Папярэдняя старонка: Філалогія, гісторыя літаратуры

Пратэй, брат сатыра 


Аўтар: Кавалёў Сяргей,
Дадана: 31-05-2020,
Крыніца: Кавалёў Сяргей. Пратэй, брат сатыра // Спадчына. 1999. №2. С. 110-124.



У 1564 г. вядомы, але яшчэ не славуты паэт Ян Каханоўскі выдаў у Кракаве паэму «Сатыр, або Дзікі чалавек», заснаваўшы новы жанр у польскай літаратуры: жанр сатыравае паэмы. Вострую крытыку заганаў тагачаснага грамадзтва паэт уклаў у вусны міталягічнага бажка Сатыра, які з пракаветных часоў жыў самотна ў польскіх пушчах, але быў выгнаны адтуль неразумнаю гаспадарчаю дзейнасьцю чалавека. Ідэю ўвесьці ў паэму постаць Сатыра ў якасьці суровага судзьдзі-рэзанэра Я.Каханоўскі запазычыў, напэўна, у Вэргілія: у VI эклёзе рымскага паэта ёсьць вобраз Сылена-мараліста, блізкага крэўнага Сатыра. У сваю чаргу твор Я.Каханоўскага выклікаў шматлікія насьледаваньні сучасьнікаў i наступнікаў: адны аўтары дзеля выяўленьня сваіх палітычных, рэлігійных i сацыяльных поглядаў таксама выкарыстоўвалі вобраз Сатыра (ананімны «Падгорскі Сатыр», «Сатыр на аблічча Рэчы Паспалітай» Самуэля Твардоўскага, «Польскі Сатыр» Шымана Старавольскага), іншыя ўводзілі новага героя-прамоўцу, узятага з антычнай літаратуры альбо зь легендарнай гісторыі Полынчы (ананімны «СкатапасТыматас...», «Абуджаны Лех...» i «Харугва Вандаліна» Яна Юркоўскага).

Ян Каханоўскі.

Першае й найбольш плённае насьледаваньне «Сатыру...» Я.Каханоўскага паэма «Пратэй, або Пярэварацень», вьдадзеная ананімна, без пазнакі месца й часу выданьня. У 1890 г. У.Віслоцкі апублікаваў тэкст паэмы паводле знойдзенага ім у бібліятэцы Асалінскіх старадруку [1], паклаўшы пачатак вывучэньню аднаго з найзначнейшых твораў польскамоўнае паэзіі Беларусі эпохі Рэнэсансу. Польскі вучоны бязь цяжкасьцяў вызначыў, што «Пратэй...» выйшаў з друкарні Цыпрыяна Базыліка, якая дзейнічала ў 60-я гг. XVI ст. у Берасьці, i выказаў меркаваньне, што паэма выдадзеная ў тым самым годзе, што й «Сатыр...» Я. Каханоўскага.

Паэма «Пратэй...» напісаная трынаццаціскладовым сылябічным вершам, налічвае 1104 радкі (асноўны тэкст 976 радкоў). Напачатку кнігі вершаванае прысьвячэньне віленскаму ваяводу й берасьцейскаму старасту Мікалаю Радзівілу Чорнаму, якому аўтар ахвяруе паэму ў якасьці каляднага падарунку ды якога просіць узяць пад сваю ахову дзівака Пратэя, бо ў дзяржаве ня любяць тых, хто гаворыць праўду. Напрыканцы кнігі зьмешчаны верш Пятра Стаенскага «Да Пратэя», дзе паэт дакарае непаслухмянага героя, што той свавольна выйшаў з-пад ягонае апекі перад самымі маразамі, не чакаючы надыходу вясны. Кампазыцыя берасьцейскага выданьня «Пратэя...» відавочна ўзыходзіць да кампазыцыі «Сатыра...»: перад асноўным тэкстам паэмы Я.Каханоўскі зьмясьціў вершаваную прадмову да караля Жыгімонта Аўгуста, a скончыў вершаваным зваротам да свайго героя Сатыра. Праўда, у берасьцейскім выданьні ёсьць яшчэ «Заключэньне да польскіх паэтаў» i напрыканцы кнігі верш Ц.Базыліка «Да таго ж». У «Заключэньні...» аўтар дэманструе добрае веданьне тагачаснае польскае літаратуры, адзначае заслугі Мікалая Рэя, Анджэя Тшэцескага ды асабліва Яна Каханоўскага, якому складае ўзьнёслы панэгірык. Выдаўца паэмы Ц.Базылік выказвае спачуваньне Пратэю, які распачаў усьлед за сваім на­ставкам Сатырам новую вайну з заганамі грамадзтва.

Верш «Да Пратэя» выразна сьведчыць, што аўтар паэ­мы француз Пётр Статорыюс (Стаенскі), які перабраўся ў Польшчу з Жэнэвы ў 1556 г., пісаў спачатку на лаціне, апублікаваў некалькі рэлігійна-палемічных трактатаў, але неўзабаве авалодаў польскаю моваю ў такой ступені, што ўдзельнічаў у 1562-1563 гг. у перакладзе славутае Берасьцейскае Бібліі, a ў 1568 г. выдаў першую польскую граматыку. Напэўна, паляк Ц.Базылік, які ня толькі выдаваў чужыя паэтычныя творы, але й пісаў свае, быў рэдактарам «Пратэя...», фактычна суаўтарам П.Стаенскага. Іхнае супрацоўніцтва вытлумачвае неакрэсьленасьць канфэсійнае пазыцыі ў творы, рэдкае для таго часу імкненьне да аб'ектывізму ў рэлігійных пытаньнях i талеранцыі (кальвін Базылік «зьмякчаў» палемічныя акцэнты арыяніна Статорыюса, хоць паўплывала тут i арыентацыя на паэму каталіка Я.Каханоўскага). Такі погляд на праблему аўтарства «Пратэя...» найбольш слушны, але, паколькі П.Стаенскі й Ц.Базылік не пажадалі паставіць свае імёны на тытульнай старонцы твору й дакладна невядомая ступень удзелу кожнага зь ix у працы над тэкстам даводзіцца й надалей разглядаць «Пратэя...» як ананімную паэму. Нягледзячы на відавочныя заслугі п.Стаенскага перад польскаю культураю, многія вучоныя (А.Брыкнэр, Е.Старнаўскі, С.Кот) ня верылі, што з-пад пяра францускага эмігранта магла выйсьці такая вялікая паэма на польскай мове, таму шукалі іншых, больш верагодных, зь іхнага гледзішча, аўтараў (прапаноўваліся кандыдатуры Андрэя Воляна, Яна Парэмбнага, ЦыпI рыяна Базыліка). Дыскусія, якая доўжылася амаль цэлае стагодзьдзе, не прынесла, аднак, плёну: у найноўшых польскіх падручніках й навуковых працах паэма па-ранейшаму згадваецца як ананімная [2].

На жаль, дасьледаваньне «Пратэя...» у Польшчы зводзілася пераважна да высьвятленьня праблемы аўтарства. Толькі Ю.Новак-Длужэўскі ў 1962 г. разгледзеў нарэшце берасьцейскую паэму як непасрэдны вынік насьледаваньня «Сатыру...» Я.Каханоўскага [3], a ў 1966 г. як адлюстраваньне ў паэме канкрэтных палітычных падзеяў 60-х гг. XVI ст. (варшаўскага сойму 1563-1564 гг., барацьбы шлях­ты й караля з магнатамі й сьвятарствам за экзэкуцыю каронных правоў i інш.) [4]. У Беларусі адзіны артыкул пра па­эму «Пратэй...» апублікаваў у 1979 г. Я.Парэцкі, назваўшы яго ў адпаведнасьці з духам часу «Антырэлігійная сатыра Брэсцкага друкарскага двара ў XVI ст.» [5] Беларускі філёляг-лацініст слушна адзначыў падабенства поглядаў берасьцейскага аўтара да ідэяў вядомага гуманіста, рэфармацыйнага дзеяча Сымона Буднага (на блізкасьць рэлігійных i палітычных поглядаў аўтара «Пратэя...» да поглядаў М.Чаховіча, Л.Крышкоўскага, С.Буднага, а таксама А.Фрыча-Маджэўскага зьвяртаў увагу й польскі вучоны С.Кот [6]).

Як бачым, дасьледнікаў цікавілі найперш інтэртэкстуальныя сувязі «Пратэя...» (запазычаньні з паэмы Я.Каханоўскага, перагукі зь ідэямі С.Буднага й г.д.), у той час як па-за ўвагаю заставаліся мастацкія асаблівасьці паэмы, яе індывідуальная непаўторнасьць. Шукаючы мастацкую дамінанту, якая вызначае фэнатып твору, абумоўлівае ягонае адрозьненьне i ад «Сатыра...», i ад іншых паэтычных твораў XVI ст., трэба зьвярнуць увагу не на палітычныя, рэлігійныя й сацыяльныя ідэі аўтара, а на вобраз героя па­эмы Пратэя ды на раскрытую празь яго тэму ўзаемадачыненьняў паэта й грамадзтва.

Пратэй брат Сатыра, але не блізьнюк. Аўтар берасьцейскае паэмы шукаў постаць, якую б можна было, як i Сатыра, выкарыстаць у ролі крытыка й настаўніка грамад­зтва, i выбраў з грэцкае міталёгіі марскога бажка Пратэя, надзеленага дарам прадказваць будучыню. Вобраз Пратэя быў вядомы паэту, напэўна, з Гамэра: цар Мэнэлай, вяртаючыся з Троі, заўважыў крылатага цмока ў марскіх хвалях i запытаўся пра свой далейшы лес. Прарочы дар як найлепш пасаваў да ролі Пратэя ў задуманай паэме, але ў мар­скога бажка была яшчэ адна здольнасьць: мяняць абліччы, а хамэлеон мяняе афарбоўку. Каб даведацца пра сваю нешчасьлівую будучыню, Мэнэлаю давялося спачатку злавіць Пратэя й моцна трымаць, пакуль той бавіўся ператварэньнямі ў льва, зьмея, пантэру, дзіка, дрэва й ваду. Ці адпавядала та­кая ўласьцівасьць Пратэя канцэпцыі паэмы, ці не пярэчыла аўтарскай задуме? У паэта было два выйсьці: альбо прыхаваць заганную ўласьцівасьць свайго героя й акцэнтаваць увагу на ягоным прарочым дары, альбо абыграць зьменлівасьць Пратэя й зьвязаць яе зь ідэяй твора. Першыя ж радкі паэмы сьведчаць пра тое, што аўтар пайшоў менавіта другім шляхам:

Зьмену гэтага веку хачу вам паказаць,

Якую, мяркую, мушу добра ведаць,

Аб чым вам імя маё сьведчыць,

Бо ўсьлед за мянушкай ідуць норавы.(...)

Бачу, што горшая адбылася цяпер зьмена,

Якая за вашых продкаў была нечуваная,

Зь яе, як са студні, плывуць усе тыя няшчасьці,

Празь якія гінуць наймацнейшыя дзяржавы.

(в. 21-24, 29-32)

Прычынаю цяперашніх няшчасьцяў людзей ёсьць нядобрыя зьмены (у адзеньні, звычаях, веры й т.д.), i каму, як не Пратэю увасабленьню зьменлівасьці, заўважыць ix i пра ix распавесьці. Пярэварацень гэта адначасова судзьдзя, сьведка й віноўца бедаў шляхоцкага грамадзтва, ён выконвае ў паэме функцыі прамоўцы, апавядальніка й героя, прычым адмоўнага. Як бачым, берасьцейскі аўтар усклаў на Пратэя значна цяжэйшую задачу, чым Я.Каханоўскі на Сатыра: лягчэй крытыкаваць іншых, чым прызнавацца ва ўласных грахах. Разумее гэта й герой паэмы («Ведаю доб­ра, як цяжка нешта супраць сябе гаварыць...» в. 99), але адважна бярэцца распавядаць уласную гісторыю, перад тым як асуджаць норавы й звычаі сваіх слухачоў.

Аповед Пратэя прыўносіць у паэму сюжэтныя элемэнты, зь яго мы даведваемся пра легендарнае мінулае героя ў вобразе крылатага цмока й пра цяперашняе жыцьцё ў постаці шляхціча. Калісьці даўно Пратэй служыў марскому цару Нэптуну, але вымушаны быў пакінуць свой край, за­няты Магамэтам, i перабраўся ў Польшчу. Тут ён быў спачатку прыняты гасьцінна, але пры адной умове: калі пакіне бясконца зьмяняць абліччы, а выбера сабе каторае й застанецца ў ім назаўсёды. Шчырае, сумленнае жыцьцё не адпавядала наскрозь фальшывай натуры Пярэваратня, i ён доўгі час вымушаны быў хавацца ў пячорах пад Кракавам (згадка пра славутага кракаўскага цмока?), пакуль у Польшчы не насталі новыя часы й на зьмену цнатлівым i непадкупным продкам не прыйшлі разбэшчаныя пагоняю за золатам нашчадкі. Пратэй пакінуў сваё сховішча й стаў жыць сярод людзей як звычайны шляхціц, не мяняючы болей абліччаў, але штодзень мяняючы строі (польскія на нямецкія, нямецкія на італьянскія, італьянскія на вугорскія й г.д.), веравызнаньні (каталіцтва на лютэранства, лютэранства на кальвінства, кальвінства на арыянства), якасьці характару й паводзіны («Сёньня скнара да агіды, заўтра занадта шчодры...» в. 297; «Сёньня суседа абдымаю, заўтра зь ім за валасы...» -в. 301).

Паганскі бажок вельмі лёгка ператварыўся ў шляхціца-хрысьціяніна, бо яшчэ на службе ў Нэптуна ён паводзіў сябе як баязьлівы шляхціч, а ня як крылаты цмок:

Зьнікаў я нябачна, калі надыходзіла патрэба,

Хоць ахвотна жывіўся каралеўскім хлебам,

Калi не хацеў змагацца, меў свае адгаворкі:

Не паеду на вайну, бо хворы на галаву.

Калі ж гэта не дапамагала, я браў з сабой жонку,

Сядзім зь ей дома, а нашы таварышы гінуць.

Калі пагражаў вораг, не чакаў я трывогі,

Войска пакінуўшы, я зараз жа ў ногі.

(в. 143-149)

Значна цяжэй Пратэю было выканаць наступнае заданьне паэта: ператварыцца з авантурніка й махляра ў судзьдзю й настаўніка грамадзтва, выклікаць калі не павагу, то хаця б давер i спагаду ў слухачоў. Адразу адзначым, што цалкам задача гэтая была невыканальная, i менавіта несумяшчальнасыдь дзьвюх роляў героя самае супярэчлівае месца паэмы «Пратэй, або Пярэварацень» (С.Кот лічыў выбар Пратэя ў якасьці прамоўцы адназначна няўдалым) [7]. Аўтарытэт Сатыра як мараліста-рэзанэра палягаў на ягоным старадаўнім паходжаньні, натуральнасьці й простасьці паводзінаў, глыбокай набожнасьці й шчырым патрыятызьме (Я.Каханоўскі «хрысьціянізаваў» i «знацыяналізаваў» свайго героя). Пратэй мог пахваліцца толькі паходжаньнем (але не сваім мінулым) ды прарочым дарам, усе іншыя ўласьцівасьці ды ўчынкі сьведчылі супраць яго. Калі, напрыклад, Пратэй сьцьвярджае: «Веру ў Бога, якога Хрыстос Бацькам заве, / Якога мы ёсьць сынамі. / Так мяне Пісьмо вучыць» (в. 569-571), чытач адразу згадвае зусім іншае прызнаньне зь ягонага аповеду: «Я папраўдзе так i не скарыўся таму, Хто неба, зямлю й чалавека стварыў» (в. 305-306).

Берасьцейскі аўтар адчуваў супярэчнасьць між дзьвюма функцыямі вобразу Пратэя ў паэме, таму імкнуўся рознымі спосабамі дапамагчы свайму герою.

Па-першае, паэт намагаўся выклікаць у чытачоў ня толькі асуджэньне паводзінаў Пярэваратня, але й спагаду да нядошлага грэцкага бажка, які, нягледзячы на ўсе свае штукарствы, так i не зрабіў у Польшчы кар'еры, бо навакольле раілася ад махляроў i ашуканцаў значна вышэйшага палёту. Пратэй ня монстар i не пачвара, a прайдзісьвет-недарэка постаць камічная, якая, вядома, не захапляе, але калі-нікалі выклікае ўсьмешку. Не атрымалася ў Пярэваратня зрабіць духоўную кар'еру, бо ня ўмеў ён «узьбірацца па драбінах на неба» ды не прачынаўся на ранішнюю імшу, не ўдалося заняць важную дзяржаўную пасаду, бо ня меў грошай, каб яе купіць («Іншым таксама зашкодзіла іхная прастата, / Што многа цноты мелі, але мала золата» в. 267-268). Нарэшце ён «апусьціўся» да таго, што пачаў крытыкаваць i павучаць грамадзтва, a такі занятак ніколі не прыносіў прыбытку, бо людзі ня любяць слухаць пра сябе праўду. У вобразе Пратэя сярэдні польскі ці беларускі шляхціц лёгка мог пазнаць сябе, a ў няўдалых спробах героя «стаць панам у гэтым сьвеце» ўбачыць уласныя намаганьні «выбіцца ў людзі», зраўняцца з магнатамі. Ха­рактерна, што Пратэй увесь час падкрэсьлівае сваё «прастацтва», недавучанасьць («Рыторыкі ня ведаю, няхай зь мяне ня кпяць...» в. 687; «Але мне не да твару сягаць так глыбока...» в. 361; «Я не тэоляг, як i ты, браце...» в. 587;), у прамове апэруе паняцьцямі й уяўленьнямі шляхоцкага асяродзьдзя ды й зьвяртаецца да сваіх слухачоў па-простаму: «браце», «суседзе».

Па-другое, паэт апраўдваў свой выбар Пратэя ў якасьці прамоўцы тэмаю прамовы («Пра непрыстойны справы хто прыстойна кажа?» в. 693), спасылаючыся пры гэтым на прыклад Сатыра («Сваю думку выказаць вольна тут кожнаму, / Як перад тым выпала Дзікаму Чалавеку...» в. 379-380), i падкрэсьліваючы неўнікнёнасьць крытыкі ўвогуле («Але калі вам падасца дрэннаю іхная навука, / Нарэшце загаворыць нямое каменьне...» в. 47-48).

Падтрыманы ў сваіх намерах важкімі аргумэнтамі аўтара й спагадаю слухачоў, Пратэй заканчвае непрыемны для яго аповед пра ўласныя грахі й сьмела пераходзіць да выкрыцьця заганаў i хваробаў грамадзтва. Выступаючы з прамоваю нібы пасол на сойме, Пярэварацень паказвае невясёлы малюнак грамадзка-палітычнага жыцьця ў Польшчы й Вялікім Княстве Літоўскім (барацьбу шляхты з магнатамі, a магнатаў з каралём; парушэньне законаў i агульных прынцыпаў справядлівасьці; вынясеньне ўласных альбо групавых інтарэсаў над дзяржаўнымі й г.д.), зьвяртае ўвагу на няўдачы ў вайне з Масковіяй з-за нежаданьня шляхты выконваць вайсковыя абавязкі перад Айчынай, асуджае рэлігійныя міжусобіцы й праявы неталеранцыі ў краіне (катадікі змагаюцца з пратэстантамі, а ў лягеры пратэстантаў таксама няма згоды), наракае на заняпад маралі й выміраньне традыцыяў продкаў (цяперашні шляхціц дбае пра грошы, а не пра славу, розум чэрпае з бочкі віна, а ня з мудрых кніг; ва ўзаемінах людзей няма ранейшае шчырасьці й добразычлівасьці, сусед баіцца суседа й т.д.).

Па-за некалькімі алюзіямі да канкрэтных падзеяў (згадваецца сабатаж магнатамі соймавага паседжаньня 23 лістапада 1563 г., спрэчкі вакол кандыдатуры новага кароннага гетмана й інш.) палітычны й маральна-этычны зьмест «Пра­тэя...» не вылучаецца арыгінальнасьцю: такія самыя альбо блізкія ідэі сустракаюцца ў публіцыстычных трактатах А. Фрыча-Маджэўскага, С.Буднага, у паэтычных творах М.Рэя, М.Бельскага й у «Сатыру...» Я.Каханоўскага. Зрэшты, «Сатыр...» таксама не вылучаўся навізной палітычных ідэяў ці арыгінальнасьцю маральных пастулятаў: «Закіды ў адрас, напрыклад, шляхоцкага стану ці таксама нараканьні на заняпад звычаяў, на пагоню за прыбыткамі вядомыя ў эўрапейскай літаратуры яшчэ з клясычнага пэрыяду рымскае літаратуры» (дастаткова прыгадаць тут крытычныя выказваньні Вэргілія ў «Георгіках» i «Сатыра» Гарацыя) [8].

Больш арыгінальныя погляды берасьцейскага аўтара на рэлігійныя справы, на праблему дачыненьняў паміж роз­нымі канфэсіямі. На падставе зьместу «Пратэя...» цяжка вызначыць канфэсійную прыналежнасьць паэта, бо ў паэме няма адкрытае прапаганды альбо крытыкі якога-небудзь веравызнаньня, толькі «заступніцтва» аўтара за арыянаў, якіх лютэране й кальвіны імкнуліся выдаліць з краіны, дазваляе меркаваць, што й сам ён быў арыянінам. У той жа час вуснамі свайго героя паэт асуджае зацятыя спрэчкі на рэлігійна-дагматычныя тэмы (пра божую сутнасьць Сьвятое Тройцы, пра сымбалічнае значэньне Панскае Вячэры й т.д.), ініцыятарамі якіх найчасьцей выступалі менавіта арыянскія тэолягі (М.Чаховіч, С.Будны й іншыя). Гэтыя малазразумелыя для простага верніка дыскусіі паміж ідэолягамі розных пратэстанцкіх плыняў надзвычай шкодзілі рэфармацыйнаму руху ў цэлым, адштурхоўвалі магнатаў i шлях­ту ад новых вызнаньняў, спрыялі вяртаньню ix ва ўлоньне каталіцкага касьцёлу.

Пратэй, падкрэсьліваючы сваю неадукаванасьць у тэалягічных пытаньнях, перакананы, што да Бога вядзе про­сты шлях, адкрыты ня толькі дактарам багаслоўя, але й звычайным людзям, а таму навука збаўленьня павінна быць простая й зразумелая, павінна зьядноўваць вернікаў, а не падзяляць ix («Таму я ня ўмею разважаць пра Божую існасьць, / З-за якой паміж намі няма ўжо любові...» в. 363-364; «Таму нам, што ў веры мала разумеем, / Ня трэба забрыдаць туды, адкуль потым выбрацца ня ўмеем» в. 593-594). Былы паганскі бажок выказвае ў сваёй уяўнай прамове праўды, якіх ня ўсьведамілі, на сваю бяду, дзеячы Рэфармацыі ў Польшчы й у Вялікім Княстве Літоўскім: «Заклік гэты застаўся слынным марным лямантам у пус­тынь Выдатныя тэарэтыкі кальвінства й арыянства нярэдка адмаўляліся на нейкі час ад барацьбы з каталіцтвам, каб найперш расправіцца адзін з адным у вучоных лацінскіх трактатах» [9].

Яшчэ радзей у тыя часы вострых рэлігійных палемік i непрымірэнства ў пытаньнях веры можна было пачуць прынамсі абстрактны заклік да ўзаемаразуменьня паміж каталікамі й пратэстантамі, да прыняцьця імі агульнай адказнасьці за лёсы краіны, на які адважваецца берасьцейскі аўтар, схаваўшыся за постацьцю прасьцяка Пратэя:

Сьмешна, што тут адзін другога вінаваціць,

Так прычыну няладу не знайсьці ніколі,

Бо наш каталік лае людзей іншай веры,

Тыя ж наракаюць на рымскія заганы.

Чэлесы пра галаву гавораць, а сабе ўсё даруюць,

Дзіўна тое, што сваёй хваробы не адчуваюць.

(в. 777-782)

Пратэй ня толькі пералічвае цяперашнія хваробы шляхоцкага грамадзтва й выкрывае іхныя прычыны, але прадказвае таксама сумную будучыню Польшчы, што ў выкананьні вешчуна-прарока гучыць надзвычай пераканаўча. Паэма прасякнутая выразнымі пэсымістычнымі матывамі, прадчуваньнем неўнікнёнае катастрофы («Праз гэта паміж вамі бясконцыя сваркі, / Расьцярушыць вас гнеў Божы як лёгкія плевы! в. 857-858). Узьнікае традыцыйны, вядомы з часоў антычнасьці вобраз-топас танулага карабля, які сымбалізуе пагібель дзяржавы («Калі ж прыгледжуся да / гэтае слаўнае Кароны, / Бачу карабель на моры, што мала ня тоне» в. 393-394).

Як i ў выпадку зь вершам А.Воляна «Да Палякаў i да Літвы», дзе таксама прагучала засьцярога шляхты ад палітычнае анархіі й маральнае сваволі, далейшае разьвіцьцё падзеяў надало прадказаньням i папярэджаньням Пратэя асаблівую актуальнасьць i злавеснасьць. Гісторыя спраўдзіла найгоршыя прадчуваньні берасьцейскага паэта ды іншых мысьляроў эпохі Рэнэсансу: у XVII ст. Польшчу й Вялікае Княства Літоўскае захлынула хваля рэлігійных канфліктаў i нацыянальных міжусобіц, а напрыканцы XVIII ст. агрэсыўныя суседзі ўмела выкарысталі нутраныя канфлікты ў « Рэчы Паспалітай, каб спрытна падзяліць расколатую краіну паміж сабой. Як жа прароча ў такім гістарычным кантэксьце гучаць словы з паэмы «Пратэй...», напісанай напярэдадні Люблінскай вуніі:

A калі Бог з аблокаў не пашле нам вады,

Самі не абаронімся праз нашую нязгоду,

Якая ворагам адчыніць нарэшце браму,

Цяжка будзе ix стрымаць нашымі votum.

(в. 1067-1070)

У сваёй прамове Пратэй не прапаноўвае канкрэтных шляхоў ратаваць дзяржаву, не выдае рэцэптаў на хваробы грамадзтва. Ён толькі крытыкуе й прадказвае, пазытыўная праграма аўтара выкладзена ў асобнай частцы паэмы, якую ўмоўна можна назваць «Навука Ўладара свайму сыну» (яна адпавядае «Навуцы Хірона Ахілесу» ў «Сатыру...» Я.Каханоўскага). У абедзьвюх паэмах гэтыя кампазыцыйныя часткі найслабейшыя й мала чым розьняцца паміж сабой паводле зьместу: мудрэц-філёзаф (кентаўр Хірон, пэўны старажытны Ўладар) вучыць маладога каралевіча (Ахілеса, Сына), як разумна й справядліва кіраваць дзяржаваю (своеасаблівая палітычная ўтопія, якая ўзыходзіць да ідэяў Платона). Вінавацячы ва ўсіх няшчасьцях Полынчы й Вялікага Княства Літоўскага шляхту, берасьцейскі паэт усьлед за Я.Каханоўскім раптам бярэцца павучаць караля й толькі напрыканцы паэмы вуснамі ці то Ўладара, ці то Пратэя, ці то, нарэшце, уласнымі вяртаецца да галоўнай ідэі твору, выказваючы слухачам-чытачам свой маральны запавет:

Я, любы суседзе, аб тым прашу Бога,

Каб тут вечная вольнасьць, гэтая жамчужына,

Жыла сярод нас. I калі я буду ў небе,

Каб нашчадак твой меў ад цябе тое,

Што табе дзед i прадзед пакінулі ў спадчыну.

Не прашу цябе, каб ты яму справіў лепшы строй.

(в. 991-996)

Як панацэя ад нядобрых пераменаў у грамадзтве прапаноўваецца вернасьць слаўным традыцыям продкаў (зноў узьнікае алюзія з уласьцівасьцямі натуры галоўнага героя). Варта адзначыць, што Пратэй у паэме выступае ня толькі ў ролі апавядальніка ўласнае гісторыі, ня толькі ў ролі прамоўцы крытыка шляхоцкага грамадзтва, але яшчэ й у ролі пераказчыка: прамовы Ўладара, размовы двух суседзяў-шляхціцаў, уяўнага маналёгу маці-Радзімы, урэшце уласнага сну. Такая разнастайнасьць формы выкладу матэрыялу ў паэме берасьцейскага аўтара стварае ўражаньне хаатычнасьці структуры «Пратэя...» i непатрэбна абцяжарвае вобраз галоўнага героя. Сон Пратэя, падчас якога таямнічы Голас раіць герою зьвярнуцца да махлярства, каб дасягнуць посьпеху ў жыцьці, выглядае ў паэме элемэнтам неапраўданым i лішнім. Тое самае можна сказаць i пра размову двух шляхціцаў, якая сьведчыць пра ўплыў на аўтара польскае палітычнае літаратуры 40-50-х гг. (найперш - твораў М.Рэя). Значна цікавейшым i цалкам апраўданым у агульным кантэксьце паэмы выглядае ўяўны маналёг Радзімы, з нараканьнямі на няўдзячных сыноў, у якіх згасла любоў да маці (адразу згадваюцца пазьнейшыя шэдэўры беларускае літаратуры: барочны «Трэнас...» М.Сматрыцкага з вобразам маці-Царквы й рамантычны «Шляхціц Завальня...» Я.Баршчэўскага з вобразам Плачкі).

Самыя арыгінальныя ўстаўныя часткі паэмы «Пратэй, або Пярэварацень» у кантэксьце як польскай, так i беларускай літаратуры уступная, якую можна было б умоўна назваць «Уступ ад імя польскіх паэтаў», i заключая, якую сам аўтар назваў «Заключэньне да польскіх паэтяў». Ад імя паэтаў прамаўляе Пратэй (зварот зьмешчаны цаміж выісладам тэмы твору й гісторыяй Пярэваратня), да паэтаў зьвяртаецца непасрэдна аўтар, які хоць i застаеііца ананімным, але не хаваецца болей за свайго героя.

Увагу дасьледнікаў прыцягвала дагэтуль пераважна «Заключэньне...», у якім берасьцейскі паэт прадэманстраваў выдатнае веданьне тагачаснае польскае літаратуры, адзначыў заслугі М.Рэя, А.Тшэцескага й Я.Каханоўскага, называючы сябе сьціплым вучнем гэтых славутых паэтаў, асабліва ўзносіў апошняга зь ix (Пратэй, як памятаем, так­сама называў сябе ў паэме вучнем, малодшым братам Са­тыра). Вылучыўшы Я.Каханоўскага на першае месца ня толькі сярод польскіх, але й сярод сусьветных паэтаў («Хай маўчаць ужо грэкі, хай маўчаць італьянцы, /І што ж маюць яны лепшага за польскія раскошы?» в. 1045-1046), упэўнена прадказваючы яму паэтычную бессьмяротнасьць («Перш сонца там узыдзе, дзе вячэрняя зара, / Перш да вытокаў ад мора павернецца Вісла, / Чым згасьне ягоная сла­ва на гэтай зямлі...» в. 1049-1051), берасьцейскі аўтар выявіў ня толькі веды, але й не абы-які густ i зайздросную інтуіцыю: малады Каханоўскі ў той час толькі распачынаў паэтычную кар'еру як здольны панэгірыст i не напісаў яшчэ найлепшых твораў, якія прынесьлі яму славу вялікага нацыянальнага паэта. У «Заключэньні...» польская паэзія бадай упершыню адважылася на самаацэнку, на падсумаваньне сваіх дагэтуляшніх здабыткаў, нечакана ўсьвядоміла сябе як аўтаномную літаратурную тэму.

Яшчэ цікавейшы ў гэтым сэнсе «Уступ ад імя польскіх паэтаў», у якім берасьцейскі аўтар вуснамі Пратэя выказвае сваё разуменьне ролі й месца паэзіі ў грамадзтве, характарызуе стаўленьне да паэтаў тагачасных чытачоў. Пра­тэй катэгарычны ў цьверджаньнях: у Полыичы паэтаў вд любяць, бо тут баяцца праўды. Шляхта не жадае, каб нехта пісаў пра яе норавы й учынкі, хоць навакол i так усе пра гэта шэпчуцца:

Пра вас за поўнай чаркай гавораць мужыкі,

Пра вас адкрыта балбочуць бабы на Рынку,

Але гэтага вашыя вушы ня чуюць,

Тых цярпець ня можаце, хто пра вас піша!

(в. 77-80)

Відавочна, што гаворка ідзе не пра паэзію ўвогуле, а канкрэтна пра паэзію сатырычную, задача якой змагацца з заганамі грамадзтва й выпраўляць ix, паказваць людзям іхныя недахопы й вучыць мудрасьці («I, вядома, робіцца гэта дзеля вашай перасьцярогі, / Каб вы вярнуліся на слушную дарогу...» в. 73-74; «Бо вам, не чужаземцам, складаюць яны свае рыфмы /І вострым пяром змагаюцца з вашымі заганамі»в. 85-86). Роля паэта ў грамадзтве разумеецца як роля настаўніка й прарока, нялюбага за свае суровыя словы, але патрэбнага людзям як лекар.

Аўтар «Пратэя...» адрозьнівае яшчэ два віды паэзіі: жартаўлівую й панэгірычную, і, адпаведна, вылучае яшчэ дзьве функцыі літаратуры: забаўляць i ўсхваляць. Жартаўлівую паэзію берасьцейскі аўтар ставіць значна ніжэй за сатырычную («праўдзівую») i з прыкрасьцю адзначае, што легкадумныя, забаўляльныя вершыкі болый даспадобы чытачам, чым сур'ёзныя, павучальныя творы («Пакуль ім фрашкі пішаш з радасьцю чытаюць, / Напішы ж што сур'ёзнае адразу злуюцца ...» в. 57-58). Зусім іншае стаўленьне ў паэта да панэгірычных твораў, тут аўтарская прыхільнасьць супадае з чытацкімі сымпатыямі (вядома, людзям болын падабаецца, калі ix прыгожа хваліш, чым востра крытыкуеш). Берасьцейскі аўтар ня лічыць усхваленьне вычынаў i цнотаў заняткам менш вартым, чым асуджэньне злачынстваў i недахопаў. Наадварот, усьлед за старажытнымі аўтарамі ён разглядае панэгірычную, a асабліва гераічнаэпічную паэзію як вяршыню творчасьці, як жаданае спалучэньне абавязку й прыемнасьці. На жаль, для польскіх паэтаў вяршыня гэтая пакуль недасягальная, бо рэчаіснасьць вымагае ня ўзьнёслых гімнаў, а вострае сатыры, норавы й учынкі шляхты заслугоўваюць не ўсхваленьня, a гнеўнага асуджэньня:

Калі хочаце, каб мы вас хвалілі,

Атрымаеце тое, браты мае любыя.

Будзьце ж не на словах адважныя, але на справе,

Хай добрай славы вашае нішто не азмрочвае.

Хцівасьці сваей неразумнай скажыце суцішыцца,

Тады ўзьнясем вас сваімі вершамі пад неба й вышэй.

(в. 91-96)

Нагадаем, што словы гэтыя належаць колішняму паганскаму бажку, а цяперашняму пярэваратню й махляру Пратэю. Гэта ён ад імя ўсіх польскіх паэтаў абяцае чытачам некалі «ўзьнесьці ix сваімі вершамі пад неба й вышэй». Некалі у лепшыя часы, калі зьменяцца людзі й грамадзкія парадкі, а пакуль Пратэй бачыць абавязак у тым, каб сьмела казаць людзям нялюбую для ix праўду («Праўду скажу, нават калі мне год сядзець зь ёю ў вежы...» в. 61). Выразна відаць, што Пратэй выступае ў паэме ня толькі як міталягічная істота, ня толькі як звычайны шляхціц, але яшчэ й як паэт-вяшчун, такі самы, як ягоны папярэднік Сатыр. Хацеў таго берасьцейскі аўтар ці не, але ўзорнага адмоўнага героя з Пратэя не атрымалася: занадта блізкі ён да асобы самога аўтара. Характэрна, што ў «Заключэньні...» паэт выказвае тыя самыя думкі й перакананьні, што й ягоны адмоўны герой ва «Уступе...» («Дарэмна маю спадзявацца ласкі за гэтую працу, / Бо людзі заўсёды гневаюцца на праўду» в. 997-998).

Шматаблічнасьць вобразу галоўнага героя й пэўная супярэчнасьць паміж рознымі ягонымі ўвасабленьнямі толькі на першы погляд здаецца слабым месцам твору, недаглядам недасьведчанага аўтара. Насамрэч розныя функцыі, якія выконвае Пратэй у паэме, адпавядаюць уласьцівасьцям ягонае натуры й неадназначнасыді разуменьня гэтага міталягічнага вобразу культураю эпохі Рэнэсансу.

Найбольш традыцыйным было ўспрыманьне Пратэя як алегарычнага ўвасабленьня няшчырасьці й зьменлівасьці (у пераносным сэнсе Пратэй кожны лжывы. фальшывы чалавек). З польскамоўных паэтаў Беларусі гэты вобраз выкарыстаў пазьней Ян Казаковіч у вершаванай прадмове да кнігі Сымона Тэафіля «Узор набажэнства хрысьціянскага...» (Вільня, 1594), пагардліва называючы «сапраўднымі Пратэямі» ксяндзоў-езуітаў.

Але ў культуры Рэнэсансу можна сустрэць i іншую, гуманістычную трактоўку вобразу Пратэя: як сымбалю чалавека-творцы, сьвядомага стваральніка ўласнай індывідуальнасьці, узору няспыннага разьвіцьця й самаўдасканаленьня. Вядома, што Пратэем сябры й прыхільнікі называлі Эразма Ратэрдамскага, з Пратэем параўноўваў сябе ў «Фрашках» Ян Каханоўскі [10].

Безумоўна, выказаныя ў паэме палітычныя погляды й маральныя перакананьні аўтара, праўдзіва й таленавіта намаляваныя сцэнкі штодзённага жыцьця шляхты ўяўляюць вялікую цікавасьць для дасьледнікаў грамадзка-палітычнага, рэлігійнага й культурнага жыцьця Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага ў эпоху Рэнэсансу. Але менавіта выбар неардынарнага героя й тэма літаратуры, узьнятая ў «Пратэі...», робяць гэты твор адметнаю зьяваю ня толькі ў кантэксьце польскамоўнае паэзіі Беларусі XVI ст., але й у кантэксьце гісторыі славянскіх літаратураў увогуле.



[1] Proteus abo Odmieniec. Wyd. W.Wisłocki. Kraków, 1890. У нашым артыкуле паэма цытуецца ў празаічным падрадковым перакладзе паводле гэтага выданьня, у дужках падаюцца нумары вершаваных радкоў (в.).

[2] Гл. напр.: Pelc J. Literatura Renesansu w Polsce. Warszawa, 1994. S. 123-124; Ziomek J. Renesans. Warszawa, 1995. S. 362-363.

[3] Nowak-Dłużewski J. Poemat satyrowy w literaturze polskiej w XVI-XVII. Warszawa, 1962. - S. 9-51.

[4] Nowak-Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce. Czasy Zygmuntowskie. Warszawa, 1966. S. 290-292.

[5] Парэцкі Я.І. Антырэлігійная сатыра Брэсцкага друкарскага двара ў XVI ст. // Беларуская літаратура. Вып. 7. - Мн., 1979. - С. 177-187.

[6] Kot S. Nieznany poeta polski XVI wieku // Zeitschrift fur Slavische Philologic. 1956. - Bd. 25. T. 1. - S. 119-120.

[7] Ibidem. - S. 122.

[8] Lichański J. Retoryka od średniowiecza do baroku. Teoria i praktyka. Warszawa, 1992. S. 232.

[9] Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim w świetle propagandy wyznaniowej. Wrocław,etc., 1973. S. 74.

[10] Pelc J. Literatura Renesansu w Polsce. S. 18.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX