Вярнуцца: Філалогія, гісторыя літаратуры

Некрашэвіч Сьцяпан. Сучасны стан вывучэньня беларускай мовы


Аўтар: Некрашэвіч Сьцяпан,
Дадана: 01-07-2013,
Крыніца: Некрашэвіч Сьцяпан. Сучасны стан вывучэньня беларускай мовы // Спадчына №2-1993. С. 85-95.



АКАДЭМІЧНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ ПА РЭФОРМЕ БЕЛАРУСКАГА ПРАВАПІСУ I АЗБУКI

Рубрыка «Мова» ня можа абмінуць Акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу i азбукі, што адбылася ў Менску у 1926 годзе (гл. «Спадчыну» № 4, 1991). Першы значны навуковы форум Беларусі невыпадкова быу прысьвечаны лесу мовы; канфэрэнцыя прайшла з размахам, з запрашэньнем замежных навукоўцаў ды пры удзеле дзяржаўных лідараў. Гэта была этапная для беларускага адраджэньня падзея. Натуральна, ішлі гарачыя спрэчкі, i ўдзельнікі пагадзіліся далека не ва ўсім. Але галоўнае - канфэрэнцыя засьведчыла еднасьць лёсу мовы зь лёсам народу, найжывейшае грамадзкае зацікаўленьне моўнаю праблематыкай.

(52KB) image001.jpg

«Спадчына» пачынае публікацыю некаторых матэрыялаў Акадэмічнае канфэрэнцыі са спавешчаньня Сьцяпана Некрашэвіча, прысьвечанага здабыткам i плянам беларускага мовазнаўства, дый самога С. Некрашэвіча, у 20-я гады. Маштабнасьць працы й задумаў, ix навуковая абгрунтаванасьць асабліва ўражваюць, калі зважаць на пазьнейшае змарненьне ды сэрвілізм гэтае галіны беларусазнаўства на Бацькаўшчыне.

Друкуецца паводле «Працаў Акадэмічнае канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу i азбукі», Менск, 1927.

Сьцяпан Некрашэвіч - буйнейшы беларускі мовазнаўца й грамадска-палітычны дзяяч (8 траўня 1883 г., в. Данілоўка суч. Сьветлагорскага р-ну - 20 сьнежня 1937 г., Менск). Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Дзеіў у беларускіх вайсковых арганізацыях на Румынскім фронце, у 1917 наладзіў беларускую вайсковую канфэрэнцыю ў Адэсе. Пасьля абвешчаньня БНР прадстаўляў беларускі ўрад на поўдні Украіны, вёў ад імя ВНР перамовіны з французам вайсковым камандаваньнем. Вучыўся ў Вышэйшым міжнародным інстытуце ў Адэсе. Каля 1920 г. вярнуўся ў Беларусь, тады ўжо савецкую, i актыўна далучыўся да беларускай культурнай i асьветнай дзейнасьці. Быў першым старшынёй Інстытуту Беларускае Культуры (1922- 1925), выкладаў, у 1925-26 гг. стажыраваўся ў Ленінградзе ў акад. Я. Карскага. Пасьля стварэньня Беларускай Акадэміі навук стаў яе віцэ-прэзыдэнтам, дырэктарам Інстытуту мовазнаўства. Займаўся рознымі праблемамі беларускага мовазнаўства - гісторыяй мовы, дыялекталёгіяй, лексыкалёгіяй. Склаў зь Міколам Байковым найцікавейшыя i найбольш аб'ёмныя слоўнікі міжваеннай пары - Беларуска-расійскі (1925) i Расійска-беларускі (1928). Грунтоўна займаўся пытаньнямі ўпарадкаваньня сучаснае літаратурнае мовы, правапісу. Выдатны арганізатар дасьледніцкае працы беларускіх мовазнаўцаў. Распрацаваў праект i пачаў працу над укладаньнем слоўніка жывой беларускай мовы, далучыў да збору матэрыялаў краязнаўцаў. У 1930 г. арыштаваны, сасланы ва Удмуртыю (г. Сарапул), у 1937 зноў абвінавачаны, прывезены ў Менск i расстраляны.

Сёлета Беларусь адзначае 110-гадовы юбілей гэтага выдатнага дзеяча.


У сваім дакладзе я хачу зрабіць агляд сучаснай працы па вывучэньні беларускай мовы за апошнія 5-6 гадоў, а таксама даць пэрспэктывы гэтай працы ў бліжэйшыя гады.

Дасьледаваньне беларускай мовы пачалося ўжо даўно. Аднак да зьяўленьня ў сьвет прац акад. Е. Ф. Карскага гэта дасьледаваньне носіць больш выпадковы, эпізодычны характар. I толькі Е. Ф. Карскі сваімі грунтоўнымі i ўсебаковымі працамі па дасьледаваньні беларускай мовы робіць цэлую эпоху ў справе вывучэньня беларускай мовы. Дзякуючы яго капітальным працам, беларуская мова высьвятляецца як мова самастойнага значэньня, што жыве па сваіх асобных моўных законах i па свайму значэньню роўная вялікарускай i ўкраінскай мовам. Праўда, у сваіх працах акад. Е. Карскі яшчэ прадаўжае называць беларускую мову «наречием русского языка», разумеючы над гэтым «языком» агульную ўсходня-славянскую або рускую мову, але ўжо яго сучасьнікі (Шахматаў, Дурново i інш.), некаторыя, можа, i на аснове яго прац, уносяць больш яснасьці ў гэтае пытаньне i называюць беларускую мову не падмовай, «наречием», а самастойнай мовай усходня-славянскай галіны моваў. Такім чынам, на аснове пераважна прац акад. Е. Карскага, беларуская мова выяўляецца ня як нейкі прыдатак да якойсьці іншай мовы, а як самастойная мова, якая павінна займаць сярод іншых славянскіх моваў роўнае месца.

Я нарачна застанавіўся на пытаньні аб самастойнасьці беларускай мовы, бо гэта пытаньне цесна зьвязана з беларускім культурна-нацыянальным рухам i з дзяржаўным жыцьцём нашага народу i нашай мовы.

За нашыя часы, усяго якіх 6 гадоў назад, у жыцьці нашага народу адбылася надзвычайна важная гістарычная падзея, - гэта акт абвяшчэньня дзяржаўнасьці Беларусі. Гэты акт зьяўляецца ня толькі важным політычным актам, але i ня менш важным актам у гісторыі нашай мовы, бо разам з дзяржаўнасьцю Беларусі абвешчана i дзяржаўнасьць беларускай мовы. Існаваўшая да гэтага часу беларуская мова, як мова народная, мужыцкая прызвана цяпер стаць мовай літаратурнай, мовай усяго беларускага грамадзянства. У зьвязку з гэтым, ад беларускай мовы патрабаваліся надзвычайныя высілкі, нябывалыя ў гісторыі разьвіцьця моваў іншых народаў. Беларуская літаратурная мова, зрабіўшыся дзяржаўнай мовай, мусіла адбіць усе здабыткі агульна-чалавечай культуры, усе тыя ідэі, што ў іншыя мовы пранікалі паступова, на працягу, можа, цэлых вякоў, i якія ў нашай мове адразу-ж павінны былі атрымаць сваё выражэньне.

А між тым, ня маючы генэтычнай сувязі з ранейшай дзяржаўнай беларускай мовай, мовай нашага старога пісьменства, бо гэткай сувязі не магло быць, з прычыны страты на працягу больш чым двох вякоў беларускай дзяржаўнасьці i фактычнага заняпаду беларускай мовы,- наша літаратурная мова к часу абвяшчэньня яе мовай дзяржаўнай зьяўлялася яшчэ мала апрацаванай i яшчэ менш дасьледаванай. Калі раней i гаварылася аб дасьледаваньні нашай мовы, то тут мелася на ўвазе беларуская народная мова i старажытная мова нашых помнікаў. Сучасная беларуская літаратурная мова дасьледаваньнямі папярэдніх вучоных бадай што ня была закранута, - па-першае, таму, што яна была занадта маладая, а таму яшчэ канчаткова несформаваная, а па-другое, i таму, што гэта пытаньне наагул менш цікавіла вучоных.

Тут упамяну толькі аб аднэй вялікай гістарычнай важнасьці працы Б. Тарашкевіча: «Беларускя граматыка для школ», у якой правільна вызначаны асноўныя законы беларускай літаратурнай мовы, i праз гэта намечаны шляхі яе далейшага разьвіцьця. Аднак Б. Тарашкевіч, так таленавіта распачаўшы сваю працу па дасьледаваньні беларускай літаратурнай мовы, хутка яе закінуў, будучы адцягнуты політычным бокам жыцьця беларускай краіны, i такім чынам к часу абвяшчэньня нашай мовы дзяржаўнай новых прац па яе дасьледаваньні не зьявілася.

Разам з тым, дзяржаўнасьць нашай літаратурнай мовы вымушала хуткага яе дасьледаваньня i апрацаваньня. Стаўшы прыладай мысьлі культурнага грамадзянства, наша мова мусіла быць настолькі апрацаванай, каб на ёй можна было выражаць усе самыя тонкія ўхілы нашай мысьлі, самыя дакладныя навуковыя разуменьні. Апошняга вымагала беларусізацыя нашага дзяржаўнага апарату, усіх культурна-асьветных устаноў i наагул культурнага жыцьця нашай дзяржавы.

I трэба сказаць, што ад гэтага часу наглядаецца надзвычайна цікавы процэс разьвіцця беларускай мовы. Нашу мову цяпер апрацоўваюць ня толькі вучоныя, пісьменьнікі, але ўсё беларускае грамадзянства, усе тыя, хто гаворыць i піша па-беларуску. Наша літаратурная мова ў сэнсе свайго разьвіцьця за апошнія шэсьць год зрабіла вялікі крок наперад. Праўда, трэба заўважыць, што пры такім хуткім росьце нашай літаратурнай мовы часта з посьпеху ў яе склад уносіцца неўласьцівая ёй стыхія. Але пры сьвятле здаровай навуковай крытыкі ўсё, неўласьцівае для беларускай мовы, адпадае i адпадзе, i наша літаратурная мова апрацоўваецца, як адзіная, сталая i для ўсіх абавязковая мова. Асноўнае запатрабаваньне, якое ў нас ставіцца пры апрацаваньні беларускай літаратурнай мовы,- гэта блізасьць яе да мовы народнай. Нашым ідэалам зьяўляецца адзінства літаратурнай i народнай мовы, i мы спадзяемся, што гэтага адзінства дасягнем.

Гаворачы аб адзінай беларускай літаратурнай мове, трэба сказаць, што Ў нас яшчэ дзе-ні-дзе наглядаюцца тэндэнцыі асобных ухілаў пры апрацаваньні нашай літаратурнай мовы, галоўным чынам, па-за межамі Савецкай Беларусі. Але мы спадзяемся, што шляхам конфэрэнцый, шляхам узаемных уступак мы пагодзім гэтыя ўхіленьні i выпрацуем беларускую літаратурную мову адну для ўсяго беларускага народу, у якой бы дзяржаве ён ні жыў.

У сваім дакладзе я i хачу высьветліць тую працу па дасьледаваньні беларускай мовы, якая вядзецца ў нас у Савецкай Беларусі, галоўным чынам, Інстытутам Беларускай Культуры.

Вынікамі сваёй працы мы яшчэ не асабліва можам пахваліцца. У нас няма ні тоўстых многатомных прац, ні шырокай пастаноўкі навукова-дасьледчай працы па мовазнаўству. Мы яшчэ толькі распачынаем сваю працу па мовазнаўству. Хоць першая навуковая організацыя па апрацаваньні беларускай мовы - Беларуская Навукова-Тэрмінолёгічная Камісія - узьнікла яшчэ ў 1921 г., аднак, з прычыны розных перашкод, нам удалося большменш солідна паставіць мовазнаўчую працу толькі з восені гэтага году. Цяпер у нас мовазнаўчую працу вядзе Аддзел Мовы i Літаратуры, які ўваходзіць у склад Інстытуту Беларускай Культуры i падзяляецца на пяць сталых камісій: Тэрмінолёгічную, Слоўнікавую, Правапісную, Фольклёрна-дыялектолёгічную i Літаратурную. З наступнага году Аддзел Мовы i Літаратуры мае 14 штатных супрацоўнікаў i належныя крэдыты для выданьня прац Аддзелу.

Але яшчэ да сформаваньня Аддзелу мовы i літаратуры, незалежна ад працы яго Камісій, мы маем некалькі мовазнаўчых прац, якія мусяць быць адмечанымі ў маім дакладзе.

Па агульнаму мовазнаўству мы маем толькі адну, нядаўна выданую нашым Дзяржаўным Выдавецтвам працу проф. П. Бузука: «Асноўныя пытаньні мовазнаўства» (Менск, 1926 г.).

Узаемаадносіны беларускай мовы да літоўскай разглядаюцца акад, Е. Карскім у адносінах уплыву беларускай мовы на літоўскую ў яго працы: «Культурные завоевания русского языка в старину на западной окраине его области» (Изв. Отд. Русск. яз. и слов., XXIX, 1925). Тое-ж пытаньне разглядаецца i ў працах б. проф. Ковенскага Унівэрсытэту Бугі, які даводзіць, што ўплывы беларускай мовы на літоўскую пачаліся яшчэ з VI в., i што, такім чынам, усе запазычаньні з славянскіх моваў літоўская мова набыла праз беларускую. Узаемаадносіны беларускай мовы да суседніх славянскіх моваў разглядаюцца ў працы П. Бузука: «Взаемовідносини між белоруською i украінською мовамі» (Зап. Інст.- філол. Відд. Укр. Акад. Наук, т. VII-VIII) i ў дзьвюх рукапісных працах Л. Цьвяткова: «Беларускія элемэнты ў польскай мове» i «Польскі элемэнт у беларускай мове».

Трохі большы лік прац мы маем па вывучэньні гісторыі беларускай мовы. Тут перш за ўсё трэба ўказаць на каштоўную працу проф. Растаргуева: «Белорусская речь в ее современном и прошлом состоянии» (Курс Белоруссоведения, Москва, 1920). З беларускіх мовазнаўцаў па гісторыі нашай мовы працуе В. Воўк-Левановіч. Ім напісаны добрыя ўводзіны ў вывучэньне гісторыі нашай мовы: «Гістарычнае вывучэньне беларускай мовы ў славянскай філёлёгіі» (Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту, 1925 г.). У зборніку, прысьвечаным Ф. Скарыне, друкуецца яго новая праца: «Мова Фр. Скарыны». Апрача таго, ім напісаны курс гісторыі беларускае мовы, першая частка якога (фонэтыка) ужо здана ў друк. З іншых прац па гістарычным вывучэньні беларускай мовы адмечу цікавую працу Янкі Станкевіча: «Мова Аль-Кітаба» (у рукапісу) i С. Некрашэвіча: «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад евангельля на беларускую мову i мова перекладу» (у рукапісу). Заўважу між іншым, што ў апошняй працы аўтар, на аснове вывучэньня графікі евангельля, устанаўляе азначэньне Цяпінскім асобным значком в рэдукаванага i нескладовага «у». Мае дачыненьне да вывучэньня гісторыі беларускай мовы i праца Н. Дурново «Очерк истории русского языка» (Москва, 1921 г.), дзе адначасна разглядаюцца зьявы з гісторыі беларускай мовы.

Па вывучэньні сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў нас працуе пераважна Язэп Лёсік. У журнале «Полымя» за 1924 i 1925 гг. ім зьмешчаны «Увагі да беларускай літаратурнай мовы», праца, як відаць, напісаная не без некаторага ўплыву аналёгічнае працы проф. А. Курылы: «Уваги до сучасноі украінськоі літературноі мови». Лёсікам-жа, ня лічачы яго школьных граматык, напісаны, галоўным чынам, на аснове прац Е. Карскага, больш солідныя курсы: «Сынтакс беларускае мовы» (Менск, 1925) i «Граматыка беларускае мовы (фонэтыка)» (Менск, 1926 г.). Апошняя ЯГО кніга вызвала досыць многа рэцэнзій, лепшымі з якіх трэба лічыць П. Бузука («Полымя», 1926 г., № 3). Апрача прац Я. Лёсіка, многа дробных, але цікавых заметак аб сучаснай беларускай літаратурнай мове, аб сэмантыцы i этымолёгіі беларускіх слоў мы знаходзім у журнале «Крывіч», што выходзіць у Коўне пад рэдакцыяй В. Ластоўскага. Тут яшчэ ўпамяну аб удалым «Курсе беларускай мовы» А. Багдановіча, які знаходзіцца ў друку.

Тут-жа назаву і сваю дробную працу: «Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм» («Адраджэньне», 1922), дзе, побач з правапісам, разглядаюцца i некаторыя формы літаратурнай мовы.

Аб вывучэньні мовы паасобных пісьменьнікаў мы маем дзьве невялікія працы П. Бузука. Адна з ix - «Галоўныя асаблівасьці мовы Цішкі Гартнага», надрукавана ў «Полымі» (№ 5 за 1926 г.), а другая - «Мова i правапіс Якуба Коласа», друкуецца.

Наагул-жа, вывучэньне сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў нас яшчэ толькі пачынаецца. Працы для дасьледчыка тут яшчэ шмат. У галіне морфолёгіі ў нас ёсьць ня мала паралельных I непатрэбных форм, у сынтаксе мы маем шмат неўласьцівых для беларускай мовы конструкцый пабудовы сказу. На наш сынтакс, на нашу лексыку яшчэ i цяпер моцна ўплываюць, з аднага боку, расійскі сынтакс i лексыка, а з другога боку - польскі. Тут патрэбна разьмежаваньне. Выяўленьне свайго, што ўласьціва для беларускай мовы, патрэбны солідныя навуковыя працы.

Задачай заснаванай у нас сталай навукова-мовазнаўчай організацыі - Аддзелу мовы i літаратуры - i павінна зьявіцца ў першую чаргу вывучэньне i апрацаваньне нашай літаратурнай мовы.

Праца Аддзелу адбываецца пераважна ў яго Камісіях, да разгляду дзейнасьці якіх я i прыступаю.

З усіх Камісій Аддзелу найбольш першачарговае, як-бы баявое значэньне мае праца Тэрмінолёгічнай Камісіі. Каб уявіць сабе значэньне тэрмінолёгічнай працы для беларускай культуры, трэба сказаць, што за царскія часы беларускіх школ ня было, i, такім чынам, да рэволюцыі ні аб якой навуковай тэрмінолёгіі не магло быць i гутаркі, бо яна, зразумела, мала каму была патрэбна. Калі-ж пасьля рэволюцыі пачалі адчыняцца беларускія школы, то яны спаткаліся з надзвычайна вялікаю труднасьцю, якая перашкаджала, аднака, паставіць выкладаньне па-беларуску навуковых дысцыплін, - з адсутнасьцю беларускай навуковай тэрмінолёгіі. Патрэбна было даць навуковую тэрмінолёгію па кожнай галіне навукі, пачынаючы ад запатрабаваньняў пачатковай школы i канчаючы вышэйшай. Беларуская народная мова, як i ўсякая іншая народная мова, аказалася багатай словамі - вобразамі, што ўваходзяць у зварот селяніна, i беднай словамі абстрактнага значэньня. Прымаючы пад увагу гэту асаблівасьць народнай мовы, будзе зразумела, што праца Камісіі была вельмі трудная. Сваіх слоў не хапала. Прыходзілася або рабіць запазычаньні з іншых моваў, або тварыць нэолёгізмы. Камісія ў сваёй працы застайавілася на прынцыпе менш уводзіць чужеземных слоў, замяняючы іх сваімі словамі, хоць, можа, і ня зусім дапасаванымі да таго ці іншага абстрактнага значэньня. Але Камісія была ўпэўнена, што словы народнай мовы з іх конкрэтным, рэальным значэньнем будуць лепш перадаваць навуковыя, абстрактныя разуменьні, чым словы чужаземнай мовы, што конкрэтныя словы народнай мовы будуць з часам набываць абстрактнае значэньне, і такім чынам, калі тое ці іншае слова сягодня яшчэ ня зусім падходзіць, то праз колькі гадоў яно зусім можа быць на месцы. Тэндэнцыя да замены чужаземнай стыхіі сваёю ня ёсьць толькі зьявішча беларускай культуры. Яна заўважваецца ў алошнія часы бадай ува ўсіх народаў, нават у рускіх, у мову якіх «вышэйшым сьветам», арыстократыяй XVIII і XIX вв., было ўнесена вельмі многа чужаземнага элемэнту. Беларуская культура, разьвіваючыся ў асаблівых умовах, у ўмовах пролетарскай дзяржаўнасьці, калі ў грунт культурнага жыцьця кладзецца раўненьне на народную масу, зразумела, павінна вымагаць яшчэ большага паглыбленьня гэтай тэндэнцыі i самага асьцярожнага ўвядзеньня ў нашу мову чужаземшчыны. Гэта тым больш небясьпечна, што беларуская культура яшчэ да апошняга часу адчувае на сабе досыць моцныя ўплывы нашых суседніх народаў - рускіх і палякаў, у мове якіх вельмі многа чужаземнай стыхіі. Аднак, імкнучыся да замены чужаземных слоў па магчымасьці сваімі, Тэрмінолёгічная Камісія не аддзялялася якімсьці кітайскім мурам ад увядзеньня ў сваю мову міжнародных навуковых тэрмінаў па зоолёгіі, ботаніцы, мэдыцыне i да т. п.; такіх тэрмінаў прынята ці-мала.

Гаворачы аб конкрэтных выніках працы Тэрмінолёгічнай Камісіі, трэба сказаць, што ёй распрацаваны і надрукаваны 9 тэрмінолёгічных слоўнікаў па розных галінах навукі, галоўным чынам, выходзячы 3 запатрабаваньняў сярэдняй школы. Гэтыя 9 тэрмінолёгічных слоўнікаў зьмяшчаюць у сабе 11.641 слоў-тэрмінаў, 6 тэрмінолёгічных слоўнікаў, агульнаю колькасьцю каля 19.000 слоў-тэрмінаў, Камісіяй прынята, але яшчэ не надрукавана. Такім чынам, усяго Тэрмінолёгічнай Камісіяй прынята звыш 30.000 слоў. Апрача таго, запроектавана, але Тэрмінолёгічнай Камісіяй не разгледжана з тэрмінолёгічныя слоўнікі, агульнай колькасьцю 6.000 слоў. Тут варта таксама ўпамянуць аб адным тэрмінолёгічным слоўніку на 600 слоў-тэрмінаў, што быў выданы ў Коўне Душэўскім і Ластоўскім.

Праца Тэрмінолёгічнай Камісіі яшчэ далёка ня скончана. Чарговаю яе задачаю павінна быць апрацаваньне навуковай тэрмінолёгіі для патрэб нашых вышэйшых школ, для нашых савецкіх і дзяржаўных устаноў. Тэрмінолёгічная камісія павінна ў сваёй працы цесна зьвязацца з нашай школай, з усімі тымі асобамі, якія цікавяцца тэрмінолёгічнай працай Камісіі і жадаюць прыняць у гэтай працы чынны ўдзел. А такіх асоб ёсьць ці мала. Разам з гэтым, Камісія павінна пераглядзець мэтоды сваёй працы і, улічыўшы сваю пяцігадовую практыку, больш зьвярнуць увагі на атрыманьне тэрмінолёгічнага матар'ялу за дапамогай програм з народнай мовы. Камісія ў сваёй працы павінна цесна зьвязацца з Слоўнікавай Камісіяй і выкарыстоўваць багатыя матар'ялы апошняй Камісіі. Трэба наагул сказаць, што праца Тэрмінолёгічнай Камісіі ў цяперашні час куды лягчэй, чым гэта было некалькі гадоў таму назад. Цяпер на дапамогу Ў працы Камісіі прыходзіць яе папярэдняя практыка і ранейшыя апрацаваныя матар'ялы, а галоўнае - вялікі лік асоб, якія сьвядома ці несьвядома прыймаюць удзел у тэрмінолёгічнай працы. Ня так даўно, праходзячы па Савецкай вуліцы, я бачыў беларускую шыльду, якая зьвярнула маю ўвагу цікавымі словамі-тэрмінамі з гандлёвай тэрмінолёгіі - «Продаж гуртам і ўраздроб». Слова «ўраздроб» дакладна перадае рускае «в розницу». Такіх цікавых слоў ці мала творыць штодзённая практыка беларусізацыі нашых устаноў. Трэба толькі ўмець гэткія словы вышукоўваць. Дзеля гэтага Тэрмінолёгічная Камісія павінна, разам ca Слоўнікавай Камісіяй, сачыць за разьвіцьцём нашай мовы j ўсё новае, цікавае выкарыстоўваць для сваіх мэтаў.

Скажу некалькі слоў аб прынятай тэрмінолёгіі. У навуковай крытыцы ўказвалася на некаторую штучнасьць нашай тэрмінолёгіі, часта на недакладнасьць i неадпаведнасьць беларускіх слоў адпаведным рускім словам-тэрмінам. З крытыкаю ў большасьці прыходзіцца згадзіцца. У нашай тэрмінолёгіі запраўды ёсьць яшчэ ня мала штучнага, выдуманага, якое з часам адпадае i будзе заменена больш дакладнымі i трапнымі словамі. Неапрацаванасьць некаторых тэрмінолёгій трэба прыпісаць занадта вялікай сьпешнасьці, з якой яна прымалася. Чарговаю задачаю Тэрмінолёгічнай Камісіі павінна зьявіцца паверка, рэвізія раней прынятай тэрмінолёгіі. Паколькі апошняя тэрмінолёгія ўвайшла ўжо ў школу, то за дапамогаю адпаведных спэцыялістаў такую паверку можна будзе наладзіць i лёгка i поўна.

У цеснай сувязі з працай Тэрмінолёгічнай Камісіі стаіць Камісія па ўкладаньні слоўніка жывой беларускай мовы, організаваная ў сярэдзіне 1925 г. Да гэтага часу слоўнікавая праца ў нас вялася па ўкладаньні слоўнікаў больш практычнага тыпу. К пачатку дзейнасьці Слоўнікавай Камісіі ўжо былі ў рукапісах два слоўнікі: С. Некрашэвіча i М. Байкова: «Расійска-беларускі слоўнік» (каля 60.000 слоў) i іх-жа: «Беларуска-расійскі слоўнік» (каля 30.000 слоў). Першы слоўнік яшчэ друкуецца, а другі праз колькі дзён выходзіць з друку. Тут трэба яшчэ сказаць аб даволі аб'ёмістым, але ня зусім удалым 3 прычыны багацьця нэолёгізмаў i рэдкіх, неапраўданых провінцыялізмаў, расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку В. Ластоўскага, які вышаў у Коўне ў 1924 г. Разгляд апошняга слоўніка мною зробленьг ў «Полымі» за 1925 г., № 2. Таксама ўпамяну аб невялікім расійска-беларускім слоўніку М. Байкова i М. Гарэцкага, які ўжо вышаў у 1926 г. паўторным выданьнем.

Камісія па ўкладаньні слоўніка, задаўшыся мэтай улажыць па магчымасьці поўны слоўнік жывой беларускай мовы, прыняла ў аснову сваёй працы запіску аб укладаньні слоўніка С. Некрашэвіча: «Да пытаньня аб укладаньні слоўніка жывой беларускай мовы». Згодна высунутым у запісцы прынцыпам, слоўнік павінен адбіць як народную, гэтак i літаратурную беларускую мову. Прыймаючы пад увагу, што беларуская літаратурная мова адносна яшчэ мала апрацаваная, Камісія пастанавіла перавагу ў слоўніку аддаць народнай мове, выкарыстаўшы пры гэтым усе ранейшыя як друкаваныя, так i рукапісныя матар'ялы, i шырака організаваўшы зьбіраньне слоў з жывой народнай мовы.

Што да тэрыторыі, якую павінен абхапіць слоўнік, то мова ўсёй этнографічнай Беларусі павінна знайсьці ў слоўніку сваё месца. Значыць, Камісія не абмежавалася для свайго слоўніка толькі тэрыторыяй Савецкай Беларусі, а пастанавіла распачаць зьбіраньне слоўнага матар'ялу з усёй этнографічнай Беларусі, бо толькі пры гэтых умовах, адбіваючы ўсе беларускія гутаркі, слоўнік мог зьявіцца агульным для ўсяго беларускага народу.

Перад Камісіяй яшчэ стаяла цікавае пытаньне, які пэрыод часу павінен абхапіць слоўнік беларускай мовы. Але паколькі ў задачы Камісіі ўваходзіла ўлажыць слоўнік жывой беларускай мовы, то зразумела, што гэткім пэрыодам павінен быць увесь XIX век i першая чвэртка нашага веку,- гэта значыць, ад часу так званага несьвядомага адраджэньня аж да нашых дзён. Больш раньняга часу, каб не парушыць прынцыпу, Камісія не магла захапіць, хоць, бязумоўна, i ў больш раньніх помніках нашага пісьменства знайшлося-б ня мала каштоўнага матар'ялу для слоўніка жывой беларускай мовы. Але гэты матар'ял застаўлены да гістарычнага слоўніка, аб якім гутарка будзе пасьля.

Як вышэй гаварылася, Камісія ў грунт укладаньня слоўніка палажыла народную мову. Аднак i літаратурная беларуская мова павінна быць поўнасьцю, за вызначаны пэрьюд часу, унесена ў слоўнік. Такім чынам, мова прыгожага пісьменства, мова навуковых выданьняў, падручнікаў, пэрьюдычнага друку i інш. выкарыстоўваецца намі, як матар'ял, для слоўніка. Аддаючы перавагу з літаратурных крыніц мове прыгожага пісьменства, Камісія ў мэтах паўнаты слоў 3 літаратурнай мовы застанавілася на прынцыпе ўкладаньня слоўнікаў паасобных пісьменьнікаў. Зразумела, што падобныя слоўнікі ўкладаюцца не для ўсіх пісьменьнікаў, а толькі для найболыіі важных, якія заставілі значны сьлед у нашай літаратуры, як Янка Купала, Цішка Гартны, Багушэвіч i інш. Усяго такіх слоўнікаў паасобных пісьменьнікаў уложана 11. Дробныя пісьменьнікі групаваліся па тым ці іншым прынцыпе па некалькі разам, i для ix састаўляўся агульны слоўнік. З некаторых пісьменьнікаў, але больш з мовы навуковай, падручнікаў i інш., словы выпісваюцца шляхам выбаркі.

Справа выкарыстаньня для слоўніка крыніцы літаратурнай мовы даволі простая, i мы тут выкарыстаем усё, што для слоўніка будзе прадстаўляць цікавасьць.

Больш складаная справа стаіць з выкарыстаньнем другой крыніцы - народнай мовы. Этнографічныя запісы, розныя слоўнікі народнай мовы, як Насовіча, Дабравольскага і рукапісныя: Шпілеўскага, Мядзьведзкага, вядома, могуць быць выкарыстаны як агульны літаратурны матар'ял. Але нас больш цікавіць зьбіраньне слоўнага матар'ялу з жывой народнай мовы. Як-жа сабраць гэты матар'ял? Як організаваць гэтую справу, каб атрымаць магчыма больш i магчыма поўны матар'ял? Дзеля гэтай мэты Камісія застанавілася на двох спосабах: 1) рассылкі асобных інструкцый для зьбіраньня слоўнікава-тэрмінолёгічнага матар'ялу, надрукаваных пабеларуску ў ліку 8.000 экз. i па-расійску ў ліку 1.000 экз., i 2) за дапамогай укладаньня краевых слоўнікаў. Такім чынам, у зборы слоўнікавага матар'ялу з народнай мовы мы наладзілі як-бы падвойнае сіта. Тое, што можа не папасьці ў Камісію за дапамогаю інструкцый, павінна быць сабрана шляхам укладаньня краевых слоўнікаў. Паколькі-ж за ўкладаньне краевых слоўнікаў узяліся такія солідныя організацыі, як Акруговыя Краязнаўчыя Таварыствы, мы мелі пэўнасьць, што наш другі спосаб зьбіраньня слоўнага матар'ялу такі-ж рэальны i практычны, як i першы. Год працы Слоўнікавай Камісіі пераканаў нас у гэтым. Па першапачатковаму пляну Камісіі мелася на ўвазе ўлажыць 16 беларускіх краевых слоўнікаў: 10 адпаведна ліку акруг для Савецкай Беларусі, 3 для Заходняй Беларусі i з для Гомельшчыны, Смаленшчыны i Пскоўшчыны. Зразумела, што ўсіх краевых слоўнікаў мы друкаваць не зьбіраліся. Мы мелі на ўвазе выдрукаваць з ix толькі лепш уложаныя i найбольш тыповыя. Рэшта краевых слоўнікаў павінна быць выкарыстана Камісіяй, як матар'ял пры ўкладаньні слоўніка жывой беларускай мовы.

З народнай мовы мы зьбіраем i маем на ўвазе ўнесьці ў наш слоўнік усе словы, якія можна пачуць з народных вуснаў. Выключэньнем зьяўляецца толькі гeографічная номэнклятура i ўласныя іменьні, якія павінны ўвайсьці ў асобныя слоўнікі.

Сабраны матар'ял праходзіць папярэднюю рэдакцыю Камісіі. Непатрэбнае адкідаецца. Разам з гэтым ідзе інструктаваньне дапішчыкаў, якім указваецца на хібы ix працы.

Калі ўвесь слоўны матар'ял як з літаратурнай, гэтак i з народнай мовы будзе сабраны, а гэта можа быць не раней як праз год-два, - Камісія прыступіць да рэдагаваньня слоўніка i выданьня яго асобнымі выпускамі.

Слоўнік намечана даць у беларускім выглядзе, дзеля гэтага ўсе тлумачэньні слоў мусяць быць дадзены толькі пабеларуску. Тлумачэньне слоў - справа наагул вельмі трудная для лексыколёга, а па-беларуску тым больш, але Камісія спадзяецца, што яна справіцца з гэтаю труднасьцю i дасьць беларускаму грамадзянству такі-ж слоўнік, які маюць i іншыя культурныя народы.

Зазначыўшы ў агульных рысах прынцыпы ўкладаньня слоўніка беларускай мовы, перайду цяпер да азнаямленьня з конкрэтнымі вынікамі паўтарагадовай працы Слоўнікавай Камісіі. К цяперашняму часу Слоўнікавая Камісія налічвае: а) да 80.000 слоў-картак з мовы прыгожага пісьменства; б) звыш 50.000 картак-слоў, узятых з ранейшых беларускіх слоўнікаў; в) 10.000 картакслоў, узятых з іншых крыніц літаратурнай мовы. Усяго, такім чынам, з літаратурнай мовы сабрана 140.000 картак-слоў. Праца па выбарцы слоў з літаратурнай мовы яшчэ ня скончана. Спадзяемся, што праз год мы давядзем яе да канца.

Трохі горш у нас справа стаіць з зьбіраньнем слоў з народнай мовы. Праўда, што датыча Савецкай Беларусі, то мы тут маем бязумоўны посьпех. Намі сабрана з гэтай тэрыторыі звыш 70.000 слоў. Апрача таго, краязнаўчыя таварыствы, якія па нашаму заданьню зьбіраюць словы народнай мовы для краёвых слоўнікаў, маюць каля 50.000 слоў. Ня прысланы нам яшчэ сабраныя матар'ялы i паасобнымі корэспондэнтамі-зьбіральнікамі. А між тым некаторыя з гэтых корэспондэнтаў сабралі больш чым па 10.000 слоў. Такім чынам, каб палічыць усе словы, што собраны на тэрыторыі Савецкай Беларусі, то ix набярэцца звыш 120.000, а з словамі літаратурнай мовы - звыш 260.000 слоў. Некаторыя з краязнаўчых таварыстваў праявілі вялікую актыўнасьць у зьбіраньні слоў 3 народнай мовы. Назаву Віцебскае Акруговае Краязнаўчае Т-ва, Аршанскае, Магілеўскае. Але асабліва многа зрабіла Віцебскае Т-ва, якое ўжо друкуе Віцебскі краёвы слоўнік Касьпяровіча. Слоўнік друкуецца пад рэдакцыяй Слоўнікавай Камісіі.

З Гомельшчыны, Смаленшчыны i Пскоўшчыны мы параўнаўча мала атрымалі слоў з народнай мовы. Тлумачыцца гэта тым, што наладзіць сувязь з імі даволі цяжка. У нас трохі большая сувязь маецца з Гомельшчынай, адкуль мы атрымалі да 5.000 слоў з народнай мовы. Ca Смаленшчыны слоў зусім не паступала. Затое мы тут маем, апрача слоўніка Дабравольскага, новы складзены слоўнік Агейчыка, праўда, ня зусім навукова ўложаны. 3 Пскоўшчынай (б. частка Віцебскай губ.) сувязь у нас зусім слабая, а таму адтуль таксама слоўнікавага матар'ялу не атрымана.

Але вельмі прыходзіцца шкадаваць, што нам так доўга не ўдаецца зьвязацца.з Заходняю Беларусьсю i наладзіць там зьбіраньне слоўнікавага матар'ялу. Гэта тым больш важна, што заходнія гутаркі менш падупадалі расійскаму ўплыву, а таму ў большей чыстаце захавалі сваю беларускую лексыку. На гэтай Конфэрэнцыі мы мусім канчаткова дагаварыцца з тымі прадстаўнікамі Заходняй Беларусі, якія тут прысутнічаюць, i організаваць там такую-ж працу па зьбіраньні слоўнікавага матар'ялу, якая вядзецца ў нас, у Савецкай Беларусі. Зрабіць гэта неабходна, бо без Заходняй Беларусі наш беларускі слоўнік будзе няпоўны.

З свайго боку, мы ў наступным годзе маем на ўвазе, можа, шляхам командыровак, распачаць больш актыўную працу па зьбіраньні слоўнікава-народнага матар'ялу. У нашай слоўнікавай працы трэба памятаць, што слоўнік - такое навуковае прадпрыемства, якое ня робіцца кожны год. Зьяўляючыся на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў, слоўнік, каб ён быў агульны для ўсяго беларускага народу, павінен адбіць i ўсю яго лексыку.

Камісія па ўкладаньні слоўніка жывой беларускай мовы зацікаўлена ў апрацаваньні i другога тыпу слоўніка - больш поўнага расійска-беларускага слоўніка, які-б зьявіўся дадаткам i пашырэньнем расійска-беларускага слоўніка С. Некрашэвіча i М. Байкова. Гэты слоўнік павінен мець больш практычнае значэньне i па ўзоры сваім мусіць нагадваць «Росийсько-украінський словник» Украінскай Акадэміі Навук. Выданьне такога слоўніка, у зьвязку 3 беларусізацыяй нашага культурнага жыцьця, ня толькі сваячасова, але i проста неабходна. Для гэтага слоўніка мы маем на ўвазе выкарыстаць увесь той багаты матар'ял, які знаходзіцца ў Слоўнікавай Камісіі, i ўвясьці ў яго часткова тэрмінолёгію. Слоўнік павінен рэдагавацца не аддзельнай асобай, а ўсёй Слоўнікавай Камісіяй. Падгатоўчую працу па гэтым слоўніку мы зьбіраемся распачаць з наступнага году.

Ня менш цікавым пытаньнем для нашага культурнага жыцьця павінна зьявіцца ўкладаньне гістарычнага слоўніка беларускай мовы. Апрача свайго чыста навуковага значэньня, гэты слоўнік у нашых умовах апрацаваньня беларускай мовы будзе мець i не малое практычнае значэньне. Пытаньне аб укладаньні гістарычнага слоўніка беларускай мовы абгаворвалася ў Слоўнікавай Камісіі ўжо колькі разоў i на адным З апошніх пасяджэньняў Аддзелу мовы i літаратуры пастаноўлена прыступіць к яго апрацаваньню. Проект аб прынцыпах укладаньня гэтага слоўніка даручана апрацаваць супрацоўніку Аддзелу Л. Цьвяткову. Працу па складаньні слоўніка маем на ўвазе распачаць 3 наступнага году. Па нашай думцы, гістарычны слоўнік беларускае мовы павінен адбіць мову помнікаў нашага старажытнага пісьменства ня ўсіх, што пісаліся або друкаваліся на тэрыторыі Беларусі, а толькі беларускіх. У гэтым будзе значная розьніца нашага слоўніка ад гістарычнага слоўніка Срезневскага i такога-ж слоўніка Украінскай Акадэміі Навук пад рэдакцыяй проф. Тімченко.

У зьвязку з укладаньнем гістарычнага слоўніка беларускай мовы зьяўляецца надзвычайна важнае пытаньне аб устанаўленьні таго сьпісу старажытных рукапісных i друкаваных матар'ялаў, якія павінны быць выкарыстаны для нашага гістарычнага слоўніка. Устанаўленьне сьпісу, само сабой зразумела.

закране другое вельмі важнее пытаньне - выяўленьне помніквў нашага старажытнага пісьменства. Хоць у гэтай галіне многа працаваў акад. Е. Карскі (Беларусьі, т. I i II, ч. II, «К обзору звуков и форм белорусской речи», «Западно-русские переводы псалтири» i інш. яго працы) i шмат другіх вучоных, аднак i тут яшчэ працы для дасьледчыка засталося ня мала. Сашлюся хоць-бы на тыя беларускія рукапісы, што знаходзяцца у беларускіх музэях i бібліотэках, i якія яшчэ не вядомы вучонаму сьвету. Задачу па выяўленьні беларускіх старадрукаў i рукапісных помнікаў старога пісьменства ўзяў на сябе ў сваёй соліднай працы «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926 г.) В. Ластоўскі. Аднак са сваёй задачай ён ня зусім справіўся, хоць наагул трэба сказаць, што аднаму чалавеку пры адсутнасьці папярэдняй дасьледчай працы аб асобных помніках ня толькі цяжка, але проста i немагчыма з гэтым справіцца. Хібы працы В. Ластоўскага мною паказаны ў рэцэнзіі, зьмешчанай у журнале «Асьвета», i Шлюбскім у журнале «Полымя» за бягучы год. Цяпер нашай чарговай задачай павінна зьявіцца дасьледаваньне рукапісных і старадрукаваных помнікаў, пераважна тых, што знаходзяцца ў нашых музэях, бібліотэках i архівах, улажэньне ix каталёгу i, самае галоўнае, - крытычнае выяўленьне беларускіх старадрукаў i рукапісных помнікаў нашага пісьменства, разьмежаваньне ix з расійскімі i ўкраінскімі помнікамі пісьменства i навуковае выданьне гэтых прац.

Пераходжу да разгляду працы Правапіснай Камісіі. Пытаньнямі правапісу, апрача Б. Тарашкевіча, i ў Вільні Я. Станкевіча, у нас, галоўным чынам, займаўся Язэп Лёсік. Ен напісаў некалькі школьных падручнікаў па правапісу, разглядаліся пытаньні правапісу i ў яго школьных граматыках. Апрача таго, Язэп Лёсік выступаў у журналах з артыкуламі i па асобных пытаньнях правапісу. З гэтага роду яго прац назаву «Неўстаноўленыя выпадкі нашага правапісу» ў журнале «Полымя» за 1924 г., у адказ на якую працу ў «Запісках» Інбелкульту зьмешчаны мой артыкул: «Да артыкулу Я. Лёсіка - «Неўстаноўленыя выпадкі нашага правапісу» i ў «Полымі» А. Багдановіча: «Да пытаньня аб неўстаноўленых выпадках нашага правапісу» («Полымя», 1925 г.). 3 ранейшых прац па правапісу заслугоўваюць увагі журнальныя рэцэнзіі, галоўным чынам, на граматыку Я. Лёсіка, у якіх можна спаткаць ня мала цікавых заметак аб правапісу. Але асаблівае ажыўленьне правапісныя пытаньні знаходзяць у бягучым годзе. Паколькі пытаньні правапісу зьяўляюцца кордынальнымі на нашай Конфэрэнцыі, я коратка спынюся на бліжэйшай гісторыі нашага правапісу. Да 1918 г. у нас цьвёрда ўстаноўлена правапісу ня было. Законапаложнікам нашага правапісу, бацькам яго лічыцца Б. Тарашкевіч, які ў сваёй школьнай граматыцы даў i асноўныя правілы нашага правапісу.

Правапіс Б. Тарашкевіча больш-менш цьвёрда трымаўся да 1925 г. Праўда, тут былі некаторыя ўхіленьні, напр., у правапісе чужеземных слоў. Наша газ. «Савецкая Беларусь» i некаторыя загранічныя беларускія выдавецтвы ненаціскное (бязударнае) «о» чужеземных слоў увесь час перадавалі пабеларуску праз «а»,- усё роўна, ці ўвайшлі гэтыя чужаземныя словы ў народную мову, ці яны зьяўляюцца кніжнымі. Аднак, калі гэтае ўхіленьне ў правапісе чужеземных слоў, у мэтах прастаты, мной, М. Байковым i М. Гарэцкім было ўведзена ў слоўнікі і, такім чынам, атрымлівала ўжо некаторае ўзаканеньне, то тут адчыніліся досыць гарачыя спрэчкі.

Асабліва вострым праціўнікам прынцыпу пашырэньня аканьня на чужаземныя словы быў Язэп Лёсік. У рэзультаце ўсіх па гэтым пытаньні дыскусій справе паступіла на вырашэньне Навуковай Рады Інбелкульту. Навуковея Рада Інбелкульту не захацела парушаць прынцыпаў правапісу Б. Тарашкевіча і ўтварыла, па пропозыцыі Я. Лёсіка, асобную Правапісную Камісію, якой даручыла ўлажыць слоўнік чужеземных слоў, дзе-б ненаціскное «о» пісалася през «а». У адказ на пастанову Навуковай Рады я ў журнале «Полымя» (1925 г., № 5) зьмесьціў артыкул «Аб пашырэньні аканьня на чужаземныя словы». Між тым Камісія, старшынёй якой зьяўляўся Я. Лёсік, хутка праканалася, што свайго заданьня яна ня выпаўніць, бо ніякага крытэрыю аб тым, якое чужаземнае слова зьяўляецца народным, а якое - кніжным, быць ня можа. Камісія сваю працу спыніла. Неўзабаве пасьля гэтага Я. Лёсік, супольна са сваім братам Антонам, выступае з проектам поўнага аканьня ў нашым правапісе. Паколькі Я. Лёсік разьвіваў досыць вялікую агітацыю за свой прынцып правапісу, то Навуковая Рада Інбелкульту, у мэтах адзінства правапісу, пастанавіла стварыць новую Правапісную Камісію пад старшынством навуковага сакратара Інбелкульту А. Цьвікевіча, якая мусіла разглядзець проект бр. Лёсікаў i прыйсьці да тэй ці іншай згоды. У адказ на проект бр. Лёсікаў «Да рэформы беларускага правапісу» выступілі з сваімі ўвагамі аб правапісе: А. Багдановіч - «Увагі да проекту аб рэформе правапісу Я. i А. Лёсікаў», П. Бузук - «Некаторыя непаразуменьні ў спрэчках аб рэформе беларускага правапісу», Язэп Воўк-Левановіч - «Да пытаньня аб аканьні ў беларускім правапісе» i яго-ж «Беларускае аканьне». Усе пералічаныя ўвагі выданы асобнымі выпускамі. Антон Лёсік, у дадатак да супольнай з Я. Лёсікам брошуры аб рэформе правапісу, выдаў яшчэ больш пашыраную сваю популярную брошуру - «Да рэформы беларускага правапісу». Аднак Правапісная Камісія ў выніках сваёй працы да згоды ня прышла. Тады Навуковая Рада Інбелкульту пастанавіла склікаць па рэформе правапісу Конфэрэнцыю, якая-б дала асноўны кірунак у правапіснай працы. Асабісты мой погляд, што Конфэрэнцыю была склікаць рана, бо спрэчныя пытаньні правапісу ў нас яшчэ не належна распрацаваны.

У сувязі з пытаньнем правапісу ў нас стаіць i пытаньне аб рэформе нашай азбукі. Першы даклад аб рэформе азбукі быў прачытаны Я. Лёсікам яшчэ ў 1923 г. i спачатку друкаваўся ў газ. «Савецкая Беларусь», пасьля асобнай брошурай. У пачатку гэтага году аб рэформе нашага правапісу чытаў даклад i проф. Растаргуеў. Рэформа нашай графікі ў некаторых сваіх часьцях ужо насьпела, i трэба спадзявацца, што Конфэрэнцыя скажа па гэтым пытаньні сваё аўторытэтнае слова.

Аднэй з найбольш цікавых галін мовазнаўчай працы зьяўляецца праца Фольклёрна-Дыялектолёгічнай Камісіі. Камісія гэта організавана толькі ўвосені бягучага году, а таму, зразумела, вынікаў сваёй працы яшчэ даць ня можа.

Фольклёрна-дыялектолёгічная праца за апошнія гады ў нас вялася асобнымі дасьледчыкамі. У 1924 г. для дасьледаваньня ўсходніх беларускіх гутарак Калінінскай акругі быў командыраваны А. Сяржпутоўскі. Праца яго аб гэтых гутарках з друку яшчэ ня вышла. Найбольш шчасьлівы для дыялектолёгічнай працы быў бягучы год. Сёлета былі командыраваны для дасьледаваньня народных гутарак i запісу памятак народнай творчасьці I. Сербаў i П. Бузук у паўднёвыя паветы Пскоўшчыны i А. Сяржпутоўскі ў паўночныя беларускія паветы, б. Чарнігаўскай губ. Апрача таго, П. Бузук гэтым летам дасьледаваў яшчэ гутаркі б. Менскай губ. Матар'ялы досьледаў зараз друкуюцца. Адначасна з гэтым, у бягучым годзе ў Інбелкульт паступіла каштоўная праца аб беларуска-северскіх гутарках проф. Растаргуева, праца Палявога аб гутарцы «Літвіноў Ноўгарад-Северскага павету» i популярная праца аб северскіх гутарках проф. Растаргуева. Апошнія дзьве з гэтых прац ужо вышлі 3 друку, а першая друкуецца. Тут не магу не ўпамянуць каштоўнай працы аб северскай беларускай гутарцы проф. А. Курылы: «Говор села Хоробричив б. Городнянського нов. Чернігівській губ.». Праца выдана на ўкраінскай мове ў 1924 г. Разгляд яе зроблены Арасімовіч (журнал «Полымя» за 1925 г., № 8). З іншых прац па дасьледаваньні беларускіх гутарак назаву працу Н. Дурново: «Диалектологические разыскания в области великорусских говоров», дзе разглядаецца, між іншым, i пытаньне аб беларускім аканьні (вып. I i II, 1918), а таксама «Русскую дйалектологію» Е. Карскага, дзе, побач з расійскай дыялектолёгіяй, разглядаецца i беларуская (Ленінград, 1924). З організацыяй асобнай Фольклёрна-Дыялектолёгічнай Камісіі трэба спадзявацца, што праца па дасьледаваньні нашых гутарак яшчэ больш ажыве. За шырокую інтэнсыўную працу па дасьледаваньні беларускіх гутарак нас прымушае факт хуткага сьціраньня ix асаблівасьцяй. Русіфікацыя ўсходняй Беларусі i полёнізацыя Заходняй можа яшчэ ня так страшны ў гэтым сэнсе, як беларусізацыя Савецкай Беларусі. Блізасьць беларускай літаратурнай мовы да народнай пры ўвядзеньні ўсеагульнага навучаньня зьявіцца прычынай самага хуткага зьніканьня асаблівасьцяй нашых гаворак. Для зьбіраньня дыялектолёгічнага матар'ялу ў першую чаргу трэба надрукаваць програму па вывучэньні нашых дыялектаў, проект якой ужо складзены, i разаслаць яе па ўсіх краязнаўчых організацыях i школах. Хоць дыялектолёгічная програма ўжо i друкавалася Расійскай Акадэміяй Навук, аднак, мы лічым патрэбным яшчэ раз выдаць падобную програму, бо, папершае, Акадэмія Навук па сваёй програме сабрала параўнаўча мала адказаў, усяго 43; мы-ж, маючы густую сетку краязнаўчых організацый, маючы ўжо выяўленых корэспондэнтаў па працы ў Слоўнікавай Камісіі, спадзяемся атрымаць адказаў больш лікам i лепшых па зьместу; па-другое, матар'ялы, сабраныя Акадэміяй Навук, хаваюцца ў яе, але нам цікава мець для пастаянных нашых досьледаў гэтыя матар'ялы ў сябе. Апрача таго, сабраныя адказы самі па сабе будуць зьяўляцца каштоўнейшымі гістарычнымі помнікамі для ўсіх тых дасьледчыкаў, якія пасьля будуць вывучаць беларускую мову.

Зразумела, што па-ранейшаму, для дыялектолёгічных досьледаў i паверкі атрыманых шляхам програм матар'ялаў будуць організавацца з дыялектолёгічнымі мэтамі i навуковыя командыроўкі. Па меры таго, як будзе зьбірацца матар'ял, яго трэба навукова апрацоўваць. Між іншым, у задачы навуковага апрацаваньня ўваходзіць складаньне асобных дыялектолёгічных мапаў (карт), у якіх будуць прасочаны граніцы пашырэньня паасобных зьяў (фонэтычных i морфолёгічных) нашай мовы. (...)

З гэтага агляду ма бачым, што цэнтрам вывучэньня беларускай мовы за апошнія гады зьяўляецца ўжо сама Беларусь, што гэту працу пераважна організуе i вядзе яе навуковая ўстанова - Інстытут Беларускай Культуры. Пад кіраўніцтвам Інстытуту Беларускай Культуры праца па дасьледаваньні беларускай мовы шырыцца i паглыбляецца. Праўда, у нас яшчэ параўнаўча мала зроблена, дый тое, што мы робім, мае больш наша мясцовае значэньне, чым агульна-сусьветнае. Мы ня ставім сабе шырокіх задач па вывучэньні моваў нашых народаў, па дасьледаваньні агульна-мовазнаўчых проблем, як гэта робяць больш старыя мовазнаўчыя організацыі. Нашы задачы больш вузкія - дасьледаваньне i навуковае апрацаваньне нашай мовы, бо цяпер, калі наша літаратурная мова яшчэ знаходзіцца ў стадыі сваёй творчасьці,- гэтыя задачы найбольш важныя i найбольш неадкладныя. Агульны кірунак нашай працы мною ўжо выказаны раней,- гэта блізасьць літаратурнай мовы да народнай. Патрэбна, каб наша літаратурная мова па магчымасьці была блізка да ўсіх нашых дыялектаў, каб яна зьяўлялася агульнаю для ix. Прызнаючы ў справе апрацаваньня беларускай літаратурнай мовы кіраўнічую ролю за Савецкай Беларусью, мы тым ня менш ня можам ня ўлічваць i тэй працы, што вядзецца па-за межамі яе, i тых пажаданьняў, якія могуць быць унесены зарубежнай Беларусью. Нашым агульным імкненьнем павінна быць адзінства беларускай мовы, бо гэты фактар пераважна i азначае адзінства беларускага народу. Адсюль зразумела, чаму мы склікалі першую Ўсебеларускую Конфэрэнцыю якраз па мовазнаўчых пытаньнях. Мы хочам гэтым фактам падкрэсліць, якое вялікае значэньне ў нашых культурных i політычных умовах жыцьця мы надаём мове і, у частковасьці, адзінству нашай мовы. Мы спадзяемся, што Мовазнаўчая Конфэрэнцыя выявіць свой погляд ня толькі ў адносінах да конкрэтных пытаньняў - правапісу i графікі, - але i дасьць агульны кірунак усёй нашай мовазнаўчай працы ў сэнсе адзінства i паўнаты дасьледаваньня i апрацаваньня нашай мовы. Разам з тым, мы спадзяемся, што Акадэмічная Конфэрэнцыя, паколькі ў нас ужо існуе сталая навуковая організацыя - Аддзел Мовы i Літаратуры, - зьявіцца тым стымулам, які будзе сымптоматызаваць павышэньне інтэнсыўнасьці мовазнаўчай працы, вызываючы зацікаўленасьць да яе ў самых шырокіх масах нашай Рэспублікі. А дасьледаваўшы сваю мову, добра апрацаваўшы яе, мьі запраўды надамо ёй тое значэньне, якое яна павінна мець сярод іншых славянскіх моваў, як самастойная мова беларускага народу, што ў апошнія гады паўстаў для будаваньня свайго ўласнага культурнага жыцьця.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX