Вярнуцца: Філалогія, гісторыя літаратуры

Луцкевіч Антон. Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 08-04-2015,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў // Запісы Беларускага Навуковага таварыства. Вільня, 1938. Сшытак 1. С. 16-34.

Спампаваць




Няма ніякага сумлеву, што Франціш Багушэвіч, гэтак папулярны сярод беларусаў пад мянюшкай Мацея Бурачка, адыграў надта важную ролю ў беларускім адраджэнскім руху: гэта ж на ягонай творчасьці ідэйна вырастала тое пакаленьне беларускіх адраджэнцаў, якое выкавала для беларускага руху арганізацыйныя формы ды зрабіла яго цяглым і масавым.

Ужо дзеля аднаго гэтага асоба Багушэвіча заслугуе на асаблівую ўвагу гісторыкаў беларускае літаратуры. Але й паміма гэтага, знаёмства з асобай паэты, зь ягоным жыцьцём і зь ягонай ідэалёгіяй прадстаўляе незвычайна ўдзячнае заданьне для кожнага дасьледчыка жыцьця Беларусі ў канцы XІX стагодзьдзя: ідэйная эвалюцыя Багушэвіча, які ад паўстанчых настрояў 1863 году дайшоў да беларускае нацыянальнае ідэалёгіі, гэтак ярка выказанае ў ведамай перадмове да ягонае «Дудкі беларускае», вельмі характэрна для ідэалягічных плыняў, што панавалі сярод грамадзянства нашага краю ў апошняй чэцьверці мінулага стагодзьдзя.

На вялікі жаль, біяграфія Багушэвіча страшэнна бедная і - не заўсёды згодная з праўдай. Усё, што аб ягоным жыцьці было дагэтуль ведама, сабраў Максім Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», Масква-Ленінград, 1924) - літаральна на палове старонкі [1].

Гарэцкі на самым пачатку кажа, што Фр. Багушэвіч «паходзіў із дробнае шляхты Ашмянскага павету, са спольшчанай сям'і». Але ўжо ў гэтым ёсьць няточнасьць, выкліканая праўдападобна жаданьнем «савецкае грамадзкасьці» зрабіць папулярнага паэту, каторы выйшаў із буржуазнага асяродзьдзя, магчыма больш блізкім сьвету фізычнае працы (- тое ж робяць некаторыя гісторыкі беларускае літаратуры і ў адносінах да Цёткі!). Дробная шляхта, як ведама, прадстаўляе ў нас элемэнт працоўны, бо ўласнымі рукамі ўрабляе зямлю, - тым часам сям'я Багушэвічаў была сярэдняе заможнасьці, мела добры кусок зямлі і сама фізычна не працавала.

Далейшыя інфармацыі Гарэцкага здаюцца больш блізкімі да праўды і паважнейшых засьцярог не выклікаюць. Нарадзіўся Франціш Багушэвіч, як паказана і на крыжу над ягонай магілай, 9 сакавіка 1840 году, памёр 15 красавіка 1900 году (ст. ст.). Сярэднюю школу скончыў у Вільні і нейкі час вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Навука ў Пецярбурзе трывала, мусіць, вельмі нядоўга, бо, паводле Гарэцкага, перад паўстаньнем 1863 году Багушэвіч вярнуўся дамоў і быў нейкі час народным вучыцелем у Доцішках, а ў мамэнт выбуху паўстаньня меў няпоўныя 23 гады і, значыць, на пецярбурскім грунце пасьля сканчэньня гімназіі доўга жыць ня мог. У паўстаньні прымаў дзейнае ўчасьце. У нейкай бітве (дзе - няма ведама) быў ранены ў нагу і пэўне не мінуў бы сьмерці, калі б яго не паратаваў нейкі беларускі селянін. Факт гэты сам па сабе паказвае на асаблівую прыхільнасьць сялян да Багушэвіча, што ў тыя часы ў адносінах да паноў здаралася ня часта. Пасьля Багушэвіч пакінуў свой край і апынуўся на Ўкраіне. Вучыўся ў Нежыне - у юрыдычным ліцэі, які скончыў у 1868 годзе. «Посьле, - інфармуе далей Гарэцкі, - жыў ён у розных месцах Расеі (- якіх?), ажно дзесяць год пражыў на Ўкраіне, быў сьледчым судзьдзёю ў Канатопскім павеце, наўчыўся ўкраінскае мовы і пазнаў народнае ўкраінскае жыцьцё. Пазьней быў адвакатам пры акружным судзе ў Вільні, пад старасьць жыў у фальварку Кушлянах Ашмянскага павету. Перад сьмерцю загадаў ня ставіць над яго магілай ніякіх помнікаў. Пахавалі яго ў м. Жупранах Ашмянскага пав. на агульным могільніку».

Аб адносінах польскага абшарніцтва да Багушэвіча даведваемся ад Гарэцкага, што паны называлі яго «здрайцам і рэнэгатам». Мамэнт гэты незвычайна важны: ён сьцьвярджае, што паэта ў старэйшым веку запраўды далёка адышоўся ад юнацкіх ідэалаў 1863 году ды што пазьнейшая беларуская праца Багушэвіча была ў супярэчнасьці з гэнымі ідэаламі. Але аб гэтым будзем гутарыць далей.

Гаворачы аб паэтыцкай спадчыне Багушэвіча, Гарэцкі называе толькі два друкаваныя зборнічкі вершаў паэты: «Дудку беларускую» ды «Смык беларускі» - і адзін ненадрукаваны п. н. «Беларуская скрыпачка»; апрача гэтага адзначае «розныя творы, як ананімныя рэвалюцыйныя апавяданьні й вершы», якіх ані называе канкрэтна, ані паказвае, скуль мае весткі аб іх [2], - ды празаічныя апрацаваньні жартлівых народных сюжэтаў («Палясоўшчык», «Сьведка», «Дзядзіна»), друкаваныя, як ведама, у «Нашай Ніве» і беларускіх календарох.

Вось і ўсё, што падаў Гарэцкі. Ня шмат гэта дый не дае магчымасьці адтварыць больш-менш поўна аблічча паэты і ягонае жыцьцё. Некаторыя ж мамэнты вымагаюць крытычнае праверкі й карэктуры.

На вялікі жаль, за жыцьця Багушэвіча ніхто не парупіўся здабыць ад яго біяграфічныя даныя, а сам ён, відаць, і найбліжэйшым прыяцелям неахвотна апавядаў аб сваім жыцьці. Сям'я ж Фр. Багушэвіча, якая варожа адносілася да ўсяе беларускае і «хлопаманскае» працы паэты ( - аб гэтым апавядалі акалічныя сяляне з-пад Кушлян дырэктару Беларускае вучыцельскае сэмінарыі ў Барунах Сымону Раку-Міхайлоўскаму падчас экскурсіі вучняў сэмінарыі на магілу Багушэвічаву ў 1921 годзе), глыбака хавае ягоны архіў і ня хоча нікога дапусьціць да азнаямленьня зь ім. Зробленая праз пляменьніцу Фр. Багушэвіча, Родзевічыху, мая спроба дабіцца перадачы гэтага архіву - калі ўжо не Беларускаму навуковаму таварыству, дык хоць бы адпаведнай польскай установе (Biblioteka Wrуblewskich, Т-wo Рrzyjacіуі Nauk), не дала пазытыўных вынікаў. Сын паэты, Тамаш, якога я знаў добра асабіста (памер ён у канцы дваццатых гадоў), ненавідзеў усё беларускае і аб бацьку гаварыць не хацеў; дачка, каторая памерла ўжо пасьля напісаньня гэтага артыкулу, адмаўлялася даць якія-колечы інфармацыі аб бацьку, навет - аб учасьці яго ў паўстаньні...

У гэтым пункце ўласныя мае інфармацыі зыходзяцца зь інфармацыямі, паданымі кс. Ад. Станкевічам у ягонай папулярнай брашуры п. н. «Frаnсіs Ваhusewіc. Jаhо żyćcio i tworcaść», выданай у Вільні к трыццатым угодкам сьмерці паэты (1930 г.). Кс. Станкевіч паўтарыў тое, што мы ўжо даведаліся ад Гарэцкага, з усімі абмылкамі апошняга, дадаўшы ад сябе два ўласныя, на аб'ектыўных даных не абапертыя, дапушчэньні: адносна матываў учасьця Багушэвіча ў паўстаньні 1863 году і адносна ўплыву на паэту - падчас жыцьця на Украіне - твораў «сьвежа памершага (1861) вялікага ўкраінскага адраджэнца песьняра Т. Шаўчэнкі». Апошняе - як пабачым далей- зусім трапнае. Але першае здаецца плодам чыстае фантазіі аўтара, каторы ўва ўсіх сваіх досьледах аб беларускіх дзеячох XІX ст. грашыць імкненьнем прадставіць іх як беларускіх незалежнікаў у цяперашнім разуменьні гэтага слова, што колідуе з тагачаснымі паглядамі, настроямі і адносінамі. Кс. Станкевіч піша гэтак: «Калі возьмем пад развагу беларускі народніцка-сацыяльны дух ягонай (Багушэвічавай) творчасьці, а такжа магчымасьці знаёмства з равесьнікам сваім, паўстанцам Кастусём Каліноўскім, летуцеўшым аб палітычнай незалежнасьці нашага краю, - не без падставы можам думаць, што Фр. Багушэвіч, ідучы проці царскай няволі, сьніў салодкія сны, між іншым, і аб палітычнай незалежнасьці беларускага народу і з гэтай мэтай далучыўся да паўстаньня». - Беспадстаўнасьць гэтае дагадкі кс. Станкевіча выясьніцца зусім чыста з далейшага.

* * *

Шукаючы матэрыялаў да біяграфіі Фр. Багушэвіча, я зьвярнуўся пару гадоў таму назад паўперад да найбліжэйшага прыяцеля паэты зь віленскага пэрыяду Зыгмунта Нагродзкага (памёр у 1937 г. ў Вільні), і - за парадай апошняга - да пляменьніцы Багушэвіча, Родзевічыхі. Ад Нагродзкага атрымаў незвычайна цэнныя інфармацыі, некалькі фатаграфіяў і цэлую жменю нідзе не друкаваных вершыкаў - беларускіх і польскіх [3]. Пляменьніца паэтава, Родзевічыха, дала некалькі дробных вестак, якія памогуць нам разабрацца ў некаторых датах, і дарэмна пробавала атрымаць ад дачкі Багушэвічавай адказ на рад пастаўленых мной пытаньняў. Урэшце, праф. Дмітро Дарашэнка, выдатны ўкраінскі палітычны дзеяч і навуковец, крэпка зьвязаны зь Вільняй у маладыя гады свае, прыслаў прыгожа апрацаваны ўспамін аб сваіх сутыках з Фр. Багушэвічам на віленскім грунце. Успамін гэты, як асобная закончаная цэласьць, друкуецца далей іn extenso.

Інфармацыяў Гарэцкага аб жыцьці Багушэвіча да паўстаньня 1863 году мне не ўдалося нічым узбагаціць. Адносна ж жыцьця на Ўкраіне Родзевічыха паінфармавала мяне, што Багушэвіч жыў не ў Канатопскім павеце, а ў самым Канатопе, - прынамсі там яна, яшчэ малая дзяўчына, першы раз пабачыла свайго дзядзьку. Было гэта ў 1875 ці 1876 годзе. Тады Багушэвіч здаўся ёй вельмі панурым, і дзеці баяліся яго. У Канатопе Багушэвіч ажаніўся ў 1874 годзе зь цёткай Родзевічыхі - Габрыэляй Шкленьнічанкай, родам зь Менску. Знаёмства між імі завязалася ў Канатопе, куды суджаная паэты прыехала да сваёй сваячкі Міцкевічыхі. У канцы 80-ых гадоў Багушэвіч жыў ужо ў Вільні, і тут Родзевічыха йзноў зь ім сустрэлася, прыехаўшы зь Пецярбурга, дзе жыла з мужам. Паводле яе слоў, Багушэвіч тады, відаць, яшчэ не зусім наладзіў сваё жыцьцё ў Вільні, бо да яго хадзілі ў гасьцініцу. Тады зрабіў на яе зусім іншае ўражаньне: быў больш ветлівы, больш вясёлы. Пазьней, калі Родзевічыха сама асела ў Вільні (ад 1890 году), яна спатыкалася з Багушэвічам часьцей. Характар паэта меў быццам наагул цяжкі, і гэтым Родзевічыха выясьняе факт, што настрой дома быў благі, не ўспамінаючы зусім аб магчымасьці існаваньня іншае прычыны: канфлікту ідэйна-нацыянальнага. Багушэвіч меў братоў і сястру. Адзін брат быў зусім хворы (- спараліжаваны) і жыў пры Францішку. Другі быў Апалінары; сын апошняга цяпер натарыюсам у Вільні.

Інфармацыі Нагродзкага адносяцца наўперад да віленскага пэрыяду жыцьця Багушэвіча, часткова такжа да апошніх гадоў жыцьця паэты ў родных Кушлянах. Інфармацыі гэтыя - даволі багатыя і зьмяшчаюць мамэнты проста рэвэляцыйныя, незвычайна цэнныя дзеля выясьненьня пытаньня аб псыхіцы паэты і аб нацыянальным абліччы яго. Падаю іх па магчымасьці поўна - разам з тымі вывадамі, якія зь іх беспасярэдна выплываюць.

Нагродзкі пазнаёміўся з Фр. Багушэвічам у Вільні ў 1893 ці 1894 годзе.

Жыў тады Нагродзкі на Бэльмонце. Непадалёк ад Бэльмонту, на ўзьбярэжжы Вялейкі, было месца кансьпірацыйных спатканьняў Нагродзкага з рэвалюцыйнымі дзеячамі, у тым ліку - зь Язэпам (Зюкам) Пілсудзкім. Раз падчас такога спатканьня Пілсудзкі сказаў Нагродзкаму, які здаўна цікавіўся беларушчынай, што мае для яго навінку, і дастаў з кішэні толькі што прывезеную із заграніцы «Дудку беларускую». Нагродзкі зь вялікім зацікаўленьнем кінуўся на беларускія вершы і папытаўся ў Пілсудзкага, хто іх аўтар? - «Ot, takі sobіe adwokacіk, nazywa się Bohuszewіcz», - адказаў Зюк. - Нагродзкі папрасіў Пілсудзкага, каб ён пазнаёміў яго з Багушэвічам, і Зюк абяцаў яму зрабіць гэта. Але знаёмства завязалася іначай.

Групка дэмакратычнае інтэлігенцыі, да якое належаў і Нагродзкі, зьбіралася сыстэматычна ў розных мясцох на вечары літаратурна-музыкальна-дыскусійныя. На гэтых вечарох мела месца і беларушчына: адна паня вельмі хораша пяяла беларускія народныя песьні, дэклямаваліся адрыўкі зь беларускіх вершаў Дуніна-Марцінкевіча. На адным із такіх вечароў у кватэры Дмахоўшчыхі выступіў неспадзеўкі нейкі няведамы датуль Нагродзкаму грамадзянін і прадэклямаваў беларускі верш, каторы пачынаўся словамі: «Хмаркі цёмныя, мае братанькі...» Нагродзкі быў вельмі захоплены дэклямацыяй. - «Хто гэта?» - пачаў ён выпытвацца. Гэта быў Багушэвіч, і Нагродзкі тут жа зь ім пазнаёміўся.

Яны вельмі здружыліся. Спатыкаліся прынамся раз у тыдзень - у нядзелю, калі Нагродзкі быў вольны ад працы. Калі ж здаралася, што Нагродзкі ў нядзелю ня мог заглянуць да Багушэвіча, дык той сам да яго даведаваўся ў месцы працы Нагродзкага.

Ужо з гэтае жмені інфармацыяў Нагродзкага відаць, што Багушэвіч у Вільні кантактаваў з элемэнтамі радыкальнымі: калі Пілсудзкі прывозіў «Дудку беларускую» із заграніцы, дык трэба думаць, што і друк яе за граніцай быў наладжаны тым жа шляхам. У выбары ж знаёмстваў Багушэвіч быў вельмі пераборлівы. Паводле слоў Нагродзкага, Багушэвіч, займаючыся адвакацкай практыкай, ані з адвакатамі, ані наагул з грамадзянствам асабіста бліжэй не зыходзіўся. Апрача Нагродзкага, адваката Адама Карповіча ды сваяка свайго Родзевіча больш ні з кім блізка ня жыў. Стараўся браць справы вылучна сялянскія, бо крэпка быў зьвязаны зь беларускім народам.

Як вытварылася ў Багушэвіча ягоная беларуская ідэалёгія? Паводле Нагродзкага, яна мела дзьве падставы. Перадусім ужо падчас паўстаньня (а мо і раней, калі быў вясковым вучыцелем!) Багушэвіч меў ідэалёгію радыкальную [4], і ягоны сацыяльны радыкалізм, ягонае «хлопаманства», як тады называлі, ужывалася згодна з польскай палітычнай незалежніцкай ідэалёгіяй. Багушэвіч належаў да тыпу Каліноўскага і наагул «чырвоных». Ці падчас паўстаньня спатыкаўся беспасярэдна з Каліноўскім, няма ведама: сам Багушэвіч ніколі аб гэтым Нагродзкаму не ўспамінаў. І гэта йзноў, на мой пагляд, даволі паказальная акалічнасьць: калі б ужо ў 1863 годзе Багушэвіч меў беларускую ідэалёгію і супрацоўнічаў з Каліноўскім, дык паміж тагачаснай ідэалёгіяй Багушэвіча і ідэалёгіяй з часу пісаньня «Дудкі» была бы арганічная сувязь, і ў гутарках з Нагродзкім Багушэвіч мусіў бы гэту сувязь неяк адзначыць хоць бы мімавольна. Відаць, аднак, у 90-ых гадох Багушэвіч вельмі далёка адышоўся ад старое ідэалёгіі, каторая мусіла быць у супярэчнасьці з новай - ведама, у галіне нацыянальнай.

Другой падставай, на якой вырастала беларуская ідэалёгія Багушэвіча, былі ўкраінскія ўплывы. Мае, здаецца, поўную рацыю і Гарэцкі, і Карскі, і Піятуховіч, і урэшце кс. Станкевіч, зварачаючы на гэты мамэнт асаблівую ўвагу. Бо ж, паводле Нагродзкага, Багушэвіч пачаў пісаць вершы, як жыў на Украіне, і пісаў іх спачатку па-ўкраінску. Калі ж вярнуўся да краю, дык тады ўжо аставалася яму зрабіць толькі адзін крок, каб перайсьці да беларускага самаўсьведамленьня. І Багушэвіч гэты крок учыніў. Тут, у краі, Багушэвіч пачаў пісаць вершы па-беларуску, а старыя ўкраінскія пісаньні свае спаліў як нічога ня вартыя. Тут, у краю, - кажа з глыбокім перакананьнем Нагродзкі, - у гэткай працы Багушэвіч «знайшоў сябе» і - «unarodowił się», што, аднак, - засьцярог мой інфарматар - не зьмяншала яго польскіх гаспадарсьцьвеных сымпатыяў.

Аднак, судзячы з далейшых слоў Нагродзкага, гэтыя сымпатыі выплывалі ў Багушэвіча з антыпатыі да Расеі і ўсякае маскоўшчыны. Апошняе, паміж іншым, пацьвярджае адзін характэрны факт з жыцьця Багушэвічавага, аб якім будзе гутарка далей. - Паводле Нагродзкага, Багушэвіч быў гарачым прыхільнікам адбудовы Польшчы - у шырокіх межах, летуцеў аб тым, каб і Беларусь была з Захадам (у яго польскім аспэкце!) і «дрыжэў на думку, што яна магла б астацца пад Расеяй, калі б ад апошняе адарвалася Польшча». - Відаць, Багушэвіч, як і шмат хто зь беларускіх адраджэнцаў ажно да сусьветнае вайны, не ўяўляў сабе поўнага адасабленьня Беларусі як асобнага, ні з кім гаспадарсьцьвенымі сувязямі ня зьвязанага, незалежнага гаспадарства...

Наагул, паводле Нагродзкага, палітычная дзеяльнасьць Багушэвіча закончылася ў 1863 годзе і пасьля ўжо ні ў чым не выяўлялася. На віленскім грунце ён узышоў на шлях вылучна культурна-нацыянальнае беларускае працы. На маё пытаньне, ці не было ў Багушэвіча нейкае лучнасьці з народавольцамі, Нагродзкі адказаў нэгатыўна. Дый здаецца, што пацьвярджэньне гэтага дае заўсёдная варожасьць Багушэвіча да ўсяго расейскага, якую Нагродзкі асабліва падчырквае.

Чураючыся расейшчыны й расейцаў, ня ўходзячы ў бліжэйшае асабістае сужыцьцё і з палякамі, Багушэвіч, аднак, цікавіўся ўсімі справамі польскага культурна-грамадзкага жыцьця. І гэта рэч зусім зразумелая: беларускага грамадзянства, беларускага культурнага жыцьця тады йшчэ не было, і Багушэвіч, як чалавек культурны, мусіў шукаць сабе «аддушыны» ў польскім культурным асяродзьдзі, але заўсёды на грунце краёвым. Багушэвіч карэспандаваў з блізкой яму, відаць, духова Элізай Ажашковай (Арэшчыхай), якая ў свой чарод вельмі цікавілася паэтам і ягонымі творамі (асабліва беларускімі, бо, як мне ведама зь іншае крыніцы, польскія вершы Багушэвічавы лічыла слабымі). У 1896 ці 1897 годзе Арэшчыха запрасіла Багушэвіча ў Горадню, дзе ён і правёў некалькі дзён ды блізу ўвесь час праседжваў у Арэшчыхі, якой чытаў свае творы. Паміж іншымі - адумысны верш да Арэшчыхі, каторы канчаўся словамі: «Прыймі як адзнаку тваёй чэсьці ў вёсцы!» (- верш гэты быў першы раз надрукаваны ў «Варце», Менск, 1918, ą 1, і паўтораны ў «Часопісі», Коўна, 1920, С. 2).

* * *

У 1897 годзе - у ліпні месяцы (пасьля арганізацыі ў Вільні выстаўкі абразоў, абслужанае польскімі малярамі (- пераважна з Варшавы) - была наладжана экскурсія лодкамі ў Коўну, каб даведацца да «ліцьвінаў». Ведама (- і гэта асабліва характэрна для нацыянальнае тэрміналёгіі гэных часоў наагул), справа йшла аб ковенскае польскае грамадзянства, якое толькі тэрытарыяльна называлася літоўскім, бо ж этнаграфічна літоўскае, як і этнаграфічна беларускае, тады яшчэ не існавала, і толькі лічаныя адзінкі спасярод нацыянальна сьвядомых ліцьвінаў у Вільні процістаўляліся і нацыянальна, і палітычна палякам (д-р Дамашэвіч і інш.). - На лодках паплылі: Фр. Багушэвіч, ягоны сваяк Габрыэль Родзевіч, Зыгмунт Нагродзкі, Аляксандра Давідоўскі (мянюшка Ротмістр), Станіслаў Булгароўскі, Напалеон Роўба, Зыгмунт Пацкевіч, урэшце - два матурысты: Баляслаў Швэнгрубэн і Вацлаў Макоўскі. Едучы, спыніліся ў Кернове ў арт.-маляра Русецкага, дзе прылучыўся да экскурсіі вучыцель Сьлівінскі зь Пецярбурга. Адначасна з экскурсіяй на лодках прыехала ў Коўну цягніком каля 20-ёх віленскіх польскіх дзеячоў. Ковенскае грамадзянства вельмі горача прыняло гасьцей. На гары Напалеона (непадалёк ад места) быў зладжаны пікнік, на якім прывітаў прыезных гарачай прамовай ковенскі адвакат Міхал Юновіч. Адказаў яму вельмі прыгожа Напалеон Роўба. Тады шмат хто прамаўляў на бягучыя нацыянальна-палітычныя тэмы, а калі за нейкі час ковенцы рэвізытавалі сваіх гасьцей у Вільні, дык ім зладзілі выезд у Трокі і там - на востраве, у замку - зрабілі пачастунак, гэтаксама з палітычнымі прамовамі. - Ясна ж, усе гэтыя прамовы мелі чыста польскі нацыянальны характар, і ўчасьце ў гэных прадпрыемствах Багушэвіча паказвае, што пры ўсёй сваёй беларускасьці ён лічыў блізкімі сабе і справы польскія.

Прабыўшы ў Коўне 2-3 дні, экскурсія лодкамі паплыла далей - у Юрбург, але Багушэвіч туды не паехаў.

Экскурсія пакінула свой сьлед у творчасьці Багушэвіча. Вярнуўшыся з Коўны, - кажа Нагродзкі [5], - ён напісаў тры вершыкі беларускія і адзін польскі, апісваючы ў іх сваё падарожжа і гасьціннасьць «ліцьвінаў», ды ўпісаў у альбомы сёстраў Петравічанак, бацькі каторых асабліва гасьцінна прыймалі віленцаў. Вось гэтыя вершыкі - з захаваньнем Багушэвічавае лацініцы і ўсіх асаблівасьцяў ягонага правапісу:

Коúnа (r. 1897, d. 20. lіpca).

Sabrauszysia na try czouna

Wiasławali my da Kouna.

Praz try dni i praz try noczy

Doszcz maczyu, a wiecier u woczy!

Usie naszy paniczyki

Zrabilisia jak biczyki:

Na dałonkach mazoliki

Czyrwanieli jak woliki,

Zabalelisia żywociki,

Pramaczylisia ich bociki,

Rża pabiła szkarpetaczki...

Och! biednyja-ż wy dzietaczki!

Nocz, zimnaja, dzień żarki:

Papaliła czysta twarki!

Paczarnieli, zmarkatnieli:

Praz try dni miasca nia jeli!...

Pieśni hudzieć pierastali.

Usie czysta użo prystali!

Ale, u Kounie, pamalenku,

Jak chto hlanu» na panienku,

- Aczuniau i bol zabyusia,

Kożny b z kożnaj ażaniusia:

Kożna miła i wasoła!

Prapau smutak wieś ukoła!

Jak chto chocze być u haścinie,

To jedż u Kouna na wicinie,

Ci na płycie, ci na czounie;

Dapytajsia tolki u Kounie,

Hdzie Piatrowiczawa chata:

Tam siamja usia bahata

U haścinnaść, u szczyrotu,

Ludzku miіaść i dabrotu.

Tam nakormiać, razwaselać

I twoj smutak tut razdzielać.

Franciś Bohuszewicz.
(З альбому Алёны Петравічанкі, пасьля па мужу - Нагродзкае).

18 20.VII.97.

Chto nad żaleznaj strunoj zapanuje,

Aż jana płacze, to hrymić hromam, to stohnie,

To tak śmiajetca, rahocze, tancuje,

Szto dusza ćwiordaja zdrohnie,

Toj i nad sercam panawać może,

Bo dar muzyki, to Twoj dar, Boże!

Ihraj że świetu, a chto uczuje tony,

Toj nie prapaszczy, toj budzie zbawiony.

Fr. Bohuszewicz.


Kamu dudka pasіuszna

dy ihraje śpie»nie,

Toj dusza dabraduszna

I szczyraja pe»nie,

Fr. Bohuszewicz.


R. 1897, dnia 20 lipca, Kowno, dom P. p. Piotrowiczów.

Życie zwą podrózą na wątіej łodzi,

A śmierć zwą przystanią po ciężkim trudzie:

Ludziom o rozkosze bez trudu chodzi,

Więc sobie i marzą o niej ci ludzie;

Dziś tylko marzą, jutro wierzą święcie,

Że i u Piotra znajdą to przyjęcie,

Co u Piotrowiczów, nawet bez zasługi!...

O, gdybyż tak było! - wnet by wszystkie strugi

Ludzkiego padołu pokryłyby łodzie, -

Jabym wichrem leciał i pędził na przodzie,

Bo tu mię przyjęto, to już tak serdecznie,

Że lepszej przystani nie chciałbym i wiecznie.

Franciszek Bohuszewicz.
(З aльбому Mapыі Петравічанкі).

Вярнуўшыся зь Юрбурга, экскурсія яшчэ пару дзён забавілася ў гасьцінных «ліцьвінаў» і ўрэшце паехала назад у Вільню. Паехаў і Багушэвіч.

Экскурсія гэтая мела для здароўя Багушэвіча фатальныя вынікі. Едучы ў Коўну, учасьнікі яе перажылі цяжкі мамэнт: матурыста Швэнгрубэн чуць не ўтануў. Гэты выпадак страшэньне падзеіў на Багушэвіча, у якога зрабіўся як быццам нэрвовы «шок». А ўсьлед за гэтым, у той жа дзень, сталася такая рэч. Прыстаўшы да берагу на начлег, усе пайшлі спаць у нейкую пуньку. Але Багушэвіч не хацеў спаць у душнай пуні і пастанавіў легчы пад голым небам - на лужку. Хаця пакрапываў дожджык і Багушэвіча адгаворвалі ад гэтага, ён сказаў: «У 1863 годзе мы спалі і ў горшых варунках». Закруціўся ў бурку ды праспаў ноч на траве. Ад гэтага застудзіўся, і ў яго зрабілася хвароба нырак, да якое пасьля прылучыўся тубэркулёз. У рэзультаце здароўе яго было зламана, і гэта давяло да перадчаснае сьмерці.

* * *

Нягледзячы на блізкасьць духовых заінтэрасаваньняў з польскім грамадзянствам, Багушэвіч адносіўся да апошняга наагул вельмі крытычна і вострай сатырай кляйміў яго за нястачу дэмакратызму ды іншыя агульнаведамыя заганы. Гэтыя сатыры, пісаныя па-польску і па-беларуску, выклікалі абурэньне сярод палякаў, і адносіны іх з Багушэвічам псаваліся з кожным годам, а ў канцы зусім парваліся. Да гэтага, паводле Нагродзкага, спрычынілася некалькі акалічнасьцяў.

Пад той час старшынёй адвакацкае рады ў Вільні быў адвакат Тадэвуш Буйка. Якраз насьпела 25-лецьце ягонае адвакацкае працы. Адвакатура сабралася віншаваць Буйку - у яго на прыватнай кватэры. Пераважалі палякі, але было й некалькі жыдоў дый адзін расеец, Белы, каторы пачуваў сябе ў душы паляком (- мо гэта быў, судзячы па прозьвішчу, беларус?). Быў і Багушэвіч. Ад імя адвакатуры пачаў гаварыць прывітаньне адв. Шастакоўскі (- быў ён сасланы ў Сібір разам з Урублеўскім), але - у расейскай мове. Гэта страшэнна абурыла ўсіх палякаў, але ніхто зь іх на гэта не рэагаваў. Затое зарэагаваў Багушэвіч: ён дэманстрацыйца выйшаў із пакою, бразнуўшы дзьвярыма. Гэты паступак ужо настроіў варожа да яго «ўгадовых» палякаў. Але на гэтым справа ня скончылася. У кракаўскім журнале «Przegląd Wszechpolski» зьявілася грамавая стацьця, скіраваная проці паступку Шастакоўскага. Апошні абвінаваціў у аўтарстве стацьці Багушэвіча і публічна назваў яго грэблівым у вачох паноў імем «chłopa»: «Czego można było od tego chłopa się spodziewać?!». У гэтым сказе Шастакоўскага вылілася ўся варожасьць віленскага грамадзянства да «chłopomaństwa» Багушэвічавага. Багушэвіч пусьціў тады сярод адвакатуры востры вершык - штось на тэму аб гербах сваім і Шастакоўскага.

За Шастакоўскага заступіўся адвакат Т. Урублеўскі, у квартэры каторага зьбіралася група віленскіх «шубраўцаў» , узноўленых Урублеўскім. Урублеўскі ў вельмі ядавітай форме кпіў на адным сходзе «шубраўцаў» з Багушэвіча. Той даў адказ Урублеўскаму ізноў жа вершам - па-беларуску. Пачатак гэтага вершу, страшэнна напастлівага й запраўды вельмі крыўднага для Ўрублеўскага, Нагродзкі пераказаў мне з памяці:

Малімончык наш Тадэўка

Гад, на пацеры місьцюк:

Як пачуе, дзе ёсьць дзеўка,

Дык улезе, як пацук.

А махлюе, а прыкіда!

Мысьлі яго - не паняць!


Жыдаў гане, а за жыда

Такіх дзесяць можна б даць.

Як ён моліцца, то грэша;

Як сьмяецца - плачуць людзі.

Як пабожыцца, то брэша;

Як салодкі - кепска будзе!..

................................................

У адвакатуры пачаліся вострыя сваркі. Шмат хто з Багушэвічам і шмат з кім Багушэвіч не вітаўся. Жыцьцё ў Вільні рабілася для паэты ўсё цяжэйшым.

А тут здарыўся яшчэ адзін выпадак.

Надыходзіў 1898 год - сотыя ўгодкі нарадзінаў Адама Міцкевіча. У Вільні паўстала думка наладзіць грамадзкае сьвяткаваньне. Сабралася нарада ў кватэры Багушэвіча, злажыўся камітэт, які пастанавіў зрабіць табліцу з адпаведным надпісам і зьмясьціць яе ў касьцёле сьв. Яна. У склад камітэту, побач зь іншымі, уходзіў Багушэвіч і граф Антон Тышкевіч. Гэны Тышкевіч меў у Вільні млын і пякарню. Дзеля прадажы сваіх вырабаў ён пазакладаў у розных пунктах места крамкі і абвясьціў, што кожын сталы купец хлеба й булак у гэных крамках дастане адмысловую кніжачку дзеля запісу кожнае куплі і пасьля будзе даставаць нейкі процант ад закупленае колькасьці тавару. - Шмат хто абураўся на гэты спосаб прывабліваньня кліентаў, кажучы. што гэта дэмаралізуе хатнюю службу. Абураўся і Багушэвіч і, як звычайна, сваё абурэньне выліў у вершу - баладзе «аб замучаным дукаце». Вось гэты верш, польскі загаловак каторага быў: «O dukacie umęczonym historja najprawdziwsza».

Szlachcic, co się nazywa,

Ile pomnк, Leliwą,

Po rodzicu, po dziadku

Dostał dukata w spadku.

Ważny czerwony złoty

Miał stemplowej roboty

Wierch - Obraz Matki Boskiej,

Spód - ludzkі znój i troski.

Dobro, słusznie nabyte,

Szlachcic schował w kalitę,

Rozumując, że zda się

Kiedyś, w potrzebnym czasie,

Nie dopuść Boże kary.

Rozmienion na talary

Oprze sią mocno biedzie,

Dobrze się z nim powiedzie.

Dukat leżał w kalicie,

Nie dbając o wikt, picie,

Myślał: z pełnej kieszeni

Szlachcic mię wnet nie zmieni.

Ale dukat, choć stary,

Nie znał pańskiej przywary:

Szlachcic ów me miał wstrętu

Do zysków i procentu

Wyjął dukat z kality

I rzekł: Daj mi profity!

Dukat w głowę się skrobie,

Myślі: Jak że to zrobię?

Chcesz profitów, moj panku,

To mnie zanieś do banku.

Szlachcic się mocno burzy:

Co też o banku bzdurzy

Ta głupia dukacina?

Rzucił dukat do młyna,

W dzień powszedni, w niedzielę

Dukat w młynie się miele,

A choć pot go zalewa,

Zysków nie wydobywa,

Na to szlachcic jak wrzaśnie:

A niech cię piorun trzaśnie!

Przydał nowych męczarni -

Szle dukat do piekarni,

Przypatrz się wszelki człecze:

Już trzeci rok się piecze,

O wytchnienie wciąż prosi,

A zysku nie przynosi!

Szlachcic gniewem się pieni,

Sypnął grosza z kieszeni,

Do mąk nowych się zbiera,

Zawołał inżyniera -

Zrobili kużnię znaczną,

Tam dukata tłuc zaczną.

Jęczy dukat w ucisku,

Ale nie daje zysku.

Znów zwiększyli męczarnie:

Urządzili tokarnie, -

Okrutnie dukat toczą,

Tylko zysków nie zoczą.

Inżynier krzyknął gniewnie

I urządził odlewnię;

Lejąc że1azne kraty,

Nie dał dukat intraty.

Szlachcic uparty srodze

Popuścił myślom wodze,

Pragnąc dukata zażyć,

Każe go w cukrze smażyć.

Dukat w cukrze się smaży,

Zyskiem jednak nie darzy.

Inżynier wąsy kręci:

Czyż garnki lepią świeci?

Wrzucił dukat sterany

Do blachy cynkowanej.

Gdy go blachą obili,

To się wszyscy zdziwili:

Już nie widać dukata,

A gdzież z niego intrata?

Oj, dukacie ubogi,

Nie koniec męki srogiej:

Nowe katusze robią, -

Jużci tartak sposobią.

Idż że już, nieboraku,

Pod piły do tartaku!

Bóg si ę mąk twych użala:

Na większe nie zezwala,

Zginął dukat w boleści, -

Weksel po nim szeleści.

Gniew szlachcica porywa

(I mama się też gniewa),

Zwykłą rzeczy koleją

Jeszcze ludzie sie śmieją.

Gdyby ludzie - pół biedy:

Ale śmieją się żydy,

Taka to byіa strata

Męczonego dukata,

Fr. Bohuszewіcz.

Хаця нічога крыўднага для Тышкевіча ў гэтым вершу няма, аднак ён выклікаў неспадзяваны эфэкт. Тышкевіч страшэнна быў абурыўшыся на паэту і адмовіўся бываць на паседжаньнях камітэту міцкевічаўскага сьвяткаваньня, бо камітэт зьбіраўся ў кватэры Багушэвічавай...

Багушэвіч усё гэта вельмі балюча адчуваў, і гэта ж - побач з хваробай, каторая разьвівалася ў яго, - прымусіла яго ў канцы пакінуць Вільню ды перабрацца на вёску - у Кушляны.

* * *

Нагродзкі ад часу да часу заглядаў у Кушляны, каб даведацца да прыяцеля, якому шчыра спагадаў ува ўсіх ягоных віленскіх прыкрасьцях. Знаў усю ягоную сям'ю: жонку, дачку, сына. Дачку Канстанцыю (Туню) Багушэвіч, дастаўшы спадчыну па браце, вучыў на сьпявачку, бо яна мела вельмі добры, багаты й моцны голас - альт. Вучылася яна за граніцай і мелася выступіць у знамянітым мілянскім тэатры La Scala. Але зь ёй сталася бяда: перад самым выступленьнем яна захварэла на горла, а ў выніку хваробы зусім страціла голас. - Ведама, бацька вельмі балюча перажыў гэтае здарэньне.

На вёсцы ў Багушэвіча Нагродзкі спатыкаўся з тымі людзьмі, зь якімі паэта жыў бліжэй, а наўперад зь Лявонам Ваўчацкім (двор Тэнчына), каторы любіў дэклямаваць па-беларуску, Карловічам Янам, выдатным філёлягам (бацькам кампазытара Мечыслава Карловіча), ды йшчэ зь нейкім суседам з двара Каменкі, прозьвішча якога Нагродзкі не запамятаваў. Бывалі і два вучыцелі - расейцы (адзін зь іх называўся Панамароў), але Нагродзкаму здавалася, што Багушэвіч дружыў зь імі больш з увагі на сына, каторы вучыўся тады ў школе, дзе Панамароў выкладаў.

Наагул жа Багушэвіч быў у забыцьці: зь віленскіх знаёмых рэдка хто да яго даведаваўся. У лістох да Нагродзкага паэта жаліўся, што аб ім усе забываюцца, і ўплятаў на гэту тэму вершыкі - па-беларуску і па-польску. Два зь іх з памяці падаў мне Нагродзкі:

Вецер дзьме і вые,

Што аж мысьлі рвуцца.

Змоўклі песьні тые,

Што іграў на дудцы.

Раз яшчэ зайграю

У астатняй хвілі

Для тых, што жаль маю,

Што мяне забылі...

........

Kupka drewek dogorywa

Na kominku w chacie,

A coś w sercu się odzywa:

Tak i z tobą, bracie.

Inny ogień tutaj buchaі,

Ogrzewał i świecił;

Każdy patrzył weс i słuchał

I swój płomyk niecił.

Nie zapłonie on tu więcej

Nie rozbłyśnie іuną,

Zamrze, jak głos twej dziecięcej

Liry z jedną struną...

Такія сумныя настроі перажываў наш паэта ў вапошнія перад сьмерцяй гады....

Яшчэ ў Вільні - перад выездам на вёску - Багушэвічу часта нехапала тэмаў да вершаў і апавяданьняў, а патрэбу пісаць ён меў. Дык ня раз прасіў Нагродзкага даваць яму тэмы. Гэтак паўсталі два маленькія апавяданьні прозай: «Сьведка» і «Дзядзіна». Зь ініцыятывы Нагродзкага Багушэвіч пераклаў на беларускую мову ведамы й некалі вельмі папулярны сатырычны вершык Бартэльса п. з. «Сьвіньні і бараны» (ён быў надрукаваны падчас нямецкае акупацыі ў віленскай газэце «Гоман», ą 54, 18.VІІІ.1916).

Дзеля таго, што віленская дэмакратычная моладзь, ладзячы часта экскурсіі на ўлоньне прыроды, ня мела што пяяць, Нагродзкі абвясьціў конкурс на песьню, словы каторае адпавядалі бы тагачасным настроям моладзі. У конкурсе прыняў учасьце Багушэвіч і - выйшаў пераможцай: конкурсны суд выбраў ягоны верш, каторы сваім зьместам ёсьць антытэзай ведамае песьні з часоў Міцкевіча: «Рrzесz, рrzесz smutek wszelkі, zараl fajkі, staw butelkі»... «Piosenkę tę, - кажа Нагродзкі, - umiłowaliśmy nad wszelkie inne; stała się ona jakby naszym sztandarem, i ją wіaśnie najczęściej i najchętniej śpiewaliśmy. Zresztą, śpiewaną ona była nie tylko przez nas i nie tylko w Wilnie. Była ona również popularna wśród młodzieży polskiej w Kownie, której przewodził niedawno zmarły w Wilnie Zygmunt Rewkowski». - Падаю поўны тэкст песьні Багушэвіча (падпісаўся аўтар пад ёй псэўданімам «F. Вur.» і датаваў 20.VІІ.97), бо ж вельмі цікаўная тая эвалюцыя настрояў моладзі, якая ў ёй адбілася, раўнуючы з застольнай песьняй шляхоцкае моладзі дваццатых гадоў мінулала стагодзьдзя:

Precz butelki, precz fajczarnie!

Dosyć tracić czas ten marnie.

Niech, kto żyje, bierze kije,

Dalej rusza w świat!


Nіe іdzіemy w obce kraje

Badać cudze obyczaje,

Gdyż nіe znamy, co tu mamy,

Co robі nasz brat.


Idżmy poznać nasze pole,

Odczuć bracі naszych dolę,

Co w cіemnocіe, czoła pocіe

Żywią wszystkich nas.


Nieśmy promień pod іch strzechy,

Promień światła і pocіechy,

Wskrześmy ducha spod kożucha,

Pókі jeszcze czas!


Tam powіemy o Czeczocіe

І o Zana wіelkіej cnocіe,

O Kościuszce, o Monіuszce

І o wіeszczach też.


Іm podając nasze ręce,

Uczynіmy w kraju więcej,

Niż na wojnіe, dzieląc hojnіe

Rany wzdіuż і wszerz.


A więc, bracіa, nіech kto żyje

Bіerze wnet pіelgrzymіe kіje,

Nіech poznaje własne kraje

І swój bіedny lud.


Nіech nas grzeje słonko swoje,

Nіech nas chłodzą własne zdroje,

W obce kraje, za Dunaje

Wyrzucajmy brud!

Паміж іншым, Нагродзкі прасіў Багушэвіча напісаць якую беларускую п'еску дзеля народнага тэатру. Багушэвіч ахвотна абяцаў папрацаваць над п'есай, але, ізноў жа, ня мог знайсьці адпаведнае тэмы. Нагродзкі абяцаў абдумаць тэму і даць Багушэвічу, але, пакуль абдумаваў, паэта памёр у Кушлянах.

Зь недрукаваных вершаў Багушэвічавых, напісаных у 90-ых гадох, Нагродзкі даў мне копію яшчэ аднаго, напісанага з прычыны чутак аб блізкім канцы сьвету, каторыя тады шырака хадзілі ў народзе. Вось гэты верш:

Otoż, bracie, dawiadzietsa

Nam z taboj waczmi swaimi

Baczyć, jak świet zapadzietsa

Sa úsim czysta i sa úsimi.


Kazaú Szmujła: nie pamoże

Żadna siła - úsio prapała!

Astanutsa, każe, może

Żydkoú kolki - i to mała -


Kab było kamu astatki

Hroszy, wodku, rożne zboże,

Pażbirac usie manatki,

Ci nia kupić ich chto może?


A szto reszta usio zahinie:

I kabyły, i karowy;

I awieczki, i usie świnie,

A tam kaliś może nowy


Świet paústanie; - każe Szmujła,

Szto żydoúski świet to budzie,

Zhinieć pan, prapaú chamuła,

A z żydoú nastanuć ludzie.

F. Bohuszewicz. Wilno

Калі з Кушлянаў прыйшла ў Вільню сумная вестка аб сьмерці Фр. Багушэвіча, Нагродзкі ня меў магчымасьці паехаць на паховіны свайго прыяцеля. Затое ён з'арганізаваў дэлегацыю з чатырох асобаў - пераважна із сфэры працоўнае - з краўцом Закрэўскім на чале. Дэлегацыя павезла з сабой вялікі вянок зь яліны; замест істужкі быў тонкі белы сялянскі ручнік зь беларускім надпісам: «Змоўклі песьні тыя, што іграў на дудцы...» (словы ўзятыя зь перадсьмертнага вершыку паэты). Вянок быў узложаны на магілу і нейкі час ляжаў тамака, - але пазьней, калі Нагродзкі туды прыехаў, дык беларускага надпісу ўжо не знайшоў: ён - «шчэз»...

Нагродзкі характарызуе Багушэвіча гэтак:

«Jako człowiek - wcielona szlachetność, niezmiernej moralnej wartości, strasznie wrażliwy na wszelkie zіo. Oburzała go do głębi duszy każda nieprawość, na którą inni nie zwracali nawet uwagi».

Ці ня з гэтага вырас і ўвесь сацыяльны й палітычны радыкалізм Багушэвіча? Зьмест цэлага раду вершаў паэты як быццам пацьвярджае гэту дагадку.

Паводле Нагродзкага, беларуская праца Багушэвічава не абмежавалася пісаньнем вершаў: з даручэньня Яна Карловіча ён паважна заняўся працай над укладаньнем беларускага слоўніка (- адзначым мімаходам, што ў гэным часе ўжо існаваў адзін беларускі слоўнік Насовіча). У Багушэвіча былі спэцыяльныя скрыначкі, куды ён складаў картачкі з асобнымі словамі. Бывала, што падчас гутаркі ён пачуў нейкае новае ці прыпомніў старое слова, даўно чутае, дык зараз жа яго запісваў на картачцы і клаў у скрыначку. Ці сям'я захавала гэты цэнны з навуковага гледзішча матэрыял, няма ведама.

На канчатак Нагродзкі паінфармаваў мяне аб гісторыі друку і пашыраньня «Беларускае дудкі» і іншых твораў Багушэвічавых. «Дудка» была вельмі ходкая. 3 000 надрукаваных у першым выданьні экзэмпляраў хутка разышліся. У шырэньні іх Нагродзкі прымаў вельмі дзейнае ўчасьце. Нагродзкі працаваў тады ў каапэратыве (на Татарскай вуліцы), і да яго часта прыходзілі людзі зь вёскі, каторых ён надзяляў Багушэвічавымі творамі. Апрача «Дудкі» і «Смыка» была йшчэ трэйцяя кніжачка: зборнічак вершаў (паводле Нагродзкага - слабейшых) «Тралялёначка», аб існаваньні якое цяпер ужо мала хто ведае, дый яна нідзе не захавалася [6]. Ня ведалі аб ёй ані М.Гарэцкі, пішучы сваю «Гісторыю беларускае літаратуры», ані кс. Станкевіч, калі апрацоўваў успомненую ўжо сваю папулярную брашурку аб Багушэвічу.

Калі «Дудка» вычарпалася, Нагродзкі надумаў перавыдаць яе сваім коштам. Якраз меўся ехаць у Кракаў - адвезьці сваю дачку і наладзіць друк кніжкі аб ведамым працэсе за «бунт у Крожах» Аляксандра Лапінскі, каторы і згадзіўся адвезці ў Кракаў 100 руб. ад Нагродзкага, каб Анчыц перадрукаваў «Дудку», - што і было акуратна выпаўнена. Але цяжка было калпартаваць яе да краю - праз «зялёную граніцу». Спачатку - з памогай Яз. Пілсудзкага - прывезьлі да краю 200 экз. «Дудкі». Далейшыя транспарты меліся ісьці кантрабандай - з аплатай па 40 руб. за пуд. Увесь наклад быў з гэтай мэтай узяты ад Анчыца, але чамусьці прывоз на доўгі час спыніўся. Толькі шмат пазьней Іван Луцкевіч, як быў ў Кракаве, вышукаў гэты наклад, і кніжкі былі часткамі перасыланы да краю, дзе вельмі хутка разышліся. Пасьля «Дудку» перадрукавала суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў

Пецярбурзе, закупіўшы ад сям'і Багушэвічавай права на выданьне ўсіх твораў паэты, у тым ліку і пакіненае да сягоньняшняга дня ў рукапісе «Беларускае скрыпачкі». Апошняя перахоўвалася ў архіве Браніслава Эпімаха-Шыпілы і разам з усім архівам перайшла да Беларускае Акадэміі Навук у Менску.

Старонка з маіх успамінаў.

(Сьветлай памяці Франціша Багушэвіча).

Дмітро Дарашэнка.

Я вучыўся ў 1890-ых гадох у Віленскай 1-ай Гімназіі; "зубрыў" лаціну й грэку, пацеў над альгебрычнымі задачамі, але думка мая была далека ад гэнае навукі: яна ляцела на Украіну, на ціхі хутар майго дзеда ў Чарнігаўшчыне, дзе я звычайна праводзіў летнія вакацыі i пасьля цэлы год жыў уражэньнямі i ўспамінамі ад тых двух летніх месяцаў. Мой бацка быў "украінафіл". Ён выпісаваў сабе ўкраінскія кніжкі, любіў пяяць песьні ўкраінскія, хадзіў на прадстаўленьні ўкраінскіх тэатральных трупаў, якія часта заглядалі ў Вільню. Ён прышчапіў мне рамантычную любоў да ўсяго ўкраінскага, i гэтая любоў. праз фактычную адарванасьць ад роднага краю, прыймала характар ідэалізацыі Ўкраіны, яе народу, гісторыі, мовы, літаратуры. Любячы свае ўкраінскае, бацька з пашанаю ды спагадам адносіўся да польскага элемэнту: прыехаўшы на службу ў Вільню (- ён быў вайсковым вэтэрынарным лекарам), ён зразу пачаў вучыцца польскае мовы i мяне малога прымушаў навучацца напамяць адрыўкі з «Marji» або з Сыракомлеўскага перакладу "Кобзара" Шэвчзнкі (- к слову, выданага ў Вільні ў 1863 годзе). Гэтая пашана да польскае нацыянальнасьці, якую тады перасьледавалі (- памятую, як на пошце i ў іншых урадовых установах у Вільні віселі ў тыя часы таблічкі з надпісам: "Строго воспрещается говорить попольски"), прыдбала бацьцы шчырых прыяцеляў сярод мясцовых палякоў, каторыя вельмі цанілі, што расейскі ўраднік гаворыць папольску, цікавіцца польскай літаратурай i з шчырым спачуваньнем адносіцца да польшчыны. Ведаючы, што бацька - украінец, яны стараліся зрабіць яму нешта прыемнае, - прыкладам, дарылі яму рэдкія кніжкі пра Украіну (- адзін знаёмы падараваў нам экзэмпляр "Kozaczyzny Turcji" Садыка-Пашы-Чайкоўскага), або малюнкі: раз на мяніны бацькі адзін знаёмы паляк падараваў яму копію абраза Ю. Коссака «Багдан Хмельніцкі и Тугай-Бэй пад Жоўтымі Водамі», у прыгожай залатой раме. Пазьней адзін малады пан, што вучыўся ў Львове ў політэхніцы, кожын раз, як варочаўся на фэрыі ў Вільню, прывозіў нам у кішані забароненыя тады ўкраінскія выданьні: Эвангельле паўкраінску, ўкраінскія пераклады. з Шэкспіра, «Фаўста» Гетэ ды іншыя кніжкі. - Адносячыся з сымпатыяй да польскага элемэнту, бацька гэтак сама адносіўся й да беларусаў дый ліцьвіноў, але ня меў з імі бліжэйшых адносінаў, апрача адносінаў падчас сваей служ­бы, дый то з людзьмі простымі, найбольш - з салдатамі.

Вось у гэтай атмасфэры, я-б сказаў, толеранцыі й пашаны да кожнае нацыянальнасьці, сярод апавяданьняў аб польскім паўстаньні 1863 году, аб Сымону Канарскім ды Ромуальду Траўгуту ( - мой бацька дружыў з Ляндсбэргам, з сям'ёй Пілсудскіх, з Касмоўскім ды іншымі людзьмі, у якіх сьвежыя былі традыцыі паўстаньня 1863 г.), складаўся мой нацыянальны сьветапагляд. Ужо ў 3-4 клясе гімназіі я сьведама пачуваў сябе ўкраінцам. Я адкладаў грошы, што даваў мне бацька на дробныя выдаткі, i выпісаваў сабе новыя ўкраінскія кніжкі з Кіева, або вышукаваў старыя ў віленскіх букіністых. Быўшы ў 5-ай клясе, я падпісаўся на «Зорю», із Львова; яна прыходзіла ў заклееных канвэртах, бо ў Расеі была забаронена. Але я ня меў з кім дзяліцца сваімі інтарэсамі, сваімі лятуценьнямі сярод маіх таварышоў, са мною ў клясе вучыліся вылучна расейцы, палякі й жыды. Некаторыя з іх, асабліва спасярод жыдоў ( - маім таварышам i даволі блізкім прыяцелем у малодшых клясах быў Mix. Гольдман, ведамы пазьней пад імем «М. Лібэр» дзеяч Бунду), цікавіліся ўжо нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай i давалі мне чытаць, прыкладам, «Рабочее Знамя»; але маіх украінскіх інтарэсаў не разумеў i не падзяляў ca мной ніхто, а былі й такія, што сьмяяліся з майго ўкраінства i дражнілі мяне, паўтараючы розныя дурныя выдумкі, што пускала расейская прэса аб украінскай мове й літаратуры. Гэта былі мае таварышы-расейцы.

У 6-ай клясе гурток маіх калегаў надумаў выдаваць рукапісны, а пасьля й гэктаграфаваны журнальчык «Гимназистъ». Я прыняў блізкае ўчасьце ў гэтым часопісе i даваў «стацьці» аб украінскай літаратуры ды пераклады з украінскіх аўтараў. I вось у вадным з нумароў вучань 5-ае клясы Сямашка зьмясьціў маленькае апавяданьне ў беларускай мове. Гэта мяне вельмі зацікавіла. Трэба адзначыць, што дагэтуль мне не даводзілася спатыкациа ні з кім, хто-б сьведама цікавіўся беларушчынай, - дый аб існаваньні нейкае літаратуры ў беларускай мове я блізу нічога ня ведаў. Памятую, - неяк у 1895 ці 1896 годзе, - што, як быў улетку колькі дзён у хвальварку гр. Тышкевічаў пад самым Маладэчнам, дык пабачыў у ваднаго з тамашніх служачых ( - называўся ён Антон Буйла i служыў раней у бацькі, як унтэр-ахвіцэр,) кніжачку "Дудка", надрукаваную пабеларуску лацінскімі літарамі ў Кракаве. Буйла хаваў яе, як нешта сьвятое, i ня кожнаму паказаваў; але да мяне меў давер i даў прачытаць. Кніжка зрабіла на мяне вялікае ўражэньне, але хто быў аўтарам яе, я тады йшчэ ня мог даведацца. Крыху пазьней я купіў у кнігарні Стракуна ў Вільні паэму «Сынок» (Ельскага). Вось i ўсё, што бачыў дагэтуль з беларускае літаратуры, i вось цяпер у васобе Сямашкі я ўпяршыню сустрэў. як мне здавалася, «сьведамага» беларуса. Аднак аказалася, што аб нейкім колечы беларускім руху Сямашка ведаў ня болей за мяне i напісаў свае апавяданьне пабеларуску проста дзеля таго, каб даць нешта такое, што мела бы «мясцовы» характар. Ня болей мог мне сказаць аб беларускай літаратуры i мой таварышч Вацлаў Ластоўскі [7], які - пад уплывам зьяўленьня ў журнале «Гимназистъ» украінскага й беларускага элемэнту - прызнаў сябе беларусам ды пачаў перакладаць на беларускую мову Шэўчэнку ( - памятую, ён пераклаў даволі ня блага "Русалку" i «Утопленую»).

Ажно вось вясною 1898 году давялося мне пазнаёміцца з са­мым Францішом Багушэвічам. Сталася гэта вось якім спосабам. Раз, вярнуўшыся з свайго службовага падарожжа некуды ў бок Менску, бацька з захапленьнем расказаў мне аб дужа цікаўным знаёмстве з адным панам, якое завязалася ў яго ў вагоне на чыгунцы: ён па- знаёміўся з панам, каторы некалькі гадоў служыў на Украіне як судовы сьледавацель ( - у Канатопскім павеце у Чарнігаўшчыне), вельмі добра навучыўся паўкраінску i вось цяпер у дарозе ўвесь час гаманіў з бацькам у гэтай мове, апавядаючы шмат цікаўнага з сваіх успамінаў пра Украіну. Гэта быў Багушэвіч. У нас у Вільні ня было йшчэ тады нікога з знаёмых украінцаў ( - былі толькі «малороссы»), i новае знаёмства вельмі зацікавіла бацьку. Ён пайшоў да Багушэвіча з візытай дый папрасіў яго да нас. І вось за колькі дзён прыйшоў да нас увечары пан сярэдняга росту, з падстрыжанай барадой i даўгімі вусамі. з добрымі, крыху сумнымі вачыма, які гутарыў ціхою, роўнаю моваю. Разгутарыліся. Я паказаў госьцю "Зорю"; відаць, яна была яму ведама, i ён зразумеў, што значыць факт выпісаваньня забароненага часопісу малым гімназістым дзесьці ў Вільні. Ён пацалаваў мяне ў галаву i сказаў, што кожын чалавек павінен любіць свой народ, шанаваць сваю мову i працаваць дзеля свайго краю. Гэта былі першыя словы, пачутыя мной у жыцьці (апрача слоў майго бацькі) ад вырослага, «соліднага» чалавека аб нацыянальным абавязку, i гэтыя словы навекі ўрэзаліся ў маю памяць, як свайго роду багаслаўленьне цi запавет. Наш госьць пачаў гутарыць аб беларускім народзе ( - i тут мы даведаліся, што ён прызнае сябе беларусам, аб цяжкім жыцьці гэтага народу, аб заняпадзе ў яго асьветы й культуры. Ён прачытаў нам адзін верш - гэта была ведамая яго «Праўда». Чытаў ціхім голасам, памалу, але ў ягоным чытаньні было гэтулькі пачуцьця, гэтулькі глыбокае любові, гэтулькі непадробленае шчырасьці, што чытаньне зрабіла на нас вялізарнае ўражэньне. Мы з бацьнам былі глыбака ўзварушаны i некалькі часін сядзелі моўчкі. Толькі цяпер зразумелі мы красу беларускага слова. Мы спыталіся: хто-ж аўтар гэтых цудоўных вершаў? Але Багушэвіч ня прызнаўся, што гэта ён напісаў ix. Ён прачытаў нам яшчэ некалькі паэзіяў, - мабьшь усё гэта былі ягоныя творы, Яны гэтак сама нам спадабаліся, як i «Праўда».

Ад гэтага часу пачалося нашае знаёмства. Багушэвіч яшчэ некалькі разоў даведаваўся да нас, i мы дзяліліся з ім навінамі з украінскага літаратурнага жыцьця, каторыя я вычытаваў із "Зорі". Было відаць, што гэта яго цікавіла. Ён - жа, калі бываў у адпаведным настроі, чытаў нам свае вершы, прызнаўшыся ўканцы, што аўтар ix - ён сам. Апавядаў такжа сёе-тое із свайго жыцьця, i гэтак мы даведаліся, што Багушэвіч быў учасьнікам паўстаньня 1863 году. Раз я быў у ягонай гасподзе. Меў ён невялікі дварок у Ашмянскім павеце, - калі не памыляюся, непадалёк ад Барун. Увосені 1898 году Багушэвіч перастаў да нас даведавацца, - здаецца, быў хворы; дый ужо тады, як мы з ім пазнаёміліся, быў ён ня зусім здаровы. I толькі шмат пазьней я даведаўся, што ён памер у 1900 годзе i быў пахаваны ў Жупранах.

Пазнаёміўшыся з Багушэвічам, пачаў я больш пільна шукаць нейкіх сувязяў з беларускім рухам. Але ня шмат давялося мне аб ім даведацца. Ад некаторых з маіх знаёмых із судовае сфэры чуў я аб Аляксандру Пшчолцы, як аб аўтары беларускіх апавяданьняў. Яле мае знаёмыя казалі, што Пшчолка - гэта чалавек вельмі правага кірунку i што свае беларускія апавяданьні піша дзеля таго, каб пасьмяшыць публіку дый пазьдзекавацца над "дурнотай" беларускага мужыка (гэтак сама, як у ўкраінскай літаратуры зьдзекаваўся над тэй-жа "дурнотай" Раеўскі). Гэта адбіла ў мяне ахвоту пазнаёміцца з Пшчолкай. Адзін вэтэрынарны лекар, Турцэвіч (- брат колішняга вучыцеля гісторыі ў віленскіх сярэдніх школах А. О. Турцэвіча), каторы ў сярэдзіне 90-ых гадоў скончыў харкаўскі вэтэрынарны інстытут, дзе вучыўся некалі й мой бацька, апавядаў мне, што, як быў студэнтам у Харкаве, дык належыў да "беларускага зямляцтва". Зда­ецца, аднак, што гэнае зямляцтва мела чыста тэрыторыяльны характар, i нічога нацыянальна-беларускага ў ім ня было. Гэтак, пакуль я вучыўся ў віленскай 1-ай гімназіі (я скончыў яе ў 1901 годзе), мне й не давялося бліжэй зьвязацца з беларускім рухам, катораму я ўсей душой сваей спагадаў. Пазняёміўся з дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэньня ўжо пазьней - у 1906-1907 гадох. Але сьветлы абраз Франціша Багушэвіча я хаваю ў душы, як адзін з найдаражэйшых успамінаў: я ўдзячны Багушэвічу за тое, што ён падтрымаў у маей дзіцячай душы парываньне да працы на карысьць майго роднага ўкраінскага народу, i з гэнага часу доля беларускага нацыянальнага адраджэньня зрабілася для мяне ня менш дарагой, як i доля адраджэньня ўкраінскага.

Прага, 10.ІХ.1933.



[1] Дзеля точнасьці адзначаю, што тыя ж інфармацыі зь біяграфіі Багушэвіча падае Я. Карскі. «Беларусы», т. ІІІ, вып. 3, стр. 194-195, а за ім і за Гарэцкім паўтарае М. Піятуховіч, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры», частка першая, Менск, 1928, стр. 86-87.

[2] Карскі («Беларусы», т. ІІІ, вып. 3), а за ім Піятуховіч («Нарысы гіст. бел. літ.», ч. 1) прыпісваюць Багушэвічу напісанае ў форме праклямацыі апавяданьне аб зачыненьні касьцёла ў Крэжах у 1893 г., але пэўнасьці адносна аўтарства яго ня маюць.

[3] Інфармацыі, даваныя Нагродзкім падчас гутарак зь ім 3.ІX.35 і 10.X.35, я запісаваў, пасьля дома апрацоўваў і ў рукапісе даваў Нагродзкаму дзеля праверкі. У запісе першае гутаркі інфарматар мой зрабіў сваей рукой некалькі паправак. - А. Л.

[4] М. Піятуховіч («Нарысы гіст. белар. літар.», ч. І, стр. 94) бачыць пачатак радыкалізму Багушэвіча ў часе унівэрсытэцкае навукі ў Пецярбурзе, дзе сярод студэнцтва панавалі ідэі Гэрцэна і Бакуніна ды моцна гучэў «Колокол» Гэрцэна.

[5] З формы напісаньня і датаваньня выглядае, што вершы пісаны ў Коўне.

[6] Карскі ("Беларусы" т. ІІІ., вып 3) а за ім і Піотуховіч ("Нарысы гіст. белар. літар.) называе "Тралялёначку" "апавяданнем у прозе", чаму Нагродскі пярэчыць, кажучы, што гэта быў зборнічак вершаў.

[7] Асоба Вацлава Ластоускага, з якім вучыўся аўтар "Успаміну", ня мае нічога супольнага з ведамым беларускім дзеячом - таксама Вацлавам Ластоўскім родам з Дзісьненшчыны. - Рэд.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX