Вярнуцца: Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі

Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. Т.2.


Дадана: 23-08-2012,
Крыніца: Мінск, "Беларуская навука", 2010.

Спампаваць




Нацыянальная акадэмія навук Беларусі Інстытут філасофіі
ГІСТОРЫЯ ФІЛАСОФСКАЙ І ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЙ ДУМКІ БЕЛАРУСІ

Том 2

Протарэнесанс і Адраджэнне

Мінск
«Беларуская навука»
2010

Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Выданне выходзіць з 2008 года

Аўтары: С. І. Санько, В. Б. Евароўскі, У. М. Конан, А. С. Майхровіч, C. А. Падокшын, В. У. Старасценка, І. В. Саверчанка, І. А. Бортнік, С. Л. Гаранін, А. А. Семянчук, А. І. Дзярновіч, С. В. Марозава, А. В. Дзерман, А. А. Падалінская

Рэдакцыйная калегія: В. Б. Евароўскі, А. А. Лазарэвіч, С. І. Санько, Д. І. Шыраканаў

Рэцэнзенты: кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філасофскіх навук прафесар М. І. Вішнеўскі, доктар Галіна Рарот (Люблінскі ўніверсітэт, Польшча)

Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У 6 т. Т. 2. Протарэнесанс і Адраджэнне / С. І. Санько [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т філасофіі. - Мінск: Беларус. навука, 2010. - 840 с.

ISBN 978-985-08-1228-5.

У томе разглядаюцца перадумовы і станаўленне філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі ў канцы XV - сярэдзіне XVI ст. Аналізуецца сацыякультурная сітуацыя і ідэалагічны кантэкст засваення і развіцця ідэй еўрапейскага Рэнесансу з пункту погляду міжкультурнага і міжцывілізацыйнага дыялога. Асаблівая ўвага надаецца творчасці Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Льва Сапегі, Мацея Стрыйкоўскага і інш., узнаўленню базавых элементаў познесярэднявечнай штодзённасці, аналізу рэнесансных міфа-гістарычных наратываў, датычных ранняй этнічнай гісторыі рэгіёна ВКЛ.
Прызначаецца спецыялістам у галінах філасофіі, гісторыі культуры, культуралогіі, палітычных і сацыяльных навук, а таксама ўсім, хто неабыякавы да айчыннай інтэлектуальнай спадчыны.

УДК 1 (476)
ББК 87.3 (4 Беи)

© Інстытут філасофіі НАН Беларусі, 2010
© Афармленне. РУП «Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2010

Кніга ў PDF


Змест

Уводзіны (Евароўскі В. Б.) … 8

Глава 1. Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі: водбліскі метадалагічнай парадыгмы … 13

1.1. Філасофская думка Беларусі ў кантэксце еўрапейскай філасофіі (Майхровіч А. С.) … 14

1.2. З гісторыі вывучэння беларускай думкі эпохі Адраджэння (Падокшын С. А., Старасценка В. У.) … 35

1.3. У люстэрку Мацея Любаўскага (Падокшын С. А.) … 56

1.4. Інтэлектуальнае поле гісторыка-філасофскай працы (Евароўскі В. Б.) … 67

Глава 2. Познесярэднявечная штодзённасць беларускага Рэнесансу … 84

2.1. Станаўленне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў (XV-ХVI стст.) (Старасценка В. У.) … 84

2.1.1. Нацыянальная самасвядомасць у беларускай думцы ранняга … 84

2.1.2. Развіццё нацыянальнай самасвядомасці ў беларускай думцы другой паловы ХVI ст. … 91

2.1.3. Самаідэнтыфікацыя беларусаў у этнапалітаніміі эпохі Адраджэння: «Русь» і «Літва» … 106

2.1.4. Дынаміка паняццяў «Белая Русь» - «беларусцы» … 119

2.2. Звычаёвая сістэма беларускага грамадства (Евароўскі В. Б.) … 129

2.2.1. Этнасацыяльныя пачаткі традыцыйнага права … 129

2.2.2. Дынаміка статусаў вольнай асобы … 138

2.2.3. Дом як пачатак свету … 145

2.2.4. Воля і няволя … 151

2.2.5. Вялікая сям'я … 165

2.2.6. Блізкі свет … 170

2.2.7. Галоўны сваяк і самы блізкі сусед: праблема вярхоўнай улады ў традыцыйным грамадстве … 183

Глава 3. Протарэнесанс ў развіцці філасофскай культуры Беларусі… 189

3.1. Шляхі рэканфігурацый культурных і інтэлектуальных плыняў (Гаранін С. Л.) … 189

3.2. «Палітыка» Арыстоцеля як падмурак для пабудовы грамадска-палітычных канцэпцый Беларусі ў эпоху Адраджэння (Па далінская А. А.) … 194

3.3. Другі паўднёваславянскі ўплыў і ўзнікненне перададраджэнскіх тэндэнцый у беларускай культуры позняга Сярэднявечча (Гаранін С. Л.) … 210

3.4. Ідэя царкоўнай уніі ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі XV - пачатку XVI ст. (Марозава С. В.) … 248

Глава 4. Адраджэнне ў Беларусі: кагнітыўная матрыца і прасторавачасавы кантэкст … 262

4.1. Адраджэнне-Рэнесанс-Rinascimento (Евароўскі В. Б.) … 262

4.2. Культура Адраджэння ў Заходняй Еўропе i Беларусі (Падокшын С. А.) … 290

4.3. «Паўночны Рэнесанс»: яго спецыфіка ў рэгіёне ВКЛ (Санько С. І.) … 311

4.4. Гістарычны і духоўны партрэт эпохі (Конан У. М.) … 327

4.5. Спецыфіка айчыннага Адраджэння і гуманізму (Падокшын С. А.) … 336

4.5.1. Духоўныя перадумовы беларускага Адраджэння … 361

Глава 5. тытанізм ранняга Адраджэння: Францыск Скарына … 383

5.1. Творчы шлях і спадчына (Саверчанка І. В.) … 383

5.2. Ад сярэднявечнага спірытуалізму да рэнесанснага гуманізму (Конан У. М.) … 385

5.3. Гуманістычная парадыгма творчасці Францыска Скарыны (Саверчанка І. В.) … 398

5.4. Праблема «чалавек - грамадства» (Падокшын С. А.) … 416

Глава 6. сталы Рэнесанс … 429

6.1. Станаўленне ідэалагічнай парадыгмы … 429

6.1.1. «Старына»: публічны вобраз і сацыяльны канцэпт (Дзярновіч А. І.) … 429

6.1.2. Сацыяльныя і палітычныя стратэгіі (Саверчанка І. В.) … 438

6.1.3. «Вайна» міфа-гістарычных наратываў (Санько С. І.) …451

6.1.4. Ідэі вальнадумства і свабоды рэлігіі ў айчыннай рэнесансна-гуманістычнай думцы XVI ст. (Старасценка В. У.) …497

6.1.5. Статуты Вялікага Княства Літоўскага (Падокшын С. А.) … 519

6.1.6. Рэцэпцыя імперскай ідэі ў ВКЛ (Дзерман А. В.) … 523

6.2. Філасофская глеба і ідэйныя комплексы … 529

6.2.1. Рэнесансна-гуманістычная філасофія: узаемасувязь нацыянальнага, рэгіянальнага і ўніверсальнага (Падокшын С. А.) … 529

6.2.2. Інтэрпрэтацыя быцця і пазнання … 546

6.2.3. Фарміраванне нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі ў ВКЛ: спроба рэканструкцыі (Семянчук А. А.) … 593

6.2.4. Гуманістычны змест этыкі (Падокшын С. А.) … 605

6.2.5. Адзінства дабра, хараства і праўды (Конан У. М.) … 610

6.2.6. Ідэйна-эстэтычныя дамінанты філасофскай публіцыстыкі і кніжнай культуры Беларусі XVI ст. (Саверчанка І. В.) … 619

Глава 7. Постаці Высокага Адраджэння … 643

7.1. «Размова Паляка з Літвінам» (Бортнік І. А.) … 643

7.1.1. Мадэль дзяржаўна-палітычнага ўладкавання … 660

7.1.2. Праблема рэалізацыі ўніі паміж ВКЛ і Польскім Каралеўствам … 673

7.1.3. Праблема талерантнасці і ўзаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных інстытутаў у грамадстве … 675

7.2. Мадэль дасканалага грамадства і дзяржава Сымона Буднага (Саверчанка І. В.) … 683

7.3. Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565) … 720

7.3.1. Роль рэлігіі ў дзяржаве (Бортнік І. А.) … 720

7.3.2. Вальнадумства і тэалагічная дактрына (Саверчанка І. В.) … 728

7.4. Гістарыясофія Мацея Стрыйкоўскага (1547-1593) (Семянчук А. А) … 739

7.5. Леў Сапега (1557-1633) (Падокшын С. А.) … 752

7.6. Ідэя «саюзнай дзяржавы» ў XVI - пачатку XVII ст.: геапалітычны праект Льва Сапегі (Конан У. М.) … 765

Заключэнне (Евароўскі В. Б., Санько С. І.) … 773

Літаратура … 779


Уводзіны

Дадзенае выданне ўяўляе працяг серыі работ, прысвечаных станаўленню і развіццю філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. Яго змест прысвечаны складаным, супярэчлівым, але дастаткова плённым працэсам развіцця самасвядомасці беларускай нацыі з сярэдзіны XV да сярэдзіны XVI ст. Інтэлектуальнае развіццё Усходняй Еўропы, якое мела месца ў тыя часы, аказала значны ўплыў на далейшы лёс усіх нацый рэгіёна. Як далей будзе паказана, менавіта ў гэты перыяд Вялікае Княства Літоўскае канчаткова замацавала месца на кагнітыўнай мапе Еўропы ў якасці агульнапрызнанай еўрапейскай дзяржавы, у культуры якой знайшлі сваё ўвасабленне ўсе супярэчнасці палітычнага і духоўнага жыцця кантынента тых часоў. Таму асаблівая ўвага надаецца намі дэталёвай характарыстыцы такіх культурных і інтэлектуальных плыняў, як гуманізм, антрапацэнтрызм, а таксама змене ўяўленняў аб прасторы і часе, складанню новых этычных і эстэтычных сістэм. Але агульна еўрапейскія ўплывы ўсімі аўтарамі дадзенага тома разглядаюцца не як простая рэцэпцыя гэтай спадчыны, а як складаны працэс узаемадзеяння, які меў сваю канкрэтна-гістарычную асаблівасць, і перш за ўсё праз вельмі складаную часавую матрыцу ўспрымання спазнення.
Любая культура, узятая ў сваёй цэласнасці, адразу пераўтвараецца ў карпускулярнасць, паколькі кожны яе элемент, як мікра-, так і макраплана, гэта перш за ўсё перакрыжаванне не толькі розных прасторавых, але і часавых плыняў. Падобна да таго, як сёння любы прадстаўнік сучаснага беларускага грамадства заўсёды ёсць дзіцём розных культур і тэмпаральна розных лакун, так і ў тыя далёкія часы, пэўна, не было ні асоб, ні сацыяльных пластоў, якія можна было б назваць «чыста рэнесанснымі». Больш за тое, феномен традыцыйнай культуры, ці культуры, якая папярэднічала ўсім сучасным эпохам і перыядызацыям, упэўнена працягваў заставацца трывала дзейным чыннікам, далёка не маргінальным. Таму ў дадзеным томе вялікая ўвага надаецца аналізу традыцыйнага светапогляду, які ляжаў у падмурку звычаёвага права, а яго павольная, амаль незаўважная эвалюцыя разглядаецца як важная перадумова айчыннай рэнесанснай культуры.
Такім чынам, культура Беларусі часоў Адраджэння ўспрымала і развівала новыя ўплывы з тым зместам, праз тыя формы і ў тым напрамку, якія падаваліся найбольш прыдатнымі і карыснымі для спецыфічных патрэб рэгіёна і яго эліты.
Эпоха Адраджэння ў Беларусі традыцыйна прыцягвала ўвагу даследчыкаў. Гэта было выклікана шматлікімі фактарамі, якія ў сутнасным плане можна назваць рэнесанснымі: рэзка ўзрослай колькасцю матэрыялаў для даследаванняў, яго жанравай разнастайнасцю, наяўнасцю вялікага масіву тэкстаў, які ствараецца на беларускай мове. Аднак пры канстатаванні цікаўнасці з боку беларускіх гуманітарыяў да Адраджэння, напэўна, неабходна звярнуць увагу і на іншыя фактары, якія наўпрост не вынікаюць з факталагічнага базісу перыяду, які мы разглядаем у гэтым томе. Напрыклад, даючы характарыстыку творчасці Францыска Скарыны, «першаадкрывальнік філасофіі беларускага Адраджэння» Сямён Падокшын адзначыў: «Як у гісторыі еўрапейскай культуры Сакрат - увасабленне філасофіі, так і ў гісторыі Беларусі Скарына - увасабленне патрыятызму, вялікай і адданай любові да Радзімы, народа. Служэнне Айчыне і народу ён узвёў у ранг самых высокіх чалавечых дабрачыннасцей, а патрыятычны подзвіг зрабіў ідэалам сацыяльна-этычных паводзін чалавека» [Падокшын 1990:3].
Кожны даследчык знешне вольны пры выбары прадмета свайго даследавання, але ў гэтым працэсе важную ролю адыгрывае тое, што французскі сацыёлаг П'ер Бурдзьё называе гамалогіяй [Bourdieu 1992:16] альбо нейкай рацыянальна-эмацыйнай сімпатыяй, якая ўзнікае паміж даследчыкам і яго прадметам. Аднак можна заўважыць, што тэма Адраджэння мае для беларускай нацыянальнай культуры значна больш фундаментальнае значэнне. Гістарычна склалася так, што Адраджэнне для Беларусі - гэта не толькі ідэал, але і прыклад для пераймання, які працягвае жыць і сёння, абуджае пачцівае стаўленне да такіх базавых каштоўнасцей любой нацыянальнай свядомасці, як патрыятызм, служэнне Радзіме, любоў да роднай зямлі. Інтэлектуальныя дасягненні Вялікага Княства Літоўскага з канца XV да канца XVII ст. - гэта прадмет гонару беларусаў, крыніца нацыянальнай міфалогіі нашага народа. І ў гэтым сэнсе канцэпт Адраджэння ёсць важнейшай характарыстыкай як прадмета філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі, так і ўсяго цэласнага стаўлення да спадчыны - гістарычнай памяці, ірацыянальна-інтэлігібельнага пачуцця мінулага, фундаментальна-анталагічнай устаноўкі на генеалогію. Гэта тое, што кладзецца ў падмурак гістарычнай ідэалогіі сённяшняга існавання беларускай нацыі і, такім чынам, уяўляе частку яе духоўнай і філасофскай спадчыны. Менавіта ў гэтым дачыненні філасофская культура становіцца непарыўнай часткай беларускай гісторыі.
Беларусь знаходзіць у агульнай нематэрыяльнай спадчыне Паўночна-Усходняй Еўропы свой ракурс, свае фундаментальныя кропкі інтарэсу, свае сімпатыі і антыпатыі. І гэтае нашае поле ўспрымання ні ў якім разе не разглядаецца намі як экспансія, напрыклад на бастыёны літоўскай і польскай філасофскай спадчыны эпохі Адраджэння. Мы толькі праецыруем свой позірк на тое, што адбылося, несумнеўна, не зусім аб'ектыўны, але глыбока ўкарэнены ў прыналежным беларусам пачуцці агульнага мінулага Вялікага Княства Літоўскага. Гэтай своеасаблівай «навуковай суб'ектыўнасцю», на думку аўтарскага калектыву, задаецца ракурс, які пры адноснай «слепаце» да адных частак аб'екта забяспечвае дастатковую перспектыўнасць бачання іншых.
У адрозненне ад пазнейшых часоў (напрыклад, Асветніцтва і рамантызму) Адраджэнне стала найбольш даследаванай эпохай айчыннай інтэлектуальнай гісторыі. З улікам гэтых абставін рэдкалегія аддала перавагу прынцыпу метадалагічнага плюралізму, карыснасць якога была абгрунтавана ў першым томе дадзенага выдання. У кнізе з вялікай павагай рэпрэзентаваны як погляды, так і канцэптуальныя пабудовы ўсіх знакавых даследчыкаў айчыннай інтэлектуальнай гісторыі.
C аднаго боку, гэта дазволіла ўбачыць розныя бакі творчасці такіх выбітных мысляроў Адраджэння, як Францыск Скарына, Леў Сапега, Мацей Стрыйкоўскі, раскрыць большую частку тэндэнцый духоўнага развіцця Беларусі гэтага перыяду. З іншага боку, дапушчэнне метадалагічнага плюралізму, які спалучаецца з пашыранымі магчымасцямі для аўтараў самастойна вызначаць крайнія канцэптуальныя рамкі сваіх наратываў, дазволіла атрымаць не толькі тэкст, багата напоўнены рознымі змястоўнымі момантамі, але і даволі своеасаблівую ў сваёй супярэчлівасці і парадаксальнасці кагнітыўную карціну эпохі (па іроніі лёсу насамрэч супярэчлівай і парадаксальнай). І нарэшце, дадзеная праца дазволіла рэдакцыйнай калегіі прадставіць для шырокай публікі саміх аўтараў і тых, хто ўжо шмат гадоў лічацца класікамі гісторыі беларускай філасофіі. Максімальна арганічна ў том уплецены не толькі дасягненні, але і працэс «творчых лабараторый», што пайшлі ад такіх мысляроў, як Альфрэд Майхровіч і Сямён Падокшын, якія пакінулі пасля сябе шмат непрагаворанага і не да канца асэнсаванага. Тэкст С. А. Падокшына, азагалоўлены складальнікамі тома «У люстэрку Мацея Любаўскага», тут найбольш ілюстратыўны, бо паказвае не столькі погляды расійскага гісторыка, колькі выбудаваную самім даследчыкам канфігурацыю навуковага поля [Bourdieu 1975], якая па традыцыях сціпласці той недалёкай эпохі майстэрскі схавана «паміж радкоў» гэтага, здавалася б, чыста прыкладнага пошуку.
Тыя крайнія светапоглядныя пазіцыі, якія знаходзяцца на самай мяжы з верай, вызначаюць для таго ці іншага навукоўца і больш аддаленыя межы бачання прадмета. Абрыс эпохі пад вуглом розных катэгарыяльных прызм мудрагеліста змяняе не толькі форму і змест, але і тое, што мы завем стаўленнем да гістарычнай праўдзівасці. А значыць, сінтэз розных катэгарыяльных і канцэптуальных рамак, якія ў межах маналагічнага тэксту несумяшчальныя менавіта светапоглядна, а не змястоўна, пад знакам адзінага тэксту, забяспечвае дзіўнае, хоць часам і асінхроннае, іскрэнне розных бакоў разгляданага феномена. Напрыклад, пры дастасаванні плюралізму да канцэптаў і персаналій беларускага Адраджэння мы атрымліваем такія парадаксальныя пары практычна раўназначнага ўжывання, як матэрыялізм і эгацэнтрызм, атэізм і ірацыянальнае перажыванне найвышэйшага, рацыяналізм і melancholia generosa, дэмакратызм і элітарнасць, асветніцтва і «рынак сімвалічнай прадукцыі».
Разам з метадалагічным плюралізмам рэдкалегія аддала прыярытэт мультыкультурнай гісторыі, маючы на ўвазе, што менавіта з сярэдзіны XV ст. не толькі на ўзроўні сацыяльнага быцця, але і ў інтэлектуальным дыскурсе аб культурным жыцці пачалося сумеснае існаванне разнастайных форм рэлігійнай свядомасці, ідэйных пазіцый, геапалітычных арыентацый (шмат з якіх захоўваюць сваю вастрыню і ў сённяшняй сітуацыі). Мы паслядоўна спрабавалі захаваць для гэтых поглядаў і перакананняў роўнае месца як у змястоўным плане, так і ў плане формы падачы матэрыялу. Асаблівасцю канцэптуальнай пабудовы дадзенага тома з'яўляецца пэўны адыход аж жорсткіх прынцыпаў перыядызацыі, ад традыцыйнага падзелу гісторыі на эпохі, якія заканамерна змяняюць адна другую. З аднаго боку, гэта было здзейснена праз вядомую пластычнасць беларускай культуры, якая, як вядома, на працягу доўгіх часоў магла адначасова існаваць як у розных эпохах, так і сумяшчаючы ў сабе разнастайныя культурныя плыні і тэндэнцыі. З іншага боку, пры складанні тома быў улічаны досвед еўрапейскіх і амерыканскіх даследаванняў феномена Рэнесансу, які на дадзены момант з рознай ступенню катэгарычнасці адмаўляе Адраджэнню ў статусе эпохі і прапануе разглядаць яго як нейкую інтэлектуальную і культурную плынь (рознабаковасць і супярэчлівасць гэтай плыні разглядаецца ў адпаведным раздзеле гэтага тома) і як пераход ад Сярэднявечча да Новага часу. Таму замест жорсткага падзелу гэтага важнага перыяду айчыннай інтэлектуальнай гісторыі на часавыя адрэзкі прапануецца больш мяккі падыход.
Культура як еўрапейскага, так і беларускага Рэнесансу адначасова існавала ў трох сацыякультурных стратах, і, з аднаго боку, яна развівалася праз рэнесанснае перажыванне Антычнасці, новага, больш прадметнага, успрымання прыроды, культу геніяльнасці і творчай актыўнасці, а з іншага боку - гэта ідэалогія новых сацыяльна-бюракратычных структур, якія толькі набіралі сілу. Тут таксама ўзнікае і кансалідаваны комплекс ідэй сацыяльна-прававога характару. І нарэшце, новыя інтэлектуальныя комплексы былі звязаны з рэнесансным развіццём рэлігійнага ўспрымання свету, захаванымі ідэаламі святасці, духоўнага падзвіжніцтва, аскетызму і бескарыслівасці. Як і ўсе падобныя падзелы, такая класіфікацыя з'яўляецца ўмоўнай, але гэта дазволіла нам правесці пэўную кампаноўку матэрыялу. Таму тут будуць прадстаўлены галоўным чынам рэнесансна-творчыя і сацыяльна-палітычныя складнікі, а ўсе рэлігійныя працэсы плануецца разгледзець у наступным томе гэтага выдання.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX