Вярнуцца: Філалогія, гісторыя літаратуры

Савіч Мікола. Беларускія гаворкі віленшчыны: гісторыя i сучаснасьць


Аўтар: Савіч Мікола,
Дадана: 30-10-2013,
Крыніца: Савіч Мікола. Беларускія гаворкі віленшчыны: гісторыя i сучаснасьць // Спадчына №6-1994. С. 105-109.



Фармаваньне ўсходнеславянскіх групаў насельніцтва (у тым ліку білінгваў - двумоўных) на паўднёвым усходзе літоўскай этнічнай тэрыторыі адбывалася па-рознаму. Да XIV ст. яно было абумоўлена перасяленьнем усходнеславянскага насельніцтва, хрышчэньнем часткі літоўцаў паводле праваслаўнага абраду яшчэ да афіцыйнага ўвядзеньня ў Літве каталіцтва ў 1387 г., а таксама іншымі кантактамі літоўцаў i славянаў.

у Вялікім Княстве Літоўскім моваю княскай канцылярыі, а затым i афіцыйнаю была, як вядома, старабеларуская пісьмовая мова, якая звычайна называлася «рускім языком».

Беларускія гаворкі, беларуская размоўная мова зьяўляліся вуснаю разнавіднасьцю афіцыйнае мовы. У зоне літоўска-беларускага памежжа, у сталіцах (асабліва ў Вільні) i ў паўднёва-ўсходняй этнічнай Літве таго часу беларуская мова была распаўсюджаная ў якасьці другой мовы сярод літоўскіх фэадалаў, вышэйшых пластоў гараджанаў-літоўцаў, а ў шэрагу месцаў i сярод літоўскіх сялянаў.

Пра гэта ёсьць такія сьведчаньні. Былы прыходзкі сьвятар Віленскай катэдры, вядомы дыплямат Казімера Ягайлавіча Эразм Вітэліюс (Цёлак) у пачатку XVI ст., гаворачы пра становішча рыма-каталіцкага касьцёлу ў Літве, пісаў, што літоўцы, якія сталіся каталікамі, «захоўваюць сваю ўласную мову. Амаль палову Княства насяляюць рускія, мова якіх, як больш прыгожая i лёгкая, ужываецца шырэй».

Пра наяўнасьць у XIV-XVII стст. у Вільні беларускага пісьменства ўскосна сьведчыць той факт, што ў адзначаны пэрыяд тут было шмат праваслаўных храмаў.

Беларуская мова атрымала ў рэгіёне распаўсюджаньне i сярод дробных этнічных групаў: татараў, караімаў, габрэяў, цыганоў i г. д. Яна сталася сродкам штодзённых кантактаў паміж прадстаўнікамі розных народнасьцяў. Пра тое, што ў такім асяродзьдзі беларуская мова мела глыбокія традыцыі, сьведчыць, напрыклад, вядомы факт, што літоўска-беларускія татары на працягу XVI-XIX стст. стварылі на беларускай мове (арабскім пісьмом) багатую літаратуру. Калі для габрэяў, караімаў, цыганоў беларуская мова сталася роднай альбо дапаможнай, то для татараў яна замяніла іхную ўласную мову.

Польская мова ў зоне літоўска-беларускага памежжа i ў паўднёва-ўсходняй Літве пачаткова была распаўсюджаная толькі сярод невялікіх групаў выхадцаў з Польшчы i сярод часткі каталіцкага духавенства.

Пасьля Люблінскай вуніі i асабліва пасьля 1697 г., калі польская мова, замест адмененай беларускай, сталася ў ВКЛ дзяржаўнаю, яна атрымала шырокае распаўсюджаньне сярод буйных літоўскіх i беларускіх фэадалаў i часткі вышэйшых пластоў гараджанаў. Аднак сярод асноўнай масы насельніцтва польская мова не распаўсюдзілася. Між тым, ужываньне беларускае мовы сталася ўжо традыцыяй, толькі сфэра яе дзейнасьці перамясьцілася на сярэднія i ніжэйшыя пласты грамадзтва.

Паколькі беларуская i польская мовы блізкароднасныя, гэта дазваляла ix носьбітам камунікаваць паміж сабою, не пераходзячы да актыўнага білінгвізму. З-за таго, што беларуская мова была значна распаўсюджаная сярод літоўцаў паўднёва-ўсходняй часткі этнічнай Літвы, яна выступала ў ролі мовы-пасярэдніцы паміж літоўцамі i палякамі (асабліва ў XIV-XVI стст.).

Такім чынам, беларуская мова на працягу многіх стагодзьдзяў зьяўлялася рэгіянальнай, альбо занальнай моваю.

Хоць літоўская мова доўгі час заставалася беспісьмовай, з цэнтралізацыяй дзяржавы сфармаваўся яе агульнанародны размоўны варыянт. Пасьля зьяўленьня ў першай палове XVI ст. літоўскага пісьменства, літоўская літаратура, пераважна рэлігійнага зьместу, дасягнула значнага ўзроўню разьвіцьця ў XVI-XVII стст.

Яшчэ ў першай палове XIX ст. арэал ужываньня літоўскае мовы разам зь беларускаю ў паўночна-заходніх раёнах Беларусі быў даволі значны. Пасьля ўключэньня Ўсходняй, ці г. званай Вялікай Літвы, у склад Расейскай імпэрыі працэс распаўсюджаньня беларускае мовы па яе тэрыторыі ўзмацніўся, нягледзячы на тое, што беларуская i літоўская мовы перасьледаваліся царскімі ўладамі, мясцовым дваранствам i каталіцкім духавенствам. Зьвязана гэта з шэрагам прычынаў.

Беларуская мова блізкароднасная расейскай i польскай мовам. Генэтычна да расейскай яна бліжэйшая. Але ў зоне літоўска-беларускага памежжа беларускія гаворкі нясуць у сабе шмат польскіх i літоўскіх запазычаньняў, польскім гаворкам таксама ўласьцівыя шматлікія запазычаньні - беларускія i літоўскія, i гэта збліжала згаданыя гаворкі.

У XIX ст. у расейскіх афіцыйных колах беларуская мова лічылася расейскім дыялектам, у польскіх - дыялектам польскім. У выніку атрымаў шырокае распаўсюджаньне погляд, што гаворкі праваслаўных беларусаў - гэта дыялекты расейскай мовы, а гаворкі беларускамоўнага каталіцкага насельніцтва - дыялекты польскай мовы (такі погляд дзе-нідзе сустракаецца i цяпер).

Пад уплывам каталіцкага духавенства i мясцовага дваранства польскай арыентацыі беларуская мова літоўскім насельніцтвам звычайна ўспрымалася як «простая» польская мова i таму называлася нэўтральнымі тэрмінамі: мясцовай, тутэйшай, простай мовай.

У другой палове XIX ст.- першай палове XX ст. літоўская мова на захадзе i паўночным захадзе ад Вільні стала непасрэдна выцясняцца польскаю моваю («культурным» польскім дыялектам). У гэты пэрыяд расшырылася сфэра ўжываньня беларускай мовы ў тых раёцах, дзе раней часьцей за ўсё яна функцыянавала ў якасьці другой мовы.

Акрамя таго, беларуская мова распаўсюдзілася ў паўднёвай частцы цяперашняга Шальчынінкскага (Салечніцкага) раёну.

Такім чынам, распаўсюджаньне арэалу беларускае мовы праходзіла не просталінейна па франтальнай лініі. Пачаткова гэты працэс ахапіў бліжэйшыя ваколіцы Вільні й мясьціны каля буйных дарог (спачатку каля тракту Вільня-Ашмяны-Менск), а пасьля каля іншых дарог, якія праходзілі ад Вільні на ўсход, паўночны ўсход, паўднёвы ўсход, поўдзень i паўднёвы захад, амаль да Трокаў.

У шэрагу мясьцінаў, асабліва ў ваколіцах Вільні ды Трокаў, для мясцо­вага насельніцтва, якое начало ўсьведамляць сябе палякамі, беларуская мова зьяўлялася практычна «пераходнаю ступеньню» ад літоўскае мовы да польскае.

Сучасныя беларускія гаворкі на тэрыторыі літоўска-беларускага памежжа i паўднёва-ўсходняй Літвы не зьяўляюцца аднастайнымі. Лічыцца, што яны працягваюць асноўны дыялектны масыў беларускіх «мацярынскіх» гаворак, перш за ўсё цэнтральных беларускіх, якія ляглі ў аснову беларускае літаратурнае мовы.

Арэал беларускіх гаворак перасякае дзяржаўную мяжу Літвы й Беларусі i даволі глыбока ўразаецца ў літоўскі моўны масыў. Пры гэтым разьмежаваньне літоўскага й славянскага арэалаў тут у шэрагу выпадкаў - за­дача даволі цяжкая. Згодна з сучаснымі назіраньнямі, а таксама з нашымі ўласнымі зьвесткамі, беларуская мова распаўсюджана амаль на ўсёй тэрыторыі Віленскага краю.

Прыблізную мяжу пашырэньня беларускіх гаворак у Літве можна акрэсьліць наступным чынам:

У паўднёва-ўсходняй Літве, г. зн. усходняй частцы Віленскага i на большай частцы Салечніцкага (Salćininkai) раёнаў прыблізна да лініі: Лаварышкі (Lavoriśkes) - Рудамі'на (Rudamina) - Рўднікі (Rudninkai) - паселішчы зь перавагаю беларускае мовы.

На поўдзень ад р. Вісінча (Yisincia) назіраюцца актыўныя кантакты беларускіх i літоўскіх гаворак. У шэрагу вёсак літоўская мова пераважае. У цэнтральнай частцы Віленскага раёну, згодна з нашымі зьвесткамі, беларуская мова актыўна распаўсюджаная, асабліва сярод прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня. Тэрыторыя пераважна беларускамоўнага раёну ў Літве можа быць акрэсьленая наступным чынам: Буйвідзы (Buivydźiai) - на поўдзень ад Нямянчыне (Nemenćine) - на поўдзень ад Калінаса (Каlinas) - на паўночны захад ад Судзярве i Рэшэ (Suderve, Rieśe) - на захад ад Трокаў (Trakai) - на ўсход ад Валькінінкай (Yalkininkai) i Даржынінкай (Darźininkai) - на захад ад Калесьнікаў (Kalesninkai).

Асноўныя лінгвістычныя (фанэтычныя) рысы беларускіх гаворак на літоўскім субстраце даволі падрабязна апісалі В. Чэкман, І. Кавальчук, Э. Грынавецкене, Т. Суднік, Э. Смулкова, В. Вярэніч ды інш. дасьледнікі.

Варта адзначыць, што пры апісаньні гэтых гаворак дасьледнікі альбо стараліся знаходзіць факты, якія аб'ядноўваюць ix з гаворкамі на тэрыторыі Беларусі, што, безумоўна, апраўдана (бо маем дачыненьне зь беларускімі гаворкамі), альбо прыводзіць мала вывучаныя факты, якія даказваюць ix літоўскі субстрат. Аднак працаў пра самабытнасьць, самастойнасьць беларускіх гаворак на тэрыторыі Літвы, на жаль, пакуль што ня маем. Адзначалася, праўда, што беларускія дыялекты паўднёва-заходняй Літвы зьяўляюцца, па сутнасьці, працягам заходняй часткі цэнтральных беларускіх гаворак пры наяўнасьці шматлікіх літоўскіх i польскіх дыялектных элемэнтаў, уласьцівых для гэтага краю.

На жаль, мусім канстатаваць, што ў лінгвістычнай геаграфіі беларускіх гаворак у Літве застаюцца «белыя плямы», бо сыстэматычным i пасьлядоўным вывучэньнем прадмета, як нам вядома, дагэтуль яшчэ ніхто не займаўся. Інакш кажучы, патрэбна высьветліць, ці мы маем дачыненьне з адной гаворкай, ці зь некалькімі (і акрэсьліць ix дакладныя межы), альбо ці можна гаворыць пра групу гаворак на апісванай тэрыторыі.

Такім чынам, сапраўды навуковае дасьледаваньне павінна вывучаць беларускія гаворкі як бесперапынную прасторавую дадзенасьць па магчымасьці ва ўсіх ix аспэктах, на ўсёй тэрыторыі ix распаўсюджаньня i на ўсім комп­лексе ix функцыянаваньня.

Мы стараемся дасьледаваць гаворкі на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Літвы сыстэматычна i неперарыўна. Асаблівы акцэнт мы рабілі на сацыяльным аспэкце функцыянаваньня беларускіх гаворак Літвы.

Намі асабіста абсьледаваныя Кавальчуцкі (Kalveliai), Шумскі (Sumskas), Медніцкі (Medininkai) апілінкавыя (сельскія) саветы з гледзішча сацыялінгвістыкі паводле праграмы, распрацаванай В. Чэкманам. Гэтая праграма мела пытаньні пра нацыянальную самасьвядомасьць інфарматараў; пра мовы, на якіх размаўляюць або размаўлялі старэйшае i малодшае пакаленьні ў сям'і, на вуліцы, у касьцёле (царкве); пытаньні пра канфэсійную прыналежнасьць; зьвесткі пра моўную сытуацыю самога інфарматара, а таксама ягонай вёскі (хутара).

Мы апытвалі й запісвалі на стужку толькі мясцовых (не прыежджых) жыхароў, якія ў сям'і i па-за сям'ёй гаварылі на беларускай («простай») мове.

Апісвалася сацыялінгвістычная сытуацыя гэтага краю, зьбіраліся матэрыялы па тапаніміі, вывучаліся распаўсюджаньне прозьвішчаў мясцовых жыхароў, імёнаў i гіпакарыстык, мясцовы беларускамоўны фальклёр.

Усе інфарматары адзначаюць, што ў нашым арэале па-беларуску гаварылі заўжды: i пры Польшчы, i пры «саветах», i на дадзены момант. Гэтая мова (яе яшчэ, як вядома, завуць «простай») - адзіная шырока распаўсюджаная на Віленшчыне мова, якую ведаюць усе жыхары. Аднак амаль усе інфарматары па нацыянальнай самасьвядомасьці адносяць сябе да прадстаўнікоў мясцовай польскай нацыянальнасьці. «Мы палякі, але папросту размаўляем»,- гавораць яны i падкрэсьліваюць своеасаблівы, асобны Характар сваёй «польскасьці»: «Мы не такія палякі, як у Польшчы, мы асобыя палякі, мы «папросту» ўсе гаворым, але - палякі».

Свой беларускі дыялект яны лічаць падобным да беларускай мовы на Беларусі, але прызнаюць, што ён шмат чым адрозьніваёцца ад іншых дыялектаў. «Такі беларускі прасты язык»,- як правіла, гавораць. Пры гэтым некаторыя стараюцца распачаць размову па-польску, але неўзабаве абавязкова пяройдуць на беларускую мову, асабліва гаворачы на гаспадарчую, сямейную тэматыку.

I яшчэ адзначым, што мясцовыя жыхары ходзяць у касьцёл i, зразумела, лічаць сябе палякамі паводле канфэсіі.

Усе апытаныя жыхары адзначаюць, як правіла, што літоўцаў, літоўскай мовы ў рэгіёне «ніколі ня быўшы», г. зн. не было ніколі. Заўсёды тут жылі толькі мясцовыя, «тутэйшыя» жыхары, якія гаварылі па-беларуску. Пасьля ix прымусілі гаварыць па-польску, затым - па-расейску, а цяпер трэба «перавучвацца», каб па-літоўску гаварыць.

Прадстаўнікі прапольскай арыентацыі, як вядома, i раней вялі, i цяпер вядуць вельмі бурлівую дзейнасьць, каб прышчапіць польскасьць (і найперш польскамоўнасьць) жыхарам Віленшчыны i каб, натуральна, пазбавіць ix усялякай «беларушчыны». Да гэтага трэба дадаць, што ўсе прадстаўнікі мясцовай улады павінны абавязкова добра валодаць літоўскай мовай, каб захаваць свае пасады. Аднак, нягледзячы на гэтыя складаныя фактары, беларуская мова існавала, існуе i будзе існаваць на Віленшчыне ў кшталце мясцовага самабытнага дыялекту, непаўторнага фальклёру. На гэтую асаблівасьць (на яе адвечную жывучасьць), дарэчы, дасьледнікі яшчэ не зьвярталі ўвагі.

Своеасаблівасьць нашага арэалу палягае на тым, што да апошняга часу ён не дасьледаваны з гледзішча ролі сацыяльнага статусу беларушчыны ў шырокім сэнсе гэтага выразу (у адрозьненьне ад падобнага беларускамоўнага арэалу на прылеглай па той бок мяжы тэрыторыі Беларусі).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX