Вярнуцца: Філалогія, гісторыя літаратуры

Станкевіч Адам. З літуанізмаў у беларускай мове


Аўтар: Станкевіч Адам,
Дадана: 31-01-2017,
Крыніца: Станкевіч Адам. З літуанізмаў у беларускай мове // Калосьсе, кніжка 3(16), 1938. С. 172-175.; кніжка 4(17), 1938. С. 225-226.; кніжка 1(18), 1939. С. 36-37.; кніжка 2(19), 1939. С. 118-120.; кніжка 3(20), 1939. С. 176-178.



Калосьсе, кніжка 3(16), 1938. С. 172-175.

Ведама кожнаму, якую аграмадную, пераважна рашучую, іграе ролю ў адраджэньні i культурным разьвіцьці кожнага народу яго родная мова. Дзеля гэтага праца над чысьцінёй мовы якога народу зьяўляецца працай вялікага значэньня.

Розныя народы, жывучы ў суседстве, адны ад адных часта запазычаюць як паасобныя словы, так i граматычныя звароты. Прычыны гэткіх узаемных уплываў пераважна бываюць: палітычныя, эканамічныя, культурныя i інш.

Беларускі народ ужо аддаўна для сваей мовы рабіў "пазыкі" з мовы літоўскай, польскай, расейскай. З гэтых двух апошніх запазычае ён i сяньня. Ад літоўцаў сяньня ўжо не пазычае, але даўнейшай языковай пазыкі, зробленай у ix даўней, трымаецца i цяпер, пераважна ўважаючы ўжо яе за сваю ўласнасьць.

Часта ў нас на языковай ніве можна спаткаць наступнае цікавае зьявішча: у Усходняй Беларусі дужа часта беларусы, якія ня знаюць мовы польскай, карыстаюцца польскімі славамі І, затым, што яны выразна розьняцца ад мовы расейскай, прысабечваюць ix на беларускую ўласнасьць. Узноў-жа па гэты бок рыскай граніцы, многія беларусы, якія ня знаюць мовы расейскай, за беларускія прымаюць многія расейскія словы i нават граматычныя звароты, затым што яны рэзка розьняцца ад мовы польскай. Ясна, што патрэбна тут навуковая праца над ачысткай беларускай мовы i ад русыцызмаў i ад полёнізмаў. У абодвых гэтых кірунках шмат папрацавала ўжо маладая беларуская навука на нашым Усходзе ў першым дзесятку існаваньня БССР. Сяньня-ж, калі там пануе догматычна-дыктатарскі кірунак культуры: нацыянальнай формам i камуністычнай зьместам, праца гэта зьмяніла сваю напружанасьць i свой характар. Сяньня ў БССР, праўда, праца над чысьцінёй беларускай мовы ад полёнізмаў адбываецца, але ад русыцызмаў гэта мова ня толькі не ачышчаецца, але сьведама прыбліжаецца да расейскай мовы, як слоўнікам, так i будовай.

На гэтым баку рыскай граніцы часта можна так-жа пачуць гаворачых беларусаў, якія карыстаюцца літуанізмамі i ў добрай веры уважаюць ix за свае, а свае родныя словы закідваюць, выракаюцца i забываюцца. Навуковай-жа працы над чысьцінёй беларускай мовы на гэтай беларуска-літоўскай ніве бадай ня відацца сусім. Прычынай гэтага - надта нямногая колькасьць беларусаў, знаючых літоўскую мову.

Вось-жа ў гэтай працы маю на мэце ў меру сваіх ciл крыху папоўніць гэту нястачу ў беларускім мовазнаўстве, падаючы цэлы рад літуанізмаў, якія знайшлі сабе ўжо ў даволі шырокіх гушчах беларускага народу права грамадзянства. Праўда, многіх літуанізмаў ужо не заменім славамі беларускімі, але што можна, тое трэба замяніць. Ведама, гэта мая скромная праца ня вычарпае ўсяго прадмету, а толькі яго частку. Пададзеныя тут літуанізмы спатканы мною пераважна ў Ашмянскім павеце, ў воласьцях: Крэўскай, Куцявіцкай, Гальшанскай, Смаргоньсквй. Кажу пераважна, бо будуць тут такжа літуанізмы i з іншых мясцоў, а да таго толькі тыя з ix, якія мне такімі выдаваліся.

Апрача назоваў агульных, падаю тут так-жа некаторыя i назовы ўласныя: мест, сёлаў i інш. Але з гэтых падаю сапраўды толькі некаторыя, бо гэтыя патрабавалі-б бадай асобнай монографіі, чаму магла-б служыць кніжка: "Крестьянское землевладeнie. Виленская губернія" (Вильна, 1908 г.), у якой вылічаны ўсе вёскі i пасёлкі ўсей быўшай Віленскай губерні.

Агранічыўся я тут такім чынам толькі літуанізмамі слоўнікавымі, не чапаючы такіх-жа ў сынтаксісе, зрабіць чаго, ня будучы моваведам - адумыслоўцам, а толькі аматарам, ня чуюся на сілах.

Надта магчыма, што знойдуцца ў гэтай працы "літуанізмы", якія такімі ня будуць. Дужа прашу чытачоў, у такіх ці ў сумніўных выпадках, мяне папраўляць i прысылаць свае ўвагі. Зборнік літуанізмаў можа некалі прыдацца пры ўкладаньні сучаснага навуковага слоўніка беларускай мовы. Не забывайма так-жа, што знаньне літуанізмаў можа быць так-жа карысным для знаньня гісторыі Беларусі i Літвы, для знаньня гісторыі беларускай мовы i культуры.

Для гэтых-жа мэтаў добра тэк-жа было-б прасьлядзіць беларусызмы ў літоўскай мове, якіх, праўда, даўней там было давалі многа, а цяпер дужа мала.

На жаль друкарня ня мае знакаў акцэнтаў для літоўскіх слоў, дзеля гэтага згары можна спадзявацца, што многія будуць літуанізмы гэныя чытаць няправільна.

Дзеля эканоміі часу літары літуанізмаў, апрача першай, размешчаны бяз увагі на альфабэтычны парадак, трэба ўрэшце памятаць, што ў літоўскіх словах e=я i é=е, і перад галоснай цьвёрдай (a, o, u,) чытаецца як л.

Е. Карскій - Белоруссы I (бач. 25-157), вылічаючы літуанізмы ў беларускай мове, робіць выснаў, што ix (разам з латышызмамі) ёсьць да 36 шырока распаўсюджаных i да 54 рэдкіх, ведамых толькі ў некаторых мясцох. Ніжэй убачым, што літуанізмаў у нашай мове ёсьць куды больш.

* * *

Карыстаўся я, апрацоўваючы i правяраючы гэтыя літуанізмы, між іншым, наступнымі крыніцамі:

Владимир Даль - Толковый Словарь живого великорусскаго языка, І-IV т. - Спб.-Москва, III изданіе 1903-1909.

В. Д. Гринченко - Словарь Украинскаго языка, I-IV т. Кіев, 1907-1909.

I. Karkowicz - Słownik Języka Polskiego, I-VII t. Warszawa, 1900-1919.

Л. Юшкевичъ - Литовскій словарь, I - III т. СПБ 1897-1922 (толькі да К. уключна).

И. Носович - Словарь белорускаго наречія. СПБ 1870.

Я. Киркор - Этнографическій взглядъ на Виленскую губ. (Этнографическій Сборнік, Выпускъ III, СПБ, 1858 г., бач. 193 i наступныя)

В. Добровольскій - Смоленскій Этнографическій Сборникъ, т. IV (слоўнік), Москва, 1903.

Е. Карскій - Белоруссы, т. I. Вильна, 1904.

S. Sereiskis - Lietuviškai-rusiŝkas zodynas. Kaunas, 1933.

А.

Атарыца - палетак; літ. atarti - адараць, пераараць, ataras - баразна. Атарыца - кусок зямлі, каторы чалавек мае права ўрабляць, але права ўласнасьці на яго ня мае. Слова гэта ўжываецца ў в. Шутавічах, Смаргоньскай воласьці.

Аруд - засек, клець; літ.: aruadas.

Ашкіра - слова, якім гамоняць на авец, калі ix куды гоняць; літ.: atskirti аддзяліць, адлучыць.

Андарак - нявыразнага крою адзежына, балахон; літ.: andarokas - спадніца, ужываецца рэдка.

Атожыла - расток, гучок, пасынак; літ. atžala.

Акмінеі - сяліба над Ашмяной, літ.: akmuo - камень; акmeninis - каменны.

Ашмяна - літ.: ašmens (ašmenys) - вастрыё, лязо.

Авін - прозьвішча ў Крэве; літ.: avinas - баран.

Адулаваты - трухлявы, спарахнелы, адулаваты чалавек: слабы, нездаровы; літ.: dulis - клубок дыму, пылу; dulinti - чуць валачыся, чуць ісьці; абкурываць што парахном; dulas - тленны - duléti - тлець.

Б.

Бастуны - чыгуначная станцыя ў Лідзкім пав.; літ.: bastyti - падарожнічаць.

Біценяты - сяло ў Крэўскай воласьці; літ.: bite - пчала; bitinas - bitinelis - пчаліная матка.

Біюцішкі - сяло i двор недалёка ад Барун, Ашмянскага пав.; літ.: bijotis - баяцца; bijus - страх, баязьнь.

Бартэліха - сяло i лугі ў Валожынскім пав.; літ.: bartis - вадзіцца, спрачацца, лаяцца; bartinas - годны наганы; barte, barti - сільна каго прабіраць, лаяць.

Брындацца - балтацца; апоркі, ніткі ў адзежы брындаюцца, балтаюцца; забрындацца - замачыць ніжнія канцы верхняй ацзежы, калошы парток; па расе хадзіў i начыста забрындаўся; літ.: brindos - значэньне тое-ж, што і ў беларусаў.

Бацьвіньне - бурачная націва, лісты, з якіх вараць страву таго-ж самага названьня; літ.: batvinis, batviniai - тое-ж самае значэньне.

Брунта - ворчык; літ.: bruntas, branktas - палена, якое прывязваюць напр. сьвіні на шыю, каб яна ня бегала i не магла ўлезьці ў шкоду. Валак у коннай вупражы, брусок, на канцы каторага зачапляюцца пастронкі.

В.

Калосьсе, кніжка 4(17), 1938. С. 225-226.

Вушак - верхні брус, наддзьверны касяк; літ.: ušokas - тое-ж.

Выметвацца - выкідвацца, выкручвацца, скакаць бяз толку, махаючы галавой, рукамі, нагамі й усім целам; непаважны гэта хлапец: выкідваецца ён, выметваецца; літ.: mesti, (meta, meté) - кідаць, кінуць, выкінуць, выкідваць, адкідаць, адкінуць, metus - няўежджаны, ськідаючы з сябе чалавека, конь.

Вайдаваць, вадзіцца - спрачацца, гневацца (з кім), калаціцца, у нязгодзе з кім жыць; літ.: vaidas - звадка, калатня, спрэчка.

Вайцяць - прабіраць, лаіць каго, крычаць на каго; літ. vaitoti - стагнаць, наракаць.

Венцер, венцяры - рыбалоўная прылада з ніцяной сеткі на абручах; літ.: venteris - тое-ж.

Віляць - махаць, выкручваць чым; сабака хвастом віляе; ня быць шчырым у гутарцы, у паступках, укрываць праўду; ён нешта віляе, праўды ня кажа; літ.: vilioti (vilioja, viliojo) - вабіць, падманваць, спакушаць, vilius - абман, злы намер, падход з ашуканствам.

Валіць сукно ў валюшы, намачваць i ўбіваць; літ.: valyti - чысьціць, ачышчаць, прачышчаць; veléti - біць пранікам, мыючы хусьцё, мыць, калаціць.

Валюш - будынак, дзе прылады, каб валіць; літ.: veliušis. Хоць валіць i валюш могуць паходзіць ад славянскага: валіць, звальваць у кучу, адгэтуль расейскія валенкі.

Вэркі - меснасьць пад Вільняй: літ.: verkti - плакаць. легенда кажа, што Вітаўт Вялікі палюючы, калі тут былі непрайдзімыя лясы, знашоў у лесе пакінутае плачучае дзіця і затым гэту меснасьць назваў Вэркамі.

Вяпла - разявяка, апоўзьлік, разінка; літ.: véріа - тое-ж.

Вашкель, Вашковіч - прозьвішчы; літ.: yaškas - воск. Хоць можа быць ад Іван - Івашка.

Валэндацца -дарма час траціць, нічога не рабіць, бадзяцца, цягацца з мейсца на мейсца; літ.: valanda - гадзіна, праводзіць гадзіны.

Г.

Гіль - авадзень, гілёсы, гіляваць; літ.: gyloti, gylinoti - гіляваць, бегаць падчас сьпекі (аб скаціне) гарачыня - скаціна гілюе; літ.: gylys - авадзень, жыгала, gilti - калоць, раніць тонкім вострывам, жыгаць, джгаць, стрыкаць, адносіцца да пчалы, зьмяі, крапівы.

Гейстуны - сяло недалёка ад Барун; літ.: geisti - сільна чаго жадаць, прагнуць, geistinas - той, каго трзба жадаць.

Грэбля - гаць, насып, стаў; літ.: gruobié - купіна, gruoblуne, gruoblins - поўнае купінаў, выбоінаў месца, дарога. Апрача гэтага ў Беларусаў гэтае слова абазначае так-жа дарогу ці месца агулам нізкое, балотнае.

Гаўя - чыгуначная станцыя недалёка ад Ліды; літ.: gauja - таўпа, мноства людзей, стада (сабак, ваўкоў), банда, шайка.

Гайлешы - сяло Крэўскай вол.; літ.: gailetis - каяцца, раскайвацца, жалець чаго, шкадавацца.

Гудаўшчына - сяло Гальшанскай вол.; літ.: gudas - Беларус, Gudai - Беларусы, Gudija - Беларусь, gudéti - беларусець, словам gudas літоўцы часам называюць нелітоўцаў агулам, прынамсі так было даўней.

Гурштын(овіч) - прозьвішча ў в. Шутавічы пад Смургонямі i ў в. Арленяты ў Крэўскай вол.; літ.: gursti (gursta, gurdo) - не сьпяшыць, ацягвацца, траціць час, вянуць, слабець, гінуць, дохнуць.

Груца - ячменныя буйныя крупы, крупяная каша, крупнік; літ.: (з нямецкага) gruce - ужываецца ў тым-жа самым значэньні.

Гнібіць - уціскаць, крыўдзіць, гнясьці; літ.: gnybti - шчыпаць, шчапіць, сьціскаць шчыпцамі. Але так-жа можа быць ад слова - гнёт, гнясьці.

Гуня, гунька - суконная посьцелка, пераважна для накрываньня коней. Пакрый гунькай (гуняй) каня; літ.: gunia - значэньне тое-ж самае.

Гулта - сьвіная пасьцель, папраў сьвіням гулта. Твая пасьцель, як сьвіное гулта; літ.: gultas, (gulta) - пасьцель. ложка, лаговішча. gulti - легчы, класьціся, налягаць, зьлягаць.

Граўжышкі, Гроўжышкі - мястэчка ў Ашмянскім пав.; літ.: graužikas - грызун, graužymas - дакоры сумленьня, graužynas - пяшчанае месца, шчэбель.

Гервяты - мястэчка на ўсход ад Вільні; літ.: gervé - жураў.

Грыгеляны - сяло на ўсход ад Ашмяны; літ.: Grigas - Рыгор.

Гінеўцы, Гінёўцы - сяло там-жа; літ.: gynioti - бараніць, абараняць, забараняць.

Гудзеняты - сяло між Ашмяной і Барунамі; літ.: gudinti - прывучаць, gudiniai - дробная цыбуля.

Гарэцкаўшчына - двор i сяло Гальшанскай вол., між Багданавам i Барунамі; літ.: garéti - параваць (калі пара з чаго выходзіць), выдыхацца, сохнуць (аб чалавеку), goré - гаршчок з тлеючымі вуглямі, goréti - пячы ў горле, калі што вострае зьесьці, пяршыць.

Галіцца - сільна чаго жадаць, упорыста да чаго імкнуцца. Карскі выводзіць ад літ.: galeti - магчы, быць у сіле, galimas - магчымы.

Галіна - ветка; літ.: galinis - канцавы, канчатны, крайні: galinis - мізінец.

Гудагай - чыгуначная станцыя за Нова-Вялейкай; літ.: gudas i бел. гай: беларускі гай.

Д.

Калосьсе, кніжка 1(18), 1939. С. 36-37.

Даба - выклічнік, азначаючы пажаданьне: даба, каб ён згадзіўся! Літ.: daba - характер, нораў, натура; dabon-déti - браць пад увагу, згадзіцца з чым. Хоць можа быць ад: даўбы Бог!

Дзёгаць, слова, якое ўжываецца ня толькі ў Беларусі, але й далёка за яе граніцамі. Літ.: deginti - паліць, спаліваць, абпаліваць, выпаліваць. Адгэтуль - дзяга, дзягай абжарыць, упячы па скуры.

Дзірван - ніва, поле, пакінутае без абрабляньня, цаліна, залеж. Літ.: dirvonas, але dirva - ніва, поле вырабленае. Дзірван можа быць так-жа ад бел. дзервянець, цьвярдзець.

Друскенікі - ведамае лячэльнае месца; літ.: druskas - соль

Дурдаць, раздурдаць - разбудзіць; ужываецца, калі нехта крэпка сьпіць i шмат трэба захадаў, каб яго абудзіць, прывясьці да сьведамасьці посьле сну. Літ.: susidurti - стукнуцца з кім, спаткацца, саткнуцца; каб каго раздурдаць, разбудзіць - часта трэба штурхаць, рушыць, папіхаць яго рукой.

Дэнка, днышка, днушка - крышка; літ.: denkti - пакрываць. Пасуду накрый дэнкам!

Дзевер - мужа брат; літ.: dieveris - тое-ж.

Даржнік - загародка, пераважна пры хлеве, куды заганяюць скаціну падчас гарачыні; літ.: daržas - гарод.

Доржышкі - вёска ў Ашмяншчыне, пад Соламі; ад таго-ж: daržas; daržiškai dirbti lauką: абрабляць зямлю, поле, як гарод.

Дукса - прозьвішча ў Барунах; літ.: duksanti (duksauja, duksavo) - уздыхаць; duksoti (dukso, duksojo) - няясна, нявыразна віднецца здалёку (у цемнаце, у тумане).

Дзындра, зындра - ськіп жалеза ў кавальскім гарне, астаткі перапаленых кавалкаў жалеза ў каваля; літ.: dzindros; dzindreti - зьвінець.

Е.

Ёрзацца - неспакойна сядзець, дуроніць; літ.: erzéti - дуроніць, erzéjimas - дуронства; erzinti - дражніць, раздражняць.

Ёйня (Яўя) - еўня, авін, сушня, варыўня; літ.: jauja - гумно, лазьня (дзе сушаць лён i мнуць), варыўня; адгэтуль: Ёўневічы, веска Крэўскай вол.

З.

Зьмяркаць, зьмяркацца - цямнець, сутунець; літ.: (užsi) merkti (užsimerkia, užsimerké) - стуліць вочы, заплюшчыць, зажмурыцца; адгэтуль: змурок, зьмяркацца.

Зрэпіцца - счапіцца між сабой у барацьбе, схваціцца; сабакі зрэпіліся; літ.: reples - шчыпцы, абцугі.

Затаўка - клустасьць, сала, што кладзецца ў страву; літ.: taukai - клустасьць, сала; taukuoti - затаўкаць. Але гэта можа быць i ад славянск. - тук: клустасьць.

Жыляць - цяжкое што падымаць, робячы гэта часта i доўга; літ.: žilinti - даводзіць да сівасьці, да старасьці.

Жвір - буйны пясок; дно нашай рэчкі жвіраватае; літ.: žviras - тое-ж самае.

Жычка - чырвоны вузкі матузок; літ.: žičkai - каляровыя (пераважна чырвоныя) ваўняныя ніткі, каторымі патыкаецца паводле пэўнага ўзору аснова ткані.

Жуда - цяжкі сум, расчараваньне ад вялікага гора і бяды; жуда яго заядае, ён гіне ад жуды; літ.: žudyti - зьбіваць, нішчыць, мучыць, губіць.

Жлокаць - хутка i пажадліва глытаць, лахтаць што рэдкае: ваду, малако; літ.: žlugti (žlunga, žlugo) - гінуць, тануць, мокнуць.

К.

Калосьсе, кніжка 2(19), 1939. С. 118-120.

Кляваць (націск на «я») - сяк-так жыць, неяк трымацца: як маецца дзед ваш? Вось клявае патроху; літ.: kliautis, klaujasi, kliovési - спадзявацца на каго, давяраць каму, дзяржацца за каго, за што.

Клявіца - веска ў Ашмянск. пав.; літ.: klevas - клён.

Кавенчыцца - мучыцца, цярпець ад цяжкой працы: ад усходу да заходу бедны кавенчыцца, сьвету Божага ня бача; літ.: kauti, kauja, kové - біць, забіваць, сячы, раніць у бітцы.

Каліва - паасобнае зярнё або расьліна чаго-небудзь: ані каліўка(ца) ў арудзе й жыві, калі хочаш! Каліва ад каліва вун гдзе! літ.: kalyvas (lybas) - зьвярок з белай шыяй, які ярк адметны ад іншых, а так-жа сабака з белым знакам на шыі.

Коўчыць - у сабе зносіць радасьць, гора, перажываньне, не выяўляючы прад другімі: коўчыла ў сабе сваё гора, дый не дала рады, самі сьлёзы паліліся; літ.: kovoti - ваяваць, змагацца, а мо': kopti - зграбаць, абкопваць.

Клямка - зашчапка, закрутка, завала; літ.: klemka.

Кімса, літ.: kimsa, - благі луг, пустая трава (медвежий мох). Ужываецца ў ваколіцах Клюшчан, Сьвянцянскага пав.

Клышаногі - крываногі, касалапы; літ.: klišas, klišis, klišti - крывець, станавіцца крываногім. Klyšnoti - няроўна йсьці, клыпаць. Адгэтуль - Клышкі, вёска Крэўскай вол., Ашмянскага пав.

Крэйка - верх страхі, шчыт, грэбень, канёк, конічак; літ.: kraіка - месца, дзе штонебудзь сьцеляць; kraikyti - разсыпаць (салому, сена), пасьцілаць; kreikti - тое-ж самае.

Кунюткі - каткі, галіны вярбы ці лазы, калі пачынаюць цьвісьці; літ.: kunyti - уцялесьніць, рабіць нешта цялістым, тоўстым, укормленым; kunuotas - укормлены, мясісты.

Каранды - вёска ў Крэўскай вол.; літ.: rasti - знаходзіць што; randa - ён знаходзіць, ko randa - што ён знаходзіць?

Кульша - бядро, сьцягно, ляшка; літ.: kuiše; магчыма ад гэтага: клюшня ў рака, Клюшчаны.

Кратацца - рабіць што, быць дзейным, жывым. Як жывеш? Вось кратаюся патроху; літ.: kratyti - трасьці, страсаць, патрасаць, трэсьці каго (шукаць чаго).

Клікаць - зваць, запрашаць; літ.: klykauti - крычаць, галасіць, гаманіць; klyknoti - пакрыкаваць. Слова гэта ёсьць i ў расейскай мове; надта магчыма, што яно ёсьць славянізмам у літоўскай мове, ці вярней - беларусізмам.

Курманіха - засьценак у Крэўскай вол., між Крэвам i Барунамі; літ.: kurmis - крот, kurmiena - кратовае мяса, kurminis - кратовы.

Клуня - стадола, гумно; літ.: kluonas. Адгэтуль - клунак - пакунак.

Клябанія - дом парафіяльнага ксяндза, сьвяшчэньніка; літ.: klebonas - пробаршч, парох.

Кена - чыгуначная станцыя пад Нова-Вялейкай i сяло; літ.: kieno - чый

Кемялішкі - сяло ў Віленска-Троцкім пав.; літ.: kiemas - вёска, падворка.

Каіценяты, Каяценяты - веска ў Гальшанскай вол., Ашмянскага пав.; літ.: kaitéti (kaita) - беспакоіць, турбаваць, перашкаджаць, шкодзіць; kaitéti (kaiteja) - пацець.

Курта - сука, сучка; курта ты! літ.: kurtas - сабака, хорт.

Касьнік - істужка ў косы; літ.: kasnykas; kasnis - кусок.

Калтуя - цапілно, кій, да якога прычэпліваецца цэп для малацьбы; бічавіска; літ.: keltuvé - значэньне тое-ж; kalti - каваць, высякаць (з каменя), выдаўбаць, убіваць.

Кіпці - капцюры, пазуры; літ.: kibti - чапіцца, прычапляцца, прыставаць, прыдзірацца.

Кніпці - капцюры, пазуры, ногці, пазногці; літ.: gnybti- шчыпаць, шчапіць, прышчапіць, сьціскаць шчыпцамі; прычым літ.: g пераходзіць у бел. к i b у п.

Кумпяк - шынка, вандліна; літ.: kumpis; kumpinti - крывіць, выкрыўляць, выгібаць.

Кунава - вёска між Смургонямі й Крэвам; літ.: kunas - цела.

Клыпаць, паклыпнуць - спатыкацца, падаць на калені: конь на чатырох нагах i то паклыпае; літ.: klipti (klitnра, klipo), klypti (klypsta, klypo) - крывіцца, касіцца, зрушыцца з месца; klupti (klumpa, klupo) - спатыкацца, падаць на калені; адгэтуль - клумпі.

Кудра - стаў, сажалка (Баранавіцкі пав.), кучка дрэў, што расьце дзе адзінока (Ашмянскага пав.); літ.: kudra - стаў, сажалка.

Кудзеля; літ.: kuodas - чуб, хахол; kuodelis - завітушка, кудзеля, прадзева.

Крушня - куча каменьняў; літ.: krusnis.

Курстаць - рушаць (справу), падганяць (каня); літ.: kurstyti - нагаварываць, агітаваць, падвучаць, бунтаваць, распаліваць (гнеў, любоў, вогнішча, агонь).

Кіла - прарыў у канцы пахвінаў жывата, парасейску - грыжа; літ.: kilti (куlа, kilo) - устаць, уставаць, падымацца, падняцца, павысіцца, расьці, узьляцець, прыбываць (аб вадзе), рабіцца яўным.

Крапштаць, крапштацца, крэпштаць - калупаць (у носе), калупацца (пры рабоце); літ.: krapštyti - калупаць.


AД РЭДАКЦЫІ: Праца нашага Паважанага Супрацоўніка, Кс. Адама Станкевіча над літуанізмамі ў беларускай мове, якой некалькі частак ужо мы надрукавалі, знайшла водгуку газэце "Беларускі Фронт" (Гл. Дадатак - Л.Л.). Гэтая газэта ў нумары 10-ым 15.V.39. зьмяшчае доўгі артыкул "Аб "літуанізмах" Адама Станкевіча", падпісаны літарамі "Ш-ць". Артыкул агулам кажучы рачовы й карысны, нажаль сапсуты месцамі някультурнымі й дэмагогічнымі выпадамі, супроць чаго мы змушаны пратэставаць.

Падтрымліваем цалком становішча В. Паважанага Кс. Адама Станкевіча ў справе гэтага артыкулу, выражанае ў надрукаваным ніжэй ягоным пісьме.



Паважаны Грам. Рэдактар, не адмоўце памясьціць у "Калосьсі" гэтых некалькі слоў:

Я дужа ўдзячны гр. Ш-ць ("Бел. Фронт" № 10, 15.V.39) за крытычныя й фаховыя ўвагі да маей працы "З літуанізмаў у беларускай мове"; падчыркваю - за крытычныя й фаховыя, характару языкаведнага, бо-ж, апрача гэтага, чаго там толькі няма?! Але transeat! Мне йдзець аб дасьледжаньне літуанізмаў у беларускай мове й з слушных (а ня ўсе там гэткія!) заўвагаў у гэтай праблеме я ахвотна скарыстаю, калі праца мая будзе выходзіць асобнай адбіткай. Тады выкажу так-жа свой пагляд i што да тых заўвагаў гр. Ш-ць, з якімі я не згаджаюся.

Прыміце, Гр. Рэдактар, словы маёй да Вас пашаны.

Ад. Станкевіч

Слонім, 17.V.39.

Л.

Калосьсе, кніжка 3(20), 1939. С. 176-178.

Лешка - града, градка, загон (зямлі); магчыма ад: літ.: lise - значэньне, як вышэй, або ад liesas - худы, сухі, сухарлявы; лешка - малы, «худы» кавалачак зямлі, liesti (liesta, lieso) - худзець. Адгэтуль - ляшыць, напр. ляшыць жыта, гэта знача: на полі, дзе пасеена жыта, праводзіць барозны, рабіць загоны й такім чынам рабіць яго сушэйшым, лягчэйшым, «худзейшым».

Лупа - губа; у чалавека - губа, у зьвярат, асабліва ў вялікіх, як конь, карова - лупа; lupa - губа (агулам); lupos (множны лік) - вусны.

Латак - дошчачка з раўчуком па сярэдзіне, або прадзюраўленая палачка, якая ўбіваецца вясной у дрэва, каб па ей сьцякаў у падвешаную пасуду сок; літ.: latakas - жолаб, роў, канава, праток, ручэй. Адгэтуль i Łotoczek - вузкая й спадзістая вуліца ў Вільні.

Лагожы - няправільны чварабок, зьбіты з чатырох жэрдачкаў ці брусочкаў, што накладаецца на сані, каб яны былі больш пакоўныя; літ.: lagaminas - валіза, клунак.

Луста - ськіба, ськібка (хлеба); літ.: lustas - роўны пласт (сьнегу), кусок (цеста), роўны ком (сена).

Лігі - засьценак у Гальшанскай вол.; літ.: lygé - роўнае месца, роўная сенажатка сярод лесу.

Лындаць - бадзяцца, хадзіць i нічога не рабіць, расейскае - праздно шататься; літ.: listi (lenda, lindo) - лезьці, узлазіць, совацца. Чаго ты лындаеш, узяўбы ды рабіў-бы што!

Лабуніць, - прыбліжаць, запрашаць, падсядаць, намаўляць,; літ.: labinti - кланяцца, вітаць.

Ланкаваты - выхілясты, угнуты; яго конь добры, але ланкаваты; гэта знача - угнутая сьпіна; літ.: lankas - дуга, абруч, обад, аколушка; palankus - прыхільны.

М.

Мянтушка - лапатка вастрыць (мянціць) касу, літ.: menté - лапатка (анатамічнае й агулам).

Маркеняты - вёска Крэўскай вол.; літ.: markyti - мачыць, размачваць.

Мірклішкі - веска (там-жа); літ.: mirklioti - міргаць, mirкіа - міргун.

Мілта - ком з намочанай аўсянай мукі (патрава); літ.: miltai - мука.

Маргель, марга - назовы рабых: вала i каровы; літ.: margas - стракаты, пярэсты, рабы.

Мілэйкава, Мялэйкава - веска ў Крэўскай вол.; літ.: myléti (myli, myléjo) - любіць (каго), прымаць (гасьціць).

Н.

Наўда - карысьць, багацьце; літ.: nauda - тое-ж.

Нарвілішкі - сяло ў Віленска-Троцкім пав.; літ.: narvas, naryelis - клетка, матачнік (у сотах вульля).

Нерат, нерэт - рыбалоўскі прылад, сплецены з пруткоў. Патрасі нерат! Папаў у нерат - ні ў зад ні ў перад; літ.: nerti (neria, néré) - плесьці, нізаць (нітку), накідаць (пятлю на шыю), надзяваць (пацеркі), даваць нурца.

Няўрымсьціць - быць неспакойным, не ўспакойвацца; конь аж ня ўрымсьце, што рабіць; літ.: nerimti (rimsta-rimo) - тое-ж самае.

П.

Пойсаць - ачышчаць. Пойсаць ячмень. Пасьля малацьбы ячмень яшчэ нячысты, яго зярнё трэба яшчэ ачышчаць, пойсаючы яго, б'ючы цапом; літ.: nupaisyti - правеіць, вымалаціць, ачысьціць (ячмень).

Петавацца - цяжка, у поце працаваць. Ён бедны петуецца, петуецца, а карысьці ня мае; літ.: pietus - паўдзень, палудзень, pietinis - паўдзённы, цёплы, гарачы.

Парсюк - вепр, вяпрук, літ.: paršas, paršiukas - тое-ж самае.

Платацца - бегаць (па полі), бываць (у шырокім сьвеце), ехаць быстра; эх, i платаецца-ж ён! літ.: platéti (plateja, platejo) - шырэць, расшырацца, пашырацца.

Пярыць - хусьце ці палатно на рэчцы паліваць вадой i біць пранікам; літ.: perti, (регіа, рéгé) - біць (каго, што), хвастаць (венікам), парыць (каго ў лазьні), (iš)perti - даць каму «лазьню».

Прамануць - прыдумаць, надумацца; прамануў хадзіць у гарох! Сьвіньні праманулі лазіць у бульбу; літ.: pramanyti (pramano, ргатаné) выдумаць.

Паляпіць - панадзіцца, звабіцца, збалавацца. Паляпіў хадзіць у госьці i рады мала! літ.: (pa)lepinti (lepina, lepino) - балаваць, песьціць, прывучаць.

Посайка, пасойта - перавязь вядра; літ.: pasaita - прывязь, перавязь, перавесла, прывязь цапа, вяровачка, што счапляе пугу (біч) з пугаўём (з бічыскам).

Пошар - сухі корм для скаціны; літ.: pašaras - тое-ж самае; (pa)šerti (šeria, šéré) - пакарміць, накарміць (рагатую скаціну, авец, каней).

Прагаліна - пустое месца ў лесе, на лузе i таму пад.; літ.: praga - пустое месца, тое-ж, што i спрага (націск на канцы).

Праварына - перагародка ў хлеве, загарадка, адгародка; літ.: pravariné - тое-ж самае, pravaryti - перагнаць (міма, праз, наскрозь).

Перажаргаць, ажаргаць - пераступіць (праз каго, што), асядлаць; літ.: peržergti (peržergia, peržergé) - тое-ж самае.

Пратаць, упратаць, прыпратаць - прывучыць, накланіць, накіраваць; я хацела свайго сына ўпратаць у духоўную сэмінарыю; літ.: pratinti - прывучаць, навучаць.

Пуня - гумно, стадола; літ.: puné - будка, канура, хлеў, канюшня.

Путра - полеўка, пахлёбка; літ.: putrá - просты крупнік, пойла (для цялят).

Патураць - патакаваць, згаджацца з чыей воляй, жаданьнямі; зашмат ты свайму сыну патураеш; літ. paturéti (paturi, paturéjo) - паддзяржаць, падтрымаць, падзяржаць, магчы дзяржаць.

Пасютаць (спасютаць) - згубіць што праз недагляд, праз дуронства; ужо нейдзе шапку сваю спасютаў! літ.: pasiusti (pasiunta, pasiuto) - здурнець, ашалець, сыйсьці з розуму.

Дадатак

Аб "літуанізмах" Адама Станкевіча

Беларускі фронт №10(44), 15 траўня 1939.

Кс. Адам Станкевіч, каторы так лёгка піша аб усім, за што ні возьмецца, апошнім часам узяўся за літуанізмы ў беларускай мове. Пайменна, пачынаючы з № 3-яга "Калосься" 1938 г., друкуе там дагэтуль артыкул пад назовам "З літуанізмаў у беларускай мове". Заданьне аўтара мае быць чыста практычнае. Ад. Ст. падае яго на пачатку свайго твору, дзе - прызнаюся неўспадзеўкі - выказавае вялікую рупнасьць аб чысьціні беларускага языка і дыкжэ, маючы гэта наўвеце, друкуе свой артыкул, каб, пазнаўшы літуанізмы ў нашай мове, "замяніць славамі беларускімі" тое, "што можна".

Прыгледзімся крыху да артыкулу Я. Ст. Аўтар усе тыя словы беларускае мовы, што маюць - або яму здаецца, што маюць - карэнь балтыцкі, уважае за ўзятыя з мовы літоўскае, хоць яны могуць паходзіць з мовы загінулых Яцьвягаў, Голядзі, ізь цяперашняе мовы латыскае, ну й літоўскае, а галоўна з мовы тых Балтаў, каторых цяпер няма, бо сталі складовай часткаю беларускага народу. Ён робіць так, як-бы хто колечы, разглядаючы, прыкладам, германізмы ў украінскай мове, уважаў іх усе за пазычаныя з аднае мовы швэдзкае, хоць яны могуць такжа паходзіць з мовы норвэскае, гоцкае і асабліва нямецкае. Аўтар, хочучы гаварыць аб літуанізмах, а не аб балтызмах наагул, павінен быў у кажным асобным прыпадку давесьці, што гэта ня толькі слова балтыцкае, але і літоўскае. Я як ён гэтага не зрабіў, дык із ягонага артыкулу рэдка можна даведацца каторы з пералічаных там "літуанізмаў" запраўды такі.

Далей. Аўтар друкуе "літуанізмы" з мэтаю замяніць іх словамі чыста беларускімі і адначасна ў ягоным артыкуле каля палавіны "літуанізмаў" складаюць географічныя й асабовыя назовы беларускія. Няўжо-ж аўтар географічныя й асабовыя (прозьвішчы) назовы "літоўскага" паходжаньня хацеў-бы замяніць чыста беларускімі? Гэта было-б, праўда, насьледаваньнем Ліцьвіноў і некаторых нашых "апякуноў", але ўсё-ж такі разумным ня было-б, дый пры цяперашнім нашым палажэньні правесьці гэта ня было-б найменшай магчымасьці. Аўтар жыве сярод нас і ўсё гэта дасканальна ведае, дык друкаваньне аўтарам у сваім слоўнічку "літуанізмаў"" словаў собскіх (а ня толькі агульных) ставіць пад сумлеў шчырасьць ягонага ймкненьня да чысьціні беларускае мовы. Ён хіба пажартаваў, кажучы нам, што хоча прычыніцца сваім артыкулам да чысьціні мовы. А калі так, дык артыкул, ня маючы значэньня навуковага (заданьня такога аўтар сабе ня ставіць), ня мае адначасна і значэньня практычнага. Інакш кажучы артыкул зусім непатрэбны, бо-ж значэньня мастацкага ён хіба таксама ня мае.

Што з географічных і асабовых назоваў беларускіх немагчыма выкідаць балтызмы - гэта кажнаму ясна. Дле ці магчыма выкідаць і звычайныя словы балтыцкага паходжаньня?

Аўтар добра зацеміў на пачатку свайго артыкулу, што "Беларускі народ... ад літоўцаў сяньня ўжо не пазычае, але даўнейшай языковай пазыкі, зробленай у іх даўней, трымаецца і цяпер, пераважна ўважаючы ўжо за сваю ўласнасьць". Тут адно трэба паправіць, што не "пераважна", але заўсёды ўважае за сваю собскасьць.

Чаму-ж цяпер у Ліцьвіноў Беларусы словаў не пазычаюць? Галоўна дзеля таго, што хоць жывуць з імі ў суседзтве, але няма ўплыву літоўскага на Беларусаў, ня гледзячы на тое, што, здавалася-б, Ліцьвіны стаяць цяпер вышэй за Беларусаў (палітычна напэўна вышэй, бо маюць собскае гаспадарства). Не пазычалі такжа перад вайною ды ў стаг. XIX і XVIII, бо тады палажэньне беларускае проці літоўскага было лепшае, як цяпер; і пагатове не маглі пазычаць раней у пару задзіночанага беларускага гаспадарства, так званага Вялікага Княства Літоўскага, бо тады мы панавалі культурна й гаспадарсьцьвена. З тае-ж прычыны, агульна кажучы, не маглі пазычаць у пару асобных беларускіх гаспадарстваў (X - XIII стаг.). Тыя самыя болей меней адносіны былі да другіх Балтаў, значыцца да Латышоў. Маглі, значыцца, Беларусы дастаць словы балтыцкага паходжаньня звычайна ў пару прадгістарычную. А тым часам немагчыма нат' выкідаць пазычэньні пазьнейшыя, раньне-гістарычныя. Ці важыцца хто выкідаць такога "цівуна" што прынясьлі нам Норманы ў IX -Х стаг.? Балтызмы ў нашай мове могуць быць прыраўнаваны да такіх гэрманізмаў у мове агульна-славянскай, як хлеб і князь. Справа прадстаўляецца гак, што ўжо ў часе паўставаньня беларускага языка ён дастаў успадку вялікую колькасьць словаў славянскага паходжаньня і малую колькасьць словаў балтыцкіх. З гледзішча беларускага языка ні водныя з іх ня будуць барбарызмамі, але словамі чыста беларускімі. Выкідаць такія балтызмы значыла-б рабіць ня толькі крывавую, але і зусім няпрыродную апэрацыю.

Дзеля свае даўніны балтызмы не адчуваюцца як словы чужыя і ня могуць гэтак адчувацца ў беларускім языку [1].

Аўтар ані не ар'ентуецца ў языкаведзе, дзеля таго бальшыня падаваных ім "літуанізмаў" ня мае нічога супольнага ані із словамі літоўскімі, ані з балтыцкімі наагул.

Аўтару досыць пабачыць два падобна выглядаючыя словы ў мове беларускай і літоўскай, як ён ужо лічыць, што Беларусы пазычылі ў Ліцьвіноў, а тымчасам:

а) можа быць наадварот, значыцца, што Ліцьвіны ўзялі ад Беларусоў;

б) можа падобнасьць быць вонкавая, хоць паходжаньне словаў рознае.

Прыклады:

Авін (прозьвішча) ня мусіць быць літ. avinas, бо ёсьць і рас. авин, а калі-б пашукаць, то хіба знайшліся-б і іншыя словы, ад каторых можа паходзіць наш Авін.

Андарак (спадніца) - слова ня літоўскае, а паходзіць з ням. unterrock. Літ. andarokas, як паказвае пачатны самагук (а з у) прыйшло ў літ. мову за пасярэдніцтвам беларускай.

Бартэліха - сяло й лугі ў Валожынскім пав. Як ад Лабач ёсьць Лабачыха (жонка й зямля Лабачова), так ад Бартэль будзе Бартэліха. Бартэль, як і Бартуль, Баўтрук паходзіць ад Баўтрамей, Бартламей. Суфікс -ель ёсьць у белар. мове, прыклад. мудрагель. Хто-б падумаў, што хтось нашу Бартэліху пачне выводзіць ад літ. bartinas - варты ганы чалавек.

Біцяняты (назоў сяла) подле аўтара паходзяць ад літ. bite - пчала. Значыла-б гэта, што якісь Беларус меў літ. прозьвішча Біце, ягоныя дзеці пабеларуску зваліся-б ад гэтага прозьвішча Біцяняты, а ад іх і назоў сяла. Але ня меней добра Біцяняты могуць быць ад белар. прозьвішча Біты, як ёсьць прозьвішчы Сівы, Лixi, Прыганяты і пад. Цьвердзіць, што назоў Біцяняты літ. паходжаньня гэта значыць, што із сфэры навукі пераходзіць у сфэру зычэньня - веры.

Брындацца - (брызгацца, абдзірацца ад баўтаньня) паходзіць не ад літ. brindos, але мае слав. карэнь brьn-, ад каторага ўтварылася блр. брынкаць (-ры- з -rь- характэрная беларуская асаблівасьць) - выдаваць не- або мала- гармонійныя гукі, рас. бренчать. Той-жа карэнь адно з іншым самагукам ёсьць у рас. бряцать, пол. brzęk, чэс. brinčeti, brinkot. Яд караня brьn- суфіксам -оа (які ёсьць у праўда, крыўда і інш.) паўстала брында, ад чаго далей брындацца.

Валіць (сукно ў валюшы) ня з літ. valyti - чысьціць (што мае чысьціць супольнае з валеньнем убіваньнем?), але таго самага паходжаньня, што белр. валіць, паваліць, валяць (далоў) і пад., прыр. рас. валять так сама з тым-жа значэньнем.

Валюш ня з літ. veliušis, але з ням. foluš, што пад уплывам блр. валіць дарогаю народнай этымолёгіі ператварылася ў валюш. Чыста белар. ёсьць вальня (гл. слоўнік Насовічаў).

Вашкель, Вашковіч (прозьвішчы) паходзяць не ад літ. vaškas - воск (трудна, каб назоў воску стаў прозьвішчам, ды дзе захавалася прозьвішча Вашк?) але ад Івашка зьмянш. ад Іван. Як траціцца сувязь із словам Іван, дык у Івашка і пад. і- часта адпадае. Бывае гэта ў васабовых і географічных назовах. Напр.: ля Сол Ашм. п. ёсьць мясцовасьць, каторую цяпер усе акалічныя людзі завуць Вашкаўцы, а тымчасам у дакумэнтах захавалася Івашкаўцы і так цяпер пішуць у воласьці.

Вушак - брус ля дзьвярэй, паходзіць ад блр. вуха, а літ. ušokas з блр. вушак, а не наадварот, як думае аўтар.

Грэбля так сама чыста беларускае слова, паходзіць ад грабсьці (з грэбсьці), пр. п. grobla.

Гуня, гунька ня з "літ." gunia, а, як і чэс. hounê із сярэднявечна-лацін. gunna; з гэтага-ж і літ. gunia, але, як паказвае канчатак, за пасярэдніцтвам блр. мовы.

Дэнка ня з літ. denkti - пакрываць, але гэта польскае denko з dъno, прыр. чэс. denko, ад таго-ж дна і блр. з іншым суфіксам днушка (як кадушка). Пры гэтым denko ані днушка не абазначаюць вечка ці накрыўкі, як чамусьці думае aўтap, але служаць адумысловай дошчачкай, на каторай крышаць, крояць і пад., вось-жа бывае падыспадам, служыць як-бы дном.

Затаўка не ад літ. taukai, як хоча аўтар, але ад блр. затаўчы. Бяруць сала, расьціраюць яго ці інакш таўкуць і, кідаючы ў гаршчок, закрашаюць ім страву. Адгэтуль затаўка, затаўкаць. Так сама ад забяліць паўстала забел. Літ. taukai нормальна адказавае блр. тук.

Зьмяркаць, -ца, змурок так сама аўтар уважае за літуанізмы, хоць маем пол. zmierzch, zmrok рас. сумерки, чэс. soumrak, цсл. (старабаўг.) мракъ [2]; ані Чэхі, ані Баўгары не прыяжджалі пазычаць сабе слоў у Ліцьвіноў.

У аўтара ня мае значэньня нязгоднасьць гукаў у васновах словаў. Напрыклад:

Вадзіцца не ад літ. vaidas, бо дзе падзелася-б і, але ад белар. вада (= звада), каторае пэўне таго-ж паходжаньня, што пол. wada, чэс. vada (абодва значаць "загана"); вадзячыся ўпікаюць адно аднаму vady. Белар. вайдаваць мы ня знаем i ня ведама, скуль аўтар яго ўзяў.

Еўня (сушня збожжа) ня можа быць з літ. jauja, бо літ. ja не пераходзіць у блр. мове ў ё. Слова ёўня трэба прыраўнаваць да рас. овин (так сама сушня збожжа), -ня i -ин у ix суфіксы, а блр. ёў з ев (в перад сугукам перайшло ў у, а націсьненае е перайшло ў ё) i рас. oв- зяўляюцца тым самым каранём з розным пачатным сугукам (гэта розьніца яшчэ з пары праіндоэўропэйскай). Адкінуўшы суфіксы, блр. ёўня i рас. овин будуць так адносіцца да сябе, як единъ да одинъ або як блр. ежык да беларускага-ж вожык. Дык i паходзячыя ад ёўня Ёўневічы (сяло) ня толькі назоў беларускі подле свайго суфіксу, але й подле караня.

Зрэпіцца ня з літ. reples, бодзе падзелася-б л, але з блр. рэпа, значыцца "счапіцца як рэпа".

Зусім накшае значэньне двух балей меней на пагляд падобных слоў, літоўскага й беларускага, не перашкаджае аўтару лічыць беларускае літуанізмам. Прыклады:

Галіна - ветка, аўтар выводзіць яго з літ. galinis - канцавы. Але што мае супольнага галіна з канцом? Аднаго значэньня з галіною ёсьць блр. слова голь з голы. Голь абазначала спачатку голую ветку, значыцца бяз лісьця, а потым ветку наагул. Ад голь паўсталі з аднаго боку зьмянш. голка, зборн. гальлё, а з другога адзіночнае галіна (як ад жэрдзь - жардзіна).

Даба, хоць i аднолькава выглядае з літ. daba - характар, натура, але нічагусенькі ня мае з ім супольнага, бо што можа быць супольнага паміж выклічнікам, выказаваючым зычэньне, каб штось сталася, і словам, абазначаючым характар. Рас. злуч дабы (з да + бы) ваказавае зычэньне наагул, а блр. даба выказавае зычэньне, каторае ня споўнілася. Пр.: даба, каб гэта было! (але няма). Блр. даба ня мае на сабе націску дык -ба ёсьць з -бы (бо кажуць i рабіў-ба i пад.). Знач. даба ёсьць чыста белар. словам.

Жыляць - цяжка працаваць, не паходзіць ані з літ. žilinti - даводзіць да сівізны, ані нават з žilas - сівы, аб каторым аўтар не ўспамінае, бо значэньні не згаджаюцца, але вельмі проста паходзіць ад блр. жыла; цяжка працуючы натужаюць жылы, адгэтуль жыляць, выжыляць, -ца (= пол. wysilać, - się).

Аўтар уважае за літуанізмы белар. словы, маючыя з літ. супольны карэнь індо-эўропэйскі. Прыклады:

Выметвацца - выкідвацца, выкручвацца, подле аўтара мае быць з літ. mesti - кідаць. Яле словы таго-ж караня маем i ў іншых славянскіх мовах: пол. miotać, чэс. metati, рас. метать. Разам з гэтымі літ. mesti паказвае, што маем тут супольны карэнь індоэўропэйскі.

Дзевер - мужні брат, не з літ. dieveris, а калі не наадварот, дык маем тут ізноў супольнае паходжаньне індоэўропэйскае, бо ёсьць ст.-пол. dziewierz, рас. деверь, цсл. дъверъ, схр. djever, укр. дівер, чэс. dever, лац. levir.

Дзегаць - так сама паходжаньня індоэўропэйскага, а ня з літ. deginti - паліць, бо апрача славянскіх (пол. dziegieć, чэс. debet, рас. дёготь) маем санскрыцкае danati.

Зусім з такім самым правам, як менаваныя словы, аўтар мог залічыць да літуанізмаў гэткія беларускія словы, як галава, варона, рука, бо палітоўску ёсьць galva, varna, ranka.

Колькасьць прыкладаў можна было-б значне павялічыць, але й вышпрыведзеных даволі, каб паказаць, чаго варт артыкул аўтараў. У поймах неадумыслоўцаў ён стварае хаос, блытаніну, а ў спэцыялістых выклікае прыкрую ўсьмешку. Дзеля таго ня можна было не напісаць аб ім гэтага артыкулу.

* * *

У канцы нельга не зацеміць аб аднэй, здавалася-б дробязі, каторая мае аднак не малое значэньне. Пайменна: аўтар заяўляе: "Дзеля экономіі часу літары літуанізмаў, апрача першай, разьмешчаны бяз увагі на альфабэтычны парадак" (бач. 173 "Калосься" з 1938 г.). Ня можна рабіць блага дзеля "экономіі часу". Калі-б сталяр апраўдаваўся, што ён стол ці шахву зрабіў ня добра, бо шкадаваў часу, дык ніякі купец ня прыняў-бы гэтага пад увагу. I пагатове ня можа гэтак заяўляць аўтар, бо гэта ня толькі непашана да чытароў, але й адначасна трата часу наагул: чытароў шмат i яны балей страцяць часу, чымся ашчадзіць яго аўтар. Дык хай сабе будзе які-колечы аўтар i надта заняты чалавек, але ашчаджаць час коштам роўні свае працы ён не павінен. Ды дзе граніца такой "экономіі часу"?

Ш-ць.



[1] Тыя балтызмы што кажуцца адно ў абмежаных мясцовасьцях беларускіх, значыцца балтызмы-провінцыялізмы, будуць, ведама, чуцца чужымі ў іншых мясцовасьцях беларускіх, але іх ізноў ня можна выкідаць із агульнай мовы беларускай, бо іх у ёй няма. Я з мясцовай мовы беларускай ня можна выкідаць балтызмы, бо яны там вельмі старыя і, як таковыя, адчуваюцца зусім сваімі; выкідаючы іх, мы нарушылі-б цьвярдзіню мясцовага беларускага нарэчча, робячы яго меней адпорным на асыміляцыйныя ўплывы мовы польскай або расейскай.

[2] Прыклады з іншых славянскіх моваў даводзяць, што паходжаньне слова агульна-славянскае, а тым самым ня літоўскае.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX