Вярнуцца: Філалогія, гісторыя літаратуры

Талочка Ўлад. Фр. Багушэвіч i Э. Арэшчыха


Аўтар: Талочка Уладзіслаў,
Дадана: 12-04-2015,
Крыніца: Талочка Уладзіслаў. Фр. Багушэвіч i Э. Арэшчыха // Запісы Беларускага Навуковага таварыства. Вільня, 1938. Сшытак 1. С. 34-35.



У ўспамінах З. Нагродзкага аб Багушэвічу было адзначана, што беларускі паэта быў знаёмы з польскай пісьменьніцай Э. Арэшчыхай, да якой даведаваўся ў Горадню. Зацемку гэную дапаўняем выбаркай з нядаўна выданае карэспандэнцыі Арэшчыхі (Listy Elizy Orzeszkowej, T. II, cz. 1.) тых месцаў, дзе гаворыцца аб Багушэвічу, - у беларускім перакладзе.

Наўперад у пісьме да ix супольнага знаёмага Яна Карловіча піша Арэшчыха з Горадна 2.11.1887 г.: "Тры тыдні таму назад быў у мяне добры Ваш знаёмы з Вільні п. Багушэвіч. Вельмі прыемна правяла я з ім некалькі гадзін. Ён мне чытаў свае беларускія паэзіі дый навет даў мне адпісы з ix з асобным вершыкам, гэтак сама па-беларуску, да мяне ці для мяне. Ці-ж ня праўда, што гэта рэчы вельмі харошыя, маюць нейкае асаблівае хараство, i мяне вельмі цікавіць, ці здолеюць ix зразумець дый засмакаваць у ix нашыя сяляне? Будучым летам папрабую чытаць ix маім міневіцкім знаёмым. Прывёз мне такжа п. Багушэвіч 25 рублёў, сабраныя для Ежа [1]. Усяго разам маю 90 рублёў, каторыя - згодна з Вашым наказам - вышлю гэтымі днямі пані Мілкоўскай" (стар. 77).

У ваб'ясьненьнях і допісах да гэтага пісьма чытаем: "Франціш Багушэвіч (1840- 1900) - адвакат з Вільні, беларускі паэта, два томікі вершаў каторага: "Дудка беларуская" (Кракаў, 1891) i "Смык беларускі" (Пазнань, 1894) - мелі вялізарнае значэньне дзеля разьвіцьця беларускае літаратуры. Багушэвіч у сваіх творах падыймаў сацыяльнае пытаньне Беларусі, кладучы націск на нядолю й цемнату народную. Арэшчыха належала да паклоньніц ягоных паэзіяў. У вадным з ненадрукаваных тут пісем да Карловіча (з 22.11.1888) яна гэтак піша аб ix: "Быў у мяне нядаўна п. Багушэвіч і чытаў мне казку - даўгую, поўную фантазіі, вельмі харошую, каторую напісаў па-беларуску. Гэта прыгожы талент. Польскія паэзіі яго слабыя, але беларускія, прынамся на мой пагляд, знамянітыя. Трэба было-б усімі сіламі заахвочваць яго да працы ў гэтым кірунку" (302).

Багушэвіч даведаўся да Арэшчыхі яшчэ раз у 1893 годзе; гэта відаць із таго, што 23.11.1893 Карловіч пісаў да яе: "Спадзяваўся я, што напішу да Вас праз п. Багушэвіча, каторы гэтымі днямі ехаў у Вільню; ён ашукаў мае спадзяваньні, бо паехаў неразьвітаўшыся. Дык пішу праз пошту, шкадуючы, што з гэтае прычыны мушу быць дыскрэтнейшым. Падробнасьці й прозьвішчы адкладаю да пэўнейшае аказіі" (310).

Гэтым канчаюцца зацемкі аб Багушэвічу ў карэспандэнцыі Арэшчыхі.



[1] Еж - Мілкоўскі - ведамы польскі эмігрант i выдатны пісьненьнік шчыра Дэмакратычнага кірунку. - Рэд.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX