Вярнуцца: Філасофія, роздумы

Шляхі беларускае інтэлігенцыі


Аўтар: Трамповіч Павал,
Дадана: 08-03-2020,
Крыніца: Трамповіч Павал. Шляхі беларускае інтэлігенцыі // Спадчына. 1998. №3. С. 86-106.



Сярод пытаньняў дня i чарговае працы ў працэсе гаспадарчага будаўніцтва, калі кожны сьвядомы чалавек робіцца часткай самае істоты будаўніцтва, ізноў устае пытаньне аб мейсцы, якое займае наша інтэлігенцыя. Гэтае пытаньне, часам вельмі балючае, часам вельмі адказнае, ня сходзіць з чаргі пытаньняў абгаварваемых.

Тымчасам у нас на Беларусі мясцовыя ўмовы такія, што яны ў значнай меры адрозьніваюцца ад умоў у іншых частках СССР; становішча i пазыцыя беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі такія, што яны падчас ня могуць быць параўнаны з становішчам на Ўкраіне i ў РСФСР.

Істота нашае беларускае інтэлігенцыі зусім іншая, умовы, пры якіх яна фармавалася, былі часам вынятковыя, вось гэта i кладзе асобны адбітак на нашу працу.

Становішча краю ў мінулым, калі на яго абшарах ішла барацьба дзвюх культур - польскае i расейскае, асобнае становішча інтэлігенцкіх партыйных асяродкаў на Беларусі, калі пытаньні нацыянальныя i чыста палітычныя занялі першае месца ў працы i кірунку арганізацый, пакінулі нашай інтэлігенцыі асобныя рысы.

Першай асаблівасьцю нашых інтэлігенцкіх масаў зьяўляецца ix сацыяльны склад.

(147KB) Беларуская інтэлігенцыя 1920-х гг. Стаяць (зьлева направа): Уладзя Луцэвіч (жонка Я. Купалы), (?), Аляксандра Смоліч, Павал Трамповіч; сядзяць: Аляксандр Цьвікевіч, Якуб Колас, Зіна Цьвікевіч, Марыя Міцкевіч (жонка Я.Коласа), Янка Купала, Аляксандра Трамповіч.

У той час, калі ў нашых суседзяў інтэлігенцкія кадры складаліся пераважна з больш-менш буйнага, хаця i дробнага, земляўласьніцтва альбо з чыноўніцтва, якое выкарыстоўвала сваю клясавую незалежнасьць i бюракратычны ўплыў - наша інтэлігенцыя выходзіць пераважна зь сялянства, i нават незаможнага, рабочых колаў. Сярод нашае інтэлігенцыі «арыстакратычнымі» можна было б лічыць хіба інтэлігентаў, вышаўшых зь вясковага настаўніцтва i духавенства.

Калі ў нашых суседзяў-украінцаў існаваў кругабег нацыянальнае рамантыкі, існаваў «меншы брат мужык», інтарэсы якога можна было б бараніць, п'ючы варануху-вішнёўку i ядучы галушкі ды пампушкі па-палтаўску, - наша інтэлігенцыя не магла сабе дазволіць ніякае рамантыкі; яе змаганьне з былым дзяржаўным ладам было змаганьнем за ўласныя інтарэсы, за зямлю i справу бацькоў i родных па крыві братоў i сясьцёр, пакінутых у роднай вёсцы.

Калі ў другіх нашых суседзяў - расейцаў нацыянальнае пачуцьцё падагравалася ўсім дзяржаўным укладам i ўсёй сілай - наша інтэлігенцыя павінна была весьці безупынную, часам дробную барацьбу за сваё нацыянальнае аблічча.

Калі ў трэціх нашых суседзяў палякаў быў агульна прызнаны ідэал звольненьня з-пад царскага прыгону бацькаўшчыны ў межах 1772 г., нам прыходзілася змагацца за тое, каб давесьці, што ў гэтых граніцах была i наша бацькаўшчына. У той час, калі ва ўсіх нашых суседзяў нацыянальны грунт быў адзіным грунтам яднаньня, у нас да гэтага далучалася яшчэ рэлігійнае пытаньне. Барацьба паміж праваслаўем i каталіцтвам, якая ўсім цяжарам праходзіла ў абшарах нашага краю, прычыніла нашаму руху шмат шкоimgды.

(257KB) Павал Трамповіч, выпускнік Пскоўскае рэальнае вучэльні, 1907 г.

Вось такія ўмовы ўплывалі на фармаваньне ідэалёгіі i складу нашае інтэлігенцыі.

Далей, калі нашае сялянства цаной недахвату ў гаспадарцы, харчаваньні i іншай цаной вялікіх матэр'яльных i маральных ахвяр давала сярэднюю i вышэйшую адукацыю сваім сынам,- колькі з ix не вярталася назад пад родную страху, колькі з ix зусім захоплівалася чужою культурай i рабілася сапраўднымі расейцамі i палякамі?

У складзе беларускае інтэлігенцыі заставаліся людзі самыя вытрывалыя, зь цьвёрдай воляй, з шляхотнасьцю поглядаў, якія добра ведалі, што, застаючыся беларусамі, яны шмат чаго трацяць i нічога ня робяць ні для сваёй карысьці, ні для свайго дабрабыту.

Зразумела, што гэтыя людзі аддаваліся нацыянальнай працы з запалам i самаахвярнасьцю. Натуральным зьяўляецца i тое, што сярод гэтых людзей адзіным грунтам дзеля аб'яднаньня была нацыянальная справа.

Натуральным зьяўляецца, што ў гэтых людзей, якія доўгія гады вялі сваю працу ва ўмовах усьмешкі суседзяў i абсалютнай зьнявагі i занядбаньня, злажылася асаблівая псыхалёгія надзвычайна недатклівага нацыянальнага пачуцьця, замкнёнасьці i скромнасьці.

Трэба прызнаць, што ў гэтых людзей было шмат сіл i каханьня да сваёй ідэі, калі яны маглі адкрыта прызнаваць сваю прыналежнасьць да народу, самаё існаваньне якога было пастаўлена пад знак запытаньня.

Да ўсяго гэтага трэба далучыць яшчэ адзін рыс - гэта брак магутнае пралетарскае базы, амаль ня поўную адсутнасьць сьвядомага беларускага рабочага, які мог бы мець свой уплыў на фармаваньне вышэйвызначанай псыхалёгіі.

Але ўсё ж-такі трэба прызнаць, што амаль уся беларуская інтэлігенцыя зьяўляецца часткаю беларускага сялянства i рабочае клясы, зь ix яна вышла, ад ix яна ўзяла насеньне для сваіх думак i сваёй ідэалёгіі.

Увесь час царызму i гнёту гэтая інтэлігенцыя імкнулася захаваць свой нацыянальны твар, чакаючы моманту, калі будзе магчыма выступіць адкрыта.

I такі час настаў. Лютаўская рэвалюцыя дала магчымасыдь паставіць пытаньне нацыянальнага адраджэньня беларускага народу больш шырока.

У пасьлялютаўскі час усё кіраваньне нацыянальным рухам было сабрана пераважна ў інтэлігенцкіх руках.

I тут беларуская інтэлігенцыя разьдзялілася. Адна яе частка пайшла па шляху незалежнасьці як дзяржаўнай, так i гаспадарчай, прычым гэтую незалежнасьць яна разумеimgла як вынік яе стараньняў i працы. Другая частка, добра ведаючы настрой народу, добра ведаючы яго імкненьне перш-наперш атрымаць сацыяльную свабоду, ведаючы ўсю сілу народнага гневу i ненавісьці як да польскага пана, так i да расейскага «барына» чыноўніка - стала на шлях сацыяльнае рэвалюцыі. Яна заняла пачэснае месца ў шэрагах змагаючыхся за новы лад i новыя формы жыцьця.

Сацыяльная рэвалюцыя была для большае часткі беларускай інтэлігенцыі неспадзяванай. Гэтыя людзі, шчыра кахаючыя свой родны край i народ, не маглі адразу зразумець усю велізарнасьць падзей, якія разьвіваліся перад ix вачыма. (...)

Яны, кахаючы свой народ, ня верылі ў яго сілы. Ім здавалася, што ва ўмовах Беларускай сацыяльнай рэвалюцыі пагражае новай акупацыяй, новымі зьдзекамі, неадплатнымі ахвярамі.

Гэта была ix памылка, але толькі памылка, а не апор жаданням свайго сялянства i рабочых.

Беларуская інтэлігенцыя з сацыяльнай рэвалюцыі нічога не страціла. Народ ня меў сваёй буржуазіі, інтэлігенцкія сілы не займалі высокіх адміністратыўных пасад, не гублялі ні фабрык, ні вялікіх абшараў зямлі. Вось таму ў шэрагах беларускае інтэлігенцыі Кастрычніцкая рэвалюцыя ня сустрэла ідэёвага адпору.

Адзіным момантам, які меў свой уплыў на псыхалёгію беларускай інтэлігенцыі, быў той самы момант нацыянальimgнага самавызначэньня i імкненьня да набыцьця фармальных правоў дзеля свайго існаваньня. Калі ў шэрагах інтэлігенцыі да часу польскае акупацыі былі ваганьні ў пытаньні аб савецкім будаўніцтве, дык пасьля польскаё акупацыі i абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі быў пакладзен канец усім ваганьням - усе жывыя сілы краю прыняліся за цяжкую працу адбудовы народнае гаспадаркі i адраджэньня беларускае культуmgры.

(178KB) Аляксандра Каханевіч, будучая жонка П.Трамповіча. 1910-я гг.

Гэтая праца стала адзіным шляхам i праявай жыцьця, адзінай мерай i мэтай будучыні.

Мы можам заўважыць, што праца беларускае інтэлігенцыі пашла ў кірунку, у якім бедная разбураная гаспадарча дзяржава не магла даць сродкаў для працы.

Перад нашымі вачыма пачала разьвівацца праца Інстытуту беларускай культуры, амаль бяз грошай, безь памяшканьня, безь сьвятла, нават без паперы.

Запал i каханьне зрабілі тое, што гэтая інстытуцыя ня толькі ня згінула, але разьвілася ў паважную дзяржаўную ўстанову, праводзячую вялікую арганізацыйную працу.

Культурная праца на Беларусі таксама мае свой адбітак i колер, адзначаючы яе ад працы ў іншых рэспубліках.

Калі ў нашых суседзяў будаваньне нацыянальнай шкоimgлы як сярэдняй, так i вышэйшай праходзіла пад знакам толькі насычэньня нацыянальнымі культурнымі сіламі існаваўшых дагэтуль устаноў, у нас на Беларусі культурны працэс прышлося пачаць з самага пачатку.

Дзеля гэтага не хапае нацыянальных культурнікаў, i прыходзілася запрашаць навуковых працоўнікаў зь іншых частак Саюзу.

Зразумела, што гэтыя чужыя людзі, часта прышоўшыя дзеля немагчымасьці прылажыць свае веды i сілы ў іншых частках Саюзу, не маглі адразу зразумець становішча, якое стварылася ў краі. Ня будучы аб'яднанымі адзінай мэтай i ідэяй, яны часта ўхіляліся са сьцежкі будаваньня культуры нашае дзяржаўнасьці i бачылі сваю працу толькі ў переноimgсе на беларускую глебу школы i культуры пераважна paсейскай. Ім здавалася (шмат каму здаецца i зараз), што нацыянальны рух на Беларусі зьяўляецца штучным, што нацыянальная палітыка ўлады зьяўляецца толькі манэўрам, які хутка страціць сваю мэтазгоднасьць i адпадзе.

З гэтымі настроямі працаўнікоў, якія надта патрэбны краю, прыходзілася змагацца беларускай інтэлігенцыі. Барацьба ішла не за адміністрацыйныя пазыцыі, не за перавагу ўплыву, барацьба ішла за ідэю нацыянальнага будаўніцтва з варожай ідэалёгіяй расейскага шавінізму.

Гэта змаганьне не памагала імкненьню беларускіх культурнікаў увайсьці у дзяржаўнае будаўніцтва Рэспублікі, а стаяла перашкодай на натуральным кірунку працы. Гэтае змаганьне адхіляла ўвагу ад канчатковае мэты - ад будавання гаспадаркі, пераносячы пункт прыкладаньня ўсёй энергіі з цэлага на паасобнасьць.

Штодзённая праца зрабілася маруднай, цяжкай барацьбой ізноў за нацыянальнае самавызначэньне. Дзяржаўны апарат у большай сваёй частцы застаўся ў руках старога, царскіх часоў чыноўніцтва, якое прызвычаецца глядзець на ўсё беларускае як на нешта непатрэбнае, як на недарэчнасьць, пагражаючую асабістаму дабрабыту.

Змаганьне з гэтым чыноўніцтвам, перафарбаваным у савецкі колер, шмат калі разглядалася як беспасрэдная барацьба з самымі ўстановамі i ix кіраўнікамі.

Трэба адзначыць i памылковую пазыцыю некаторых кіраўнікоў савецкіх устаноў, якія самі прымалі ўдзел у гэтай барацьбе, баронячы прадстаўнікоў чыноўніцтва з павагай i запалам, дастойным лепшага выкарыстаньня.

Яшчэ вельмі часта выкарыстоўваецца проці беларусimgкай інтэлігенцыі i паасобных яе дзеячоў агульнае абвінавачваньне ў шавінізьме, нацыяналізьме i іншых грахах.

Калі толькі дзе-небудзь зьвярнуць увагу на цяжкае становішча беларускае працы, больш чым павольны рух беларусізацыі, альбо напомніць, дзе гэта патрэбна, аб тым, што тут Беларусь, як адразу падымаецца шчаціна ў шматлікіх асоб.

Адказ даецца не па зьместу прамовы альбо ўвагі, адразу пачынаюцца дакоры ў «заалёгічным шовінізме» i іншыя недарэчнасьці.

Беларуская інтэлігенцыя, прайшоўшая праз зьдзек i ўціск, напісаўшая на чырвоным прапары словы волі для свайго народу, ня можа пісаць на другой старонцы гэтага ж прапару словы ўціску i нядолі дпя другіх.

Беларуская інтэлігенцыя ні пры якіх умовах у сваей масе ня можа стаць прыгоншчыкам.

Парукай у гэтым зьяўляецца яе склад, яе паходжаньне i гістарычнае мінулае. Усе дакоры ў шавінізьме зьяўляюцца безгрунтоўнымі, вынікамі незразуменьня абставін жыцьця нашае Рэспублікі. I карыстаньне ў палеміцы такімі довадамі прыносіць шмат шкоды ва ўзаемных адносінах паасобных груп працаўнікоў.

Змаганьне за беларусізацыю, за будаўніцтва больш прыстасаванае да патрэб беларускага сялянства застаецца першачарговай задачай сучаснае беларускае інтэлігенцыі. I калі ў гэтым змаганьні ёй прыходзіцца парушаць асабістыя інтарэсы чыноўніцтва, застаўшагася ў дзяржаўным апараце, дык тутака нічога ня зробіш - у гэтым ёсьць гістарычная неабходнасьць.

Адзіным шляхам нашае інтэлігенцыі зьяўляецца шлях самага дзейнага ўдзелу ў адбудове нашае гаспадаркі, наimgшае дзяржаўнасьці. Гэтая адбудова магчыма толькі ў выпадку сумеснае працы зь дзяржаўнымі i партыйнымі ўстановамі, значыць, трэба, каб паміж беларускай інтэлігенцыяй i партыйнымі коламі была б сталая сувязь, тады ня будзе непаразуменьня, неналежнае страты энэргіі i часу.

Трэба, каб умовы працы нашае інтэлігенцыі былі ня горшыя, чым на Ўкраіне, Грузіі i Азэрбайджане. Трэба, каб гэтая сіла, пранесшая сваё каханьне да народу i краю празь вельмі цяжкія абставіны, была як мага лепш выкарыстана.

Трэба, каб беларуская інтэлігенцыя на Беларусі мела б магчымасьць уявіць сваю ініцыятыву i ўзяць адказнасьць за сваю працу перад будучыняй. Гэтага патрабуюць інтарэсы нашае Рэспублікі i змаганьне за аб'яднаньне ў яе межах усіх зямель, населеных беларусамі. (...)

«Савецкая Беларусь» ад 21 кастрычніка 1925 г.

ЖЫЦЬЦЁВЫ ШЛЯХ ПАЎЛА ТРАМПОВІЧА

Для беларускай інтэлігенцыі маральна асабліва балючай была першая хваля рэпрэсіяў 20-30-х гг., зьвязаная з г. зв. справай «Саюзу Вызваленьня Беларусі», «СВБ». Яна канчаткова пахавала надзею на дэмакратычны шлях нацыянальна-культурнага адраджэньня ў Савецкай Беларусі, зьнішчыла тое, што пачалі рабіць У.Ігнатоўскі, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Баліцкі, А.Смоліч ды іншыя.

(138KB) Павал Трамповіч разам з жонкаю Аляксандраю i яе сястрою Вольгаю Каханевіч. 1930-я гг.

Справа «СВБ» - жорсткая п'еса на тэму «Безь віны вінаватыя». Савецкая ўлада разыграла яе не з артыстамі, а зь лёсамі рэальных людзей.

Адзін зь ix - Павал Трамповіч, хаця да сталых гадоў ня жыў у Беларусі, але ўсё сьведамае жыцьцё марыў вярнуцца на Бацькаўшчыну i працаваць на карысьць людзям.

Як ён жыў, да чаго імкнуўся i што пасьпеў зрабіць, адлюстроўваюць ягоныя паказаньні на допытах. Хаця апошнія ня ёсьць узорам аб'ектыўнасьці, тым ня менш, нават гэты прымусовы расповед-жыцьцяпіс малюе постаць вельмі адметнага, перакананага i рашучага чалавека. Мы шмат цытуем самога Паўла Трамповіча, бо ніхто лепей за яго ня можа распавесьці пра перажытае ім.

Нарадзіўся ён 1 чэрвеня 1888 г. у Пскове. Ягоны бацька Віктар - ураджэнец Витебску, усе сваякі - выхадцы зь Беларусі. Дзед Паўла быў кавалём з-пад Вільні, арыштаваны за Мураўёвам (падчас антырасейскага нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863-1864 гг.) i высланы зь Вільні разам зь сям'ёю ў Віцебск. Тут сям'я дзеда i ён сам перажылі рэлігійны перасьлед - захоп мясцовых касьцёлаў ды інш. За ўдзел у дэманстрацыі супраць адбіраньня ў каталікоў чарговага касьцёлу, дзеда другі раз высылаюць за мёжы Паўночна-Заходняга краю, у Пскоў.

Паўлаў бацька пачаў працаваць на чыгунцы. Спачатку качагарам, потым памочнікам машыніста ў Віцебску, машыністам, а пасьля калецтва, якое атрымаў у аварыі, - нарадчыкам паравозных брыгадаў у Пскове. Маці - сялянка з Сакольшчыны, зь вельмі вялікай i беднай сям'і, рана мусіла пайсьці з бацькоўскае хаты на заробкі ў якасьці прыбіральшчыцы вагонаў.

Лёс закінуў сям' ю Трамповічаў у чужы горад, да чужых людзей, з чужымі i незразумелымі звычаямі i характарамі. «Рос я ў сям'i любімым дзіцем, - успамінаў Павал, - якое з самага раньняга дзяцінства выхоўвалі ў любові да нашай старонкі, якую ўспаміналі кожнае вялікае сьвята, выконвалі строга нацыянальныя звычаі, захоўвалі нацыянальныя традыцыі. Я чуў апавяданьні пра Вільню, Віцебск, прыгожы спакойны працавіты народ, у якога ўсяго мала, усё бедна, але які шмат працуе, таму зь яго шэрагаў выходзяць добрыя працаўнікі».

Паўлаў дзед заўжды прыводзіў дахаты беглых сялянаў, якія жылі ў ix па некалькі дзён, пакуль ня знойдуць працы.

Зь першых жа дзён навучаньня ў пачатковай школе Павал зьведаў за свой беларускі акцэнт i аблічча розныя зьедлівыя мянушкі.

«Мне было восем гадоў, - пісаў ён, - калі памёр мой бацька, пакінуўшы сям'ю без усялякіх сродкаў, але ж даўшы запавет маёй маці альбо памерці, альбо даць адукацыю дзецям (мне i маёй сястры). Пачалося выключна цяжкае жыцьцё. Не было такой працы, ад я кой бы адмовілася мая маці, толькі б была магчымасьць вучыцца мне i маёй сястры».

Павал здолеў паступіць у рэальную вучэльню i зь першага ж году за посьпехі ды стараннасьць стаў казённакоштным выхаванцам. Гэта, магчыма, выратавала яму жыцьцё, бо ягоная сястра памерла ад сухотаў у 14 гадоу, ня вытрымаўшы напаўгалоднага існаваньня.

Падчас летніх вакацыяў Трамповіч прыяжджаў у Менск да цёткі, блукаў па вуліцах, i Менск тады ўяўляўся яму найлепшым, найпрыгажэйшым гора дам.

У Пскове напачатку 1900-х гг. адбываў ссылку аршанскі ксёндз Дамарык, сьведамы беларус, які арганізаваў тут беларускую калёнію, вёў казані на роднай мове, распаўсюджваў беларускія кніжкі, календары віленскага, мэмэльскага ды каралявецкага (кёнігсбэрскага) выданьняў. Асоба сьвятара моцна паўплывала на сьветапогляд маладога Трамповіча. У 1906 г. Дамарык пасьля амністыі паехаў у Горадзенскую губэрню.

Ужо са старэйшых клясаў рэальнае школы Павал бярэ чынны ўдзел у вучнёўскіх рэвалюцыйных гуртках i перад самым заканчэньнем вучэльні становіцца сябрам партыі сацыял-рэвалюцыянэраў. Зрабіў гэта сьведама, «бо адчуваў усёй сваёй істотай прыналежнасьць да наimgроду, большасьць якога складалі сяляне».

Пасьля заканчэньня на выдатна рэальнае вучэльні пеimgрад хлопцам былі адчыненыя дзьверы розных тэхнічных вышэйшых навучальных установаў, але вырашае паступiць на мэдыцынскі факультэт унівэрсытэту, «каб у якасьці лекара пайсьці ў самую гушчу беларускага наimgроду i там весьці культурную i нацыянальную працу».

Дзеля атрыманьня атэстату сталасьці, каб мець магчымасьць паступіць ва ўнівэрсытэт, Павал мусіў адпрацаваць год на чыгунцы.

I вось, нарэшце, тое, да чаго імкнуўся i ўпарта дабіваўся з 1908 г. П.Трамповіч, зьдзейсьнілася: ён - студэнт Псыханэўралягічнага інстытуту пры Пецярбурскім унівэрсытэце. Пасьпяхова вучыцца i актыўна працуе ў студэнцкіх гуртках партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, прымае ўдзел у палітычных дэманстрацыях, за што неаднаразова арыштоўваецца, a ў 1910 г. эмігруе ў Нямеччыну. Зарабляе на жыцьцё часоваю працаю, але думка пра вучобу не пакідае яго. Павал паступае на мэдыцынскі факультэт Баварскага ўнівэрсытэту ў Мюнхэне i спрабуе спалучыць вучобу з працаю. Але без матэрыяльнае падтрымкі, дасканалых ведаў нямецкае мовы працягваць навучаньне было вельмі цяжка, i ён вырашае перавесьціся ў Кіеўскі ўнівэрсытэт. Пасьля дадатковых іспытаў у 1912 г. яго залічваюць на мэдыцынскі факультэт. Тут вучыцца было значна лягчэй, i «кожнае лета ён меў магчымасьць езьдзіць на заробкі ў Белаimgрусь». У якасьці воспапрышчэпніка i эпідэмічнага лекаimgра Трамповіч аб' езьдзіў Віцебскі, Гарадоцкі, Невельскі, Люцынскі, Полацкі паветы, увачавідкі пабачыў беднасьць беларускіх сялянаў i местачковых жыдоў, «яшчэ мацней адчуў сувязь са сваім народам i яшчэ больш яго палюбіў». Плянаваў атрымаць дыплём i прыехаць працаваць на радзіму. Аднак год заканчэньня ўнівэрсытэту прыпаў на па чата к Першае сусьветнае вайны, i замест Беларусі Павал апынуўся на Паўднёва-Заходнім фронце.

Давялося падпарадкавацца законам ваеннага часу.

Агульная мабілізацыя не дазволіла здаць дзяржаўныя іспыты, i з 1 жніўня 1914 г. Павал Трамповіч загадам прызначаны на пасаду малодшага ардынатара Кіеўскага шпіталю. Тут i працаваў да студзеня 1916 г. пад кіраўніцтвам першаклясных хірургаў М.Чарамухіна, А.Крымава i М.Дытэрыхса. Набытыя тут веды вызначылі ягоную спэцыялізацыю ў хірургіі. Адначасова з працаю рыхтаваўся да дзяржаўных іспытаў на мэдыцынскім факультэце. Здаўшы ix 30 сакавіка 1917 г., атрымаў дыплём лекара i прызначэньне ў хірургічны аддзел Кіеўскага чыгуначнага шпіталю.

Добрыя веды, арганізацыйныя здольнасьці i значны практычны досьвед працы вылучалі яго сярод маладых калегаў. Трамповіч паступова займае пасады малодшаimgга ардынатара хірургічнага аддзелу 1-га шпіталю Ўсерасейскага земскага саюзу, потым старшага ардынатаimgра, загадчыка аддзелу i галоўнага лекара гэтага шпіталю. Вольны час аддае рознай грамадзкай працы.

Павал Трамповіч потым адзначыў: «Лютаўскую рэвалюцыю я сустрэў у Кіеве, i першым маім рухам была сувязь зь беларускімі арганізацыямі. Я ўваходжу ў якасьці сябра ў Веларускі ўцякацкі камітэт, праводжу вялікую агітацыйную i асьветніцкую працу. Адначасова я ўсёй душой аддаюся прафсаюзнай працы, абіраюся сябрам, загадчыкам i старшынём Галоўнага камітэту Хаўрусу працаўнікоў Паўднёва-Заходняй чыгункі».

У 1918 г. Трамповіч зноў у Менску, знаёміцца з тутэйшым нацыянальным жыцьцём, зь дзейнасьцю Рады БНР. Маладой беларускай дзяржаве якраз бракуе маimgладых кваліфікаваных адмыслоўцаў. Неўзабаве Трамповіча кааптуюць у склад Народнага сакратарыяту Белаimgрусі.

Літаральна празь 9 дзён, напачатку чэрвеня 1918 г., ён нелегальна на параходзе вяртаецца ў Кіеў. Едзе туды разам з А.Цьвікевічам i М.Доўнар-Запольскім на даручэньне Рады БНР празь нямецкага амбасадара ў Кіеве з прапановаю да Нямеччыны прызнаць незалежнасьць Беларусі i ўрад БНР. Адначасова ў складзе беларускае дэлегацыі вядзе перамовы з урадам Украіны.

16 чэрвеня 1918 г. Трамповіч узначальвае Беларускі кансулят у Кіеве i пачынае рэгістрацыю беларусаў - грамадзянаў БНР. Але празь некаторы час яму прыйшлося спыніць працу з-за адмовы прыняць украінскае падданства. Ён быў звольнены са службы i мусіў пераехаць у Растоў-на-Доне, дзе заняўся прыватнаю лекарскаю практыкаю. «Апынуўшыс я на Доне, я зноў вяду беларускую работу, зноў арганізую беларусаў-уцекачоў у Растове i Новачаркаску разам зь беларускім пісьменьнікам Антонам Новічам (Цэхановічам). Гетманшчына пала, i я вяртаюся ў Кіеў i паступаю лекарам шпіталю Ўсерасейскага земскага саюзу i перерываю сваю нацыянальную працу да 1925 г.»

Як прыняў Трамповіч кастрычніцкі пераварот? Вось што ён кажа на допыце ў ГПУ: «Сацыяльная праграма кастрычніцкай рэвалюцыі для мяне была цалкам прымальная. Але я ня мог пагадзіцца з заключэньнем Берасьцейскага міру, зноў-такі з пункту гледжаньня беларускіх інтарэсаў. (...) Мне давалася магчымасьць эміграваць разам ca Смолічам, А.Цьвікевічам ды іншымі, але я лічыў для сябе непрымальным кінуць краіну... калі гэтая краіна перажывала жорсткі крызыс. Я застаюся працаваць у якасьці лекара i ўжо ад савецкае ўлады атрымліваю шэраг адказных заданьняў на Каўкаскім фронце, у Адэсе, Кіеве, Разуваеўцы. Я працаваў ва ўмовах голаду i разбурэньняў добрасумленна, аддаваў гэтай працы i веды, i абсалютна ўвесь час».

У 1923 г. ён атрымлівае пасаду асыстэнта Харкаўскага мэдыцынскага інстытуту i галоўнага лекара «вузлавога» чыгуначнага шпіталю. I зноў цягнецца да беларускай працы: выпісвае зь Менску газэты, кнігі, вельмі ўважліва сочыць за нацыянальным жыцьцём у БССР. Кал i прагледзець «Савецкую Беларусь» за 1923-1924 гг., будзе зразумелае ягонае імкненьне вярнуцца ў Белаimgрусь. «Хто спазьніўся прыйсьці, клічам да сваёй зямлі», - зваў Янка Купала. Гэтыя радкі Трамповіч напісаў над загалоўкам свайго звароту да старшыні ЦБК БССР А. Чарвякова. Праўда, адказу не атрымаў. Тады ён зьвярнуўся да старшыні Інстытуту беларускае культуры С.Некрашэвіча i падаў заяву на працу ў Белдзяржунівэрсытэт. Праз конкурс Трамповіч быў абраны i зацьверджаны асыстэнтам мэдычнага факультэту БДУ i 1 лютага 1925 г. пераехаў у Менск.

Пазьней ён напіша: «У Менск я прыехаў з намерам весьці працу як беларус, г. зн. прымаць актыўны ўдзел у беларусізацыі, распрацоўцы тэрміналёгіі, падрыхтоўцы карэнных кадраў. Я глядзеў на савецкую ўладу як на сродак для адраджэньня Беларусі. Савецкая сыстэма тады мне ўяўлялася як этап для дасягненьня ідэалу беларускай дзяржаўнасьці, аб'яднаньня ўсёй геаграфічнай Беларусі, аб'яднаньня ўсіх беларускіх культурных сілаў незалежна ад клясавай прыналежнасьці ды палітычных поглядаў для будаўніцтва беларускай формаю i зьместам культуры.

Якія першыя ўражаньні ў Менску? Першай асобай, зь якой я сустрэўся ў Менску, быў Я.Дыла, якога я paней ня ведаў. Та в. Дыла зрабіў на мяне вельмі добрае ўражаньне як чалавек. Ён быў навуковым сакратаром Інбелкульту ў той момант, калі адбылася адна з рэарганізацыяў гэтае ўстановы. Другой асобай быў Іван Цьвікевіч [родны брат Аляксандра Цьвікевіча. - Н.В.], які таксама адыграў вялікую ролю ў арганізацыі ІБК. Трэцяю асобаю быў мой стары знаёмы А.Смоліч. Знаёмства з гэтымі людзьмі дало магчымасьць увайсьці ў курс справаў у Менску.

Мне характарызавалі ход справаў прыблізна так: мала беларускіх культурнікаў, вельмі слабая нацыянальная праца, якую праводзяць адзінкі, пераадольваючы супраціў расейскіх ды гэбрайскіх шавіністаў. Складалася такое ўражаньне, што нацыянальную працу выконваюць асобныя людзі, якія маюць на гэта дазвол i паўнамоцтвы партыі i зьвяртаюцца да дырэктыўных органаў партыі ў выпадку крайняе неабходнасьці, для ўстараненьня саimgмых вялікіх цяжкасьцяў. (...)

Праз тры дні пасьля майго прыезду я быў ужо сябрам-супрацоўнікам ІБК, сябрам навуковае мэдыцынскае рады, навуковым сакратаром мэдыцынскае сэкцыі ІБК. Іншымі словамі, я адразу трапіў ва ўстанову акадэмічнага тыгіу, аднолькавае становішча зь сябрамі ўраду i ЦК КПБ(б)Б, якія таксама зьяўляліся сябрамі ІБК.

Яшчэ больш умацавалася маё перакананьне ў тым, што беларускую культуру будуюць лічаныя асобы, пасьля вяртаньня зь Ленінграду Некрашэвіча, якога я ведаў раней i які рашуча распараджаўся вышэйшаю школаю Беларусі, накіроўваў, па меры налічча, беларускія кадimgры ва ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы.

...Усе працаўнікі Інбелкульту, ягонае кіраўніцтва ў 1925 г. уяўлялі а дну адзіную сям' ю, аб'яднаную гэтаю нутраною сувязьзю, якая стваралася агульнасьцю інтарэсаў i мэты. Жылі i працавалі, як дзеці адной роднай маці, старонкі нашай Беларусі».

Напэўна, Трамповіч шчыра спадзяваўся на прыхільнасьць савецкае ўлады да тых, хто меў свой погляд на пытаньні нацыянальна-культурнага будаўніцтва, не паўтараў даслоўна кіраўнічыя партыйныя дырэктывы. 21 кастрычніка 1925 г. у газэце «Савецкая Беларусь» ён апублікаваў артыкул «Шляхі беларускае інтэлігенцыі», я коimgму ў моцы патрыятычных пачуцьцяў, сьмеласьці палемікі з партыйнымі пастулятамі наконт беларускай інтэлігенцыі, яе месца i ролі ў нацыянальна-культурным жыцьці рэспублікі бадай што не было роўных ні ў 20-я, ні тым больш у 30-я гады.

У артыкуле Павал Трамповіч кіраваўся нацыянальнай ідэяй, пакінуўшы без асаблівай увагі клясавы пады ход i «накіроўваючую ролю» партыі. Ён адзначаў па вольны тэмп беларусізацыі, супраціў расейскага чынавенства, што засталося ў кіраўніцтве шмат якіх установаў, падкрэсьліваў вялікую ролю беларускай інтэлігенцыі, еднасьць яе думак i самаадданасьць у працы дзеля нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі.

Артыкул ніяк ня ўкладваўся ў рамкі барацьбы з «дробна-буржуазнымі праявамі» ў асяродзьдзі інтэлігенцыі, з «нацыянал-дэмакратызмам» ды « шавінізмам», пра якія гаварылася ў рэзалюцыі пленуму ЦК КП(б)Б ад 14 кастрычніка 1925 г. i дакладзе сакратара ЦК КП(б)Б А.Крыніцкага на агульным сходзе партыйнага актыву Менскай гарадзкой арганізацыі 15 верасьня 1925 г.

На другі ж дзень пасьля публікацыі адбылося паседжаньне Бюро ЦК КП(б)Бг якое вызваліла ад займанай пасады рэдактара І.Шыпілу, адзначыўшы, што газэта «гаворыць ад імя беспартыйнай інтэлігенцыі, дапускае прамое праяўленьне нацыяналізму».

У сьціслы тэрмін на прапанову Бюро ЦК КП(б)Б абноўлены склад рэдакцыі «Савецкай Беларусі» падрыхтаваў i 29 кастрычніка 1925 г. надрукаваў артыкул «Далейшыя шляхі беларускай інтэлігенцыі (Адказ рэдакцыі т.Трамповічу)». У ім пералічваліся «памылкі» аўтара, асобна падкрэсьлівалася немагчымасьць «яднаньня на грунце нацыянальнай справы», бо адзіны правільны пады ход да ўсіх пытаньняў - толькі клясавы. Выпраўлялася i яшчэ адна вольнасьць аўтара, які не адзначыў неабходнасьці партыйнага кіраўніцтва інтэлігенцыяй. Яму згадвалася, што «арганізаванасьць працоўнае інтэлігенцыі можа быць толькі вакол партыі i пад яе кіраўніцтвам». Асабліва дасталося яму ад сакратара ЦК КП(б)Б А.Крыніцкага. Выступаючы на Менскай акруговай партыйнай канфэрэнцыі, той заклікаў «пачаць разганяць рэшткі дэмакратычных настрояў, якія б яны ні былi i якімі б су б'ектыўна прыгожымі матывамі яны ні прыкрываліся». Трамповічу быў дадзены ўрок, зь якога ён уразумеў немагчымасьць адкрытай палемікі i выказваньня сваіх думак. Але ж гэта ніяк не паўплывала на імкненьне зрабіць я к мага больш там, дзе был i патрэбныя ягоныя веды i практычны досьвед.

Адначасова з пэдагагічнай, ён займаўся арганізацыйнай i навуковай працай, лячыў хворых i меў добрыя вынікі.

Зь першых дзён працы асыстэнтам мэдфаку БДУ, д-р Трамповіч вёў выкладаньне па-беларуску. Гэта было няпроста, беларуская мэдыцынская тэрміналёгія яшчэ толькі распрацоўвалася Камісіяй пры Інбелкульце, у працы якой ён прымаў чынны ўдзел. Ужо за 1926-1928 гг. намаганьнямі сяброў Камісіі быў выдадзены шэраг тэрміналягічных слоўнікаў, вельмі неабходных выкладчыкам i мэдыцынскім працаўнікам.

У весь вольны ад выкладаньня час Трамповіч аддаваў мэдыцынскай сэкцыі Інбелкульту, выконваў абавязкі яе сакратара i разам ca старшынём сэкцыі Іванам Цьвікевічам імкнуўся ўцягнуць у яе працу вядучых беларускіх мэдыкаў. Пасьля стварэньня 31 кастрычніка 1926 г, пры мэдыцынскай сэкцыі ІБК Камісіі вывучэньня санітарнага побыту жыхароў Беларусі, Трамповіч распрацаваў для яе падрабязную схему санітарна-побытавага абсьледаваньня вёскі, а таксама плян выяўленьня курортных мясьцінаў краіны.

Да працы Трамповіч прыцягнуў студэнтаў мэдыцынскага факультэту БДУ, разам зь Іванам Цвікевічам да 1927-28 г. кіраваў працаю мэдыцынскае сэкцыі краязнаўчага таварыства БДУ, чытаў студэнтам лекцыі. Добimgра ведаючы яшчэ з часоў працы ў 1912-1913 гг. шмат якія мясьціны Беларусі, Трамповіч удзельнічаў у краязнаўчых санітарных экспэдыцыях. Разам з гэтым знаходзіў час для навуковай працы ў бібліятэках Масквы i Ленінграду, удзельнічаў у рэспубліканскіх i ўсесаюзных зьездах мэдыкаў, публікаваў вынікі навуковых дасьледаваньняў.

Але ня ўсё складвалася так добра ў ягоным жыцьці. Нечакана сапсаваліся дачыненьні зь сябрамі, з тымі, каго даўно i добра ведаў i паважаў. Падставаю гэтаму, паводле Трамповіча, стала «плётка, пушчаная па горадзе, пра маю сувязь з ГПУ, якая была заснавана на наступным.

У дзень 10-годзьдзя ГПУ сэкцыяй навуковых работнікаў была выдзелена дэлегацыя ў складзе Дружчыца, Усьпенскага i мяне для прывітаньня. На ўрачыстае пасяджэньне зьявіўся толькі я адзін i нечакана для сябе вымушаны быў выступіць ад імя сэкцыі навуковых работнікаў. Менск - горад мяшчанскі, сэнсацыйныя слухі вельмі хутка распаўсюджваюцца, празь некалькі дзён мне далі зразумець, што мой учынак асуджаецца грамадзкаю думкаю. Прафэсар [Дружчыц] гаварыў, што я дапусьціў глупства, расьпісаўшыся ў атрыманьні білета асабіста, i другое глупства, што я не захварэў. Пасьля гэтага пачалося відавочнае ахаладжэньне паміж мною, з аднаго боку, i Коласам, Дружчыцам, Лёсікам - з другога. У далейшым гэта ахаладжэньне распаўсюджылася на Ластоўскага i ў апошні год - на Некрашэвіча, якія самі перасталі ў мяне бываць i мяне зваць да сябе».

Трамповіч балюча перажываў гэты разрыў, нават зьбіраўся зьехаць зь Менску, але потым «зьвярнуўся да адказнага сакратара сэкцыі навуковых работнікаў Панкевіча з просьбаю як-небудзь згладзіць узьнікшае становішча. Сапраўды, чуткі хутка сталі сьціхаць, але расколіна засталася». Атрымалася так, што сябры абвінавацілі яго ў дрэнным, а ты я, каму ён чытаў прывітаньне, потым ацанілі гэта як манэўр, каб схаваць сваю «нацдэмаўскую працу».

Суцяшэньне ад непаразуменьняў ды крыўдаў Павал Трамповіч знаходзіць у сваёй прафэсіі. 1 кастрычніка 1928 г. ён абіраецца дацэнтам, загадчыкам катэдры тапаграфічнае анатоміі i апэрацыйнай хірургіі, выконвае абавязкі намесьніка старшыні камісіі прыроды i вытворчых сілаў Беларусі ў ІБК, якую ўзначальваў Смоліч, а пасьля яе рэарганізацыі становіцца дырэктарам лябараторыі экспэрымэнтальнае біялёгіі аддзелу прыроды i гаспадаркі Беларускай Акадэміі навук.

Працу ў лябараторыі вёў без аплаты, на грамадзкіх асновах. Працягваў экспэдыцыйнае абсьледаваньне куimgрортных мясьцінаў, пешшу прайшоў паўночную частку Полацкай i захад Віцебскай акругаў, зрабіў апісаньне гэтых маршрутаў. За год падрыхтаваў некалькі артыкулаў паводле вынікаў дасьледаваньня пячонкі i лімфатычнай сыстэмы брушной поласьці. Меркаваў выдаць манаграфію.

Напружаная праца не засланяла палітычных падзеяў, якія хутка набіралі сілу ў 1928-1929 гг. Наступ на беларускую інтэлігенцыю i абвінавачаньне яе ў «нацыянал-дэмакратызьме», заклікі ачысьціць установы ад нацыяналістаў, нарэшце, арышты сяброў i знаёмых рыхтавалі да самага жахлівага. Павал Трамповіч чакаў хуткае расправы. Ён вельмі непакоіўся за сям'ю - жонку Аляксандру, прыёмнага сына Ўсевалада, хваляваўся за ix жыцьцё.

Трамповіча арыштавалі ў Маскве 9 ліпеня 1930 г., тут жа праводзілі першыя допыты, а 30 ліпеня пераправілі ў Менск. Спачатку ён рашуча адмаўляў прыналежнасьць да якой бы ні было антысавецкай арганізацыі, але дасканала адпрацаваная схема допытаў зламала яго, як шмат каго, хто праходзіў па справе «СББ». П.Трамповіч прызнае існаваньне няіснага «Саюзу» i сваё ў ім сяброўства. У весну 1931 г. сьледзтва па ягонай справе было завершена. 10 красавіка 1931 г. пастановай калегіі ГПУ БССР Трамповіч прызнаны ўдзельнікам контррэвалюцыйнай арганізацыі «СВБ» i сасланы ў Астрахань на 5 гадоў.

Лес склаўся так, што Трамповіч перанёс усе нягоды зьняволеньня, вайну, гібель на фронце любімага сына. Увесь час побач зь ім была жонка Аляксандра. Яна падтрымлівала яго, дапамагала перанесьці жыцьцёвыя беды. Страціўшы амаль усё, што любіў, ён не зацяўся, ня страціў душэўнае дабрыні. Апе на Радзіму ўжо не імкнуўся, бо баяўся зноў паўтарыць цярновы шлях.

Месца жыхарства сям'i Трамповічаў пасьля адбыцьця ссылкі ў канцы 30-х гг. i падчас Другое сусьветнае вайны дакладна высьветліць не ўдалося. Вядома толькі, што з 1945 г. ён працаваў хірургам у раённым шпіталі Магілёва-Падольскага Віньніцкай вобласьці. Паводле ўспамінаў аднаго зь ягоных пацыентаў У.Паламарчука, «у шпіталі Магілёва-Падольскага, дзе мы ляжалі, расказвалі пра неверагодныя цуды вылячэньня Паўлам Трамповічам у самых безнадзейных выпадках. Нейкі арэол усеагульнага захапленьня i павагі лунаў вакол яго. Усе зьдзіўляліся, як у заштатны шпіталь раённага гарадка мог трапіць такі высокі спэцыяліст...

Быў ён шараговым хірургам, але на ват галоўны лекар-хірург мог толькі асыставаць, кал i апэраваў П. Трамповіч. I кал i вырашаліся складаныя i небясьпечныя пытаньні, адказнасьць браў на сябе менавіта ён.

Зьдзіўляла, што незьлічонае мноства сьмерцяў i гора, што пабачыў П.Трамповіч, не зрабіла чэрствым яго сэрца, як гэта бывае ў шмат якіх хірургаў».

Трамповіч працаваў у Магілёве-Падольскім да 1950 г. У гэтым жа годзе хвароба жонкі вымусіла ix пераехаць у Кіеў. Ёй патрабавалася складаная апэрацыя на хрыбетніку. Меркавалася, што ў Кіеўскім шпіталі яе зробяць лепш. Але гэтых людзей чакала яшчэ адно выпрабаваньне. У выніку лекарскае памылкі пры апэрацыі Аляксандры параліжавала ногі. Яна да канца жыцьця перасоўвалася на калясцы.

Па словах дачкі Аркадзя Смоліча Ганны, Павал Трамповіч ня мог перанесьці гэтага апошняга жыцьцёвага выпрабаваньня. Ён памёр 3 студзеня 1956 г. i па хаваны ў Кіеве на Лук'янаўскіх могілках. Аляксандра Іванаўна перажыла свайго мужа амаль на 20 гадоў. Яна памерла у 1975 г. у Кіеве i па хавана я на Беркаўцах.

Трамповічы так i не дачакаліся рэабілітацыі пры жыцьці.

Павал Трамповіч рэабілітаваны Вярхоўным Саветам БССР 10 чэрвеня 1988 г.

Нона ВАСІЛЕЎСКАЯ.

Аўтарка выказвае вялікую ўдзячнасьць Ганьне Смоліч, Уладзімеру Паламарчуку i Ірыне Емяльянавай за дапамогу ў пошуках зьвестак пра сям'ю Трамповічаў. Фотаздымкі выкарыстаныя зь сямейнага архіву Ганны Смоліч. Друкуецца ўпершыню.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX