Папярэдняя старонка: Філалогія, гісторыя літаратуры

Луцкевіч Іван. Аль Кітаб 


Аўтар: Луцкевіч Іван,
Дадана: 22-02-2013,
Крыніца: Луцкевіч Іван. Аль Кітаб // Спадчына №3-1992. С. 89-90.



Артыкул быў апубліквваны ў зборніку «Наша Ніва» (Вільня: Беларускае Выдавецкае т-ва, 1920) як пасмяротная спадчына Івана Луцкевіча.

Літоўскіе татары-магамэтане, якіе дагэтуль жывуць у Меншчыне i Віленшчыне, пасяліліся ў нашым краю ў пачатку XV веку. Яны былі выпісаны, як успамагацельнае войска проці крыжакаў, вялікім князям Вітаўтам. Пасьля вайны яны асталіся ў нашым краю, атрымалі права ажаніцца з дачкамі тутэйшых баяршляхты i прынялі ад ix фаміліі-прозьвішчы, звычаі, мову беларускую; толькі вера асталася магамэтанская. Вось, для духоўнае патрэбы татарскіе муллы («молны»), арабскімі літэрамі па беларуску перапісалі i ператлумачылі сьвятую кнігу «Ай Кітаб», зьбеларушчаную ў «Кіцёп». - «Ай Кітаб», сьвятая кніга, гэта ёсьць тлумачаньне Корану, яго прыповесьці важнейшые. Знаньне арабскае мовы хутка загінула, асталося толькі знаўства пісаць арабскімі літэрамі i чытаць напісанае па арабску. Мы бачылі яшчэ шмат дакумэнтаў судовых, падпісаных мяйсцовымі татарамі па арабску, але словамі беларускімі. Гэта йдзе праз увесь XVI i XVII век.

Ужо век XVIII прынёс у пісьменстве ўплывы польскіе. Дакумэнты перасталі падпісаваць па беларуску, а пачалі пісаць па польску. Так сама зьяўляецца i тлумачаньне Корану на польскую мову, але пісанае арабскімі літэрамі, а ўжо ў канцы веку бачым тлумачаньне Корану, пісанае лацінікай, у пачатку-ж веку нават цэлы Коран, друкаваны па польску.

Доўга прышлося шукаць Корану, пісанага па беларуску арабскімі літэрамі, i толькі шчасьлівы прыпадак давёў мяне да яго ў 1915 годзі - перед заняцьцем Вільні немцамі. Знайшоў я яго ў татарскага муллы Сьцяпана Палтаракевіча ў Сорак-Татарах, ваколіцы пад Вільняй. Гэта - зложаны з колькісот страніц рукапіс іп folio, пісаны характарам XVI або пачатку XVI I веку, без пачатку i канца. Адзін з бэрлінскіх вучоных, якога вайна занесла ў наш край, адшыфраваў некалькі страніц гэтага рукапісу, перапісываючы з арабістыкі на лацініку. Вось я i падаю некаторые тэксты, перапісываючы гражданкай - літэра ў літэру, як яны запісаны лацінікаю.

Стран. 1:
«Напрод Божэ іме успамінайма, мілосьць у нутрах свайіх уфундуем. Першый i остатній Он ест векоістый, да кожнэй рэчы моцный. Ніхто Ему непадобный. Единый ест. Есьлі нічога не было стварыў сьветы».

Стран. 2:
«Цемна было, очы сьветласьці не відзелі. Куры не пелі, сабакі не брэхалі. Дошч ішоў, цемна было, вецер веяў. Разумеў, што судный дзень настаў».

Разглядаючы гэтае старое правапісма беларускае, пісанае арабістыкай, мы бачым дзьве характэрные асобеннасьці, каторых у кірылічным тэксьце беларускіх старых грамат ніколі не спатыкаем. Гэтак тут ясна азначаны звук «дз» - напрыклад у словах «дзень», «не відзелі» i т. д. Для гэтага ў арабскай транскрыпцыі ёсьць асобнае напісаньне, якое перапісываўшый на лацініку адзначываў перачыркненай літэрай d. Так сама асобным знакам азначаны i звук «ць» - напрыклад «цемна», «сьветласьці»,- а у кірылічнай транскрыпцыі было-б «темна», «сьветласьті». Тутака бачым, што звукі «дз» i «ць» ясна пісаліся,- значыць, яны ў жывой мове XVI i XVII вякоў выгавараваліся. Гэта ёсьць бязспрэчны доказ, што жывая беларуская мова мае гэтые два характэрные звукі ад найдаўнешых часоў, i што новая беларуская транскрыпцыя ёсьць зусім правільная, а ўсе хітрыкі масквафілаў, каторые не прызнавалі гэтае транскрыпцыі фундуючыся на беднасьці кірылічнай транскрыпцыі, ня маюць пад сабой ніякае навучнае падставы - апрача русыфікацыйнае тэндэнцыі, каторая цяпер назаўсёды адпадае з адкрыцьцем гэтага цэннага беларускага памятніка жывой беларускай мовы XVI або XVII вякоў

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX