Вярнуцца: Філасофія, роздумы

Конан У. Беларусь на мяжы тысячагоддзяў


Аўтар: Конан Уладзімір,
Дадана: 09-01-2013,
Крыніца: Конан Уладзімір. Беларусь на мяжы тысячагоддзяў: штрыхі да гістарычнага, палітычнага і духоўнага партрэта нацыі // На шляху да праўды: Матэрыялы VIII Міжнар. навук. канф. "Шлях да ўзаемнасці" (Белавежа, 15-17 чэрв. 2000 г.) і "круглага стала" "Ідэя беларускасці і ідэя польскасці на мяжы тысячагоддзяў: да вызначэння паняццяў" (Мінск, 6-7 верас. 2000 г.) / Рэдкал.: А. Баршчэўскі і інш. — Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. — 224 с. — (Acta Albaruthenica; Кн. 2). С. 155-165.



Нямецкі пісьменнік швейцарскага паходжання Герман Гесэ ў 1920-я гг. напрарочыў масавае спрашчэнне культуры, выцясненне элітарнай кампетэнтнасці так званым фельетонным стылем. Але першым прарокам тут быў расійскі геній украінскага паходжання Мікалай ГОгаль: гэта ён стварыў неўміручы вобраз Хлестакова, што хваліўся незвычайнай лёгкасцю сваіх думак і пачуццяў. Тады хлестакоўшчына прыжылася на бытавым і службова-бюракратычным узроўнях, нядрэнна пачувалася ў асяроддзі напаўсвецкіх салонаў. Г. Гесэ разгледзеў яе на газетна-часопіснай балбатні свайго часу. Але абодвум, здаецца, і не снілася такое паніжэнне масавай літаратуры, кінематографа, найбольш так званых мас-медыа на тэле-электронных паверхах. Там хлестакоўшчына, нярэдка банальная правакацыя і прагматычна разлічаны на пэўную аўдыторыю паклёп (напрыклад, ачарненне апазіцы на «беларускім» тэлебачанні), сталі модай, адсунулі прафесіянальную навуку, нацыянальную культуру, сумленнае мастацтва, прыстойную палітыку, нават эканоміку далёка за авансцэну.

На зыходзе ХХ ст. аб'ектам палітычных эксперыментаў і мэтанакіраванай кампраметацы стала наша бацькаўшчына Беларусь. Яе «скубуць» суседзі з двух бакоў, Усходні Вучоны і Заходні Вучоны. Пачынаючы ад нейкіх элітарных тусовак з удзелам лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі да бульварных пісак і тэлевізійных балбатуноў. Горка ад таго, што да гэтай кампаніі шальмавання Беларусі падключыліся некаторыя мясцовыя «маладыя» (гадкоў пад сорак) літаратары, навукоўцы і асобы невядомай прафесіі. Незалежна ад палітычнай арыентацы: ад чарнасоценцаў і бальшавіцкіх артадоксаў да лібералаў еўрапейскай арыентацы.

Да гэтай дыскрэдытацы беларускай ідэі прычынілася сучасная адсутнасць строгай, лагічна выверанай этналагічнай навукі. Сучасная этналогія на ўзроўні масавай культуры - гэта збор выпадковых эмпірычных фактаў, лёгкаважкіх гіпотэзаў, замешаных на палітычных міфах. На жаль, не толькі ў палітыцы, але таксама ў акадэмічнай і універсітэцкай навуцы блытаюць этнічнае паходжанне з нацыянальнай прыналежнасцю. Між тым, этнас ёсць гістарычна дэтэрмінаваны сінтэз прыроднага і сацыяльнага быцця народа, адзінства генетычна зададзенай антрапалагічнай фармацы і такога ж аб'ектыўнага у=сябе=быцця (паводле Гегеля), у тым ліку гістарычна дэтэрмінаванай этнічнай культуры. Уключаючы народную мову ў шматграннасці яе рэгіянальных дыялектаў. Нацыя ёсць самаўсведамленне народа, аб'ектызаванае ў культурнай традыцы і актуалънай духоўнай творчасці. Прысутнасць чалавека ў нацы ёсць яго быццё ў кантэксце нацыянальнай культуры. Нацыянальная прыналежнасць ёсць вынік свабоднага выбару. Этнас ёсць прычына, нацыя - вынік, этнас - гэта карані і ствол дрэва, нацыя - яго крона, квітненне і плён. Няма абсалютнай тоеснасці паміж чалавекам этнічным і чалавекам нацыянальным. Для прыкладу, да беларускай нацы рэальна належаць толькі нацыянальна ўсвядомленыя беларусы, а таксама прадстаўнікі этнічных меншасцяў, якія жывуць у кантэксце беларускай мовы і культуры. Тыя ж этнічныя беларусы, якія не ўсвядомілі сябе беларусамі і аб'ектыўна не жывуць у кантэксце беларускай нацыянальнай мовы і культуры, актуальна выпадаюць з нацы, іх прыналежнасць да яе - толькі эвентуалъная, гэта значыць, толькі магчымая пры пэўных сацыяльна-палітычных умовах. У гэтым асяроддзі ёсць рэзервы беларускасці. Бо фарысей і вораг хрысціянства Саўл можа стаць апосталам Паўлам. Але - не наадварот.

Такая ж банальная памылка ўзнікае тады, калі беларуская нацыя атаясамліваецца з усімі насельнікамі Беларусі. Тут роля іншаэтнічных груповак неадназначная. Калі яны ўключаюцца ў моўна-культурны кантэкст тытульнай нацы, тады гэтая роля творчая, канструктыўная. Калі ж яны займаюць варожую пазіцыю да гэтага культурна-нацыянальнага кантэксту, тады іхняя роля разбуральная. Бывае і так, што іншанацыянальныя меншасці жывуць замкнутай абшчынай, тады іхняя пазіцыя да нацы нейтральная.

Мне могуць запярэчыць, што такое кантрастнае размежаванне нацыянальнай структуры насельніцтва не адпавядае вопыту нацыянальнай кансалідацыі еўрапейскіх дзяржаваў і ў Злучаных Штатах Амерыкі (ЗША). Трэба пагадзіцца, што гэта сапраўды так. Але такая супярэчнасць тлумачыцца неаднолькавым гістарычным лёсам розных нацыяў. У Еўропе і ЗША ўнутраныя і вонкавыя фактары спрыялі нацыянальнай кансалідацыі; у Беларусі яны дзейнічалі ў кірунку перыядычнага разбурэння этнасу і нацы. Напомню толькі пра апакаліптычныя катастрофы, не закранаючы частых ваенных рабункаў, пачынаючы ад настойлівых спроб ліквідаваць незалежнае Полацкае, Наваградскае княствы, пазней Вялікае Княства Літоўскае - гэтыя правобразы дзяржаўнай Беларусі.

Вынікам расійскай агрэсіі 1654-1667 гг. у Беларусі стала дэмаграфічная і сацыяльна-эканамічная катастрофа. Паводле дакладных падлікаў гісторыкаў (Г. Сагановіч, У. Арлоў і інш.) быў загублены або вывезены ў палон кожны другі жыхар Беларусі, колькасць насельніцтва скарацілася на 55%, у асобных гарадах - ад 70 да 90% параўнальна з даваенным часам. Агульная колькасць насельніцтва скарацілася з 2 мільёнаў 900 тысяч да вайны да 1 мільёна 350 тысяч пасля вайны. Рэха гэтай катастрофы чулася ў канцы ХІХ пачатку ХХ ст.: беларускія гарады і мястэчкі страцілі прыкметы беларускасці. Карэннае насельніцтва там складала 10-15 працэнтаў, да таго ж аказалася амаль поўнасцю выцесненае з ключавых пазіцый эканомікі, сацыяльна-палітычных структур і функцыянальных відаў культурнай дзейнасці. Такая сітуацыя аблягчыла расійскаму царызму татальную дэнацыяналізацыю Беларусі. Яна забараніла нават яе ўласнае імя. Пра тое, што Беларусь жыве і мае сваю родную мову, не горшую, чым расійская, польская, французская, Ф. Багушэвіч сказаў толькі за межамі імперыі - у кракаўскім выданні сваёй паэтычнай кнігі «Дудка беларуская» (1891).

Сённяшнія лібералы - маладыя і сталага веку - апошнім часам ахвотна высмейваюць «беларускі менталітэт», і нават беларускае нацыянальнае Адраджэнне, не беручы пад увагу гістарычны лёс краіны і дэнацыяналізаваны характар сучасных структур, дзе беларуская нацыянальная эліта амаль поўнасцю адхілена ад кіравання эканомікай, культурай, а найбольш - ад усіх «паверхаў» дзяржаўнай улады. Беларусь фактычна засталася адстойнікам былой Расійскай імперыі і Савецкага Саюза.

Дарэчы будзе параўнанне «цёмнай» і «бязвольнай» Беларусі (такой яна бачыцца псеўдадэмакратам рознага ўзроўню) з Амерыкай (ЗША), якую выдаюць, магчыма, не без падстаў за ўзор сучаснай дэмакраты. Як вядома, амерыканскае грамадства фарміравалася як англійская калонія. У XVI-XVIII стст. там утваралася моцнае англа-сакскае этнічнае ядро, з яго выдзелілася энергічная эліта ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, адцясніўшы абарыгенаў на маргінальны ўзровень нейкага вялізнага этнаграфічнага музея. Шматнацыянальныя эміграцыйныя хвалі паглыналіся гэтым англа-сакскім уладным ядром. У яго катле пераварыліся мільёны гвалтоўна вывезеных з Афрыкі неграў, былых рабоў Новай гісторыі. Іншая справа, што гэтае ядро па прычыне сваёй этнічнай неаднароднасці ў перспектыве можа ўзарвацца, выклікаўшы татальны крызіс амерыканскай фінансавай імперыі. Але гэта - асобная і далікатная праблема: пакінем яе для амерыканскіх даследчыкаў.

Тут жа прывяду толькі адзін прыклад таго, як нялёгка было натуралізавацца ў ЗША, набыць там права грамадзяніна нават самым выбраным эмігрантам. У 1922 г. бальшавікі выслалі з Расіі слаўных дзеячаў рускай культуры. Сярод іх былі выдатныя філосафы і асветнікі Мікалай Бярдзяеў і беларускі шляхціч паводле радаводу Мікалай Лоскі (1870-1965), які аднак называўся «рускім польскага паходжання». За мяжой М. Лоскі набыў сусветную вядомасць як адзін з заснавальнікаў інтуітывізму і персаналізму ў еўрапейскай філасофіі. Служыў прафесарам у Празе, Браціславе, Парыжы. У 1946 г. пераехаў у ЗША па запрашэнню Стэфардскага універсітэта і Рускай духоўнай акадэміі. Праз пяць гадоў выпрабавальнага тэрміну яму дазволілі здаць строгі экзамен на права называць сябе амерыканскім грамадзянінам. Давялося здаваць залікі па англійскай мове, Канстытуцыі краіны і амерыканскаму патрыятызму. Між тым М. Лоскі тады ўжо чытаў лекцыі па-англійску і апублікаваў брашуру - тлумачэнне Канстытуцыі ЗША. Па курсу нацыянальнай свядомасці яму было зададзена цікавае пытанне: Які ўклад у абарону краіны Вы зробіце ў выпадку ваеннага канфлікту ЗША з іншай краінай альбо кааліцыяй? М. Лоскаму тады было 80 гадоў. Славуты філосаф адказаў, што яшчэ мог бы паслужыць у прапагандысцкім аддзеле амерыканскай арміі.

А цяпер рытарычнае пытанне да тых, хто абражае Беларусь і беларусаў. Як фарміравалася беларускае «нацыянальнае» грамадства ў цяперашняй Беларусі? Дастаткова сказаць, што «патрыётамі» тут называюць сябе ненавіснікі беларускай мовы, незалежнай беларускай дзяржавы, ганіцелі былых і сучасных пакутнікаў за Беларусь называюць іх нацыяналістамі, укладваючы ў гэтае паняцце адваротны яму сэнс. Пры гэтым сарамліва замоўчваецца галоўны гвалтаўнік ад першых цывілізацый да канца нашага стагоддзя - імперыялізм. Наўмысна забываецца аб'ектыўная семантыка гэтых слоў, яны міфалагізуюцца. Паняццю нацыяналізм надаюць адмоўнае значэнне ў сэнсе варожасці да іншых нацый і агрэсіўнасць. Між тым, нацыяналізм суадносіцца з адваротным яму касмапалітызмам і абодвы заключаюць пазітыўны, пераважна сацыяльна-псіхалагічны і духоўна-культурны сэнс. Нацыяналіст-гэта той, хто камфортна адчувае сябе ў сваёй краіне і ў кантэксце сваёй нацыянальнай культуры; касмапаліт (грэчаскае kosmopolites - грамадзянін свету) камфортна жыве ў любой іншай краіне. Тоеснасць паміж нацыяналізмам і патрыятызмам толькі адносная. Можна любіць сваю нацыю, а праз яе ўсе іншыя нацы; можна любіць імперскую айчыну, а такі патрыятызм блізкі да імперыялізму, які, дарэчы, прычына ўсіх вядомых захопніцкіх войнаў - ад асірыйскага цара Аршурпаліпала і вавілонскага Навухаданосара да Сталіна і Гітлера. Дарэчы, гітлераўскі фашызм ёсць спроба аднавіць і павялічыць былую Германскую імперыю. Гітлер і яго нацыянал-сацыялісты былі імперыялістамі, а не нацыяналістамі. Агульнавядомая заява Гітлера ў канцы вайны. Сэнс яе такі: калі нямецкая нацыя не пераможа, не ўтрымае адноўленую германскую імперыю, то яна нявартая свайго фюрэра і павінна загінуць.

Імперыяліст і шавініст Гітлер памыліўся: Германія ў вайне згубіла імперыю, а ў дадатак - вялікія абшары ўласнай тэрыторыі (Прусію, Памор'е). Затое кансалідавалася як нацыя і сёння жыве на некалькі парадкаў вышэй, чым яе ўсходнія пераможцы, якія занялі частку нямецкай тэрыторыі.

Пяройдзем, аднак, да беларускай ідэі, гэта значыць да Беларусі ў яе трох вымярэннях - мінуўшчыны, сучаснасці і будучыні. Сёння некаторыя самадзейныя гісторыкі, палітолагі, публіцысты, айчынныя і замежныя, стварылі фальшывы партрэт Беларусі. Паводле іх малявідлаў, Беларусь і беларусы - нешта маргінальнае, пазбаўленае нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці; негістарычнае, штучна створанае бальшавікамі або выпадкова набыўшае дзяржаўнасць пасля распаду савецкай імперыі. Нават паводле некаторых сур'ёзных навукоўцаў, - сваіх, расійскіх, польскіх, нямецкіх і яшчэ нейкіх - беларусы быццам бы не дараслі да сучаснай нацы, быццам бы беларуская нацыя недаразвітая, нават праблематычная; а беларусы - нешта накшталт Вечнага Жыда, бяздомных яўрэяў, пазбаўленых сваёй айчыны.

Апошнім часам у псеўданавуковых опусах і на ўзроўні «фельетоннай культуры» з'явілася мода залічваць беларусаў да жаночай нацы, пазбаўленай уласнае творчае волі і здольнай толькі на ролю этнаграфічнага матэрыялу для геапалітычных і культурных інтарэсаў моцных, мужчынскіх нацый. Відаць, аўтары гэтага дрэннага міфа чулі пра кнігу О. Вейнінгера «Пол і характар», дзе ўпершыню абгрунтоўваецца такая тыпалогія. Але па ляноце не разгледзелі сутнасці ягонай канцэпцыі, паводле якой беларусы хутчэй за ўсё былі б залічаны да рыцарскай нацы.

Я мог бы спаслацца на шмат прыкладаў гэтай псеўданавукі , прывяду толькі адзін - зачын артыкула нямецкага палітолага Астрыд Зам, з якім мне ўжо прыходзілася палемізаваць у часопісе «Нёман». Вось яе словы: «Белорусы никогда не были организованной и общепризнанной нацией. Самостоятельного белорусского государства не существовало вплоть до ХХ-го столетия. Террритория сегодняшней Беларуси попеременно входила в состав Великого Княжества Литовского, Польского Королевства, а также царской России, и вследствие этого была областью различных политических и культурных напластований» [1] .

Наіўнасць А. Зам анекдатычная: аказваецца Беларусь уваходзіла як тэрыторыя ў склад самой сябе - Вялікага Княства Літоўскага, якое заснавалі і ўзвялічылі да сваёй магутнай дзяржавы якраз беларусы. Беларусь тут не ўваходзіла, а была гэтым Княствам. Каб я быў такі ж наіўны ў гісторыі, як гэтая нямецкая дама, верагодна, добрая ва ўсіх адносінах, апрача свае «навукі», то мог бы сказаць: да аб'яднання Германіі ў другой палове ХІХ ст. не было германскай нацы і дзяржавы; не было таксама Італіі да вызвольнай вайны і аб'яднання асобных гарадоў і княстваў; не было і Расіі да Пятра І, бо раней на тым месцы існавала спачатку Маскоўскае княства, а пасля Маскоўскае царства.

Справа аднак не ў назве, а ў той субстанцы, якая хаваецца пад рознымі назвамі. Як кажуць у народзе: назаві хоць гаршком, толькі ў печ не стаў. У даным выпадку маецца на ўвазе не гаршчок, а гіганцкі імперскі кацёл, у якім спрадвеку перамешваліся народы і нацы ў нейкія хімерныя этнасы.

Цяпер паспрабуем на падставе гэтага негатыву выявіць пазітыўны партрэт Беларусі і беларускай нацы. Не намінальна (па найменню), а рэальна беларускі этнас сфарміраваўся ў V-X стст., а беларуская дзяржава і развітая культура пачаліся ў эпоху Сярэдневякоўя (ІХ-XV). У гістарычным развіцці яна прайшла ўсе агульнаеўрапейскія культурна-гістарычныя тыпы і стылі - рэнесанс, барока, класіцызм, рамантызм, эклектызм, мадэрнізм. У другой палове ХІХ першай чвэрці ХХ ст. беларусы стварылі сваю класічную літаратуру. Тады ж закончылася станаўленне самабытнай нацыянальнай школы ў прафесійным мастацтве асноўных відаў і жанраў.

Дарэчы, Адам Міцкевіч у сваіх парыжскіх «Лекцыях пра славянскія літаратуры» (1840-1843) на самым пачатку адраджэння нашага прыгожага пісьменства казаў пра беларускую мову, што яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацаваная. А гэта, рабіў выснову геній з Наваградчыны, сведчыць пра гістарычнасць нацы і духоўную вышыню народа. Стварэнне за адносна кароткі час (канец ХІХ 1920-я гады) нашай класічнай літаратуры бліскуча пацвердзіла прароцтва А. Міцкевіча.

Іншая справа - гістарычны лёс народаў, якім было наканавана выжываць у атачэнні агрэсіўных імперыяў. Тут была б дарэчы аналогія Беларусі з Ізраільскім царствам біблейскай эпохі, а не з сучаснай Еўропай і ЗША. Заціснутая паміж вялікімі імперыямі дзяржава дванаццаці ізраільскіх каленаў (родаплемянных саюзаў) пасля шматкратных расцярушванняў карэннага народа і засялення яго зямлі запаветнай іншаэтнічнымі масамі прывяло ў рэшце рэшт да знікнення палітычна кансалідаванай і лакалізаванай на сваёй айкумене ізраільскай нацы. На месцы былой нацыянальнай дзяржавы ўзнікла калонія Галілея, сфарміраваўся хімерны субэтнас самаране са «сталіцай» Самарыя. Адраджэнне яўрэйскай нацы адбываецца толькі пасля ўтварэння Ізраільскай дзяржавы на спрадвечнай прарадзіме гэтага народа.

Сучасная Галілея - Беларусь знаходзіцца на мяжы гэтай этнанацыянальнай мутацы, хоць пакуль што не пераступіла яе, бо захавала, праўда, моцна разбуранае беларускае этнічнае ядро і нацыянальную эліту.

Ва ўсе гістарычныя эпохі стратэгія імперскіх заваёўнікаў была аднолькавая, адрознівалася толькі метадамі - ад першабытных (татальнае знішчэнне здольных да зброі мужчын, палон і асіміляцыя жанчын і дзяцей) да сучасных «ліберальных» формаў дэстабілізацы (разбурэнне этнічнага ядра нацы шляхам расцярушвання народа на прасторах імперыі, подкупу дэнацыяналізаванай часткі эліты і фарміравання хімерных субэтнасаў). Беларусы захавалі ядро нацы, перажыўшы ваенны патоп і дэмаграфічную катастрофу 1654-1667 гг., паланізацыю сацыяльнай эліты другой паловы XVII-XVIII ст., адкрытую русіфікацыю ХІХ пачатку ХХ ст. Але моцна надарваліся ў дзесяцігоддзі прымусовай бальшавіцкай індустрыялізацыі і рабскай калектывізацыі, татальнага вынішчэння нацыянальнай эліты ў гады сталінскіх рэпрэсій.

Беларусы разам з украінцамі, літоўцамі і палякамі перажылі тры раздзелы іхняй канфедэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай паміж трыма суседнімі імперыямі ў 1772-1795 гг. Расійскі ўрад і афіцыйнае рускае грамадства не хавала сваёй геапалітычнай стратэгіі: падавіць беларускі і ўкраінскі рух да самастойных нацый, дэфармаваць іх аж да ўзроўню субэтнасаў «адзінага рускага народа» з адзінай вялікарускай мовай і культурай, а палякаў і літоўцаў «даціснуць» да ўзроўню васальных народаў (у Рымскай імперыі іх неяк здзекліва называлі саюзнікамі). Палякі перажывалі тады сваю нацыянальную драму, беларусы - сваю трагедыю з магчымым лятальным фіналам.

Ужо той факт, што беларусы тады выжылі, захавалі чысціню роднае мовы, стварылі класічную літаратуру, а пасля першага распаду Расійскай імперыі ў 1917-1918 гг. адрадзілі сваю дзяржаву (дарэчы, адначасова з палякамі) сведчыць пра мужны, рыцарскі характар беларускай нацы. За яе сведчыць сама гісторыя: наяўнасць у яе моцнага шляхецкага саслоўя і рыцарскіх замкаў, руіны якіх захаваліся па ўсёй краіне. І калі нехта па наіўнасці, няведанню або злой волі сёння балбоча пра «недаразвітасць» беларускай нацы, то я напомню: так жа ў 1920-я гады глядзелі на палякаў. Як засведчыў Уладзімір Маякоўскі ў вершы пра савецкі пашпарт: «На польский - глядят, как в афишу коза. // На польский - выпяливают глаза // в тугой полицейской слоновости - / / Откуда, мол, и что это за // географические новости?» А між тым за Польшчу ваявала (хоць пераважна ідэалагічнай зброяй, але Напалеон-і ваеннай зброяй) амаль ці не ўся Еўропа аж да Рыжскай дамовы Савецкай Расіі з Польшчай 1921 года.

У заключэнне паразважаем пра будучыню Беларусі. Памыляюцца (а можа нехта хлусіць!), калі сцвярджаюць, быццам бы наша нацыя «недаразвітая» і не перспектыўная. Яна моцна дэфармаваная вонкавымі, імперскімі сіламі, асабліва ў складзе былой атэістычнай імперыі. Бальшавікі праводзілі нябачаны ў ранейшай гісторыі генацыд, найбольш - беларусаў і ўкраінцаў. У параўнанні з гэтым злачынствам супраць «свайго» народа выглядае «ліберальнай» нават нямецка-фашысцкая акупацыя. Верагодна, апошнія ў гісторыі імперскія захопнікі з Германіі нічога новага не прыдумалі ў сваёй вайне. Так было заўсёды-ад тактыкі выпаленай зямлі біблейскага Ісуса Навіна і рымскага генацыду падчас Іудзейскай вайны 66-73 гг. да сучасных «лакальных» войнаў. Уладзімір Манамах у «Павучанні» сваім сынам хваліцца тым, што ў паходах 1083 года знішчыў Мінск, не пакінуў там «ні раба, ні скаціны». Генацыд супраць уласнага народа - гэта нешта новае ў гісторыі імперыяў, «адкрытае» Іванам IV Жахлівым і Сталіным Крывавым.

У імперыі Сталіна на Беларусь абрынуўся не толькі смяротны ўдар у «цела нацы» (разбурэнне этнічнага ядра нацы шляхам прымусовай галапіруючай індустрыялізацыі і гвалтоўнай калектывізацыі), але і ў галаву «народа» (знішчэнне і падаўленне нацыянальна свядомай і палітычна актыўнай эліты). Выглядае амаль боскім цудам, калі невялікая нацыя (каля 10 мільёнаў) выжыла і, як тая казачная птушка Фенікс, адраджалася з уласнага попелу.

Якая ж перспектыва ў беларускай нацы на будучыню? Куда ёй ісці - на Усход, на Захад? А можа - трэцім, сваім шляхам? Нядаўна я прачытаў псеўданавуковы опус нейкага самадзейнага філосафа пад загалоўкам, здаецца, «Нацыя-гермафрадыт». Гутарка ідзе пра беларусаў. Аўтар хацеў прынізіць беларускую нацыю, якую ён не разумее і на якую крыўдзіцца з інфантыльнай наіўнасцю. Ад такой пісаніны дрэнна пахне, не варта сур'ёзна рэагаваць на яе. Толькі глянуць - і пайсці далей. Але ў канцэпцыі аўтара, што Беларусь балансуе паміж усходнім «жаночым» і заходнім «мужчынскім» тыпамі і ёсць нейкая зрэбная праўда. Мабыць, гістарычная місія Беларусі - у пераадоленні аднабаковасці «ўсходняга» і «заходняга» полюсаў. Бо ўсялякая аднабаковая сістэма няўстойлівая і ў далёкай перспектыве не мае будучыні. Падобна таму, як не прынясуць плёну ізаляваныя і варожыя паміж сабою «мужчынскі» і «жаночы» пачаткі быцця.

Стабільнасць, устойлівасць і, як вынік, - перспектыўнасць нацы залежаць ад трох фундаментальных рэальнасцей: наяўнасці моцнага, лакалізаванага на сваёй спрадвечнай прасторы, самабытнага і кансерватыўнага этнічнага ядра нацы, якое выпраменьвае этнакультурнае поле прыцягнення; сфарміраванай у гэтым культурным полі нацыянальна свядомай, асвечанай, кампетэнтнай, духоўна актыўнай эліты, якая фарміруецца не толькі з інтэлектуалаў, але і творчай часткі ўсяго грамадства; урэшце, ад створанай гэтай элітай культурнай традыцыі, якая прываблівае і праграміруе нацыянальны выбар не толькі свайго народа, але таксама лепшых людзей нацыянальных меншасцей.

Сёння гэтыя тры калоны, што забяспечваюць устойлівасць нацы і яе духоўны рост у вышыню, моцна дэфармаваныя ў беларусаў. За гэтае калецтва беларускай нацы нясуць адказнасць перад Богам і гісторыяй не толькі былая Расійская імперыя і яе бальшавіцкі варыянт - СССР, але таксама сучасны Еўрапейскі Саюз, нашчадак былой Антанты і, між іншым, Польшча як спадкаемца міжваеннай Рэчы Паспалітай. Постверсальская Еўропа ў крытычны момант адраджэння Беларускай дзяржавы 19171921 гг. не толькі не падтрымала яе, але і дазволіла парэзаць жывое цела нацы з тысячагадовай культурнай і дзяржаватворчай традыцыямі паміж бальшавіцкай Расіяй і адроджанай Польшчай, дзе ўзялі верх прэтэнзіі на адраджэнне міфічнай польскай імперыі з анексіяй значных частак Беларусі, Украіны і Літвы.

У новым тысячагоддзі беларусам яшчэ спатрэбяцца духоўны гераізм і рыцарская ахвярнасць, каб забяспечыць сваёй радзіме права суверэннай нацы. Але будучыня - за ёю. Бо сёння дажывае свае старэчыя гады апошняя, амаль напаўміфічная, калісьці рэаніміраваная бальшавікамі тэрытарыяльная, напаўфедэральная імперыя, што сёння ўсё яшчэ спрабуе задушыць Беларусь у «сяброўскіх абдымках». Яна здолела амаль на цэлае стагоддзе аднавіцца і пратрымацца пасля распаду ў войнах і рэвалюцыях 1914-1920-х гг. Але толькі коштам страты людскіх свабод і крывавай дыктатуры. Імперыя і дэмакратыя - рэчы несумяшчальныя. Нават ад лёгкіх павеваў вятроў дэмакраты разваліўся Савецкі Саюз.

Гісторыя даўно засведчыла: усе ранейшыя імперыі маглі часова ўтрымацца толькі на крыві. Амаль няспынныя катаклізмы ў сучаснай Расіі сёння не толькі рэальныя факты, але і сімвалы. На мяжы тысячагоддзяў для сучаснай Расіі паўстала нялёгкая задача-адрадзіць нацыянальную дзяржаву, даўшы «вольную» ўсім сваім калоніям. Збіраць трэба не тэрыторыі, а вялікарускі народ. У ХХІ ст. застануцца толькі фінансавыя імперыі. Але, як на мой погляд, не надоўга. Першыя сімптомы - пачатак агульнага крызісу магутнай доларавай імперыі. Маю на ўвазе драматычныя падзеі Трэцяй балканскай вайны - агрэсіі НАТА на чале з ЗША супраць Сербіі, што ўсё трымаецца сёння ў складзе міфічнай Югаславіі. Затрачаных сродкаў на вайну і кошт матэрыяльных страт у гэтай вайне было б дастаткова, каб заснаваць у нейкай пустыні багатую дзяржаву для косаўскіх албанцаў-мусульман (як на мой погляд, гэта рудыменты былой Турэцкай імперы). Няхай бы там яны стварылі квітнеючую сельскую гаспадарку. Замест таго, каб гандляваць наркотыкамі.

Будучыня-толькі за духоўнай імперыяй, дзе, у рэшце рэшт, перакуюць дзіды і мячы на сярпы і плугі ды не будуць больш вучыцца ваяваць. Тады наступіць канчатковае нацыянальнае адраджэнне Беларусі, іншых народаў, сёння адсунутых за авансцэну сусветнай гісторы.



[1] Замм Астрид. Белорусы: опыт самоидентификации // Нёман. 1994. № 5. С. 136.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX