліби што спольнимі сіламі з рук которочкольвек посторонного неприяцеля одискалі, тогди то дочого би здавна права Корона Польская и В. К. Літ, земля Руская, Пруская, Жомоимская, Ліфлянтская и інние мелі, то при Короне Польскои и В. К. Літ. зоставаці маець. А чтоби тэж здавна Гопдарством Володимірскому, Московскому и інних належало, то при тих Гспдарствах Володимірском, Московском и інних зостаці маець.
VI. Есьліби которого Гспдарства, Королества землі якое спольнимі сіламі набилі: то спольне дзержаці або по половіци межи себе роздзеліці маюць.
VII. Людзём народу Польского, Літ. Рус. Прус. Жомоиского, Ліфл. и інних всім подданим Наиасн. Короля Е(го) М(ілос)ці и В. К. Л. жэбы вольно било ездзіць до В. Геидара и В. К. Бориса Федоровіча и до Гопдарэи по нем будучих и до Гопдарств ІхМці в службе на дворэ, у воисках и в землях В. Геидара служыць и виежджаці назад добровольно. Таковож и людзём народу Руского, Володимірского, Московского и інних всіх Гспдарств, жэбы вольно било ездіт до Наиасн. и В. Геидара Короля и В. К. Зигмунта трэтэго и понем будучих Гопдарэи и до Паньств ІхМці в службу на дворэ и у воисках и в Паньетвах ЕКМці служиць и виежджаць назад добровольно.
VIII. Людзём Короля ЕМцІ и В. К. зовеіх Паньств аби било вольно в Землях и Гспдарствах В. Геидара и В. К. Всея Русі жэніті сен, крэвніті сен, приязьні братэрства з людзьмі ЕМці набываць - Потомуж людзём народу Руского, Володимірекого, Московского и інних в Паньетвах ЕК(оролевскои) Мці жэби вольно било ожэніти сен, крэвніти сен, приязьні, братэрства з людзьмі ЕК Мці набьіваць.
IX. Аби людзём ЕКМ Геидара нашого вольно било маентносьці, помэстоія в Гопдарствах Руском, Володимірском, Московском i інних вислуговаті, куповаті, по жонах и інним вшэлякім способом слушним набываці, з маентноецямі своімі виноеіці сен и там оседаті, мешкаті и оних маентностэи слушне набитих под такою вольносцю и правом, под якімі тая маентносьць лежаті будэт, спокоіне уживаті бэз вшэлякое пэрэкази. Потомуж людзём Гспдара Володим. Москов. и інних аби вольно било в Паньствах Короля Е. Мці Коронних и В. К. Літ. и інних, маентносці, помэсця выслуховаці, куповаці и по жонах и вшэлякім іншим способом слушним набиваті, з маентносцямі своімі виносіті сен и там осядаті, мешкаті и інних маентносці слушне набиць под такоюж вольносцю i правом, под якімі тая маентносц лежат будэт, непорушно дэржачи уживаті бэз вшэлякое пэрэкази.
X. Аби тэж вольно било людзём народу Польского, Літ. Рус. Прус. Ліфлянтского и інних слаці дзеці своі в службу або на цвічэне в науку до Господарств Рускіх, Володимірскіх, Московскіх и інних. Потомуж людзём народу Володимірского, Московского и інних аби вольно било слаці дзеці своі в службу альбо на цвічэне в науку до Паньств Короны Польское и В. Кн. Л. Рус. Прус. Ліфл. и інних, гдэ сэ кому подобает, и назад ім добровольно одежджаті бэз вшэлякое пакості и трудності зо всякою маентносцю.
XI. А яко людзём Велікіх Гспдарств и Всея Русі Володимірское, Московскім и інних которие на службу альбо для наукі до Корони Польское и В. К. Л. Рус. Прус. Ліфл. и інних приежджаті будуць, вольно будэт дэржаті веру Рускую, и тим Москвічом которие в Короне Польскои и В. К. Л. Рус. Прус. Ліфлянтскім и інних набудуць оселості, помэстія з вислугі або іншим якім способом, вольно будэт каждому в своем поместіу Цэркві Рускіе ставіці, надаваці и повольно веру свою дэржаці; - так тэж потому людзём Короны Польское и В. К. Л. Рус. Прус. Ліфл. Жомоиского и інних, которие на службе альбо для наукі до Гспдарств всея Русі Володим. Московского и інних приежджаті будуць, вольно, будэт дэржаті веру Католіцкую Рымскую и тим людзём которие приехавши з Корони Польское и В. К. Л. и інних, набудуць в
Гспдарствах всея Русі Володим. Москов. и інних поместія, оселості з выслугі альбо іншим якім пристоиним обичаем, вольно будэт каждому в своем поместіу Цэркві вери Римское ставіти, надаваті и повольно вери свое уживаті.
XII. А іж в Короне Польс. и в В. К. Л. и інних многіх, а мало неувездзе вовсіх местах суць нетолько Цэркві лацінскіе Рімскіе, але тэж и Цэркві Рускіе Грэчэского закону, жэ и Римляне до ЦэрквГ Римскіх и Русь до Цэркві Грэцкіх ходзят по волі своеи и набожэньства кожди своего уживает: слушна рэч аби тэж ЕМ. В. Геидар и В. Князь Борис Федоровіч всея Русі так в столэчном гродзе своім Москве, яко и по інших местах для людэи которие в службу на Двор и у воиску ЕМці приежджаті будуць, и для Послов Велікіх Господарэи Хрэсьціанскіх которие нетолько од Короля ЕМці Польского и В. К. Л. але и од інших многіх Велікіх Господарэи Хрэсьціанскіх у его Гспдарскеи Мці часто бивают, как тэж для купцов которих в Гспдарствах ЕМці з цудзих Паньств каждого часу много ест, Цэркві лацінскіе Римского закону побудоваці розказал: якоби людзі нетолько за доброго здоровя Пану Богу служиці, але тэж и часу оста.тнее годині смерці своее, на которих Пан Бог тут смерт допусціт, з грэхов своіх пэрэд прэзвітэрамі вери свое П. Богу справяті сен, о душах своіх печоловаті сен, а по смерті и погрэби тэл змерлих водлуг закону вери своее хрэсьцянское меті моглі, и притих Цэрквях аби Геидар ЕМ. школи а по нашому Collegia фундоваті и надаті рачил, гдиж то з велікою и несмертэльною славою самого Господара ЕМці и потомства Его Гспдарское Мці вовсіх народах будэт.
XIII. Купецтва, Торговлі, людзі купци всякіе зовсіх Господарств вольно и бэзпечне одправоваці маюць; а в местах, мястэчках гдэ би сен відэло в Паньствах зобопольних месца и пристані до одправованя торговлі способние, слушние обрати, и постановіти, порадок в том потрэбни учиніт. Стерши особни для догледаня порадков купецкіх постановіці жэби яко людзём Польскім, Літ. Рус. Жомоискім, Інфлянтскім и інних Гспдарствах Володимірскіх, Московскіх и далеи до Козульбаши Орд, гдэби сен ім подобало, торговалi, провадзіць добровольно, продаваці и інших товаров набиваці и з німі добровольно назад сен зврацаці. Потомуж людзём купцом Гспдарств зем. Рускіх Володим. Московскіх i інних до Паньств Польскіх В. К. ЛІТ. Рус. Прус. Жомоитского, Ліфлянт. И далеи до Немец, до Влох, до Англіиі, до Франциі, до Ішпаніи, до Турэк, до Волох, до Угров и гдэ би сен ім відэло, а назад до зэмлі свое вольное зворочане. А мито на людзех купецкіх постарине брано биці мзець бэз прибавкі.
XIV. Бегунцов, Тацёв, Розбоиніков, запалячов, виволанцов и вшэлякіх шкодніков коториеби провінівши а уходзечи караня, до Гспдарств тих соединених убегалі, такових на обе стороне бэз одволакі видаваці.
XV. А іш ЕКМ. ховае завжди воиско немалое на граніци Подольскои жолнеров за пенензі, которие на то само з доходов ЕКМ назначони суць, и немаш іншого только оборочани биваюць для оброни од Татар Поганцов - слушна рэч ест аби В. Гспдар всея Русі Володим. Московскіе и інних такжэ воиска яко завжди на граніцах од Татар мелі, доходи якіе на том одставілі, іж есьліби колі Поганци в которие Паньство вторгнулі, аби тэ воиска КЕМ. Польского i В. К. Літ., такжэ В. Гспадара i В. Князя всея Pyci з собою злучилі сен и зодного проців Татаров стоялі, однако бэрэгучи обу Гспдарств.
XVI. Стараці сен тэж спольне маюць Король ЕМ. Польскі и В. К. Літ. и В. Гспдар и В. Князь всея Pyci аби спольним коштом и накладом мелі Армату, кораблі воінскіе и людзі воинске на мору Літовском и на мору Веліком (на Чорным.- У. К.), штобы Гспдарств своіх граніци што надалеи розшэрати и прикавіт моглі.
XVII. Минца (грошы.- У. К.) во всех Гспдарствах Обеюх Гспдарэи маець биці однакова, одное цэни, одное вагі.
XVIII. Для досконалого соединэня тих славних Гспдарств и освядчэня прэд ВСІМ светом маюць биці двоістие Корони уробление, коториеби значилі двох Гспдарств i Геидаров ix нероздзельносьць, вечносьць, Соединэне. Одна Корона в Подьшчэ которая маець биці кладзена чэрэз Посла Велікого Геидара и В. К. Володимірского, Москов. и інних на голову Наиаснеишого Короля ЕМці Польского и В. К. Л. а другая Корона в Москве которая маець биці кладзена чэрэз посла Короля ЕМці Польского и В. К. Л. на голову Геидара ЕМці и В. К. Володимірского, Московского и інних.
XIX. А іш Королі, Гспдари, Монархі так яко и всі іншие людзі смерці подлеглимі суць, тогди гдэби сен ЕМ. Король Польскі и В. К. Л. (што рач Г(о)сп(о)ди яко надалеи оддаліць) з сего света прэставіл сен, маюць Панове Ради Польское и В. К. Л1т. о смерці Геидара своего ознаиміць Велікому Геидару Рускому Волод. Московскому и о обераню нового Геидара знемі сен порозумети и нарадзіті, незагорожаючи приступу Синові Короля ЕМці - жэби его народ Польскі и Літовекі и іншие дотого належачие за Короля и Геидара вольнимі голоси обраць хцелі. На которую Электію (выбары караля.- У. К.) ку обераню Короля Е. Мці и В. К. Л. од Станов Короны Польское и В. К. Л. зложоную, маюць тэж Поели свое поелаць Велікі Гспдар и В. К. Володимір. Москов. и інних, с которимі Поели Стани Корони Польское и В. К. Л. и інних в обераню Геидара зноеіти сен и порозумевати сен мают, неубліжаючи нівчом вольное Электіі, которую здавна до сего часу Корона Польская и В. К. Літ. уживалі, которую собе и в перод непорушне в цалоеьці заховуюць. А Король и В. Князь ново од Панов Коронних и В. К. Літ. заразом тотжэ звёнзэк, еоединэне, вечную пжиязьнь и докончэне межи Гспдарстви прэрэчонэмі постановленое поприсягнуць маець и моцно ненарушэне дзержаці повінен будзець.
XX. Пжи Коронациі Короля Польского и В. К. Л. маець биваць Посэл Геидара i В. К. Волод. Московского и інних, i повложэню Корони Польское чэрэз Арци Біскупа на голову Короля Польского, маець тэж Посэл Геидара ЕМці Володим. Москов. и інних класьць другую корону особно на то уробленную.
XXI. Есьліби Сина КЕМ. и В. Короля Гспдара нашого (чого Божэ уховаи) в живоце не стало, тогди незагорожаюць собе Стани Корони Польское и В. К. Л. обраць за Пана Гспдара Володимірского, Москов. и інних, которі поприсягнувши права и вольносці народом Корони Польское и В. К. Л. и оставши Гспдарэм добровольне обрамим, пануючи двема Гспдарствам так славним, широким и велькім, маець два годи в Польшчэ и в Літве для одправованя Справ Польскіх и Літовскіх, а год в Москве для одправованя Справ Московскіх способом такім які згодне постановён и намовлён будэт.
XXII. Есьліби (што Божэ яко надолжэи оддаліць рач) Геидар ЕМсьць Волод. Моековскі и інних вперод змер а Сина Велікім Гспдарэм и В. К. по собе зоставіл, тогди Син ЕМці тое Соединэне вечное поприсягнуці и дзержаці непорушоно маець. Ведзэ на поднесене Его на тие Господарства маець за ознаименем Король ЕМці и В. К. Геидар наш послаць Поели свое, пэрэд которимі Геидар ЕМ. Волод. Московекі и інних тое соединэне межи народи тэмі постановленое поприсягнуці и моцно дзержаці маець и повінен будэт.
XXIII. При Коронованю або прднесеню Геидара на тие Гепдарства Волод. Московское и інних, маець Посэл Короля ЕМці и В. Гспдара нашого класьць на голову Гепдарскую Корону на то умиельне уробленую.
XXIV. Есьліби (чэго Пане Божэ рач уховаць) по Геидару и Велікому Князю Володимірскому, Москов. и інних Сина незостало, тогди Король ЕМ. Польекі и В. Князь Л. Рускі, Пруекі, Ліфлянтекі и інних маець биць Господаром Володимірскім, Моековскім и інних».
Так выглядае праект дагавору, прапанаванага пасольствам Льва Сапегі. Яго гістарычнае значэнне можна ацаніць належным чынам толькі з улікам іншых праектаў, якія неаднаразова распрацоўваліся i абмяркоўваліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў XVI ст. Аднак, як бы там ні было, ён быў накіраваны на збліжэнне дзяржаў, на пераадоленне той варожаеці, у выніку якой пралівалаея шмат крыві, бязлітаена нішчыўся набытак працы цэлых пакаленняў. Ваявалі паны, а лбы трашчалі ў мужыкоў - з аднаго i з другога боку.
Гальяш Пельгрымоўскі яшчэ раз апісаў тое падарожжа ў Маекву, але ужо Ў вершаванай форме, у 1603 годзе, перад еамай емерцю. Гэты вершаваны варыянт напісаны на польскай мове, але ёець там i руска-беларускія фразы. Твор даследаваўся польскім вучоным Аляксандрам Брукнерам, які ў працы «Крыніцы для гіеторыі літаратуры i аеветы польскай» (часопіс «Biblioteka Warszawska» - «Бібліятэка Варшаўская», 1897, с. 88) адзначыў: «У пераказе п. Пісара (Пельгрымоўскага. - У. К.) выступае больш шырока яшчэ адна мова, руская, бо словы баяраў i адказы канцлера неаднаразова прыводзяцца ў арыгінальным гучанні цалкам па-руеку; часцей на мове мешанай, руска-польскай; як правіла, па-польску з дабаўленнем нейкага рускага выразу. Руекія словы вымаўляе i піша Пельгрымоўскі на беларускі манер, а іменна праз «h» замест «g» (Hodunow, pryhozo) ..., «сі», «dźi» замеет «ti», «di» (...), з цвёрдым «г»:
Леч бацюшко ісьценным кшэсьціянскім царэм ...
Велел Думным Бояром знову з вамі мувіць,
I што к дзелу прыгожо, з вамі постановіць.
Вы в одветну палату з бояры поидзіце
I штоб было к доброму меж себе наидзіце.
Можна яшчэ прывесці некаторыя прыклады. Так, баярын Сцяпан Гадуноу заяуляе:
Господар цьці пытаець, іншого не ішчэць;
Што погрэхом не стало, нехаи то Бог зішчэць.
I любві, не пожытку, в том есмо смотрэлі...
...Чаім, што то королю своему скажэце.
Іншы ўдзельнік гутаркі, Салтыкоў, гаворыць:
Вера така ведзець со, послове менуюць,
А нашы завершаюць, дзержаць обецуюць.
Беларускія тут не толькі пералічаныя ў працы Брукнера асаблівасці, але i канчаткі дзеясловаў у трэцяй асобе адзіночнага i множнага ліку (пытаець, ішчэць, обецуюць, завершаюць i інш.). Можна лічыць беларускімі i такія формы, як «што», «іншого» (напісанае праз «h», а не «g»).
Гэты паэтычны дыярыуш напярэдадні першай сусветнай вайны, як сведчыць Брукнер, захоўваўся ў Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. «Polski Słownik Biograficzny» падае, што ў час другой сусветнай ваййы ён згарэў разам з іншымі матэрыяламі Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве. Збераглося толькі тое, што паспеў апублікаваць Брукнер у «Бібліятэцы Варшаўскай» у 1897 г. (Некаторыя польскія крыніцы памылкова называюць 1896 г.).
«Гутарка ў Маскве» - гэта не новы варыянт рэпартажу, а мастацкі твор, напісаны на аснове тых падзей. Значэнне паасобных звестак у паэме становіцца зразумелым толькі ў святле дыярыушаў, што якраз дае падставу лічыць ix творамі аднаго i таго ж аўтара. У гэтых помніках ёсць i агульныя рысы, ёсць i істотныя адрозненні. У той час, калі дыярыушы ў нейкай меры храналагічны летапіс падзей - падарожжа, сустрэч дзяржаўных дзеячоў, перагавораў, дыспутаў, спрэчак, назіранняў i г. д., - то «Гутарка ў Маскве», як мастацкі твор, раскрывае ўражанні, а заадно - сістэму поглядаў не кіраўнікоў, не тых, хто меў права вырашаць усе справы, а звычайных прадстаўнікоў двух бакоў. Сама гутарка вядзецца па пытаннях агульных i прыватных, звязаных i не звязаных з той дыпламатычнай місіяй, пра якую чытач канкрэтна нічога не даведваецца.
Цікавы сам спосаб вядзення дыялога, калі ўдзельнікі пачынаюць здалёк, з разведкі, як быццам выклікаючы адзін аднаго на шчырыя выказванні. Калі паляк (палякам ён называецца ў аўтарскім тэксце, хоць быў ён прадстаўніком двара літоўскага пасла i меў праваслаўнае ці проста беларускае імя Іван) паставіў пытанне занадта непасрэдна: «Давноль тута чы долго да што работает?» - то асцярожны Ігнат адразу ж яго прытрымаў: «Не можно тобе ведат о всім, што пытаеш». I калі Іван зноў неўзабаве паспрабаваў выказацца занадта непасрэдна, але i не зусім выразна, баярын яго папярэдзіў: «Не знаю, што говорыш, мов ты по-нашому».
Ігнат як сапраўдны дыпламат вынаходлівы ў сваіх фармулёўках i адказах. На пытанне: «Здоровлі ваш Господар чыль пак ешчэ болен?» - Ігнат дае адказ з багатым падтэкстам: «Дай Господ бы здоров был, я су в том не волен». Як вядома з дыярыушаў Пельгрымоўскага i з намёкаў у тэксце «Гутаркі ў Маскве», перагаворы паміж дэлегацыямі зацягваліся з прычыны рэальнай ці ўяўнай хваробы цара. Асцярожны баярын, выказваючы пажаданне цару здароўя, адначасова паказвае, што сам ён ні ў чым не вінаваты i што тая хвароба ніяк не залежыць ад ягонай волі. I тут сабе разумей, як хочаш.
Паказальны характар разважанняў аб рэлігіі-свабодных, падчас з'едліва гумарыстычных. Для баярына існуе толькі адна рэлігійная праўда, адзін закон: хрысціцца так, як гэта робяць праваслаўныя, складваючы адпаведным чынам пальцы i пераносячы ix з правага на левы бок. Да таго ж ён ніяк не можа сабе ўявіць папа без барады: «Бо негодно без бород штоб попамі былі». Адказ літоўскага прадстаўніка (калі б для неба патрэбна была ўсяго толькі барада, то найбольш надзейна трапіў бы туды доўгабароды казёл) - гэта ўжо выяўленне светаадчування i светапогляду чалавека эпохі Рэнесансу. Рэлігія перастае быць чымсьці святым i недатыкальным, а гаворка пра тое, што казёл мог бы трапіць у рай, сама па сабе выяўляе свабоду абыходжання з царкоўнымі паняццямі. Аўтар паэмы Гальяш Пельгрымоўскі быў кальвіністам, i таму ён мог сабе дазволіць так пісаць.
«Гутарка ў Маскве» сведчыць пра тое, што прайшоў ужо час, калі на зямныя справы глядзелі толькі праз прызму свяшчэннага пісання i калі Біблія лічылася крыніцай усёй жыццёвай мудрасці. У самім творы спасылкі робяцца на нейкія вядомыя ўдзельнікам дыскусіі прыказкі, гісторыі, паняцці i нават на летапіс («Прочытай Лятопісцов», «Чуваллі Ігнат пословіцу колі омыліт лазня Пашка о Міколі» i інш.).
Героі ўсімі сваімі думкамі i разважаннямі адарваліся ад неба i спусціліся на грэшную зямлю з яе канкрэтнымі праблемамі - агульнадзяржаўнымі, палітычнымі ці проста чалавечымі. Секулярызацыя думкі, народжаная эпохай Рэнесансу, зрабіла цэлы пераварот у грамадскай свядомасці, у светаўспрыманні людзей. Вызначаныя ў паэме адносіны да рэлігіі - якасна новая з'ява, i яе цяжка было б сабе ўявіць нават у эпоху Францішка Скарыны або Сымона Буднага.
«Гутарка ў Маскве» - адзін з твораў, звязаных з цэлым этапам рускапольска-беларускіх палітычных i дыпламатычных узаемаадносін другой паловы XVI-пачатку XVII ст., калі перыяды перагавораў аб дзяржаўнай уніі або ўзвядзенні на польскі трон рускіх цароў ці наадварот (рабіліся прапановы аб абранні польскімі каралямі Івана IV або Фёдара Іванавіча) змяняліся перыядамі працяглых войнаў. Гэтыя падзеі выклікалі да жыцця адпаведную літаратурна-мастацкую i дзелавую пісьмовасць (мемуары, пасланні, праекты дагавораў, данясенні) на беларуска-рускай, польскай, лацінскай мовах.
Паэма Гальяша Пельгрымоўскага незвычайна багатая сваім зместам. Яна раскрывав грамадскую свядомасць найбольш адукаванай часткі, можна сказаць, - інтэлектуальнай эліты Вялікага Княства Літоўскага на рубяжы XVI i XVII стст. Твор ахапіў істотныя праблемы свядомасці чалавека: ягоныя адносіны да рэлігіі, уяўленні аб палітычнай сітуацыі ў тагачасным свеце, аб узаемаадносінах дзвюх магутных дзяржаў таго часу - Рэчы Паспалітай i Маскоўскай Русі, ix ролі ў свеце i нават пра тое, што мы сёння называем правамі чалавека. Прытым вельмі выразна - як быццам гэта пісалася ў нашы дніі - адасабляецца, калі нават не супрацьпастаўляецца ментальнасць баярына, пазбаўленага элементарнага права на ўласную думку, самастойнае меркаванне ва ўмовах неабмежаванай самадзяржаўнай сістэмы, i, з другога боку,- прадстаўніка таго грамадства, дзе чалавек мае права на свабоду думкі, на адкрытае выяўленне сваіх поглядаў.
Але каштоўнасць паэмы заключаецца не толькі ў гэтым. У ёй - тут ужо незалежна ад волі аўтара - адбіліся выразныя прыкметы моўнай эвалюцыі ці нават дэфармацыі, напрамак таго развіцця, якое прадвызначалася для нашай мовы пад уздзеяннем шматлікіх знешніх фактараў.
Пасля Францішка Скарыны прайшло менш чым стагоддзе. Зусім нядаўна, у 1588 г., з'явілася трэцяя рэдакцыя «Статута Вялікага Княства Літоўскага», які, маючы сілу закона, абавязваў у дзяржаўных установах карыстацца «рускай» мовай. Аднак i сам аўтар паэллы - пісар Вялікага Княства Літоўскага, - i ягоны герой, які знаходзіцца воляю лёсу ў Маскве, лічаць асноўнай для сябе мову польскую, хаця пакуль што аднолькава свабодна карыстаюцца i той, якую называюць «рускай». Беларуская мова яшчэ трымалася па інерцыі, але ўсё больш губляла перспектыву як мова грамадска-палітычнага жыцця, а ўслед за гэтым - як мова культуры i літаратуры.
Для адукаванай шляхты Вялікага Княства Літоўскага яна пакуль што яшчэ заставалася жывой, сваёй, але ў грамадскім жыцці ўсё больш моцныя пазіцыі заваёўвала польская. У часы Францішка Скарыны такога нават нельга было б сабе ўявіць.
Калі ў афіцыйных дакуллентах, адрасаваных рускаму цару, ягонаму сыну i баярам, Гальяш Пельгрымоўскі яшчэ карыстаўся сваёй традыцыйнай - дзяржаўнай у Вялікім Княстве Лтоўскім мовай, то ў сваіх успамінах, у мастацкім творы ён як быццам трапляе на раздарожжа. Інерцыя i стыхія той мовы, якую ён чуе ў сябе на радзіме ўсюды, яшчэ не дазваляе яму забывацца аб ёй. Але пасля таго, як у 1572 г. з днём смерці Жыгімонта II Аўгуста закончыла сваё існаванне дынастыя Ягелонаў, звязаная сваім паходжаннем, сваімі каранямі з Вялікім Княствам Літоўскім, а на троне аб'яднанай Рэчы Паспалітай засядалі то француз Генрык Вала, то трансільванец Сцяпан Батура, то швед Жыгімонт III Ваза, пры каралеўскім двары беларуская мова хутка губляла сваё колішняе значэнне.
У паэме аднолькава свабодна адчуваюць сябе абедзве мовы, але ўжо кірыліцу замяніла лацінка. I для аўтара прадстаўнік літоўскага пасольства Іван ужо з'яўляецца палякам.
Як бы там ні было, але «Гутарка ў Маскве» ўвасобіла ў сабе шматлікія праблемы пераломнай эпохі ў жыцці беларускага народа - той эпохі, калі Вялікае Княства Літоўскае начало ўсё больш арганічна ўрастаць - у межах адной дзяржавы - у чужародны палітычны i культурна-рэлігійны арганізм, паступова i незаўважна трацячы ўсведамленне сваёй адметнасці, а ўслед за гэтым - права на вырашэнне сваіх уласных дяржаўных, палітычных, культурных, рэлігійных справаў, словам - уласнага лёсу.
Як мастацкі дакумент эпохі «Гутарка ў Маскве» павінна заняць у гісторыі нашай культуры I літаратуры унікальнае месца. Яна ўзвышаецца над усім, што пакінуў нам пачатак XVII ст. у літаратурна-мастацкай творчасці.
Тэкст «Гутаркі ў Маскве» друкуецца паводле рукапісу № 34, аркушы 161-162 (кожны аркуш па дзве старонкі) з Бібліятэкі Рачынскіх у Познані. У нашай публікацыі не было магчымасці захаваць страфічную пабудову архіўнага тэксту. У рукапісе кожны радок складаецца, па сутнасці, з двух радкоў. I фактычна мы тут маем справу з 26-складовым вершам.
КАЗБЯРУК Уладзімір
[1] Цытаты з паэмы падаюцца ў празаічным падрадковым перакладзе аўтара артыкула