Вярнуцца: Філалогія, гісторыя літаратуры

Лесік Я. Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы


Аўтар: Лесік Я.,
Дадана: 07-10-2013,
Крыніца: Лесік Я. Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы // Спадчына №2-1994. С. 90-103.



ЯЗЭП ЛЕСІК - МОВАЗНАЎЦА

Не выпадае гаварыць, што ў сьвядомасьці беларускіх мовазнаўцаў прысутнічае імя Язэпа Лёсіка. На працягу 30-х - сярэдзіны 80-х гг. прозьвішча гэтага навукоўца, грамадзкага дзеяча, пісьменьніка, пэдагога калі й сустракалася на старонках беларускага друку, дык хіба ў працах, датычных БНР, i ў камэнтарах да збораў твораў Якуба Коласа (80KB) Язэп Лёсік на поўдні. 20-я гады. Здымак з архіву Алесі Лёсік. (клясык быў Лёсікавым пляменьнікам па матчынай лініі, сябраваў зь ім, ліставаўся зь ягонай сям'ёй). У раньнеперабудоўчы час цікавасьць да лінгвіста міжволі прыцягнуў кандыдат філялягічных навук В. Шчэрбін, надрукаваўшы артыкул з пагрозьлівым загалоўкам «Класавы дальтанізм: Каму патрэбна рэанімацыя «навуковых» поглядаў Язэпа Лёсіка?». З В. Шчэрбіным спрачаліся (перадусім пісыменьнікі), шукаючы аргумантацыі, зьвярталіся да працаў рэпрэсаванага ў 1930 г. навукоўца. Так пачалося вяртаньне Лёсіка амаль з шасьцідзесяцігадовага нябыту.

Бадай, найбольш яскравым эпізодам у навуковай біяграфіі Лёсіка стаўся ягоны ўдзел у працы Акадэмічнае канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу i азбукі, на якой ён выступіў з двума дакладамі - «Да рэформы беларускай азбукі» i «Да рэформы беларускага правапісу». К пачатку правядзеньня палітыкі «беларусізацыі» (1924) асобныя мовазнаўцы, i найперш Лёсік, сталі ўсьведамляць некаторыя хібы падрыхтаванай у 1918 г. «Беларускай граматыкі для школ» Б. Тарашкевіча. (Вучоны, магчыма, як ніхто іншы, быў падрыхтаваяы да такога ўсьведамленьня: на старонках рэдагаванай ім газэты «Вольная Беларусь» ён друкаваў артыкулы пра беларускі правапіс яшчэ ў 1918 г.). Выступіўшы ў 1925 годзе ў «Полымі» з артыкулам «Неўстаноўленыя выпадкі нашага правапісу», Лёсік справакаваў дыскусію, якая мела вынікам скліканьне Акадэмічнае канфэрэнцыі. На канфэрэнцыі навуковец прананаваў выбухны г абазначаць літарай г' , гукі дз i дж - праз д i ж , а «гачком» наверсе, замест й увесьці j , на месцы э i ы выкарыстоўваць ε i u . У правапісе Я. Лёсік выступаў за замацаваньне на пісьме поўнага аканьня i яканьня, за нязьменнае напісаньне злучніка i i прыназоўніка у незалежна ад таго, на які гук (зычны ці галосны) сканчаецца папярэдняе слова. Менавіта ад Лёсіка зыходзіла прапанова адмовіцца ад абазначэньня асыміляцыйнае мяккасьці зычных.

Частка Лёсікавых правапісных прапановаў грашыла на аднабаковасьць i празьмерную рэвалюцыйнасьць, і, як вынік, бальшыня ягоных ідэяў на канфэрэнцыі падтрыманая не была. Тым ня менш ён унёс значны ўклад у распрацоўку праблемаў беларускай артаграфіі, засьведчаны найперш у публікацыях, не зьвязаных з канфэрэнцыяй, - у артыкулах «Неўстаноўленыя выпадкі нашага правапісу», «Праект рэформы i стабілізацыі беларускага правапісу» (1929) i падручніках правапісу. (У 1929 г. «Беларускі правапіс» Я. Лёсіка выйшаў 8-м выданьнем.) Так, вучоны пашырыў i дэталізаваў правілы напісаньня запазычаных словаў, вельмі сьцісла выкладзеныя ў граматыцы Тарашкевіча. Першым спэцыяльна распрацоўваў правапіс складаных словаў. Сфармуляваў правілы правапісу спалучэньняў зычных, беларускіх імёнаў, асобных выпадкаў ужываньня вялікае літары, мяккага знаку ды інш. Вынікі правапіснай, пунктуацыйнай (часткова i граматычная) раглямантацыі беларускае мовы з боку Я. Лёсіка незаўважна перайшлі, «урасьлі» ў лінгвістычныя працы 30-х i наступных гадоў, i вызначэньне тут Лёсікавага прыярытэту яшчэ чакае свайго дасьледніка.

Практычна невядомая дзейнасьць навукоўца ў стварэньні канцэпцыі беларускае літаратурнае мовы. Тым часам якраз ягоны ладнаваты памерам нарыс «Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы» i артыкул «Да пытаньня аб укладаньні слоўніка жывой беларускай мовы» (1925) С. Некрашэвіча становяць сабою вяршынныя зьявы ў беларускай навуцы пра літаратурную мову 20-х гг. Менавіта ў гэтых працах знаходзіцца ключ да канцэпцыі фармаваньня літаратурнае мовы беларусаў у першае савецкае дзесяцігодзьдзе, канцэпцыі, якая крытычна ацэньвалася наступнымі пакаленьнямі беларускіх савецкіх лінгвістаў. Лёсік i Некрашэвіч выказаліся за ўгрунтаваньне беларускае літаратурнае мовы на яе ўласнай аснове, за збліжэньне літаратурнае мовы з народнаю, за пасьлядоўнае абмежаваньне, «выцісканьне» зь беларускае мовы расейскіх i польскіх запазычаньняў. Такі падыход быў адзіна правільны ці, прынамсі, непазьбежны ва ўмовах бурнага фармаваньня маладое літаратурнае мовы, якая на працягу гісторыі пэрыядычна зазнавала ціск з боку «моцных» суседніх моваў. Параўн. меркаваньне раманіста Б. Нарумава: «Зьява г. зв. дыфэрэнцыялізму, сьвядомага адштурхоўваньня ад суседніх моваў, досыць шырока распаўсюджаная ў раманамоўных арэалах, зьяўляецца адным з прынцыпаў распрацоўкі такіх стандартных моваў, як галісійская i карсіканская». Абазначаны падыход зьдзяйсьняўся ў часе кадыфікацыі беларускае літаратурнае мовы ў 20-я гг. (хоць i не «татальна») ды быў катэгарычна адхілены ў 30-я. Гэта адбывалася адначасова з рэпрэсіямі супраць вядучых беларускіх мовазнаўцаў. Арыентацыя ў 30-я гг. на ліквідацыю «штучнага бар'ера паміж беларускай i рускай мовамі» (гл. пастанову СНК «Аб зьменах i спрашчэньні беларускага правапісу» ад 26 жніўня 1933 г.), некрытычны перанос з расейскай глебы на беларускую зацятае барацьбы з дыялектызмамі (у расейскім мовазнаўстве адпаведная кампанія была распачатая пасьля публікацыі ў «Правде» артыкула М. Горкага «О языке»), выцісканьне беларускае мовы на пэрыфэрыю грамадзкага жыцьця прынесьлі ёй вялікую шкоду, наступствы якой адчувальныя i сёньня. Павучальныя вынікі драматычных для лёсу беларускае мовы падзеяў наша мовазнаўчая навука асэнсаваць не імкнулася, прыкладам, канцэпцыя Некрашэвіча (дарэчы, станоўча ацэненая акадэмікам Я. Карскім) была цалкам праігнараваная пры падрыхтоўцы «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы».

У нарысе «Некаторыя ўвагі...» («Полымя», 1924, №№ 2, 3; 1925, № 5) Я. Лёсік спрабуе спасьцігнуць «філязофію» нашае мовы, зьвяртае ўвагу на рысы i зьявы, якія сьцьвярджаюць яе як самабытную. У сытуацыі 20-х гг. - калі да вывучэньня беларускае мовы сталі далучацца значныя пласты расейскамоўнага насельніцтва, міжволі прышчапляючы ёй свой моўны i мовазнаўчы досьвед, - падобны падыход быў асабліва актуальны. Гэткі надзённы ён застаецца i цяпер.

Магчыма, сяму-таму з сучасных чытачоў некаторыя Лёсікавы рэкамэндацыі могуць здацца аджылымі, «адкінутымі самім жыцьцём». I пэўная (але толькі пэўная) рацыя тут ёсьць. Ды ўсё ж не сьпяшаймася з ацэнкамі. Моўная практыка «натуральных» 20-х гадоў адрозьнівалася ад сучаснай. (Параўнай «неверагодны» з гледзішча сучаснай моўнае сьвядомасьці прагноз Пятра Бузука ад 1927 г. пра сынтэтычныя формы будучага часу тыпу хадзіцьму, рабіцьму: «цалкам магчыма, што хутка яны ўвойдуць у беларускую літаратурную мову як роўнапраўныя».) Падыходзіць да ацэнкі моўных зьяваў 20-х гг. з нашымі сучаснымі - у значнай ступені пашкоджанымі таталітарызмам - крытэрыямі не заўсёды дарэчы.

I апошняе. Арыгінальная ў рамках беларускага мовазнаўства, праца Лёсіка «Некаторыя ўвагі...» ня будзе такой у шырокім славянскім кантэксьце. Прапанаваная ў ёй пурыстычная канцэпцыя ў значнай ступені ўнівэрсальная. Акрамя таго, нарыс Лёсіка мае прататып ва ўкраінскай лінгвістыцы - гэта праца «У ваги до сучасноі украінськоі літературноі мови» Алэны Курылы. Лёсік, несумненна, карыстаўся дасьледаваньнем Курылы, i гэта, з аднаго боку, трохі зьніжае эўрыстычную вартасьць ягонага нарысу, а з другога - яшчэ раз сьведчыць пра вялікае структурнае падабенства беларускае i ўкраінскае моваў.

НЕКАТОРЫЯ ЎВАГІ ДА БЕЛАРУСКАЕ ЛІТАРАТУРНАЕ МОВЫ

Нарадзілася беларуская дзяржаўнасьць, нарадзілася беларуская школа. Зьявілася пільная патрэба даць назовы й выражэньне тым новым культурна-нацыянальным формам жыцьця, якіх ня было або якія былі, але даўно забыліся. Трэба вытвараць новыя словы, новыя фразэолёгічныя ды сынтаксычныя звароты.

Да гэтае работы наша інтэлігэнцыя выступіла з псыхолёгіяй расійскае мовы, з расійскім думаньнем, з расійскім, а часам i з польскім спосабам выкладаньня сваіх думак на пісьме. Захаваўшы поўны запас незабытых беларускіх слоў, нашая інтэлігэнцыя старалася выражаць свае думкі гэтымі словамі, але, навучаная школай пісаць парасійску, яна несьвядома для сябе, пры незнаёмстве з сынтаксычнымі фактамі беларускае мовы, злучала беларускія словы ў чужыя формы, паводле расійскага ці польскага сынтаксу. З гэтае прычыны сучасная беларуская літаратурная мова ўвабрала ў сябе шмат неўласьцівых беларускай мове сынтаксычных i фразэолёгічных зваротаў.

Пісаць пабеларуску мы ня вучыліся, - тымчасам, гаварыць у тэй ці іншай мове i выкладаць свае думкі ў гэтай мове на пісьме - гэта далека не адно й тое. Ня вучыўшыся, ня кожны патрапіць дакладна выславіцца на пісьме. Наша сялянства добра гаворыць пабеларуску, але граматны селянін не напіша пісьма пабеларуску.

Гаварыць - гаворыць пабеларуску, а пісаць будзе парасійску, як навучыла яго школа. Гэтага, здаецца, зусім простага факту не разумеюць людзі падчас з высокай школьнай кваліфікацыяй. [...]

Галоўная сіла не ў паасобных запазычаных словах: яны зараз-жа абеларушваюцца (спажываюцца) i мала адбіваюцца на духу мовы, як мала адбіваюцца на нашай беларускай прыродзе прывозныя продукты: газа, соль, жалеза, i т. далей. Дух мовы - гэта яе сынтакс, яе фразэолёгія, яе ўласьцівы спосаб выражэньня. Сіла тут не ў паасобных словах, а ў тых сынтаксычных формах, у якія мы злучаем словы для выражэньня таго, што нам трэба выказаць. Пераймаючы чужыя сынтаксычныя звароты, мы надаём нашай літаратурнай мове неўласьцівага беларускай мове характеру i тым абарачаем яе ў нейкі ня існуючы дыалект, або ў карыкатуру. Наша кніжная мова, мова школьных падручнікаў, популярных народных кніг i асабліва мова штадзённых газэт, агулам кажучы, мала падобна да сапраўднай жывой беларускай, або крывічанскай ці крывіцкай, мовы ды прыпадобнілася да адзежы з чужога пляча.

[...]

Мова кожнага народу разьвіваецца сваім асобным шляхам, залежным перш-на-перш ад фізіолёгічных асаблівасьцяй гэтага народу, а потым ад розных акалічнасьцяй яго прамінулага й сучаснага. Адгэтуль, кожная мова мае асаблівасьці - свае асобныя гукі, словы, зьмены слоў, свой асобны спосаб выражаць свае мысьлі, пачуцьці, пажаданьні i т. д. - словам, сваю фонэтыку, морфолёгію, этымолёгію й сынтакс. Усё гэта агулам становіць тое, што навука называе фактамі мовы. Факты мовы, зьвязаныя з словам мовы, дасьледжвае граматыка. [...]

Граматыка знаёміць нас усіх з найбольш пашыранымі, характэрнымі фактамі народных дыалектаў, а ўжо поэты i пісьменьнікі твораць з гэтых фактаў на аснове тых законаў, якім падпарадкаваны гэтыя факты, супольную мову, адну гутарку, адзін дыалект, які называецца літаратурнай мовай. На пачатку літаратурная мова вытвараецца несьвядома, інтуіцыйна, але сама гэтая несьвядомасьць, інтуіцыя падпарадкавана таму закону, які ляжыць у васнове літаратурнае мовы, Гэта значыць, што сапраўдны поэта, сапраўдны пісьменьнік ня можа пісаць сваім мясцовым дыалектам (гутаркай, гаворкай), бо ён хоча, каб яго чыталі ды разумелі найбольш шырокія кругі грамадзянства. Вось чаму мова сапраўдных поэтаў i пісьменьнікаў-пачынальнікаў звычайна кладзецца ў аснову літаратурнае мовы. Поэты й пісьменьнікі інтуіцыйна адчуваюць пануючыя, характэрныя факты розных дыалектаў свайго народу ды кладуць ix у васнову свае мовы. I ix мова звычайна бывае чыстай народнай мовай, калі яны не заражаны ўплывам чужой пануючай мовы...

Граматыка беларускае мовы (яе морфолёгія, этымолёгія, сынтакс) адкрывае ў ёй шмат багацьця й хараства. Трэба ведаць гэтае багацьце i адчуваць гэтае хараство, каб навучыцца выражаць сваё мысьленьне ў формах беларускае мовы, ня кажучы ўжо пра тое, што й нашае мысьленьне ў поўнай меры залежыць ад формаў нашае мовы,

Цьвёрда ўстаноўленай, у шырокім значэньні, беларускае літаратурнае мовы яшчэ няма, i гэтая неўстаноўленасьць нашае літаратурнае мовы становіцца нам у прыгодзе тым, што дае шырокія магчымасьці ды пазваляе перш-на-перш стаць на народны, дыалектычны грунт i ў сваім разьвіцьці пайсьці за разьвіцьцём жывое разгаворнае мовы. Іначай кажучы, наша літаратурная мова яшчэ мае поўную магчымасьць стаць такою мовай, якою загаварыў-бы сам народ, дайшоўшы адпаведнай ступені культурнага разьвіцьця.

Нямецкая літаратурная мова вельмі разьвітая, а тымчасам немцы, не зважаючы на сваю багата разьвітую літаратурную мову, пастаянна зварачаюцца да народных гутарак (мясцовых дыалектаў), каб асьвяжыцца, каб мець пастаянную сувязь з народнай моўнай крыніцай. Немцы разумеюць, што літаратурнай мове йдзе на карысьць як існаваньне дыалектаў (паасобных народных гутарак), так i пастаянная сувязь з імі, іначай літаратурнай мове пагражае небясьпека амярцьвець. Жыцьцё й сьвежасьць літаратурнае мовы можна захаваць толькi ў тым выпадку, калі нязьменна трымацца народных крыніц, народных формаў мовы ў тым ix відзе, як яны (формы) жывуць i разьвіваюцца ў паасобных народных гутарках.

Як-жа нам зблізіць нашу літаратурную мову з мовай народнай? Як захаваць яе дух, яе асаблівасьці, - як навучыцца пабеларуску думаць, пісаць, гаварыць ды ня зьбівацца на чужое?

Рада тут можа быць толькі такая. Хто ня мае магчымасьці вучыцца ў самога народу, той павінен уважна чытаць народную вусную творчасьць у форме песень, казак, загадак, прыказак, дзе мова шліфавалася соткі год, а чытаючы, старанна адзначаць усё асаблівае, цікавае, беларускае,- свае словы, звароты, сынтаксычныя формы. А потым трэба ведаць граматыку мовы, як школьную, так i навуковую, якая навукова знаёміць з фактамі мовы. Школьная граматыка знаёміць нас з агульнапрынятымі фактамі, а навуковая граматыка высьвятляе ўсе асаблівасьці мовы ў ix гістарычным разьвіцьці. Такое сьвядомае станаўленьне да фактаў свае роднае мовы памагае выпрацаваць у сабе пэўнае чуцьцё мовы або тое, што немцы называюць Sprachgefiihl. Гэтае чуцьцё асаблівасьцяй свае роднае мовы становіцца ў вялікай прыгодзе тады, калі думка, шырэючы ды йдучы ў глыб, шукае новых зваротаў у мове, калі трэба знайсьці сувязь паміж матар'яльным i разумовым (конкрэтным i абстрактным) значэньнем паасобных слоў i цэлых моўных зваротаў.

Вытварэньне літаратурнае мовы шмат i шмат залежыць ад суб'ектывізму аўтораў-пісьменьнікаў i поэтаў. Датрымліваючы асаблівасьць i дух свае народнее мовы, кожны аўтор крышталізуе, шліфуе, - словам, стылізуе, вырабляе народную мову, мову дыалектаў на ўзор таго, як гармонізуюцца народный песьні. Гэта й ёсьць тое, што становіць лінгвістычны, моўны густ таго ці іншага аўтора, або яго чуцьцё мовы. А літаратурная мова - гэта стылізацыя, або гармонізацыя народных гутарак, - найбольш пашыраных, характэрных, тыповых фактаў гэтых гутарак. [...]

Літаратар, пісьменьнік, стылізуючы народную мову, мусіць заўсёды мець на ўвазе ды ня спускаць з вока таго, ці пашыраны той ці іншы факт мовы ў шырокіх народных масах, каб не заблудзіць у паветалізмах, у малавядомых фактах. Бо толькі тая песьня варта гармонізацыі i прыдзецца да густу шырокім колам грамадзянства, якая пашырана ў народзе ды адбівае пачуваньні шырокіх мае. Песьні сьцісла мясцовыя, невядомыя або мала вядомыя грамадзянству, нават пры самай удалай гармонізацыі, ня зробяць адпаведнага ўражаньня, не захопяць публіку i ня стануць агульным набыткам. Гэтак i моўны факт, становячы сабою вузкі паветалізм, нават трапна стылізованы, заўсёды рызыкуе забыцца, не прышчапіцца i не абернецца ў літаратурны факт, каб стаць набыткам для агульнага ўжытку. Тут, пры выбары моўных фактаў, усё залежыць ад асабістага чуцьця таго, хто піша; самая лепшая рада тут мала паможа: тварыць ня кожнаму дано. [...]

Нашым літаратурным работнікам трэба даць як можна больш моўнага матар'ялу для апрацоўкі, для стылізацыі. Трэба пазнаёміць ix з багатымі сырымі запасамі нашае мовы, трэба паказаць ім нашае багацьце. [...] У гэтым кароткім нарысе я хачу зрабіць некаторыя ўвагі сынтаксычнага характару што да беларускае мовы i тым стаць у прыгодзе нашай літаратурнай мове. Тут я пакажу на некаторыя, найбольш характэрныя ды пашыраныя хібы нашае сучаснае літаратурнае мовы ды падам іншыя формы й звароты, а таксама пакажу на тыя асаблівасьці беларускае народнае мовы, якіх літаратурная мова павінна трымацца, каб не адарвацца ад пародый (дыалектычнай) крыніцы да ня стаць штучнай i мёртвай, якой робіцца ўжо бліжэйшая да нас расійская мова. [...]

Сучасная літаратурная расійская (велікаруская) мова вытварана велікарускімі вышэйшымі каманднымі станамі i ix паслугачымі, адарванымі ад народных мае, на аснове ц.-славянскае мовы з элемэнтамі старасьвецкай беларускай (і ўкраінскай) літаратурнай мовы, таксама штучнай i далёкай ад жывой народнай мовы. I не зважаючы на пэўную прымесь у ёй элемэнтаў велікарускае маскоўскае гутаркі (дыалекту), гэтая расійская літаратурная мова з аднолькавым правам можа называцца беларускай i ўкраінскай мёртва-літаратурнай мовай, як некалі была такою мовай для гэтых народаў ц.-славянская мова. I, глянуўшы на расійскую літ. мову з гістарычнага боку, трудна сказаць з пэўнасьцю, хто быў яе пачынальнікам - самі велікарусы ці беларуска-ўкраінскія выхадцы? Прынамсі, не падлягае сумненьню, што такія асобы, як Сымон Полацкі, Феофан Пракаповіч i іншыя, далей - славянская граматыка Мелеція Сматрыцкага, што служыла ўзорам Ламаносаву, потым Гогаль, Булгарын, пра каторага наша поэма кажа, што ён быў «рэдактор усіх газэт» (расійскіх, разумеецца), i шмат, i шмат іншых, іменьні каторых «ты, госпадзі, весі», - ня мала папрацавалі над расійскай літаратурнай мовай. Таксама ня мала папрацаваў над ёю i немец Грот; Грот блага нават гаварыў парасійску, а тымчасам даў расійцам свой, усім вядомы, правапіс, які пануе ў ix i дагэтуль.

Усё гэта, агулам узятае, не магло, разумеецца, спрыяць сапраўднай велікарускай літаратурнай мове i зрабіла тое, што яна стала мовай акадэміцкай, габінэтнай, мовай кніжнай у найгоршым значэньні гэтага слова. А з рэштай, як-бы яно там ня было, а факт застаецца фактам: сучасная расійская літаратурная мова чужая i малапрыступная шырокім велікарускім народным масам. Яе сынтаксычныя, фразэолёгічныя звароты, дзесяткі соцень такіх ц.-славянскіх слоў i зваротаў у мове, як - одежда, надежда, рождество, хожденіе, расписавшийся, идущий, говорящий, удивительно, поразительно, супярэчных жывой мове, каменным мурам стаяць паміж мовай народнай i мовай літаратурнай.

I. Дзеяпрыметнікі

Ідучы за расійскай літаратурнай мовай, наша літаратурная мова ўпадабала сабе ды вельмі часта ўжывае дзеяпрыметнікі (парасійску - причастия) p формамі на -чы, -шы, -мы, як напрыклад: «Жыўшыя й жывучыя на зямлі істоты» або «Стогі парыжэўшыя стаяць» (Як. Колас) «Птушкі марудны прыстаўшай палёт», «Паміж пяскоў сінеючага Шла» (М. Багд.)» «спасьцерагаемы», «будучы час», «зацьвярдзеўшыя гукі» (Б. Тарашкевіч, граматыка) i т. д.

Тымчасам, у беларускай мове ня можа быць такіх сынтаксычных зваротаў, бо беларуская мова ня мае дзейных (актыўных) дзеяпрыметнікаў на -чы, -шы i залежных (пасыўных) на -мы, У нашай мове ёсьць толькі дзеяпрыметнікі залежныя (пасыўныя) на -ны, -ты, напрыклад: зроблены, разьбіты, памыты, замкнёны - замкнуты, выбраны, падкованы, утомлены, латаны, умыты, паломаты - паломаны, забіты, пазапірата - пазапірана, чуцен - чутно, чутна, парыжэлы, пасівелы, састарэлы i т. далей.

Легка зразумець, што каб пісаў беларусін, незнаемы з расійскай літаратурнай мовай, дык у яго дзеяпрыметнікаў, невядомых беларускай мове, мы не знайшлі-б, а калі такія дзеяпрыметнікі сустракаюцца ў нашай сучаснай літаратурнай мове, дык гэта аб'ясьняецца несьвядомым перанясеньнем расійскіх зваротаў у беларускую мову. Таксама легка даецца зразумець i тое, што, уносячы чужыя звароты ў сваю мову, мы тым самым надаём ёй характар чужы як для нашага вуха, так i для нашай сьвядомасьці.

Праўда, у беларускай мове сустракаюцца таксама формы дзеяпрыметнікаў на -чы, як стаячы, ляжачы, скрыпучы, гарачы; на -мы - незнаемы, вядомы, i нават на -шчы - вочы завідушчыя, рукі заграбушчыя, але ix вельмі мала, i яны перасталі ўжо мысьліцца дзеяпрыметнікамі ды абярнуліся ў звычайныя прыметнікі. У такіх словах, як ляжачы (Пад ляжачы камень вада не цячэ. Ляжачага ня б'юць), рабочы, стаячы, знаёмы, сьвядомы, завідушчы, заграбушчы (Вочы завідушчыя, рукі заграбушчыя), гуляшчы, рабацяшчы - ужо не адчуваецца дзейнасьці, чыннасьці; яны ўжо ня маюць часоўнага характару, як дзеяпрыметнікі, а паказваюць толькі на пэўную прымету прадмету, як звычайныя прыметнікі (як добры, харошы, зялёны, прыгожы), а некаторыя пасьпелі ўжо стаць іменьнікамі назоўнымі (существительными), як напрыклад : кіраўнічы, паплаўнічы i іншыя. Трэба ані на момант ня спускаць з увагі, што факты мовы нясупынна зьмяняюцца, i гэтая зьмена фактаў мовы не залежыць ад волі паасобных людзей,

Такім парадкам, калі мы цяпер кажам: хадзячы, ляжачы, гуляшчы, то гэта ўжо ня тое, што ў ц.-славянскай мове ходящий, лежащий, гуляющий; гэта ўжо ня той, што ходзіць, ляжыць, гуляе i т. д. Такія словы, як «вада жывучая й гаючая», выклікаюць у нашай сьвядомасьці ня дзею-прымету, а звычайную прымету прадмету.

Заместа фіктыўных дзеяпрыметнікаў на -чы, -шы, калі (разумеецца, пры перакладах, бо хто думае ды піша пабеларуску, у таго такіх выпадкаў ня можа быць) няма адпаведнага трапнага прыметніка дзеяслоўнага ці недзеяслоўнага пахаджэньня, то трэба абыйсьці ix апісальна. Напрыклад, заместа «жыўшых i жывучых на зямлі істот», трэба сказаць «істот, што жылі й жывуць на зямлі». Або - «Вы, што чытаеце або слухаеце гэтую кніжку, думаеце»... а не - «Вы, чытаючыя (читающие) або слухаючыя (слушающие) гэтую кніжку, думаеце»... Замест «спасьцерагаемы факт», трэба сказаць: «факт, які дае сябе спасьцерагчы» або-«які спасьцерагаецца».

Ідучы за сапраўднай народнай мовай, усе мёртвыя (ц.-славянскія) дзеяпрыметныя формы лёгка замяняюцца апісальнымі зваротамі. Напрыклад, замест «I бачыць, што ўсе ў трывозе плачучыя, галосячыя моцна» трэба сказаць: «I бачыць, што ўсе ў трывозе плачуць i «галосяць моцна»; або замест «I знайшлі яго сідзячага (седящего) сярод настаўнікаў, слухаючага (слушающего) i пытаючага (вопрошающего)» трэба сказаць: «I знайшлі яго, як ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў ix i сам запытваў».

Часам фіктыўныя дзеяпрыметнікі замяняюцца дзеяпрыслоўнікамі аднолькавага пахаджэньня. Напрыклад: «Сустрэне чалавека, нясучага гляк вады». Тут дзеяпрыметнік «нясучага» (несущего) можна замяніць дзеяпрыслоўнікам « нясучы »: «Сустрэнеш ты чалавека нясучы гляк вады», а самае лепшае сказаць так: «Сустрэнеш чалавека з глякам вады». [...]

Формы дзеяпрыметнікаў на -(ў)шы, -чы штучныя ў беларускай мове. Калі ў сучаснай літаратурнай мове яны часам трапляюцца, дык ix зараз-жа трэба выкараніць, каб ня сталі яны традыцыйнымі. Граматычныя тэрміны Б. Тарашкевіча «будучы» (час) i «зацьвярдзеўшы» (гук) трэба замяніць другімі словамі, хоць-бы, напрыклад, так: наступны час, зацьвярдзелы гук.

Як відаць з апошняга слова - «зацьвярдзелы»,- расійскія (ц.-слав.) дзеяпрыметнікі на -(ў)шы даюцца замяніць беларускімі дзеяпрыметнікамі ад дзеясловаў прошлага часу на -лы, як слова прошли. Напрыклад: загарэлы (загарэўшы) твар, набалелыя (набалеўшыя) грудзі, пагаслыя (пагасшыя) вочы; засмаглыя (засмагшыя) вусны; зашлы (зайшоўшы) чалавек i так далей. З прыведзеных прыкладаў відно, што беларускія дзеяпрыметнікі ў параўнаньні з расійскімі больш пасыўнага характару; яны й азнаку часу страцілі ды становяць сабою чыста граматычныя формы дзеяпрыметнікаў, а не па свайму значэньню. Дзеля гэтага ix ня можна ўжываць у тых разох, дзе адпаведны расійскі дзеяпрыметнік на -ший мае часоўны характар. Пабеларуску тады можна выславіцца апісовымі дзеяслоўнымі зваротамі або адпаведнымі дзеяпрыслоўямі (аб гэтым бач, ніжэй II). Напрыклад, расійскае: «Не состоявшийся вчера концерт состоится»... пабеларуску можна перадаць так: «Концэрт, што не адбыўся ўчора, адбудзецца».., або з заменай дзеяслова адпаведным дзеяпрыслоўем: «Концэрт, не адбыўшыся ўчора, адбудзецца».

Дзеяпрыметнікаў на -мы, як ужо зазначалася, у беларускай мове няма. Заместа ix можна ўжываць або апісовыя звароты, або дзеяпрыметнікі на -ны ад дзеясловаў незакончанага трываньня. Беларуская мова ведае дзеяпрыметнікі на -ны ня толькі ад дзеясловаў закончанага трываньня, але й ад дзеясловаў незакончанага трываньня. Напрыклад: гаіць - гоены (Гоенае раны ня трэба дражніць); гадаваць - гадаваны, яднаць - яднаны (Воўк гадаваны, а непрыяцель яднаны - усё роўна); даравацъ - даравапае (Другое дараванае даражэй за куплёнае).

Тут трэба зазначыць, што ў беларускай мове дзеяпрыметнікаў іменных (з скарочанымі канчаткамі) на ўзор расійскіх «несен, веден, бит» бадай што зусім няма. Гэтыя дзеяпрыметнікі найчасьцей ужываюцца ў поўнай форме, напр.: зроблены, выбраны, высыпаны, утомлены, зъменены, латаны; пабіты, разьбіты, умыты, паломаны - паломаты i т. д. Іменныя формы дзеяпрыметнікаў пасыўнага значэньня сустракаюцца толькі ў форме ніякага роду, як недзеяслоўная частка сустаўнога выказьніка з неазначальным значэньнем, напр.,: «Хто парушыць - будзе біт», «біць біту»; у безасабовых сказах: «Тут ix яшчэ за паншчыны населена», «Так яму зроблена», «Яго сына забіта на вайне». Але заместа такіх зваротаў часьцей ужываецца дзейны зварот, дзе лёгічны дзейнік становіцца граматычным дзейнікам: «Тут ix яшчэ за паншчыны пасялілй, «Яго сына забілі на вайне» i т. д.

У беларускай мове бываюць часам ад аднаго дзеяслова паралельныя формы дзеяпрыметнікаў на -ны i на -ты. Кажуць, напрыклад, платы паломаны - паломаты, хаты пазамыканы - пазамыкаты, вароты пазапіраны - пазапіраты, быдла паколата - паколена; апрануты - апранены, зацяенены - зацягнуты, сабраны - сабраты, дана - дата ў Менску, а часам разам н i т; чуцен, чутна, чутны. [...]

III. Інфінітывы

Інфінітывам называецца неазначальная форма дзеяслова, г. зн. такая форма, што не паказвае ні часу, ні ліку, ні асобы, а толькі называе дзеяньне ці стан прадмета. Значыць, інфінітыў ня выказвае, як дзеяслоў, а толькі называе, як назоўнік, прыметнік ці прыслоўе.

Словы нашае мовы дзеляцца на выканальныя й назыўныя; выказваць нашу думку, агулам кажучы, могуць толькі дзеясловы (пішу, чытаем, прынясуць, дайце, нясем), а ўсе іншыя словы толькі называюць прадметы, прыметы прадметаў ці прыметы дзеяньня, напр.: стол, брат, камень; добры, люты, пабіты; добра, хораша, блага.

Да гэтых назыўных слоў належыць i наш інфінітыў. Некалі інфінітыў скланяўся, як назоўнік; цяпер ён не скланяецца, але, страціўшы здольнасьць зьмяняцца, ён стаў набываць уласьцівасьць дзеяслова выказваць. Праўда, рэдка гэта бывае, але ўсё-такі бывае, а ў якіх разох - аб гэтым дакладна гаворыць сынтакс. Гэтая новая ўласьцівасьць інфінітыва пазваляе адносіць яго, пры падзеле слоў на часьціны, да дзеяслова, хоць i несаўсім слушна, бо асноўнае значэньне інфінітыва застаецца старое: называць, а ня выказваць. Цяпер, калі мы хочам скланяць інфінітыў, то абарачаем яго ў назоўнік: пісаць - пісаньне, чытаць - чытаньне i т. далей.

Але нас цікавіць інфінітыў ня сам па сабе, а з боку тае асаблівасьці, якую становіць ён у беларускай мове проціў іншых, бліжэйшых да нас славянскіх моў. Такую асаблівасьць у беларускай мове інфінітыў вытварае сваім асноўным значэньнем у мове - называць, а ня выказваць.

Возьмем, напрыклад, дзеяслоў «хачу». Хацець можна шмат чаго, але сам гэты дзеяслоў назваць гэтага ня можа. Тады прыходзіць да яго на падмогу інфінітыў, i мы кажам: хачу есьці, хачу спаць, хачу піць, хачу гуляцъ, хачу сапачыць, хачу вучыцца, хачу жаніцца i т. далей (інфінітывы тут падчыркнуты). З гэтых прыкладаў мы бачым, што дзеяслоў «хачу» выказаў, выявіў, а інфінітыў назваў наша хаценьне, назваў тое, чаго мы хочам. Дзеяслоў мог выказаць i нешта іншае, напр.: стаў, зачаў, люблю есьці, спаць, гуляць i т. далей, але інфінітыў ці іншае назыўнае слова павінны назваць тое, што мы любім, бо сам дзеяслоў назыўнай здольнасьці ня мае.

Потым, ёсьць шмат прадметаў, напрыклад, вада, машына, збанок, мяшок, для рознага назначэньня. Калі гэтым назначэньнем прадмета зьяўляецца дзеяньне ці стан, то яго якраз i можа назваць інфінітыў, бо ён-жа, будучы словам назыўным, дзеля таго й існуе ў мове, каб называць дзеяньне ці стан прадмета.

Дзеля гэтага пабеларуску й кажуць: машына шыць, машынка стрыгчыся, машынка брыцца, машынка перац малоць, вада піць, вада дзяцей купаць, палонка воду браць i т. далей. Парасійску ў такіх разох кажуць: машына для шыцьця, вада для мыцьця, вада для купаньня i т. д., а папольску - машына да шыцьця, вада да купаньня i т. далей.

Як бачым, расіец ці паляк, каб назваць назначэньне прадмета - назначэньне-дзеяньне, бярэ інфінітыў, абарачае яго ў дзеяслоўны назоўнік (отглагольное имя существительное) ды прылучае яго да прадмета з дапамогаю прыназоўніка «для» (расіец) або «да» (паляк): вада для купаньня, вада да купаньня, а беларусін абыходзіцца ў такім выпадку адным інфінітывам, ня трацячы дарэмна часу на тое, каб перавярнуць спачатку інфінітыў у назоўнік, а потым зьвязаць гэты назоўнік з другім назоўнікам з дапамогаю прыназоўніка (предлога).

Пабеларуску бывае яшчэ так: калі хочуць памацніць, падвысіць назначэньне прадмета, што выражаецца дзеяньнем яго, то ставяць інфінітыў. З злучнікам «што», напр.: вада, што піць, вада, што дзяцей купаць, палонка, што воду браць; машынка, што брыцца, i т. далей.

Сюды належаць i такія звароты з інфінітывам:

Ня зьвер я людзкую кроў пралівацы ці ня было рэчкі ўтапіцца мне? Адзін колас дзетак гадаваць, другі колас чэлядзь карміць, трэці колас гарэлачку гнаць (пажаданьне гаспадару на дажынках). Бог ня дзіця дурняў слухаць. Адзін серп траву жаць, другі пшанічаньку рэзаць, Шырокія вароты увайсьці, да вузкія выйсьці,

Калі значэньне інфінітыва пераважае значэньне, што выражаецца дзеясловам-выказьнікам (сказуемым), то ён можа адрывацца ад свайго прадмета ў асобны сказ з злучнікам «каб», напр.:

Ня зьвер я (ёсьць), каб людзкую праліваць. Бог ня дзіця, каб дурняў слухаць. Ці ня было рэчкі, каб утапіцца мне? Адзін колас, каб дзетак гадаваць, другі колас, каб чэлядзь карміць, i т. далей.

Такія звароты ў мове бываюць i ў тых разох, калі інфінітыў адносіцца не да прадмета, а да дзеяслова, напр.: Пашлі паглядзець аўса. - Пашлі, каб паглядзець аўса. Пашлі глядзець зямлі, дзе ім сказалі сяліцца. - Пашлі, каб паглядзець зямлі, дзе ім сказалі сяліцца. Ой, мама, хачу есьці, да баюся ў пограб лезьці, да баюся, каб ня ўпасьці.

З гэтых прыкладаў мы бачым, што інфінітыў зьвязваецца з сваім дзеясловам злучнікам «каб» у тых разох, калі мы хочам паказаць, што яго значэньне ў сказе пераважае значэньне выказьніка-дзеяслова. Калі мы скажам, напрыклад: «Пашлі паглядзець аўса», то тут сэнс сказу выражаецца дзеясловам-выказьнікам «пашлі»; а калі скажам: «Пашлі, каб паглядзець аўса», то гэтым выкажам, што асноўны сэнс ня ў тым, што «пашлі», а ў тым, што «пашлі паглядзець». [...]

...Гаворачы аб інфінітывах пры дзеясловах i назоўніках, тут можна стаць у прыгодзе нашым настаўнікам, а потым школьнікам пры разборы сказаў з інфінітывамі. Мы бачылі, што інфінітыў можа адносіцца да дзеяслова, да назоўнікаў. Калі дзеяслоў адносіцца да асабовага дзеяслова, то ён складае разам з ім тое, што ў граматыках называецца падвойным выказьнікам (пашлі глядзець, сталі вучыцца); калі-ж інфінітыў адносіцца да назоўніка, то ён складае з гэтым назоўнікам назоў аднаго прадмета (вада піць, машына шыць). Такім парадкам, сказ: «Машына шыць стаяла на стале» трэба разабраць так: «машына шыць» - дзейнік, «стаяла» - выказьнік, а «на стале» - дапаўненьне.

Таксама разьбіраюцца вядомыя нашым школьнікам расійскія сказы: «Любители молчать редко где бывают» (тутдзейнік - подлежащее «любители молчать»), а ў сказе: «И воля губить у меча отнята» дзейнік будзе «воля губить», бо гэтыя два словы - назоўнік i інфінітыў - складаюць назоў аднаго прадмета, як у падвойным выказьніку дзеяслоў з інфінітывам называюць адно дзеяньне (выказьнік).

Есьць сказы з двума інфінітывамі, напр.: Наварэце есьці гасьцей частаваць. Лясьнік сказаў пайсьці паглядзець на месцы, што там здарылася.

У гэтых сказах першы інфінітыў паясьняе дзеяслоў, а другі інфінітыў паясьняе першы інфінітыў, а ўсе яны разам - дзеяслоу з інфінітывамі - складаюць назоў аднаго дзеяньня, адзін выказьнік - «наварэце есьці частаваць», «сказаў пайсьці паглядзець».

Такім парадкам, калі трэба назваць назначэньне прадмета, што служыць дзеяньнем, прыладай, то гэтае назначэньне называецца інфінітывам (вада піць, машынка брыцца). Калі назначэньне аднаго прадмета служыць ня дзеяньне, а другі прадмет (мяшок на муку), то ў беларускай мове гэтае назначэньне называецца імем таго прадмета ў вінавальным склоне, прычым, канечна, з прыназоўнікам «на», а ў некаторых выпадках з прыназоўнікам «да», напрыклад: мяшок на жыта, мех на муку, скрынка на лісты (пачтовая), хлеб на продаж, адзежа на сьвята, убраньне на сьмерцъ, яблык на пахмельле, жыта на насенъне, пакінула жарабя на плямя i т. д., а потым - хустачка да носу (парасійску «носовой платок»), ланцужок да гадзіньніка.

Тут ужо прыназоўніка (предлога) «на» паставіць нельга, а трэба прыназоўнік «да» з імем, або назовам, прадмета ў формы роднага склону, бо склон залежыць ад прыназоўніка. Есьць вялікая розьніца ў зваротах: «мяшок на жыта» i «хустачка да носу»; розьніца тут у вадносінах паміж прадметамі, i гэтую розьніцу выражаюць прыназоўнікі, а прыназоўнікі ў мове на тое й служаць, каб выражаць розныя адносіны паміж прадметамі. Прыназоўнік «на» звычайна абазначае рух на паверхні або прабываньне на чым-небудзь як у звычайнЫм, так i ў пераносным сэнсе, а прыназоўнік «да» абазначае граніцу, мяжу, да каторай даходзіць дзеяньне ў прасторы ці ў часе; гэта й выражаецца ў такім звароце, як «хустачка да носу».

Мы бачым, што ў такіх зваротах прыназоўнік «на» ў беларускай мове ставіцца ў значэньні расійскаго «для». У нас таксама ёсьць прыназоўнік «для», але ён абазначае прыналежнасьць, а найчасьцей прычыну або мэту дзеяньня на чыю-небудзь карысьць ці на шкоду, напр.:

Дай нам, браце, чырван злоты, бо мы жалі для ахвоты, Нарэзала многа курэй i гусей для сваіх для любых гасъцей. Ня плач, дзеўча, ня плач, сэрца, не клапаці ты галованькі: вазьму цябе, не пакіну для людзкай пагаворанькі.

Калі трэба выразіць, што адзін прадмет служыць назначэньнем для другога прадмета, то мы звычайна ставім прыназоўнік «на». Пабеларуску, напрыклад, кажуць «На што гэта?», тады як расіец скажа «Для чего это?» Дзе ў нас стаіць «на», там у расійца «для» («этажэрка на кнігі, мяшок на жыта» - пабеларуску, а парасійску - «этажерка для книг, мех для ржи»), напр.:

«На што яму косы? - Сена касіць. На што яму сена? - Кароўкі карміць. Завілі вяночкі, завілі зялёныя на годы добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты, на авёс расісты, на грэчку чорную, на капусту белую. На што козамі сена травіць? На што ў клець ісьці па муку, калі торба вісіць на круку? Там i крупы драныя, i кускі ламаныя.

У тых разох, калі расіец ставіць пытаньне «зачем», беларусін скажа «на што?» (На што нам тыя пісталеты, калі мы страляць ня ўмеем).

I цікава, што нават у тых выпадках, калі інфінітыў назначэньня падмяняецца дзеяслоўным назоўнікам, ставіцца «на», напр.: вада на умыванъне, ручнік на ўціраньне; звароты з прыназоўнікам «да» больш польскія (вада да ўмываньня).

Значыць, пабеларуску лепш сказаць: шкап на кнігі, сшытак на дыктоўкі, сшытак на арытмэтыку, як з прыназоўнікам «для»: сшытак для дыктоўкі i т. далей, бо мы ня кажам: «для чаго гэта», а «на што гэты прадмет?»

з прыназоўнікам «на» ў беларускай мове ёсьць шмат цікавых зваротаў, невядомых расійскай ці польскай мове:, напр.:

Бачыў на свае ўласныя вочы (парасійску: «своими глазами»). Выбачай, кума, на пірагіі Ежце, госьцейкі, а на другое выбачайце. Захварэў на сухоты, хварэе на грудзі, слаб на вочы, слаб на ногі. Багаты на латы, а не на шаты. Наша мова багата на славы й на звароты [...]

V. Дапаўненьні

[...] 2. Родны об'ектыўны й суб'ектыўны. Сюды належаць такія звароты з3 родным склонам: забойства бацъкі, страх сьмерці, жаль увагі ня мае, а далей - жыцьцё расьліны, цела чалавека, утварэньне клеткі, адход цягніка, спосабы барацьбы з сухотамі i іншыя.

Гэтыя апошнія звароты з родным склонам мала адпавядаюць сынтаксу беларускае мовы: ix лепш замяніць, дзе гэта можна, зваротамі з прыметнікамі або апісовымі зваротамі, напр.: расьліннае жыцьцё, чалавечае цела, як гадавацъ скаціну (замест «гадоўля скаціны»), як бароцца з сухотамі i т. далей.

Замест таго, каб паставіць гэты родны склон пасьля дзеяслоўнага назоўніка на «ньне» (чытаньне кнігі), лепш ставіць звароты з дзеяпрыслоўнікамі - гэта больш адпавядае духу нашае мовы, напрыклад: замест «пры чытаньні кнігі» - «чытаючы кнігу»; замест «па сканчэньню дасьледзін» - «скончыўшы дасьледзіны».

Але нашая мова ня любіць толькі злучаць дзеяслоўных назоўнікаў з «пры», «па», «для», а з прыназоўнікамі «на», «за» яны злучаюцца вельмі часта, але ў іншых зваротах, напр.: Пазычаньне на неадданьне. Залаты персьцень - то на мянянъне, пярловы вяночак - то на вянчаньне, шаўковы платочак - то на уціраньне. За яго панаваньне (заміж «пры яго панаваньні»). Бач. інфінітывы з «на».

Разумеецца, калі падмена роднага склону прыметнікам зьмяняе значэньне звароту, то такое падмены быць ня можа, напр.: «мова поэзіі - поэтычная мова», «значэньне падобнасьці - падобнае значэньне» i т. далей.

Калі родны склон выражае азначэньне таго прадмета, пры якім стаіць, а падмена яго прыметнікам выражае шырэйшае паняцьце, то такі родны склон азначэньня можна абмінуць з прыназоўнікамі «на», «у», напрыкл.: Гарады Беларусі - гарады на Беларусі (беларускія гарады - шырэйшае паняцьце); пачуцьце чалавека - пачуцьце ў чалавека; замест «Полацкі павет Віцебшчыны», трэба сказаць: «Полацкі павет на Віцебшчыне»; «насяленьне Польшчы й Беларусі» - «насяленьне у Польшчы й на Беларусі» i т. далей.

У літаратурна-навуковай мове нельга, разумеецца, зусім абмінуць роднага склону суб'ектыўнага й об'ектыўнага, але у мове прыгожага пісьменства зрабіць гэта можна й трэба [1].

3. Родны склон часу. Аб гэтым гаварылася ўжо вышэй (бач. вінавальны склон часу); тут трэба дадаць яшчэ, што звароты з родным склонам на азначэньне часу ня маюць пэўнага часоўнага характару ў выражэньні мінуласьці, цяперашнасьці ці прышласьці (наступнага, «будучага» часу), напр.:

Спарадзіла яна сына цёмнае ночы (замест цёмную ноч»). Вядзі мяне, тапі мяне цёмнае ночы,

Беларускія звароты з родным склонам часу маюць неазначальны характар, а выражэньне часу вінавальным склонам з прыназоўнікам «ў» мае больш сьціслы характар, напр.: Браў мяне ты ў дзень, ні у ночы - дзе-ж тады меў свае вочы?

Выражэньне часу родным склонам з характарам прамінуласьці ў звароце з прыназоўнікам «за», напр.:

За караля Саса было хлеба й мяса, а настаў Панятоўскі, стаў хлеб не такоўскі. За жыцьця яшчэ адпісаў яму сваё дабро. Не за нас гэта пачалося, не за нас i перастане.

Але гэты родны часу так цесна зьліўся з вінавальным часу з прыназоўнікам «за», што лепш тут вінавальны склон часу, як:

Гэта было яшчэ за прыгон, за паншчыну, за палякоў. За восень трэба ўправіцца. За нагоду трэба ўправіцца з сенам. Каб добра спажывалі да за год прычакалі.

Вінавальны часу з прыназоўнікам «за» ўжываецца поплеч з прыладным (творительным) часу з гэтым прыназоўнікам, напр.: )

За гэтым каралём нос можна ўцерці й рукавом. За нагодаю трэба ўправіцца з сенам. Гэта было за прыгонам, за паншчынай. За царом Мікалаем служылі 25 год. Не за намі гэта сталася, не за намі й перастане.

Калі вінавальным склонам з прыназоўнікам «за» выражаецца пэўная мера часу, то ён зваротам з прыладным склонам не падмяняецца, напр.: за год, за дзень, за ноч, за зіму, за лета i т. далей.

Вінавальны склон часу з прыназоўнікам «у» таксама можа ў некаторых разох падмяняцца прыладным склонам, але без прыназоўніка, напр.: шчасьліваю гадзінаю замест «у шчасьлівую гадзіну». Цьвіце рожа пры дарозе чырвоненькім цьветам - ехаў казак да дзяўчыны бялюсенькім съветам.

Адгэтуль маем такія прыслоўі ў форме прыладнага склону: вясною, зімою, леткам, ноччу. (Што ты знаеш, ноччу радзіўшыся?); а поплеч з гэтым ужываецца i вінавальны склон часу з «у», напр.: у дзень, у ночы (Браў мяне ты Ў дзень, ня ў ночы - дзе-ж тады меў свае вочы?), у летку, у восень, у зімку Шакажэце мне тую кветку, што цьвіце зімой i у летку), а часам ставяць нават прыназоўнік «у» з прыладным склонам часу, напр.: увясною, узімою, як у восень, у ночы i т. далей.

Есьц; яшчэ шмат зваротаў з ускоснымі склонамі на выражэньне часу (бач. VI. Прыназоўнікі). Часовыя звароты належаць да тых моўных фактаў, дзе тонкасьці граматычныя пераходзяць у тонкасьці стылістычныя (Пакажэце мне такую кветку, што расьце зімой i у летку), дзеля гэтага трудна правілам разьмежаваць, Ісалі каторы зварот ужываецца.

4. Родны поклічу. Сюды належаць такія звароты: Дык ён тады ходуі Едзь, сынку, - такое бяды! Такое бяды! Найму сакала. Ці-ж гэта прауды было? Ой, ня праўдачкі гэта. Ня праудачкі сказалі.

Родны поклічу ставіцца замест назоўнага або вінавальнага склону.

Родны часьці. Ен залежыць ад іменьнікаў: Пражыў ён веку сто год.

Гэты склон, хоць вельмі рэдка, сустракаецца нават пры параунальнай ступені, напр.:

Скланю я галоўку ніжэй вас. Цёмна, цёмна на дварэ, цямней таго за дваром. Рана, рана сонца ўставала,- раней таго пава лятала. Ой рана, рана трое курэй пела, раней таго вароты скрыпелі.

Тут родны склон выражан займеньнікам «той», калі-ж у такіх разох павшей стаяць іменьнік, то ў беларускай мове параўнальнасьць выражаецца родным склонам з прыназоўнікамі «за», «ад», «над», напр.:

Ен старэйшы за яе. Няма зьвера дужэйшага за лева. Яго ручанькі гарачэй ад агню. Няма горшага ката над нашага брата: ён-жа маю косаньку распусьціў, ён-жа мяне маладзеньку ня ўзьлюбіў (з вясельнае песьні). Сядзь сабе бліжэй за ўсіх, будзе табе мілей ад усіх.

6. Родны склон з дзеясловамі: глядзець, пільнаваць, сьцерагчы, даглядаць, хавацъ i іншых, напр.:

Пільнуй, сватку, парадку! Даглядае саду. Папільнуй дзяўчынкі, каб яна ня скінулася. Не паслухаў мае рады, дык цяпер рабі, як сам знаеш. Устань, стары, устань, абач майго цела: да ужо маё цела крывёю скіпела. Пашый, дзеванька, шырокія рукавы, што-б было дзе класьці нявіннае славы.

З дзеясловамі: вучыць, вучыцца, навучыцца, слухаць, напр.:

Навучайцеся муштру добрага. Лепей дома цэпам бухаць, як на вайне муштраў слухаць. Трэба яго розуму навучаць. Не даюць мне веры (расійск. «не верят мне»). Пусьці, пусьці, маці, гуселек паслухаць i песенек наўчыцца! Ня пушчу, дзіцятка, гуселек слухаць i песенек вучыцца: тыя цябе гуселькі маладу з ума зьвядуць.

Але пры гэтых дзеясловах можа быць i давальны склон, напр.:

Будзем сына пісьму вучыць, а дачушку шоўкам шыць. Ты рады просіш? Вот табе мая рада: ня трымай дзяцей пры сабе, бо сьпесьцяцца, разгультаюцца, а аддай ix лепей у навуку: кола людзей патруцца - рабоце навучацца. Аддалі вучыцца кавалъству - прыбыльная работа; аддалі вучыцца сталярству, бандарству - дзятлы к бандарству здольны (з казкі).

Адгэтуль ужо прыслоўі ў форме давальнага склону прыметніка з «па», напр.:

Паруску, папольску, панямецку, пагультайску, часам у поўнай прыметнікавай форме: пакашачаму, пачалавечаму. Што за панове, што за сватове - паруску, ходзяць, папольску мовяць? Гэты Марцін Глінскі навучыўся гаварыць пакашачаму, а кот навучыўся гаварыць пачалавечаму (з казкі).

Есьць прыслоўе з «па» ў форме роднага склону: палатыні. Такім парадкам пабеларуску можна сказаць:

«I чужому навучайцеся, i свайго не цурайцеся». «Вучыцца беларускае мовы» (родны скл.) i - «вучыцца беларускай мове» (давальны склон).

7. Родны аддаленьня пры дзеясловах: выракацца, цурацца, ухіляцца, баяцца i іншых, блізкіх з імі сваім значэньнем, напр.:

Хоць i надзеў жупан, але ня цурайся сьвіткі. Выракся мяне айцец, выраклася й маці роднага дзіцяці. Выракаецца свайго слова, сваіх слоў. Не зракайся ты мяне да прыбудзь ты ка мне. Адрокся бацькі.

Але такі родны аддаленьня найчасьцей ужываецца з прыназоўнікам «ад», напр.:

Ня ўхіляйся ад работы. Адрокся ад свайго бацькі й маці. Ледзьве схаваліся ад ваўкоу. [...]

4. Творна-прыладны склон

Вельмі часта, пры азначэньні месца з пэўным кірункам дзеяньня, у нас ставяць дапаўненьне з прыназоўнікам «па», як у расійскай мове, ды кажуць: «Ехалі ў Кіеў па Дняпру». Гэта чыста расійскі зварот; у беларускай мове ў такіх разох ставіцца прыладны склон без прыназоўніка, i гэтым выражаецца кірунак дзеяньня, напр.:

Едуць яны цёмнымі барамі, камяністымі дарогамі, чыстымі палямі. Ехалі мы ў Кіеў Дняпром. Сеў ён на таго каня ды паехаў тэю самаю дарогаю. Сем міль лесам ісьці, а восьмую морам плысьці. Ой пайду я дарогаю, пушчу голас дуброваю. Павязьлі яе цёмнымі лясамі шчырымі барамі вялікімі лугамі. Плыві ты вадою, а я за табою.

Прыназоўнік «па» ў беларускай мове ставіцца тады, калі трэба паказацца, што рух адбываецца рознымі кірункамі. У такіх разох прыназоўнік «па» ў адзіночным ліку злучаецца з давальным склонам, а ў множным ліку - з месным склонам, напр.: Коце, брацеі мяне ліска нясе ў высокія горы, у глыбокія норы, пa бару, пa каменьню, пa ўсялякаму зелълю. Сталі людзі пераходзіць на другі бераг па кладачцы, а ён пашоў проста па вадзе, як пa сухому. Ідуць пa сялу ды пытаюць: ці ня пусьціць хто начаваць к сабе? Па ўсяму царству пашла пагалоска, што скора настане замірэньне. Відзен сокал па палёту, а сава па воку. Як пайду я, маладая, па чыстому полю, сея, расьсявая сваю горку долю. Разышлася вестка па усяму сьвету. Расхадзіся па усяму двару гаспадарскаму. Ягада з ягадай па бару расьлі - маладзён з княгіняй па дамох расьлі. Хадзіла козанька па ламу, за ёй шэры воўк у сьляду.

Вельмі часта замест «ехаць на чым» ставіцца прыладны склон без прыназоўніка, напр., поплеч з такімі зваротамі, як «Едзе нехта на чацьвярыку», кажуць:

Была сабе муха-мухаўка, мела яна шэсьць камapыкaў - яна імі езьдзіла. Ах ты, куме, кумеі што-ж ты мне зрабіў? чым я цяпер буду ехаць?! Глядзіць ён - ажно едзе нехта шасьцьма коньмі. Паехаў ён чацьверкаю ў госьці. А тым канём паехаў сам гаспадар. Бачыць ён - едзе нехта тройкаю коняй, карэтаю. Бачыць - едзе нехта парма коньмі.

Гэты прыладны падобен на прыладны спосабу дзеяньня, як у такім прыкладзе: «Бяжы, кося, усё рысъцю к майму татку з карысьцю, к маёй мамцы з радасьцю».

Прыладны часу. Расійскі зварот: «На днях, на этих днях, в иное время, в последнее время» пабеларуску перакладаецца прыладным склонам з прыметнікам-азначэньнем: гэтымі днямі, іншым часам, апошнім часам,

Замест неўласьцівых беларускай мове расійскіх часоўных зваротаў - «Сходы адбываюцца па панядзелках i пятніцах», трэба сказаць: сходы адбываюцца панядзелкамі й пятніцамі - або: у панядзелкі й пятніцы.

Часоўныя звароты вінавальнага склону з прыназоўнікам «у (ў)» (у панядзелкі, у пятніцы) беларуская мова любіць перадаваць прыладным склонам з прыметнікам-азначэньнем, напр.:

Цяперашнім сьветам ня скора такую знойдзеш. Думаў я днямі i начамі, Ехаў гэтымі днямі позным вечарам адзін чалавек з-за Шылавіч. Ехаў казак да дзяўчыны бялюсенькім сьветам. Яго калісь, яшчэ малым, аддаў бацька падпасічам. Ен гэта яшчэ блазнам чуў ад свайго бацькі. Аж так, золакам, чуе - нешта горача стала. Калі-ж цябе, мая мамачка, у госьці чакаці 'ці глыбокімі сьнягамі, ці зяленымі лугамі, ці вішнёвымі садамі? І...ІІ

Прыладны пры дзеяеловах: гаварыць, перакладаць, вучыць, перадаваць (кім), турбавацца, панаваць, ехаць (звароты з «ехаць» бач вышэй:

Пабралі дзяцей у школы ды сталі вучыць ix роднаю моваю. Трэба пераслаць ліст Іванам, Ня турбуйся-ж ты, наша матанька, намі: як падрастуць крыльцы, то разьлятомся самі. Не клапачыся, мамка, пасагамі Ня турбуйся, мая мамка, мною, а турбуйся сама сабою. Не затым я прышоў, каб сьветам панаваць, а затым, каб аслабаніць сьвет ад паноў, бо кожны чалавек сам сабе пан.

Пры дзеясловах «быць, стаць, мець, уважаць, выбіраць» i іншых, што выражаюць зьмену ў стане прадмета, ставіцца ня прыладны-прэдыкатыўны, а вінавальны з прыназоўнікам «за», напр.:

Яна ў ix на вясельлі за дружку была. Яго ўсе за дурнога мелі. Ен мне за бацьку роднага стаў. Гэта некалі людзям за зброю было. Мы цябе за разумнага ўважаем. Згадзілі яго за пастуха. Пашоў на плыты за галоўніка, за задніка. Ня ўмею ні чытаць, ні пісаць, а мяне за караля абіраюць. Думае, што дурань яго за чорта прымае. Пану верна ня служы, а чужое дзіця не хавай за роднае, бо зрадзяць. Стаў за настаўніка. Дык яна засталася ў ix за наймічку. Каб ня была ёй паветка за хатку, каб ня была ёй суседка за матку. Гадуй маю Ганулечку за родную дачку! Ой ня тая, мой сыночак, гадзіна паўстала, каб чужая чужаніца за родную стала. Адгэтуль відаць, што пабеларуску лепш сказаць: «Лічу за свой абавязак», а не «сваім абавязкам». Пры дзеясловах выбіраць ці абраць можа стаяць i прыназоўнік «на», напр.: Абіраюць на караля, на члена, як - вучыцца на докгара. [...]

VI. Дапаўненьні з прыназоўнікамі

[...] 5. Прыназоунікі проці(ў.), супраць-супраціў. Апроч свайго звычайнага значэньня, гэтыя прыназоўнікі цікавыя тым, што могуць перадаваць расійскія прыназоўнікавыя звароты: «по сравнению», «сравнительно с чем», якія сучасная белар. літаратурная мова перакладае так: «у параўнаньню з...» «параўнальна з...». Гэта зусім не беларускія звароты. Дзе гэта можна, то пабеларуску трэба казаць так: Што ты значыш супраць (ці - супраціў) мяне? Менск супраць Вільні - мястэчка, а ня горад. Проціў яго ён яшчэ блазан. Проці яго ты нішто. Горшую проці мяне ўзяў.

Часам зваротам з прыназоўнікам «проці» можна выразіць час, што парасійску перадаецца словам «накануне», напр.:

Заручылі дзеўку проці панядзелку.

Проці пятніцы ня можна шлюб браць. Не скажу проці ноны, а то яшчэ прысьніцца. Узяў ды выбраўся проЦІ ноны Ў дарогу. Проці новага лета песенька сьпета. [...]

VII. Звароты з прыслоўямі

[...] 4. Прыслоўі: увелькі, ушыркі i падоб. Часта кажуць: «Сукно ў два аршыны шырынёю. Калодзеж у тры сажні глыбінёю». Пабеларуску ў такіх разох лепш ставіць прыслоўі, што выражаюць меру параўнаньня, напр.: Сабака ўвелькі з воўка. Сукно на два аршыны (локці) ушыркі. Сажа ні ўдаўжкі, а 2 локці ўшыркі.

Яшчэ кажуць удоўж, ушыр, утоўшч, углыб, ушыркі: Аршын - i ўдоўж, i ўшыр. Які ўдоўж, такі ўтоўшч.

5. Прыслоўе прыблізна. Такога прыслоўя ў беларускай мове няма; гэта нязграбны пераклад расійскага прыслоўя «приблизительно». Пабеларуску замест «прыблізна» трэба казаць так:

Гэта было гадоў з дваццаць назад. Воўк як завыў, дык туды зьбеглася ваўкоў нешта з трыццаць. У мяне было рублёў з пятнаццаць.



[1] У расійскай мове часам так густа ставяць звароты з гэтым родным склонам, што трудна злавіць сэнс, напр.: «Сущность доклада председателя технической комиссии учебного отдела общества распространения технических знаний» або: «Значение признания необходимости введения новых способов земельного обеспечения крестьян земледельческого района» (А. М. Пешковский: «Русский синтаксис в научном освещении», адкуль узяты гэтыя прыклады).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX